Папярэдняя старонка: Артыкулы

Прыбытка Г. Барацьба магнацкіх груповак у XVIII ст. 


Аўтар: Прыбытка Генадзь,
Дадана: 27-03-2012,
Крыніца: Спадчына № 1-1996 С. 80-150.



Да пачатку XVIII ст. Вялікае Княства Літоўскае, як i Рэч Паспалітая ў цэлым, прыйшло слабым эканамічна, раздратаваным нутранымі супярэчнасьцямі й скрайне дэцэнтралізаваным, што натуральным чынам прывяло да залежнасьці дзяржавы ад драпежных суседніх краінаў. Выбарнасьць караля, які мусіў дзеля пасьпяховае элекцыі гарантаваць шляхце ўсё большыя саступкі, хутка прывяла да канцэнтрацыі ў руках гэтага стану фактычна поўнае заканадаўчае i выканаўчае ўлады. Баючыся згубіць уладу, шляхта прызнала існы ў краіне лад аптымальным i рашуча супраціўлялася любым рэформам. Прынцып «непарушнасьці» палітычнага ладу быў падставовым у дзяржаўнай дзейнасьці, што выдатна адлюстравалася ў палажэньнях канстытуцыі 1669 г.: «...ніякая навіна ў Рэчы Паспалітай ня можа быць дапушчаная дзеля пагрозы разлажэньня i вялікіх рэвалюцыяў». Тагачасны палітычны трактат сьцьвярджаў, што «новаўвядзеньні шматкроць павялічаць небясьпеку, бо новы прысмак у страўніку турбуе, здароўю шкоду чынячы». (1; 26)

У гэтай сытуацыі галоўнаю мэтаю сойму, які ўяўляў сабою вярхоўны i галоўны орган Рэчы Паспалітае, было прасачыць, каб нішто не зьмянялася ў дзяржаўнай сыстэме. Гэтаму служыў прынцып liberum veto, які ня толькі гарантаваў нязьменнасьць ладу Рэчы Паспалітае, але i фактычна паралізоўваў работу найвышэйшага органу кіраваньня краіны. Таму палітычнае жыцьцё засяродзілася на сойміках i ў Трыбунале. Аднак найбольш дзейсным сродкам правядзеньня патрэбных той ці іншай палітычнай групоўцы пастановаў сталі сканфэдэраваныя соймы, дзе рашэньні прымаліся простаю бальшынёю галасоў. Правадырамі гэтых груповак, натуральна, станавіліся найбольш заможныя i ўплывовыя магнаты, якія фактычна й кіравалі дзяржаваю ці, дакладней, сваімі непамернымі амбіцыямі вялі яе да канчатковага заняпаду.

Магнаты мелі велізарныя валоданьні, у якіх карысталіся неабмежаванаю ўладаю. Ім падпарадкоўваліся тысячы халопаў i мяшчанаў; землі магнатаў вартавалі шматлікія замкі, якія ахоўвала залога; кожны з заможных «крулявятаў» меў прыватнае войска (так званыя «надворныя харугвы»), уласныя двары, поўныя залежнае ад ix шляхты, зьбіраў падаткі i мыта з праезных празь іхныя землі. Часта магнаты праводзілі ўласную замежную палітыку, вялі прыватныя войны адзін з адным, арганізоўвалі выправы за межы дзяржавы... (2; 253)

У канцы XVII ст. найбольшы ўплыў у Вялікім Княстве Літоўскім меў род Сапегаў, але ў выніку барацьбы зь іншымі магнацкімі родамі (перш за ўсё - з Агінскімі й Вішнявецкімі), якіх падтрымалі шырокія колы шляхты, яны ўрэшце былі пераможаныя пад Алькенікамі (18 лістапада 1700 г.) i вымушаныя былі пакінуць краіну ды шукаць заступніцтва ў швэдзкага караля Карла XII. Шляхта, узрадаваная перамогаю над сваімі даўнімі ворагамі, працягвала рабаваць іхныя маёнткі. Так, вядома, што толькі Іўе, якое належала Сапегам, панесла страты на суму 50 000 залатых (3; 59). Гэты луп прымаў самыя розныя формы - ад простага збройнага грабежніцтва да абкладаньня падаткамі былых Сапегавых старостваў. Распараджацца ж гэтымі прыбыткамі было даручана кіраўнікам канфэдэрацыі - Людвіку Пацею i Міхалу Коцелу. Апошнія меркавалі сабраць з Сапегавых падданых велізарную суму ў 200 000 залатых. Непамерныя злоўжываньні ў зборы падаткаў прывялі да збройнага паўстаньня сапежынскіх сялянау (4; 39), якое Падтрымалі Сапегі (5; 394-395). Вядома, неарганізаваныя, кепска ўзброеныя сяляне не маглі супрацьстаяць шляхце, асноўным заняткам якой была вайна. Так, у адной толькі бітве пад Дуброўнаю палягло больш за 2,5 тысячы халопаў. Велізарныя страты панеслі паўстанцы i ў бойцы пад Лоевам... (3; 59)

Грамадзянскую вайну, што зыркім полымем зашугала на абшарах краю, не маглі не скарыстаць драпежныя суседзі. Швэдзкі кароль, абвесьціўшы сябе абаронцам правоў Сапегаў, рушыў свае войскі ў межы Вялікага Княства Літоўскага. Натуральна, ворагі апальнага вялікага гетмана літоўскага схіліліся да расейскага лягеру. Разумеючы, што гэтым яны падтрымліваюць Аўгуста II, i баючыся ягоных абсалютысцкіх памкненьняў, пачалі рабіць захады адарваць Вялікае Княства Літоўскае ад Кароны. З гэтаю мэтаю праціўнікі Сапегаў пачалі выступаць як Рэч Паспалітая Літоўская. Канонік Белазор стаў яе афіцыйным прадстаўніком - «рэзыдэнтам» - пры каралю, a ў 1702 г. быў пасланы ў той самай якасьці да цара Пятра I. Увесну 1702 г. у Праабражэнскім пад Масквою была заключаная дамова, паводле якой Вялікае Княства Літоўскае фактычна аддавалася пад пратэктарат цара, атрымліваючы ад яго вайсковую дапамогу i велізарную бязвыплатную рублёвую пазыку. Апроч гэтага, «Рэч Паспалітая Літоўская» згаджалася ўпусьціць расейскае рэгулярнае войска на сваю тэрыторыю, саступала Друю (якая раней належала Сапегам) у якасьці галоўнага пункту пастою й апэратыўнае базы расейскае арміі. Увесну ж 1703 г. была скліканая Генэральная канфэдэрацыя Вялікага Княства Літоўскага, яка я абвесьціла саюз з Расеяй.

На тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага прыехаў спэцыяльны прадстаўнік Масквы П. Патоўцаў, у таемнай інструкцыі якому было патрабаваньне рыхтаваць трывалае злучэньне Княства з Расеяй. З гэтаю ж мэтаю ў чэрвені Пётр I зьвярнуўся з адмысловаю граматаю да літоўскіх «бурмістраў, райцаў, лаўнікаў, мяшчанаў i ўсяго паспольства», запрашаючы перасяляцца ўглыб Расейскае дзяржавы i абяцаючы розныя даброты. (3; 72)

Аўгуст II, які ўжо быў саюзьнікам Расеі як курфюрст саксонскі, бачачы небясьпеку з Усходу ды будучы няпэўным у сваіх сілах, неаднакроць зьвяртаўся да Карла XII з прапановамі міру i нават абяцаў яму ва ўзнагароду часткоВы падзел Рэчы Паспалітае. (6; 394-395) Але швэдзкі кароль лічыў (і не без падставаў), што Аўгусту верыць нельга, бо ўважаў яго зусім несумленным палітыкам. Так, ён пісаў Людовіку XIV: «Паводзіны ягоныя такія ганебныя, што ён заслугоўвае пометы ад Бога й пагарды ад усіх дабрамысных людзей». (7; 172) Таму Карл XII яшчэ ў 1701 г. задумаў дэтранізаваць Аўгуста II з пасаду Рэчы Парпалітае, што дазволіла б сканцэнтраваць усе сілы Швэцыі на барацьбе з Расеяй. Кандыдата ў каралі шукаць было нядоўга. З рэкамэндацыі Канці Карл XII выдаў дыплём асэкурацыі, у якім абяцаў трон, Якубу Сабескаму. Даведаўшыся пра гэта, у лютым 1704 г. Аўгуст II завязьніў прэтэндэнта разам зь ягоным братам Канстантынам у замку Пляйсэнбург, адкуль пазьней, улетку 1705 г., тыя былі пераведзеныя ў замак Кёнігштайн. Тут, нягледзячы на розныя захады, у тым ліку i Папы Рымскага Клемэнса XI, яны былі пратрыманыя да 1706 г. (8; 8)

Карл XII ня быў надта засмучаны лёсам Сабескіх. «Нічога, мы сфабрыкуем палякам іншага караля», - заявіў ён. За словамі неўзабаве падышлі й справы. Пры падтрымцы швэдзкіх штыхоў была створаная канфээрацыя на чале з апальнымі Сапегамі, якая абвесьціла каралём Станіслава Ляшчынскага.

У адказ 20 траўня 1704 г. у Сандаміры завязалася Генэральная канфэдэрацыя прыхільнікаў Аўгуста II, якая ў жніўні 1704 г. заключыла саюз з Расеяй і абвесьціла вайну Швэцыі. Хоць i неахвотна, да яе далучыліся i «караняжы» (жыхары Кароны Польскае), што баяліся канчатковага адрыву Вялікага Княства Літоўскага ад Польшчы. (3; 83)

Пачаўся новы пэрыяд страшнае грамадзянскае вайны, якая сталася працягам былое «дамовае вайны» між Сапегамі ды іхнымі ворагамі. У спустошаным краі пачынаўся голад, людзі гінулі як мухі. Забіваў, хто хацеў i як каму падабалася. Што казаць пра халопаў, мяшчанаў ці звычайных шляхцічаў. Так, харужы жмудзкі Казімер Грыбоўскі захапіў у Травянах i расстраляў падкаморага літоўскага Яна Крыштапа Паца. (3; 72) Нават жанчыны бралі ўдзел у братазабойчай вайне... (9;66)

А тымчасам па раздратаванай краіне сноўдаліся чужаземныя войскі, зводзілі рахункі між сабою й нішчылі край. Так, вядомы загад Пятра I, паводле якога патрабавалася «...везде провиант и фураж, тако ж хлеб стоячий в поле и в гумнах или в житницах по деревням... жечь, не жалея и строения... уничтожать мосты, мельницы, а жителей со скотом переселять в леса...» (10;24)

Увогуле, паводзіны «саюзьнікаў» на нашай зямлі інакш як акупанцкімі не назавеш. Сам цар уласнаручна забіваў вуніяцкіх сьвятароў у храме, расейскія войскі палілі гарады й вёскі, забівалі, гвалцілі... (11 ;39-42) Ня лепшае было стаўленьне i з боку іншых «саюзьнікаў» - швэдаў. Так, загад Карла XII прадугледжваў: «Кантрыбуцыю спаганяць агнём i мечам. Хутчэй хай пацерпіць невінаваты, чым высьлізьне вінаваты... Было б найлепей, каб усе гэтыя мясьціны былі панішчаныя рабункамі й пажарамі i каб усе, хто там жыве, вінаватыя ці невінаватыя, былі зьнішчаныя». (7;303)

Грамадзянская вайна падзяліла краіну на два варожыя лягеры й паставіла яе на мяжу выжываньня. Пасол Расеі ў Рэчы Паспалітай Г. Даўгарукі пісаў: «Бог ведае, як можа стаяць Польская Рэспубліка: уся ад няпрыяцеля i ад міжусобнай вайны разрабаваная ўшчэнт, i апроч учынкаў сабе на зло, іншага рабіць нічога на карысьць ня хочуць». (7;184)

У жніўні 1706 г. Карл XII накіраваўся ў Саксонію, якую без аніякага супраціву заняў. Разгублены Аўгуст II даслаў да швэдзкага караля сваіх прадстаўнікоў з мальбою аб міры. Саксонскі курфюрст згаджаўся падзяліць Рэч Паспалітую напалам са Станіславам Ляшчынскім. Швэды з пагардаю адпрэчылі гэтую прапанову i паставілі ультыматум, паводле якога Аўгуст II павінен быў назаўсёды адмовіцца ад каралеўскага пасаду i прызнаць законным каралём Станіслава Ляіпчынскага. Курфюрсту нічога не заставалася, як прыняць усе патрабаваньні, i 19 верасьня ў Альтранштаце была падпісаная адпаведная дамова. Больш за тое, ён нават пачціва павіншаваў новага караля з набыцьцём кароны Рэчы Паспалітае.

Альтранштацкая дамова сталася важнаю вяхою ў гісторыі Паўночнае вайны на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Пецярбург добра ўсьведамляў небясьпеку, якая крылася для яго ў гэтым міры - пры выхадзе з вайны Рэчы Паспалітае (што мела адбыцца пасьля дэтранізацыі Аўгуста II) тэрыторыя ваенных дзеяньняў перамясьцілася б у Раеею, што прынесла б для ўсходняй суседкі ўсе выдаткі вайны: разбурэньні, сьмерць насельніцтва, зьнішчэньне гарадоў i вёсак. Пётр I зь непакоем пісаў: «...мы и сысканае потерять можем...», калі Аўгуст II «не от неприятеля, но и от бешеных и весма добра лишеных поляков с срамом выгнан и весма престола лишен быти может». (12;71) Таму расейскія «саюзьнікі» пачалі ліхаманкава шукаць кандыдата на пасад Рэчы Паспалітае, які пагадзіўся б быць паслухмяным Пецярбургу.

Спачатку карона была прапанаваная сыну Яна III, Якубу Сабескаму, але Той не схацеў быць няўдзячным Карлу XII, які толькі што вызваліў яго з саксонскае няволі, i адмовіўся прыняць расейскую прапанову. (13; 120) Да таго ж, каб у такі цяжкі для краіны час адважыцца заняць пасад краіны, якая была ахопленая грамадзянскаю вайною i ўяўляла сабою вузел супярэчнасьцяў з боку суседніх дзяржаваў, патрэбная была ня толькі мужнасьць, але й авантурызм. Такога спалучэньня магчымым кандыдатам на пасад яўна неставала. Абодва браты Якуба Сабескага - Аляксандар i Канстантын - адмовіліся ад спакусьлівае прапановы. Аўстрыйскі прынц Аўген Савойскі, якому расейскі цар асабіста накіраваў запрашэньне заняць трон суседняе дзяржавы, баючыся канчатковага разрыву з Карлам XII, чые войскі стаялі ў блізкай Саксоніі, дыпляматычна згадзіўся прыняць карону толькі пасьля заканчэньня вайны. Вугорскі князь Фэранц Ракачы на аналягічную прапанову расейскіх прадстаўнікоў даў таксама адмову: вугорскі вызвольны рух, які князь ачольваў, карыстаўся заступніцтвам Людовіка XIV, таму выступаць супраць С. Ляшчынскага, сваяка францускага караля, (14; 329) ён ня мог. (7; 206-207)

Бадай, адзіным, хто ахвотна згаджаўся ўзяць вакантную карону, быў гетман вялікі каронны Сяняўскі. Але Пецярбург не сьпяшаўся задаволіць ягоныя амбіцыі, зважаючы на пярэчаньні магнатаў. Куды больш задавальняў у якасьці караля i Расею, i магнатаў Рэчы Паспалітае вялікі гетман літоўскі Міхал Вішнявецкі. Але ён, зьняверыўшыся ў Сандамірскай канфэдэрацыі, што была марыянэткаю ў руках моцнага суседа, ужо рыхтаваўся перайсьці на бок С. Ляшчынскага.

Урэшце, складаная й працяглая дыпляматычная мітусьня вакол кароны дзяржавы посьпеху не прынесла. Заставаўся ўсё той жа Аўгуст II, які ня раз патаемна пацьвярджаў сваё жаданьне пры спрыяльных варунках ізноў сесьці на трон Рэчы Паспалітае. Вядома, такія ўмовы маглі ўзьнікнуць пасьля разгрому Карла XII, але да гэтага было яшчэ далека.

У такой сытуацыі сандаміране па ўказцы Pacei i пры яе поўнай падтрымцы выступілi супраць умоваў Альтранштацкага міру й адмовіліся прызнаць дэтранізацыю Аўгуста II.

Галоўнае месца ў лягеры сандаміранаў сярод магнатэрыі Вялікага Княства Літоўскага ў той час займалі Агінскія, Дэнгофы, Пацеі й Вішнявецкія. Асабліва імкліва падчас Паўночнае вайны рос уплыў Людвіка Пацея, падскарбія вялікага літоўскага (з 1704 г.). Гэты магнат здолеў маланкава ўзбагаціцца ў зруйнаванай краіне. Пачатак паклала яшчэ перамога пад Алькенікамі, калі яму, як аднаму з кіраўнікоў пераможцаў, было дадзенае права распараджацца сапежынскімі маёнткамі (1700), пасьля - з 1703 г.- ён валодаў манаполіяй гандляваць тытунём на тэрыторыі Рэчы Паспалітае, а з 1704 г. Пацей атрымаў права біць срэбную манэту й неўзабаве літаральна навадніў Вялікае Княства Літоўскае сапсаванаю манэтаю, якая, паводле ягоных ініцыялаў, выбітых на ёй (L. Р.), атрымала назву «Людзкі плач». (4;40)

Да таго ж, Пацей ня грэбаваў i іншаю супрацьпраўнаю дзейнасьцяй: у 1713 г. быў выкрыты нелегальны манэтны двор, на якім таемна білася манэта ня толькі для Рэчы Паспалітае, але й фальшывыя аўстрыйскія талеры, якія мелі накіроўвацца ў дзяржаву Габсбургаў. Ня дзіва, што Л. Пацей хутка стаў адным з найбагатых магнатаў Княствй.

Найбліжэйшыя сувязі меў падскарбі вялікі літоўскі з гетманам польным літоўскім Міхалам Вішнявецкім. Калі яшчэ ў 1703 г. апошні атрымаў вялікую літоўскую булаву, абодва паплечнікі прэтэндавалі на вызваленую такім чынам малую булаву для Л. Пацея. Кандыдат меў ужо нават адпаведную грамату ад Аўгуста II на вакансію, але супрацоўніцтва i тым больш сяброўства абодвух гетманаў не ўваходзіла ў пляны Расеі, якая не жадала ўзмацненьня іхнага ўплыву ў краі. Таму высілкамі Даўгарукага польным гетманам літоўскім стаў Рыгор Агінскі, што пасеяла семя варожасьці між Пацеямі й Вішнявецкімі, з аднаго боку, i Агінскімі - з другога.

Сувязь паміж прыяцелямі захоўвалася i пасьля пераходу вялікага гетмана літоўскага на бок Станіслава Ляшчынскага (1708), калі яны апынуліся ў варожых лягерах разьдзертае грамадзянскаю вайною ды інтэрвэнцыяй краіны. Няпэўная палітычная сытуацыя й боязь абодвух магнатаў згубіць пасады прывяла да заключэньня паміж імі дамовы аб «узаемнай пратэкцыі», паводле якой, калі б Вішнявецкі атрымаў i ў Ляшчынскага вялікую булаву літоўскую, ён мусіў падрыхтаваць глебу для пераходу ў прашвэдзкі лягер Пацея. У выпадку ж перамогі прарасейскага лягеру, Пацей меў загарантаваць бясьпечнае вяртаньне Вішнявецкага да сандаміранаў. (4;41)

Асьцерагацца ім было чаго: у краіне, дзе дзьве групоўкі падтрымлівалі двух розных манархаў, фактычна ўсталявалася дваяўладзьдзе. Адны i тыя ж пасады займалі прыхільнікі як Аўгуста II, так i Станіслава Ляшчынскага. Але сам спосаб прызначэньня на дзяржаўныя пасады яскрава адлюстраваў сапраўдную вагу абедзьвюх груповак у страшнай вайне, што зыркім полымем шугала на абшарах Рэчы Паспалітае - рэдка якая пасада надавалася бяз згоды на тое расейскага цара ці, адпаведна, швэдзкага караля. Так здарылася i ў выпадку з М. Вішнявецкім. Калі Ст. Ляшчынскі хацеў пакінуць вялікую літоўскую булаву за былым сандамірскім вялікім гетманам, супраць гэтага рашуча выступіў Карл XII, які падараваў яе старасту бабруйскаму Яну Казімеру Сапегу, даўняму няпрыяцелю Вішнявецкіх. Гэта адразу ахаладзіла пыл М. Вішнявецкага, які пачаў падумваць пра вяртаньне ў лягер сандаміранаў. (8; 12) Але захады JI. Пацея не далі належных вынікаў з-за супрацьдзеяньня Рыгора Агінскага, які не хацеў звароту вялікага гетмана, сам марачы пра вялікую булаву. Абураны Пацей перапыніў усялякія кантакты з польным гетманам літоўскім i пайшоў са сваім войскам пад кіраўніцтва вялікага гетмана кароннага Сяняўскага. (4;41)

Між тым, у 1708 г. швэдзкі наступ працягваўся. Вайсковыя фармаваньні Вялікага Княства Літоўскага бралі ў ваенных дзеяньнях самы непасрэдны ўдзел. Так, корпус Я. Сапегі прыкрываў правы флянг арміі Карла XII, наносіў удар уздоўж Прыпяці да Бярэзіны.

Аддзелы P. Агінскага вымушаныя былі адступаць разам з арміяй Пятра I. Да канца 1708 г. тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага апынулася пад кантролем швэдзка-станіславаўскіх войскаў. Харугвы Я. Сапегі на чале з рэгімэнтарам Хмарам i палкоўнікам Урбановічам выбілі расейскаё войска з Магілёва й Воршы, заблякавалі расейскі гарнізон у Старым Быхаве. Вайскаводзец арміі Пятра I у гэтым рэгіёне генэрал Корсак адступіў у Смаленск i прасіў у цара падмацаваньняў. (15;276)

Напалоханыя перамогамі швэдзкіх войскаў i станіславаўцаў, сандаміране пачалі вагацца. Быў складзены спэцыяльны праект прызнаньня Ляшчынскага каралём пры ўмове нэўтралітэту Рэчы Паспалітае ў Паўночнай вайне i захаваньня ўмоваў «вечнага міру» з Расеяй. У крытычны момант расейская дыпляматыя вымушаная была пагадзіцца на гэта. Дле неўзабаве яна ж i адмовілася падтрымліваць згаданы праект. Гэта тлумачылася тым, што войскі Карла XII зьвярнулі з генэральнага кірунку (Масква) на Ўкраіну, тым самым зьменшыўшы пагрозу непасрэдна Расеі. Прычынаю стала тое, што ўся тэрыторыя Ўсходняе Беларусі паспытала на сабе ўсе даброты царскае палітыкі «оголожения», паводле якой на велізарнай тэрыторыі вынішчаліся правіянт i фураж, каб не дасталіся ворагу. Швэдам неставала прыпасаў для працягу наступу на Маскву. Як не было чаго есьці i тысячам, дзясяткам i сотням тысячаў мірных жыхароў гэтых земляў...

Але вялікі гетман каронны А. Сяняўскі працягваў весьці перамовы са Станіславам I аб прызнаньні яго каралём Рэчы Паспалітае. Каб не дапусьціць гэтага, Пётр I прапанаваў Сяняўскаму прыняць карону i прыслаў яму 10 000 рублёў як плату за вернасьць Расеі. (16;27-29) Шанец прымірыць варожыя бакі i скончыць грамадзянскую вайну так i застаўся няспраўджаны. Як i раней, харугвы Р. Агінскага палілі маёнткі станіславаўцаў, аддзелы Я. Сапегі нішчылі сядзібы сандаміранаў. Ды каб толькі гэта! Рабавалі нават валоданьні паплечнікаў, калі тыя не выклікалі ў рабаўнікоў асаблівае сімпатыі. Так, Л. Пацей скардзіўся на P. Агінскага, абвінавачваючы яго ў рабаўніцтве сваіх маёнткаў. (4;41)

Як ні дзіўна, але Аўгуст II, былы кароль Рэчы Паспалітае, які надалей прэтэндаваў на карону гэтае краіны, не выказваў аніякага спачуваньня бядзе й сьмерці ад рук суайчыньнікаў сваіх былых i будучых падданых. Вядомыя ягоныя словы: «Выдатна, няхай сабака сабаку грызе!» (17;126)

Тымчасам надыходзіў 1709 г. - год пералому ў Паўночнай вайне. Разгром швэдзкай арміі пад Палтаваю рэзка памяняў палітычную сытуацыю ў краіне. 8 жніўня Аўгуст II заявіў пра разрыў Альтранштацкага міру i ўвёў свае войскі ў Рэч Паспалітую. Шляхта, зьнявераная ў былым манарху, усё ж пагадзілася аднавіць яго на пасадзе, бо баялася, што ўсяўладны цар навяжа ёй караля з Расеі. (13; 150)

Тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага была ачышчаная ад швэдзкіх войскаў. Пачаўся масавы пераход станіславаўцаў у лягер сандаміранаў. Перайшоў на іхны бок i вялікі гетман літоўскі Я. Сапега, атрымаўшы амністыю разам ca сваімі палкоўнікамі. Але расейцы даравалі ўдзел у варожым лягеры далека ня ўсім. Быў арыштаваны Міхал Вішнявецкі. Закаванага ў кайданы, яго павезьлі ў Кіеў, які знаходзіўся пад уладаю Расеі.

Пасьля Палтавы Пётр I мала зважаў на праўныя акты. Так, ён паставіў свае гарнізоны ў беларускіх гарадох, гвалтоўна вывозіў рамесьнікаў i моладзь у Расею. Расейскія войскі адкрыта рабавалі краіну. Плата ад цара Рэчы Паспалітай за пастой на ейнай тэрыторыі войскаў суседняе дзяржавы склала 3 мільёны залатых, тады як толькі правіянту было забрана на 500 мільёнаў залатых. (16;31,57,59)

Не спыняліся расейскія «саюзьнікі» i перад адкрытаю раздачаю пасадаў сваім прыхільнікам. Так, падчас праезду ў Памор'е Меншыкаў «сместил все чины» на сваім шляху. (16;104)

У кастрычніку 1709 г. у Торуні адбылося спатканьне абодвух манархаў - Аўгуста II i Пятра I. Сюды зьявіўся i Я. Сапега. Расейскі цар падышоў да гетмана, выцягнуў ягоную шаблю з похваў i «пытаўся, ці секла гэтая шабля расейцаў, a калі стараста бабруйскі адказаў сьцьвярджальна, пачаў над галавою ягонаю шабляю фэхтаваць так блізка, што ледзь яго ня сьцяў». (3;113-114) Настаяньнем Пятра I Аўгуст II, хаця i неахвотна, перадаў вялікую булаву ад Сапегі Л. Пацею. Польную ж атрымаў Станіслаў Дэнгоф. Гэтыя прызначэньні прывялі да значных вынікаў. Я. Сапега, пазбаўлены вялікае гетманскае булавы i абражаны ўсяўладным чужаземным манархам, ізноў перакінуўся на бок станіславаўцаў. Дэнгоф, гэты найвярнейшы прыхільнік Аўгуста II, які спадзяваўся на вялікае гетманства, быў абураны тым, што яго абышлі. Адгэтуль дачыненьні караля i польнага гетмана літоўскага пачалі імкліва ахалоджвацца. Праўда, Дэнгоф працягваў служыць каралю i на далей, алё галоўнаю задачаю сваёй службы бачыў зьвядзеньне асабістых рахункаў са сваім ворагам - JI. Пацеем. (18;116) Дый нават у вялікага гетмана былі прычыны быць незадаволеным новымі прызначэньнямі: на месцы Дэнгофа ён хацеў бачыць свайго старога прыхільніка, троцкага ваявоу Казімера Агінскага.

Вынікам гэтае варажнечы стала абмежаваньне правоў вялікага гетмана, інсьпіраванае Дэнгофам i праведзенае на Варшаўскім сойме 1712 г. Падтрымаў польнага гетмана i Аўгуст II, незадаволены супрацівам Пацея ўвядзеньню саксонскіх войскаў - у межы Вялікага Княства i прызначэньню ў войска краіны накіраваных каралём саксонскіх афіцэраў.

A ўзмацненьне асабістае ўлады ў Рэчы Паспалітай было адною з галоўных мэтаў Аўгуста II, які даўно марыў пра ўвядзеньне тут абсалютнае манархіі.

Вельмі зручнаю падставаю для ўвядзеньня саксонскіх войскаў на тэрыторыю фэдэратыўнае дзяржавы стаў пачатак вайны з Турцыяй, ва ўмовах якой, па фактычна поўным выгнаньні швэдзкіх i сапежынскіх аддзелаў за межы краіны (1712 г.), каралю можна было амаль непадзельна валадарыць у краі. Аўгуст II быў зацікаўлены ў збройным канфлікце саксонскіх войскаў з апазыцыйнаю шляхтаю, спадзеючыся на поўнае падпарадкаваньне дзяржавы. Таму ён ня думаў супрацьдзейнічаць жудаснаму рабаўніцтву i спусташэньню, якое чынілі саксонскія войскі ў Рэчы Паспалітай. (14;349-350) Паводле данясеньня Г. Даўгарукага Пятру I: «В Польше, государь, не малая конфузия. Саксонцев по квартирам в Польше и Литве, сказывают, около 30 000, и поступают они с поляками очень гордо, что полякам, по их нравам, всего противнее... Сильно озлоблены поляки, и думаю, насколько я их знаю, что будет между ними смута; и как мы теперь видим, житьё польское несносно им, не могут выдержать; так стали убоги, что и поверить нельзя». (7;307)

I «смута» неўзабаве пачалася. Пасыпаліся шматлікія пратэсты на паводзіны саксонскіх войскаў. На згаданым ужо Варшаўскім сойме 1712 г. паслы дамагаліся ад караля тэрмінова выдаліць замежныя войскі, склікаць «конны сойм», паспалітае рушаньне, распусьціць сандамірскую канфэдэрацыю й разьвязаць саюз з Расеяй, войскі якой рабавалі спакутаваную краіну.

Паслы нават мелі намер дэтранізаваць Аўгуста II на карысьць Канстантына Сабескага або баварскага курфюрста. У выніку кароль i расейскі пасол зрабілі ўсё для зрыву сойму. Але напалоханы Аўгуст II усё ж мусіў саступіць шляхце і, каб утрымаць яе ад паспалітага рушаньня, 12 красавіка забараніў пастаўку хлеба расейскім войскам ды абвесьціў амністыю эмігрантам. «Саюзныя» ж улады ня надта спалохаліся пагрозаў, бо цудоўна ведалі баявы патэнцыял разьдзіранае супярэчнасьцямі, недысцыплінаванае, кепска ўзброенае шляхоцкае масы, якая не магла супрацьстаяць шматлікаму рэгулярнаму расейскаму войску. «А что грозят посполитым рушением, и то есть полской страх, а не, дело», - пісаў Пётр I. (16;122 -123)

Аднак узброеныя дзеяньні супраць саксонскіх войскаў усё ж пачаліся, прычым у ix удзельнічалі нават мяшчане й халопы, хаця галоўную ролю ў гэтым руху адыгрывала сярэдняя шляхта. (14;350)

Паўстаньне ў Вялікім Княстве Літоўскім узначаліў Л. Пацей. Адкрыты разрыў вялікага гетмана літоўскага з дваром адбыўся ўжо даўно. I для гэтага былі падставы. Рэч у тым, што ў атачэньні караля трывала замацаваўся станіславаўскі вялікі гетман літоўскі, бабруйскі стараста Я. Сапега, які атрымаў амністыю i пачаў хутка набіраць палітычную вагу. Пацей баяўся, зважаючы на напружаныя дачыненьні з Аўгустам II, згубщь вялікую булаву на карысьць прэтэндэнта. I гэты страх быў недарэмны. Кароль сапраўды ўсур'ёз падумваў замяніць літоўскіх гетманаў на больш паслухмяных. Паводле ягоных намераў, вялікую булаву меў атрымаць Дэнгоф, а малую - Я. Сапега. Для абароны правоў Л. Пацея на гетманскую булаву 15 траўня ў Вільні паўстаў тайны зьвяз уплывовых магнатаў Вялікага Княства Літоўскага. Змоўнікі плянавалі збройнае зьвяржэньне Аўгуста II у саюзе з С. Ляшчынскім i крымскім ханам. Аднак галоўным саюзьнікам у барацьбе зь ненавісным манархам апазыцыя бачыла Расею. У жніўні 1714 г. саксонцы перахапілі ліст Казімера Агінскага, які ад імя Пацея i Вялікага Княства Літоўскага заклікаў цара паслаць у межы краю расейскі 15-тысячны корпус, які меў дапамагчы дэтранізаваць Аўгуста II узамен на разрыў вуніі Княства з Каронаю i пераход яго пад расейскі пратэктарат.

Спадзеючыся на падтрымку моцнага суседа, абодва вялікія гетманы ў верасьні нават дамовіліся злучыць свае войскі дзеля падняцьця рокашу, i толькі няспрытнасьць Сяняўскага перашкодзіла пляну. (4;43)

Чаму ж канфэдэраты, якія толькі што выступалі за ліквідацыю расейскіх уплываў у краіне, зьвярнуліся да цара па збройную дапамогу, што, натуральна, прадугледжвала яшчэ большае ўмяшаньне ў нутраныя справы Рэчы Паспалітае? Рэч у тым, што шляхта баялася, каб Аўгуст II, афіцыйны саюзьнік Пятра I, не пасьпеў першы папрасіць у Пецярбургу падтрымкі супраць яе. (32;106)

Безумоўна, i ў караля былі паплечнікі. Галоўную ролю сярод ix адыгрываў маршалак Сандамірскае канфэдэрацыі. Дэнгоф перасьледаваў свае мэты - ён даўно ўжо чакаў для сябе Калускага староства ў спадчыну па састарэлай экс-каралеве Марыі-Казімеры. (13; 221) Але гэта не замінала яму побач зь іншымі прадстаўнікамі шляхты Вялікага Княства Літоўскага Патрабаваць ад Аўгуста II вываду саксонскіх войскаў зь межаў краіны. (18; 116) Падтрымлівала караля i староньніцтва пісара польнага літоўскага Сапегі.

Але краіну аб'ядноўваў адзіны парыў - пазбавіцца саксонскіх войскаў. Ворагам абвяшчаўся кожны, хто падтрымліваў саксонцаў. Так, на рынку ў Ашмянах бязь сьледзтва быў забіты шляхтаю падкаморы Тызэнгаўз, які падазраваўся ў спрыяньні Аўгусту II. (3; 188) У такіх умовах 25 лістапада 1715 г. (у Вялікім Княстве Літоўскім - 23 сакавіка 1716 г.) была абвешчаная канфэдэрацыя зь яскравым антысаксонскім, антыаўгстаўскім характарам, што абвяшчала сябе абаронцаю шляхоцкіх вольнасьцяў. У праграме канфэдэратаў былі i пэўныя антымагнацкія тэндэнцыі, сярод якіх - патрабаваньне зьменшыць войска; што павінна было ня толькі скараціць падаткі, але й абмежаваць уплывы ўсемагутных гетманаў. Узьніклі нават тэарэтычныя абгрунтаваньні непатрэбнасьці войскаў для Рэчы Паспалітае, у якіх даводзілася, што дзяржава выдатна абыдзецца без уласнае арміі, бо краіна слабая, нікому не пагражае, а таму на яе ніхто нападаць ня будзе... (19;200)

Грамадзтва, саслабелае ў выніку несканчальных нутраных закалотаў, нястрымнае барацьбы разнастайных магнацкіх груповак, грамадзтва, што вышэйшаю каштоўнасьцю лічыла нічым не абмежаваную свабоду шляхты, якая пераходзіла ў сваволю, забылася на старую, як сьвет стаіць, ісьціну: «Дзяржава, якая ня хоча карміць сваё войска, будзе карміць чужое».

Пляны скарачэньня i без таго нешматлікіх вайсковых аддзелаў ніяк не маглі задаволіць вялікага гетмана літоўскага, што i паўплывала на ягонае стаўленьне да канфэдэрацыі. (14;350) Л. Пацей заняў дваістую пазыцыю ў гэтай палітычнай сытуацыі: з аднаго боку, ён вымушаны быў падтрымаць канфэдэратаў, з другога - прыкладаў намаганьні да мірнага вырашэньня канфлікту. Варожасьць да караля цяпер мяшалася ў ім ca страхам перад шляхтаю. I ў гэтай сытуацыі вялікі гетман літоўскі зьвярнуўся па дапамогу да Расеі, каб тая стала пасярэднікам у канфлікце. Тую ж упрошваць доўга не давялося - ва ўмовах Паўночнае вайны суседняя дзяржава была вельмі зацікаўленая яшчэ больш уплываць на нутраное жыцьцё Рэчы Паспалітае. У краіну зноў увайшлі расейскія палкі...

Канфэдэраты, ня бачачы ў вялікага гетмана жаданьня змагацца за сваю праграму, абмежавалі ягоныя правы на карысьць маршалка Крыштапа Сулістроўскага. Супярэчнасьці між JI. Пацеем i сканфэдэраванаю шляхтаю прывялі ў ліпені да адкрытага бунту i спробы ўвязьніць магната. Апошняму ледзь удалося выратавацца ўцёкамі.

Тут у абарону свайго абражанага кліента не марудзіла выступіць Расея. Расейскі пасол Г. Даўгарукі заявіў» што спробаю завязьніць JI. Пацея канфэдэраты абразілі асобу самога цара, i папярэдзіў, што расейскія войскі да таго часу не пакінуць межы краю, пакуль правы гетманаў ня будуць надзейна абароненыя. Але рашучая пазыцыя шляхты ўсё ж прывяла да таго, што правы гетманаў былі значна абмежаваныя. (4;44)

Пасьля нязначных сутычак з саксонскімі войскамі ўвосень 1716 г. у Варшаве дайшло да паразуменьня паміж канфэдэратамі й каралём. Пасярэднікам у гэтай згодзе выступіў Пётр I, зацікаўлены захаваць на пасадзе Рэчы Паспалітае хаця й ня надта надзейнага, але ўсё ж саюзьніка, i не дапусьціць на ягонае месца магчымага няпрыяцеля. Пад штыхамі расейскіх войскаў у лютым 1717 г. адбыўся сойм, які атрымаў назву «нямы», бо пад страхам ягонага зрыву не было дадзенае слова ніводнаму дэлегату. Паводле рашэньняў сойму саксонскія аддзелы мелі быць выведзеныя за межы краіны. Адначасова ўзброеныя сілы Рэчы Паспалітае істотна зьмяншаліся: каронныя - да 18 тысячаў, a княскія - ажно да 6 тысячаў чалавек. Расейскі бок правёў i такія рашэньні, якія мелі гарантаваць яму захаваньне Рэчы Паспалітае як саюзьніцы на фоне Паўночнае вайны. Сярод ix - пацьверджаньне незалежнасьці фэдэратыўнае дзяржавы ад Саксоніі, забарона пачынаць вайну бяз згоды сойму i інш.

Скарачэньне войска, закасьцянеласьць аджылых палітычных нормаў, усяўладзьдзе магнатэрыі зводзілі на нішто замежнапалітычную вагу Рэчы Паспалітае, у чым была вельмі зацікаўленая Расея. Пётр I выдатна бачыў супярэчнасьці, што разьдзіралі краіну, i выкарыстоўваў ix дзеля ўласных мэтаў. У гэтым яму дапамагала i прарасейская арыенгацыя многіх прадстаўнікоў магнатэрыі краіны - перш за ўсё С. Дэнгофа i Л. Пацея.

Аднак Аўгуст II усё больш адчуваў цяжар жалезнае рукі суседняга манарха. Падставаў для гэтага хапала: i рабункі расейскіх войскаў у межах краіны, i гвалт з вольнага Гданьска, i прысабечваньне Расеяю Інфлянтаў, якія, паводле ранёйшых дамоваў, мелі адысьці да Рэчы Паспалітае, i курляндзкія праблемы, i непрыхаванае ўмяшаньне Пецярбургу ў нутраное жыцьцё фэдэратыўнае дзяржавы...

Аўгуст II пачаў рабіць захады да вываду чужаземных войскаў з тэрыторыі краіны i да ўмацаваньня нутранога ладу Рэчы Паспалітае. Вынік яскрава засьведчыў Горадзенскі сойм 1718 г., што, хаця i не прынёс чаканага плёну, але выклікаў занепакоенасьць Даўгарукага, які сказаў, што Аўгуст II становіцца падобным да «самодержца» на чале Рэчы Паспалітае. (32; 111 - 112)

Акрылены першымі посьпехамі, Аўгуст II пачаў шукаць падтрымкі ў іншых эўрапейскіх дзяржаваў. Каралю ўдалося ажаніць свайго сына, Фрыдэрыка Аўгуста, з прынцэсаю Габсбурскага дому Марыяй Юзэфай (1719 г.), а 5 студзеня таго ж году ў Вене падпісаць трактат, паводле якога Англія i Аўстрыя абавязваліся бараніць Рэч Паспалітую ад вонкавых ворагаў, гарантаваць яе тэрытарыяльную цэласьць i трываласьць Аўгуста II на яе пасадзе. Апроч гэтага, бакі абавязаліся спрыяць вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі краіны, разам караць магнатаў, якія палегчылі б пераход царскіх войскаў праз фэдэратыўную дзяржаву i г. д. Ніколі яшчэ ніводнаму манарху Рэчы Паспалітае не ўдавалася знайсьці супраць Масквы такое моцнае й шчырае падтрымкі...

Але ўсе захады, накіраваныя на адраджэньне незалежнасьці краіны, разьбіліся аб магнацкую анархію. Варшаўскі сойм (30 сьнежня 1719 - 23 лютага 1720), які мусіў выступіць абаронцам сувэрэнітэту, скончыўся адно выступамі супраць Флемінга (тады ўжо канюшага літоўскага) ды ягонае пасады на чале іншаземных вайсковых аддзелаў. Венскі трактат так i ня быў ратыфікаваны... Да гэтага прычынілася Расея й ейная крэатура, прадстаўнікамі якой у Вялікім Княстве Літоўскім былі перш за ўсё Л. Пацей i С. Дэнгоф. Падпарадкаваньне дзяржавы Расеі працягвалася... (32;112-113)

Расея ж была зацікаўленая надалей захоўваць анархію ў фэдэратыўнай дзяржаве. Гэтым i было выкліканае падпісаньне расейска-прускага трактату 1720 г., паводле якога абедзьйе дзяржавы абавязваліся ўтрымліваць існы стан у Рэчы Паспалітай. У 1724 г. мусіла далучыцца да яго пераможаная ў Паўночнай вайне Швэцыя, што было зазначана ў мірнай дамове з Расеяй, a ў 1726 г. падпісала аналягічнае пагадненьне i Аўстрыя. Сам факт прыняцьця такіх дакумэнтаў засьведчыў глыбіню ўпадку Рэчы Паспалітае, калі іншыя дзяржавы бралі на сябе ролю судзьдзяў лёсу гэтае краіны. (14; 350-352) Сведчаньнем гэтаму i побыт на тэрыторыі дзяржавы іншаземных войскаў. Асабліва па-гаспадарску пачуваліся тут вайсковыя фармаваньні Расеі, якая пачала разглядаць Рэч Паспалітую як сваю вотчыну. Мала таго, што насельніцтва фэдэратыўнае дзяржавы павінна было ўтрымліваць шматлікія аддзелы расейскай арміі, забясьпечваць ix правіянтам i зносіць кантрыбуцыі. Пры найменшым супраціве гвалту чужаземнае войска не спынялася ні перад чым. Вядома, што нават цэлыя харугвы войскаў Вялікага Княства Літоўскага раззбройвалі i высылалі ўглыб Расеі ў няволю. (13;322-323)

A між тым у фэдэратыўнай дзяржаве працягвалася зацятая барацьба груповак, якія ўтвараліся вакол найбольш магутных магнацкіх родаў i вялі барацьбу за ўладу, уплывы ў грамадзтве i за поўную незалежнасьць у дзеяньнях. З кожным годам усё радзей падставаю да суперніцтва былі палітычныя пытаньні, i ўсё часьцей барацьба вялася вакол канкрэтнае пасады, дзяржаўства, маёмасьці i да т. п. У такіх умовах цяжка вызначыць расклад сілаў у дзяржаве. Аднак з большай. ці меншай доляй пэўнасьці можна вылучыць тры групоўкі, якія адыгрывалі ў палітычным жыцьці краіны надзвычай важную ролю.

Адну зь ix рэпрэзэнтавала так званая «рэспубліканская» або «гетманская» партыя, якая аб'ядноўвала прыхільнікаў старога парадку й гуртавалася вакол найбуйнейшых старажытных магнацкіх родаў. На яе чале ў Вялікім Княстве Літоўскім стаялі смаленскі біскуп Багуслаў Гасеўскі ды Л. Пацей. Неўзабаве па «нямым» сойме да «рэспубліканцаў» далучыўся i Станіслаў Дэнгоф, незадаволены роспускам Сандамірскае канфэдэрацыі, маршалкам якой ён быў, i стратаю ў сувязі з гэтым свайго ўплыву. Апроч таго, адной з вызначальных падставаў для пераходу на ейны бок польнага гетмана літоўскага, як i для гуртаваньня ўсяго староньніцтва, стала рашэньне «нямога» сойму перадаць камандаваньне аддзеламі іншаземнага войска саксонцу Флемінгу. (18; 116-117)

Гэты кансэрватыўны лягер выступаў за захаваньне шляхоцкіх вольнасьцяў i супраць узмацненьня цэнтралізаванае ўлады. Аднак няправільна лічыць, што «рэспубліканцы» праводзілі ідэі анархіі, што ў ix не было ніякае канструктыўнае праграмы. Праграма ў ix якраз была даволі дэталёва распрацаваная.

Зыходзячы з натуральнага для манарха імкненьня да абсалютызму, да спадчыннасьці трону ды з магчымасьці карумпаваць сойм, «рэспубліканцы» былі гарачымі прыхільнікамі захаваньня выбарнасьці караля i кантрактных дачыненьняў між ім i Рэччу Паспалітаю. Liberum veto, на іхны погляд, зьяўлялася ахоўным сродкам супраць карупцыі ў сойме, бо заўсёды знойдзецца хоць адзін сумленны дэпутат, які выратуе вольнасьць ад небясьпекі. Армія як магчымая зброя караля на ягоным шляху да абсалютызму мусіць быць абмежаваная да мінімуму, а абарону краю належыць даверыць шляхоцкаму паспалітаму рушаньню. Каралю трэба адмовіцца ад права раздаваць пасады па сваім жаданьні: гэтая прэрагатыва мусіць быць нададзеная сойму й соймікам, каралеўшчыны ж павінны перайсьці ў агульнадзяржаўны скарб. Тады, паводле меркаваньняў гетманскае партыі, зьнікне i галоўная прычына карупцыі. Такія былі асноўныя пункты праграмы «рэспубліканцаў».

Зразу мела, што пазыцыя «гетманскае» партыі, накіраваная супраць узмацненьня каралеўскае ўлады, не магла ня выклікаць супраціву з боку манарха, вакол якога таксама пачала складацца свая партыя, што лучылася з палітыкаю дынастыі Вэтынгаў у Рэчы Паспалітай. Пэрсанальная вунія Саксоніі з фэдэратыўнаю дзяржаваю стварыла для саксонскіх урадаўцаў магчымасьць шырока прасоўвацца па службе i атрымліваць тут маёмасьць. Яны глядзелі на Рэч Паспалітую як на абсяг эксплюатацыі i неаднойчы - па атрыманьні шляхоцтва гэтай краіны - набывалі найвышэйшыя дзяржаўныя годнасьці. Так, Флемінгу па «нямым» сойме было перададзенае камандаваньне іншаземнымі вайсковымі аддзеламі, якія складалі немалую частку арміі краіны. (21; 281)

У дворскай групоўкі шукала падтрымкі i тая генэрацыя магнатаў, якая вылучылася на вяршыню палітычнага жыцьця дзяржавы толькі нядаўна. Кіраўнікамі гэтае партыі, якая атрымала назву «Фамілія», сталі Чартарыйскія. Род Чартарыйскіх належаў да ня менш старажытных за Радзівілаўскі. Так, яшчэ з пачатку панаваньня Жыгімонта Аўгуста яны тытулаваліся fratteres et consanguinei (брагамі й крэўнымі) Ягайлавічаў. Але не такія багатыя, як Радзівілы, Чартарыйскія на працягу стагодзьдзяў не адыгрывалі вялікае ролі ў грамадзкім жыцьці Рэчы Паспалітае. Толькі напачатку XVIII ст. яны імкліва разбагацелі i ўзьняліся на адно зь вядучых месцаў. «Фаміліяй» Чартарыйскіх кіравалі браты Фрыдэрык Міхал - падканцлер літоўскі, Аўгуст Аляксандар - ваявода рускі i Тодар - біскуп познанскі. Значна бяднейшыя за магнатаў старое генэрацыі, якія стаялі на чале «рэспубліканцаў», яны мелі ня менш амбітнасьці й прагі да ўлады. Супрацоўніцтва з дворскаю партыяй давала ім надзею на атрыманьне пасадаў i намесьніцтваў ад караля.

Як i бальшыня найвышэйшых прадстаўнікоў тагачаснага шляхоцкага грамадзтва, Чартарыйскія напачатку выступалі за захаваньне «залатое вольнасьці» i за, гарантыі непарушнасьці правоў шляхты, але з часам паступова прыйшлі да ідэі неабходнасьці рэформаў у нутраным ладзе дзяржавы. Генэза рэфармісцкіх схільнасьцяў «Фаміліі», аднак, была вельмі простаю: «гетманская» партыя сыстэматычна зрывала соймы, робячы немагчымым наданьне каралём вакансіяў, на якія прэтэндавалі Чартарыйскія. (14; 353-354)

Праграма рэформаў, выпрацаваная «Фаміліяй», прадугледжвала скасаваньне liberum veto, падначаленьне сойму незалежных дагэтуль міністраў, перадачу прэрагатывы прызначэньня на пасады ад караля да сойму i соймікаў i Інш. Безумоўна, у становішчы, у якім апынулася Рэч Паспалітая на той час, гэтая праграма мела прагрэсіўны характар.

Вайна староньніцтваў пачалася адразу пасьля «нямога» сойму i датычыла пытаньняў: хто павінен кіраваць войскамі чужаземнага строю, лесу liberum veto, праблемы адтэрміноўкі сойму ды інш. Пры падтрымцы шматлікае шляхоцкае кліентуры «рэспубліканцам» удалося перашкодзіць рэалізацыі прынятых у 1717 г. ухвалаў. Адначасна ў 20-я гг. каралеўскі двор, бачачы сваю палітычную слабасьць i адасабленьне, навязаў кантакт з «Фаміліяй». (21; 281) Аднак гэты зьвяз ня быў ані доўгім, ані трывалым. Імкненьне састарэлага й хворага Аўгуста II запэўніць Перадачу кароны сыну не знайшло падтрымкі з боку «Фаміліі». Чартарыйскія мелі вялікія амбіцыі ды плянавалі па вызваленьні трона пасадзіць на яго Аляксандра Аўгуста Чартарыйскага. (22; 62) У той жа час, разумеючы праблематычнасьць гэтага, яны вялі перамовы з францускім паслом дэ Манці наконт абраньня на пасад Рэчы Паспалітае Станіслава Ляшчынскага.

Такія ж самыя перамовы з францускім пасланьнікам вяла i партыя «рэспубліканцаў». Ад імя гэтае групоўкі ў сьнежні 1730 г. да апальнага караля быў пасланы ліст з абяцаньнем яму вайсковае дапамогі ў выпадку сьмерці Аўгуста II. (23; 14-15) Такое аднадумства прадстаўнікоў варожых партыяў - зьява выключная ў гісторыі краіны XVIII ст.

Зьняверыўшыся ў іншых мэтадах, Аўгуст II вырашыў усталяваць моцную каралеўскую ўладу сілаю. На сойм 18 верасьня 2 кастрычніка 1732 г. ён прывёў шматлікае саксонскае войска. Пачаліся арышты праціўнікаў манарха. Нават прыхільнікі караля адмаўляліся зь ім супрацоўнічаць. Так, Міхал Вішнявецкі, які меў атрымаць з рук Аўгуста II пасаду вялікага гетмана літоўскага, заявіў, што браць булаву ў такіх умовах ня будзе, бо ня хоча ўдзельнічаць у бяспраўі. Апазыцыя, натхнёная гэтым учынкам, голасам рэчыцкага пасла Сіліча сарвала сойм. (32; 282)

Аўгуст II, баючыся за лёс кароны Рэчы Паспалітае па сваёй сьмерці i прадбачачы, што галоўным прэтэндэнтам на каралеўскі пасад будзе Станіслаў Ляшчынскі, шмат разоў (1707; 1714; 1717; 1725 гг.) спрабаваў зьнішчыць суперніка рукамі наёмных забойцаў. (33; 121) Замахі не далі вынікаў, і курфюрст імкнуўся перадаць хоць якую частку краіны сваім нашчадкам на правох спадчыннага валоданьня. У 1732 г. ён зьвярнуўся да Фрыдрыха Вільгельма, прускага караля, з прапановаю перадаць таму Курляндыю, Каронную Прусію i частку Вялікае Польшчы, Расеі - частку Вялікага Княства Літоўскага бязь Вільні, a Аўстрыі - Сьпіскае староства з тым, каб астатняя частка Рэчы Паспалітае перайшла пад вечную абсолютную ўладу саксонскіх манархаў. (23; 15) Але суседнія дзяржавы не былі да часу зацікаўленыя ва ўзмацненьні адна аднае. Ix больш задавальняла вялізная бясьсільная Рэч Паспалітая, чым агрэсіўныя магутныя краіны.

Ды й намеры шляхты Рэчы Паспалітае абраць каралём Ст. Ляшчынскага ніяк ня ўпісваліся ў пляны драпежных суседзяў. У 1732 г. паміж Расеяй i Прусіяй на выпадак сьмерці Аўгуста II была падпісаная дамова аб падтрымцы нэўтральнага кандыдата - партугальскага інфанта Эмануэля. Аднак, бачачы непрыхільнасьць да яго бальшыні шляхты ды імкнучыся забясьпечыць сабе падтрымку хаця дворскае партыі, суседнія дзяржавы вырашылі падтрымаць іншага кандыдата - сына Вэтынга.

1 лютага 1733 г. Аўгуст II памёр. У верасьні на элекцыйным полі пераважная бальшыня шляхты абрала каралём Станіслава Ляшчынскага. Але кандыдатура цесьця францускага манарха на пасадзе Рэчы Паспалітае ніяк не задавальняла суседнія дзяржавы. У межы краіны ўвайшлі 30-тысячны расейскі корпус i саксонская армія. Пад абаронаю штыхоў інтэрвэнтаў нешматлікая апазыцыя выгукнула Вэтынга як Аўгуста III. (21; 282) Станіслаў I зь вернымі яму аддзеламі мусіў схавацца ў Гданьску, разьлічваючы на дапамогу Францыі й рэгулярных войскаў Рэчы Паспалітае...

Гвалтоўнае, з дапамогаю чужаземных войскаў, укаранаваньне не было новым для краіны. Бацька Аўгуста III, Аўгуст II, стаў каралём таксама абапіраючыся на штыхі расейскіх i саксонскіх арміяў, што сталася адною з прычынаў грамадзянскае вайны, якая разгарэлася на абшарах дзяржавы напачатку XVIII ст. Грамадзянская ж вайна, што выбухнула пасьля новай яўнай зьнявагі незалежнасьці й годнасьці Рэчы Паспалітае, выразна паказала бясьсільле i глыбокі заняпад краіны.

Ужо ўвесну 1734 г. шляхта Ашмянскага й суседніх зь ім паветаў утварыла канфэдэрацыю дзеля абароны законна абранага караля. Ейным маршалкам быў абраны ваявода віцебскі Марцін Агінскі, a рэгімэнтарам - стражнік літоўскі Аляксандар Пацей. Падобная канфэдэрацыя пад кіраўніцтвам Адама Тарлы была завязаная i ў Кароне.

Літоўская генэральная канфэдэрацыя, згуртаваўшы каля 3000 шляхцічаў, распачала марш на захад, на дапамогу абложанаму ў Гданьску каралю. Падчас гэтае выправы, у ліпені 1734 г., ix i засьпела вестка пра падзеньне Гданьска. Поўныя рашучасьці збройна абараняць незалежнасьць дзяржавы, канфэдэраты ў лістападзе гэтага ж году занялі Берасьце, дзе да ix далучыліся аддзелы зяця М. Агінскага, валынскага ваяводы Міхала Патоцкага. Зь Берасьця маршалак піша адчайныя лісты да Папы Клемэнса XII, дзе просіць галаву Касьцёлу падтрымаць справу Станіслава I.

Але рашучасьць да збройнае барацьбы за незалежнасьць разьбілася, як гэта ўжо ня раз было, аб асабістыя амбіцыі магнатэрыі. Ужо ў сакавіку 1735 г. пачаліся звадкі М. Агінскага з маршалкам Кароннае Генэральнае канфэдэрацыі А. Тарлам. Літоўскі маршалак даведаўся, што той падпісваў лісты як аднаасобны кіраўнік канфэдэрацыі Рэчы Паспалітае, бяз подпісу М. Агінскага. Гэты факт так абурыў апошняга, што ён ад імя ўсяе Літоўскае канфэдэрацыі выказаў гатоўнасьць прыбыць да Варшавы, каб прысягнуць Аўгусту III. Да самага канца трымаўся С. Ляшчынскага, бадай, толькі літоўскі стольнік Пётра Сапега. (32; 134) Недысцыплінаваныя харугвы каронных канфэдэратаў, не падтрыманыя паплечнікамі з Княства, былі разьбітыя расейскімі й саксонскімі войскамі. (22; 622)

У ліпёні 1736 г. быў скліканы пацыфікацыйны сойм, які зацьвердзіў уладу Аўгуста III, пацьвердзіў права ўплыву суседніх дзяржаваў, якім дазвалялася адкрыта ўмешвацца ў нутраныя справы Рэчы Паспалітае, а так-сама абвесьціў амністыю ўдзельнікам канфэдэрацыі. М. Агінскі ж «за вялікія заслугі перад Ацчынаю» атрымаў ордэн Белага Арла...

Параза Ст. Ляшчынскага кардынальна паўплывала на зьмену арыентацыі «Фаміліі», якая, хутка перабудаваўшыся, стала гарачай прыхільніцай Аўгуста III i саюзу з Расеяй. Натуральна, «гетманская» партыя заняла супрацьлеглую пазыцыю, падтрымліваючы Ст. Ляшчынскага й Францыю. Хаця, як i іншыя краіны, Францыя была зацікаўленая падтрымліваць анархію ў Рэчы Паспалітай, каб тая не падтрымала каго-небудзь са сваіх суседзяў - магчымых ворагаў Францыі. Трэба зазначыць, што істотнае дапамогі «гетманская» партыя ад Францыі так i не дастала, але яўная апазыцыйнасьць групоўкі аддаліла яе як ад двара, так i ад Расеі. Таму «рэспубліканцы» мусілі напачатку задаволіцца зрывам сойму 1738 г., які меў ухваліць скарбова-вайсковыя рэформы. Годам пазьней на Ўкраіне былі зарганізаваныя збройныя выступы супраць саксонскага двара. Нягледзячы на занятасьць Расеі ў чарговай расейска-турэцкай вайне (1736-1739), рэгулярныя расейскія войскі бязь цяжкасьцяў зламілі гэты pyx, які ўзначальваў Патоцкі. (21; 283)

У выніку «рэспубліканская» партыя засталася значна аслабленаю. З гэтага скарыстала «Фамілія», якая ў 40-я гады здолела значна ўмацавацца. Прыхільнікі Чартарыйскіх усё часьцей займалі важныя дзяржаўныя пасады. Гэтаму садзейнічала i збліжэньне «Фаміліі» з дворскаю партыяй, якая з элекцыяй Аўгуста III атрымала новы штуршок для разьвіцьця. Новы кароль мала цікавіўся справамі нованабытае дзяржавы, a паўнату ўлады аддаў у рукі ўвішных фаварытаў, якіх у вялікай колькасьці прывёз з сабою з Саксоніі, ды мясцовых сваіх прыхільнікаў.

Галоўную ролю ў дворскай партыі адыгрываў першы міністар Саксоніі Генрых фон Бруль, які карыстаўся поўным даверам манарха. Вымушаны пакінуць сваю радзіму з-за нянавісьці насельніцтва (ён увёў невыносныя падаткі), гэты дзяяч вырашыў забясьпечыць інтарэсы ўласнага дому ў суседняй Рэчы Паспалітай.

Бруль хутка разабраўся ў палітычнай сытуацыі і, зважаючы на выключны ўплыў Расеі на нутраныя справы Рэчы Паспалітае ды на прарасейскую арыентацыю «Фаміліі», узяў бок Чартарыйскіх. Разьлік быў слушны - саксонскі міністар прадбачыў, што наступны кароль будзе ізноў пасаджаны Расеяй i што ім стане прадстаўнік «Фаміліі».

Калі Бруль дапамагаў Чартарыйскім, дык i тыя дапамагалі свайму дабрадзею. Так, з дапамогаю «Фаміліі» Брулю ўдалося здабыць сфальшаваныя дакумэнты індыгенату, якія пацьвярджалі шляхоцтва Рэчы Паспалітае, а таксама запэўніць свайму непаўналетняму сыну пасаду варшаўскага старасты. Але гэтага яму падалося мала, i ён вырашыў ажаніць свайго сына з дачкою рускага ваяводы Аўгуста Чартарыйскага, а дачку выдаць за Казімера Панятоўскага (брата будучага караля Станіслава Аўгуста). Чартарыйскія адмовілі яму, уважаючы, што род Бруляў для ix занізкі. Абражаны саксонец тады выдаў сваю дачку Амэлію за надворнага кароннага маршалка Юрыя Мнішка, даўняга ворага «Фаміліі», i гэта непасрэдным чынам паўплывала на разрыў дворскае партыі з Чартарыйскімі. (24; 152)

Але гэтае няўдалае сватаньне было не адзінаю прычынаю разыходжаньня «камарыльлі Мнішка» (як пазьнёй сталі называць партыю Бруля) i «Фаміліі». Не апошнюю ролю тут адыгралі i праекты рэформаў, што выношвалі Чартарыйскія i якія не маглі прыняць кароль i ягоныя прыбліжаныя. Апроч таго, Аўгуст III марыў, як i ягоныя папярэднікі, аб прыжыцьцёвай элекцыі свайго сына, Карла, на трон Рэчы Паспалітае. У той жа час Чартарыйскія, адчувалі за сваёй сьпінай моцную падтрымку Пецярбургу, цешыліся надзеяй забясьпечыць карону за адным з прадстаўнікоў свайго дому. Такія супярэчнасьці канчаткова разьвялі «Фамілію» i дворскую партыю ды прычыніліся да збліжэньня апошняе з «рэспубліканцамі». Абедзьве групоўкі лучыла адмаўленьне ад усялякіх рэформаў, якія спрыялі б цэнтралізацыі ўлады i абмяжоўвалі б уплыў магнатаў на палітычнае жыцьцё краіны.

«Фамілія» ня надта непакоілася з нагоды набыцьця новае ролі на палітычнай арэне - ролі апазыцыянэраў. Ix натхняла сувязь з царскім дваром, якая пастаянна ўзрастала. Асабліва заўважна стала гэта з 1755 г., калі малады пляменьнік Чартарыйскіх, літоўскі стольнік Станіслаў Панятоўскі, быў накіраваны паслом Рэчы Паспалітае ў Пецярбург. Ст. Панятоўскі зьяўляўс(я верным правадніком плянаў «Фаміліі», асабліва што да ўзмацненьня асабістае ўлады манарха. I рэч ня толькі ў роднасных сувязях. Немалое значэньне мела тое, што, будучы фаварытам царыцы Кацярыны II, ён сам цешыўся надзеяю здабыць з дапамогаю Пецярбургу карону.

Калі дагэтуль соймы зрывалі прыхільнікі «гетманскае» дартыі, якія імкнуліся паралізаваць рэформы, у 50-х гг. XVIII ст. гэтую эстафэту перахапілі кліенты «Фаміліі» з разьлікам не дапусьціць прыняцьця невыгодных для ix пастановаў. Ненавіснае Чартарыйскім liberum veto стала небясьпечнаю зброяй у іхных руках. (21; 284)

A між тым у абозе «рэспубліканцаў» адбыліся істотныя зьмены. Пасьля сьмерці ў 1749 г. Мікалая Патоцкага й Яна Тарлы, a ў 1751 г. вялікага гетмана кароннага Язэпа Патоцкага, у гэтым лягеры пачаў адчувацца недахоп правадыроў. На чале «гетмацскае» партыі ў Кароне стаў па атрыманьні вялікае кароннае булавы Ян Клемэнс Браніцкі, a ў Княстве - вялікі гетман літоўскі Міхал Казімер Радзівіл Рыбанька.

У першай палове XVIII ст. род Радзівілаў зноў імкліва набыў такія багацьці i палітычную вагу, зь якімі ня мог параўнацца ніводны магнацкі род Вялікага Княства Літоўскага. У разьлеглых маёнтках Радзівілаў працавала больш за 300 000 падданых, а агульны кошт маёмасьці гэтых некаранаваных каралёў Княства складаў каля 30 мільёнаў талераў. (24; 26)

Маючы фактычна неабмежаваную ўладу ў краі, Радзівілы не хацелі дзяліцца ёю ані з Чартарыйскімі, якія хутка памножылі тут свае валоданьні ды перацягнулі на свой бок шляхоцкую кліентуру, ані з каралеўскаю ўладаю. У сваю чаргу, Чартарыйскія імкнуліся прыбраць з палітычнае арэны самых уплывовых прадстаўнікоў «гетманскае» партыі ў Вялікім Княстве Літоўскім, каб канчаткова падпарадкаваць сабе гэтую частку «Рэчы Паспалітае Абодвух Народаў». Адчуваючы падтрымку магутнае Расеі, «Фамілія» была ўпэўненая ў перамозе. Неаднаразовыя спробы вялікага гетмана літоўскага, мяккага i ня вельмі спрактыкаванага ў палітыцы чалавека паразумецца са сваімі ворагамі сустракалі супраціў Чартарыйскіх. Так, напрыклад, у 1749 г. М. Радзівіл Рыбанька дамовіўся зь вялікім канцлерам літоўскім пра выбары сваіх маладых яшчэ сыноў дэпутатамі ў Трыбунал. Аднак Чартарыйскія ня выканалі сваіх абавязкаў, з-за чаго лішне даверлівыя Радзівілы ў найвышэйшы судовы орган Княства тады ня трапілі. (24; 64)

Аднак роля Радзівілаў у жыцьці Вялікага Княства Літоўскага значна павялічылася з часу выхаду на палітычную арэну Кароля Радзівіла Пане Катанку, сына Рыбанькі, якому ў 1755 г. пры падтрымцы Маршалка надворнага кароннага Мнішка й графа Бруля ўдалося стаць маршалкам Літоўскага Трыбуналу. Гэтаму паспрыяла i немалая ўжо папулярнасьць маладога Радзівіла сярод шляхоцкай моладзі, прывабленай шчодрасьцю ды багацьцем Пане Каханку.

Трэба нагадаць, што ў 1744 - 1762 гг. усе 11 соймаў былі сарваныя (25;152-166) i палітычнае жыцьцё Вялікага Княства Літоўскага сканцэнтравалася ў асноўным у Трыбунале (які па чарзе засядаў у Вільні й Менску). Таму ня дзіва, што барацьба за кіраваньне гэтым органам яскрава адлюстроўвала барацьбу магнацкіх груповак у краі. (26;188)

Вялася гэтая барацьба мэтадамі, зусім згоднымі з тагачасным духам. Так, па перамозе Радзівілау на Трыбунале Францкевіч, падстараста пінскі, зацяты прыхільнік «Фаміліі», запрасіў менскага дэпутата Язэпа Валадкевіча, найлепшага сябра Пане Каханку, у палац Флемінга, дзе прадстаўніка «рэспубліканскае» партыі пасеклі шаблямі i таму проста цудам удалося выжыць. Аднак злачынца пазьбег адказнасьці, укрыты i ўзнагароджаны Чартарыйскімі. (24;55)

А тымчасам распачалася дзейнасьць прарадзівілаўскага Трыбуналу, якая вызначалася бясконцым шэрагам п'янак i авантураў. Пане Каханку не выносіў ніякага пярэчаньня сабе, адкрыта прымушаў дэпутатаў прымаць толькі тыя рашэньні, якія ён пажадае. Адсюль i пайшла прымаўка: «Трыбунал з дэкрэтам, a Радзівіл з мушкетам».

Пакуль Радзівілы спачывалі на лаўрах, Чартарыйскія пачалі бурную дзейнасьць дзеля падрыхтоўкі наступных выбараў. «Фамілія» распаўсюджвада чуткі, нібы зь Пецярбургу да Аўгуста III прыйшоў ліст з патрабаваньнем усімі сіламі падтрымаць Чартарыйскіх. Але нават калі гэтыя чуткі i ня мелі пад сабою глебы, то грашовая дапамога расейскім прыхільнікам у Вялікім Княстве Літоўскім, безумоўна, ішла. Так, паводле сьведчаньня сучасьніка, адзін з найбольш уплывовых прадстаўнікоў «Фаміліі» ў Княстве, граф Флемінг, раздаў велізарную колькасьць грошай прадстаўнікам паветаў, каб забясьпечыць сабе перамогу. Нарбут, напрыклад, атрымаў 3000 талераў за агітацыю ў Лідзкім павеце, Сямашка - 2000 талераў за агітацыю на Жмудзі... У выніку ў Вільню ў 1756 г. прыехала больш за 5000 прыхільнікаў «Фаміліі». Бальшыня ў Трыбунале была забясьпечаная за Чартарыйскімі.(24;63)

Радзівілы не маглі пагадзіцца на страту ўплыву ў гэтым важным палітычным органе краю. Яны вырашылі хаця паставіць маршалкам свайго чалавека. Вялікі гетман літоўскі зьвярнуўся па дапамогу да свайго брата Гераніма, які распараджаўся шматлікімі аддзеламі дворскае міліцыі, таксама ўведзенай у Вільню. Аднак калі шляхта, прыхільная «Фаміліі», напала на войска Радзівілаў, памяркоўны Рыбанька не рашыўся разьвязаць бітву, a даслаў да караля скаргу на Чартарыйскіх. Аўгуст III не падтрымаў ніводзін з бакоў, адно загадаў вывесьці ўсе войскі са сталіцы Вялікага Княства Лiтоўскага.

Пачаліся перамовы паміж Міхалам Радзівілам i Флемінгам. Магнаты не хацелі нават бачыць адзін аднаго: князь Рыбанька сядзеў у адным памяшканьні, а граф - у другім. Паміж памяшканьнямі была вольная зала, дзе час ад часу сустракаліся пасланцы абодвух бакоў... У выніку маршалкам Трыбуналу стаў Флемінг. Аднак у 1757 г. Радзівілы ізноў перамаглі на выбарах...

Барацьба за Трыбунал доўжылася зь пераменным посьпехам i надалей.

A краіна між тым усё больш губляла прыкметы незалежнасьці ды станавілася адно цацкаю ў руках суседзяў. Чарговым сьведчаньнем гэтаму сталі падзеі Сямігадовае вайны (1756 -1762), у якой Рэч Паспалітая афіцыйна ня ўдзельнічала. Аднак гэта не перашкодзіла чужаземным войскам выкарыстоўваць ейную тэрыторыю як для ваенных дзеяньняў, так i для збору прыпасаў i фуражу. (27;263-281) Але вышэйшым колам фэдэратыўнае дзяржавы было не да таго. Яны змагаліся за ўплывы i пасады...

Гэтае змаганьне атрымала новы штуршок пасьля сьмерці Міхала Казімера Рыбанькі. Польны гетман літоўскі Масальскі, даўні прыхільнік Чартарыйскіх, не забавіўся скарыстаць са сьмерці даўняга ворага. Вось што піша сучасьнік: «Польны гетман тут жа ўсе вайсковыя рашэньні нябожчыка князя скасаваў i адмяніў, рэгімэнцтвы сваім прыхільнікам пачаў раздаваць, кіраўніцтва ў галоўных, прыбытковых ваяводзтвах Віленскім, Новагародзкім, Берасьцейскім i інш. сваім прыяцелям параздаваў, а дадзенае князем гетманам скасаваў». (28; III; 176)

Аднак замест нерашучага й мяккага князя Рыбанькі кіраваць «рэспубліканскаю» партыяй стаў ягоны сын Кароль Радзівіл Пане Каханку, што не спыняўся ні перад чым дзеля дасягненьня сваёй мэты. Аднаго яму не хапала - падтрымкі ўсяўладнае Расеі, без пратэкцыі якой ужо амаль немагчыма было атрымаць рашучае перавагі ў палітычным жыцьці краіны.

I Пане Каханку даслаў Кацярыне II, якая толькі што ўзышла на расейскі трон, скінуўшы свайго мужа Пятра III, ліст, дзе запэўніваў расейскую царыцу ў сваёй суцэльнай прыязьні ды самых шчырых пачуцьцях да суседняе дзяржавы. Адказ быў ветлівы, але ў ім манархія дала зразумець князю, што на пратэкцыю яму спадзявацца няма падставаў. I на гэта былі прычыны. У чаканьні хуткае сьмерці хворага Аўгуста ІІІ расейскі двор ужо даўно вырашыў пасадзіць на трон Рэчы ІІаспалітае аднаго з прадстаўнікоў «Фаміліі», у адданасьці якіх Пецярбург быў упэўнены.

Адчуваючы за сабою падтрымку магутнага суседа, Чартарыйскія імкнуліся прысьпешыць падзеі ды дасягнуць канчатковае перамогі над «рэспубліканцамі». Яны плянавалі стварыць канфэдэрацыю, каб дамагчыся найхутчэйшае дэтранізацыі Аўгуста III пры дапамозе расейскіх штыхоў. Чартарыйскія бачылі на каралеўскім пасадзе найперш сябе: ваяводу рускага Аўгуста або ягонага сына Адама Казімера. Аднак гэта не ўваходзіла ў пляны Станіслава Панятоўскага, які таксама імкцуўся да кароны. I ў яго, з узыходам на расейскі трон Кацярыны II, ягонай каханкі, зьявіліся самыя рэальныя шанцы...

Кацярына II астудзіла запал сваіх прыхільнікаў. Так, у лісьце да амбасадара Расеі ў Рэчы Паспалітай Кайзэрлінга яна пісала: «Я бачу, што нашыя сябры вельмі разгарачыліся i гатовыя на канфэдэрацыю, але я ня бачу, да чаго прывядзе канфэдэрацыя пры жыцьці караля?..». У той жа час царыца патрабавала: «Я загадвала вам утрымліваць сяброў маіх ад нясвоечасовае канфэдэрацыі; але ў той жа час дайце ім самыя станоўчыя сьведчаньні, што мы ix будзем падтрымліваць ва ўсім, што мэтазгодна, будзем падтрымліваць да самой сьмерці караля, пасьля якой мы будзем дзейнічаць, без сумневу, на іхную карысьць».

Кацярына II адкрыта пагражала ворагам «Фаміліі». «Калі асьмеляцца схапіць ды адвезьці ў Кёнігсштайн каго-небудзь зь сяброў Расеі, то я насялю Сібір сваімі ворагамі...» (29;413-414)

Не атрымаўшы вайсковае дапамогі ад Расеі, але затое пачуваючы яе ўсямерную падтрымку, «Фамілія» ўступіла ў барацьбу за спадчыну Міхала Радзівіла. Яна плянавала пасадзіць на пасад віленскага ваяводы зяця Адама Чартарыйскага, вялікага пісара літоўскага Міхала Казімера Агінскага, малая ж булава, па атрыманьні Міхалам Масальскім ураду вялікага гетмана літоўскага, мелася перайсьці ў рукі Міхала Брастоўскага. Апошняе ніяк не магло задаволіць «рэспубліканцаў»: канцэнтрацыя поўнае гетманскае ўлады ў адным староньніцтве нязьмерна павялічыла б ягоныя ўплывы. Таму «рэспубліканцы» зрабілі ўсё магчымае дзеля таго, каб малую булаву атрымаў іхны прыхільнік, полацкі ваявода Аляксандар Міхал Сапега. 20 тысячаў чырвоных залатых для Бруля i фавор жонкі прэтэндэнта для сына пакуль яшчэ ўсемагутнага графа зрабілі сваю справу - Сапега стаў польным гетманам літоўскім. (28;ІІІ;205)

Тымчасам працягвалася барацьба за перавагу ў Трыбунале, якая шмат дзе перарастала ў адкрытыя бітвы паміж ворагамі. Чартарыйскія запрасілі ў Вільню ў якасьці назіральніка за выбарамі расейскага маёра Пучкова, каб застрашыць сваіх праціўнікаў. Для Рэчы Паспалітае, дзе вольнасьць судоў зьяўлялася адной з падставовых шляхоцкіх свабодаў, гэта быў раней не чуваны ўчынак. Папулярнасьць Радзівіла як абаронцы сувэрэнітэту краіны расла.

Напачатку работы Трыбуналу абедзьве групоўкі, якія сьцягнулі ў Вільню i войскі, i шматлікіх прыхільнікаў, распачалі на вуліцах сталіцы сапраўдную міжусобную вайну, у якой Пане Каханку пачаў перамагаць. Але Радзівіл не разьлічыў усю меру прыхільнасьці Расеі да сваіх кліентаў Чартарыйскіх: 4 расейскія палкі на чале з генэралам Салтыковым перайшлі межы Вялікага Княства Літоўскага i пачалі рабаваць радзівілаўскія маёнткі. (28;IV;43) Пры расейскім генэрале знаходзіўся прадстаўнік вялікага гетмана літоўскага Адахоўскі. Пане Каханку абачліва адмовіўся ад збройнага супраціву войскам суседняе дзяржавы i пачаў перамовы з Салтыковым. Той абяцау вывесьці палкі пры наступных умовах:

- Кароль Радзівіл забавязуецца, што Літоўскі Трыбунал «ня будзе перасьледаваць» ці фактычна, увогуле ня будзе судзіць прыхільнікаў Чартарыйскіх i Расеі;

- прысуды, якія раней вынес Трыбунал, будуць адмененыя.

Гэтыя ўмовы ня толькі тапталі сувэрэнітэт дзяржавы, але й рабілі зусім непрацаздольным галоўны судовы орган краю, бо крытэрыі для ідэнтыфікацыі «расейскіх староньнікаў» вызначыць было немагчыма. Таму Радзівіл адмовіўся ад пагадненьня. Палкі Салтыкова, пастрашыўшы яшчэ ворагаў «Фаміліі» ды парабаваўшы радзівілаўскія маёнткі, вырушылі з краю. Гэты інцыдэнт яшчэ больш падняў аўтарытэт Пане Каханку ў вачох шляхты як абаронцы вольнасьці дзяржавы.

Аднак 5 кастрычніка 1763 г. памер Аўгуст III, дзейнасьць «радзівілаўскага» Трыбуналу была спыненая, а ягоныя паўнамоцтвы перададзеныя каптуровым судам.

Сьмерць караля адкрыла новы віток барацьбы паміж магнацкімі групоўкамі. «Гетманская» партыя плянавала пакінуць карону ў Вэтынгаў, пасадзіўшы на каралеўскі пасад сына Аўгуста III, Карла. Надзеяю на трон цешыўся таксама й вялікі гетман каронны Браніцкі.

Пра пляны Расеі, якія праводзіліся праз Чартарыйскіх, было сказана вышэй. Іншыя ж дзяржавы не сьпяшаліся ўмешвацца ў гульню за сваіх кандыдатаў на трон Рэчы Паспалітае, бо ўсяўладная Расея мела тут абсалютны ўплыў. Фрыдрых II, кароль аслабленае Сямігадоваю вайною Прусіі, які даўно ўжо марыў набыць новыя тэрыторыі за кошт зьнясіленае суседкі, раіў Кацярыне II «пасадзіць на Польскі пасад караля па Вашым жаданьні». (29;416)

Перад царыцаю стаяла адна праблема: каго паставіць каралём - А. Чартарыйскага або С. Панятоўскага. Выбар паў на апошняга. Справа вырашылася ня толькі дзякуючы былому каханьню Кацярыны II i прэтэндэнта. У лісьце да прускага караля расейская царыца яскрава выказала прычыны абраньня літоўскага стольніка на трон Рэчы Паслалітае: «З усіх прэтэндэнтаў на карону ён мае найменш сродкаў атрымаць яе, значыць, ён будзе найбольш абавязаны тым, з чыіх рук ён яе атрымае. Гэтага нельга сказаць пра кіраўнікоў нашае партыі: той зь ix, хто дасягне трону, будзе лічыць сябе абавязаным гэтулькі нам, колькі i свайму ўменьню весьці справы...». (29;417)

Безумоўна, зьдзейсьніць свае пляны Расея мелася празь верных кліентаў - Чартарыйскіх, якія наіўна верылі, што з дапамогаю расейскіх грошай i штыхоў яны здолеюць падпарадкаваць сабе край ды правесьці тут рэформы. Пецярбург, "як мог, падтрымліваў у сваёй партыі такія ілюзіі. I апошнія стараліся з усіх сілаў. Пакуль Пане Каханку, пасьля перамогі на папярэдніх выбарах у Трыбунал, упэўнены ў сваіх сілах, аддаўся чарговым п'янкам ды авантурам, «Фамілія» атрымала рашучую перамогу ў выбарах каптуровых судоў. Прыхільнікаў «гетманскае» партыі пачалі выклікаць на суды, пасьля чаго, паводле тагачаснага права, яны гублялі права быць кандыдатамі на паславаньне ў сойме. Справы элекцыі рашуча пераходзілі ў рукі «Фаміліі».

Каб выправіць становішча, Пане Каханку вырашыў дзейнічаць сілаю. 21 лютага 1764 г. ён на чале сваіх войскаў увайшоў у Вільню i па непрацяглых перамовах зь віленскім біскупам Масальскім на другі дзень захапіў залю суда, самачынна склаў сьпіс дэпутатаў, а сябе прызначыў маршалкам. Такія гвалтоўныя дзеяньні адбываліся па ўсім Вялікім Княстве Літоўскім. Так, у Рэчыцкім павеце, дзе перамагла партыя Чартарыйскіх, радзівілаўцы склікалі альтэрнатыўны склад суда. A калі дэпутаты разагнанага суда сабраліся ў Рагачоўскім замку, «рэспубліканцы» пасьля непрацяглае аблогі захапілі фартэцыю штурмам, прычым многія былі параненыя, многія загінулі... (28;IV;203-204)

У выніку гэтых гвалтоўных дзеяньняў «Фамілія» атрымала падставу для чарговага запрашэньня расейскіх войскаў у межы краіны. Аднак Кацярына II не сьпяшалася выканаць просьбу Чартарыйскіх. Яна паспрабавала разьбіць лягер «рэспубліканцаў», перацягнуўшы на свой бок незгаворлівага Радзівіла. У Нясьвіж прыбыў расейскі пасол, які прапанаваў Пане Каханку ад імя царыцы 100 000 чырвонцаў узамен за адступленьне ад «гетманаўскае» партыі. Кароль Радзівіл ня толькі з пагардаю адмовіўся ад такой прапановы, але нават i абразіў пасланца. (24;107 -109)

Тады ў межы краіны рушылі 12 000 расейскіх жаўнераў. З дапамогаю іхных штыхоў Масальскім удалося сабраць 1000 подпісаў пад актам канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага, накіраванай супраць Радзівілаў, на чале зь літоўскім канюшым Міхалам Брастоўскім. Акт канфэдэрацыі назваў «гетманскую» партыю «ганьбаю Айчыны» i заклікаў усіх пад штандары «Фаміліі». На патрэбы гэтай канфэдэрацыі Расея выдаткавала 60 000 дукатаў. (30;23-24)

Лёс «рэспубліканскае» партыі ў будучым элекцыйным сойме быў вырашаны. Царыцы засталося толькі забясьпечыць паслухмянасьць «Фаміліі», якая надта ўжо захапілася марамі аб рэформах у дзяржаве. 11 красавіка 1764 г. Кацярына II падпісала з Прусіяй трактат, які гарантаваў захаваньне status quo ў Рэчы Паспалітай. Абедзьве краіны забавязаліся «ў разе патрэбы ўжыць нават моц зброі з мэтаю захаваць Рэч Паспалітую ад страты канстытуцыі й кардынальных правоў». A між тым Чартарыйскія, якія марылі пра дапамогу Расеі ў справе адраджэньня Айчыны, мабыць, ведалі словы сучасьніка, вядомага асьветніка Канарскага: «Няўжо іншыя больш за нас нашую Айчыну любяць? Няўжо сапраўды (як з нашых патрыётаў сёй-той разумна гаворыць) дапамогу, якой мы самі сабе даць ня хочам, яны нам дадуць? Няўжо яны пра нас з выдаткамі для сябе клапаціцца будуць? [...] Паверце хоць раз, што ўсе найбольшага дабра ня нам, а сабе жадаюць, свайго інтарэсу й пашырэньня, а ня нашага захаваньня пільнуюць, i ня могуць інакш, бо гэта ёсьць тое? што завецца ratio status...» (24; 111)

Але мала хто зважаў на словы розуму. Краіна імкліва набліжалася да свайго канца...

На элекцыйны сойм былі прыведзеныя шматлікія аддзелы прыхільнікаў «Фаміліі». Расейскія ж войскі перакрылі ўсе дарогі ў Варшаву i фактычна ўзялі горад у аблогу. У сталіцу Рэчы Паспалітае прыбылі i невялікія недысцыплінаваныя аддзелы «рэспубліканцаў», якія скупіліся ў палацы Браніцкага. 7 траўня 1764 г. распачаўся элекцыйны сойм, на які «гетманская» партыя выслала толькі аднаго дэлегата, Макраноўскага, які меў сарваць сойм, што яму не ўдалося. Аддзелы «рэспубліканцаў», перасьледаваныя расейскімі войскамі ды харугвамі Чартарыйскіх, мусілі выйсьці з Варшавы, a неўзабаве - i ўвогуле з краю. Браніцкі вымушаны быў зьбегчы ў Вугоршчыну. Неўзабаве i ён, i кіеўскі ваявода Францішак Патоцкі прысягнулі «Фаміліі». Адзіным неўтаймаваным кіраўніком «гетманскае» партыі застаўся Кароль Радзівіл. Ен накіраваўся з Варшавы, да сканфэдэраванага супраць яго Вялікага Княства Літоўскага, на дапамогу абложнаму расейскімі войскамі Нясьвіжу. Але дапамога Пане Каханку спазьнілася. Хутка паў Нясьвіж, за ім - Слуцак... Пад Слонімам да рогу Радзівілу заступілі расейскія войскі. Бітва доўжылася 8 гадзінаў зь пераменным посьпехам. Харугвы Пане Каханку былі разьбітыя. (28;IV;237-238) Кароль Радзівіл быў вымушаны пакінуць радзіму i зьехаць у Вугоршчыну.

Між тым элекцыйны сойм, на якім апазыцыя адсутнічала, працягваўся. На ім Чартарыйскімі былі праведзеныя пэўныя рэформы, сярод якіх:

-на элекцыйным сойме ўхвалы павінны былі прымацца бальшынёю галасоў;

- ужываньне liberum veto ў пэўнай ступені абмяжоўвалася;

- рашэньні, якія датычалі эканамічных пытаньняў, павінны былі прымацца бальшынёю галасоў;

- ствараліся скарбовая i вайсковая камісіі, якія ў пэўнай ступені абмяжоўвалі сваволю падскарбіх i гетманаў;

быў уведзены адзіны мытны падатак для ўсёй Рэчы Паспалітай.

Былі i яшчэ сякія-такія зьмены. Але выдаткі ад гэтага сойму былі велізарныя. Праведзены з дапамогаю штыхоў чужаземных войскаў, ён яшчэ больш уцягнуў суседнія краіны ў нутраныя справы дзяржавы i фактычна ўзаконіў суцэльнае панаваньне ix у краі. Бездань перад будучыняй Рэчы Паспалітае раскрывалася ўсё шырэй...

Расея добра разумела тую нязьмерную ролю, якую адыграла «Фамілія» для правядзеньня ў краі ейнае палітыкі. Таму з падачы расейскага пасла сойм прыняў пастанову аб прыжыцьцёвым усталяваньні ў Вільні помніка князю Міхалу Чартарыйскаму, вялікаму канцлеру літоўскаму, ды аб пабудове пасьля ягонае сьмерці ў віленскай катэдры маўзалею. (30;25)

Каралём, пад аховаю 7000 расейскіх штыхоў, быў абраны Станіслаў Панятоўскі, які пры каранацыі атрымаў імя Aўгуст. Расейскі пасол Рапнін так ахарактарызаваў новаабранага манарха: «Больш удзячнага й больш адданага нам чалавека мы б сёньня не знайшлі. Ен першы на соймавым сходзе выказаўся за тое, каб урачыста скласьці Вашай Імпэратарскай Вялікасьці падзяку за аказаную ўвядзеньнем нашых войскаў у Рэч Паспалітую дапамогу. Ен таксама ўнемажлівіў намер, каб соймікі адпраўляць бальшынёю, а не аднадушшам галасоў. А сталася тэта паводле нашага жаданьня». (24; 121)

«Віншую вас з каралём, якога мы зрабілі»,- пісала Кацярына II М. Паніну, кіраўніку замежных справаў. (29;419)

Праўда, i для Pacei рашэньні сойму не былі цалкам задавольнымі: абмежаваньне ролі гетманаў у сувязі з утварэньнем вайсковае камісіі сталася прычынаю таго, што буйны клян Масальскіх на Чале зь Міхалам Масальскім, вялікім гетманам літоўскім, перайшоў у апазыцыю да караля i Чартарыйскіх. Сойм не пагадзіўся заключыць з Расеяй наступальна-абарончы саюз, а зацьвердзіў толькі абарончы. (30;23-24) Але самым істотным для Пецярбургу было тое, што сойм рашуча адмовіўся ўраўнаваць у правох «дысыдэнтаў», бо пытаньне «дысыдэнтаў», г. зн. абароны праваслаўнага насельніцтва Рэчы Паспалітае, на працягу стагодзьдзяў было найбольш зручнаю падставаю для ўмяшаньня ў нутраныя справы фэдэратыўнае дзяржавы.

Стагодзьдзямі маскоўскія цары, прыкрываючы свае экспансіянісцкія намеры, ішлі са зброяю ў руках «вызваляць» праваслаўных беларусаў. Вынікі гэтага «вызваленьня» зазвычай былі надта сумныя. Незьлічоныя ахвяры ад рук «адзінаверцаў», прыведзейых на нашыя землі Іванам Жахлівым... Больш за палову забітага, спаленага, вывезенага ў Расею, прададзенага на ўсход беларускага насельнідтва падчас «вызваленьня», якое ўчыніў на нашай зямлі ў сярэдзіне XVII ст. Аляксей Міхайлавіч «Тишайший»... Вынішчэньне траціны беларусаў, узарваная старажытная Полацкая Сафія ў Паўночнай вайне...

Між тым у межах Беларусі пад канец XVIII ст. заставалася толькі 6,5% праваслаўных, тады як абсалютная бальшыня насельніцтва вызнавала вуніяцтва, а шляхта амаль пагалоўна была каталікамі...

Веравызнаўчая карта i была разыграная, калі новаабраны кароль, абавязаны каронаю магутнай суседцы, амаль адразу па абраньні пачаў рабіць таемныя захады да саюзу з Аўстрыяй з мэтаю ўзмацніць каралеўскую ўладу ў Рэчы Паспалітай. Станіслаў Аўгуст, жадаючы аднаасобна кіраваць «Фаміліяй», пайшоў на разрыў са сваімі дзядзькамі - Чартарыйскімі, якім так-сама не ў мало» ступені быў абавязаны. Кароль, які так i не знайшоў падтрымкі ў Габсбургаў ды зьявіўся прычынаю расколу ў шэрагах «Фаміліі», усё ж здолеў, дзякуючы канфэдэрацыі, завязанай на канвакацыйным сойме, правесьці сякія-такія рэформы дзеля ўзмацненьня войска. Быў павялічаны вайсковы бюджэт, прынятыя новыя статуты для пяхоты i драгунаў; адбылася пэўная рэарганізацыя артылерыі; павялічваліся іншаземныя аддзелы, пабудаваныя на новых прынцыпах; быў заснаваны Кадэцкі корпус... Усё большую ролю ў кіраваньні дзяржаваю стала адыгрываць рада міністраў пры каралю. Марудна, зь цяжкасьцямі, але краіна рухалася ў кірунку да парлямэнцкае манархіі. (21;294-295)

Тады i спатрэбілася ўзьняць дысыдэнцкае пытаньне як падставу ўтаймаваць непаслухмяную краіну. Зь ініцыятывы Расеі праваслаўны арцыбіскуп Г. Каніскі зьвярнуўся да Кацярыны II з просьбаю абараніць праваслаўных ад перасьледаў. Царыца тут жа паслала да Станіслава Аўгуста патрабаваньне ўраўнаваць праваслаўных у правох з каталікамі. Расейскі пасол у Рэчы Паспалітай аб'явіў каралю, што, калі на наступным сойме справа дысыдэнтаў ня будзе вырашаная, у межы Рэчы Паспалітае ўвойдзе яшчэ 40 000 царскіх войскаў. (29;431)

Гэтае патрабаваньне сустрэла аднадушны пратэст усіх колаў Рэчы Паспалітае. Кароль пісаў у зьвязку з гэтым: «Мне трэба будзе або адмовіцца ад сяброўства імцэратрыцы, або стаць здраднікам Айчыны». (29;432) Найбольш упарты супраціў у справе ўраўнаваньня ў правох дысыдэнтаў аказалі, як тэта ні дзіўна, Чартарыйскія. Канцлер вялікі літоўскі ў размове з Рапніным заявіў, што грамадзяне незалежнае дзяржавы «маюць права прымаць у хвалы, якія ім падабаюцца». (30; 25-26) У выніку Пецярбург вырашыў пазбавіць падтрымкі Чартарыйскіх, якія ня надта спраўна выконвалі распараджэньні царыцы ды яшчэ й выступалі за рэформы ды за скасаваньне liberum veto. Поўны разрыў Пецярбургу з «Фаміліяй» адбыўся пасьля сойму 1766 г., вядомага пад назваю «сойм Чапліца», ад імя маршалка - кіеўскага пасла Цэлестына Чапліцы. На сойме Чартарыйскія ня толькі выступілі супраць ураўнаваньня ў правох праваслаўных, але й падалі праекты рэформаў. Нягледзячы на тое, што рэформы не прайшлі, «Фамілія» канчатковы дыскрэдытавала сябе ў вачох Пецярбургу, які адгэтуль вырашыў паставіць на «рэспубліканцаў». Канфэдэрацыя «Фаміліі» была разьвязаная.

Аднак сойм «Чапліца» не пагадзіўся i на ўраўнаваньне ў правох дысыдэнтаў. I толькі pyx царскіх войскаў да Варшавы вымусіў дэпутатаў абвесьціць свабоду веравызнаньняў i правядзеньня набажэнстваў, але згоды на наданьне праваслаўным палітычных правоў так i не было.

У такіх умовах Расея, пры падтрымцы пратэстанцкае Прусіі, вырашыла разьвязаць пытаньне сілаю. Безумоўна, перш за ўсё рукамі самое шляхты. 10 сакавіка 1767 г. у радзівілаўскім Слуцку пад аховаю штыхоў расейскіх палкоў генэрала Нумэрса была створаная канфэдэрацыя праваслаўных i кальвіністаў пад маршалкоўствам генэрала Яна Грабоўскага. У Кароне ж паўстала канфэдэрацыя пратэстантаў на чале з генэралам Юрыем Гольцам. (24; 152)

Аднак Пецярбургу было ясна, што апора на нешматлікіх дысыдэнтаў ня можа быць моцнаю. 3 мэтаю забясьпечыць правядзеньне сваіх рашэньняў ды пашырыць уплыў у Рэчы Паспалітай было вырашана стварыць i каталіцкую канфэдэрацыю, накіраваную супраць караля i «Фаміліі», пад лёзунгам абароны вольнасьцяў. Лепшага правадыра для гэтай канфэдэрацыі за Кароля Радзівіла знайсьці было цяжка. Пане Каханку зьяўляўся ў вачох шляхты адзіным абаронцам незалежнасьці краіны й шляхоцкае вольнасьці, які адзіны ў краіне збройна выступіў супраць Расеі. Шляхта ня ведала, што апальны князь даўно ўжо накіроўвае пакорлівыя лісты да Кацярыны II з просьбамі дараваць яму «непаслухмянасьць». Паміж расейскімі прадстаўнікамі й Kąpoлем Радзівілам была падпісаная дамова, паводле якой Пане Каханку павінен быў адгэтуль заўсёды належаць да расейскага староньніцтва ды пастаянна мець пры сабе расейскага афіцэра, які мусіў даводзіць яму волю імпэратрыцы. Узамен баніту гарантавалася вяртаньне на радзіму i аднаўленьне правоў на сканфіскаваныя маёнткі. Каб згода была больш трывалаю, князь атрымаў ад расейцаў 10 000 дукатаў. (30;29) Паказальныя тлумачэньні Рапніна пра выбар кіраўніком будучай канфэдэрацыі менавіта Кароля Радзівіла: «Я больш пэўны ў ягонай залежнасьці ад нас, чым каго-кольвечы іншага. Я павінен мець каля сябе паслухмяных людзей, а не чакаць, каб справы, якія я вяду, залежалі ад людзей на якіх ня маю надзеі». (24; 156)

Маючы такога кандыдата на маршалка Генэральнае канфэдэрацыі, расейская амбасада парупілася перадусім аб завязаньні Генэральнае канфэдэрацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Паўставалі павятовыя i ваяводзкія саюзы, якія аб'ядналіся затым у Літоўскую канфэдэрацыю пад кіраўніцтвам Станіслава Брастоўскага, старасты быстрыцкага... У пачатку чэрвеня 1767 г. у Вялікім Княстве Літоўскім утварыліся ўжо 24 канфэдэрацыі, маршалкамі якіх паўсюдна былі абраныя сябры Кароля Радзівіла. Сам жа Пане Каханку стаў маршалкам падляскае канфэдэрацыі. (29;440)

Становішча Чартарыйскіх імкліва пагаршалася. Былыя ўсемагутныя магнаты жаданьнем Пецярбургу ўмомант апынуліся пад пагрозаю трапіць у становішча, у якім толькі нядаўна знаходзіўся іхны вораг Кароль Радзівіл. Каб неяк адхіліць навіслую пагрозу, яны падапхнулі да ложка старога Рапніна жонку Адама Казімера Чартарыйскага Ізабэлю... Гэта ix у будучыні i выратавала. (24;156) Сярод распачатага неўзабаве тэрору супраць непаслухмянае Расеі шляхты Чартарыйскія, нягледзячы на грозныя патрабаваньні Пецярбургу, засталіся некранутымі. I ўсё гэта выключна дзякуючы заступніцтву расейскага пасла. Але адгэтуль Чартарыйскія ўжо ніколі не займалі высокіх пасадаў i ніколі не дасягнулі ранейшага высокага становішча.

Канфэдэраты рушылі ў Польшчу на злучэньне з кароннымі аднадумцамі. Рапнін вызначыў месцам збору горад Радам i, каб гарантаваць паслухмянасць шляхты, упэўненай у тым, што яна йдзе сюды дэтранізаваць Станіслава Аўгуста, прадбачліва загадаў палкоўніку Інгельстрому абкружыць горад расейскімі войскамі. Палкоўнік Кар, прыстаўлены, паводле дамовы, да Кароля Радзівіла як прадстаўнік імпэратрыцы, запатрабаваў ад Пане Каханку на надзвычайным сойме надаць поўныя палітычныя правы дысыдэнтам ды прыняць ад Расеі гарантыі захаваньня нутранога ладу Рэчы Паспалітае. Іншымі словамі, дэлегаты мусілі афіцыйна зацьвердзіць залежнасьць ад Расеі. Пра дэтранізацыю караля не было i мовы. Канфэдэраты нарэшце зразумелі, што ix ашукалі. З 88 дэлегатаў, прысланых прадстаўнікамі розных канфэдэрацыяў, толькі 6 безь пярэчаньня прынялі патрабаваньні Кара. Расейскі палкоўнік абвесьціў, што кожны вольны супраціўляцца, як яму заўгодна але мусіць ведаць, што імпэратрыца абыдзецца зь ім як з асабістым ворагам i бунтаўніком ва ўласнай айчыне. Пад пагрозаю расейскіх гарматаў шляхта каторы раз забылася на ўласную годнасьць ды падпарадкавалася загадам чужаземнага службоўца, падпісаўшы акт канфэдэрацыі з прапанаванымі Карам пунктамі. (23;72)

Панятоўскі, напалоханы нянавісьцю шляхты ды ахалоджаньнем расейскага двара, кінуўся запабягаць перад усясільным расейскім паслом. Паводле словаў Рапніна, «кароль... неаднаразова з клятвамі абяцаў... менавіта такімі тэрмінамі, што хаця б усе струны лопнулі, хаця б усе нашыя прыхільнікі ад нас адышлі, хаця б, нарэшце, адзін ён застаўся, неадменна й непахісна нас трымацца стане i без выняткаў усё тое рабіць будзе, што я запатрабую для посьпеху дысыдэнтаў i пажаданых для нас справаў». (29;443)

Першае, чаго запатрабаваў расейскі амбасадар ад караля,- далучыцца да акту канфэдэрацыі. Панятоўскі пагадзіўся, не пярэчачы.

Выбары на сойм, прызначаны на кастрычнік 1768 г., адбываліся паводле жаданьня расейскіх уладароў. Апроч грошай, у ход ішоў подкуп дэпутатаў ордэнамі Расейскае імпэрыі. Так, Кароль Радзівіл i маршалак літоўскае канфэдэрацыі С. Брастоўекі атрымалі зь Пецярбургу ордэны сьв. Андрэя. Але асноўным аргумэнтам расейцаў былі войскі, якія рабавалі маёнткі непаслухмяных ды не спыняліся перад наўпроставымі рэпрэсіямі супраць ix. Рапнін дамогся ад канфэдэратаў выданьня маніфэсту, які абвяшчаў царскія войскі «пасільнаю й сапраўднаю дапамогаю народу... Усе ж тыя, якія супраціўляцца яму наважацца або няпрыяцельскім чынам нахабна паступаць зь імі пасьмеюць, ворагамі Айчыны прызнавацца будуць i паводле права ц дадзенае нам улады судзіць i караць ix будзем...» (24; 172)

Пры адсутнасьці збройнага адпору з боку шляхты расейскі пасол пачуваўся на землях чужое дзяржавы ўсё больш упэўнена. Ен запатрабаваў, каб на сойме была абраная дэлегацыя да яго, якая мела б усе паўнамоцтвы сойму i вырашала ўсе пажаданыя Пецярбургу пытаньні непасрэдна з удзелам Рапніна. Гэтая прапанова выклікала буру пратэстаў у сойме. I сапраўды, ніколі яшчэ так яуна не тапталіся правы краіны. Ніколі яшчэ не патрабавалі афіцыйна прызнаць таго факту, што лёсы дзяржавы мусіць вырашаць чужаземец... Але ўтаймаваць незадаволеных удалося даволі легка. Уначы з 13 на 14 кастрычніка галоўныя падбухторнікі былі арыштаваныя ды вывезеныя ўглыб Расеі, у Калугу. Паказальна, што, хаця арыштантаў везьлі ў Вільню пад зусім нёвялікаю вартаю, ніхто нават не зрабіў спробі адбіць ix. I гэта, няглезячы на шматлікіх узброеных канфэдэратаў, што стаялі вакол Варшавы!

Гэтым учынкам шляхта была вельмі напалоханая. Выбары дэлегацыі адбыліся. У выніку перамоваў з Рапніным было прынятае рашэньне пашырыць правы дысыдэнтаў. Але ня гэта было страшным. Расейскі пасол прымусіў ухваліць пункт, паводле якога ніводны наступны сойм ня меў права зьмяняць што-кольвечы ў нутраным ладзе Рэчы Паспалітае, a калі б усё ж наважыўся, у справу мусіла ўмяшацца Расея са сваім велізарным войскам... (24;172-186)

Абураная прыніжэньнем сваёй дзяржавы шляхта начала сьцякацца ў мястэчка Бар, што на Падольлі, дзе была завязаная канфэдэрацыя, якая выступіла за захаваньне прывілеяў каталіцкага касьцёлу, супраць засільля расейскае палітыкі ў справах Рэчы Паспалітае, Канфэдэрацыя насіла ярка выражаны антыстаніславаўскі характар. Кароль ня тое што не карыстаўся аўтарытэтам у шляхты - тая бачыла ў асобе манарха асноўную прычыну заняпаду краіны, ейнага поўнага падпарадкаваньня суседняй дзяржаве. Нянавісьць да Панятоўскага была ўсеагульнаю.

Але задачы, якія ставілі перад сабою канфэдэраты, разьбіліся аб уласныя амбіцыі іхных кіраўнікоў. Барацьба паміж падчашым літоўскім Яўхімам Патоцкім, які быў абраны рэгімэнтарам, i маршалкам каронным Язэпам Пуласкім прывяла да расколу ў лягеры барцаў, што самым сумным чынам паўплывала на баяздольнасьць войска.

Між тым Рапнін дамогся ад Станіслава Панятоўскага i ад сенату, каб тыя афіцыйна зьвярнуліся да Кацярыны II з просьбаю пра вайсковую дапамогу ў падаўленьні канфэдэрацыі. Тыя паслухмяна выканалі патрабаваньне расейскага пасла. Расейскія войскі пачалі наступ на барцаў. Нязгода ў шэрагах канфэдэратаў, іхная недысцыплінаванасьць спрычыніліся да вельмі слабой баяздольнасьці апошніх. Дастаткова сказаць, што ў бітвах з рэгулярнымі царскімі войскамі на аднаго забітага расейскага жаўнера прыходзілася 20 забітых шляхцічаў. (24;199-201)

Канфэдэраты хутка былі разьбітыя. Але незадаволенасьць парадкам рэчаў пакідала глебу для новых выступа апазыцыйнае шляхты. Завязваліся новыя канфэдэрацыі па ўсёй краіне. У верасьні 1768 г. адбыўся выбух у раней спакойным Вялікім Княстве Літоўскім. Завязваліся шматлікія павятовыя й ваяводзкія канфэдэрацыі, якія нападалі на расейскія войскі. I не бяз посьпеху. Так, напрыклад, пад вёскаю Лань ашмянскія канфэдэраты пад кіраўніцтвам Козела разьбілі царскія аддзелы князя Мяшчэрскага. Пасьпяхова дзейнічалі ўланскія аддзелы Язэпа Беляка, укамплектаваныя літоўскімі татарамі... Па ўсім краі зь пераменным посьпехам ішло змаганьне з чужаземнымі войскамі.

Канфэдэраты пачалі зьбірацца каля Нясьвіжа. Кароль Радзівіл, якому належаў горад, з энтузіязмам далучыўся да паўстанцаў, забыўшыся пра ганебную ролю, якую ён толькі нядаўна адыграў у якасьці маршалка Радамскае канфэдэрацыі. Але энтузіязму гэтага хапіла ненадоўга. Нягледзячы на добрыя ўмацаваньні замку, на 32 гарматы, якія яго абаранялі, на шматлікія шэрагі абаронцаў, калі аддзелы генэрала Крачэтнікава аблажылі Нясьвіж, Пане Каханку пасьпяшаўся напісаць пакаянны ліст Рапніну ды здаць горад. A між тым расейскія войскі значна саступалі канфэдэрацкім у колькасьці...

Але барацьба працягвалася. Паводле сьведчаньня віленскага біскупа Масальскага, у Вялікім Княстве Літоўскім было 52 000 тайна сканфэдэраванае шляхты. 5 жніўня 1769 г. быў падпісаны акт Генэральнае канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага. Генэральным маршалкам быў абраны Міхал Пац, a рэгімэнтарам - Язэп Сапега. 31 кастрычніка 1769 г. была пад пісаная Генэральная канфэдэрацыя Абодвух Народаў. Кіраўніком яе стаў Міхал Срасінскі, генэральны маршалак кароннае канфэдэрацыі, які знаходзіўся ў той час у выгнаньні ў Турцыі. Замяшчаць яго мусіў Miхал Пац i ягоны намесьнік Ігнат Богуш. Гэты факт выклікаў незадавальненьне вялікае часткі «караняжаў», якія не хацелі падпарадкоўвацца ліцьвінам. (31;731)

Генэральная канфэдэрацыя Абодвух Народаў ращуча абмежавала ўплыў магнатаў. Зьвязам кіравала «кола», у якое дапускаліся толькі маршалкі i рэгімэнтары асобцых земляў, паветаў i ваяводзтваў. Магнаты маглі браць удзел у паседжаньнях «кола» толькі па асабістым запрашэньні, прычым мелі тут толькі дарадчы голас. Роля алігархаў імкліва зьменшылася менавіта падчас Барскае канфэдэрацыі i не паднялася ўжо да ранейшага ўзроўню да канца Рэчы Паспалітае. Пазьней гэта ўмела выкарыстаў Станіслаў Аўгуст, ствараючы сваю партыю зь ліку сярэдняе шляхты. (24; 209)

Між тым кароль лявіраваў паміж Расеяй i канфэдэратамі. Ен нібы i пагаджаўся ваяваць супраць барцаў, браў на гэтую мэту грошы ад Пецярбургу, але распачынаць барацьбу не сьпяшаўся. Больш таго, ва ўмовах расейска-турэцкае вайны ён спадзяваўся пазбавіцца залежнасьці Рэчы Паспалітае ад Расеі. 30 верасьня 1770 г. на паседжаньні сэнату ён заявіў аб разрыве апошняга трактату, навязанага яму Рапніным. Разам з Чартарыйскімі, зь якімі зноў пачаў збліжацца, ён нават пачаў рабіць захады дзеля далучэньня да канфэдэрацыі, што магло б надаць апошняй агульнанацыянальны характар. Але супрацоўніцтва з каралём аслабіла б уплывы магнатаў, што не ўваходзіла ў іхныя пляны. Кароль Радзівіл піша да Ігната Богуша: «...Кароль i Фамілія Чартарыйскіх высылае Дэмбінскага, кашталяна войніцкага, каб іхным імем далучыўся да Генэральнае канфэдэрацыі. Барані Божа, каб гэтае сталася... бо тады згуба Айчыны i нас усіх настане». (24;211) Канфэдэраты не прынялі да сябе караля...

Працягваліся звадкі між «караняжамі» i ліцьвінамі, між Радзівіламі й Пацамі, між Пацамі й Масальскімі... Ва ўмовах усеагульнага бязладу краіна ўяўляла сабою вельмі прывабны кавалак для драпежных суседзяў. Яшчэ ў сярэдзіне 1770 г. аўстрыйскія войскі занялі два польскія староствы, аб'яўленыя «вернутымі» на той падставе, што ў 1412 г. яны адышлі да Польшчы ад Вугоршчыны. Прускі кароль, нібы дзеля абароны сваіх валоданьняў ад мору, што ахапіў паўднёвую Польшчу, заняў памежныя польскія землі...

Але для ўзаконеньня захопаў была неабходная зачэпка. I гэтаю зачэпкаю стала аб'яўленьне 13 кастрычніка 1770 г. Генэральнай канфэдэрацыяй бескаралеўя. У маніфэсьце Станіслаў Панятоўскі абвяшчаўся дэтранізаваным як «узурпатар i тыран»; авяшчаўся ворагам Айчыны i выклікаўся ў суд як стольнік літоўскі. Паводле думкі барцаў, гэты акт мусіў зьвярнуць увагу эўрапейскіх дзяржаваў на падзеі ў Рэчы Паспалітай i выклікаць зь іхнага боку дапамогу. Але вынікі аказаліся цалкам працілеглыя. Эўрапейскія манархі былі абураныя такім абыходжаньнем з каралеўскаю асобаю, а сам Станіслаў Аўгуст канчаткова адвярнуўся ад канфэдэратаў ды кінуўся ў абдымкі Пецярбургу.

Канчаткова ж Барская канфэдэрацыя згубіла падтрымку Эўропы пасьля няўдалае спробы выкрасьці караля з мэтаю ягонага забойства 3 лістапада 1771 г. Аўстрыя, якая спачатку была падтрымлівала барцаў, адмовіла ім у дапамозе ды пачала, побач з Прусіяй, выступаць за падзел Рэчы Паспалітае між трыма дзяржавамі. Прускія войскі, якія ўжо зь лета акупавалі Памор'е, сталі, у паразуменьні зь Пецярбургам, займаць Вялікапольшчу. Расейскія ж палкі даўно пачуваліся на абсягах дзяржавы гаспадарамі. Краіна была ня ў стане абараняцца, ня выратаваў становішча i пераход вялікага гетмана літоўскага Міхала Агінскага на бок канфэдэратаў увосень 1771 г. Кіраўнік войска Вялікага Княства Літоўскага даўно ўжо рыхтаваўся выступіць супраць захопнікаў. Калі расейскія войскі, што даведаліся пра гэтыя пляны, з розных бакоў пачалі падыходзіць да літоўскага войска, якое стаяла пад Целяханамі, гетман раптоўным нападам разьбіў палкі генэрала Альбічава пад Безьдзежам (6 верасьня). На маніфэст пераможцы аб далучэньні да Генэральнае канфэдэрацыі адгукнуліся шырокія шляхоцкія колы, у тым ліку многа прыхільнікаў Фаміліі. Яшчэ пару такіх перамогаў, i расейскія войскі ў Вялікім Княстве Літоўскім былі б зьнішчаныя. Але ўдача адвярнулася ад М. Агінскага. Расейскі пасол Салдэрн, нягледзячы на асабістую непрыхільнасьць да Фрыдрыха II, сам заклікаў прусакоў заняць Познань, каб усе свае сілы кінуць на непакорлівага гетмана. Уначы на 22 верасьня Сувораў раптоўна напаў на сонны лягер М. Агінскага пад Сталовічамі i выразаў усё ягонае войска. Сам жа гетман апынуўся на эміграцыі... (32;200)

Канфэдэраты з самага пачатку паўстаньня мала спадзяваліся на ўласныя сілы i ўскладалі надзеі перш за ўсё на замежныя двары - Бэрлінскі, Венскі, Дрэздэнскі ды Вэрсальскі. Але гэтыя спадзяванні аказаліся марнымі. Напачатку суседнія дзяржавы, баючыся ўзмацненьня Расеі, актыўна дапамагалі барцам. Аўстрыя дазволіла канфэдэратам фармаваць на сваёй тэрыторыі ўзброеныя атрады, Францыя дасылала ім грошы й ваенных інструктараў... Аднак нямецкія двары не хацелі дый не маглі адкрыта паўставаць супраць Расеі, а, наадварот, жадалі ўзмацніцца за кошт Рэчы Паспалітае. У сваю чаргу, збліжэньне Бэрліна зь Венаю, арганізаванае Прусіяй, пераканала Кацярыну II у неабходнасьці саступак на карысьць прускага саюзьніка. 15 жніўня 1772 г. у Пецярбургу быў падпісаны трактат між Расеяю, Прусіяй i Аўстрыяй, які зацьвярджаў тэрытарыяльныя набыткі гэтых дзяржаваў коштам фэдэратыўнае краіны. Найбольшыя тэрыторыі (92000 кв. км) атрымала Расея, да якой адышлі землі Вялікага Княства Літоўскага з гарадамі Дзьвінскам, Віцебскам i Магілёвам. (20; 18) 18 жніўня капітулявала апошняе апірышча канфэдэратаў - Ясна Гура. Кіраўнікі барцаў мусілі ратавацца на эміграцыі. Тысячы i дзясяткі тысячаў канфэдэратаў, 70 % зь якіх складалі мяшчане й сяляне, былі сасланыя ў Сібір на катаргу...

Пастаўленую на калені Рэч Паспалітую чакаў яшчэ сойм, які мусіў зацьвердзіць падзел. Шляхта мела сама падпісацца пад актам інкарпарацыі земляў сваёй дзяржавы...

Паводле плянаў суседніх краінаў, сойм павінен быў прызначыць ca свайго складу дэлегацыю, якая ўступіла б у перамовы з прадстаўнікамі трох агрэсараў ды зацьвердзіла б падзел. У гэтай далікатнай справе вялікае значэньне набывала асоба маршалка, які мусіў палагодзіць усё так, як было неабходна пераможцам. Выбар паў на князя Адама Паніскага, які быў абраны ад Вялікага Княства Літоўскага пад аховаю расейскіх штыхоў, але стаўся кіраўніком кароннае дэлегацыі. За брудную місію, якую ён згадзіўся ўзяць на сябе, будучы маршалак атрымліваў 3000 чырвонцаў на месяц ад расейскага пасла Штакельбэрга. Дый большая частка паслоў была падкупленая. Плату яны атрымлівалі розную - у залежнасьці ад палітычнае вагі яна складала ад 200 да 300 чырвонцаў на месяц. Тыя, хто павінен быў намовіць сваіх калегаў без супраціру зацьвердзіць ганебны падзел, атрымлівалі болей. (23;93)

Зважаючы на тое, што звычайны сойм павінен быў прымаць рашэнні аднагалосна, i баючыся ягонага зрыву пры дапамозе права liberum veto, расейскія гаспадары вырашылі ўтварыць канфэдэрацыю.

Супраць гэтага выступіў цэлы шэраг паслоў, сярод якіх найбольш вядомыя паслы наваградзкія Тадэвуш Рэйтан i Самуіл Корсак, якім соймік даручыў «на падзел краю трыма суседнімі гаспадарствамі... не пагаджацца». (30; 31) Сярод 15 паслоў, што падтрымалі Рэйтана й Корсака, былі пінскі пасол Куранецкі, Булгарын - пасол ваўкавыскі, Валадковіч i Багушэвіч - паслы менскія... Прычым Станіславу Багушэвічу ўдалося праз расейскія вайсковыя кардоны выслаць да сваіх выбаршчыкаў інфармацыйны ліст пра гвалт расейскіх войскаў i Паніскага, якія парушалі легітымнасьць сойму. Гэты ліст быў упісаны ў Менскія гарадзкія кнігі, што аўтаматычна рабіла несапраўднымі ўхвалы сойму. Але высілкі нешматлікае апазыцыі ўдарэмніў А. Паніскі. Дый пра якія правы i законы магла йсьці мова там, дзе кіравала бяспраўе... Т. Рэйтан i С. Корсак былі выключаныя зь ліку паслоў i аддадзеныя пад суд...

Кароль мусіў «дабрахвотна» прызнаць канфэдэрацыю пасьля таго, як Штакельбэрг абвесьціў яму, што ў адваротным выпадку 50 000 расёйскіх жаўнераў дадаткова будуць уведзеныя ў межы дзяржавы.

Сойм, безумоўна, зацьвердзіў падзел Рэчы Паспалітае. Апроч таго, ён выпрацаваў новы лад кіраваньня дзяржаваю. Сярод іншага, была прынятая пастанова, паводле якой толькі «прыродны Пяст» можа быць абраны каралём (умова, прадыктаваная Расёяй як супрацьвага імкненьню барцаў пасадзіць на трон Рэчы Паспалітай саксонскага курфюрста); забаранялася спадчыннасьць кароны; дысыдэнты ўраўноўваліся ў правох з каталікамі; была ўведзеная адказнасьць за забойства халопаў... Пры каралю ўтваралася сталае кола дарадцаў з 36 чалавек, якое атрымала найменьне «Нястомная Рада» i зьяўлялася правобразам кабінэту міністраў. «Нястомнай Радзе» даручалася весьці пяць дэпартамэнтаў - замежных справаў, паліцыі, правасудзьдзя, скарбаў, вайсковасьці. Утварэньне гэтага органа значна абмяжоўвала ўладу магнатэрыі, якая адгэтуль ужо ніколі ня мела выключнага, як гэта было раней, уплыву на кіраваньне дзяржаваю.

Значным дасягненьнем гэтага, па сутнасьці, ганебнага сойму было ўтварэньне «Адукацыйнае камісіі», якая мусіла кіраваць асьветаю i ўсімі навучальнымі ўстановамі Рэчы Паспалітае i адыграла выключную ролю ў гісторыі культурнага разьвіцьця краіны. На чале «Адукацыйнае камісіі» стаў віленскі біскуп Масальскі.

Апроч таго, сойм яшчэ раз пацьвердзіў гарантыі Расеі ў справе непарушнасьці нутранога ладу Рэчы Паспалітай. (23;96-97)

Кароль, разумеючы, што ў складаных умовах анархіі ў дзяржаве яму не абысьціся без уласнага староньніцтва, усе сілы скіраваў на перавабліваньне шляхты. Кіраўніком «станіславаўскае» партыі ў Кароне стаў прымас Міхал Панятоўскі, a ў Княстве - Антоні Тызэнгаўз, падскарбі надворны літоўскі. Да «станіславаўцаў» далучыліся пераважна прадстаўнікі сярэдняе шляхты, так ці йнакш залежныя ад караля або Тызэнгаўза: дзяржаўцы каралеўскіх маёнткаў, чынавенства ды інш. Акрэсьленае праграмы дзеяньняў «станіславаўцы» ня мелі. Галоўнаю іхнаю задачаю была падтрымка караля ва ўсіх ягоных пачынаньнях. (30;27-т-28)

Безумоўна, старая, радавітая магнатэрыя не магла пагадзіцца з абмежаваньнем сваіх правоў на карысьць «выскачак» зь менш заможнае шляхты. Супраць караля й ягонае партыі ў 1776 г. утварылася староньніцтва на чале зь вялікім гетманам каронным Ксавэрым Браніцкім. Да абаронцаў старасьвецкіх правоў далучыліся Адам Чартарыйскі, пляменьнік Браніцкага генэрал літоўскай артылерыі Казімер Сапега, вялікі маршалак Літоўскі Ігнат Патоцкі й ягоны брат Станіслаў. Кіраваў гэтым староньніцтвам у Вялікім Княстве Літоўскім Міхал Агінскі, вялікі гетман літоўскі.

Характэрнаю асаблівасьцяй новага згрупаваньня стала тое, што ў ягоныя шэрагі ўліліся ня толькі «рэспубліканцы», але й рэшткі былой «Фаміліі», аб'яднаныя агульным клопатам пра будучыню Айчыны. Караля яны бачылі правадніком прарасейскае палітыкі. (32;213)

Гэтая партыя пачала рыхтаваць канфэдэрацыю. Прычым Браніцкія спадзяваліся на падтрымку ўплывовага князя Пацёмкіна, зь якім яны былі ў сваяцтве. Але дапамогі не дачакаліся: расейскі пасол Штакельбэрг даслаў царскія войскі, якія разагналі канфэдэрацыю на самым пачатку. Больш за тое, апазыцыя, прыбылая на сойм, была выключаная зь ліку паслоў пры дапамозе расейскіх штыхоў. (23; 100) Сканфэдэраваны ж сойм правёў рашэньні, якія яшчэ больш узмацнялі ўладу караля над войскам, яшчэ больш абмяжоўвалі правы гетманаў.

Між тым надворны падскарбі літоўскі, адданы прыхільнік рэформаў, вырашыў ператварыць у цэнтры прамысловага разьвіцьця краіны давераныя Антонію Тызэнгаўзу велізарныя каралеўскія эканоміі ў Вялікім Княстве Літоўскім - Гарадзенскую i Шаўлеўскую (Шаўляйскую). Ен стварыў 23 фабрыкі й 2 вялікія фабрычныя паселішчы ў Ласосьне й Гарадніцы пад Горадняю. А. Тызэнгаўз ставіў млыны й бровары, маслабойні й мэханічныя майстэрні... Сапраўдная прамысловая рэвалюцыя, якую задумаў падскарбі, сьведчыла пра ягоныя рэфарматарскія перакананьні. Спосабы ж яе правядзеньня - пра адсутнасьць здольнасьцяў ажыцьцяўляць задуманае. Чалавек, які вырашыў вывесьці краіну з глыбіняў фэадалізму адразу ў разьвіты капіталізм, дзейнічаў мэтадамі, характэрнымі для тагачаснага грамадзтва.

Зачараваны карцінаю сваёй «расквітнелай Галяндыі», «літоўскі каралёк», як яго паўсюдна называлі, не лічыўся ні з чым i ні з кім. На чале асабістае гвардыі, якая складалася з басьнійцаў, ён урываўся ў маёнткі каралеўскіх даўжнікоў i сілаю далучаў ix да эканоміі... Парушаў правы асабістае ўласнасьці й абмяжоўваў асабістыя свабоды... Ціснуў на суды, вымушаючы судзьдзяў пад пагрозаю вайсковага ўмяшальніцтва выносіць несправядлівыя прысуды на сваю карысьць... Меў у распараджэньні велізарныя дзяржаўныя сродкі, якія выкарыстоўваў без усялякага кантролю й ліку...

Празь некалькі гадоў такое дзейнасьці Антоні Тызэнгаўз стаў самым ненавісным чалавекам у Вялікім Княстве Літоўскім. Жыхары эканоміяў, якіх ён прымушаў да рабскае працы, называлі яго «д'яблам». Кансэрватыўныя магнаты зьдзекваліся зь яго i лічылі самым небясьпечным вар'ятам. Прыхільнікаў рэформаў ён адштурхоўваў тым, што быў паслухмянаю зброяю ў руках караля й выконваў для яго самую брудную палітычную работу. (33;45)

Партыя Тызэнгаўза разбурылася ўсьлед за падзеньнем свайго кіраўніка ў 1780 г. Ворагі скарысталі недакладнасьці ў рахунках Літоўскае скарбовае камісіі, за якую падскарбі адказваў. Кіраўнік партыі быў дыскрэдытаваны ў грамадзкай думцы. Уплывы на сойміках перахапілі ягоныя шматлікія праціўнікі. Некаторыя зь ix потым сталі шчырымі црыхільнікамі караля. На чале раялістаў стаў таксама адзін зь ix - Яўхім Храптовіч, пазьнейшы падканцлер літоўскі. Але ніколі ўжо кароль ня меў такіх уплываў на сойміках Вялікага Княства Літоўскага, як у часы панаваньня Тызэнгаўза (30;28-29)

Між тым у гэты пэрыяд параўнальнага ўзмацненьня каралеўскае ўлады Вялікае Княства Літоўскае, як i Рэч Паспалітая ў цэлым, перажывала пэрыяд пэўнага адраджэньня. Дзякуючы дзейнасьці адукацыйнае камісіі ўзрос ровень асьветы. Былая Віленская акадэмія была пераўтвораная ў Галоўную Літоўскую школу, якая разгарнула шырокую дзейнасьць дзеля адукацыі краю. Паўсталі ваяводзкія школы ў Вільні, Горадні, Берасьці, Коўне, Менску, Пінску й Наваградку. На 1783 г. у Вялікім Княстве Літоўскім налічвалася 40 парафіяльных школаў.

Паўставалі новыя мануфактуры (толькі ў землях Радзівілаў ix было створана 23), на якіх вырабляліся сукно i шкло, парцаляна й вырабы з мэталю... Разьвіваліся новыя тэндэнцыі ў сельскай гаспадарцы. Распаўсюджваліся мэханізаваныя сродкі апрацоўкі прадукцыі, разводзілася элітная жывёла, спосаб вядзеньня гаспадаркі набываў усё больш рацыянальныя рысы. (34;182,186, 195)

На схіле XVIII ст. адбылося i ўзмацненьне цэнтралізаванае ўлады коштам абмежаваньня магнацкага ўсяўладзьдзя. Гэта было абумоўлена некалькімі чыньнікамі. Найгалоўнейшым зь ix стала ўтварэньне «Нястомнае Рады». Створаная на ўказку расейскай амбасады з мэтаю абмежаваць каралеўскую ўладу i не дапусьціць новаўвядзеньняў, яна штогод усё болей станавілася інструмэнтам палітыкі манарха, накіраванай на ўмацаваньне цэнтралізаванае ўлады коштам улады вышэйшых урадаўцаў - звычайна прадстаўнікоў найбольш магутных i багатых родаў. (2;307)

Немалое значэньне для ўпадку ўплыву магнатэрыі мела i ейнае амаль усеагульнае супрацьстаяньне каралеўскай уладзе. Калі манарх карыстаўся моцнаю падтрымкаю Пецярбургу, выступы супраць караля й намеры пасадзіць на каралеўскі пасад іншаземных прэтэндэнтаў, не такіх ляяльных да Расейскай імпэрыі, сустракалі супраціў Расеі. Апроч таго, пасьля паразы Барскае канфэдэрацыі многія прадстаўнікі магнатэрыі мусілі эміграваць і, такім чынам, былі выключаныя з грамадзкага жыцьця краіны. Тыя ж, хто застаўся або вярнуўся, штораз больш выцісканыя каралём i ягонай партыяй з найбуйнейшых дзяржаўных пасадаў, былі вымушаныя да часу трываць стан рэчаў. (21;304) Аднак зьмены ў краіне наклалі адбітак i на арыентацыю магнатэрыі. Ва ўмовах эканамічных посьпехаў Рэчы Паспалітае зь неабходнасьцю мелі адбыцца й зьмены ў палітычным ладзе. Бадай, не засталося нікога сярод буйный палітычных постацяў краіны, хто б адмаўляў неабходнасьць рэформаў у дзяржаўным ладзе. Але шляхі гэтых рэформаў бачыліся розным групоўкам па-рознаму. Толькі да часу ўсіх апазыцыянэраў яднала нянавісьць да караля. З варожасьцю да Станіслава Аўгуста ў пераважнай часткі тагачасных магнатаў лучылася i патрыятычнае імкненьне да адраджэньня Айчыны, яўна немагчымага пад фактычным пратэктаратам Расеі. Так, калі перад соймам 1787 г. Станіслаў Панятоўскі накіраваў да Кацярыны II ліст з просьбаю дазволіць сякія-такія рэформы, царыца адказала: «Няхай сойм зоймецца спачатку толькі справамі саюзу з Расеяйж (23; 136)

А для шчыльнейшага далучэньня Рэчы Паспалітае Пецярбург меў падставы. У 1787 г. палітычная сітуацыя для Расеі значна ўскладнілася - пачалася новая расейска-турэцкая вайна... Швэдзкі кароль Густаў III таксама абвесьціў вайну сваёй усходняй суседцы. Прусія заключыла антырасейскі саюз з Англіяй i Галяндыяй... Да таго ж, Пецярбург надта непакоіўся ростам прапрускіх настрояў у Рэчы Паспалітай. Імкнучыся пазбавіцца расейскага панаваньня, шляхта павярнулася да паўночнага суседа, спадзеючыся атрымаць дапамогу ў справе адраджэньня Айчыны. Дапамога гэтая, па сьмерці ў 1786 г. Фрыдрыха Вялікага i ўступленьні на прускі пасад ягонага сына Фрыдрыха Вільгельма II, здавалася гарантаванай. Адкрыта экспансіянісцкія намеры былога караля зьмяніліся ня менш захопніцкімі, але добра дыпляматычна прыхаванымі намерамі ягонага наступніка.

Асабліва ўзрос крэдыт Фрыдрыха Вільгельма ў Рэчы Паспалітай пасьля патрабаваньня Кацярыны II, каб фэдэратыўная дзяржава далучылася да вайны з Турцыяй. Прускі кароль выказаўся супраць такога саюзу, заявіўшы, што «калі Рэспубліка мае патрэбу ў саюзе, то я прапаную свой з абавязкам выставіць 40 000 войска на яе абарону, не патрабуючы за гэта для сябе нічога». (29;525)

Выступ Фрыдрыха Вільгельма як абаронцы Рэчы Паспалітае нечувана пашырыў тут прапрускія настроі. На чале прапрускае партыі, якая атрымала назву «патрыятычная», усталі гетман вялікі літоўскі, Міхал Агінскі, надворны маршалак літоўскі Ігнат Патоцкі й Адам Чартарыйскі. «Патрыёты» выступалі за рэформы ў дзяржаўным ладзе ды ўнезалежненьне ад Расеі пры падтрымцы Прусіі. Нёкаторыя прадстаўнікі гэтае групоўкі, такія як Ігнат Патоцкі, выступалі за супрацоўніцтва з каралеўскаю партыяй, слушна ўважаючы, што дамагчыся сваіх мэтаў можна толькі аб'яднаўшы сілы ўсяго грамадзтва, тым больш што i Станіслаў Аўгуст, падбадзёраны нечаканаю падтрымкаю Прусіі, рашуча заняў антырасейскую пазыцыю.

Малалікае прарасейскае староньніцтва ўзначаліў генэрал літоўскай артылерыі Казімер Нестар Сапега. Гэтая групоўка найбольш яскрава рэпрэзэнтавала магнацкія колы, якія выступалі за рэстаўрацыю ранейшае дзяржаўнае сыстэмы, за павелічэньне самастойнасьці Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай пры падтрымцы Расеі. Ня дзіва, што староньніцтва карысталася ўсямернаю падтрымкаю расейскага пасла Штакельбэрга. (21;323) Аднак гэтая групоўка на той момант, калі ўсю краіну ахапілі антымаскоўскія настроі, да часу не адыгрывала вялікае ролі.

Прапанова Прусіі дапамагчы Рэчы Паспалітай выклікала выбух энтузіязму ў шырокіх шляхоцкіх колах. Канфэдэрацыя Вялікага Княства Літоўскага, завязаная пры каралю, з мэтаю павялічыць войска й падаткі, гатовая была ўжо сарваць сойм i запрасіць у межы дзяржавы прусакоў, але пасьля згаданае заявы Фрыдрыха Вільгельма неабходнасьць у гэтым адпала: сойм рашуча ўстаў на прапрускія пазыцыі... (32;229)

Безумоўна, прускі манарх ня быў тым дабрачынцам, якім яго ўяўлялі ў Рэчы Паспалітай. Ва ўмовах вайны, у якой, з аднаго боку, удзельнічалі Расея i Аўстрыя, a з другога - Турцыя, чакаліся вялікія тэрытарыяльныя набыткі для саюзных дзяржаваў. Прусія ж, ня хочучы застацца ўбаку ад новага прырошчваньня тэрыторыяў магутнымі эўрапейскімі дзяржавамі, вырашыла набыць новыя землі коштам Рэчы Паспалітае, а менавіта - завалодаць Торуньню i Гданьскам, прычым набыць ix, як i пры першым падзеле, не вайсковым, а дыпляматычным шляхам, прымусіўшы Расею пайсьці на саступкі.

Узрадаваныя падтрымкаю Фрыдрыха Вільгельма, паслы адразу пачалі рабіць крокі, супярэчныя падпісаным раней з Расеяю дамовам i накіраваныя на аднаўленьне незалежнасьці краіны. На хвалі энтузіязму сойм прыняў рашэньне павялічыць войска да 100 000. Ніхто i не падумаў, што ўтрымліваць такую армію не было ніякае магчымасьці, бо выдаткі на яе складалі 50 млн. залатых, у той час як увесь дзяржаўны бюджэт складаў усяго 18 млн. У захапленьні многія прапанавалі дабрахвотныя ахвяраваньні, але яны аказаліся мізэрнымі... Чатыры гады запар ішла размова пра павелічэньне падаткаў на ўтрыманьне войска, але да выніку так i не дайшло - лік арміі не перавысіў 60 000. (29;256)

Сойм абвесьціў сябе бестэрміновым i працягваў прымаць рашэньні, якія перш за ўсё былі накіраваныя на ўнезалежненьне ад Расеі. Найпершы ўдар прыйшоўся на «Нястомную Раду», якая карысталася ўсеагульнаю непрыхільнасьцю i нават атрымала зусім не заслужанае найменьне «Нястомнае Здрады». «Патрыёты» бачылі ў ёй інстытут, навязаны краіне Пецярбургам, які, адпаведна, зьяўляўся сымбалем панаваньня Расеі ў Рэчы Паспалітай. «Магнацкая» ж групоўка слушна бачыла ў ёй правадніка моцнае выканаўчае ўлады, што ніяк не стасавалася з «кансэрватыўнымі» намерамі гэтага староньніцтва. На гэтай хвалі Ігнату Патоцкаму ўдалося правесьці рашэньне аб скасаваньні «Нястомнае Рады».

Пры агульным панаваньні антырасейскіх настрояў A. Паніскага, маршалка сойму, які зацьвердзіў I падзел Рэчы Паспалітае, было вырашана аддаць пад суд i выгнаць за межы краіны... Натхнёны падтрымкаю Прусіі, сойм запатрабаваў ад Расеі вывесьці свае войскі з тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

Сойм, які пазьней атрымаў назву «Чатырохгадовы» (1788-1792), не адчуваючы супраціву з боку Расеі, зрабіў яшчэ адзін крок да вызваленьня з-пад расейскага апякунства - прыняў рашэньне склікаць Пінскую кангрэгацыю праваслаўнага дущпастырства, дзе мелася сфармавацца незалежная ад Пецярбургу праваслаўная ярархія, што ў будучыні павінна была пераўтварыцца ў аўтакефальную праваслаўную царкву. Гэты крок меў адняць у Расеі падставу для чарговага ўмяшальніцтва ў справы Рэчы Паспалітае дзеля «абароны праваслаўных адзінаверцаў».

Было вырашана накіраваць паслоў у замежныя краіны, што раней забаранялася Пецярбургам.

Кацярына II да часу, пакуль вяла вайну на два фронты, ішла на саступкі непаслухмянай дзяржаве. Яна i пагадзілася вывесьці войскі зь межаў Рэчы Паспалітае i не зрабіла ніякіх захадаў для абяцанага гарантаваньня нязьменнасьці нутранога ладу ў фэдэратыўнай дзяржаве. Але ўсе цудоўна разумелі, што па сканчэньні войнаў Пецярбург зьверне ўсю ўвагу на непакорлівую краіну, якая асьмелілася пярэчыць ягонай волі. I агульныя спадзяваньні былі накіраваныя на завязаньне самага шчыльнага саюзу з магутнаю Прусіяй.

29 сакавіка 1790 г. была падпісаная абарончая дамова паміж дзьвюма дзяржавамі, што мела гарантаваць бясьпеку Рэчы Паспалітай з боку Расеі. Шляхта была ў захапленьні. Аднак для яго не было падставаў - Прусія мела свае віды на Рэч Паспалітую. Так, прускі пасол Люкензыні пісаў свайму каралю: «Цяпер, нарэшце, гэтыя людзі ў нас у руках i будучыня Польшчы залежыць ад нашых меркаваньняў; край гэты паслужыць для Вашае Каралеўскае Мосьці тэатрам вайны i будзе закрываць сабою Сілезію ад Усходу, ці, знаходзячыся ў руках Вашае Каралеўскае Мосьці, станецца прадметам гандлю пры мірных перамовах. Увесь спрыт з нашага боку павінен складацца з таго, каб гэтыя людзі ні пра што не здагадаліся i не маглі прадбачыць, да якіх саступкаў даведзеныя яны будуць у той час, калі Ваша Каралеўская Мосьць пажадае ад ix удзячнасьці...». (23;213-215)

У якасьці пачатковае «ўдзячнасьці» Прусія неўзабаве запатрабавала ад Рэчы Паспалітае аддаць ёй Торунь i Гданьск узамен за Галіччыну, якую Аўстрыя, можа, верне дзяржаве. Краіна апынулася ў пастцы. З аднаго боку, адпрэчыўшы пратэктарат Расеі, трэба было дагаджаць новаму апекуну ды йсьці яму на саступкі, з другога - патрабаваньні новых тэрытарыяльных саступак на карысьць Прусіі паказалі сапраўдную вартасьць новага «саюзьніка». У гэтай сытуацыі «патрыёты» выказаліся за задавальненьне патрабаваньняў Фрыдрыха Вільгельма, з тым каб умацаваць саюз паміж дзьвюма краінамі. К. Сапега ж, цьвёрда трымаючыся прарасейскага кірунку, выступіў катэгарычна супраць перадачы земляў Прусіі.

Спрэчка паміж дзьвюма партыямі разгаралася, але чым далей, тым менш яна мела пад сабою глебу: па меры таго як вайна паміж Расеяй i Турцыяй падыходзіла да перамогі першай, Фрыдрых Вільгельм прыкметна ахалоджваўся да Рэчы Паспалітай i шукаў збліжэньня зь Пецярбургам. (32;253) Яшчэ больш яскрава выявілася імкненьне Прусіі паразумецца з Расеяй пасьля прыняцьця соймам 3 траўня 1791 г. трэцяй у сьвеце (пасьля Амэрыканскае й Францускае) Канстытуцыі. Гэты акт стаўся вянцом працы Чатырохгадовага сойму i выклікаў глыбокае незадавальненьне эўрапейскіх манархіяў, якія ўбачылі ў прыняцьці Канстытуцыі праяву адкрытага «якабінства» ды непажаданага суседнім дзяржавам умацаваньня краіны. Прыклад рэвалюцыйнае Францыі даваў яшчэ больш падставаў эўрапейскім манархіям для непрыняцьця канстытуцыйнае Рэчы Паспалітае.

У канстытуцыі абэяшчалася спадчынная манархія, прычым наступнікам Станіслава Аўгуста быў названы саксонскі курфюрст Фрыдрых Аўгуст, абвяшчалася павелічэньне свабоды гарадоў i асабістых правоў мяшчанаў, усталяваньне талеранцыі пры паноўным каталіцкім вызнаньні ды інш. Але абвяшчалася i скасаваньне фэдэратыўнага ладу дзяржавы, чым былі істотна закранутыя амбіцыі магнатэрыі. Яна фактычна страчвала ня толькі даходныя пасады ў Княстве, але й магчымасьць істотна ўплываць на нутраную i замежную палітыку Рэчы Паспалітае ад імя яе дзейснага чыньніка - Вялікага Княства Літоўскага. (35; 236)

Безумоўна, абмежаваньне правоў магнатэрыі, распаўсюджаньне талеранцыі й дэмакратычных свабодаў у дзяржаве не маглі ня выклікаць супраціву ў шматлікіх прадстаўнікоў шляхоцкай алігархіі, што ўсё яшчэ марылі пра захаваньне «залатое вольнасьці». Сярод незадаволеных у Вялікім Княстве Літоўскім былі: інфлянцкі біскуп Я. Касакоўскі, смаленскі ваявода П. Сапега, канцлер вялікі літоўскі А. Сапега, падканцлер літоўскі Я. Храптовіч, кашталян троцкі К. Плятар i інш. З гэтага не маглі не скарыстаць суседнія дзяржавы, асабліва абражаная ў сваіх імпэрскіх імкненьнях Расея, якая, нарэшце, улетку 1791 г. падпісала мірную дамову з Турцыяй. Тады ж былі падпісаныя аўстра-турэцкі й аўстра-прускі трактаты, якія запачаткавалі збліжэньне абедзьвюх нямецкіх дзяржаваў. Такім чынам, тры моцныя краіны, якія акружалі Рэч Паспалітую, па сканчэньні канфліктаў пачалі збліжацца між сабою. (20; 21)

Пагроза для дзяржавы вісела ў паветры. Ігнат Патокі гаварыў: «Мы не баімся вайны, але баімся лёгкасьці, зь якой Расея можа зрабіць контррэвалюцыю, асабліва цяпер, калі столькі незадаволеных». (29; 572) Але арганізаваць контррэвалюцыйныя выступы ў самой Рэчы Паспалітай, дзе мноства шляхты вітала пачатак адраджэньня сваёй дзяржавы, было немагчыма. Паводле словаў расейскага пасла Булгакава, «пры найменшым тут замаху ці супраціве ўсіх ix (апазыцыянэраў. - Г. П.) самнуць. Гэтае ж самае прымушае ўсіх незадаволеных маўчаць да зручнага моманту... Без уступленьня ў Польшчу моцнага войска нельга ні да чога яўным чынам прыступаць». (29; 571)

Пад пагрозаю небясьпекі «патрыёты» пачалі рабіць захады да ладжаньня супраціву; Перш за ўсё зьвярнуліся да саюзнага Фрыдрыха Вільгельма, які, паводле дамовы, мусіў аказаць збройную падтрымку Рэчы Паспалітай у выпадку вонкавае пагрозы. Але Прусія, спадзеючыся на новы падзел суседняе дзяржавы, не сьпяшалася выканаць свае абавязкі. Прускі пасол Люкезыні на просьбу вайсковае дапамогі адказаў: «Яго Вялікасьць кароль прускi ня браў удзелу ў тым, што задумвалі кароль i сойм (у прыняцьці Канстытуцыі), а таму не абавязаныя даваць дапамогу, бо пра гэта не было сказана ў саюзным трактаце». (23; 381)

Слабы саксонскі курфюрст, хаця i прываблены пэрспэктываю кароны Рэчы Паспалітае, ня мог супрацьстаяць аб'яднаным сілам Расеі й Прусіі i таму абмежаваўся толькі выразам спачуваньня.

У такіх умовах трэба было разьлічваць толькі на свае сілы. Сойм усё больш павялічваў уладу караля, які сам зьбіраўся камандаваць войскам. Усе надворныя войскі магнатаў перадаваліся пад начала вайскаводцаў рэгулярнай арміі. З замежных краінаў выпісваліся афіцэры. Рабіліся дзяржаўныя пазыкі. Рыхтавалася паспалітае рушаньне. Былі нават прапановы вызваліць сялянаў, якія мелі стаць асноўным апірышчам супраціву чужаземным войскам... Але часу было адпушчана вельмі мала.

27 красавіка ў Пецярбургу эмігранты польны гетман каронны Севярын Ржавускі, вялікі гетман каронны Фэлікс Шчэнсны-Патоцкі i адзін з былых кіраўнікоў Барскае канфэдэрацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім генэрал-паручнік расейскай арміі Сымон Касакоўскі падпісалі акт канфэдэрацыі, складзены расейскім чыноўнікам Васілём Паповым. У гэтым акце абвяшчалася барацьба за ўзнаўленьне ранейшага ўнутрыпалітычнага ладу ў Рэчы Паспалітай.

18 траўня расейскі пасол Булгакаў перадаў падканцлеру літоўскаму Храптовічу дэклярацыю Кацярыны II, у якой, у прыватнасьці, гаварылася: «...Партыя, якая захапіла цяпер у свае рукі панаваньне, насуперак прынятай Расеяю на сябе гарантыі старажытнага ладу Рэспублікі, самавольна прыдумала новы манархічны лад, што нішчыць свабоду й дабрабыт польскае нацыі... Імпэратрыца не магла не схіліцца да шчырай просьбы многіх палякаў, якія вылучаюцца нараджэньнем, чынам i патрыятычнаю мужнасьцю, што жадаюць узнавіць старажытную свабоду і незалежнасьць сваёй Айчыны». Складаючы з гэтаю мэтаю канфэдэрацыю, яны зьвярнуліся з просьбаю аб дапамозе i апякунстве да імпэратрыцы, i гасударыня абяцала ім дапамогу, а таму загадала частцы сваіх войскаў уступіць у Польшчу дзеля ўзнаўленьня старажытных польскіх правоў i вольнасьцяў...». (23; 387-388)

Пасьля абвецічаньня дэклярацыі 96 тысячаў расейскіх жаўнераў перайшлі мяжу Рэчы Паспалітае. Войскі генэрал-аншэфа Кахоўскага рушылі на Ўкраіну, a палкі генэрала ўвайшлі ў межы Вялікага Княства Літоўскага. Ва ўкраінскім памежным мястэчку Таргавіцы i была абвешчаная падпісаная ўжо раней у Пецярбургу канфэдэрацыя.

Рэгімэнтарам Літоўскае канфэдэрацыі Кацярына II прызначыла Сымона Касакоўскага, аднак гэта быў палкаводзец бяз войска. Каб здабыць сабе армію, Касакоўскі мусіў перацягнуць на свой бок харугвы Вялікага Княства Літоўскага. Але войскі не далі сябе ані намовіць на здраду, ані перакупіць. Былі створаныя напачатку толькі павятовыя канфэдэрацыі ў Полацку, пад кіраўніцтвам Юрыя Корсака, ды ў Воршы, пад началам Тадэвуша Прысецкага. Аднак гэтыя канфэдэрацыі былі цалкам фікцыйныя, бо, апроч сваіх маршалкаў, нікога не прадстаўлялі. Па заняцьці расейскім войскам Браслава казакі гвалтам сьцягнулі нешматлікую шляхту да горада й прымусілі 125 чалавек падпісацца пад актам канфэдэрацыі...

Шляхта масава ўцякала перад прыходам чужаземнага войска. Тыя ж, хто заставаўся, ня надта палалі прыхільнасьцю да таргавічанаў, часта высылалі ў Варшаву паведамленьні, што, калі яны падпішуць акт канфэдэрацыі, дык толькі пад прымусам. У занятых гарадох расейскія каманды прымушалі i мяшчанаў прысягаць Таргавіцкай канфэдэрацыі. Калі мяшчане Дзісны пачалі былі супраціўляцца гэтаму, то ix змусіў да прысягі рэквізыцыямі ды гвалтамі казацкі полк... (30; 47-48)

14 чэрвеня расейскія войскі занялі Вільню. Тут i была абвешчаная Генэральная канфэдэрацыя Вялікага Княства Літоўскага. Маршалкам ейным стаў вялікі канцлер літоўскі Аляксандар Сапега, але сапраўдным кіраўніком зьвязу быў інфлянцкі біскуп Язэп Касакоўскі, які марыў адарваць Княства ад Рэчы Паспалітае i далучыць яго да Расеі. (30; 52) Сымон Касакоўскі атрымаў скасаваную раней Чатырохгадовым соймам пасаду польнага гетмана літоўскага а пасьля пазбаўленьйя званьня вялікага гетмана літоўскага Міхала Агінскага стаў уладальнікам вялікае булавы.

У Вільні былі прызначаныя прадстаўнікі таргавічанаў па ваяводзтвах i паветах. Аднак прыхільнікаў у канфэдэратаў яўна не хапала. Таму ў сьпісе гэтым значыліся імёны i тых асобаў, якіх не было тады ня толькі ў Вільні, але ўвогуле ў Княстве. Так, Станіслаў Аўгуст у сваіх лістох паведамляў, што некаторыя з запісаных у Літоўскую канфэдэрацыю знаходзіліся ў той час каля яго ў Варшаве i не выяўлялі ніякага жаданьня зрачыся Канстытуцыі. (23; 429-430)

Увогуле, нягледзячы на тое, што непрыхільных таргавічанам чакалі гвалты i рабаўніцтва, супраціў дзеяньням здраднікаў быў адчувальны. Так, напрыклад, два разы рэзыдэнт канфэдэратаў Снарскі наведваў Ашмяны, каб утварыць там канфэдэрацыю, i кожны раз абываталі горада сыходзілі перад ягоным войскам. Удалося сабраць толькі некалькі дзясяткаў подпісаў. У Наваградку ж 8 чэрвеня перад прыбыцьцём туды расейскіх войскаў 170 мясцовых шляхцічаў з уласнай волі сабраліся й падпісалі акт вернасьці... Канстытуцыі 3 траўня, a калі царскія палкі ўсё ж прымусілі ix прыступіць да канфэдэрацыі, то форма акту, складзенага новагародцамі, не задаволіла Генэральнасьць. Тое самае адбывалася ў Пінскім i Берасьцейскім паветах. (30; 49-50)

Расейскія войскі імкліва займалі тэрыторыю краіны.

Аднак пры ўсёй непрыхільнасьці да захопнікаў, супраціў быў вельмі пасыўны. Кіраўніком войска ў краі зьяўляўся прынц Віртэмбэрскі. Але неўзабаве быў перахоплены ягоны ліст да прускага караля, дзе ён, як брат жонкі спадкаемцы расейскага трону, заяўляў, што ня будзе змагацца супраць Расеі. Прынц мусіў сьпешна пакінуць свой пост ды эміграваць. Кіраўніцтва войскам перайшло да Юдзіцкага, вайскаводца зусім няздатнага, тым больш што ў ягоным падпарадкаваньні знаходзілася каля 10 тысячаў жаўнераў, а расейская армія ў Вялікім Княстве Літоўскім складала 32 тысячы. (23; 410) Вораг амаль без баёў прайшоў увесь край. Спробы збройнага супраціву пад Мірам, Нясьвіжам, Берасьцем посьпеху не прынесьлі...

12 ліпеня Станіслаў Аўгуст на патрабавань расейскага пасла Булгакава далучыўся да Таргавіцкае канфэдэрацыі ўзамен на абяцаньні непарушнасьці межаў дзяржавы. Суйраць гэтага кроку рэзка выступілі надворны маршалак літоўскі Солтан i вялікі маршалак літоўскі Ігнат Патоцкі, якія пачалі рыхтаваць паўстаньне ў Варшаве сярод войскаў Вялікага Княства Літоўскага, што там стаялі. Але вялікіх вынікаў гэта не дало - пасьля нязначных выступленьняў падбухтораных імі аддзелаў абодва маршалкі мусілі эміграваць. (29; 583-584)

Між тым у лягеры таргавічанаў не было аднадушша: Браніцкі, Ржавускі, Шчэнсны-Патоцкі ня толькі былі ворагамі Касакоўскіх, але i варагавалі між сабою. Браніцкі - са Шчэнсным-Патоцкім i Ржавускім, Ржавускі - з Патоцкім i Браніцкім разам. I ў кожнага былі свае партыі, гатовыя распачаць міжусобную вайну... (23; 445- 446) Ахвяраю гэтае варожасьці паў i даўні прыхільнік Расеі К. Сапега, аддадзены таргавічанамі пад суд.

Аднак рэальнае сілы варожыя паміж сабою канфэдэраты ня мелі: Расея неабмежавана панавала ў краі. Каб выратаваць становішча, Станіслаў Аўгуст прапанаваў карону ўнуку Кацярыны II, вялікаму князю Канстанціну Паўлавічу. Але гэтыя захады ня мелі посьпеху. Царыца, маючы фактычна нічым не абмежаваныя магчымасьці для ўлатвеньня справаў суседняе краіны, выношвала зусім іншыя пляны. Найперш коштам Рэчы Паспалітай яна намерылася ізноў сысьціся з Прусіяй, каб заахвоціць яе на далейшую барацьбу з рэвалюцыйнай Францыяй. Да таго ж Кацярына II пераканалася, што Таргавіцкая канфэдэрацыя ня ў стане запэўніць супакаеньне настрояў у краі, дзе трэба было чакаць новых выбухаў.

Наколькі прапанова падзелу Рэчы Паспалітае зыходзіла ад Прусіі, нагэтулькі канчатковае рашэньне залежала ад Расеі. Аўстрыя, занятая вайною з Францыяй, была пакінутая ўбаку. Дазволіўшы анэксію Прусіі (58 тыс. кв. км), Пецярбург ладна акругліў i свае тэрыторыі вялізным абшарам у 259 тыс. кв. км. Прускія дыпляматы, заклапочаныя «несправядлівасьцю» падзелу, спрабавалі былі пратэставаць, але, паколькі Бэрлін у гэтым падвойным альянсе быў слабейшым бокам, то мусіў пагадзіцца з умовамі, пастаўленымі Расеяй. У студзені 1793 г. прўскія войскі ўвайшлі ў Вялікапольшчу. (20; 21 - 22)

Толькі 9 красавіка прадстаўнікі Расеі й Прусіі афіцыйна абвесьцілі пра падзел Рэчы Паспалітае. Гэтая вестка ўразіла ўсіх - i «патрыётаў», i караля, i нават таргавічанаў, у якіх, нарэшце, расплюшчыліся вочы на бруднаю ролю, якую яны адыгралі ў лёсе сваёй Айчыны. У адказе на дэклярацыі суседніх дзяржаваў, дзе абвяшчаўся падзел, Генэральнасьць заявіла, што яна «сьведчыць перад Богам... што ня ўдзельнічала ў падзеле...». (23; 510) Многія былыя кіраўнікі канфэдэрацыі (такія, як Шчэнены-Патоцкі, Ржавускі й інш.) усталі ў апазыцыю да яе. Але многія, у чаканьні сваіх 30 срэбранікаў, працягвалі верна трымацца абранага шляху, пракладзенага яшчэ Юдам. Да апошніх у Вялікім Княстве Літоўскім залічаліся Касакоўскія.

Менавіта на Касакоўскіх расейскія гаспадары ўсклалі абавязак назіраць за выбарамі на сойміках паслоў на сойм, які меў зацьвердзіць новы падзел краіны. У мясцовасьці, дзе мелі праходзіць соймікі, былі разасланыя расейскія аддзелы.. Каб гарантаваць выбраньне слухмяных паслоў, шляхце раздавалі грошы i загадвалі абраць маршалкамі правераных, ляяльных Пецярбургу асобаў, якія тут жа атрымлівалі па 500 чырвонцаў. На сойміках не дазвалялася прамаўляць нічога, што магло б усхваляваць сабраных. Падкупленая шляхта пад пагрозаю расейскіх штыхоў, якія бачыла на ўласныя вочы, абірала паслоў, якіх загадалі. Абранаму ж прызначалі плату каля 200 чырвонцаў штомесяц. Дзеля большае бясьпекі канфэдэраты на загад расейскага пасла 11 траўня выдалі распараджэньне, паводле якога да ўдзелу ў сойміках не дапускаліся ня толькі тыя, хто не адступіўся ад Канстытуцыі 3 траўня, але нават i тыя, хто раней хоць як хваліў яе або асуджаў дзеяньні Таргавіцкае канфэдэрацыі. (23; 514)

Выбары адбыліся паводле жаданьня расейцаў - пасламі былі выбраныя нават колькі афіцэраў расейскай службы. Але i з такім складам паслоў замежным дыпляматам давялося паспытаць непрыемнасьцяў - толькі пасьля арыштаў, канфіскацыяў маёнткаў, пад стваламі расейскіх гарматаў пажаданьні драпежных суседзяў былі задаволеныя. Зацятае маўчаньне сойму было расцэненае як згода на падзел Рэчы Паспалітай.

Няўмольны гадзіньнік гісторыі адлічваў апошнія часты жыцьця дзяржавы...

Яе яшчэ чакала вызвольнае паўстаньне Касьцюшкі, наперадзе быў апошні падзел - канец працяглае агоніі Рэчы Паспалітае... Але ў гэтых падзеях магнацкія групоўкі ўжо не адыгрывалі былое выключнае ролі - яны сышлі ў нябыт, саступіўшы месца шырэйшым шляхоцкім згрупаваньням ды пакінуўшы па сабе невырашальныя праблемы ды нядобрую памяць...

* * *

На схіле XVIII ст. уплывы магнатэрыі паступова, але няўхільна зьмяншыліся. Як ужо было зазначана, параўнальнае ўзмацненьне каралеўскае ўлады, якую падтрымліваў Пецярбург, зрабіла магчымым для караля вылучыць на галоўныя ролі ў палітычным жыцьці Рэчы Паспалітае i Вялікага Княства Літоўскага, як ейнае складовае часткі, сваіх стаўленікаў, якія (як А. Тызэнгаўз) зусім не належалі да магнатэрыі. Асабліва працэс вылучэньня нерадавітага шляхоцтва паскорыўся падчас Чатырохгадовага сойму, які сваімі рэформамі стварыў глебу для далейшага абмежаваньня ўсяўладзьдзя магнатэрыі.

У дзяржаве, якая чым далей, тым больш трапляла ў залежнасьць ад суседніх моцных краінаў, барацьба магнацкіх груповак паступова перарастала ў палітычную барацьбу паміж староньніцтвамі. Кіраўнічая роля ў апошніх належала шляхцічам, чыё становішча, незалежна ад радавітасьці ды багацьця, вызначалася перадусім адданасьцю той ці іншай дзяржаве. Так, у 90-я гг. XVIII ст. ключавыя пазыцыі ў Вялікім Княстве Літоўскім займеў род Касакоўскіх, які раней не адыгрываў прыкметнае ролі ў палітычным жыцьці краю. I сталася гэта не ў апошнюю чаргу дзякуючы прарасейскай пазыцыі, якую занялі Касакоўскія, ды падтрымцы ix Пецярбургам.

Не належаў да ўплывовае магнатэрыі i Карл Прозар, што стварыў таемнае таварыства ў Вялікім Княстве Лiтоўскім, мэтаю якога было вызваленьне краю ад чужаземнае навалы. Дый у вызвольным паўстаньні, якое пазначыла канец Рэчы Паспалітае, вызначальную ролю адыгралі прадстаўнікі не старажытных магнацкіх родаў, а сярэдняе й дробнее шляхты - Т. Касьцюшка, Я. Ясінскі, Ю. Серакоўскі й інш.

Гэты працэс пашырэньня шляхоцкае дэмакратыі коштам абмежаваньня сваволі пары дзясяткаў магнацкіх родаў мог бы прывесьці ў больш спрыяльных вонкава- i ўнутрыпалітычных умовах да адраджэньня краіны. Але, паводле словаў гісторыка, «дзяржаўная ўлада Рэчы Паспалітае занадта доўга прымала бок вялікіх супраць малых. I занадта часта дбала пра ўласныя дактрыны i амбіцыі, а не пра край». (36; 78) Занадта доўгі пэрыяд панаваньня магнацкіх клянаў быў пазначаны зацятаю барацьбою за ўладу паміж імі. Бакі не спыняліся ні перад чым, нават перад здрадаю сваёй Айчыне. Толькі так можна кваліфікаваць уцягваньне суседніх дзяржаваў у свае міжусобныя звадкі ды шуканьне ў ix дапамогі, у тым ліку i збройнай. А дапамога ў міжнароднай палітыцы ніколі не бывае дабрачыннаю. Коштам яе стала свабода й незалежнасьць дзяржавы...

Пашырэньне на працягу стагодзьдзяў правоў магнатэрыі, узмацненьне барацьбы паміж рознымі магнацкімі ўгрупаваньнямі прывялі да катастрафічнага аслабленьня краіны. A гісторыя ня любіць слабых...

ЛІТАРАТУРА

  1. Olszewski W. Sejm Rzeczypospolitej epoki oligarchii (1652- 1763).-Poznań, 1966.
  2. Bardach J., Leśnodorski В., Pietrzak M. Historia Państwa i prawa polskiego.-Warszawa, 1977.
  3. Jasienica P. Rzeczpospolita obojga Narodów. Dzieje agonii.- Warszawa, 1992.
  4. Sowa A. Pociej Ludwik Konstanty h. Waga // Polski słownik biograficzny, t. XXVII/1, zesz. 112, Wrocław - Warszawa- Łódź - Gdańsk, 1982.
  5. Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972.
  6. История Польши. Т. I. М., 1959.
  7. Молчанов Н. Дипломатия Петра Первого.- М., 1986.
  8. Cieślak E. W obronie tronu króla Stanisława Leszczyńskiego.- Gdańsk, 1986.
  9. Sapfehowie. Materiały historyczno-genealogiczne i majątkowe.- Petersburg, 1894, t. III.
  10. Пушкін I. ...Праз агонь у попел i тло.- Беларуская мінуўшчына, № 3, 1994.
  11. Беларуская мінуўшчына.-№№ 5-6, 1993.
  12. Заозерский А. Фельдмаршал Б. П. Шереметев.- М., 1989.
  13. Otwinowski Е. Dzieje Polski pód panowaniem Augusta II od roku 1696-1728.- Kraków, 1849.
  14. Wyczański A. Polska Rzeczą Pospolitą szlachecką.- Warszawa, 1991.
  15. Тарле E. Северная война и шведское нашестие на Россию.- М., 1958.
  16. Артамонов В. Россия и Речь Посполитая после Полтавской победы (1709-1714).-М., 1990.
  17. Polska, jej dzieje i kultura od czasów najdawniejszych aż do chwili obecnej.- Kraków, 1927.
  18. Kałużniaćki O. Denhoff Stanisław Ernest // Polski słownik biograficzny. T. V/2, zesz. 22,- Kraków, 1939.
  19. Maciszewski J. Szlachta polska i jej państwo.-r Warszawa, 1969.
  20. Cegielski Т., Kądziela L. Rozbiory Polski 1772, 1793, 1795 // Magazyn Historyczny, № l, 1992.,
  21. Samsonowicz H. Historia Polski do roku 1795.- Warszawa, 1976.
  22. Link-Lenczowski A. Ogiński Marcjan Michał // Polski słownik biograficzny. T. XXII 1/3, zesz. 98.-Wrocław - Warszawa - Kraków - Gdańsk, 1978.
  23. Костомаров H. Старый спор.- Смоленск, 1994.
  24. Sidorski D. Panie Kochanku.- Katowice, 1987.
  25. Konopczyński W. Chronologia sejmów polskich 1493-1793 // Archiwum komisji historycznej, seria 2. Т. IV, N 3.-Kraków, 1948.
  26. Zielińska T. Więź rodowa domy Radziwiłłowskiego w świetle diariusza Michała Kazimierza Radziwiłła Rybeńki // Miscellanea Historico-Archivistica. Т. III.- Warszawa - Lódź, 1989.
  27. Буганов В., Буганов А. Полководцы XVIII в.- М., 1992.
  28. Matuszewicz М. Pamiętnik Marcina Matuszewicza, kasztelana Brźeskiego-Litewskiego, 1714-1765. Tt. III-IV.- Warszawa, 1876.
  29. Соловьёв С. История падения Польши // Собрание сочинений. Т. XVI.-М., 1995.
  30. Arcimowicz W. Wielkie Księstwo Litewskie za czasów Stanisława Augusta.1- Wilno, 1938.
  31. Szczygielski W. Pac Michał Jan h. Gozdawa // Polski słow: nik biograficzny. T. XXIV/4, zesz. 103.- Wrocław - Warszawa - Kraków - Gdańsk, 1979.
  32. Konopczyński W. Dzieje Polski nowożytnej. Т. II.- Warszawa, 1986.
  33. Brandys M. Nieznany książę Poniatowski.-Warszawa, 1960.
  34. Kosman M. Historia Białorusi.- Wrocław - Warszawa - Kraków - Gdańsk, 1979.
  35. Нарысы гісторыі Беларусі. Т. I. Мн., 1994.
  36. Jasienica Р. Polska anarchia.- Kraków, 1989.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX