Вярнуцца: Артыкулы

Шкяленак Мікалай. Падзел гісторыі Беларусі на пэрыеды


Аўтар: Шкяленак Мікалай,
Дадана: 02-07-2013,
Крыніца: Шкяленак Мікалай. Падзел гісторыі Беларусі на пэрыеды // Спадчына №3-1993. С. 4-10.



Друкуецца паводле выданьня: «Запісы Беларускага Навуковага Таварыства». Вільня, 1938 г., сш. I.

Патрэба дзяленьня гісторыі на пэрыёды адчуваецца ня толькі ў сусьветнай, але i ў спэцыяльнай гісторыі аднаго народу, калі толькі разглядаецца даўжэйшы час яго жыцьця. Пэрыёды ў гісторыі - гэта хронолёгічныя пласты, выдзеленыя з агульнае масы фактаў, ілюструючыя асобныя этапы эвалюцыі жыцьця народу. Яны зьяўляюцца як-бы касьцяком, на якім узьнімаецца ўвесь гістарычны будынак. Калі падзел гісторыі на пэрыёды будзе мець заганы, тады ўвесь будынак гісторыі народу будзе абапёрты на кволым або фальшывым фундамэнце.

Дзеля падзелу гісторыі на пэрыёды трэба перш-на-перш устанавіць, якія перамены ў жыцьці народу павінны лічыцца найглыбейшымі. Гэтыя перамены абазначаюць дату ў эвалюцыі гістарычнага жыцьця народу. Здарэньне, каторае выклікала перамены, прыймаецца за пачатак або канец пэрыёду. Гэтыя рашаючыя здарэньні бываюць часта аднароднымі з тымі, эвалюцыя каторых дасьледуецца, але дужа часта яны бываюць накшага роду i бяруцца з чужое гісторыі.

Пэрыёды павінны будавацца адпаведна да эвалюцыі шматлікіх родаў фактаў. З гэтай мэтай трэба шукаць здарэньняў, каторыя азначаюць пэрыёд адначасна ў найважнейшых галінах жыцьця народу. Згэтуль вывад, што падзел на пэрыёды будзе залежны ад зьместу й шырыні дасьледаў гісторыка. Калі, прыкладам, абмежавацца толькі палітычным жыцьцём народу, дык падзел на пэрыёды можа быць іншым, чымся тады, калі даць адначасна абраз эвалюцыі духовае й матэрыяльнае культуры народу. У вапошнім прыпадку за аснову падзелу на пэрыёды тр»ба выбіраць здарэньні, каторыя выклікалі зьмены ўва ўсіх дасьледаваных галінах жыцьця.

Дагэтуль у беларускай гісторыі трымаецца падзел яе на чатыры пэрыёды: 1) полацкі (ад IX да паловы XIII ст.) 2) літоўска-беларускі (ад паловы XIII да паловы XVI ст.), 3) польскі (ад паловы XVI да канца XVIII ст.) i 4) расейскі (ад канца XVIII ст. да вялікай рэвалюцыі на Усходзе Эўропы). Гэткага падзелу трымаецца ведамы беларускі гісторык праф. Ігнатоўскі і ў сваім «Кароткім нарысе гісторыі Беларусі» дае абаснаваньне яго.

Ня трэба доўга спыняцца, каб паказаць, што гэты падзел ня выдзержавае крытыкі.

Наўперад, што азначае полацкі пэрыёд гісторыі Беларуси Праф. Ігнатоўскі бачыць тут пару цалком незалежнага існаваньня беларускага народу. Гэтая адзнака, спатканая ім у даўнейшай Полаччыне, трэба думаць, здэцыдавала аб назове ўсяго пэрыёду. Дае гэта, аднак, няправільны пагляд на істоту гэтае пары.

Полаччына ніколі не абыймала ўсіх беларускіх земляў, усяго беларускага народу. Гэта была адна з наймагутнейшых беларускіх воласьцяў (княстваў, побач з каторай існавала смаленская воласьць, што абыймала мала меншую за Полаччыну частку беларускіх земляў. Роля Смаленшчыны ў гэтую пару беларускай гісторыі была ані ня меншай, як роля Полаччыны. Гэтыя два незалежныя княствы згулялі ў найдаўнейшай беларускай гісторыі аднолькава важную ролю i аднолькава заслугуюць на ўвагу.

Аднак апрача Полаччыны й Смаленшчыны беларускімі воласьцямі былі турава-пінская й северская. Праўда, ня мелі яны гэткага значэньня, як Смаленшчына й Полаччына, аднак гісторыі іx павінна быць прысьвячана належная ўвага. Ня можа быць тут перашкодай тое, што северская воласьць была ўвесь час, а турава-пінская - у некаторых мамэнтах у залежнасьці ад небеларускіх палітычных і культурных цэнтраў.

Таму азначэньне гэтага пэрыёду адно толькі як полацкага не дае правільнага аб ім паняцьця, хоцьбы й гаварылася тут з большага і аб іншых валасьцёх. Прынцып pars pro toto ня можа быць ужываны ў гісторыі.

Няправільным ёсьць такжа азначэньне другога пэрыёду ў беларускай гісторыі, як літоўска-беларускага. Пэрыёд гэты, паводле праф. Ігнатоўскага, паўтараючага тут вывады чужых гісторыкаў, пачаўся злучэньнем у палове XIII ст. літоўскімі плямёнамі ў адно гаспадарства расьцярушаных і падупалых беларускіх земляў. Гэтае новае гаспадарства дастала назоў Вялікага Княства Літоўскага. У ім, кажа Ігнатоўскі, кіруе гаспадар ліцьвін, а пануе культура й мова заняпалае палітычна Полаччыны.

Калі назваць гэты пэрыёд літоўска-беларускім, дык трэба выясьніць, у чым выявілася роля літоўскага складовага элемэнту ў жыцьці беларускага народу ў разгляданым пэрыёдзе. Праф. Ігнатоўскі не выясьняе, у чым трэба шукаць глыбейшае ролі гэтага літоўскага элемэнту. Астаецца толькі, як адзіны аргумэнт, тое, што ў гэтым пэрыёдзе ліцьвіны й беларусы жылі ў супольным гаспадарстве і супольна ім кіравалі. Але ў Вялікім Княстве жылі і ўкраінцы, дык чаму не назваць яго літоўска-беларуска-ўкраінскімі Значыць, толькі што разгледжаны аргумэнт праф. Ігнатоўскага, як пабачым і ніжэй, ёсьць няістотны, нехарактэрны дзеля азначэньня пэрыёду і не выяўляе ягонае істоты. Апрача таго, Ігнатоўскі лішне скарачае гэты пэрыёд да паловы XVI ст. (Люблінскае вуніі 1569 г.). Люблінская вунія ня можа быць канчальнай датай гэтага пэрыёду, бо яшчэ пасьля гэтай вуніі фактычная незалежнасьць Вялікага Княства Літоўскага існавала прынамся да сьмерці вялікага канцлера Льва Сапегі (†1633 г.). Пара дзейнасьці Л. Сапегі, каторая прыпадае пасьля Люблінскае вуніі, у гісторыі беларускае пісьменнасьці й культуры завецца нават «залатой». Трудна аднесьці яе да польскага пэрыёду ў гісторыі Беларусі. Люблінская вунія, хоць фармальна падкапала асновы самастойнасьці Вялікага Княства, але прынамся да паловы XVII ст. ня мела вялікшага практычнага значэньня, чымся ўсе папярэднія вуніі, каторыя на дзеле ні ў чым не парушалі фактычнае самастойнасьці Вялікага Княства Літоўскага. З гледзішча тагачасных беларускіх інтарэсаў, усе вуніі з Польшчай разглядаліся як нявыгадныя ўмовы з чужым гаспадарствам, выкліканыя вонкавымі абставінамі. Канцом гэтага пэрыёду трэба было-б лічыць прынамся другую палову XVII ст., калі незалежнасьць Вялікага Княства перастала існаваць фактычна.

Напасьледак, няправільным ёсьць азначэньне і двух апошніх пэрыёдаў у беларускай гісторыі, як польскага й расейскага, каторыя разьдзяляюцца падзеламі Польшчы (канец XVIII стаг.). Гэтыя назовы можна было-б пакінуць, каб пісаць гісторыю беларускае тэрыторыі. Тады, магчыма, была-б канцэпцыя, што пэрыёды павінны азначацца назовам гаспадарства, да якога беларуская тэрыторыя адыйшла. Але калі пісаць гісторыю беларускага народу, гэткі падзел ня можа ўтрымацца. Дый калі пагадзіцца з канцэпцыяй Ігнатоўскага, польскі пэрыёд будзе мець тыя-ж заганы, што і полацкі, бо ад пачатку яго ладная частка Беларусі была ўжо пад Масквой. Ня можна апіраць гэтага падзелу i на польскіх або маскоўскіх уплывах у разгляданых пэрыёдах на беларускае жыцьцё. Ад пачатку польскага пэрыёду беларускі народ складаўся ўжо толькі з сялянства і мяшчанства ды часткова шляхты, панства-ж было ўжо ў масе спольшчана. Польскія-ж уплывы на беларускае сялянства й мяшчанства ў г. зв. польскім пэрыёдзе былі амаль ніякія. Калі-б апіраць пачатак польскага пэрыёду на польскіх уплывах на беларускае панства, дык яго трэба было-б шукаць значка раней - перад Люблінскай вуніяй. Але ня можна дзяліць гісторыі народу на пэрыёды, кіруючыся эвалюцыяй аднае клясы насяленьня. Гэтае самае можна сказаць i аб расейскіх уплывах. Апрача таго, мяжой гэтых двух пэрыёдаў ня могуць быць падзелы Польшчы. Значэньне апошніх у беларускай гісторыі ёсьць амаль ніякае. Падзелы Польшчы выклікалі адзіна толькі зьмену валадара ды невялічкія перамены ў адміністрацыі, істота-ж жыцьця беларускага народу асталася тая самая, што i да падзелаў. Прынамся да 1830 г. i навет да 1863 г. быў загварантаваны расейскімі ўладамі далейшы ўплыў польскае культуры на беларускую шляхту і часткова мяшчанства. Гэты ўплыў асабліва даўся ў знакі за часоў дзейнасьці віленскага ўнівэрсытэту. Роля апошняга ў сэнсе пашырэньня польшчыны ў Беларусі ёсьць агульна ведамай. Толькі пасьля 1863 г. Расея зьвярнула вялікшую ўвагу на Беларусь і паступова начала правадзіць свае ўплывы і змагацца з польскімі. Таму, калі-б і трымацца гэтых пэрыёдаў, як польскага i расейскага, дык мяжу між імі трэба было-б перасунуць на 1863 год.

Як бачым, калі-б навет пакінуць разгледжаны падзел беларускай гісторыі на пэрыёды, дык ён вымагае шмат паправак. Але гэты падзел ня можа астацца з прынцыповага пункту гледжаньня, бо ягоная канцэпцыя, абапёртая ці то на сужыцьці беларусаў з ліцьвінамі, ці на прыналежнасьці Беларусі да Польшчы або Расеі, ёсьць абмыльная. Як сказана на пачатку, у васнову падзелу гісторыі на пэрыёды павінны быць пакладзены тыя факты, каторыя выклікалі перамены ў суцэльнасьці палітычнага й культурнага жыцьця народу. У гісторыі Беларусі гэтыя зваротныя пункты ня лучыліся з голымі фактамі пераходу яе ў склад Польшчы або Расеі. Зразумелая рэч, што сам факт пераходу ў склад чужога гаспадарства выклікаў некаторыя перамены, і ў гатым яго значэньне, але адсюль яшчэ далёка да таго, каб прыпісваць яму рашаючую ролю ў падзеле гісторыі Беларусі на пэрыёды. Канцэпцыя падзелу гісторыі Беларусі на пэрыёды павіина ў прынцыпе апірацца на тых пераменах, каторыя прадстаўляюць пераломныя мамэнты ў эвалюцыі цэласьці яе арганічнага жыцьця.

Прыняўшы гэтую апошнюю канцэпцыю і шукаючы переломных пунктаў у жыцьці беларускага народу, каторыя маглі б быць пакладзены ў васнову падзелу яго гісторыі на пэрыёды, трэба перш-на-перш сканстатаваць наступную бясспрзчную агульную тэзу. Паасобныя этапы эвалюцыі розных галін жыцьця беларускага народу былі ў цеснай сувязі з эвалюцыяй беларускай гаспадарсьцьвенасьці. Сілы народу найболей выяўляліся тады, калі гаспадарсьцьвенасьць яго была наймагутнейшая, заняпадалі, калі заняпадала апошняя. Можна, ясна, разглядаць гаспадарсьцьвенасьць як функцыю шматлікага роду дзейнікаў, але трэба адкінуць лічэньне яе вылучнай функцыяй сацыяльных адносінаў. Апошнія згулялі вялікую ролю ў фармаваньні беларускае гаспадарсьцьвенасьці, але роля гэтая была далёка ня вылучнай прычынай. Таму трэба адкінуць шуканьне галоўных прычынаў эвалюцыі і пераломных у ёй пунктаў толькі ў сацыяльных адносінах.

Разглядаючы беларускую гаспадарсьцьвенасьць, як функцыю шматлікіх дзейнікаў, і падчыркнуўшы сувязь эвалюцыі палітычнага, сацыяльнага й культурнага жыцьця беларускага народу 3 эвалюцыяй яго гаспадарсьцьвенасьці, у гэгай апошняй трэба шукаць асноваў дзеля падзелу беларускае гісторыі на пэрыёды.

На гэтым падрубе гісторыю беларускага народу трэба было-б падзяліць на наступныя тры пэрыёды:

1) пэрыёд асобных гаспадарстваў ад ІХ да паловы XІІІ ст.

2) пэрыёд суцэльнае гаспадарсьцьвенасьці ад паловы XIII да канца XVII стагодзьдзя.

3) пэрыёд упадку беларускае гаспадарсьцьвенасьці ад канца XVII ст. і да апошняга часу.

Першыя два пэрыёды абыймаюць Беларусь незалежную з тэй розьніцай, што ў першым пэрыёдзе незалежнасьць беларускага народу існавала пры нястачы суцэльнага гаспадарства.

Спынімся падрабязьней над гэтым падзелам.

1) Гісторыя засьпяе беларускія плямёны на даволі высокай ступені арганізацыйнага й культурнага жыцьця. Хоць пачуцьцё радиі між беларускімі плямёнамі было вялікае, аднак у першым пэрыёдзе, падобна да іншых народаў, беларусы ня мелі аднаго суцэльнага гаспадарства. Існавала некалькі апрычоных палітычных арганізмаў. У гэтых апрычоных арганізмах, валасьцёх, пануе ў кожным свая асобная гаспадарсьцьвеная ўлада, каторая імкнецца да незалежнасьці ад іншай. З гэтых воласьцяў наймагутнейшымі былі: полацкая, смаленская й турава-пінская. Іншыя былі ў залежнасьці ад іх або ад зусім чужое гаспадарсьцьвенасьці. Кажная з пералічаных воласьцяў мела даўжэйшы або карацейшы пэрыёд незалежнага існаваньня, а калі губляла незалежнасьць, дык імкнулася яе вярнуць. У кожнай воласьці палітычным жыцьцём кіравала свае собскае веча, якое запрашала князя; яно-ж выганяла яго, калі не падабаўся. Затым, характэрнай адзнакай гэтага пэрыёду быў падзел Беларусі на незалежныя воласьці, нястача адзінай гаспадарсьцьвенасьці. У кожнай воласьці складаліся йнакш сацыяльныя й культурныя адносіны. Гэтай азнакі не патрапілі зьнівэляваць тыя дзейнікі, каторыя ўжо ў гэтым пэрыёдзе пхалі воласьці да агульнай салідарнасьці. Галоўнымі з гэтых дзейнікаў былі наступныя.

а) Небясьпека ад вонкавых варагоў. Тры наймагутнейшыя беларускія воласьці Полаччына, Смаленшчына й Турава-Піншчына мелі сваіх асобных варагоў. Змаганьне з імі было натолькі цяжкое, што воласьці стараніліся ад барацьбы між сабой. Таму мы ня бачым колькі-небудзь вялікшых закалотаў між гэтымі валасьцямі.

в) Хрысьцянства. У першым пэрыёдзе хрысьцянства ўсходняга абраду мірна заваёўвала беларускія плямёны i паступова выціскала паганскую рэлігію. У пашыраньні хрысьцянства, якое i перамагло, былі зацікаўлены беларусы-хрысьцяне, незалежна ад прыналежнасьці да тэй або іншай воласьці. Адзінства рэлігіі ўзмацоўвала пачуцьцё салідарнасьці да супольнага паходжаньня. Хрысьцянская культура ў гэтым пэрыёдзе аднолькава высака стаяла ў Полаччыне, Смаленшчыне й Турава-Піншчыне, пералівалася з воласьці ў воласьць i як бы зацірала між імі межы.

с) Гандлёвыя зносіны з замежнымі краямі, асабліва з Рыгай i Немцамі, прымушалі Полаччыну i Смаленшчыну выступаць сумесна i рабіць супольныя гандлёвыя ўмовы. Прыймаючы пад увагу, што замежны гандаль у першым пэрыёдзе быў надта ажыўлены, дзейнік гэты меў важнае значэньне ў фармаваньні агульнай салідарнасьці між валасьцямі.

Вынікі дзеяньня гэтых фактараў выявіліся станаўчэй у другім пэрыёдзе гісторыі Беларусі. У першым яны ня здолелі зьністожыць характэрнай яго ацэнкі - падзелу Беларусі на незалежныя воласьці з апрычонымі сацыяльнымі й культурнымі адносінамі.

2) У палове XIII ст. у заходнім куце беларускіх земляў - Наваградчыне, Слонімшчыне, Ваўкавышчыне й Горадзеншчыне паўстае новы гаспадарсьцьвены беларускі цэнтр, пайменна гаспадарства Міндаўгава. Гісторыя засьпяе гаспадарства Міндаўгава якраз на гэтых беларускіх землях. Адсюль Міндаўг, забясьпечыўшыся ўмовамі з крыжакамі i Галіцкай Русьсю ў 60-тых гадох XIII ст., стоячы на чале беларускай дружыны, што рэкрутавалася галоўна з пералічаных земляў ды ў якой было шмат зьбеларушчаных або не аўкштоццаў i яцьвягаў, рушыў на заваяваньне Аўкштоты i пасьля Жамойці (у якіх жылі тады цяперашнія ліцьвіны) [1]. Упорыстая гэта была барацьба, і, як падае летапісец, Міндаўг пасьля заваяваньня Аўкштоты й Жамойці быў там забіты. Сын яго Войшалак, у хрышчэньні Лаўрыш, зусім ужо зьбеларушчаны, сядзеў тады ў Пінску. Па сьмерці бацькі з беларускай сваей дружынай i пры памозе Галіцкай Русі (з князем каторай ён быў у сваяцтве) вырушыў ён на пакараньне i новае заваяваньне Аўкштоты й Жамойці, i гэта, як падаюць летапісцы, яму ўдалося. Аднак ён зрокся гаспадарсьцьвенай улады i пайшоў у манастыр. Паводле тагачаснага звычаю, які прыняўся ў новым гаспадарсьцьве, на княжы пасад быў пакліканы сваяк Войшалкаў із Галіцкай Русі - Шварна. Толькі што падбітыя Аўкштота й Жамойць (апошняя цярпела шмат ад крыжакоўі даўжэйшы час былі надта слаба зьвязаны з новым гаспадарствам, i там усьцяж адбываліся забурэньні. Прыходзілася трымаць там навет асобнага князя, залежнага ад князя беларускага. Астачай гэтага ёсьць спатыканы пазьней факт дуалізму ў кіраваньні новым гаспадарствам (на Аўкштоце й Жамойці сядзеў асобны князь), які існаваў у поўнай меры яшчэ за Альгэрда (тады ў Жамойці i Аўкштоце князем быў Кейстут). На пасад вялікага князя трапляў часам i гэты малодшы мсамойцкі князь.

Усе беларускія землі, як Полаччына, Піншчына, Меншчына, Віцебшчына i іншыя, самахоць прылучаліся да новага гаспадарсьцьвенага цэнтру.

Немагчыма навет устанавіць точных датаў, калі асобныя беларускія землі ўвайшлі ў склад новага гаспадарства. Толькі Смаленшчына, найбольш аддаленая, дзе валасная традыцыя наймацней утрымалася, прабавала апірацца, аднак ужо за Biтаўта i яна прылучылася да Вялікага Княства.

Наступныя прычыны здэцыдавалі аб хуткім задзіночаньні ўсіх беларускіх земляў у новым гаспадарсьцьве:

1) Гаспадарства Міндаўгава ад свайго паўстаньня было беларускае.

2) У новым гаспадарсьцьве была заснована праваслаўная мітраполія ў Наваградку (1291), i гэты факт меў тады колёсальнае значэньне, адрываючы беларусаў у рэлігійным адношаньні ад Кіева.

3) Новае гаспадарства будавалася на аснове шырокае фэдэрацыі, ні ў чым не парушаючы старых парадкаў у валасьцёх, i давала ім моцнае падтрыманьне i абарону ад вонкавых варагоў.

Апрача Жамойці i Аўкштоты ў новым гаспадарсьцьве апынулася i частка ўкраінскіх земляў. Аднак ня трэба прадстаўляць гэтага факту як нейкай магутнай экспансіі новага гаспадарства. Украінскія землі былі надта лёгка далучаны таму, што яны канчаткова былі зруйнаваны татарамі.

Гэткім парадкам другі пэрыёд гісторыі Беларусі пачынаецца задзіночаньнем усіх беларускіх земляў даўнейшых воласьцяў у вадно гаспадарства. Існаваньне гэтай адзінай беларускай гаспадарсьцьвенасьці ёсьць характэрнай азнакай усяго пэрыёду. Новая форма гаспадарсьцьвенага жыцьця выклікала перамены ў сацыяльных i культурных адносінах беларускага народу, раўняючы іx паступова ўва ўсім гаспадарстве. Праз увесь час другога пэрыёду Вялікае Княства астаецца беларускім. Беларускія землі твораць вялізарную большасьць яго тэрыторыі, i ў ім пануе беларуская культура й язык. Існаваньне ў новым гаспадарсьцьве жамойцінаў, аўкштоццаў, украінцаў, каторыя мелі ўсе магчымасьці апрычонага разьвіцьця, не пазбаўляе яе беларускага характару.

Частыя войны з Масквой, татарамі ды крыжакамі прымушалі Вялікае Княства шукаць саюзьнікаў. Найбольш натуральным саюзьнікам здавалася Польшча, каторай такжа пагражалі вонкавыя варагі, дый яна такжа шукала саюзьнікаў. Між гэтымі гаспадарствамі паўстаюць умовы, званыя «вуніямі». Умовы гэтыя, часта нявыгодныя, не адбіралі Вялікаму Княству характару незалежнага гаспадарства. З польскага боку, аднак, можна зацеміць спробы падпарадкаваньня Вялікага Княства Польшчы. У гэтым сэнсе польскія ймкненьні знаходзяць унутры гаспадарства саюзьніка ў васобе нова-паўсталай шматлікай шляхты - беларускай, жмудзкай, украінскай, каторая, імкнучыся да здабыцьця сабе як найшыршых прывілеяў, якія ўжо мела польская шляхта, адчыняла польскім уплывам дзьверы і першая паддавалася гэтым уплывам. Абароньнікамі самастойнасьці Вялікага Княства былі магнаты, што трымалі шляхту Ў паслухмянасьці. Беларускія магнацкія роды таго часу - Сапегі, Хадкевічы, Астроскія, Валовічы, Агінскія, Радзівіллы і інш ., выдалі многа шчырых патрыётаў і абароньнікаў беларускага гаспадарства і добра яму заслужыліся.

У другой палове XVI ст. сталіся факты, каторыя ўскалыхнулі фундамэнтамі гаспадарства. Накіненая прымусам, Люблінская вунія 1569 г. зьяўляецца адным із гэтых важкіх фактаў. Другім гэткім фактам была Берасьцейская рэлігійная вунія 1596 г., каторая мела значка вялікшае значэньне ў падарваньні беларускай гаспадарсьцьвенасьці. Берасьцейская вукія распаліла агонь унутракай рэлігійнай барацьбы ў беларускім народзе. У той час, калі ў суседзяў палякоў разьвівалася прыгожае пісьменства, кайлепшыя беларусы аддавалі свае сілы на рэлігійную барацьбу. Ад даты Берасьцейскай вуніі ў даволі шыбкім тэмпе заняпадае ў Беларусі сьвецкая літаратура i ў хваравітым тэмпе расьце схалястычная, рэлігійная. Чэзьне такжа ранейшая рэлігійная толеранцыя. Барацьба між праваслаўем, з аднаго, а каталіцтвам i вуніяй, з другога боку, дае повад Маскве й Польшчы ўмешвацца ў беларускія справы. Зьяўляюцца законы, скіраваныя супраць праваслаўных. Шляхта, здабыўшы сабе роўныя з польскай прывілеі, пераймае польскую культуру, якая тады стаяла вышэй за беларускую. Паступова зыходзяць з гістарычнае арэны магнацкія роды, колішнія верныя абароньнікі незалежнасьці гаспадарства. Беларуская мова памалу выходзіць з ужытку ў вышэйшых сфэрах, i ў 1697 г. афіцыяльна перастае быць мовай урадавай. Беларускімі астаюцца толькі сялянства й мяшчанства ды часткова шляхта (дробная), але гэтыя клясы ня мелі тады значэньня.

З адыходам з беларускай гістарычнай арэны буйнай шляхты й магнатаў у канцы XVII ст. беларуская незалежная гаспадарсьцьвенасьць i культура абрываецца. Сымбалічным канцом гэтага пэрыёду можна лічыць год 1697.

3) У трэйцім пэрыёдзе беларускі народ ня мае собскае гаспадарсьцьвенасьці і ня мае сваіх культурных вярхоў - панства й магнатаў, якіх утраціў. У гэтым пэрыёдзе Беларусь тэрытарыяльна - яшчэ і да падзелаў Польшчы - належыць такжа часткова і да Маскоўскага гаспадарства. Пасьля падзелу Польшчы ўся тэрыторыя Беларусі адыйшла да Масквы. Можна сказаць, што амаль да паўстаньня 1863 г. польскія ўплывы на беларускую шляхту і мяшчанства паглыбляліся. Толькі пасьля паўстаньня 1863 г. расейская ўлада пачынае ходацца з польскімі ўплывамі і ўвадзіць расейскія. Апошнія былі найвялікшыя ў тэй частцы Беларусі каторая найраней адыйшла да Масквы. Расейскія ўплывы не здабылі спольшчанай беларускай шляхты, мала адбіліся на беларускім сялянстве (пераважна праваслаўным|, але мелі некаторы посьпех у праваслаўным беларускім мяшчанстве.

У трэйцім пэрыёдзе беларускімі асталіся ўжо толькі сялянства і мяшчанства. Прыгонная гаспадарка і жорсткі сацыяльны ўціск перашкаджалі даўжэйшы час гэтым клясам выявіць сваю здольнасьць да жыцьця. Толькі пасьля скасаваньня прыгону ў 1861 г. адчынілася для беларускага сялянства й мяшчанства магчымасьць паляпшэньня матэрыяльных умоваў жыцьця, здабываньня асьветы. Вырослыя пасьля скасаваньня прыгону пакаленьні сялянства й мяшчанства пачынаюць выдаваць Із свайго асяродзьдзя прадстаўнікоў культурнага, палітычнага й сацыяльнага вызваленьня народу.

У першай палове XIX стаг. пачынаецца адраджэньне беларускай пісьменнасьці. Прынесеныя і ў Беларусь з Заходняй Эўропы новыя кірункі ў літаратуры (рамантызм і інш.) прымушалі некаторыя адзінкі із спольшчанай беларускай шляхты цікавіцца мовай, звычаямі, легендамі, паглядамі беларускага сялянства. У беларускай мове зьяўляюцца першыя новыя сьвецкія творы. Лічба шляхоцкіх пісьменьнікаў, што пісалі і па-беларуску, узрастае. У творах гэтых пісьменьнікаў пачынае выяўляцца і думка палітычнага адраджэньня беларускага народу.



[1] Трэба адкінуць разьдзьмуханую польскімі гісторыкамі i прыйманую бяскрытычна расейскімі г. зв. тэорыю «літоўскай экспансіі» на беларускія землі. Прыняць гэтай тэорыі немагчыма, бо ёй пярэчаць гістарычныя факты. Міндаўг не із Жамойці або Аўкштоты заваёваваў беларускія землі, а наадварот, як прызнае нават Г. Лаўмянскі («Studia nad początkami społeczeństwa i państwa litewskiego»), 3 беларускіх земляў Наваградчыны, Слонімшчыны, Ваўкавышчыны ды Горадзеншчыны, дзе паўстала яго гаспадарства, рушыў на заваяваньне Аўкштоты й Жамойці. Факт, што на тэрыторыі Беларусі зьяўляліся літоўскія разбойніцкія банды з мэтамі грабежы, зусім ня ёсьць доказам «літоўскай экспансіі». Магутныя беларускія гарады часта запрашалі на княжы пасад ліцьвяка, аднак гэта ня сьведчыла аб «падбою» гораду, воласьці, бо гэткі князь залежыў такжа ад веча (земства). Квэстыя гэта патрабуе распрацоўкі, i мы не аднойчы яшчэ да яе вернемся.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX