Папярэдняя старонка: Артыкулы

Сімакоў Алесь. 'Апачы!' праз 30 гадоў 


Аўтар: Сімакоў Алесь,
Дадана: 11-11-2021,
Крыніца: pawet.net.



Пусть опять селенья жгут апахи,

Угоняя тучные стада,

Пусть блестят в стремительном размахе

Томагавки, копья и навахи, -

Пусть опять прихлынут к сердцу страхи,

Как в былые, детские года!


Уладзіслаў Хадасевіч

***За окном - ночные разговоры...

(1916)

"Апачы!" праз 30 гадоў
Суровая, але прыгожая паэзія жыцця легендарнага народа

"Апачы!" - гэты вокліч безліч разоў прымушаў падарожнікаў па Дзікім Захадзе хапацца за зброю, а іх сэрцы - ліхаманкава біцца , розум - рыхтавацца да горшага. Маленькія групы апачаўскіх партызанаў трымалі ў пастаянным напружанні жыхароў ранчэрый і мястэчкаў, гарняцкіх пасёлкаў, салдатаў у прэсідыёс і фартах. Яны былі супраць усіх і ўсе былі супраць іх: іспанцы, потым мексіканцы, а пазней амерыканцы; іх ворагамі былі і індзейцы: пуэбла, каманчы, юта... Яны варагавалі нават паміж сабой. Невыпадкова само слова "апачы" паходзіла з мовы іх суседзяў зуньі і азначала "ворагі"...

Іх называлі "лютым", "дзікім", "ваяўнічым" племем, "самым кепскім у Паўночнай Амерыцы". Іх імя зрабілася сінонімам упартасці, хітрасці і жорсткасці, злачыннасці. Гэты стэрэатып распаўсюдзіўся па свеце. У Парыжы "апачамі" пачалі называць крымінальнікаў... Але для кагосьці гэтыя людзі былі і "арламі Паўднёвага Захаду"! Яны сталі найбольш частымі персанажамі ў вестэрнах - літаратурных і кінематаграфічных. Адзін з бацькоў жанру - нямецкі пісьменнік Карл Май стварыў серыю раманаў пра высакароднага апача Вінету. Як і гэты паўвыдуманы герой, апачы ператварыліся ў легенду, міф, казку, у нейкіх фантастычных, амаль неіснуючых істот.

Апачы і цяпер застаюцца адным з самых вядомых індзейскіх народаў Амерыкі. Але ці дастаткова белетрыстыкі, каб спасцігнуць лёс і душу народа? Гісторыя апачаў, драматычная, багатая падзеямі і нечаканымі паваротамі, узнаўляецца ў многіх цікавых кнігах, іх культура дэтальна вывучана этнографамі, сярод якіх вылучаецца Морыс Оплер, іх мовы - атапаскай лінгвістычнай сям'і - апісаны і захаваны ў слоўніках.

Якія ж яны былі і якія ёсць, "ісмаіліты Новага Свету"?

Тhе Southwest! Так на звалі гэты край грамадзяне Злучаных Штатаў, бо знаходзіцца ён якраз на паўднёвым захадзе іх краіны, у штатах Арызона і Нью-Мексіка. Тут вялікая разнастайнасць ландшафту: высакатраўная прэрыя, блакітныя горы і астанцы дзівосных форм, азёры і рэкі, якія перасыхаюць у сухі сезон, хвойны лес і амаль поўная пустыня. Тут растуць ядловец і разнастайныя кактусы, вярба і юка, дуб, піньён і мескіта. Тут сыходзяцца паўночныя і паўднёвыя жывёлы: мядзведзі і пекары, алені мазамы і ацэлоты, лугавыя сабачкі і ядазубы, грыфы- індычкі і дарожныя бегуны. Назвы гэтага краю - Рыа-Грандэ, Санта-Фэ, Льяна-Эстакада, Сілвер-Сіці, Фінікс, Араібі, Таос - адлюстроўваюць сінтэз культур.

На Паўднёвы Захад апачы прыйшлі з поўначы. Яны аддзяліліся ад сваіх братоў атапаскаў у канцы першага тысячагоддзя нашай эры і здзейснілі доўгі пераход праз лясы і раўніны, пакінуўшы на гэтым шляху граду, якая пазней стала вядома як каёва-апачы. Пуэбла, плямёны мясцовых індзейцаў, культура якіх развівалася тут многія стагоддзі, сталі для іх і аб'ектамі нападаў, і адначасова - настаўнікамі. Хаваючыся ў сваіх шматпавярховых дамах-крэпасцях, яны пакідалі на палях маіс і іншыя расліны, якія запазычвалі апачы, што спрыяла іх працвітанню і росту.

Калі ў 1540 годзе сюды з поўдня прыйшоў іспанскі атрад Франсіска дэ Каранада, апачы расшырылі сваю тэрыторыю ад сучасных заходніх Канзаса, Аклахомы і Тэхаса да ўсходняй Арызоны і паўночнай Мексікі. Іх было няшмат, некалькі тысяч, але яны былі ўжо раздзелены на асобныя плямёны: ліпан, хікарылля, мескалера і чырыкахуа, а таксама заходнюю групу, якая не мела выразнай племянной арганізацыі, і адрозніваліся па культуры, што тлумачылася рознымі прыроднымі ўмовамі і знешнімі ўплывамі. На ўсходзе жылі ў палатках - ціпі, палявалі на бізонаў і неслі ў сабе іншыя рысы індзейцаў прэрый. На захадзе рабілі жыллё з галля і шкур - вікіяп. Хікарылля і заходнія апачы больш за іншых узялі ад пуэбла, былі лепшымі земляробамі. Хікарылля мелі найбольш развітае ганчарства. Усе апачы цудоўна выраблялі аленевыя скуры і рабілі плецены посуд.

Гаспадарку вялі разам: вялікая сям'я - маці і бацька з дзецьмі, а таксама сем'і дачок, якія мелі асобнае жыллё, - мужчыны здабывалі дзічыну, жанчыны - карысныя расліны. Вырошчвалі маіс, гарбузы, бабовыя. Аб'яднаныя ў роды пад кіраўніцтвам правадыроў, апачы былі калектывістамі, бо інакш не выжывалі б. Дзяцей таксама выхоўвалі ўсе разам, іх любілі і…менавіта таму абыходзіліся з імі сурова: бывала, іх кідалі ў халодную ваду - каб самі выплывалі і такім чынам рабіліся вытрывалымі. Хлопцы прызвычайваліся купацца і бегаць перад світанкам у любую пару года; пры ўзыходзе сонца - беглі без перапынку на вяршыню гары і назад. Дзяўчынкі мала ўступалі хлапчукам, бо іх чакалі частыя пераходы і… удзел у вайне. Найважнейшай цырымоніяй, якая збірала роды, быў абрад прысвячэння дзяўчат у жанчыны, або абрад Усходу Сонца. Сэнс цырыманіяльнага жыцця заключаўся ў тым, каб прадухіляць нягоды ў будучым і змагацца з хваробамі. Вельмі баючыся захварэць, яны прыпісвалі іх узнікненне кантактам з пэўнымі жывёламі, напрыклад, совамі або каётамі, і разлічвалі на шаманаў, якія атрымлівалі свае звышнатуральныя сілы ў гэтых жывёл.

У час вайны і ў розных экстрэмальных сітуацыях апач спадзяваўся на духаў-ахоўнікаў і Забойцу Усіх Ворагаў, але поспех больш залежаў ад спрыту і ваеннага майстэрства. Воін апачаў зліваўся з прыродай - мог знаходзіць ежу там, дзе не змог бы знайсці нават воўк, а мог не есці шмат дзён. Невысокія, каржакаватыя, круглагаловыя і шыракатварыя, апачы ўяўляліся сапраўднымі дэманамі іх ворагам. Стрэлы з апачаўскіх лукаў на адлегласці ста крокаў ( верагодна, трэба чытаць: метраў; шырока распаўсюдзілася выказванне Мальтэбруна, што - блізкіх да фантастычных 300 крокаў. - Заўвага 2021 г.) прабівалі наскрозь чалавека; зробленыя з трыснягу, яны раздрабляліся і наносілі страшэнныя раны. Іх набегі сталі больш далёкімі і хуткімі, калі яны пачалі забіраць у іспанцаў коней і прыручаць мустангаў. 3 таго часу апачы - "конны народ": індзеец і яго конь ператвараліся ў адно і добра разумелі адзін аднаго, чалавек спяваў свайму скакуну…

Адносіны апачаў з іспанскімі каланізатарамі складваліся неадназначна: былі перыяды адноснага міру, але пераважала "герыялья". Яны не дапускалі да сябе місіянераў і таму не "дэмаралізаваліся". Яны вельмі шанавалі свабоду. У чужынцаў, якія з'яўляліся ў Апачэрыі і выцяснялі іх з паляўнічых земляў, запазычвалі тое, што хацелі: іх звычкай стаў захоп трафеяў. Ад непатрэбнага адмаўляліся.

На працягу XVIII стагоддзя напады апачаў на іспанскія пасяленні рабіліся ўсё больш спусташальнымі. Імі былі забіты і ўзяты ў палон тысячы людзей, захоплены сотні асьенд і ранча, яны забралі сабе дзясяткі тысяч галоў хатняй жывёлы. "Іспанія, - пісаў амерыканскі гісторык, - апынулася перад альтэрнатывай - альбо поўная ліквідацыя яе паўночнай мяжы, альбо выпрацоўка шырокай праграмы абароны". Каб не стаць ахвярамі бясконцых налётаў, іспанцы пакідалі паўночныя правінцыі віцэ-каралеўства Новая Іспанія. Магчыма, апачы звялі б насельніцтва Саноры і Чыўаўа дарэшты, але, як самі не без гумару казалі, людзі там патрэбны былі ім, каб гадавалі для іх коней, авечак і буйную рагатую жывёлу. Часткова апачаў можна было зразумець: іх зганялі са сваіх земляў каманчы.

Міжплемянная варожасць зноў была выкарыстана іспанцамі; тактыка "раздзяляй і заваёўвай" была адзінай эфектыўнай супраць апачаў. Мексіканскія віцэ-каралі Антоніа Букарэлі і Тэадора дэ Круа і іх падначаленыя Аканор, Анса і дэ Мез'ер ажыццявілі абарончыя захады і заключылі часовы саюз з каманчамі. Тым не менш "шэраг выпадковых акалічнасцей" прывёў да катастрофы: у канцы 80-х гадоў апачы ўзнавілі набегі, і гэтая частка неабсяжнай іспанскай імперыі хутка прыйшла да заняпаду.

Нянавісць да іспанцаў апачы перанеслі на мексіканцаў, якія ў 1821 годзе ўтварылі незалежную дзяржаву. Разам з амерыканскімі авантурыстамі, якія прыходзілі па "сцежцы Санта-Фэ", яны ўчынілі масавыя забойствы апачаў, усяляк заахвочвалі паляванне за скальпамі. Іспана-амерыканцы "ўдасканалілі" апачаўскія катаванні.

Вайна паміж Мексікай і Злучанымі Штатамі скончылася перамогай захопнікаў, і зямля апачаў была падзелена лініяй, сэнс якой індзейцы адразу не зразумелі. У далейшым амерыканскія войскі вымушаны былі неаднаразова пераходзіць мяжу наўздагон апачаўскім "рэйд арам". Серыя здрадніцтваў "англас" - амерыканцаў, а найперш паланенне і забойства ў 1863 годзе правадыра мімбрэньё Мангаса Каларада і разня каля Кэмп-Гранта ў 1871 годзе, зноў вывела апачаў на сцяжыну вайны. Яна адрознівалася надзвычайнай жорсткасцю: поўніліся "мемарыялы" - сведчанні аб амерыканскіх ахвярах апачаў. Зрэшты, і індзейцы гублялі шмат воінаў, жанчын і дзяцей.

Паступова, аднак, былі створаны рэзервацыі і ўрадавыя чыноўнікі - "індзейскія агенты" - спрабавалі прывучаць індзейцаў да "цывілізаванага" жыцця. Нямногія, як Том Джэфардс, сябар правадыра чырыкахуа Качыза, здолелі заслужыць давер "дзікуноў". Свабодалюбівы нораў апачаў і злоўжыванні белых улад выклікалі паўстанні, апачы пакідалі рэзервацыі і ўраганам праносіліся па Паўднёваму Захаду, "знішчаючы ўсё на сваім шляху" і знікаючы ў мексіканскіх гарах Сьера-Мадрэ. Апошнімі з амерыканскіх генералаў, якія кіравалі аперацыямі супраць апачаў, былі Джордж Крук і Нэльсан Майлс. Крук імкнуўся дамовіцца з правадырамі і "рэнегатамі", Майлс, выпраўляючы "памылкі" папярэдніка, дзейнічаў больш рашуча.

У 1886 годзе здаўся лідар апошняга супраціўлення Хероніма. Нягледзячы на гэта, усё яго племя чырыкахуа, уключаючы салдатаў і скаўтаў арміі ЗІІІА, было дэпартавана ў другі канец краіны - у Фларыду, вільготны і балоцісты край, згубны для жыхароў арыднага Паўднёвага Захаду. Адпраўленыя пазней у Аклахому і вызваленыя толькі ў 1913 годзе, 183 з іх вярнуліся ў Нью-Мексіка, а 82 засталіся жыць на ферме непадалёку ад форта Сіл.

Такім чынам,у пачатку XX стагоддзя групы апачаў былі расселены ў некалькіх населеных пунктах Аклахомы, у Нью-Мексіка - рэзервацыі Хікарылля і Мескалера - і ў Арызоне - Форт-Апачы і Сан-Карлас. Разам з іншымі карэннымі амерыканцамі, асуджанымі на ціхае выміранне ад беднасці, хваробаў, алкагалізму, апачы супрацьстаялі спробам разбурыць іх племянны лад жыцця. Яны змаглі захаваць племянную ўласнасць на зямлю і правы самакіравання. Яны прывык алі жыць у міры з амерыканцамі. Калі пачалася другая сусветная вайна, многія апачы вызначыліся ўжо ў складзе амерыканскай арміі. Асабліва праславіліся апачаўскія паветраныя дэсантнікі, а адзін з самых вядомых ветэранаў - Джымі Дэклай яшчэ жыве ў арызонскім мястэчку Уайтрывер.

У пасляваенны час адбыліся значныя змены ў жыцці апачаў. Хероніма імі ўжо хутчэй успамінаецца, калі апачаў запрашаюць на спартыўныя спаборніцтвы жыхары суседняга з рэзервацыяй гарадка. Славутыя пажарныя брыгады тых, хто калісьці пакідаў за сабой папялішчы, выратоўваюць ад агню лясныя масівы ў многіх раёнах Злучаных Штатаў. Колькасць апачаў узрасла, дасягнуўшы ў 80-я гады 20-23 тысяч. Хоць моладзь пэўны час адыходзіла ад традыцыйнай культуры, адбываецца вяртанне да вытокаў. Паўднёвыя атапаскі захавалі мову "на 67 %", але мовы каёва-апачы, чырыкахуа і ліпан "знаходзяцца на завяршальнай стадыі знікнення". Апачаўскія мовы пісьмовыя: для веруючых - а сярод апачаў ёсць лютэране, баптысты, католікі - выдаецца Біблія па-апачаўску. Старая паганская вера цяпер часта змешваецца з хрысціянскімі ўяўленнямі, нараджаючы такія цікавыя духоўныя з'явы, як "рэлігія Сайласа Джона". Маральныя, выхаваўчыя і многія іншыя праблемы ўзнімаюцца на старонках племянных газет - " Форт-Апачы скаўт", "Правадыр хікарылля", "Барабанны бой апачаў", якія выдаюцца на англійскай мове. Усё больш людзей атрымлівае вышэйшую адукацыю. Сусветную вядомасць набыла творчасць мастака Алена Хаўзера, з апачаў выйшлі пісьменнікі (сярод іх - паэт Раман Адрыян) і лідары паніндзейскага руху (Уэндэл Чына, прэзідэнт племя мескалера на працягу сарака гадоў, быў кіраўніком Нацыянальнай асацыяцыі старшынь плямёнаў і Нацыянальнага кангрэса амерыканскіх індзейцаў , прадстаўляў "карэнных" Амерыкі на міжнародных форумах; Мэры Кім Цітла, маладая апачка сан-карлас, з'яўляецца віцэ-прэзідэнтам арганізацыі "Аб'яднаная нацыянальная індзейская моладзь" ("АДЗІНСТВА")).

Спакой апачаў забяспечвае ўласная паліцыя, здароўе - медыцынскія цэнтры. У рэзервацыях развіваецца бізнес, бо нашчадкі Качыза ўжо не жадаюць быць танным сыравінным прыдаткам, жыць за кошт дзяржаўных датацый і даходаў ад турызму: хікарылля бяруцца за арганізацыю нафтаперапрацоўчага прадпрыемства, уайт-маунцін - "Апачы ман'юфакчурынг компані" - робяць дэталі для верталётаў; працуюць лесапільныя заводы, павышаюць прадукцыйнасць асацыяцыі жывёлаводаў. Дзелавыя камітэты плямён распрацоўваюць новыя праекты.

Апачы - прагрэсіўная група і па амерыканскіх і, напэўна, па савецкіх мерках. Яны былі першымі, хто апублікаваў у сваім друку паўжартаўлівую, паўсур'ёзную прапанову аб індзейска-беларускім сумесным прадпрыемстве*.

Апачы добра ўсведамляюць сваю сусветную славутасць; яны ганарацца тым, што яны апачы. Будучае іх - пасля многіх стагоддзяў барацьбы і выпрабаванняў, пасля стабілізацыі іх жыцця ў апошнія дзесяцігоддзі - дастаткова аптымістычнае, каб спадзявацца, што не толькі ў музеях і на кінаэкранах, але і ў эканоміцы, у сучаснай культуры і міжнародных адносінах застанецца іх непаўторны след.

Алесь Сімакоў


Сімакоў А. "Апачы!" // Бярозка. 1992. № 5-6. С. 28-29: моцна скарочаны тэкст аўтарскай версіі студзеня 1991 г. быў яшчэ і пераведзены ў тарашкевіцу. Працэс падрыхтоўкі артыкула вельмі зацягнуўся - будучыня часопіса выглядала песімістычна (нумар выйшаў на тонкай паперы, у зменшаным фармаце - сурова). Цяпер мы ўзнаўляем першапачатковую версію, камбінуючы тэкст з публікацыі і машынапісу: месцы, скарочаныя рэдакцыяй "Бярозкі", вылучаны курсівам; у фрагментах з часопіса пры вяртанні ў афіцыйны варыянт правапісу непрынцыповая замена слоў і літар не адзначаецца; выпраўленні ў абодвух крыніцах тэксту цяперашняй публікацыі тычацца толькі невялікай колькасці тэхнічных і яўных стылістычных дэфектаў і пазначаюцца толькі ў выпадках, якія тэхнічна дапамагаюць зразумець рэдактарскую логіку.

Для дадатковага чытання: Сімакоў А. Дэпартацыя апачаў у 1886 г. // Весці АНМ. Нацыянальныя меншасці на Беларусі і ў свеце. 1997. № 3. С. 32-34. Сімакоў А. Ад карэйцаў да апачаў // Наша ніва. 1997. 3 лістап. С. 2 (пра навуковую канферэнцыю Міжнароднай акадэміі вывучэння нацыянальных меншасцей); В гости к апачи? // Народная газета. 1991. 12 мая (пра запрашэнне на Сход духоўнай еднасці плямён у Нью-Мексіка); Симаков А. Белорусские апачи / интервью взял капитан А. Карлюкевич // Ленинец (газета Минского высшего военно-политического общевойскового училища). 1991. 12 дек.; *Simakou A. Russian Native writes Scout // Fort Apache Scout (Whiteriver, AZ). 1989. Jun. 30. P. 2.

*

Гэты тэкст (без аўтографа з вершаванымі радкамі У. Хадасевіча і часткі тэксталагічных заўваг) надрукаваны з невялікімі адрозненнямі як: Сімакоў А. "Апачы!" праз 30 гадоў: суровая, але прыгожая паэзія жыцця легендарнага народа // Наша слова. 2021. 11 лістап. № 45 (1560). С. 7-8.

У дададзеным файле pdf аб'яднаны скан машынапісу, скан з "Бярозкі" і публікацыя ў "Нашым слове" - для візуальнага ўяўлення пра тры галоўныя моманты ў гісторыі гэтага тэксту.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX