Вярнуцца: Артыкулы

Брага Сымон. Доктар Скарына ў Маскве


Аўтар: Брага Сымон,
Дадана: 22-10-2012,
Крыніца: Брага Сымон. Доктар Скарына ў Маскве // Спадчына № 4 - 1991. С. 11-29.



(...) 2.

Друкуецца паводле зборніка «Запісы». Мюнхэн, Беларускі інстытут НавукІ i Мастацтва, 1963. Кн. 2.

На думку аб падарожжы ў Маскоўшчыну Скарыну маглі наводзіць найперш чыста практычныя меркаваньні - спроба знайсьці шырэйшыя рынкі збыту для выдадзеных праваслаўных рэлігійных кнігаў, рынкі, якія (51KB) Карта Масковіі ды суседніх краін. З кнігі С. фон Герберштэйна 'Масковія'. паза ллежамі Вялікага Княства Літоўскага існавалі якраз на ўсходзе. Хоць матывы перакладу кнігаў Бібліі на беларускую мову й ix друку для «люду паспалітага» у Скарыны былі бясспрэчна патрыятычна-ідэйныя, i хоць кнігі былі прызначаныя ў першую чаргу для ягонае-ж бацькаўшчыны Беларусі, тым няменш яго, як выдаўца, не магло ня цікавіць пытаньне магчымасьці далейшага ix пашырэньня, хоць-бы для тога, каб за выручаныя грошы праводзіць далей шырака задуманае выдавецтва, а найперш - давесьці да завяршэньня справу выданьня ўсіх кнігаў перакладзенае ім Бібліі.

(42KB) Зіма ў Масковіі. Гравюра з кнігі С. фон Герберштэйна 'Масковія'.

Доктару Скарыне магло карціць i выясьніць магчымасьці наладжаньня друкарскае справы ў самой Маскве. Як ведама, з тых ці іншых прычынаў ягонае выдавецтва ў Празе, а пасьлей у Вільні абарвалася. Маскоўскае-ж княства ў Скарынаву пару вырасла ўжо ў вялікую дзяржаву й прастораю, i сваім, блізу вылучна праваслаўным паводля веры, жыхарствам. Маскоўскія князі да пачатку XVI стагодзьдзя ня толькі здолелі атрэсьціся ад татарскага ярма, але пасьпелі ўжо самі падбіць Вялікі Ноўгарад (1480 г.), Пскоў (1510 г.) дый захапіць ад Вялікага Княства Літоўскага Смаленск (1514 г.). Дык ня дзіва, калі Скарыне магло выдавацца, што на ўсходзе, у Маскоўшчыне, ляжаць адлогам вялізарныя прасторы для піянэрскае культурнае дзейнасьці ў галіне праваслаўнага рэлігійнага друку.

Маглі ў доктара Франьцішка Скарыны паўстаць зацікаўленьні Масквою й як месцам практычнага прытарнаваньня свае мэдычнае прафэсіі. Палажэньнем i працаю ў Вільні Скарына выразна ня быў задаволены й шукаў іншага, новага асяродзьдзя для прытарнаваньня свае шырокае веды. Пра гэта нам сьветчыць ягоны выезд вясною 1530 году да Каралеўца дый кароткатрывалы эпізод ягонага тамака прабываньня на двары прускага гэрцага Альбрэхта. Аб гэтым-жа гаворыць i тое, што пазьней доктар Скарына пакінуў Вільню назаўсёды дый асеў на становішчы батаніка-садоўніка караля Фэрдынанда I у чэскай Празе. А. В. Флароўскі дапушчае, што Скарына мог зацікавіцца Масквою й з гандлёвага гледзішча, бо-ж сяньня ведама, што побач лекарскае прафэсіі дый друкарска-выдавецкае справы, у патрэбе ён ня чураўся й свайго радавога занятку - гандлю. Сьветчаць аб гэтым дакумэнты, на якія ў дваццатых гадох гэтага стагодзьдзя натрапіла ў пазнанскіх меставых актах М. Вайцяхоўская. Тамака адзначана, што доктару Скарыне ягоны брат Іван быў вінаваты за дастаўленае ліёнскае сукно 11 коп літоўскіх грошаў.

Дык было шмат прычынаў, якія маглі накіроўваць увагу Скарыны да справы падарожжа на ўсход, у Маскоўшчыну. З другога-ж боку магло паўставаць перад ім i яшчэ больш вельмі паважных засьцярогаў супроць такога падарожжа. Найперш - само асяродзьдзе тагачаснае Маскоўшчыны, што ледзь пасьпела вылузацца з татарскага ярма, было гэтак адрозным ад культурна-духовага жыцьця ў Вялікім Княсьцьве Літоўскім, што калі толькі Скарына ўсьведамляў сабе гэта, падарожжа да Масквы яму, гадунцу тагачасных культурнаінтэлектуальных цэнтраў Эўропы, мусіла-б выглядаць вельмі рызыкоўным. Факт сяньня добра ведамы, што шпаркаму тэрытар'яльнаму росту Маскоўскае дзяржавы канца XV- пачатку XVI стагодзьдзяў дый скрысталізаванай ужо тады яе вялікадзяржаўнай мэце стацца «трэйцім Рымам»- зусім «не адказвала нутраное інтэлектуальнае разьвіцьцё, край быў пазбаўлены ўсякае асьветы й сяродкаў да яе... Асьвета народу i у XVI i XVII стагодзьдзях застаецца на самай прымітыўнай ступені, блізу зусім не існавала». У тагачаснай Маскоўшчыне навет «складаецца перакананьне, што асьвета ня толькі не патрэбная, але можа й пашкодзіць...».

У вадваротнасьць Вялікаму Княству Літоўскаму, якое, асабліва ад пачатку XVI стагодзьдзя, знайходзілася ў беспасярэднім жывым засягу культурных працэсаў заходняэўрапейскага цывілізацыйнага кругу, тагачасная Маскоўшчына бытавала й далей паза эўрапейскім духовым сьветам. Як сьцьвярджае чэскі гісторык Пэрвольф, «...да Пётры Вялікага на Маскоўшчыну ўва ўсёй Эўропе глядзелі як на гаспадарства, што стаяла вонках іншых эўрапейскіх дзяржаваў». I гэтае «вонках» разумелася й палітычна, i культурна. Гэткі пагляд на Маскоўшчыну быў пашыраны найперш у Скарынавую пару, у часы, калі Маскоўскае княства ў кажнай галіне свайго бытаваньня зраджала звычкі, вякамі перанятыя ад татарскага складу й ладу жыцьця.

Яшчэ ў канцы XV стагодзьдзя аб грубой жорсткасьці маскоўскіх звычаяў трагічна пераканаліся два заходняэўрапейскія лекары. Каля 1485 году ў Маскве знаходзіўся лекар «Немчын Антон», якога маскоўскі князь Іван III меў быццам у васаблівай пашане. Дый давялося лекару гэтаму лячыць раз татарскага князя Каракучу. Лячэньне не ўдалося, хворы памёр. Князь Іван выдаў тады лекара Каракучаваму сыну. Той хацеў адпусьціць яго за вялікі выкуп. Дый Іван III на гэта не згадзіўся, а загадаў лекара забіць. У выніку, Татары завялі Немчына Антона пад Маскварэцкі мост i там, як кажа летапісец, «зарэзалі ножем как овцу». Прысутнага тады ў Маскве італьянскага інжынер-архітэкта Арыстотэля Фіоравантэ, якога вялікі князь запрасіў для будовы цэркваў i перабудовы Крамля, трагэдыя лекара Антона гэтак напалохала, што той пачаў маліць Івана III адпусьціць яго назад у Італію. За гэта вялікі князь загадаў схапіць яго дый аграбіць. Падобнае неўзабаве здарылася й зь іншым лекарам. У 1490 годзе захварэў на ламату ў нагах сын вялікага князя, малады вялікі князь Іван. Быў гэтым часам у Маскве лекар «майстра Лявон Жыдовін» зь Вэнэцыі. Лячыць сына князь загадаў яму. Майстра Лявон лячыў, як мог - прьгкладаў да цела шклянкі з гарачаю вадой, даваў хвораму піць лекі. Дый стан пацыента, заміж лепшаць, горшаў, а хутка ён i памёр. Тады Іван III загадаў лекара схапіць i кінуць у цямніцу. Калі-ж ад сьмерці князевага сына мінула 40 дзён, майстру Лявона завялі на маскоўскую плошчу Балваноўку й тамака адсеклі яму галаву. Падобныя факты, пэўне-ж, не маглі заахвочваць Скарыну, самога лекара, да падарожжа ў Маскву. А пра незавідную долю лекараў у Маскве Скарына мог чуць яшчэ ў гады свайго юнацтва ў ня гэтак далёкім ад Масквы Полацку, зь якілл, нягледзячы на частыя тады войны Маскоўшчыны зь Вялікім Княствам Літоўскім, усё-ж існавалі гандлёвыя дачыненьні.

Да Скарыны мог дайсьці слых i пра ня менш трагічны лёс i першага ведамага друкара, што адважыўся накіравацца ў Маскоўшчыну. Паводля актавых i летапісных вестак маскоўскіх i нямецкіх, у 1493 годзе паехаў да Масквы, з мэтаю наладзіць таллака друк, ведамы тады любэцкі друкар Баўтрамей Готан. Пра нейкія практычныя вынікі ягоных друкарскіх плянаў у Маскве ў гісторыі нялла ніякіх сьлядоў. Але ведама затое, што ўжо праз паўтара года, у годзе 1495, Баўтрамея Готана зьвінавацілі ў гарэзіі, аграбілі й - утапілі. Пра долю лекароў i друкара Готана, трагэдыі якіх разыгрываліся ў Маскве яшчэ ў гады Скарынавага маленства, мог ён ведаць, мог i не. Але мусіў ён чуць i знаць пра іншыя, пазьнейшыя факты яскравае неталяранцыі i грубое жорсткасці, якіх дазналі ў Маскве чужынцы ўжо ў napy Скарынавае сталасьці дый ягонае бытнасьці ў Вільні.

У Маскве ў тую пару ня было нікога, хто-б разумеў пагрэцку дый мог перакладаць з мовы грэцкае на царкоўнаславянскую патрэбныя рэлігійныя кнігі, найперш - палемічныя кнігі супроць «латыніян». Князь Васіль Іванавіч зьвярнуўся таму з просьбаю да манахаў ведамае Афонскае гары ў Грэцыі, каб тыя прыслалі перакладніка. У выніку гэтага ў 1518 годзе да Масквы на «часовую» перакладніцкую працу прыяжджае Максім Грэк. Быў гэта чалавек строгае асцэтычнае маралі й высока адукаваны. Хоць дактаратаў i ня меў, але, як i Скарына, вучыўся на ўнівэрсытэтах Італіі, студыяваў там клясычныя мовы дый царкоўную й філязафічную літаратуру, слухаў у Флярэнцыі палкія прамовы фанатычнага Саванаролі. Максім Грэк хутка справіўся з даручэньнем перакласьці «Талковы псалтыр» i хацеў варочацца назад у Грэцыю. Дый князь Васіль яго не адпускаў, а вымагаў перагляду й выпраўленьня царкоўнаслужэбных кнігаў i больш перакладаў.

Колькі год пасьлей, якраз вясною 1525 году, калі ў Вільні доктар Скарына ўзводзіў верставы стоўп культурнае гісторыі Беларусі, выпускаючы ў сакавіку месяцы зь першае на беларускай зямлі друкарні першую кнігу «Апостала»,- у Маскве, у красавіку-травені таго-ж году, саборам судзілі найбольш асьвечанага тамака чалавека - Максіма Грэка. Вінавацілі яго ў «еллінскіх» дый «жыдоўскіх ерасях» i «чарах», а на довад гэтага прыводзілі памылкі, зробленыя ІМ пры перакладзе рэлігійных кнігаў i выпраўляньні кнігаў літургічных, хоць недакладнасьці гэтыя відавочна й легка паясьняліся слабою ведаю Максіма Грэка ў царкоўнаславянскай мове дый звычайнымі памылкамі пісцоў. Максім Грэк да віны ня прызнаваўся, каяцца ня каяўся, а, наадварот, сваю справу яшчэ яўна пагоршыў тым, што перад саборным судом выказаў сумляваньне ў аўтакефальнасьці й прававернсьці маскоўскае праваслаўнае царквы. Ягоным галоўным прасьледнікам i супраціўнікам быў тагачасны маскоўскі мітрапаліт Даніла. Сабор засудзіў Максіма Грэка на манастырскае зьняволеньне. Князь Васіль прысуд пацьвердзіў, i няўдатны перакладнік быў сасланы ў Валакаламскі манастыр дый кінуты тамака ў цямніцу «обращения ради и покаяния, и исправления», із строгаю забаронаю перапісвацца зь кім-небудзь i наагул пісаць. Шэсць год пасьлей, у 1531 годзе, яго ізноў прывезьлі ў Маскву дый нанава саборам судзілі за новавыкрытыя памылкі перакладаў. Цяпер Максім Грэк тройчы падаў ніцма перад саборам, каяўся, прызнаваўся ўжо да памылак, апраўдваўся людзкой слабасьцяй i недасканаласьцяй, і зь сьлязьмі ў вачох прасіў дараваць яму памылкі, маліў у мітрапаліта Данілы й саборнага духавенства зразуменьня й літасці. Дый нічога не памаглі ні мольбы, ні каянкі, ні самапаніжэньні. Гэтым разам сабор адлучыў, на дадатак, Максіма Грэка ад сьвятых тайнаў, i яго, скаванага, павалаклі ізноўка ў цямніцу, цяпер ужо ў Атроцкі манастыр у Цьверы.

(43KB) Маскоўскі цар Васіль ІІІ.

Пазьней Максім Грэк прасіўся ня раз у вялікага князя пусьціць яго назад у Грэцыю, на Афонскую rapy у манастыр, дый дарма. Бяз выніку засталіся й няўтомныя захады-просьбы Афонскіх манахаў дый заступніцтвы антыяхійскага й канстантынопальскага патрыярхаў ад імені ўсяго сабору дый патрыярха ярузалімскага. Усе гэтыя стараньні лёс Максіма Грэка канчаткова прыпячатвалі, бо вялікі князь i мітрапаліт Даніла, калі пабачылі, якую павагу й пашану мае іхны зьняволены «гарэтык» сярод найвышшых галоваў усіх праваслаўных цэркваў, баяліся выпускаць яго ўжо хоць-бы й дзеля таго, каб ён не раскрыў перад праваслаўным сьветам невуцтва й забабоннай цемнаты тагачаснага маскоўскага духавенства, вялікакняжага двара дый усяго маскоўскага грамадзтва.

Калі толькі Скарына, салл перакладнік рэлігійных i царкоўнаслужэбных кнігаў, чуў тады ў Вільні пра трагічную долю Максіма Грэка - падарожжа да Масквы не магло выглядаць яму шматабяцаючым. I тыАл больш, што блізу гэтым самым часам дужа няпрыемная прыгода ў Маскоўшчыне здарылася й зь віленцам, якога Скарына добра знаў i зь якім даводзілася быць яму ў блізкай сутычнасьці ў выдавецкай справе - купцом Багданам Онкавам-Анкевічам. Пра гэты факт, зьвязаны беспасярэдня зь Вільняю, Скарына ўжо напэўна мусіў чуць i ведаць.

На аснове апублікаваных маскоўскіх архіўных матар'ялаў можна сьцьвердзіць, што ў Кракаве 30 сакавіка 1527 году паслом вялікага князя маскоўскага Васіля Іванавіча-Івану Васілевічу Ляцкаму дый дзяку Ялізару Цыплятаву - ад імені караля й вялікага князя Жыгімонта Казімеравіча быў уручаны сьпіс гвалтаў i крыўдаў, якіх дазналі падданыя Вялікага Княства Літоўскага на тэрыторыі Маскоўшчыны або на сумежных Маскве валасьцёх Літвы, з дамаганьнем гвалты й крыўды спыніць, пакрыўджаным «справялівасьць учыніць без адвалокі» дый вінаватых пакараць.

«Да мешчанина виленского Богдана Онкова на (Велико) лутцкой дорозе розбили, листы ў него отняли Можайских и от Шемячича; в одном листу четыреста коп шірокіх грошей, а в другом лісту пять сот коп грошей, полтораста рублев денег готовых, чара серебряна позолочена, ложка, святость; и князь велики приказал дать на поруку их разбойников. Андреа да Ждана, Перетрутовых детей и сына Жданова Мартына, водлуг ему ўмовы и отворота не ўчинили».(...)

Названыя ў актах прозьвішчы Мажайскага й Шэмячыча належаць северскім удзельным князём: старадубскаму князю Васілю Сямёнавічу Мажайскаму дый ноўгарад-северскаму Васілю Іванавічу Шэмячычу. Калі, як згадваецца ў другой актавай вэрсіі, справа «разьбіцьця» Багдана Анкевіча падымалася ў Маскве ўжо раней - «будучы нашым паслом у вялікага князя» - дык сам факт аграбленьня мусіў здарыцца найпазьней у першай палове 1526 году, бо «веруючыя лісты» паслом - ваяводзе полацкаму Пётры Кішцы дый маршалку й пісару Вялікага Княства Літоўскага, старасьце слонімскаму Богушу Багавіціновічу - былі выстаўленыя ў Варшаве Жыгімонтам Казімеравічам 11 жнівеня 1526 году, i хутка пасьля гэтага яны да Масквы й ад'ехалі.

Зьмест прыведзеных вышэй дакумэнтаў цікавы й важны для Скарынавае біяграфіі з колькіх гледзішчаў. Багдан Онкаў, ці Анкевіч, сын купца й райцы места віленскага, як ведама, фінансаваў Скарынавыя праскія выданьні. На некаторых экзэмплярах выдадзеных там кнігаў - прыкладам, Псалтыра, кнігі Ева, Сыраха, Эклезіясты - рукою, магчыма самога Скарыны, паробленыя прыпіскі: «А то ся стало накладом Богдана Онкава сына, радцы места виленскаго».

Адзначыць, найперш, трэба факт вялікіх грашовых сумаў, якімі Багдан Онкаў-Анкевіч апэраваў. Для ўсьведамленьня сабе, чаго быЛІ тады вартыя 900 коп грошаў, пазычаных Анкевічам князём Мажайскаму й Шэмячычу, можна прывесьці факт, што Полацак, другое па вялічыні й багацьці посьля сталічнае Вільні места Вялікага Княства Літоўскага, плаціў тады ў скарб вялікага князя 400 коп падатку Ў год. Дык апіраючыся на грашовую дапамогу вось гэтага багатага віленскага купца-фінансьера, Скарына й мог выдаваць свае раскошныя праскія кнігі.

(...) Факт аграбленьня ў Маскоўшчыне ведамага віленскага купца й немагчымасьць дабіцца звароту ані зрабаванае ллаемасьці, ані навет «запісных лістоў», напэўна былі галоснымі ўва ўсей тагачаснай Вільні. Мусіў ведаць пра гэтае здарэньне й Франьцішак Скарына. I гэтая прыкрая прыгода ў Маскоўшчыне з выдатным віленскім мешчанінам, якога Скарына добра знаў, не магла быць заахвочаньнем да падобнага падарожжа ў тую-ж Маскву самому Скарыне.

I усё-ж, нягледзячы на ўсе вышэй прыведзеныя яскравыя прыклады маскоўскае жорсткасьці ў абыходзе з чужынцамі, якія маглі стрымліваць Скарыну перад падарожжам да Масквы й як лекара, i як перакладніка рэлігійных кнігаў, i як выдаўца й друкара, i навет як звычайнага купца,- ехаць да Масквы ён усё-ж наважыўся. На довад гэтага маем сяньня хоць i скупыя, але зусім пэўныя весткі. Да разгляду ix, як i самога Скарынавага падарожжа да Масквы, далей i пярэйдзем.

3

Сто год таму, у 1862 годзе, у весьцях венскае Імпэратарскае АкаДЭМІІ навук гісторык Язэп Фідлер апублікаваў працу «Спроба зьяднаньня расейскае царквы з рымскаю ў XVI стагодзьдзі». Напрыканцы яе Фідлер прывёў даслоўны лацінскі тэкст цікавага дакумэнту да гэтага пытаньня, які ён знайшоў у венскіх архівах,- копію інструкцыі караля польскага й вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста свайму паслу пры папе ў Рыме Альбэрту Крычку. Інструкцыя гэтая не датаваная, але пісаная яна нейдзе на самым пачатку 1553 году й дае пагляды Жыгімонта Аўгуста й ягонае сэнатарскае рады ў справе наступнай:

На падставе даручэньня й паўнамоцтваў з Масквы, нейкі Немец Еган Штайнбэрг на працягу 1552 году чыніў у Рыме энэргічныя захады перад папаю Юльянам III у справе наданьня каралеўскага тытулу й кароны тагачаснаму вялікаму князю маскоўскаму Івану Васілевічу Грознаму. Іван Грозны за карону абяцаў прызнаць над сабою духоўны аўтарытэт папы дый пастарацца давесьці да зьяднаньня цэркваў маскоўскае праваслаўнае з рымскаю. Папу справа гэтая вельмі зацікавіла й да маскоўскае прапановы паставіўся ён прыхільна, тым больш, што пасьля спадзяванага зьяднаньня Маскоўшчыны з Рымам меў надзею ўлучыць яе ў плянаваны паход хрысьціянскіх дзяржаваў супроць пагражаючае тады ўсёй Эўропе Турэччыны. Аднак-жа, перш чым прыняць у гэтай справе нейкія пастановы й пачыніць канкрэтныя крокі, папа даручыў пратэктару Польшчы пры сваім пасадзе, кардыналу Мафеі, паведаміць аб усім i напэўна вельмі зацікаўленага гэтым пытаньнем суседа Маскоўшчыны, вялікага князя літоўскага й караля польскага Жыгімонта Аўгуста, з просьбаю заняць у гэтай справе становішча.

Вось у адказ на паведамленьне з Рыму пра захады Грознага ў справе каралеўскага тытулу й кароны была й пісаная інструкцыя Жыгімонта Аўгуста свайму паслу пры папе, Альбэрту Крычку, з даручэньнем перадаць пагляды караля й ягонае сэнатарскае рады папе й адпаведнай кардынальскай кангрэгацыі. У інструкцыі Жыгімонт Аўгуст даводзіў, што князь маскоўскі яднацца шчыра з каталіцкаю царквою ніколі ня думаў i ня думае. Ідзе яму толькі пра тое, каб вымануць сабе ад папы каралеўскі тытул i карону. Пра зьяднаньне гаворыць ён цяпер толькі дзеля свае знанае прагнасці тытулаў, бо-ж ведама, што маскоўскі князь дамагаецца ўжо навет таго, каб яго называлі царом. Паводля Жыгімонта Аўгуста, ніякае дапамогі маскоўскі князь ня дасьць i ня можа даць папе й у паходзе супроць Туркаў. У выніку наданьне маскоўскаму князю каралеўскага тытулу й кароны ня прынясе аніякае карысьці папскаму пасаду й хрысьціянству. Для Жыгімонта-ж Аўгуста й ягоных дзяржаваў крок гэты ня толькі непажаданы, але палітычна вельмі шкодны й небясьпечны. На падмацаваньне правільнасьці цьверджаньня, што Масква й князі маскоўскія ненавідзелі й ненавідзяць Рым i каталіцтва, Жыгімонт Аўгуст прыводзіць у інструкцыі цэлую чараду довадаў i гістарычных фактаў. Між іншым, дае ён i гэткі канкрэтны прыклад:

«I ня толькі ня было ў яго (маскоўскага князя) дасюль нічога, апрача пустых абяцанак, а ў Маскоўцаў ніякіх азнакаў якое-колечы прыхільнасьці да Рымскае Каталіцкае Царквы, але хутчэй нешта адваротнае, бо, калі вось у часе панаваньня нашага Нябожчыка бацькі адзін ягоны падданы, кіруючыся пабожным жаданьнем, пастараўся сьвятое пісьмо рускаю моваю надрукаваць i выдаць дый пайшоў да Масквы, кнігі ягоныя на загад Князя публічна былі там спаленыя дзеля таго, што належыў ён да Рымскае царквы дый што (кнігі) выдадзеныя былі ў мясцох, што падлягаюць ейнай зьверхнасьці. Гэткая ненавісьць да лацінскага й рымскага імені ўкарэненая ў народзе гэтым, што якімі-б сьвятымі й багабойнымі пад зьверхніцтвам Рымскага Пастыра быць яны ні прыракалі-б, ніколі ня трэба верыць, што чыняць гэта шчыра дый што запраўды будуць стойкімі й вытрывалымі».

Паколькі ў прыведзенай вышэй вестцы Жыгімонта Аўгуста прозьвішча не падаецца, паўстае само сабой пытаньне: хто-ж гэта быў гэты няўдатны перакладнік i выдавец сьвятога пісьма, кнігі якога ў Маскве былі спаленыя? Пытаньне гэтае найраней у навуковай літаратуры паставіў чэскі гісторык Язэп Пэрвольф, які першы адзначыў культурна-гістарычную цікавасьць прыведзенага ў інструкцыі эпізоду паленьня ў Маскве кнігаў. У другім томе свае працы «Славяне», што паказаўся ў друку яшчэ ў 1888 г., Пэрвольф цытуе адпаведнае месца зь інструкцыі з сваею кароткаю заўвагаю: «Гутарка гэтта, праўдападобна, аб Скарынавых кнігах».

Дый, хоць тэкст інструкцыі быў апублікаваны ўжо сто год таму, а прыведзены ў ей эпізод аб спаленьні ў Маскве біблійных кнігаў яшчэ ў мінулым стагодзьдзі зь імем Скарыны зьвязваў Пэрвольф,- факт гэты заставаўся чамусьці незаўважаным у даволі багатай ужо тады й далей шпарка нарастаючай скарынаведнай літаратуры. (...) ... Пасьлей i заўвагу Пэрвольфа, i адпаведнае месца зь інструкцыі, апублікаванай Фідлерам, у друку нанава прывёў дый у сваіх працах прыдзяліў ім ужо больш увагі праскі гісторык А. В. Флароўскі. Але ягоныя публікацыі, што краналі гэтую справу, паказаліся ў часе Другое Сусьветнае вайны й адразу посьля яе, i з прычыны цяжкога гістарычнага катаклізму, які перажывала тады Эўропа, даўжэйшы час заставаліся незаўважанымі. (...)

4.

(...) З тагачасным каралём аўстрыйскім, чэскім i вугорскім Фэрдынандам I- тым самым, у якога батанікам-садоўнікам Скарына быў у Празе ў апошнія гады свайго жыцьця, - Жыгімонт Аўгуст быў у прыязных дачыненьнях дый знаходзіўся ў блізкім сваяцтве, як ягоны зяць па першай жонцы Альжбеце. У часе-ж паднятае ў Рыме справы кароны Івану Грознаму Жыгімонт Аўгуст, аўдавелы другі раз па сьмерці Барбары Радзівілянкі, сватаўся якраз да другое дачкі Фэрдынанда, удавы таксама, Кацярыны. 17 сакавіка 1553 г., ці хутка пасьля таго, як была пісаная інструкцыя, да караля Фэрдынанда ў Вену ў ролі пасла й свата прыяжджаў ад Жыгімонта Аўгуста ваявода віленскі й канцлер Вялікага Княства Літоўскага князь Мікалай Радзівіл Чорны. У часе пасольства князь Радзівіл прасіў для свайго валадара рукі Фэрдынандавай дачкі Кацярыны й адначасна ўзьдзеяньня на імпэратара Карла V, Фэрдынандавага брата, каб той не падтрымліваў перад папаю захадаў Івана Грознага ў справе каралеўскае кароны. У вабедзьвюх справах пасольства дало пазытыўны вынік. Пры гэткіх прыязных дачыненьнях з Фэрдынандам, найбаржджэй i копію свае ранейшае інструкцыі паслу ў Рым Жыгімонт Аўгуст накіраваў каралю Фэрдынанду ў Вену сам - да ведама й з надзеяй на падтрыманьне свайго становішча супроць Івана Грознага й перад імпэратарам, i перад папаю.

(...) Ведама, што Жыгімонт Аўгуст (1520-1572) навет i жыць любіў больш у Вялікім Княсьцьве Літоўскім, як у Польшчы, асабліва падабалася яму Вільня; i ён напэўна быў добра абазнаны з тым, што дзеілася ў Ліцьве й за яго жыцьця, i за панаваньня ягонага бацькі Жыгімонта. Пра блізкога-ж дарадніка Жыгімонта Аўгуста, канцлера літоўскага Мікалая Радзівіла Чорнага знаем, што ў ягонай бібліятэцы ў Вільні была Скарынава Біблія. Ведама гэта на аснове сьветчаньня Італьянца Паолё Вэргэрыя, які ў 1556 годзе - усяго тры гады па напісаньні інструкцыі - гасьціў у Радзівіла й посьля адзначыў, што бачыў у Вільні друкаваную Біблію «іп Lingua Ruthena». Магла гэта быць толькі Біблія Скарынавага выданьня, бо ніякае іншае друкаванае Бібліі ні «іп lingua Ruthena», ні ў царкоўнаславянскай мове тады яшчэ ня было.

(...) Дый найбольш пераконліва за верагоднасьцяй прыведзенае весткі гавора тое, што за Жыгімонта Казімеравіча, бацькі Жыгімонта Аўгуста, кнігі Бібліі запраўды былі перакладзеныя на «рускую» мову, як тады пераважна старабеларускую мову звалі, дый выдадзеныя ў Празе й Вільні адным зь ягоных падданых. (...)

(...)

Пры сучаснай ведзе жыцьцяпісу доктара Скарыны, галоўна ў выніку выяўленьня факту, што памёр ён каля 1540 году, ня цяжка сяньня ўстанавіць i імя таго маскоўскага князя, на загад якога кнігі былі спаленыя. Мог быць ім толькі князь Васіль III Іванавіч, што княжыў ад 1505 да канца 1533 году, ці якраз у пару княжэньня ў Ліцьве Жыгімонта Казімеравіча (1506-1548). Ягоны сын i наступнік, Іван IV Грозны, народжаны ў 1530 годзе, за Скарынавага жыцьця быў малалетнім, знайходзіўся пад апекаю маці й баярскае рады й ніякіх загадаў як князь яшчэ не выдаваў. Да гэтага ведама, што ў гадох 1535-1540 Скарына быў у Чэхіі, у Празе. Дык даводзіцца прыняць як рэч пэўную, што да Масквы Скарына езьдзіў у гады княжэньня там Васіля III Іванавіча й гэты князь даў загад спаліць публічна кнігі Бібліі Скарынавага перакладу й друку.

Галавою маскоўскае праваслаўнае царквы ў тым часе быў той самы мітрапаліт Даніла, што гэтак бязьлітасна й настырліва прасьледваў Максіма Грэка за ягоныя «еллінскія ересі» дый памылкі пры перакладзе царкоўных кнігаў. Трэба думаць, што загад вялікага князя аб спаленьні Скарынавых кнігаў быў выдадзены не бязь ведама, а магчыма, навет i на дамаганьне мітрапаліта. Мітрапаліт Даніла, як можна было бачыць хоць-бы зь ягонае жорсткае расправы саборам над Максімалл Грэкам, ня грэбаваў i самым! строгімі спосабамі для прасьледу тых, хто адхінаўся ад адзіна прававернае, паводля яго, маскоўскае царкоўнае традыцыі. Мітрапалітам маскоўскім Даніла быў назначены без царкоўнага сабору, самым вялікім князем Васілём, у 1522 годзе. 3 пасаду мітрапаліта быў ён зьняты ў годзе 1539.

Пераходзячы да справы ўдакладненьня часу, у якім Скарынавае падарожжа да Масквы найбольш праўдападобна адбылося, трэба найперш узяць на ўвет, што ехаць туды зь кнігамі Скарына мог не раней, як кнігі гэтыя надрукаваў. Друкаваць-жа Біблію пачаў ён у Празе летам 1517 году й там заставаўся аж да канца году 1519. Апошняя выдадзеная ў Празе кніга - Кніга Судзьдзяў - датаваная днём 5 сьнежня 1519 году. Дык за найранейшы магчымы час Скарынавых наведзінаў Масквы трэба прыняць год наступны-1520-ты. Паколькі-ж князь Васіль Іванавіч памёр 4 сьнежня 1533 году - гэты год даводзіцца прызнаць за апошні магчымы для Скарынавага прыезду Ў Маскву. Дык гады 1520-1533 I будуць часам, у якім Скарынавае падарожжа да Масквы магло адбыцца.

(...)

Калі-ж зьвернем увагу на тое, што віленскі Скарынаў «Апостал» выйшаў 3 друку на самым пачатку 1525 году, дык цяжка спадзявацца, каб падарожжа магло адбыцца й у 1524-ым дый навет i 1523 годзе, бо прыгатова да друку (34KB) Вялікі князь Маскоўскі i татарскі вялікі хан. Гравюра канца XVI ст. тэкстаў, выснашчэньне самае друкарні, нарыхтаваньне новага друкарскага шрыфту, здабыццё паперы, набор, карэкта й сам друк такое немалое кнігі, як «Апостал»-351 карта - усё гэта вымагала нясупыннага й руплівага асабістага дагляду дый мусіла забіраць Скарыне шмат часу. 3 другога боку, лягічна толькі дапушчаць, што да Масквы Скарына выбраўся хутчэй посьля таго, як меў сьвежа надрукаваную, у большым ліку, новую кнігу, як перад тым было з кнігамі праскага друку. Гэтыя меркаваньні прыводзяць да прыпушчэньня, што падарожжа Скарыны да Масквы адбылося найхутчэй ня перад паяваю першае ягонае віленскае кнігі «Апостала», а посьля, ці па сакавіку 1525 г. Маючы гэта на ўвазе, трэба прыняць за найбольш праўдападобную пару, у якой Скарына да Масквы езьдзіў, час ад выхаду «Апостала» да сьмерці князя Васіля Іванавіча, ці гады 1525-1533.

...«Традыцыйна царкоўнаславянскі» тэкст Скарынавага «Апостала» быў усё-ж не маскоўскае расейскае, а літоўскае, беларускае траДЫЦЫІ й рэдакцыі, да гэтага яшчэ й не бяз моўных зьменаў, уведзеных i самым Скарынам. Пры тым, пёраплецены ён быў шматлікімі ўводнымі й замыкальнымі прыпіскамі й заўвагамі да паасобных разьдзелаў i «пасланьняў» ужо зусім беларускаю моваю. Дык калі й запраўды ў меркаваньнях Скарыны мова тэксту «Апостала», як больш прывычная вуху маскоўскаму, была ўзятая на ўвагу, дык усё-ж, хоць-бы 3 прычыны шматлікіх Скарынавых зьменаў i дапісак, i ягоны «Апостал» меў у сабе даволі беларускага моўнага элемэнту, каб у Маскве адчулі яго за чужы, падазроны, «ерэтычны» дый варты зьнішчэньня ў вагні. (...)

Да пытаньня, якія свае кнігі Скарына да Масквы браў, існуе пасярэдні паказьнік i у тэксьце інструкцыі, а пайменна ў словах, што выдадзеныя яны былі «іп locis»-«у мясцох». Ужыты тутка множны лік трэба разумець так, што да Масквы Скарына ўзяў i кнігі праскага, i віленскага выданьня. Гэта ізноў-жа падмацоўвае ранейшае дапушчэньне, што падарожжа павінна было адбыцца посьля выхаду найменш першае віленскае Скарынавае кнігі «Апостала», ці не раней 1525 году. Гэтак супастаўленьне Скарынавых жыцьцяпісных фактаў 3 фактам! гістарычнымі прыводзіць да выснаву, што хоць магчымы час для Скарынавага падарожжа да Масквы абыймае гады 1520-1533, дык найбольш праўдападобна падарожжа гэтае адбылося ў гадох 1525-1533.

(...)

На заканчэньне разгляду весткі інструкцыі важна адзначыць, што гаворыцца ў ей толькі пра спаленьне кнігаў, але нічога ня згадваецца пра друкарскую снасьць. А можна было-б дапушчаць, што, едучы да далёкае Масквы, Скарына мог узяць із сабою й шрыфты дый патрэбныя друкарскія прылады, на выпадак, калі-б там знайшліся адпаведныя ўмовы для разгарненьня друкарскае справы. Калі пра гэта нічога не ўспамінаецца ў вестцы інструкцыі, дык гэта можна тлумачыць i тым, што факт зьнішчэньня шрыфту, калі ён i меў месца, ня меў ніякага значаньня для справы паказаньня ненавісьці Масквы да Рыму, пра што Жыгімонту Аўгусту ў інструкцыі хадзіла. I дзеля гэтага нязгадваньне ў інструкідыі шрыфту й друкарскіх прыладаў яшчэ ня довад таго, што ў Маскве Скарына ix із сабою ня меў. У магчымай страце ў Маскве шрыфтоў дый друкарскае снасьці можа ляжаць i адказ на неразьвязанае дагэтуль у Скарынавым жыцьцяпісе пытаньне: што запраўды сталася зь віленскаю Скарынавай друкарняй? Пры далейшых спробах выясьненьня гэтае справы магчымасць зьнішчэньня Скарынавых друкарскіх прыладаў i шрыфтоў у Маскве давядзецца браць паважна на ўвагу. Гэтай магчымасьці не пярэчыць тое, што некаторыя заставіцы з Скарынавае віленскае друкарні пры канцы XVI стагодзьдзя паказваюцца ў кнігах, выдадзеных у друкані віленскага Сьвятатраецкага брацтва. Заставіцы гэтыя маглі паходзіць з тае часткі друкарскае снасьці, што засталася ў Вільні й таму захавалася (...)

Прыняць трэба за факт пэўны, што ўжо сама страта кнігаў у Маскве была для Скарыны ня толькі апаразаю характару маральнага але й вялікім фінансавым ударам. Кнігі ў гэную пару мелі вялікую вартасць. Калі-ж-што зусім магчыма - разам быў тады знішчаны й шрыфт дый друкарская снасьць, гэта ўжо дастаткова вялікая матар'яльная няўдача, каб браць яе на ўвагу пры шуканьні прычынаў, чаму посьля выданьня дзьвёх усяго кнігаў Скарынавая віленская выдавецкая дзейнасьць абарвалася, i - назаўсёды. Вестка інструкцыі важная й для насьвятленьня пытаньня, чаму кнігі Скарынавага выданьня сяньня гэткія рэдкія. Калі Скарына наважыўся ехаць да далёкае Масквы, дык хіба-ж браў ён із сабою не адну-дзьве кнігі, а большы ix лік. Зьнішчэньне іх у Маскве й ёсьць аднэю з прычынаш вялікае цяпер ix рэдкасьці. Нішчыліся напэўна Скарынавыя кнігі ў Маскоўшчыне й пасьлей, у часе колькіх акцыяў прасьледу й паленьня там кнігаў «литовское печати» ці «литовских». Дый былі гэта кнігі, што зь Беларусі ў Маскоўшчыну трапілі ўжо ў пасьлейшых гадох, а ня кнігі, завезеныя туды самым Скарынам.

(...) ...Калі-б доля выдаўца ў Маскве была падобнаю да кнігаў, Жыгімонт Аўгуст хіба-ж не замарудзіў-бы адзначыць гэта ў сваей інструкцыі. Калі Скарына выйшаў зь вельмі непрыемнае прыгоды з жыцьцём, зусім магчыма, было гэта вынікам таго, што знайходзіўся ён пад праўнаю аховаю вышэй прыведзенае перамірнае гарантыі 1523 году пра незачэпнасыць купцоў Літвы ў Маскоўшчыне, а маскоўскіх у Ліцьве. Ахоўваў яго ад долі Баўтрамея Готана ці эўрапейскіх лекараў у Маскве й ужо сам факт суседзтва Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўшчынаю, што давала магчымасьць Жыгімонту Казімеравічу, як вялікаму князю літоўскаму, у кожны мамэнт адказаць контррэпрэсіямі супроць маскоўскіх купцоў і падданых на тэрыторыі свае дзяржавы. Hi Готан з далёкае Любэкі, ні абодва заходняэўрапейскія лекары, ні манах Афонскае гары Максім Грэк такое рэальнае беспасярэдняе дзяржаўнае ахоўнае сілы за сабою ня мелі. Лёс іхні й жыцьцё залежылі цалком ад волі й ласкі маскоўскага вялікага князя. Вынік гэтага, як мы бачылі, для ўсіх аказаўся вельмі трагічным.

5.

(...) ...Важна найперш разгледзіць тыя абставіны й прычыны, якія да публічнага аўтадафэ Скарынавых кнігаў у Маскве давялі дый мусілі да яго давесьці.

Адну зь ix прывёў ужо Жыгімонт Аўгуст у сваёй інструкцыі адзначаючы тое, што кнігі Бібліі былі спаленыя ў Массше «дзеля таго, што належыў ён (выдавец) да Рымскай царкы, дый што (кнігі) выдадзеныя былі ў (58KB) Вяльможныя маскавіты, вяльможны маскоўскі вой і вяльможны татарскі вой. Гравюра XVI ст. мясцох, якія падлягаюць ейнай зьверхнасьці». Што да першае часткі гэтага цьверджаньня, - аб прыналежеасьці выдаўца да «Рымскае царквы», дык... каб дапушчэньне такое зрабіць, для маскоўскага князя й мітрапаліта дастатковую падставу давала само Скарынава каталіцкае імя «Франьцішак», якое красавала на пачатку й канцы кажнае надрукаванае ім кнігі. Зь цьверджаньнем другім, што кнігі былі выдадзеныя «у мясцох... рымскае зьверхнасьці», даводзіцца таксама згадзіцца, бо й Прага, i Вільня ў межах гэтае зьверхнасьці тады былі, - Вільня й Вялікае Княства Літоўскае на той падставе, што гаспадар яго, вялікі князь, адначасна й кароль Польшчы, быў каталіцкага веравызнаньня й фармальна падпарадкаваўся рэлігійнаму аўтарытэту папы. Вось гэта давала падставу ўважаць Вільню за места ў межах «рымскае зьверхнасьці», хоць аграмадная бальшыня жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, як праваслаўная, зьверхнасьці Рыму й не падлягала. Дый калі Жыгімонт Аўгуст адзначае рэлігійны рымска-каталіцкі мамэнт, зьвязаны з выдаўцом i месцамі друку кнігаў, як адзіную прычыну іхняга спаленьня ў Маскве, гэта ня значыць, што й запраўды была толькі прычына гэтая. Што Жыгімонт Аўгуст толькі аб гэтым піша, гэта зразумела, бо мэта ягонае інструкцыі - даць папу як мага больш пераконлівыя прыклады-довады таго, што Масква й маскоўскі князь да Рыму й каталіцтва запраўды нічога іншага, апрача ненавісьці, ня мае, i хоча толькі ашукаць Рым, каб здабыць сабе каралеўскую карону. Усякія іншыя матывы спаленьня ў Маскве кнігаў Бібліі, калі яны й існавалі, для дыпляматычна-палітычных мэтаў інструкцыі Жыгімонта-Аўгуста былі няістотнымі.

А тым часам, калі навет Скарынавыя кнігі й запраўды ў Маскве спалілі за іхнае паходжаньне з-пад «рымскае зьверхнасьці», гэта не павінна закрываць важнага факту, што непажаданымі, i навет няпрыемлівымі, яны былі для маскоўскае князевае й маскоўскае царкоўнае ўлады й з колькіх іншых, дый вельмі істотных, гледзішчаў. Найперш, трэба зьвярнуць увагу на тое, што Скарынавыя кнігі былі выдадзеныя ня толькі на прасторы чужой Маскве рэлігійна-царкоўнай «зьверхнасьці», але й чужой дый варожай зьверхнасьці палітычна-дзяржаўнай. «Апостал» выйшаў у Вільні, сталічным месьце Вялікага Княства Літоўскага, зь якім Масква ад стагодзьдзяў была ў зацятым i палітычным, i ваенным змаганьні за гегемонію й уладу над праваслаўнымі прасторамі народаў усходняе Эўропы. За жыцьця якраз Франьцішка Скарыны між гэтымі дзяржавамі адбылася цэлая чарада цяжкіх, даўгіх, крывавых войнаў, войнаў, закончаных вялікаю, зьнішчальнаю апаразаю маскоўцаў пад Воршаю, але й адначаснаю стратаю на карысьць Масквы важнае цьвярдыні Вялікага Княства Літоўскага - Смаленску.

Да якое ступені ў Скарынавую пару нарасла сярод праваслаўных Літвы варожасьць да Маскоўшчыны й, асабліва, яе агрэсіўных дэспатычных князёў, можа сьветчыць той факт, што калі апякун праваслаўя й праваслаўны сам, гэтман Вялікага Княства Літоўскага князь Канстантын Астроскі, у 1514 г. у крывавым баі пад Воршаю ўшчэнт разьбіў восемдзесяцітысячную армію Масквы й з удзячнасьці за перамогу заснаваў i сваім коштам збудаваў Сьвятатраецкую царкву ў Вільні, дык у ёй загадаў ён выкаваць гэткі надпіс; «В лето 1514 церковь сю созда Константин Острожскій, гетман в. кн. Литовскаго, в память победы под Оршею над врагом и супостатом веры хрйстіяйское, православное, князем Московским».

Дык нядзіва, калі пры атмасфэры безагляднае палітычнае й мілітарнае рывалізацыі ў Маскве заўсёды зь недаверам глядзелі на ўсё, што прыходзіла з варожае й ненавіснае ей Літвы. А тымчасам згодна з тагачасным друкарскім звычаем, у канцавой прыпісцы да «Апостала» Скарына адзначыў, што кніга гэтая «Пры держаній наласкавшего господара Жыкгымонта Казімйровйча, короля полского и великого князя литовского, и рускаго, и жомоитьскаго и иных, Во славном месте виленском выложена и вытиснена Працею и великою пилностию доктора Франциска Скорины с Полоцка». Вось, каб ува ўсім «Апостале» навет i не знайшлося нічога, да чаго-6 можна было мець засьцярогі з артадаксыйна-царкоўнага маскоўскага гледзішча, дык самая гэтая Скарынава прыпіска пра «найласкаушага Жыгімонта Казімеравіча, караля польскага й вялікага князя літоўскага, i рускага...» для князя маскоускага Васіля Іванавіча, які сябе тытулавау вялікім князем «всея Руси» й кансэквэнтна пасягаў на ўсе «рускія землі», улучна зь землямі Вялікага Княства Літоўскага, пашырэньне гэткае кнігі ў сваей дзяржаве з палітычных меркаваньняў рабіла вельмі непажаданым.

Дый была й іншая прычына, якая чыніла Скарынавыя кнігі ў Маскве чужымі й малапрыймальнымі - гэта іхняя мова. Задума Скарыны даць кнігі свайму народу -«людзям паспалітым» - моваю даступнаю, зразумелаю была прычынаю перакладу ix на тагачасную беларускую мову. Больш царкоўнаславяншчыны Скарына захоўваў у літургічных кнігах, куды менш у іншых кнігах Бібліі, дзе, як кажа Карскі, «аснова мовы народная беларуская». Калі гэткі пераклад беларускаму чытачу чыніў кнігі больш зразумелымі й даступнымі, дык для чытача маскоўскага практычна гэта няшмат мяняла, бо была гэта толькі падмена аднае - царкоўнаславянскае - чужое мовы, моваю чужою іншаю.

Карамзін калісьці ў сваёй «Истории государства Российского» адзначыў, што Скарына «пісаў моваю свае пары й бацькаўшчыны» й што мова ягоная была навет больш падобнаю да «нынешнего русского наречия» за мову царкоўнаславянскую. Дый усё-ж маскоўскаю, расейскаю мова гэтая ня была. А для царкоўна-кніжных колаў тагачаснае Маскоўшчыны, увыклай да пкьма толькі ў ваднэй - царкоўнаславянскай - мове, беларускі Скарынаў пераклад ня толькі нічога на аблягчаў, а быў хутчэй лішняю замінаю. Беларускасыць Скарынавых кнігаў у Маскоўшчыне ня толькі адчувалі, а часта ix там проста й называлі кнігамі «белорусцей». Гэтак, прыкладам, завуць ix стараверы браты Дзянісавы ў сваіх «Поморскіх ответах» 1723 году. У вадказе на 50-е пытаньне там пададзена: «Сице в древней белорусцей книзе Ісуса Сирахова, печатаны в Празе в лет 1517».

Дык чужымі Скарынавыя кнігі былі для маскоўцаў ня толькі ix паходжаньнем з-пад «рымскае» дый літоўскае зьверхнасьці, але й 3 прычыны свае чужое маскоўцам беларускае моўнае вопраткі. Быў гэта важны факт яшчэ й таму, бо ішоў ён у разрэз з прынятаю ў Маскоўшчыне догмаю, што перакладаць царкоўныя кнігі на «простую», жывую - народную мову наагул ня можна. Вынікам гэтага пагляду было тое, што расейскі пераклад Бібліі быў зроблены й надрукаваны толькі аж У XIX стагодзьдзі, больш за 300 год посьля беларускага Скарынавага перакладу. Факт выданьня Скарынавых кнігаў не пацаркоўнаславянску, а ў беларускім перакладзе мог іграць важную ролю ў маскоўскім ix паленьні яшчэ й таму, што даваў ён маскоўскім кніжнікам вольнае поле для яшчэ аднаго закіду - закіду ў ix недакладнасьці, што тады было роўназначным гарэтычнасьці. Мы бачылі раней, як строга, саборам, маскоўскія царкоўнікі прасьледвалі дый двойчы судзілі й каралі Максіма Грэка за «елінскія» дый «жыдоўскія ерасі» з прычыны зробленых памылак пры перакладзе рылігійных кнігаў з грэцкае мовы. Скарынаў-жа пераклад, роблены не на мову царкоўнаславянскую, а на беларускую, быў перакладам даволі вольным наагул, паколькі галоўнаю мэтаю Скарыны было даць не якмага больш даслоўны пераклад, а якнайбольш прыступны й зразумелы «люду паспалітаму». У такім перакладзе можна было пазнаходзіць колькіхоць мясцоў, якія не згаджаліся з традыцыйным маскоўскім царкоўнаславянскім тэкстам, i гэта, пэўне-ж, было тады дастатковаю падставай для закіду ў ix гарэтычнасьці.

Кардынальна розным ад Скарынавага было ў Маскве й само разуменьне значэньня й практычнага ўжытку новага друкарскага майстэрства. Скарына бачыў карысьці тэхнікі друкарства найперш у масавай прадукцыі кнігаў дый пашырэньні праз кнігі асьветы, веды й асноваў хрысьціянскае веры й маралі ў народзе. Дзякуючы друку, кнігі пераставалі быць роскашай, даступнаю толькі царкоўнікам дый невялікаму ліку людзей заможных. Дарогу ў народ друкаванай кнізе трэба было толькі шырэй расчыніць, выдаючы яе ў мове зразумелай, найлепш - у жывой мове самога народу. У сваей выдавецкай дзейнасьці Скарына да гэтага й імкнуўся. У Маскве-ж, тымчасам, ніякіх азнакаў зразуменьня патрэбы переходу ў кнігах ад царкоўнаславянскае мовы да мовы народнае тады ня было. А друкарства сярод маскоўскага грамадзтва даўжэйшы час уважалася наагул за рэч падазроную й непажаданую. Довад яскравы гэтага - зьнішчэньне друкарні Івана Хведаравіча дый Пётры Мсьціслаўца й уцёкі самых друкароў у Літву. Калі грамадзтва маскоўскае яшчэ ня было гатовае прыняць друкарскае майстэрства й у другой палове XVI стагодзьдзя, тымбольш ня было сьпелым яно да гэтага ў шмат ранейшую Скарынавую пару. Дык i тое, што Скарынавыя кнігі былі ня рукапісныя, а друкаваныя, магло прычыніцца да таго, што ў Маскве ix зьнішчылі.

Калі ў другой палове XVI стагодзьдзя царкоўная й дзяржаўная ўлады Маскоўшчыны патрэбу друку ў канцы прызналі, дык зрабілі гэта галоўна таму, што спадзяваліся праз друк прадукцыю кнігаў манапалізаваць, кантраляваць i гэтак дапілнаваць, каб у ix быў захаваны дакладны й непарушны традыцыйны маскоўскі царкоўнаславянскі тэкст. Было гэта намаганьне пры помачы друку раз назаўсёды адсячы магчылласьць якіх-колечы зьменаў i адхіленьняў, якія заўсёды здараліся ў кнігах рукапісных. Дык кіраўнічым верхавінам Маскоўскага гаспадарства найважнейшаю справаю было замацаваньне праз друк непарушнасьці тэкстаў кнігаў. Пра лепшае-ж ix разуменьне народам - пра што рупіўся найперш Скарына - у Маскоўшчыне ніхто ня дбаў. Выявілася гэта яскрава ў вадпаведных пастановах маскоўскага «Стоглавага» сабору 1551 году. Сьветчыць пра гэта й «Сказание известно о воображении книг печатного дела». Тамака пададзена, што друк у Маскве заводзіўся «крепкаго ради исправления и утверждения». Мэта, як бачым, наскрозь кансэрватыўная й зусім супроцьлеглая заданьням, якія сваім кнігам ставіў Скарына: «абы людзі паспалітыя... маглі лепей разумеці».

А. Кацпржак зьвярнула ўвагу на яшчэ дзьве істотныя прычыны, чаму маскоўскае кансэрватыўнае духавенства ллусіла быць варожым справе пашырэньня Скарынавых кнігаў у Маскоўшчыне: зь меркаванняў эканамічных i дзеля ix сваеасаблівага мастацкага афармленьня. Паводле яе, Скарынавыя кнігі ў Маскоўшчыне мусілі выклікаць недавер таму, што былі яны «аздобленыя арнамэнтам, у якім часам сустракаліся фігуры мітычных істотаў, як, прыкладам, наядаў i сырэнаў. Такія аздабленьні ў маскоўскія царкоўныя кнігі, у якіх тарнаваўся блізу вылучна расьлінны й геамэтрычны арнамэнт, не дапушчаліся. Былі й прычыны характеру матар'яльнага: маскоўскае духавенства, якое было манапольным дастаўляньнікам рукапісных царкоўнаслужэбных кнігаў i кнігаў наагул, не жадала ўвозу таньнейшых друкаваных кнігаў».

Што эканамічны канкурэнцыйны фактар мог мець сваё значаньне пры нішчэньні ў Маскве Скарынавых кнігаў - пярэчыць гэтаму няма падставаў. А што графічныя аздобы дый арнамэнты-заставіцы гэтых кнігаў не заўсёды падабаліся маскоўскім манахам, на гэта існуюць канкрэтныя довады. Як падае А. С. Зернова, у некаторых перахаваных у Маскоўшчыне экзэмплярах Скарынавых кнігаў непажаданыя часткі іхных арнамэнтаў выскрабаныя маскоўскімі чытачамі.

(...)

6.

(...) Скарына, відавочна, не ўсьведамляў, што культурна-духовыя асяродзьдзі тагачаснае Вільні й Вялікага Княства Літоўскага дый Масквы й Маскоўшчыны розьніліся кардынальна. Складалася на гэта шмат прычынаў, але ў васнове ўсяго ляжаў ведамы факт, што ўжо ад пачаткаў свае гісторыі беларускі народ выяўляў выразную й нясупынную цягу да народаўладных дэмакратычных хвормаў грамадзкага й палітычнага ладу, а разам i да дэмакратычных прынцыпаў рэлігійнае, нацыянальнае дый палітычнае талеранцыі, з павагаю й пашанаю да накш верачых, накш гаворачых, накш думаючых. Прынцыпы гэтыя выявіліся выразна ўжо ў пару вечавога народаўладзтва крывіцкага Полацкага княства. Пасьлей яны атрымалі сваё выражэньне ў найбольш стройна ўва ўсёй тагачаснай Эўропе распрацаванай сыстэме юрыдычных нормаў, гэтак званых «Літоўскіх статутах». Дэмакратычная ўважлівасьць i пашана да мясцовага ладу й народных традыцыяў адбілася й у прынцыпе князёў, гаспадароў Вялікага Княства Літоўскага, тарнаванага да новадалучаных земляў: «Старыны ня рухаем, навіны ня ўводзім». Вось гэтыя народаўладныя прыкметы й тэндэнцыі, выяўленыя яскрава ў ходзе гістарычнага разьвіцьця палітычна-гралладзкага ладу дый культурна-духовага жыцьця беларускага народу, стаялі ў поўнай супярэчнасьці з антынародным самадзяржаўем дэспатычнае князевае маскоўскае ўлады дый рэлігійнай i палітычнай нязносьлівасьцяй маскоўскага грамадзтва.

Важнаю асаблівасьцяй культурна-духовага жыцьця тагачаснага Вялікага Княства Літоўскага было й тое, што тамака было месца сутыку дый сужыцьця дзьвюх хвормаў хрысьціянскага веравызнаньня: бізантыйскага праваслаўя й рымскага каталіцтва. Толькі ў другой палове XVI стагодзьдзя, з паяваю ў Вялікім Княсьцьве перш рэфармацыі, а посьля вуніі, на тэрыторыю гаспадарства пераносяцца рэлігійныя змаганьні. Але яшчэ на пачатку стагодзьдзя, у Скарынавыя часы, на землях Вялікага Княства Літоўскага ў рэлігійнай галіне, як правіла, панавалі супакой i суладнасьць. Пра гэта сьветчыць нам хоць-бы гэткі зыркі прыклад, што каталіцкія сьвятары ў Беларусі тады ня толькі маглі быць i бывалі сябрамі праваслаўных брацтваў, але, у выпадку непаладкаў там зь іншымі «братамі», падлягалі навет i брацкаму суду. (...) Даволі згоднае сужыцьцё між праваслаўнымі й каталікамі ў тую пару ў Беларусі адзначае й ведамы расейскі акадэмік А. I. Сабалеўскі: «Летапісы да канца XV стагодзьдзя блізу не гавораць пра націск каталіцтва на праваслаўе, i трактуюць літоўскіх князёў каталікоў (Вітаўта й Казімера) зь любовяй». Тое самае пацьвярджае й ведамы аўтарытэтны гісторык праваслаўнае царквы мітрапаліт Макар. Тое-ж кажа й гісторык У. Пічэта аб роднай Скарыне Полаччыне: «У Полацкай зямлі канца XV й пачатку XVI сталецьця ня было ніякага рэлігійнага антаганізму».

Да тагачасных паглядаў у культурна-рэлігійнай галіне мела дачыненьне й тое, што Вільня, як i усё Вялікае Княства Літоўскае, было пад моцным цывілізацыйна-культурным уплывам Захаду. А духовая атмасфэра Эўропы ў Скарынавую пару была насычаная лібэральнымі ідэямі гуманізму й адраджэньня. Даходзіла ўжо ў межы Вялікага Княства Літоўскага й жывое рэха шпарка нарастаючага рэфармацыйнага руху. Тагачасная-ж Масква стаяла пастаронь усіх гэтых эўрапейскіх ідэйных i культурных працэсаў дый настойвалася далей у сваіх традыцыях рэлігійнага дагматызму й нязносьлівасьці.

Калі значаньне ідэяў Захаду для культурна-духовага жыцьця Беларусі гэнае пары важка адзначыць, дык усё-ж ня можна ix i перацэньваць. Пра гэта найлепш сьветчыць тое, што дваццаць шэсьць год перад пачаткам Скарынавае выдавецкае дзейнасьці, у 1491 годзе, праваслаўныя літургічныя кнігі былі зьнішчаныя й у сталіцы заходняга суседа Беларусі, Польшчы, пайменна кнігі, выдадзеныя Немцам Швайпольтам Фіёлем у Кракаве. Польшча-ж, i дзеля свайго каталіцкага веравызнаньня, i проста ў выніку свайго больш заходняга геаграфічнага палажэньня, была заўсёды пад куды мацнейшымі ўплывамі Захаду за землі Вялікага Княства Літоўскага. Гэта паказвае, што адцемленыя вышэй рысы палітычнае й рэлігійнае талеранцыі тагачаснай Беларусі ў сваей аснове былі ня нейкага вонкавага, заходняэўрапейскага паходжаньня, а вырвсьлі із свае радзімае глебы й традыцыяў, яны вынік найперш мясцовых культурна-палітычных працэсаў i абставінаў.

Беларускае мяшчанства - грамадзкі слой, зь якога выйшаў Скарына,- у тую пару было асабліва верным носьбітам, перахавальнікам i, у патрэбе, гарачым абароньнікам сваіх праваслаўных правоў i традыцыяў. У дзяржаве, у якой вялікі князь i у вялікай часьці кіруючая верхавіна былі іншага, каталіцкага веравызнаньня, беларускаму мяшчанству, як i усім праваслаўным Вялікага Княства Літоўскага наагул, залежыла асабліва на рэлігійнай талеранцыі, бо гэта гарантавала найперш іхную рэлігійную свабоду. Вось дзеля гэтага ў сьветаглядзе Скарыны, які сам вырас зь беларускага меставога асяродзьдзя, ідэі рэлігійнае талеранцыі адбіліся асабліва яскрава й пасьлядоўна. Вырослы 3 маленства ў атмасфэры пашаны да людзей іншае веры й думкі, доктар Франьцішак Скарына відавочна няўсьведамляў сабе, што зусім накшыя пагляды й настроі ў Маскоўшчыне, у якой старая, перанесеная зь Бізантыі, багаслоўская варажнеча з Рымам перарасла ў страх усяго, што ішло ня толькі з лацінскага Захаду, але i сумежнае дый у істоце такое самае праваслаўнае, як i яна, Літвы.

Скрайняя нязносьлівасьць да ўсякае іншае формы веравызнаньня, як i да ўсякае іншае думкі наагул, была здаўна характэрнаю прыкметаю маскоўскае грамадзкасьці, i у пару якраз доктара Скарыны выяўлялася яна ў сьмешных навет драбніцах. Яскравы прыклад гэтага прыводзіць гісторык расейскае літаратуры Архангельскі, які падае, што тады ў Маскве «няхрышчаным Немцам» не дазвалялі навет i уваходзіць у праваслаўнаю царкву. Калі-ж яны часам нейк туды траплялі, ix адразу выводзілі дый падмяталі за імі падлогу. Падобны факт падае яшчэ ў XVI стагодзьдзі й за яго войстра Маскоўцаў асуджае й ведамы беларускі рэфармацыйны дзеяч - арыянін Сымон Будны. Абураўся ён, што «Маскоўцы навет i тое месца, дзе «лаціньянін» сядзеў, сьціраюць ці змываюць, каб не запэцкацца». Маскоўшчыну тае пары гісторык расейскае літаратуры Ч. Н. Мілюкоў характарызуе словамі, што «ні ідэя крытыкі, ні ідэя талеранцыі, ні ідэя нутранога духовага хрысьціянства ня былі па плячы тагачаснаму расейскаму грамадзтву; для аграмаднае бальшыні ідэі гэтыя былі проста незразумелыя». Мы ведаем, што «незразумелымі» дый нейк «не па плячы» усе гэтыя ідэі й Маскве сяньняшняй.

Паводля таго самага А. С. Архангельскага, побач зь нязвычайнаю варажынёй да ўсяго чужога, у Маскоўшчыне ўсё глыбей замацоўваўся пагляд, што маскоўская - «руская» - царкоўная старына беззаганная й беспахібная, i што «ні ў водным слове, ні ў водным сказе ні адняць, ні дадаць нічагуткі нельга». У вадваротнасьць гэтаму, на блізкіх суседніх землях тагачаснае Скарынавае Літвы-Беларусі, паводля Архангельскага, «ня было тае сьляпое веры ў аўтарытэт «пісаньняў», «кнігі», якая... піхала... маскоўскіх кніжнікаў «умирать за единую букву аз».

Нязвычайная падозрылівасьць, якая шукала «хулу» дый «ерась» у кажнай драбніцы, у Маскоўшчыне была накіраваная ня толькі супраць таго, што ішло з «лацінскага» Захаду, але, як мы бачылі, таксама й супроць праваслаўнага-ж «елінца» Максіма Грэка дый сваіх-жа суродзічаў. Такі-ж прынцыповы недавер быў тамака й да праваслаўных суседняе Літвы. Факт гэты пазьней дачакаўся навет i свайго сфармуляваньня на пісьме ў «Прывілеі» маскоўскае багаслоўскае акадэміі братоў Ліхудаў другой паловы XVII стагодзьдзя, у якім, між іншым, кажацца:

«А иже имуть в наше царствие из Литовския страны... ученые люди... прыезжать, и о себе говорити яко они благочестивые и от благочестивых родителей рожденные и воспитаные в православной восточной вере... словесам их не верити,- аще бы кто них и писанием правду веры нашое восточное ўдостоверял... А за хуление православно-восточное веры... без всякого милосердия да сожжется... И... книги еретические сожигати...».

Хоць правіла гэтае, як паступаць з праваслаўнымі «вучонымі людзьм» зь Літвы й з «гарэтычнымі» кнігамі, i паходзіць з XVII стагодзьдзя, але практычна тарнавалася яно ў Маскоўшчыне ўжо й на пачатку стагодзьдзя XVI. Адзін з вымоўных прыкладаў гэтага - факт спаленьня ў Маскве Скарынавых праваслаўных кнігаў.

Вось ад падобнае забабоннае нязносьлівасьці й рэлігійнага фанатызму маскоўскага грамадзтва далёкаю была тагачасная Вільня, зь якое да Масквы Скарына ехаў, i асабліва сам доктар Скарына, уся культурная дзейнасьць якога азначаецца абсалютнаю рэлігійнаю талерантнасьцяй. У Скарынавых выданьнях, побач шчырае веры й глыбокае прывязанасьці да традыцыйных хвормаў беларускага праваслаўя, нідзе ня знойдзем i сьледу ані рэлігійнага фанатызму, ані нейкае варажнечы да якое-колечы іншае, не праваслаўнае веры. Ня дзіва тады, што Із сваім, вольным ад рэлігійнае абмежанасьці й фанатызму сьветаглядам, у якім адбіліся й радзімыя беларускія дэмакратычныя традыцыі, i эўрапейскія ідэі эпохі адраджэньня, Скарына ніяк не ўкладаўся ў рамкі артадаксыйнага дагматызму тагачаснага маскоўскага грамадзтва й жорсткага дэспатызму маскоўскага самадзяржаўя. Сутык між гэтымі, кардынальна адрознымі, сьветаглядамі мусіў кончыцца нямінучым канфліктам, аб чым у Маскве доктару Скарыне давялося й пераканацца.

Вось на факт прынцыповае адрознасьці культурна-духоўных асноваў i традыцыяў Літвы-Беларусі з аднаго боку, дый МаскоўшчыныРасеі пачатку XVI стагодзьдзя - з другога, i кідае нам сваё яскравае, драматычнае сьвятло тое вогнішча на плошчы Масквы, у полымі якога гарэлі кнігі найбольш выдатнае й зыркае духовае постаці тагачаснае Беларусі - доктара Франьцішка Скарыны з Полацка. Калі дакладнейшыя абставіны маскоўскае Скарынавае прыгоды нам сяньня яшчэ й няведамыя, дык рэч пэўная, што ўсе надзеі й спадзяваньні, зь якімі Скарына кіраваўся на ўсход, у Маскве былі зруйнаваныя дазваньня. Кнігі, каштоўны плод ягонае ахвярнае, руплівае працы «для пажытку й дабра люду паспалітага», загінулі ў вагні. Ён-жа сам варочаўся да Вільні із войстраю сьведамасьцяй поўнае няўдачы падарожжа й панесеных цяжкіх матар'яльных стратаў. Багацейшым затое стаў цяпер доктар Скарына важкім дазнаньнем, што Маскоўшчына - сьвет ня толькі моцна адрозны ад яго роднае Літвы-Беларусі й усяе Эўропы, але й сьвет, месца ў якім ягоным кнігам, ідэям, сьветагляду i яму самому няма.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX