Вярнуцца: Артыкулы

Сосіс I. Яўрэі на Беларусі


Аўтар: Сосіс I.,
Дадана: 13-02-2013,
Крыніца: Сосіс I. Яўрэі на Беларусі // Спадчына №2-1992. С. 75-81.



Сацыяльныя адносіны

Перадрук з часопіса «Наш Край», 1925 г.

У самым канцы XVIІІ сталецьця, пасьля другога i трэцяга падзелу Польшчы, да Расіі, разам з новай тэрыторыяй i новым літоўска-беларускім насельніцтвам, пераходзіць i значная частка яўрэяў, былых падданых польскай дзяржавы.

З гэтага моманту i пачынаецца, уласна кажучы, гісторыя яўрэяў у Расіі. Да канца XVIII сталецьця ў межах Расійскай імпэрыі сустракаліся невялічкія групы гандляроў-яўрэяў, а на Украіне, яшчэ раней перашоўшай да Расіі,- знаходзіліся невялікія яўрэйскія грамады, зьвязаныя, гістарычна i культурна, з польска-літоўскім яўрэйствам.

Спробы, якія рабіліся не адзін раз, - пачаць гісторыю яўрэяў у Расіі з пачатку Маскоўскай або нават Кіеўскай Русі - зьяўляюцца зусім ненавуковымі.

Як у Кіеўскай, так i Маскоўскай Русі мы маем справу толькі з невялічкімі колёніямі чужаземных яўрэяў, якія зьяўляюцца або толькі гандлёвымі пасрэднікамі, або прадстаўнікамі сваіх далёкіх аднапляменьнікаў на Усходзе ці Захадзе. Гэтыя яўрэйскія колёніі, як i яўрэі ў Хазарскай дзяржаве, не пакінулі пасьля сябе колькі-небудзь значных сьлядоў у далейшым гістарычным жыцьці яўрэяў сярод славянскіх народаў.

Толькі ў XIV i XV стст., асабліва-ж у канцы XV i пачатку XVI сталецьцяў, з нямецкіх старонак у Польшчу, Літву i Беларусь адбываецца масавая эміграцыя яўрэяў. Перасяляюцца цэлыя яўрэйскія грамады, якія пераносяць у новую старонку i свае капіталы (сабраныя Ў руках невялічкай, але надта ўплывовай групы яўрэйскіх фінансістых i буйных комэрсантаў), i свае векавыя звычаі да гандлёвай дзейнасьці, i свой кагальны лад, i нямецка-яўрэйскую гутарку, i рэлігійныя традыцыі, i сыстэму талмудычнага выхаваньня.

Пры новых умовах экономічнага i політычнага жыцьця ў Польшчы, Літве i Беларусі, паказаныя бакі экономічнага i культурнага жыцьця яўрэяў дастаюць сваё далейшае разьвіцьцё, разам з ім усё ўзмацняецца соцыяльная дыфэрэнцыяцыя ўнутры яўрэйскага «гэто».

Такім спосабам, к канцу XVIII сталецьця, калі адбываліся, адзін за другім, падзелы Польшчы, ужо цалком склаўся экономічны i культурны быт польскага, літоўска-беларускага i ўкраінскага яўрэйства. Такім чынам, каб зразумець далейшую эволюцыю яўрэйскага жыцьця ў «черте еврейской оседлости», над уладай царскай Расіі, трэба пачаць не з гісторыі расійскага законадаўства аб яўрэях (як тэта часта рабілася дагэтуль), а з гісторыі соцыяльна-экономічнай структуры, грамадзкага ладу i духоўнай культуры яўрэяў у Польшчы, Літве, Беларусі i Украіне.

Польшча шырака адчыніла свае граніцы для яўрэяў, цярпеўшых цяжкі ўціск i гвалты ў Заходняй Эўропе ў сярэдніх вякох (у часы i, асабліва, пасьля крыжовых паходаў) i ў пачатку новага часу.

З гэтай прычыны офіцыяльныя польскія гісторыкі не адзін раз указвалі на гуманнасьць, гасьціннасьць i верацярпімасьць польскай каралеўскай улады. На самой-жа справе галоўную ролю тут адыгралі прозаічныя інтарэсы польскай скарбніцы i экономічнага разьвіцьця Польшчы.

Сярэднявечная польская дзяржава 3 яе каралеўскай уладай, якая аказалася няздольнай сваімі ўласнымі сіламі i сродкамі ўмацаваць сваю скарбніцу, паставіць монэтную справу, організаваць падатковую сыстэму - з яе грамадзкім ладам, у якім надта слаба быў разьвіты гарадзкі гандлёва-прамысловы стан, - такая дзяржава мела вялікую патрэбу ў новых, здатных элемэнтах насельніцтва. Такімі зьявіліся спачатку немцы, а потым i яўрэі. I тыя i другія адыгралі вялізную ролю ў экономічным жыцьці Польшчы. Польская каралеўская ўлада цікавілася выключна капіталамі заможных яўрэяў, ix гандлёвымі сувязямі на міжнародных рынках, ix фінансавымі i організатарскімі здольнасьцямі i рухавасьцю. Яўрэі прыцягваюцца ў Польшчу, а потым i Літоўска-Беларускую Дзяржаву, перш за ўсё, як буйныя крэдыторы скарбу, як прадпрыемцы i організатары такіх важных галін дзяржавы, як монэтная справа i збор падаткаў. На працягу цэлага шэрагу сталецьццяў каралеўская ўлада, а потым i шляхта маюць справу выключна з гэтымі буйнымі прадстаўнікамі яўрэйскага фінансавага капіталу: з банкірамі, «монэтчыкамі», адкупшчыкамі падаткаў («мытнікамі») арандатарамі буйных маёнткаў i г. д. Яны атрымоўваюць першыя прывілеі i каралеўскія граматы, якія давалі ім права свабодна пераяжджаць па абшарах дзяржавы i займацца сваімі справамі, недатыкальнасьць асобы i маемасьці, незалежнасьць ад мясцовай адміністрацыі i мясцовага суду, асобная «апека» караля, якому яны былі падсудны.

К канцу XV i пачатку XVI сталецьця значна мяняецца характер i склад яўрэйскай эміграцыі ў Польшчу, Літву i Беларусь. 3 нямецкіх, галоўным чынам, зямель усё больш эмігруюць ня толькі заможныя яўрэі, якія шукалі ходу для сваіх капіталаў, але i сярэдняя i бедная яўрэйская маса, выціснутая з старых наседжаных месц - гандлёвай конкурэнцыяй i зьвязанай з ёй нацыянальнай i рэлігійнай нецярпімасьцю.

(93KB) Сінагога ў Магілёве. XIX ст.

Большая частка яўрэйскай масы, якая пасялілася ў Польшчы, Літве i Беларусі, занялася дробным гандлем у гарадох

I мястэчках, дзе яўрэям адведзены былі асобныя вуліцы, на якіх ім дазвалялася будаваць дамы, сынаногі, могілкі. Спэцыяльнымі каралеўскімі прывілеямі, якія пачалі атрымліваць ня толькі асобныя заможныя яўрэі, але i цэлыя яўрэйскія грамады - кагалы, яўрэям забясьпечвалася недатыкальнасьць асобы i маемасьці, пэўная свабода руху i заняткаў гандлёвымі справамі i рамесьніцтвам. Разам з гэтым на яўрэйскае насельніцтва ўскладаўся цяжар падаткаў - агульных i спэцыяльна-яўрэйскіх.

Яўрэйскае насельніцтва шырака скарыстала дадзеныя яму правы для разьвіцьця сваёй гандлёвай дзейнасьці, у якой такую моцную патрэбу меў край, пазбаўлены свайго мясцовага гандлёвага стану. Апошні быў толькі ў зародку, калі немцы i яўрэі сталі адыгрываць значную ролю ў польскіх i літоўска-беларускіх гарадох. Але гэты стан разьвіваўся i хутка (ужо ў XVI сталецьці) уступіў у жорсткую барацьбу з яўрэямі.

З ростам яўрэйскага i не яўрэйскага насельніцтва ў гарадох усё больш узмацнялася гандлёвая конкурэнцыя паміж гэтымі двума варожымі лягерамі, бо вузкі нутраны, галоўным чынам, сялянскі рынак разьвіваўся надта марудна: запрыгоненае сялянства жыве сваёй замкнёнай натуральнай гаспадаркай, нязьвязанай з горадам, гарадзкім гандлем i рамесьніцкай прамысловасьцю.

Ужо к канцу XV, асабліва-ж у XVII сталецьці экономічны крызіс робіцца ўсё больш вострым у горадзе, а разам з гэтым узмацняецца i нацыянальная барацьба паміж яўрэямі i мяшчанамі-хрысьціянамі. Яўрэі, у барацьбе за існаваньне, імкнуцца пашырыць сфэру сваёй гандлёвай i рамесьніцкай дзейнасьці. Мяшчане-ж хрысьціяне i paмесьніцкія цэхі бачуць асноўную прычыну крызісу ў яўрэйскай конкурэнцыі i дабіваюцца ўсімі сіламі - i праз магістрат, і хадайніцтвам перад каралеўскай уладай - зьменшаньня правоў яўрэяў межамі яўрэйскага кварталу, рамкамі вызначаных галін i відаў гандлю i г. д.

У той-жа час усё часьцей адбываюцца выступленьні шляхты па павятовых сойміках i на вялікім вальным сойме проці яўрэйскага «ўціску». Гэта таксама знаходзіцца ў шчыльнай сувязі з экономічным крызісам, які ўсё вастрэй начала адчуваць дробная шляхта, якая зьнемагала ад даўгоў i часта была вымушана аддаваць свае маёнткі сваім крэдыторам-яўрэям. Буйная шляхта мела патрэбу ў яўрэях, у ix капіталах, гандлёвых сувязях з горадам i замежным рынкам. Буйны арандатар-яўрэй, выплачваючы значныя арэндныя сумы, даваў поўную магчымасьць польскім магнатам жыць багата ў Варшаве або ў іншых буйных гарадох i нават заграніцай. Оптавыя гандляры-яўрэі патрэбны былі шляхце для здабыту сваіх сельска-гаспадарчых продуктаў i для правозу рэчаў збытку з-заграніцы. Дробная-ж шляхта, наадварот, з зайздрасьцю i ненавісьцю глядзела на яўрэяў, якія высунуліся сваімі капіталамі, буйнымі гандлёвымі опэрацыямі, шырокімі адкупамі падаткаў, арэндай вялізных маёнткаў, якія часта пераходзілі да ix ува ўласнасьць.

Калі на гарадзкім ці местачковым рынку адбывалася маленькая барацьба дробнага люду, яўрэя i хрысьціяніна, за розьнічны гандаль, за скупку продуктаў у сяляніна, за права занятку рамяством i продаж сваіх вырабаў, то ў адносінах паміж капіталістычнымі яўрэямі i дробнай шляхтай мы бачым саперніцтва дзьвёх соцыяльных груп, прэтэндуючых на экономічнае панаваньне.

У гэтай барацьбе яўрэй быў слаб у політычных адносінаах, бо ён быў пазбаўлены ўсякіх політычных правоў. Але соцыяльная моц гандлёвага Kaпіталу часта замяняе яму політычную ўладу. Ен дабіваецца незалежнасьці ад мясцовай адміністрацыі і мясцовага суду, падтрымліваючы адпаведныя прывілеі аб яго падсуднасьці аднаму толькі каралеўскаму суду. Падатковыя концэсіі даюць яўрэйскаму адкупшчыку-мытніку вялізную ўладу над насельніцтвам i моцны апарат, ужываючы часта рэпрэсіі ў адносінах да неакуратных выплатчыкаў падаткаў, да вінавайцаў у патайным вінакурэньні, у бязмытным правозе тавараў i да т. п.

Яўрэй быў пазбаўлены асноўных правоў шляхты - уладаньня прыгоннымі сялянамі - гэта не адзін раз падкрэсьліваецца юрыдычна ў розных законадаўчых актах. Фактычна, аднак, яўрэй-арандатар ці ўласьнік маёнтку, перашоўшага да яго ад няплатнага даўжніка, становіцца i законным уласьнікам сялян, прымацаваных да зямлі, атрымлівае права неабмяжованай эксплёатацыі іхняе працы i суду над імі (уключна да сьмяротнай кары).

Яўрэйская фінансавая арыстократыя, пры ўсёй сваёй экономічнай моцы, не магла йграць грамадзка-політычнай ролі: ні ў гарадзкі магістрат, ні ў соймікі, ні ў сойм яўрэй, разумеецца, доступу ня мае. Але з організацыяй кагалу i з аб'яднаньнем ix у моцныя i вельмі ўплывовыя тэрыторыяльныя органы (для ўсяе Польшчы, а потым з 20-х гадоў XVII сталецьця - i асобна Літвы i Беларусі), на чале ix,- як мы яшчэ далей пабачым,- становяцца тыя-ж яўрэі - буйныя арандатары, адкупшчыкі падаткаў, багатыя гандляры. А ў якасьці кагальных прадстаўнікоў яны становяцца ўплывовымі i перад магістратам, i соймікамі, i нават соймам. За кулісамі гэтых устаноў яны вядуць свою політыку ня толькі для абароны інтарэсаў сваіх кагалаў, але i для ўзмацненьня сваіх уласных прывілеяў. Такую-ж ролю кагальных хадатаяў, ставячых i свае асабістыя выгоды, адыгрываюць яны ў сваіх зносінах 3 духавенствам i з каралеўскай уладай.

Гэты тып экономічна-моцнага яўрэя надта блізкі да заможнай шляхты па сваім дабрабыце, па сваіх уладарных нахілах, па сваім замілаваньні да высокіх тытулаў i ўшанаваньняў, па сваім імпозантным выглядзе, зусім ненадобным да пазьнейшага тыпу дробнага арандатара-яўрэя, згінаючага плечы перад сваім панам.

Да гэтай соцыяльнай формацыі, якая склалася сярод польскага і літоўска-беларускага яўрэйства, дробная польская шляхта, выціснутая з сваіх ранейшых соцыяльных позыцый, мела вялікую варожасьць. Яна мела на сваім баку ўсе перавагі станавай політычнай ўлады, асабліва пасьля таго, як шляхэцкі сойм значна абмежаваў каралеўскую ўладу. Тым ня менш, у яе не хапала экономічнае моцы, каб выціснуць яўрэяў з сфэры дзяржаўных адкупоў i буйнага зямляўладаньня, ня гледзячы на юрыдычна-ўтвораныя абмежаваньні ў гэтых адносінах.

Побач з буйнымі арандатарамі-яўрэямі, складаўшымі невялічкую, хоць i надта ўплывовую соцыяльную групу, - мысустракаем, пачынаючы з ХVІІ сталецьця, другі, болыи пашыраны тып дробнага арандатара-шынкара i карчмара-яўрэя. Экономічны крызіс у горадзе гоніць яўрэйскую масу на вёску, куды яна прыносіць тыя-ж пачаткі таварнай гаспадаркі i пасрэдніцтва паміж горадам i вёскай. Пазбаўленая капіталу, гэтая маса цалком падпадае пад уладу пана-зямляўласьніка, які ўсімі спосабамі эксплёатуе яе гандлёвыя i прадпрыемніцкія здольнасьці ў мэтах свайго ўзбагачэньня. Такім спосабам, вясковы яўрэй, прыціснуты вялікай арэнднай платай i рознымі павіннасьцямі, робіцца надзейнай зброяй у руках пана для выцісканьня з сялянства яго невялічкіх матар'яльных сродкаў.

Яўрэй-арандатар млына. крамнік, карчмар, шынкар, пактар i г. д. увесь час заняты ня толькі пагоняй за кавалкам хлеба, але, перш за ўсё. вышуквае ўсё новых сродкаў дзеля задаваленьня ўсё ўзрастаючых апэтытаў свайго пана. У выпадку неакуратнасьці ў гэтыж адносінах яму пагражае жорсткая кара з боку таго-ж пана, суду якога ён падлягаў. Але для селяніна той-жа яўрэй, якога эксплёатуе пан, зьяўляўся яго, селяніна, i бліжэйшым ворагам i эксплёататарам. Асабліва яскрава гэта выявілася ў справе спайваньня люду. Пану належыла монополія вырабу гарэлкі, i ён быў зацікаўлены ў пашырэньні сярод сялян п'янства, якое значна павялічвала яго даходы. I тут яўрэй-шынкар, які часта сам быў бедным, фактычна многа спрыяў разьвіцьцю народнага п'янства, здавальняючьі фінансавыя запатрабаваньні пана, яго тэндэнцыі да ўсё большага павялічэньня арэнднай платы.

На гэтай глебе ўзьнікала варожасьць селяніна да яўрэя, якая пры падбухторваньні духавенства прыймала форму нацыянальна-рэлігійнай няпрыязьні. Духавенства мела тут свае, як кажуць, профэсыянальныя мотывы: яўрэі рабілі свае кірмашы ў нядзелю i сьвяточныя дні, адхіляючы парахвіян ад набажэнства i казаньняў у царкве i зьвязаных з гэтым «паднашэньняў», хрысьціяне, служыўшыя парабкамі i чэлядзьдзю ў яўрэяў, прывучаліся ігнораваць хрысьціянскую рэлігію i г. д.

На Ўкраіне анты-яўрэйскі рух у горадзе i вёсцы выявіўся ў страшэнных пагромах, шчыльна зьвязаных з казацкімі паўстаньнямі XVII i XVIII сталецьця. Сялянская маса, падняўшыся супроць польскай шляхты, увасабляўшай у сабе соцыяльны i нацыянальна-рэлігійны прыгнёт, не шкадавала i яўрэяў. I тут да соцыяльнай ролі, якую адыгрывалі яўрэі ў якасьці пасрэднікаў паміж шляхтай i сялянствам, далучылася варожасьць гарадзкіх мяшчан, якія мелі зуб супроць сваіх конкурэнтаў-яўрэяў, i ўзрошчаная духавенствам нянавісьць да «хрыстапрадаўцаў».

У Літве i Беларусі пагромы, выкліканыя тымі-ж соцыяльнымі прычынамі, насілі эпізодычны характер. Анты-яўрэйскі рух тут прыймаў організаваны характер, - у форме выступленьняў магістрату, соймікаў, цэхаў з проэктамі i хадайніцтвамі аб абмежаваньні правоў яўрэйскага насельніцтва. Апошняе, у сваю чаргу, аб'яднанае ў кагалы, змагалася супроць дамаганьняў сваіх праціўнікаў.

Паўстаньні казакаў i войны паміж Расіяй i Польшчай яшчэ больш узмацнілі гарадзкі крызіс i разарылі масу яўрэйскага насельніцтва. Процэс яе пролетарызацыі ўсё больш узмацняецца, выяўляючыся ў разьвіцьці жабрацтва, - супроць якога кагал дарэмна змагаўся, - i ў пераходзе да саматужнага рамяства, да якога яўрэйства адносілася не з вялікай прыхільнасьцю. Толькі цяжкае матар'яльнае становішча прымушала ўсё больш i больш значныя групы яўрэйства зьвярнуцца да рамесьніцкае працы, бяз тэй традыцыйнай вывучкі, якая была характэрна для цэхавых рамесьнікаў хрысьціян.

Яўрэйскі рамесьнік выступае, як «партач», які ў цяжкай барацьбе за існаваньне заклапочаны ня столькі якасьцю сваіх вырабаў, колькі ix таннасьцю i комбінаваньнем рамесьніцкай працы з гандлем (продаж сваіх вырабаў на рынку). Ён разьлічваў на непераборлівы i надта бедны сялянскі рынак, якім, пераважна, кармілася i маса дробных гандляроў.

Раней (прыблізна да XVII сталецьця) яўрэйскія рамесьнікі яшчэ абмяжоўвалі сваю дзейнасьць рамкамі ўнутранага рынку сваёй-жа грамады, дзе цэлы шэраг рамёстваў быў зьвязаны з рознымі рэлігійнымі абавязкамі, якія выконваў толькі рамесьнік-яўрэй. З процэсам зьбядненьня значных слаёў яўрэйскага насельніцтва (асабліва ў другой палавіне

XVII i ў XVIII сталецьці) значна ўзросшыя кадры яўрэйскіх рамесьнікаў ня могуць больш здавольвацца абмяжованым яўрэйскім рынкам. Аднак-жа, пры сваім выхадзе на агульны рынак, яны сустракаюцца з яго старымі монополістымі - хрысьціянскімі рамесьніцкімі цэхамі i з ix уціскам у вадносінах да рамесьнікаў, не належачых да якога-небудзь цэху. Пачынаецца цяжкае змаганьне, у якім спачатку ўсе перавагі былі на баку хрысьціян: шчыльная організацыя цэхаў 3 ix векавымі традыцыямі, падтрыманьне магістрату, прыхільнасьць каралеўскае ўлады. Яўрэі-рамесьнікі, неорганізаваныя i бяспраўныя, доўгі час выконвалі патрабаваньні хрысьціянскіх цэхаў: уносілі вызначаныя сумы ў цэхавую касу, мірыліся з ix контролем, апекай, рэглямэнтацыяй яўрэйскага рамяства i цэлым шэрагам абмежаваньняў у гэтай галіне. З цягам часу, аднак (асабліва ў XVIII сталецьці), яўрэйскія рамесьнікі, павялічваючыся ў ліку i ўсё больш грунтуючыся ў свае ўласныя цэхі («брацтвы»), вызваляюцца з-пад апекі хрысьціянскіх цэхаў i пачынаюць усё больш пасьпешную канкурэнцыю з імі, дзякуючы таннасьці сваіх вырабаў i абмяжованасьці свайго ўласнага жыцьцёвага мінімуму.

Як у галіне гандлю, так i рамяства, яўрэйскае насельніцтва захоўвае i нават значна пашырае свае позыцыі, ня гледзячы на розныя мясцовыя i законадаўчыя абмежаваньні. У гуртовым i замежным гандлі, як i ў рознага роду буйнай арэндзе, адкупах, падрадах i інш., прыкмячаецца ня толькі колькасная перавага яўрэяў, але i павялічэньне ix дабрабыту, бо экономічным базісам тут служыла, галоўным чынам, задавальненьне патрэб шляхты i дзяржаўнае ўлады (вываз сельска-гаспадарчых продуктаў i прывоз мануфактуры, розных рэчаў збытку, буйная арэнда, адкупы акцызаў i іншых дзяржаўных павіннасьцяй, лясная браварная справа ў вялікіх разьмерах i г. д. Вялізная-ж маса дробных яўрэйскіх гандляроў i рамесьнікаў, апіраючыся пераважна на бедны сялянскі рынак, вяла цяжкую i дробную барацьбу за існаваньне, i вельмі цяжка было здавальняць свае самыя элемэнтарныя патрэбы. Гэтым тлумачыцца далейшы рух яўрэяў на вёску, каб заняцца там дробнай арэндай, дробным гандлем, шынкарствам. Ня гледзячы на страшэнныя ўкраінскія пагромы, яўрэйская маса, з прычыны адсутнасьці іншых экономічных магчымасьцяй, чапляецца эа тыя-ж промыслы, якія аддавалі ix у няволю паном i ўзбуджалі да ix варожасьць з боку сялянства, бо яўрэі выконвалі эксплёататарскія функцыі пана.

У канцы XVIII сталецьця, перад другім падзелам Польшчы, сярод лібэральных польскіх колаў узьнікла, паміж іншым, думка прыцягнуць яўрэйскія гушчы да земляробства. Але гэта добрае жаданьне засталося бяз вынікаў, бо земляробская праца была зьвязана з прыгонным правам, якога яўрэі, як гараджане, ня ведалі i ведаць не жадалі.

Селянін знаходзіўся на самай ніжэйшай ступені соцыяльнай лесьвіцы. Натуральна, што яўрэй згаджаўся займацца сваімі няпэўнымі промысламі, не дапускаючы i думкі аб магчымасьці спусьціцца яшчэ ніжэй - да ўзроўню падпрыгоннага селяніна.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX