Вярнуцца: Артыкулы

Мікось Сюзан. Луіза Бонд - Даследчыца Арктыкі i... Палесся


Аўтар: Мікось Сюзан Гібсан,
Дадана: 29-10-2013,
Крыніца: Мікось Сюзан Гібсан. Луіза Бонд - Даследчыца Арктыкі i... Палесся // Спадчына №6-1994. С. 91-105.



Гэты артыкул - пераклад з польскай i ангельскай моваў прадмовы да альбома «Louise Amer Boyd. Kresy. Fotografie 1934 roku // Wydawnictwo "Znak"., Kraków 1991».

Луіза Аркэр Бойд (1887-1972) наведала Польшчу ў 1934 г. нечакана нават для самой сябе.

Прадзед Луізы, Айра Кук, вырушыў з Нью-Йорка, праехаў увесь кантынент і асеў у Каліфорніі. Бацька, Джон Франклін Бойд, быў уладальнікам квітнеючых капальняў. Луіза нарадзілася i большую частку жыцця правяла ў Мэйпл Лоўн, у пабудаванай прадзедам багатай сядзібе ў Сан-Рафаэл, прадмесці Сан-Францыска. Атрымала добрую адукацыю, спачатку дома, пазней у эксклюзіўных прыватных школах у Сан-Рафаэл i Сан-Францыска. У каледжы не вучылася, затое ўжо ва ўзросце маладой дзяўчыны цудоўна ездзіла конна i страляла. Таксама ў юным узросце зацікавілася геаграфіяй, найперш палярных тэрыторыяў. Апроч дасканалых матэрыяльных умоваў, жыццё Луізы не было вольным ад засмучэнняў. Яе браты, ад нараджэння з дрэнным здароўем, памерлі, пражыўшы ледзь за дзесяць гадоў. Ды i бацькі часта хварэлі. Маці памерла ў 1919 г.; праз год памёр i бацька. Луіза засталася адна.

Пасля смерці бацькі Луіза ўзначаліла фірму «Boyd Investment Company». Мэйпл Лоўн пад яе кіраўніцтвам стала цэнтрам грамадскага жыцця. Зацікавілася агародніцтвам, у цяпліцах сваёй сядзібы вырошчвала цудоўныя камеліі. У колах інтэлігенцыі Сан-Францыска была шырока вядомая як мецэнат мастацтва i сябра ўправаў шматлікіх установаў культуры. Пазней спадарыня Бойд набыла славу нястомнай падарожніцы. Падарожнічаць яна пачала пасля смерці бацькоў. У 1920 г. разам ca сваёй сяброўкай наведала Францыю i Бельгію, у наступным годзе - яшчэ шмат еўрапейскіх краінаў.

У 1924 г. на турыстычным судне паплыла на Шпіцберген. Далёкая Поўнач прыцягвала яе з дзяцінства. Двума гадамі пазней ажыццявіла першую сваю навуковую палярную выправу. Пасля ix было яшчэ шэсць. Наняла нарвежскае судна для палявання на цюленяў, якое завезла яе разам з групай сяброў на Зямлю Франца Іосіфа. Вынікам выправы было 29 упаляваных палярных мядзведзяў. Акрамя гэтага, Луіза Бойд прывезла шматлікія асобнікі флоры, сярод якіх былі зусім не вядомыя раней батанікам расліны. У гэты час яна таксама пачала збіраць вялікую фатаграфічную дакументацыю палярных тэрыторыяў i формаў лёду - гэтай працы яна прысвяціла рэшту свайго жыцця.

У 1928 г., калі Луіза Бойд рушыла ў другую палярную выправу, прыйшла навіна пра знікненне слыннага нарвежскага даследніка Роальда Амундсэна. Адразу ж аддала сябе, судна i экіпаж у распараджэнне нарвежскага ўраду i далучылася да пошукаў. На працягу трох месяцаў яе судна прайшло дзесяць тысячаў міляў, ад Тромса ў Нарвегіі да заходняга ўзбярэжжа Шпіцбергена i далей на захад на Грэнландскае мора, адтуль на ўсход да Зямлі Франца Іосіфа i на поўнач ад яе, сярод дрэйфуючых ільдоў. Пошукі не далі плёну. Амундсэна не знайшлі. Дакументам выправы стаў зняты Луізай Бойд фільм (6000 м), а таксама некалькі тысячаў фотаздымкаў. Урад Нарвегіі, выказваючы ўдзячнасць за ўклад у пошукі, адзначыў Луізу Бойд Ордэнам св. Олафа I класа - гэта быў першы выпадак, калі такая ўзнагарода прысуджалася ненарвежцы.

Падчас пошукаў Амундсэна Луіза Бойд завязала знаёмствы з многімі вядомымі даследнікамі Арктыкі, спазнала ўмовы навігацыі на палярных марах, назірала за з'яўленнем i рухамі розных формаў ільдоў. Адначасова пачала ўзважваць магчымасці падарожжаў па больш небяспечных водах, дзе найперш шырокі лёдавы пас перашкаджаў доступу да сушы. Летам 1930 г. вярнулася на Зямлю Франца Іосіфа. Падчас гэтай выправы сабрала шмат экземпляраў раслінаў, фатаграфавала жыхароў паўночных земляў Швецыі i Фінляндыі.

Навуковыя інтарэсы схілілі Луізу Бойд да ўсталявання кантакту з Амерыканскім Геаграфічным Таварыствам (American Geographical Society), якое знаходзілася ў Нью-Йорку i мела на мэце падтрымку найбольш цікавых геаграфічных даследаванняў. Прэзідэнтам Таварыства быў д-р Ісая Боўман, спецыяліст у галіне геаграфіі каланізаваных пасяленняў; у якасці дарадцы на канферэнцыі ў Версалі ён адыграў істотную ролю ў вызначэнні межаў Польшчы пасля першай сусветнай вайны. Д-р Боўман заахвоціў Луізу Бойд да далейшых даследаванняў i далучыў яе да тэхнікі складання мапаў фотаграметрычным метадам, які тады імкліва развіваўся ў Амерыканскім Геаграфічным Таварыстве. Гэты метад дазваляў апрацоўваць пластычныя мапы ў маштабах, прыдатных для распазнавання тэрыторыі. Так пачалося шматгадовае i цеснае супрацоўніцтва, у рамках якога Луіза Бойд праводзіла i фінансавала палярныя выправы пад патранатам Амерыканекага Геаграфічнага Таварыства, якое са свайго боку запэўнівала тэхнічную дапамогу i друкавала апрацаваныя ёю справаздачы.

У 1931 г, Луіза Бойд ажыццявіла першую выправу ў раён фіёрдаў усходняй Грэнландыі. На гэты раз плыла на судне для паляванняў на цюленяў асабліва моцнай канструкцыі. Рэгіён, які яна абрала, быў, праўда, ужо даследаваны дацкімі i нарвежскімі вучонымі-падарожнікамі, але шмат пытанняў заставалася без адказу. Аснашчаная самымі сучаснымі фотаапаратамі i прыладамі, Луіза Бойд пераважна вывучала характэрныя рэльефы; гэта дазволіла ёй скарэктаваць некаторыя памылкі ранейшых вымярэнняў. Не звяртаючы ўвагі на дрэйфуючыя льды, якія перашкаджалі навігацыі ўздоўж берагоў, заплывала ў кожны фіёрд i кожную затоку ў раёне фіёрдаў Франца Іосіфа i Караля Оскара. Вынікам працы было некалькі тысячаў здымкаў рэльефаў мясцовасці, ледавікоў, айсбергаў у моры, звяроў i раслінаў. Абапіраючыся на гэтыя здымкі, Амерыканскае Геаграфічнае Таварыства апрацавала шэраг новых мапаў той тэрыторыі. Унутраныя паверхні «Ісе Fiord», план якіх склала i адлюстравала на мапе Луіза Бойд падчас той сваёй выправы, у яе гонар былі названыя «Weisboydlund», а ледавік, які з ім злучаўся, - «Louise Glacier». Акрамя мапаў, Луіза Бойд зноў прывезла шматлікія экземпляры раслінаў. Наведала таксама пасяленне эскімосаў над «Scoresby Sund»; іхныя зычлівасць i натуральнае абаянне надзвычай уразілі амерыканскую вандроўніцу.

У Злучаныя Штаты Луіза Бойд вярталася параходам. На гэтым судне плылі таксама Ісая Боўман i яшчэ некалькі сяброў Амерыканскага Геаграфічнага Таварыства. Луіза Бойд брала ўдзел у дыскусіях географаў, якія адбываліся ў часе падарожжа. Вынесла з ix перакананне пра неабходнасць злучэння некалькіх навуковых дысцыплінаў у адной даследчай праграме. Тры наступныя яе вандроўкі ва ўсходнюю Грэнландыю, ажыццёўленыя таксама ў супрацоўніцтве з Амерыканскім Геаграфічным Таварыствам, ужо мелі інтэрдысцыплінарны характар.

У складзе групы навукоўцаў, якія выправіліся ва ўсходнюю Грэнландыю ў 1933 г., былі два геадэзісты, геолаг, фізіёграф i батанік. Выправа была забяспечаная самымі дасканалымі фотаапаратамі i вымяральнымі прыладамі. Усе кошты аплаціла Луіза Бойд, яна ж была кіраўніком групы i фатографам. Як i ў папярэдніх экспедыцыях, збірала экземпляры раслінаў, тым больш што батанік у хуткім часе не меў магчымасці гэтым займацца, бо ў яго здарылася вострае запаленне апендыксу. Вынікі выправы былі надрукаваныя ў апрацаванай Луізай Бойд разам з пяццю яе калегамі па падарожжы кнізе «The Fiord Region of East Greenland» («Рэгіён фіёрдаў Усходняй Грэнландыі»). Выдала працу Амерыканскае Геаграфічнае Таварыства. У кнізе змешчана 350 з тысячы фотаздымкаў, зробленых Луізай Бойд падчас яе выправаў у 1931 i 1933 гг. На падставе вымярэнняў 1933 г. апрацаваны шэраг новых мапаў, што мелі выключнае навуковае значэнне.

Як географ Луіза Бойд была аматарам, але, нягледзячы на гэта, дзякуючы яе даследаванням Арктыкі, была прызнаная навуковым света'м.

У 1931 г. д-р Боўман, з якім Луіза Бойд супрацоўнічала ў Амерыканскім Геаграфічным Таварыстве, быў абраны Прэзідэнтам Міжнароднага Геаграфічнага Задзіночання (International Geographes Union), а гэта азначала, што ён будзе старшынстваваць на маючым адбыцца ў Варшаве Міжнародным кангрэсе географаў. Паводле ініцыятывы доктара Боўмана, дэлегатам на гэты кангрэс ад ураду Злучаных Штатаў i Амерыканскага Геаграфічнага Таварыства была абраная Луіза Бойд. Ен жа параіў ёй выкарыстаць час побыту ў Польшчы на збор фотаматэрыялу ў розных частках краіны. З гэтай мэтай яна, каб вольна падарожнічаць, узяла свой турыстычны аўтамабіль «Packard» разам з кіроўцам Персі Р. Камеронам.

Луіза Бойд з'явілася ў Польшчы ў сярэдзіне жніўня 1934 г., за некалькі дзён да пачатку кангрэса, i засталася тут да канца кастрычніка. З Польшчы паехала ў Парыж на чацвёрты міжнародны кангрэс i выставу фотаграметрыі, дзе таксама была афіцыйным дэлегатам.

I да кангрэса ў Варшаве, i пасля яго заканчэння Луіза Бойд аб'ездзіла Польшчу ўдоўж i ўпоперак; праехала ў цэлым 6300 міляў (больш за 10000 км) i зрабіла 2500 здымкаў фотаапаратам маркі «Folmer Graflex model "D"». Частку трасы не спадарожнікамі былі д-р Боўман i польскія географы, якія служылі ёй гідамі i перакладчыкамі. На трасе ад Варшавы праз паўднёвыя i паўднёва-ўсходнія ваяводствы - аж да Пінска - з ёй быў д-р Станіслаў Гажухоўскі, які выкладаў геаграфію ў Галоўнай Гандлёвай Школе ў Варшаве; ад Шнека праз усё Палессе i назад у Варшаву - д-р Ванда Рэвеньская з Інстытута Геаграфіі Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. У апошнія дні побыту ў Польшчы, якія Луіза Бойд правяла ў заходніх ваяводствах, ейнымі гідамі былі д-р Гажухоўскі i д-р Валенты Вінід з Познанскага ўніверсітэта. Рэпартаж з падарожжа па Польшчы пад тытулам «Polish Countrysides» («Польскія сельскія мясцовасці»), які змяшчаў 500 здымкаў, убачыў свет у 1936 г. Выдаўцом было Амерыканскае Геаграфічнае Таварыства.

Вярнуўшыся з Польшчы, Луіза Бойд арганізавала яшчэ дзве даследчыя экспедыцыі ў Грэнландыю, у 1937 і 1938 гг. Наступныя запланаваныя вандроўкі сарвала другая сусветная вайна. Пакінутае ў Нарвегіі абсталяванне Луіза Бойд, нягледзячы на акупацыю краіны немцамі, паспела забраць. А затым i Злучаныя Штаты ўступілі ў вайну. Ваенны Дэпартамент ЗША шматразова карыстаўся інфармацыяй i мапамі паўночна-ўсходніх тэрыторыяў Грэнландыі, апрацаванымі Луізай Бойд. У 1941 г. Луіза Бойд зафінансавала i правяла тайную экспедыцыю на заходняе ўзбярэжжа Грэнландыі; мэтай гэтай выправы быў збор для Дзяржаўнага Бюро Стандартызацыі (National Bureau of Standards) звестак, неабходных для радыёсувязі на вялікіх адлегласцях у Арктыцы. У 1942-1943 гг. Луіза Бойд у Вашынгтоне з'яўлялася кансультантам Аддзела Вайсковай Разведкі (Military Intelligence Division) у Ваенным Дэпартаменце па справах, што тычыліся Грэнландыі i Шпіцбергена. Пад канец вайны атрымала за гэтае супрацоўніцтва Дыплом Пашаны (Certificate of Appreciation) ад ураду Злучаных Штатаў.

У 1948 г. Луіза Бойд надрукавала сваю трэцюю кнігу «The Coast of Northeast Greenland» («Узбярэжжа Паўночна-Усходняй Грэнландыі»). Выданне гэтай працы, зместам якой сталі вынікі экспедыцыяў 1937 i 1938 гг., спазнілася па прычыне вайны. У ліпені 1955 г. Луіза Бойд, якая ўжо была ва ўзросце 67 гадоў, рэалізавала сваю даўнюю мару. Яна наняла спецыяльна абсталяваны самалёт «ДС-4» i праляцела над Паўночным Полюсам. Гэта быў трыумф ейнай кар'еры даследніцы: яна - першая жанчына, якая праляцела над Паўночным Полюсам на прыватным самалёце; адначасова гэта быў першы палярны палёт з Нарвегіі. Пасля гэтай выправы яна ўжо не ажыццяўляла наступных, аднак не спыніла сваіх кантактаў з географамі i надалей была актыўнай у колах калегаў. Штогод праводзіла чатыры або пяць месяцаў у падарожжах, некалькі разоў наведала Аляску, а таксама Блізкі i Далёкі Усход.

За даследніцкую працу Луіза Бойд атрымала шмат узнагародаў, сярод якіх - Медаль С. А. Андрэ ад Шведскага Антрапалагічнага i Геалагічнага Таварыства, Геаграфічны Медаль Кулюма ад Амерыканскага Геаграфічнага Таварыства, а таксама медаль караля Даніі Хрысціяна X. Францыя прызнала яе заслугі, надаўшы ёй званне кавалера Ганаровага Легіёна.

Луіза Бойд кіравала Таварыствам жанчынаў-географаў (Society of Women Geographers), a ў 1960 г. была абраная членам управы Амерыканскага Геаграфічнага Таварыства - першая жанчына больш чым за стогадовую ЯГО гісторыю. Тройчы станавілася ганаровым доктарам - Універсітэта штата Каліфорнія, Майлз Каледжа i Універсітэта штата Аляска. Доктарскі тытул апошняга атрымала, калі ёй быў ужо 81 год. Амерыканскае Таварыства Палярных Даследаванняў (American Polar Society) у 1959 г. унесла імя Луізы Бойд у свой ганаровы спіс, прызнаўшы, што да пазнання Грэнландыі, Шпіцбергена, Зямлі Франца Іосіфа i Грэнландскага мора яна дачынілася «больш, чым які-небудзь даследчык».

Луіза Бойд памерла 14 верасня 1972 г., за два дні да свайго васьмідзесяціпяцігоддзя. Усе навуковыя здабыткі, як i асабістую нерухомасць, запавячала Амерыканскаму Геаграфічнаму Таварыству i Гістарычнаму Таварыству «Маrin County» у Сан-Рафаэл. Мэйпл Лоўн быў прададзены раней. Калі ўладальніца памерла, маёмасць ужо была «вычарпана».

Апошнім жаданнем Луізы Бойд было, каб яе прах рассыпалі над Грэнландыяй. Аднак яно не было выканана, бо гэта вельмі дорага каштавала б. Дзякуючы намаганням доктара Вальтэра Вуда, яе сябра, прах рассыпалі над Паўночна-Ледавітым акіянам, у ста мілях на поўнач ад Поінт Бэроў на Алясцы.

Тыя, хто знаў Луізу Бойд, падкрэсліваюць яе шчодрасць i велікадушнасць. У арганізаваных выправах не лічылася з выдаткамі. Як шукальніца прыгодаў, мела справу толькі з мужчынамі, будучы аднолькава з імі спраўнай i вытрыманай. Палявала на мядзведзяў, а пра шляхі, якія яна правандравала, сведчыць факт, што за адзін сезон здзірала дзве пары падкутых ботаў. Але гэта не перашкаджала ёй заставацца дамай, яна была элегантная нават сярод арктычных ільдоў. У яе экіпіроўцы заўсёды былі i пудраніца, i капялюшык, да жакета заўсёды прышпільвала кветку - у Сан-Рафаэл свае каштоўныя камеліі, у Арктыцы - знойдзеныя там расліны.

I хоць найперш Луіза Бойд была ведамай дзякуючы ўкладу ў даследаванні Арктыкі, прывезеныя з Польшчы фотаздымкі таксама выклікалі вялікую цікавасць. Побач з альбомам «Polish Countrysides» надрукавала ў часопісе «Geographical Review» («Геаграфічны агляд») артыкул «The Marshes of Pińsk» («Пінскія балоты»). Шэраг ейных здымкаў выкарыстаў сэр Джон Расэл у якасці ілюстрацый да свайго артыкула, які быў апублікаваны ў тым жа часопісе. З'явілася i вельмі пахвальная рэцэнзія на альбом «Polish Countrysides». Адзін з аўтараў адзначаў, што гэта вельмі важная праца ў дзейнасці Бойд як географа.

Фотаграмы Луізы Бойд з Польшчы былі выстаўленыя ўжо пасля яе смерці: у 1984 i 1985 гг. у ЗША, а ў 1987 г. у Польшчы (193 здымкі),

У Польшчу ў 1934 г. Луіза Бойд трапіла выпадкова, але падрыхтавалася да гэтай паездкі гэтак жа старанна, як i да сваіх арктычных выправаў. Мела намер - як сама піша ў прадмове да альбома «Polish Countrysides» - фатаграфаваць знікаючыя элементы жыцця польскай вёскі: «Пасля будзе позна зафіксаваць той выгляд рэчаў, які характэрны сёння, а заўтра можа знікнуць». Таму яе найперш цікавілі сельскагаспадарчыя рэгіёны ў далечыні ад гарадоў, тыя, у якіх найлепщ захаваўся даўнейшы, традыцыйны стыль жыцця. Гарады яе менш цікавілі, бо не вельмі знешне розніліся ад іншых еўрапейскіх гарадоў. На здымках, якія яна зрабіла ў гарадах, прадстаўлены, як правіла, сяляне. Большасць здымкаў - абразкі з жыцця вёсак i малых мястэчкаў. Луіза Бойд назірала там за зменамі, што адбываліся не без уплыву традыцыйных формаў жыцця. Як сама заўважыла, «палякі жыва адгукаюцца на сучасныя ідэі». Прызнавалася, што на сваіх фотаздымках старалася схапіць «найперш тое, што старое, а не тое, што новае, найперш прымітыўную вёску, чым гарадскую культуру». Луіза Бойд наведала большую частку перадваеннай Польшчы, але не ўсім рэгіёнам магла прысвяціць дастаткова часу. Да прыкладу, Віленшчыну - ваколіцы паміж Вільняй i мяжой з Латвіяй - бачыла толькі падчас кароткай экскурсіі для ўдзельнікаў кангрэса, што не дазволіла зрабіць вычарпальнага фотааналізу рэгіёна. Найбольш зацікавіла яе Палессе з разлеглымі балотамі, лясамі i ракой Прыпяць.

Перамяшчацца па такой мясцовасці вельмі цяжка, часта адзіным транспартным сродкам становіцца лодка, толькі невялікая частка зямлі прыдатная для апрацоўкі. У выніку гэтага Палессе было ізаляваным, тэхналагічна адсталым. Але затое традыцыйныя формы жыцця захаваліся там у большай ступені, чым у больш развітых рэгіёнах.

Уласна гэтыя прымітыўныя ўмовы жыцця, а таксама этнічная шматроднасць насельніцтва Палесся, якое складалася пераважна з беларусаў i ўкраінцаў, значна менш - з палякаў i яўрэяў, прыцягнулі ўвагу Луізы Бойд. Чацвёртая частка выкананых ёю ў Польшчы здымкаў прысвечана тэме Палесся.

Здымкі Луізы Бойд з Польшчы адрозніваюцца ад яе здымкаў з Арктыкі не толькі тым, што на ix розныя краявіды. Калі ў Арктыцы яна фіксавала статычныя аб'екты (прыгожыя масівы гор, ледавікоў, фіёрдаў, айсбергаў),

то сярод здымкаў з Польшчы толькі асобныя дакументуюць фізіяграфічныя аб'екты. Галоўная тэма - чалавек, ягонае жытло, праца, асяроддзе, дзе ён жыве, - сядзіба, веска, базар у мястэчку, поле, дарога. Луіза Бойд не ведала польскай мовы, увогуле яе веды пра Польшчу былі агульныя, у тым ліку, у галіне этнаграфіі. Карысталася навуковымі ўказаннямі польскіх географаў, а таксама перакладчыцкай дапамогай. Гэтае супрацоўніцтва знайшло адлюстраванне i ў кнізе «Polish Countrysides»: д-р Станіслаў Гажухоўскі апрацаваў раздзел «Some aspects of Rural Połand» («Некаторыя аспекты польскай вёскі»).

Як географ Луіза Бойд была anąTapaM, Польшчы зусім не ведала. Яна не імкнулася зрабіць адкрыцці, упарадкаваць навуковы матэрыял. Проста хацела зафіксаваць для нашчадкаў - i для сваіх амерыканскіх суайчыннікаў, якія не ведалі нічога або амаль нічога пра Польшчу, - экзатычны для яе знікаючы лад жыцця. Прадумала сваю трасу так, каб наведаць рэпрэзэнтатыўныя рэгіёны, i фатаграфавала найперш тое, што яе ўражвала або што было архаічным. Колькасць здымкаў, якія зрабіла Луіза Бойд за тыя два месяцы, сведчыць, што яна інтэнсіўна працавала з раніцы да позняга вечара, што ў яе не было часу для дэталёвага назірання ці даследавання.

з тэхнічнага погляду не ўсе здымкі Луізы Бойд з Польшчы можна параўнаць са здымкамі з Арктыкі, бо цяжкасці стваралі людзі, паводзіны якіх яна не заўсёды магла прадбачыць. Акрамя таго, узяла яна ў Польшчу толькі адзін фотаапарат i вельмі шкадавала, што не мае другога: «Адзін павінен служыць для хуткага настаўлення рэзкасці i фатаграфавання рухомых аб'ектаў, другі - мець добрую глыбіню рэзкасці для фатаграфавання аддаленых аб'ектаў, рэльефу мясцовасці, апрацаваных палёў, архітэктуры i да т. п.».

Нярэдка цікавасць жыхароў, асабліва дзяцей, не дазваляла выконваць здымкі, якія патрабавалі настаўляць святло або выкарыстоўваць штатыў. «У выніку найчасцей я была вымушаная абмяжоўвацца імгненнымі здымкамі». Шкадавала таксама, што не узяла з сабою камеры для каляровых здымкаў, якая дазваляла б фатаграфаваць «цудоўныя i захапляючыя народныя строі, а таксама некаторыя дэталі маляўнічай вясковай архітэктуры».

Луіза Бойд разумела сваю місію ў Польшчы як фіксаванне на фотастужцы натуральна знікаючага ладу жыцця. Таму яе фотаздымкі можна параўнаць з этнаграфічнай фатаграфіяй, асабліва папулярнай у другой палове XIX ст.,- фотадакументам жыцця індзейцаў у Амерыцы. Але розніца была істотная. Фатаграфіі Луізы Бойд больш натуральныя, не ў такой ступені пазбаўленыя сардэчнасці, не такія «помнікавыя», як здымкі індзейцаў аўтарства Эдварда С. Кёрціса i іншых фотамайстроў. У значнай ступені гэта вызначалася тым, што Луіза Бойд, у параўнанні са сваімі папярэднікамі, мела камеры i фотастужкі больш дасканалыя. Нават, калі яна прасіла людзей пазіраваць, i фатаграфіі, i ix апісанні, сведчаць, што адбывалася здымка хутка i натуральным спосабам, не бачна прадуманай інсцэнізацыі, як гэта выразна адчуваецца на большасці здымкаў індзейцаў. Уласна кажучы, дзякуючы імгненным здымкам, фотаграмы Луізы Бойд нясуць адбітак аўтэнтычнасці. Таксама i матывы, якімі кіравалася Луіза Бойд, выдатныя: яна мела на мэце толькі навуковую арыентацыю, не скажоную аніякімі камерцыйнымі поглядамі. У выбары аб'екту здымкаў схілялася больш да архічнасці, не ўжывала дадатковых рэквізітаў. I ўвогуле ніякім іншым спосабам не старалася ix падфарбаваць, што здаралася раней у этнаграфічнай фотаздымцы.

Добрае разумение прадмета дазволіла Луізе Бойд праўдзіва апрацаваць схему даследаванняў: тэмай здымкаў i каментары да ix мусілі быць вясковае будаўніцтва i выкарыстаныя ў ім матарыялы, характарыстычныя рысы краявіду, варыянты сядзібаў, спосабы апрацоўкі зямлі i сельскагаспадарчыя прадукты, спосабы транспарту, тыпы людзей, строі, гандаль i да т. п. Усе здымкі старанна апісаныя, з указанием месца ix выканаиня, даты, нават гадзіны. Часам вопісы дастаткова падрабязныя, аўтарка называв матэрыялы, ужытыя пры пабудове дамоў ці пашыве адзення, кошт прадуктаў, якія прадаваліся на базарах, апісвае чарговасць дзеянняў, калі адлюстраваны працэс працы, дадае анекдатычную інфармацыю пра постаці i здарэнні,

Сёння фотаграмы Луізьг Бойд маюць тую вартасць, дзеля якой яна ix i рабіла, - гэта дакументы жыцця, сляды якога практычна зніклі. Дзякуючы дакладнаму вопісу, які дае дакладныя назвы мясцовасцяў i прадметаў здымкаў, з'яўляюцца надзвычай важнымі як дакументацыя стыляў i тэхнікі будаўніцтва, народных строяў, дарог i транспарту, кірмашоў, рыбалоўства i спосабаў апрацоўкі глебы. Выключнае значэнне маюць здымкі, зробленыя ў рэгіёнах, што зараз ляжаць па-за межамі Польшчы. Іхная вартасць больш чым этнаграфічная, Навуковыя задачы, якія паставіла перад сабою Луіза Бойд, не перашкодзілі ёй атрымаць асабістыя ўрокі ад людзей, якіх фатаграфавала. Узрушаная ix «сардэчнасцю i гасціннасцю», з перакананнем піша пра «моц i годнасць», якія чытала на ix апаленых сонцам тварах. Тон гэтых вопісаў нагадвае вопісы жыцця эскімосаў у Скорэсбі Санд, з якімі сутыкалася трыма гадамі раней, i дазваляе дамысліць, як высока цаніла Луіза Бойд вартасці простага жыцця. Яе фатаграфіі i мастацкія, i навуковыя адначасна. Маляўнічыя кадры ўтульных драўляных хатаў, палявых дарог, ветракоў, што стаяць нібы на варце сярод церасцалосіцаў, чаўноў, якія папіхаюцца доўгімі шастамі i плывуць па поймах рэк, вяскоўцаў у цудоўных народных строях - гэтыя вобразы належаць будучыні. Сёння то тут, то там яшчэ крыху бачны сляды тых дзён, але i яны хутка знікнуць.

Першыя адбіткі сваіх фатаграфій з Польшчы Луіза Бойд ахвяравала ў 1936 г. Амерыканскаму Геаграфічнаму Таварыству. У 1982 г. Таварыства, якое ўжо не магло далей захоўваць сваіх збораў з прычын вялікага кошту, перадало ўсю сваю бібліятэку Бібліятэцы Голды Меір (Golda Meir Library) Універсітэта Штата Вісконсін ў Мілвоўку, дзе зараз займае спецыяльнае памяшканне, якое называецца «American Geographical Society Collection» (AGSC). У архівах Амерыканскага Геаграфічнага Таварыства ў Нью-Йорку засталіся толькі адбіткі здымкаў, змешчаных у кнізе Луізы Бойд «Polish Countrysides». Лёс негатываў невядомы.

193 фатаграфіі, зробленыя Луізай Бойд на землях Заходняй Беларусі i Заходняй Украіны, якія ў 30-я гг. уваходзілі ў склад Польшчы, былі падораныя Бібліятэкай Голды Меір Мастацкаму музею ў Лодзі (Польшча). У 1987 г. там была адчыненая выстава гэтых здымкаў, пазней яна паказвалася яшчэ ў некалькіх гарадах гэтай краіны. У 1991 г. са згоды Амерыканскага Геаграфічнага Таварыства ў кракаўскім выдавецтве «Знак» выйшау альбом «Луіза Арнэр Бойд. Крэсы. Фатаграфіі з 1934 года», з якога мы i перадрукоўваем некаторыя здымкі. Вось такім няпростым шляхам героі 1 краявіды беларускага Палесся вяртаюцца на сваю радзіму, да сваіх нашчадкаў.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX