Вярнуцца: Артыкулы

Лакотка А. Стала ім роднаи зямля Беларуская...


Аўтар: Лакотка Аляксандр,
Дадана: 17-10-2012,
Крыніца: Лакотка Аляксандр. Стала iм роднай зямля Беларуская... // Спадчына № 3 - 1991. С. 64-73.



У францысканскім штогодніку за 1324 год паведамлялася, што «браты», якія выправіліся ў краіну літоўскую з мэтай аглашэння навукі Хрыстуса, нечакана сустрэлі там людзей, што прыбылі з краю нейкага хана i адпраўлялі малітвы свае моваю азіяцкай. Пасол англійскага караля Джыльберт дэ Ланоў у лютым 1414 года, які ехаў з Вільні ў Прусію праз Трокі, у дзённіку адзначыў, што ў многіх вёсках вялікая колькасць татараў, якія маюць мову асаблівую, званую татарскай, у Троках шмат немцаў, ліцвінаў, русінаў i вялікая колькасць яўрэяў. Да апошніх пасол залічыў караімаў, нашчадкаў хазар іўдзейскага веравызнання...

Пра татарскія набегі на землі Беларусі захавалі памяць песні:

Гарыць агонь ясненькі,
Стаіць шацёр навенькі,
А ў тым шатры татары,
Ды з маёй жаною...

Гедымін, Кейстут, Альгерд запрашалі татар i поўлаўцаў-кіпчакоў на ваенную службу. Былі i ваенныя сутыкненні. Альгерд неаднойчы ваяваў 3 ханам Джанібекам (памёр у 1356 годзе). У той жа час конніца Джанібека брала ўдзел у паходах Альгерда ў 1350 i 1352 гадах. Палітыкі прымірэння з татарам! трымаўся i Ягайла. На чале татарска-кіпчакскага воінства ён накіраваўся ў 1380 годзе на Дон, дзе ў войску маскоўскага князя Дзмітрыя Іванавіча на полі Куліковым удзельнічаў у бітве з Мамаем.

Часткай стратэгічнай задумы Вітаўта было пашырэнне татарскіх пасадаў як у цэнтры дзяржавы, так i на парубежжы, - частыя войны вымагалі стварэння шырокай ваенізаванай праслойкі.

На парозе XIV-XV стагоддзяў Залатую Арду падрывалі шматлікія дынастычныя i родаплемянныя сваркі. Гэта садзейнічала павелічэнню колькасці перасяленцаў. Пасля смерці ў 1380 годзе Мамая валадар татарскіх ордаў Цімур-Ленк аддаў трон хану Белай Арды Тахтамышу. Той у 1387 годзе выступіў супраць свайго патрона, за што i паплаціўся. Цімур-Ленк разбіў яго i скінуў з прастола. Воіны Тахтамыша ўцяклі ў памежжа Масковіі, Малдовы i Літвы. У тым жа 1387 годзе Тахтамыш ca сваёй сям'ёй, бліжэйшым акружэннем i купкай вояў прыбыў да Вітаўта.

Прыняўшы Тахтамыша, сабраўшы ўласныя войскі, запрасіўшы рускія палкі, Вітаўт у 1387 годзе накіроўваецца ў Кіпчакскія стэпы, прайшоў за Дон да Волгі, уварваўся ў галоўнае ардынскае качэўе, узяў у палон тысячы татараў з сем ямі i статкамі i накіраваў ix у Літву.

Летам наступнага 1389 года з тым жа войскам, да якога далучыўся i невялікі атрад крыжакаў, Вітаўт выпраўляецца ў Крым i ва ўлусе Сірынаў садзіць на трон Тахтамыша. Уздоўж паўднёвага ўзбярэжжа Крыма жылі нашчадкі хазараў, якія прынялі іўдзейскае веравызнанне-караімы. Вітаўт на зваротным шляху захапіў з сабой некалькі ix сем'яў i рассяліў пасля ў сваёй Трокскай рэзідэнцыі.

У 1410 годзе да Вітаўта прыбывае з сям'ёй сын Тахтамыша, а з ім састарэлы султан Джэлад-эд-Дзін. У час Грунвальдскай бітвы татары пад кіраўніцтвам Джэлад-эд-Дзіна добра-такі пашкуматалі палкі крыжакаў, за што Вітаўт дапамог старому султану ў .барацьбе з яго ворагамі ў Ардзе. 3 1412 года ханскую чалму прымае сын Тахтамыша.

Пасля аб'яднання Вялікага княства з Польшчай рассяленню крымскіх татар i кіпчакаў на землях Беларусі i Літвы садзейнічаюць Казімір Ягелончык, Аляксандр, Жыгімонт I.

Службовая татарская знаць пачынае набываць дваранскія правы, што знайшло пацвярджэнне ў двух «прывілеях» Жыгімонта Аўгуста 1561 i 1568 гадоў, а пазней у «прывілеях» Стэфана Баторыя (1576 года), Жігмонта III (1608 года), Уладыслава IV (1634 года) i іншых.

Гербы, геральдычныя знакі XVI- XIX стагоддзяў сведчаць пра тое, што на Беларусі было больш за пяцьдзесят вядомых татарскіх прозвішчаў. Аселая татарская арыстакратыя ператварылася ў феадалаў (татар-зямян), уладальнікаў маёнткаў, фальваркаў i вёсак. Рэшта ж перасяленцаў стала звычайнымі хлебаробамі, асела ў гарадах i мястэчках, займалася вырабам скур, меднага посуду, рамізніцтвам i г. д. У гарадах i мястэчках татары звычайна засялялі ўскраіны i прадмесці. У Мінску Татарская слабада ўзнікла ў XVI стагоддзі. Насельніцтва яе складалі палонныя крымскія татары, разбітыя пад Клецкам. У 1599 годзе тут, у Татарскай слабадзе, была ўзведзена драўляная мячэць, якая ў 1900 годзе была заменена мураванай.

У XVI стагоддзі на землях Беларусі, Літвы i Польшчы жыло каля сарака тысяч татараў, а ўжо праз стагоддзе - звыш ста тысяч. У пачатку нашага стагоддзя ix засталося каля дваццаці тысяч. Найбольшая колькасць татараў жыла ў наваколлях такіх гарадоў, як Маладзечна i Ашмяны, Мір i Нясвіж, Клецк i Сіняўка, Узда i Капыль, Слуцк, Смілавічы, Ляхавічы i інш. Памяць пра татарскія асады захавалася ў назвах паселішчаў: Койданава, Татарка, Татаршчына, Сорак Татараў, Арда, Агдамер, Мамаі i інш. Сёння ў Беларусі жыве звыш дзесяці тысяч асобаў татарскай нацыянальнасці.

Татары, якія перасяліліся ў беларускія i літоўскія землі, былі выхадцамі са шматлікіх плямёнаў i родаў. Шматлікімі былі нашчадкі кіргізскіх плямёнаў Садзір i Найма, Кара-керыс i Багамалаў, Серкеч, Балталу, Кірэз, Джалаір, Кірэй, крымскіх кланаў Даўлет Бярдэя i Даўлет Гірэя, Сірынаў i Аргунаў, Ячлай, Нагайцаў з Дольнай арды. Тамгі хана Залатой Арды Менгу-Цімура (1266-1280), былых у Залатой Ардзе родаў уйшунаў i Конград, бралі пачатак у эпоху Чынгіз-хана.

Татары Беларусі i Літвы веравызнавалі іслам суніцкага толку («суна» па-арабску «звычай», сінонім тэрміну «хадзіс», паданне пра Мухамеда). Суніты лічылі законнымі спадчыннікамі Мухамеда трох легендарных халіфаў - Абу-Бекера, Амара i Асмана - i таму прызнавалі толькі тыя паданні пра Мухамеда (суны), якія ўзніклі пры ix. Праціўнікі сунітаў - шыіты (мусульмане Ірана, некаторых раёнаў Блізкага Усходу i Індыі) супрацьпастаўляюць ім паданні, асновай якіх служаць выслоўі самога прарока халіфа Алія i яго нашчадкаў-імамаў. Вучэнне сунітаў мела чатыры накірункі. Беларускія i літоўскія татары вызнавалі суніцкае вучэнне Абу Ханіфа (памёр у 767 годзе). Да сунітаў адносіцца большая частка мусульман СССР, Турцыі, Індыі i Кітая.

Запаведзі Карана патрабавалі веры ў Алаха i яго прарока Мухамеда, малення пяць разоў на дзень, захавання посту, міласэрнасці да жабракоў i сіротаў, паломніцтва да Каабы ў Меку. Павагай i пашанай карыстаўся звыча міласэрнсці - садога. Садога суправаджалася раздачай ялмузны: гародніны, прысмакаў, печыва, блаславёных малітвай. Маральнай нормай лічылася падтрымка бедных, апекаванне старых i сірот.

(31KB) Мячэць у Іўі. Здымак 1990 г.

Паломніцтва ў Меку маглі дазволіць сабе толькі заможныя татары. Польскі гісторык С. Крычынскі ўспамінае пра паломніцтва трох татараў з Беларусі i Літвы, здзейсненае ў 1557-1558 гадах. Праз Чорнае мора, Румею (Візантыю) паломнік] трапілі ў Стамбул. Тут ix 3 увагай сустрэлі туркі, запрасілі ў свае дамы, у мячэці, прадставілі султану, які шчодра ix адарыў i прапанаваў працягваць шлях у яго караване. Здзейсніўшыя паломніцтва атрымлівалі тытул хаджы. Тыя ж, хто не меў магчымасці выправіцца ў Меку, пілігрымствавалі ў Лоўчыцы (непадалёк ад Наваградка), да магілы святога падпаска Кунтуса, i ў Сіняўку - да цудадзейнай магілы немаўляці.

С. Крычынскі паведамляе, што нейкі Ян Мурзевіч, які жыў у Харовічах пад Наваградкам, узяў у свой двор пасля руска-турэцкай вайны 1877-1878 гадоў некалькі туркаў-юнакоў, якія рабілі для яго пераклады рэлігійных кніг. Гэта пацвярджае той факт, што беларускія татары ў XIX - пачатку XX стагоддзя арабскай мовы не разумелі. Пры чытанні карана карысталіся каментарыямі i перакладамі на рускую, беларускую i польскую мовы. На малітву прыходзілі ў галаўным уборы, перад уваходам у мячэць здымалі абутак. Жанчыны апраналіся чыста i сціпла, валасы пакрывалі шалем. Старым i нямоглым месца ў мячэці адводзілася каля сцен, на лавах i табурэтках.

Вылучаліся буйныя багаслужэнні - гужэль, i невялікія - абдэст. Днём малебнаў была пятніца. Пачынаўся ён 3 чытання карана, затым спяваліся малітвы, якія ўсхвалялі продкаў i прарокаў, у тым ліку Ісуса i Мухамеда. Нярэдка ў малітвах гучалі матывы старажытных продкаў - качэўнікаў. На дні пятніц прыпадалі i святы. Галоўнае, Рамадан-байрам, пачыналася адразу пасля заканчэння посту - рамадана (разгавенне) i доўжылася тры дні. У першы дзень ішлі ў мячэць, пасля намазу падносілі імамам i мулам падарункі - фітрэ. Пасля вяртання абедалі, ішлі на могілкі (мізар) прачытаць малітву за «душы кроўныя». На другі i трэці дзень наведваліся адзін да аднаго ў госці, ладзілі танцы i гульні.

Курбан-байрам святкаваўся чатыры дні. У першы, у памяць продкаў, рабілася ахвярапрынашэнне (курбан - ахвяра), забівалі вала (быка, карову) ці барана. Згодна з традыцыяй Абрахам (ці біблейскі Аўрам) прынёс богу ў ахвяру сына Ізмаіла (біблейскі Ісак), бог тую ахвяру замяніў на авечку. Жывёліну забівалі ў мячэці ў прысутнасці імама, пад яго малітву. Мяса дзялілася між прыхажанамі, імамам i жабракамі. Карэнні звычая бяруць пачатак у традыцыях родавага ладу, дзяльбы мяса між членамі роду. У 1989 годзе ў дзень курбан-байрама ў г. п. Іўе Гродзенскай вобласці ў ахвяру было прынесена восем бычкоў. Раней тут ахвяравалі авечак i да паўсотні пеўнікаў.

Ажурэйны байрам прыпадаў на 9-10 ДНІ месяца Мухарама. У гэты дзень жонка Мухамеда Фаціма чакала вяртання з вайны сыноў Хусейна i Хасана. Былі прыгатаваны разнастайныя прысмакі. Але прыйшла трагічная вестка: сыны загінулі. У адчаі перамяшала маці стравы, i 3 тых часін павёўся ў татараў звычай у дзень Ажура гатаваць страву з дзевяці гатункаў садавіны, зваранай у рысе.

Свята Міўлюд было прысвечана дню нара'джэння Мухамеда i святкавалася як Новы год. Месяц Рамадан быў месяцам посту. У другой палове Рамадана імам збіраў фітрэ.

Беларускія татары ведалі месяцы месячнага календара. Муэдзін мячэці ў Іўі Шабановіч Ісмаіл Аліевіч пералічыў ix у мясцовым вымаўленні: Мухарам, Сафар, Рэбіуль-аўвель, Рэбі-уль-ахыр, Джэмазіл-аўвель, Джэмазіл-ахыр, Раджаб, Шайбан, Рамадан, Шаўваль, Зількаад, Зіль-хадж. Месяцы перамяшчаліся з цягам часу, бо месячны год адстае ад сонечнага на 11 дзён. Летазлічэнне вялося ад 622 г., дня ўцёкаў Мухамеда з Мекі ў Медзіну. Нярэдка на надмагільных камянях ставіліся дзве даты: «паводле летазлічэння прарока Мухамеда» i «паводле летазлічэння прарока Ісуса».

(27KB) Мячэць XVIII ст. у в. Даўбучкі Смаргонскага раёна. Здымак пачатку XX ст.

Першыя мячэці ў Беларусі ўзніклі ў часы Вітаўта. Прывілеі на будаўніцтва давалі вялікія князі, пазней патрабавалася i віза караля. На тэрыторыі віленскай дэцыі патрабаваўся яшчэ i дазвол біскупа. Дазвалялася ўводзіць пярці толькі драўляныя, сціплыя па архітэктуры. С. Крычынскі пісаў, што турэцкі султан Мурад III, у звароце да польскага караля Жыгімонта III у 1591 годзе прасіў апошняга «садзейнічаць у справе вольнага будаўніцтва мячэцей у калоніях татарскіх на Літве». Рэлігійныя баталіі, якія скаланалі Польшчу ў XVI - XVII стагоддзях, закраналі i татараў. Біскуп Віленскі Бенедыкт Война (1600-1616 гг.) не дазволіў татарам ні будаваць, ні аднаўляць мячэць. Сеймік Галіцыі ў сваіх пастановах 1666 i 1667 гадоў патрабаваў пад пагрозай канфіскацыі маёмасці, каб у «ваяводстве рускім» татары ў маёнтках сваіх мячэцей не будавалі. У праекце пагаднення з гетманам Сабескім у 1673 годзе пад час бунту татарскіх ротмістраў апошнія патрабавалі дазволіць вольна будаваць мячэць. Толькі ў 1766 годзе польская канстытуцыя дазволіла татарам рамантаваць старыя, а канстытуцыя 1775 года - будаваць новыя мячэці.

На момант падзелу Польшчы (1795 г.) на тэрыторыі Беларусі i Літвы знаходзілася 23 мячэці i 65 малітоўных дамоў. Да найбольш старажытных адносіліся прыходы ў Некрашунцах пад Лідай (1415 г.), у Лоўчыцах пад Наваградкам (1420 г.). У пачатку цяперашняга стагоддзя на тэрыторыі Беларусі працавала больш за 20 мячэцей. Акрамя вышэйзгаданых - у Крыш'янах пад Гродна (прыход з 1679 г.), у Наваградку (1792 г., нанова адбудавана ў 1855 г.), у Слоніме (1804 г., адбудавана пасля пажару ў 1882 г.), у Ляхавічах (1815 г., адбудавана ў 1924-1925 гг. на ахвяраванні беларускіх татараў, што эмігравалі ў Амерыку), у Міры (збудавана да 1795 г., адбудавана ў 1840 г.), у Відзах (1860- 1865 гг.), у Мядзелі (1840 г., адбудавана нанова ў 1930 г.), у Асмолаве пад Наваградкам (з 1834 г., перабудавана ў 1924-1925 гг.). На прыканцы мінулага стагоддзя мячэці былі пабудаваны ў Ляхавічах, Капылі, Уздзе, Смілавічах. Малітоўныя дамы ў пачатку XX стагоддзя былі ў Глыбокім i Докшыцах.

Зараз на Беларусі маецца чатыры мячэці: у г. п. Іўе (1884 г.), у вёсцы Доўбучы Смаргонскага раёна (прыход з 1588 г., мячэць пачатку XVIII ст., перавезена з вёсеі Сялец Маладзечанскага раёна), у Наваградку (1775 г., нанова адбудавана у 1855 г.), у вёсцы Лоўчыцы Наваградскага раёна (прыблізна 1688 г.).

Відавочца XVI стагоддзя пісаў, што мячэці літоўскія ўбогія i нізкія, з дрэва, без мінарэтаў, «для жанчын у некаторых мясцовых мячэцях ёсць асобнае месца ўнутры хаты, аддзеленае ад мужчынскага...» Невядомы аўтар паведамляў нямецкаму гуманісту Давіду Гутрэўсу ў 1584 годзе, малюючы мячэць у Лукішках пад Вільняй: «...голыя тут сцены, падлога толькі тканымі ходнікамі засцелена...» Пэўна, мячэці Беларусі ў XV-XVI стагоддзях сапраўды не мелі мінарэтаў, i муэдзіны склікалі прыхаджан на азан (малітву) з ганка мячэці, або абыходзячы сяло. Са з'яўленнем мінарэтаў білі i ў званы. Той жа Гутрэўс у паведамленні аб Лукішскай мячэці адзначаў: «біццё ў звон ні з чым не параўнаць». Архітэктура мячэцей Беларусі развівалася ў рэчышчы планіровачных i канструктыўных рашэнняў народнага жылля: квадратны зруб са с лупам пасярод, які накрываўся стромкім шатровым дахам са сціплым мінарэтам.

Выдатным помнікам драўлянай архітэктуры з'яўляецца мячэць у Даўбучках. Тут знаходзіўся адзін са старадаўніх прыходаў на Беларусі (з 1588 года). Паводле старажытных актаў пра літоўскіх татараў (запіс у кнізе гарадскога суда ў Вільні ад 2 сакавіка 1594 г., рэестр на маёнтак Даўбуцішскі князёў Алекічаў Бякгімавічаў Уланавых ад 30 верасня 1592 г.), заснавальнікам прыходу i мулой мячэці быў нейкі дэрвіш, шэлябі, хаджы, кадзі ўсіх татараў літоўскіх Мурзіевіч. «Дэрвіш» з пярсідскай - той, хто просіць, г. зн. жабрак, ці мусульманскі манах. Шэлябі (ад арабскага «шэляб» - бог) - тытул, вядомы ў туркаў-асманаў з XIV- XV стагоддзяў, надаваўся людзям вялікай вучонасці: пісьменнікам, паэтам, публіцыстам, урачам, гісторыкам i г. д. У xvii-XVIII стагоддзях ён змяняецца запазычаным з грэцкай «эфендзі». Тытул «шэляб» надаваўся i настаяцелям мусумльманскіх манастыроў у Малой Азіі. Кадзі (даслоўна «суддзя») у Xlv-XVII стагоддзях быў кіраўніком прыходу. Мурзіевіч здзейсніў паломніцтва ў Меку, доўгі час правёў на Усходзе. С. Крычынскі лічыць, што Мурзіевіч - адзін з трох беларускіх татараў-пілігрымаў, стваральнік трактата пра татараў Беларусі 1588 года. У 1584 годзе яму было 66 гадоў, значыць, у 1558 годзе ён быў дастаткова маладым чалавекам, здольным выправіцца ў далёкае падарожжа. У Стамбуле Мурзіевіч пазнаёміўся з вучонымі, скончыў мэдрэсе, стаў дэрвішам манастыра ў Анатоліі і, магчыма, пазней узначальваў яго. Там ён мог напісаць вышэйназваны трактат.

У XVII-XVIII стагоддзях у справах літоўскіх татараў фігуруюць турэцкія ўлемы i муфціі. С. Крычынскі дае паведамленне турэцкага гісторыка Ібрагіма Пячэві: у 1630 г. у Акерман (Белгарад) прыбыў пасол татараў польскіх з прапановай да тутэйшага муфціі аб заключэнні рэлігійнага пагаднення. Паводле Бухарскага трактату 1670 года вышэйшыя турэцкія духоўнікі накіроўвалі татарам Літвы фетвы - адміністрацыйна-рэлігійныя цыркуляры. Аднак апошнія ў мемарандуме 1677 года, завізіраваным каралём Янам III, адмовіліся ад рэлігійна-іерархічнага рэгламенту i патрабавалі права выбіраць сваіх муфціяў, улемаў i кадзі.

Пасля далучэння земляў Беларусі i Літвы да Расіі царскі ўрад аддаў татараў пад кіраўніцтва муфціяў з Крыма - так званаму таўрычаскаму духоўнаму кіраванню. Але па прычыне аддаленасці гэтае падпарадкаванне было фармальным. Татары Беларусі, Літвы, Польшчы стварылі аўтакефальнае рэлігійнае аб'яднанне i абіралі свайго муфція. У рамках буржуазнай Польшчы муфцій нёс адказнасць перад усяпольскім мусульманским кангрэсам, які збіраўся раз за пяць гадоў. Кангрэс складаўся з прадстаўнікоў прыходаў i выбіраў калегіум, у які ўваходзілі муфцій I падначаленыя яму члены, двое духоўных i двое свецкіх. Муфцій i калегіум знаходзіліся ў Вільні, тут адбываліся i кангрэсы. Зараз татары Беларусі падпарадкоўваюцца мусульманскаму кіраванню еўрапейскай часткі СССР i Сібіры на чале з муфціем Талгад Тудж-Эдзінам, я кое знаходзіцца ва Уфе.

Прыхаджане Даўбучак называлі сваю мячэць «джама, джэмія». Так зваліся буйныя мячэці, у якіх штодзённа адбывалася служба за халіфа - хутбэ. Такога ж тытулу был i ўдастоены мячэці ў Лоўчыцах i Мураўшчыне (Іўе). Адсюль i назва сходу прыхаджан - джэміят (па арабску - сход). Джэміяту належала прэрагатыва выбару кіраўніцтва прыходу, мулы, выдання разнастайных атэстацый i пасведчанняў, пацвярджэння шляхецкай радавітасці i г. д. Царскае самаўладдзе абмежавала правы мусульманскай абшчыны i заснавала інстытут патраната над мячэцямі. Патронамі прызначаліся заможныя татары, якія лічыліся на казённай службе. Адміністрацыя буржуазнай Польшчы спрабавала ажывіць традыцыі джэміята. Указ ад 21 мая 1936 года аб статусе мусульманскіх рэлігійных аб'яднанняў абвяшчаў, што «..на чале мусульманскай гміны (прыходу) стаіць імам, абаронцам i памочнікам якога з'яўляецца муэдзін. Імам i муэдзін выбіраюцца на агульным сходзе членаў гміны».

(38KB) Мячэць у в. Даўбучкі Смаргонскага раёна. Здымак 1989 г.

Вось як апісваў Даўбучкі i навакольную мясцовасць краязнаўца Чэслаў Янкоўскі (1886 г.): «Між Мысай i Беніцай, сярод ваколіц i крутых пагоркаў, сярод мора маленькіх фальваркаў, ваколіц, сядзіб i засценкаў, у катлавіне, замкнёнай з усіх бакоў маляўнічымі схіламі высокіх пагоркаў, ляжаць між зеляніны дрэў дамы i хаткi аднаго з найстарэйшых асадаў татарскіх. Гэта Даўбуцішкі... Ля дарогі, што ідзе ўздоўж па даліне, ля цэлага агламерату курганоў, падобных на шведскія, пасярод старых, замшэлымі камяніцамі могілак, пад шатамі бяроз - стаіць мячэць з чырвоным купалам, аздобленая крытай галерэяй, якая абапіраецца на белыя слупкі, зробленыя ў візантыйскім стылі... дзівосна вылучаючыся ў тым вясковым атачэнні». Побач з мячэццю быў i двор мулы, у доме якога зберагаўся архіў мячэці, які згарэў пад час пажару дванаццаць гадоў таму (г. зн., у 1884 г.).

Фундацыя мячэці здзяйснялася як за кошт збораў з прыхаджан, асобных ахвяраванняў, так i сродкаў, што вылучаліся спецыяльнымі маёнткамі (вакуфамі), а таксама ўладальнікамі двароў i фальваркаў - калятарамі. Татары маёнткаў Даўбуцкага прыходу абавязаны былі, як калятары, выплочваць для мячэці пасошныя - па 2 злотыя з сахі. Гэты падатак увёў мула Якуб Лебедзеў у 1802 годзе. Даўбуцкай мячэці выплочвалі пасошныя за 176 татарскіх сох. У 1805 годзе нейкі Ян Крычынскі даў муэдзіну даўбуцкай мячэці Якубу Радкевічу завяшчанне (тэстамэнт) на пабудовы, палі i агароды. У 1919 годзе Эліяз Юшынскі завяшчаў даўбуцкай мячэці паўдзесяціны зямлі. Мулы буйных прыходскіх мячэцей зваліся хатыпамі (з арабскага - скарбнік).

Тытул «імам» (правадыр, кіраўнік мячэці) у татараў Беларусі i Літвы існаваў як афіцыйны. У народзе ўжываўся тэрмін мула (пан, абаронца). У дакументах XVI-XVII стагоддзяў шырока сустракаецца выраз: «мула - поп татарскі». Мула занатоўваў факты нараджэння, вяселляў i разводаў, вёў кнігі метрык, быў прадстаўнікоў татарскай абшчыны ў адміністрацыйных і судовых органах, фіксаваў прысягі, што прыносіліся на каране. Так, у 1792 годзе татары-жаўнеры прысягалі на каране на ганку Даўбуцкай мячэці на вернасць каралю, айчыне, канстытуцыі. Мула вёў спіс рамеснікаў, абавязаных выплочваць падаткі, выступаў ў ролі арбітра ў свецкіх справах. Яму на збераганне даваліся каштоўнасці, важныя паперы; як скарбнік, ён мог друкаваць аблігацыі. У пашане была i жонка мулы, пад час намаза яна займала месца ў сярэдзіне першага рада жанчын. Апратка мулы складалася з доўгай чорнай або зялёнай сукні з шырокімі рукавамі (джубэ, джуба) i цюрбана - чорнага ці цёмна-зялёнага каўпака, абгорнутага белым палатном (чалма). У дваццатыя гады віленскі муфцій увёў для імамаў чырвоны фес з белым завоем. Памочнік мулы, муэдзін, пад час багаслужэнняў знаходзіўся на хорах. У яго абавязкі ўваходзіла таксама навучанне дзяцей чытанню карана.

У залежнасці ад архітэктурнага рашэння мячэці Беларусі можна класіфікаваць на шэраг тыпаў. Да першага трэба аднесці тыя, аснову якіх складаў блізкі да квадрата зруб, Шатровы дах, увенчаны мінарэтам (Сорак Татараў). Іншы раз з боку ўваходу мелася галерэя слупоў (Лукішкі, Іўе). Другі тып складалі мячэці з выцягнутым, прамавугольным зрубам, чатырохсхільным дахам, пасярэдзіне якога ўзвышаўся мінарэт (Асмолава). Да трэцяга тыпу адносяцца мячэці, архітэктура якіх складалася пад уплывам аднаi двухзрубных драўляных цэркваў са званіцай на лініі ўваходу i двухвежавых касцёлаў (Мір, Лоўчыцы). Чацвёрты тып уяўляюць купаловыя мячэці (Даўбучкі, Слонім).

У мячэцях Беларусі выявіліся ўсе галоўныя архітэктурныя асаблівасці, што гістарычна сфарміраваліся ў мусульманскім дойлідстве: галерэі, мінарэты, купалы. Крыніцай знаёмства з архітэктурай былі як кантакты з краінамі Усходу (паломніцтва, гандаль, міграцыя), так і выявы вядомых мячэцяў на мухірах i дыванах (Сулеймана ў Стамбуле, Амру i Каіт-бея ў Каіры i іншых). Даўбуцкая мячэць перавезена з вёскі Сялец, дзе была ўзведзена прыблізна ў 1735 годзе. 3 апісання Ч. Янкоўскага вынікае, што драначнае пакрыццё дванаццаціграннага купала было пафарбавана чырвонай фарбай, калоны галерэі - белай. Шалёўка сцен магла мець афарбоўку вохравую або зялёную. Расфарбоўка ў драўляным культавым дойлідстве начала пашырацца са з'яўленнем шалёўкі (XVI ст.). Але i раней падфарбоўваліся белай або блакітнай крэйдавай фарбай ліштва вокнаў i дзвярэй, карнізы, накшталт таго, як у курнай хаце выбельваўся падцёс вакол валаковага вакна (закрывалася дошкай). У чырвоны колер быў пафарбаваны ў XVII стагоддзі дах драўлянай царквы ў Вялікім Свораце пад Баранавічамі. Афарбоўка дахаў драўляных цэркваў шырока адлюстравана ў акварэлях сярэдзіны xix ст. I. Трутнева i Д. Струкава. На малюнку, змешчаным у Ч. Янкоўскага, мячэць наказана без галерэі, 3 ганкам на вытачаных слупках. Калі гэта не памылка пры выкананні малюнка (напрыклад, па памяці), то ў такім выпадку галерэя з'явілася не раней 90-ых гадоў мінулага стагоддзя.

Купал, галерэя, вуглавы мінарэт выяўляюць у архітэктуры мячэці візантыйскія рысы. Запазычаныя з Візантыі купалы мусульмане шырока распаўсюдзілі па краінах Усходу, дадаўшы да ix стромкія мінарэты. Купаловыя мячэці з'явіліся ў Сафіі i Дамаску, Іерусаліме i Багдадзе, Кабуле i Бухары. Многія беларускія татары былі выхадцамі з крымскіх ордаў, татары Даўбучак i навакольнай мясцовасці паходзілі з арды Менгу-Гірэй-хана. Унутраная аздоба даўбуцкай мячэці падзялялася на дзве часткі: для мужчын i для жанчын, кожная ca сваім уваходам. Гэтая асаблівасць сваімі карэннямі ідзе да традыцый жылля кіпчакаў, якое мела мужчынскую i жаночую палавіны. Мужчынская i жаночая часткі падзелены сцяной, якая мае прарэз з балясінамі. Прарэз занавешваўся белай тонкай вуаллю - муслінавай. Багаслужэнне вялося ў мужчынскай частцы. Тут у сцяне была зрубная ніша - міхраб. Яна арыентавалася ў накірунку на Меку. Тварам да міхраба сядзеў мула.

Справа ад міхраба размяшчаўся накшталт амбона мумібір. Ен меў дзевяць прыступак з поручнямі i навес - балдахін. З мумібіра мула чытаў малітвы - хутбэ, звяртаўся з прамовамі ў асабліва важных выпадках. Пад час паўстання 1831 года мула даўбуцкай мячэці Давід Александровіч зачытваў з мумібіра пракламацыі графа Карла Пршэдэцкага. Мумібір з дзевяцю прыступкамі гаворыць аб значнасці мячэці, бо нават у краінах Усходу ў невялічкіх мячэцях ён меў тры, у буйных 7 або 9 прыступак. Мумібір у Лоўчыцах меў 3, у Немцы (пад Вільняй) 4 прыступкі. На мумібіры занатоўваліся ўрыўкі з вершаў карана i малітваў, імёны будаўнікоў мячэці, даты будаўніцтва.

У верхняй частцы сцяны, якая падзяляла мужчынскую i жаночую палавіны, знаходзілася галерэя з балюстрадай i паўкруглым балконам для муэдзіна. Падлога мужчынскай i жаночай палавін была засланая палатнянымі ходнікамі зялёнага колеру - кілімамі. Побач ляжалі чалуны - круглыя дыванкі, ахвяраваныя сваякамі памёршых, 3 вышытымі імёнамі i датай смерці. На сценах мухіры, карціны, лісты пергаменту ў рамах з каліграфічна напісанымі вершамі карана i малітваў, аздобленыя роспісамі, палотны ў рамах з краявідамі Мекі i Медзіны, друкаваныя «абразы» з выявамі святых месцаў, купленыя ў перакупшчыкаў - татараў 3 Волгі. У мячэці ў Даўбучках меліся такія «абразы казанскія», датаваныя 1889, 1908, 1912 гадамі. Убранства сцен дапаўнялі таксама лісты завяшчанняў на карысць мячэці (тэстамэнты), у некаторых мячэцях - пахавальныя вянкі.

У мячэці меліся два драўляныя ліхтары, своеасаблівыя точаныя драўляныя падсвечнікі, якія выкарыстоўваліся пры начных намазах у месяц посту - Рамадан.

Як помнік гісторыі i культуры мячэць у Даўбучках у 1928 годзе была ўзятая на ўлік для далейшай кансервацыі. Перыпетыі гісторыі i няўмольны час абышліся з ёю жорстка. Абваліўся купал, амаль нічога не засталося ад галерэі, пахіліўся мінарэт. Ды i Даўбучкі сёння - некалькі раскіданых сярод пагоркаў двароў i ўсё ж мячэць будзе захавана там, дзе набываюць другое жыццё помнікі, існаванне якіх ужо немагчыма ў родным асяроддзі,- у Беларускім нацыянальным музеі пад адкрытым небам.

Дзеючая мячэць у г. п. Іўе з'яўляецца прыкладам тыповай архітэктуры мячэцяў Беларусі i Літвы. У актавых матэрыялах i публікацыях XIX - пачатку XX стагоддзяў яна прыгадваецца як мячэць у Мураўшчыне (урочышча, якое потым злілося 3 мястэчкам). Мула іўеўскае мячэці Шабановіч Мустафа Аляксандравіч i муэдзін паведамляюць, што татары тут рассяліліся з часоў «высакароднага Вітальда», які выдзяліў ім зямлю ва ўрочышчы Мураўшчына, за паўтара кіламетры ад іўеўскага замка. Ен абяцаў ім свабоду i прывілеі i стрымаў слова. Тутэйшыя татары не ведалі прыгоннага права, ix справы разглядаў не лідскі павятовы суд, а віленскі трыбунал. Іўеўскія татары развілі наследаваную ад сваіх прыазоўскіх продкаў культуру агародніцтва, якое тут i сёння шырока квітнее, займаліся вырабам скур, былі добрымі грабарамі (будавалі дарогі). На сённяшні дзень тут жыве каля 800 татараў. 11 жніўня 1989 года ў Вільні адбыўся кангрэс татараў Беларусі i Літвы. 3 600 яго дэлегатаў 70 былі з Іўя.

Іўе належала ў канцы XIX ст. Замойскім. Да пабудовы мячэці тутэйшыя татары маліліся ў стадолах (гумнах) ці ездзілі ў Даўбучкі. У 1881 годзе прадстаўнікі мураўшчынскага агола пішуць у Віленскую губеранскую ўправу пісьмо з просьбам дазволіць адчыніць мячэць. Да ліста прыкладаўся праект мячэці. (У xix стагоддзі. дзейнічаў Указ, паводле якога мячэць дазвалялася ўзводзіць у населеных месцах, якія маюць не менш чым 200 мусульманаў-мужчын, ля плошчаў, па ўзорных праектах - паводле прадпісання дэпартамента дзяржаўнай гаспадаркі i грамадскіх будынкаў Міністэрства ўнутраных спраў ад 31 мая 1829 года. Пацвярджаліся рашэнні больш ранніх указаў, 1756 i 1770 гадоў, якія забаранялі будаўніцтва мячэцяў без падліку душ насельніцтва i г. д.) Праект быў зацверджаны, дало згоду i таўрычаскае магаметанскае духоўнае кіраванне. Замойская за старанне мураўшчынскіх татараў-грабароў выдзеліла першагатунковы лес.

Збярогся праект мячэці. На ім намаляваны блізкі да квадрата план, падзелены на дзве часткі (мужчынскую i жаночую), фасад з галерэяй слупоў, шатровым дахам i мінарэтам з балкончыкам. Мячэць узвялі Ў 1884 годзе. З графічных выяў канца XIX стагоддзя відаць, што галерэя з раскосам! на палову вышыні забудавана прырубам, па лініі ўваходу збудаваны прытвор, шалёўка адсутнічае. У 20-я гады былі праведзены аднаўленчыя работы на ахвяраванні эміграваўшых у Амерыку татараў (500 долараў): адрамантаваны мінарэт. Сённяшні воблік мячэці значна сапсаваны: гадоў дзесяць назад забілі дошкамі галерэю, абшалявалі сцены, пакрыццё з дранкі замянілі бляхай. Над дзвярыма, на сценах, на дыванах, якім накрыты лавы іўеўскай мячэці, выведзены па-арабску радкі карана: «Няма бога акрамя Алаха, прарок божы - Мухамед», «Алах - бог усемагутны, літасцівы, міласэрны». На сценах i падлозе - дыванкі з вершамі і малітвамі, выявамі мячэцяў, атрыманыя ў падарунак з Марока i Лівіі. Напісаныя акварэллю выявы мячэцяў Стамбула, мусульманскія сцягі належаць кісці мясцовага ўмельца Сулеймана Рафаловіча. Як паведаміў муэдзін I. Шабановіч, пад час начных намазаў дзве свечкі ставіліся па баках міхрабы i па адной ля кожнага, хто маліўся з каранам, усяго каля паўсотні падсвечнікаў-ліхтароў, самыя высокія - 70-80 см.

Культурная спадчына народаў, якія падзялілі з беларусамі гістарычны лёс, служыць прыкладам таго, як узнікалі і развіваліся брацкія адносіны людзей розных нацыянальнасцяў, што жывуць на адной зямлі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX