Вярнуцца: Артыкулы

Тумаш Вітаўт. Скарына ў Падуі


Аўтар: Тумаш Вітаўт,
Дадана: 28-10-2016,
Крыніца: Тумаш Вітаўт. Скарына ў Падуі // Спадчына №6-1996. С. 171-227.



Друкуецца паводле: Запісы, Кніга 5. 1970 г.

О, Padua, you nursery of fine arts!
William Shakespeare

Мяркаваньні, што вышэйшую асьвету Францішак Скарына здабываў ня толькі на Кракаўскім, але й на нейкім іншым унівэрсытэце, - найбаржджэй на адным з унівэрсытэтаў Італіі, - выказваліся яшчэ перад тым, як былі знойдзеныя архіўныя на гэта довады. Наводзілі на гэткую думку нёкаторыя факты самога Скарынавага жыцьцяпісу. Ведама было, прыкладам, што Скарына меў два дактараты - "навукаў вызваленых" і "навукаў лекарскіх". Разоў колькі адзначае ён гэта сам у кнігах Біблй свайго выданьня, як у кнізе Ісуса Навіна - "в науках вызволеных и лекарствех доктор", ці ў Кнізе Руты "в лекарстве и науках доктор".

Знаем тымчасам, што на Кракаўскім унівэрсытэце Скарына студыяваў толькі "навукі вызваленыя", філязофію. Няма-ж ніякіх дадзеных на тое, каб вучыўся ён там i мэдычнае веды. Ды гэта й мала праўдападобна, бо навучаньне мэдыцыны ў Кракаве ў тую пару было на даволі нізкім узроўні. На мэдыцынскім факультэце існавалі там тады ўсяго дзьве катэдры, калі на праве было 7, на тэалёгіі - 12, а "вызваленыя навукі" мелі ix аж 22 [1]. Цяжка й дапушчаць, каб пасьля праслуханьня лекцыяў толькі гэтых дзьвёх кракаўскіх мэдыцынскіх катэдраў Скарына змог пасьлей - i нязвычайна бліскуча - скласьці дакторскія экзамены на найслаўнейшым тагачасным мэдыцынскім факультэце - падуанскім.

Калі вельмі непраўдападобна, каб мэдыцыну Скарына студыяваў у Кракаве, дык дактарат у гэтай галіне здабыць там яму было й немагчыма, бо ў гады Скарынавых акадэмічных студыяў дактаратаў з мэдыцыны ў Кракаве яшчэ не давалi. Абсальвэнты кракаўскага мэдыцынскага факультэту па дакта­рат мусілі ехаць тады за межы. Першая ведамая дактарызацыя мэдыкаў у Кракаве адбылася толькі 28 лютага 1527 году, у часе рэктарату прафэсара мэдыцыны Лукаша Наскоўскага, ці 15 год пасьля таго, як Скарына сваю вышэйшую адукацыю завяршыў ужо дактаратам з галіны мэдыцыны [2].

На думку, што Скарына студыяваў i на ўнівэрсытэтах Італіі, наводзіла дасьледнікаў ягонага жыцьцяпісу найперш сьведамасьць таго, што ў Скарынаву пару, пры канцы XVна пачатку XVI стагодзьдзяў, моладзь зь Вялікага Княства Літоўскага, дзеці магнатаў, замажнейшае шляхты ды меставога патрыцыяту, па акадэмічную асьвету, апрача польскага Кракава й чэскае Прагі, кіравалася найчасьцёй на вышэйшыя школы Італіі, звычайна на ўнівэрсытэты Балёніі ды Падуі. Зьмянілася гэта толькі ад другой палавіны XVI стагодзьдзя, у пару пашырэньня рэфармацыйнага руху на землях Беларуci, калі гэтая моладзь, пратэстанцкага, пераважна, веравызнаньня, хлынула масава па навуку на пратэстанцкія ўнівэрсытэты Нямеччыны. Вось, улічаючы гэта, Петра Валадзіміраў у сваёй манаграфіі пра Скарыну 1888 году й пісаў, што дактарат у лекарскіх навуках мусіў ён здабыць "у Нямеччыне, у Італіі (найхутчэй у Балёніі) ці ў Празе" [3]. Валадзімірава дапушчэньне аб Італіі, як магчымай краіне лекарскае дактарызацыі Францішка Скарыны, неспадзеўкі хутка, бо праз чатыры ўжо гады, было пацьверджанае архіўнымі знахадкамі. Выявілася, праўда, што дактарызацыя гэтая адбылася не, як гадаў Валадзіміраў, у Балёніі, а ў Падуi.

Абставіны выяўленьня й публікацыі, яшчэ пры канцы мінулага стагодзьдзя, гэтых, для біяграфіі Скарыны вельмі важных архіўных дакумэнтаў, разгляд ix зьместу, факт нядаўнага адкрыцьця новага актавага запісу ў Падуі з новымі важнымі жыцьцяпіснымі ведамкамі пра доктара Скарыну, рэпрадукцыя ўсіх гэтых актавых запісаў, лацінскія ix тэксты ды беларускія пераклады, i складаюць зьмест гэтага нарысу пра "Скарыну ў Падуі".

ЗНАХАДКА ДОКТАРА ВІНДАКЕВІЧА

З даручэньня Польскае Акадэміі Навук у Кракаве доктар Станіслаў Віндакевіч пры канцы XIX стагодзьдзя праводзіў перагляд актаў i дакумэнтаў італіянскіх старасховаў для выяўленьня ведамак пра тых палякоў, што студыявалі калісьці ў Італіі. У выніку гэтых росшукаў, у 1892 годзе, у выданьні Польскае Акадэміі Навук, паказалася публікацыя "Матар'ялы да гісторыі палякаў у Падуі". У гэтай працы Ст.Віндакевіч падаў, між іншага, да ведама, што ў ваднэй з актавых кнігаў факультэту "Артыстых i мэдыкаў" Падуанскага ўнівэрсытэту, у кнізе Sacri Collegii Dominorum Artistarum et Medicorum, пад 1512 годам, ёсьць актавыя запісы й пра Францішка Скарыну з Полацка, запісы датычныя ягоных экзаменаў на годнасьць доктара лекарскіх навукаў. Віндакевіч даў i кароткія выпіскі з гэтых запісаў [4].

Здарылася гэтак, што зь Віндакевічаівай працай, і, відавочна, яшчэ перад яе публікацыяй, змог пазнаёміцца выдатны славісты, прафэсар Бэрлінскага ўнівэрсытэту, Аляксандра Брукнэр. Пра цікавую архіўную знахадку ў кажным выпадку ён ужо ў 1891 годзе, ці яшчэ перад друкам Віндакевічавага паведамленьня, спамянуў у гутарцы з дацэнтам Пецярбурскага ўнівэрсытэту, гісторыкам расейскае літаратуры, Ільлёй Шляпкіным. Заінтрыгаваны справаю, Шляпкін улетку таго самага году пасьпяшаўся да Падуі, расшукаў тамака ў архіве актавыя запісы пра Скарыну, парабіў пры дапамозе прафэсара Антоніё Савары зь ix водпісы, ды ў годзе 1892-м апублікаваў лацінскія тэксты трох актавых дакумегтаў у красавіковым ужо нумары пецярбурскага часапісу "Журнал Министерства Народного Просвещения". Публікацьію сваю Шляпкін прысьвяціў Пётру Валадзіміраву, аўтару друкаванае колькі год перад гэтым, у 1888 годзе, манаграфіі пра доктара Скарыну, тадьі ўжо прафэсару Кіеўскага ўнівэрсытэту [5].

Дык у тымсамым годзе, як у межах тагачаснае Аўстрыйскае імпэрыі, у Кракаве, зьяўлялася Віндакевічава праца з паведамленьнем пра знаход Скарынавых падуанскіх актаў, у тагачаснай сталіцы імпэрыі Расейскай, у Пецярбурзе, друкаваліся ўжо тэксты гэтых актаў. Гэта адзін з яскравых прыкладаў ведамае рывалізацыі расейскіх i польскіх дасьледнікаў ХІХ стагодзьдзя на пол i навуковага вывучэньня Беларуci, рывалізацыі, што давяла да публікацыі цэлае чарады важных навукова матар'ялаў i каштоўных беларусаведных працаў найперш з галіны гісторыі ды этнаграфіі Беларусі.

Публікацыя Шляпкіным тэкстаў трох падуанскіх актавых запісаў пра Скарыну была важным дапаўненьнем да кароткага Віндакевічавага паведамленьня пра факт самога ix выяўленьня, хоць была яна й не без заганаў з гледзішча навуковага. Калі супаставіць тэкст апублікаваны Шляпкіным з тэкстам фатаадбіткаў актавых арыгіналаў, дык можна заўважыць паважныя недакладнасьці й памылкі, што паўсталі пры нялёгкім адчытваньні лацінскага скорапісу запісу. Дапушчаныя былі й неапраўдальныя з навуковага гледзішча пропускі. Прыкладам, імёны й прозьвішчы тых 24-х прафэсароў Сьвятое Калегіі, што складалі экзаменацыйную камісію падчас Скарынавага дакторскага экзамену ў Падуі i былі пададзеныя пры канцы трэцяга запісу, Шляпкін у сваёй публікацыі збыў, як малаважную драбніцу, словамі: "24 подписи присутствующих". Тымчасам гэтыя "24" ня нейкія прыпадкова прысутныя пасыўныя сьветкі падзеі, а 24 прафэсары Падуанскага ўнівэрсытэту, праз крыжавы агонь запытаў якіх Францішку Скарыну трэ было пераможна перайсьці на тое, каб здабыць ступень доктара ў галіне лекарскіх навукаў. Памылкова Шляпкін кажа й аб "подпісах". Пад тэкстам запісу ніякіх подпісаў няма. Там толькі пратакольны, зроблены рукою сакратара, паіменны пералік прысутных на экзамене прафэсароў Калегіі. Свае подпісы яны, магчыма, паклалі на арыгінале дакумэнту дактарызацыі, на дыплёме, што, хіба-ж, быў уручаны новаму доктару, i які, відавочна, не захаваўся.

Ды, не зважаючы на ўсе свае хібы й недахопы, Шляпкінава публікацыя была важнаю дакумэнтнаю падмогаю дасьледнікам для выяўленьня таго, як праходзіла дактарызацыя слаўнага Палачаніна, ды чым важнаю была Падуя на жыцьцёвым шляху найвыдатнейшага дзеяча беларускае культуры XVI стагодзьдзя.

МІНАТАЎ ЗБОР, ДОРЫГЭЛЬЛЯВЫ СЬПІС

Калі славістыя Эўропы першы раз з публікацыяў Віндакевіча ды Шляпкіна, i толькі ў 1892 годзе, дазналіся пра факт прабываньня ў Падуі й дактарызацыі Францішка Скарыны ды пра існаваньне ў тамашніх архівах датычных гэтага актавых запісаў, дык гэта ня значыць, што ніхто ня бачыў гэтых запісаў раней. Былі італіянскія навукоўцы, што гарталі й чыталі ix ужо 150 год перад Віндакевічамі яшчэ ў першай палавіне XVIII стагодзьдзя. Пакінулі яны аб гэтым i свае пісаныя сьветчаньні.

Першы, пра якога ведама, што ён знаў падуанскія запісы пра доктара Скарыну, гэта Джузэппэ Марыя Мінато - Giuseppe Maria Mrnato - ад 1737 году канцлер Universiłas artistarum Падуанскае акадэміі. Важная для ўнівэрсытэту заслуга Мінато была тая, што каля 1740 году ён сабраў i спарадкаваў раскіданыя перад гэтым старыя акты i дакумэнты падуанскага ўнівэрсытэцкага архіву. Гэтак паўстаў 37-томны "Міматаў збор" - Raccolta Minato [6]. Сваю працу Мінато завяршыў інвэнтарызацыйным, зробленым у італіянскай мове, сьпісам сабраных дакумэнтаў паводле паасобных справаў - Indice generale per małeriam. У сваім сьпісе актаў "Калегіі мэдыкаў i філязофаў" Memorie sopra Іо Studio е Collegio di Medici e Filosofi, 1150 1591, fol. J. 646, Мінато адзначыў i актавыя запісы пра Скарыну, падаў дату (памылкова "8 лістапада" заміж лістапада 9-га), імя й прозьвішча дактарызаванага (прозьвішча таксама з памылкай Рогіnа заміж Skorina), месца паходжаньня, нацыянальнасьць, становішча, пералічыў імі й прозьвішчы пяці прамотараў, ды даў паказаньне, дзе гэтыя запісы ў актавых кнігах знаходзяцца. Вось зь Мінатавага рэестровага сьпісу Ст.Віндакевіч пры канцы XIX стагодзьдзя й даведаўся пра існаваньне актавых дакумэнтаў аб Скарыну ў Падуi. Каб ня Мінатаў збор i даведка ў ім пра Скарыну, пратаколы Скарынавых падуанскіх экзаменаў, магчыма, яшчэ й сяньня ляжалі-б, нікім незаўважаныя, у старасховах Падуі.

Другі, хто ў тымсамым яшчэ стагодзьдзі, што й Мінато, знаў пра Скарынавы запісы ў Падуi, гэта падуанскі абат Франчэско Дорыгэльлё Francesco Dorighello (1731 - 1815). У другой палавіне XVIII стагодзьдзя Дорыгэльлё займеў нялёгкае заданьне: наважыўся ён скласьці храналягічны сьпіс усіх дактароў, падуанцаў i не падуанцаў, што былі прамаваныя на Падуанскім унівэрсытэце за звыш паўтысячы тады ўжо год яго існаваньня. Ягоная рукапісная, пісаная паіталіянску, праца мае назоў Еlеnсо di laureałi in questa Universita,di Padova e non Padovani. Дорыгэльлявы рукапіс перахоўваецца цяпер у бібліятэцы Падуанскага ўнівэрсытэту (Manoscritto, 43, II, f. 272) [7]. Дорыгэльлё ў сваім запісе падаў важнейшыя весткі з актавых экзаменацыйных пратаколаў пра Скарыну, згадаў пра першы пробны экзамен Скарыны й пра другі прамацыйны ды дадаў ад сябе паясьненьне, што Полацак, зь якога паходзіў Скарына, гэта "места ў Ліцьве" "civiła пеііа Lituania".

Hi Джузэппэ Мінато, ні Франчэско Дорыгэльлё, пэўна-ж, нічога ня зналі пра тое, які быў далейшы лёс нязвычайнага юнака p далёкага паўночнага Полацку, што сваёю ведай, красамоўнасьцяй, тактам зьдзівіў калісьці вучоных мужоў Сьвятое Калегіі Артыстых i Мэдыкаў Падуі. Яны ня ведалі пра ягонае важнае значаньне ў гісторыі пісьменнасьці, друку, свае бацькаўшчыны, i ўсяе ўсходняе Эўропы. Hi Мінато, ні Дорыгэльлё не ўсьведамлялі таго, што "бедны юнак", які ў восені 1512 году прыбыў у Падую за "чатыры ці мо й болей тысячаў міляў", датрымаў дадзенае Сьвятой Калегіі прырачэньне, што за допуск яго "з ласкі Божае" да экзаменаў на годнасьць доктара лекарскіх навукаў, ён пастараецца прынесьці гонар i для ўнівэрсытэту, i для Падуі. Дзеля гэтага i іхнае зацікаўленьне Скарынам i экзаменацыйнымі аб ім запісамі i ня ішло далей самае рэгістрацыі актаў ды адзначэньня важнейшых фактаў цікавае падзеі.

Хоць i неапублікаваныя друкам, рукапісныя рэестровыя запісы Мінато й Дорыгэльлё сталі пазьней вельмі важнаю дапамогай навукоўцам пры выяўленьні факту падуанскае дактарызацыі Скарыны. Былі яны першымі ар'ентацыйнымі ніткамі, па якіх дасьледнікі з часам дайшлі й да самых актавых пратакольных запісаў, у якіх гэтак яскрава апісаны ход Скарынавых экзаменаў. Даслоўныя тэксты й беларускія пераклады запісаў Мінато й Дорыгэльлё памешчаныя пры канцы гэтага нарысу [8].

ПАДУАНСКІ ЎНІВЭРСЫТЭТ

Перад тым, як перайсьці да разгляду зьместу падуанскіх актавых запісаў пра дактарызацыю Францішка Скарыны, мэтазгодным будзе даць некаторыя даведкі аб самым унівэрсытэце Падуі, яго гісторыі, арганізацыйнай тагачаснай структуры, агульнаэўрапейскай важнай ролі. Гэтыя інфармацыі памогуць зразумець лепш факты, пададзеныя ў актавых запісах, ды ўсьведаміць, як праходзіла сама дактарызацыя.

Пасьля ўнівэрсытэтаў Парыжа (год заснаваньня 1110), Балёніі (1158), Оксфарда (1167), Монтпэлье (1181) i Кэмбрыджу (1209), шосты па чарзе паводле часу свайго паўстаньня ўнівэрсытэт Падуанскі быў у сваю пару адным з найвыдатнейшых. Заснаваны яшчэ ў 1222 годзе, у часе Скарынавай на ім дактарызацыі, ён меў за сабою ўжо блізу 300-годнюю традыцыю акадэмічнага навучаньня. Падуя, даўжэйшы час незалежная, ад пачатку XV стагодзьдзя падпала пад уладу магутнае суседняе купецкае рэспублікі Вэнэцыі. Унівэрсытэт з гэтага толькі скарыстаў, бо вэнэцыянскія доджы й сэнатары разумелі важнае ня толькі культурнае, але й палітычнае значаньне Падуанскае акадэміі ды шчодра ёю апекаваліся. У выніку, унівэрсытэт матар'яльнымі выгадамі мог прыцягваць найвыдатнейшыя навуковыя сілы Італіі. У рупнасьці пра ўнівэрсытэт Вэнэцыя ў 1407 годзе забараніла навет сваім падданым студыяваць права на іншым, не падуанскім, унівэрсытэце. Маючы ў сваей залежнасьці ды пад сваёй апекаю недалёкую, ледзь 30 км ад Вэнэцыі адлеглую ды слаўную на ўвесь сьвет Падуанскую акадэмію, Вэнэцыя ня мела патрэбы закладаць вышэйшую навуковую ўстанову ў сябе, i Падуя стагодзьдзямі спаўняла ролю ейнага ўнівэрсытэцкага гарадка.

Побач годнае матар'яльнае апекі багатае купецкае рэспублікі сьвятога Марка, для красаваньня ўнівэрсытэту вялікае значаньне мела й лібэральная акадэмічная атмасфэра, што традыцыйна панавала на Падуанскай акадэміі. Гэтая акадэмічная свабода красаваць магла таксама найперш дзякуючы пратэкцьіі магутнае Вэнэцыі, якая не баялася стаць часта наперакор i найвышэйшага царкоўнага аўтарытэту, папы, дый ці раз была й у вадкрытым мілітарным змаганьні з войскамі рымскага "намесьніка Хрыста". Вэнэцыя магла тады пазволіць сабе на тое, каб на прасторах сваіх валаданьняў сілу папскае цэнзуры й інквізыцыі зьвесьці да кансультатыўнае толькі ролі.

Для лібэральнае атмасфэры на ўнівэрсытэце, талеранцыйнасьці й свабоды думкі, вялікае значаньне мела й сама рэлігійная палітыка Вэнэцыі, што вынікала з гандлёва-купецкае мэнтальнасьці й дзяржаўнасьці ды асаблівага геапалітычнага палажэньня гэтае інтэрнацыянальнае тады мэтраполіі на скрыжаваньні гандлёва-камунікацыйных шляхоў між Захадам i Усходам. Мелі для гэтага сваю вагу й чыста практычныя мяркаваньні - патрэба прыцягваць, а не адштурхваць ад сябе чужых студэнтаў. У выніку, Падуанская акадэмія красавала, ейны аўтарытэт рос, слава ішла далёка за межы Італіі, а Падуя ад XVI стагодзьдзя стае адным з найбольш актыўных цэнтраў навукі, месцам фэрмэнтацьіі новых паглядаў i сьмелых ідэяў ды важным вогнішчам поступу эўрапейскае думкі.

Па сваёй арганізацыйнай структуры Падуанская акадэмія ў Скарынавы часы дзялілася на два ўнівэрсытэты: юрыстых, ці легістых - Umversitas iuristarum, i "артыстых" - Universitas artistarum. Унівэрсытэт "артыстых" складаўся з трох факультэтаў: тэалёгіі, філязофіі й мэдыцыны. На філязофіі, якую, як ведама, Скарына студыяваў у Кракаве, навучаньне абымала "сем навукаў вызваленых". Тры першыя зь ix, фаматыка, лёгіка й рыторыка, складалі гэтак званае trivium, музьжа-ж, арытмэтыка, геамэтрыя й астраномія групу другую - quadrivium. Навука на філязафічным факультэце ўважалася за агульна-адукацыйную і, звычайна, трактавалася як прыгатова да далейшых студыяў на іншых, спэцыяльных факультэтах. I Францішак Скарына спачатку закончыў, з дакторскім тытулам, "навукі вызваленыя", філязофію, i толькі пасьля студыяваў мэдыцыну ды дактарызаваўся ў галіне навукаў лекарскіх.

Апрача навучальнага падзелу, існаваў на акадэміі яшчэ й нацыянальны падзел студэнтаў, гаксама на два ўнівэрсытэты. Першы, Universitas citramonta norum, абыймаў студэнтаў, што паходзілі ізь земляў на поўдзень ад Альпійскіх гораў, ці "перадгаран" - citramonta ni. Былі гэта італіянцы. Перадгаране гуртаваліся ў "правінцыі". Другі - Universitas ultraitiontanorum, гуртаваў студэнтаў, што паходзіпі ізь земляў на поўнач ад Альпаў, "загаран" - uitramontani. Загаране тварылі арганізацыі па нацыянальнасьці, ці "нацыі". Калі студэнтаў нейкае нацыі было шмат, сярод яе паўставалі яшчэ й згуртаваньні паводле "правінцыяў".

Век тагачасных студэнтаў мог быць ад 17-ці й аж да 40 год. Завяршэньнем закончанае акадэмічнае адукацыі было здабыцьцё навуковае ступені доктара. Дактарат даваў права на самастойнае навучаньне ў дадзенай галіне іншых. Акадэмічны год на Падуанскім унівэрсытэце ў часы Скарыны пачынаўся 1 лістапада. Гэтым тлумачыцца, чаму Скарынавы экзамены адбываліся таксама на пачатку лістапада.

Калі ідзе пра мэдыцынскі факультэт, дык побач самое лібэральна-касмапалітычнае атмасфэры ўнівэрсытэту ў Падуі, моладзь Эўропы ахвотна гарнулася туды й дзеля вольнага праводжаньня там анатамічных сэкцыяў, з чым ня ўсюды было тады проста й легка. Ужо у Скарынавы часы падуанскі мэдыцынскі факультэт меў славу найлепшага на усю Эўропу, а крыху пасьлей, у часе дзейнасьці на ім сусьветнае славы анатома Андрэя Вэзалія, аўтара векапомнага анатамічнага атляса De humani corporis fabrica (1543), мэдыцынскі факультэт Падуі дасягнуў узвышшаў свайго красаваньня i славы.

Апрача самое славы Падуанскага ўнівэрсытэту, як найлепшага у тую пару, магло быць i колькі іншых прычынаў на тое, што для завяршэньня свае лекарскае адукацыі Францішак Скарына накіраваўся якраз на Падуанскую акадэмію. Ужо сваім геаграфічным палажэньнем на скрыжаваньні міжнародных гандлёва-палітычных i культурных сувязяў, сувязяў найперш між землямі Італіі ды Грэцыі і Балканаў i Усходам Эўропы, Падуя й ейны ўнівэрсытэт былі натуральным прыпынішчам для прагнае навукі й веды моладзі краёў эўрапейскага ўсходу, а ў тым ліку й Вялікага Княства Літоўскага.

Важным было асабліва тое, што праз Вэнэцыю й Падую да Італіі й усяе заходняе Эўропы стагодзьдзямі струменіла вялікая духовая спадчына антычных грэкаў - клясычная грэцкая пісьменнасьць, мрва, мастацтва - ня чужыя й Скарынавай праваслаўнай Беларусі. У Скарынавы часы навокала слаўнага вучонага-гуманісты й выдаўца Альда Мануція ў Вэнэцыі гуртаваліся выдатныя вучоныя й пісьменьнікі з ўсяе Эўропы дый далі зачатак "Новае Акадэміі". Адным з важных заданьняў Акадэміі было здабываньне й рыхтаваньне да друку найвыдатнейшых твораў грэцкіх клясыкаў. Выдавецтва Альда Мануція абслугоўвала вучоных усяе Эўропы аўтарытэтна адмыслоўцамі адрэдагаванымі й дасканальна выдадзенымі грэцкімі тэкстамі твораў Герадота, Сафокля, Эўрыпіда, Плятона, Арыстотэля, Піндара, Плютарха.

Пры выбары Скарынам Падуі для лекарскае дактарызацыі істотнае напэўна значаньне меў i згаданы вышэй факт, што Падуанскі ўнівэрсытэт у тую пару славіўся сваей лібэральнай атмасфэрай. У вадваротнасьць хоць-бы слаўнаму таксама ўнівэрсытэту Парыскаму, дзе панаваў строгі сярэднявечны рэжым ды абавязвала бяскрытычная вера ў старыя навуковыя аўтарытэты, у Падуі заўсёды красаваў творчы скэптыцызм, недавер, ды дапушчалася крытыка й прызнаных аутарытэтаў. Хоць i тут, як тады ўсюды, займаліся найперш інтэрпрэтацыяй паглядаў Арыстотэля, ды Падуя нейк усьцераглася схалястычнага застою здэгэнэраванага арыстотэлізму й заўсёды выяўляла імкненьне да свабоды крытыкі й даволі значнага лібэралізму. Тут заўсёды больш увагі й прызнаньня знайходзілі новыя думкі й сьмелыя ідэі. У Падуi навет i "гарэтыкаў" за ix грэшныя перакананьні не палілі, як тады здаралася, а абаранялі ды ахоўвалі.

Маючы вышэй сказанае на ўвеце, ня будзе дзіўным, што й для Францішка Скарыны, які вырас з народу й краю, дзе рэлігійная, нацыянальная й палітычная свабода й талеранцыя былі старавечнаю ўжо традыцыяй, духовая атмасфэра Падуанскага якраз унівэрсытэту мусіла быць блізкою й свойскай, i ён меў падставы спадзявацца, што калі дзе, дык тут будзе чуцца "як у сябе дома" [9].

УНІВЭРСЫТЭЦКІЯ АКТАВЫЯ ЗАПІСЫ

Выяўленыя ў 1892 годзе Ст.Віндакевічам падуанскія ўнівэрсытэцкія актавыя запісы пра дактарызацыю Францішка Скарыны занесеныя ў кнігу Sacri Collegii Dominorum Artistarum et Medicorum, 1512 - 1523. Кніга перахоўваецца ў Старым Архіве Падуанскага ўнівэрсытэту - Archivio antico delia Universita di Padova. Усіх запісаў пра Скарыну ў кнізе тры. Лацінскія тэксты арыгіналаў гэтых запісаў, беларускія пераклады ды паясьненьні, памешчаныя пры канцы гэтае працы. Гэта даецца кароткі пераказ іхнага зьместу [10].

Першы запіс, гэта пратакол паседжаньня Сьвятое Калегіі "Артыстых i Мэдыкаў" Падуі ў справе дапушчэньня Францішка Скарыны да дакторскіх экзаменаў з мэдыцыны. Паседжаньне, скліканае віцэпрыёрам Калегіі, прафэсарам Тодарам Муссаты, адбылося ў царкве сьв.Урбана, у пятніцу 5 лістапада а 17-ай гадзіне папаўдні. На ім віцэпрыёр рэфэраваў сябром Калегіі справу, дзеля якое паседжаньне было скліканае, гэткімі словамі:

"Найдастойнейшыя Спадары Дактары! Прычына скліканьня Вашых Дастойнасьцяў гэткая: Ёсьцека тут адзін вельмі вучоны бедны юнак, Доктар навукаў, што прыбыў зь вельмі далёкіх - чатыры можа тысячы, ці й болей міляў, ад гэтага праслаўнага места краёў, - для зьвялічэньня славы й гонару яго, ягонага красуючага суспольства ды Сьвятое Калегіі нашай, i жадаў-бы сабе прызнаньня, з Божае ласкі, i ўдзяленьня гэтаю Сьвятою Калегіяй годнасьці ў галіне лекарскіх навукаў. Калі Вашыя Дастойнасьці дазволіце - прадстаўлю яго самога. Гэты, вышэй згаданы юнак i Доктар, гэта спадар Францішак, сын нябошчыка Спадара Лукаша Скарыны з Полацка, Русіч".

Пасьля гэтага ўведзены быў i прадстаўлены Калегіі Францішак Скарына, які сам прасіў ласкавага прызнаньня сабе годнасьці ў галіне лекарскіх навукаў ды прыракаў шырыць за гэта ўсюды "славу й чэсьць Сьвятое Калегіі ды кажнага яе доктара паасобку". Пасьля пярэпытаў сябрамі Калегіі юнака між прафэсарамі адбылася абмена паглядаў у справе просьбы Скарыны. Па дыскусыі віцэпрыёр Муссаты правёў галасаваньне. Хто быў за гэтым, каб дапусьціць юнака да экзаменаў з мэдыцыны, пры захаваньні ўсіх, вымаганых рэгулямінам унівэрсытэту, правілаў, павінен быў кінуць свой гол ас у вурну пацьвярджальную, чырвоную - rubra afirmante. Хто-ж быў, бы супроць гэтага, голас меў кiнyць у вурну адмоўную, зялёную - viridi negante. Праведзенае гэтак галасаваньне ня выказала аніводнага голасу супроць, i Скарына да экзамену быў дапушчаны.

Другі ўнівэрсытэцкі запіс, гэта пратакол "пробнага" экзамену з мэдыцыны "знакамітага доктара навукаў, спадара прафэсара Францішка", які адбыўся ўжо назаўтра, у суботу 6 лістапада, i таксама ў царкве сьвятога Урбана ды даволі познаю парой, бо а 22-ой гадзіне. Скарыну цяпер экзаменавалі паводле пунктаў тае-ж раніцы ім-жа самым сабе вызначаных. Апытвалі Скарыну чатырнаццаць прафэсароў Сьвятое Калегіі на чале з віцэпрыёрам Тодарам Муссаты. Прамотарамі ягонымі былі прафэсары Баўтрамей Барысон, Францішак дэ Ноаліс, Францішак дэ Эстэ, Геранім а Мульлё й Геранім дэ Урбіно.

Як кажа пратакольны запіс, Скарына з памяці й удала разьвіваў свае "пункты", трапна вельмі падсумоўваў i зьбіваў фактамі супраціўныя довады ды трымаўся ў часе экзамену нязвычайна дастойна. У выніку гэтага ўсімі прысутнымі на экзамене прафэсарамі, без аніводнага вынятку, быў ён прызнаны адпаведным i годным, каб быць дапушчаным да дакторскага экзамену з мэдыцыны. Пры канцы другога актавага запісу дадзены пералік імяў i прозьвішчаў прысутных на экзамене 14 "Спадароў Прафэсароў"- "Domini Magistri"- сяброў Сьвятое Калегіі.

Другі дакторскі экзамен быў вызначаны на тры дні пазьней, на аўторак 9 лістапада. Гэты экзамен адбыўся нязвычайна ўрачыста й ужо не ў царкве сьвятога Урбана, а ў падуанскім біскупскім палацы. Ход яго апісаны ў трэцім унівэрсытэцкім запісе. Ганаровым старшынём экзаменацыйнага паседжаньня.

Калегіі быў кардынал Сыкст, падуанскі царкоўны адміністратар i духовы апякун акадэміі. Віцэстаршынём - віцэпрыёр прафэсар Тодар Муссаты. У прэзыдыюме былі яшчэ біскуп аргелісенскі Паўла Забарэльлі ды віцэрэктар Universitas Artisłarum Францішак Фульманэльлі з Вэроны. Сьвятая Калегія "Артыстых i Мэдыкаў" Падуі зьявілася цяпер у пашыраным складзе, 6о прысутных было 24-х прафэсароў.

Як кажа актавы запіс, гэтым разам "выдатны доктар навукаў Спадар Францішак... быў экзаменаваны... строга паводле пунктаў тае-ж раніцы яму вызначаных". Скарына й гэтым разам трымаўся "дастойна й слаўна" й у часе рэфэраваньня дадзеных яму Калегіяй пунктаў, i пры адказваньні на стаўляныя яму запыты. Дзеля гэтага ўсімі прафэсарамі Калегіі, без аніводнага вынятку, быў ён прызнаны годным дакторскае ступені. Пасьля гэтага кардынал Сыкст апавесьціў, паводле традыцыйна прынятае формы, Францкика Скарыну доктарам лекарскіх навукаў. Прафэсар-жа прамотар Баўтрамей Барысон перадаў Скарыну азнакі нададзенае дакторскае годнасьці. Пры канцы трэцяга пратакольнага запісу пералічаныя імі й прозьвішчы 24-х прысутных на экзамене прафэсароў, сяброў Калегіі.

СКАРЫНІЯНА Ў ПАДУІ

Да 1960 году пра Скарыну ў Падуі было ведама толькі тое, што пададзена ў трох, выяўленых С.Віндакевічам, унівэрсытэцкіх запісах. У гэтым-жа годзе, на просьбу Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва й пры ласкавай дапамозе а. др. Петры Татарыновіча, з Рыму да Падуі езьдзіў сп. Янка Садоўскі з мэтаю адшукаць ды сфатафафаваць для Інстытуту гэтыя акты, а адначасна разглянуцца ў Падуі й яе архівах за магчымаю іншай там "Скарыніянай".

Як у часе сваіх кароткіх наведзінаў вясною 1960 году Падуі сп. Я.Садоўскі выясьніў, царква сьвятога Урбана, у якой у пятніцу 5 лістапада 1512 году на паседжаньні Сьвятое Калегі Францішак Скарына аднагалосна быў дапушчаны да дакторскіх экзаменаў у галіне лекарскіх навукаў, i дзе назаўтра, у суботу, складаў першы "пробны" экзамен, - зуб часу сьцёр з паверхні зямлі, яна сяньня ня існуе. Затое біскупскі палац, у якім вельмі ўрачыста адбываўся апошні "строгі" экзамен Скарыны, захаваўся, хоць за мінулыя стагодзьдзі разоў колькі яго й перабудоўвалі. У выніку, у актавай залі палацу із Скарынавых часоў засталася толькі рэнэсансавая, багата аздобленая столь, асмужаная па сумежнай паласе сьценаў арабэскамі.

Апрача трох актавых запісаў пра Скарыну, якія перахоўваюцца ў Старым архіве ўнівэрсытэту, у "Залі сарака" - Sala dei Ouaranta - унівэрсытэт мае й Скарынаў партрэт. У залі гэтай калісьці выкладаў слаўны Галілео Галілей. Ягоная, з звычайных дошак зьбітая катэдра, перахоўваецца ў залі й сяньня. На ей - гіпсавы бюст Галілея. На сьценах вось гэтай залі, у два рады, разьмешчаныя партрэты сараку найбольш выдатных мужоў сусьветнае навукі й культуры, што сваю веду й навуковыя годнасьці здабывалі ў падуанскай акадэміі на працягу звыш сямісотгодняга яе існаваньня. Партрэт Скарыны маляваны тэмпэраю мастаком Giacomo dal Fomo. Скарына на партрэце наказаны на ўвесь рост, з адкрытаю ў профіль галавой, ахінены ў дакторскую тогу, у чорных рукавічках. На партрэце ўгары напіс паіталіянску: FRANCISCUS SKORYNA DE POLOCZKO, RUTENO, 1512. Праваруч Скарыны памешчаны партрэт ведамага польскага паэты Яна Каханоўскага з напісам: GIOYANNI KOCHANOWSKI, POLACCO, 1530 - 1584, леваруч - партрэт першага расейскага доктара мэдыцыны Петры Васілевіча Постнікава з напісам: PETR VASILJEVIĆ POSTNIKOY, RUSSO, 1694.

Партрэт Скарыны ў Падуі - довад на тое, што ўнівэрсытэт ганарыцца сяньня тым, што ў ягоных гэта мурох Скарына калісьці завяршыў дактаратам сваю мэдыцынскую веду. Гэта, адначасна, паквітавальнае пасьветчаньне з боку акадэміі таго, што Скарына датрымаў дадзенае Сьвятой Калегіі абяцаньне ўславіць унівэрсытэт i Падую за дапушчэньне да экзаменаў i навуковую годнасьць доктара [11].

Найважнейшае, аднак-жа, што сп. Я.Садоўскаму ў часе пошукаў "Скарыніяны" ў Падуі паручыла выявщь, гэта нідзе перад гэтым непублікаваны й у скарынаведнай літаратуры няведамы, яшчэ адзін пратакольны запіс пра экзамен Скарыны. Занесены ён у актавую кнігу падуанскага біскупскага палацу. У кнізе гзтай, пачынаючы ад 1510 году, запісваліся ўсе выдатнейшыя падзеі й урачыстасьці, што ў палацы адбываліся, найчасьцей - урачыстыя дактарызацыі. Гэтая кніга перахоўваецца цяпер у Старым архіве падуанскае біскупскае курыі - Archivio antico delia Curia Vescovile di Padova. Архіўнае абазначэньне кнігі - Doctoratum, vol. 49. Запіс пра Скарыну ў ей на 122 балонцы. Новавыяўлены актавы запіс пра доктара Скарыну тады-ж, вясною 1960 году, быў мікрафільмаваны для Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва.

Новаадкрыты актавы запіс цікавы вельмі з розных гледзішчаў i важны найперш сваймі новымі весткамі да жыцьцяпісу доктара Скарыны. Хоць пра актавы запіс біскупскага палацу ніхто з дасьледнікаў жыцьцяпісу доктара Скарыны ня ведаў, ды яго напэўна чытаў 230 год перад гэтым, каля 1740-га году, згаданы раней канцлер факультэту "Артыстых" Падуанскага ўнівэрсытэту Джузэппз Мінато. Гэта вынікае з выпіскі, што знаходзіцца ў Мінатавым каталёзе старога ўнівэрсытэцкага архіву, зробленае яўна не з актавай кнігі ўнівэрсытэту. Відаць гэта з Мінатавай ссылкі на "122 балонку" - гэта нумарацыя балонкі з пратакольным запісам пра Скарыну ў актавай кнізе падуанскага біскупскага палацу.

ЗАПІС У АКТАВАЙ КНІЗЕ БІСКУПСКАГА ПАЛАЦУ

Актавы запіс аб экзамене Францішка Скарыны 9 лістапада 1512 году ў кнізе Doctoratum, vol. 49, старога архіву падуанскае біскупскае курыі даволі кароткі. Займае ён верхнюю палавіну 122-ое балонкі кнігі. Запіс зроблены палацінску, тагачасным скорапісам, зь вялікім лікам тытлаў-лігатураў i скаротаў. Увесь запіс мае 20 радкоў. У радку першым азначэньне часу: год, месяц, дзень. Сем далейшых радкоў, гэта тэкст пратакольнага запісу. У 12-ёх канцавых радкох - пералік імяў i прозьвішчаў пяці прафэсароў прамотараў ды пяці іншых сьветкаў верагоднасьці апісанае ў пратаколе падзеі, прафэсароў, студэнтаў.

Апрача самога экзаменаванага Скарыны, запіс біскупскага палацу згадвае яшчэ адзінаццаць іншых прысутных на экзамене, І, што асабліва важна, падае імі й прозьвішчы асобаў, якіх не згадвае пратакольны ўнівэрсытэцкі запіс аб гэтым самым экзамене. Перадрук лацінскага тэксту й беларускі пераклад гэтага запісу, дадзеныя пры канцы гэтага нарысу [12].

Калі прыраўнаць новазнойдзены запіс да запісу датычнага тае самае падзеі - экзамену Скарыны у біскупскім палацы у ваўторак 9 лістапада 1512 году,- зробленага ў унівэрсытэцкіх актавых кнігах, дык можна пераканацца, што ўнівэрсытэцкі запіс абшырнейшы й дакладнейшы. Ягоны тэкст займае 43 радкі - два разы больш, як запіс курыі. З гэтага два радкі пачатковыя даюць азначэньне часу й месца падзеі, 30 далейшых - пратакольнае апісаньне яе прабегу. Пры канцы-ж запісу, у трох стоўпніках, пададзеныя імі й прозьвішчы 24-х прафэсароў падуанскае Калегіі "Артыстых i Мэдыкау".

З прысутных на экзамене ўнівэрсытэцкі запіс дае імі й прозьвішчы, уключна із Скарынавым, 28 асоб. Калі дадаць да ix 5 новых прозьвішчаў, што пададзеныя ў запісе біскупскае курыі, дык атрымаем імі й прозьвішчы 33-х асобаў зь ліку прысутных на апошнім, урачыстым дакторскім экзамене Францішка Скарыны ў Падуанскім біскупскім палацы, прысутных ці то ў ролі актыўных удзельнікаў дактарызацыі - прэзыдыюму, сяброў Сьвятое Калегіі, ці то пасыўных гасьцей-сьветкаў, аўдыторыі, - прафэсароў, студэнтаў, мяшчанаў Падуі й Вэнэцыі.

Раўнуючы запіс курыі да трох запісаў унівэрсытэцкіх, з самога характару ix пісьма можна зрабіць зусім пэўны выснаў, што пісаныя яны дзьвюма рознымі асобамі. Дык на дакторскім экзамене ў біскупскім палацы Сьвятая Калегія Артыстых i Мэдыкаў Падуанскага ўнівэрсытэту мела свайго сакратара, а біскупская курыя свайго. Абодва яны сачылі за ходам экзаменаў i прамоцыі, i кажны пасвайму перадаў бачанае ў сваім пратаколе. Дык запісы - сьветчаньні аб тойсамай падзеі дзьвюх асобаў.

Не зважаючы на ляканічную караціню, новавыяўлены запіс вельмі істотна пашырае й дапаўняе ведамкі аб самых ходзе Скарынавых экзаменаў у Падуі, і, што асабліва важна, ён раскрывае й некаторыя, раней ня ведамыя, факты із Скарынавага жыцьцяпісу. Запіс біскупскае курыі аб Скарынавым экзамене важны й сваім паўтарэньнем фактаў, пададзеных у ўнівэрсытэцкіх актавых запісах, бо гэтым ён ix пацьвярджае, i сваім характэрным ігнараваньнем i прамоўчваньнем некаторых зь ix, і, найбольш, - усім тым, што ён дае новага, чаго няма ў запісах унівэрсытэцкіх.

Падчыркнуць найперш трэба важны факт, што абодва запісы нічым сабе не пярэчаць. Наадварот, паўтарэньнем галоўных здарэньняў падзеі яны адзін другога пацьвярджаюць. Адназгодныя яны, найперш, у перадачы нязвычайнага ўдалага для Скарыны ходу экзаменаў. У абодвух запісах яскрава адбітае захапленьне сяброў Калегіі глыбокай ведай, красамоўнасьцяй i дастойным падчас экзаменаў захаваньнем Скарыны. У абодвух падчырківаецца адназгоднасьць сяброў Калегіі ў справе пазытыўнае ацэны выніку экзаменаў ды прызнаньня дакторскае годнасьці Францішку Скарыну.

Што да прамоўчваньняў у запісе курыі, дык яны кідаюць цікавае сьвятло на рознае асэнсаваньне падзеі прадстаўнікоў царкоўнае ўстановы, сакратаром курыі, i прадстаўніком установы навучальнае, унівэрсытэту, сакратаром Калегіі. Запіс курыі выразна куды менш увагі прыдзяляе Калегіі й яе прафэсаром-сябром, як запіс унівэрсытэту. Калі ўнівэрсытэцкі запіс пералічае пры канцы паіменна кажнага прысутнага сябру Сьвятое Калегіі ў ліку 24-х прафэсароў, а ў тэксьце падчырківае важную, яўна арганізацыйна-кіраўнічую ролю на экзамене віцэпрыёра Тодара Муссаты, дык у запісе курыі, пры ягоным канцы, дадзеныя толькі імі й прозьвішчы пяці прафэсароў-прамотараў. Усіх-жа іншых запіс збывае ветліваю, але вельмі агульнаю фразай: "Праслаўная Калегія Спадароў Артыстых Падуі... экзаменавала". Уражае асабліва, што ў запісе курыі ігнаруецца, не згадваецца зусім, ні па прозьвішчы, ні па сваім становішчы, яўны, як вынікае із запісаў унівэрсытэту, spiritus movens усяе дактарызацыі Скарыны - віцэпрыёр Тодар Муссаты.

З унівэрсытэцкіх, прысутных на экзамене, дастойнікаў у запісе курыі пададзенае толькі імя й прозьвішча аднаго, найвышшага становішчам,- віцэрэктара ўнівэрсытэту Артыстых i Мэдыкаў, Францішка Фульманэльлі з Вэроны. Няма, чамусьці у запісе курыі ніякое згадкі й аб прысутнасьці на экзамене біскупа аргелісенскага Паўлы Забарэльлі. I яго, як i Муссаты, сакратар курыі чамусьці зыгнараваў, хоць у запісе ўнівэрсытэцкім адведзенае яму найбольш пачэснае месца - ягоная прытымбытнасьць адзначаная там на самым пачатку, перад пералікам іншых прысутных выдатных асобаў - кардынала Сыкста, віцэпрыёра Муссаты, віцэрэктара Фульманэльлі. На першым месцы ў запісе курыі, як усім тады добра ведамы й так, не названы па імі, а па сваіх высокіх духоўных тытулах i становішчах, прэзьбітар унівэрсытэту й гаспадар біскупскага палацу ды старшыня дактарызацыйнае ўрачыстасьці - кардынал Сыкст.

Новае ў новавыяўленым запісе найперш тое, што ў ім пералічаныя імі й прозьвішчы 5-ці прысутных на экзамене, якіх не згадвае запіс унівэрсытэцкі. Асобы гэтыя пададзеныя, як сьветкі падзеі, пры канцы запісу, пасьля імяў i прозьвішчаў пяці прафэсароў-прамотараў, даслоўна гэтак:

"Дастойныя сьветкі, дактары навукаў, спадары прафэсары

Алёйзы Зухатус Гуісінус, і,

Даніель дэ Фороюліё, падуанін.

Выдатныя студэнты навукаў, Спадары

Міхал Зартібонус, сын нябошчыка Якуба, месьціч Вэнэцкі;

i Гаспар дэ Габрыеліс, сын спадара Пётры,

месьціч падуанскі, Спадар Валеры дэ Ляргіс,

клерык падуанскі".

Дык калі ўнівэрсытэцкі запіс абмяжоўваецца пералікам толькі асобаў, што прыймалі ўдзел у ходзе экзаменаў - ці то ў ганаровым прэзыдыюм, як біскуп Забарэльлі, кардьінал Сыкст, віцэпрыёр Муссаты, віцэрэктар Фульманэльлі, - ці то сяброў Сьвятое Калегіі, прафэсароў, дык запіс курыі выяўляе цікавую дадатковую акалічнасьць, што прысутнымі былі й асобы з працэсам экзаменаў беспасярэдня не зьвязаныя, назіральнікі-госьці, аўдыторыя, - прафэсары, студэнты, мяшчане Падуі й Вэнэцыі. I, выглядае, што ix было шмат больш, чым тых колькі, якіх, для большае юрыдычнае верагоднасьці запісу, як сьветкаў, у сваім пратаколе падаў сакратар біскупскае курыі.

Дык на падставе запісу курыі вынікае, што Скарынаў экзамен у Падуі на годнасьць доктара лекарскіх навукаў ня быў нейкай зачыненай падзеяй, як можна было-б думаць на падставе самога ўнівэрсытэцкага запісу, дзе згадваюцца толькі асобы прызыдыюм ды прафэсары Калегіі. Падзея гэтая была публічная й шматлюдная, на якой, побач экзаменацыйнае Калегіі з прззыдыюмам, былі й шматлікія гледачы й слухачы, прадстаўнікі ўнівэрсытэцкіх i царкоўных кругоў тагачаснае Падуі.

"САКРАТАР КАРАЛЯ ДАЦЫІ"

Хоць новавыяўлены ў Старым архіве біскупскай курыі актавы запіс пра доктара Скарыну шмат чым дапаўняе ведамыя ўжо папярэдня факты аб Скарынавых экзаменах у Падуі, ды ня гэтым ён найбольш цікавы дасьледнікам Скарынавага жыцьцяпісу. Найважнейшае ў ім новае, раней няведамае, гэта інфармацыя аб працы Скарыны перад ягоным прыездам у Падую на становішчы каралеўскага сакратара.

Уводны тэкст запісу курыі, у якім пэрсанальныя дадзеныя аб экзаменаваным, кажа: Privafum ехатеп іп medicinis Ехіtіі viri Domini magistri franc. q. d. Lucae Scorina de poloczko rutheni, secretarii regis dałiae. Вось тры апошнія словы гэтага сказу - secretarii regis dałiae, "сакратара караля Дацыі", - выяўляюць нам новую галіну шматбаковае й так дзейнасьці Скарыны ды даюць ведамку пра яшчэ эдну краіну Скарынавага прабываньня. Пры канцы XV, на пачатку XVI стагодзьдзяў "Дацыяй" у Эўропе палацінску называлася сучасная Данія. Назоў Regnum Dacie сустракаецца часта на тагачасных картах Эўропы, у дыпляматычнай перапісцы, на пячацях дацскага караля, на манэтах. Калі доктар Скарына складаў свае экзамены ў Падуі, валадаром Даніі, а адначасна Нарвэгіі й Швэцыі, быў кароль Ганс (Ян). На ягоных пячацях ён мянуецца Rex Dacie ці Rex Datiae.

Што доктар Францішак Скарына апынуўся аж на двары караля Ганса й на становішчы сакратара, ня будзе гэтак i дзіўна, калі ўсьведамім, што гандлёва-эканамічныя й палітычна-дыпляматычныя інтарэсы тагачаснае Даніі ахоплівалі кя толькі краі самое Скандынавіі, але й паўдзённага пабярэжжа Балтыйскага мора - Прусыю, Польшчу, Вялікае Княства Літоўскае, Маскоўшчыну. Дзеля гэтага ў канцылярыі караля Даніі патрэбны быў i сакратар, які ведаў мовы гэтых краёў ды добра арыентаваўся ў дачыненьнях на прыбалтыйскіх славянскіх прасторах. Цікава адцеміць, што ў сваім афіцыйным тытуле кароль Ганс менаваў сябе, як гэта відаць з напісу на ягонай пячаці, i каралём "Славянаў": "Sigillium maiestatis Johannis,dei gratia Dacie, Svecie, Norvegie, Slavorum, Gołórumque regis" [13].

Палітычныя дачыненьні між Капэнгагай i Кракавам у тую пару былі прыязныя й пераезду доктара Скарыны з Кракава да Даніі вельмі спрыяльныя. Якраз улетку 1509 году з Кракава да Капэнгагі езьдзіла пасольская дэлегацыя караля й вялікага князя Жыгімонта Казімеравіча для дамовы а6 угодзе між Рэчыпаспалітай i Даніяй. 24 жнівеня 1509 году ўгода гэтая аб "узаемнай дружбе, дапамозе й абароне" й была ў Капэнгазе падпісаная. Зусім магчыма, што, карыстаючы з нагоды, разам з пасольствам Жыгімонта Казімеравіча з Кракава да Капэнгагі пераехаў i Скарына, студыі якога на філязафічным факультэце Кракаўскага ўнівэрсытэту, пачатыя ў 1504 годзе, гэтым часам павінны былі якраз скончыцца. Да сваіх сакратарскіх абавязкаў у канцылярыі караля Даніі Ганса Скарына, пасьля экзаменаў у Паду i, праўдападобна больш не вярнуўся, бо кароль Ганс у хуткім часе, 20 лютага 1513 году, памёр.

Выяўленьне факту прабываньня доктара Францішка Скарыны ва двары караля Ганса насоўвае пытаньне аб тым, што магчыма й свае студыі ў галіне лекарскіх навукаў адбываў ён на ўнівэрсытэце ў Капэнгазе. Сяньня ведама, што ў Кракаве Скарына студыяваў "навукі вызваленыя", філязофію, але ніякіх няма дадзеных на Тое, каб вучыўся ён там i мэдыцыны. На якім унівэрсытэце пазнаваў ён тайны тагачаснай мэдычнай веды - пра гэта, пакульшто, няма ніякіх ведамак. У Падуі мэдыцыны Скарына напэўна ня вучыўся. Туды ён паехаў, пасьля адбытых нейдзе студыяў, каб здабыць экстэрнам дакторскую годнасьць слаўнага тады на ўсю Эўропу ўнівэрсытэту, і, асабліва, ягонага мэдыцынскага факультэту. Тымчасам у Капэнгазе ўнівэрсытэт існаваў ужо ад 1479 году. З фактаў, што перад сваім прыездам да Падуі Скарына быў на становішчы сакратара караля Даніі, можна дапушчаць, што й мэдыцыну студыяваў ён на мэдычным факультэце ў Капэнгазе. Дьік ці не ў выніку адбытых там студыяў ён пасьля бліскуча гэтак i здаў дакторскі экзамен у Падуi.

Мала праўдападобна, каб доктар Скарына, чужынец у Даніі, займаў пры каралі нейкае высокае ды адказнае сакратарскае становішча. Найхутчэй быў ён толькі адным з шматлікіх сакратароў, сакратаром, магчыма, да справаў якраз усходніх, славянскіх. Хіба, таксама, прасілі яго да каралеўскае канцылярыі толькі час-ад-часу, у меру патрзбы. Толькі гэтак мог ён адначасна й студыяваць на ўнівэрсытэце ды прыехаць да Падуі добра падрыхтаваны да экзаменаў з мэдыцьіны. Калі-б сакратарскія абавязкі займалі яму ўвесь ягоны час, было-б тады незразумелым, калі й дзе мог-бы ён вучыцца мэдыцыны. На ўсе свае вышэйшыя студыі ад паступленьня ў 1504 годзе на ўнівэрсытэт у Кракаве да падуанскіх экзаменаў 1512 году, Скарына меў часу ледзь 8 год, ці мінімум часу на заканчэньне двух факультэтаў, філязофіі й мэдыцыны, i ніводнага лішняга году больш, каб магчы заняцца нейкім сталым сакратарствам.

На хутчэй прынагодныя, а не пастаянны сакратарскія абавязкі паказвае й фінансавы "крызыс" Скарыны ў часе ягоных падуанскіх экзаменаў. Віцэпрыёр Муссаты прадстаўляе яго на паседжаньні Калегіі, як "нязвычайна вучонага", але "беднага юнака". Даводзіцца з гэтага зрабіць выснаў, што абавязкі каралеўскага сакратара ня шмат яму давалі прыбытку, што было гэта становішча больш тытулярнае, якое давала яму права карыстацца ганаровым тытулам "каралеўскага сакратара", але ня прыносіла багацьця, што й знайшло свой адбітак у актавых падуанскіх запісах.

Цікава адзначыць, што першым, каму кінуліся ў вочы словы актавага запісу пра Скарыну, як Secretarii regis datiae, быў згаданы раней канцлер Падуанскага ўнівэрсытэту першае палавіны XVIII стагодзьдзя Джузэппэ Мінато. Пры ягонай, зробленай каля 1740 году, выпісцы з актаў пра экзамены Скарыны дадзеная з боку дапіска: Rutheni, secretarii regis Datis.

Дык новавыяўлены запіс раскрывае важны факт, што засяг шырокае тэрытар'яльна й так дзейнасьці доктара Скарыны ахопліваў i Скандынаўскую поўнач Эўропы. Вынікае з гэтага й неабходнасьць спраўдзіць старасховы Даніі тае пары, каб спробваць выявіць больш дакладныя ведамкі пра характар тамашняе дзейнасьці "сакратара караля Дацыі" - доктара Францішка Скарыны з Полацка [14].

У ПАЛАЦЫ ПАДУАНСКАГА БІСКУПА

Ад 1509 году, году няўдалае аблогі Падуi войскамі імпэратара Максыміліяна й папы Юліяна іі у ходзе іхнае вайны супроць Вэнэцыі, нармальная дзейнасьць Падуанскага ўнівэрсытэту дзеля ваеннае завірухі ў Італіі на доўгія гады, бо аж да году 1517, спынілася. Ды некаторыя прафэсары гэтым часам усё-ж чыталі лекцыі й, як акты паказваюць, унівэрсытэцкія калегіі зьбіраліся на паседжаньні, i ў кажным з гэтых год адбываліся дакторскія прамоцыі [15]. Як відаць з запісу ў кнізе біскупскае курыі, шэсьць дзён пасьля прамоцыі Францішка Скарыны, 15 лістапада, у тым-жа біскупскім палацы адбыўся экзамен i прамоцыя на доктара "абодвух правоў" і нейкага Міколы Гозія із Сыракузаў. Дык Падуанскі ўнівэрсытэт, незважаючы на ваенныя падзеі й перашкоды, у нейкай меры быў усё-ж дзейным ды прызнаваў навуковыя ступені.

Калі доктар Скарына наважыўся ў 1512 годзе ехаць да Падуі, каб здабыць там свои другі дактарат, дактарат з мэдыцыны, дык ён, відаць, ведаў, што акадэмічны год у тыя часы там пачынаўся 1-га лістапада. Дзеля гэтага й прыбыў ён да Падуі асеньняй парой, найпазьней хіба ў кастрычніку. Трэба-ж было паказацца ў віцэпрыёра Сьвятое Калегіі Артыстых i Мэдыкаў прафэсара Тодара Муссаты, прадставіць яму довады свае папярэдняе лекарскае адукацыі, ды ўручыць, пэўна-ж, рэкамэндацыйныя лісты тых прафэсароў, у якіх ён здабываў мэдычную веду. Трэ было заручыцца зразуменьнем, прыхільнасыцяй i падтрыманьнем Муссаты й у справе самога допуску да дакторскага экзамену. Не адбылося, хіба-ж, i без наведзінаў іншых сяброў Калегіі, каб паказацца й ім ды здабыць іхную прыхільнасьць для справы свайго дактарату, i найперш прафэсароў тых, што разам з Баўтрамеем Барысонам згадзіліся быць ягонымі прамотарамі.

Сяньня ведама, што доктар Скарына паходзіў з даволі заможнага купецкага роду, роду, што па сваёй сацыяльнай пазыцыі належаў да полацкага патрыцыяту. Калi, аднак-жа, у восені 1512 году да Падуі доктар Скарына зьяўляецца як "вучоны, але бедны юнак", як яго прадстаўляў для Калегіі Муссаты, дык да гэтага дайшло ў выніку таго, што ягоны бацька Лукаш Скарына гэтым часам памёр. У кажным з чатырох падуанскіх актавых запісаў адзначаецца, што ён сын "нябошчыка спадара Лукаша Скарыны". Дык з дому, з Полацку, Скарына тады, відавочна, дапамогі ці ня меў, ці меў яе ня шмат. Ягоны старшы брат Іван быў ужо жанаты, меў колькі дзяцей i меў даволі сваіх i сямейных, i гандлёвых клопатаў, каб можна было спадзявацца, што ён мог шмат рупіцца пра дапамогу свайму, далёкаму ад дому, малодшаму брату студэнту Францішку. Дарабіцца-ж сваіх грошаў i нейкае маемасьці доктару Скарыну таксама ня было яшчэ калі, бо праз год восем да прыезду да Паду i ён увесь час вучыўся, быў студэнтам, спачатку на факультэце філязафічных "навукаў вызваленых" у Кракаве, пасьля на мэдыцынскім факультэце няведамага пакульшто ўнівэрсытэту. Цяжкое, засьветчанае ў актавым запісе, фінансавае палажэньне Скарыны ў 1512 годзе пацьвярджае таксама факт, што ягонае становішча "каралеўскага сакратара" перад прыездам да Падуі хоць i давала яму ганаровы тытул, ды ня шмат прыбытку. Трэба тут адзначыць, што з актавых падуанскіх запісаў усё-ж не вынікае, каб Скарына, хоць i "бедны юнак", прасіў Калегію дапусьціць яго да дакторскіх экзаменаў бясплатна, як гэта звычайна ў літаратуры пра Скарыну, за І.Шляпкіным паўтараецца, які слова актавых запісаў "gratie" уважаў за раўназначнае з "бясплатна", хоць яно там мае значаньне "ласка", "ласкавае ўдзяленьне", "ласкавае прызнаньне".

Калі ня ведама пакуль што, дзе студыяваў мэдыцыну Скарына ды якія прадметы ён там вывучаў, дык знаем затое, што вымагаў ад кандыдатаў на доктара мэдыцыны тагачасны Падуанскі ўнівэрсытэт. Статут акадэміі з 1495 году кажа, што, каб быць дапушчаным да прамацыйных экзаменаў у галіне мэдыцыны, кандыдат павінен мець "найменш тры гады студыяў, з выслуханьнем усіх абавязваючых студэнта лекцыяў, ды

I найменш год заняткаў практычных i пастаяннага наведваньня I хворых пад наглядам якоганебудзь ведамага доктара" [16].

Што да лекцыяў, дык паводле гэтага самага статуту, яны спачатку мелі даць асновы мэдыцыны тэарытычнай на падставе і твораў Авіцэны (арабскага лекара XI стагодзьдзя), афарызмаў Гіпакрата (грэцкага лекара з V стагодзьдзя да Хрыста) ды твораў Галена (грэцкага лекара II стагодзьдзя нашае эры). Практычная веда павінна была абымаць навуку "пра гарачкі, пра паасобныя хваробы ад галавы да сэрца, самога сэрца й хваробаў ніжняе часткі цела" ды хірургію [17].

Вось гэтыя вымаганьні Падуанскае акадэміі мусеў Скарына й здаволіць, каб быць дапушчаным да дакторскага экзамену. Найперш мусеў ён прадставіць аўтарытэтныя сьветчаньні прафэсароў унівэрсытэту сваіх студыяў пра тое, што курс мэдыцынскае навукі быў пройдзены належна й камплетна. Каб-жа дастаць саму ступень доктара, ён мусеў падчас экзаменаў выказацца дастатковаю тэарытычнаю ведаю, здабытаю найперш з твораў вышэй згаданных, прызнаных тады, аўтарытэтаў мэдыцынскае веды - Авіцэны, Гіпакрата, Галена.

На віцэпрыёра Тодара Муссаты доктар Скарына яўна зрабіў добрае ўражаньне, што відаць з тае прыхільнае зычлівасьці, зь якою той прадставіў Калегіі вучонага, але беднага юнака на паседжаньні ў царкве сьвятога Ўрбана ў пятніцу 5 лістапада. Без адвалокі, ужо назаўтра, у суботу 6 лістапада, было склікана 14 прафэсароў Калегіі на першы, "пробны" экзамен Скарыны. А праз тры дні адбыўся й сам "адмысловы й строгі" дакторскі экзамен ды ўрачыстая прамоцыя ў біскупскім палацы Падуi. Дык увесь працэс Скарынавае дактарызацыі прайшоў вельміж хутка, за пяць дзён. Як на абсальвэнта мэдыцынскага факультэту не падуанскага, а нейкага іншага ўнівэрсытэту, час гэта нязвычайна кароткі. Паказвае ён на тое, што ўся справа дактарызацыі была загадзя належна i, хіба, найперш віцэпрыёрам Муссаты, прыгатаваная ды яшчэ перад пастановай аб ёй на першым паседжаньні Калегіі, i паседжаньне было толькі канечнаю, афіцыйна пацьвярджаючай, фармальнасьцяй. А гэта, ізноўку, кажа аб тым, што доктар Скарына ў сваіх першых сустрэчах з прафэсарамі Падуі зрабіў на ўсіх добрае ўражаньне й асабіста, i сваёю эрудыцыяй, i ў сяброў Калегіі ня было ўжо сумляваньняў аб тым, што па сваёй адукацыі, ведах й здольнасьцях ён мае поўныя падставы на атрыманьне годнасьці доктара лекарскіх навукаў.

Дзякуючы новавыяўленаму запісу падуанскае біскупскае курыі сяньня можна мець куды паўнейшую ўяву аб тым, як адбываўся Скарынаў дакторскі апошні экзамен у ваўторак 9 лістапада 1512 году. Актавая заля падуанскага біскупскага палацу запоўненая была прафэсарамі акадэміі, духавенствам, запрошанымі гасьцьмі, студэнтамі. Усе прысутныя прафэсары Калегіі былі ў сваіх традыцыйных акадэмічных уборах - дакторскіх тогах, бірэтах. Духоўныя дастойнікі у біскупскіх i кардынальскіх фіялетах, віцэпрыёр i віцэрэктар у афіцыйным урачыстым уборы - раскошных пурпуровых тогах.

Дзякуючы пратакольным запісам унівэрсытэту й біскупскага палацу сяньня ведамыя імі й прозьвішчы 33 прысутных на экзамене асобаў, хоць было ix там напэўна шмат больш. У цэнтры пачэснага прэзыдыюму знайходзіўся гаспадар палацу кардынал Сыкст. Як зь іншых, не датычных Скарыны, запісаў актавай кнігі палацу відаць, меў ён прозьвішча "дэ Рувэра" - тое самае, што й тагачаснага папы Юліяна II. Род De Ruvera, ці, паіталіянску, Della Rovere, выдатны ўплывовы род у царкоўным i палітычным жыцьці Італіі XV-XVII стагодзьдзяў. Зь сялянскага стану да вяршыняў магутнасьці род гэты ўзьняўся ў другой палавіне XV стагодзьдзя, калі Франчэско дэля Ровэрэ стаў папам Сыкстам IV. У гадох 1503 - 1513 рымскі пасад "намесьніка Хрыста" займаў другі папа з роду Дэля Ровэрэ, ведамы мэцэнат выдатных мастакоў італіянскага Адраджэньня Рафаэля й Мікельанджэльлё, папа Юліян II. Гэта ён у 1507 годзе ўзьняў у кардыналы свайго пляменьніка біскупа Сыкста дэля Ровэрэ, а колькі гадоў пазьней назначыў яго й сваім віцэканцлерам. Як вынікае з падуанскіх актавых пратакольных запісаў 1512 году аб экзамене Скарыны, кардынал Сыкст быў тады "нязьменным адміністратарам" падуанскае Царквы ды духовым апякуном, прэзьбітарам, Падуанскага ўнівэрсытэту. Урачыстая дактарызацыя Скарыны дзеля гэтага й адбывалася ў біскупскім палацы ды пад старшынствам кардынала Сыкста дэля Ровэрэ, i гэта ён, пасьля ўдалага экзамену, урачыста апавесьціў Францішка Скарыну доктарам лекарскіх навукаў. Побач кардынала Сыкста знаходзіўся й другі духоўны дастойнік - біскуп аргелісенскі Паўпа Забарэльлі. Ці дзеля ягонага веку, ці павагі й аўтарытэту, унівэрсытэцкі запіс выдзяляе яго як найбольш пачэснага з прысутных ды згадвае першым. Па боку двух высокіх царкоўных дастойнікаў знайходзіўся нейдзе й той сакратар падуанскае біскупскае курыі, што рабіў пратакольны запіс падзеі ў актавай кнізе палацу.

Найвышэйшую ўнівэрсытэцкую ўладу ў прэдызыюм урачыстасьці рэпрэзэнтаваў віцэрэктар "Унівэрсытэту Артыстых i Мэдыкаў" Падуі прафэсар Францішак Фульманэльлі з Вэроны. Побач яго быў віцэпрыёр Сьвятое Калегіі Артыстых i Мэдыкаў, прафэсар Тодар Муссаты, галоўны арганізатар урачыстасьці й прыязны Скарынаў пратэктар. Запіс унівэрсытэту падчырківае, што ягоным гэта загадам была скліканая Сьвятая Калепя на ўрачыстае экзаменацыйнае паседжаньне, ды што экзамен адбываўся пад ягоным "віцэстаршынствам". Нейдзе па боку Тодара Муссаты мусеў быць i той сакратар, што ход экзаменаў запратакалаваў у актавую кнігу Сьвятое Калегіі.

На пачэсным відным месцы разьмешчаная была, пэўна-ж, i Сьвятая Калегія Артыстых i Мэдыкаў Падуі, усіх разам з прафэсарам Муссаты, 24-х прафэсароў акадэміі. Як можна бачыць з тытулаў перад іхнымі прозьвішчамі, складалася яна з 22 прафэсароў сьвецкіх i 2 духоўных, тэалёгаў. Сярод ix былі й прафэсары-прамотары, усіх пяць, на чале з галоўным, Баўтрамеем Барысонам. Гэта прафэсар Барысон, пасьля апавешчаньня кардыналам Сыкстам прызнаньня Францішку Скарыну дакторскае ступені, перадаў новаму доктару азнакі - insignia- навуковае годнасьці. Паколькі азнакі гэтыя ў дадзеным часе былі заўсёды тыя самыя й усім добра ведамыя, дык падуанскія пратакольныя запісы ix i не называюць. Із захаванае інструкцыі падуанскае акадэміі 1502 году пра спосаб даваньня гэтых insignia ведама, аднак, што на гэты завяршальны акт прамоцыі складаліся чатыры дзейнасьці [18]. Найперш прафэсар-прамотар даваў новаму доктару, на памяць гэтак важнае часіны ягонага жыцьця нейкую каштоўную, з дадзенае галіны веды кнігу. Пры дактаратах мэдыцыны была гэта найчасьцей кніга Гіпакратавых "Афарызмаў". Па гэтым прафэсар на галаву новага доктара ўскладаў круглы дакторскі бірэт - biretum rotundum - звычайна чырвонага колеру, а на ягоны палец - залаты сыгнэт із сымбалямі мэдыцынскае прафэсыі. Акт надаваньня insignia завяршаўся заўсёды традыцыйным пацалункам прафэсара-прамотара, якім той вітаў свайго вучня з коваздабытай высокай навуковай годнасьцяй, а адначасна й разьвітываўся зь ім ды благаслаўляў яго на далейшы, самастойны ўжо, жыцьцёвы шлях вучонага мужа.

Побач прэзыдыі ды сяброў Сьвятое Калегіі, трэцюю групу прысутных на экзамене, i хіба найбольшую лікам, тварылі пасыўныя гледачы ды слухачы, госьці. Як вынікае із запісу курыі, сярод ix былі прафэсары ўнівэрсытэту, студэнты, мяшчане Паду i й Вэнэцыі. Інтэлектуальную эліту ўнівэрсытэцкае Падуі на ўрачыстасьць дактарызацыі гэтым разам прыцягнула няштодзенная, відаць, постаць дактаранта, што прыбыў з далёкага, мала ведамага паўночна-ўсходняга краю, погаласка пра нязвычайныя здольнасьці й вялікую вучонасьць якога відавочна разышліся ў унівэрсытэцкіх колах Падуі. Актавы запіс курыі дае імі й прозьвішчы пяці зь ліку прысутных гасьцей двух прафэсароў i трох студэнтаў, якіх сакратар пратаколу падае як сьветкаў праўдзівасьці вопісу дактарызацыі.

I вось, перад пачэсным прэзыдыюмам пад старшынствам кардынала Сыкста, перад Сьвятою Калегіяй вучоных дактароў Падуі ды перад люднаю аўдыторыяй, давялося выступаць маладому, з далёкае чужыны, вучонаму, беднаму на грошы ды багатаму ведаю, доктару навукаў вызваленых, Францішку, сыну нябошчыка Лукаша Скарыны "із слаўнага града Полацка", каб у публічным дыспуце давесьці праўду сваіх тэзаў ды абараніць права на навуковую ступень доктара лекарскіх навукаў.

Характэрная, між іншага, i розьніца ў уводнай даведцы пра маладога дактаранта, якую можна зацеміць, прыраўнаўшы запіс Калегіі да запісу курыі. У актавых запісах унівэрсытэту падчырківаецца найперш як істотны й важны факт высокая папярэдняя акадэмічная адукацыя дактаранта - doctissimus iuvenis, artium doctor - "вельмі вучоны юнак, навукаў доктар". Сакратар жа курыі пра гэта наагул ня згадвае. Для курыі, установы не навуковае, а царкоўнае, выглядае, больш важным быў тытул, што паказваў на высокую грамадзкую пазыцыю Скарыны, з чым трэба найперш лічыцца,- "сакратар караля Дацыі".

Запісы ўнівэрсытэту й біскупскага палацу адназгодныя ў тым, што вучонага юнака не зьбянтэжыла прысутнасьць высокіх царкоўных ды ўнівэрсытэцкіх дастойнікаў, шматлікая калегія вучоных Падуі ды ўся шматлюдная аўдыторыя актавай залі палацу. Ён, з уражаючай усіх эрудыцыяй, красамоўнасьцяй i тактам разьвіў свае думкі, пераконліва абгрунтаваў тэзы ды абараніў праўду сваіх паглядаў, а разам i гонар свой, свайго роднага й "слаўнага града Полацка", свае бацькаўшчыны.

ПРЫСУТНЫЯ НА ПРАМАЦЫЙНЫМ ЭКЗАМЕНЕ СКАРЫНЫ

Дзякуючы запісам сакратароў унівэрсытэту й падуанскага палацу, зь вялікага ліку ўнівэрсытэцкіх i царкоўных дастойнікаў, прафэсароў Калегіі, студэнтаў, гасьцей, што былі прысутнымі на экзамене й прамоцыі Францішка Скарыны ў палацы падуанскага біскупа 9 лістапада 1512 году, ведаем сяньня імі, прозьвішчы, акадэмічную ці царкоўную годнасьць, а ў некаторых выпадках навет i месца паходжаньня, 33 прысутных. Сам ix пералік дае добрую ўяву аб вялічыні й урачыстай навуковай атмасфэры таго афіцыйнага акту, якім была завершаная Скарынава дактарызацыя ў галіне лекарскіх навукаў. Цікава адзначыць, што звычай праводзіць акты ўрачыстае прамоцыі дактароў у біскупскім якраз палацы існаваў ня толькі ў Падуі. Было гэтак i ў іншых унівэрсытэцкіх асяродках Ггаліі. Прыкладам, прамоцыя Міколы Капэрніка 31 травеня 1503 году на доктара кананічнага права ўнівэрсытэту Фэррары адбылася таксама ў біскупскім палацы [19].

Было-б цікава знайсьці нейкія весткі пра тых галоўных асобаў урачыстага паседжаньня, найперш сяброў прэзыдыюм i Калегіі, у крыжавым агні запытаў якіх Скарына здабываў свой падуанскі дактарат. Ужо ў 1892 годзе патрэбу гэтага адчуваў І.Шляпкін, ды тады ён натрапіў на кароткую ведамку пра аднаго толькі з прамотараў Скарыны, Францішка дэ Ноалі, які, разам з братам Баўтрамеем, навучаў на Падуанскім унівэрсытэце філязофію й мэдыцыну [20].

Гэта пададзены, нападставе актавых запісаў, зводны сьпіс усіх ведамых прысутных 9 лістапада 1512 году ў біскупскім палацы Паду i - сяброў прэзыдыюму, Калегіі, гасьцей. Імі й прозьвішчы дадзеныя тут у арыгінальнай лацінскай актавай форме. Калі прозьвішча ў актах сустракаецца й у іншым напісаньні, гэта паказана ў дужках. Літары D. М., што стаяць перад імём i прозьвішчам сяброў Калегіі, гэта скарочанае Dominus Magister - "Спадар Прафэсар". R. D. - Reverendus Dominus - "Дастойны Спадар", значыцца сьвятар.

ПРЭЗЫДЫЮМ

1. Sixtus (de Ruvera), кардынал.

2. Paulus Zabarello, episcopus Argelisensis, біскуп.

3. Franciscus Fulmanelli (Fumanelli) de Vеrоnа, віцэрэктар.

4. Thadeus Mussatus, віцэпрыёр.

ДАКТАРАНТ

5. Eximius artium doctor, Dominus Franciscus, quondam domini Luce Scorina de Poloczko, Ruthenus... Secretarius regis Datiae...

СЬВЯТАЯ КАЛЕГІЯ АРТЫСТЫХ I МЭДЫКАЎ ПАДУІ

Пpaфэсapы прамотары:

6. D. M. Barthoiomeus Barisonus.

7. D. M. Franciscus de Noali (de Nouali).

8. D. M. Franciscus de Este (Estensi).

9. D. M. Hieronymus a Muilo.

10. D. M. Hieronymus de Urbino.

Іншыя сябры Калегіі:

11. D.М. Barthoiomeus a Volta.

12. D. Presbiłer Jacob de Curte.

13. D. M. Hieronymus de Satbaneis.

14. D. M. Nicolaus de Janua.

15. D. M. Baptisła a Galta.

16. D. M. Nicolaus de Noali.

17. D. M. Aurelius Beneto.

18. D. M. Hieronymus Rubeus.

19. R. D. Bartholomeus de Sancto Vito.

20. D. M. Hieronymus Maripetro.

21. D. M. Franciscus Porretinus.

22. D. M. Carolus de Janua.

23. D. M. Antonius de Soncino.

24. D. M. Paulus a Sole.

25. D. M. Petrus de Noali.

26. D. M. Andrea de Aliotis.

27. D. M. Marcusantonius de Janua.

28. D. M. Chrisłophorus a Ligorante.

ГОСЬЦІ

Прафэсары. дактары навукаў:

29. Aloisius Zuchatus Huisinus.

30. Daniel de Feroiulio,pałavus.

Студенты навукаў

31. Michael Zartibonus, quondam domini lacobi, ci vis Yenetus.

32. Gaspar de Gabrielis,filius domini Pełri,civis paduanus.

33. Valerius de Largis,clencus paduanus.

СКАРЫНА ЛЕКАР

Яскравы падуанскі эпізод жыцьцяпісу доктара Францішка Скарыны належыць да мала дасьледжанае тымчасам галіны ягонае дзейнасьці - лекарскае. У гісторыі культуры Беларусі й усей усходняй славяншчыны доктар Скарына ведамы галоўна як перакладнік i выдавец кнігаў Бібліі, як аўтар прадмоваў да ix i камэнтароў, ды як піянер беларускага друку. Дзеля гэтага й увага дагэтуляшніх дасьледнікаў канцэнтравалася найперш на ягонай літаратурна-выдавецкай дзейнасьці.

Мала, затое, зьвярталася пакуль што ўвагі на Скарыну як лекара. А, тымчасам, бясспрэчна, што з сваіх двух дактаратаў навукаў вызваленых i навукаў лекарскіх, - Скарына асабліва ганарыўся якраз дактаратам падуанскім, мэдыцынскім. I ў выдавецкай дзейнасьці сваім мэдыцынскім тытулам доктар Скарына найбольш прэзэнтаваўся, хоць здавалася-б, да справы перакладу, камэнтаваньня й выдаваньня кнігаў Бібліі бліжэйшымі павінны быць гуманістычныя "навукі вызваленыя" за навукі лекарскія. У прыпісках да выдадзеных кнігаў Скарына разоў колькідзесят перад сваім прозьвішчам падае й сваю мэдыцынскую дакторскую годнасьць - "у лекарскіх навуках доктар". Усяго разоў колькі згадвае ён свае абодва дактараты, як, прыкладам, у Кнізе Ісуса Навіна - "у науках вызволеных и в лекарстве доктор", або ў Кнізе Руты - "в лекарстве и науках доктор", ці пасьля "Юдзінага саборнага пасланьня" ў "Апостале" "в лекарстве и науках вызволеных доктор". Ніводнага-ж разу не дае ён свайго прозьвішча з адным толькі "ў науках вызволеных" дактаратам.

Дык сваёй лекарскай адукацыі й дактарату Скарына яўна прыдаваў большую вагу, як адукацыі й дактарату ў галіне філязафічных "навук вызваленых", i годнасьцяй доктара мэдыцыны ён асабліва ганарыўся. Паясьняецца гэта часткова тым, што студыі "навук вызваленых" у Скарынаву пару ўважаліся за навуку агульнаадукацыйную, якую пажадана было, хоць i не канечна, мець перад паступленьнем на адзін з трох факультэтаў спэцыяльных - тэалёгію, права, мэдыцыну. Вось дзеля гэтага тры гэтыя факультэты ў тагачаснай сыстэме акадэмічнай адукацыі ўважаліся быццам за вышэйшыя за факультэт "навукаў вызваленых".

Ды, хоць сваю мэдычную адукацыю й дакторскі тытул Скарына ўважаў за важнейшыя ад адукацыі агульнае філязафічнае, i, хоць лекарская дзейнасьць у ягоным жыцьці мела напэўна паважнае месца й значаньне, канкрэтных вестак пра яе шырыню й характар маем ня шмат. Ідуць дапушчэньні, што у Прусію, да герцага Альбрэхта ў Каралеўцы, Скарына вясной 1530 году накіраваўся дзеля шалеючай тамака тады ад восені 1529 году пошасьці "ангельскага поту", "englisches Schweiss" [21] - праўдападобна цяжкое грыпы, - але довадаў на гэта няма. Із сьветчаньняў самога Скарыны перад радаю места Пазнаня ў чэрвні 1532 году ведама затое, што гэтым часам ён быў надворным сакратаром i лекарам віленскага біскупа [22], якім быў тады "Ян з князёў літоўскіх", няшлюбны сын караля й вялікага князя Жыгімонта Казімеравіча.

У лістападзе-ж тагасамага 1530-га году пра Скарыну як лекара вельмі пахвальнае сьветчаньне дае кароль Жыгімонт Казімеравіч у сваей, выдадзенай 25 лістапада, прывілейнай грамаце, якою Скарына быў узяты пад беспасярэднюю каралеўскую апеку й юрыдычна-судовую ахову. У ўводным сказе гэтае граматы Жыгімонт пра доктара Скарыну, між іншага, кажа: "прыхіляючыся да шчырых просьбаў некаторых нашых дараднікаў ды маючы рэкамэндацыі аб ягонай чэснасьці, лекарскай нязьвычайнай ведзе, дазнаньні й умеласьці..." [23]. Паколькі грамата была вьістаўленая ў Кракаве, у польскай каралеўскай канцылярыі, а не канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага, дык Г.Лаўмянскі калісьці дапушчаў, што доктар Скарына гэтым часам практыкаваў як лекар, i зь вялікаю ўдачай, у Польшчы, ды сярод сваіх пацыентаў меў i нейкіх выдатных уплывовых польскіх урадоўцаў ці магнатаў, якія й дапамаглі яму дастаць каралеўскае звальненьне ад судовых прасьледаў за даўгі памерлага брата Івана, ды здабыць ганаровы прывілей адмысловае каралеўскае юрыдычнае аховы [24]. Лаўмянскі тады яшчэ ня ведаў пра існаваньне датычных да доктара Скарыны пазнанскіх актаў, у якіх ёсьць сьветчаньне самога Скарыны, што гэтым часам ён быў надворным сакратаром i лекарам віленскага біскупа ды ў справах гэтага біскупа й прыяжджаў да Пазнаня. Дык лекарская Скарынава дзейнасьць мела месца ня ў Польшчы а ў Вільні, i, побач магчымых іншых выдатных ягоных віленскіх пацыентаў, якія маглі заступацца за яго перад Жыгімонтам ды даваць добрую апінію пра ягоную "чэснасьць, лекарскую нязвычайную веду й дазнаньне", быў напэўна віленскі біскуп Ян, Жыгімонтаў сын i ягоны блізкі дараднік, бо віленскі біскуп заўсёды ўходзіў у склад найвышшага кіраўнічага ядра Паноў Рады Вялікага Княства Літоўскага.

Хоць i ўскосныя толькі, але існуюць паказаньні й на тое, што й падчас свайго другога прабываньня ў Празе, нейдзе ад году 1535-га, i да самае сьмерці ў годзе 1540-м, доктар Скарына, побач працы над заснаваньнем каралеўскага парку ў Празе на Градчанах ды афіцыйнага становішча каралеўскага батаніка-садоўніка, займаўся й лекарскай практыкай сярод пражанаў. Лекарам караля Фэрдынанда I ён ня быў, бо кароль ды каралева Ганна зь Ягайлавічаў прабывалі з усімі дзяцьмі пераважна ў Аўстрыі, у Вене I да Прагі прыяжджалі рэдка. Нейкіх дакладнейшых вестак пра праскую лекарскую практыку доктара Скарыны, аднак-жа, пакульшто ня маем. Дык довадаў маем дастаткова на тое, што свой падуанскі ў навуках лекарскіх дактарат Скарына здабыў не на тое толькі, каб ім ганарыцца. Займаўся ён i лекарскай практычнай дзейнасьцяй, ды ў некаторых найменш фазах жыцьця хіба й даволі інтэнсыўна. Толькі незнаёмасьцяй з жароламі да біяграфіі выдатнага Палачаніна паясьняюцца падобныя цьверджаньні, як А.С.Падражанскага 1951 году, што Скарына "сваей спэцыяльнасьцяй не займаўся... i быў галоўна асьветнікам" [25]. Ды з праўдай разьмінуўся й С.А.Верхрацкі, калі ён колькі гадоў пазьней выказаў зусім супроцьлежную думку: "аснаўным заняткам Скарыны была мэдыцынская практыка, а пераклады ды друкаваньне кнігаў былі ў яго пабочнаю справай" [26]. Дваццаць пяць выдадзеных Скарынам кнігаў ды ягоныя да ix прадмовы, бясспрэчны довад таго, што літаратурна-выдавецкую дзейнасьць доктар Скарына ставіў за галоўнае заданьне свайго жыцьця й для выпаўненьня яго не шкадаваў ні доўгіх гадоў упорыстае працы, ні вялікіх коштаў. І гэтаю якраз дзейнасьцяй Скарына здабыў сабе несьмяротную славу й месца ў гісторыі Беларусі, славянскае Эўропы, сьвету.

У сувязі зь лекарскай прафэсіяй Скарыны стаіць i пытаньне ягонай праўдападобнай сустрэчы з выдатным доктарам пары Рэнэсансу Піліпам Тэафрастам Бамбастам Парацэльзам з Гогэнгайму (1494-1541). Парацэльз студыяваў мэдыцыну аж на колькіх унівэрсытэтах Нямеччыны, Італіі, Францыі. За сваё жыцьцё зьезьдзіў ён блізу ўсю Эўропу ды ўсюдых знаёміўся зь мясцовымі спосабамі лячэньня. Гэтак здабыў ён вялікае практычнае дазнаньне ў тэрапіі й на ім апіраўся больш, як на астралягічныя гараскопы ды агульна прызнаныя тады навукі старавечных лекараў - Авіцэны, Гіпакрата ці Галена. Заслужана ў гісторыі медыцыны Парацэльз уважаецца за піянера мадэрнай хэматэрапіі.

У 1520-м годзе Парацэльз быў i ў Вялікім Княсьтве Літоўскім, і, хіба-ж, найперш у сталіцы гэтага княства, Вільні. Паводле ягоных слoвaў, і тут ён вывучаў, пазнаваў мясцовыя спосабы лячэньня й лекі, i ня толькі ад вучоных дактароў, але й ад звычайных жанчынаў, знахароў ды чараўнікоў. Згадвае ён пра гэта ці раз у сваіх творах, прыкладам: «Дазнаньне сваё зь вялікай пільнасьцяй здабываў я ў Ліцьве, Галяндыі, Вугоршчыне, Дальмацыі, Харвацыі, на Родасе, у Італіі, Францыі, Гішпаніі, Партугаліі, Англіі, Даніі ды ўсіх нямецкіх краёх..» [27].

У гэтым-жа 1520-м годзе, калі Парацэльз у Ліцьве вывучаў тайны мясцовага традыцыйнага лячэньня, з Прагі да Вільні пераехаў якраз доктар Скарына. I Парацэльз, i Скарына, выдатныя нагэтулькі асабістасьці лекарскага й навуковага сьвету тае пары, што непраўдападобна, каб, прабываючы гэтым самым часам у Вільні, яны ня трапілі ў беспасярэднюю сутычнасьць [28]. Хоць няма тымчасам нейкіх канкрэтных дадзеных пра час i абставіны асабістага кантакту гэтых двух вучоных, ды, затое, ведамыя сяньня некаторыя факты, якія маглі быць вынікам гэткае сустрэчы.

Па сваім характары Парацэльз быў чалавекам вельмі сварлівым i няўжыўчывым i хутка трапляў ён у розныя канфлікты з канкурэнтамі па прафэсіі, лекарамі іншымі, ды сярод ix галоўна й нажываў сабе ўсюдых ворагаў. У вадным із сваіх твораў ён, прыкладам, наракае на тое, што гэта із зайздрасьці лекары яго ўсюдых прасьледвалі, вялі зь ім "вайну". Парацэльз кажа: "Вайна нашая трывала доўга... Выгналі яны мяне зь Літвы, пасьля з Прусіі, а пасьля з Польшчы. Ды мала было ім i гэтага. Галяндцам я таксама не падабаўся - ні ўнівэрсытэтам, ні жыдом ані манахам. Але, дзякуй Богу, падабаўся я хворым, i дзеля гэтага я трымаюся сваіх спосабаў" [29].

Вось з гэтых словаў Парацэльза даведваемся, што Літву пакінуў ён не самахоць, а што яго стуль "выгналі" тамашнія лекары. Нажаль, прозьвішчаў ніякіх Парацэльз пры гэтым не дае, але найвыдатнейшы ў Вільні й усей Ліцьве (Беларусі) ведамы тае пары лекар, гэта доктар Францішак Скарына. I зусім магчыма, што гэта зь ім у чародны канфлікт свайго бурнага жыцьця й трапіў самапэўны заўсёды ў вышыні свайго мэдычнага дазнаньня ды заўсёды калатлівы Парацэльз. У кажным выпадку з таго, што Парацэльз i свой доўгі пералік краёў, дзе ён здабываў шырокае лекарскае дазнаньне, i краёў, скуль яго па прафэсыйнай зайздрасьці "выгналі", пачынае з тае самае "Літвы", выглядае, што гэта Літва з аднаго й другога гледзішча найбольш яго ўразіла.

Для лепшага асэнсаваньня характару навуковых зацікаўленьняў доктара Скарыны трэба зьвярнуць яшчэ ўвагу на факт, што на дрэварытным партрэце ў кнігах Бібліг доктар Скарына паказаны не як тэалёг ці рэлігійны дзеяч, а як вучоны сьвецкі, як лекар. На партрэце Скарына сядзіць пры пульпіце й піша ў сваім габінэце вучонага, у якім шмат кнігаў, пясочны гадзіньнік, тагачасная астранамічная схэма сусьвету sphaera niundi, розныя прадметы штодзённае патрэбы й ужытку, пасярэдзіне-ж, на завешаным на пульпіце ўзорным саматкане, Скарынаў гэрб, маладзік у сонцы, але - ніякіх рэлігійных прадметаў ці эмблемаў. Толькі з таго, што дрэварыт памешчаны ў кнігах Бібліі Скарынавага перакладу й друку, дагадвацца трэба, што партрэт паказвае доктара Скарыну пры працы над перакладам якраз Бібліі.

У кампазыцыі партрэту толькі раз, на шчыце ў ільвінных лапах леваруч Скарыны, ужыты знак крыжа на эмблеме, што, выглядае, прадстаўляе стаячую пад крыжам, з адкрытым векам, дамавіну. Гэта, яўна, вобразнае прадстаўленьне ідэі, выказанае ў ведамай лацінскай сэнтэнцыі "Memento mori!" - "Помні, што памрэш!" Эмблема выражае важную рысу Скарынавага сьветагляду й таксама ягонае выдавецкае дзейнасьці, накіраванае на пашырэньне й умацаваньне ў народзе асноваў хрысьціянскае веры й маралі, як імпэратыўных для людзкога дабра й шчасьця ня толькі зямнога, але й пасьмертнага. Часьцей думка лацінскай сэнтэнцыі Memento mori выражалася тады не дамавінай, а вобразам людзкога чэрапа.

Sphaera mundi, астранамічная дакапэрнікава схэма геацэнтрычнага руху нябесных целаў, знайшлася на партрэце не прыпадкова й толькі для адзначэньня высокае вучонасьці доктара Скарыны, а гэта й неабходная тады для доктара мэдыцыны лекарская прылада, якую мусеў мець i Скарына. Астраномія й астралёгія у тыя часы былі важнымі дапаможнымі галінамі мэдыцынскае веды. Ад правільнага азначэньня пазыцыі нябесных целаў i належнае гэтага інтэрпрэтацыі, ад "гараскопаў", залежылі тады й тэрапія, i прагноз. Таму й доктар Скарына, хоць-бы для патрэбаў свае лекарскае практыкі, мусеў праводзіць назіраньні зорнага неба, сачыць за рухам плянэтаў, займацца астраноміяй. Разумеў гэта добра калісьці Максім Багдановіч, калі свой верш пра доктара Скарыну як лекара пачаў словамі: "Скарына, доктар лекарскіх навук, у доўгай вопратцы на вежы сочыць зоры".

Важнай дапаможнай навукай мэдыцыны ў Скарынавы часы, побач астраноміі, была й батаніка, бо ў лячэньні асабліва шырака тарнавалася ўсякае зеліва - цьвет, лісьце, кара, карэньні розных расьлінаў. Таму й батаніка ўходзіла тады ў курс лекарскіх навукаў, i гэта было падставай таго, што кароль Фэрдынанд I запрасіў доктара Скарыну як адмыслоўца для заснаваньня каралеўскага парку ў Празе на Градчанах.

Толькі зразумела, што лекарская адукацыя й прафэсія знайшлі свой адбітак i ў Скарынавым пісьменьніцкім творстве. У выдадзеных Скарынам рэлігійных кнігах ці раз сустракаем выражэньні, характэрныя лекару. У прадмовах доктар Скарына асабліва часта адзначае, што кнігі бібліі чытаць добра й трэба для дабра ня толькі духовага, але й цялеснага. У прадмове да Псалтыра ён піша: "светые книги уставлене суть к нашему навчению и справлению, духовному и телесному... Псальмы... всякие немощи духовные и телесные, уздоровляють...". У прамове-ж "во всю Біблйю" Скарына кажа: "В сей книзе вси лекарстве душевные и телесные зуполне знайдете".

Асабліва яскрава лекарская Скарынава адукацыя, прафэсія й мэнтальнасьць выяўленыя ў пачатку прадмовы да першае друкаванае кнігі на беларускай зямлі - віленскага Апостала 1525 году:

"Великий Лука антиохийский в лекарских науках Доктор пренавченыи, и евангелист Ісусов Христов предивный... Онже, будучы лекарем телесным досконалым, виде вси речи телесные иже суть суетны, и минущи, Возжеле быти лекарем душ наших... Знал убо иже нетолико жив еси человек хлебом или лекарством, но боле всяким словом, еже походить из уст божійх..." Праз заакцэнтаваньне на самым пачатку прадмовы кнігі факту, што сьвяты эвангелісты Лукаш быў "у науках лекарскіх доктарам", адчуваецца гордае здаваленьне аўтара прадмовы й выдаўца кнігі, што "ў лекарскіх навуках доктар" i ён. А ў зьвернутай у вазе на тое, што эвангелісты Лукаш "будучы лекарам дасканалым" зажадаў быць "лекарам душ нашых", вычуваецца нібы самаабароннае паясьненьне перад магчымым закідам, чаму гэта ён, доктар не тэалёгіі, а мэдыцыны, выдае рэлігійныя кнігі.

Хоць вестак пра Скарынаву лекарскую дзейнасьць маем ня шмат, ды ix дастаткова на довад таго, што лекарская прафэсія займала ў ягоным жыцьці паважнае месца. Сяньня ведама таксама, што лекарскія традзіцыі ў родзе Скарынаў не абарваліся ізь сьмерцяй Францішка Скарыны. За прыкладам бацькі, мэдычную прафэсію здабыў i лекарам працаваў i Скарынаў сын Сымон. Паводле чэскіх летапісных вестак, у 1577-м годзе ён практьікаваў, наведваў хворых, на паўдні Чэхіі, у Крулллёве [30].

Францішак Скарына - першы ведамы беларускі лекар ды першы, двойчы навет, дактарызаваны вучоны й Беларусі, i ўсяе ўсходняе Эўропы. Адзначыць важна факт, што на свайго першага доктара мэдыцыны Маскоўшчына здабылася аж 182 гады пасьля дактарызацыі Скарыны, бо толькі ў 1694 годзе ў той самай італіянскай Падуі лекарскіх навукаў дактарат здабыў першы расеец - Пётра Васілевіч Постнікаў.

Скарына, як тыповы дзеяч пары Рэнэсансу, быў лекарам, што не замыкаўся ў вузкіх межах прафэсійных толькі справаў i зацікаўленьняў, а пытлівым уніклівым інтэлектам сягаў глыбака й у іншыя галіны творчага пазнаньня. Дзякуючы гэта лекарскай прафэсіі доктар Скарына меў беспасярзднюю шырокую сутычнасыць з народам, з сваім "людам паспалітым", знаў добра й разумеў усе ягоныя нястачы й беды, ведаў мaтap'яльныя й духовыя яго патрэбы ды глыбака верыў, што праз кнігі й навуку, праз асьвету й веду народ пракладзе сабе шлях да лепшае будучыні.

Доктар Скарына быў моцна прывязаны да свае зямлі, свайго краю й народу i, як сам ён казаў, дзеля тае простае прычыны, што яго "міласьцівы Бог з таго языка на сьвет пусьціў" ды што "людзі, дзе зрадзіліся й ускормленыя суць па Возе, к таму месцу вялікую ласку й маюць". Гэта было асноваю таго, што свае лекарскія заданьні Скарына разуме ў як грамадзкі абавязак i быў заўсёды чуткі на патрэбы свайго краю й Народу.

Шырынёй свае адукацыі, глыбінёй інтэлекту доктар Францішак Скарына на галаву перарастаў i найбольш асьвечаных сучасьнікаў свайго краю. Думкаю ўзьнімаўся ён высака над сваім пакаленьнем, глядзеў далёка ў будучыню ды разумеў, ясна як ніхто зь ягоных сучасьнікаў, палючыя заданьні эпохі для зарукі культурна-духовага й нацыянальнага росту свайго народу. У гэтым духовым пераросьце над сучасьнікамі й галоўная прычына таго, што пакаленьне ягонае яго належна не ацаніла, не падтрымала, i сьмелую, начатую з гігантычным размахам ды гістарычнай візіяй выдавецкую дзейнасьць давесьці да завяршэньня яму не ўдалося. У выніку, незважаючы на шчыры патрыятызм i глыбокую дэмакратычную народнасьць, на ўсю ахвярнасьць i энэргію, дажываць свой век, пасьля горкіх разчараваньняў, лягчэй было не на роднай зямлі, а ў далёкай Чэхіі.

СКАРЫНА Ў ІТАЛІІ

З выяўленьнем актавага запісу падуанскага біскупскага палацу італіянскі эпізод жыцьця доктара Францішка Скарыны стаў бадай найлепш дакумэнтаваным з усяе Скарынавае біяграфіі. Хоць i належыць ён найперш да мала яшчэ дасьледжанае лекарскае галіны Скарынавае дзейнасьці, ды эпізод гэты кідае цікавае сьвятло й на колькі важных іншых аспэктаў жыцьця й дзейнасьці доктара Скарыны. Найперш гэта канкрэнтная дакумэнтацыя ягоных беспасярэдніх сувязяў зь вядучым тады ў галіне духовага прагрэсу краем Эўропы, зь Італіяй пары Рэнэсансу. Сувязі-ж гэтыя мелі бясспрэчна сваё важнае значаньне на сфармаваньне шырокіх гуманістычных кругазораў Скарынавага сьветагляду.

На землях Італіі крыжаваліся тады важныя сухазёмныя й водныя камунікацыйныя магістралі Эўропы й сьвету, сьвету, што з новымі адкрыцьцямі няведамых раней краінаў i цэлых кантынэнтаў раптоўна на ўсе бакі пашыраўся. У выніку разьвіваліся нязвычайна тэхніка ды рамёслы, кіпеў гандаль, багацелі купцы, красавалі, як ніколі, італіянскія месты. З пладамі-ж матаряльнае вытворчасьці, з прадуктамі чалавечых рук, таварам, нястрымна цыркулявалі, з краю ў край вандравалі, i дасягненьні людзкога розуму - новыя думкі, ідэі, пагляды. Давяло гэта да аднаго з найбольш уражаючых у гісторыі заходняе цывілізацыі духовых уздымаў - італіянскага Адраджэньня. Якраз у часе прабываньня Скарыны ў Падуі ды Італіі ў галіне мастацтваў Рэнэсанс дасягаў сваіх узвышшаў. Гэта пара творчасьці гэткіх волатаў людзкога духа, як Леонардо да вінчы, Рафаэль Санчыё, Мікельанджэльлё Буанароці, Данат Брамантэ. За мастацтвамі, асабліва лад шчодрай апекай папы-гуманістага Лявона X Мэдычы, закрасавала й паэзія, літаратура, навука.

Дык наведзіны Скарынам Італіі выпалі ў пару апагею рэнэсансавага ўздыму. А як прабег экзаменаў у Падуі паказаў, i доктар Скарына з далёкага ад яе беларускага Полацка сваёй адукацыяй i пазнаньнямі не ўступаў прадстаўніком навукі Італіі. Дасканальная веда міжнароднае мовы тагачаснага навуковага сьвету, мовы лацінскай, дала Скарыну магчымасьць ува ўсім блеску красамоўнасьці паказаць сваю эрудыцыю ды задзівіць ёю вучоную Калегію Падуанскай акадэміі.

Важна мець на ўвеце, што добра актавымі запісамі задукамэнтаваныя наведзіны Скарынам земляў Італіі ў пару красаваньня там Рэнэсансу, ня нейкі прыпадковы адзіночны факт. Яшчэ ад XV стагодзьдзя, i даволі масава, у італію кіраваліся, на слаўных унівэрсытэтах Балёніі, Падуі, Рыму ці Фэррары, студыявалі сыны беларускіх магнатаў, багацейшае шляхты ды замажнейшых слаёў меставога стану Беларусі.

У часе, калі здабытую на захадзе веду доктар Скарына ставіў ужо на ўслугі важнай для свайго народу й усяе ўсходняе Эўропы культурнай справы, разгортваў шырокую літаратурна-выдавецкую дзейнасьць, ад 1518 году, з дыпляматычным пасольствам караля й вялікага князя Жыгімонта Старога прабываў у Рыме выдатны паэта ды вялікі патрыёта беларускай зямлі Мікола Гусоўскі. Як зь ягонае творчасьці відаць, быў ён беспасярэдняй сувязі зь літаратурнымі коламі тагачаснае Італіі. Даводзілася ці раз яму бываць i на ўрачыстых прыняцьцях папы Лявона X, ня толькі шчодрага мэцэната-апякуна паэтаў ды мастакоў, але й вялікага аматара паляваньняў. Вось для Лявона X, які ніколі ня бачыў караля пушчаў Беларусі, зубра, Гусоўскі ў 1521 годзе й напісаў сваю слаўную лацінскую "Carmen de bisonte" - "Песьню пра зубра". Гэта вялікая, больш тысячы радкоў, высокае паэтычнае вартасьці, эпічная паэма. У ёй дасканалыя вопісы зубра, яго выгляду й нораваў, ды небясьпекаў i розных прыгодаў у часе паляваньня на зуброў. Сюжэт паэмы разгортваецца на фоне мастацкіх вопісаў велічы ды красы адвечных прыдняпроўскіх пушчаў. Паэма насычаная глыбокім патрыятызмам i любовяй песьняра да беларускай зямлі. У колькіх яе разьдзелах паэта апявае й гераічную абарону народу свае бацькаўшчыны ад крывавых рабаўнічых нападаў Масквы ды Татараў.

Дык сувязі земляў Беларусі зь Італіяй у часы Скарыны ня былі зьявай прыпадковай. Полацак, Полаччьнна, Вільня, як i ўся Скарынава бацькаўшчына, у гэную пapy была ў бойкіх эканамічных i культурных кантактах з усім захадам Эўропы. Плённыя вельмі культурна сувязі зь Італіяй знайшлі тады сваю выяву ня толькі ў літаратуры ды навуцы. Адбітак ix яскравы маем i ў мастацтве, асабліва ў архітэктуры Беларусі. Сувязі гэтыя ўзмагліся нязвычайна ў часе частага прабываньня ў Вільні зь італіянскім сваім дваром каралевы Боны, былое мэдыялянскае князёўны.

Сяньня знаем, што лучнасьць зь Італіяй з здабыцьцём дактарату на слаўным Падуанскім унівэрсытэце не абарвалася й у самога Скарыны. Сьветкі гэтага - ягоныя кнігі ў Італіі, накіраваныя туды відавочна ім самым сваім прыяцелям ці знаёмым. Для прыкладу, яшчэ за жыцьця доктара Скарыны, бо каля 1539 году, Кнігаю Царстваў выданьня Скарыны ў часе лекцыяў на ўнівэрсытэце ў Павіі карыстаўся выдатны італіянскі мовавед Амброжы Тэзэй Альбонэзі. Па ёй ён знаёміў сваіх студэнтаў з тайнамі выгляду ды вымаўляньня літараў кірылічнага альфабэту ды важнейшымі характэрнымі асаблівасыцямі славянскіх моваў [31].

Усьведамляючы шырыню духовых кантактаў доктара Скарыны зь Італіяй i ўсей Эўропай пары Рэнэсансу, важна адначасна не забывацца, што беспасярэдняя сутычнасьць з культураю Захаду ў яго рэнэсансавым апогэі не заглушылі ў Скарыны ягоных радзімых культурна-нацыянальных традыцыяў, не падарвалі прывязанасьці й пашаны да свайго краю, народу, яго веры й культуры. Дасканальная веда мовы лацінскай не забіла у Скарыны зразуменьня вагі й патрэбы разьвіцьця свае роднае мовы ды раскрываньня перад ёю шырэйшых гістарычных пэрспэктываў шляхам пераходу ад кнігаў рукапісных да друкаваных. Скарына добра ўсьведамляў, што пададзеныя друкам ідэі й пазнаньні дойдуць лягчэй да ягонага "люду паспалітага", народ лепш зможа "разазнаць праўду й крыўду" ды хутчэй пракладзе сабе шлях да сьвятлейшае, шчасьлівейшае будучыні.

Дык падуанскія актавыя запісы раскрываюць у яскравым. драматычным сьвятле сутычнасьць зь Італіяй i яе навуковымі коламі ня толькі самога палачаніна Скарыны. Яны канкрэтнае сьветчаньне й пра шырокую жывую тады лучнасьць земляў Беларусі й зь Італіяй, i з усім духовым сьветам захаду Эўропы. У гэтым i вялікая ix цікавасьць ды каштоўнасьць для пазнаньня й зразуменыня гісторыі духовых працэсаў Беларусі й Эўропы Скарынавае пары, а адначасна й насьвятленьне ўмоваў, у якіх складаўся гуманістычны талеранцыйны сьветагляд доктара Францішка Скарыны.

АКТАВЫЯ ЗАПІСЫ

ЗАПІСЫ ПАДУАНСКАГА ЎНІВЭРСЫТЭТУ

ЕЗУС МАРЫЯ [32]

Удзяленьне, з Божае ласкі, мэдыцынскае годнасьці

Спадару прафэсару [33] Францішку, Русічу [34]

сыну нябошчыка Спадара Лукаша.

У імя Хрыста, амін. Году-ж ад яго нараджэньня тысяча пяцьсот дванаццатага, індыкта XV, у пятніцу, пятага лістапада, у Пауді, у царкве сьвятога Урбана [35], а гадзіне 17-ай, скліканая была й у абыдны спосаб сабраная Найсьвятшая Калегія найслаўнейшых навукаў [36] i мэдыцыны Дактароу Падуi, загадам Найдастойнейшага Навукау i Мэдыцыны доктара Спадара Тодара Муссаты, Віцэпрыёра [37] вышэй названае Калегіі, ды із згодаю Спадароу Райцау Калегіі гэтай. Калі вось Калегія гэтак сабралася, вышэй згаданы Спадар Прыёр сказау:

"Найдастойнейшыя Спадары Дактары! Прычына скліканьня Вашых Дастойнасьцяу гэткая: Ёсьцека тут адзін вельмі вучоны бедны юнак, Доктар навукаў, што прыбыў зь вельмі далёкіх - чатыры, можа, тысячы, ці болей, міляў ад гэтага праслаўнага места краёў, - для зьвялічэньня славы й гонару яго, ягонага красуючага суспольства ды Сьвятое Калегіі нашай i жадаў-бы сабе прызнаньня з Божае ласкі й удзяленьня гэтаю Сьвятою Калегіяй годнасьці у галіне лекарскіх навукаў. Калi Вашыя Дастойнасьці дазволіце - прадстаўлю яго самога. Гэты, вышэй згаданы, Юнак i Доктар, гэта спадар Францішак, сын нябошчыка Спадара Лукаша Скарыны з Полацка, Русіч".

Пасьля гэтага уведзены быў названы прафэсар Францішак, які пакорна й ветліва прасіў удзяленьня сабе, з Божае ласкі, годнасьці у галіне лекарскіх навукаў, як i было вышэй сказана згаданым Спадаром Віцэпрыёрам, ды прыракаў шырыць усюдых славу, чэсьць i карысьці гэтае Калегіі й кажнага яе Доктара паасобку. Пасьля гэтага Калегія Навукау яго апытвала. Вышэй-жа згаданы спадар Віцэпрыёр сказаў:

"Спадары Дактары: Вы выслухалі гэтага беднага й вучонага юнака. Калі-б нехта хацеў што сказаць, хай устане й выкажацца". Тады, пасьля шматлікіх прамоваў i выказваньняў гэтых Спадароў Дактароў, Спадар Віцэпрыёр сказаў асобам ніжэй названым [38] галасаваць у гэткі спосаб: xто згаджаецца, каб гэтаму Спадару Францішку ўдзяліць з Божае ласкі мэдыцынскую годнасьць, пры захаваньні ўсіх вымаганьняў, хай кіне свой голас у урну пацьвярджальную, чырвоную; хто-ж незгаджаецца, хай кіне ў адмоўную, зялёную. I праведзенае гэтак галасаваньне ня выказала аніводнага голасу супроць.


ЕЗУС МАРЫЯ

Пробны (экзамен) з мэдыцыны

Спадара прафэсара Францішка, Русіча.

1512 (году), у су боту, шостага лістапада, у Паду i, у царкве сьвятога Урбана, а гадзіне 22-й.

Скліканыя былі й у абыдным месцы сабраныя Сьвятое Калегіі Спадароў Навукаў i Мэдыцыны Дактароў Падуі Найдастойнейшыя Дактары. З загаду Выдатнага навукаў i Мэдыцыны Доктара Спадара прафэсара Тодара Муссаты, Віцэпрыёра, адбыўся пробны экзамен з мэдыцыны знакамітага доктара навукаў, спадара прафэсара Францішка, сына нябошчыка Лукаша Скарыны з Полацка, Русіча, паводле тэзаў тае-ж раніцы сабе вызначаных. I дзеля рэцытацыі самых тэзаў з памяці, i, таксама, дзеля дасканалага падсумоўваньня довадаў ім супраціўных i зьбіваньня ды нязвычайна дастойнага захоўваньня, ён усімі, бяз вынятку, прытымбытнымі вышэй згаданае Калегіі дактарамі быў прызнаны за годнага дапушчэньня да экзамену адмысловага ў галіне лекарскіх навукаў і, зусім заслужана, быў дапушчаны.

Прамотарамі-ж [39] былі Спадар прафэсар Францішак дэ Ноаліс, Спадар прафэсар Францішак дэ Эстэ, Спадар прафэсар Геранім а Мульлё, Спадар прафэсар Баўтрамей Барысон i Спадар прафэсар Геранім дэ Урбіно.

Гэты Спадар Францішак таксама склаў, паводле вымаганае формы, прысягу.

Імі прытымбытных Дактароў:

Сп. П. [40] Тодар Муссаты, Віцэпрыёр

Сп. П. Баўтрамей а Вольта

Сп. П. Францішак дэ Ноалі

Сп. П. Францішак дэ Эстэ

Сп. П. Геранім а Мульлё

Сп. П. Мікола дэ Ноалі

Сп. П. Аўрэлі Бонэто

Сп. П. Геранім Рубэус

Д. Сп. [41] Баўтрамей дэ Санкто Віто

Сп. П. Геранім Марыпетро

Сп. П. Баўтрамей Барысонус

Сп. П. Геранім дэ Урбіно

Сп. П. Антон дэ Сонціно

Сп. П. Маркантон дэ Януа


ЕЗУС МАРЫЯ

Экзамен адмысловы з мэдыцыны

Спадара Прафэсара Францішка, Русіча.

1512 (году), у ваўторак, дзевятага лістапада, у месцы абыдным біскупскага палацу ў Падуі, экзамен.

Скліканьія з загаду Выдатнага Навукаў i Мэдыцыны Доктара Спадара Тодара Муссаты, Віцэпрыёра, i Райцаў, ды ўрачыста, паводле звычаю, сабраныя Сьвятое Калегіі Спадароў Артыстых [42] i мэдыкаў Слаўныя як навукаў i мэдыцыны, гэтак i навукаў толькі Дактары, у прысутнасьці Усячэсьнейшага ў Хрысьце айца й Спадара Спадара [43] Паўлы Забарэльлі, з Божае й апостальскага Пасаду ласкі біскупа Аргелісенскага, ды Усячэсьнейшага ў Хрысьце айца й Спадара Спадара Сыкста, з Божае й Сьвятога Петры ў ваковах міласьці Кардынала прэзьбітара [44], Сьвятое Царквы Рымскай Віцэканцлера й нязьменнага Царквы Падуанскай Адміністратара Пачэсьнейшага ды Райцы Сацентынскага, а таксама адданага слаўнае Падуанскае апостальскае Канцылярыі Суфрагана й руплівага мясцовага справаў духоўных Вікарага. Пад віцэстаршынствам Найсьвятлейшага навукаў i мэдыцыны Доктара Спадара Тодара Муссаты ды пры ўдзеле Выдатнага навукаў i мэдыцыньі Доктара Спадара Францішка Фульманэльлі [45] з Вэроны, Віцэрэктара Спадароў Артыстых Падуi, як таксама перад усімі прытымбытнымі Дактарамі Калегіі гэтай, Знакаміты доктар навукаў Спадар Францішак, сын нябошчыка спадара Лукаша Скарыны з Полацка, Русіч, быў экзаменаваны адмыслова й строга па тэзах гэтае раніцы вызначаных, i ён гэтак слаўна й дастойна вёў сябе падчас гэтага свайго строгага экзамену й калі разьвіваў свае тэзы, i калі зьбіваў фактамі довады супраціўныя, штo ўсе прысутныя дактары, без аніводнага вынятку, прызналі, што ён мае дастатковыя пазнаньні ў галіне мэдыцыны, i вышэй згаданым усячэсьнейшым Спадаром Вікарым быў у форме традыцыйнай Доктарам лекарскіх навукаў апавешчаны.

Па гэтым Дастойны навукаў i мэдыцыны доктар, Спадар прафэсар Баўтрамей Барысон, прамотар, ад сябе й вышэй згаданых Калегаў, уручыў азнакі мэдыцынскае годнасьці [46]. Імі прытымбытных Дактароў:

Сп. П. Тодар Муссаты Віцэпрыёр

Сп. П. Баўтрамей а Вольта

Сп. Прэзьбітар Яку б дэ Курта

Сп. П. Геранім дэ Сатбанэіс

Сп. П. Мікола дэ Яну а

Сп. П. Баптіста а Гальта

Сп. П. Францішак дэ Ноалі

Сп. П. Францішак дэ Эстэ

Сп. П. Геранім а Мульлё

Сп. П. Мікола дэ Ноалі

Сп. Аўрэлі Бонэто

Сп. П. Геранім Рубэус

Д. Сп. Баўтрамей дэ Санкто Віто

Сп. П. Геранім Марыпетро

Сп. П. Баўтрамей Барысон

Сп. П. Геранім дэ Урбіно

Сп, П. Францішак Поррэтінус

Сп. П. Пароль дэ Яну а

Сп. П. Антон дэ Сонціно

Сп. П. Паўла а Соле

Сп. П. Петра дэ Ноалі

Сп. П. Андрэй дэ Аліётіс

Сп. П. Маркантоні дэ Януа, i

Сп. П, Хрыстафор а Лігорантэ

ЗАПІС ПАДУАНСКАГА БІСКУПСКАГА ПАЛАЦУ

ІСУС ХРЫСТОС

1512 год, год індыкту XV. У ваўторак, 9 лістапада. Экзамен адмысловы з мэдыцыны мужа Знакамітага, Спадара прафэсара Францішка, сына нябошчыка спадара Лукаша Скарыны з Полацка, Русіча, Сакратара караля Даніі; У прысутнасьці Архіяпіскапа, Усячэсьнейшага Спадара Суфрагана й Вікарага, Праслаўная Калегія Спадароў Артыстых Падуі, пры ўдзеле Дастойнага навукаў i мэдыцыны доктара Спадара прафэсара Францішка Фyмaнэльлi [47], Унівэрсытэту Артыстых Віцэрэктара, экзаменавала: Усе былі адназгодныя, адзін як адзін, без аніводнага вынятку, каб годнасьць у галіне лекарскіх навукаў прызнаць. Пад апекаю сваіх прамотараў, навукаў і мэдыцыны дактароў, Спадароў прафэсароў:

Баўтрамея Барысона, які ўручыў азнакі,

Францішка дэ Новалі,

Францішка Эстэнзі,

Гераніма а Мульлё, i

Гераніма дэ Урбіно.

Дастойныя сьветкі навукаў дактары, Спадары прафэсары

Алёйзы Зухатус Гуісінус, i

Даніель дэ Фороюліё, падуанін.

Выдатныя студэнты навукаў, Спадары

Міхал Зартібонус, сын нябошчыка Якуба, месьціч Вэнэцкі;

i Гаспар дэ Габрыеліс, сын спадара Пётры,

месьціч падуанскі,

Спадар Валеры дэ Ляргіс, клерык падуанскі.


ПЕРАКЛАД ЗАПІСУ МІНАТЫ

1512 году, дня 8 лістапада, балонка 122.

Дактарат з мэдыцыны сына нябошчыка Лукаша Скарыны (у запісе памылкова "Порыны") з Полацка, Русіча, сакратара караля Даніі.

Прамотары:

Баўтрамей Барысон, даканаў прамоцыі Лукашовага сына.

Францішак Новалі

Францішак Эстэнсэ

Геранім даль Мулё

Геранім ді Урбіно


РЭЕСТРОВЫ ЗАПІС FRANCESCO DORIGHELLO

(ПЕРАКЛАД ЗАПІСУ ДОРЫГЭЛЬЛЁ)

Полацак... места у Ліцьве...

Францішак, сын нябошчыка Лукаша Скарыны з Полацка, Русіч, Доктар навукаў, здавальняюча здаў пробны экзамен з мэдыцыны ў 1512 годзе, у суботу 6 лістапада, а гадзіне 22-ой, у царкве сьвятога Урбана, па пунктах раніцай самому сабе вызначаных, пры прамотарах Францішку дэ Ноале, Францішку д'Эстэ, Гераніму Амуліё, Баўтрамею Барысону, Гераніму д'Урбіно, а ў панядзелак, 9-га гэтага-ж лістапада, у абыдным месцы, быў экзаменаваны для дактарату па пунктах раніцаю яму вызначаных, прамаваў Барысон.



[1] Barycz Henryk. Historja Uniwersytetu Jagiellońskiego w epoce humanizmu. Kraków. 1935; 6. 191, 215 ды іншыя.

[2] Condusiones Universitatis Cracoviensis ab anno 1441 ad annum 1589. Wydał Henryk Parycz. Polska Akademja Umiejętności. Archiwum Komisji do dziejów Oświaty i szkolnictwa w Polsce, Nr. 2. Kraków, 1933; 6. 172.

[3] Владимиров Петр Владимирович. Доктор Франциск Скорина. Его переводы, печатныя издания и язык. Общество Любителей Древней Пись­менности. Том XC. Санкт-Петербург, 1888; б. 56.

[4] Windakiewicz St. Materyały do historji Polaków w Padwie. Archiwum do dziejów literatury i oświaty w Polsce. Tom VH. Kraków, 1892; 6. 158.

[5] Шляпкин И. К биографии Франциска Скорины. "Журнал Министерства Народного Просвещения", № 4. Санкт-Петербург, 1892; б. 382-385.

[6] Favaro Antonio. L'Universita di Padova. Venezia, 1922; 6. 97.

[7] Віндакевіч карыстаўся рэестровымі запісамі й Мінаты, i Дорыгэльлё (тамсама, б. 157). Шляпкін (тамсама, б. 382) прывёў італьянскі тэкст запісу Дорыгэльлё.

[8] Пачатковыя радкі запісу Мінаты й увесь запіс Дорыгэльлё былі рэпрадукаваныя ў часапісе "Źnic", Rym, Nr. 62-63,1961; b. 10; i Nr. 64-65,1962; b. 12.

[9] Больш ведамак пра Падуанскі ўнівэрсытэт можна знайсьці ў згаданай вышэй кнізе А.Фаваро, а таксама ў артыкуле: Егораў Зьмітра - Падуанскі Унівэрсытэт у XV - ХVI сталецьцях (Чатырохсотлецьце беларускага друку, 1525 - 1925. Інстытут Беларускае Культуры. Менск, 1926; б. 23 - 38).

[10] Фотарэпрадукцыі арыгіналаў, лацінскія тэксты, беларускія пераклады памешчаныя такcама ў часапісе "Źnić", Rym. Nr. 61, 1961; b. 6-7; 62-63 1962; b. 10; Nr. 64-65, b. 12.

[11] Boпic партрэту й ягоная рэпрадукцыя ў: Сымон Брага - Партрэты доктара Скарыны (Конадні, кн. 7, Ню-Ёрк-Мюнхен, 1963; б. 149-151).

[12] Паведамленьне аб знаходзе актавага запісу пра доктара Скарыну ў: Сымон Брага - Геаграфічная лякалізацыя жыцьцяпісу доктара Скарыны (Запісы, кн. 3. Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва. Мюнхен, 1964; б. 19-21). Таксама адбітка: Ню-Ёрк-Мюнхен, 1965; б. 17-19. Рэпрадукцыя арыгіналу (без апошняга радка, які на клішы абрэзаны), лацінскі тэкст, беларускі пераклад, былі друкаваныя ў часапісе "Źnić", Rym, 1960. Nr. 56; b. 8.

[13] Danmarks Riges Historie, vol. 3. Kobenhavn, 1897 - 1907; 6. 21.

[14] Першы раз пра Скарыну як "сакратара караля Дацыі" ў згаданай вышэй працы: С.Брага - Геаграфічная лякалізацыя жыцьцяпісу доктара Скарыны; б. 17-19.

[15] Favaro Antonio. Die Hochschule Padua zur Zeit des Coppernicus. Ins Deutsche ubertragen von Махітіllіаn Curtze (Mitteilungen des Coppemicus-Vereins fur Wissenschaft u. Kunst zu Thom, III Heft. Thom, 1881; 6. 39).

[16] Тамсама; 6. 59.

[17] Тамсама.

[18] Тамсама.

[19] Тамсама; б. 47.

[20] Gymnasium Patavinum Jacobi Philippi Tomassini, Episcopi Aemoniensis, 1654; 6. 280.

[21] Forstreuter K. Preussen und Russiand im Mittelalter. Konigsberg - Berlin, 1938; 6.222.

[22] Зanic у актавай кнізе Архіву Места Пазнаня, Brul. Consul. 1531-32, f. 164v. Паводле фотаадбіткаў гэтых запісаў у зборах Беларусжага Інстытуту Навукі й Мастацтва, Ню-Ёрк. Што доктар Скарына быў надворным лекарам віленскага біскупа на аснове гэтых актаў першы раз у друку паведаміла: Maria Wojciechowska - Рэцэнзыя на: L.Abramowicz. Cztery wieki drukarstwa w Wilnie (Kwartalnik historyczny, XL. Lwów, 1926; 6. 474).

[23] Acta Tomiciana. Tomus guartus decimus... Edidit Vladislaus Pociecha. Posnaniae, 1952; 6. 795.

[24] H.Łowmiański - Рэцэнзыя на: Ad.Stankievic. Doktar Franciśak Skaryna pierśy drukar biełaruski, 1925 (Ateneum Wileńskie, rok Ul. zesz. 9. Wyd. Wydziału III Towarzystwa Przyjaciół Nauk w Wilnie. Wilno, 1925; 6. 79)

[25] Подражанский A.C. Русский доктор медицины XV века Юрий Дрогобычский ("Врачебное дело", Нр. 10, Москва, 1951).

[26] Верхратский С.А. Жизнь и деятельность доктора медицины Франциска Георгия Скорины (Из истории медицины. Сборник статей Института экспериментальной медицины Академии наук Латвийской ССР, вып. I. Рига, 1957).

[27] Theophrast von Hohenheim, gen. Paracelsus. Samtliche Werke. Herausgegeben von Karl Sudhof und Wilhelm Matthiesen. Munchen, Band 7; 6. 374.

[28] На магчымасьць сустрэчы ў Вільні Парацэльза з доктарам Скарынам зьвярнуў увагу апошнім часам д-р В.П.Грыцкевіч у рэфэраце пра падарожжы Парацэльза па Беларусі й Польшчы, што быў чытаны ў 1966г. на XX Міжнародным Кангрэсе Гісторыкаў Мэдыцыны ў Заходнім Бэрліне.

[29] Paracelsus... Samtliche Werke, Band 6; б. 180.

[30] Brezan Wacslaw. Źiwot Wilema z Rosenberka Staroćeska Bibliotheka. Ćislo II. Praha, 1847: 6. 227.

[31] Тумаш Вітаўт. Кнігі Скарыны ў Італіі першае палавіны XVI стагодзьдзя (ЗАПІСЫ, кн. 5, БІНІМ. Мюнхен, 1968г.).

[32] Словы Jesus Maria напісаныя ўгары кажнае бачыны актавае кнігі.

[33] Паколькі Скарына ў Падую прыбыў ужо з дактаратам "навук вызваленых" - Artium Doctor,- дык яму й прыслугоўваў тытул magister прафэсар, што й знайшло свой адбітак у актавых аб ім запісах. Magister у ўнівэрсытэцкім жыцьці тае пары значыла тоесамае, што й "прафэсар", "настаўнік", i было адназначнае з "доктар". Тытул magister - прафэсар - прыслугоўваў тады кожнаму, хто здабываў навуковую ступень доктара, якая давала права на самастойнае навучаньне іншых. Аж да XVI стагодзьдзя тытулы доктара й магістра былі раўназначныя. Пазьней "магістэр" перастала ўжывацца для азначэньня настаўніка ўстановы вышэйшага навучаньня. У гэтым значаньні замацавалася слова "прафэсар". У галіне-ж навуковае традацыі "магістэр" стала азначаць навуковую ступень ніжэйшую ад "доктар", а ў некаторых галінах навукі, прыкладам у мэдыцыне, i зусім было закінутае. Як відаць із Скарынавых прадмоваў да праскіх біблійных кнігаў, прыкладам да Кнігі Судзьдзяў - "працею ученаго Франциска Скорины... в науках и в лекарстве учителя". - доктар Скарына лацінскае "magister" перадаваў словам "учитель".

[34] Словам "Русіч" перакладаецца тут актавае лацінскае "ruthenus". Гэтак называлі тады палацінску жыхароў Беларусі й Украіны. Паколькі доктар Скарына паходзіў зь беларускага Полацка, дык i слова "ruthenus" у дадзеным выпадку раўназначнае сучаснаму "Беларус".

[35] Падуансжая царква сьвятога Урбана, у якой складаў экзамены доктар Скарына, не захавалася.

[36] Artium doctor - доктар навукаў (даслоўна -"мастацтваў"), гэта быў дактарат з галіны Septem artes llberales - "сямі навукаў вызваленых". Пералічае ix доктар Скарына ў сваей прадмове да ўсей Бібліі гэтак: граматыка або "грамата", бо "добре чести и мовити учить"; лёгіка - "учить з доводом розознати правду и кривду"; рыторыка, " еже ест красномовность"; музыка або "певница"; арытмэтыка "во кратце, а неомылне считати учить"; геамэтрыя або "землемерение"; астраномія або "звездочети". Тытул Artium doctor Скарына пабеларуску перадаваў "в науках вызволеных доктор", або "в науках доктор". Гэтак гэты тытул перададзены ўсюды й у гэтым перакладзе: artium - навукаў.

[37] Становішча "прыёра" Калегіі ў арганізацыйнай сыстэме тагачаснага Падуанскага ўнівэрсытэту было прыблізна раўназначнае становішчу дзекана факультэту ўнівэрсытэтаў сучасных. У часы доктара Скарыны факультэт мэдыцыны ў Падуі лучыўся з факультэтам Artistarum - "сямі навукаў вызваленых".

[38] Personis infrascriptis - асобам ніжэй на пісьме пералічаным. P гэтага вынікае, што пры канцы пратакольнага запісу меў быць дадзены сьпіс сяброў Калегіі прысутных на паседжаньні, падобна, як сьпісы гэткія ёсьць пры канцы двух іншых унівэрсытэцкіх актавых запісаў. Сьпісу гэтага ў кнізе Sacri Coliegii, аднак-жа, няма. Відавочна, ён ня быў дапісаны, ці, можа, загубіўся.

[39] Прамотары - прафэсары-апякуны, якіх Калегія прыдзяляла кажнаму дактаранту. Заданьнем прамотараў было падрыхтаваць кандыдата да прамацыйных экзаменаў, даваць яму патрэбныя для гэтага парады й дапамогу аж да заканчэньня экзаменаў i здабыцьця ступені доктара.

[40] Сп. П. - Спадар Прафэсар, лацінскае Dominus Magister.

[41] Д. Сп. - Дастойны Спадар, тытуляцыя духоўнае асобы.

[42] Калегія Артыстых - калегія факультэту "сямі навукаў вызваленых".

[43] Domino Domino -"Спадара Спадара", знарочнае здваеньне для аказаньня асаблівае павагі й пашаны.

[44] Прэзьбітар - духовы апякун.

[45] У актавым запісе біскупскага палацу гэтае самае прозьвішча пададзенае як "Фуманэльлі"- Fumaneili.

[46] Былі гэта звычайна круглы чырвоны бірэт, дакторскі сыгнэт, кніга Гіпакратавых "Афарызмаў".

[47] Тоесамае прозьвішча ў трэцім унівэрсытэцкім актавым запісе дадзенае як "Фульманэльлі"- Fulmanelli.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX