Вярнуцца: Артыкулы

Тумаш Вітаўт. Справа паходжаньня Сымона Буднага


Аўтар: Тумаш Вітаўт,
Дадана: 11-11-2016,
Крыніца: Тумаш Вітаўт. Справа паходжаньня Сымона Буднага // Спадчына №3-1997. С. 98-103.



Артыкул пад псэўданімам Р.Максімовіч друкуецца паводле: Запісы, № 4, 1966 г.

Час i месца нараджэньня Сымона Буднага й дагэтуль ня выясьненыя. Дзеля гэтага i ўдадатак таму, што побач мовы беларускай, царкоўнаславянскай, лацінскай, грэцкай, гэбрайскай, Будны знаў добра й мову польскую ды шырака ёю карыстаўся ў пісьме й друку, некаторыя польскія аўтары маюць нахіл ставіць дапушчэньне, што Будны нарадзіўся нейдзе на Мазуршчыне, быў мазуром, значыцца Паляком. Пагляды пра поль­скою нацыянальнасьць Буднага яшчэ напачатку гэтага стагодзьдзя выказваў Гэнрык Мэрчынг [1] давесьці гэта намагаўся пасьля Станіслаў Koт [2] згаджаўся зь ім Мсьціслаў Аляхновіч [3] дый некаторыя іншыя польскія аўтары. Гіпатэзу польскіх дасьледнікаў пра мазурскае паходжаньне Буднага пераняў цяперака, як даведзены быццам ужо факт, i Сымон Падокшын, які ў біяграфічным нарысе пра Буднага, надрукаваным на "Старонках беларускай энцыкляпэдыі" менскага "Полымя", піша: "Нарадзіўся ён у вёсцы Буды (Мазовія) [4].

Тымчасам у запраўднасьці ніякіх дакумэнтных дадзеных пра мазурскае паходжаньне Буднага няма. Гэта толькі здогады й дапушчэньні. Існуюць затое зусім канкрэтныя факты, якія станоўка гэтаму пярэчаць ды паказваюць на беларускае паходжаньне Буднага. Усьведамляючы ix, з выказанай С.Котам думкай, што Будны мазур, адразу-ж сваім часам не згадзіўся й гэтаму запярэчыў аўтарытэтны знавец польскае гісторыі, культуры й мовы, выдатны польскі вучоны Аляксандар Брукнэр. У 1934 годзе ў ваднэй з рэцэнзіяў ён пісаў: "Будны мае быць мазуром - ды скуль здабыў ён гэтулькі дазнаньня, а навет гэтак пераняўся рушчынай, што паруску ("рускай" Брукнэр тут заве беларускую мову. - Р.М.) i свае творы друкаваў, i ў сваей польскай мове надточваў рушчынай?.. Не знайсьці ў яго аніводнага мазурскага слоўца [5].

Да гэтае заўвагі А.Брукнэра дадаць трэба, што ў польскай мове Буднага няма ня толькі мазурскіх словаў, але ніякога сьледу й мазурскіх фанэтычных ці іншык моўных асаблівасьцяў, хоць-бы, для прыкладу, ведамага "мазурэньня". Дык які зь яго мазур, калі аніразу, хоць-бы нехаця, забыўшыся, ён не мазурнуў? Польская-ж мова ягоных твораў мае, тымчасам, вельмі мод­ную i фанэтычнуіо, i лексычную закрасу мовы беларускай. Прьшладаў гэтага тысячы. Гэткія чыста беларускія словы й формы ягонае польскае мовы, як swar, szczyty, pomirzyli, uczyciel, miesca, szyroko, inszy, Christianski, po kraioch (y значэньні "бялюгох") ды безьліч іншых, ясныя паказьнікі таго, зь якое моўнае й народнае стыхіі выйшаў Будны. Яны бясспрэчны довад таго, што рос i гадаваўся ён не ў навакольлі мазурскім-польскім, а беларускім, на этнічнай беларускай, а ня польскай прасторы. Зь ягонае дасканальнае веды мовы беларускай, якою пісаныя самыя першыя творы Буднага, а таксама з добрае веды мовы царкоўнаславянскай, вынікае, што гадаваўся ён у васяродзьдзі тым, дзе кірылічная - беларуская й царкоўнаславянская - пісьменнасьць была ў вялікай пашане й шырокім практычным ужытку.

Усе дапушчэньні польскіх аўтараў пра мазурскае быццам паходжаньне Буднага навязваюць да таго, што ў кнізе паступленьняў на Кракаўскі ўнівэрсытэт у 1544 годзе запісаны нейкі "Сымон з Буды", Буды, што на Мазуршчыне. Ды аніякіх няма довадаў на тое, каб Будны паходзіў зь нейкае Буды й што гэта запісаны якраз ён. Калі-ж прыняць за нейкае, нікім не ўстаноўленае, але прынятае С.Котам правіла, што чалавек з прозьвішчам "Будны'' мусіць канечна паходзіць з "Буды", дык трэба мець наўвеце, што на беларускай тэрыторыі Будаў куды больш, як на Мазуршчыне. Толькі ў межах сучаснае БССР існуе 140 селішчаў з назовамі Буда, Буды [6]. Каліж да гэтага ўзяць на ўвагу этнічна беларускія прасторы Падляшша, Беласточчыны, Віленшчыны, Дзьвіншчыны, Пскоўшчыны, Смаленшчыны, Браншчыны ды ўсе іншыя землі на ўсходзе, што сяньня вонках межаў БССР, дык Будаў на беларускай этнічнай тэрыторыі налічым колькі сотняў. Гэтая назова тыповая для тапанімікі этнічна беларускіх якраз земляў.

З другога-ж боку, як той самы А.Брукнэр кажа, само слова "будны" ня польскае, а "рускае", - i выводзіцца яно ад "будь день": дзень не сьвяточны, дзень звычайны, дзень "будны" [7]. Дык прозьвішча "Будны" ня польскае, а беларускае й паводля самой сваёй этымалёгіі. Тэзе пра польскую нацыянальнасьць Буднага пярэчыць i ягоны беларускі патрыятызм, яскрава выказаны ў прадмове да нясьвіскага "Катэхізысу", дзе Будны заклікае дзяцей князёў Радзівілаў пазнаваць ня толькі мовы "чужаземскія", але палюбіць i вучыцца й "слаўную мову" свайго народу. Калі-б Будны быў мазуром i беларускае мовы, як дапушчае С.Кот, навучыўся толькі пасьлей для мэтаў прапаганды пратэстантызму сярод Беларусоў, незразумела тады, скуль у яго гэткі беларускі патрыятызм, "навучыцца" якога ня гэтак лёгка.

Пара Буднага - другая палавіна XVI стагодзьдзя - гэта час, калі сярод сацыяльных вярхоў Вялікага Княства Літоўскага й інтэлігенцыі шпарка ўжо шырылася веда мовы польскай, стуль добрае валоданьне польскай мовай у Буднага, побач беларускай, зразумелае. Палякіж другое палавіны XVI стагодзьдзя беларускае мовы звычайна ня вучыліся, хоць яшчэ пры канцы XV пабеларуску часта, а ніколі папольску, даваліся надпісы навет i на Вавэлі ў Кракаве, як, прыкладам, надпіс над грабніцаю караля Казімера Ягайлавіча й ягонай жонкі каралевы Альжбеты [8].

У сваёй пісьменьніцкай дзейнасьці Будны свабодна карыстаўся трыма мовамі: беларускай, польскай, лацінскай. Моваю беларускай пісаў ён i выдаваў кнігі прызначаныя для беларускага народу. Палацінску лісты да дзеячоў рэфармацыі захаду Эўропы ды некаторыя важнейшыя, агульнаэўрапейскага прызначаньня, рэлігійныя трактаты. Папольску - выданьні скіраваныя да й супроць "братоў" арыянаў польскіх. Для ix найперш i для Польшчы быў зроблены й ягоны, "ачышчаны ад прысад" (памылак i хвальшаваньняў), польскі пераклад Бібліі, які меў быць фундамэнтальным канчальным довадам правільнасьці рэлігійных паглядаў перакладніка.

Каб лягчэй давесьці свае пагляды й перекананні да сьведамасьці й зразуменьня "братоў" польскіх, зь якімі Будны вёў войструю палеміку ў пытаньнях дагматычных i маральна-грамадзкіх, было толькі мэтазгодным пісаць i друкаваць моваю братом польскім найлепш зразумелаю - папольску. Гэта а дна важная прычына шырокага ўжываньня Будным польскае мовы. У загалоўку аднаго, выдадзенага папольску, твору Будны сам адзначае, што пісаны ён "Zborowi Bożemu języka polskiego używającemu" ("O przednieyszych Wiary Christianskiey Artikulach", 1576).

Другая прычына тая, што ад палавіны XVI стагодзьдзя пачынаецца ўжо працэс моўнае палянізацыі беларускае - найперш пратэстанцкае й каталіцкае - інтэлігенцыі. Дзеля гэтага на частых супольных саборах-зьездах арыянаў польскіх зь літоўскімі (беларускімі), моваю нарадаў i спрэчак была мова польская, як зразумелая й братом літоўскім. Пры канцы XVI пачатку XVII стагодзьдзяў, папольску часта пісалі й друкавалі свае палемічныя творы й гэткія выдатныя праваслаўныя дзеячы, як Сьцяпан Зызані ці Мялеці Сматрыцкі. Па­польску шмат палёмічнае літаратуры выдавала віленскае праваслаўнае брацтва. Шырокае карыстаньне польскаю мовай у пісьме й друку тагачаснымі дзеячамі й праваслаўя, i пратэстантызму яшчэ ня довад польскае іхнае нацыянальнасьці.

Калі канкрэтныя, найперш моўныя, факты даводзяць бясспрэчна, што Будны рос на этнічна беларускай, а ня польскай прасторы, дык тымчасам усё-ж няма бліжэйшых паказаньняў, скуль, зь якога павету Беларусі ён паходзіць. Але й пра гэта сяньня можна выказаць некаторыя здогады. З факту, што Буднаму добра былі ведамыя некаторыя нутраныя справы й падзеі 1530-х гг. блізкога ад Беластоку Супрасьльскага манастыра, падзеі з часоў ягонага маленства й зьвязаныя з учынкамі архімандрыта Сяргея Кімбара, дапушчаць можна, што Буд­ны паходзіў зь недалёкае ад манастыра мясцовасьці, нейдзе ізь земляў беларускага Падляшша.

Усе вышэй прыведзеныя факты паказваюць, што няма ніякіх падставаў на тое, каб у "беларускую энцыкляпэдыю" пераймаць нікім не даведзеныя гіпатэзы некаторых польскіх аўтараў пра тое, быццам Будны "нарадзіўся ў Мазовіі", і, значьщца, мазур. Падчыркнуць, з другога боку, трэба, што, калі справа нацыянальнага паходжаньня Буднага й мае сваю акадэмічную цікавасьць для выясьненьня праўды, дык менш яна важная практычна для гісторыка літаратуры. Калі-б раптам, неспадзеўкі, i зьявіўся нейкі дакумэнтаваны довад на тое, што Будны з паходжаньня й запраўды быў Паляком, гэта ў ніякім выпадку ня зьменіць факту, што ён выдатны пісьменьнік старое беларускае літаратуры, у якую ён сябе ўпісаў сам сваймі беларускімі творамі i зь якое яго ніхто ўжо ня вычыркне, як з гісторыі расейскага літаратурнага працэсу ніхто ня здолее вычыркнуць бясспрэчнага Беларуса з нацыянальнасьці Сымона Полацкага.

Сама-ж беларускасьць Буднага, з другога боку, ніякая не перашкода адзначаць ягонае ці малое значаньне й у гісторыі польскай пісьменнасьці, а таксама гісторыі разьвіцьця рэлігійна-філязафічнае й грамадзькае думкі ўсяе Эўропы, бо праз лацінскія творы й ліставаньне з Захадам, сьмелыя рацыяналістычныя думкі й пагляды Буднага шырыліся ня толькі на краі сумежныя Беларусі, але дасягнулі й Швайцарыі, далёкае Ангельшчьшы, а з часам, пасярэдня, дайшлі й да Францыі i гэтак сталіся істотным фактарам, які стымуляваў поступ эўрапейскае думкі.



[1] Merczyng, Henryk. Szymon Budny jako krytyk tekstów biblijnych.- Kraków, 1913.

[2] Zabytki literatury z doby Reformacji, Nr. 1. Pod redakcją Stanisława Kota. - Warszawa, 1932.

[3] Olechnowicz, Mścislaw. Polskie zainteresowanie językiem białoruskim (Zeszyty naukowe Uniwersytetu Łódzkiego. Nauki humanistyczno-społeczne. Serial, Zeszyt 36.- Łódź, 1964, 6. 90).

[4] Падокшын, Сымон. Сымон Будны (Полымя, Мінск, 1966, №7,6.188).

[5] Bruckner, Aleksander. Рэцэнзія на: Zabytki literatury z doby Reformacji, Nr. 1. pod redakcją S.Kota (Reformacja w Polsce, Rocznik VI, Nr. 21-24.- Warszawa, 1934, 6. 262).

[6] Жучкевич, В. А. Происхождение географических названий Белоруссии. Изд. Белгосуниверситета.- Минск, 1961, б. 64.

[7] Bruckner, Aleksander. Słownik etymologiczny języka polskiego. Wyd. 2-е.- Warszawa, 1957, 6.47.

[8] Соболевский, A. И. Материалы и исследования в области славянской филологии и археологии (Сборник Отделения рус­ского языка и словесности Императорской Академии Наук. Том 88, Ко 3.-С.-Петербург: 1910, б. 193-194).

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX