Вярнуцца: Артыкулы

Вакар Н. Ліквідацыя беларускага нацыяналізму


Аўтар: Вакар Нікалас,
Дадана: 07-03-2013,
Крыніца: Вакар Нікалас П. Ліквідацыя беларускага нацыяналізму // Спадчына №6-1992. С. 12-20.



Н. Вакар - амерыканскі гісторык-беларусазнаўца. Ягоныя працы «А Bibliographiсаі Guide to Belorussia» i «Belorussia: The Making of a Nation» (Harvard University Press, 1956), a таксама энцыклапідычныя артыкулы пра Беларусь адыгралі значную ролю ў азнаямленні англамоўнага свету з беларускай праблематыкай. Гэтая праца (The Liquidation о( Belorussian Nałionalism) была напісаная ў 60-я гг.; друкуецца ca скаротамі паводле выдання «Obóz», 1984, N 9. Тэрмін «нацыяналізм» тут ужываецца ў прынятым у сусветнай навуцы значэнні.

Сярод павадыроў бальшавіцкае фракцыі РСДРП заўсёды панаваў пагляд, што партыя мае быць маналітная ў сваёй еднасьці i няможна дапушчаць непаслушэнства сяброў партыі партыйнай дысцыпліне. Ленін, як бальшавіцкі павадыр, дамагаўся, каб сябры партыі ня толькі былі паслухмяныя партыйнай дысцыпліне, але й каб даказвалі справай адданасьць камуністычнай ідэі. Тых, хто гэтага не рабіў, з партыі выдалялі. Ва ўступе да працы «Што рабіцьі» (1902) Ленін пісаў: «...Партыйная барацьба дадае партыі сілы й жыцьцяздольнасьці; найвялікшым доказам слабасьці партыі ёсьць яе расплывістасьць i сьціраньне выразна акрэсьленых межаў; партыя мацуецца тым, што ачышчае сябе...». З таго часу чысткі ў камуністычнай партыі сталі хранічнаю зьявай.

Першую пасьля грамадзянскае вайны чыстку правялі ў 1921 г., падчас пераходу ад вайны да «мірнага будаўніцтва». Шматлікія сябры партыі, карысныя падчас рэвалюцыі ды грамадзянскае вайны, аказаліся небясьпечныя й лішнія ў мірны час. «У выніку чысткі з партыі выключана агулам каля 170 000 чал., або к. 25 % усяго тагачаснага яе колькаснага складу», - сьведчыць «Кароткі курс» гісторыі ВКП(б).

У рамках першае чысткі ў КПБ, праведзенай зь 15 жніўня да 25 кастрычніка 1921 г., зь яе выключана 1495 сяброў, г. зн. таксама каля чвэрці колькаснага складу [1].

Паводле афіцыйных заяваў партыі, яе ачысьцілі «...ад мазурыкаў, ад абюракрачаных, ад несумленных, ад няцьвёрдых камуністаў i ад меншавікоў, якія перафарбавалі «фасад»...» (У. Ленін). У часы Леніна, аднак, выключаныя з партыі звычайна заставаліся на волі.

У часы нэпу (1921-1928) чыстак партыі ня было. Але хуткая індустрыялізацыя й калектывізацыя сельскай гаспадаркі выклікалі незадаволенасьць многіх сяброў партыі. На Беларусі большасьць партыйных падтрымлівалі НЭП i таму былі праціўнікамі сталінскіх мэтадаў увядзеньня гвалтоўных зьменаў у гаспадарцы. Менавіта з гэтай прычыны беларускіх камуністаў абвінавачвалі ў тым, што яны «зьяўляюцца нацдэмамі ці трапляюць пад іхны ўплыў». Сыгнал да чысткі 1929-1931 гг. быў дадзены на XVI партканфэрэнцыі, якая адбылася ў Маскве 23-29 красавіка 1929 г. Ухвала гэтае канфэрэнцыі дамагалася чысткі з мэтаю «зрабіць партыю больш аднароднай, вызваліць ад усяго некамуністычнага... Але чыстка мае ў той жа час умацаваць працу арганізацыі...» Фактычна гэтая чыстка была скіраваная супраць прыхільнікаў М. Бухарына й А. Рыкава, былых лідараў правае апазыцыі, якая карысталася падтрымкай пераважнае большасьці «вярхоў» КПБ й мясцовага ўрадавага чынавенства. Ды Сталіну й ягоным паплечнікам гэтага было недастаткова, яны намерваліся заатакаваць i непасрэдна беларускіх нацыянальных дэмакратаў. Дзеля гэтага ўвосень 1929 г. быў вылучаны шэраг супярэчлівых абвінавачаньняў супроць беларускіх «нацдэмаў».

Кантраляваная камуністамі прэса пачала з атакі на Польшчу. Сьцьвярджалася, што «буржуазная Польшча ўяўляе сабой авангард у імкненьнях зьнішчыць Савецкі Саюз», крытыкавалася дзейнасьць беларускіх нацыянальных лідараў у Польшчы. Асабліва вострыя выпады рабілі на адрас Антона Луцкевіча й Радаслава Астроўскага, якія так i не вярнуліся з Польшчы на Беларусь у 20-я гг. [2]

Быў гэта, відавочна, пачатак спробы выкрыць на Беларусі падпольную арганізацыю ды зьвязаць яе зь дзейнасьцяй беларускіх нацыянальных арганізацыяў у Польшчы. Аднак гэтым разам таемная паліцыя ня мела посьпеху. Увосень 1929 г. i ў першым паўгодзьдзі 1930 г. савецкая прэса - насуперак намерам i мэтам ГПУ - надалей абвінавачвала беларускіх нацыянальных дэмакратаў у супрацоўніцтве з Часовым урадам пасьля лютаўскае рэвалюцыі. Такім чынам, ГПУ намагалася абвінаваціць беларусаў у браку ляяльнасьці да савецкае Расеі, але прэса вінаваціла ix у залішняй ляяльнасьці да Расеі ў часе паміж лютаўскай i кастрычніцкай рэвалюцыямі. Паўтаралася абвінавачаньне, што беларускія нацыянальныя дэмакраты, усклаўшы вялікія надзеі на Часовы ўрад, не дамагаліся незалежнасьці Беларусі, а нават наадварот, жадалі Расеі аб'яднанае. «Калі Расія буржуазная, дык нацдэмократы клапоцяцца каб "Расія была моцнаю"» [3]. У сакавіку 1930 г. адбыўся працэс «Спілки Визволения Украіни». Пасьля гэтага працэсу, як піша Антон Адамовіч, «паўстала падозраньне, што ГПУ рыхтуе падобную акцыю на Беларусь». I гэтае падозраньне спраўдзілася. Усім арыштаваным у чэрвені 1930 г. прад'явілі абвінавачаньне ў прыналежнасьці да контррэвалюцыйнае арганізацыі пад назовам «Саюз Вызваленьня Беларусі», хоць ГПУ ніколі не даказала яе існаваньня. «Яна была выдуманая ГПУ, якое нават не парупілася вынайсьці дзеля ўяўнае беларускае падзямельнае арганізацыі інакшы назоў» [4].

У канцы лістападу 1930 г. друк паведаміў пра выкрыцьцё іншае «змовы». Сярод абвінавачаных апынуліся Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік, Сьцяпан Некрашэвіч i Аляксандар Цьвікевіч [5]. На X зьезьдзе Саветаў БССР было заяўлена, што «выкрытая ДПУ група беларускіх нацыянал-дэмакратаў імкнулася сьцягнуць БССР з шляху соцыялістычнага будаўніцтва на шлях капіталістычнае рэстаўрацыі» [6]. Іx называла акрамя іншага, ворагамі народу, шпіёнамі й буржуазнымі нацыяналістамі. ГПУ заставалася толькі знайсьці «фактычнага й прадстаўнічага» лідара СВБ ды інсцэнізаваць вялікі працэс беларускіх нацдэмаў, падобны да сакавіцкага працэсу на Ўкраіне. Выбар спынілі на прафэсары Ўсеваладзе Ігнатоўскім зь Беларускае Акадэміі навукаў, выдатным гісторыку, але ён палічыў за лепшае скончыць самагубствам, чым стаць перад расстрэльнаю камандай. Пасьля ягонае сьмерці спробы «знайсьці» лідара ўяўнага саюзу спыніліся, i да вялікага працэсу супраць беларускіх дэмакратаў не дайшло. Аднак большасьць ix арыштавалі i без працэсу засудзілі на вязьніцу, ссылку а нават на сьмерць.

Галоўным аб'ектам чыстак 1929-1931 гг. на Беларусі быў Народны Камісарыят Асьветы. Кіраваў ён усёю асьветнай i культурнай дзейнасьцяй у рэспубліцы й дзеля гэтага туды лучыла большасьць беларускай інтэлігенцыі. Таму найперш у студзені 1930 г. часапіс «Асьвета» быў пераназваны ў «Камуністычнае выхаваньне». Зьмену гэтую рэдакцыйная калегія растлумачыла наступным чынам: «Наша часопісь «Асьвета» атрымоўвае новую назву - «Комуністычнае выхаваньне». Гэта робіцца не выпадкова... Старая назва нашай часопісі «Асьвета» ў сучасны пэрыод разгорнутай клясавай барацьбы ўжо састарэла. Гэтая назва не адлюстроўвае якасных асаблівасьцей нашай клясавай устаноўкі ў галіне выхаваньня i адукацыі». Праграмы навучаньня й падручнікі крытыкавалі за «ўкараненьне контррэвалюцыйных нацыяналістычных ідэяў». У 1929/30 навучальным годзе са школаў забралі амаль усе падручнікі - або дзеля таго, што арыштавалі аўтараў, або яны аказаліся непрыдатныя ў час «сацыялістычнага будаўніцтва». Агулам было забаронена карыстацца 54 падручнікамі, у тым ліку нават падручнікам па матэматыцы [7].

Сярод найвыдатнейшых постацяў - ахвяраў сталінскай чысткі, зьвязаных з асьветаю, акрамя Ігнатоўскага аказаліся народны камісар асьветы Антон Баліцкі, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Ўладзімір Пічэта, дырэктар Інстытуту ўдасканаленьня савецкіх настаўнікаў [8]. Пад чыстку трапілі таксама шмат унівэрсытэцкіх прафэсараў. Сярод апошніх асабліва значны адсотак складалі беларусы па нацыянальнасьці. У выніку пасьля чысткі беларусы складалі толькі 15 % прафэсуры вышэйшых вучэльняў БССР [9].

Першая сталінская чыстка закранула таксама былых удзельнікаў ураду Беларускае Народнае Рэспублікі, якія пакінулі Беларусь у 1918 г., але потым, у 1924 г., вярнуліся, каб дапамагаць у будаўніцтве «беларускага дому». Былы прэм'ер БНР В. Ластоўскі, пазьней неадменны сакратар Беларускае Акадэміі навукаў, i былы міністар ураду БНР А. Цьвікевіч, потым старшыня Беларускага Чырвонага крыжа, загінулі ў вязьніцы. Ахвяраў чысткі, як правіла, абвінавачвалі ў прыналежнасьці да «контррэвалюцыйнае арганізацыі беларускіх буржуазных нацыяналістаў пад назваю Саюз Вызваленьня Беларусі» i адразу арыштоўвалі, пасьля чаго каралі без судовага працэсу (выключаных з партыі ў 1921 г. не перасьледавалі).

...Пэрыяд 1929-1934 гг. быў парою змаганьня беларускага нацыяналізму зь вялікарасейскім шавінізмам. Змаганьне гэтае, па сутнасьці, запачаткаваў ліст Сталіна «Нацыянальнае пытаньне i ленінізм», напісаны ў «адказ таварышам Мяшкову, Кавальчуку ды іншым» i апублікаваны 18 сакавіка 1929 г. Сталін піша: «...Вы так легка блытаеце й валіце ў адну кучу разнародныя пэрыяды разьвіцьця рэвалюцыі, не разумеючы таго, што зьмена характеру й задачаў рэвалюцыі на розных этапах разьвіцьця выклікае адпаведныя зьмены ў характары й задачах нацыянальнага пытаньня... З вашых лістоў відаць, што вы не ўхваляеце такую палітыку нашай партыі. Гэта таму, па-першае, што вы зьмешваеце новыя, сацыялістычныя нацыі са старымі буржуазнымі нацыямі i не разумееце таго, што нацыянальныя культуры нашых новых савецкіх нацыяў зьяўляюцца па сваім зьмесьце сацыялістычнымі культурамі».

Ліст гэты вялікарасейскія шавіністы тлумачылі такім чынам, што нацыянальнае пытаньне страціла важнасьць і павінна сысьці ў нябыт [10].

Аднак беларусы ўпарта. супрацьстаялі спыненьню палітыкі дапушчэньня культурнай аўтаноміі для розных нацыянальнасьцяў. ЦК КП(б)Б стаў на баку нацыяналістаў у абароне даўнейшае палітыкі ў нацыянальным пытаньні. Пленум ЦК КП Беларусі ў кастрычніку 1930 г., выказваючыся наконт нацыянальнае палітыкі, заявіў, што вялікарасейскі шавінізм праяўляецца ў адмаўленьні існаваньня беларускага народу й беларускае мовы. У 1929- 1931 гг. беларусы ўпарта даказвалі, што Ленін быў супраць буржуазнага зьместу культуры, але не яе нацыянальнае формы. Больш таго, вялікарасейскі шавінізм падаваўся як галоўны вораг «ленінскае нацыянальнае палітыкі» наагул, а «беларусізацыі» у прыватнасьці [11].

Аднак змаганьне было няроўнае, і ЦК беларускае партыі мог хіба што яшчэ раз рашуча выказаць свой пагляд на нацыянальнае пытаньне Ў сьнежаньскай ухвале 1931 г., дзе чытаем: «...лёзунг, які сьцьвярджае, што нацыянальная дэмакратыя ўяўляе цяпер галоўную небясьпеку, - няслушны. Ен супярэчыць ухвалам XII Зьезду РКП(б) і XVI Зьезду ВКП(б]. Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі зараз жа пасьля гэтага зьезду прыняла ўхвалу, дзе сьцьвярджала, што ў дадзены момент галоўнаю небясьпекай зьяўляецца вялікарасейскі шавінізм».

Другая сталінская чыстка была праведзеная ў 1933-34 гг. У сваіх зычэньнях з нагоды пятнаццатае гадавіны органаў ГПУ Сталін пісаў 20 сьнежня 1932 г.: «Зычу ім посьпеху ў найскладанейшай справе выкараненьня ворага пралетарыятуі няхай жыве ОГПУ - аголены меч рабочае клясы!» Паводле Сталінавых указаньняў супольны пленум ЦК й Цэнтральнае кантрольнае камісіі ВКП(б) 12 студзеня 1933 г. прыняў наступную ўхвалу:

«1. Супольны пленум ЦК й ЦКК ухваляе рашэньне Палітбюро ЦК аб правядзеньні чысткі партыі на працягу 1933 г. й прыпыненьні прыёму ў партыю да канца чысткі.

2. Супольны пленум ЦК й ЦКК даручае Палітбюро ЦК й Прэзыдыюму ЦКК арганізаваць справу чысткі такім чынам, каб запэўніць у партыі жалезную пралетарскую дысцыпліну й ачышчэньне партыйных шэрагаў ад усіх няпэўных, няўстойлівых i прыблудных элемэнтаў».

Для правядзеньня чысткі на Беларусі ўтварылі трохасабовую камісію, куды ўвайшлі Мікалай Анціпаў - старшыня, I. А. Лычоў i Праскоўя Сахарава. Усе трое былі расейцы. Анціпаў нарадзіўся ў 1894 г. у ранейшай Ноўгарадзкай губ. На момант прызначэньня ў згаданую Камісію быў старшынёю ЦКК ВКП(б) i намесьнікам старшыні Народнага Камісарыяту Рабоча-сялянскай інспэкцыі (РКИ]. Лычоў нарадзіўся ў 1885 г. пад Самарай, у ліпені 1932 г. быў прызначаны старшынёю ЦКК КП(б)Б. Сахарава зрабіла кар'еру ў маскоўскіх партарганізацыях. На момант прызначэньня была старшынёю партыйнае ячэйкі ў ЦКК ВКП(б).

Як можна было прадбачыць, падчас чысткі ў КП(б)Б улетку i ўвосень 1933 г. камісія выкрыла, што беларускі нацыяналізм перажыў першую чыстку i надалей застаецца небясьпечным. У сьнежні 1933 г. Анціпаў дакладаў: «Вельмі вялікая праца праведзена беларускай арганізацыяй менавіта супроць вялікадзяржаўнага шавінізму... . Але, таварышы, у большей частцы камісія выявіла мясцовы нацыяналізм... . У Наркамасьветы сядзелі людзі, якія не праводзілі партыйныя дырэктывы, якія праводзілі сваю нацыяналістычную ў некаторых пытаньнях лінію...». Камісія выявіла, што дагэтуль аддзел школаў не прысьвячаў дастаткова ўвагі навучаньню расейскай мове й стварэньню сеткі расейскіх школаў [12].

У сувязі з гэтым галоўнымі ахвярамі чысткі 1933-1934 гг. зноў сталі службоўцы Наркамасьветы, выкладчыцкі пэрсанал унівэрсытэцкіх факультэтаў ды інстытутаў i настаўнікі сярэдніх ды пачаткавых школаў. Праводзячы, напрыклад, чыстку ў партыйнай арганізацыі Менскага пэдагагічнага інстытуту ўвосень 1932 г., камісія выявіла наступныя памылкі: «Асобныя камуністы інстытуту страцілі клясавую пільнасьць. Камуністы не вывучылі адзін аднаго й асобных беспартыйных студэнтаў». Іншымі словамі, партыйцы занядбалі ўзаемнае віжаваньне. Сталін, які ў пачатку 30-х гг. ужо прайшоў вялікі шлях па дарозе да ролі тырана, добра ведаў, што «тыранію нельга скінуць, пакуль людзі не давяраюць адзін аднаму» (Арыстотэль).

Улетку 1933 г. партыя абвясьціла пра выкрыцьцё «Беларускага Нацыянальнага Цэнтру», які абвінавачвалі ў імкненьні стварыць незалежную Беларускую Народную Рэспубліку. Гэты асяродак нібыта атрымліваў дырэктывы ад беларускіх арганізацыяў, што дзеілі ў недалёкай Вільні [13]. Пасьля гэтае заявы прайшлі арышты былых сяброў Беларускае Сялянска-Работніцкае Грамады, большасьць якіх колькі гадоў таму знаходзілася ў польскім зьняволеньні, але была вызваленая ўзамен за арыштаваных у Савецкім Саюзе. Абышліся з гэтымі людзьмі бесчалавечна. Былыя паслы ў польскі Сойм Ігнат Дварчанін i Язэп Гаўрылік, якія ледзь перажылі пабоі польскае паліцыі, былі расстраляныя як польскія шпіёны. Сымон Рак-Міхайлоўскі быў забіты канваірамі па дарозе ў турму. Агулам 96 вядомых, выдатных беларусаў - дзяржаўных дзеячоў, дзеячоў асьветы, навукоўцаў, пісьменнікаў, што пакінулі заходнюю частку Беларусі ў 20-я гг. у выніку нацыянальнага перасьледу з боку палякаў i вярнуліся ў БССР, былі расстраляныя ў турмах або зьнішчаныя ў лягерох [14]. У 1933 г. праверылі на ляяльнасьць 38.568 сяброў i 14.624 кандыдатаў у сябры КП(6)Б. Сыстэматычнае сьледзтва было праведзена ў дачыненьні да 37.244 сяброў i 13.093 кандыдатаў у сябры партыі; зь яе выключана 6.002 сябры й 3.767 кандыдатаў (зьвесткі - з цытаванае справаздачы Анціпава).

Пасьля другое чысткі беларускія нацыянальныя й культурныя лідары былі амаль цалкам вынішчаныя. Такім чынам, рэарганізацыя беларускае сыстэмы асьветы ў 1933 г. паводле дырэктываў, што прыходзілі з РСФСР, прывяла да таго, што Беларусь апынулася без настаўнікаў i адміністрацыйнага пэрсаналу, здольнага належна кіраваць асьветаю» [15]. Падручнікі для беЛарускіх школаў пісаліся нанова, а на падставе дэкрэту СНК Беларусі ад 26 жніўня 1933 г. былі ўведзеныя «зьмены i спрашчэньні ў граматыку й правапіс беларускае мовы». У гэтым дэкрэце беларускія нацыянальныя дэмакраты былі абвінавачаны ў «імкненьні да адарваньня беларускае літаратурнае мовы ад мовы беларускіх працоўных масаў i стварэньня такім чынам штучнага бар'еру паміж беларускай i рускай мовамі». Мэта рэформы беларускае мовы палягала на збліжэньні беларускае літаратурнае мовы з расейскаю.

Другая чыстка, па сутнасьці, зламала супраціў беларусаў. Нават ЦК КП(б)Б быў вымушаны зьмяніць свой папярэдні пагляд на нацыянальную палітыку. На сьнежаньскім (1933 г.) пленуме ЦК адкрыта прызнаў, што «ў даны момант у Беларусі галоўную небяспеку прадстаўляе мясцовы беларускі нацыяналізм». Такім чынам, быў дадзены адказ на пытаньне, які з «ухілаў» больш небясьпечны. Галоўнымі ахвярнымі казламі зрабілі беларускіх i ўкраінскіх нацыяналістаў. Беларусь як саюзная рэспубліка страціла сваю пазыцыю «роўнае сярод роўных» ва ўлоньні Саюзу. З канца 1933 г. яна ўжо не была адпаведна прадстаўленая ані ў ЦК ВКП(б), ані ў Вярхоўным Савеце СССР.

Напрыклад, на XVII зьезьдзе ВКП(б), скліканым у студзені 1934 г., сярод 1227 дэлегатаў зь Беларусі было 19-1,6 % ад агульнай колькасьці. З статыстычнага гледзішча КП(б|Б была прадстаўленая прапарцыйна, паколькі на гэты час у ёй было 44.423 сябры й кандыдаты, што складала 1,6 % ад 2.700.000 сяброў партыі й кандыдатаў у СССР. Але ж, з другога боку, насельніцтва Беларускае Рэспублікі складала 3,27 % ад колькасьці насельніцтва Савецкага Саюзу.

Аднак найважнейшым было тое, хто ўваходзіў у склад беларускае дэлегацыі на XVII зьезд партыі. Большасьць дэлегатаў складалі расейцы, у тым ліку згаданая тройка сяброў камісіі па чыстцы. Акрамя гэтага, ад Беларусі сябрам ЦК ВКП(б) быў выбраны толькі адзін Анціпаў, інакш кажучы, ён быў прысланы з Расеі, каб правесьці чыстку ў КП(б)Б, а на XVII зьезьдзе быў выбраны прадстаўніком Беларусі ў ЦК.

...Як згадана вышэй, да канца другой чысткі ў студзені 1934 г. беларускі нацыянальны рух быў ужо зьнішчаны. Дыктатура партыі, ня кажучы пра дыктатуру пралетарыяту, была замененая на дыктатуру аднаго чалавека - Сталіна. Расейскія шавіністы, якіх падтрымліваў Сталін, распрацавалі «дактрыну старэйшага брата» - Расеі, якому малодшыя браты - іншыя народы - мелі выяўляць паслушэнства. Пачаліся часы крывадушша й падхалімажу. Беларускія пісьменьнікі й журналісты, якія пазьбеглі чыстак, сталі ўсхваляць i праслаўляць практычна ўсе крокі савецкага ўраду. Ужо ў старажытнасьці Арыстотэль заўважыў, што «тыраны цешацца, калі ix улешчваюць», а беларускія пісьменьнікі, рухаючыся ў тым самым кірунку i за прыкладам «старэйшага брата», неўзабаве пачалі працавіта ўвасабляць гэты афарызм у жыцьцё. Ухвала, прынятая на агульным сходзе беларускіх пісьменьнікаў 15 сьнежня 1933 г. наконт рэформы граматыкі ды правапісу беларускае мовы, заяўляла: «Указанні тав. Сталіна, геніяльнага тэарэтыка i практыка ў нацыянальным пытанні, служаць нам пуцяводнай зоркай у барацьбе на фронце будаўніцтва культуры, нацыянальнай па форме, соцыялістычнай па зместу» [16].

Экзальтацыя Сталінам у беларускіх пісьменьнікаў i паэтаў дасягнула піку ў г. зв. «Пісьме беларускага народу вялікаму Сталіну», напісаным вершам i апублікаваным 11 ліпеня 1936 г. у газэтах «Рабочий» i «Звязда» - афіцыйных органах ЦК КП Беларусі. Вось гэты твор:

...Твой вобраз, як покліч, устаў над зямлёю.
Заве пераможна ісці ў барацьбе.
Мы ўсе ля Крэмля нашым сэрцам з табою,
I лершая думка у нас - пра цябе!

Ты сонца для нас, што зямлю асвяціла
І ласкай сагрэла палі, гарады;
Ты рэк поўнаводных імклівая сіла,
Празрыстасць крыніц - дарагі правадыр!

Праз тры рэвалюцыі, бойкі, паўстанні
Ты вёў разам з Леніным нашы рады...
Ты нашых садоў i палёў красаванне.
Ты наша вясна - дарагі правадыр!

Табе - наша радасць, любоў i адданасць.
Табе - пяе славу сусветная шыр.
Вядзі нас, любімы, табой мы з'яднаны.
Ты наша жыццё - дарагі правадыр!

Ураду вялікай краіны Советаў
I партыі, даўшай нам шчасце i мір.
За гонар, за веліч людскога расцвета
Падзяку прымі - дарагі правадыр!

Хай смутам вачэй тваіх добрых не росіць,
Ці сонейка захад, ці сонейка ўсход.
Прымі прывітанне, якое прыносіць
Табе, правадыр, беларускі народ!

Паэма гэтая, як здавалася яе аўтарам, адпавядала літаратурнаму мэтаду, вядомаму пад назовам «сацыялістычнага рэалізму» i абвешчанаму на I Усесаюзным зьезьдзе савецкіх пісьменьнікаў, які адбыўся ў Маскве ў жніўні 1934 г. Сталін сказаў, што пісьменьнікі павінны быць «інжынэрамі чалавечых душаў», на што адразу зрэагавала прэса й стала раіць літаратарам «паказ вобразу чалавека эпохі Сталіна». Пісьменьнікі сапраўды паквапіліся стварыць гэты вобраз, i аказаўся ён вобразам самога Сталіна. Дзякуючы гэтаму з 1934 да 1953 г. Сталін як «вялікі герой» эпохі будаўніцтва сацыялізму, «геніяльны настаўнік» i «філёзаф» быў галоўнаю постацьцю міталёгіі савецкае прэсы й літаратуры.

Даўным-даўно Макіявэлі казаў, што ўладар павінен умець граць ролю i гуманіста, i бэстыі. Сталін у сваёй практыцы спрытна кіраваўся гэтаю парадай. Пасьля чыстак 1929-1934 гг., якія выкаранілі палітычную апазыцыю ў камуністычнай партыі ды зьнішчылі нацыянальныя й культурныя рухі ў саюзных рэспубліках, Сталін пажадаў выглядаць на дбайнага й добрага павадыра. У 1936 г. быў распрацаваны праект канстытуцыі СССР, а грамадзтву паведамілі, што творца ягоны - сам Сталін. Сталін, у сваю чаргу, гаварыў пра гэты праект як пра найвыдатнейшы дакумэнт сярод калі-небудзь напісаных. На VII зьезьдзе саветаў 25 лістапада 1936 г. Сталін сказаў: «Буржуазныя канстытуцыі звычайна абмяжоўваюцца фіксаваньнем фармальных правоў грамадзянаў, ня дбаючы пра ўмовы ажыцьцяўленьня гэтых правоў, пра магчымасьць ix ажыцьцяўленьня, пра сродкі ix ажыцьцяўленьня... Асаблівасьць праекту новай канстытуцыі палягае на тым, што ён не абмяжоўваецца фіксаваньнем фармальных правоў грамадзян, а пераносіць цэнтар цяжару на пытаньне аб гарантыях гэтых правоў... Ен ня проста абвяшчае роўнасьць правоў грамадзян, але i забясьпечвае яе заканадаўчым замацаваньнем факту ліквідацыі рэжыму эксплуатацыі, факту вызваленьня грамадзян ад усялякай эксплуатацыі».

Зьезд ухваліў дакумэнт, адгэтуль званы «Сталінскаю Канстытуцыяй».

Новая канстытуцыя прадугледжвала вольныя выбары, але абмяжоўвала ix свабоду пры дапамозе двух артыкулаў, што гучалі «двухсэнсоўна». Менавіта: арт. 141 сьцьвярджаў, што «права вылучэньня кандыдатаў маюць грамадзкія арганізацыі i аб'яднаньні працоўных - арганізацыі Камуністычнай партыі, прафэсійныя саюзы, маладзёжныя арганізацыі й культурныя аб'яднаньні». Каб не заставалася няяснасьці, арт. 126 абвяшчаў, што камуністычная партыя зьяўляецца «кіраўнічым ядром» усіх згаданых арганізацыяў. Такім чынам, Савецкі Саюз стаў першаю ў гісторыі чалавецтва дзяржавай, якой кіруе адна жорстка сцэнтралізаваная партыя, але пры гэтым дзяржава заяўляе пра вольныя выбары. (...)

Па сутнасьці сваёй гэта была найперш фасадная дэкарацыя. Ад пачатку дзеяньня «Сталінскае Канстытуцыі» ў 1936 г. вольных выбараў ня было. На выбарчым бюлетэні - толькі адзін кандыдат, падабраны камуністычнаю партыяй; у большасьці выпадкаў ягонае імя невядомае выбаршчыкам, бо ён зусім не абавязкова жыве ў іхняй акрузе. На выбарах у Вярхоўны Савет у сьнежні 1937 г., напрыклад, зь Беларускай ССР у Савет Саюза выбіралі 19 дэпутатаў, сярод якіх было восем вайскоўцаў, а між ix маршал К. Варашылаў, паркам абароны СССР. Ніводзін зь вядомых беларускіх партыйных функцыянэраў i саноўных урадоўцаў наагул ня быў выбраны. Ня было таксама патрэбы лічыць галасы. Усе «кандыдаты партыі», як паведамілі, былі выбраныя ў сваіх акругах амаль 100 працэнтамі галасоў.

Сталін, разважаючы пра Канстытуцыю, выбары, дэмакратыю й свабоду, адначасова задумваў правядзеньне трэцяе чысткі, пазьней вядомае пад назовам «вялікае чысткі 1936-1938 гадоў». Чарговая чыстка спатрэбілася яму дзеля канчатковага зьнішчэньня старых палітычных праціўнікаў, найважнейшыя зь якіх, што праўда, былі ўжо пазбаўленыя ўлады, але не жыцьця. Гэта былі пераважна людзі незалежныя, яны захоўвалі асабістую годнасьць i вялікія палітычныя ідэалы - рысы, невыносныя для тырана. Назваўшы сваіх праціўнікаў «ворагамі народу», Сталін распачаў вялікую чыстку з намерам зьнішчыць кожнага, хто мог бы стаць ягоным канкурэнтам у барацьбе за абсалютную ўладу (...) Супраць усіх правадыроў «левай» i «правай» апазыцыі ў 1936-1938 гг. былі распачатыя працэсы. ix абвінавачвалі як «ворагаў народу», выносілі сьмяротны вырак i расстрэльвалі. Мноства другарадных праціўнікаў Сталіна зьнішчылі без працэсаў (...)

У першай палове гэтага пэрыяду прайшла чыстка беларускіх пісьменьнікаў. «Агулам арыштавалі каля 90 % беларускіх пісьменьнікаў i паэтаў, большасьць ix расстралялі ці закатавалі на сьмерць у турме» [17]. Працяг чысткі ў 1937 г. ахапіў найвышэйшых функцыянэраў беларускага апарату i вайскоўцаў (падчас папярэдніх чыстак савецкі апарат заставаўся амаль некрануты). У правым ухіле быў абвінавачаны старшыня СНК Мікалай Галадзед. У чэрвені 1937 г. яго арыштавалі й без суда расстралялі. Генэрал Еранім Убарэвіч, камандзер Беларускае вайсковае акругі, быў арыштаваны разам з маршалам М. Тухачэўскім. ix паставілі перад вайсковым трыбуналам, засудзілі на сьмерць i расстралялі 12 чэрвеня 1937 г за «шпіянаж i здраду Радзімы» [18]. Аляксандар Чарвякоў, прэзыдэнт Беларускае Рэспублікі, адзін з найстарэйшых беларускіх камуністаў i фактычны творца Савецкае Беларусі, у чэрвені 1937 г. быў засуджаны як «натхняльнік i кіраўнік беларускага нацыяналістычнага ўхілу ў КП(б) Беларусі». Каб унікнуць катаваньняў i прыніжэньня, скончыў самагубствам. Ягоная сьмерць пакінула для паслугачоў Сталіна шырока адчыненыя дзьверы ва ўрадзе Беларускай ССР.

Пасьля сьмерці Галадзеда й Чарвякова тысячы службоўцаў дзяржаўнай адміністрацыі паўміралі падчас шматгадовага зьняволеньня ў вязьніцах або канцэнтрацыйных лягерох СССР [19]. Урэшце, у 1938 г. чыстка дайшла да ЦК КП(б)Б. Васіль Шаранговіч, які, будучы адным з сакратароў партыі, падчас калектывізацыі «рэдагаваў загады Масквы паводле зьверскіх прынцыпаў сталінскага тэрору», быў арыштаваны й разам зь лідарамі правай апазыцыі пастаўлены ў сакавіку 1938 г. перад судом. Улетку на кароткі час па даручэньні Сталіна яго прызначылі першым сакратаром беларускае кампартыі, а на XVII зьезьдзе КП Беларусі выкарысталі як абвінаваўцу раней арыштаваных камуністаў. Цяпер, на маскоўскім працэсе правай апазыцыі, ён сам быў абвінавачаны як уяўны лідар беларускага падзямельнага руху й «польскі шпіён з 1921 г.». (Шаранговіч быў наагул адзіным беларусам, які калі-небудзь выконваў функцыі першага сакратара ЦК КП(б)Б. Існуюць доказы, што ён быў вылучаны на гэтую стратэгічную пасаду Масквой са стратэгічных меркаваньняў. Лідараў правай апазыцыі абвінавачвалі ў шпіянажы на карысьць Нямеччыны й Польшчы. Таму патрэбны быў нейкі чалавек зь Беларусі, пры пасярэдніцтве якога яны меліся кантактаваць з польскаю выведкаю. Выбар Масквы спыніўся на Шаранговічу, вызначаным для гэтае ролі.)

Шаранговіч, зламаны фізычна й псыхічна, прызнаўся пад прымусам НКВД да выстаўленых абвінавачаньняў. Аднак Бухарын, які нібыта меўся падтрымліваць кантакт з Польшчаю праз Шаранговіча, а зь Нямеччынай праз Троцкага, запярэчыў падчас працэсу ўсім абвінавачаньням у шпіянажы, у камерах давесьці да падзелу СССР і перадаць Прыморскі край японцам, Савецкую Беларусь палякам, а Ўкраіку немцам. У вадказ на гэтыя абвікавачаньні Бухарын сказаў: «Была гутарка не пра адарваньне Ўкраіны ці Беларусі i не пра перадачу іx немцам, але пра іхнюю нацыянальную незалежнасьць» [20].

Расправа з апошнімі лідарамі апазыцыі ўвагнала савецкіх грамадзянаў у страх і роспач. Людзі, што засталіся пры ўладзе, ужо хаця б з увагі на свой характар гатовыя былі служыць жорсткаму й амбіцыйкаму пану. Што да Беларусі і Ўкраікы, дык становішча тут выглядала нашмат больш сумна, чым у іншых саюзных рэспубліках. У Расейскай Рэспубліцы Сталін зьліквідаваў пераважка сваіх палітычных ворагаў, але ашчадзіў тых самых «расейскіх дзержымордаў», супраць якіх Ленін асьцерагаў партыю ў лісьце ад 30/31 сьнежня 1922 г. У Беларускай i Ўкраінскай рэспубліках зьліквідаваў ня толькі сваіх палітычных ворагаў, але таксама нацыянальных дзеячоў. Аніводзін з тых людзей, якія працавалі над тварэньнем бацькаўшчыны для беларусаў пад савецкім панаваньнем у 20-я гг., не застаўся жывы ці на свабодзе да 1939 г. Беларускіх нацыянальных лідараў, што трапілі пад чыстку, звычайна замянялі расейцамі. У XVI зьезьдзе КП(б)Б, які праходзіў у ліпені 1937 г., удзельнічала 629 дэлегатаў, у тым ліку 245 беларусаў, 225 расейцаў, 140 гэбраяў i 19 палякаў. Г. зн., беларусаў, якія складалі больш як 80 % насельніцтва рэспублікі, на зьезьдзе было толькі 38,9 % ад колькасьці дэлегатаў. У сваю чаргу расейцы, якія складалі менш як 8 % насельніцтва, былі прадстаўленыя 35,7 % дэлегатаў.

Калі ў сакавіку 1939 г. сабраўся XVIII зьезд ВКП(б), ужо не было патрэбы згадваць пра саюзныя рэспублікі. Дэлегатаў падбіралі з розных рэгіёнаў усяго СССР, без увагі на рэспубліканскі тэрытарыяльны падзел. З 71 сябра ЦК, выбранага на гэтым зьезьдзе, ніводзін не паходзіў зь Беларусі.

Тое самае было ў саветах. 26 чэрвеня 1938 г. у Вярхоўны Савет БССР былі выбраныя 273 дэпутаты. Сярод ix - Сталін i ўсе сябры палітбюро, вышэйшыя камандзеры Чырвонае арміі й расейцы, прысланыя на Беларусь дзеля замены беларусаў, якіх закранула чыстка.

У ліпені гэтага ж году быў утвораны новы ўрад Беларусі. I СНК, i ключавыя ягоныя камісарыяты былі ўкамплектаваныя расейцамі. Сярод ix былі В. К. Кісялёў - на пасадзе старшыні СНК, Е. І. Уралава - народны камісар асьветы, А. А. Наседкін - наркам нутраных справаў (НКВД), С. Т. Ладышаў - наркам юстыцыі.

Новыя «губарнатары», прысланыя на Беларусь з Масквы, былі нават больш бязьлітасныя за тых, каго зь Пецярбургу прысылалі цары. Царскія губарнатары ані ня ведалі патрэбаў падданых народаў, ані ня дбалі пра іхныя пагляды. Новыя губарнатары, наадварот, заяўлялі, што ведаюць патрэбы гэтых народаў лепш, чым яны самі. Надзвычай ганарыліся сваімі ініцыятывамі і, падобна свайму пану, надта любілі падхалімскае праслаўленьне «дабра», якое несьлі народам. Падчас вялікае чысткі й пазьней звычайнымі сталі публікацыі ў беларускім друку ўдзячных лістоў ня толькі на адрас Сталіна, але й да рэспубліканскіх правадыроў. Сяляне калгасу «імя ГПУ» зь Менскай акругі ў лісьце, надрукаваным у «Советской Белоруссии» напачатку 1938 г., пісалі: «Жыцьцё стала заможнае й шчасьлівае» (...) Праўду трэба было выказваць у больш завуаляванай форме. Пэўны беларус у 1938 г. пісаў свайму сыну ў Ленінград гэтак: «Дарагі сыне, пытаеш, як маюся? Маюся выдатна - зусім як той стары Мікола з нашае вёскі. Думаю, што ты яго яшчэ памятаеш». Той Мікола быў вясковы жабрак.

Так выглядела жыцьцё ва ўсходняй Беларусі лад канец трэцяе сталінскае чысткі.



[1] История БССР.- Т. 2.- Мн., 1961.- С. 184.

[2] Беларускі нацыянал-фашызм i нацыяналдэмакратызм // Асьвета.- 1929.- №11 - 12.- С. 25, 28.

[3] Зюзькоў А. Крывавы шлях беларускай нацдэмократыі.- Мн., 1931.

[4] Anthony Adamovich. Opposition to Soviełization in Belorussian Literature, 1917-1957, -Monachium, 1958. - P. 160, 163.

[5] Альшэўскі A. Беларуская агентура інтэрвэнтаў / / Комуністычнае выхаваньне - 1930.- № 12,- С. 14-15.

[6] Матарыялы да справаздачы ўраду X зьезду Саветаў БССР.-Мн., 1931.- С. VI.

[7] Комуністычнае выхаваньне - 1930.- № 1,-С. 34, 7, 67-69.

[8] Збор законаў i загадаў рабоча-сялянскага ўраду БССР. - Мн., 1931. - № 1 . - Ч. I. - С. 6.

[9] Н. Niamiha. Education in the Belorussian SSR and Communist Doctrine // Belorussian Review, 1956, N 3.- P. 83.

[10] Некрашэвіч A. XVI зьезд УсеКП(б) аб нацыянальным пытаньні // Комуністычнае выхаваньне.- 1930.- № 9-10. - С. 83.

[11] П. На барацьбу з вялікадзяржаўным контррэволюцыйным шовінізмам // Комуністычнае выхаваньне.- 1931.- № 5.- С. 4; Рабочий.- 1931.- 20 дек.

[12] Антипов Н. К. Чистка сделала КП(б)Б еще более сильным и сплоченным отрядом ВКП(б) // Рабочий.- 1933.- 28 дек.

[13] Walter Kolarz. Russia and Her Colonies. New York, 1952. P. 155-156.

[14] Wiktor Ostrowski. Spotlight on Belorussia and Her Neighbours.- London, 1959.- P. 18.

[15] Belorussia, Subcontractors Monograph HRAF-19. New Haven, 1954-55. P. 184.

[16] Пісьменнікі БССР аб рэформе правапіса беларускай мовы.- Мн.: 1934.- С. 93.

[17] W. Ostrowski. Ор. cit.- Р. 19.

[18] Merle Fainsod. Smoleńsk under Soviet Rule. Cambridge, Mass.: 1958.

[19] U. S. Congress Mouse, Select Committee of Communist Aggression. Communist Takeover and Occupation of Belorussia. Washington, D. C.: 1955. P. 15.

[20] Grigori A. Tokarev. Comrade X. London: 1956. P. 96-97.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX