Папярэдняя старонка: Артыкулы

Зайкоўскі Э. М. Этнічная i канфесійная сітуацыя ў гістарычнай Літве 


Аўтар: Зайкоўскі Э. М.,
Дадана: 17-09-2011,
Крыніца: Зайкоўскі Э. М. Этнічная i канфесійная сітуацыя ў гістарычнай Літве на рубяжы XIV-XV стст. // Вялікае княства Літоўскае і яго суседзі ў XIV-XV стст.: саперніцтва, супрацоўніцтва, урокі: Да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы: матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гродна, 8-9 ліп. 2010 г.) / НАН Беларусі, Ін-т гісторыі; Гродзенскі дзярж. ун-т імя Янкі Купалы. Мн.: Беларуская навука, 2011. Мінск. С. 11-25.



На тэрыторыі ВКЛ можна прасачыць шэраг рэгіёнаў ці гістарычных абласцей: Літва, Русь. Падляшша, Палессе i іншыя, абшары якіх аднак не супадалі з тагачасным адміністрацыйным падзелам на ваяводствы. Адным з першых гісторыкаў, які ўзняў i часткова вырашыў пытанне пра канкрэтна-гістарычны змест тэрмінаў «Літва» i «Русь», быў М. К. Любаўскі. На яго думку, тэрмін «Літва» ў першай палове XVI ст. меў два значэнні: 1) з'яўляўся абазначэннем усяго ВКЛ (г. зн. быў палітонімам); 2) уласна Літоўская зямля (г. зн. быў харонімам). Да Літвы ў вузкім сэнсе слова ён прылічваў большую частку Віленскага i Троцкага ваяводстваў з Браславам, Гародняй, Наваградкам, Ашмянамі i шэрагам іншых гарадоў у Беларусі [1]. Аднак М. К. Любаўскі пры вызначэнні тэрыторыі ўласна Літвы абапіраўся на досыць абмежаванае кола крыніц, i таму пытанне да канца не вырашыў. Значна пазней спробу вызначыць тэрыторыю Літвы ХШ ст. зрабіў М. I. Ермаловіч, які на падставе ўскосных звестак летапісаў i размяшчэння айконімаў «Літва» акрэсліў яе першапачатковы арэал паміж сучасны.мі Маладзечнам i Ляхавічамі з поўначы на поўдзень, Наваградкам i Менскам - з захаду на ўсход, памылкова празмерна звузіўшы яго.

У мінулым дзесяцігоддзі межы Літвы, як яе разумелі ў XVI ст., вызначыў М. Ф. Спірыдонаў на падставе звестак афіцыйных дзяржаўных i прыватных актаў: тэстаментаў, заяў-скаргаў, інвентароў маёнткаў, інструкцый, лістоў (залогавых, прадажных, раздзельных, судовых i т. п.), загадаў i інш. У шэрагу гэтых дакументаў ix аўтары ўказвалі на месцазнаходжанне тых ці іншых населеных пунктаў у пэўным рэгіёне ВКЛ. Паводле згадак у гэтых актах, на абшары Літвы ў вузкім сэнсе, паблізу яе паўднёвай i ўсходняй ускраін, знаходзіліся такія населеныя пункты, як Косава (сучасны Івацэвіцкі р-н), Палонка i Серабрышчы (Баранавіцкі р-н), Агарэвічы (Ганцавіцкі р-н), Узда (цяпер раённы цэнтр), Менск, Насілава (Маладзечанскі р-н), Крайск, Трусавічы i Гайна (Лагойскі р-н). Вязынь (Вілейскі р-н), Камаі (Пастаўскі р-н), Браслаў. Звесткі дакументаў дазволілі М. Ф. Спірыдонаву прыйсці да высновы, што ў XVI ст. сучаснікі адносілі да ўласна Літвы тэрыторыі як з балцкім, так i ca славянскім насельніцтвам - Віленскі, Вількамірскі, Ковенскі, Тродкі, Упіцкі, Браслаўскі, Ваўкавыскі, Гародзенскі, Лідскі паветы, большую частку Наваградскага, амаль увесь Слонімскі i Ашмянскі, заходнюю частку Менскага павета. У найбольш агульным выглядзе умоўную мяжу паміж рэгіёнамі Літва i Русь даследчык лічыў магчымым правесці прыблізна па 28 мерыдыяну ўсходняй даўгаты. Паселішчы на сумежжы розных рэгіёнаў маглі лакалізавацца неадназначна. Напрыклад, Глуск (Дубровіцкі) у адных крыніцах фігуруе ў Літве, a ў іншых на Русі.

Хаця, пачынаючы з XV ст. (пасля Грунвальдскай бітвы), адміністрацыйная мяжа ўласна Літвы з Жамойцю праходзіла па р. Нявежы (Нявежыс), археалагічныя даныя дазваляюць меркаваць, што ў дадзяржаўны пэрыяд (прынамсі, у пачатку XI ст.), калі Літва ўпершыню ўзгадваецца ў пісьмовых дакументах, на паўночным захадзе яна займала крыху меншую тэрыторыю. Справа ў тым, ішто археалагічная культура (г. зн. гістарычная агульнасць археалагічных помнікаў якія існавалі на акрэсленай тэрыторыі прыблізна ў адзін час i аднастайныя па сваёй матэрыяльнай культуры) так званых усходнелітоўскіх курганоў на паўночным захадзе свайго арэалу была тэрытарыяльна распаўсюджана толькі да р. Святой (Швянтойі), a міжрэчча Святой i Нявежы ў другой палове I i пачатку II тысячагоддзя н. э. займала насельніцтва іншай археалагічнай культуры, для якой характэрны грунтавыя могільнікі з целаспаленнямі людзей i трупапалажэннямі коней. Вядомыя археолагі Валянціп Сядоў i Адольфас Таўтавічус насельніцтва гэтай культуры атаясамлівалі з аўкштайтамі. Паколькі тэрыторыя, занятая аўкштайтамі, у параўнанні з тэрыторыямі Літвы i Жамойці была невялікай, што можа сведчыць i пра адпаведныя суадносіны колькасці насельніцтва, то з пачаткам дзяржаваўтварэння Аўкштайтыя досыць хутка патрапіла ў сферу ўплыву болып моцнай Літвы. На поўначы сучаснай Літоўскай Рэспублікі яшчэ ў XІ-XІII стст. абшары рассялення Літвы i Жамойці не даходзілі да сучаснай літоўска-латышскай мяжы i досыць значныя тэрыторыі былі занятыя плямёнамі земгалаў i куршаў, якія ў асноўным маюць дачыненне да фарміравання латышскага народу.

Нераспрацаваным застаецца пытанне пра тое, дзе прасціраліся паўдневая i ўсходняя мяжа гістарычнай вобласіці «Літва» ў больш ранні час. Вядомы выраз з граматы 1387 г. Ягайлы Скіргайлу «на рускои стороне город Менескъ Литовского жь княженья...» [2] не абавязкова трэба разумець як сведчанне знаходжання Менска на тэрыторыі «Русі», «на рускои стороне» магло ўжывацца ў дачыненні да населенага пункта, адносна блізкага да Русі. Пэўны матэрыял для роздуму можа даць i тытулатура правіцеляў BKЛ. Міндоўг у сваіх граматах 1253-1260 гг., напісаных па-латыні, называў сябе «кароль Літвы» («гех Littowiae») [3]. Харонім «Русь» стаў часткай тытула пры вялікім князі Гедыміне [4]. Адсюль вынікае, што такое стала магчымым пасля далучэння Гедымінам да сваёй дзяржавы зямель цяперашняга Беларускага Падзвіння i часткова Падняпроўя, дзе Русь лакалізавалася i ў XVI ст. Міндоўг жа, паўднёвую частку ўладанняў якога складалі землі Беларускага Панямоння, тытулавацца правіцелем Рус i не мог у тым выпадку, калі ні адна з частак яго дзяржавы Руссю не называлася. Гаму можна меркаваць, што Панямонне ўжо ў часы Міндоўга называлася Літвой.

Аднак самi па сабе межы гістарычнай вобласці «Літва», прынамсі. для разглядаемага намі перыяду не павінны абавязкова супадаць з этнічнымі межамі. У паўднёвай i ўсходняй частках тагачаснай Літвы яшчэ ў XІ-XIII стст. пануючым этнасам з'яўляліся ўсходнія славяне, пра што сведчаць як летапісы, так i даныя археалогіі, з якіх найбольш этнавызначальнымі лічацца матэрыялы раскопак курганных могільнікаў. Толькі дзе-нідзе трапляюцца сляды захавання рэштак балцкага субстрату Для XIV-XV стст. няма ніякіх сведчанняў выцяснення славян іншымі этнасамі, наадварот, захоўвалася тэндэнцыя да славянізацыі балцкага насельніцтва.

Разам з тым нельга адмаўляць прысутнасць балтаў у паўночна-заходняй частцы гістарычнай Літвы, а паасобных балцкіх анклаваў - i паўднёвей. Польскі гісторык Е. Ахманьскі ў сваёй кнізе «Літоўская этнічная мяжа на ўсходзе ад племянной эпохі да XVI стагоддзя», робячы спробу акрэсліць межы гістарычнай вобласці «Літва», канстатаваў (у асноўным на падставе аналізу тапаніміі i антрапонімаў насельніцтва) наяўнасць шэрагу балцкіх астраўкоў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, прычым некаторыя на значным аддаленні ад беларуска-літоўскай мяжы. Праўда, гэта рэліктавае балцкае насельніцтва, якое паходзіла хутчэй за ўсё ад мясцовых плямёнаў ранняга жалезнага веку ці трэцяй чвэрці I тысячагоддзя, ён атаясамліваў з этнічнымі літоўцамі, з чым нельга пагадзіцца. Е. Ахманьскі, у прыватнасці, адзначаў, што некаторыя айконімы з суффіксам «-ішкі» (характэрным для паселішчаў паўднёвага ўсходу Літоўскай Рэспублікі) у пэўнай меры распаўсюджаны да ваколіц Мінска. Так- сама ў вярхоўях Іслачы, Заходняй Бярэзіны, Свіслачы i Немана сустракаюцца такія балцкія назвы пасслішчаў, як Бакшты, Дзякшняны, Пяршаі, Борці, Дайнова. Праўда, назва Борці павінна адносіцца да ўцекачоў з Прусіі (племя бартаў), Дайнава - назва аднаго з яцвяжскіх плямёнаў. Мяркуючы і па антрапонімах канца XVI ст., балцкае насельніцтва доўга захоўвалася ў ваколіцах Радашковічаў (вёскі Вазгелы, Путнікі, Валаткі i інш.) i каля Івянца. Астраўкі балтаў былі каля Цімкавічаў на Капыльшчыпе (в. Урведзь, Ёдчыцы), каля Ляхавічаў, Косава. Ружанаў, Дзятлава, Койданава. Але найбольш, паводле антрапонімаў сярэдзіны XV - канца XVI ст., прасочваюцца сляды балцкага насельніцтва ў воласці Абольцы (цяпер Абольцы знаходзяцца на паўночным усходзе Талачынскага раёна) [5]. Згодна з паведамленнем Длугаша, Абольцы, як i Гайна (цяпер у Лагойскім раёне), належалі да тых 7 мясцін у ВКЛ, дзе адразу пасля Крэўскай уніі былі пабудаваны касцёлы. Паколькі першыя касцёлы будаваліся ў мясцовасцях не з праваслаўным, а з язычніцкім насельніцтвам, то ёсць падставы меркаваць, што ў Гайне i Абольцах, размешчаных унутры тэрыторыі з яшчэ раней хрысціянізаванымі славянамі, такімі язычнікамі якраз былі балты. Грунтуючыся на ты.м, што ў грамаце, якая датуецца 1440-1443 гг., значная частка псралічаных там жыхароў Абольцаў мелі чыста балцкія імёны, Е. Ахманьскі дапускаў, што яны «najwyraźniej trwali jeszcze w pogaństwie» [6].

Пасля E. Ахманьскага пытаннем вызначэння ўсходніх i паўднёвых межаў літоўскай (дакладней, балцкай) этнічнай тэрыторыі ў сярэднявеччы займаўся літоўскі даследчык П. Гаўчас. Ён выкарыстоўваў найперш звесткі пра распаўсюджанне насельніцтва каталіцкага веравызнання i дзе былі пабудаваны касцёлы ў перыяд ад Крэўскай да Люблінскай уніі, а таксама звяртаў увагу на распаўсюджанне балцкіх назваў населеных пунктаў. Акрамя мясцовасцей паблізу сучаснай дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь з Літоўскай Рэспублікай, П. Гаўчас звярнуў увагу на тое, што нават у XIX ст. літоўская мова, як i балцкія айконімы, былі дастаткова распаўсюджаны ў ваколіцах Дзятлава. Праўда, пытанне пра паходжаннс мясцовых літоўцаў вырашаецца неадназначна: некаторыя даследчыкі лічаць ix нашчадкамі ўцёкшых ад крыжакоў яцвягаў, іншыя дапускаюць, што там раней жыло старажытнал літоўскае насельніцтва з некаторай дамешкай яцвяжскага элемента. Групу літоўскіх айконімаў П. Гаўчас выдзяляў у паўночна-заходняй частцы Ашмянскага павета. Літоўскія айконімы ўтвараюць своеасаблівы паўвосграў усходней Крева ў міжрэччы Вілія-Уша i Бярэзіна. Яшчэ адно скапленне літоўскіх айконімаў цягнецца паўночней i ўсходнсй Налібоцкай пушчы. Івянецка-Койданаўскі арэал балцкай айконіміі па поўначы злучаецпа з другім аналагічным арэалам, які цягнецца ад Пяршаяў праз Радашковічы да Гайны. Заслугоўвае ўвагі назіранне П. Гаўчаса, што найбольш значная канцэнтрацыя балцкіх айконімаў сустракаецца ў міжрэччах i ў паласе водападзела Нёманскага i Дзвінскага басейнаў з Дняпроўскім [7]. У прыватнасці, гэты даследчык меркаваў пра тое, што доўгі час захоўвалася балцкамоўная выспа ў наваколлі Докшыцаў, паблізу водападзелу рэк Бярэзіна i Вілія. У той балоцістай мясцовасці адзначаны такія балцкія айконімы, як Скудуці, Шунелі, Кейданы, Крыпулі, Шалагіры, Каўлі, Мількуны, Лапішкі, Гайголава, Швэплі i інш. Праўда, насельніцтва гэтых вёсак было ў асноўным праваслаўным, што можа сведчыць пра ix хрысціянізацыю яшчэ да Крэўскай уніі.

Згаданымі даследчыкамі ў адносінах выяўлення слядоў балцкага субстрату практычна не ўдзялялася ўвагі Гайне i яе ваколіцам. Між тым, варта звярнуць увагу на тое, што яшчэ ў 1500 г. касцёлы існавалі i адносна недалёка ад Гайны - у Астрошыцах i Радашковічах, a ў 1550 г. - i ў Вязыні [8]. У інвентары ад 1596 г. маёнтка Сяльца i іншых сёл Менскага павета, такіх як Акулічы, Заелле i Буславічы (ідэнтыфікуюцца з сучаснымі вёскамі Сялец i Заельнік Лагазінскага сельсавета, Бухітавічы Янушкавіцкага сельсавета Лагойскага раёна, Аколіца Астрашыцкагарадоцкага сельсавета Мінскага раёна), у спісах сялян звяртаюць на сябе ўвагу антрапонімы Шылук Барташэвіч, Петрас Барташэвіч (сёлы Акулічы i Заелле), Станіслаў Гінюшавіч, Паўлюк Вайшковіч, Балтруш Кадут, Мацей Белаш (сяло Буславічы), а таксама шэраг іншых з тыпова каталіцкімі імёнамі Марцін, Станіслаў, Каспар, Янушка, Войцэх. Януш, Стасюк, Янук [9]. Можна зрабіць выснову, што ў гэтых сёлах каталіцкае насельніцтва паходзіла ад мясцовых балтаў, якія былі ахрышчаны пасля Крэўскай уніі. Пра тое, што балты жылі ў паўднёва-заходняй частцы сучаснага Лагойскага раёна ў перыяд i да ўтварэння ВКЛ, сведчыць i тое, што каля вёсак Айнаравічы i Харужанцы Янушкавіцкага сельсавета, Чырвоны Бор Гайненскага сельсавета, Селішча Лагазінскага сельсавета i Сухая Тара Беларучскага сельсавета захаваліся курганы з каменнымі абкладкамі, якія лічацца балцкай этнакультурнай прыкметай.

У адным з дакументаў часоў праўлення Казіміра Ягелончыка (1440-1492) сярод дараваных нейкаму Яну Тундзевічу трох чалавек у Ракаве (за 36 км на паўночны захад ад Мінска. цяпер Валожынскі раён) два мелі яўна балцкія імёны Поцюс i Малдуціс [10].

Кранаючыся яшчэ раз пытання пра балцкую выспу ў ваколіцах Радашковічаў, можна прывесці археалагічны аргумент супраць версіі пра паходжанне тамтэйшых балтаў ад пазнейшых перасяленцаў часоў ВКЛ, а не ад карэннага мясцовага насельніцтва. Непасрэдна па суседству з землямі былога маснтка Дзякшняны, у шэрагу вёсак якога населыііцтва ў канцы XVI ст. мела балцкія антрапонімы (пра што пісаў Е. Ахманьскі), размешчана вёска Дубрава, каля якой на Дзявочай Гары намі даследавалася курганная група канца XI - пачатку XII ст. Курганы меншых памераў мелі кальцавую абкладку з невялікіх камянёў, больш буйныя курганы складзены з камянёў уперамешку з зямлёй, нагадваючы каменныя курганы яцвягаў. У адным з курганоў на левай руцэ пахаванай выяўлены металічны бранзалет з зааморфнымі канцамі, характэрны для балтаў [11]. Не так далека адтупь, у курганным могільніку каля в. Барздынь (за 8 км ад Заслаўя) даследаваны тры курганы з трупапалажэннямі на мацерыку i кальцавымі абкладкамі з булыжнікаў i валуноў [12]. Каля в. Анусіна Пятрышкаўскага сельсавета Мінскага раёна Ю. А. Заяц у адным з курганоў другой паловы XI - пачатку XII ст. выявіў кальцавую абкладку з камянёў [13]. Курган з трупапалажэннем у падкурганнай яме i абкладкай з камянёў у насы­ пе, які датуецца XI ст., быў раскапаны гэтым археолагам i каля в. Путчына Дзяржынскага раёна [14].

Пэўным чынам пра этнічную i канфесійную сітуацыю ў паўночна-заходняй i часткова цэнтральнай Беларусі часоў Ягайлы i Вітаўта могуць сведчыць даныя пра размяшчэнпе рыма-каталіцкіх парафій у 1500-1550 гг., г. зн. яшчэ да Люблінскай уніі i Контррэфармацыі. Акрамя раёнаў, прылеглых цяпер да мяжы з Літоўскай Рэспублікай, на працягу XV ст. касцёлы з'явіліся ў ваколіцах Налібоцкай пушчы (Налібокі, Камень, пазней у Івянцы) i ў Койданаве, а таксама ў цячэнні Заходняй Бярэзіны (Вішнева, Доры. Забярэззе, Гарадзілава, пазней Дубрава). У кірунку Мінска рана ўзніклі касцёлы ў Радашковічах, Красным Сяле, Маладзечне, Лебедзеве, Хажове, Астрошыцах, Груздаве, Маркаве. У раёне Баранавічы-Нясвіж-Клецк яшчэ да 1500 г. касцёлы існавалі ў Ішкальдзі, Клецку, Ліпе, Лотве, Нясвіжы, Крошыне, Палонцы, Моўчадзі, Раготне [15]. Відавочна, што ў XV ст. сярод насельніцтва, продкі якога яшчэ стагоддзе назад з'яўляліся язычнікамі (а частка i этнічнымі балтамі) касцёлы будаваліся ў першую чаргу, a з'яўленне ix у мясцовасцях з праваслаўным людам, нават пры каталіцкім веравызнанні некаторых уладальнікаў маёнткаў, было яшчэ малаверагодным i стане актуальным толькі ў XVII-XVIII стст.

Кранаючыся пытання пра з'яўленне славянскага насельніцтва на тэрыторыі сучаснай усходняй Літвы, трэба перш за ўсё згадаць адпаведныя археалагічныя матэрыялы. Пасля знікнення культуры штрыхаванай керамікі, якая праіснавала да IV - пачатку V ст., у той частцы яе арэала, які ахопліваў Віленшчыну i прылеглыя раёны Беларусі (Астравецкі, Смаргонскі, часткі Мядзельскага i Пастаўскага) - у асноўным да воз. Свір на ўсходзе - узнікла культура ўсходнелітоўскіх курганоў, храналогію якой акрэсліваюць IV-XIІ стст. Культуру ўсходнелітоўскіх курганоў частка даследчыкаў (В. В. Сядоў, А. Таўтавічус, X. Маора) атаясамлівалі з летапіснай Літвой. У некаторых сваіх позніх працах В. В. Сядоў быў схільны сцвярджаць, што першапачатковая Літва ў этнічных адносінах не з'яўлялася адназначна балцкім фармаваннем, а маючы славянскі кампанент, была балта-славянскім племем. Такія высновы ён рабіў на падставе распаўсюджання ва ўсходнелітоўскіх курганах i на некаторых паселішчах той тэрыторыі яшчэ ў канцы IV - V ст. бранзалетападобных скроневых колцаў i серпападобных скроневых колцаў з самкнутымі ці заходзячымі канцамі. Аднак славянская атрыбуцыя бранзалетападобных скро­ невых колцаў у В. В. Сядова абгрунтоўвалася тым, што гэты від упрыгожанняў быў распаўсюджаны i ўсходней, у насельніцтва тушамлінскай археалагічнай культуры на Смаленшчыне, а пазней у полацка-смаленскіх крывічоў, славянская прыналежнасць якіх у XI-XIII стст. не выклікае сумненняў. Але з-за таго, што нашчадкі насельніцтва тушамлінскай культуры i змяніўшай яе культуры смаленскіх доўгіх курганоў урзшце сталі славянамі, зусім не вынікае славянская прыналсжнасць носьбітаў бранзалетападобных скроневых колцаў у сярэдзіне I тысячагоддзя н. э. Магчыма, большую ўвагу варта звярнуць на серпападобныя скроневыя колцы з заходзячымі адзін за другі вузкапласціністымі канцамі, хаця ix знаходкі ў арэале культуры ўсходнелітоўскіх курганоў i не такія шматлікія. Такія колцы В. В. Сядоў лічыў сведчаннем прысутнасці крывіцкага кампанента ў паўднёва-ўсходняй Літве ў VIII-X стст. i звязваў ix паходжанне, з аднаго боку, з бранзалетападобнымі скроневымі колцамі тушамлінскага часу, а з другога - з луннічнымі колцамі, прынесенымі, на яго думку, на Віленшчыну i ў Полацка-Смаленскі рэгіён перасяленцамі з Дунайскіх зямель. Грунтуючыся на выніках антрапалагічных даследаванняў пахаваных ва ўсходнелітоўскіх курганах, В. В. Сядоў падкрэсліваў, што ў пахаваннях з трупапалажэннямі IV-V стст. мужчыны i жанчыны належалi да розных антрапалагічных тыпаў: мужчыны сваімі рысамі блізкія да раннесярэднявечных яцвягаў Сувалкіі, а жанчыны характарызаваліся ўмерана масіўным шырокатварым тыпам, i меркаваў, што яны былі роднаснымі славянскай частцы насельніцтва тушамлінскай культуры [16].

Услед за вядомым даследчыкам тапаніміі А. Ванагасам [17] В. В. Сядоў лічыў сведчаннем пражывання славянскага насельніцтва ў паўднёва-ўсходняй Літве распаўсюджанне гідронімаў славянскага паходжання, якіх налічваецца некалькі дзясяткаў. Праўда, складанасць заключаецца ў тым, што з'яўленне гэтых гідронімаў практычна не магчыма датаваць.

Другая палова i асабліва канец I тысячагоддзя н. э. у басейнах Немана, Віліі i Заходняй Дзвіны былі часам значпага пашырэння тэрыторыі, занятай славянскім насельніцтвам, на ранейшыя балцкія землі, у паўночным i паўночна-заходнім кірунку. На сучаснай Гродзеншчыне самым раннім славянскім помнікам з'яўляецца гарадзішча Радагошча ў Навагрудскім раёнс. Насельніцтва гарадзішча належала да славянскай культуры тыпу Лукі-Райкавецкай, але мела пэўныя кантакты i з насельніцтвам культуры усходнелітоўскіх курганоў, пра што сведчыць знаходка на помніку скарбу стужкавых бранзалетаў з расшыранымі канцамі. Матэрыялы гарадзішча, як i скарб, датуюцца VIII-X стст. [18].

Аднак варта звярнуць увагу на тое, што ляпная гладкасценная кераміка, аналагічная па форме i арнаменту посуду культуры тыпу Лукі-Райкавецкай, знойдзена таксама пры раскопках шэрагу археалагічных помнікаў на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі. У прыватнасці, такая кераміка выяўлена пры даследаванні курганных груп Ворлішкес (Орлішкі) i Кармазіны ў Тракайскім раёне, Жвірблі ў ваколіцах Вільні. Праўда, пахавальны інвентар у гэтых кур­ ганных трупах прынцыпова не адрозніваецца ад іншых курганоў усходнелітоўскага тыпу [19], але прысутнасць керамікі, характэрнай для славян, можа сведчыць пра працэс славянізацыі мясцовага балцкага насельніцтва. Ляпную кераміку з Орлішак сучасныя літоўскія археолагі датуюць IX ст., а посуд, падпраўлены на ганчарным коле - X ст. [20]. Акрамя курганных нахаванняў, ляпная кераміка, якая істотна не адрозніваецца ад тыпу Лукі-Райкавецкай, трапілася пры раскопках некаторых частак горада Кернаў: на Замкавай гары («Pilies kalnas») i ў даліне Паяты [21]. Гэта кераміка радыкальна кантрастуе з «аблітым» («шурпатым») посудам культуры ўсходнелітоўскіх курганоў, i з'яўляецца аргументам, які сведчыць пра пранікненне на Віленшчыну ў канцы I тысячагоддзя н. э. славянскага насельніцтва (ці асіміляцыю пэўнай часткі мясцовых балтаў). У археалагічнай літаратуры арэал культуры ўсходнелітоўскіх курганоў традыцыйна разглядаецца ў межах распаўсюджання помнікаў яго ранняга этапу, без уліку дынамікі змен у пазнейшы час. З археалагічнага пункту гледжання значную цікавасць уяўляе тое, што пры раскопках курганоў каля Гудагая (Астравецкі р-н) трапіўся нож з волютападобнай рукаяццю [22], які лічыцца характэрнай прыналежнасцю славянскіх жрацоў VІІ-VIII стст. [23].

Да перыяду існавання славянскіх племянных аб'яднанняў варта аднесці ўзнікненне некаторых тапонімаў Віленшчыны. На паўночны ўсход ад Вільні, у Малетайскім раёне, існуе веска з назвай Kriviciai (г. зн. Крывічы), a ў іншым месцы раёна - Krivitiskiai (Крывіцішкі). Яшчэ ў самым пачатку XX ст. за 14 вёрст ад Немянчыне i 26 вёрст ад Вільні знаходзіўся засценак Крывічы [24]. Нават калі прытрымлівацца палажэння пра першапачатковае балцкае паходжанне крывічоў, найбольш паслядоўным прыхільнікам чаго з'яўляецца Я. А. Шмідт [25], узнікненне паселішчаў з такімі назвамі магло адбыцца толькі тады, калі ў назве племя з'явіўся славянскі суфікс «-вічы», г. зн. пасля славянізацыі яго насельніцтва. Як лічыў вядомы польскі гісторык Е. Ахманьскі, паселішчы з назвамі кшталту Крывічы не маглі ўзнікнуць пазней чым у XII ст., у крайнім выпадку XIII ст., таму што нават сярод усходніх славян гэта племянная назва выйшла з ужытку да канца XII ст. [26] Значыць, на поўнач Віленшчыны прадстаўнікі і этага племяннога аб'яднання праніклі ў згаданы храналагічны перыяд. Таксама на думку Е. Ахманьскага, шматлікія паселішчы кшталту Gudeliai (назва «gudas» адносілася да ўсходнеславянскага насельніцтва) былі праявай пранікнення ўсходніх славян на этнічна балцкія землі, i меркаваў на ïадставе сярэднявечных дакументаў, што прынамсі частка паселішчаў з такімі назвамі існавала ў XV ст. Вёскі з назвай Gudeliai (цяпер існуе 31 такі тапонім) размешчаны пераважна ва ўсходняй i паўднёвай частках сучаснай Літвы. Зыходзячы з таго, што адно з паселішчаў пад назвай Русакі (каля Валожына, на памежжы з балтамі) згадана ў дакументах пад 1470 г., Е. Ахманьскі прызнаваў вёскі з такімі назвамі, якія маюцца выключна ва ўсходняй Літве, усходнеславянскімі перыферыйнымі паселішчамі, што з'явіліся на стыку з балцкім насельніцтвам [27].

Сучасная даследчыца сярэднявечнай керамікі I. Мулявічэне, якая вывучала пытанне пра з'яўленне ганчарнага кола на тэрыторыі Літвы, прыйшла да высновы, што ляпная кераміка стала падпраўляцца на коле ва ўсходняй Літве ў канцы X - пачатку XI ст., пра што сведчаць знаходкі з гарадзішчаў i курганных пахаванняў. Ганчарныя гаршкі ў пахаваннях усходняй Літвы з'явіліся ў пачатку II тысячагоддзя. Ва ўсходніх раёнах Літвы ганчарнае кола, як сцвярджае гэта даследчыца, было запазычана ад усходніх славян, i адпаведна кераміка гэтага рэгіёна па сваей форме i арнаменту бліжэй да керамікі ўсходніх славян. Акрамя таго, у пахаваннях усходняй Літвы, як i ў пахаваннях на ўсходнеславянскіх землях, часцей ставіліся цэлыя гаршкі, у той час як у заходняй Літве i на землях прусаў у пахаваннях сустракаюцца толькі абломкі [28].

Сведчаннем пранікнення ўсходніх славян на тэрыторыю пазнейшай Віленшчыны з'яўляюцца матэрыялы раскопак сярэднявечных гарадоў. Яшчэ ў 1933 i 1939 гг. навуковыя супрацоўнікі музея Віленскага ўніверсітэта Алена i Уладзімір Галубовічы правялі першыя даследаванні Крывога горада ў Вільні, які згадваецца ў летапісах у сувязі з падзеямі канца XIV ст. На гары Бекеша гэтымі археолагамі быў закладзены раскоп плошчай каля 500 кв. м. Акрамя íапластаванняў XIV ст. (першы i другі пласт), у ніжнім (трэцім) пласцс выяўлена кераміка, па форме i арнаменту падобная на ганчарны посуд ca славянскіх курганных пахаванняў ХІ-ХІІІ стст. Дату гэтага пласта згаданыя археолагі з дастатковай асцярожнасцю вызначалі як XIII ст. i нават XII ст. [29].

У больш позні час археолаг В. Даўгудзіс быў схільны лічыць заселеную тэрыторыю на гары Бекеша не самім Крывым замкам, а яго форбургам, які ахопліваў i Сталовую гapy. Паводле В. Даўгудзіса, Крывы замак знаходзіўся паўночна-ўсходней, на Трохкрыжовай гары, дзе праводзіліся раскопкі ў 1988, 1989 i 1991 гг. (ускрыта каля 200 кв. м пры магутнасці культурнага пласта 0,4-3,5 м). Напластаванні датуюцца часам ад I тысячагоддзя да н. э. i да канца XIV ст. Як паказалі раскопкі, на гэгай гары ў пачатку II тысячагоддзя (XII-XIII стст.) знаходзілася ўмацаванае паселішча, абкружанае абарончым валам вышынёй 3 м, на якім стаяла двайная сцяна шырынёй каля 2 м, за якой у двары замка размяшчалася доўгая драўляная пабудова гаспадарча-абарончага прызначэння, падзеленая на невялікія памяшканні тыпу казематаў. На месцы гэтага замка неўзабаве быў пабудаваны яшчэ больш магутны драўляны замак з атынкаванай i пабеленай вапнай сцяной. Мяркуючы па канфігурацыі абарончай сцяны, у ёй меліся вежы. Па знаходках керамікі В. Даўгудзіс вызначаў храналогію гэтага замка XIII-XIV стст., i ўказваў, што яна аналагічная выяўленай пры даследаванні ваколіц гары Бекеша. Як меркаваў В. Даўгудзіс, у пачатку II тысячагоддзя н. э. у Вільні стаялі ажно тры драўляныя замкі, кожны з якіх меў свае перадзамчы: Крывы, Верхні (на цяперашняй гары Гедыміна) i замак, які быў на месцы гарадзішча «Магіла Гедыміна» [30].

У 1940 г. У. i A. Галубовічы правялі невялікія раскопкі i на гары Гедыміна, каля падмурка паўночнай вежы Верхняга замка. Матэрыял ніжняга пласта меў аналогію ў знаходках балцкіх гарадзішчаў V-VIII стст. Гэта паселішча загінула хутчэй за ўсё ад пажару, пасля чаго некалькі стагоддзяу на гары ніхто не жыў. Новае паселішча на тым месцы ўзнікла ў раннефеадальную эпоху.

Была знойдзена кераміка, характэрная для славянскіх могільнікаў XI-XIII стст. Выяўлены таксама кручаныя шкляныя бранзалеты [31], якія характэрныя менавіта для ўсходнеславянскіх гарадоў XI - сярэдзіны XIV ст.

Раскопкі на гары Гедыміна праводзіліся i ў 1980-я гады. Знойдзена слабапрафіляваная кераміка ХІ-ХШ стст., арнаментаваная гарызантальнымі паралельнымі лініямі. Да канца XIII ст. адносяцца i сляды драўляна-мураванага будаўніцтва. Сярод знойдзеных рэчаў можна адзначыць шыфернае праселка i абломак шклянога бранзалета, кераміку з хвалістым арнаментам [32].

У 1956 г. адбыліся невялікія раскопкі ў даліне паміж гарамі Бекеша, Сталовай i Трохкрыжовай. Знойдзены рэшткі вала, што закрываў уваход у даліну з захаду, з боку p. Вілія. За 45 м ад вала, каля падножжа Трохкрыжовай гары, даследаваны рэшткі згарэлых драўлянага дома i хлява. Археолаг А. Таўтавічус, які кіраваў гэтымі раскопкамі, адзначаў, што выяўленыя матэрыялы, асабліва кераміка, цыліндрычныя замкі, лыжка, касцяное яйка сведчаць пра цесныя сувязі ў XIV ст. жыхароў гэтай часткі Вільні з матэрыяльнай культурай усходніх славян [33].

Раскопкі Ніжняга замка Вільні, які знаходзіўся на месцы сучаснай Кафедральнай плошчы, праводзіліся ў 1955-1961, 1964 гг. З драўляных пабудоў захаваліся часткі ніжніх вянцоў, падлогі i рэшткі печаў з гліны i камянеў. Пабудовы XIV ст. узводзіліся з тоўстых часаных чатырохкутных бярвенняў. Са знаходак варта назваць самшытавыя грэбні (такія, як i ва ўсходнеславянскіх гарадах), шыферныя праселкі, рэшткі скуранога абутку, драўляны i берасцяны посуд, каменныя ліцейныя формачкі, касцяныя абкладкі, кераміку з хвалістым арнаментам на плечыку i іншыя рэчы [34]. Паводле даных аналізу па С14 , самыя ніжнія з вулічных насцілаў датуюцца (910 ± 90) гадоў назад [35]. Паколькі наяўнасць драўляных тратуараў з'яўляецца адною з важных прыкмет горада, літоўскі даследчык К. Н. Кіткаўскас мяркуе, што з XI-XII стст. на тэрыторыі Ніжняга замка ўжо знаходзілася паселішча гарадскога тыпу - пасад [36]. Раскапаныя рэшткі драўлянай агароджы другой паловы XIV ст. маюць аналогіі v Менску i Бярэсці. Са знаходак можна адзначыць фрагмент драўлянай міскі, драўляны двухбаковы грэбень, касцяныя шахматныя фігуркі. Усе гэтыя рэчы надобныя на выяўленыя пры раскопках сярэднявечных гарадоў Беларусі.

Пра тое, што ўсходнеславянскае насельніцтва на тэрыторыі Літвы пражывала не толькі ў Вільні, сведчаць раскопкі такога горада, як Кернаў. У другой палове XIII - пачатку XIV ст. гэта быў адзін з буйнейшых цэнтраў ВКЛ, у ім (праўда, па звестках позніх летапісаў) знаходзілася рэзідэнцыя вялікага князя ў часы Тройдзеня, Віцсня i пачатку праўлення Гедыміна. У 1390 г. горад быў знішчаны крыжакамі, i як умацаваны асяродак больш не адрадзіўся, недалёка ад рэшткаў былых замкаў узнікла толькі мястэчка. Пры археалагічных даследаваннях Кернава знойдзена ганчарная кераміка з хвалістым арнаментам, на некаторых фрагментах з зялёнай, жоўтай або рыжаватай палівай, якая датуецца XIII-XIV стст. Нават літоўскія археолагі прызнаюць яе ўсходнеславянскае паходжанне, лічачы, праўда, гэты посуд імпартам з тэрыторыі Кіеўскай Русі. Несумненна славянскае паходжанне мелі многія з упрыгожанняў, такія як бранзалеты з каляровага шкла, срэбнае калье з падвесак у выглядзе крына i пацерак, пакрытых раслінным арнаментам, a ў пахавальным інвентары могільніка-скроневыя колцы i шкляныя пацеркі [37].

Некропаль Кернава другой паловы XIII - канца XIV ст. знаходзіцца каля в. Крывейкішкяй (Крывейкішкі). Некаторыя даследчыкі лічаць гэту назву паходзячай ад этноніма племяннога аб'яднання крывічоў. Нябожчыкаў ужо не спальвалі, а хавалі па абраду інгумацыі ў грунтавых магілах. Крыху больш за палову нябожчыкаў (51,6 %) ляжала галавой на захад, астатнія - на паўднёвы захад i на паўночны захад. Прынамсі, частка была пахавана ў драўляных трупах. У амаль палове пахаванняў не было ніякага інвентару. Пахавальны інвентар увогуле быў больш характэрны для жаночых магіл, чым для мужчынскіх. Па могільніку хавалі чэлядзь, рамеснікаў i купцоў горада, але там адсутнічаюць пахаванні прадстаўнікоў феадальнай эліты i княжацкіх дружыннікаў. Як прызнаюць літоўскія археолагі па матэрыялах могільніка Крывейкішкі, насельніцтва Кернава не было аднародным як у этнічным, так i ў канфесійным плане. У пахавальным інвентары выразна адчуваецца ўплыў славянскага ювелірнага мастацтва, а некаторыя вырабы непасрэдна зроблены славянскімі рамеснікамі. Як паказалі раскопкі могільніка, язычніцкія традыцыі пераплятаюцца з хрысціянскімі інавацыямі [38]. Некаторыя даследчыкі лічаць што могільнік належыць славянам [39].

Археолаг Г. Велюс адзін са сваіх артыкулаў прысвяціў вывучэнню галаўных вянкоў, якія складаліся з металічных пласцін, прышытых да тэкстыльнай або скураной стужкі. У могільніку Кернава яны выяўлены ў 29 магілах, якія належалі пераважна жанчынам ва ўзросце 20-29 гадоў. Мяркуецца, што вянкі падкрэслівалі дзетародную функцыю жанчын, што адлюстравалася на арнаментацыі пласцін, якая ў большасці звязана з сімволікай урадлівасці i зараджэння новага жыцця. Звяртае на сябе ўвагу тое, што ў Беларускім Панямонні пахаванні з аналагічнымі вянкамі ў асноўным знойдзены на помніках, аддаленых ад буйных гарадоў, i значыць, далей ад уплыву хрысціянства. У Кернаве ж, як i быў адным з афіцыйных язычніцкіх цэнтраў, хоць памерлых ужо не спальвалі, але затое хавалі з адносна багатым пахавалыіым інвентаром.

Хутчэй за ўсё, галаўныя вянкі вырабляліся на месцы ў Кернаве, у карысць чаго сведчаць адзінкавыя знаходкі пласцінак ад вянкоў у культурным пласце горада. На думку Г. Велюса, славянская ювелірная традыцыя, якая мела глыбокія карані праз рамеснікаў славян абслугоўвала патрэбы мясцовага рынку [40].

Нават калі не ўлічваць адсутнасць на могільніку горада Кернаў трупаспаленняў, прытым у перыяд, калі язычніцтва было афіцыйнай рэлігіяй у Лігве, насельніцтва горада не было пагалоўна язычніцкім, пра што сведчаць знаходкі крыжыкаў. Але яно не было адназначна i хрысціянскім. Зыходзячы з аналізу археалагічнага матэрыялу, можна зрабіць выснову, што ў Кернаве да Крэўскай уніі значная частка насельніцтва на этнічнай прыналежнасці была ўсходнеславянскай, a ў рэлігійных адносінах заставалася язычнікамі, хаця сярод гэтых славян несумненна былі i хрысціяне. Гэта выснова можа быць распаўсюджана i на астатнія гарады паўночнай часткі гістарычнай Літвы.

У «Спісе рускіх гарадоў дальніх i бліжніх» пералічваюцца ўсходнеславянскія гарады, падзеленыя на трупы: «кіеўскія», «падольскія», «валынскія», «смаленскія», «разанскія», «залескія» i іншыя, выдзелена група «літоўскіх» гарадоў, у якую залічаны ўмацаваныя паселішчы ад Горваля i Слуцка на поўдні да p. Швянтойі (Святой) i сутоку Віліі i Немана на поўначы. У прыватнасці, там названыя Мерач, Кернаў, Коўна, Вількамір (цяперашні Укмерге), Майшагала, Вільня, Трокі Старыя i Трокі Новыя, Меднікі (Мядзінінкай). Паказальна, што ў «Спісе» адсутнічаюць гарады цэнтральнай i паўночнай частак цяперашняй Літвы. М. М. Ціхаміраў адносіў час складання «Спісу» да 1387-1406 гг. Т. Баранаўскас звяртае ўвагу, што паводле ўказанняў на існаванне ў шэрагу пунктаў мураваных умацаванняў, «Спіс» складзены дзесьці да канца праўлення Вітаўта [41] . Украінскі гісгорык М. Брайчэўскі меркаваў, што асновай «Спіса» былі звесткі сярэдзіны XIV ст. [42]. На нашу думку, інфармацыя пра наяўнасць мураваных умацаванняў магла ўносіцца сапраўды ў 1420-1440 гг., але падзел гарадоў на групы, якія адлюстроўвалі палітычна-дзяржаўную прыналежнасць, дазваляе аднесці ўзнікненне протаграфа «Спісу» не пазней чым да другой чвэрці XIV ст. Значыць, група «літоўскіх» гарадоў змяшчае спіс умацаваных населеных пунктаў ВКЛ у межах часоў Гедыміна. Аднясенне «літоўскіх» гарадоў, уключаючы гарады паўднёвай i ўсходняй частак сучаснай

Літоўскай Рэспублікі. да метагрупы «рускіх» гарадоў адлюстроўвала прыналежнасць часткі ix насельніцтва паводле этнаканфесійнай прыналежнасці да ўсходніх славян, «рускіх» па тагачаснай тэрміналогіі.

Сведчаннем распаўсюджання ўплываў славян-язычнікаў углыб Літвы з'яўляецца геаграфія некаторых сакральных рэчаў, якія не былі прадметам масавага ўжытку. Плоскія металічныя «конікі», якія лічацца найбольш характэрнымі для крывічоў, знойдзены ў Вільні [43] i нават у могільніку аўкштайтаў на воз. Абяляй недалёка ад Укмерге [44], на правабярэжжы р. Швянтойі. Круглыя манетападобныя падвескі з салярнай выявай у цэнтры i 12 выпуклымі кропкамі па краю (умоўна можна назваць «падвескі дрыгавіцкага тыпу») у апошнія гады выяўлены ў Кернаве [45] i ў грунтавым могільніку Байорай (дзе ляжала ра­ зам з манетай канца XIV ст.), паміж Вільняй i Коўнам [46]. Звяртае на сябе ўвагу тое, што амаль усе паселішчы з назвай Bajorai (г. зн. Баяры), якіх на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі налічваецца 23, размешчаны на абшары, абмежаваным з поўначы i з захаду р. Нявежыс, нават пераважна на левабярэжжы р. Швянтойі, i толькі два з ix маюцца ў Занямонні (Вілкавішскі раён), a ў Жэмайціі цалкам адсутнічаюць [47].

Крыжацкі храніст XIV ст. Віганд з Марбурга характарызаваў Вільню як «civitas Rutenica» альбо горад, што быў заснаваны русінамі. Паводле іншага храніста - Борнбаха, русіны жылі ў наваколлях Трокаў (Тракая) i нават далей на поўнач i захад - каля Коўна (Каўнаса) i да ўпадзення ў Нёман ракі Нявежа (Нявежыс) [48]. Польскі гісторык Г. Пашкевіч прыводзіў шэраг сведчачаняў ордэнскіх хронік пра русінаў, захопленых у палон крыжакамі ў ваколіцах Трокаў i Коўна, а таксама паміж рэкамі Дубіса i Нявежыс [49]. A. Ліцкевіч, інтэрпрэтуючы гэтыя згадкі пра русінаў у канфесійным сэнсе (г. зн. як праваслаўных), выказвае думку, што паколькі крыжакі не былі зацікаўлены ў незалежнай ад Тэўтонскага ордэна хрысціянізацыі Літвы, праваслаўнай ці каталіцкай, там у праваслаўныя абшчыны ў час крыжацкіх паходаў маглі станавіцца адной з галоўных мішэняў [50]. Мовазнаўца З. Зінкявічус, які правёў дыяхранічны аналіз фанетычных асаблівасцей літоўскіх аптрапонімаў усходнеславянскага паходжання, зрабіў выснову што дадзеныя антрапонімы запазычаліся літоўцамі ў тыя самыя часы, калі ў літоўскую мову пранікалі назоўнікі для абазначэння хрысціянскай (царкоўнай) тэрміналогіі. Частка аптрапонімаў трапіла ў літоўскую мову яшчэ ў перыяд існавання рэдукаваных ва ўсходнеславянскай, г. зн. да сярэдзіны XII ст. Хрысціянская царква ўсходняга абраду пачала ўплываць на Літву яшчэ ў XI ст., але асабліва моцным гэты ўплыў зрабіўся з другой паловы XII ст. На думку даследчыка, большасць царкоўных тэрмінаў, у тым ліку i частка антрапонімаў, у літоўскую мову прыйшла ад усходнеславянскіх суседзяў яшчэ да пачатку XIV ст. [51].

Такім чынам, на падставе матэрыялаў археалогіі, тапаніміі i пісьмовых крыніц можна зрабіць выснову, шго на тэрыторыі гістарычнай Літвы ў сярэднявеччы пражывала этнічна змешанае насельніцтва. Паселішчы балтаў доўгі час меліся далека на ўсходзе i поўдні, асабліва ў раёнах Дзятлава, Ружанаў, Клецка, Заслаўя, Радашковічаў, Лагойска, Докшыцаў. У шэрагу пералічаных мясцін балцкія антрапонімы насельніцтва захоўваліся нават у канцы XVI ст., таму пражыванне там балцкага насельніцтва на рубяжы XIV-XV стст. уяўляецца несумненным. Ёсць падставы сцвярджаць, што гэтыя балты з'яўляліся нашчадкамі карэннага даславянскага насельніцтва, таму што курганныя матэрыялы XI-XII стст. у некаторых мясцовасцях сведчаць пра прысутнасць даславянскага субстрату, a пісьмовыя дакументы часоў ВКЛ нічога не паведамляюць пра масавыя перасяленні туды з тэрыторыі сучаснай Літвы. У сваю чаргу, славянскае насельніцтва пражывала ў Вільні, Кернаве i іншых гарадах паўночнай часткі гістарычнай Літвы, а таксама ў некаторых сельскіх паселішчах таго рэгіёна. Да Крэўскай уніі там адбывалася распаўсюджанне праваслаўя, пра што сведчаць як даныя мовазнаўства, так i агіяграфічнай літаратуры, i гістарычныя сведчанні пра наяўнасць у Вільні праваслаўных храмаў. З прыняццем каталіцтва ў якасці дзяржаўнай рэлігіі распаўсюджанне праваслаўя сярод этнічных балтаў ускладнілася, але значная частка раней ахрышчаных у яго захавала сваю канфесійную прыналежнасць. У часы Ягайлы i Вітаўта субстратнае балцкае насельніцтва паўднёвай i ўсходняй частак гістарычнай Літвы (г. зн. на абшары цяперашняй Беларусі), якое раней з'яўлялася язычнікамі, было ахрышчана ў каталіцкую веру, хаця ix хрысціянізацыя i была спачатку павярхоўнай. У далейшым каталіцкая прыналежнасць жыхароў балцкіх астраўкоў не спыніла ix моўную і этнічную славянізацыю, дакладней беларусізацыю.



[1]Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государ­ ства ко времени издания Первого Литовского Статута. М., 1892; Он же. Литовско-русский сейм: опыт по истории учреждения в связи с внутренним строем и внешней жизнью государ­ ства. М., 1901; Он же. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской Унии включительно. 2-е изд. М., 1915.

[2]Ермолович М. О местоположении Древней Литвы и некоторых других балтских земель íà территории Белоруссии // Ïроблемы этнической истории балтов: Тез. докл. межресп. науч. конф. Рига, 1985. С. 69-71: Он же. Па слядах аднаго міфа. Мінск, 1989. С. 21-35.

[3]Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Міііск, 1998. С. 154.

[4]Akademii Umiejętności. Wydział Ilistoryczno-Filozoficzny. Seria II. 1916. T. 59. S. 216-217.

[5]Ochmański J. Litewska granica etniczna na wschodzie od epoki plemiennej do XVI wieku // Uniwersytet im. Adama Mickiewicza w Poznaniu. Seria historia. 1981. № 96.

[6]Тамсама. S. 60.

[7]Гаўчас П. К вопросу о восточных и южных границах литовской этнической террито­ рии в средневековье // Балто-славянские исследования. 1986. М, 1987. С. 195-213.

[8]Туронак Ю. Фармаваныіе сеткі рыма-каталіцкіх парафіяў у Беларусі (1387-1781 гг.) // Беларус. гіст. агляд. 1995. Т. 2. Сш. 2. С. 188-189.

[9]Акты Виленской археографической комиссии. Вильна, 1887. Т. 14: Инвентари имений XVI столетия. С. 543.

[10]LM-3.P. 53.

[11]Зайкоўскі Э. М. Раскопкі на Дзявочай гары // Гістарычна-археалагічны зб. Мінск, 1994. № 4. С. 71-87.

[12]Заяц Ю. А. Работы Заславльского отряда // Археологические открытия 1981 года. М.. 1983. С. 349.

[13]Заяц Ю. Л. Работа в Изяславле // Археологические открытия 1983 года. М., 1985. С. 390.

[14]Заяц Ю. А. Работа Заславльского отряда// Археологические открытия 1980 года. М., 1981. С. 336.

[15]Туронак Ю. Фармаваныіе сеткі рыма-каталіцкіх парафіяў у Беларусі (1387-1781 гг.). С. 187-191.

[16]Седов Я В. Литва и кривичи // Lietuvos archeologija. Vilnius, 2001. Т. 21. Skiriama Rеginos Volkaites - Kulikauskienes 85 - meciui. C. 81-86.

[17]Ваганас А. Литовские гидронимы славянского происхождения // Балто - славянские исследования. 1980. М., 1981. С. 151-157.

[18]Зайковскій Э. М. Раскопкі каля Радагошчы // Гістарычна-археалагічны зб. Мінск, 1996. № 7. С. 120-140; Ён жа. Даследванні славянскага гарадзіміча Радагошча каля Навагрудка // Badania archeologiczne w Polsce północno-wschodniej i na zachodniej Białorusi w latach 2000-2001. Materiały z konferencji, Białystok, 6-7 grudnia 2001 roku. Białystok, 2002. S. 283-291.

[19]Iwanowska G. Cmentarzysko kurhanowe w Żwirblach pod Wilnem. Warszawa, 2006; Cehak- Hohtbowiczowa H. Cmentarzysko kurhanowe z VI i VII w. z miejsc. Karmazyny koło miasta Troki w Litewskiej SRR // Wiadomości Arhcologiczne. Warszawa, 1955. Т. 22. Z. 3-4. S. 312-331; Luchtanas A. VarliSkiu pilkapvno tyrinejimai // Archeologiniai tyrinejimai Lietuvoje 1998 ir 1999 mctais. Vilnius, 2000. Р. 189-194.

[20]Kernave - litewska Troja. Warszawa, 2002. S. 118-120.

[21]Vengalis R. Rytą l.ietuvos keramika VIIl-ХП a. // Lietuvos archeologija. Vilnius, 2008. Т. 33. 8 pav., 12 pav.

[22]Antoniewicz W. Czasy przedhistoryczne i wczesnodziejowe ziemi Wileńskiej // Wilno i ziemia Wileńska. Zarys monograficzny. Wilno, 1930. Т. 1. S. 103-123.

[23]Королькова Л. В. Вопросы интерпретации ножей с волютообразным навершием // Тверской археологический сб. Тверь, 1994. Вып. 1. С. 234-238; Szymański W. Noże z rękojeściami zakończonymi wolutami - zagadkowe komponenty kultury słowiańskiej i awarskiej // Studia nad etnogenezą Słowian i kulturą Europy wczesnośrеdniowiеcznej. Wrocław; Warszawa; Kraków; Gdańsk; Łódź, 1988. T. 2. S. 141-159.

[24]Гошкевич И. И. Виленская губерния. Полный список населенных мест со статистически­ ми данными о каждом поселении. Вильна, 1905. С. 59.

[25]Шмидт Е. А. Особенности этнокультурного развития племен Смоленского Поднепровья и смежных территорий в VIII-X веках н. э. // Гістарычна-археалагічны зб. Мінск. 2006 Вып 22 С. 113-119.

[26]Охманьский Е. Иноземные поселения в Литве XIІІ-XIV вв. в свете этнонимических мест­ ных названий// Балто-славянские исследования. 1980. М., 1981. С. 116.

[27]Тамсама. С. 115-116.

[28]Muleviciene І. Ziedżiamojo rato pasirodymo Lietuvos tcritorijoje klausimu // Lictuvos TSR Mokslij akademijos darbai. Serija A. 1971. T. 2. P. 111-121.

[29]Голубович В., Голубович E. Кривой город - Вильно II Краткие сообщения о докладах и по­ левых исследованиях Института истории материальной культуры АН СССР. М.; Л., 1945. Вып. 9. С.

[30]Даўгудзіс В. новыя дадзеныя пра мінулае віленскай Лысай (Трохкрыжовай) гары // Гісторыка - археалагічны зб. Мінск. 2006. №21. С. 99 - 102.

[31]Голубович В., Голубович Е. Кривой город - Вильно. С. 124.

[32]Лисанка А. Раскопки па горе Гедиминаса в Вильнюсе // Археологические открытия 1982 года. М., 1984. С. 385.

[33]Тautavicius A. Is XIV a. Vilniaus gyventoju buities // Is lietuviu kulturos istorijos. Vilnius, 1958 Т. 1. P. 295.

[34]Тautavicius A. Archeologiniai Kasinćjimai Vilniaus Zemulines pilies teritorijojc 1959 m. // Lietuvos TSR Mokslij Akademijos darbai. Serija A. 1960. T. 2. P. 43-66; Idem. Archeologiniai Kasinejimai Vilniaus Żemutines pilies teritorijojc 1960 m. // Lietuvos TSR Mokslij Akademijos darbai Serija A. 1961. T. 2. P. 103-124.

[35]Лухтан А., Ушинскас Я К проблеме становления Литовской земли в свете археологических данных // Древности Литвы и Белоруссии. Вильнюс, 1988. С. 101.

[36]Киткаускас К.-Н. И. Комплекс зданий Вильнюсского Нижнего замка (Исследования и вопросы охраны). Автореф. дис. ... канд. ист. наук. М., 1980. С. 17.

[37]Kernave - litewska Troja. S. 166, 175,182, 185, 187, 194, 195.

[38]Velius J. Społeczeństwo Kernave w XIII-XIV w. // Kernawe - litewska Troja. Warszawa, 2002. S. 35-53.

[39]Zabiela G. Laidosena pagoniśkojc Lictuvoje // Lietuvos Archeologija. Vilnius, 1998. Т. 15. P. 356.

[40]Velius J. XIII-XIV a. Kårnavås kapinyno apgalviai // Lietuvos archeologija. Vilnius, 2001. T. 21: Skiriama Reginos Volkaites Kulikauskienes 85-mećiui. P. 396-398.

[41]http://wap.historiae.borda.ru/71-3-90-00000050-000- 10001-0

[42]Брайчевський М. Ю. Географічні межі Галицького князівства близько 1185 р. (з коментарів до «Слона о полку Ігоревім») // Галич и Галицька земля: 36. паук, праць. Кйів; Галич, 1998. С. 24-28.

[43]Jonaiiis R. Tyrinejimai rotuścs aikStejc ir jos pricigose // Archeologiniai tyrinejimai Lieluvoje 2006 metais. Vilnius, 2007. P. 366, 2 pav.

[44]Urbanavicius Ê, Urbanaviciene S. Archeologiniai tyrimai // Lictuvos archeologija. Vilnius, 1988. T. 6: ОЬеІіц kapinynas. P. 42, 71 pav., 3.

[45]Vengalis R- Kcrnaves virSutinis miestas // Archeologiniai tyrinejimai Lietuvoje 2006 metais. Vilnius, 2007. P. 96, 3 pav.

[46]Паводле інфармацыі, ветліва прадастаўленай археолагам В. Вайткявічусам (Інстытут гісторыі Літвы).

[47]Lietuvos TSR administracinio - teritorinio suskirstymo źinynas. II dalis/ Parengć Zigmuntas Noreika ir Vincentas Stravinskas. Vilnius, 1976. P. 22-23.

[48]Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: Мова, паходжаньне, этнічная іірыналежпасьць. Мінск, 2001. С. 82-83.

[49]Paszkiewicz II. O genezie i wartości Krewa. Warszawa, 1938. S. 166-168.

[50]Ліцкевіч А. Да пытання пра рутэнізацыю балтаў ВКЛ у XIV - пачатку XV ст. // ARCHЕ. 2009. № 11-12. С. 48.

[51]Зинкявичюс 3. К истории литовской христианской терминологии восточнославянского происхождения // Балто-славянские исследования. 1980. М., 1981. С. 139.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX