Вярнуцца: Артыкулы

Зайкоўскі Э. Балты цэнтральнай i усходняй Беларусі ў сярэднявеччы


Аўтар: Зайкоўскі Эдвард,
Дадана: 11-10-2011,
Крыніца: Спадчына №1-1999. С. 61-72.



Паводле зьвесткаў археалёгіі й гідраніміі, амаль усю сучасную тэрыторыю Беларусі яшчэ ў пачатку нашай эры займалі балцкія плямёны. Паступовае прасоўваньне славянаў на поўнач і асыміляцыя імі балтаў пачаліся зь сярэдзіны I тыс. н.э., а на думку А. Мядзьведзева - археалягічныя матэрыялы не даюць магчымасьці гаварыць наконт пранікненьня славянаў на большую частку Беларусі раней чым у VIII-IX стст. Пад узьдзеяньнем балцкага субстрату склаліся асноўныя этнавызначальныя рысы беларусаў.

Але працэс асыміляцыі балтаў нельга лічыць зьявай, якая ў розных частках Беларусі адбывалася ў адзін час і з аднолькавай інтэнсіўнасьцю. Калі ў адных мейсцах славянізацыя завяршылася да канца I тыс. н.э., то ў іншых яна праходзіла ў XII-XIII стст., у некаторых - у пэрыяд позьняга сярэднявечча, а дзе-нідзе нават у XIX ст.

Праблеме этнічнай мяжы славянаў і балтаў (а пазьней беларусаў і летувісаў) прысьвечаны шэраг працаў археолягаў, гісторыкаў і лінгвістаў. Сярод іх варта адзначыць дасьледаваньні В. Сядова, Г. Лаўмяньскага, Я. Зьвяругі, Л. Дучыц, Е. Ахманьскага, П. Гаўчаса, Ф. Клімчука і А. Відугірыса, М. Грынблата і іншых. На думку многіх зь іх, мяжа славянаў і балтаў у канцы I тыс. н.э. праходзіла прыблізна па лініі Асьвейскае возера - Дзісна - Пліса - Будслаў - Заслаўе - Рубяжэвічы - Дзераўная - Беліца - Слонім - Ваўкавыск. Е. Ахманьскі, які прысьвяціў сярэднявечнай літоўскай мяжы на ўсходзе асобную кнігу, сабраў і абагульніў значны матэрыял па этнічнай прыналежнасыді насельніцтва паўночна-заходняй Беларусі. У той жа час ён не заўсёды слушна зьмешвае пытаньні летувіскай этнічнай мяжы і мяжы гістарычнай вобласьці Літва. Плённай уяўляецца думка дасьледніка, што балты не былі цалкам асыміляваныя, а ў шэрагу мейсцаў і надалей утваралі астраўкі сярод славянскага насельніцтва.

Пры разглядзе заселенай балтамі ў сярэднявеччы тэрыторыі варта спыніцца на пэўных момантах. Сярэднявечныя балцкія анклавы паўночнага захаду Беларусі ёсьць падставы лічыць у адных выпадках нашчадкамі латгалаў, насельніцтва культуры ўсходнелітоўскіх курганоў, у іншых - рэшткамі яцьвягаў, палонных ці тых, што ўцяклі з-пад уціску Тэўтонскага ордэну прусаў. Іншая справа - балцкія астраўкі цэнтральнай і ўсходняй Беларусі.

У свой час нават такі супраціўца тэорыі балцкага субстрату, як В.Жучкевіч, вылўчаў у тапаніміі Беларусі некалькі добра прыкметных "балтыйскіх ачагоў", у якіх балцкія мовы маглі захоўвацца доўгі час. Сярод гэтых балцкіх астраўкоў арэал Менск - Заслаўе - Крайск - Бягомль - Лепель - Чарэя - Бобр - Барысаў - Менск, а таксама раёны Слуцка - Грэска - Капыля і Талькі - Шацка. Адным з самых паўднёвых ачагоў балцкай тапаніміі В. Жучкевіч лічыў крайні паўночны захад Гомельскай і паўднёвы захад Магілёўскай абласьцей у радыюсе каля 30-60 км вакол Клічава.

Калі браць тапонімы (назвы населеных пунктаў), то тыпова летувіскімі лічацца назвы з суфіксам -ішкі. Тапонімы на -iske, -iskes у Летуве адны з самых распаўсюджаных. На тэрыторыі Беларусі назвы населеных пунктаў з суфіксам -ішкі сканцэнтраваныя на паўночным захадзе, паблізу беларуска-летувіскай мяжы. Польскі дасьледнік Я.Сафарэвіч арэал распаўсюджаньня такіх тапонімаў на ўсходзе і паўднёвым усходзе абмяжоўваў лініяй: на захад ад Браслава, Дзісны, на захад ад Паставаў, на поўнач ад Нарачы і Мядзела, на паўночны захад ад возера Сьвір, далей паварочвае на паўднёвы захад, праходзячы ўсходней Ашмянаў, потым уздоўж лініі Маладэчна - Валожын, па заходняй Бярэзіне і паўднёвей Шчучына да Горадні. З улікам матэрыялаў М.Бірылы і А.Ванагаса Е.Ахманьскі лічыў магчымым правесьці ўсходнюю мяжу распаўсюджаньня такіх назваў паблізу лініі: возера Снуды - возера Дрывяты - возера Богінскае - рака Дзісна - Казяны - Паставы - Камаі - возера Мядзел - возера Сьвір - Жодзішкі - Гарадок - Івянец. Калі параўноўваць тапанімічныя матэрыялы з археалягічнымі, то варта адзначыць, што значная частка гэтага арэалу была заселеная плямёнамі культуры ўсходнелітоўскіх курганоў. Насельніцтва гэтай культуры лічыць продкамі летувісаў. Тыя ж балцкія астраўкі, якія ў сярэднявеччы існавалі ўсходней арэалу культуры ўсходне-літоўскіх курганоў, і распаўсюджаньне тапонімаў на -ішкі зьвязваць зь летувіскім этнасам няма падставаў.

У навуковай літаратуры неаднаразова згадвалася, што пасьля афіцыйнага прыняцьця каталіцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім у 1387 г. першыя касьцёлы былі пабудаваныя ў Гайне і Абольцах. На падставе гэтага рабілася выснова, што там захоўваліся астраўкі балцкага насельніцтва, якое і прыняло каталіцтва. Адносна Абольцаў (сёньня Талачынскі раён Віцебскай вобласьці) дасьледаваньне антрапаніміі і мясцовых жыхароў праводзілася Е.Ахманьскім паводле кнігі запісаў Мэтрыкі BKJI, дзе зьмешчаныя дакумэнты часоў вялікага князя Казімера Ягайлавіча, і паводле двух інвэнтароў усходняй часткі былой Аболецкай воласьці канца XVI ст. Антрапонімы маюць яскрава балцкае паходжаньне. У сярэдзіне XV ст. у воласьці Абольцы жылі сяляне з антрапонімамі Тричис, Свіркліс, Добутис, Рймейшис, Монтейко, Довеміко, Нарэйка, Кушлевіч (г.зн. сын Кушля), Філіт, Трочко, Мажелцй, Овільт, Тешило, Эйжвід, Юрйс. Магчыма, мясцовыя карані меў прадстаўнік паноўнага стану Совирим Обольчанин, унук Куркуця. Некаторым з гэтых імёнаў Е. Ахманьскі знаходзіў адпаведнікі на тэрыторыі этнічнай Летувы ў XVI-XVII стст., але гэтага недастаткова для таго, каб згаданых жыхароў Абольцаў лічыць летувісамі. Гэта маглі быць агульныя старажытна-балцкія імёны. Напрыклад, у славянаў некаторыя паганскія імёны былі агульнымі для шэрагу навагг несуседніх народаў. У 1593 г. ва ўсходняй частцы Аболецкай воласыді сустракаліся балцкага паходжаньня антрапанімічныя прозьвішчы Курэйша, Цюльпа, Адэрэйкавіч, Пляшко, Гіра, Купрэйкавіч і Купрэйка, Дзягіль, Судзіловіч.

Пакуль што дасьледнікі не ўдзялялі дастаткова ўвагі Гайне і яе ваколіцам (Лагойскі раён Менскай вобласьці). Між тым трэба зьвярнуць увагу на тое, што яшчэ ў 1553 г., г.зн. задоўга да масавага акаталічваньня шляхты, касьцёлы існавалі і адносна недалёка ад Гайны - у Астрошыцах, Радашкавічах і Вязыні. Вядомы ад 1596 г. інвэнтар маёнтку Сялец і іншых сёлаў Менскага павету, такіх, як Акулічы, Заельле і Буславічы (ідэнтыфікуюцца з сучаснымі вёскамі Сялец і Заельнік Лагазінскага сельсавету, Бухнавічы Янушкавіцкага сельсавету Лагойскага раёну, Аколіца Астрашыцка-Гарадоцкага сельсавету Менскага раёну). У сьпісе сялянаў зьвяртаюць увагу антрапонімы Шылук Барташэвіч, Петрас Барташэвіч (сёлы Акулічы і Заельле), Станіслаў Кгінюшавіч, Паўлюк Вайшковіч, Балтруш Кадут, Мацей Белаш (сяло Буславічы), а таксама шэраг іншых з тыпова каталіцкімі імёнамі Марцін, Станіслаў, Каспар, Янушка, Войцех, Януш, Стасюк, Янук. Можна зрабіць выснову, што ў гэтых сёлах каталіцкае насельніцтва паходзіць ад тутэйшых балтаў, якія былі ахрышчаныя пасьля Крэўскае вуніі. Пра тое, што балты жылі ў паўднёва-заходняй частцы сучаснага Лагойскага раёну ў пэрыяд да XIII ст., сьведчыць і тое, што каля вёсак Айнаравічы і Харужанцы Янушкавіцкага, Чырвоны Бор Гайненскага, Селішча Лагазінскага і Сухая Гара Бяларуцкага сельсаветаў захаваліся курганы з каменнай абкладкай, якая лічыцца балцкай этнакультурнай прыкметай.

Ад Гайны і яе ваколіцаў арэал пражываньня балтаў у сярэднявеччы цягнуўся ў кірунку Радашкавічаў і Івянца, пра што сьведчыць і шматлікая балцкая айканімія. П. Гаўчас адзначае там такія балцкія ў аснове назовы, як Бакшты, Вазгелы, Дзякшняны, Пяцюлі, Бузуны, Будраўшчына, Гярвелі, Гіравічы, Юржышкі, Кучкуны, Пятрышкі, Броста, Ляўда, Айнаравічы, Гярманішкі, Гойжава, Швіла, Удра, Барздынь і інш. Яшчэ ў часы Казімера Ягелончыка (1440- 1492) сярод падараваных нейкаму Яну Тундзевічу трох чалавекаў у Ракаве (цяпер Валожынскі раён) два мелі імёны Пацюс і Малдуціс. Захаваньне балцкіх антрапонімаў яшчэ ў канцы XVI ст. на ўсходзе цяперашняй Маладэчаншчаны прасочана Е. Ахманьскім у апублікаваных інвэнтарох маёнтку Дзякшняны з навакольнымі вёскамі. Насельніцтва маёнтку прыблізна пароўну дзялілася на праваслаўных і каталікоў. Сярод апошніх сустракаліся такія антрапонімы, як Юргель, Томка Вазгелавіч, Лакштутэвіч, Марцінэль. У Радашкавіцкай воласьці жылі Мастэйкавіч, Раўша, Бутрымовіч, Жамойцін, Юргелевіч і іншыя. Е.Ахманьскі меркаваў, што яшчэ ў XVI ст. палова вёскаў былі чыста балцкімі (Вазгелы, Путнікі) або чыста славянскімі, насельніцтва некаторых паселішчаў было этнічна зьмяшаным.

Цікава, што яшчэ ў грамаце вялікага князя Аляксандра Казімеравіча віленскаму біскупу (18 верасьня 1501 г.) даецца права прызначаць валодаючых "літоўскай мовай" ксяндзоў у шэраг мясьцінаў, у тым ліку ў Радашкавічы і Койданава. Можна меркаваць, што мяйсцовым балтам летувіская мова была ўсё ж больш зразумелая, чым польская ці тым больш лацінская.

Балцкамоўная выспа, як мяркуецца, была і ў ваколіцах г. Докшыцы, паблізу водападзелу рэк Бярэзіны і Вяльлі (Віліі). У гэтай балоцістай мясцовасьці адзначаныя такія балцкія айконімы: Докшыцы, Кобелі, Скудуці, Шыляны, Шунелі, Шантары, Пералоі, Азарцы, Кейданы, Крыпулі, Бірулі, Шалагіры, Каўлі, Варлін, Кальнік, Мількуны, Станкуль, Лапішкі, Шыленцы, Гойгалава, Пескавішкі, Швэплі і іншыя, насельніцтва гэтых вёскаў было ў асноўным праваслаўным, што можа сьведчыць пра яго хрысьціянізацыю яшчэ да Крэўскае вуніі. Як мяркуе П. Гаўчас, на водападзеле балцкае насельніцтва захоўвалася найбольш доўга. Месцы Галоўнага водападзелу, дзе балцкіх айконімаў мала ці зусім няма, хутчэй за ўсё служылі калідорамі, празь якія славяне пранікалі ў Панямоньне і Падзьвіньне.

На паўднёвы захад ад Менска ў XVI-пачатку XVII ст. рэшткі балцкага насельніцтва захоўваліся на ўсходзе Клецкага і захадзе Капыльскага раёнаў, каля Цімкавічаў, Ёдчыцаў, Урведзі, Даўмантовічаў, дзе згадваюцца такія насельнікі, як Юргіс Гірэчэня, Герман Швэйкуць, Юргіс Труценя, Вайцюіс Плявачыч, Яська Пацукеленя.

Адзначыўшы вялікую працу Е. Ахманьскага і П. Гаўчаса ў дасьледаваньні балцка-беларускай мяжы ў сярэднявеччы, нельга пагадзіцца з названымі аўтарамі адносна трактоўкі гэтых балтаў як летувісаў. Хоць мяжа гістарычнай вобласьці Літва на ўсходзе распасьціралася амаль да ракі Бярэзіны, аднак гаварыць пра магчымасьць распаўсюджаньня летувіскага этнасу на ўсход і паўднёвы ўсход ад арэалу ўсходнелітоўскіх курганоў, г.зн. далей за Маладэчна, не выпадае. У часы ж Вялікага Княства Літоўскага пісьмовыя дакумэнты нічога ня згадваюць пра масавыя перасяленьні летувісаў у цэнтральную і ўсходнюю часткі Беларусі. Нават сучасны летувіскі дасьледнік Зігмас Зінкявічус, хаця і настроены радыкальна ў дачыненьні да этнічных межаў, усё ж лічыць: "Цяжка паверыць, што простых сялянаў перасялялі кудысьці на ўсход. Па крайняй меры, такія факты ў гістарычных крыніцах невядомыя".

Гістарычнай папярэдніцай славянаў у цэнтральнай і ўсходняй Беларусі была культура тыпу верхняга пласту Банцараўшчыны (банцараўская, банцараўска-тушамлянская) трэцяй чвэрці I тыс. н.э. Бальшыня дасьледнікаў лічаць гэтую культуру паводле этнічнай прыналежнасьці балцкай або балта-славянскай. Пасьля яе зьнікненьня (VIII- IX стст.), згодна з археалягічнымі зьвесткамі, іншыя буйныя перасяленьні балтаў на гэтую тэрыторыю не зафіксаваныя. На нашую думку, прыток славянаў-перасяленцаў колькасна быў не такі ўжо вялікі, таму славянізацыя тубыльцаў адбывалася найперш дзякуючы славянскім гарадам, княскай дружыне, а з канца X ст. - хрысьціянскай царкве, паколькі хрысьціянізацыя вяла і да славянізацыі.У сувязі з культам вытокаў рэкаў, узгоркаў, а таксама, магчыма, і зь іншых прычынаў Галоўны Эўрапейскі водападзел быў зонай найбольшага распаўсюджаньня паганскіх сввяцілішчаў, пражываньня сьвятароў, своеасаблівай сакральнай тэрыторыяй, куды маглі сьцякацца паломнікі з усяго балцкага абшару. З гэтых жа прычынаў хрысьціянізацыя тут доўга не давала плену, і этнічныя зьмены ішлі марудна.

(94KB) Мапа.

Невыпадкова першыя пабудаваныя пасьля Крэўскае вуніі паводле загаду Ягайлы касьцёлы ў Абольцах і Гайне былі разьмешчаныя побач з водападзелам. Паколькі першыя хрысьціянскія храмы будаваліся звычайна на месцы паганскіх капішчаў, то варта меркаваць, што аналягічная сытуацыя была і ў гэтых двух паселішчах. Этнічнае збліжэньне балцкага насельніцтва паласы водападзелу са сваімі славянскімі суседзямі інтэнсіўна пайшло толькі пасьля ліквідацыі яго рэлігійнай адасобленасьці, г.зн. пасьля прыняцьця хрысьціянства, хоць бы і іншай канфэсіі.

Патрабуе ўдакладненьня заходняя мяжа арэалу банцараўскай культуры. А.Мітрафанаў, які прысьвяціў ёй частку сваёй манаграфіі, як крайнія паўночназаходнія і заходнія помнікі культуры на карце яе распаўсюджаньня адзначаў Урагава (Верхнядзьвінскі раён), Гаравыя (Полацкі), Сьвіла (Глыбоцкі), Курчына, Равячка, Гарадзішча, Мікасецк, Міколыды (Мядзелскі), Гуры і Сосенка (Вілейскі), Банцараўшчына (Менскі), Вірткі (Салігорскі раён). Пошукі апошніх двух дзесяцігодзьдзяў дазваляюць дадаткова назваць на заходняй мяжы банцараўскай культуры такія пункты, як Пліса (Глыбоцкі раён), Варганы (Докшыцкі), Дубавое і Стругалапы (Мядзелскі), Радашкавічы і Насілава (Маладэчанскі), Заслаўе (Менскі), Каменка (Койданаўскі), Гарадзішча і Цеплень (Узьдзенскі раён). Л.Побаль да банцараўскіх залічвае яшчэ шэраг больш заходніх помнікаў: Лукшы і Краснаполь (Браслаўскі раён), Слабада і Касьцяневічы (Вілейскі), Уша і Парадаўшчына (Маладэчанскі), Пагарэльшчына і Жыдава Гара (Валожынскі), Ярэмічы (Карэліцкі), Панямонь, Чарэшля (Наваградзкі), Талкуны (Дзятлаўскі раён), але гэтыя зьвесткі патрабуюць дадатковага пацьверджаньня. Нават калі заходнюю мяжу банцараўскай культуры праводзіць без уліку думкі Л.. Побаля, то ў арэал гэтай культуры зьмяшчаюцца аболецкая, докшыцкая, гайненская, радашкавіцкая, балцкія выспы.

Акрамя згаданых ужо курганоў з каменнай абкладкай на паўднёвазаходняй Лагойшчыне, можна ў гэтым арэале назваць і шэраг аналягічных помнікаў. У Кургановым могільніку каля в.Барздынь (за 8 км ад Заслаўя) дасьледаваны тры курганы з трупапакладаньнямі на мацерыку і кальцавымі абкладкамі з каменьня і валуноў. Каля в.Анусіна Пятрышкаўскага сельсавету Менскага раёну Ю.Заяц у некаторых курганах другой паловы XI-пачатку XII ст. выявіў кальцавыя абгародкі з камянёў. Курган з трупапакладаньнем у падкургановай яме, з кальцавой абгародкай з камянёў у насыпе, які датуецца XI ст., быў раскапаны ім і каля в.Путчына Койданаўскага раёну. Недалёка ад Анусіна, на Дзявочай Гары ў Валожынскім раёне, разьмешчана кургановая група, якая налічвае каля двух дзясяткаў насыпаў, дзевяць зь іх дасьледаваныя намі. Меншыя курганы мелі кальцавую абгародку зь невялікіх валуноў, большыя складзены з камянёў уперамешку зь зямлёю, трупапакладаньні зьмяшчаюцца ў падкургановых ямах, арыентыроўка касьцякоў - заходняя, з адхіленьнямі на паўночны або паўднёвы захад. У адным з курганоў выяўлены мэталічны бранзалет са зьмяінагаловымі канцамі, характэрны для балтаў (гл. 4-ю старонку вокладкі). Курганы датуюцца паводле знойдзеных упрыгожаньняў і керамікі другой паловай XI-пачаткам XII ст. Як Анусіна зь Бярздыньню, так і Дзявочая Гара разьмешчаныя ў Радашкавіцкім балцкім арэале. Дарэчы, Дзявочая Гара знаходзіцца за 4-10 км ад тых вёскаў былога маёнтку Дзякшняны, у якіх яшчэ ў канцы XVI ст. захоўваліся балцкія антрапонімы.

(67KB) Бранзалет са зьмяінагаловымі канцамі. XI-XII стст. Дзявочая Гара, Валожынскі раён. Раскопкі Э.Зайкоўскага.

Буйная кургановая трупа вядомая каля в. Пекары Хоўхлаўскага сельсавету Маладэчанскага раёну. Паводле зьвесткаў мясцовых жыхароў, найбольш буйныя насыпы былі абкладзеныя камянямі. Каменныя абкладкі як быццам бы прасочваюцца і ў часткі курганоў каля в. Гушчынская Слабодка ў паўночна-заходняй частцы Ўшацкага раёну. Адны з самых усходніх помнікаў гэтага тыпу - курганы з каменным! абкладкамі каля в. Латыгаўка Талачынскага раёну, абсьледаваныя З.Сяргеевай. За 1 км адтуль, каля вв. Навінка і Крыніца, у буйной кургановай трупе ёсьць насыпы з каменнымі вянцамі, а пры раскопках выяўленыя пахаваньні са зьмяшанымі крывіцка-балцкімі (нават латгальскімі) рысамі. Аднак, як вядома, латгалы такія курганы ў пачатку II тыс. н.э. ужо даўно не насыпалі.

Пакуль што не прасочана эвалюцыя банцараўскіх пахавальных помнікаў у курганы з каменнай абкладкай. Але зразумела, што гэтыя зьмяненьні павінны былі ісьці шляхам пераходу ад грунтавых целаспаленьняў да курганоў зь целаспаленьнямі, а потым і трупапакладаньнямі. Уяўляе цікавасьць курган з рэшткамі целаспаленьня, раскапаны намі каля в. Воўкаўцічына ў паўднёва-заходняй частцы Мёрскага раёну. На краёх насыпу было кола з буйных валуноў. Са знаходак выяўлены венчык ляпной пасудзіны. Венчыкі такіх формаў сустракаліся і на помніках банцараўскай культуры.

Банцараўская культура - гэта ўмоўная назва (паводле гарадзішча Банцараўшчына пад Менскам) гістарычнай агульнасьці археалягічных помнікаў на значнай частцы цяперашняй Беларусі, Смаленшчыны і Пскоўшчыны ў ак- рэсьлены пэрыяд часу. Звычайна лічыцца, што археалягічная культура адпавядала нейкаму этнасу ці частцы этнасу. Сапраўдная ж назва "банцараўцаў" невядомая. Для тэрыторыі цэнтральнай, паўночна-заходняй і ўсходняй Беларусі характэрныя некалькі групаў этнатапонімаў: Крывічы, Лотва, Літва, Латыгаль, Дайнава. Апошнюю назву В. Сядоў лічыць сьлядамі расьсяленьня адной зь яцьвяскіх племянных групаў - дайновы, іншыя дасьледнікі мяркуюць, што яна надавалася тым яцьвяскім паселішчам, якія знаходзіліся не сярод славянскага, а сярод усходнябалцкага насельніцтва. Вёскі з назвамі Латыголь, Латыгаль вядомыя ў Вілейскім, Глыбоцкім і Сеньненскім раёнах, Латыгава - у Бешанковіцкім, Верхнядзьвінскім, Віцебскім, Гарадоцкім і Сеньненскім раёнах, Латыгаўка - у Менскім і Талачынскім раёнах, Латыголічы - у Чашніцкім раёне. Характэрна, што этнатапонімы Латыгаль, Латыгава, Латыгаўка, Латыголічы не ўтвараюць ланцужку ўздоўж паўднёвых межаў Латгаліі, як варта было чакаць, а адносна раўнамерна раскіданыя ў басэйне вярхоўяў р. Вяльлі і ў Падзьвіньні. Таму не абавязкова зьвязваць гэты тапонім зь летапіснай Латыгальлю (Латгаламі), а можна дапусьціць, што назва гэтага племя мігравала. М.Ермаловіч мяркуе, што носьбіты днепра-дзьвінскай культуры былі продкамі латыголі. В.Шадыра таксама лічыць, што заходні варыянт гэтай культуры можна зьвязваць з продкамі латгалаў. Улічваючы, што насельніцтва днепра-дзьвінскай культуры не мігравала ў масавым парадку ў гістарычную Латгалію, а паслужыла адным з асноўных кампанэнтаў пры складваньні банцараўскай культуры, можна дапусьціць, што этнонім латыголі ўзьнік не ў раньнім жалезным веку, а ў трэцяй чвэрці I тыс. н.э. У паўночна-заходніх беларускіх гаворках слова "латыгаль" абазначае прагаліну ў лесе, голае месца, пусташ, г.зн. назва племя прыблізна тлумачыцца як аналёг славянскаму "паляна". Верагодна, латыгольлю называлася насельніцтва банцараўскае культуры, якое займала сучасную паўночную частку Беларусі, а раскіданасьць этнатапоніму на гэтай тэрыторыі тлумачыцца захаваньнем асобных астраўкоў балтаў сярод навакольнага славянскага і славянізаванага жыхарства. Як і шэраг іншых этнонімаў (эсьціі, прусы, Русь і т.д.), назва латыголі зьведала міграцыю, перамясьціўшыся ў паўночным кірунку.

У адрозьненьне ад "латгальскіх" назваў вёскаў, тапонімы Лотва, Лотвіны, Лотвічы яшчэ болын нешматлікія і яшчэ больш раскіданыя (Ляхавіцкі, Баранавіцкі, Мядзелскі, Капыльскі, Шклоўскі раёны). У народных гаворках тэрмін "лотва" абазначае невялікае паніжэньне, пераўвільгатненьне, калюгу і этымалягічна блізкае да слова з паўночна-заходніх гаворак "латока" - гразкае месца.

Этнатапонімы " Літва" вядомыя ў Маладэчанскім, Стаўпцоўскім, Узьдзенскім, Слонімскім і Ляхавіцкім раёнах, дзе такія назвы маюць вёскі, а таксама лясны масіў у Слонімскім раёне. Яны нідзе не заходзяць у арэал банцараўскай культуры, а разьмешчаны заходней яе мяжы. У Іпацеўскім летапісе пад 1128 г. паведамляецца: "В то же лето посла Мстислав во Литву ко Изяславлю всех князей со великим множеством вой и тамо повоеваша и возвратишася со великою користию". Гэтая летапісная зьвестка якраз падыходзіць да ўказаньня пра паход да радашкавіцка-гайненскай выспы, якая знаходзіцца ад Заслаўя ўсяго за 15-20 км.

Магчыма, агульнай назвы для ўсіх банцараўцаў і неасыміляванай рэшты іх нашчадкаў не існавала, а бытаваў шэраг лякальных. У летапісны час, несумненна, рэшткі балтаў жылі цераспалосна са славянамі, і працэс славянізацыі ўвесь час паглыбляўся. Але ў XII-XIII стст. насельніцтва балцкіх астраўкоў на чале са сваімі ваеннымі правадырамі патэнцыйна магло ўяўляць даволі значную вайсковую сілу і адыграць не апошнюю ролю ў пачатковым этапе ўзьнікненьня Вялікага Княства Літоўскага. Ускосна на выкарыстаньне Бярэзіны і Дняпра для сваіх паходаў, а значыць, і на пражываньне старажытных ліцьвінаў паблізу Бярэзіны сьведчаць летапісныя паведамленьні, што ў 1203 г. (1204?) сілы чарнігаўскіх князёў пабілі 1700 ліцьвінаў, а ў 1220 г. "приходиша Литва и воеваша волость черниговскую".

Якое было стаўленьне да рэліктавых балтаў навакольнага славянскага, а пазьней беларускага насельніцтва? Пакуль тыя жылі дастаткова кампактна, мелі сваю вярхушку і ўяўлялі пэўную сілу ў ваенным пляне, іх напэўна паважалі і, можа, нават баяліся.Але на этапе асыміляцыі балты зрабіліся меншасьцю нават у сваіх паселішчах, пачалі саромецца сваёй мовы, а ў сацыяльным пляне сталі ніжэйшым пластам грамадзтва (бо маёмныя станы былі вынішчаныя ці асыміляваліся) - тады імі, як і ў іншых падобных выпадках, хутчэй за ўсё пачалі пагарджаць. Напрыклад, у Падмаскоўі яшчэ ў ХІ-XII стст., а можа, нават і пазьней, жыло балцкае племя голядзь. Пазьней у расейскіх гаворках словы "голяда", "голядь", "голядка" сталі ўжывацца ў значэньнях "бядняк", "валацуга", жабрак", а ў легендах захаваліся згадкі пра старадаўняга разбойніка Галяду або Галягу.

Наконт дыялектна-племяннога чляненьня старажытных балтаў існуюць дзьве асноўныя думкі. Згодна А. Ванагасу, В. Сядову і Ў. Топараву, ужо ў сярэдзіне I тыс. да н.э. балты дзяліліся на заходніх (будучыя прусы і яцьвягі), усходніх (лета-літоўскія плямёны) і дняпроўскіх. Да дняпроўскіх балтаў В.Сядоў прылічае днепра-дзьвінскую, юхноўскую і верхняокскую культуры раньняга жалёзнага веку, а ў больш позьні час - старажытнасьці тыпу Тушамлі - Банцараўшчыны - Калочына. Значыць, і пазьнейшыя балцкія астраўкі ў цэнтральннай і ўсходняй Беларусі ў лінгвістычных адносінах належалі да дняпроўскіх балтаў. Іншыя дасьледнікі (напрыклад В.Мажуліс) дзеляць старажытных балтаў на тэрыторыі Беларусі паводле зьвестак гідраніміі толькі на праяцьвяжскую, пралітоўскую і пралатгальскую групы.

Літаратура

Мядзведзеў A.M. Аб часе прыходу славян на тэрыторыю Беларусі // Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Тэзісы дакладаў і паведамленняў. Частка I. -Мінск, 1993.

Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. -М., 1970.

Зверуго Я.Г. Славяно-балтские связи в раннем средневековье (по материалам Белоруссии) // Проблемы этногенеза и этнической истории балтов. -Вильнюс, 1985.

Ochmanski J. Litewska granica etniczna ца wschodzic od epoki plemienncj do XVI wieku // Universytet im.Adama Mickiewicza w Poznaniu. Sеria Historia. Nr. 96. -Poznan, 1981.

Жучкевич В.А. Топонимика Белоруссии. -Мн., 1968.

Жучкевич В.А. Общая топонимика. -Мн., 1980.

Акты Виленской археографической комиссии, том XVI. Инвентари имений XVI столетия. - Вильна, 1887.

Гаучас П. К вопросу о восточных и южных границах литовской этнической территории в Средневековье // Балто-славянские исследования. 1986. -М., 1988.

Документы Московского архива Министерства юстиции. Том I. - Щ 1897.

Зинкявичус 3. Восточная Литва в прошлом и настоящем. -Vilnius, 1996.

Митрофанов А.Г. Железный век средней Белоруссии (VII-VI вв. до н.э.- VIII в. н.э.). -Мн., 1978.

Поболь Л.Д. Археологические памятники Белоруссии. Железный век. -Мн., 1983.

Заяц Ю. А. Работы Заславского отряда// Археологические открытия (АО) 1981 г. -М., 1983.

Заяц Ю.А. Анусинские курганы // Гістарычна-археалагічны зборнік, № 10. -Мн., 1996. -С. 43-57.

Заяц Ю.А. Работы Заславского отряда //АО 1980 г. -М., 1981.

Сергеева З.М. Обследование в Витебской области // АО 1972 г. - М., 1973.

Сергеева З.М. Работы Витебского отряда // АО 1973 г. -М., 1974.

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь. Полацкі і Новагародскі перыяды. -Мн., 1990.

Шадыро В.И. К истории населения Северной Беларуси в I тыс. н.э. // Насельніцтва Беларусі і сумежных тэрыторый у эпоху жалеза. -Менск, 1992.

Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча. У 5-ці тамах. Т. II. Д-Л. -Мн., 1980.

Полное собрание русских летописей. Т. XXV. -М., 1949.

Топоров В.Н. Древняя Москва в балтийской перспективе // Балто- славянские исследования. 1981. -М., 1982, -С. 3-61.

Седов В.В. Днепровские балты // Проблема этногенеза и этнической истории балтов. - Вильнюс, 1985.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX