Папярэдняя старонка: Артыкулы

Заикоўскі Э. Беларусы ведалі сваіх-герояў 


Аўтар: Заикоўскі Эдвард,
Дадана: 12-06-2014,
Крыніца: Заикоўскі Эдвард. Беларусы ведалі сваіх - герояў // Спадчына №2-1995. С. 193-200.



Знакамітыя імёны нашае гісторыі у тапаніміцы

Калі заходзіць гаворка пра слаўныя постаці мінуўшчыны, чуюцца пярэчаньні, што просты люд не любіў i ня ведаў гэтых палкаводцаў ці князёу, што іхныя перамогі у бітвах былі яму не па густу i увогуле, што узьвелічэньне ix - выключна справа пазьнейшых нацыяналістычных фальсыфікатараў. Але паспрабуем падысьці да пытаньня гістарычнай памяці народу, зыходзячы толькі зь несумненных фактаў.

Адміністрацыйнае перайменаваньне гарадоў, вёсак, вуліцаў, узгоркаў, рэк у гонар тых ці іншых дзеячоў практыкавалася переважна у камуністычных дзяржавах ды ў найбольш «рэвалюцыйных» краінах

Азіі й Афрыкі - напрыклад, возера ва Угандзе было пераназванае ў гонар дыктатара Ідзі Амін Дада. Нават у царскай Расеі гэтым гращылі менш. У Рэчы Паспалітай або Вялікім Княстве Літоўскім пасьля сьмерці чарговага валадара ўвогуле нікому не магло прыйсьці у галаву правесьці комплекс перайменаваньняў адміністрацыйным шляхам - гэта супярэчыць эўрапейскай мэнтальнасьці. Да мікратапонімау (г. зн. назоваў узгоркау, балотаў, дарог, асобных дрэваў i г. д.) ні прадстаўнікам улады ні уладальнікам маёнткаў зусім не было справы. Тагачасныя службовыя асобы пакідалі у дакумэнтах спрадвечныя народныя назовы гэтых мясьцінаў. Ніхто зь ix не памкнуўся, як іхныя далёкія нашчадкі, пераназваць якое-небудзь Гнілое балота або Крывы лог у Сірэневае ці Атрадную даліну. Таму сярэднявечныя актавыя дакумэнты служаць каштоўнаю крыніцаю спракаветнае мікратапаніміі нашай зямлі, i сярод тысячаў назоваў трапляюцца й найменьні ўрочышчаў у памяць пра гістарычных асобаў. Такія найменьні найбольш пераканаўча паказваюць, як ставіліся нашыя продкі да сваёй нядаўняй гісторыі, таму што называць якое-небудзь урочышча імем ненавіснага народу князя ня змог бы прымусіць ніхто. Прыжываліся ў назовах імёны толькі сапраўды паважаных усімі дзеячоў, якія пакінулі па сабе памяць. Тое ж можна сказаць пра увекавечаньне герояў у легендах. У даўнія часы мэханізму насаджэння ў гістарычную памяць штучных стэрэатыпаў не было. Толькі пасьля ліквідацыі вуніі, у 1839 г., a найбольш - пасьля задушэньня паустаньня Каліноускага праз царкву, a пазьней праз царкоўнапрыходзкія школы, народныя вучэльні ды іншыя падобныя установы разгарнулася насаджэньне чужой беларусам гістарычнай памяці, усіх гэтых Пятроў-Кацярынаў-Суворавых, удзёўбваньне у галовы тэорыі «самадзяржаўя, праваслаўя, народнасьці». Сталі па розных каналах распаўсюджвацца, a дзе-нідзе і прыжыліся псэўданародныя паданьні й песьні вялікадзяржаўніцкага кшталту, забывалася сваё, спрадвечнае.

Сабраныя намі зьвесткі пра гістарычных асобаў i падзеі у мікратапонімах зафіксаваныя пераважна ў дакумэнтах часоў ВКЛ (у інвэнтарох маёнткаў, апісаньнях іхных межаў i г. д.), a таксама у фальклёрных запісах i працах краязнаўчага характару XIX ст. Вядома ж, гэтыя зьвесткі невычарпальныя.

Калі не лічыць назоваў міталягічнага характару (Валасінае купелішча, Турава гарадзішча, Перунова гара, Валатава, сенажаць, Волас, Радагошча i інш.), дык найбольш старажытным пэрсанажам, зафіксаваным у назове урочышча, быў першы гістарычна вядомы полацкі князь Рагвалод (гара Рагвалода i Рагнеды каля в. Перавоз цяперашняга Расонскага раёну) [1]. Паводле запісанага у XIX ст. падання, на гэтым месцы быў каменнай сякерай забіты князь Рагвалод. Паралельна існаваў іншы назоў узгорку - Рагнедзін курган. У межах старой беларускай этнічнай тэрыторыі імя Рагнеды захавалася ў найменьні узгорку на ўскраіне горада Краславы (цяпер у Латвіі). Яшчэ ў XVIII- XIX стст. лясы ў ваколіцах Заслаўя называліся Рагнедзінымі. Паводле тамтэйшых паданьняў, Рагнеда зь Ізяславам жылі ў замку пры упадзеньні рэчкі Княгінькі у Сьвіслач. У народзе захоўвалася перакананьне, што рэчкі Чарніца i Княгінька названыя ў гонар Рагнеды. Нібыта існавала там жа возера Рагнедзь, але потым высахла. Расказвалі, быццам Рагнеда у манастыры у Заслаўі пастрыглася у манахіні; тут жа была ейная магіла [2]. З Рагнедаю народная традыцыя зьвязвала замчышча у в. Гарадок Маладэчанскага раёну[3] a таксама мясьціну у Вялейскім раёне.

Як ні дзіўна, пакуль ня выпала адшукаць назоваў, зьвязаных з князем Усяславам Полацкім (Чарадзеем). Гэтаму можа быць некалькі тлумачэньняў. Па-першае, выкарыстаныя намі публікаваныя крыніцы не ахопліваюць усіх мікратапонімаў сярэднявечнага пэрыяду. Па-другое, Усяслаў мог быць больш вядомы у народзе пад імем-эпітэтам або мянушкай. Па-трэцяе, у месцах існаваньня «Усяслававых» назоваў у выніку шматлікіх эпідэміяў, гістарычных катаклізмаў (Лівонская, або Полацкая вайна, «патоп» сярэдзіны XVІІ ст. i інш.) магла адбыцца поўная зьмена насельніцтва, i старыя назовы былі забытыя. Пра тое, што вобраз Усяслава пакінуў большы, чым іншыя, сьлед у народнай памяці, сьведчаць рускія быліны, прысьвечаныя Волху Усяславічу (прататыпам якога быў Усяслаў Чарадзей). Зрэшты, у перамірнай грамаце 1503 г. паміж ВКЛ i Масквой сярод земляў, страчаных Вялікім Княствам на усходзе, згадваецца воласьць «Всеславль» [4]. Пра аднаго з Усяслававічау - Барыса - яшчэ напачатку нашага стагодзьдзя ў жыхароў Полацка захавалася паданьне. Гэтае паданьне, ці легендарная казка выяўляе Барыса найперш як будаўніка адной з мураваных цэркваў i мудрага чалавека [5].

Пачатак утварэння Вялікага Княства Літоускага таксама адбіўся у мікратапаніміі. Так, у Наваградку, першай сталіцы Княства, месцы каранацыі караля Міндоўга, дагэтуль ёсьць узгорак пад назовам Гара Міндоўга. Яшчэ нядаўна ў прадмесьці Пінска - Лешч - быў курган Магіла Войшалка. У дадзеным выпадку ня так істотна, што археалягічныя дасьледаваньні датуюць курган не XIII, a канцом X - пачаткам XI ст.[6]. Галоўнае, што імя прадаўжальніка Міндоўгавай справы захавалася у людзкой памяці.

Адным з найвыдатнейшых дзеячоў Вялікага Княства Літоускага быў вялікі князъ Альгерд, пры якім збольшага завяршылася аб'яднаньне беларускіх земляў i была вызваленая з-пад татарскага прыгнёту частка Украіны. У дакумэнце пад 1535 г. (паўторна пацьверджаны у 1784 г.) недалёка ад Трокаў згадваецца "Альгердаўскі вялікі востраў" [7] a яшчэ напрыканцы XIX ст. пад Наваградкам была вядомая Гара Альгерда. У Браслаўскім раёне i цяпер ёсьць вёска Альгердава [8]. Захавалася памяць пра дарогу пад назовам Альгердаў Шлях. Гэты шлях праходзіў паблізу Глыбокага, потым праз раку Вушачу у яе нізоўях, пасьля каля Мядзьведжага возера, недалёка ад сучаснага Наваполацка i меў працяг на тэрыторыі Гарадоцкага раёну. Альгердаваю Гарою называлі таксама ўзвышша Ламіха ў Віцебску, пазьней зьнішчанае.

Найбольшай магутнасьці Беларуска-Літоускае гаспадарства дасягнула за вялікім князем Вітаўтам. Межы дзяржавы распасьціраліся ад Балтыйскага да Чорнага мора, васамі Вітаўта прызналі сябе князі Масквы, Цьверы, Разані, татарскія ханы, сваім валадаром лічыла яго гусіцкая Чэхія. Тытанічная постаць Вітаўта пакінула шматлікія сьляды ў народнай памяці - больш, чым іншых валадароў.

У дакумэнтах XVI- XVIII стст. згадваюцца урочышчы Вітаўтавая Гара каля Трокаў (1605 г.) [9] "Витолдов Брод" каля сяла Лошавічау у Бабруйскай воласьці [10]. Пад 1627 г. сустракаецца у дакумэнтах згадка пра Вітаўтаў («Витултовъ») дуб недалёка ад вёскі Прудзіны цяперашняга Бешанкавіцкага раёну [11]. Там жа называецца i Вітаўтава Дарога. Вялікі Вітаутаў Мост у 1629 г. быў вядомы на рэчцы Цне недалёка ад Менска [12] («oт бывъшого мосту на той речьце Цне, прозываемого Великого Витемнового»). Яшчэ у канцы XIX ст. каля в. Варонец Полацкага раёну ляжаў камень з шасьцю адшліфаванымі паглыбленьнямі, якія у народзе называлі Вітаўтавымі Талеркамі. Другі камень знаходзіўся на беразе р. Вушачы i меў два паглыбленьні, формаю крыху падобныя да відэльцаў (Вітаўтавы Відэльцы). Паводле паданьня, на тых камянёх князь Вітаўт абедаў [13]. У многіх месцах Алъгердаў Шлях называлі таксама Вітаўтавым Шляхам. За зьвесткамі Яўстаxa Тышкевіча, участкі Вітаўтавай (Вітавай) Дарогі прасочваліся каля в. Мурава i Калюжыца Бярэзінскага раёну, каля апошняй вёскі было i поле Вітаўта. Выкладзеная камянямі Вітаўтава Студня была каля в. Масалаі Барысаўскага павету. Згодна паданьню, студня была выкапаная для караля Віта, які там абедаў у часе паходу [14]. Вядома яшчэ ўрочышча Вітаў Мост каля в. Кляньнік Смалявіцкага раёну. Назву узгорку Вітагор'е каля в. Лошніца Барысаўскага раёну жыхары тлумачылі тым, што гэтымі мясьцінамі праходзіў зь вялікім войскам князь Віт ці Вітак i тут заначаваў. Для начлегу князя ваяры выкапалі на вяршыні высокае гары яму, выклалі яе скурамі i такім чынам зрабілі для Віта ложа [15]. Трэба адзначыць, што паданьне не супярэчыць гістарычным фактам: паход 1395 г. на Воршу i Смаленск Вітаўт сапраўды мог рабіць празь землі цяперашняй Барысаўшчыны. У тым жа раёне каля в. Палялюм існавала урочышча Вітаў Лог. На заходняй Смаленшчыне за 20 км ніжэй ад Вяліжа паблізу Дзьвіны дагэтуль захаваліся назовы Вітава Гара i Вітавы Мост, пра якія упершыню пісаў яшчэ Р. Гайдэнштайн у XVI ст. У б. Вялейскім павеце быў вельмі шанаваны жыхарамі Вітаў Мост. Дайшлі таксама зьвесткі пра Вітавы Гаці, Вітавы Лазьні i г.д. Назоў Вітаўт носіць урочышча, дзе месьцілася стаянка эпохі каменя ці бронзы [16]. Такім чынам, па колькасьці прысьвечаных яму тапонімаў Вітаўт бясспрэчна стаіць на першым месцы сярод асобаў беларускай гісторыі.

Астатнія вялікія князі XV - пачатку XVI ст. не пакінулі прыкметных сьлядоў у тапаніміі. Пэўнае уражаньне сваёй дзяржаўнай і гаспадарчай дзейнасьцю зрабіла каралева Бона. Зь ейным імем фальклёр зьвязвае заснаваньне Пружанаў i мястэчка Крынкі на Беласточчыне, у сувязі з Бонаю згадваюць раньнюю гісторыю вёскі Белакозы Бераставіцкага i урочышча Целяхы каля в. Старасельле Яноўскага раёнаў, мястэчка Лыкава у Пружанскім раёне, в. Азярок на Беласточчыне [17]. Замкам каралевы Боны называюць старажытнае гарадзішча ў Рагачове.

У часе Лівонскае вайны войска Івана Жахлівага захапіла Полацак i прылеглую частку паўночнай Беларусі. Для абароны заваяванай тэрыторыі i утрыманьня насельніцтва у пакоры прыхадні пабудавалі шэраг цьвердзяў - Кап'ё, Сокал, Нешчарда, Суша, Туроўля i інш. Пра фартэцыю Нешчарда на паўднёвым беразе возера Нешчарда ў Расонскім раёне захавалася паданьне, якое выкарыстаў у сваім «Нарысе паўночнай Беларусі» Ян Баршчэускі. Згодна паданьню, на паўвостраве возера быў горад. Але «празь некаторы час страшны волат, якога звалі Княжа, прываблены да берагоў Нешчарды надзеяй на багаты рабунак, аблажыў зь велізарнай хеўраю разбойнікаў гэты горад, адужаў слабую абарону, абрабаваў дамы, пазабіваў жыхароў, у касьцёлах паабдзіраў абразы i спустошыў ахвяравальны посуд, нават касьцёл зруйнаваў, a званы утапіў у возеры i з натоўпам сяброў атабарыўся у спустошаным горадзе. Аднак Бог цудоўным чынам абвясьціў сваю кару блюзьнерам. Званы, затопленыя на дне возера, штодзень на захадзе i усходзе сонца абуджалі глухое маўчаньне на дзікіх берагох Нешчарды так, што птушкі, напалоханыя енкам гэтага звону, уцякалі паветранымі шляхамі, a серны i ласі, дрыжучы ад страху, хаваліся у далёкіх пушчах. Апоўначы лётала чума, падобная да чорнага шара, i дзе яна дакранулася да сьцяны, з гэтага дому ужо ніхто не выходзіў жывы, i такім чынам вымерла уся дружына Княжа; сам ён, пакінуўшы усе багацьці, закапаныя ў гары, уцёк зь некалькімі сябрукамі, але недалёка за возерам яго напаткала сьмерць. Народ i цяпер паказвае вялізны курган, які называецца Магілай Княжа» [18]. Як бачым, у памяці жыхароў Расоншчыны Іван Жахлівы застаўся страшным волатам, рабаўніком блюзьнерам, праклятым людзьмі i Богам.

Адваёва захопленых маскоўцамі земляў зьвязаная зь імем Стэфана Баторага (Сьцяпана Батуры), запрошанага з Трансыльваніі на сталец караля Рэчы Паспалітай i вялікага князя літоўскага. У памяць пра гэтага караля-палкаводца ўзгорак у пушчы пад Горадняй празвалі Баторавай Гарой [19]. Каля в. Вітунічы Докшыцкага раёну да нашага часу захаваўся каменны «Крыж Стэфана Баторага» або «Стан-Кароль», a у б. Барысаўскім павеце каля пераправы праз р. Бярэзіну стаяла Батурына Карчма [20] з Баторым у народзе зьвязвалі i старажытны каменны крыж каля в. Даугінава Вялейскага раёну.

Па меры палянізацыі у XVII-XVIII стст. вярхоў грамадства Вялікага Княства Літоускага беларускі характар дзяржавы пачынае зьмяншацца, a яе самастойнасьць усё больш набывае намінальны характар. Імёны вялікіх князёў ВКЛ (і адпаведна каралёў Рэчы Паспалітай) таго часу ужо не фіксуюцца у назовах урочышчаў. Відавочна, што справы гэтых валадароў выглядалі менш уражальна для людзей, чым, напрыклад, дзейнасьць Вітаўта.

Як адзначае Л. Дучыц, у адрозьненьне ад іншых раёнаў Усходняй Эуропы, на Беларусі мала назоваў, зьвязаных зь Пятром I, хоць ён i бываў асабіста ў многіх нашых гарадох i мястэчках. Відавочна, тлумачыць гэта трэба тым, што войскі Пятра I паводзілі сябе на беларускай зямлі нічым ня лепш за іхных супаратаў - швэдаў Карла ХІІ. Так, поруч з гарадзішчам Пятроўскі Вал вядомая i гapa Карлаўка, a курганы дзе-нідзе называюць ня «швэдзкімі магіламі», як звычайна, a «маскоўскімі магіламі» або «курганамі Пятра I». Да таго ж некаторыя «пятроўскія» мікратапонімы ёсьць падставы лічыць пазьнейшымі наватворамі афіцыёзных краязнаўцаў мураўёўскага i постмураўёўскага пэрыядаў. Тое самае у пэўнай меры справядліва i для «кацярынінскіх» мікратапонімау накшталт «Акопа Кацярыны», «Кацярыніна Кургана», «Кацярынінскага Крыжа», хаця у апошнім выпадку пытаньне больш складанае. У паданьнях пра паходжаньне як бязьдзедавіцкіх i вусьцянскіх курганоў пад Полацкам, так i Сіняга Калодзежа каля Прапойска (Слаўгарада) згадваецца «багатырка Кацярына», прычым разам з асілкам Сьцяпанам [21]. У балта-славянскай міталёгіі імя Сьцяпан надаецца паганскаму богу Вялесу. Яшчэ адна безыменная "жанчына-багатырка", што загубіла татарскае войска, фігуруе ў паданьні пра паходжаньне назову Багатыр-гары недалёка ад Расонаў. Зь перакуленых цэбраў з вадой, што несла гэтая жанчына, пацякла рака Багатырка. Характэрна, што i ў прапойскім, i ў расонскім паданьнях жанчына-асілак разьліваецца вадою. Гэтыя супастаўленьні даюць падставу меркаваць, што імя Кацярына зьяўляецца пазьнейшым абазначэньнем паганскага жаночага божышча-асілка, зьвязанага з культам цякучай вады.

З буйных дзеячоў мінуўшчыны пэўную памяць пра сябе на Беларусі пакінуў Напалеон. Прычым складваецца уражаньне, што стаўленьне да Напалеона было досыць добразычлівае. Хутчэй за усё, гэта зьвязана з тым, што ў вайну 1812 году значная частка беларускага грамадзтва ставілася да французаў або нэўтральна, або як да саюзьнікаў у барацьбе за аднаўленьне Вялікага Княства Літоўскага. Прыкладам, у Бешанкавічах яшчэ зусім нядаўна жыхары паказвалі дуб, пад якім сядзеў Найалеон. З францускім імпэратарам, які нібыта забыўся там на картуз, зьвязвае мясцовае паданьне назву Бярозы-Картускай на Бёрасьцейшчыне (папраудзе азначэньне "Картуская" - ад манахау-картэзіянцау). На Маладэчаншчыне расказваюць пра шапку, якую Напалеон забыўся у Красным.

Падсумоуваючы, можна канстатаваць, што у мікратапаніміі i тапанімічных паданьнях адбілася стауленьне народу да гісторыі Беларусі. У народнай памяці зафіксаваліся тыя дзеячы, якія ня толькі пры жыцьці, але i праз шмат пакаленняў згадваліся з павагаю i якія сапраўды пакінулі сьлед у гісторыі. Найбольш ушанаваў народ у мікратапонімах вялікага князя Вітаўта, другое месца займае, бадай, Рагнеда.

Есьць мікратапонімы у гонар Рагвалода, Міндоўга, Альгерда, каралевы Боны, Сьцяпана Батуры, г. зн. маштабных дзеячоў гераічных пэрыядаў Полацкага княства i Вялікага Княства Літоускага. Не знайшлі адлюстраваньня ў назовах імёны позьніх Ягайлавічаў i каралёў Рэчы Паспалітай XVII-XVIII стст.

ЗАУВАГІ

1. А. Сементовский. Памятники старины Витебской губернии // Памятная книжка Витебской губернии на 1867 г. СПб., 1867. С. 157-158.

2. Россия. Верхнее Поднепровье и Белоруссия. Т. IX. СПб., 1905. С. 516-517.

3. Покровский Ф. В. Археологическая карта Виленской губернии // Труды Виленското отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IX Археологического съезда. Вильна, 1893. С. 77.

4. Литовская метрика. Книга записей 5. Вильнюс, 1993. С. 210.

5. Крывіч, 1923, № 3. С. 3-4.

6. Лысенко П. Ф. Города Туровской земли. Мн., 1974. С. 73.

7. Акты, издаваемые Виленской Археографической комиссией для разбора древних актов (далей - АВАК). Том XXXI. Вильна, 1906. С. 537-544, 545-546.

8. Рапановіч Я. Н. Слоўнік назвау населеных пунктаў Віцебскай вобласці. Мн., 1977. С. 21.

9. АВАК. Том XXXI. Вильна, 1906. С. 290, 291.

10. АВАК. Том XXV. Вильна, 1898. С. 292, 296, 297.

11. Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губернии Витебской и Могилевской (далей - ИЮМ). Вып. 22. Витебск, 1891. С. 459.

12. Менскія акты. Вып. 1 // Беларускі архіу. Мн., 1931. С. 120.

13. Живописная Россия: Полное географическое описание нашего отечества. Т. III, СПб.-М., 1882. С. 247-248.

14. Tyszkiewicz Е. Opisanie powiatu Borysowskiego pod względem statystycznym, geognostycznym, historycznym, gospo­darczym, przemysłowo-handlowym i lekarskim. Wilno, 1847. S. 37-39.

Шпилевский П. M. Путешествие no Полесью и Белорусскому краю. Мн., 1992. С. 40.

15. Дучыц Л. У. Археалагічныя помнікі у назвах, вераваннях i паданнях беларуса. Мн., 1993. С. 52.

16. Легенды i паданні. Мн., 1983. С. 379, 399, 440, 552, 585, 708.

17. Баршчэускі Ян. Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. Мн., 1990. С. 13-14;

18. Сементовский А. М. Белорусские древности. Вып. 1. СІІб., 1890. С. 58.

19. Легенды i паданні. С. 234; Шпилевский. С. 2-3.

20. Tyszkiewicz Е. S. 52-53.

21. Легенды i паданні. С. 292, 703.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX