Вярнуцца: Артыкулы

Жлутка Алесь. Лацінская літаратура як феномен беларускай культуры


Аўтар: Жлутка Алесь,
Дадана: 25-06-2013,
Крыніца: Жлутка Алесь. Лацінская літаратура як феномен беларускай культуры // Спадчына №2-1993. С. 13-21.



Прынята лічыць, што з падзеннем у канцы V ст. н. э. Рымскае імперыі заканчваецца жыццё i старой рымскай літаратуры, а на змену прыходзіць яе спадкаемніца - літаратура лацінская, якая спыняе сваё існаванне толькі к сярэдзіне XIX ст. Выдатна тое, што гэтая апошняя амаль на 6 вякоў перажыла папярэдніцу, пашырыўшы ў параўнанні з ёю свае тэрытарыяльныя межы, мастацкія формы i рэпертуар жанраў, вобразныя сродкі пісьменства на лацінскай мове.

Такое працяглае існаванне i нават пэўны прагрэс у развіцці літаратурнага слова, аддзеленага i часам, i прастораю ад сваёй этнічнай прарадзімы, нельга вытлумачыць толькі культурнай «нясталасцю» народаў Еўропы, пасіўнасцю i кансерватызмам ix грамадскай i эстэтычнай свядомасці, здольнай адно да ўспрымання i ўтрымання гатовых формаў, выпрацаваных, у антычнасці. Відавочна, што яно абумоўленае нейкімі іншымі, больш глыбокімі прычынамі, якія трэба шукаць у вытоках гэтай неардынарнай з'явы.

Вядома, што разам з рымскімі легіянерамі на заваяваныя еўрапейскія правінцыі прыйшоў i новы лад жыцця. Дзейнасць акупацыйнай адміністрацыі, судоў i школаў хутка зрабіла мову заваёўнікаў даволі распаўсюджанай таксама i сярод мясцовага жыхарства. З пэўнага часу (III-IV ст. н. э.) гэтаму пачаў спрыяць i асаблівы статус старажытных моваў у новым рэлігійным кульце, які ўсё больш імкліва шырыўся з Рыму ў самыя аддаленыя куткі імперыі. Хрысціянства, зароджанае ва ўлонні антычнай цывілізацыі, плённа скарыстала яе патэнцыял. А дзве на той час найбольш распрацаваныя i ўпарадкаваныя мовы - лацінская i грэцкая - былі ўзведзеныя новай рэлігіяй у ранг сакральных, сталі мовамі Святога Пісьма (Сэнтуагікта i Вульгата), дагматычнай i жыційнай літаратуры, літургіі. Усталяваўся своеасаблівы культ грэцкай мовы i пісьмовасці ў краінах візантыйскай арыентацыі, а лацінскай - на тэрыторыях, звязаных з Рымам. Сакралізацыя класічных моваў, хоць яна толькі фрагмент складанага i супярэчлівага працэсу ўзаемадзеяння i ўзаемапранікнення антычнай i хрысціянскай традыцыяў, тым не менш сведчыць пра шчыльную сулучнасць i пераемнасць дзвюх ідэалогіяў, ix сімбіёз, калі на новым гістарычным этапе старое, актуалізуючыся, арганічна пераходзіць у новае.

Аднак нават такое спалучэнне, дзе абодва кампаненты ўзаемаўзбагачаліся i ўзаемадапаўняліся, аказалася б нежыццяздольным, не праросшы ў падрыхтаванай да таго глебе жывых народных культураў. Менавіта новыя этнічныя культуры, успрыняўшы прыдатныя для ix ідэі i формы антычна-хрысціянскай культурнай сулучнасці, забяспечылі ўстойлівасць i незвычайную жывучасць гэтых ідэяў i формаў, развілі ix i напоўнілі сваёй творчай энергіяй, узбагацілі сваім непаўторным нацыянальным духам.

Вялікую ролю ў сінтэзе антычнасці, хрысціянства i народных культураў - трох традыцыянальных плыняў, якія складаюць ядро еўрапейскай цывілізацыі, адыгралі храм i з'яднаная з ім класічная школа, у якой разам з асновамі хрысціянскага веравучэння выкладаліся старажытныя мовы, антычная культура i літаратура. У агні казаняў i храмавай літургіі, у горне школьных лекцыяў, дыспутаў i тэатральных відовішчаў выкоўваліся новыя гуманітарныя каштоўнасці, здзяйснядася вялікая містэрыя стварэння духовага кшталту Новай Еўропы. Можна канстатаваць, што без класічнай школы, адпачкаванай ад храма, немагчымым было б існаванне не толькі самой лацінкай пісьмовасці, а нават i нацыянальных еўрапейскіх літаратураў.

Сутнасць гістарычнай своеасаблівасці беларускіх земляў у тым, што хрысціянская i антычная традыцыя тут засвойвалася адначасова як ва ўсходнім грэка-візантыйскім, так i ў заходяім рыма-лацінскім варышце. Паколькі сусветны падзел хрысціянства на каталіцызм i праваслаўе адбыўся толькі ў 1054 г., а канчаткова аформіўся ў 1204 г., г. зн. тады, калі большасць еўрапейскіх краінаў ужо былі хрысціянскімі, то часам даволі складана, маючы на ўвазе больш ранні перыяд (VIII-X ст.), пэўна вызначыць першапачатковую канфесійную арыентацыю таго альбо іншага рэгіёна, а тым больш Беларусі, дзе дакладна не ўстаноўлены сам момант увядзення новай рэлігіі. У Полацкае княства, якое здавён было паўночнай брамай шляху «з варагаў у грэкі», яна магла быць завезеная альбо непасрэдна з Візантыі, альбо варагамі, што запазычылі яе на Захадзе толькі ў 826 г., альбо заходнееўрапейскімі місіянерамі, якія пранікалі на нашыя землі з IX ст., магчыма, нават i раней. Існуюць меркаванні, што хрысціянства ўсталявалася ў Полацкай зямлі яшчэ да прыняцця яго Уладзімірам у Кіеве. У кожным выпадку павінна быць перагледжаная, не пацверджаная фактамі, афіцыйная версія пра «кіеўскае» паходжанне хрысціянства на Полаччыне. У літаратуры сустракаюцца таксама звесткі пра тое, што амаль у адзін час з хростам Кіева паводле ўсходняга абраду (988 г.) князь Святаполк з дапамогай нямецкага біскупа Рэйнберга хрысціў насельнікаў Турава паводле заходняга абраду. Згадка пра каталіцкую біскупскую катэдру ў Тураўскім княстве, прыведзеная ў Кіева-Пячэрскім патэрыку пад 1105 г., змушае больш сур'ёзна паставіцца да гэтага падання. Як паказваюць матэрыялы раскопак i дакументальныя крыніцы, касцёлы заходняга кірунку існавалі ў XII ст. у Полацку i Смаленску. У 1188 г. было створана Лівонскае біскунства, якое пашырыла сваю дзейнасць i на ўладанні Полацкага княства. А ў XIII ст., як сведчаць дакументы, на полацкіх землях дзейнічала «Русінскае» біскупства «episcopatus Rutheniensis», уключанае ў 1255 г. у наваствораную Рыжскую мітраполію, а таксама была заснаваная біскупская катэдра i ў самім Полацку.

У ранні перыяд (XII-XIV стст.) у распаўсюджванні каталіцызму на нашых землях галоўную ролю адыгрывалі кантакты (а не толькі вайсковыя канфлікты) з Лівонскім i Тэўтонскім ордэнамі, са скандынаўскімі краінамі, а таксама дзейнасць заходнееўрапейскіх місіянераў. З другой паловы XIII ст. за палітычны ўплыў на беларускія тэрыторыі пачаў змагацца i польскі касцёл. Аднак першая ягоная спроба заваяваць пратэктарат над рэлігійным жыццём у нашых краях скончылася няўдала. Амаль разам з каранаваннем наваградскага князя Міндоўга на караля (1252) адбылося i афіцыйнае прызначэнне каталіцкага біскупа для ўсёй тэрыторыі, падпарадкаванай новаму ўладару. На гэтую пасаду быў кансэкраваны спачатку (1252) польскі дамініканец Віт. Але, ці таму што не cпaдабаўся Міндоўгу, ці з іншых прычынаў, ён не быў дапушчаны да кіравання дыяцэзіяй, а паводле асобных аўтараў, нават паранены i выгнаны i мусіў адмовіцца (1 сакавіка 1255 г.) ад тытулу на карысць кандыдата ад Рыжскай мітраполіі - Хрыстыяна. Гэты апошні быў пасвячоны, відаць, крыху пазней, падпарадкоўваўся непасрэдна папу i лічыўся першым афіцыйным i законным біскупам Вялікага Княства Літоўскага. Таму заснаванае пазней, у 1387 г., Віленскае біскупства нельга лічыць першым на тэрыторыі ВКЛ, і, як ужо даведзена, каталіцтва мела тут аселасць задоўга да Ягайлавага хросту. Барацьба за аўтаномію нацыянальнага касцёлу працягвалася i пазней. Так, Вітаўт атрымаў ад папы пацверджанне дадзенага раней Міндоўгу прывілею на непасрэднае падпарадкаванне біскупа Вялікага Княства рымскаму пасаду. Можа таму з 18 першых віленскіх біскупаў, якія кіравалі да XVII ст., толькі тры - першы, трэці i чацвёрты - былі палякамі. Астатнія - беларусы i летувісы.

Суіснаванне ў нашай культуры двух магутных традыцыянальных комплексаў, двух тыпаў светаўспрымання ў моманты ix збліжэння i сінтэзу спараджала найвышэйшы ўзлёт творчага генію народу. I наадварот, падчас узмацнення аналітычных, цэнтрабежных памкненняў, у перыяды канфліктаў Усходу i Захаду яно пагражала парушэннем нацыянальнай еднасці i нават распадам самога этнасу. У рэлігійных, а пазней i ў навуковых колах Расіі даўно адчувалі своеасаблівасць, адметнасць беларускага праваслаўя ў яго «заходнім» адценні - гэта добра заўважна з пісьмовасці, архітэктуры, іканапісу ды інш. У сваю чаргу, каталіцызм на Беларусі мусіў набываць пэўныя «ўсходнія» рысы. З цягам часу ўзаемны ўнутраны рух прывядзе да збліжэння дзвюх канфесіяў i нараджэння Уніі як натуральнай праявы іманентнай духовай інтэнцыі нашага народу - ісці па-за супярэчнасці, углыб з'яваў, дзе яны яднаюцца альбо злучаюцца ў новым творчым акце.

З прыходам да нас хрысціянства, заснаваннем першых храмаў i кляштараў начала пашырацца i класічная адукацыя. Гістарычнымі крыніцамі засведчанае існаванне класічных прыхрамавых школаў ужо з X ст., калі былі заснаваныя епіскапскія пасады візантыйскага абраду ў Полацку i Тураве. Крыху пазней узнікла Смаленскае епіскапства, пры якім была закладзеная ў 1130 г. знакамітая грэка-лаціна-«руская» акадэмія, першым рэктарам якой стаў грэк Мануіл. Падобныя навучальныя ўстановы былі i ў іншых беларускіх гарадах - Полацку, Тураве, Наваградку. На жаль, з пэўнасцю мы можам гаварыць толькі аб праваслаўных навучальных установах XI-XIV стст., паколькі ў той перыяд дамінавала, безумоўна, гэтая канфесія. Але, несумненна, павінны былі дзейнічаць i школы пры каталіцкіх святынях, асабліва пры біскупскіх катэдрах. Аднак бесперапынныя руйнаванні касцёлаў i кляштараў крыжакамі, знішчэнне падчас войнаў кніг i рукапісаў стварылі інфармацыйны вакуум у ведах пра каталіцкую адукацыю таго часу на Беларусі.

Злучэнне дзвюх традыцыяў - усходняй i заходняй - у культуры Вялікага Княства спарадзіла характэрную адметнасць нацыянальнай адукацыі. Ад самага пачатку i да сярэдзіны XIX ст. i ў каталіцкіх, i ў праваслаўных школах стала вывучаліся як грэцкая, так i лацінская мовы. У суседняй Масковіі лацінская мова пачала ўводзіцца ў навучанне толькi з XVII ст., а ў Польшчы ў XVII - пачатку XVIII ст. амаль не вывучалася грэцкая. Кола прадметаў у першых беларускіх школах адпавядала праграмам навучальных установаў Заходняй Еўропы i Візантыі: пачаткі граматы i веравучэння, чытанне класічных i хрысціянскіх аўтараў, рыторыка, некаторыя прадметы з цыклаў «trivium» i «quadrivium».

Высокі ўзровень адукаванасці насельніцтва беларускіх земляў у X-XIII стст. пацвярджаецца матэрыяламі раскопак, пісьмовымі звесткамі, а таксама выдатнымі дасягненнямі кніжнай культуры, якая прадстаўлена імёнамі славутых асветнікаў i філосафаў Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча, Ефрасінні Полацкай. Знойдзеныя пры раскопках рэчы з надпісамі i берасцяныя граматы сведчаць пра навучанне насельнікаў беларускіх гарадоў XII-XIV стст. лацінскай i грэцкай мовам (надпісы па-грэцку альбо кірыліцай на грэцкі манер, ужыванне дзесяцярычнага «і» ды інш.). Пры дварах князёў XIII-XIV стст., мяркуючы з ix граматаў i перапіскі, меліся людзі, якія добра валодалі лацінаю. Такія ж асобы былі i ў войску. Крыжакі, напрыклад, нават мусілі вынайсці пэўны тайнапіс, каб лісты, захопленыя ворагам, нельга было зразумець без спецыяльнага ключа.

Заняпад гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі», падзенне Канстанцінопаля i захоп татарамі земляў паўднёвых (часткова) i ўсходніх суседзяў Беларусі абумовілі пераарыентацыю знешняй палітыкі нашых земляў на больш шчыльныя сувязі з краінамі на захадзе. Адбылося аб'яднанне беларускіх тэрыторыяў вакол новага палітычнага цэнтру - Наваградка, першай сталіцы новай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага, што канчаткова склалася ў другой палове XIII ст. Трэба падкрэсліць, што эканамічным, палітычным i тэрытарыяльным ядром гэтай магутнай еўрапейскай дзяржавы сталі беларускія землі, культурнай асновай - беларуская культура, а дзяржаўнай мовай - старабеларуская. Гэтыя відавочныя адзнакі, а таксама недаказанасць крыніцамі афіцыйнай версіі пра захоп беларускіх тэрыторыяў літоўскімі князямі, якія гэтак жа беспадстаўна прымаюцца за продкаў сучасных жыхароў Летувы, дазваляюць вызначыць Вялікае Княства Літоўскае як старабеларускую ў сваёй аснове дзяржаву.

Утварэнне Княства паскорыла пашырэнне хрысціянства заходняга абраду - каталіцызму. Засноўваюцца новыя каталіцкія біскупствы, а пры ix школы, першай з якіх лічыцца створаная ў 1387-1388 гг. Віленская катэдральная школа. Катэдральныя школы лічыліся навучальнымі ўстановамі вышэйшага тыпу. У ix вывучаліся антычныя мовы i літаратуры, сем вызваленых навукаў. Пазней узніклі ніжэйшыя парафіяльныя школы, у якіх дзеці вучыліся грамаце, катэхізму i пачаткам лацінскай мовы.

Высокім адукацыйным узроўнем вылучаліся заснаваныя на мяжы XVI-XVII стст. школы праваслаўных брацтваў i пратэстанцкія гімназіі. Самымі славутымі былі грэка-лацінана-«руская» школа пры Свята-Траецкім манастыры ў Вільні, якая мела статус вышэйшай, i Слуцкая пратэстанцкая гімназія.

Год абвешчання Люблінскай уніі (1569), паводле якой Карона i Вялікае Княства аб'ядналіся ў федэратыўную дзяржаву на чале з выбарным каралём i з гарантаванай аўтаноміяй кожнага члена федэрацыі, быў адзначаны яшчэ адной падзеяй, якая значна паўплывала на лёс адукацыі ў Беларусі. У гэты год віленскім біскупам Валерыянам Пратасевічам былі запрошаныя ў Княства прадстаўнікі аднаго з найбольш дзейсных каталіцкіх законаў - езуіты. Ужо праз год яны адчынілі ў Вільні свой калегіум, а ў 1579 г. прывілеем караля Сцяпана Батуры ён быў ператвораны ў акадэмію з усімі правамі еўрапейскага універсітэта. Да гэтага часу Княства Літоўскае не мела свайго універсітэцкага цэнтру, i таму ў пэўным сэнсе было залежнае ад Кароны i краінаў Заходняй Еўропы. У хуткім часе Віленская акадэмія ўжо паспяхова канкуравала з другім універсітэцкім цэнтрам у Рэчы Паспалітай - Кракаўскай акадэміяй.

К палове XVIII ст. на Беларусі дзейнічала 17 калегіумаў, з якіх 10 было вышэйшымі школамі, а 7 - гімназіямі. Навучальныя ўстановы закону зрабіліся самымі вядомымі i шматлюднымі перш за ўсё дзякуючы праграме i методыцы навучання, якія грунтаваліся на перадавых ідэях прагрэсіўных рэнесансавых педагогаў. Апрача таго, школы былі бясплатныя, а адукацыю ў ix маглі набываць прадстаўнікі самых розных веравызнанняў. Таму, як i ў Заходняй Еўропе, дзе езуіты амаль манапольна вялі асвету да канца XVIII ст., ix навучальныя ўстановы вельмі хутка набылі папулярнасць сярод беларускай шляхты i магнатаў. На жаль, велізарны ўклад езуітаў у беларускую культуру дагэтуль не знайшоў належнага прызнання i аб'ектыўнай ацэнкі. А трэба зазначыць, што да сярэдзіны XVII ст. у езуіцкіх школах, як, дарэчы, i ў іншых каталіцкіх, навучанне вялося на беларускай мове.

З 1722 г. на Беларусі з'явіліся школы другога асветніцкага закону - піяраў, якія, правёўшы ў 40-х гадах XVIII ст. рэформу, сталі паспяхова канкураваць з паслядоўнікамі Лаёлы.

Апрача езуіцкіх i піярскіх, існавалі шматлікія навучальныя ўстановы іншых каталіцкіх законаў, якіх у нас налічвалася больш за дваццаць, а таксама ўніяцкія вучэльні, наладжаныя на ўзор езуіцкіх. Самай вядомай з уніяцкіх была Менская школа i школы ў Наваградку, Магілеве, пры Траецкім манастыры ў Вільні.

Пасля касацыі ў 1773 г. езуіцкага закону на беларускіх тэрыторыях, далучаных да Расеі, былі захаваныя езуіцкія калегіумы, а ў 1812 г. тут нават быў створаны новы універсітэцкі цэнтр - Полацкая езуіцкая акадэмія. У мясцовасцях, не далучаных пасля першага падзелу, былі сфармаваныя школы Камісіі нацыянальнай адукацыі на новых асветніцкіх прынцыпах.

Усе вышэйпамянёныя школы, якія дзейнічалі на землях былога Вялікага Княства да падзелаў Рэчы Паспалітай, мелі класічны кірунак: асноўным зместам адукацыі было вывучэнне грэцкай i лацінскай моваў, антычнай літаратуры i рыторыка-паэтычнай тэорыі. Прыкладна так працавалі i школы, заснаваныя на Беларусі Міністэрствам народнай асветы Расейскай імперыі, сфармаваным у 1803 г.

Як бачым, нават пабежны агляд сістэмы адукацыі за перыяд з X да сярэдзіны XIX ст. сведчыць пра пашыранасць i ўстойлівую традыцыю гуманітарнай класічнай асветы на беларускіх землях. Аднак дагэтуль за стартавы пункт лацінскай літаратуры ў краі прымаецца мяжа XV i XVI стст., хоць наяўнасць касцёлаў, кляштараў i біскупстваў заходняга абраду, высокаразвітая сістэма класічнай адукацыі, сталью кантакты з Захадам павінны былі б прывесці да больш ранняга станаўлення не толькі афіцыйнай лацінскай пісьмовасці, але i ўласна лацінскай літаратуры. Захаваліся шматлікія лісты i граматы, іншыя дакументы, пісаныя пры дварах беларускіх князёў, пачынаючы ад Міндоўга (другая палова XIII ст.). Некаторыя з ix маюць i мастацкую вартасць. На нашую думку, лагічным будзе дапусціць, што ранейшыя літаратурныя творы альбо не захаваліся, альбо не ідэнтыфікаваныя паводле паходжання, альбо яшчэ не трапілі ў поле зроку даследчыкаў. Тым больш што першапачатковая лацінская літаратура амаль не вывучалася. Несумненна, што далейшыя археаграфічныя пошукі з часам пашыраць храналагічныя рамкі айчыннага прыгожага пісьменства на лацінскай мове.

А пакуль што першым i самым пленным перыядам развіцця літаратурнай лацінамоўнай творчасці стала ў нас XVI ст., названае «залатым векам» беларускай культуры. Поруч з рэлігійнаю дасягае сталасці свецкая лірыка i проза. Спробай эпічнага асэнсавання Грунвальдскай бітвы з'явілася паэма Яна Вісліцкага «Пруская вайна» (1516). Шэдэўрам рэнесансавай лацінскай паэзіі стала ліраэпічная паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра» (1523), у якой разгорнуты непаўторны вобраз Вялікага Княства, ягоных людзей i прыроды.

Выдатныя героіка-эпічныя палотны, прысвечаныя змаганню беларускага народа за сваю незалежнасць супроць маскоўскай навалы, створаныя ў канцы XVI ст. Францішкам Градоўскім i Янам Радванам. Абодва яны былі ўдзельнікамі знакамітай выправы беларускага магната Хрыстафора Радзівіла ў тыл маскоўскіх войскаў. Уражвае незвычайны рэалізм, «аб'ёмнасць» аўтарскага бачання ваенных падзеяў, глыбіня ix разумения. Ba ўсёй моцы наказаны жудасны твар вайны, трагізм чалавечых лёсаў. Карысталіся папулярнасцю таксама i празаічныя творы, напрыклад, гісторыка-этнаграфічны трактат Міхалона Ліцвіна (Міхала Цішкевіча) «Пра норавы татараў, ліцвінаў i маскоўцаў» (1550). Сваёй вострай палемічнай публіцыстыкай i паэтычнай творчасцю праславіўся Андрэй Волян (1530-1610). Еўрапейскую вядомасць набыў сваімі творамі i навуковымі распрацоўкамі знакаміты філолаг i паэт Саламон Рысінскі, творчасць якога прыпала на мяжу XVI i XVII стст. З Беларуссю звязана i творчасць славутага Мацея Казіміра Сарбеўскага, празванага «хрысціянскім Гарацыем». Ягоная рыторыка-паэтычная тэорыя, распрацаваная падчас працы ў беларускіх калегіумах, значна паўплывала на станаўленне літаратурнага барока ва ўсёй Рэчы Паспалітай i за яе межамі, а паэтычныя творы, друкаваныя i вывучаныя ў Княстве i ў многіх заходнееўрапейскіх гарадах, прынеслі яму сусветную славу i лаўровы вянок.

Лацінскія вершы i прозу пісалі таксама i вядомыя беларускія пісьменнікі з праваслаўнага i ўніяцкага лагераў - Мялеці Сматрыцкі i Сімяон Полацкі.

Патрыятычным пафасам i беларускай ментальнасцю прасякнутыя вершы найбуйнейшых паэтаў-лаціністаў XVIII ст.- Міхала Карыцкага i Францішка Князьніна, у паэзіі якіх лацінская літаратура ў краі дасягнула свайго апагею, пасля чаго настаў перыяд паступовага затухания i знікнення (сярэдзіна XIX ст.).

Мы назвалі толькі самых значных i прызнаных лацінамоўных пісьменнікаў Беларусі. Аднак ix імёнамі далека не вычэрпваецца велізарны абшар лацінскага прыгожага пісьменства ў краі. Зусім нявывучанымі застаюцца шматлікія рэлігійныя творы, багатая драматургічная літаратура, вялікае мноства ананімных вершаў i панегірыкаў. Па-за ўвагаю навукоўцаў знаходзіцца дагэтуль мемуарная i эпісталярная літаратура, дзённікі i дарожныя нататкі. Варта дадаць, што не меншай разнастайнасцю i багаццем характарызуецца i немастацкая лацінская пісьмовасць Беларусі: збераглася безліч розных друкаваных i рукапісных трактатаў па рыторыцы i паэтыцы, філасофіі i тэалогіі, астраноміі i матэматыцы, працаў па архітэктуры i музыцы, гісторыі i геаграфіі, школьных выкладаў i падручнікаў.

Шырокая распаўсюджанасць i папулярнасць лацінскай літаратуры, апрача іншага, была абумоўленая самім ходам развіцця i спецыфікай беларускай культуры, у якую з даўніх часоў арганічна ўпляталіся антычныя ідэі i формы. Яны рабіліся, напрыклад, сюжэтатворным ядром некаторых гістарычных міфаў i паданняў. Так, вядома, што большасць магнатаў Вялікага Княства Літоўскага вялі свой род ад легендарнага Палямона, сучасніка Нерона, які нібыта, уцёкшы з Італіі ад гневу тырана, стаў пачынальнікам магнацкіх дынастыяў на месцы перасялення.

У літаратуры неаднаразова пераказвалася таксама паданне пра вандроўку i смерць Авідыя на Палессі. Найбольш падрабязна ягоны змест перададзены ў «Гісторыі польскай літаратуры» М. Вішнеўскага. Ен піша: «Авідый, выгнаны за любоўныя прыгоды з Рыма, жыў на тэрыторыі Палесся, бо непадалёку ад Пінска стаіць гара, якая завецца гара Авід. Сярод вяскоўцаў дасюль існуе легенда, што там калісьці жыў чужаземец.

які прыбыў з-за мора, што на ёй ён меў замак, руіны якога дасюль называюцца Авідыевым дваром, а ў ваколіцах людзі часта знаходзяць рымскія грошы i медалі, на адным з якіх выбітыя дзве ўвенчаныя галавы з надпісам «Ovidio et Terentio». Атаесамляючы жыхароў Палесся з Авідыевымі гетамі i грунтуючыся на двух арыгінальных вершах Авідыя, аўтар робіць выснову, што наэт напісаў нават кніжку на гецкай мове - старажытным варыянце гаворкі беларусаў-налешукоў. Для нагляднасці прывядзём гэтыя радкi з Авідыя:

Iam didici Getice Sarmaticeque loqui (Trist. V, 12, 58) - «Бо я навучыўся размаўляць па-грэцку i па-сармацку».

I ў другім месцы:

Ah pudet! Et Getico scripsi sermone libellum (Epist. IV, 13, 19) - «Але мне сорамна. I я напісаў кніжку на гецкай мове».

А яшчэ да М. Вішнеўскага пра гэтую славянскую творчасць славутага рымскага паэта згадаў у сваім лацінскім творы «Ad Stephanum dialogus» у 1579 г. віленскі аўтар Хрыстафор Варшавіцкі. Сюжэт пра палескае падарожжа Авідыя паўторыць у адным ca сваіх лацінскіх вершаў «Carmina» ўжо ў XVIII ст. Міхал Карыцкі, а пазней, у XIX ст., - Уладзіслаў Сыракомля ў польскамоўным творы. Апрача таго, паданне зафіксаванае таксама i ў фальклоры.

Фалькларызацыя i далейшая літаратурная інтэрпрэтацыя такіх досыць складаных сюжэтных формаў сведчыць пра вялікую глыбіню пранікнення антычнай традыцыі ў народную культуру, пра высокі ўзровень асэнсавання антычнай спадчыны, пра нядрэнную арыентацыю насельнікаў тагачаснай Беларусі ў старажытнай літаратуры i міфалогіі.

Аналіз гістарычных дакументаў, мемуарных матэрыялаў i бібліятэчных каталогаў выяўляе добрае веданне адукаванаю часткаю жыхарства лацінскае мовы. Як i ў краінах Заходняй Еўропы, лаціна была ў нас мовай школьніцтва i навукі, мовай касцёлу i адміністрацыі, мовай дыпламатыі i прыгожага пісьменства. Беларускі шляхціч сутыкаўся з лацінаю штодня: на касцельным набажэнстве i на сойміку, у школе i дома. Няведанне лацінскай мовы лічылася ганьбаю для высакароднага чалавека, што засведчана ў старой школьнай прымаўцы «Хто не ўмее па лаціне - мусіць пасвіць свінні». Трапныя лацінскія выслоўі, каламбуры, кароткія вершыкі i показкі складалі арсенал арыстакратычнай дасціпнасці, набывалі выгляд своеасаблівага фальклорнага жанру, які бытаваў у асяроддзі беларускіх студэнтаў, мясцовага каталіцкага клеру, шляхты i магнатаў. Прыкладам могуць служыць шматлікія вучнёўскія запісы i канспекты, зборнікі літаратурна-фальклорнай мешаніны над назваю «Silvae rerum» а найбольш - арыгінальны твор францішканскага манаха, які асеў на Піншчыне, Караля Жэры з загалоўкам «Vorago rerum».

Лацінская мова, адчужаная ад свайго этнічнага кораня, у значнай меры была пазбаўленая асіміляцыйнай патэнцыі, характэрнай для новых i палітычна дамінуючых моваў (як, напрыклад, польскай, а пазней расейскай на Беларусі). Гэтая асаблівасць рабіла лаціну найбольш прымальным «адзеннем душы» для новых нацыянальных арганізмаў.

Творы, пісаныя на лацінскай мове беларускімі аўтарамі, напоўненыя асаблівым водарам свайго часу. У ix адбіліся найбольш значныя i важныя падзеі беларускай гісторыі: войны з крыжакамі i Масковіяй, рэлігійныя спрэчкі i магнацкія ўсобіцы, рабаўніцкія падзелы Рэчы Паспалітай, пасля якіх Беларусь надоўга апынулася ў «турме народаў». Лацінскія творы славяць мужнасць нашых воінаў i ваяводаў, прасякнутыя пафасам патрыятызму i змагання за незалежнасць. Яны нясуць на сабе яскравы адбітак аўтарскай індывідуальнасці. У гэтым гатунку прыгожага пісьменства выразна праяўляецца спецыфіка народнага духу i нацыянальнага менталітэту. Дарэчы, паняцце «менталітэт», як нам здаецца, дае ключ да вырашэння складанага пытання аб нацыянальнай прыналежнасці полілінгвальных твораў, напісаных беларусамі. Пад нацыянальным менталітэтам мы разумеем уласцівы таму альбо іншаму народу спосаб спасціжэння i «бачання» свету, а таксам спосаб самавыяўлення i перанясення ўнутранай, духовай сутнасці гэтага народу на акаляючую рэчаіснасць. На наш погляд, менталітэт увасабляецца не толькі ў мове народа - яго галоўнай праяве, але i ў асаблівасцях нацыянальнай псіхалогіі i стэрэатыпах мыслення, формах фальклору i абраднасці, этыкеце, матэрыяльнай культуры i спецыфіцы побытавага ўкладу, а таксама ў асаблівасцях гаспадарчага i палітычнага жыцця. Праява менталітэту - літаратура, у якой, апрача мовы, фіксуюцца i іншыя кампаненты творчай індывідуальнасці аўтара i народу. Нацыянальная спецыфічнасць іншамоўнага твору добра заўважаная на ўсіх узроўнях ягонай будовы: у ідэйнай скіраванасці i тэматычна-сюжэтнай структуры, у вобразнай сістэме i стылістыцы, у сінтаксісе i лексічным падборы.

Іншамоўны твор, напісаны прадстаўніком пэўнай нацыянальнай культуры, як нам уяўляецца, мае аналогію з перакладам з роднай мовы на замежную. У першым выпадку аўтар, а ў другім - перакладчык свядома i несвядома імкнуцца данесці да чытача думкі i пачуцці, духовы досвед, усё багацце свайго ўнутранага свету ў чужой моўнай абалонцы. Натуральна, што пры гэтым мова хвора патрабуе пэўнай трансфармацыі, адпаведна да задумы аўтара. Найдалёй сягае аўтарскае ўздзеянне на лацінскую мову. Адпрэчанасць яе ў часе i прасторы ад сваіх этнічных вытокаў, страчанасць, «зашыфраванасць» першапачатковай семантыкі моўных адзінак, дапушчальнасць шматлікіх фразеалагічных i лексічных варыянтаў для выказвання аднаго i таго ж сэнсу, шматзначнасць i магчымасць рознага разумения асобных лексемаў рабілі лаціну даволі падатлівым i «празрыстым» матэрыялам для выяўлення аўтарскага «я», а праз яго i «я» нацыянальнага. Як i ў перакладзе, у аўтарскім творы на чужой мове галоўным ёсць не моўная абалонка тэксту, а ягонае ядро - сукуннасць пазамоўных сэнсаў, якія складаюць унутраную глыбінную сутнасць твору, літаратурную праекцыю творчай задумы i, шырэй, усяго абшару псіхічнага быцця аўтара.

Гэтае ж духовае «я» творцы фармуецца як акаляючай рэчаіснасцю, так i інтэнцыямі самога індывіда. Складаны i супярэчлівы, унутраны свет асобы адбівае ў сабе прыродныя ўмовы i формы ландшафтаў, сярод якіх праходзіла ягонае дзяцінства, асаблівасці народнай архітэктуры i побыту, этнаграфічныя адметнасці, стэрэатыпы мыслення i псіхалогіі таго этнасу, які даў жыццё гэтай асобе i выхаваў яе. Нараджэнне i ўзгадаванне дзіцяці ва ўлонні пэўнай культурнай традыцыі накладае на ягонай душы незнішчальны адбітак - сведчанне нацыянальнай прыналежнасці. Карыстанне чужою моваю можа толькi зацямняць гэтую духоўную існасць чалавека. Можна лічыць, што найбольш поўна яна раскрываецца ў творчасці на роднай мове, у творах іншамоўных яна прарываецца скрозь чужамоўную абалонку, рэалізуецца не дзякуючы іншай мове, а насуперак ёй.

I калі чужую мову можна прышчапіць індывіду, як i народу, нараўнальна хутка, дык змяніць альбо знішчыць іншыя чыннікі, што фармуюць ягоны ўнутраны свет - ландшафт, побытавы лад, псіхалогію i стэрэатыпы мыслення, - не так проста. Таму беларуская магнатэрыя i шляхта, асабліва дробная, у XVII-XIX стст. былі падобныя да польскай, бадай, толькі моваю i модным кроем вопраткі. Апрача таго, будучы патрыётамі федэральнай Рэчы Паспалітай, краёвыя арыстакраты часам былі яшчэ большымі патрыётамі Княства.

Зыходзячы з выказаных меркаванняў, можна прыйсці да адной важнай высновы: творы, пісаныя ў XVII-XIX стст. (перыяд г. зв. «паланізацыі») на іншых мовах беларусамі, г. зн. людзьмі, народжанымі i выхаванымі на Беларусі, ва ўлонні традыцьійнай беларускай культуры - факты перш за ўсё гэтай культуры. Для азначэння такіх твораў, магчыма, павінны быць ужытыя больш адпаведныя тэрміны: не «лацінская літаратура Беларусі», а «беларуская лацінамоўная літаратура», адпаведна - не «польская літаратура Беларусі», а «беларуская польскамоўная літаратура».

Як i ў краінах Заходняй Еўропы i Польшчы, лацінская літаратура на Беларусі адыгрывала авангардную ролю ў літаратурным працэсе, з'яўляючыся ягонай арганічнай складовай часткай i спрыяючы развіццю нацыянальнай культуры, хутчэйшаму засваенню ёю здабыткаў антычнай i новаеўрапейскіх літаратураў. Дзякуючы наяўнасці ў літаратурным працэсе лацінскай літаратуры, адбывалася больш імклівае выспяванне асобных жанраў нацыянальнай літаратуры.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX