Папярэдняя старонка: Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг.

Частка 1. Лідчына да 1914 г. 


Аўтар: Лаўрэш, Л. Л.,
Дадана: 30-10-2018,
Крыніца: Гродна: ТАА «ЮрСаПрынт», 2017.

Спампаваць




Грамадска-палітычнае жыццё

Адукацыя, нацыянальна-культурнае і рэлігійнае жыццё

Гаспадарка Ліды

Штодзённае жыццё


Грамадска-палітычнае жыццё

Выбары ў Дзяржаўную думу

Прэса традыцыйна шмат увагі надавала выбарам у Дзяржаўную думу Расіі.

Падобна, што менавіта для ўзгаднення пазіцый на выбарах з 19 і 20 студзеня 1906 г. на Лідчыне пад выглядам палявання сабраліся буйныя землеўладальнікі: «У Шчучыне Лідскага павета адбылося паляванне на дзікоў у 6 стрэльб, гэта былі: уласнік Шчучына князь Уладзіслаў Любецкі, паны Ян Бішпінг, Адам граф Броель-Плятэр, Канстанцін князь Чацвярцінскі, Аскар Мяйштовіч і Станіслаў Незабытоўскі. У першы дзень палявання вялізнага дзіка забіў граф Плятэр, на другі дзень трохі меншая жывёла легла ад рукі князя Любецкага» [1].

«Кур'ер Літоўскі» падрабязна расказваў пра выбары ў Дзяржаўную думу Расіі ў 1906 г. Выбары не былі прамымі, усе жыхары Лідчыны былі падзелены на курыі, ад якіх абіраліся дэлегаты на губернскі сход, на якім, у свой чарод, ад усёй губерні, - і выбіраліся дэпутаты ў Дзяржаўную думу.

Быў утвораны «Звяз землеўладальнікаў» Лідскага павета. А 15 студзеня адбыўся агульны сход, на які акрамя гаспадароў-землеўладальнікаў з маёнткаў былі запрошаны і прадстаўнікі ад парабкаў «для рашэння пытання пра паляпшэнне побыту сельскіх працаўнікоў з улікам інтарэсаў гаспадароў. Прэзідэнтам камітэту "Звязу землеўладальнікаў" выбраны Вітольд Даўкша, віцэ-прэзідэнтам Уладзімір Ятаўт, сакратаром А. Кастравіцкі» [2].

Міхал Станіслававіч Гатавецкі.

22 лютага ў Лідзе адбыўся з'езд землеўладальнікаў з мэтай выбараў членаў так званага часовага выбарчага павятовага камітэту. З'езд адбыўся пад старшынствам маршалка шляхты сп. Віта. «Па прапанове графа В. Путкамера... вырашылі абраць 7 чалавек - па адным ад кожнай воласці і па адным намесніку для іх. Былі выбраны сп. В. Путкамер, Ул. кн. Друцкі-Любецкі, Э. Буткевіч, Л. Кабылінскі, Э. Прыбытка, А. Бяліна-Бразоўскі, С. Калясінскі, намеснікі: сп. Э. Нарбут, Матушынскі, К. Шалевіч, М. Сяклюцкі, С. Жураўскі, М. Краснік, Карпінскі» [3].

Хутка маршалак шляхты аб'явіў пра выбары, дзе павінны быць абраныя ўпаўнаважаныя ад духавенства і дробных уласнікаў [4].

У красавіку 1906 г. газета пісала пра павятовы сход, на якім выбіраліся прадстаўнікі Лідчыны ў губернскі сход. Выбары праходзілі па курыях. На сходзе землеўласнікаў у зале Вінаградавых [5] сабралася 68 чалавек - землеўладальнікаў і ксяндзоў. 48-ю галасамі быў абраны старшыня сходу пан Рэйстут Сумарок. «Ён выступіў першым і падкрэсліў неабходнасць адзінства… Затым выступіў Юльян Марачэўскі… Ксёндз Сакалоўскі выступіў і сказаў, што духавенства злучае ўсе класы грамадства…». У выніку былі абраныя Брахоцкі (84 галасы), Марачэўскі (81 голас), Сумарок (80 галасоў), граф Путкамер (77 галасоў), ксёндз Баляслаў Сперскі (76 галасоў), князь Любецкі (75 галасоў), Лясковіч (68 галасоў) [6].

Потым прайшлі выбары дэлегатаў ад сялянскай курыі. На гэтым мерапрыемстве лідскія «левыя» Змітровіч і Гатавецкі выступалі, прамаўляючы па-беларуску: «Нам не трэба вучоных… яны будуць трымацца разам з панамі» [7]. Былі абраны Выдрыцкі, Штурма, Качан, Іваноўскі (праваслаўны) і Гатавецкі [8].

27 красавіка 1906 г. (па новым стылі) у Вільні сход выбаршчыкаў выбраў дэпутатаў у І Дзяржаўную думу Расіі. Сход праходзіў у агульнай зале Дваранскага клуба ў Вільні пад старшынствам губернскага маршалка шляхты графа Адама Плятэра. Ад сялянскай курыі быў абраны Міхал Гатавецкі (атрымаў 33 галасы «за», «супраць» - 7), «уладальнік невялікага фальварка ў Лідскім павеце, католік, узрост 47 гадоў». У момант выбараў Гатавецкі працаваў адвакатам у Эйшышках [9].

Гэты чалавек быў першым у гісторыі жыхаром Лідчыны, якога легальна і адносна дэмакратычна выбралі ў парламент.

Міхал Станіслававіч Гатавецкі (1858-1933), селянін Лідскага павета. Закончыў Лідскую народную вучэльню. Да 20 гадоў займаўся земляробствам, потым 8 гадоў служыў пісьмавадзіцелем у міравога суддзі і судовага следчага, з 1887 г. працаваў прыватным павераным (адвакатам) пры міравым і павятовым з'ездзе. Быў сябрам сялянскай працоўнай партыі [10]. Валодаў фальваркам, зямельны надзел якога складаўся з 10 дзесяцін спадчыннай і 60 купленай зямлі. У Думе ўваходзіў у «Групу Заходніх ускраін», быў сябрам аграрнай камісіі, выступіў у Думе па аграрным пытанні [11]. Першая выбраная народам Дума 21 ліпеня 1906 г. была разагнана ўрадам. «Кур'ер Літоўскі» ў ліпені інфармуе пра вяртанне былых дэпутатаў Думы, у тым ліку і Гатавецкага, дахаты [12].

У 30-я гг. ХХ ст. ён фігуруе як селянін Эйшышскай гміны [13], які меў 87 га зямлі [14].

Як палітык Гатавецкі для «левых» быў занадта «правым», але для «правых» ён так ніколі і не стаў сваім.

І Дзяржаўная дума праіснавала 72 дні і была разагнана з-за сваёй рэвалюцыйнасці.

Другая дума абіралася так, як і першая - праз шматступеньчатыя выбары па курыях.

Пры канцы снежня 1906 г. яўрэйская сацыял-дэмакратычная арганізацыя «Бунд» распаўсюдзіла ў Лідзе і Ашмянах пракламацыі, якія заклікалі не ўдзельнічаць у выбарах, бо «паліцыя без тлумачэння прычын выкінула з спісаў вялікую колькасць выбаршчыкаў. Напрыклад, у Лідзе з 400 чалавек, якія маюць права голасу, выкінутыя 150...» [15].

Пры канцы 1906 г. віленскі губернатар асобным загадам прызначыў правесці па паветах з'езды землеўладальнікаў, гарадскіх выбаршчыкаў, упаўнаважаных ад валасных сходаў. Пасля гэтага павінен быў адбыцца губернскі з'езд упаўнаважаных.

«Наша Ніва» ў студзені 1907 г. друкавала карэспандэнцыю з Васілішак, у якой аўтар пад псеўданімам Ясь разважае пра выбары. З публікацыі мы даведваемся, што «...быў у Думе з нашага Лідскага павету - Гатавецкі, ды толькі з яго пацехі было, што на пекных крэслах у Думе сядзеў дый пэнсіі па дзесяць рублёў у дзень браў, - а як трэба было гаварыць - то маўчаў, як немко. Не, нам не такі патрэбны: няхай будзе чалавек смелы, няхай будзе язычлівы, каб патрапіў за бедны народ заступіцца! Нам не патрэбны панскі служка, не патрэбны земскага ці станавога лёкай, нам патрэбны... чалавек, што не прадасць нас...» [16].

У студзені 1907 г. лідскі маршалак шляхты абвясціў аб правядзенні з'езду дробных землеўладальнікаў, якія не маюць маёмаснага цэнзу для непасрэднага ўдзелу ў выбарах [17].

Пры канцы таго ж месяца прайшлі выбары выбаршчыкаў ад курыі землеўладальнікаў. На Віленскі губернскі з'езд ад Лідскага павета выбраны: Рэйстытут Сумарок, Юлі Марачэўскі, ксёндз Юзаф Шкоп, Аляксандр Мікульскі, Раман Рымша, граф Ваўжынец (Лаўрэнці) Путкамер, Мацей Марачэўскі [18].

Граф Ваўжынец Путкамер.

З'езд упаўнаважаных ад валасных сходаў у Лідзе апісаны ў вялікай карэспандэнцыі Мацея Сокала ў газеце «Наша Ніва»: «Прыехаў і адвакат Гатавецкі, быўшы ў Думе ў прошлым годзе, бо яго выбралі упоўнамочаным ад воласці і цяпер. Як з'ехаліся, просіць ён усіх да сябе на гарбату. "Нас, відзіш, грамада: няхай ужо да нас прыдзе, калі хочэць", - кажуць упоўнамочаныя. Прыйшоў да нас дагэтуль невядомы нам наш дэпутат. Сеў, ды зачаў паказваць, вымаючы з кішэні, сваю адну мову ў Думе, гдзе відаць будзе, які быў зашчытнік народу. А нейкі чалавек, ня чуўшы ніколі пра дэпутата, ні пра яго тую мову, кажэць "Абач, які дэпутат наш ... Відаць шчыры хлапатун за нас быў". А тут яму людзі кажуць, што не трэба такіх дэпутатаў, што сядзяць дарма ў Думе, ды прадаюцца панам за гарбату. "Гэта лгарства!» кажэць дэпутат: "З панамі і з баронам Ропам я злучыўся, бо я праўдзівы католік. А ў Думе, нябось, не маўчаў, першага йюня во што сказаў, зараз пакажу". Ну, а другі яму атказваець: "Праўда! Лгуць языкі вострыя, ня маўчаў Гатавецкі як рыба, ён ня дарма сядзеў у Думе 72 дні. Высядзеў 720 рублёў, ды аднаго дня, бач, падперазаўся, панатужыўся ды дзесяць мінут казаў...". Ну і так далей. А назаўтра, калі ўпаўнаважаныя сабраліся ў карчме, каб абмеркаваць выбары, Гатавецкі зноў падвяргаўся абструкцыі як з боку ўпаўнаважаных, так і выпадковых наведвальнікаў [19].

У наступных нумарах «Наша Ніва» з пазіцый левых партый апісвала выбары дэпутатаў ад Віленскай губерні на сходзе выбаршчыкаў. Па выбарчым законе буйныя землеўладальнікі мелі 44 выбаршчыкі, дробныя землеўладальнікі (часцей за ўсе сяляне) - 40 выбаршчыкаў, жыхары гарадоў - 7 выбаршчыкаў, рабочыя - 1 выбаршчыка. Два выбаршчыкі ад сялян не прыехалі, ад гараджан было 6 яўрэяў і 1 хрысціянін, выбаршчык-рабочы сядзеў у турме, і яго адмыслова, для ўдзелу ў сходзе, вызвалілі. Выбаршчык ад абшарнікаў Корвін-Мілеўскі спрабаваў дамовіцца пра адзінства з лідарам яўрэйскіх выбаршчыкаў Бакам. Але гэта камбінацыя не ўдалася. Тады на бок абшарнікаў перайшлі чатыры выбаршчыкі сялянскай курыі ад Лідскага павета: Вацлаў Канановіч, Антон Штурма, Пётр Ціхно і Казімір Ціліндзь. Прэса пісала, што гэтых выбаршчыкаў «апрацоўваў» і адправіў у Вільню «першым класам» вядомы ксёндз з Васілішак Сакалоўскі. Таму ад сялян у Думу прайшоў толькі адзін Пілейка з Ашмяншчыны (дарэчы, сяляне па законе якраз і мелі адно гарантаванае месца ў Думе ад Віленшчыны) [20]. Потым выбаршчыкі-сяляне падпісалі скаргу аб парушэннях і сярод іншага скардзіліся на лідскага маршалка шляхты Віта, які «падмаўляў мужыкоў-выбаршчыкаў», скардзіліся, што частку сялян у дзень выбараў з раніцы частавалі гарэлкай у буфеце і г.д. [21].

Іван-Міхаіл Робертавіч фон Віт, маршалак лідскай шляхты з 30.07.1899 г. па 07.06.1906 г. З 07.06.1906 па 1915 г. быў маршалкам шляхты Віленскага павета. Скончыў Паўлаўскае ваеннае вучылішча. Паходзіў з дваран Эстляндской губерні; лютэранскага веравызнання. Уласнага маёнтка не меў, але ў жонкі быў маёнтак у Магілёўскай губерні. Было звычайным, што каб атрымаць месца маршалка, прэтэндэнты звярталіся да рэкамендацый або пратэкцыі. Менавіта такім чынам фон Віт стаў маршалкам спачатку Лідскага, а потым Віленскага паветаў. Ён быў зяцем былога віленскага віцэ-губернатара, а потым пермскага губернатара Пятра Рыгоравіча Пагодзіна. Іван-Міхаіл Робертавіч фон Віт праслужыў маршалкам розных паветаў каля 17 гадоў. Цесць выпрасіў яму не толькі месца, але і дамагаўся для яго прыдворнага звання камер-юнкера ў абыход віленскага губернскага маршалка шляхты Красоўскага.

У ІІ Дзяржаўную думу ад Віленшчыны быў абраны жыхар Лідскага павета граф Ваўжынец Путкамер (1859-1923), унук легендарнай Марылі з Верашчакаў (атрымаў 49 галасоў выбаршчыкаў).

ІІ Дзяржаўная дума праіснавала з 20 лютага па 2 ліпеня 1907 г. (102 дні) і была распушчана царскім урадам. Адначасова з указам аб роспуску Думы ІІ склікання 3 чэрвеня 1907 г. было апублікавана новае Палажэнне аб выбарах у Думу. Гэта выбарчая сістэма выкарыстоўвалася пры выбарах у Дзяржаўныя думы ІІІ і IV склікання. Выбары зноў былі непрамыя, не прадугледжвалі роўнага прадстаўніцтва і зноў павінны былі праходзіць па сістэме курый. Асноўнымі курыямі (афіцыйна курыі называліся спісамі выбаршчыкаў) з'яўляліся: валасныя (гэта значыць сялянская), землеўладальніцкая, 1-я гарадская (вышэйшы выбарчы цэнз, асобы, якія валодалі маёмасцю), 2-я гарадская (ніжэйшы выбарчы цэнз), працоўная. Хоць закон прадугледжваў выбары па курыях і гарантаваў фіксаванае мінімальнае прадстаўніцтва курыям сялян і рабочых, канчатковы выбар дэпутатаў з выбаршчыкаў гэтых курый належаў агульнаму губернскаму выбарчаму сходу, большасць на якім заўсёды мелі землеўладальнікі і гараджане вышэйшага маёмаснага стану. Такім чынам, сяляне і рабочыя пасылалі ў Думу тых прадстаўнікоў, якія выбіраліся з іх ліку памешчыкамі і багатымі гараджанамі. Мясцовыя ўлады атрымалі дазвол падзяляць выбарчыя з'езды на два - для рускіх і нярускіх выбаршчыкаў; гэты адвольны прыём дазваляў у нярускіх губернях рускай меншасці атрымліваць столькі ж выбаршчыкаў, колькі і мясцоваму насельніцтву.

Выбары ў Дзяржаўную думу III склікання праходзілі ўвосень 1907 г. Народны карэспандэнт В. у «Нашай Ніве» паведамляў пра выбары ўпаўнаважаных на Лідчыне ад «рускай» сялянскай курыі: «Выбралі двух рускіх, каторыя цягнуць болей к правым. Хацелі выбраць народнага вучыцеля Ч., але поп умяшаўся, кажучы, што вучыцель ненадзёжны, такі не выбралі. ...У Пакроўскай [Сабакінскай - Л. Л.] воласці поп угаварываў мужыкоў запісацца ў «саюз» [Саюз Рускага Народа, «чорная сотня» - Л. Л.], але мужыкі ведаюць, што гэты саюз ідзе супраць свабоды, ня хочуць запісвацца». У тым жа нумары невядомы аўтар з Ліды пісаў пра павятовыя выбары, па яго словах, на выбары прыехалі «4 чыноўнікі і адзін мужык. Астальныя мужыкі не прыехалі, бо ніхто не заведаміў воласці, калі будуць выбары. У пяцёх пачалі выбіраць. Выбралі пракурора, 2 земскіх начальнікаў, мужык кінуў ім добрыя галкі [галасавалі кідаючы «галкі» - шары ў скрыню для галасавання - Л. Л.]. Паставілі кандыдатам быўшага губернатара, нехта кінуў яму чорную галку. Папы парадзіліся меж сабой і кажуць, гэта не іначэ, як мужык падваліў «варанога», і калі прыйшоў чарод выбіраць мужыка, то яму кінулі ўсе 4 чорныя галкі. Валасныя ўпаўнамочаные павінны падаць жалобу ў губернскую па выбарах камісію...» [22]. У выніку ад «рускай» сялянскай курыі Лідскага павета на губернскі сход выбаршчыкаў былі абраны сенатар Дамбавецкі, «товарищ прокурора» Пятухоў [23], земскія начальнікі Скосыраў і Дэконскі [24], ад «рускіх» горада Ліда - ляснічы Змаровіч, левы, беспартыйны [25].

Па губерні валасныя сходы ўсіх паветаў выбралі 236 выбаршчыкаў ад сялян, сярод іх былі і два былыя дэпутаты І Дзяржаўнай думы - Гатавецкі і Александровіч [26].

24 верасня прайшоў сход курыі землеўладальнікаў, які абраў выбаршчыкаў на губернскі сход. Ад Лідчыны абраны ксёндз-дэкан Шкоп, спадары Аляксандр Мікульскі, Юліян Марачэўскі, граф Ваўжынец Путкамер, Раман Рымша і Станіслаў Жураўскі [27].

Але на гэты раз губернскі сход не абраў у Думу нікога з лідзян.

Дзяржаўная дума Расійскай Імперыі IV склікання пачала працаваць 15 лістапада 1912 г. З лідзян у гэту Думу быў абраны былы дэпутат ІІ Думы граф Ваўжынец Путкамер.

Трэба адзначыць, што цікаўнасць прэсы да выбараў і дзейнасці ІІІ і IV Дзяржаўных дум была значна меншая, чым да папярэдніх. Напрыклад, «Наша Ніва» пісала: «Ешчэ зусім нядаўна выбралі мы дэпутатаў у Першую Думу. Тады было сьвята народнае... На выбары глядзелі як на адну з важнейшых грамадзкіх павіннасьцей. "Выбіраймо найлепшых людзей!" - вось які окліч раздаваўся падчас выбараў. ...Прайшло шэсць год. Цяпер ізноў былі мы сьведкамі выбараў у Чацвёртую Думу. Якая вялікая перамена! ...Вера ў Думу згасла» [28].

Ваўжынец Путкамер нарадзіўся ў Больценіках, скончыў гімназію ў Вільні і Інстытут інжынераў шляхоў зносін у Пецярбургу, 10 гадоў адпрацаваў інжынерам, будаваў Уральскую, Бакінскую і Палескую чыгункі. Пабудаваўшы магістраль каля свайго маёнтка, у 1890 г. граф выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў Больценіках. Ваўжынец Путкамер актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці краю, быў сябрам сельскагаспадарчага таварыства і куратарам евангеліцка-рэфарматарскага сіноду ў Вільні [29]. Два разы абіраўся ў Дзяржаўную думу Расеі: II і IV склікання. У складзе II Думы ён уваходзіў у «польскае кола», а ў IV Думы - у беларуска-польска-літоўскую групу і быў сябрам Савета старэйшын Думы. У рускай гістарычнай літаратуры фігуруе як «Путткамер Лаврентий Станиславович» [30].

Рэвалюцыя 1905-1906 г. на Лідчыне

На пачатку 1906 г. у Лідскім павеце было арыштавана 10 настаўнікаў народных вучэльняў, яны падазраваліся ў агітацыі сярод сялян [31]. Пры канцы жніўня таго ж года «распараджэннем куратара Віленскай навучальнай акругі звольнены настаўнік школы ў Ражанцы сп. Аўрамчык. Падчас праверкі ў яго знайшлі пракламацыі і рэвальвер, на які ён меў дазвол» [32]. У верасні быў арыштаваны настаўнік Навадворскай народнай вучэльні Шушко [33]. Беларуская газета «Наша Ніва» пісала, што ў тым жа месяцы быў арыштаваны нейкі малады хлопец, сын пасэсара Каспяровіч: «Сам прыстаў са стражнікамі прыехалі трасьці яго хату. Шукалі, шукалі, ператрэслі ўсе куты, а такі нічога не знайшлі і паехалі. Праз два ці тры дні пасля таго зноў наехала ўся каманда, зноў шукалі, трэслі ўсе куты, зноў не знайшлі нічога, а Каспяровіча такі забралі, завязлі ў Васілішскі, а адтуль на заўтра адправілі ў Ліду, дзе і сядзіць ён у вастрозі на дзісь дзень» [34].

У верасні 1906 г. у мястэчку Жалудок адбыўся мітынг, «удзел у якім прыняло 100 чалавек. Удзельнікі мітынгу пасля яго заканчэння расходзіліся з рэвалюцыйнымі спевамі, выкрыкваючы лозунгі, у якіх патрабавалі свабоду» [35].

Узброеныя людзі неаднаразова рабавалі панскія маёнткі. Як казалі ў рэвалюцыйным асяроддзі, экспрапрыяцыі (ці, скарочана, «эксы») рабіліся і ў горадзе. Улетку 1906 г. віленская газета пісала пра спробу маладых рэвалюцыянераў адабраць грошы для патрэбаў сваёй партыі: «21 ліпеня каля 3 гадзін дня ў маёнтку Падзітва генерал-маёра ў адстаўцы Ілавайскага з'явіліся пяць незнаёмых мужчын і адна жанчына і патрабавалі ад гаспадара грошы для рэвалюцыйнай арганізацыі. Але атрымалі адмову. Тады рабаўнікі патрабавалі 1000 рублёў ад аканома маёнтка сп. Календы, але не атрымалі грошай і тут. Потым, спалохаўшыся парабкаў, якія пачалі збірацца каля панскага дома, рабаўнікі рушылі ў бок станцыі Бастуны. У пагоню памчаліся паліцэйскія, якія дагналі іх на дарозе. Банда кінулася ў лес, паліцэйскія некалькі разоў выстралілі і паранілі аднаго з рабаўнікоў, пасля чаго ён не мог уцякаць далей. Таксама была затрымана жанчына. Астатнія бандыты схаваліся ў лесе. Паранены мужчына - Ян Гадлеўскі, 17 гадоў, жанчына - Францішка Коркуць, 18 гадоў. Праводзіцца судовае следства» [36].

У лістападзе 1906 г. некалькі маладых людзей, прыкрываючы твары, увайшлі ў дом да купца Віленчыка ў Лідзе і, пагражаючы рэвальверамі, забралі ў яго 100 рублёў [37].

Пад «эксы» рэвалюцыянераў маскіраваліся звычайныя злачынствы, так 25 жніўня 1906 г. была абрабавана лідская крама «гарэлачнай манаполіі»: «Па словах прадаўшчыцы Марыі Высоцкай, нападнікі забралі 450 руб. гатоўкай. Аднак следства паказала, што Высоцкая хлусіць. Яна разам з мужам сама забрала касу крамы і сімулявала рабаванне рэвалюцыянерамі. Высоцкая арыштаваная» [38].

Магчыма, «рэвалюцыйнай узрушанасцю» было выклікана і злачынства 13 жніўня 1907 г.: «… паліцыянт Руткоўкі па службовых справах зайшоў у піўную Манскага. Селянін Семяновіч, які там знаходзіўся, кінуўся на Руткоўскага, ударыў яго кіем і сарваў нашыўкі. Руткоўскі, баронячыся шабляй, параніў Семяновіча» [39].

У кастрычніку 1907 г. Віленская судовая палата «асудзіла на 1 год крэпасці мешчаніна Пінхуса Тхорніцкага за тое, што ён раздаваў у Лідскім павеце проклямаціі, друкаваные па беларуску і па польску. Да суда Тхорніцкі прасядзеў у турме 4 з паловай месяцы, і таму Палата пастанавіла, што ён мае сядзець у крэпасці ешчэ 7 с паловай месяцоў» [40].

Самаарганізацыя грамадства, аграрны рух

Адным з месцаў, дзе лідзяне адпачывалі і абмяркоўвалі свае праблемы, быў Лідскі грамадскі збор (ён жа - Дваранскі клуб). Першы вядомы будынак Грамадскага збору згарэў у 1891 г. Пры клубе меліся гурток аматараў драматычнага мастацтва і бібліятэка. Бібліятэкарам і кіраўніком гуртка працаваў калежскі рэгістратар Іван Восіпавіч Пятроўскі [41]. Пасля пажару другое памяшканне збору месцілася каля рынку па Віленскай вуліцы, яно таксама згарэла ў кастрычніку 1913 г. падчас пажару ў цэнтры горада [42].

Але ў канцы 1912 г. тут віравала грамадскае жыццё: «20 лістапада ў грамадскім зборы адбыўся першы ў гэтым сезоне вельмі ўдалы танцавальны вечар. Шмат і ад душы весяліліся. За агульнай вячэрай лілася вясёлая, шчырая свабодная гутарка...» [43].

У грамадскім зборы выступалі заезджыя «зоркі» мастацтва і палітыкі. Напрыклад, на пачатку траўня 1913 г. было абвешчана, што «ў зале Грамадскага збору (Дваранскі клуб) адбудзецца лекцыя былога таварыша старшыні 1-й Дзяржаўнай думы, прафесара Мікалая Андрэевіча Грэдзескула на тэму: "Роля інтэлігенцыі ў грамадскім жыцці"» [44]. Пасля выступу прафесара «Лідскае слова» дало вялікую справаздачу з яго лекцыі, шмат у чым не згадзіўшыся з высновамі прафесара: «Для нас, лідзян, гэта была падзея. Упершыню нас наведаў вучоны і выбітны грамадскі дзеяч... і падзяліўся з намі сваімі думкамі аб інтэлігенцыі. У першай частцы лекцыі было шмат супярэчнасцяў, асабліва ў той частцы рэферату, дзе ён спрабаваў вызначыцца з тэрмінам "інтэлігенцыя".... Значна цікавей была другая частка лекцыі» [45].

На пачатку 1885 г. сярод лідскіх яўрэяў былі сабраны грошы, якія пайшлі на заснаванне паселішча Мазкарэт Бація (Mazkeret Batiya) у Палесціне. Першыя крокі ў арганізацыі дзейнасці сіянісцкай арганізацыі ў Лідзе зрабіла моладзь на хвалі энтузіязму, які выклікаў у яўрэйскім свеце Першы сіянісцкі кангрэс [46]. Першымі сіяністамі ў Лідзе былі Мардэхай Крупскі, Вольф Сакалоўскі, Навум Разенштайн, Ізраіль Арон Шалоўскі, Гілінскі (не з Ліды), браты Якаў і Броін Ілютовічы. Акрамя таго далучылася група дзяўчат: Штэрна Лейтхаўс (пазней Крупская), Гітл Левін, Рыўка Пупко, Фрума Юдзялевіч і іншыя.

Пры садзейнічанні сіяніста з Вільні Шэйнюка, які тады кіраваў броварам Папірмайстра (чый зяць таксама быў сіяністам), у Лідзе была заснавана арганізацыя «Сіянісцкая моладзь» («Tzeirai Tzion»). Калі ў арганізацыі стала многа маладых жанчын, яны стварылі сваю арганізацыю пад назвай «Дочкі Сіёна», якая з'яўлялася часткай «Сіянісцкай моладзі».

Шэйнюк здаў у арэнду арганізацыі вялікую драўляную пабудову (тры вялікія пакоі і кухня) у двары бровара - «Чайную». Сіяністы тады не мелі права працаваць легальна, але маглі легальна піць чай. Хутка «Чайная» стала называцца «Кітай» (ад напісання на лацінке слова «Chinaya»).

Кожны вечар шмат чалавек прыходзіла ў «Кітай», і колькасць сіянісцкай моладзі расла. Вечарамі ў пятніцу і суботу «Кітай» перапаўнялі наведвальнікі. Прыходзілі аратары, і можна было пачуць жывыя выступы і размовы. Калі ў 1900 г. быў створаны міжнародны «Каланіяльны Банк» [47], у Лідзе налічвалася ўжо каля 1000 актывістаў арганізацыі «Сіянісцкая моладзь».

У 1902 г. у Лідзе з'явіўся Мойша Коган, ён быў запрошаны рабінам Рэйнесам у якасці сакратара маладзёжнай часткі арганізацыі «Мізрахі». Мойша стаў рэгулярна выступаць у «Кітаі». У 1904 г. у «Кітаі» ў якасці госця быў сусветна вядомы яўрэйскі дзеяч Уладзімір (Зееў) Жабацінскі. Гэта было яго першае з'яўленне ў нашым краі.

Маладзёжнаму сіянісцкаму руху ў Лідзе прыйшлося вытрымаць вялікую барацьбу з аднаго боку з «Бундам» (сацыял-дэмакраты), а з другога боку з фанатычнымі рэлігійнымі яўрэямі, якія казалі, што не трэба нічога ламаць, а трэба чакаць Месію. Асноўная барацьба ішла з людзьмі з «Бунда», якія, каб перашкодзіць сіянісцкай дзейнасці, перапробавалі ўсе магчымыя сродкі.

Са стварэннем сіянісцкага Дабрачыннага фонду («Keren Kayemet») пачаўся збор грошай. Мелася адмысловая скрынка ахвяраванняў для Эрэц Ісраэль (Зямлі Ізраіля), якую прыносілі ў кожную яўрэйскую ўстанову і хату, як да багатых, так і да бедных яўрэяў (бундаўцы, каб перашкодзіць сіяністам, нават неяк скралі гэтую скрыню). Другім спосабам збору грошай была «сіянісцкая пошта». Яна кіравалася і мела свой цэнтр у Фрумы Юдзялевіч. Пажаданні, запрашэнні і віншаванні са святам Рош Ха-Шана (яўрэйскі Новы год), паштоўкі з запрашэннямі на вяселлі і іншыя радасныя падзеі адпраўляліся не праз дзяржаўную, а праз сіянісцкую пошту, а даход ад гэтага ішоў у Дабрачынны фонд.

Такім чынам усю першую палову XX ст. сіяністы былі самай уплывовай палітычнай сілай сярод лідскіх яўрэяў [48].

У жніўні 1906 г. лідскія півавары ўдзельнічалі ў менскім з'ездзе півавараў: «20 ліпеня ў Мінску праходзіў з'езд уладальнікаў бровараў. Сабраліся 29 прамыслоўцаў, з Вільні сп. Парчэўскі, Ліпскі, з Віленскай губерні - прадстаўнікі Папiрмайстра і Пупко. Галоўная тэма абмеркавання - урэгуляванне продажу і ўсталяванне мінімальнай цаны на піва» [49].

Працэс самаарганізацыі насельніцтва, які аднавіўся пасля «даравання свабоды» царом, шырыўся. 4 кастрычніка 1907 г. у Лідзе была арганізавана філія Віленскага таварыства «Асвета». У кіраўніцтва філіі ўвайшлі ксёндз Юзаф Шкоп (прэзідэнт), Эдвард Янушкевіч (віцэ-прэзідэнт), Эдвард Запаснік (сакратар), Зоф'я Шкоп (скарбнік), Антон Вісмант, Антон Клышэйка. «Ад пачатку членамі таварыства запісаўся 31 чалавек, яны сабралі складкі ў памеры 78 рублёў» [50]. Задачай «Асветы» было адукоўваць жыхароў у духу польскасці, распаўсюджваць польскую культуру, мову, узмацняць нацыянальную свядомасць. Але ўжо ў наступным годзе Віленскае таварыства «Асвета» было забаронена ўладамі [51].

У лістападзе 1907 г. у Лідзе заснавана Рыма-каталіцкае таварыства дабрачыннасці, «статут быў прадстаўлены для зацвярджэння губернатару. Заснавальнікі таварыства: ксёндз-дэкан Юзаф Шкоп, «палкоўнікава» Міхаліна Запаснік, лідскі бурмістр Леан Вісмант, Антон Вісмант, Пётр Вянцкевіч і Каспар Філіпчук» [52].

У канцы 1912 г. лідзян усхвалявалі кошты на дровы. «Дровы прадаюць па 3 рублі за воз! І адразу прадаецца не меней, чым воз. Гэты кошт вышэй не толькі за віленскі, але нават і за пецярбургскі!» [53] - пісала газета «Лідскае слова». Праз два месяцы прэса паведаміла, што, на жаль, газетнае абмеркаванне яшчэ больш распаліла апетыты прадаўцоў і «замах на кішэні гараджан стаў яшчэ больш арганізаваны. Справа ў тым, што ў Лідзе ўсяго два-тры прадаўцы паліўнага лесу, і таму ім лёгка было дамовіцца супраць нас. Сістэматычна яны прывозяць на рынак толькі адзін-два вазы дроў і адмаўляюцца гандляваць на куб, а гандлююць толькі на воз. Кошты пры гэтым казачныя... 3 руб. 50 кап. за воз... Здаецца, у Лідзе ёсць гарадская ўправа, куды гараджане на гэта ўжо жаліліся. Хай бацькі горада стаяць на варце. Ужо зараз вырасла колькасць прастудных хвароб сярод немаўлят... Калі ж будзе наложана аброць на гэтую... жахлівую эксплуатацыю?» [54].

Справу з дровамі ўзяла на сябе аб'яднаная вакол газеты лідская грамадскасць. 31 студзеня ў памяшканні Лідскага грамадскага кіравання адбыўся сход, які абмеркаваў арганізацыю ў Лідзе кааператыўнага склада дроў па танных коштах: «Было створана кааператыўнае таварыства, тайным галасаваннем абраны кіраўнічы камітэт, у які ўвайшлі: Навіцкі, Быхвіт, Андрушкевіч, Каплан, І. Ерухманаў, Гейштаўт і А. Ілютовіч» [55].

Пасля дроў у горадзе чамусьці вырас кошт газы. І газета пачала ўздымаць гараджан на вырашэнне гэтага пытання: «Не паспелі вырашыць пытанне з дровамі, як гандляры газай зацягваюць пятлю на шыі. Як можа быць такое, каб у павятовым горадзе, які знаходзіцца за 3 гадзіны язды ад губернскага цэнтра, кошт на газу быў вышэй, чым у метраполіі. У Вільні газа прадаецца па 1 руб. 90 кап., а ў нас - па 2 руб. 25 кап. за пуд. Фунтамі ж прадаюць па 6 кап. ці па 2 руб. 40 кап. за пуд. Фунтамі газу купляе звычайна бедная частка насельніцтва» [56].

У 1913 г. газета «Лідскае слова» шмат увагі надала прыцягненню ўвагі грамадскасці да ідэі стварэння добраахвотнага таварыства па барацьбе з сухотамі «Белая кветка». У лютым адбыліся дзве вечарыны: 17 лютага - у Лідскім грамадскім зборы і 23 лютага - у Лідскім пажарным клубе (баль-маскарад), - прысвечаныя арганізацыі грамадскасці для барацьбы з сухотамі [57].

Газета паведамляла: «Паўсюдна арганізуюцца дні "Белай кветкі" для дапамогі хворым на сухоты. Праўленнем Лідскага аддзела Усерасійскай лігі па барацьбе з сухотамі шмат каму было разаслана запрашэнне прыйсці 7 траўня на збор грамадскасці для папярэдняга абмеркавання пытання пра абвяшчэння дня "Белай кветкі". Прыйшло 9 чалавек. Вырашана правесці мерапрыемства 2 чэрвеня. На 21 траўня прызначаны яшчэ адзін папярэдні збор тых, хто спачувае справе» [58].

У 1913 г. шырока святкавалася 300-годдзе царавання дынастыі Раманавых. У апошні перадваенны год эканоміка была на ўздыме, жыццё паляпшалася, і здавалася, што рэвалюцыйны крызіс 1905-07 гг. Пераадолены: Расію пачалі лічыць канстытуцыйнай манархіяй, і ў цэлым грамадства мела нагоды для аптымізму.

У студзені 1913 г. віленскім губернатарам была прызначана дэпутацыя ад гарадскіх упраў Віленскай губерні для віншавання «Гасудара Імператара з 300-годдзем царавання Дома Раманавых: віленскі гарадскі галава М. А. Вянслаўскі і гарадскія старасты: новавілейскі К. А. Мазэр і лідскі Л. П. Вісмант» [59].

У сярэдзіне лютага лідская паліцыя распаўсюдзіла аб'яву: «У сувязі з тым, што 21 лютага адбудзецца вялікае свята 300-годдзя царавання дома Раманавых, усім домаўладальнікам трэба набыць прыстойныя дзяржаўныя сцягі і прыбраць з вуліц і двароў смецце. Увечары запаліць святочную ілюмінацыю» [60].

У нумары ад 22 лютага «Лідскае слова» пісала: «19-га лютага святкаваўся дзень вызвалення сялян ад прыгону, а 21-га - дзень 300-годдзя дома Раманавых... 21 лютага па амністыі з-за 300-годдзя дома Раманавых з лідскай турмы былі вызвалены 80 чалавек... У дзень святкавання 300-годдзя дома Раманавых з раніцы горад прыняў урачысты і святочны выгляд. Дамы ўпрыгожаны сцягамі... маставыя ўсыпаны жоўтым пяском. Па вуліцах гуляе шмат народу. У саборы Міхаіла Арханёла настаяцелем протаіерэем Каяловічам разам з іншымі святарамі адслужана літургія. У 12 гадзін дня хрэсны ход з сабора ў суправаджэнні ваеннага аркестра накіраваўся да Выгана, дзе ўжо сталі мясцовыя войскі. У адмыслова ўсталяванай і расфарбаванай альтанцы адслужаны малебен. Айцом Цэбрыкавым быў зачытаны Высачайшы маніфест. Камандзір палка Раманаў павіншаваў войска са святам, пасля чаго войска прайшло цырыманіяльным маршам, і хрэсны ход вярнуўся ў сабор.

Увечары горад быў ілюмінаваны. У замку адбылося народнае гулянне, былі запушчаны ракеты, феерверкі, граў аркестр ваеннай музыкі.

У 10 гадзін раніцы ў Вялікай сінагозе ў прысутнасці вялікай масы вернікаў і ўсіх вучняў іўдзейскага веравызнання горада адбыўся малебен. Грамадскі равін Д. Б. Дубоўскі расказаў пра смутныя часы пры ўступленні на прастол Міхаіла Раманава, "першай зоркі з дому Раманавых", і ў яркіх фарбах раскрыў галоўныя моманты 300-гадовага царавання. У поўнай патрыятызму прамове заклікаў "зліцца ў адным пачуцці з дзясяткамі мільёнаў рускага народа, які зараз дасылае гарачыя малітвы да Ўсявышняга аб дабрадзействе дома Раманавых". Пасля выступу Дубоўскага стараста вялікай сінагогі Л. Пупко прачытаў Высачайшы маніфест, і кантар сінагогі адслужыў паніхіду па ўсіх памерлых царах.

Увечары ў гімназіі сп. Навіцкіх адбыўся вечар прысвечаны святу трохсотгоддзя дома Раманавых. На вечарыне акрамя вучняў і настаўнікаў прысутнічала частка мясцовай інтэлігенцыі. У бліскучым па форме выступе сп. Навіцкі расказаў пра важнейшыя моманты царавання дома Раманавых, пра творчасць нацыянальнага духу і ахарактарызаваў галоўных гістарычных герояў, як, напрыклад, Мініна і Пажарскага, а таксама творцаў культуры і літаратуры і прыйшоў да высновы, што "рускія вялікія, шматлікія, багатыя і таленавітыя" і гэтым усім яны абавязаны дынастыі Раманавых і асабліва працы цяперашняга манарха Мікалая Аляксандравіча. Пасля рэферату былі спевы і дэкламацыі. Асабліва ўдалым і дарэчным было апавяданне В. С. Навіцкай "Саша", якое прачытаў акцёр. Вечар скончыўся спевам гімну» [61].

24 лютага ў клубе пажарных у прысутнасці ўсёй пажарнай каманды і чальцоў праўлення адбыўся малебен, які правёў настаяцель мясцовага сабора. Потым была гутарка, прысвечаная гісторыі дынастыі Раманавых. У 17 гадзін адбыўся сяброўскі абед, увесь час іграла музыка [62]. У сувязі са святкаваннем 300-годдзя дома Раманавых бровар Я. Папірмайстра [63] бясплатна выдаў па бутэльцы піва кожнаму жаўнеру Лідскага гарнізона [64].

Праз год цар Мікалай І кіне свой народ у бессэнсоўную бойню Першай сусветнай вайны, праз чатыры гады «ўдзячны» народ прагоніць яго ад улады, а яшчэ праз год уся царская сям'я будзе расстраляная...

Найбольш вострым пытаннем у Расійскай Імперыі было аграрнае, без яго вырашэння далейшае развіццё грамадства было немагчыма.

У жніўні 1906 г. «Кур'ер...» паведаміў, што прайшлі выбары ў сялянскія камісіі па землеўпарадкаванні, прычым «у некаторых валасцях сяляне адмовіліся ад удзелу ў іх» [65]. Аднак газета «Русское Слово» пісала: «З аднаго боку з-за адносна высокага развіцця тутэйшых сялян, з другога з-за тактоўных паводзін землеўладальнікаў», якія «не хаваюцца за плечы паліцыі ці драгунаў, не выклікаюць казакаў, але рашуча і станоўча кантактуюць з сялянамі», менавіта на Лідчыне «аграрны рух паступова прымае характар хатняга паразумення паміж абшарнікамі і сялянамі» [66].

Тым не менш «Наша Ніва» пісала пра сялянскія хваляванні ў вёсцы Фалькавічы Ганчарскай воласці з-за раней адабранай у казну сялянскай зямлі [67].

У снежні 1906 г. у Лідзе быў створаны сельскагаспадарчы гурток (kołko rolnicze), заснавальнікамі яго сталі: Міхал Шымялевіч, Адольф Сегень, Ян Грышэль, Міхал Каміц, Антон Клышэйка, Баніфацы Жак, Ігнат Кудаш, Ян Кучынскі і Юзаф Змітровіч [68]. Цікавым тут з'яўляецца згадванне Шымялевіча Міхала Іванавіча - лепшага знаўцы гісторыі Лідчыны ХХ стагоддзя.

У кастрычніку 1906 г. Расійскае тэлеграфнае агенцтва паведамляла, што «пад уплывам ксяндзоў у Эйшышскай і іншых суседніх парафіях Лідскага павета арганізаваныя таварыства цвярозасці, сябры таварыстваў устрымліваюцца ад ужывання алкаголю. Абароты манапольных крамаў зменшыліся да мінімуму. У Калесніках такая крама наогул зачынена» [69]. Тут трэба нагадаць, што ў нашым краі масавы народны рух за цвярозасць пад кіраўніцтвам касцёла ўзнік перад паўстаннем 1863 г., і таму зразумелая трывога, з якой улады глядзелі на адраджэнне гэтага народнага руху.

Пра спробу сялян на Лідчыне працаваць супольна ў 1907 г. пісала «Наша Ніва»: «З пад Васілішак Лідскага павета... […] ...ў вёсцы Банюках колькі гаспадароў зрабілі суполку і завялі сабе бычка - на завод. Нейкі час было ўсё добра, але ж бяда, што ў нас кожны гаспадар глядзіць адно за тым, што належыць да яго самаго, а што супольнае - на гэта ўвагі ня мае. Дык і бычка таго так дрэнна даглядаюць, што ён чыста марнее. Калі б справа была толькі пра бычка, то яшчэ не надта вялікае горэ. Дык жэ дрэнна, што нашы беларусы ня дбаюць і аб важнейшых супольных справах сваіх. «Што не маё, да таго мне дзела німа!» - так кажуць у нас. Ці то справа ідзе пра выбары, ці аб карысці ўсёй грамадзе, - кожны беларус думае толькі аб сябе, і здаецца, не разумее, што як усім дрэнна будзе, то і яму не палегчае. А пара бы ўжо працерці вочы.... Тады ўбачылі бы нашы беларусы, што там людзям добра жывецца, гдзе ёсць згода грамадская, гдзе кожны чалавек стаіць за ўсіх, а ўсе за аднаго» [70].

Але здаецца, што сяляне пачалі ўжо разумець свае інтарэсы і прымаць правільныя рашэнні грамадой: «З Лідскага павету. У нашых валасцёх ёсць вялікі запас хлеба на час голаду. Змеркавалі сяляне, што гэтак нявыгадна, бо гніе збожжа, а магазын вартуй, дый старасты, часта заглянуўшы ў магазін, суюць боты, а пасля ў воласці на сходзе ілгуць, што мышы могуць у год з'есці з кожнага пуда па 5 фунтаў. Вось, дзеля гэтага і прыгаварылі разабраць збожжа, а заместа яго палажыць у казначэйства грошы, бо на грошы і працэнты ісці будуць. Але гаспадыні кажуць, што як пападуць гаспадаром у рукі грошы, то іх прапьюць, і будзе без пары голад у хаці. Хто ведае, мусі жонкі ведаюць нораў сваіх мужоў?» [71].

Пра добрыя вынікі супольнай працы паведамляла «Наша Ніва» ў 1908 г.: «В. Цацкі Беліцкай воласці. Ужо трэці год як мужыкі тутэйшыя выбрукавалі вуліцу каменьмі. Хваляць, надта добра зараз, не трэба мясіць балота. Брукаром заплацілі 100 р. А камення і пясок вазілі самі. За Цацкамі следам пайшлі і іншыя вёскі, якія ўжо напісалі прыгавор і нанялі брукара. Пачалі работы ў Няцечы, выходзіць па 12 р. на кожнага гаспадара, брукуюць свае вуліцы так сама вёскі Асава, Табала, Лазяны. Табала ўжо скончыла брукаваць» [72]. У тым жа нумары газеты паведамляецца, што ў вёсцы Фалькавічы «...азіміна і ярына слабыя. Ворыва трохі ад халадоў, што былі ў чэрвені, аслабла. Азіміна, што пасеяная па лубіне, надта добра ўрадзіла... за тое і цана на лубін паднялася, каля нас плацяць па 60 кап. за пуд» [73].

«Кур'ер Літоўскі» ў верасні 1908 г. пісаў пра цяжкасці, якія ўзніклі на пачатку працы сельскагаспадарчага таварыства ў вёсцы Нача [74]. Праз некалькі нумароў тая жа газета паведамляла: «Калеснікі. Падобна пачынаецца нейкі рух па падвышэнню асветы і дабрабыту народу. Рух гэты пачаўся з заснавання ашчадна-пазыкавых кас, сельскагаспадарчых таварыстваў, кааператыўных крам і г.д. …Па вясне сп. Браніслаў Ёч, Пётр Сядлікоўскі і ксёндз Рудзіц арганізавалі сельскагаспадарчае таварыства... Сябры таварыства чытаюць сялянам лекцыі па аграноміі... Колькасць таварыства дасягае 40 чалавек. Гэта шмат, калі ўлічваць тое... што ў блізкай Начы сп. Вандалін Шукевіч, знаны грамадскі дзеяч і археолаг, не можа арганізаваць адпаведнае таварыства... справа не ідзе далей спробаў сабраць людзей на першы сход» [75]. У 1911 г. у мястэчку Калеснікі ўжо стала працавала сельскагаспадарчае таварыства і кааператыўная крама [76].

Арганізатар сельскагаспадарчага таварыства ў Начы, знаны навуковец, член-карэспандэнт Кракаўскай акадэміі Вандалін Шукевіч у адказе на гэтую публікацыю пісаў: «...пазыкава-ашчадная каса, якая стараннямі сп. Яна Карловіча з'явілася ў Эйшышках, не выжыла, а з'явіўшаяся потым на яе месцы каса… не можа знайсці нават трох чалавек, якія маглі б стаць яе заснавальнікамі. Таму ў нядаўна заснаваным сельскагаспадарчым таварыстве ў Калесніках не могуць угаварыць яго членаў да нейкай пазітыўнай дзейнасці. А ў Начы, дзякуючы яўнаму нежаданню тых, хто мог бы зрабіць добры ўплыў на людзей, на так званыя «пасяджэнні» ніхто не прыходзіць, і нават няма для каго нешта чытаць» [77].

У кастрычніку 1908 г. Шукевіч яшчэ раз падрабязна пісаў пра агульны стан руху сельскагаспадарчых таварыстваў на Лідчыне. Ён канстатаваў, што гэты рух развіваецца ў нас надта павольна, бо «можа, нашая грамадская глеба не гатовая да перанясення сюды гэтай заходнееўрапейскай з'явы, а можа не ўмеем рабіць справу, але на гэтай дзялянцы грамадскай справы пануе застой... Усе наракаюць, што справа ідзе супраць агульнай паняверкі і апатыі людзей, і калі нешта атрымліваецца, дык дзякуючы толькі надзвычайным высілкам людзей добрай волі» [78]. Шукевіч пісаў, што сяляне заўжды маюць вялікае падазрэнне, што хтосьці хоча залезці ім у кішэню, і калі яны не могуць зразумець канчатковую мэту, дык і не хочуць рызыкаваць. І гэта прытым, што першай звычайна арганізуецца кааператыўныя крама, дзе агульныя грошы абарочваюцца хутчэй і прыносяць большы прыбытак. Аўтар адзначаў, што справа рухаецца толькі ў тым выпадку, калі за супольную справу бярэцца чалавек заможны, адукаваны і які мае жаданне займацца агульнай справай. Але нават калі праз вялікія намаганні кааператыўная крама адчыняецца, гэта не з'яўляецца гарантыяй таго, што далей усё будзе добра, бо звычайна пачынае не хапаць капіталаў і навыкаў кіравання. Таксама цяжка «прышчапляюцца ў нашым неўрадлівым і цёмным краі і іншыя здабыткі заходняй цывілізацыі, такія як штучныя ўгнаенні, розныя машыны і прылады» [79]. Шукевіч заклікаў не паскараць працэс самаарганізацыі сялян, а рыхтавацца да шматгадовай працы дзеля свайго народа, бо людзі павінны да ўсяго прызвычаіцца і грунтоўна зразумець сваю выгаду [80].

Вандалін Шукевіч усё ж арганізаваў у Начы дзейсную кааператыўную краму і для павышэння ўзроўню прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі стварыў земляробчы гурток. У «Кур'еры Літоўскім» у 1910 г. член-карэспандэнт Кракаўскай акадэміі ведаў пісаў, што 28 лютага яго абралі старшынёй земляробчага таварыства і губернатар зацвердзіў статут. Ад пачатку таварыства адчыніла краму, і крама пачала даваць добры прыбытак [81]. Навуковец часта за ўласныя грошы выпісваў насенне, якое потым раздаваў сялянам на выпрабаванне. Калі ўраджай быў добры, сяляне прыходзілі да Шукевіча з просьбай, каб на наступны год ён замовіў такога насення больш, і толькі тады расплачваліся. Па прапанове Віленскага земляробчага таварыства Шукевіч арганізаваў 5 эксперыментальных палёў для выпрабавання штучных угнаенняў, новых гатункаў бульбы і аўсу. Сябры сельскагаспадарчага гуртка ў Начы таксама купілі жаткі і падчас збору ўраджаю мелі ад іх вялікую карысць [82].

Шукевіч Вандалін Аляксандравіч нарадзіўся ў 1852 г. у маёнтку каля вёсцы Нача Лідскага павета, памёр у 1919 г. там жа). У гэты час зусім недалёка ад Начы, у маёнтку Шаўры, яшчэ працаваў вялікі гісторык гістарычнай Літвы Тэадор Нарбут. Верагодна, само паветра гэтых мясцін - сэрца старадаўняй Літвы - нарадзіла ў абодвух даследчыках вялікае замілаванне да гісторыі роднага краю, якое вылілася ў шматгадовую апантаную даследчыцкую працу. Менавіта мясцовасць вакол роднай Начы ўсё жыццё вывучаў археолаг Вандалін Шукевіч.

Вандалін нарадзіўся ў сям'і адваката Аляксандра Шукевіча і Аліны Воўк-Карачэўскай. Маёнтак Нача ў Лідскім павеце з'яўляўся маёмасцю маці будучага гісторыка. Пасля нараджэння Вандаліна бацькі развяліся, і ўвесь цяжар выхавання лёг на маці і бабулю. Яны былі добра адукаванымі і разам з тым глыбока веруючымі жанчынамі. Менавіта маці і бабуля фарміравалі характар будучага вучонага і займаліся яго адукацыяй. У маёнтку была добрая бібліятэка з цікавымі кнігамі, стаяла фартэпіяна, на якім іграла маці і дзеля чаго з Вільні выпісваліся ноты.

Першай жонкай Вандаліна была Браніслава, дачка чыноўніка курыі біскупаў у Вільні. З ёй меў сына Рамана Зыгмунта і дачку Ванду Аліну. Пасля смерці Браніславы, у 1888 г., Шукевіч ажаніўся другі раз з Юліяй Камінскай. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся сыны Зыгмунт і Генрых. Другі шлюб аказаўся вельмі няўдалым, паміж мужам і жонкай не было нічога агульнага. Юлія была асобай простай і не разумела навуковых інтарэсаў мужа, часта сварылася на яго за пакупку кніг і часопісаў, бо лічыла гэта марнатраўствам часу і грошай. Вельмі крыўдзілася на мужа з-за таго, што ён выдаткоўваў вялікія грошы на раскопкі. Сяброў-вучоных, якія адведвалі Шукевіча ў Начы, называла старымі дармаедамі. Спрэчкі і лаянкі ўсё больш узмацняліся, і ў выніку ў 1902 г. Юлія пакінула дом мужа і перасялілася да сваіх бацькоў.

Паступова Вандалін усё больш паглыбляўся ў заняткі археалогіяй, траціў на гэта ўвесь вольны час. Выбітны рускі археолаг А. Спіцын лічыў, што менавіта Шукевіч знайшоў і даследаваў каменныя магілы. Ён пісаў: «Гонар адкрыцця і даследавання каменных магіл Лідскага павета належыць тутэйшаму землеўладальніку Вандаліну Аляксандравічу Шукевічу (маёнтак Нача)». Каменныя магілы - пахавальныя помнікі X-XVІІ стагоддзяў, вылучаны сучаснай навукай у асобны археалагічны тып старажытнасцяў беларускага Панямоння. Паміж 1884 і 1894 гг. Шукевіч знайшоў 27 пахаванняў у Вензаўшчыне, 14 у Апанаўцах, 39 каля Дварчан, 6 каля Сабакінцаў, 8 каля Забалаці, 7 у Некрушанцах, 19 у Пузелях - усяго 120 пахаванняў у 8 магільніках. Напрыклад, каля Начы, на палях ваколіцы Пузелі, былі раскапаны старадаўнія каменныя магілы, дзе пры мужчынскіх шкілетах знаходзіліся сякеры, нажы, наканечнікі дзіды, а пры жаночых - разнастайныя бронзавыя ўпрыгажэнні: пярсцёнкі, завушніцы, бронзавыя дыядэмы з бронзавымі ці пазалочанымі сярэбранымі падвескамі, шкляныя пацеркі рознай велічыні і шмат іншага. Археалогія стала галоўным захапленнем Вандаліна Шукевіча. Завязаліся знаёмствы з шырокавядомымі вучонымі: Зыгмунтам Глогерам і Эразмам Маеўскім з Варшавы, а таксама перапіска з дацэнтам Уладзімірам Дземетрыкевічам з Кракава, з прафесарамі-археолагамі з Пецярбурга Э. Вальтэрам і А. Спіцыным. «Поспех спадара Шукевіча, - пісаў апошні, - тлумачыцца не столькі багаццем помнікаў даўніны ў раёне яго дзейнасці, колькі сістэматычнасцю яго дзейнасці». Пасля ІX Археалагічнага з'езда, які адбыўся ў 1893 г. у Вільні, Шукевіч наладзіў перапіску і абменьваўся публікацыямі з Маскоўскім археалагічным таварыствам, быў выбраны членам-карэспандэнтам гэтага таварыства. У 1901 г. абраны ў Кракаўскую акадэмію ведаў (Akademii Umiejętności).

Восенню 1903 г. Шукевічам было зроблена вельмі цікавае, адразу заўважанае ў навуковым свеце адкрыццё так званых грунтовых магіл. Вандалін Шукевіч даследаваў Трокскі, Лідскі і Радунскі замкі. Вучоны справядліва заўважаў, што «для нас мінулае павінна быць падвойна дарагім, бо ў ім адным мы можам чэрпаць натхненне для барацьбы за нацыянальнае існаванне».

Шукевіч займаўся не толькі навукай і захаваннем гістарычных помнікаў, але і журналістыкай, якая, дарэчы, давала навукоўцу сталы прыбытак. Усё жыццё Шукевіча вельмі цікавіў фалькор, шмат гадоў даследчык збіраў і апрацоўваў этнаграфічны матэрыял. Свае археалагічныя і этнаграфічныя калекцыі Вандалін Шукевіч захоўваў у маёнтку ў Начы, потым перадаў у музей Таварыства сяброў навук у Вільні, а таксама ў зборы Эразма Маеўскага ў Варшаве і ў Этнаграфічны музей у Кракаве. Віленскія зборы падчас войнаў, рэвалюцый і змен улад былі амаль поўнасцю знішчаны і разрабаваны. Затое ў Кракаве, на шчасце, калекцыі Шукевіча захаваліся. Ёсць яны таксама ў музеях Вільні, Кракава і Масквы [83].

Вялікую цікаўнасць у аматараў гісторыі заўжды выклікае любая інфармацыя пра маёнтак Лябёдка на Лідчыне, які належаў Леанарду Іваноўскаму - бацьку знакамітых братоў Іваноўскіх з якіх старэйшы, Ежы, лiчыў сябе палякам, у адноўленай Польшчы неаднаразова займаў пасады міністра i стаў сенатарам, а прафесары Вацлаў i Тадэвуш лічылі сябе, адпаведна, беларусам i літоўцам і былі знакамітымі дзеячамі сваіх народаў.

Паводзячы аграрную рэформу, якая атрымала назву Сталыпінскай, улады стымулявалі выхад сялян на хутары. Пры гэтым замест так званых зямельных «шнуроў» ці «шахаўніцы» сялянам наразалася зямля адным кавалкам. Вацлаў Іваноўскі пад псеўданімам Тройца пісаў у «Нашай Ніве» пра мястэчка Васілішкі Лідскага павета: «Вялікім днём у колькі вёсках была гутарка аб тым, каб выйсці з шахаўніцы і пабіць усю зямлю на хвальваркавыя гаспадаркі. - У вёсцы Галасевічах падлічылі, што, каб пабіць усю зямлю на такія гаспадаркі, трэба будзе на новыя студні ды будоўлю блізка па 700 рублёў на гаспадарку. Праўда, старая будоўля ёсць і неруханая будзе стаяць на мейсцу яшчэ доўга, але зрушы яе з мейсцы, то астанецца здатнага на будоўлю дрэва не больш як чацьвёртая часць. Студню жэ трэба новую даставаць. - Так што, відаць, без помачы са стараны навет тыя мужыкі, што ў іх зямлі досі, выйсьці з шахаўніцы сваімі сіламі не здолеюць.

А якая ў нас шахаўніца, пазнаць можна з такога ніжэй мененаго прыклада: у Мытлянскай воласці памёр у аколіцы шляхціц, асталося пасля яго зямлі 6 дзесяцін, і пабіта гэта зямля на 95 кавалкаў. С кавалка да кавалка дарогі - гадзіна, а загараць увесь кавалак - мінут пяць. Вось надрукуеце гэты лісток, пане Рэдактар, можэ і дэпутат Віленскі ў Думе, Пілейка, прачытае яго і парупіцца крышку сам аб справах мужыцкіх, бо дасюль, дзе яму трэба было гаварыці, паны... гавораць» [84].

У вялікім артыкуле «Уражанні ад выставы ў Лябёдцы» газета «Кур'ер Літоўскі» ўвосень 1910 г. пісала пра сельскагаспадарчую выставу ў Лябёдцы сп. Іваноўскага. «На ўсе бакі ад прыгожага, вельмі рацыянальна і па-сучаснаму пабудаванага двара ў Лябёдцы цягнуцца ўзорныя сады, гароды, купкі пладовых і дэкаратыўных дрэваў. Далей пачынаюцца добра апрацаваныя палі бульбы і збожжа... Гаспадарчыя пабудовы лёгкія і танныя... У адной з такіх, высокай і добра пабудаванай шопе, усталяваны простыя, але спрытныя машыны для вырабу дахоўкі, цэглы і пустых знутры вялікіх блокаў... У стайнях, аборах, хлявах, курніках шмат жывёлы розных сартоў, падабраных для нашых умоў. Агароды і купкі пладовых дрэў дэманструюць шматгадовую працу былога прэзідэнта Таварыства Садаводаў. Сады з-за вялікай колькасці сартоў дагледжаных тут дрэваў маюць музейную вартасць... Колькі смачнай і карыснай гародніны стала вядома дзякуючы толькі таму, што сп. Леанард Іваноўскі купляў яе паўсюдна, а потым папулярызаваў сярод мясцовых гаспадароў. Сп. Іваноўскі ёсць найвялікшы знаўца сваёй справы ў Літве... На выставе дэманстраваліся цікавыя вырабы з садавіны і гародніны, вырабленыя пад кіраўніцтвам гаспадыні, сп. Ядвігі Іваноўскай. Адборныя віна, кансерваваныя ягады і грыбы ў шкляных і бляшаных банках розных відаў... гародніна па-кіеўску, гародніна сушаная ў адмысловых сушарнях, старасвецкія канфіцюры і сокі - усё надта смачнае і дасканала вырабленае. Бляшаныя банкі, распрацаваныя Вацлавам Іваноўскім - простыя, танныя і адначасова дасканалыя і герметычныя, абавязкова будуць выкарыстоўвацца ў прамысловасці. ... Выстава ў Лябёдцы была арганізаваная для суседніх гмін і ў ёй прымалі ўдзел вырабы суседніх маёнткаў... Але вырабы з Лядёдкі былі па-за канкурэнцыяй... Лябёдка 400 гадоў знаходзіцца ў руках Іваноўскіх...» [85].

У верасні 1913 г. Леанард Іваноўскі ў сваім маёнтку Лябёдка рабіў выставу жывёлы [86].

Іваноўскі Вацлаў Леанардавіч (1880-1943). Яго бацька, Леанард Станіслававіч Іваноўскі (1845-1919) атрымаў адукацыю ў Віленскай гімназіі і Санкт-Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце. Узяў шлюб з Ядвігай Райхель, з якой меў пяцёра дзяцей: Юрыя (1876-1965), Вацлава, Тадэвуша (1882-1970), Алену і Станіслава (1887 г. н.). Вацлаў нарадзіўся 7 чэрвеня 1880 г. у Лябёдцы, лічыў сябе беларусам і размаўляў на мове свайго народа. Браты Вацлава Тадэвуш і Юры (Ежы) з узростам далучыліся да палітычнага і нацыянальнага руху: адзін - Літвы, другі - Польшчы.

У 1899 г. Вацлаў скончыў 5-ю Класічную гімназію ў Варшаве, а ў 1904 г. - Пецярбургскі тэхналагічны інстытут. У 1905 г. асістэнт кафедры тэхналогіі харчовых прадуктаў роднага інстытуту, потым стажыраваўся ў Мюнхенскім політэхнічным інстытуце, у 1909 г. атрымаў навуковую ступень доктара. У 1909-1913 гг. дацэнт Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута, выкладчык курсу ферменталогіі на Вышэйшых жаночых політэхнічных курсах і адначасова старшы кансультант пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі. У 1912 г. выдадзена яго першая навуковая праца «Вынікі выпрабаванняў садавінных і гароднінных сушылак». У сярэдзіне 1913 г. пераязджае ў Вільню, кіруе прамыслова-гандлёвым аддзелам Віленскага сялянскага таварыства.

У 1903 г. Вацлаў Іваноўскі разам з Алаізай Пашкевіч (Цёткай) і братамі Луцкевічамі выдае ў Лябёдцы першы нумар нелегальнага часопіса «Свабода». Узначальваў «Круг беларускай народнай прасветы і культуры». У 1904-1905 гг. сябар ЦК Беларускай сацыялістычнай грамады, заснаваў партыйную друкарню ў Менску і выдавецтва «Грамада» ў Пецярбургу. Адначасова пад псеўданімам Вацюк Тройца супрацоўнічаў з газетамі «Наша доля» і «Наша ніва». Адзін з арганізатараў створанай у 1906 г. у Пецярбургу выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца». Укладальнік першага беларускага буквара.

У сярэдзіне 1913 г. становіцца старшынёй Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні, садзейнічае заснаванню беларускай кнігарні Вацлава Ластоўскага. З 1906 па 1915 г. створаныя ім выдавецтвы надрукавалі кірыліцай і лацінкай каля 80 беларускіх выданняў агульным накладам 220 000 асобнікаў. Гэта прыкладна палова ўсіх выдадзеных у гэтыя гады беларускіх кніг. У канцы 1913 г. яго выдавецтва выпусціла ў свет зборнік М. Багдановіча «Вянок».

У 1917 г. удзельнік Усебеларускага з'езда ў Менску. У лютым-сакавіку 1920 г. у якасці ўпаўнаважанага Найвышэйшай рады БНР удзельнічае ў беларуска-польскіх перамовах, імкнецца прадухіліць падзел Беларусі і таму выступае за стварэнне федэрацыі Польшчы і Беларусі. Адначасова займаецца пашырэннем сеткі беларускіх школ на Меншчыне, кіруе Менскім беларускім педагагічным інстытутам, арганізоўвае выпуск літаратурнага штотыднёвіка «Рунь».

У пачатку 1922 г. Вацлаў Іваноўскі запрошаны ў Варшаўскую Політэхніку на пасаду надзвычайнага прафесара, узначальвае кафедру і аддзел тэхналогіі ферментацыі і харчавання. У 1923 г. сумесна з Н. Мерынгам выдае падручнік па перапрацоўцы гародніны і садавіны. У 1925 г. становіцца ардынарным прафесарам. У 1930-1933 гг. дэкан хімічнага аддзялення.

У 1920-я гг. у вёсцы Баяркі на Лідчыне, якую атрымаў у спадчыну ад маёнтка Лябёдка, арганізаваў агародныя і садовыя гаспадаркі. Адыход ад палітычнай дзейнасці не азначаў змены поглядаў Іваноўскага. Калі восенню 1939 г. былы студэнт Іваноўскага, сустрэўшы прафесара ў Вільні, спытаў, чаму ён не ўцякае на Захад, той адказаў: «Чакаю ад'езду ў Менск, каб будаваць Беларусь: вы ж ведаеце, я - беларус. Я хачу быць у цэнтры падзей».

У першыя месяцы нямецкай акупацыі кіруе Беларускім нацыянальным камітэтам. У 1942 г. прызначаны на пасаду бургамістра Менска. Вацлаў Іваноўскі памёр 7 снежня 1943 г. ад ран, атрыманых у выніку замаху, здзейсненага ягонымі палітычнымі праціўнікамі. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Менску.


Адукацыя, нацыянальна-культурнае і рэлігійнае жыццё

Адукацыя ў Лідзе

Даведнік «Города России в 1904 году» паведамляе, што ў Лідзе было 6 навучальных устаноў, у якіх вучыліся 700 вучняў (500 мужчынскага і 200 жаночага полу) і працавалі 23 настаўнікі (18 мужчынскага і 5 жаночага полу) [87]. Асноўнымі навучальнымі ўстановамі горада былі: мужчынская прыходская двухкласная вучэльня, гарадская чатырохкласная вучэльня, жаночая вучэльня Навіцкай, пачатковая яўрэйская вучэльня [88] (з 1905 г. - іешыва з 6-гадовым тэрмінам навучання).

У 1901 г. «Литовские Епархиальные Ведомости» друкуюць некралог па памёршым у Лідзе чыноўніку Іване Феліксавічу Крэчынскім, які раней служыў у «…ведамстве народнай асветы і карыстаўся невялікай ад гэтага ведамства пенсіяй... мы плануем потым сказаць пра яго службовую дзейнасць, якая хоць была сціплая, але важная, тым больш, што нябожчык І. Ф. належаў да ліку людзей, якія свядома перажылі найважнейшыя падзеі мінулага стагоддзя ў Заходне-Рускім краі» [89]. На жаль, болей пра жыццё сціплага чыноўніка газета не пісала. Вядома, што ён працаваў у Віленскай рэальнай вучэльні памочнікам класнага кіраўніка і, верагодна, пасля выхаду на пенсію пераехаў у Ліду.

Тыя ж «Литовские Епархиальные Ведомости» на пачатку 1901 г. пісалі пра «заняпад царкоўнай школы на гуце Столе і Краеўскага каля Нёмана» [90].

У 1901 г. тая ж газета надрукавала справаздачу аб ушанаванні 40-гадовай педагагічнай дзейнасці лідскага протаіерэя Іосіфа Каяловіча [91]: «27... лютага ў цесным педагагічным коле было наладжана сціплае, але вельмі сардэчнае ўшаноўванне найстарэйшага педагога... вучэльні, законанастаўніка, протаіерэя І. Каяловіча ў сувязі з 40-годдзем ягонай педагагічнай дзейнасці. Пасля ўрокаў, у актавай зале вучэльні на чале са штатным наглядчыкам Ф. Л. Навіцкім, сабраліся ўсе навучэнцы хрысціянскіх вучэльняў г. Ліды. Сход ушанавалі сваёй прысутнасцю спадарства ўчастковы інспектар А. І. Ланачэўскі і прадвадзіцель дваранства І. Р. фон-Віт. На набажэнстве спяваў хор вучэльні на чале з дасведчаным кіраўніком, настаўнікам І. М. Палу. Пасля набажэнства ад імя прысутных юбіляру быў паднесены абраз Збаўцы. Падносячы гэты падарунак, штатны наглядчык Ф. Л. Навіцкі вітаў юбіляра прамовай. ...Расчулены выступам, а. Каяловіч у адказ падзякаваў за аказаны яму гонар і сказаў, што... ён ад душы цешыцца значнаму павелічэнню колькасці навучэнцаў праваслаўнага веравызнання... (бо) быў час, калі ў гэтай школе даводзілася выкладаць слова Божае аднаму вучню» [92].

Усё XIX ст. у Лідзе існавала павятовая вучэльня . Аднак на пачатку XX ст. «існая павятовая вучэльня ў 1900/1901 навучальным годзе, згодна з пастановай гарадскіх упаўнаважаных ад 30 верасня 1899 г., пераўтворыцца ў гарадскую вучэльню, ...на наём памяшкання выдаткоўваецца 1000 руб. у год» [93]. Новы будынак для вучэльні быў арандаваны на 6 гадоў у Мардуха Пупко [94]. Але, падобна, гарадская вучэльня пачала працаваць толькі з 1 ліпеня 1902 г. [95]

Вучыцца ў Лідскай гарадской вучэльні было складана, пра што ў 1907 г. пісала «Наша Ніва»: «Ліда. Нам пішуць, што тут вельмі ціснуць вучняў гарадскога вучылішча. Інспектар несправядліва выгнаў вучня Б. За нейкае глупства настаўнікі калечаць усё жыццё маладому хлопцу» [96]. Інспектарам вучэльні ў гэты час працаваў Яўстафі Антонавіч Ганецкі [97].

Згодна з пастановай гарадскіх упаўнаважаных ад 31 студзеня 1906 г., на арэнду памяшкання для гарадской вучэльні выдаткоўвалася 800 рублёў. З 29 студзеня 1903 г. улады гатовы плаціць за меркаванае вывучэнне нямецкай мовы ў гэтай вучэльні 50 рублёў у год [98].

З «Памятнай кніжкі Віленскай губерні» за 1914 г. бачна, што Лідская гарадская 4-класная вучэльня была рэарганізавана ў Лідскую вышэйшую пачатковую вучэльню, якая таксама складалася з чатырох класаў з гадавым навучаннем у кожным класе. У Лідскай вышэйшай пачатковай вучэльні працавалі: «Інспектар - калежскі асэсар А. Ф. Дубкоў. Законавучыцелі: праваслаўнага веравызнання а. І. І. Каяловіч, рыма-каталіцкага - вакансія. Настаўнікі: В. В. Шыла, Д. Д. Матусевіч, г. А. Грынцэвіч, Н. В. Сямёнаў, спеваў І. І. Нядбайлік. Штатны лекар Э. Ф. Рэнерт, дантыст М. В. Стукатар, настаўнік гімнастыкі падпалкоўнік Аляксееў» [99].

Прыватная жаночая гімназія . У дадатак да існых дзяржаўных 7 кастрычніка 1901 г. у Лідзе была адкрыта прыватная жаночая трохкласная вучэльня з падрыхтоўчым класам. Арганізавала і ўтрымлівала вучэльню Марыя Канстанцінаўна Навіцкая (у дзявоцтве Снітко) - выпускніца Віленскай вышэйшай Марыінскай вучэльні [100].

Лідская прыватная гімназія Навіцкай.

У красавіку 1906 г. «прыватная жаночая школа ў Лідзе спадарыні Навіцкай хадайнічае аб пераўтварэнні ў прагімназію» [101]. У верасні таго ж года М. Навіцкая і М. Палу «падалі прашэнні куратару навучальнай акругі аб дазволе адкрыць у Лідзе 4-класную прагімназію» [102]. Вучэльня пераўтвараецца ў прагімназію [103], але 6 лістапада 1908 г. ад разрыву сэрца памірае Марыя Канстанцінаўна Навіцкая - стваральніца Лідскай прыватнай жаночай прагімназіі, тым не менш назва «Прагімназія М. К. Навіцкай» нейкі час працягвае выкарыстоўвацца [104].

17 верасня 1910 г. «Кур'ер Літоўскі» напісаў, што «25 жніўня ў Лідзе адкрыта прыватная гімназія Навіцкай з правамі дзяржаўнай школы» [105].

Прэса паведаміла, што «на падставе пастановы сходу ўпаўнаважаных ад 27 чэрвеня 1911 г. вырашана асігнаваць з гарадскіх сум Лідскай прыватнай жаночай гімназіі Ф. Л. і В. С. Навіцкіх [106] дапамогу на адкрыццё 8-га класа - 600 руб. Дапамога адмяняецца з-за таго, што 8 клас не з'явіўся» [107].

У зале гімназіі ладзіліся вечарыны, выручка ад якіх ішла на карысць бедных вучняў. Такая вечарына адбылася 2 лютага 1913 г.: «у суботу, у зале сп. Навіцкіх... літаратурна-вакальная вечарына на карысць бедных вучняў і вучаніц» [108]. Потым прэса паведаміла, што з вечарыны 2 лютага «даход 191 руб. 60 кап., расход 53 руб. 45 кап. Камітэт арганізацыі вечарыны выказвае ўдзячнасць Грыншыяну, Гінзбургу і Стукатару, якія прынялі ўдзел у арганізацыі вечарыны. Асаблівая ўдзячнасць спадарству Навіцкім за шчодрае ахвяраванне ў выглядзе бясплатнага памяшкання для вечарыны» [109].

Зала гімназіі з'яўлялася месцам, дзе рэгулярна праходзілі гастролі артыстаў. Напрыклад, паведамлялася, што ў нядзелю 31 сакавіка «ў зале сп. Навіцкіх адбудзецца канцэрт вядомага гумарыста і аўтара, артыста СПБ тэатраў Д. Багемскага. Разам з ім у канцэрце прымуць удзел тэнар Д. А. Растан, лірычныя песні і цыганскія рамансы выканае О. В. Мірава, акампанемент на піяніна г. З. Зіноўеў. Квіткі можна набыць у краме "Труд"» [110].

«Памятная кніжка Віленскай губерні на 1914 год» друкавала інфармацыю пра Лідскую прыватную жаночую гімназію Ф. Л. і В. С. Навіцкіх: «Існуе з 21 чэрвеня 1910 г. Папячыцельная рада гімназіі. Сталыя чальцы: заснавальнік гімназіі Фёдар Людвігавіч Навіцкі і Вера Сяргееўна Навіцкая. Старшыня рады Лідскі павятовы прадвадзіцель дваранства, граф Людвіг Уладзіслававіч Грабоўскі. Чальцы: удава сапраўднага стацкага дарадцы Ніна Георгіеўна Смальян, Елізавета Дзмітрыеўна Скосырава, Екацярына Пятроўна Пятухова, Эміль Сцяпанавіч Буткевіч, калежскі дарадца Яўген Аляксандравіч фон Гротэ дэ Буко, надворны дарадца Леў Вісмант.

Настаўнікі гімназіі: старшыня педагагічнай рады, выкладчык гісторыі і геаграфіі, ганаровы грамадзянін горада Ліды, калежскі дарадца Фёдар Людвігавіч Навіцкі, начальніца гімназіі Вера Сяргееўна Навіцкая, законанастаўнікі: праваслаўнага веравызнання, святар а. Іаан Якаўлевіч Цэбрыкаў, рыма-каталіцкага - ксёндз Франц Ратынскі, іўдзейскага - Абрам Маркавіч Шэйнгольд. Выкладчыца рускай мовы і гісторыі Аляксандра Васільеўна Абаімава, выкладчык матэматыкі і фізікі Віталій Дамінікавіч Булат, выкладчыца рускай мовы ў малодшых класах Антаніна Вітальеўна Павецкая, выкладчыца французскай мовы Людміла Ўладзіміраўна Кузьмінская, выкладчык нямецкай мовы Элізабет Карлавіч Віганд, выкладчыца ручной працы Ганна Гаўрылаўна Ярмаловіч, выкладчык чыстапісання Мікалай Васільевіч Сямёнаў, класныя назіральніцы: Аляксандра Кіпрыянаўна Лебедзева, Ганна Пятроўна Цэбрыкава, Антаніна Іванаўна Павецкая, Ганна Гаўрылаўна Ярмаловіч, вакансія настаўніка музыкі не занятая» [111].

Марыя Навіцкая , народжаная Снітко, нарадзілася 3 чэрвеня 1865 г. Атрымала адукацыю ў Віленскай Марыінскай вышэйшай жаночай вучэльні. Мела годнасць хатняй настаўніцы. У Лідзе жыла з 22 лістапада 1899 г. Памерла 26 лістапада 1908 г. ад разрыву сэрца, не дажыўшы менш за два гады да канчатковага здзяйснення сваёй мары - адкрыцця ў г. Лідзе жаночай прыватнай гімназіі. Пахавана на старых праваслаўных могілках каля Свята-Георгіеўскай царквы.

Вера і Фёдар Навіцкія. Пра Веру Сяргееўну Навіцкую (1873? - 19??) вядома вельмі мала і яшчэ зусім нядаўна не было вядома нічога. Вера Навіцкая, народжаная Шыльдэр-Шульднер (з рускіх, віцебскіх, немцаў), каля 1890 г. скончыла Ліцейную жаночую гімназію ў Пецярбургу. Выйшла замуж за Аляксандра Уладзіміравіча Махцэвіча, які служыў у 107-м Траецкім пяхотным палку ў Вільні, у 1899 г. выйшаў у адстаўку і з 24 кастрычніка таго ж года пачаў служыць лідскім паліцэйскім спраўнікам - менавіта ў гэты год адбылося першае знаёмства Веры Сяргееўны з горадам Лідай. Амаль што адначасова, з 3 лістапада 1899 г., яе будучага другога мужа - Фёдара Людвігавіча Навіцкага, выпускніка Віленскай настаўніцкай вучэльні - з пасады настаўніка Свянцянскай 3-класнай гарадской вучэльні пераводзяць, з павышэннем, на пасаду штатнага наглядчыка і выкладчыка рускай мовы і гісторыі ў Лідскую 2-класную павятовую вучэльню.

Пазнаёміліся яны гэтай восенню? Ці прабегла паміж імі першая іскра менавіта тады? Магчыма, бо ўжо праз год прэса паведаміла, што лідскі павятовы спраўнік, надворны дарадца Махцэвіч пераведзены на службу ў Віцебскую губерню, што падобна на ўцёкі зняважанага мужа.

Як бы там ні было, да 1905 г. Махцэвічы перастаюць жыць разам, і Вера Сяргееўна пасяляецца ў Пецярбургу, вуліца Басейная, 17. У адраснай кнізе Пецярбурга яна запісана адна, без мужа, але як жонка калежскага дарадцы. Свае дзве першыя кнігі яна напісала і выдала менавіта тут, у Пецярбургу, імя аўтара на вокладцы - Вера Махцэвіч («Хорошо жить на свете! Из воспоминаний счастливой девочки». - СПб, 1906 г. і «Веселые будни: из воспоминаний гимназистки». - СПб, 1906 г.).

У Лідзе, яшчэ ў 1901 г., жонка штатнага наглядчыка Лідскай павятовай вучэльні Марыя Навіцкая адкрывае прыватную 3-класную жаночую вучэльню з падрыхтоўчым класам. Па сумяшчальніцтве ў ёй выкладае і Фёдар Людвігавіч. Хутка прыватная жаночая школа становіцца прагімназіяй, а потым і прыватнай жаночай гімназіяй.

Каб мець права трымаць гімназію, трэба мець вышэйшую адукацыю, і Ф. Л. Навіцкі паступае ў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт. Ці сустракаўся ён у Пецярбургу з Верай Сяргееўнай? Так, бо якраз там яны складаюць хрэстаматыю для падрыхтоўчых і першых класаў сярэдніх навучальных устаноў «Куткі жыцця», якая была надрукавана ў 1908 г. у Пецярбургу. Вера Сяргееўна вяртаецца ў Ліду і са жніўня 1908 г. становіцца памочніцай начальніцы ў жаночай прагімназіі М. К. Навіцкай. Таму на хрэстаматыі пазначана: «Склалі выкладчыкі Лідскай мужчынскай і жаночай прагімназій Ф. Л. Навіцкі і В. С. Махцэвіч».

У кнізе Н. Дзмітрыева «Нацыянальная школа», якая ўбачыла свет у 1913 г., маецца такая рэцэнзія на гэтую хрэстаматыю: «Кніга мае 5 частак: любоў, вера, праца, абавязак і "стракатыя старонкі". Найбольш шырокае месца адведзена першаму раздзелу - любві; тут апавяданні і вершы пра любоў да Бога, да радзімы і чалавека, з іх шмат добрых... Няма неабходных патрыятычных вершаў, айчыне не надаецца належнай увагі; але затое ёсць прыстойныя апавяданні ў раздзелах: праца і доўг, хоць і не ўсе, і асабліва ў раздзеле "вера"; супраць апошняга раздзела нічога не маем запярэчыць. Агульнае ўражанне аб кнізе было б добрае, калі б не было названых галоўных недахопаў кнігі».

6 лістапада 1908 г. ад разрыву сэрца памірае стваральніца Лідскай прыватнай жаночай прагімназіі Марыя Навіцкая. Фёдар Людвігавіч Навіцкі, у сувязі са смерцю жонкі, і выкладчыца гісторыі Вера Сяргееўна Махцэвіч 1 снежня 1908 г. звярнуліся да папячыцеля Віленскай навучальнай акругі з прашэннем пакінуць навучальнай установе назву «Прагімназія М. К. Навіцкай» з размеркаваннем абавязкаў: Ф. Л. Навіцкаму аддаць агульную адміністрацыйную ролю, г. зн. старшынства ў педагагічнай радзе, запрашэнне на работу выкладчыкаў, вядзенне канцылярыі і гаспадаркі, а В. С. Махцэвіч - вядзенне і кіраўніцтва навучальна-выхаваўчай часткай у прагімназіі.

У 1909 г. Вера Сяргееўна ўзяла шлюб з Фёдарам Людвігавічам Навіцкім, а ў канцы лістапада таго ж года Навіцкі здаў іспыты ў Санкт-Пецярбургскім універсітэце і атрымаў годнасць настаўніка гімназій з правам выкладаць гісторыю і геаграфію, аб чым яму выдадзена пасведчанне за № 702 ад 8 сакавіка 1910 г.

Менавіта ў Лідзе, паміж 1909 і 1914 гг., Вера Сяргееўна піша большасць сваіх кніг. Усе яны друкуюцца ў Пецярбургу: «Заветные уголки: рассказы для детей» (1911), «Безмятежные годы» (1912), «Первые грезы» (1913), «Басурманка» (1914), «Наташа Славина» (1914), «Галя» (1914). Вера Сяргееўна пісала ў пару, калі адцвіталі апошнія кветкі сімвалізму, яго ўплыў не абышоў і яе. Вера Сяргееўна Навіцкая пісала ясныя, чыстыя і на першы погляд немудрагелістыя кніжкі - дзеянні іх адбываюцца ў своеасаблівым дзіцячым раі. У наступных кнігах фон трохі змяняецца - гераіня паступае ў гімназію, вучыцца, наведвае оперу, спасцігае жыццё.

Вера Сяргееўна Навіцкая супрацоўнічала з дзіцячым часопісам «Крыніца», дзе друкаваліся яе апавяданні. Апошнім часам усе кнігі лідскай аўтаркі перавыдадзены. Кніга «Хорошо жить на свете! Из воспоминаний счастливой девочки» ў 2016 г. перакладзена на беларускую мову Станіславам Суднікам, адзіны асобнік знаходзіцца ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы.

«Памятная кніжка Віленскай губерні» за 1915 год друкуе апошнюю інфармацыю пра Лідскую прыватную жаночую гімназію Ф. Л. і В. С. Навіцкіх: «Існуе з 21 чэрвеня 1910 г. …заснавальнікі гімназіі Фёдар Людвігавіч Навіцкі і Вера Сяргееўна Навіцкая. Настаўнікі гімназіі: старшыня педагагічнай рады, выкладчык гісторыі і геаграфіі, ганаровы грамадзянін горада Ліды, калежскі дарадца Фёдар Людвігавіч Навіцкі, начальніца гімназіі Вера Сяргееўна Навіцкая...».

Летам 1915 г. гімназія эвакуіруецца з Ліды на ўсход, і Навіцкія губляюцца ў вірах сусветнай вайны і рэвалюцыі. Але ў віленскай прэсе 1930 г. аўтару ўдалося знайсці інфармацыю пра Ф. Л. Навіцкага - ён жыў у Маскве і праз пасрэдніка прадаў будынак лідскай гімназіі (вул. 3-га Траўня, 45) адвакату Слаўцілу за 3 000 долараў. Ці жыла яшчэ ў гэты час Вера Сяргееўна - невядома.

Прагімназія Палу . 31 жніўня 1906 г. гарадскія ўлады прынялі на сябе абавязак на працягу двух гадоў, пачынаючы з 1907 г., выдаткоўваць дапамогу прыватнай мужчынскай прагімназіі, калі тая адчыніцца, у памеры 300 рублёў у год [112]. Памятная кніжка на 1914 г. дае наступную інфармацыю пра гэтую навучальную ўстанову: «Лідская 4-класная мужчынская прагімназія І. М. Палу з правамі для вучняў. Утрымальнік прагімназіі: тытулярны дарадца Іван Мартавіч Палу. Законанастаўнікі: праваслаўнага веравызнання - святар а. Іаан Якаўлевіч Цэбрыкаў, рыма-каталіцкага - кс. Ян Мароз, іўдзейства - Д. Б. Дубоўскі. Выкладчыкі: Аляксандр Рыгоравіч Траўскі, Яўген Аляксандравіч Палу» [113].

Прэса пісала, што ўначы з 22 па 23 лістапада 1912 г. у мужчынскай прагімназіі сп. Палу скралі класныя журналы 3-га і 4-га класаў, «падазраюць вучняў» [114].

Мужчынская дзяржаўная гімназія . Газета «Лідскае слова» ў лістападзе 1912 г. паведаміла: «Пацвердзіліся чуткі аб адкрыцці ў Лідзе мужчынскай гімназіі. Лідскі стараста атрымаў афіцыйны зварот ад папячыцеля Віленскай вучэбнай акругі А. Астравумава: "Сп. міністр Народнай асветы 5 лістапада зваротам № 44155 паведаміў, што ў 1913 г. вырашана адкрыць мужчынскую гімназію ў г. Лідзе і даручыў зрабіць неабходныя захады для гэтага. Прымаючы да ўвагі, што Лідскае грамадскае кіраванне пастановамі ад 27 студзеня 1911 г. і 13 чэрвеня гэтага года абавязалася: а) у выпадку, калі будзе дазволена адкрыць мужчынскую гімназію, выдзеліць участак зямлі для пабудовы гімназічнага гмаха; б) асігнаваць 10 000 руб. на пабудову гэтага гмаха і гэтыя грошы перадаць ва ўправу акругі; в) на тры гады задарма перадаць у карыстанне цалкам абсталяванае школьнае памяшканне для пяці класаў...» [115].

У рэдакцыйным артыкуле «Лідскае слова» пракаментавала адкрыццё мужчынскай гімназіі: «Мара, якую гэтак доўга песцілі жыхары горада - мець у Лідзе дзяржаўную мужчынскую гімназію, хутка ажыццявіцца. Першыя крокі ўжо зроблены. Зараз трэба выканаць абавязацельствы, узятыя на сябе гарадской управай… Управа сама выканаць абавязацельствы не ў стане і мае патрэбу ў падтрымцы з боку насельніцтва. Не трэба шмат казаць пра значнасць гімназіі для Ліды. Бацькі атрымаюць магчымасць даць сваім дзецям сярэднюю адукацыю і гэтым задаволяць свае запаветныя мары і цалкам зразумелыя пажаданні. Гімназія можа ўскосным чынам значна паўплываць на жыццё горада ў культурным і матэрыяльным сэнсе. ...Зразумела, не ўсе з аднолькавай радасцю сустрэнуць весткі пра адкрыццё гімназіі. Вялікая частка насельніцтва, пастаўленая ў адмысловыя ўмовы працэнтнай нормай [116] і яе строгім прымяненнем, не будзе мець магчымасці вучыць сваіх дзяцей. Але гэта - вынік дзяржаўнай палітыкі, і таму не час і не месца пра гэта тут пісаць» [117].

На працягу ўсяго свайго нядоўгага часу існавання «Лідскае слова» стала інфармавала пра падзеі вакол адкрыцця мужчынскай гімназіі ў Лідзе. У канцы 1912 г. лідскі гарадскі стараста атрымаў ліст ад папячыцеля вучэбнай акругі, у якім паведамлялася, што ў верасні 1913 г. у Лідзе будуць адкрыты два першыя класы Лідскай мужчынскай гімназіі (з падрыхтоўчым класам) [118].

«Лідскае слова» ў рэдакцыйным артыкуле пракаментавала падрыхтоўку да адкрыцця гімназіі: «Прыбліжаецца час адкрыцця гімназіі. А між тым, мы не бачым ніякай зацікаўленасці з боку тых, каму гэта гімназія неабходна. Толькі зрэдку да нас даходзяць чуткі, што адзінкавыя навакольныя абшарнікі-мецэнаты прысылаюць ахвяраванні. Больш за тое: вядома, што калі б было хадайніцтва... аб адкрыцці 3, 4, 5 класаў, дык без сумневу быў бы атрыманы дазвол. Бо гэта важна для многіх. Між тым не бачым ніякай ініцыятывы... Гэта вынік нашай пасіўнасці» [119].

4 сакавіка 1913 г. у Ліду прыехаў акруговы інспектар Віленскай вучэбнай акругі Счасліўцаў. Цэлы тыдзень ён рэвізаваў мясцовыя навучальныя ўстановы і аглядаў памяшканні, якія былі прапанаваны для арэнды будучай гімназіі [120]. У выніку інспектар памяшканне выбраў, і «Лідскае слова» паведаміла, што для мужчынскай гімназіі будзе арандаваны дом доктара Янушкевіча па вуліцы Камерцыйнай [121].

У канцы сакавіка Віленскае губернскае па гарадскіх справах «присутствие» дазволіла Лідскаму гарадскому грамадскаму кіраванню пазычыць з гарадскога запаснога капіталу 10 000 руб. на пабудову дзяржаўнай мужчынскай гімназіі [122].

Газета абвесціла перапіс будучых вучняў: «У рэдакцыю "Лідскага слова" паступаюць заявы ад бацькоў пра неабходнасць хадайнічаць аб адкрыцці акрамя двух класаў гімназіі яшчэ і трэцяга. Для гэтага неабходна дастатковая колькасць хлопчыкаў, і таму прапануем бацькам даслаць у рэдакцыю інфармацыю аб узросце, веравызнанні і ўзроўні падрыхтоўкі хлопчыкаў» [123].

У тым жа нумары газета паведаміла некалькі навін: падрыхтоўчы клас, верагодна, не з'явіцца з-за недахопу ў гарадской управы 1 500 руб., службоўцы 15-га ўчастка Палескай чыгункі сабралі 4 руб. 50 кап. для камітэта па зборах ахвяраванняў на карысць гімназіі і «гмах для новай дзяржаўнай гімназіі будзе пабудаваны на горцы (Ферма). Гэта месца адведзена гарадской управай і ўхвалена кіраўніцтвам адукацыі» [124] - прыкладна там, дзе зараз знаходзіцца падатковая інспекцыя.

Газета пракаментавала збор грошай на гімназію: «Наколькі парадаваў факт збору грошаў чыгуначнікамі, настолькі несуцяшальным з'яўляецца агульны вынік ахвяраванняў на гімназію. А здавалася б, мы жывём у Еўропе і павінны стаяць вышэй за папуасаў, якія мала вераць у адукацыю» [125]. У тым жа нумары: «Дырэктарам мужчынскай гімназіі будзе прызначаны інспектар віленскай рэальнай вучэльні сп. Бялькоўскі» [126].

У сярэдзіне траўня Лідскі прадвадзіцель дваранства сабраў 1 000 руб. на карысць гімназіі, «якая хутка адкрыецца ў горадзе» [127]. Тады ж «пастановай сходу ўпаўнаважаных ад 13 чэрвеня 1912 г. вырашана асігнаваць з гарадскіх сродкаў 10 000 р. аднаразовай дапамогі на пабудову будынка Лідскай мужчынскай дзяржаўнай гімназіі, адкрытай у 1913 г.», і вырашана аплачваць за кошт горада навучанне 2 выхаванцаў гэтай гімназіі на суму 300 рублёў [128].

Фінансавыя пытанні неяк вырашыліся, і летам 1913 г. мужчынская гімназія ў Лідзе пачала працаваць: «У Лідзе гэтай восенню адкрываецца гімназія для хлопцаў. Уступныя экзамены пачнуцца ад 20 жніўня. Просьбы аб прыняцці ад 1 жніўня прымаюцца ў канцылярыі гімназіі» [129]. Горад плаціў за наём памяшкання і абсталяванне гімназіі, «якая адкрываецца з 1 ліпеня 1913 г. - 2 500 рублёў» [130].

Адразу адкрыліся два класы гімназіі, у якія прыняты 74 вучні. У 1914 г. адкрыты 3-ці і падрыхтоўчы класы, колькасць гімназістаў вырасла да 167 чалавек. Як і паведамлялася, гімназія займала памяшканне ў цэнтры горада па вуліцы Камерцыйнай.

У 1914 г. гарадскія ўлады выдаткоўваюць на мужчынскую гімназію 2 500 рублёў, з разліку: наём памяшкання - 1 400 рублёў і абсталяванне памяшканняў мэбляй для адкрыцця наступных 3-га і 4-га класаў [131].

Іешыва рабіна Рэйнеса . У ХХ ст. змяніліся ўмовы жыцця, і яўрэйскія супольнасці пачалі імкнуцца да таго, каб адукацыя магла даваць сродкі для жыцця. Таму равінам Рэйнесам у Лідзе была адкрыта іешыва новага тыпу. Праграма новай іешывы стала шасцігадовай і апроч Талмуда і яўрэйскай граматыкі складалася з усіх прадметаў па курсе павятовай вучэльні. Але традыцыі былі захаваны: вывучэнне Торы засталося галоўнай мэтай навучання. Рэйнес упершыню ўвёў у іешыве вызначаную праграму заняткаў, падзяліў яе на класы, уладкаваў перыядычныя іспыты вучням. Першыя 4 гады прысвячаліся вывучэнню Талмуда і яго каментатараў, апошнія два - выключна азнаямленню з дзейснымі рэлігійнымі кодэксамі. Лідская іешыва неўзабаве стала вельмі папулярнай. У 1908 г. яна атрымала зацверджаны статут. Грашовыя ўнёскі дасягнулі 20 000 руб., а колькасць вучняў перавысіла 300. Лідская іешыва павінна была выпускаць не толькі рабінаў і настаўнікаў, але і «купцоў, дасведчаных у яўрэйскіх навуках», таму з 1909 г. у апошнім падрыхтоўчым класе сталі выкладаць вучням некаторыя камерцыйныя навукі. Адным з галоўных фундатараў лідскай іешывы быў барон Д. Г. Гінцбург. Іешыва Рэйнеса напачатку Першай сусветнай вайны была зачынена. Навучанне адноўлена ў 1923 г. пры дапамозе камітэта дапамогі іешывам у Вільні.

Народныя вучэльні . Пастановай сходу лідскіх упаўнаважаных ад 25 кастрычніка 1912 г. прызначаны 150 рублёў у год на арэнду памяшкання для мужчынскай народнай вучэльні [132]. Пэўна, мелася на ўвазе двухкласная мужчынская прыходская вучэльня, якая вучыла дзяцей чытанню, пісьму, арыфметыцы і Закону Божаму.

На пачатку 1913 г. гарадская ўправа асігнавала 150 руб. на адкрыццё другой мужчынскай народнай вучэльні, а дырэкцыя народных вучэльняў звярнулася да гарадской управы з просьбай надаць ёй участак зямлі памерам 2 дзесяціны для будаўніцтва новага будынка [133].

2 лютага таго ж года ў памяшканні лідскай прыходскай вучэльні адбыўся з'езд народных настаўнікаў, на якім абмяркоўваліся педагагічныя пытанні. На з'ездзе было каля 40 настаўнікаў і настаўніц [134].

Пра наяўнасць у горадзе чыгуначнай вучэльні мы можам даведацца з паведамлення ў газеце: «30 снежня (1912 г.) сябры гуртка чыгуначнай вучэльні ладзяць спектакль з канцэртным аддзяленнем на карысць сваёй вучэльні» [135].

У снежні 1912 г. газета «Лідскае слова» прапануе стварыць у Лідзе «дзіцячы сад», маючы на ўвазе пад гэтым тэрмінам трошкі не тое, да чаго мы прывыклі: «…дзіцячы сад… мог бы мець вялікі выхаваўчы эфект. Арганізацыя розных гульняў, гімнастычных практыкаванняў пад кіраўніцтвам дасведчанай фрэбелічкі [136] дадасць новы струмень у выхаванне нашых дзяцей» [137].

«Кур'ер Літоўскі» надрукаваў развагі невядомага жыхара горада пра нежаданне вывучаць польскую мову: «У горадзе функцыянуюць дзве прыватныя школы, прагімназіі жаночая і мужчынская з правамі дзяржаўных школ. Абедзве школы атрымалі права выкладаць польскую мову за дадатковую плату па 7 рублёў з вучня. Аднак ахвотных вучыцца польскай мове знайшлося толькі 40 чалавек, і таму настаўніца польскай не загружана і выкладае яшчэ і французскую мову». Аўтар са смуткам паведамляе, што ў жаночай прагімназіі польскую мову вучыць толькі 18 вучаніц, у мужчынскай - 24 вучні. «Вялікая частка гараджан Ліды - яўрэі, дома яны размаўляюць часткова на ідыш, часткова па-руску, на вуліцы - у асноўным па-руску. Хрысціяне: палякі і беларусы, дома размаўляюць у асноўным па-польску [138], а на вуліцы паміж сабой па-руску». Далей невядомы аўтар піша: «На пытанне, чаму не жадаеце, каб вашы дзеці вучылі польскую мову, адказваюць: Нашы дзеці ўмеюць Пана Бога славіць па-польску ў касцёле па кніжцы, і больш ім не трэба» [139].

Такім чынам, у сувязі з агульным эканамічным уздымам, да 1914 г. у горадзе з'яўляліся новыя вучэбныя ўстановы ўзроўню гімназіі, гэта станоўча ўплывала на жыццёвыя перспектывы моладзі, бо павышала яе канкурэнтаздольнасць на рынку працы і давала магчымасць атрымліваць падрыхтоўку неабходную, каб стаць студэнтам універсітэта ў родным горадзе.

* * *

Грамадскасць горада хвалявалі праблемы аднаўлення ўніверсітэта ў Вільні, і мясцовая прэса дастаткова падрабязна пісала пра гэта.

Віленская гарадская ўправа вырашыла скарыстацца святкаваннем 300-годдзя дома Раманавых і агульнай атмасферай свята і таму ўжо не першы раз паставіла пытанне аб адкрыцці ў Вільні ўніверсітэта. Яна была гатова асігнаваць для гэтага мільён рублёў і даць для гмаха ўніверсітэта кавалак зямлі ў 20 дзесяцін [140].

У сакавіку 1913 г. «Лідскае слова» паведаміла сваім чытачам: «... пытанне пра адкрыццё ў Вільні ўніверсітэта вырашана адмоўна. Відочна, перамаглі нацыяналістычныя тэндэнцыі, якія мацней за здаровую логіку. Не дапамог нават грунтоўны даклад Віленскай гарадской управы, у якім статыстычныя дадзеныя пра колькасць вучэбных устаноў красамоўна кажуць пра неабходнасць універсітэта ў адным з нашых вялікіх цэнтраў. Гэты даклад, таксама, аспрэчвае галоўны довад праціўнікаў універсітэта, што ў ім будуць панаваць студэнты-палякі. ...пры афіцыйным "нацыянальным" курсе наш край ніколі не атрымае гэтай найкультурнейшай установы» [141].

Аднак грамадскасць краю працягвала барацьбу за ўніверсітэт. Газета пісала: «У апошні час віленскі друк шмат увагі надае пытанню пра ўніверсітэт у Вільні... Для нас, лідзян, якія жывуць за тры гадзіны язды ад Вільні, тым больш павінна быць прыемна, што калі ўніверсітэт адкрыецца, дык выбітныя прадстаўнікі навукі - прафесары будучага ўніверсітэта змогуць часта наведваць наш горад, каб дзяліцца сваімі ведамі і думкамі» [142].

Як альтэрнатыва прапаноўваліся таксама Менск і Віцебск, абшарнікі абяцалі ўзяць на сябе ўсе выдаткі, але ўлады так і не дазволілі адкрыць універсітэт у нашым краі. Віленскі ўніверсітэт быў адноўлены адным з першых указаў Пілсудскага ў 1919 г. як польская навучальная ўстанова.

Адукацыя на Лідчыне. У першым нумары беларускай газеты «Наша Доля» ў карэспандэнцыі, датаванай вераснем 1906 г., падрабязна расказваецца пра арганізацыю сялянамі школы ў мястэчку Жырмуны: «У восені ў прошлым годзе крэсцяне Жырмунскай воласці пастанавілі ўстроіць сваю школу, у каторай вучылі бы дзяцей і па-польскі. Начальства не дазволіла гэтага. Дзеля таго ўсе крэсцяне згаварыліся не пушчаць сваіх дзяцей у казённую школу і не даваць грошы на гэту школу. У вучылішчы ёсць вучыцель народны - неякі Данько, чалавек нягодны. Заўсягды ён ваяваў з крэсцянамі, рабіў ім усё злое, што мог. Часта кресцяне падавалі жалабу на яго вучылішчнаму начальству, але з гэтага ніякага толку не было. Данько застаецца на сваім мейсцу. За тое цяпер, як крэсцяне пастанавілі не пасылаць дзяцей у школу, вучыцель Данько напісаў данос начальству на самых бойчэзных крэсцян і назваў іх бунтоўшчыкамі. Пісалі крэсцяне аб новых школах глаўнаму міністру Віттэ, але і тут нічога не дабіліся. Скончылася ўся справа тым, што вучыцель падаў на крэсцян жалабу ў суд. Цяпер суд прысудзіў прадаць дабро крэсцян, каб такім спосабам узяць ад іх грошы на вучылішча з каторага ніхто не карыстае. Цешыцца Данько, што такі прыціснуў крэсцян, і чэкае, як гэта праз некалькі дзён споўніцца прыгавор суда, як будуць забіраць мужыцкае дабро... Дзякаваць Богу, што такіх нягодных вучыцялёў мала ёсць у нашым краю» [143].

Праз два месяца «Кур'ер Літоўскі» напісаў пра далейшыя падзеі ў Жымунах: «21 лютага 1906 г. у Жырмунскім касцёле паліцыя знайшла 60 вучнёўскіх сшыткаў і 9 польскіх падручнікаў. У плябаніі настаўніца Аляшкевіч вучыла дзяцей мове, а пробашч выкладаў рэлігію. Школа зачынена» [144]. Пробашчам касцёла ў гэты час быў магістр тэалогіі ксёндз Баляслаў Сперскі [145]. Пасля пакарання ксёндз быў пераведзены ў мястэчка Жалудок. У 1908 г. «пробашч касцёла ў Жалудку кс. Баляслаў Сперскі падаў паданне ў Віленскую вучэбную акругу з просьбай адчыніць пры касцёле школу з выкладаннем полькай і рускай мовы» [146]. Але і ў Жалудку Сперскі за арганізацыю нелегальнай школы быў арыштаваны, і выязная сесія Віленскага акруговага суда ў Гародні прыгаварыла яго да зняволення ў крэпасці тэрмінам на адзін год [147].

Кс. Баляслаў Сперскі нарадзіўся 05.04.1871 г. у засценку Коньчыны пад Вільняй у шляхецкай сям'і. Ягоным першым настаўнікам была маці. Ксёндз Баляслаў Сперскі. Потым ён вучыўся ў гарадской школе і Віленскай гімназіі. Пасля гімназіі паступіў у духоўную семінарыю. Пасля заканчэння семінарыі, як лепшы, быў накіраваны на вучобу ў Пецярбургскую духоўную акадэмію, у 1897 г. закончыў яе з ступенню магістра тэалогіі. Наступныя чатыры гады выкладаў у Віленскай духоўнай семінарыі. Потым у якасці пробашча служыў у Жырмунах, Жалудку, а пасля 1920-х гг. у Ліпнішках, Кобрыне. Падчас працы на Лідчыне стаў сталым кліентам Віленскага акруговага суда. У выніку пасля вызвалення са зняволення ў крэпасці быў вымушаны эміграваць у Амерыку. З'язджаючы, сказаў сябрам, што, хіба, вернецца ў Жалудок толькі разам з польскім войскам, бо інакш ужо ніяк [148]. Што гэта было? Выпадковасць ці ксёндз насамрэч прадбачыў, што хутка будзе сусветная вайна, крушэнне трох імперый і стварэнне на іх месцы незалежных дзяржаў? Невядома. Але амаль што так і адбылося. Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны ксёндз спярша прыехаў працаваць у Сандамірскую дыяцэзію, а ў 1921 г. перабраўся Віленскую дыяцэзію. У 1927 г. стаў Гарадзенскім дэканам і пробашчам парафіі Св. Францішка Ксаверыя. У 1931 г. прызначаны адміністратарам касцёла Св. Барталамея ў Вільні. З 1936 г. - пробашч Віленскай парафіі Усіх Святых.

У 1941 г. арцыбіскуп Ялбжыкоўскі накіроўвае кс. Сперскага ў Мінск. Але праз тыдзень знаходжання ў Мінску яго арыштоўвае гестапа і праз нейкі час прымусова адпраўляе ў Вільню. У Вільні ксёндз далучаецца да акцыі дапамогі віленскаму гета. У сакавіку 1942 г. разам з некалькімі іншымі ксяндзамі зноў арыштаваны і змешчаны ў турму на Лукішках. Адтуль трапіў у канцлагер у Шалтупях, адкуль быў вызвалены толькі ўлетку 1944 г. і зноў пачаў працаваць пробашчам парафіі Усіх Святых. У верасні 1944 г. выехаў у Бабруйск, дзе пачаў працаваць у мясцовай парафіі, якая да таго часу ўжо шмат гадоў не мела святара. З Бабруйска даязджаў ажно да Магілёва, спрабаваў аднавіць парафію ў Оршы. 14.12.1946 г. кс. Сперскі арыштаваны МГБ Літоўскай ССР і ў жніўні 1947 г. атрымаў 5 гадоў лагераў. Трапіў у лагер каля Сталінагорска. Адтуль пераведзены ва Уладзімірскаю турму. Праз нейкі час, вельмі стары чалавек, з турмы пераведзены ў лагер пад Верхнеўральскам. Памёр 23.04.1951 г.

Пачаткі беларускай школы сягаюць у 1906 г., калі пад кіраўніцтвам Якуба Коласа (К. Міцкевіча), слаўнага беларускага паэта i пісьменніка, а таксама Язэпа Лёсіка, вядомага беларускага філолага, абодва па прафесіі настаўнікі, заснаваўся тайны настаўніцкі гурток дзеля тайнага навучання беларускіх дзяцей у ix роднай беларускай мове [149]. У кастрычніку 1907 г. «Наша Ніва» паведаміла, што ў Вільні хутка адчыніцца пачатковае двухкласнае вучылішча для літоўцаў. Рэдакцыя паведамляе, што праз два месяцы павінна пачаць працаваць школа, дзе дзетак будуць вучыць таксама і беларускай мове [150]. Але легальную беларускую школу адкрыць тады было яшчэ немагчыма.

У карэспандэнцыі, стылізаванай пад сялянскую гутарку, пад загалоўкам «З Лідскага павета» ў газеце «Наша Ніва» на пачатку 1908 г. аўтар пад псеўданімам Калодка паказаў, што сяляне ўжо добра зразумелі неабходнасць навукі для дзетак на сваёй мове: «У вадной вёсцы надумаліся мужыкі наняць настаўніка... цяпер нам усім дрэнна, а без навукі яшчэ горш будзе. Зямлі, брат, сваёй няшмат, дома сыны век не будуць сядзець, трэба будзе выхіляцца ў свет, а як чалавек невучоны, дык бяда: усюды папіхваюць і за дурня маюць!.. Антось Кумпяк (сказаў) - Трэба нам наняць вучыцяля, ды такога, каб вучыў па нашаму, у такой мове, як самі гаворым; гэта на сам перад, а пасля хай вучыць дзяцей па польску і па расейску. Калі не будзе так, як я кажу, дык дальбог, і капейкі не дам на якога іншага вучыцяля! Я шчыра раджу наняць вучыцеля Юзіка Кавальчука: ён, браты, усюды па гарадох, усё ведае, на ўсім-усякім чытанні знаецца, а сваёй мовы не цураецца, ад яе не адракаецца! Такі нам і патрэбны...» [151].

Той жа аўтар праз некалькі месяцаў пісаў: «Устаюць па малу беларусы на свае ногі і самі працуюць, каб падняць культуру. Толькі бядуюць, што няма гдзе вучыць дзяцей, школак у воласці толькі адна - народная, а дзяцей для навукі ў кожнай вёсцы будзе па 30, прыйдзе зіма, і вясковыя дзеці замест навукі будуць сабак ганяць... Але мужыкі стараюцца і самі наймаюць вучыцялёў на зіму. Школкі такія добра вучаць і па руску і па польску, і тлумачыць ім вучыцель усё ў роднай беларускай мове. Крыўда толькі дзецям у тым, што такія школкі называюць «тайнымі» і закрываюць. У 1908 гаду начальства закрыла 4 такія школы ў Ганчарскай воласці, у вёсках Фалькавічах, Мінойтах, Песках і Заборцах, дык яшчэ 2 школкі ў Беліцкай воласці ў в. Нецяч і Чаплічы» [152].

Як бачым, сяляне Лідчыны гатовыя былі вучыць сваіх дзяцей за свае кроўныя грошы, але расійская ўлада праследавала непадкантрольную ёй адукацыю. Газеты таго часу рэгулярна змяшчалі інфармацыю з усёй Беларусі пра закрыццё «тайных» школ і судовы пераслед іх арганізатараў.

У 1909 г. паведамлялася, што ў мястэчку Астрына Лідскага павета «мужыкі збіраюцца адкрыць гарадзкое вучылішча» [153]. У тым жа годзе ў мястэчку Новы Двор: «З вучылішчам у нас ізноў бяда. Толькі паставілі новы будынак вучылішча, выходзіць, што дабрацца да яго нельга, хіба лётаючы па паветры. Зямля перад вучылішчам належыць быццам да купца Бершчадскага, і Бершчадскі не дае ні праходу, ні праезду ў вучылішча. Судзіліся мы адзін раз аб той кавалак зямлі перад Земскім і атсудзілі зямлю ад Бершчадскага. А на з'ездзе зноў нашы пісар і старшына паехалі без сведкаў і папераў, Бершчадскі і выіграў, і цяпер хоча за кавалак зямлі даўжыні 14 сажняў і шырыні 10 саж. - 300 руб. Старшына маніцца падаць яшчэ ў губернскае прысутствіе» [154].

У вёсцы Фалькавічы пастаноўка справы народнай адукацыі збольшага задавальняла сялян: «В. Фалькавічы, Лідскага павета, Ганчарскай воласці. Ёсць у нас вучылішча Любарскага обчэства. Усе нашы сяляне цешацца і з вучылішча, і з вучыцеля, каторы вельмі добра абходзіцца з дзеткамі. Не саўсім толькі здаволены каталікі тым, што ім прыходзіцца вучыцца па расейску. Хаця ўсе тут беларусы, але цёмныя людзі хочуць вучыцца пацяроў не па беларуску, а па польску, бо думаюць, што як каталік, то ўжо і палякам стаўся» [155].

Калі не перашкаджала ўлада, моўнае пытанне сялянская грамада вырашала па сваім разуменні і беларуская мова задавальняла ўсіх: «У Лідскім павеце гаспадары пачалі кратацца каля прасветы сваіх дзетак. У аднэй вёсцы зрабілі прыгавор аб вучылішчу, але агледзяліся, што у гэтым вучылішчу адразу вучаць па расейску, дык першы год дзеці толькі час трацяць, бо дрэнна разумеюць гэту мову, вось і сяляне надумалі з самых пачаткаў вучыць сваіх дзяцей дома. Нанялі такога вучыцеля, каторы ўмее добра іхнюю беларускую родную мову, і пераканаліся, што гэтак шмат болей карысці для дзяцей, бо ім усё, што вучыцель да іх кажа, зразумела, і пасля ў школі ляхчэй вучыцца» [156].

Пра прагу сялян даць адукацыю дзецям пісаў народны карэспандэнт пад псеўданімам Тутэйшы з толькі што адбудаванага пасля пажару мястэчка Беняконі: «У нашым народным вучылішчу было заўсёды ня больш 50-60 вучняў, а ў гэтым годзе ўсе сунуліся да навукі, і ўжо вучанікоў больш 100 і яшчэ просяцца, але не прымаюць. На гвалт патрэбна тут двухкласнае вучылішча, але ніхто аб гэтым не дбаець» [157].

Ахвочых вучыцца і насамрэч было болей, чым маглі прыняць школы, нейкі А.С. пісаў з Бутрыманцаў Лідскага павета: «...асвета сялян тут па вёсках ідзе не праз школы, бо ўрадавая школа ўсяго адна на цэлую воласць - і воласць не малую. Хадзіць у тую школку ня кожнаму спадручна, ды і школка малая: усе месцы заняты, а жадаючых навукі шмат, дзеля гэтага сяляне прымушаны самі вучыць сваіх дзяцей і вучаць: бо уцямілі патрэбу навукі. Усюды добра граматнаму - ці дзе паехаў, ці пайшоў. Чытаць умеюць ня толькі мужчыны, але і ўсё блізка кабеты, кабеты ж і вучаць чытаць дзяцей, сабраўшы па якіх 2-3, - больш ня можна, бо пацягнуць... Галоўная мэта гэтай навукі чытанне на малітоўніку. На малітоўніку дзеці і чытаць вучацца, ён і астаецца ў іх на заўсёды адзінай літаратурай, якую чытае тутэйшы грамацей. Гэтыя кніжкі малітоўнікі, друкаваны ў польскай мове і дзеля гэтага прывык тутэйшы беларус вязаць сваю веру з польшчынай. А праз цемнату сваю ён веру лічыць за нацыянальнасць і дзеля гэтага называе сабе палякамі. І гэта адбіваецца на жыцці» [158].

Вядома, што ў 1911 г. намаганнямі Цёткі (Алаізы Пашкевіч) і У. Станкевіч-Луцэвіч (будучая жонка Янкі Купалы) было створана некалькі нелегальных школ у Лідскім павеце і Нова-Вільні [159].

На пачатку ХХ ст. неабходнасць адукацыі ўжо была ўспрынятая сялянамі Лідчыны як адзін з галоўных фактараў жыццёвага поспеху іх дзяцей. Таксама пачала ўсведамляцца неабходнасць і мэтазгоднасць вучобы менавіта на роднай мове.

Лідскі замак

«Кур'ер Літоўскі» надрукаваў развагі невядомага жыхара горада пра адносіны гараджан да галоўнага ўпрыгажэння Ліды - замка Гедыміна: «Маем у горадзе замак... але хутка помнік гэты ператворыцца ў руіны, бо з-пад падмурка гараджане для сябе выгортваюць жоўты пясок, і сцены замка з-за гэтага могуць абваліцца. І робіцца гэта днём, проста на ажыўленай вуліцы, паліцыянты і дзяржаўныя чыноўнікі праходзяць каля «замініраваных» сцен замка, якія пры абвале пагражаюць смерцю тым, хто выграбае пясок, і тым, хто выпадкова будзе праходзіць побач» [160].

У жніўні 1908 г. другі невядомы жыхар горада пад псеўданімам Z заўважыў у «Кур'еры Літоўскім»: «Нарэшце і ў нас з'явілася нейкая шырэйшая думка і жаданне нешта зрабіць для агульнай карысці». Далей аўтар пісаў: «На працягу многіх гадоў мы бачылі пастаяннае знішчэнне муроў замка Гедзіміна, аднак ніхто і не думаў пра яго выратаванне. Калі ж мы зацікавіліся гэтай справай, то даведаліся, што руіны знаходзяцца пад апекай Імператарскай археалагічнай Камісіі. Звярнуліся да Камісіі з просьбай аб выдзяленні грошай і пра дазвол на правядзенне работ па кансервацыі гэтага гістарычнага помніка. Калі прыйдзе адказ і ці будзе ён станоўчым, яшчэ не вядома, але пэўна, калі дапамога і будзе аказана, дык сума будзе недастатковай. Таму гарадскія ўлады павінны пачаць збіраць прыватныя сродкі сярод жыхароў горада і землеўладальнікаў Лідскага павета» [161]. На жаль, немагчыма даведацца, хто аўтар гэтай заметкі, як звалі таго першага лідзяніна, які пачаў бараніць галоўны помнік гісторыі і архітэктуры ў горадзе.

Ужо ў кастрычніку «Кур'ер…» паведамляе, што Міністэрства ўнутраных спраў асігнавала 1000 рублёў на рэстаўрацыю руін замка ў Лідзе [162].

Пасля першай у гісторыі замка ў Лідзе рэканструкцыі 1910 г. яго абследаваў Вандалін Шукевіч разам з выбітным знаўцам помнікаў архітэктуры ксяндзом-канонікам Казіцкім і вядомым даследчыкам мінулага Вільні Вацлавам Студніцкім: «…мы аглядалі сцены як найпільней. Галоўным чынам пан Казіцкі, не зважаючы на сваю стомленасць, узлазіў некалькі разоў ажно на самы верх мура па драбіне, звязанай з дзвюх, якая ўгіналася пад кожным крокам». Шукевіч са скрухай адзначае: «Незайздросны лёс помнікаў мінулых вякоў у нашым краі! Дзесьці там, у цывілізаванай Еўропе як урады, так і грамадства атачаюць такія помнікі клапатлівай апекай, шануюць іх, амаль пакланяюцца, сцерагуць ад усялякай шкоды. У нас наадварот, калі і існуюць яшчэ нейкія абломкі, то толькі дзякуючы нечуванай іх трываласці, бо ў нас усё робіцца, каб іх знішчыць...» [163]. Прайшло больш за сто гадоў пасля напісання гэтых радкоў, а наш менталітэт не памяняўся!

Далей вучоны справядліва заўважаў, што «для нас мінулае павінна быць падвойна дарагім, бо ў ім адным мы можам чэрпаць натхненне для барацьбы за нацыянальнае існаванне». Далей Шукевіч паказваў, што Лідскаму замку не пашанцавала яшчэ болей, чым іншым. Бо «вельмі мала тут чаго засталося, а тое, што ёсць, падлягае сістэматычнаму руйнаванню не толькі хцівымі на такі адборны матэрыял, як каменне з муру, жыхарамі слаўнага града, але і нязванымі апекунамі, якія як бы задаліся мэтай знішчыць усялякія рысы ўласцівай такім помнікам прыгажосці і замяніць яе на нічога не вартыя сцены з камення». Шукевіч апісваў працэс паступовага разбурэння замка, які ішоў на яго вачах на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў: «Гавораць, што некаторы з паноў-спраўнікаў лідскіх, пранікшыся трывогай за цэласць ілбоў давераных яго апецы жыхароў слаўнага града Ліды, загадаў значную частку муру разабраць па кругу, што і было зроблена з вывазам камення на брукаванне вуліц, а цэглы, праўдападобна, на пабудову яўрэйскіх печаў» [164]. Адмоўна ацэньваў археолаг і першую рэканструкцыю: будаўнікі раскідалі ненадзейныя месцы муроў, а паверхні сцен абмазалі цэментнай рошчынай. Якасць кансервацыйных работ была дрэннай: «У цэлым можна сказаць, што ў спусташэнні замка больш вінаватыя людзі, чым разбуральны час. Спрыялі руйнаванню не толькі нядобрасумленныя людзі, але нават і асобы з самымі лепшымі намерамі. …пасля «ўпарадкавання» па загаду аднаго з «спраўнікаў», нібыта ў імя грамадскай бяспекі… адбылося частковае разбурэнне сцен, асабліва на поўнач і захад. …праз дрэнную руплівасць замуравалі нават арачныя байніцы, размешчаныя ў паўночнай сцяне… муры былі пакрыты зверху цэментам. Ці можа быць гэтая ідэя лічыцца шчаслівай - трэба меркаваць спецыялістам. Я думаў, што так праводзіць працы па кансервацыі замка нельга. Можна нават дараваць той факт, што такім чынам былі знявечаныя сцены, але самае горшае, што гэтая цэментная нашлёпка на сценах не прадухіляе пранікненне вільгаці ў сцены, а наадварот, прадухіляе выпарэнне вільгаці, што паскарае працэс разбурэння. Гэта ўжо бачна… нідзе так не захоўваюць сцены» [165].

Ты мне менш цікаўнасць гараджан да захавання замка сведчыць пра рост агульнай адукаванасці і абуджэнне грамадзянскіх і патрыятычных пачуццяў гараджан.

Рэлігійнае жыццё

У 1897 г. урадам была скасавана забарона на будаўніцтва касцёлаў. Менавіта з гэтага года ў Беларусі пачалося масавае будаўніцтва каталіцкіх святынь. На Лідчыне былі пабудаваны касцёлы ў Лядску і Беняконях, а потым і шмат іншых [166].

У тым жа 1897 г. у Лідскім павеце большасць насельніцтва была каталіцкай - 62,5 %. Калі ў 1904 г., яшчэ да бурлівага адраджэння беларускай нацыі, так званага «нашаніўскага перыяду», Віленскае епархіяльнае ўпраўленне запыталася ў сваіх святароў: «...да якой народнасці вы належыце: польскай, літоўскай, беларускай ці інш.», - дык сярод іншых меліся адказы: «...гонар маю паведаміць Віленскаму рыма-каталіцкаму Епархіяльнаму Упраўленню, што я належу да народнасці беларускай». Беларусамі вызначылі сябе 2 з 13 ксяндзоў Лідскага павета (ксяндзы Міхал Зямчанок і Антон Свіл) [167].

Пасля рэвалюцыі 1905-1907 гг. і так званага «Кастрычніцкага маніфеста» - практычна канстытуцыі Расійскай Імперыі - сярод іншых свабод была дазволена і свабода сумлення. Цар падпісаў знакаміты ўказ аб рэлігійнай талеранцыі, да гэтага ўказу адыход ад праваслаўя лічыўся крымінальным злачынствам. Паводле ўказа праваслаўе заставалася пануючай рэлігіяй у імперыі, але цяпер можна было законна перайсці ў іншае веравызнанне. І нават праз 70 гадоў пасля скасавання уніі па ўсім краі людзі пачалі пераходзіць у каталіцтва. Верагодна, рэкорд паставілі жыхары мястэчка Сапоцкін і навакольных вёсак (тэрыторыя, якая ўваходзіла ў Царства Польскае і дзе унія была скасавана толькі на пачатку 1875 г.), якія ў поўным складзе перайшлі ў каталіцтва. Па ўсёй Беларусі ў 1905-1909 гг. у каталіцтва перайшло 232 705 вернікаў [168]. Дакладная лічба вернікаў, якія перашлі ў каталіцтва на Лідчыне, адсутнічае, але напрыклад, настаяцель Маламажэйкаўскай царквы а. Леў Савіцкі ў 1907 г. расказваў, што ў яго прыходзе было 15 пераходаў у каталіцтва (з 1400 вернікаў), што, па яго словах, «малая колькасць» [169].

На пачатку кастрычніка 1906 г. сяляне Каняўскай воласці намагаліся атрымаць дазвол на будаўніцтва новага касцёла ў вёсцы Рудня, дзеля чаго «яны напісалі губернатару краю» [170].

Жыхары вёскі Дубічы «напісалі паданне да губернатара, каб атрымаць дазвол на будаўніцтва новага касцёла на падмурках зруйнаванай у 1863 г. святыні і пра аднаўленне сваёй парафіі» [171].

У гэты ж час у Ельні «католікі злажылі паданне да Віленскага губернатара, каб атрымаць дазвол на будаўніцтва мураванай святыні на месцы драўлянай, якая з-за сваёй старажытнасці моцна зруйнаваная» [172].

У верасні 1906 г. газета «Кур'ер Літоўскі» пісала пра ўрачыстае асвячэнне новага касцёла ў Лядску: «Каля старога, драўлянага касцёла пабудавана дасканалая святыня з адной вежай у гатычным стылі. Будоўля пачалася ў 1898 г. у часах, калі прыйшлося перамагчы вельмі шмат перашкодаў, каб атрымаць дазвол на будаўніцтва. Асвячэнне новага касцёла адбылося 3 верасня, яго правёў канонік Віктар Франскевіч-Радзімінскі з асістэнтамі ксяндзом-дыяканам Вацлавам Гінтаўтам і субдыяканам кс. Антоніем Пакшысам» [173]. Перад Вялікаднем 1910 г. у новым Лядскім касцёле «стараннямі мясцовага пробашча кс. Ташкюна і парафіянаў быў уладкаваны вялікі алтар за 1 200 руб. у гатычным стылі работы сп. Крішчыкайтыса з Вільні, выкананы вельмі сумленна і старанна. Асабліва прыгожа зроблена рама абраза Маці Божай. Сам абраз вельмі старажытны, пэндзля невядомага мастака, у прошлым годзе абраз быў адноўлены мастаком з Вільні сп. Габіятам. Асаблівая ўдзячнасць парафіянам, якія эмігравалі ў Амерыку на заробак: калі яны даведаліся пра патрэбы касцёла, адзін з іх даў 1 000 руб на алтар, потым эмігранты зрабілі складкі і даслалі яшчэ 600 руб.» [174].

У верасні 1908 г. нехта з мясцовых жыхароў пад псеўданімам F.H. крытычна пісаў у «Кур'еры Літоўскім» пра будаўніцтва новага касцёла ў Начы: «Мястэчка, ці проста вёска Нача, не адрозніваецца ад тыповых населеных пунктаў Беларусі [у тэксце менавіта «Беларусі»! - Л. Л.], хіба нават цемната і забітасць тут яшчэ мацнейшыя. Новы касцёл, які будуецца тут замест старога драўлянага, з'яўляецца «безгустоўнай» мешанінай стыляў усіх эпох. Праект нейкага дамарослага архітэктара сведчыць пра агульны ўпадак пачуцця прыгажосці. Супольнае жыццё ў поўным застоі. Няма думак, дзеяў і адпаведных для гэтага людзей» [175]. Здаецца, загадкавы F.H. усё ж занадта крытычна ставіўся да стылю новага касцёла. Праз 100 гадоў відочна, што неагатычны касцёл у Начы - адзін з найпрыгажэйшых касцёлаў, пабудаваных у той час на гістарычнай Лідчыне.

Лідскі слабадскі касцёл пабудаваны ў 1933 г. [176] Аднак яшчэ да Першай сусветнай вайны віленскі губернатар зацвердзіў дазвол лідскага магістрата ад 15 снежня 1909 г. аб выдзяленні 3 дзесяцін гарадской тэрыторыі на будаўніцтва «другога каталіцкага касцёла» [177]. У красавіку 1913 г. «Лідскае слова» таксама паведамляла пра новы касцёл на Слабадзе: «Праектуецца пабудова другога касцёла. Для гэтай мэты горад даў 3 дзесяціны» [178].

Пасля паўстання 1831 г. па загаду гарадзенскага губернатара касцёл у Дэмбраве быў перароблены ў царкву [179], і парафіяне павінны былі хадзіць у Лядскі касцёл. У снежні 1910 г. парафіяне былой Дэмбраўскай парафіі, якія «зараз прыпісаны да Лядскага касцёла, просяць улады дазволіць пабудову новага касцёла ў мястэчку Дэмбрава. Грошы на пабудову дае князь Яўстах Сапега» [180].

У ліпені 1911 г. паведамлялася, што будаўніцтва касцёла ў Калесніках з-за недахопу грошай ідзе цяжка [181].

Рыма-каталіцкі касцёл рупіўся аб выхаванні дзяцей з бедных сямей: «Пробашч Васілішскага касцёла намагаецца атрымаць дазвол на арганізацыю прытулку для бедных дзяцей у асобным памяшканні пры касцёле. Дзеці там павінны навучацца сялянскай працы, чытанню і пісьму» [182].

28 красавіка 1913 г. у Лідзе адбылася працэсія ў памяць 1600-годдзя Міланскага эдыкту [183]. «Працэсія з Фарнага касцёла на могілкі, адтуль праз Ферму вярнулася ў касцёл» [184].

Нават пасля «канстытуцыі» 1905 г. расійскі ўрад працягваў пераслед ксяндзоў за шлюбаванне праваслаўных з католікамі і арганізацыю польскіх школ. 28 сакавіка 1908 г. у Лідзе прайшла кадэнцыя Віленскага акруговага суда, на якой была разгледжана справа ксяндза Яна Казарновіча (пробашча з Забалаці). Ксёндз абвінавачваўся па 93 артыкуле Крымінальнага кодэкса за ўпісванне ў парафіяльныя кнігі 15-гадовай праваслаўнай [185].

У 1911 г. «Кур'ер Літоўскі» інфармаваў, што на «сесіі выязнога акруговага суда разгледжаны справы ксяндза Аляксандра Гайдука, абвінавачанага ў тым, што ў Навадворскім касцёле даў шлюб праваслаўнай Галіне Козіч з каталіком Аляксандрам Храноўскім, вырак суда - 50 руб. штрафу, і ксяндза з Радуні Антона Давідовіча, які дазволіў пахаваць на парафіяльных могілках забітага маланкай без дазволу паліцыі і доктара. Ксёндз Давідовіч апраўданы» [186].

13 траўня 1907 г. святкавалася 500-годдзе Маламажэйкаўскай інкастэляванай царквы [187] (насамрэч святкаваць трэба было 400-годдзе). Царкоўная ўрачыстасць пачалася 12 траўня з прыбыцця ў Маламажэйкаўскую царкву архіепіскапа Літоўскага і Віленскага Нікандра. Стараннямі мясцовых жыхароў, мясцовага земскага начальніка і памешчыка М. М. Скосырава па дарозе ад станцыі Скрыбаўцы да царквы былі пастаўлены высокія аркі, прыбраныя зелянінай і сцягамі імперыі, гэтак жа былі ўпрыгожаны і масты па шляху руху ўладыкі. У 9 гадзін раніцы архіепіскап з суправаджаючымі яго асобамі прыбыў у дом Маламажэйкаўскага святара айца Льва Савіцкага, а ў 9.30 раніцы была пачата памінальная літургія. На літургіі і паніхідзе паміналі памерлых заснавальнікаў, дабрачынцаў і настаяцеляў Маламажэйкаўскай царквы.

З раніцы ў Малым Мажэйкаве пачалі збірацца госці. Цягніком з Вільні прыбыў віленскі губернатар Д. Н. Любімаў, віленскі павятовы прадвадзіцель дваранства І. Р. дэ Віт, прадстаўнікі лідскай павятовай адміністрацыі, прадстаўнікі віленскага Св.-Духаўскага брацтва А. В. Бялецкі, Д. І. Даўгяла і А. І. Мілавідаў, прадстаўнікі «русского окраинного союза» Ф. Н. Дабранскі, Е. М. Крылоў і І. С. Саўчанка, ад «саюза рускага народа» В. Т. Лізін, ад «русского собрания» П. П. Шкот і ад таварыства «Крестьянин» С. А. Кавалюк. Дарэчы, большасць з іх - добра вядомыя «истинно-руские люди» ў нашым краі.

Таксама каля 9.00 пачалі збірацца сяляне з ваколіц, хроснымі хадамі прыйшлі вернікі з Дзікушак, Радзівонішкаў, Лебяды і нават Васілішак. У 12 гадзін дня архіепіскап адбыў у Баброўскую царкву, дзе свой зварот да прыхаджан пачаў з дакору, што «некаторыя з вас «совратились» у каталіцтва» (пра «совращение» ў каталіцтва гл. вышэй).

Пасля Баброў архіепіскап Нікандр вярнуўся ў Маламажэйкаўскую царкву, і тут з 18.00 пачалася ўсяночная. Да гэтага часу з хроснымі хадамі прыйшлі вернікі з Орлі. Пасля 24.00 архіепіскап з суправаджаючымі яго асобамі па чыгунцы паехаў у Ліду [188].

У 1908 г. «Вестник Виленского Св.-Духовского Братства» надрукаваў некралог па протаіерэю Яраславу Брэну (1844-1908), сыну Голдаўскага святара Клімента Брэна і ўнуку першага праваслаўнага дабрачыннага і ліквідатара уніі на Лідчыне Самсона Брэна [189].

Тады ж тая самая газета публікуе справаздачу з выбараў лідскага царкоўнага старасты, якія адбыліся 2 сакавіка ў лідскім гарадскім саборы: «Аднагалосна абраны на шостае трохгоддзе тутэйшы павятовы казначэй Аляксандр Уладзіміравіч Мачалкін, (ён) памятны ў Вільні як узорны чыноўнік і выдатны царкоўны стараста царквы Св. Троіцкага манастыра». Мачалкін у 1907 г. святкаваў 50-гадовы юбілей сваёй службовай дзейнасці, і таму за шматгадовае выкананне абавязкаў лідскага царкоўнага старасты быў узнагароджаны ордэнам Св. Ганны 2-й ступені. «Вестник Виленского Св.-Духовского Братства» падрабязна расказвае пра святкаванне чыноўнікам свайго юбілею [190].

У 1913 г. «Вестник Виленского Св.-Духовского Братства» друкуе спіс цэркваў, пабудаваных праз генерал-губернатара Літвы Мураўёва-вешальніка. На Лідчыне гэта:

«1) Уладкавана і асвечана на 200 чалавек царква ў м. Шчучын па каштарысу на суму 4 651 р. 64 к.

2) Уладкавана і асвечана 11 ліпеня 1865 г. мураваная царква на 700 чалавек у м. Астрына на суму 5 905 р. 60 к.

3) Уладкавана і асвечана царква ў мястэчку Орля на 450 чалавек на суму 5 671 р. 45 к.

4) Уладкавана і асвечана царква ў мястэчку Мыто на 200 чалавек на суму 4 736 р. 71 к.

5) Уладкавана і асвечана царква ў Дакудаве на 459 чалавек на суму 5 863 р. 95 к.

6) Збольшага скончана царква ў мястэчку Радзівонішкі на 4 875 р. 35 к.

7) Пачата пабудова царквы на 500 чалавек у мястэчку Пакроўскае [Сабакінцы - Л. Л.] па каштарысу на суму 6 235 р. 40 к.» [191].

Нацыянальныя адносіны

У 1908 г. «Кур'ер Літоўскі» надрукаваў артыкул «Зваротная хваля» пра балта-славянкія кантакты ў Лідскім павеце. Невядомы аўтар пад псеўданімам Н пісаў, што лінгвістычная карта Літвы і Беларусі, выдадзеная прафесарам Развадоўскім некалькі гадоў таму ў Кракаве, паказвала, як этнічная мяжа паміж беларусамі і літоўцамі перасоўвалася з усходу на захад, г.зн. беларусы каланізавалі былыя літоўскія землі, асімілюючы літоўцаў. У канцы артыкула аўтар сцвярджаў, што «ў апошнія часы, аднак, мы бачым адваротны працэс. Сяляне-літоўцы, пад уздзеяннем на іх нацыянальнай агітацыі ці з-за эканамічных стасункаў, стараюцца перасунуць этнаграфічную мяжу на ўсход... Літоўцы, як вядома, вызначаюцца вышэйшай агульнай культурай і больш высокай сельскагаспадарчай культурай» [192]. У гэтым жа артыкуле аўтар, узгадваючы мястэчка Радунь, пісаў: «Калісьці гэта быў вялікі горад, у якім было сем касцёлаў і замак каралевы Боны, які згарэў з-за шведаў, але руіны існуюць і зараз» [193].

Праз некалькі нумароў артыкул невядомага аўтара пракаментаваў знаны археолаг, этнограф і грамадскі дзеяч, жыхар Лідчыны Вандалін Шукевіч: «...аўтар робіць высілкі высветліць прычыны перасоўвання этнаграфічнай мяжы паміж беларусамі і літоўцамі і расказвае легендарна-казачную гісторыю Радуні» [194]. Шукевіч заўважыў, што абшары, якія займаюць літоўцы ў зоне кантактаў з беларусамі, вызначаюцца сваімі «пясчанымі і неўрадлівымі землямі... адсутнасць пераваг тутэйшых літоўцаў бачна хоць бы ў тым, што некаторыя гаспадаркі, маючы нават па 100-150 дзесяцін зямлі, стала купляюць хлеб» [195]. Навуковец адзначыў, што калі б літоўцы пераўзыходзілі ў культурным сэнсе беларусаў, дык этнаграфічная мяжа рухалася б у адваротны бок, але даследчыкі не бачыць «зваротнай хвалі» літоўскай асіміляцыі. Шукевіч таксама заўважае, што Радунь ніколі не была вялікім горадам, і там ніколі не было сем касцёлаў. «Касцёл быў заўжды адзін... стаяў двор старасты, ад якога і зараз засталіся сляды...» [196]. Як вядома, Шукевіч лічыў, што так званы Радунскі замак, валы якога захаваліся да нашага часу, - былы двор Радунскага старасты.

У траўні 1910 г. «Кур'ер Літоўскі» змяшчае вялікі артыкул Вандаліна Шукевіча з адказам на артыкул нейкага Нарцыза Агенчыка ў № 35-37 «Gonca Codziennego» пра этнаграфічныя стасункі ў Літве. Артыкул пачынаецца з аповеду пра гісторыю нашага краю. Шукевіч не згаджаецца з аўтарам, які не бачыць у беларусах асобнага народа, «а толькі з-за рэлігіі дзеліць іх на палякаў і рускіх» [197]. Таму ў аўтара атрымліваецца вялікая перавага «рускіх» над усімі іншымі, напрыклад, у Гарадзенскай губерні, а «з Віленскай губерні шаноўны аўтар цалкам «выгнаў» беларусаў, але налічыў тут ажно 26,3% рускіх» [198]. Агенчык усіх католікаў, за выключэннем літоўцаў і латышоў, запісаў у палякі. Шукевіч супраць вызначэння народа праз рэлігію: «Нарэшце, зараз належала б і мову лічыць за адзнаку асобнасці народа. Мова ў народаў... з'яўляецца выразам іх культуры, з'яўляецца найкаштоўнейшай часткай іх душы, і развіццё мовы не можа затрымаць ніводная сіла, ніводны ўплыў. Бачым мы гэта на прыкладзе чэхаў... лужыцкіх сербаў і іншых народаў. Толькі мова захоўвае традыцыю народа, і калі гіне мова - гіне і народ. Таму пры вызначэнні народа нельга абыходзіць мову, бо можам дайсці да абсурду запісаўшы ўсіх католікаў у палякі... Гэта адносіцца і да беларусаў, скасаваных адзіным росчыркам пяра аўтара. Праўда, мова беларусаў... покуль не развітая... застылая… яна заліваецца хвалямі польскай ці рускай мовы з абодвух бакоў. Аднак прайшлі стагоддзі, а яна стаіць сярод гэтых хваль і нават расце і набірае моц, назапашвае жывыя сілы для далейшага існавання. Такі народ «газетную анексію» перажыве, але можа змяніць свае сімпатыі ў бок нашых непрыяцеляў. Таму не трэба казаць, што беларусы - яшчэ не народ. Маюць яны ўжо пачуццё салідарнасці, яшчэ трошкі і яны павінны ўсвядоміць сябе народам. Таму мы з гэтым павінны лічыцца і ... зарабляць сімпатыю да сабе з боку народа, які будзіцца» [199].

Яшчэ раней, у 1908 г. Шукевіч напісаў артыкул у падтрымку адраджэння беларускага народа, беларускай мовы і адукацыі: «Пытанні так зв. нацыянальныя, а як у нас: літоўскае і беларускае, якія падымаюцца на старонках газет, выстаўляюцца ў такіх рознакаляровых і адвольных асвятленнях і разглядаюцца найчасцей не цераз прызму навуковай нейтральнасці, а праз павелічальнае шкло разнародных пачуццяў... Звычайна, гаворачы аб гэтых пытаннях, мы распальваемся, не можам утрымаць абавязковай у такіх выпадках раўнавагі. Некаторыя «нават выходзяць з сябе» з абурэння ад смеласці «нейкіх там» беларусаў або літоўцаў адчуць у сабе нацыянальную адметнасць. Альбо наогул ігнаруюць справу, прымаюць у такім выпадку тон іранічна-з'едлівы, стараючыся высмеяць кожны рух, скіраваны на ажыццяўленне мараў аб самастойнасці. Наколькі такая методыка паводзінаў правільная - не будзем на тым спыняцца. ...не спрычыніцца яна для раз'яснення сітуацыі і ўладкавання стасункаў паміж бакамі, наадварот, можа толькі падрыхтаваць грунт пад пасеў непаразуменняў і ўзаемнай непрыязні» [200]. Далей вучоны піша, што пытанні будучыні цэлых народаў не могуць вырашацца іроніяй, падтасоўкай фактаў ці фразеалогіяй узроўню сярэднявечнай схаластыкі. Такія пытанні павінны грунтавацца на грунтоўных навуковых дадзеных. Бо «народ, які абуджаецца да жыцця адасобленага, альбо мае столькі сілаў жыццёвых, што яго ніякія намаганні свету з дарогі не звернуць, альбо іх не мае... Народ, які абуджаецца да супольнага жыцця па ўласнай мадэлі, не патрабуе нянек, ...не прымае ніякага націску і насуперак усяму выквітнее ён з часам цудоўнай кветкай цывілізацыі, уносячы новы элемент у духоўны даробак гэтай цывілізацыі. Наш святы абавязак ёсць - не перашкаджаць у развіцці той кветкі, але дапамагаць ёй» [201]. Шукевіч напамінае, што ўсім тутэйшым добра знаёмы прымус да адмовы ад сваёй ідэнтычнасці, які заўжды прыводзіць да адваротных вынікаў, бо «...народы незнішчальныя, ...можна часова прыпыніць іхняе развіццё, але ніколі не ўдасца перамяніць істоту іх духу, забіць любоў да рэчаў айчынных, зацерці рысы адметнасці». Таму «не трэба баяцца таго, што ў нас беларусы горнуцца да кніжак, якія даюць ім крошкі ведаў у іх роднай мове... да тых, хто ім дапамагае падняцца духоўна ў іх уласнай мове, захаваюць яны пачуццё ўдзячнасці назаўсёды, і яны будуць ненавідзець кожнага, хто стане на шляху іх памкненняў або будзе выказваць непавагу да іх... нацыянальнасці і мовы» [202]. Шукевіч разумее, што калі краёвая інтэлігенцыя не падтрымае беларускага руху, як ён піша «таго сімпатычнага... руху», дык яго падтрымаюць іншыя сілы і «прынамсі, усходняя група праваслаўных беларусаў будзе цалкам страчана... бо прыхіліцца да крэўнай сабе мовай і верай Вялікаросіі», і таму «нельга забываць пра братоў беларусаў з крыві і косці, якія насуперак усяму самаўсведамляюцца і хочуць захаваць сваю нацыянальную адметнасць» [203].

На пачатку ліпеня 1911 г. «Кур'ер Літоўскі» перадрукоўвае артыкул з № 60 літоўскай газеты «Viltis» з моўнай статыстыкай Радунскай парафіі ў 1906-1907 гг.: размаўляюць толькі на літоўскай мове 3 583 чалавекі, літоўскую і іншыя мовы ўжываюць 1 118 чалавек - разам 4 701 чалавек. Толькі польскую мову ўжываюць 124 чалавекі, польскую і іншыя мовы 2 262, разам 2 386 чалавек. Толькі беларускую мову ўжываюць 2 137 чалавек, беларускую і іншыя мовы 3 370, разам 5 507 чалавек [204].

Склад сваёй Нацкай парафіі Вандалін Шукевіч апісваў так: «Пасля адыходу вёсак, заселеных літоўскім насельніцтвам, да новаўтвораных парафій Калясінскай і Рудніцка-Дубіцкай пры Нацкім касцёле засталіся прыхаджане, якія паходзяць з польскай шляхты і сялян-беларусаў з дамешкам польскага элементу» [205].

Гэтыя публікацыі, пэўна, выкліканы вялікай сваркай, якая пачыналася сярод парафіян Радунскай і Нацкай парафій. У гэтых парафіях адбываўся раскол на прыхільнікаў польскай і літоўскай моў у касцёле. У жніўні 1911 г. «Кур'ер Літоўскі» пісаў, што яшчэ некалькі гадоў таму Радунскі дэканат быў ціхі і спакойны, але «ў выніку працы па «разпольшчванні» парафіянаў, якую вялі кс. Пётр Будра ў Бутрыманцах, кс. Ігнат Шопара ў Воранаве, кс. Юзаф Сташыц у Асаве, кс. Ян Гуданіс у Радуні, дэканат Радунскі аказаўся вельмі ўдзячным для літоўскай агітацыі» [206]. Першым пачаў праводзіць літоўскую агітацыю кс. Гуданіс. Газета піша, што галоўным пытаннем на споведзі ў гэтых касцёлах з'яўляецца: «Да якой партыі належыш?» [207]. У 1911 г. у дэканаце 6 парафій мелі ксяндзоў - руплівых літоўцаў: 1) у Радуні кс. Напалеон Сабалеўскі (пробашч) і кс. Пэткель (вікары); 2) у Васілішках кс. Францішак Сакалоўскі (пробашч) і кс. Ян Кяніс (вікары); 3) у Начы кс. Ян Бурба (пробашч); 4) у Асаве кс. Ян Бурба, пробашч, пляменнік пробашча з Начы; 5) у Воранаве кс. Вінцэнт Мішкініс (пробашч); 6) у Калесніках кс. Міхал Рудзіс (пробашч) [208].

Каб прытушыць канфлікт, у Радунскім дэканаце пачалі складаць спіс, «у якім будзе ўказана, на якой мове ў сям'і размаўляюць парафіяне» [209].

Пры канцы 1911 г. у Нацкім касцёле адбыліся падзеі, якія Вандалін Шукевіч ахарактарызаваў як «бітва народаў паміж жыхарамі адной зямлі - Літвы... У нядзелю 20 лістапада (3 снежня) падчас, калі мясцовы вікары кс. Гіўнайціс пачаў прамаўляць казанне па-літоўску, касцельны люд пачаў спяваць пабожныя песні... і ксёндз быў прымушаны пакінуць казальніцу. У адказ на гэта тутэйшы пробашч кс. Бурба выклікаў паліцыю, якая склала пратакол на вернікаў... » [210].

Паводзіны ксяндза выклікалі велізарнае абурэнне вернікаў Начы і ўсёй грамадскасці гістарычнай Літвы. Прэса пісала, што наступным крокам ксяндза павінен быць выклік рускіх казакоў з нагайкамі супраць сваіх парафіян. Ксёндз Бурба хутка зразумеў сваю памылку, і ўжо праз тыдзень Шукевіч пісаў з Начы: «З прыемнасцю хачу зазначыць, што пасля здарэння 20 лістапада ў Нацкім касцёле... кс. Ян Бурба зразумеў, што з нашым людам ні пратаколамі, ні загадамі, нават калі яны ад вышэйшых касцельных улад, нічога зрабіць не магчыма... На свята 8 (21) снежня кс. Бурба... лагодным словам стараўся супакоіць буру. І яму гэта ўдалося» [211].

Пра тыя падзеі ў студзені 1912 г. народны карэспандэнт пад псеўданімам А.С. пісаў у беларускай газеце «Наша Ніва»: «Народ тут мешаны - беларусы і ліцвіны, больш менш па раўне. Сярод ліцвінаў, за апошнія часы, дужа ўзмацніўся нацыянальны рух, і з гэтай прычыны, было вымаганне літоўскай гутаркі ў касцёлу - нават адной толькі літоўскай. Рабілі тут у касцёле сходкі, каб разабрацца, якой тут мове панаваць: літоўскай, ці польскай? Канчаліся гэтыя сходкі цэлымі бітвамі - біліся ліцвіны з «палякамі», а гэтыя «палякі» - усе нашы беларусы. Асілілі-ткі «палякі» - дзеля таго, што на іх старане, апрач чысла - яшчэ і капітал ды і паны былі. Кажуць, што некаторыя з паноў тутэйшых, каторыя сабе палякамі лічаць - вельмі спалохаліся, каб іх да Варшавы не пагналі (бо гэтак, быццам, перад імі ліцвіны хваліліся), усе спосабы агітацыі ўзялі, каб нарабіць тут як найбольш «палякаў» і ня толькі беларусаў, але шмат і ліцвінаў падмовілі «палякамі» зрабіцца.

Сумная гэта гісторыя, калі народ дзякуючы сваёй цемнаце, паддаецца нагаворам... Але не ўспамянуць патомные вякі добрым словам тых людзей, каторыя дзеля сваёй далёкай «палестыны», свой праўдзівы родны народ, карыстаючы з яго цемнаты, пхаюць на ненавісць да брата суседняга народа. Ненавісць пасеяная імі ўзышлася ўжо і добрую рунь дала - што ж кожнаму свая слава! Але ж не на доўга! Народ тут ведае ўжо, што ён беларус, і толькі цяжка яму ўцяміць, як гэта разам выйсці можа: і паляк, і беларус, і каталік, і ліцвін? Калі ён у гэтых словах разбярэцца, тады пасохне тое паганае насенне. І няхай жа дае Бог, каб усё ліхое звялося - нянавісць, крыўды і злосць, а мы, калі таго хочам, павінны пастарацца, каб на гэтай жа ніўцы, добра ўжо ўзросшай, пасеяць зярняты навукі і добра.

Мова беларуская тут [на поўначы Лідчыны - Л. Л.] крыху пакалечаная польскімі словамі... Затое мала хто гаворыць па польску, ці па расейску - хіба толькі па дварох. Аб тым, што ёсць беларуская літаратура, ведае кожны, хто гэтым толькі цікавіцца» [212].

У прэсе таго часу дастаткова матэрыялаў для вялікага артыкула аб літоўска-польскім супрацьстаянні ў касцёлах гістарычнай Лідчыны, але нас, беларусаў, тая сварка на нашай зямлі, як быццам, і не закранула, таму аўтар не бачыць сэнсу далей падрабязна пераказваць і аналізаваць тыя падзеі.

Культурнае жыццё

На пачатку ХХ ст. пачыналася даследчая праца лепшага лідскага гісторыка Міхала Шымялевіча . У 1905 г. надрукавана ягоная кніга «Горад Лiда i Лiдскi замак» [213], якая паклала пачатак навуковаму лідскаму краязнаўству. Праз год праца была перавыдадзена ў штогоднiку «Вiленскi каляндар». Гэтая кніга не страцiла сваёй навуковай каштоўнасцi да нашага часу (напрыклад, на яе спасылаецца Алег Трусаў у кнiзе «Старадаўнiх муроў адраджэнне. Мiнулае i сучаснасць Лiдскага замка» [214]) i сталася падмуркам усяго сучаснага лiдскага краязнаўства. Кніга выдадзена, калі аўтару было 26 гадоў, але колькасць выкарыстанага аўтарам матэрыялу не можа не ўражваць. Са спасылак бачна, што Шымялевіч паспеў грунтоўна папрацаваць у Віленскім архіве і ўжо меў свой прыватны архіў.

З вялікай бібліяграфіі крыніц па ісламскай тэматыцы мы даведваемся пра яшчэ адну кнiгу Шымялевіча - «Литовские татары» (Вільна, 1906) [215]. Гісторык Станiслаў Дзядулевiч у кнізе па генеалогii лiтоўскiх татараў узгадвае наступныя кнігі лідскага гісторыка: Szymielewicz Michał. Szkice etnograficzne o Tatarach litewskich. (1906) [216] i Szymielewicz Michał. O tatarach w powiecie lidzkim. (Lida. 1914) [217] (верагодна, першая кнiга на рускай мове). Апошняя кніга - рукапіс, які не быў надрукаваны, сам Міхал Шымялевіч праз 25 гадоў пісаў у рэцэнзіі на кнігу Станіслава Кручынскага «Татары - літоўцы» [218]: «З бібліяграфіі гэтай кнігі даведаўся, што мае рукапісныя нататкі "Аб татарах літоўскіх у Лідскім павеце" не загінулі, а знаходзяцца ў добрых руках - у зборах сп. Леона Кручынскага ажно ў Гдыні» [219].

Праз шмат гадоў даследчык узгадваў, як на пачатку стагоддзя ён збіраў матэрыял для гэтых кнiг: «Болей за трыццаць гадоў таму [тэкст напісаны ў 1938 г. - Л. Л.], будучы маладым, рухомы адзіна ўласнай цікавасцю, калi на вазу, а часцей пешшу абышоў дзясяткi татарскiх ваколiц i фальваркаў i некалькi мусульманскiх мячэцяў у паветах Лiдскiм, Вiленскiм, Ашмянскiм i Навагрудскiм, пабываў у дабрадушных i гасцiнных татарскiх сем'ях i ў вынiку сваiх краязнаўчых вандровак напiсаў такую невялiкую працу пра лiтоўскiх татараў - этнаграфiчныя нарысы. Гэтая кнiжка, пасля таго як рэдактары прыбралi некалькi вельмi небяспечных, на тыя часы, старонак (напрыклад, пра ахвяраванне чорнага барана, супольныя з праваслаўнымi пiлiгрымкi на мусульманскiя могiлкi), пры канцы 1905 г. надрукаваная ў Вiльнi на 12 старонках» [220].

Гарадскія паркі. Трэба трошкі расказаць пра лідскія гарадскія паркі таго часу. Невядома, калі ў Лідзе на скрыжаванні вуліц Віленскай і Каменскай (сучасных Савецкай і Ленінскай) узнік гарадскі сквер, але добра вядома, што ён існаваў яшчэ да вялікага пажару 1891 г. Гарадская ўправа 2 ліпеня 1881 г. надала тут Янкелю Ліда. Гарадскі парк. Германішскаму ўчастак зямлі для будаўніцтва «будкі для продажу мінеральнай вады», і ў 1885 г. ён плаціць 6 руб. у год за гэтае месца ў гарадскі скарб [221]. У 1890 г. Германішскі гандлюе ў гэтым павільёне ўжо не мінеральнай вадой, а «штучнымі водамі» [222], магчыма, мінеральная вада была для лідзян занадта дарагой. Пасля пажару 1891 г. гарадскія ўлады выдзяляюць 80 руб. «на пабудову плота вакол гарадскога сквера з новага матэрыялу замест згарэўшага» [223]. З 1912 г. газета «Лідскае слова» прадавалася ў кіёску сквера, на рагу Віленскай і Каменскай вуліц.

У 1900 г. з'явілася ідэя, захаваўшы стары сквер, стварыць новы парк на месцы, якое мела назву Альховы гай - прыкладна там, дзе зараз знаходзіцца кінатэатр «Юбілейны». Менавіта ў гэтым годзе ў каштарысе расходаў Ліды з'яўляецца артыкул: «Асушыць Альховы гай і ператварыць яго ў парк, правесці новую вуліцу, якая з'яднала б Каменскую і Ферму. Зняць план - 300 руб.» [224]. Аднак горад не меў грошай, і таму гэты артыкул дубліраваўся ў каштарысе яшчэ некалькі гадоў, у тым ліку і ў 1901 г. [225]

Да 1904 г. парк быў пабудаваны, і ў 1905 г. на стары сквер і новы парк выдадзена 50 руб. на «прывядзенне ў належны стан гарадскіх паркаў па Віленскай і Каменскай вуліцах» [226]. Акрамя гэтага ўлады выдзелілі 350 руб. на «выпраўленне маставых на гарадскіх плошчах, а таксама ўтрыманне набярэжнай з ачысткай Каменскага ручая і пракопкай канаў» [227]. Рака ці ручай Каменка цякла праз новы гарадскі парк і, як бачна на старой паштоўцы, упрыгожвала яго.

У 1906 г. лідзяне працягвалі паляпшаць свае «гарадскі сквер і парк», выдаўшы на гэтыя мэты 100 руб., працягвалася і ачыстка Каменкі [228]. Тыя ж працы выконваліся і ў 1907 г. [229] У 1909 г. «на прывядзенне ў належны стан і ўтрыманне гарадскога парку і скверу, а таксама на наём вартаўніка для назірання за паркам і скверам» выдзяляецца 150 руб., горад працягвае траціць грошы на ўтрыманне набярэжнай і ачыстку «Каменскага ручая» [230].

Але гарадскія ўлады самастойна не спраўляліся з утрыманнем паркаў у належным стане, і таму па рашэнні сходу лідскіх упаўнаважаных ад 28 сакавіка 1911 г. гарадскі парк аддадзены ў 3-гадовае арэнднае ўтрыманне Браніславу Міцкевічу з правам карыстання паркам на працягу двух гадоў бязвыплатна, пры ўмове правядзення неабходнага рамонту паркавых будынкаў за свае грошы [231].

4 лютага 1913 г. на коўзанцы ў гарадскім парку ўпала і зламала нагу вучаніца 6 класа мясцовай жаночай гімназіі, а 5 лютага на той жа коўзанцы зламаў левую руку нехта Кац [232].

Летні тэатр у гарадскім парку на Каменскай працаваў да 1939, а можа і да 1941 г. Парк быў любімым месцам адпачынку лідзян.

Адным з месцаў тэатральных гастроляў улетку быў Летні тэатр у гарадскім парку. На пачатку ХХ ст. у горадзе было некалькі аматарскіх тэатраў, якія дастаткова актыўна працавалі. Так 5 жніўня 1907 г. у Летнім тэатры ў гарадскім парку адбылося аматарскае прадстаўленне, частка прыбытку ад якога пайшла на рамонт мясцовага касцёла [233].

У Летнім тэатры праводзілі свае імпрэзы і яўрэйскія калектывы, дарэчы, з успамінаў мы даведваемся, што парк меў яшчэ назву Пятроўскі.

Тэатральныя гастролі . Пачынаючы з першай паловы XIX ст. Лiда не аднойчы прыцягвала да сябе ўвагу вандроўных тэатральных труп. У 1906 г. у «Кур'еры Літоўскім» пад загалоўкам «Тэатр польскі ў Лідзе» была змешчана інфармацыя пра тое, што віленскі генерал-губернатар дазволіў артысту тэатра пану Тадэвушу Рэйф-Арлоўскаму даваць прадстаўленні на польскай мове п'ес, не забароненых цэнзурай, яго рэпертуар уключаў п'есы польскіх аўтараў і п'есы ў перакладзе Славацкага, Крашэўскага, Слівінскага, Растана [234]. Дазвол на выступы ў «павятовых гарадах Літвы: Лідзе, Ашмянах і Свянцянах» атрымала і артыстка тэатра Каміла Хнаке-Завадская-Далінская [235].

«Кур'ер Літоўскі» змяшчаў інфармацыю пра гастролі тэатральных труп у горадзе, напрыклад, у суботу 2 (15) чэрвеня 1907 г. «трупа Віленскага літаратурна-драматычнага таварыства пад кіраўніцтвам Эдмунда Купецкага з удзелам артысткі познаньскай сцэны Марыі Свенцкай паказвала «Вырак Яна Казіміра» - гістарычную драму У. Сыракомлі і камедыю Элізы Ажэшкі «Pokocilo Sie» i «Dam Noge», а ў нядзелю, 3 (16) чэрвеня «Пляцоўку» Б. Пруса ды камедыю Дабжанскага «Таямніца». Пачатак 20.30. Квіткі прадаюцца ў аптэцы Бергмана ў Лідзе» [236].

У траўні 1908 г. невядомы жыхар горада пісаў у «Кур'еры...»: «У суботу 10 траўня ў гарадскім тэатры прайшло прадстаўленне тэатральнай трупы Арлоўскага. Гараджане задаволеныя тым, што ў горадзе гастраліруе тэатр... Сярод гледачоў, акрамя суддзі (рускага), двух землеўладальнікаў, лекара і аптэкара, у асноўным былі небагатыя людзі. Яўрэі дэманстратыўна шпацыравалі па парку каля тэатра, не рызыкуючы, за выключэннем 2-3 старазаконных, купіць квіток. Зал быў запоўнены не больш чым на траціну. Нядзельная ж п'еса «Мэдор» была адменена з-за адсутнасці гледачоў. Такую абыякавасць з боку лідзян да мастацтва і тэатра можна растлумачыць толькі адсутнасцю або прытупленнем усялякіх вышэйшых інспірацый дух ...» [237]. Пэўна, як і заўжды ў гэты час, гараджане працавалі на палетках…

Праз некалькі месяцаў, вераснёўскім вечарам, у зале гімназіі Навіцкай адбыўся «толькі адзін вечар гумару, прадстаўленне вядомага драматычнага артыста з Кракава Юзафа Харонжага» [238].

У 1910 г. «Кур'ер...» інфармаваў, што «ў суботу 8 і нядзелю 9 траўня віленскія артысты пакажуць дзве п'есы». Аўтар нататкі спадзяваўся, што зала ў Лідзе, дзе будуць праходзіць прадстаўленні, будзе шчыльна запоўненая гледачамі [239].

Сталыя гастролі тэатральных труп і прафесійных акцёраў у нашым горадзе ўсе ж сведчылі пра тое, што іх дзейнасць была дастаткова прыбытковай, бо ў горадзе ўжо пачало складвацца кола адукаваных людзей, якія цікавіліся мастацтвам і чакалі тэатральных гастроляў.

Першыя кінатэатры горада . У Расійскай Імперыі першыя пастаянныя кінатэатры з'яўляюцца ў 1903-1904 гг. пад назвамі «сінематографы», «біаскопы» або «ілюзіёны». За перыяд з 1903 па 1907 г. у іх дэманстраваліся толькі фільмы вытворчасці французскіх фірм «Патэ», «Гоман» і інш. Часта ў адным сеансе паказваліся як гульнявыя, так і дакументальныя фільмы.

Паралельна з пастаяннымі кінатэатрамі існавалі і перасоўныя, якія пераязджалі з горада ў горад. Пра адзін з такіх кінатэатраў у Лідзе паведамляла прэса - у 1908 г. «Кур'ер Літоўскі» змясціў заметку гараджаніна, пра, магчыма, першую дэманстрацыю кінематографа ў нашым горадзе: «Ліда. (Глядач). Тэатр "Фантазія" ёсць сапраўдным адбіткам фантазій пана дарэктара кінематографа, якія зусім не стасуюцца з грамадскімі меркаваннямі. Вечарам 1 снежня ў 21.30 я з кампаніяй знаёмых прыйшоў у гэтую "Фантазію", мы купілі квіткі, якія тут не танейшыя, чым у Варшаве, і не паспелі мы праглядзець усе 10 карцін, як раптоўна стала цёмна, і мы пачулі нечы голас, што сеанс закончаны. Не дапамаглі пратэсты нас і яшчэ некалькіх гледачоў, нехта сказаў: "Але ж гэта сапраўдная фантазія". Тыя карціны, якія мы паспелі разгледзець, былі зроблены так дрэнна і невыразна, што часам немагчыма было зразумець іх сэнс... часам выявы былі, як у тумане. Калі пан дырэктар кінематографа лічыць, што грамадскае меркаванне, як заўжды, не паспявае за прагрэсам, дык хай загадае не прадаваць білетаў тым "tarde venientibus" [лаціна, «тым, хто спазняецца» - Л. Л.]» [240].

На пачатку ХХ ст. у Лідзе жыў і вучыўся ў мясцовай яўрэйскай школе-хедары будучы выкладчык і адзін з заснавальнікаў кіназнаўчага факультэта сучаснага Усерасійскага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі імя С. А. Герасімава Іосіф Далінскі. Менавіта ў Лідзе Далінскі першы раз убачыў тое, што потым стала ягонай прафесіяй: «Ах, Ліда, Ліда, менавіта тут я стаў гарачым прыхільнікам новага мастацтва, якое, вядома, не магло не ўздзейнічаць на маё ўяўленне, на маю фантазію. Менавіта ў Лідзе пачалася мая кінематаграфічная жыццёвая адукацыя», [241] - пісаў ён. Дзякуючы мемуарам былога жыхара Ліды, мы трошкі ведаем пра пачаткі кіно ў нашым горадзе.

Першы лідскі кінатэатр «Ілюзіён» з'явіўся ў 1909 г. Ён мясціўся ў двары дома па адрасе вул. Віленская, 58, які належаў Фларыяну Длускаму (сучасная вул. Савецкая, 16). «Ілюзіён» Яблонскага быў перароблены са стайні, зала не мела ніводнага акна, і пасля сеансаў у ёй было цяжкае і вільготнае паветра, адчуваўся пах неперагарэлага спірту ад спіртавых лямпаў, якімі кінатэатр асвятляўся, апаратны пакой з тонкіх дошчачак быў дабудаваны да гмаха былой стайні [242].

Далінскі пісаў: «Вельмі рана, не памятаю, з якіх гадоў, я пачаў наведваць кінатэатр "Ілюзіён". У ім не было нават крэслаў, і, па меншай меры, у самых першых радах, мы, хлапчукі, сядзелі на лаўках. Каштаваў нам білет вельмі танна, усяго 5 капеек. Але як іх дастаць?Я пачаў прасіць у таты, ён быў - я адчуваў - вельмі добры, на цукеркі 2-3 капейкі. Я нічога не купляў або на 1-2 капейкі купляў цягучку і спецыяльна смактаў яе на вачах у таты, каб ён бачыў, як я марную яго грошы на прысмакі. Больш за тое, я дзяліў цягучку паміж сабой і братамі, цягучкі былі доўгія і салодкія. Астатнія грошы збіраў на "Ілюзіён". Калі збіралася 5 капеек, я днём ішоў у кінатэатр. "Ілюзіён" мне здаваўся даволі вялікім, з шырокім калідорам, вялікай доўгай глядзельнай залай. Уваходзілі мы туды нясмела, як у сінагогу: жарт сказаць, цуд, белы экран, і на ім раптам жывыя людзі, розныя звяры, вуліцы, лес, возера і нават дзіўнае бяскрайняе мора, тады мне абсалютна невядомае» [243].

Помніць Далінскі і змест фільмаў пачатку мінулага стагоддзя: «У змесце фільмаў усё ж разбіраўся. Памятаю: бацька і сын з сабакам адпраўляюцца на паляванне. У іх стрэльбы. Але ў лесе сын адстае ад бацькі, хоча самастойна пастраляць зайца, нават ваўка, і птушак. Паляўнічыя з сабакам паглыбляюцца ў лес. Сустракаюцца птушкі, заяц, воўк - паляўнічыя і сабака шукаюць іх, але сын хоча самастойна (я яму спачуваю) пастраляць. Ён апынуўся ўжо насупраць бацькі, але бацька яго не бачыць, і сын не бачыць бацькі. Нечакана раздаецца стрэл: сын страляе ў бок бацькі, але ні ў каго не трапляе. Бацька… ужо забіў некалькі птушак... апошні стрэл (ён думае, у зайца) трапляе і забівае насмерць сына. Страшнае ўражанне рабілі падзенне сына і момант, калі бацька паварочваецца і бачыць, што забіў яго. Гэта вельмі страшна для маленькіх гледачоў, якія ўжо разумеюць смерць: гібель чалавека ўспрымаецца як трагедыя. У мяне тады памёр дзед - бацька майго бацькі. Якая трагедыя ў маленькага гледача! Колькі перажыванняў! І нават ёсць патрэбная мараль: слухайся бацькі, а то здарыцца нешта сумнае, нават жудаснае. Запомніў і назву гэтай карціны "Трагічнае паляванне"» [244]. Фільма з такой назвай у каталогу фільмаў той эпохі няма, але вядома, што ў тыя часы адзін і той жа фільм нярэдка выпускаўся пад рознымі назвамі.

«Трагічная паляванне» моцна ўсхвалявала юных гледачоў: «Мы, яшчэ маленькія хлапчукі, хаваліся пад лаўкамі ці за цёмнымі фіранкамі вокнаў і дзвярэй; заставаліся, каб паглядзець другі і трэці раз: а можа ў гэты раз бацька прамахнецца? Часам удавалася: мы вылазілі з таемных месцаў, калі зала пачынала запаўняцца новай публікай» [245].

Паказваліся і камедыі: «Памятаю і камічнае: бясконцыя пагоні, кіданні нейкіх прадметаў і нават цеста адзін у аднаго, нават у твар... памятаю, што былі надпісы, якія мы ледзь паспявалі прачытаць, але гэта было не так важна. Змест мы ведалі часам загадзя ад іншых хлапчукоў або разумелі яго з першага кадра. Гэта была велізарная асалода, нейкае асаблівае, загадкавае бачанне... Гэты кінатэатр, як я потым даведаўся, працаваў на газе... Потым у двары мы гулялі ў нямыя карціны: мы бегалі адзін ад аднаго або штурхаліся, і заўсёды чамусьці ўсё канчалася пагоняй... Гэта было самае ранняе дзяцінства» [246].

Кінатэатр «Эдысон» у Лідзе адкрыў у снежні 1910 г. Міхаіл Мікалаевіч Манастырскі. Да гэтага часу ён ужо тры гады валодаў кінатэатрам у Сувалках [247]. Да 1914 г. Міхаіл Манастырскі валодаў яшчэ кінатэатрам у Вільні [248].

У кастрычніку 1910 г. Міхаіл Манастырскі падаў на імя віленскага губернатара прашэнне аб адкрыцці кінатэатра «Эдысон» у Лідзе па Віленскай вуліцы, у мураваным аднапавярховым доме братоў Саламона Ільіча і Майсея Ільіча Вінаградавых па вузкай вулачцы-шчыліне Чырвонай (пачыналася паміж дамамі Крывабокава № 19 і братоў Вінаградавых № 21 па вуліцы Віленскай і заканчвалася паміж дамамі Пупко і Зальцштэйна па вуліцы Крывой). Гэты дом мясціўся ў двары галоўнай двухпавярховай камяніцы Вінаградавых, якая мела адрас вул. Віленская, 21.

У снежні 1910 г. пасля вырашэння розных бюракратычных і тэхнічных праблем адкрыўся кінатэатр «Эдысон» на 118 месцаў. Кінатэатр уяўляў сабою аднапавярховы цагляны будынак, меў пярэдні пакой (4,3 х 2,1 м), глядзельную залу (11,8 х 6,3 м), два фае (9,5 х 6,3 м), будку для праектара, у якой падлога і столь былі абабіты азбестам і жалезнымі лістамі. Глядзельная зала і фае мелі вышыню 4 м, столь драўляная, бэлькі знутры абабіты дошкамі. Два выйсці, дзверы адчыняліся вонкі. Падлога драўляная. Месцы для публікі агароджаны адкіднымі драўлянымі балюстрадамі вышынёй каля 0,9 м. Праходы для публікі каля будкі з праектарам шырынёй па 1,5 м кожны. Сценкі ўсіх памяшканняў атынкаваныя. Памяшканні абаграваліся трыма круглымі бляшанымі печамі. Паветра вентылявалася праз адтуліну дыяметрам 35 см. Дах будынка крыты дахоўкай. Памяшканне для дынама-машыны ад глядзельнай залы аддзяляла цагляная сцяна ў 1,5 цагліны. Для асвятлення памяшканняў і сілкавання токам рэфлектара ў асобным памяшканні мелася дынама-машына сталага току на 50 ампер пры 110 вольтах. Яна прыводзілася ў дзеянне праз пасавую перадачу газавым рухавіком на 7 к.с. «Отто-Дэйц». Электрычны дрот пракладзены на парцалянавых роліках. Памяшканні асвятлялі 21 танталавая 16-свечкавая лямпы напальвання, таксама меліся 2 лямпы ў 200 свечак і 98 2-свечкавых лямпаў на 10 вольт кожная [249], якія складаліся ў слова «Эдысон» над уваходам.

Прафесар Далінскі пісаў пра гэты кінатэатр: «Але вось я ўжо больш сталы. З'явіўся новы кінатэатр на галоўнай вуліцы... Ля ўваходу буйна электрычнымі лямпачкамі назва - «Эдысон». Такая цікавая назва здзіўляе, дзівіць нават... Туды ўваход каштаваў 10 ці нават 15 капеек. Бацька ўжо рэгулярна дае мне па 5 капеек. Я іх збіраю і бягу, задыхаючыся, у кінатэатр. Сюды часам хаджу бясплатна разам са сваім таварышам, бацька якога - адзін з гаспадароў «Эдысона». Тут крэслы і нават ложы. У фае развешаныя афішы, стаяць крэслы, маецца нават буфет. Фае спецыяльна для чакання: сеанс вялікі, гадзіну і больш. Мы ўваходзім у глядзельную залу ўжо не па-хлапечы, а як падлеткі. Мы абодва высокія, нас нават можна прыняць за юнакоў» [250].

Кінематограф паступова пераўтвараўся ў новы від мастацтва, змяняўся рэпертуар кінатэатраў: «Карціны тут (у "Эдысоне") "сур'ёзныя": па дзве драмы, па дзве камедыі, а напачатку абавязкова пейзажныя. У іх нейкія незнаёмыя рэкі, горы, вадаспады, моры бязмежныя, у іх вялікія хвалі, хвалі... Асабліва дзівяць вадаспады: з вельмі вялікай вышыні, з вялікім шумам (гэта перадаецца музыкай тапёра) падае велізарная, шырокая, імклівая бруя вады... Кінематограф захапляе, здзіўляе, кліча да сябе; у ім можна нечакана ўбачыць тое, што ніколі не зможаш убачыць: усё далёкае, дзіўнае. Мастацкія любоўныя драмы ўзбуджаюць, выклікаюць нейкія незразумелыя пачуцці. Пацалункі, абдымкі дарослых, якіх не бачыш у жыцці, вельмі халодныя, але разам з тым яны тояць у сабе нешта прыцягальнае. Потым мы, хлопцы, гуляем (бегаем, ходзім) па экранных узорах. Асаблівае ўражанне пакінула карціна "Зігамар". Гэта ўжо не адна карціна, а серыя фільмаў, колькі - не памятаю. Але вельмі добра памятаю, што нашы гульні ў "разбойнікаў" пасля "Зігамара" [251] напоўніліся больш канкрэтным зместам. Я нават у душы музыцыраваў, як у кіно» [252].

Трэба трошкі расказаць пра арганізацыю справы па расклейцы розных афіш у горадзе. У 1904 г. віленскі губернатар граф Пален выдаў пастанову, згодна з якой расклейка розных аб'яў і афіш у г. Ліда дапускалася толькі на адмысловых прыстасаваннях (відавочна, шчытах), устаноўленых гарадскімі ўладамі (домаўладальнікам на сваіх хатах дазвалялася вывешваць аб'явы толькі аб здачы жылля ўнаём). Пастанова ўступала ў сілу з моманту ўстаноўкі такіх прыстасаванняў [253]. 29 красавіка 1909 г. лідскі сход упаўнаважаных права расклейкі аб'яў і афіш перадаў Абраму Душману за плату ў 21 руб. 30 кап. у год [254]. Бізнес быў вельмі прыбытковы, і ў 1914 г. гэта права на тры гады было перададзена ўладальніку друкарні Падземскаму, але ўжо за 260 руб. і 50 кап. у год [255]. Гэта кажа аб папулярнасці кінематографа і гастрольных тэатраў у нашым горадзе.

Манастырскі перад Першай сусветнай вайной прадаў «Эдысон», і кінатэатр перасяліўся на месца каля перакрыжавання вуліц Віленскай і Каменскай (сучасныя Ленінская і Савецкая), у старую двухпавярховую камяніцу XIX ст., праз адзін дом ад фарнага касцёла. У гэтым жа доме знаходзілася кавярня Малiноўскага (у 1930-я гг. - крама дамскай галантарэі). Уваход у кінатэатр быў са двара.

У «Эдысоне» праводзіліся розныя гарадскія мерапрыемствы. У студзені 1913 г. прэса паведаміла, што «на днях у "Эдысоне" адбыўся сеанс на карысць мясцовага дамскага дабрачыннага таварыства. Сімпатычныя мэты гэтага таварыства прыцягнулі ў тэатр такую публіку, якая рэдка бывае на дабрачынных вечарах. Вечар адбыўся. Увесь даход, 150 руб. цалкам паступіў у касу таварыства» [256]. У тым жа нумары газеты Лідскае дамскае дабрачыннае таварыства выказала ўдзячнасць «уладальнікам тэатра "Эдысон" спсп. Яблонскаму і Сікорскаму, якія бясплатна прапанавалі залу "Эдысона", асвятленне, музыку і ахвяравалі 25 руб., асабліва сп. Яблонскаму за яго ўдзел у арганізацыі вечара. А таксама сп. Вінаградаву за бясплатныя карціны і публіцы за спагадлівасць і ўвагу» [257]. З тэксту бачна, што нават пасля пераезду «Эдысона» на новае месца браты Вінаградавы займаліся пракатам кінастужак.

А 6 чэрвеня 1913 г. у «Эдысоне» Лідскі аддзел добраахвотнага таварыства па барацьбе з сухотамі ладзіў «бясплатны сеанс з навуковымі мэтамі» [258].

Дзесьці перад ці падчас Першай сусветнай вайны кінатэатр «Ілюзіён» быў пераназваны ў «Нірвану».

Далінскі Іосіф Львовіч (1900-1983) нарадзіўся ў мястэчку Радунь у сям'і мукамола. Скончыў філалагічны факультэт Растоўскага ўніверсітэта. У 1925 г. скончыў Паўночна-Каўказскі ўніверсітэт у Растове. Пасля заканчэння ўніверсітэта Далінскі быў адным з ініцыятараў стварэння Растоўскага кінатэхнікума, у якім працаваў намеснікам дырэктара і загадчыкам вучэбнай часткі. Вучыўся ў аспірантуры УДзIКа (зараз - Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі імя С. А. Герасімава) і ў 1940 г. паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1937 г. выкладаў ва УДзIКу.

У гады Другой сусветнай вайны ваяваў, быў паранены. Пасля шпіталя зноў вярнуўся на працу ва УДзIК (дзе на працягу 10 гадоў быў дэканам рэжысёрскага факультэта). У канцы 1940-х ён разам з С. С. Гінзбургам і Н. А. Лебедзевым адкрыў кіназнаўчы факультэт УДзIКа, на якім потым доўгія гады чытаў лекцыі па гісторыі кінамастацтва. З 1960 г. - прафесар. Аўтар шэрагу кіназнаўчых прац.

Бібліятэкі . Вядома, што гарадская бібліятэка-чытальня пры чайной была адкрыта па рашэнні Лідскага павятовага камітэта Папячыцельства аб народнай цвярозасці 12 студзеня 1897 г. [259]

9 сакавіка 1899 г. на пасяджэнні Лідскага павятовага камітэта Папячыцельства аб народнай цвярозасці было прынята рашэнне адкрыць бібліятэкі-чытальні ў 14 валасцях павета. Вырашана, каб удзел у выбары кніг для ўсіх бібліятэк прымаў штатны наглядчык павятовай вучэльні [260]. На пасяджэнні, якое адбылося 25 лістапада 1903 г. пад старшынствам лідскага павятовага маршалка І. Р. фон Вітэ ў складзе протаіерэя Іосіфа Каяловіча, міравога пасрэдніка 2-га ўчастка Лідскага павета Ф. А. барона Шліпенбаха, наглядчыка 5-й акругі акцызных збораў Віленскай губерні А. С. Пятрова, падатковага інспектара па Лідскім павеце А. А. Іванова, лідскага павятовага спраўніка А. М. Вякшынскага, лідскага гарадскога старасты Л. Г. Стабінскага і інспектара Лідскага гарадскога вучылішча Ф. Л. Навіцкага, пры ўдзеле справавода С. Н. Львова, было вырашана:

- асігнаваць на выплату друкарні Эпштэйна 6 р., каб надрукаваць бланкі для запісу кніг у бібліятэкі.

- Камітэт зацвердзіў: а) асігнаванне 19 р. 15 к. на даплату рэдакцыі часопіса «Земляроб» на выпіску 19 асобнікаў часопіса ў бібліятэкі-чытальні павета і ў лідскую бібліятэку папячыцельства; б) выдаткі справавода камітэта Львова, каб вярнуць яму скарыстаныя з уласных сродкаў 4 р. 70 к. на куплю амерыканскага пераплётчыка [261] для пераплёту кніг арыштантамі ў лідскай турме для бібліятэк папячыцельства і 7 р. на выплату сталяру Няпрахскаму за зробленыя ім 4 футаралы для чароўных ліхтароў [262]; в) выдаткі на выплату начальніку лідскай турмы Багданаву 28 р. 81 к. за пераплеценыя арыштантамі 731 кнігу бібліятэк папячыцельства; г). выдаткі на выплаты пераплётчыку Ратнэру за пераплёт 787 кніг для бібліятэк папячыцельства.

- Камітэт пастанавіў: па прыкладу мінулага года ў 1904 г. выпісаць для ўстаноў папячыцельства наступныя часопісы і газеты 1) «Свет», 2) «Виленский вестник», 3) «Паломник», 4) «Вокруг света», 5) «Нива», 6) «Школьное хозяйство», 7) «Деревня», 8) «Сельский вестник», 9) «Беседа»; для 10 існых бібліятэк: 1) «Школьное хозяйство», 2) «Вокруг света», 3) «Сельский вестник», 4) «Беседа», 5) «Деревня»; для 6 бібліятэк, якія адкрываюцца: 1) «Родина» і 2) «Беседа».

- Замест выбыўшага загадчыка бібліятэкі сп. Палу, з 1 ліпеня прыняць на гэтую пасаду спадарыню Львову з захаваннем ранейшага акладу ў 120 р.

- Камітэт выказаў падзяку за супрацоўніцтва народным настаўнікам у валасцях і вырашыў выплаціць ім па 10 р. за год і асігнаваў 3 р. для народнай настаўніцы з Беняконяў Марцюшавай на закуп газы, каб яна магла рабіць народныя чытанні з чароўным ліхтаром [263].

Пры складанні каштарысу на 1907 г. павятовы камітэт вырашыў адкрыць у Лідзе чайную з бібліятэкай-чытальняй, чытаннямі, хорам і нядзельнай школай. 18 верасня 1906 г. камітэт пастанавіў хадайнічаць аб асігнаваннях крэдыту ў памеры 2 150 руб. на арганізацыю і ўтрыманне чайной і іншага па наступным разліку: арэнда памяшкання з ацяпленнем - 600 р., асвятленне - 160 руб., жалаванне бібліятэкару - 300 руб., на прыслугу - 120 руб., на абсталяванне нядзельнай школы - 200 руб., на пісьмовыя прылады - 80 руб., на куплю кніг і часопісаў - 100 руб., загадчыку народнага хору - 300 руб., на ўзнагароджанне спевакоў - 50 руб. і на справаводства - 240 руб. Усяго 2 150 руб. Копія гэтай пастановы № 239 прадстаўлена ў губернскі камітэт 27 верасня 1906. Аднак губернатар даў толькі 750 руб. [264]

Лідская бібліятэка-чытальня з нядзельнай школай і чайной да Першай сусветнай вайны знаходзілася ў двухпавярховым доме, які зараз мае адрас вул. Замкавая, 2, дом пабудаваны ў самым пачатку XX ст. Практычна адразу пасля пабудовы гэты гмах быў арандаваны Лідскім папячыцельствам аб народнай цвярозасці, і тут пачаў працаваць Народны дом. Народныя дамы адкрываліся, каб адцягнуць народ ад п'янства, і звычайна складаліся з бібліятэкі-чытальні, чайной і розных гурткоў. Акрамя Ліды Народны дом захаваўся да нашага часу ў Гародні, ён быў пабудаваны ў 1904 г. паводле праекту Л. Лангада і М. Раманава. Такім чынам, у будынку, які існуе да нашых часоў, мясціўся першы ў горадзе народны клуб з бібліятэкай. У пачатку бурлівых 1920-х гг. тут былі штаб-кватэры розных палітычных партый, а з сярэдзіны 1920-х гг. магістрат горада.

Значную колькасць кніг перадаў бібліятэцы Народнага дома аптэкар Бэргман, «Лідскае слова» паведамляла ў канцы 1912 г.: «Пяць гадоў таму ў Лідзе з вялікімі стараннямі і клопатамі была адкрыта бібліятэка. На самым пачатку яна мела ўсяго 600 тамоў, а зараз, праз пяць гадоў мае ўжо 2 000 тамоў. І якія кнігі, каго тут толькі няма! Талстой і Ібсен, Гюго і Гайнэ, Бялінскі і Дабралюбаў - і шмат іншых, з вялікім розумам і гарачым сэрцам напісаных кніг... Што чытаюць і хто чытае? Гімназісткі і іешыўнікі. Першыя зачытваюцца Вярбіцкай, а другія і чытаюць, і пытаюцца, пытаюцца і чытаюць Талстога, Дастаеўскага і Тургенева. Галоўная ж маса лідзян ставіцца да бібліятэкі абыякава...» [265].

З пратаколу пасяджэння Лідскага павятовага камітэта Папячыцельства аб народнай цвярозасці ад 24 ліпеня 1912 г. бачна, што з 1906 па 1912 г. лідскі камітэт працаваў дрэнна, і гэта выклікала незадавальненне віленскага губернатара. Прычына - недахоп грошай. З-за таго, што значная частка сродкаў папячыцельства ідзе на падтрыманне чайных і сталовых, «з якіх многія, нягледзячы на доўгачасовае іх існаванне, наведваюцца толькі вельмі нязначным лікам асоб», губернатар прапанаваў абмеркаваць мэтазгоднасць існавання кожнай канкрэтнай чайной.

Губернатар паведаміў, што ў 1912 г. будзе выдаткоўваць камітэту толькі 1 500 р. і таму прапанаваў прыняць меры па скарачэнні выдаткаў. З пратаколу: «…пры асігнаваннях у апошнія гады з казны 4 000 - 4 500 р. у год камітэт марнаваў гэтыя грошы цалкам на свае ўстановы, і што, недаатрымаўшы ў 1905 г., 500 р., мае даўгі. Атрымліваючы 4000 - 4 500 р. у год, камітэт ледзьве зводзіць канцы з канцамі і пры велічыні гадавой дапамогі ў 1 500 р. у год чайныя камітэтыіснаваць не могуць, бо яны працуюць са стратамі. Таму камітэтам вырашана: усе чайныя ў павеце закрыць; бібліятэкі-чытальні за адсутнасцю для іх памяшканняў скасаваць, пакінуўшы толькі бібліятэкі. Бібліятэчныя шафы перадаць у народныя вучылішчы, просячы настаўнікаў працягваць выдачу кніг... у будучыні пры наяўнасці новых асігнаванняў бібліятэкі могуць быць папоўненыя» [266].

Мелася ў горадзе і некалькі кніжных крам. Акрамя агульнавядомай кніжнай крамы сп-ні Шкоп каля касцёла, у гасцініцы Быхвітаў «Варшава» мясцілася кніжная і пісча-папяровая крама «Культура»: «...вялікі багаты выбар мастацкіх паштовак. На складзе маецца вялікая колькасць падручнікаў, класічная літаратура на рускай і яўрэйскай мовах» [267] (дарэчы, тут жа ў гатэлі «Варшава» працавала аддзяленне Санкт-Пецярбургскага таварыства страхавання, агент па Лідзе і павеце Я. Л. Быхвіт [268]).

Мелася яшчэ кніжная крама «Труд», у якой у сераду 13 сакавіка 1913 г. вучань гарадской вучэльні Лагун знайшоў скрадзеную ў яго раней кнігу, крама аказвала і букіністычныя паслугі [269].

Для аматараў кнігі мелася пераплётная майстэрня Б. Я. Коткінда: «Прымаюцца заказы на пераплётныя і футлярныя работы ўсялякага віду па самым умераным кошце» [270].

Тое, што немагчыма было купіць у кніжных крамах, дазвалялася заказваць па пошце, напрыклад, камплекты фрывольных паштовак: «Сенсацыйная навіна для мужчын. Вельмі цікавая серыя з 20 здымкаў з жыцця французскага афіцэра з генеральскай дачкой у пікантных позах... Кошт з перасылкай 3 руб. 40 кап.» [271].

Першае лідскае перыядычнае выданне . Газета «Лідскае слова» з'явілася на свет 17 лістапада 1912 г. Памочнік прысяжнага паверанага Камёнскі І. Д. (Камионский И. Д.) разам з доктарам медыцыны Капланам С. А. [272] пачалі выдаваць на рускай мове штотыднёвую грамадска-палітычную газету. Адрас рэдакцыі: вул. Віленская, 13, кошт газеты - 3 капейкі. Усе нумары друкаваліся ў друкарні Падземскага («Віленская вул., у доме, дзе З'езд»).

У першым нумары рэдактар пісаў: «У жыцці кожнага горада бываюць такія дні, якія застаюцца памятнымі, незабыўнымі. І 17-га кастрычніка 1912 г. ёсць адным з такіх дзён. У гэты дзень доўгая, але бедная гісторыя роднага горада ўзбагацілася важкім фактам, у Лідзе ёсць газета, гэта значыць, што з гэтага часу Ліда атрымлівае адзін з магутных рухавікоў прагрэсу - прэсу... Ліда бедная ўражаннямі, але не патрэбамі. ...акрамя пытанняў пра тратуары і асвятленне, ёсць таксама пытанні больш далікатныя, пытанні духоўныя... Аб'яўляючы нашу газету беспартыйнай і незалежнай, мы ўпэўненыя, што ў мірным суіснаванні ўсіх нацый і гарманічным злучэнні культур... палягаюць асновы існавання кожнага горада» [273]. Ад пачатку газета прадавалася ў аптэкарскай краме М. Б. Стукатара, а з № 3 - яшчэ і ў кіёску на рагу Віленскай і Каменскай вуліц. У Вільні газету магчыма было купіць у вінных крамах М. Айзенштата па вуліцы Завальнай і Садовай. Невядома, з якой перыядычнасцю, але з допісаў у газеце бачна, што «Лідскае слова» распаўсюджвалася таксама сярод лідскіх эмігрантаў у Амерыцы.

Газета выдавалася на чатырох старонках, у 1912 г. выйшла сем нумароў (№ 1. 17.11.1912. - № 7. 28.12.1912., у 1913 г. яшчэ 21 нумар: № 8. 4.01.1913. - № 28. 31.05.1913.). У газеце публікаваліся справаздачы аб пасяджэннях Дзяржаўнай думы, асвятлялася дзейнасць гарадскога самакіравання, культурныя падзеі ў горадзе (адкрыццё гімназіі, канцэрты, лекцыі, аматарскія спектаклі). Друкаваліся вялікія, праблемныя артыкулы, напрыклад, артыкул Ф. Л. Навіцкага аб сучаснай літаратуры друкаваўся ў шэрагу нумароў і выклікаў некалькі вялікіх артыкулаў-водгукаў чытачоў. Надрукавала газета і артыкул нашага выдатнага гісторыка Міхала Шымялевіча пра піярскую школу ў Лідзе. Не абыходзілася без звычайных для газетчыкаў трагікамічных памылак, напрыклад, у «хроніцы ў № 8 наша газета паведаміла пра смерць пісара ваеннага "присутствия" Пусько. Памёр не пісар, а яго брат» [274].

У красавіку 1913 г. газета паведаміла: «11 красавіка ў кватэры доктара Каплана ад неасцярожнага карыстання з агнём адбыўся пажар, які знішчыў рухомую маёмасць на 167 руб. Маёмасць застрахаваная» [275]. З № 19 газеты Каплан перастаў падтрымліваць газету, і Камёнскі выдаваў яе аднаасобна.

Выдавалася «Лідскае слова» да 31 траўня 1913 г., апошні і перадапошні нумар, замест тыднёвага, выйшаў з двухтыднёвым перапынкам. Газета мела выразны памяркоўна-ліберальны кірунак, блізкі да кадэцкай партыі. Гэты кірунак у Лідзе не мог мець вялікую колькасць прыхільнікаў. Сярод яўрэйскага насельніцтва дамінавалі сіяністы, для якіх галоўным было стварэнне сваёй дзяржавы ў Палесціне, другімі па ўплыве былі бундаўцы - сацыял-дэмакраты. Для абодвух плыняў ліберальны і арыентаваны на Расію дух газеты быў калі не варожы, дык нецікавы. Другая, рыма-каталіцкая частка насельніцтва Ліды таксама не магла мець сантыментаў да гэткай газеты. Думаю, таму закрыццё «Лідскага слова» з-за камерцыйных страт было наканавана.

Яўрэйскае культурна-грамадскае жыццё . «Лідскае слова» 28 снежня 1912 г. паведаміла: «Учора пасля цяжкай хваробы на 65 годзе жыцця памёр Ісак Носелевіч Пупко. Нябожчык быў адным з выбітных грамадскіх дзеячаў г. Ліды і стаяў на чале яўрэйскай бальніцы, якая была пабудавана па яго ініцыятыве... Ён любіў свой горад і ў апошні час, калі хвароба забрала яго сілы і не дазваляла актыўна працаваць на карысць грамадства, пісаў шмат тэкстаў з гістарычнага мінулага нашага горада» [276]. Вельмі цікава, чалавек займаўся краязнаўствам. Баюся, аднак, што мы ніколі не прачытаем яго тэкстаў.

Былы лідзянін Якаў Ілютовіч узгадваў Ісака Пупко - «Ізю Члена» ў сваіх успамінах: «Усе ў Лідзе ведалі "Ізю Члена", сына заснавальніка... бровара Носеля Шымона Пупко. Мянушка "Член" з'явілася таму, што ён быў членам самакіравання горада [277] і вельмі разумным яўрэем, адным з грамадскіх дзеячаў, якія аддалі сябе гораду. Адзін з яго сыноў ажаніўся з дачкой Моці Халерчыка (адкуль паходзіць прозвішча, ніхто не ведаў [278]). Таксама ён меў зяця, якога ўсе звалі Яша-гой. Мянушку атрымаў, бо жыў у маленькім мястэчку сярод "гояў". Ізя жартаваў пра нявестку і зяця: "Халера схопіць "гоя"» [279].

У сакавіку 1913 г. газета паведаміла, што «Студэнт І. Сольц прыязджае ў Ліду і аднаўляе прыём урокаў» [280]. Справа ідзе пра сына Нафталі Сольца, лідскага домаўладальніка. Нафталі Сольц быў родам з Вільні, з вядомай сям'і Сольцаў, яго бізнесам былі паштовыя коні [281]. У тыя часы, калі яшчэ не было цягнікоў (а таксама пазней, у тых месцах, куды цягнікі не даходзілі), пасажыры ехалі, арандуючы коней ад адной пошты да другой. Нафталі Сольц - мужчына сярэдняга росту з не вельмі доўгай барадой. Ён часта хадзіў вакол свайго вялікага двара, які прасціраўся ад Віленскай вуліцы амаль што да ракі і трымаў рукі на поясе штаноў. Любіў час ад часу перакуліць кілішак. Меў уплыў на ўлады. Калі яго прасілі паразмаўляць з уладамі, каб палепшыць бізнес ці вырашыць прыватную справу (калі гэта нікому не пашкодзіць), ён не адмаўляўся. Аднак не ўмешваўся ў кагальныя спрэчкі. На ўласным двары Нафталі Сольц пабудаваў невялікую сінагогу (сінагога Сольца), але сам не быў яе частым наведвальнікам. Узгаданы вышэй сын Нафталі быў адвакатам і вельмі паважанай асобай у Лідзе. Памёр маладым падчас аперацыі апендыцыту [282].

У Лідзе мелася шмат яўрэйскіх культурніцкіх і грамадскіх таварыстваў, якія збіраліся ў розных залах горада. Адным з галоўных месцаў, дзе адбываліся яўрэйскія культурніцкія мерапрыемствы, была так званая зала Ландо. Якаў Ілютовіч пісаў: «У іншым месцы рынкавай плошчы знаходзілася карчма-рэстаран "Заезд". Яна была пабудавана пяцьдзясят гадоў да таго, у мінулым стагоддзі [у сярэдзіне XIX ст. - Л. Л.] Ісакам Ландо, род якога паходзіў ад вучоных яўрэяў Вільні, якія аднак не захацелі стаць рабінамі. У наш час уладальнікам яе быў Ісак Ландо, трэцяе пакаленне ад першага Ісака. Імем яго жонкі, Лейбы Ландо, быў названы гатэль. "Заезд" меў стойлы для коней уладальнікаў вазоў, а пазней і залу для ўрачыстасцяў, а яшчэ пазней нават сцэну для тэатральных пастановак» [283].

У нядзелю 18 лістапада 1912 г. каля пад'езда тэатральнай залы сп. Ландо было знойдзена немаўля. Ніякай запіскі пры ім не было, дзіцё адпраўлена ў Віленскі прытулак [284].

У панядзелак 26 лістапада ў зале Ландо яўрэйскай трупай Бярнштэйна паказаны спектакль на карысць таварыства «Мішмерэс-Хойлім». «Была пастаўлена п'еса Я. Гордзіна "Дзі Швуе", якая прайшла з поспехам» [285]. У нядзелю 30 снежня ў зале Ландо адбылася лекцыя А. Гальдштэйна на тэму «Найноўшая яўрэйская літаратура» [286].

У аўторак 16 красавіка 1913 г. у зале Ландо Лідскім яўрэйскім музычна-драматычным таварыствам пастаўлена п'еса «Брат і сястра» і «Дзівацтвы жонкі» М. Арэнштэйна. Пасля заканчэння спектакля адбыліся танцы [287]. У справаздачы «Лідскае слова» пісала: «Хаця на сцэне фігуравалі асобы з яўрэйскімі імёнамі, але нічога спецыфічна яўрэйскага ў гэтых п'есах не было. Гралі акцёры-аматары. У п'есе "Брат і сястра" галоўную ролю Толі граў Падольскі. Сп. Зарцын граў тыповую фігуру яўрэя-экстэрна [288]. Неаднаразова выступаўшая на лідскіх падмостках мадэмуазель Юдзялевіч на гэты раз грала не сваю ролю. Ролю Ады добра, цёпла грала мадэмуазель Кенігсбергер. Але публіка мела святочны настрой і лепш успрыняла камедыю "Дзівацтвы жонкі". Камедыю глядзелі з жывой зацікаўленасцю, і таму акцёры гралі добра. Нашы аматары, сапраўды, паказалі сябе. Вельмі натуральна ролю Штэйн грала мадэмуазель Шалюбская - ад яе ігры веяла жыццём. А наш стары аматар сп. Палячак як заўжды граў цудоўна. Часам можна было падумаць, што на сцэне прафесіянал, а не аматар...» [289].

У зале Ландо адбываліся не толькі культурніцкія мерапрыемствы. 19 сакавіка 1913 г. тут праходзіў збор Лідскага пазыкова-ашчаднага таварыства. Прысутнічала 100 сяброў таварыства. Старшынёй абраны Л. Стругач. З прачытанага З. І. Пупко даклада бачна, што да 1 студзеня 1913 г. у таварыстве было 623 сябры. Агульны абарот за год 428 619 руб. 86 кап., прыбытак 3 842 руб. 98 кап. Сябрамі таварыства з'яўляюцца дробныя гандляры (260), рамеснікі (248), прадстаўнікі вольных прафесій, павераныя, настаўнікі (50), заводчыкі і лесапрамыслоўцы (24), сяляне, гароднікі (23), домаўладальнікі (18) [290].

Для сваіх мерапрыемстваў яўрэйскай грамадой актыўна выкарыстоўваліся і іншыя пляцоўкі. Гэтак, 24 лістапада 1912 г. у памяшканні Лідскага яўрэйскага музычнага таварыства адбыўся баль-маскарад [291]. А праз два тыдні, 8 снежня, у Яўрэйскім музычна-драматычным таварыстве гастраліраваў вядомы віяланчэліст А. Квікулькін і таленавіты піяніст Ратасен (білеты прадаваліся ў краме братоў Вінаградавых). «Здавалася б, лідзяне наведаюць іх выступ, але прыйшлося чакаць да 10,5 гадзін вечара (канцэрты быў прызначаны на 9 гадзін), покуль сабралася хоць нейкая публіка. Тлумачыцца гэта... адсутнасцю эстэтычных патрэбаў» [292].

16 лютага 1913 г. у зале Лідскага яўрэйскага музычна-драматычнага таварыства адбылася лекцыя І. Маслінкоўскага на тэму «Сучасныя плыні ў яўрэйстве» [293].

Час ад часу сваю залу прадастаўлялі ўладальнікі жаночай гімназіі Навіцкіх. Так, у суботу, 22 снежня 1912 г. у зале жаночай гімназіі Лідскае яўрэйскае музычна-драматычнае таварыства паказала спектакль, пастаўлена была новая драма ў 3-х частках «Ганна» маладога тады аўтара Барыса Аршанскага [294] «пад наглядам і пры ўдзеле аўтара. У гэтай драме аўтар жывымі фарбамі малюе карціну жыцця сучаснай яўрэйскай інтэлігенцыі і кранае пытанне сямейнага побыту» [295].

17 сакавіка адбыўся агульны сход таварыства дапамогі бедным яўрэям «Мішмерес-Хойлім». Прысутнічала 50 чалавек, старшынёй сходу абраны Д. Л. Стругач: «На 1 студзеня 1913 г. у таварыстве маецца 634 сябры, прыход 1203 руб., расход 782 руб. 60 кап. Медыцынскай дапамогай карысталіся 250 чалавек, адбылося 168 візітаў дактароў, выпісана 842 рэцэпты» [296].

11 красавіка адбыўся ўстаноўчы сход дазволенага таварыства «Тойрас Эмэс», было абрана кіраўніцтва новага таварыства [297]. Газета адзначыла, што «лідскім яўрэям удалося адкрыць таварыства Талмуд-Торы. Мэта - выхаванне дзяцей з бедных сямей» [298].

Акрамя іешывы Рэйнеса і іншых яўрэйскіх навучальных устаноў у горадзе існавала яўрэйская жаночая прагімназія Э. Цыпкінай, на пачатку 1913 г. прагімназія надрукавала аб'яву наступнага зместу: «Прыёмныя іспыты ва ўсе класы пачынаюцца з 7 студзеня гэтага года» [299].


Гаспадарка Ліды

Па «Высочайшему» дазволу ад 15 лістапада 1872 г. горадам набыты ўчастак зямлі, які зваўся Ферма, з аброчнымі артыкуламі за 5 606 рублёў. З гэтай сумы 1/4 выплачана адразу, а астатнія грошы растэрмінаваны на 37 гадоў па 269 рублёў 9 капеек у год [300]. Падобна, неабходныя сумы былі выплачаны раней, і 29 ліпеня 1904 г. Савет Міністраў канчаткова дазволіў далучыць да горада прылеглы фальварак «Ферма» - 34 дзесяціны і 1558 сажняў квадратных [301].

Яшчэ ў 1898 г. было вырашана забрукаваць вуліцу «Каменскую ад вуліцы [Віленскай - Л. Л.] да гарадскога калодзежа» [302]. У 1904 г. робіцца капітальны рамонт маста па Наваградскім тракце і папраўка астатніх мастоў у горадзе [303]. У 1906 г. канчаткова ўпарадкавана Лідская вуліца да ракі. Пачынае будавацца памяшканне для грамадскіх вагаў на Рынку [304], будоўля закончана толькі ў 1913 г. [305]

Пастановай сходу гарадскіх упаўнаважаных ад 19 сакавiка 1909 г. гарадскому старасце даручана забрукаваць Школьную вуліцу да Выгана і частку Замкавай плошчы, акрамя гэтага «гарадскія масты на рацэ Лідзейцы па Замкавай вуліцы і на ручаі Каменка падчас манеўраў, якія адбыліся ў жніўні 1909 г., ад частага руху артылерыі і кавалерыі зусім расхісталіся і патрабуюць новага насцілу, на што спатрэбіцца 400 рублёў» [306].

26 траўня 1911 г. выдадзены грошы на куплю прыватных палос зямлі для правядзення дарогі да станцыі Ліда ад Дваранскай вуліцы да пераезду [307]. Справа ў тым, што прыкладна на месцы сучаснай вуліцы Труханава былі сельскагаспадарчыя землі Дварцовай слабады (зараз проста Слабады), і жыхары Слабады не жадалі, каб вуліца даходзіла да чыгункі, бо трацілі агароды. У 1913 г., не выкупіўшы зямлі, гарадская ўправа пачала «перамовы з тэхнікамі аб нівеляванні Дваранскай вуліцы [зараз бул. Гедыміна - Л. Л.] да шашы. За нівеляванне просяць 3 000 руб. З правядзеннем гэтай вуліцы згодна з планам да Слабады не згодныя сяляне, участкі якіх месцяцца за домам сп. спраўніка і не павінны адчужацца» [308]. З гэтай заметкі бачна, што лідскі спраўнік Яўген фон Гротэ дэ Буко меў дом па бульвары Гедыміна, недзе насупраць сучаснага аўтавакзала.

У 1912 г. вырашана будаваць новы калодзеж на Ферме і адрамантаваць існыя калодзежы на Рынкавай плошчы і Каменскай вуліцы [309]. У 1913 г. вырашана наняць архітэктара для пабудовы дома для гарадскога кіравання, на рамонт трох калодзежаў выдаткавана 47 рублёў [310]. Здаецца, менавіта тады калодзеж на Рынкавай плошчы атрымаў альтанку, якая праіснавала да 1941 г.

У 1910 г. гарадскія ўлады ўвялі падатак на сабак - 30 капеек за сабаку [311]. Усяго горад атрымліваў 30 рублёў у год - на ўліку мелася 100 сабак. Таксама дадатковым падаткам былі абкладзены лідскія піўныя [312]. Але ўжо ў 1914 г. «з сабак» узялі толькі 15 рублёў - горад страціў палову «чатырохногіх сяброў». Піва ж, здаецца, меней піць не сталі.

У красавіку 1911 г. «Кур'ер Віленскі» пісаў: «Да Ліды прылягаюць і складаюць з ёй адно цэлае наступныя прадмесці: Дварцовая слабада, Зарэчча, Каменка і Вісманты. Яны карыстаюцца ўсімі прывілеямі горада акрамя аднаго - паліцэйскага нагляду. Для далучэння іх да горада неабходна ўзяць на службу аднаго афіцэра, трох унтэр-афіцэраў і 8 шараговых паліцыянтаў. Афіцэр будзе штогод зарабляць 726 руб., 200 руб. кватэрных, 500 на канцылярыю - разам 1 425 руб. Унтэр-афіцэр - 400 руб. зарплаты і 100 кватэрных, шараговыя - па 240 руб. зарплаты. У суме - 4 846 руб. у год. У сувязі з гэтым Віленскі губернатар звярнуўся да гарадскіх улад з пытаннем, якую частку гэтай сумы яны могуць узяць на сябе» [313].

У 1913 г. прэса паведамляла, што наймальнікі кватэр нашага горада жаліліся на рост арэнднай платы за кватэры: «Шмат хто спадзяваўся на тое, што з перасяленнем войскаў у казармы кошты знізяцца. Але гэтага не адбылося. Прычына ў тым, што колькасць насельніцтва павялічваецца, а тэрыторыя горада не расце - з аднаго боку горад абмяжоўвае рака Лідзейка, а з другога інертнасць гарадской управы. Ужо некалькі гадоў кажуць пра тое, што выган падзелены на ўчасткі, якія будуць прадаваць з гандляў. Але гэтага не робіцца» [314].

Аптэкі . Першая аптэка з'явілася ў Лідзе ў 1626 г. На працягу XVIII ст. аптэкі ў Лідзе і Шчучыне мелі піяры. Вядома, што ў 1845 г. аптэка працавала пры Лідскім гарадскім шпіталі, лекі яна атрымлівала з Віленскай казённай аптэкі, але лекарскі вучань І. Ройша «лекі, прызначаныя для карыстання ў гэтым шпіталі, адвольна раздае дахаты воінскім чынам». За гэтыя парушэнні вучань быў адхілены ад працы. У 1851 г. утрымальнік Лідскай шпітальнай аптэкі Зэдлер з 1 студзеня 1851 г. перадаў у летняе арэнднае ўтрыманне сваю аптэку правізару П. І. Юрцэвічу, які вывучаў фармацэўтыку ў Маскоўскім універсітэце. Медыкаменты ў аптэку па каталозе дастаўляліся з Віленскай казённай аптэкі ці вырабляліся з лекавых траў у самой аптэцы. Правізар П. І. Юрцэвіч стала служыў у Лідскім ваенна-часовым шпіталі з 1851 г., «за бездакорную выслугу ўзаконеных гадоў» Віленская лекарская ўправа прадставіла яго да наступнага чыну.

У 1871 г. у Лідзе працуе адна аптэка нашчадкаў правізара Зэдлера ў арэндзе ў асэсара Голуба, кіруецца правізарам Шымкевічам [315]. Правізарам дапамагалі аптэкарскія памагатыя, якія на працягу года вучыліся ў правізара на пасадзе аптэкарскага вучня. У паслужным спісе аптэкарскага вучня Я. М. Барана, які падпісаў правізар Лідскай вольнай аптэкі Э. І. Качынскі, указана, што Баран мае «ўзрост 21 год, вытрымаў экзамен у Суражскай прагімназіі на права паступлення ў аптэкарскія вучні, аб чым яму выдадзена пасведчанне ад 17.12.1885 г. за № 432. У 1886 г. паступіў аптэкарскім вучнем у Шчучынскую вольную аптэку да правізара Горба. У Лідскую вольную аптэку паступіў у 1886 г. і пакінуў яе ў 1887 г. Працуючы ў аптэцы, свае абавязкі выконваў акуратна, паводзіны добрыя» [316]. Аптэчны склад Якава Барана на рынку існаваў яшчэ ў 1928 г.

У 1887 г. з гадавой справаздачы лідскага гарадскога лекара бачна, што ў Лідзе дзве аптэчныя лаўкі - Вальфовіча і Эпштэйна, якія, нягледзячы на забарону, прадаюць лекі па рэцэптах.

Пасля вялікага пажару 1891 г. новая вуліца Садовая была прарэзана ад сінагогі да вуліцы Каменскай. На ўсім участку, дзе яна ішла, раней быў вялікі пладовы сад, які належаў фармацэўту Юстыну Шымкевічу. За плотам з невялікіх драўляных пралётаў стаяла аптэка фармацэўта і яго дом. Пасля пажару фармацэўт страціў сад і прадаў свой участак для забудовы яўрэям. У 1899 г. Шымкевіч атрымаў 35 рублёў за зямлю, якая адчужалася ў яго для правядзення Садовай вуліцы [317].

Яшчэ ў 1890 г., за год да «вялікага пажару» ў Лідзе мелася аптэка Льва Стабінскага [318], якую ён выкупіў у Шымкевіча. Праз нейкі час аптэка пераехала на вуліцу Віленскую [аптэка Стабінскага Льва Фларыянавіча - Л. Л.]. Пазней яна была прададзена Ф. Бергману, атрымала назву «Старая аптэка» і пад такой назвай існавала да 1939 г.

У 1894 г. Ліда мела тры аптэчныя крамы, і трымальніка аптэчнай крамы Вальфовіча судзілі за выраб лекаў па рэцэптах лекараў, але судом ён быў прызнаны невінаватым.

У 1897 г. у Эпштэйна знойдзены моцна таксічныя рэчывы класу «А», гандляваць якімі ён не меў права, да таго ж знойдзены прыгатаваныя ім лекі, вырабляць якія ён таксама не меў права. А ў аптэчнай краме Вальфовіча было выяўлена нядбайнае захоўванне медыкаментаў, прычым моцнадзейныя сродкі знаходзіліся разам з іншымі лекамі, некаторыя рэчывы былі сапсаваны з-за дрэннай упакоўкі, і гаспадар наогул не прадставіў дазвол на права адкрыцця сваёй аптэчнай крамы. Міравы суддзя прысудзіў яго да двух месяцаў турэмнага зняволення [319].

Вулічнае асвятленне . Ужо ў 1832 г. Ліду па начах асвятлялі 16 ліхтароў, што каштавала гораду 20 срэбных рублёў [320].

Дадатковую пастанову пра паляпшэнне вулічнага асвятлення ў Лідзе гарадскія ўлады прынялі ў 1896 г. [321] На ўтрыманне вуліц, плошчаў, маставых, тратуараў грамадскіх паркаў і асвятленне горада ў 1897 г. прызначалася сума ў 300 руб. Дадаткова на ўтрыманне і рамонт слупоў і ліхтароў выдзялялася 200 руб. [322]

У 1903 г. было ўстаноўлена 10 новых ліхтароў, столькі ж у 1904 г. [323] Таму ў 1904 г. горад асвятляла ўжо 60 ліхтароў на газе [324].

Вынікам далейшага ўдасканалення ліхтароў на газе стаў газава-напальны ліхтар. Ён уяўляў сабой доўгі цыліндр, які ўнізе заканчваўся шкляным каўпаком з рэфлектарам. Рэзервуар для газы меўся ў верхняй частцы ліхтара. Адсюль паліва па трубцы сцякала ўніз, у выпарнік. Пары газы выходзілі струменем з фарсункі і, змяшаўшыся з паветрам, згаралі ўнутры напальнай сеткі. Пры гэтым сетка распальвалася і давала моцнае святло.

З 1908 г. пастановай збору гарадскіх упаўнаважаных для асвятлення горада ўводзяцца менавіта гэтыя, газава-напальныя, ліхтары [325]. Ужо ў 1911 г. горад асвятлялі 18 напальных ліхтароў [326]. На адзін ліхтар горад аплачваў 25 пудоў газы ў год па 1 руб. 60 кап. за пуд на суму ў 40 руб., ці 720 руб. на ўсе 18 ліхтароў. Ліхтаршчыку-манцёру, які абслугоўваў абсталяванне, выплачваўся добры гадавы заробак у 300 руб. Закупка напальных сетак і спірту для распальвання ліхтароў, а таксама само распальванне ліхтароў кожны вечар абыходзілася ў 1 000 руб. штогод [327].

Абыходжанне з напальным ліхтаром патрабавала добрага спрыту. Перш чым запаліць яго, трэба было разагрэць выпарнік. Для гэтага ў спецыяльны кубак, які знаходзіўся каля выпарніка, наліваўся спірт, які потым падпальвалі праз асаблівую адтуліну ў сценцы ліхтара.

Як жа запальвалі ліхтары? Ліхтаршчыкі не лазілі на слупы, бо ліхтар падвешваўся на металічным кранштэйне, які ўстанаўліваўся на верхавіне высокага драўлянага слупа. Кожны вечар ліхтар спускалі ўніз на тросе пры дапамозе лябёдкі, ён запраўляўся газай, праціралася шкло, а потым ліхтар распальваўся і ўздымаўся на верх слупа. У кожнага ліхтаршчыка былі ключ ад лябёдкі і каляска для перавозкі ёмістасці з газай. Ліхтаршчыкі кожны вечар, у любое надвор'е, у прапахлай газай вопратцы кацілі свае каляскі ад слупа да слупа. Запаліць і пагасіць ліхтары трэба было ў строга вызначаны час [328]. Гэтыя ліхтары добра бачны на некаторых старых здымках нашага горада.

У 1912 г. дадаткова да існых планавалася ўстанавіць «8 новых звычайных газавых ліхтароў на слупах на кранштэйнах» [329]. У той жа год лідскі спраўнік Яўген фон Гротэ дэ Буко закупіў для горада яшчэ 17 самых сучасных на той час напальных ліхтароў рыжскай фірмы «Люкс» [330]. «Лідскае слова» каментавала стан гарадскога асвятлення: «Сабралі грошы з нашых бедных гараджан і абяцалі, што будзе святло, а потым, аказваецца, калі свеціць месяц - ліхтары не запальваюць, а ў цёмныя ночы... яны ўсяроўна не гараць, а калі гараць, дык толькі ў некаторых месцах, якія карыстаюцца асаблівымі перавагамі. Узімку, калі на вуліцах слізка, гэта добра адчуваецца нават не надта патрабавальнымі нашымі гараджанамі» [331].

У наступным, 1913 г. годзе ў Лідзе ўстанаўліваецца яшчэ 8 новых ліхтароў [332]. Аднак не хапае грошай, і лідзяне не задаволены: «У апошні час шмат хто жаліцца на... адносіны гарадской управы да пытання асвятлення. У апошнія 3-4 дні, нягледзячы на тое, што было цёмна, зусім не запальвалі ліхтароў. ...кожны домаўладальнік горада Ліды плаціў за ўсталяваныя ліхтары і спадзяваўся, што ўправа будзе добрасумленна выконваць свае абавязкі. ...тлумачэнні ўправы, што "не хапае спірту, яго не прадаюць у вялікай колькасці, яго няма дзе трымаць" з'яўляюцца... наіўнымі. І калі наша гарадская ўправа застанецца глухой да нашых законных патрабаванняў... дык калі наступяць новыя выбары, трэба помніць, што старая ўправа нікуды не годная» [333].

І толькі са з'яўленнем у 1916 г. Лідскай электрастанцыі паступова асвятленне горада стала электрычным.

Пошта, тэлефанізацыя, электрыфікацыя і іншае . Праз газету Лідская паштова-тэлеграфная кантора звярнула ўвагу «публікі на тое, што ў апошні час з паштовых скрыняў часта вымаюцца лісты без адрасоў» [334]. Праз нейкі час адміністрацыя пошты надрукавала абвестку: «Лідская паштова-тэлеграфная кантора паведамляе, што тэлеграмы, якія паступілі для асоб з прозвішчамі, якіх у горадзе шмат: Пупко, Цыгяльніцкі, Шапіра, Гурвіч, Вінер, Палячак, Майшовіч, Каган і інш., дастаўляцца не будуць. У тэлеграме акрамя прозвішча неабходна паведамляць назву вуліцы і № дома. Асобы, якія жадаюць атрымліваць тэлеграмы па скарочаным і ўмоўным адрасе, павінны падаць заяву з паведамленнем пра гэта і аплаціць 10 рублёў... Спіс недастаўленых тэлеграм: З Варшавы ў Ліпнішкі на прозвішча Кейль, з Эйшышак на прозвішча Нарбут, з Варшавы на прозвішча Бабіс... з Пецярбурга на прозвішча Свярдлоў» [335].

У самым канцы 1912 г. павялічылася колькасць паштовых скрыняў у горадзе. Да трох, якія былі раней, дадаліся яшчэ тры - на Рынкавай плошчы, Каменскай вуліцы каля гімназіі Навіцкіх і на Зарэччы. Каб рэгулярна вымаць лісты, набыта адмысловая паштовая карэта [336].

З'яўленне новых паштовых скрыняў «Лідскае слова» пракаментавала ў рэдакцыйным артыкуле: «Наш горад узбагаціўся трыма паштовымі скрынямі. Было ўсяго тры, а зараз шэсць. Калі памятаць, як доўга існуюць Каменская вуліца, Рынкавая плошча і Зарэчча, дык прыйдзем да высновы, што тым, хто адказвае за добраўпарадкаванне нашага горада, сталася сорамна перад гараджанамі... І насамрэч, на працягу гадоў ніхто не падумаў пра неабходнасць усталявання новых скрыняў... Гэтыя паштовыя скрыні - сімвал нашай коснасці, нашай абыякавасці да свайго жыцця» [337].

На пачатку новага, 1913 г. лідзянам было заяўлена пра некалькі інавацый, якія павінны былі змяніць у лепшы бок патрыярхальнае жыццё горада, наблізіць яго да еўрапейскіх гарадоў.

Па-першае, Лідская паштова-тэлеграфная кантора давяла «да ведама асоб, якія маюць жаданне абаніравацца [стаць абанентам - Л. Л.] гарадской тэлефоннай сеткі ў Лідзе... ўладкаванне тэлефоннай сеткі ў горадзе прызначана на 1913 г., і на гэта ўжо запрошаны адпаведны крэдыт. Асоб, які жадаюць абаніравацца, але па нейкай прычыне не патрапілі ў спіс абанентаў, кантора просіць як хутчэй заявіць аб сваім жаданні» [338].

Па-другое, Лідскае гарадское спрошчанае грамадскае кіраванне аб'явіла «домаўладальнікам г. Ліды, што жадае ўладкаваць у горадзе Лідзе водаправод і электрычнае асвятленне і просіць тых, хто жадае карыстацца вадой і электрычным святлом... на працягу месяца запісацца ў гарадской управе. Запіс патрэбны для статыстыкі і тых, хто падпісаўся, ні да чаго не абавязвае» [339].

Рэдакцыйны артыкул «Лідскага слова» пракаментаваў гэтыя навіны: «Гарадская ўправа сілкуе нас надзеяй на тое, што ў хуткай будучыні мы, лідскія абывацелі, пачнём жыць жыццём, падобным на жыццё культурных людзей культурных гарадоў. Будзе ў нас тэлефон, электрычнасць, водаправод, адным словам, будзе ў нас усё тое, чым ганарыцца XX ст. Аднак мы не ведам, калі гэта будзе, і было бы занадта наіўна думаць, што ўсё гэта з'явіцца ў нас у хуткай будучыні, асабліва ведаючы чарапашую хуткасць развіцця нашага горада. Да гэтага часу ў нас пачатак XIX ст. спрачаецца з XX ст. Абяцаюць нам водаправод, а вадзяны млын - гэты сейбіт заразы і розных хвароб да гэтага часу стаіць непахісна, і гарадскія дзеячы не думаць пра тое, што яго трэба ліквідаваць і такім чынам асушыць наш горад» [340].

У тым жа нумары відочна знаёмы з інжынернай справай нехта Ф. Ляскоўскі ў артыкуле «Да пытання пра электрычнае асвятленне ў г. Лідзе», прапанаваў скарыстацца энергіяй нашай рэчкі Лідзейкі: «На першы погляд з'яўленне ў нашым горадзе электрычнага асвятлення малаверагоднае. Бо, звычайна ўсталяванне электроўні патрабуе велічэзных грошай - сотняў тысяч рублёў, якія наш горад, які налічвае каля 20 000 жыхароў, не зможа знайсці. Самі па сабе крыніцы электрычнага току - дынама-машыны не надта дарагія, але патрэбны яшчэ і салідныя рухавікі, якія павінны мець магутнасць нават да сотні конскіх сіл. Гэтыя апошнія ў дзясяткі разоў даражэй за дынама-машыны. І гэта не ўсё. Для працы рухавікоў патрэбна паліва - мазут ці газа. Як бачым, перспектывы не надта прыемныя» [341]. Таму аўтар артыкула прапануе замест млына ўсталяваць на рацэ Лідзейцы гідрастанцыю і такім чынам зэканоміць на рухавіках і паліве: «Трэба толькі зрабіць ачыстку гарадскога става, які хутка ўсяроўна ператворыцца ў лужыну бруду і рассаднік малярыі, і ўсталяваць новыя вадзяныя турбіны». Ляскоўскі заўважае, што «электрычнасць знойдзе самае разнастайнае выкарыстанне ў нашым жыцці: электрычнае асвятленне вуліц (карыстаемся газавакалільнымі ліхтарамі, якія гараць "калі месяц не свеціць" ці ў афіцыйных месцах), у казённых і прыватных установах, тэатрах, клубах, крамах, у гарадскім парку, а таксама ў кватэрах заможных гараджан... Трэба нам, жыхарам культурнага горада, сур'ёзна падумаць пра выкарыстанне дармовай сілы прыроды, і тады пытанне пра электрычнае асвятленне ў г. Лідзе можна будзе лічыць вырашаным» [342].

Дадам, што з інжынернага пункту погляду на такой малой рацэ, як Лідзейка, нельга мець станцыю дастатковай магутнасці, але гораду ў той час патрабавалася не больш за 100 кВт - першая электроўня, якая з'явілася ў 1916 г. падчас акупацыі, якраз мела прыкладна такую магутнасць. Аднак нявядома, ці можна было ў той час атрымаць ад нашай рэчкі нават і такую, адносна невялікую магутнасць.

У 1910-х гг. з-за адсутнасці гарадской тэлефоннай сеткі Лідскі полк, які тады яшчэ быў раскватараваны па прыватных кватэрах, уладкаваў сабе палявую тэлефонную сувязь. Ці атрымалі лідзяне да 1914 г. тэлефонную сувязь - невядома, магчыма і атрымалі, але магчыма, што першая тэлефонная станцыя з'явілася толькі падчас першай нямецкай акупацыі. На паштоўках часоў нямецкай акупацыі бачна, што каля лідскай пошты з'явілася размеркавальная стойка тэлефонных дратоў, а ў 1918 г. лідскі рэўкам сярод іншага загадаў узяць пад свой кантроль і тэлефонную станцыю [343].

А першая гарадская электроўня з'явілася толькі ў 1916 годзе.

Вялікія праблемы горад меў з-за адсутнасці каналізацыі. Жыхар горада пісаў у «Лідскае слова»: «...аб нашым асенізацыйным абозе. Хто з нас, жыхароў горада, выходзячы пасля працоўнага дня падыхаць свежым паветрам, не затыкаў з агідай ноздры і не ратаваўся праз уцёкі ад "цяжкай артылерыі"... якая што-вечар праязджае па найбольш людных вуліцах. Няўжо гэта нявіннае задавальненне - шпацыр па нешматлікіх тратуарах, занадта вялікая раскоша для абывацеля, які не мае ні тэатра, ні канцэртаў, ні лекцый, ні якой іншай культурнай забавы, даступнай жыхарам вялікіх гарадоў? А, можа, хто думае, што ў 10 гадзін ужо пара класціся спаць? Даўно пара замяніць наш абоз... сучасным абозам ... з герметычна зачыненымі ёмкасцю і помпай...» [344].

Справа магла вырашыцца праз самадзейнасць жыхароў, напрыклад, у красавіку 1913 г. «домаўладальнікі Лідскай вуліцы звярнуліся з хадайніцтвам у гарадскую ўправу аб пабудове па гэтай вуліцы каналізацыі. У прашэнні яны пішуць пра антысанітарыю, бо на Лідскую вуліцу сцякаецца бруд з суседніх вуліц» [345].

Але зрабіць каналізацыю да пачатку Першай сусветнай вайны не паспелі, і да гэтай праблемы зноў звярнуліся толькі ў канцы 1930-х гг.

Меліся праблемы і з чысцінёй на вуліцах. Газета пісала: «Кожны з жыхароў горада ведае, як цяжка падтрымліваць чысціню на вуліцах горада. Нашыя домаўладальнікі не ў стане на свае грошы стала ўтрымліваць дворнікаў і таму для гэтых мэт з цяжкасцю знаходзяць рабочых на адзін дзень, у крайнім жа выпадку сам "барын" бярэцца за мятлу» [346]. Другі лідзянін заўважаў: «Ліда цягнецца ў шэрагі вялікіх гарадоў: хоць і мізэрнае асвятленне, але вуліцы падмятаюцца кожны дзень. На жаль, у апошні час з-за дажджлівага надвор'я не хапае працоўных рук, каб прыбраць увесь бруд. Ён збіраецца па абодвух баках вуліц у выглядзе вялікіх куч, якія з'яўляюцца пасткамі для тых, хто шпацыруе вечарам ці ноччу» [347].


Штодзённае жыццё

Жыццё мястэчак і вёсак. Газета «Кур'ер Літоўскі» паведамляла пра тое, што 15 жніўня 1906 г. у Жырмунах адбылася «народная забава, даход з якой пайшоў на пабудову мура вакол тутэйшых могілак. Апроч спеваў хору, аркестра, дэкламацый беларускіх і польскіх была дадзена: 1) «Okrezne», камедыя ў 2-х актах Е. Каржанеўскага 2) «Фельчар у малым мястэчку», гумарыстычная сцэна» [348].

Улетку 1908 г. пасварыліся паміж сабой жыхары двух вёсак «З. і Ол.» у Дубіцкай воласці, аб чым жыхар суседняга сяла Глыбокае пісаў у газету: «Адна вёска адкупіла лес, у гэтым лесе ёсць палянкі, часамі ў сухі год там расце толькі мох, а ў мокры плодзяцца качкі ды кнігаўкі. Вось быдла другой вёскі ўзышло на гэтыя палянкі, ды зараз на іх наша вёска падала ў валасны суд, быццам ім зроблена шкода на 109 рублёў. 26 жніўня быў суд. Вось адзін пажылы мужык Тамаш і кажа: «Ня добра, хлопцы, на сваіх суседзяў так лгаць, якая там шкода, калі ж мы самі ездзім на начлег туды, і там можна мак малаціць!». Судьдзі і пісар хацелі памірыць, але не ўдалося. Тады прысудзілі заплаціць за шкоду 20 р. Хацелі падаваць земскаму, вышэй, але нехта як гукнуў: «На гарэлку будзе досць!» - то ўсе і зціхлі. І да позняй ночы мужыкі прапівалі цяжка запрацаваныя грошы сваіх суседзяў. Каб за гэтыя грошы, калі ўжо іх дабылі, зрабіць што добрае, - да гэтага яшчэ не прывык наш мужык» [349].

Пры канцы 1908 г. народны карэспандэнт малюе карціну жыцця Беліцкай воласці:

«У Задварчанах нядаўна выпаў град, як добры арэх.

Найстарэйшы дзядуля ў Фалькавічах мае 106 гадоў, яшчэ здатны хоць куды, памагае сыну ў гаспадарцы.

Нецяч. 26 верасня ў двор нанялі баб капаць бульбу па 20 кап. А заплацілі па 15 кап. Бабы акружылі дом, дзе быў аканом і крычалі цэлую гадзіну... тады... выдалі 20 кап.

У гэтым маёнтку парабкі наракаюць, што ў свята іх выпраўляюць з рознымі транспартамі, але парабкамі тутака пахваліцца ня можна, яны гандлююць гарэлкай, за тое і ў свята ім няма адпачынку.

У Няцечы ў новым доме пры касцёле людзі збіраюцца адчыніць хаўрусную краму. Гандляры з мястэчка Беліца непрыхільны да гэтага...

Ганцавічы. Наша Сялецкае грамадства зарабляе найболей грошай сплавам дрэва па Нёману. Маладыя працуюць на гуце Краеўскага, але зарабаткі гэтыя нашы мужыкі акуратна дзеляць з манаполькай [прапіваюць - Л. Л.], сыпяць грошы, як у Нёман. Мужыкі ў Ганцавічах не стыдаюцца самі па хатах гандляваць гарэлкай, каб слабы чалавек мох п'янстваваць заўсёды і ў дзень, і ў ноч» [350]. Як бачым, п'янства і тады было нашым, можа, галоўным нацыянальным бедствам.

На пачатку 1909 г. народны карэспандэнт пад псеўданімам Дзяцел паведамляў пра навіны Жалудка: «М. Жалудок Лідскага павета. У нас ёсць гаспадарская суполка, але надта моцна яна не працуе. Аткрылі тут хаўрусную краму, за 7 месяцаў яна дала 400 руб. чыстага даходу. Хаўруснікаў у краме 120-140, кожны даў па 10 рублёў. Яшчэ большая была бы карысць, каб у нас была не толькі хаўрусная крама, дзе мужык толькі купляе за свае грошы, але яшчэ хаўрусы для прадажу мужыцкага дабра, здабытага мужыцкай працай - напрыклад, малака, масла, збожжа і др.

Тут ёсць вялікая старасвецкая карчма, якая належыць памешчыку князю Ч. Ён перабудаваў нанава гэтую карчму пад краму і чайную, хочуць зрабіць тут і заезд дзеля начлега. З крамы кн. Ч. бярэ 50 руб. Арэнды, - значыць ня шмат. Вядома рэч, што як багатыя людзі памагаюць завясці карысныя для грамады рэчы, то гэта добра. Але хаўрусныя крамы і таварыства будуць моцныя толькі тады, калі самі мужыкі будуць на іх складацца. Мужыцкі грош будзе цвярдзейшы!

Княгіня аткрыла тут бальніцу на 10 ложкаў, лечаць дарма» [351].

Уладальнікі Жалудка князі Чацвярцінскія - сапраўдныя арыстакраты, якія паказвалі ўзор сацыяльнай адказнасці багатых за стан жыцця свайго народу. На жаль, не ўсе арыстакраты таго часу былі сапраўднай, адказнай за свой народ элітай.

Андрэй Асташонак.

А да мястэчка Новы Двор у 1909 г. дайшлі самыя сучасныя на той час «інфармацыйныя тэхналогіі» і болей чым праз 100 гадоў прыемна чытаць наступныя радкі: «Новы Двор. Лідскага павета. Як тэлеграфам можна перасылаць па дроце ліст, так сама тэлефонам можна перасылаць па дроце мову. Тэлефоны для краю дужа карысная рэч, і за граніцай яны ўсюды заведзены. Там кожная пошта, кожная воласць мае тэлефон, праз каторы можа гаварыць кожны, заплаціўшы невялікія грошы (5-25 кап.). Апроч гэтага ўсякі, хто хоча, можа мець у хаце свой тэлефон і гаварыць з другім канцом свету. Гэтакая прылада для людзей дужа карысная: трэба скажам пільна доктара, ксяндза - папа - пагаварыў праз тэлефон - за мінуту-дзве, дохтар ці ксёндз ужо збіраецца ехаць, трэба, скажам, прадаць на вёсцы жыта, а не ведаем цаны, зараз праз тэлефон запытайся ў Вільні, як цана на жыта, ці паднялася, ці не - і ўжо не ашукаюць. Вось у пятым земскім вучастку Лідскага павета земскі Шацілаў устроіў тэлефон межы трыма воласцямі: Дубіцкай, Астрынскай і Сабакінскай. Можа за некалькі гадоў гэтак усякая воласць будзе мець тэлефон, з воласці ў павятовы горад, с павятовых у губернскія і гэтакім парадкам можна будзе гаварыць, з кім захочаш, па ўсёй нашай бацькаўшчыне - Беларусі.

300 руб. на тэлефон далі воласці, аколічныя паны далі слупы, а земскі Ш. клапаціўся аб усім. З першых жа дзён не абышлося без смеху. Пан М., тутэйшы памешчык, ехаў уначы да хаты, і навадворскім абычаем, едучы не сярэдзінай дарогі, а бокам, зачапіў носам за дрот, каторым слуп быў прывязаны да зямлі. На заўтра распух нос, як жбанок. «Ось і пагаварыў праз тэлефон», - смяюцца людзі» [352].

Вышэй ужо пісалася пра спробу праваслаўнага святара ў Сабакінцах (зараз - Першамайскае Шчучынскага раёна) стварыць чарнасоценную арганізацыю падчас выбараў у Думу. Верагодна, усё той жа святар і далей займаўся «рускай справай»: «М. Васілішкі Лідскага павета. Некалькі дзён таму ў нас аткрывалі аддзел саюза «рускага народа». Найбольш старалася аб гэтым тутэйшая духоўная асоба, але неяк не дужа многа спагадалі людзі іхнаму дзелу: з дзесяці прашэных на гэта суседніх паноў, прыехалі толькі тры, з Васілішскіх жа былі на адкрыцці ўраднік, паштовы чыноўнік і мужыкоў з 20. Запісалася ў саюз усяго 9 мужыкоў, ды і тыя не ведаюць, што робяць» [353].

А цэлым 1909 г. для сялян Лідчыны заканчваўся добра: «Ураджай гэтага года добры. Праўда, збожжа доўга валялася на полі... але хто ў шапку не спаў - патрапіў сабраць ды свезці, таму добра павялося. Гаспадары з балотных лугоў (напрыклад з пад Дзітвы) да сяго часу не маюць доступу касіць за вадой. Відаць прападзе там сена да званьня. Будзе зноў корм дарагі» [354].

Перад Першай сусветнай вайной эканоміка Расіі расла шпаркімі тэмпамі, жыццё наладжвалася, і людзі на Лідчыне думалі пра будучыню. Жыхар Шчучына ў 1910 г. пісаў пра план пабудовы шашы ад чыгуначнай станцыі да мястэчка: «Шчучын. Да нядаўняга часу адзінай дарогай, якая звязвала Шчучын з астатнім мірам, быў паштовы гасцінец з Гродна на Ліду і далей Вільню. І вось прайшла чыгунка з Ліды на Ваўкавыск... Дарога працягласцю ў мілю ад чыгуначнай станцыі да Шчучына вельмі дрэнная... нарадзілася ідэя зрабіць шашу і злучыць станцыю чыгункі Балагое-Сядлец з шашой Гродна-Ліда» [355]. З артыкула бачна, што праект будаўніцтва знаходзіўся на стадыі пошуку грошай. Падчас Першай сусветнай вайны, пад нямецкай акупацыяй, была пабудавана вузкакалейная чыгунка ад чыгуначнай станцыі праз Шчучын да Плянтаў, якія якраз знаходзіліся на шашы Гародня - Ліда.

Вышэй ужо неаднаразова пісалася пра, можа, самую вялікую праблему беларускай вёскі - алкагалізацыю насельніцтва. Не абышоў бокам гэтую праблему і народны карэспандэнт Вінцук Н., пішучы пра праблемы свайго мястэчка Васілішкі: «Васілішкі - гэта найбольшае мястэчка ў Лідскім павеце. Тут, як і па ўсім нашым мястэчкам на Беларусі, ёсць царква, касцёл, валасное праўленне, доктар, аптэка, колькі дзесяткаў крамак жыдоўскіх, трынаццаць піўных і адно вучылішча для дзяцей. І як усюды, так і ў Васілішках дзеці адукуюцца не толькі ў адным вучылішчу, але і ў трынадцаці піўных, і сама сабой гэта апошняя піўная, або - лепей - карчомная адукацыя пераважвае і накладае сваё кляйно на новае пакаленне. Апрыч 13 піўных ёсць яшчэ ў нас адна манаполька і два рэстараны. Чаго ж болей? Усё ёсць!.. А хоць і ўсё ёсць, ды чагосьці не хапае... бо старыя ўздыхаюць, што даўней менш было карчэм, і маладзёж, а асабліва дзеці смаркатыя, там не бадзяліся, - што па вёсках цішэй было ад сварак, абманаў, зладзейства, - што лепшыя бывалі абычаі. А ёсць і такія, каторыя кажуць, што на 16 карчомных хат трэба было б, каб была хоць адна хата, дзе б вучылі рэмесла, і каб Васілішскіе і акалічные людзі прапіваючы ў 16 корчмах што год больш 60 тысяч рублёў, выдавалі хаўрусам хоць 60 рублёў на кніжкі і газеты - было-б лепей. А дачакаемся гэтага хіба тады толькі, калі на 16 школ будзе адна карчма ў нас. Але пачакаць гэтага прыйдзецца, ох доўга» [356].

Андрэй Асташонак , карэспандэнт «Нашай Нівы» з Васілішак, нарадзіўся ў в. Голацк (15.10. 1889) Ігуменскага павета. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1910). У 1910-1915 гг. настаўнік Васілішскага народнага вучылішча Лідскага павета. Удзельнік 1-й сусветнай вайны. З восені 1917 г. старшыня Дукорскай валасной земскай управы. З 1918 г. студэнт Мінскага настаўніцкага інстытута, сябар беларускай нацыянальнай арганізацыі «Маладая Беларусь» i партыі беларускіх эсэраў. У 1920 г. сябар Беларускай камуністычнай арганізацыі, інструктар Часовага беларускага нацыянальнага камітэта ў Лідскім павеце, з жніўня член КП(б)Б. З канца 1920 г. сакратар Саюза працаўнікоў асветы ССРБ, нядоўгі час працаваў загадчыкам аддзела ЦБ КП(б)Б па рабоце на вёсцы. Скончыў Мінскі інстытут народнай адукацыі (1921) i БДУ (1925). Далейшы лёс невядомы [357].

У лістападзе 1911 г. нейкі В. Хвалкавецкі надрукаваў у «Нашай Ніве» цікавую этнаграфічнаю замалёўку з Лідчыны, у якой распавёў пра традыцыю вырабу паясоў вясковымі дзяўчатамі для сваіх суджаных [358].

У тым жа 1911 г. на Лідчыне памёр надзвычай цікавы чалавек, пра якога мы ведаем толькі з публікацыі нейкага І. Вадэйкі ў «Нашай Ніве»: «В. Клюкавічы, Беліцкай воласці. Памерлі тут двое людзей, муж з жонкай, у адзін дзень. Суседзі і знаёмыя вельмі шкадуюць нябожчыка, Пранука Сівіцкага. Пражыў ён 84 гады. Пасля яго смерці асталася невялікая бібліятэка, яго ўласныя рукапісы, па цяжкай працы меў ён сабе забаву з кніжкай і пяром. Можна сказаць, што ён сваімі гутаркамі і казкамі, патрапіў разбудзіць ва ўсякім чалавеку пачуццё да свайго народу і зямлі, каторую шчыра любіў. Няхайжа будзе лёкка яму родная зямліца! Суседзям памяць яго будзе дорага» [359]. Канешне ж, усе рукапісы Сівіцкага загінулі, і мы ніколі не даведаемся, пра што пісаў гэты чалавек.

У 1911 г . на Лідчыне «ўраджай збожжа і сена... быў сярэдні, а цана на збожжа добрая» [360].

У 1911 г. у Беняконях «аткрылася пробнае поле (станцыя) Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі на 15 дзесяцінах. Пабудавалі гожае мураванае гумно, хату для чэлядзі, кожнаму па пакою і пякарню. Пакуль што жывець там і дырэктар пробнай станцыі аграном Ластоўскі, а на вясну будуць будаваць мураваны дом. Памешчыкі далі на станцыю 20 тысяч, і казна 20 тысяч рублёў дасць, калі затвердзіць Дума, і што год будзе казна 20 тысяч рублёў даваць па 3 тысячы руб.

У гэтым гаду пасадзілі на пробу 26 гатункаў бульбы, поле ўсё дрэнавалі. У восень жыта сеялі і садзілі розных гатункаў.

Адну дзесяціну бульбы, касілі бульбяннік, як толькі кончыў красаваць, а другую пакінулі. Някошаная бульба дала на 320 пудоў больш бульбы, як кошаная. На вясну станцыя будзе шырока рабіць розныя пробы, каб ведалі гаспадары, як гаспадарыць. Каля пробнага поля дырэктар Ластоўскі засеяў сам... жыта двом гаспадаром Войшніцы і Развадоўскаму. Паглядзім, што будзе!» [361].

Але ў тым жа 1911 г. ураджай у Беняконях быў «значна горшым, чым у папярэднім годзе» [362].

Аўтар «Нашай Нівы», які хаваўся пад псеўданімам Калод, у красавіку 1914 г. у карэспандэнцыі пад назвай «З Ганчарскай воласці» пісаў:

«Найстарэйшы чалавек у вёсцы Бахматы А. Кіман (празваны «Таўкачом» за тое, што спрытна танцаваў беларускі танец «таўкачыкі») мае 115 гадоў, здужае яшчэ жабраваць.

У вёсцы Агароднікі памёр каваль. Спаўшая пры нём жонка не чула, калі муж Богу душу аддаў. Добры сон?

Сёлета каля нас гаспадары бядуюць па хлебу, што ён пляце, як кажуць, лапці, ды ўцякае ў мястэчка. У краме за рубель можна будзе знайсці хлеб, толькі ён стыдаецца гаспадара, што ўцёк ад яго, шчырванеў, нябога, запечаны, так як ад сораму. Ня лепш выглядае і гаспадар шукаючы хлеба.

У вёсцы Фалькавічы, капа жыта (60 снапоў) дае ўмалоту 2 пуды 10 ф., замест 5 пудоў, затое ярына сярэдняя, бульба таксама не ўдалася, ды і корму нехват. Вот і чакай вясны, не гаруй! Бацян прыляцеў, жаўрук заспяваў, усё ажывае і чалавека жыць прымушае.

Пачынаюцца выбары на старшыну, з'яўляецца многа кандыдатаў, і ўсе добра яны частуюць гарэлкай, а найбольш Кухске браты. Не выбірайця ж за пачастунак, але такога, якога параіць нам наша сумленне. Бо толькі тады будзе добра для нас, калі па праўдзі добрага выбярэма чалавека за старшыну» [363].

Як і ў былыя часы, пакутавалі сяляне ад эпідэмій, газета «Кур'ер Літоўскі» паведамляла ў 1908 г. пра тое, што «каля чыгункі Ліда - Нёман, у ваколічных вёсках эпідэмія шкарлятыны, чорнай воспы і дыфтэрыту» [364], у траўні 1910 г. сярод быдла ў Дзікушках з'явіўся фурункул [365], а 10 траўня 1910 г. моцны град пабіў ураджай на Лідчыне [366].

Эміграцыя ў Амерыку . На пачатку ХХ ст. прэса шмат увагі надавала абмеркаванню такой грамадскай з'явы, як эміграцыя ў Амерыку.

«Пэўна німа такіх людзей, што ня чулі аб Амэрыцы, - пісала газета «Наша Ніва» ў 1907 г. - У Амэрыку штогод то з той, то з другой вёскі нехта выбіраецца шукаць там сабе лепшага, свабоднейшага жыцця, часта можна спаткаць і такіх людзей, што праз колькі гадоў жылі працавалі тамака і, сабраўшы грошы, вараціліся ў родную старонку». Далей газета расказвае, як жыве амерыканскі працоўны: «Заработная плата ў Амерыцы ў 2 - 3 разы большая, як у Англіі, Францыі і Нямеччыны. Некаторыя амерыканскія рабочыя (напрыклад муляры) зарабляюць у месяц больш, як у нас... за цэлы год... А жыцьцё амерыканскага рабочага абходзіцца ня вельмі дорага. Напрыклад амерыканскі фунт (на нашу вагу два нашы фунты) мяса каштуе 25 кап. [367] амерыканскі фунт сала - 20 кап., масла - 48 кап., мукі - 4 кап., цукру - 10 кап., гарбаты - 1 рубель. Кватэры добрыя і, пры там-тэйшых заробках, даступныя кожнаму работніку. Опратка і обув - фабрычныя, гатовыя і прадаюцца куды танней, як у нас. Вось чаму работнік у Амерыцы можа купляць усяго ў 2 - 3 разы больш, як у Еўропі, вось чаму і жыве ён ў 2 - 3 разы лепш за нашых рабочых... Свет навукі ў Амэрыцэ даходзіць да ўсіх, часта просты работнік бывае так сама вучоны, як які багач. Дык ня дзіва, што працуе ён скора, добра, што работа ў руках яго гарыць, што працоўны дзень кароткі. І абы каго на работу ня возьмуць, фабрыкант лічыць, што лепш наняць мала, але добрых і дарагіх рабочых... Праз гэта нашым пераселенцом спачатку часта вельмі дрэнна прыходзіцца, бо яны з тамтэйшымі раўнавацца не могуць, ведама, нашы - народ цёмны, забіты, прыціснуты» [368].

Праз некалькі нумароў газета друкавала ліст беларускага эмігранта з Бэрклі: «Дайшла да мяне тут Ваша газета... Праўда што амэрыканскі рабочы шмат зарабляе. У Каліфорніі цэна рабочых рук нават яшчэ большая, як у «Нашай Ніве» паказана. Муляры бяруць па 12 - 14 рублёў у дзень, за тое ж і працуюць так, што Вашы і ня снілі: ставяць у дзень каля трох тысяч цэглаў... Працуюць па 10, 9, а гдзе і па 8 гадзін ў дзень, але работа ў іх у тры разы скарэй, як Вашых рабочых... Для такой працы трэба сільных, здаровых работнікаў. Людзі слабыя ў Амэрыцы... часта церпяць бяду і голад, бо зарабляюць усяго 4, 3, або і 2 рублі ў тыдзень. У Каліфорніі жыццё не надта таннае… Жыццё з кватэрай і харчамі абходзіцца 10 - 12 руб. у тыдзень… Для рабочага, каторы зарабляе 25 - 30 руб. у тыдзень, гэта ўсё не дорага. І жыць у Амэрыцы добра таму, хто мае работу. Але цяпер і ў Амэрыцы насталі дрэнныя часы. Вельмі многа багачоў збанкрутавала, і работу знайсці надта цяжка… Беларусаў тут шмат, ды ўсё прыезджаюць. Няхай жа кожны, хто хоча яшчэ ехаць у Амэрыку, раней напіша туды да сваякоў або знаёмых, ці напэўна знойдзе там працу?» [369].

Здаецца, не ўсе беларусы прыслухоўваліся да добрай парады свайго земляка з Бэрклі, бо ў 1908 г. «Кур'ер Літоўскі» пісаў: «З ваколіц Беняконей не заканчваецца эміграцыя ў Амерыку. Пакінутыя сем'і эмігрантаў паміраюць з голаду, бо тыя, што паехалі ў Амерыку, не маюць там працы, не маюць грошай, каб вярнуцца, а ў нас, з-за таго, што няма работнікаў, палі стаяць не засеяныя» [370]. Эміграцыя настолькі пашырылася, што на радзіме ўжо месцамі пуставалі палі!

На эміграцыі ў Амерыку праз падман нажываліся розныя дзялкі. «Наша Ніва» ў 1910 г. пісала пра маштабную афёру, ахвярамі якой сталі ажно 130 лідзян, якія выправіліся ў эміграцыю: «С-пад Ліды. На самыя Вялікодныя святы вярнулася да хаты цэлая грамада людзей, што выбіраліся ў прочкі ў Амерыку. А вярнуліся вось з якой прычыны. Нашы агенты браліся даставіць у Амерыку па цане 120-140 рублей ад чалавека. Ахвотнікаў назбіралася душ 130.

Агенты перавялі іх праз граніцу на прускую старану, купілі білеты на чыгунку аж да Амстэрдама (место над морам у Галандзіі), ды стуль ужо меліся вадой даставіць эмігрантаў у Амэрыку.

У Амстэрдаме меўся эмігрантаў сустрэць агент і выдаць усім шыфкарту (білэты на праезд вадой). Але ані агента, ані шыфкарты эмігранты не знайшлі, і пэўна загінулі б з голаду ў чужой старонцы, каб не расейскі консул у Амстэрдаме, каторы ўсіх адаслаў за казённыя грошы ў Ліду.

Гэтым ашуканствам агенты злупілі з народу 17 тысяч рублей (130 душ па 130 руб.), і німа... ці атрымае хто свае грошы назад? Пры тым жа трэба ж і дзівіцца цемнаце нашых мужыкоў: калі ехаць у Амэрыку праз Лібаву, тады каштуе паспарт каля 15 руб., даехаць да Лібавы 5 р. і шыфкарта з Лібавы ў Амэрыку 65 рублёў, - значыць усяго 88 руб. А агенты лупілі па 120 - а то і 140 руб. з душы. Гэта ўжо яўнае ашуканства» [371].

Народны карэспандэнт «Нашай Нівы» з Бутрыманцаў з псеўданімам А. С., лічыў, што эміграцыя не такая ўжо і дрэнная з'ява: «Бутрыманцы, Лідскага павета. Сярод эканамічных праяў у жыцці тутэйшых вёсак ёсць адна вельмі цікавая і важная - гэта эміграцыя ў Амерыку. Пачалася яна тут ужо гадоў дзесяць, або і больш і цяпер ужо ўзрасла да вялікай меры. Ёсць тут у ваколіцы такія вёскі, у каторых прыходзіцца на кожную хату па «амерыканцу», а часам і больш. Едуць найбольш людзі маладыя, дужыя, назбіраўшыя на роднай зямліцы запасы сілы, каб там, за морам, прамяняць яе на амерыканскія долары. Едуць нават дзяўчаты і падросткі. Я пільна ўслухаўся да гутарак аб гэтай Амерыцы і аб «амерыканцах» і ня чуў ні разу скаргі на няўдачу, нараканні на тое, што ездзілі, ці выпраўлялі каго ў Амерыку. Праўда, два чалавекі вярнуліся, страціўшы грошы і не даехаўшы - бо іх ашукалі агенты. А шмат хто, прыехаўшы прывозіў з сабой грошы, часам вялікія грошы. Гэтыя амерыканскія грошы не пашлі прахам, а далі змогу шмат каму з сялян паадкупляць ад паноў зямлі. І дзеля гэтага, тутака гаспадары па вёсках жывуць ня бедна, хоць зямля і не надта выгодная - бо камяністая, але ж маюць яе шмат: па паўвалокі і больш. Ці не дзеля гэтага тут і народ святлейшы, як па іншых кутох Беларусі» [372].

У Амерыцы да таго часу ўсе вольныя землі ўжо былі разабраныя: «З малымі грашыма ў Амэрыцы ўжо за зямлю не ўзяцца, добрую, вольную зямлю дачыста разабралі» [373]. Таму беларусы эмігравалі і ў Канаду, бо менавіта ў Канадзе, беларус - адвечны хлебароб, яшчэ мог «дастаць скарбовай зямлі на выбар 4 валокі за малыя грошы - праўда, далёка ад гораду, у глушы» [374].

Аналізуючы працэсы эміграцыі таго часу, Вандалін Шукевіч пісаў, што «прага эміграцыі ў Амерыку захапіла як літоўцаў, так і беларусаў і нават беларусаў у большай ступені», і з-за гэтага нават пачала памяншацца колькасць жыхароў Лідскага павета [375].

Эміграцыя яўрэяў . Пра жыццё былых лідскіх яўрэяў у Амерыцы ў «Лідскае слова» стала пісаў былы лідзянін М. Івенскі. У сваім лісце ад 14 (1) снежня 1912 г. ён расказаў пра жыццё эмігрантаў: «Эміграцыйныя плыні вынеслі шмат маладых сіл з Расіі... Эмігранты прыбываюць штодзённа тысячамі і напаўняюць кварталы вялікіх гарадоў Новага свету. Кожны горад рысы аседласці мае свой зямляцкі звяз. Мэта гэтых звязаў - узаемадапамога. Калі зямляк захварэе ці патрапіць у крытычны стан, звяз аказвае шчодрую дапамогу. І наш горад тут не выключэнне. У шматлікіх гарадах ЗША ёсць лідскія звязы. А ў Нью-Ёрку... малады лідскі звяз, заснаваны чатыры гады там прагрэсіўнымі элементамі... Кожны год звяз ладзіць баль, на які з'язджаюцца землякі з усіх бакоў новага аграмаднага Вавілона - Нью-Ёрка. На гэтых балях часта паказваюць туманныя карціны [слайды - Л. Л.] роднага горада, і цяжка перадаць тое захапленне, якое ахоплівае гледачоў пры відах роднага кута. Наогул, ва ўсіх нашых землякоў, як у старых так і маладых, захавалася сувязь з радзімай».

Надрукаваўшы некалькі нарысаў пра амерыканскія справы, праз тры месяцы Івенскі зноў напісаў пра жыццё лідскіх эмігрантаў-яўрэяў: «Самы стары лідскі зямляцкі звяз у Амерыцы - Лідскі братэрскі саюз узаемадапамогі - быў заснаваны ў 1891 г. У гэты час яўрэйская эміграцыя набыла масавы характар. У звязе ёсць былыя лідзяне, якія жывуць у Амерыцы ўжо каля пяцідзесяці гадоў, яны былі першымі. Звяз існуе, квітнее і налічвае каля 300 сяброў. З справаздач бачна, што на дапамогу бедным лідзянам і іншую дабрачыннасць было выдаткавана каля 7 000 руб. Пазыковы фонд звязу мае 5 000 руб. Пазыкі памерам да 50 долараў выдаюцца ўсім сябрам звязу. Звяз мае грошы з сяброўскіх складак, канцэртаў, тэатральных пастановак. Шмат хто з сяброў звязу быў сярод арганізатараў сінагогі "Аншэй Ліда". Сярод заснавальнікаў звязу вылучаюцца стары Гальданскі, Міркоўскі і Міндэс. Зараз старшынём звязу з'яўляецца сп. Лівай, г. І. Літовіч - сакратар звязу з дня заснавання. Доктар звязу, былы лідзянін Д. М. Блок. 22 сакавіка звяз праводзіць грандыёзны баль-маскарад» [376].

Эміграцыя з нашага горада сталася прыбытковай справай для параходных кампаній, і таму «Лідскае слова» стала друкавала аб'явы наступнага зместу: «Рускае акцыянернае таварыства "Рускае паўночна-заходняе параходства", віленскае агенцтва, лідскае аддзяленне. Штотыднёвыя тэрміновыя рэйсы з Лібавы ў Англію, а адтуль на параходах лепшых англійскіх фірм у Нью-Ёрк, Бостан, Філадэльфію ці парты Канады, без перасадкі ў Нью-Ёрк, акрамя таго ў Паўдзённую Амерыку, Афрыку і Аўстралію. Па падрабязную інфармацыю... запрашаем звяртацца ў Лідскі аддзел да С. І. Вінаградава, уласны дом» [377].

Паліцыя, злачыннасць, здарэнні . Пасля паўстання 1831 г., на пачатку сакавіка 1832 г. у дадатак да павятовай у Лідзе была арганізавана гарадская паліцыя [378]. Ужо 12 сакавіка 1832 г. выканавец абавязкаў лідскага гараднічага падпалкоўнік Верашчак вырашыў за падтрымку паўстанцаў пакараць каталіцкае святарства і пачаў цяжбу з лідскімі касцёламі. На ўтрыманне «паліцэйскай каманды» ў гэты, 1832 г., горад выдаткаў 900 срэбных рублёў [379].

Пры канцы XIX ст. павятовай паліцыяй кіраваў спраўнік. Гарадской паліцыяй кіраваў гарадскі наглядчык, які падпарадкоўваўся павятоваму спраўніку. Напрыклад, у 1894 г. абавязкі гарадскога наглядчыка выконваў Сцяпан Цімафееў [380].

14 красавіка 1887 г. быў прызначаны штат лідскай паліцыі: 2 старшыя з акладам 132 руб. і 10 малодшых з акладам 108 руб. у год. Паліцэйскаму наглядчыку выплачвалася 100 руб., а ніжнім чынам - па 90 руб. кватэрных у год [381].

У 1890 г. на ўтрыманне паліцыі горад выдаткоўваў 1 844 руб., з гэтай сумы заробак - 1 344 руб., абмундзіраванне - 300 руб., наём памяшкання з ацяпленнем і асвятленнем - 200 руб. На наём памяшкання для паліцэйскага наглядчыка г. Ліды за 1889 і 1890 г. - 200 руб. [382]

Нашым галоўным паліцыянтам з 1888 па 1899 г. быў лідскі спраўнік Сцяпан Мацвеевіч Ляўданскі. За сваю службу атрымаў розныя адзнакі і быў узнагароджаны ордэнам Уладзіміра 3-й ступені [383].

27 кастрычніка 1899 г. губернатар прызначыў на пасаду лідскага спраўніка былога памочніка віленскага павятовага спраўніка надворнага дарадцу Махцэвіча [384]. Пра Аляксандра Уладзіміравіча Махцэвіча вядома, што ён скончыў Віленскую пяхотную вучэльню і служыў у 107-м Траецкім пяхотным палку (Вільня) [385]. Надворны дарадца Махцэвіч нядоўга быў нашым спраўнікам. Хутка прэса паведаміла: «Рэзалюцыяй губернскага праўлення ад 18-га лістапада (1900 г.) Лідскі павятовы спраўнік, надворны дарадца Махцэвіч з-за пераводу на службу ў Віцебскую губерню выключаны з ліку асоб… якія служаць... у Віленскай губерні» [386].

Надворны дарадца Мікалай Іванавіч Салаўёў скончыў Уладзімірскую духоўную семінарыю, на пасадзе лідскага спраўніка з 11 лістапада 1901 г. [387] З прэсы даведваемся, што лідскі павятовы спраўнік Салаўёў у 1901 г. атрымаў падзяку губернатара за дбайнае стаўленне да службовых абавязкаў [388].

31 студзеня 1905 г. загадам № 14 па Віленскім губернскім кіраванні «начальнік земскай варты Новамінскага павета [Мінск-Мазавецкі павет - Л. Л.] капітан фон Гротэ-дэ-Буко, згодна з яго прашэннем, прызначаецца часовым выканаўцам абавязкаў лідскага павятовага спраўніка» [389]. З «Памятных кніжак Віленскай губерні» бачна, што з 1906 г. па пачатак 1914 г. ён узначальвае павятовую паліцыю. Назаўжды застаўся ў гісторыі як першы лідар беларускага нацыянальнага руху ў нашым горадзе.

31 студзеня 1906 г. быў вызначаны новы штат лідскай паліцыі: 4 старшыя з акладам 330 руб. і 17 малодшых з акладам 240 руб. у год. Паліцэйскаму наглядчыку выплачвалася 150 руб., а ніжнім чынам па 90 руб. кватэрных у год [390]. У тым жа 1906 г. удаве лідскага паліцэйскага Соф'і Камар прызначана аднаразовая дапамога ў памеры 10 руб [391].

Як пісалася вышэй, пасля пашырэння Ліды ў 1911 г. колькасць гарадской паліцыі зноў павінна была павялічыцца.

Інфармацыі пра дзейнасць праваахоўнай сістэмы на Лідчыне на пачатку ХХ ст. у прэсе не шмат. Першая легальная штотыднёвая беларуская газета «Наша Доля» (газета была рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку, усяго выйшла 6 нумароў, з іх 4 былі канфіскаваны, 7-ы быў знішчаны яшчэ ў наборы) у першым жа сваім нумары, які выйшаў у верасні 1906 г., напісала пра лідскага спраўніка: «На Зельну ў Васілішскай воласці злодзеі пакралі коні. Гаспадары чутка зглядзеліся і пагналіся следам за канакрадамі. Зладзеі ў Ліду, і гаспадары ў Ліду ды да паліцыі з просьбай, каб ператрэсці мястэчка. Аж спраўнік сам выйшаў да збядаваных гаспадароў і сказаў: «Не магу, братцы, я вам даць стражнікаў, мне іх даў губернатар, каб сматрэць за спакойствіем». Выйшла тое, што гаспадары самі прыгналі канакрадаў пад скрыдэлка паліцыі. А трэба ведаць, што на тую пару была вучэнне стражнікаў, і іх з'ехалася якіх з семдзесят чалавек, так што не толькі мястэчка, а цэлы павет маглі б ператрэсці» [392]. Цяжка сказаць, ці была гэта публікацыя тэндэнцыйнай.

Пасля адкрыцця Полацка-Сядлецкай чыгункі Ліда стала буйным чыгуначным вузлом, горад пачаў хутка расці, узняліся кошты на жытло. Лідскі спраўнік фон Гротэ дэ Буко 17 чэрвеня 1909 г. напісаў рапарт пра тое, што паліцэйскім не хапае прызначаных грошай на арэнду жытла. Таму Лідскі сход упаўнаважаных вырашаў павялічыць кватэрныя выплаты і акрамя гэтага прызначыць 100 руб. на закупку рэвальвераў і шабляў [393]. У выніку да раней выдаткаваных сум горад пачаў даплачваць павятоваму спраўніку 100 руб. і ягонаму памочніку 50 руб. у год. Паліцэйскаму наглядчыку Ліды даплачвалася 60 руб. у год [394].

У канцы 1912 г. лідскі павятовы спраўнік фон Гротэ дэ Буко арыштаваў на пяць сутак конна-паліцэйскага ўрадніка Івана Грыгаровіча за тое, што той дазволіў сабе на шматлюдным зборы прамаўляць брыдкія словы супраць святара Дакудаўскай царквы Смірнова і прыстава 5 стану Інчыка [395].

Каб умацаваць дысцыпліну сярод падначаленых, лідскі спраўнік выдаў адмысловы загад, аб чым пісала газета «Беларус» у лютым 1913 г.: «Ліда. У загадзе павятовай паліцыі спраўнік звяртае ўвагу на тое, што стражнікі паліцыі прымушаюць сялян і крамнікаў даваць хабар і купляць ім гарэлку. Спраўнік папярэджвае, што калі паступіць ад каго такая скарга, дык абвінавачаны ў хабары ўраднік ці стражнік будзе выгнаны са службы без паяснення прычын, а калі будзе даказана, што прымушаў даваць хабар, дык тады будзе адданы пад суд» [396].

Загадам віленскага губернатара № 163 ад 6 ліпеня 1914 г. звальняецца ў адстаўку па яго заяве «з-за хваробы, лідскі павятовы спраўнік калежскі дарадца фон-Гротэ-дэ-Буко. Да часовага выканання абавязкаў лідскага павятовага спраўніка камандзіраваны старэйшы чыноўнік для асаблівых даручэнняў пры Віленскім губернатары, калежскі дарадца Пешкаў» [397].

Сумным быў лёс лідскіх паліцэйскіх. Да канца верасня 1915 г., перад уваходам нямецкіх войск у горад, усе ўстановы Ліды былі эвакуіраваны на ўсход. Часовы выканавец абавязкаў спраўніка А. Н. Пешкаў 28 жніўня 1916 г. праз свайго бацьку, генерал-лейтэнанта Н. Н. Пешкава, які ў ліпені 1916 г. быў прызначаны ваенным генерал-губернатарам заваяваных абласцей у Турцыі, арганізаваў распараджэнне № 26086 Дзяжурнага генерала Штаба Вярхоўнага галоўнакамандуючага: «...камандзіраваць да генерал-губернатара абласцей Турцыі... Пешкава в.а. лідскага павятовага спраўніка стацкага дарадцу Пешкава, паліцэйскага наглядчыка г. Ліды губернскага сакратара Лявіцкага... а таксама 18 пешых стражнікаў Лідскага павета» [398]. Ці вярнуўся хто з шараговых лідскіх паліцэйскіх дахаты?

Прэса рэгулярна паведамляла пра пасяджэнне Віленскага акруговага суда ў Лідзе, але амаль што не пісала пра дзейнасць лідскіх судоў. Рэдкім выключэннем у гэтым сэнсе з'яўляецца заметка пра хабарніцтва ў лідскіх судах, надрукаваная ў «Нашай Ніве». Нехта пад псеўданімам «Валасны» ў 1910 г. пісаў з мястэчка Беліца пра тое, што за малую справу валасны суддзя бярэ з сялян 5 рублёў, а за трохі больш значную - 8-10 рублёў [399].

У тыя гады было здзейснена некалькі ўцёкаў з лідскай турмы. «Кур'ер Літоўскі» пісаў пра спробу ўцёкаў 24 верасня 1906 г.: «Шасцёра зняволеных, якія знаходзяцца пад следствам, скарыстаўшыся невялікай колькасцю ахоўнікаў, здзейснілі спробу ўцячы з турмы. …калі дзяжурны ахоўнік адкрыў дзверы камеры, усе яны кінуліся на яго, уцягнулі ў камеру, забралі рэвальвер і ключы і выпусцілі ўсіх зняволеных. Падняўся вялікі шум, які пачуў другі ахоўнік. Ён закалоў штыком арыштанта, узброенага рэвальверам, і прымусіў астатніх зняволеных разысціся па камерах. Аднак адзін са зняволеных, нехта Пятроў, паспеў збегчы з турмы» [400]. А 28 сакавіка 1911 г. з павятовай турмы ўцяклі Пётр Мілашэвіч (17 гадоў) і Кароль Альшэўскі (19 гадоў) [401].

Узімку 1906 г. усеагульную цікавасць у горадзе выклікаў наступны выпадак: «Некалькі тыдняў таму спадар К., кіраўнік маёнтка Дворышча, падвергнуўся нападу двух рабаўнікоў белым днём на дарозе Ліда - Дворышча. Рабаўнікі былі ў форме земскіх стражнікаў, мелі карабіны і шаблі. Адзін з іх цэліўся ў с-ра К., другі, з аголенай шабляй, забраў у ахвяры партманэ з 700 рублямі. С-р К. і фурман пазналі потым у Лідзе рабаўнікоў, якія яшчэ не займалі пасады стражнікаў, а былі толькі кандыдатамі на гэтую пасаду. Варта было б у кандыдатаў на пасаду стражніка патрабаваць рэкамендацыі ад паважаных людзей, каб падобныя выпадкі не паўтараліся» [402].

Увосень 1906 г. газета пісала пра некалькі рабункаў на Лідчыне: «У ноч на 18 верасня ў фальварку Ольжава ў Тарноўскай гміне абрабаваны арандатары Гірш Гутоўскі і Дварынскі. Рабаўнікі Юзаф Мерч-Аляксееў і Мікалай Пухальскі (сын кантралёра акцызнай палаты) былі арыштаваны з забранымі грашамі. 23 верасня ў 9 гадзіне вечара на Гродзенскай шашы, сярод глухога лесу на паштовую карэту з Лідскай канторы напала некалькі ўзброеных рабаўнікоў у масках. Стрэламі паштальён паранены ў шыю і руку. Хоць паштальён і сам стрэліў чатыры разы, але разам з фурманам быў прывязаны ў лесе да дрэва. Нападнікі забралі грошы, пошту і зніклі» [403].

Тады ж на Лідчыне з'явіўся вядомы рабаўнік і беглы катаржнік Ліннікаў: «У ноч з 18 на 19 ліпеня два ўзброеныя злачынцы напалі на ўладальніцу маёнтка Гародна Пляменнікаву і яе аканома Ельскага, якія вярталіся з Вільні. Нападнікі забралі грошы, пярсцёнкі, брычку і каня і з усім гэтым з'ехалі. Аднак іх хутка дагналі на дарозе з Жырмун на Ліду. Напад, здаецца, ёсць справай уцекача з катаргі Ліннікава, якога здаўна шукае паліцыя» [404].

8 жніўня 1907 г. сялянка Разалія Купрашэвіч з Мытлянскай воласці, «праходзячы лесам каля вёскі Ваверка, знайшла труп незнаёмага чалавека без галавы» [405].

Заканчэнне рэвалюцыі 1905-07 гг. не прынесла спакою лідскім купцам, у красавіку 1911 г. «у гадзіну ночы з чацвярга на пятніцу двое невядомых напалі на яўрэя Дубіцкага... і, пагражаючы рэвальверам, забралі ў яго 3 000 рублёў» [406].

У лістападзе 1911 г. у «кватэры паручніка 172-га палка пяхоты Якштаса [407], які знаходзіцца ў адпачынку, быў знойдзены задушаны шараговец таго ж палка Кулін». Як высветліла следства, яго забілі рабаўнікі, якіх шараговец выпадкова заспеў на месцы злачынства [408].

На Лідчыне, як і па ўсёй імперыі, чыноўнікі не маглі стрымацца ад крадзяжу грошай, за якія яны адказвалі на службе. Увосень 1911 г. у Астрыне «ўцёк начальнік мясцовага паштова-тэлеграфнага бюро Нюнька. Рэвізія выявіла недахоп грошай у суме 5 600 руб. Следства паказала, што грошы скраў Нюнька. Пачаўся яго росшук» [409]. У тую ж восень у мястэчку Жалудок нейкі Эдвард Градзіцкі, «член тутэйшага сельскагаспадарчага таварыства, скраў з касы таварыства 120 руб. 31 кап.» [410].

Вялікай бядой для сялян былі канакрады. Пад псеўданімам Далёкі нехта з жыхароў Лідчыны пісаў у «Нашу Ніву»: «М. Воранава Лідскага павета. Вельмі шкадуем, што закон аб зладзеях аб'яўлен надта позна, як ужо пачаліся доўгія ночы. Канакрады ды іншыя майстры прачулі пра тое, ды за пару апошніх тыдняў справілі па вёсках і дварох пагалоўныя крадзежы. Каровы і валы крадуць сярод белага дня, коні уводзяць начамі. Праўда і тое, што ў кожнай вёсцы, часцёй на аднаселлі, зладзеі находзяць прытулак і нават маюць сваіх агентаў. Павядуць мужыцкую канюху - гаспадар запрашае людзей, разстаўляе па мастох і па трактах, сам прыслухваецца, ды на тым і канчаецца справа. Да паліцыі рэдка ўдаецца [звяртаецца - Л. Л.]. Усяго ў нашай вакрузі, як вядома нам, уведзена штук 20 коней. [...] Не так даўно абакралі зладзеі царкву ў в. Папоўская Жыжма Лідскага павета» [411].

У студзені 1913 г. на дарозе «з двара Ваверка ў Багданаўшчыну забілі арандатара двара Ваверка, Ляса. Забойцы ўсё тулава парубалі на кавалкі, адсеклі ногі, пабілі галаву і рукі. Гэтак сама зрабілі з целятамі і качкамі, каторых Ляс вёз на продаж» [412].

Стаў ахвярай злачынцаў ці быў іх хаўруснікам экспедытар бровара Пупко М. Вайнштэйн: «3 студзеня ў 4 гадзіны раніцы на станцыі Сарны, калі цягнік адправіўся на Ліду, у піўным вагоне бровара М. Пупко знаходзіўся экспедытар М. Вайнштэйн. У дзверы вагона пастукаўся невядомы, які назваўся кандуктарам цягніка, і Вайнштэйн адчыніў дзверы. Невядомы кінуўся на экспедытара і пачаў душыць яго за горла. У выніку забраў 452 руб., у Вайнштэйна засталося 125 руб. Ад бровара ў паліцыю даслана патрабаванне дапытаць Вайнштэйна, з яго ўзята падпіска аб нявыездзе» [413].

Улетку 1913 г. газета «Беларус»: «Ліда. Тутака ездзяць цыгане і не дорага прадаюць нібы медны посуд. Тым часам аказваецца, што гэты посуд з звычайнай бляхі і не варты нават паловы сумы, што бяруць за яго цыгане» [414].

Уся міравая прэса паведаміла пра інцындэнт, які адбыўся ў Берліне з Лізаветай Скосыравай, уладальніцай маёнтка Лебяда і маці будучага «караля Андоры» Барыса Скосырава [415]. З-за цікавасці прыводзім тэкст з газеты «Нью-Ёрк Таймс» амаль што цалкам: «Перададзена ў Нью-Ёрк з Берліна па трансатлантычным бяздротавым тэлеграфе Марконі. Крадзеж каштоўнасцей. Дзіўны давер... жанчыны да новых сяброў у Берліне.

Берлін, 29 сакавіка. Двое мужчын і адна жанчына былі арыштаваны берлінскай паліцыяй у выніку хітрай аперацыі, якая літаральна выратавала фраў фон Скосыраву... У выніку аперацыі жанчыне вярнулі каштоўнасці на суму 123 тысячы марак (31 250 $) [416], скрадзеныя з-за яе ўласнага неймавернага глупства і даверлівасці.

Вяртаючыся ў родныя мясціны, фраў фон Скосырава некалькі дзён правяла ў Берліне. У адзін з такіх дзён у кафэ на Фрыдрыхштрасэ да яе падышла прыемная маладая дзяўчына. Жанчыны разгаварыліся. Фраў фон Скосырава распавяла сваёй новай сяброўцы, што ў яе ў сумачцы знаходзяцца каштоўнасці на суму ў 125 тыс. марак. Неўзабаве новая знаёмая, папярэдне папрасіўшы прабачэння за сваю нядоўгую адсутнасць, патэлефанавала свайму каханку i прапанавала выкрасці каштоўнасці, калі той паабяцае вывезці яе потым з Берліна.

Палюбоўнік тут жа знайшоў сябра, неўзабаве двое мужчын з'явіліся ў кафэ і прадставіліся ахвяры вайсковымі афіцэрамі. Далей яны прапанавалі разам наведаць сінематограф. Падчас сеансу адзін з так званых афіцэраў, які размясціўся з маладой жанчынай ззаду, нейкім чынам змог абшукаць сумачку фраў фон Скосыравай. У гэты час побач з ёй сядзеў другі мужчына.

Праз некаторы час фраў фон Скосырава выявіла, што парачка, якая сядзела ззаду, знікла. Але сусед супакоіў яе і выказаў здагадку, што маладыя людзі выйшлі патэлефанаваць. Потым ён сам адправіўся на іх пошукі. Пасля таго, як ён таксама не вярнуўся, фраў фон Скосырава выявіла крадзеж.

У хуткім часе паліцыя высветліла, што гэтая тройца потым прапаноўвала каштоўнасці ў якасці аплаты за наведванне рэстаранаў. Маладую жанчыну арыштавалі, і яна ва ўсім прызналася. Паліцыя таксама наведала яе мужа, вядомага гандляра, каб атрымаць па гэтай справе больш інфармацыі. Муж настолькі быў усхваляваны інфармацыяй пра тое, што яго жонка член банды аферыстаў, што адразу пасля сыходу паліцыі застрэліўся.

Дваіх мужчын арыштавалі ў Мюнхене. Абодва ва ўсім прызналіся і назвалі імя ювеліра, скупшчыка крадзенага. Скупшчык таксама ва ўсім прызнаўся, і ўсе каштоўнасці былі вернуты ўладальніцы» [417]. Загадка дзіўных паводзін Лізаветы Скосыравай, немаладой ужо жанчыны (1861 г.н.), можа мець простую адгадку, але ў здагадкі мы ўдавацца не будзем.

Як і паўсюдна, на Лідчыне не абыходзілася без побытавых злачынстваў. Так у кастрычніку 1907 г. у Васілішках, нейкі Б. «стрэліў з рэвальвера ў качку, якая была ўласнасцю сялянкі, за што тая напала на яго з жэрдкай у руках». Абодва былі арыштаваны на тыдзень [418].

«Наша Ніва» паведамляла пра злачынствы розных службоўцаў. Пры канцы 1907 г. у вёсцы Заборцы Ганчарскай воласці ляснік Лагень «падвыпіўшы добра на вяселлі Шпілеўскага, пакалечыў шырокім нажом Анелі Шмара тры пальцы на левай руцэ і Стэфцы Баярчык нагу і калена» [419]. А на пачатку 1908 г. у вёсцы Асава Беліцкай воласці «старшына Лукашэвіч [кіраўнік воласці - Л. Л.] пабіў ды катаваў мужыка Южыка Санюка без усялякай прычыны» [420].

Але даставалася і чыноўнікам. На Нёманскай гуце шкла (зараз у Бярозаўцы) адбыўся сапраўдны «пралетарскі» чын: «працаўнікі з-за помсты напалі на чыноўніка заводакіравання Юзафа Лідашынскага, пабілі яго кіямі і выбілі некалькі зубоў» [421].

У кастрычніку 1910 г. у Радзівонішках нежаданне вяртаць дзядзькам пазыку прывяло да забойства пляменніцы: «Ева Тарашкевіч пазычыла свайму дзядзьку Станіславу Тарашкевічу 110 рублёў, праз нейкі час патрабавала вярнуць грошы, але Тарашкевіч адмовіўся. Тады Ева звярнулася ў суд і выйграла справу. Дзядзька, незадаволены прысудам, выцяў пляменніцу палкай у галаву. Ахвяра зараз знаходзіцца ў шпіталі Св. Якуба ў Вільні, дзе ёй зрабілі аперацыю, але стан здароўя безнадзейны. Тарашкевіч арыштаваны» [422]. А праз два месяцы падчас вяселля ў вёсцы Збляны «40-гадовы селянін Антон Лакцевіч пасварыўшыся з суседзямі пайшоў да сябе. Праз нейкі час ён выйшаў з хаты, і на яго напала 10 чалавек, якія пачалі біць яго дошкамі з плоту. Білі, пакуль Лакцевіч не памёр. Забойцы хацелі кінуць труп у Нёман, але для гэтага трэба было прайсці каля хаты святара. Таму яны выкапалі дол каля школы і тут закапалі забітага. У Лакцевіча засталіся пяцёра дзяцей. Забойцы арыштаваныя» [423].

У Цвербутах брат забіў брата: «Завяліся брат з братам за дошку. Старшы брат з жонкай і сынамі накінуліся на меншага і зрабілі тры раны ў галаве сякерай, той і памёр. Тады старшы брат схапіў атруту, а дзяцей і жонку суд выслаў на вечную катаргу. Дошка асталася... на труну» [424].

Як і ў наш час, былі на Лідчыне ўсялякія знахары і «народныя дактары», якія добра зараблялі на народным невуцтве ды недаступнасці сапраўднай медыцыны, у 1911 г. у амаль што «курортнай» прынёманскай вёсцы Сялец Ганчарскай воласці нейкі Язэп З. наняў кватэру «і абвясціў сябе знахарам. Лечыць ён націраючы спіртам і ад кожнай хваробы робіць адно і тое. Хваліцца, што выганяе добра раўматызм, падвей, рожу і др., ды што на ўсю Расею такіх, як ён, знахараў ёсць усяго толькі 40 чалавек. Туманіць галаву людзям добра ўмее, а тыя і пруць да яго, нясучы свае цяжка запрацаваныя капейкі, каторых шкадуюць на праўдзівага доктара» [425].

Беларуская газета «Наша Ніва» ў красавіку 1913 г. расказала пра спецыфічныя метады лячэння, якія ўжываў другі знахар: «Сялянка вёскі Краснае, Беліцкай воласці Лідскага павету Аўдоцця Вітка, захварэла на раматус у нагах. Ёй парадзілі, каб яна ўдалася на раду да знахара Кастуся Русакевіча, што жыве ў вёсцы Лоск Ашмянскага павету. 7 красавіка яна прыехала да гэтага знахара і, па загаду яго засталася ў яго на лекі... У ночы Русакевіч заткнуў Вітке горла, каб не крычала і... згвалціў яе, даводзячы, што ад гэтага раматус у нагах прападзе. Па справе робяць цяпер следзтва» [426].

27 лютага 1913 г. ад бацькі з мачахай збегла 12-гадовая дзяўчынка Ганна Пруская. З сабой яна знесла векселяў і іншых каштоўных папер на 4 000 руб! [427]

Здараліся цяжкія злачынствы, якія выклікалі вялікае абурэнне грамадства: «7 снежня да ўрадніка 21-га ўчастка Пятроўскага прыйшла сялянка мястэчка Беліца Анастасія Ярушэнка і заявіла, што настаўнік Беліцкай народнай вучэльні З. схіляў да ўступлення ў палавую сувязь яе дачку Алену 13-ці гадоў і вучаніц Мар'ю С. (14 гадоў) і К., пакідаў іх пасля ўрокаў у класе і даваў ім за гэта грошы. Паліцэйскае дазнанне пацвердзіла заяву сялянкі. Справа перададзена судоваму следчаму». З рэдакцыйнага артыкула «Лідскага слова»: «Становіцца страшна за гэтых маленькіх дзяўчатак, становіцца балюча за прыроду чалавека, які жыве ў век электрычнасці, аэрапланаў... Мы не ведаем, ці гэта псіхапаталагічны дэгенерат, ці распушчаны чалавек - вынік найнавейшай фармацыі, найнавейшай гнілой літаратуры» [428].

Пазбаўлены правоў Паўлюкевіч (суджаны за нешта раней і па суду пазбаўлены правоў) у жніўні 1912 г. у публічнай установе (публічным доме) Вайна на Выгане ў запальчывасці і раздражненні прычыніў цяжкую рану шараговаму Лідскага палка Жыліну, ад якой той памёр [429]. 19 студзеня 1913 г. той жа Паўлюкевіч у вазніцы земскай пошты Сольца А. Кандрацкага скраў покрыў з футры коштам 30 руб. [430] 7 сакавіка ў судзе слухалася справа аб забойстве ў публічным доме. Паўлюкевіч быў прыгавораны да арыштанцкіх рот на 2 гады і 2 месяцы [431]. Звычайна газета не пісала, дзе знаходзіліся хаты, у якіх адбылося злачынства, тое, што згадваецца публічны дом Вайна на Выгане, дазваляе выказаць здагадку, што Вайн у Лідзе недзе меў яшчэ адну гэткую ўстанову. Тым не менш, гэта адзінае згадванне ў прэсе месца, дзе знаходзілася такая спецыфічная ўстанова.

У канцы 1912 г. газета «Лідскае слова» ўзняла праблему хуліганства ў горадзе: «У апошні час хуліганства з вялікіх гарадоў уварвалася ў нашу Ліду. Штодзённа чутна жальба мірных жыхароў, якія сталі ахвярамі розных зладзеяў - ласуноў... якія крадуць варэнне, зладзеяў-зухаў, якія не толькі ўначы, але і ўдзень дакучаюць людзям. Здымаюць з пасажыраў каракулевыя шапкі, крадуць футравыя муфты, футры...» [432]. У тым жа нумары газета паведаміла, што 10 снежня ў 9 гадзін раніцы ў Л. Далінскага (бацькі будучага прафесара-кіназнаўцы І. Л. Далінскага), «калі ён ехаў на рамізніку на вакзал, скрадзена з галавы каракулевая шапка. Злачынца ўцёк» [433]. У лютым 1913 г. зламыснік на рынку сарваў шапку з галавы Вадэйкі, а 11 лютага на Віленскай вуліцы хуліганы напалі на нейкага Бобліса і нават сарвалі з яго галёшы! У абодвух выпадках хуліганы затрыманы [434]. 14 траўня 1913 г. нейкі зух адвінціў 4 медныя замкі коштам 12 руб. з дзвярэй кватэры камандзіра мясцовага палка [435].

Не абыходзілі тутэйшы люд няшчасныя выпадкі і розныя здарэнні.

19 лютага 1910 г. у маёнтку Падзітва генерала Ілавайскага «селянін Міхал Бэдзюнец рэзаў салому для быдла, усадзіў у сячкарню руку, і сячкарня адсекла руку» [436]. Яшчэ больш цяжкі выпадак адбыўся з селянінам вёскі Мошкішкі Лідскага павета, дзе Георгі Бабін «упаў з даха на кол агароджы. Яго знялі з палі і адправілі ў шпіталь Св. Якуба ў Вільні, дзе Бабін памёр» [437].

Сяляне любілі добра «закласці за каўнер», што часам прыводзіла да смерці піякаў: «В. Сялец, Лідскага павета, Ганчарскай воласці. Нядаўна чацвёра тутэйшых сялян так напіліся спірытусу, што ён аж загарэўся ў іх. Трох адратавалі, а чацьвёртага пахавалі» [438].

У вёсцы Кеймашы Радунскай воласці «пярун забіў працаваўшага ў полі селяніна Яна Жэгздрына, які меў 33 гады» [439].

Пры канцы суровай зімы 1911 г. на мяжы Лідскага і Слонімскага паветаў здаралася нават такое: «На ўрадніка Рафаловіча напалі ваўкі. Двух ваўкоў ураднік забіў шабляй, але астатнія ваўкі разадралі яго на кавалкі» [440].

У Паўднёвым гарадку ў ноч з 2 на 3-га снежня 1912 г. ветрам была знесена частка даха элінга, убытак склаў 2 000 руб. [441] Падчас рамонту элінга 8 снежня рабочы П. Кісялёў (з Разанскай губ.) упаў «з сямісажанай вышыні і зламаў абедзве рукі, нагу і нос. Пасля некалькіх пакутных дзён ён памёр, пакінуўшы жонку і дзяцей» [442]. У Паўночным гарадку «Пётр Пескавы будаваў студню на казарменным участку. Праходзячы каля гмаха афіцэрскага сходу, які яшчэ будуецца, ён, каб падтрымаць памост, захацеў узяць абрэзак бервяна, якое было зафіксавана ў сцяне... узняўся па лесвіцы на сцяну і паспрабаваў выцягнуць бервяно, але не ўтрымаў раўнавагі і ўпаў з вышыні. Прычым, тым жа бервяном, якое ўпала, атрымаў удар па галаве, ад чаго памёр у лідскім шпіталі» [443].

4 кастрычніка 1911 г. адбылося, верагодна, першае транспартнае здарэнне з удзелам аўтамабіля на Лідчыне . «…каля 17.00 пані Чачот ехала на брычцы па дарозе Ліда - Вільня. Не даязджаючы Беняконей, конь быў напалоханы аўтамабілем пана Вагнера з Вялікіх Салечнікаў, які абагнаў брычку без папераджальнага сігналу. Конь кінуўся ў бок, перавярнуў брычку, і пані Чачот была выкінута з яе на дарогу. Конь з брычкай без гаспадыні памчаўся ў бок мястэчка, дзе і быў злоўлены. Пані Чачот атрымала цялесныя пашкоджанні і не магла сама падняцца з зямлі, аднак кіроўца і пасажыры аўтамабіля не звярнулі на яе ўвагі» [444].

Пра галоўнага лідскага боўдзілу таго часу Яна Боландзя . Публікацыі ў газетах пачатку ХХ ст. даюць магчымасць пункцірна прасачыць за жыццёвым шляхам нейкага Боландзя - галоўнага і нават легендарнага лідскага падшыванца, пра якога гараджане памяталі праз шмат дзесяцігоддзяў.

Успаміны пра яго аўтар, як краязнавец, запісаў на дыктафон нават у 2012 г., размаўляючы са сваім цесцем, зараз нябожчыкам. Юзаф Юзафавіч сказаў: «Мой бацька пры канцы 1930-х гадоў цікава расказваў пра галоўнага лідскага боўдзілу пачатку XX ст. - Боландзя. Ён быў жахам для яўрэяў і ксяндзоў горада. Неяк убачыўшы ксяндза, які выпадкова праходзіў недалёка ад бардэля, ён пачаў гнаць яго бічом да плябаніі, крычучы пра тое, дзе ён яго нібыта злавіў. Другім разам ён, выпіўшы, учыніў вэрхал у плябаніі фарнага касцёла, і ксёндз-дэкан папрасіў суседзяў замкнуць яго ў "трупярні" - памяшканні злева ад галоўнага ўваходу ў фарны касцёл, дзе ў той момант знаходзіліся дзве труны, з нябожчыкам і нябожчыцай, якіх павінны былі заўтра адпяваць. Ачомаўшыся, Боландзь палажыў у адну труну на нябожчыцу нябожчыка і ўцёк. Назаўтра, пры поўным касцёле адчынілі вечка труны... Вэрхал, які ўчыніла радня нябожчыцы, помнілі і праз шмат гадоў» [445].

У Віленскім архіве ёсць справа, якая датычыць нашага героя: «Предварительное следствие судебного следователя Виленского окружного Суда 1-го участка Лидского уезда. По делу о разбойном нападении на шоссе Лида - Гродно в ночь с 24 на 25 траўня 1910 г., 1630, 1632, 1634 ст. Ул. О нак.». З гэтай справы пра Яна Боландзя даведваемся, што «10 красавіка 1873 года ў Лідскім рыма-каталіцкім парафіяльным касцёле ахрышчана немаўля па імені Ян ксендзам Юльянам Калантаем са здзяйсненнем усіх абрадаў сакраманту. Дваран Яна і Евы з Дашкевічаў Боландзяў, законных мужа і жонкі сын, які нарадзіўся гэтага года 3 красавіка ў г. Ліда. Хрышчонымі бацькамі былі дваране Войцех Хруль і... (неразборліва) жонка Аляксандра Вярцінкага» [446].

Не абыходзіла «прыгоды» Боландзя і краёвая прэса. У студзені 1906 г. «Кур'ер Літоўскі» пісаў: «У мясцовай бальніцы здзейснена страшнае забойства. У 3-й гадзіне ночы забіты нямы шляхціц Кулеша, які знаходзіўся там на лячэнні. Абставіны забойства наступныя. З канца лістапада на горадзе пачала хадзіць невядома кім пушчаная гаворка пра тое, што нейкі пан Боландзь збіраецца арганізаваць яўрэйскі пагром. Гаворка гэтая не мела ніякіх падстаў, але моцна закранула яўрэйскае насельніцтва горада. Панічны страх дайшоў ды вышэйшага напружання 5 снежня. Падаваліся сігналы трывогі, былі зачыненыя ўсе яўрэйскія крамы». Увечары таго ж дня 20 яўрэяў напалі на Боландзя і збілі яго сталёвымі прутамі, потым паранілі стрэламі з рэвальвера (у нагу, руку і ў бок). Боландзь страціў прытомнасць, а нападнікі, вырашыўшы, што ён забіты, палажылі яго ў дрожкі і загадалі фурману завезці дадому. Аднак ён выжыў, і яго адвезлі ў гарадскую бальніцу, дзе пацярпелы пачаў хутка здаравець. Наведвальнікі паведамілі Боландзю, што сябры «Бунда» пастанавілі яго забіць. «Боландзь насцярожыўся… У сярэдзіне снежня ў бальніцу з маёнтка Мікянцы прывезлі нямога шляхціца Л. Кулешу, ён ляжаў у той жа палаце… Увечары 19 снежня з дазволу адміністрацыі Боландзь памяняў ложак, але застаўся ў той жа палаце. Каля 3-х гадзін ночы ён пачуў крокі трох мужчын. Незнаёмцы падышлі да ложка, на якім ён раней ляжаў, і ўбачыўшы, што ложак пусты, падышлі да ложка, на якім, накрыўшыся з галавой, спаў Кулеша. Нападнікі нанеслі Кулешы 9 ран стылетам, Боландзь усё бачыў і ляжаў ні жывы ні мёртвы. Здзейсніўшы забойства, мужчыны хутка пакінулі шпіталь… пачаўся перапалох. Праз гадзіну ў бальніцы з'явілася паліцыя. Вядзецца следства...» [447].

2 красавіка 1907 г. на дарозе за 5 вёрст ад Ліды ў бок Гародні быў здзейснены напад на яўрэяў Гірша Купінскага і Абрама Малчадскага, 5 нападальнікаў забралі 425 рублёў і срэбны гадзіннік [448]. У арганізацыі нападу абвінавацілі Боландзя і як быццам асудзілі на два гады турмы.

«Кур'ер Літоўскі» ў траўні 1910 г. паведаміў пра наступны напад на мельніка з маёнтка Паперня Абрама Малчадскага, які «разам з жонкай, 6-гадовым сынам і сваяком Янкелем Дыменчынскім пасля кірмашу ў Лідзе вяртаўся дахаты. На дарозе, на 5-й вярсце ад Ліды з лесу выскачылі 3 чалавекі, адзін з іх затрымаў каня, два іншыя пачалі біць палкамі яўрэяў. Пасля зверскага збіцця (не пацярпела толькі дзіця, яго закрыла сабой маці), бандыты забралі 600 рублёў і схаваліся ў лесе. Ахвяр цягніком адправілі ў бальніцу ў Вільню, дзе Янкель Дыменчынскі памёр. Жонка мельніка, прыйшоўшы да сябе, распавяла, што пазнала аднаго з нападнікаў - гэта быў сусед мельніка Боландзь. 2 гады таму, ён на… тым жа месцы напаў на Малчадскага і забраў грошы. Выйшаўшы з турмы, ён зноў напаў на мельніка. Боландзь арыштаваны, двух іншых шукаюць» [449].

Загадкай з'яўляецца тое, што з справы бачна - Боландзь не меў судзімасці. У даведцы, датычнай гэтага пытання, напісана: «аказалася, што ў кнізе 2-й за 1904... значыцца: Боландзь Іван Іванавіч, дваранін горада Ліды, 28 гадоў, Віленская 6, п. 1 ч. 286 арт. турма 2 месяцы, выканаў 15 лістападзе 1903 года» [450]. Гэта значыць, што ён меў толькі адміністратыўны арышт у 1903 г., дарэчы, магчыма, за ўчынак у Лідскім касцёле.

Пацярпелая Сара Эліева Купінская, 37 гадоў, як быццам пазнала Боландзя, з пратаколу допыту пацярпелай: «...нас спынілі 3 чалавекі, адзін быў лідскі жыхар Боландзь, высокага росту, у што быў апрануты не заўважыла, яго я добра пазнала па голасе і па твары... Боландзь быў з калом... Боландзь крыкнуў мне: "Давай грошы"...» [451].

На падставе паказанняў пацярпелай наш герой арыштаваны, і ў яго праведзены ператрус. «Следчы 1-га ўчастка Лідскага павета ў прысутнасці ніжэйпадпісаных панятых... у суправаджэнні паліцэйскага стражніка Сабадахі, прыбыў у сядзібу двараніна Івана Іванавіча Боландзя, размешчаную ў Лідзе па Каменскай вуліцы, для ператрусу...» [452]. Боландзь вінаватым сабе не прызнаў, з першаснага допыту, праведзенага 26 траўня 1910 г. бачна, што «дваранін Лідскага павета, 35 гадоў, Іван Іванавіч Боландзь, імя дзеда - Фама. Ахрышчаны ў Лідскім касцёле, пісьменны, халасты, ратнік апалчэння 2-га разраду, мае сядзібу ў г. Ліда, жыве ў хляве, бо дом згарэў» [453]. Арыштаваны даў паказанні: «Паліцмайстару г. Ліды... Вярнуўся дадому гадзін 8-9 вечара і неўзабаве зноў пайшоў гуляць па Каменскай вуліцы. Каля дома... Марачэўскага сустрэўся з ім і пайшоў у піўную ў доме Блотніка па Каменскай вуліцы, там з Марачэўскім прасядзеў ад гадзін 10 вечара да пачатку другога ночы... Пасля піўной пайшоў дадому, дзе лёг спаць да арышту мяне паліцыяй у 2.30» [454]. Наш герой даў спіс з 28 чалавек, якія бачылі яго ў гэты вечар у Лідзе, тым не менш больш за год прасядзеў у лідскай турме, чакаючы на суд.

У сярэдзіне верасня 1911 г. у Лідзе прайшло чарговае пасяджэнне Віленскага акруговага суда. «Виленские губернские вести» ў раздзеле «Судебные известия» пісалі: «Список уголовных дел, назначенных к слушанию в Виленском окружном суде, во временном его помещении в гор. Лиде с 12 по 17 сентября 1991 г. …13 сентября, вторник. 1) О дв. Иване Иванове Болондзе, обв. по 1630, 1632, 1634 ст. ул. о нак. ар.» [455].

Пра гэтае паседжанне ў «Кур'еры Віленскім» пісаў Вандалін Шукевіч, жыхар Лідскага павета, чалавек дасведчаны і аб'ектыўны: «Вялікай сенсацыяй для гараджан, асабліва для яўрэяў, быў суд над нейкім Боландзем, абвінавачаным у нападзе і забойстве з мэтай рабавання. Справа была вельмі невыразная, але ж магла б быць раскрытая, калі б было правільна праведзена першаснае следства. У гады рэвалюцыі Боландзь быў жахам для яўрэяў горада Ліда, за што яны яго ненавідзелі. Таму ўсе паказалі на яго як на арганізатара апошняга злачынства. Гэтага было дастаткова для мясцовай паліцыі: яго арыштавалі і трымалі пад арыштам. Прысяжныя, аднак, не пераканаліся ў яго вінаватасці, доказы былі вельмі недастатковыя, і Боландзь прызнаны невінаватым, што выклікала вялікае абурэнне гарадскіх яўрэяў, якія ладзілі маніфестацыі перад будынкам суда» [456].

Наш боўдзіла, «ратнік апалчэння 2-га разраду», нейкім чынам пазбегнуў мабілізацыі ў войска і застаўся ў акупаванай Лідзе. І знакамітага ў Лідзе чалавека, раней судзімага расійскай уладай, не абышлі бокам і акупацыйныя ўлады, газеты пісалі: «Ліда. За ўкрывальніцтва стрэльбы і медзі. Аканом Ян Боландзь засуджаны акруговым судом за гвалт і ўзлом, таксама судзіўся за хаванне паляўнічай стрэльбы і незаяўку меднага посуду, які знайшлі схаваным у хляве. Ён засуджаны на 5 гадоў папраўчых работ» [457].

Ці перажыў Ян Боландзь нямецкую акупацыю - невядома.

Пра агульны ўзровень злачыннасці на Лідчыне ў «Кур'еры Віленскім» пісаў Вандалін Шукевіч. Адзін з яго артыкулаў пра чарговую сесію выязнога Віленскага акруговага суда пачынаўся так: «Разгледжаныя справы не былі складанымі. У Лідзе, у адрозненне ад вялікіх гарадоў, няма крадзяжоў, для расследавання якіх патрэбен Шэрлак Холмс, няма заблытаных забойстваў. Злачынствы здзяйсняюцца ў асноўным простымі людзьмі, сякерай або калом. Народная цемра падлівае алей у лямпу злачыннасці, агонь якой усё ж час ад часу абпальвае. Бягучая кадэнцыя суда разгледзела 15 спраў, улічваючы, што акруговы суд збіраецца ў Лідзе 4 разы ў год, не цяжка падлічыць сярэднюю колькасць злачынстваў - 60 у год. А як у Лідскім павеце жыве амаль 200 000 чалавек, дык злачыннасць у нас не высокая. Тут, вядома, трэба ўлічыць, што частка спраў не даходзіць да суда прысяжных і г.д.» [458].

Такім чынам злачыннасць на Лідчыне была ўсё ж справай рэдкай.

Пажары. Як і ўсе збольшага драўляныя гарады з пячным ацяпленнем і шчыльнай забудовай, Ліда ў XIX - пачатку ХХ ст. часта гарэла. Пажар 23 жніўня 1842 года ў Лідзе ўзнік менавіта з-за перагрэву печы ў яўрэйскай лазні. Гэта быў найбуйнейшы да таго часу пажар. У выніку пажару згарэў касцёл піяраў, школьны двор, частка дамоў каля рынкавай плошчы і ўздоўж Віленскай вуліцы 43 дамы, паводле іншых звестак згарэла 80 яўрэйскіх дамоў і 40 хрысціянскіх, згарэла павятовая драўляная паштовая кантора.

6 кастрычніка 1891 г. у Лідзе здарыўся яшчэ больш грандыёзны пажар, згарэла 3/5 горада, практычна ўся цэнтральная частка. У «Памятнай кніжцы» пісалася: «Пажарам, які адбыўся з невядомай прычыны, знішчана 444 жылыя дамы і 283 халодныя пабудовы з рухомай маёмасцю пацярпелых (страты 679.408 р.). Пры гэтым згарэлі: архіўныя справы, кнігі і некаторыя бягучыя паперы: Паліцэйскай управы, павятовага спраўніка, З'езду Міравых суддзяў, прадвадзіцеля дваранства, З'езду Міравых пасрэднікаў, павятовай Прысутнасці па воінскай павіннасці, Дваранскай Апекі, Гарадской Управы, Сірочага Суда, Мяшчанскай управы і метрычныя сшыткі яўрэяў, якія захоўваліся ў казённага рабіна. 10 кастрычніка, у тым жа г. Лідзе, згарэлі, з-за неасцярожнага абыходжання з агнём 10 жылых і 9 халодных пабудоў з рухомай маёмасцю пацярпелых (страты 53.635 р.)» [459]. Пажар 1891 г., між іншым, знішчыў пабудаваны ў XVIII ст. будынак лідскай ратушы, які стаяў на рынкавай плошчы. Ратуша служыла вайсковай гаўптвахтай, а прыбудова - адрынай для пажарнікаў [460]. Пасля гэтага пажару новая забудова Ліды ішла з улікам патрабаванняў пажарнай бяспекі Расійскай Імперыі [461].

Наступным вядомым нам пажарам быў пажар 10 жніўня 1906 г. Было цалкам знішчана 12 дамоў па вуліцы Замкавай. Страты склалі 1 400 руб., прычым толькі два дамы былі застрахаваныя. Паліцыя вырашыла, што верагодная прычына пажару - падпал [462]. У канцы верасня 1907 г. «Кур'ер Літоўскі» пісаў: «20 верасня ўвечары выбухнуў велізарны пажар. Агонь пачаўся ў доме праваслаўнага святара Каяловіча [463]. З-за моцнага ветру агонь быў перанесены на суседнія дамы, і праз паўгадзіны гарэла ўжо шмат будынкаў. Агонь патушаны толькі на раніцы. Страты папярэдне ацэньваюцца ў 150 000 рублёў» [464].

150 000 рублёў - гэта па тым часе вялізныя грошы (для параўнання: гадавы бюджэт горада ў 1904 г. - 26 900 [465]), таму гэты пажар, бясспрэчна, быў вельмі вялікі. А роўна праз чатыры гады ў пажары згарэлі хаты і гаспадарчыя пабудовы гараджан Болтруця, Руткоўскага і Сцяпуры [466].

Пажары былі вялікім бедствам нашага горада. У кастрычніку 1913 г.: «Уначы 13, гэтага месяца, у Лідзе згарэла каля 20 дамоў у самай густа заселенай частцы горада. Згарэлі таксама тры заезды і шляхецкі клуб. Пажарнікаў тут няма, а якія ёсць, не маюць ні добрай каманды, ні добрага абсталявання. А жыве ў горадзе каля 20 тыс. чалавек. Ёсць прыгожыя крамы, розныя інстытуцыі, школы, нават электрычаства, дык аж ні хочацца верыць, што няма там добрай пажарнай каманды» [467].

Трэба сказаць некалькі слоў пра пажарную ахову ў нашым горадзе.

У 1832 г. за наём коней са збруяй для пажарных прыстасаванняў і аплату людзям горад плаціў 50 срэбных рублёў штогод [468]. Каштарыс расходаў горада ў 1885 г. паказвае, што для мэт барацьбы з пажарамі горад выдаткоўваў 800 руб. у год. Меўся абоз з пажарнымі прыстасаваннямі [469], ён мясціўся каля мясных лавак на Рыначнай плошчы ў адмысловай адрыне, адрыну ахоўваў вартаўнік, якому плацілі 96 руб. у год. За рамонт пажарных інструментаў, вадзяной гарадской гаспадаркі і наём людзей і коней горад штогод плаціў 50 руб. [470] Пасля вялікага пажару 1891 г. за адбудову згарэўшай пажарнай адрыны гарадскія ўлады заплацілі 500 руб. [471] Гэткую ж суму некалькі гадоў горад выдаткоўваў «розным гаспадарам за адчужэнне ў іх зямлі падчас перапланіроўкі горада пасля пажару ў 1891 г. для пашырэння і правядзення зноў пракладзеных вуліц» - пры адбудове горада пасля вялікага пажару 1891 г. памянялася нават тапаграфія горада.

Для ўзмацнення пажарнай аховы ў 1892 г. набылі двух коней са збруяй, гэтыя коні стаялі ў новай пажарнай адрыне. Пакупка коней матывавалася «забудовай горада пасля пажару 2-павярховымі дамамі і адсутнасцю коней для падвозу пажарных прыстасаванняў пры першай дапамозе. Гэта заўважана спадаром начальнікам губерні падчас рэвізіі горада летам 1897 г.» [472].

Сход гарадскіх упаўнаважаных 24 сакавіка 1898 г. дамовіўся з утрымальнікам пошты Сольцам, каб у выпадку пажару ён даваў бы 4-х коней з фурманамі, за што атрымліваў 200 рублёў штогод. Выдаткоўваліся грошы і на рамонт пажарнага абсталявання [473].

5 жніўня 1897 года міністр унутраных спраў Расіі зацвердзіў «Нармальны статут добраахвотнай пажарнай дружыны». І ўжо ў 1899 г. «Памятная кніжка Віленскай губерні» друкуе інфармацыю аб Лідскім добраахвотным пажарным таварыстве. Старшынёй таварыства і начальнікам пажарнай каманды стаў надворны дарадца Ігнат Сабаткоўскі (скончыў Кобрынскае духоўнае вучылішча), ягоным намеснікам - Аляксей Копцаў (скончыў Лідскае павятовае вучылішча), загадчыкам маёмасці - ветэрынарны лекар Роберт Рэнерт (скончыў Юр'еўскі ўніверсітэт) [474]. Потым на працягу шэрагу гадоў кіраўнікі таварыства і ягоная структура мяняліся, што лёгка прасачыць па «Памятных кніжках Віленскай губерні» розных гадоў. Пачалі працаваць пажарныя таварыствы і ў мястэчках павета.

На пачатку ХХ ст. лідская гарадская добраахвотная пажарная каманда мела 4 помпы і 6 пажарных бочак [475]. Згодна з пастановай гарадскіх упаўнаважаных ад 12 лютага 1901 г., горад прыняў на сябе абавязкі штогод выдаткоўваць гарадскому пажарнаму таварыству з 1901 г. 300 руб. на рамонт прыстасаванняў, наём коней і страхоўку добраахвотнікаў ад няшчасных выпадкаў у адмыслова створаным для гэтага Усерасійскім таварыстве Блакітнага Крыжа [476]. У 1904 г. для пажарнага таварыства на той жа Рыначнай плошчы будуюцца стайні і памяшканне для вознікаў [477], дзе добраахвотнае таварыства таксама мела свой клуб.

У клубе пажарнікаў праводзіліся розныя культурніцкія мерапрыемствы, напрыклад, у суботу 1 снежня 1912 г. тут адбыўся баль-маскарад [478], «было шмат масак, з якіх найбольшую ўвагу звярнулі на сябе "Маладосць-старасць" і "Уся Еўропа"». Клуб меў сваю бібліятэку, але «...стварыўшы яе, паставілі кропку і больш ёй не займаюцца» [479].

Гараджане, спасылаючыся на практыку іншых гарадоў, праз прэсу прапаноўвалі абавязаць пажарнікаў падтрымліваць чысціню ў горадзе: «У вялікіх гарадах і ў Еўропе дзейнасць пажарных каманд звязана з падтрыманнем чысціні на вуліцах. У летнія месяцы, калі ўздымаюцца воблакі пылу, на чыны пажарнай каманды ўзложаны абавязак паліваць вуліцы і змываць смецце. Пажарная каманда з'явілася ў нашым горадзе амаль што 20 гадоў таму. Гараджане, убачыўшы частыя практыкаванні выдатна абмундзіраваных добраахвотных пажарных з сучаснымі прыладамі для тушэння пажараў пад кіраўніцтвам бравага і нястомнага свайго кіраўніка - судовага прыстава Сабаткоўскага, супакоіліся. З тых часоў прайшло шмат часу. Кіраўнікі каманды сталі змяняцца, многія добраахвотнікі пачалі радзей прымаць удзел у практыкаваннях, і ў выніку з добрай пажарнай каманды засталася толькі жменька людзей, у тым ліку 2 - 3 па-найму, з 3 - 4 коньмі і малой колькасцю вогнетушыльных прылад, якія трэба даўно мяняць на новыя ці рамантаваць» [480].

Кіраўніцтва пажарнай аховы ў траўні 1913 г. дало цікавую аб'яву ў газету: «Начальнік 3-й трубы Лідскай добраахвотнай пажарнай дружыны запрашае ўсіх сваіх чальцоў прыйсці ў пажарнае дэпо ў нядзелю 2 чэрвеня ў 17.00, каб атрымаць пажарнае абмундзіраванне. Асобы, які не прыйдуць, будуць лічыцца выбыўшымі з 3-й трубы. У той жа дзень у дэпо будзе праводзіцца запіс новых добраахвотнікаў» [481].

У такім стане Лідскае добраахвотнае пажарнае таварыства праіснавала да 1915 г.

Не меней за горад пакутавалі ад пажараў мястэчкі і вёскі, прычым спадзявацца жыхары гэтых населеных пунктаў маглі толькі на сябе і на сваю добраахвотную пажарную ахову.

29 сакавіка 1907 г. у «вёсцы Салішкі (Новааляксандраўская воласць) агонь знішчыў 42 хаты з усімі пажыткамі. Страты 42 450 руб» [482].

Праз паўгода з невядомай прычыны пажар пачаўся ў вёсцы Леснікі: «Згарэла 40 дамоў і гаспадарчых пабудоў. Страты 40 000 руб.» [483]. Пра тое, што цалкам выгарэла вёска Леснікі, газета «Наша Ніва» паведамляла ў двух нумарах [484]: «5 акцябра ў поўнач згарэла вёска Леснікі, згінула многа скаціны. Пажар не маглі затушыць, бо быў сільны вецер. Асталіся толькі 4 хаты. Прычына пажару - неасцярожнасць. У Лідскім павеце гэтай восенню ўсё болей пажараў. У пані Красіцкай [485] у маёнтку Ольжава спалілася гумно і свіран, яшчэ ў трох маёнтках яе пагарэлі гумна. Дрэнна што прападае шмат хлеба - усё, што сёлета з поля сабралі, ад гэтага хлеб падаражае, а пад вясну і мужыком ня будзе гдзе купіць... Арыштаваны да суда 8 чалавек з вёскі Ольжава, вінавацяць іх у тым, што пасвілі быдла па лесу пані Красіцкай. Вёска гаворыць, што яны не пасвілі, толькі раз дзеці мімаходам прапусьцілі» [486]. Пасля пажару камісія па землеўпарадкаванні абяцала сялянам вёскі Леснікі прадаць зямлю, калі яны згодзяцца рассяліцца на хутары. Сяляне згадзіліся і не будаваліся ўжо «на старых цесных пляцах, але новых, хутарных вучасткаў не выдзялялі вельмі доўга. Цяпер прыйшла зіма, марозы, і людзям дрэнна прыходзіцца, бо няма дзе падзецца» [487]. У 1910 г. народны карэспандэнт І. Калодка паведамляў: «В. Леснікі, Лідскага павета Лебёдскай воласці. Трэці ўжо год, як мы разсяліліся на хутары і, хоць спярша крыху баяліся, як гэта будзем жыць, але цяпер ня можам нацешыцца самі. Кожнаму з нас лепш стала жыць, бо над сваёй зямлёй можа панам быць» [488]. Як кажуць, «ліха без дабра не бывае».

Увосень 1908 г. згарэлі чатыры дамы ў вёсцы Асава, што ў Беліцкай воласці [489].

Улетку 1910 г. у вёсцы Барысаўцы Астрынскай воласці «згарэла 14 дамоў і 33 гаспадарчыя пабудовы. Страты 22 057 руб.» [490]. У 1911 г. пажар узнік ноччу ў вёсцы Пакроўскае [Сабакінцы - Л. Л.]. «Згарэлі: будынак школы, гаспадарчыя пабудовы воласці. Страты 2 870 руб.» [491]

Прычынай пажару магла стаць не толькі асабістая неасцярожнасць ці гаспадарчая дзейнасць сялян, але і прыродныя з'явы. Напрыклад, увосень 1910 г. з-за маланкі выбухнуў пажар у вёсцы Смілгіні Забалацкай гміны. «Цалкам згарэлі ўсе пабудовы сялян Нядзелькі і Юхніка. Маланка, якая выклікала пажар, пры гэтым яшчэ і забіла Юзафа Юхніка» [492].

Гарэлі не толькі сялянскія хаты, але і нешматлікія прамысловыя прадпрыемствы, 15 траўня 1908 г. у Беняконях «з-за пашкоджання рухавіка згарэў паравы тартак. Страты 8 000 руб. Некалькі сямей засталіся без працы» [493]. У жніўні 1913 г. «у Шчучыне ў маёнтнасці кн. М. Друцкай-Любецкай згарэла фабрыка фанэры, страты 60 000 рублёў» [494].

У лістападзе 1911 г. не пашанцавала гаспадыні фальварка Прамыслова сп. Кацярыне Звярхоўскай. З-за неасцярожнасці пастухі з вёскі Кульбакі падпалілі яе лес, у выніку чаго яна панесла вялікія страты. А праз некалькі дзён, калі Звярхоўская вярталася з Ліды, на яе напалі некалькі рабаўнікоў. Але на гэты раз лёс не пакінуў яе - сяляне, якія ехалі па дарозе за ёй, схапілі рабаўнікоў [495].

Пры канцы таго ж года з-за наўмыснага падпалу згарэлі тры гумны ў вёсцы Багданаўшчына. Пры гэтым абшарнік Вільгельм Скіндар атрымаў страты на суму 5 500 руб., арандатар Лейба Ляс - 9 675 руб. Але будынкі былі застрахаваныя ў таварыстве «Расія» на суму 5 200 руб. і страты былі часткова кампенсаваны [496].

У Радуні вялікі пажар быў да 1906 г. Прамой інфармацыі пра пажар няма, але ён узгадваецца ў артыкуле ў «Кур'еры Літоўскім», надрукаваным у кастрычніку 1908 г.: «Мястэчка [Радунь - Л. Л.] прыгожае, новаадбудаванае пасля пажару, які яго цалкам знішчыў» [497].

Дастаткова шмат інфармацыі ў розных газетах таго часу пра пажар 1910 г., які амаль што цалкам знішчыў мястэчка Беняконі.

Газета «Кур'ер Літоўскі» пісала: «У панядзелак 7 чэрвеня ў 9 раніцы загарэліся Беняконі... як знарок быў моцны вецер... Вяртаючыся ў Вільню, я быў на станцыі ў 2-й гадзіне дня. Бачыў страшны від згарэўшага мястэчка: чорныя адзінокія коміны, абгарэлыя дрэвы, тлумы людзей з ваколіц і пагарэльцаў, якія занялі агароды і шырокі Лідскі гасцінец. Ад вельмі прыгожага мястэчка, акрамя касцёла, засталося ледзьве некалькі дамоў і сінагога... Загінула 18-гадовая дзяўчына Дравецкая...» [498].

Пра пажар у Беняконях і яго наступствы «Наша Ніва» надрукавала шэраг карэспандэнцый. У першай з іх нехта Юзюк Гр. пісаў: «М. Беняконі Лідскага павета. У панядзелак (7 чэрвеня) ня больш, як за паўтары гадзіны, згарэло да званьня нашае мястэчка. Агонь так шпарка перакідаўся на высушэныя стрэхі дамоў, што не было і думкі, каб што небудзь ратаваць. Людзі беглі з сваіх хат, каб толькі самім ратавацца. Згарэло шмат жывёлы і адна дзяўчына. Пажар пачаўся ад курнай хаты» [499]. Праз месяц нейкі Беняконіч-хрысціянін даслаў больш грунтоўную і выніковую карэспандэнцыю: «Беняконі, Лідскага павета. 7 іюня ў нас быў пажар. Згарэла дамоў 35, а гаспадарскіх будоўль яшчэ больш. Выгарэла Свіная вуліца і глаўная вуліца на тракце. 7 дамоў у новапаселенцаў жыдоў і хрысціян былі застрахаваны ў воласці, плацілі праз 9 гадоў, але страхоўкі не заплацілі ім, бо быццам новапаселенцам у воласці страхаваць не можна. Гэтыя людзі звяртаюцца да губернскага прысутcтвія с жалабай. Пагарэлыя па стараму звычаю звярнуліся за падмогай да памешчыкаў Вагнера, Бароўскага, гр. Путкамера (б. Дэпутат Другой Думы) і др., каб яны прадалі дрэва хоць за грошы, але з гэтага нічога не выйшла. Толькі адзін панок Ян Селянка памагаў, чым мог. Даваў коні вазіць жвір, дровы, даваў мох, дрэва. Прыслалі толькі жыта два Рымшы, Бароўскі, Гувалдова, Вайткевіч, доктар Хазбевіч. Злажылі ксяндзу Ушумецкаму, каб ён дзяліў. А жыды нашы беняконскія па суседску памагалі, чым хто мох. Напрыклад, лясны купец Рабіновіч прадаваў бярвення па сваёй цане і на павер, а хто грошы сам прынясе, то добра! А хто не плаце і да сягодня, то купец не спаганяе. Цяпер патроху, дзякуючы падмозе добрых людзей і суседзей адбудаваліся» [500].

Праз год «Наша Ніва» зноў вярнулася да тэмы пажару ў мястэчку Беняконі: «Пасля пажару 7 чэрвеня 1910 г. па троху наша мястэчка пачало адбудоўвацца. Адзін нават мурок збудавалі. Жыды паставілі цяпер дамы шмат лепшыя, як да пажару былі, ім памагалі жыдоўскія дабрадзеі з другіх гарадоў і мястэчак. А тутэйшыя паны нічым не памагалі беняконскім хрысціянам. Хто маець сваю зямлю, дык дасталі страхоўку і, як мацнейшыя, добра пабудаваліся, а сямі навасяленцам на чыншавай зямлі, каторым не прызналі валасной страхоўкі, прышлося саўсім туга... Німа цяпер у нас краўца, быў адзін, але як пагарэў, то выехаў, бо не было хаты» [501].

* * *

У 1908 г. у адным з сваіх артыкулаў у газеце «Кур'ер Літоўскі» жыхар Лідчыны, археолаг, член-карэспандэнт Кракаўскай акадэміі ведаў Вандалін Шукевіч даў вельмі негатыўную ацэнку агульнаму стану грамадскага жыцця на Лідчыне:

«Відочна, у нас пануе душная атмасфера, такая як на дне піўной бочкі, якую доўгі час не адчынялі - кожны прамень святла гасне, бо нікім не падтрымліваецца. І калі тут усё ж робіцца нешта разумнае, дык толькі дзякуючы высілкам адзінак, якія не аглядваюцца на нікога і спадзяюцца толькі на ўласныя сілы.

Такое ж і грамадскае жыццё: шэрае, не абапёртае на жывую і творчую справу, а на высілкі без вышэйшых мэтаў, скіраванае толькі на падтрыманне асабістага марнага існавання. Відочна, на такім грунце любая ініцыятыва не можа выжыць, бо вызначае поле мыслення і кіруе палётам духу праца, адзіна скіраваная толькі на здабыццё хлеба.

Гэтаму ёсць вельмі разнародныя прычыны: тут і эканамічны ўклад краю з вельмі нізкай культурай і нязменныя агульныя ўмовы грамадскага і палітычнага жыцця. Такі стан спраў будзе трымаць нас яшчэ надта доўга - гэта сумна, але праўдзіва.

Генезіс умацавання ў нас гэтай атмасферы дае магчымасць зразумець сэнс падзей, якія адбыліся на Літве за апошняе стагоддзе. Яны зрабілі нязводную пляму на душы цэлага народа, асабліва прынізілі яе, знявечыўшы ўсялякія зародкі вольнай думкі. Звычайнай справай з'яўлялася тое, што так званыя «абывацелі» не толькі не вучыліся ні ў якай вучэбнай установе, але і нават не разумелі патрэбы ў навуцы і самаўдасканаленні. Таму разумовы далягляд паступова, як вада ў возеры, паніжаўся, пакідаючы на дне камяні і багну найгоршых інстынктаў. [...] Цемра пануе ў нас непадзельна, адсоўваючы наш край усё далей і далей ад Еўропы, робячы з яго такі «арыгінальны» здабытак мінулага» [502].

Упэўнена можна канстатаваць, што ў значнай ступені сітуацыя не надта змянілася і праз 100 гадоў. Але эканамічны ўздым, які пачаўся ў Расійскай Імперыі пры канцы XIX ст., не абмінуў і павятовы горад Ліду і павет. Асаблівае значэнне для развіцця горада, уздыму прамысловасці, адукацыі і росту насельніцтва адыграла тое, што горад стаў буйным чыгуначным вузлом.

Як бачна з усяго вышэй пададзенага матэрыялу, перад 1-й сусветнай вайной на Лідчыне хутка развівалася грамадская супольнасць, людзі пачалі атрымліваць навыкі палітычнай і культурнай дзейнасці ды самаарганізацыі.

У 1910-я гг. у горадзе закладваліся падмуркі яго будучага развіцця ў XX ст., атрымлівала адукацыю і ўступала ў самастойнае жыццё пакаленне людзей, якія адчувалі неабходнасць палітычных свабод і гарантый развіцця асобы, а ў павеце бурліва набіраў моц беларускі нацыянальны рух.

Край абуджаўся ад доўгага сну ў чужынскай імперыі.



[1] Kurіer Litewski. № 19. 24 stycznia (6 lutego) 1906.

[2] Kurіer Litewski. № 21. 26 stycznia (8 lutego) 1906.

[3] Kurіer Litewski. № 45. 24 lutego (9 marca) 1906.

[4] Kurіer Litewski. № 46. 25 lutego (10 marca) 1906.

[5] У доме братоў Саламона і Майсея Вінаградавых, Віленская, 21.

[6] Kurіer Litewski. № 80. 15 (28) kwietnia 1906.

[7] "Nam nia treba uczonych ... jony budut trymać s panami".

[8] Kurіer Litewski. № 80. 15 (28) kwietnia 1906.

[9] Kurіer Litewski. № 84. 11 (24) kwietnia 1906.

[10] Государственная дума первого призыва. Портреты, краткие биографии и характеристики депутатов. Москва, 1906. С. 9.

[11] Иванов Б. Ю., Комзолова А. А., Ряховская И. С. Государственная дума Российской империи: 1906-1917. Москва, 2008. С. 143.

[12] Kurіer Litewski. № 154. 12 (25) lipca 1906.

[13] Nowogródzki Dziennik Wojewódzki. 1931. № 5. S. 41.

[14] Nowogródzki Dziennik Wojewódzki. 1932. № 26. S. 225.

[15] Kurіer Litewski. № 291. 23 grudnia (5 stycznia 1907) 1906.

[16] Nasza Niwa. № 1. 6 (19) janwara 1907.

[17] Kurіer Litewski. № 3. 5 (18 stycznia) 1907.

[18] Kurіer Litewski. № 19. 25 stycznia (7 lutego) 1907.

[19] Nasza Niwa. № 5. 2 lutaho 1907.

[20] Nasza Niwa. № 6. 11 lutaho 1907.

[21] Nasza Niwa. № 7. 18 lutaho 1907.

[22] Nasza Niwa. № 30. 28 sienciabra 1907.

[23] Верагодна, калежскі асэсар Аляксандр Віктаравіч Пятухоў, таварыш пракурора пракурорскага надзору Віленскага акружнога суда. Гл: Памятная книжка Виленской губернии на 1908 г. Вильна, 1908. С. 55.

[24] Kurіer Litewski. № 214. 26 września (9 października) 1907.

[25] Kurіer Litewski. № 215. 27 września (10 października) 1907.

[26] Kurіer Litewski. № 210. 21 września (4 października) 1907.

[27] Kurіer Litewski. № 213. 25 września (8 października) 1907.

[28] Наша Ніва. № 43-44. 2 (15) лістапада 1912.

[29] Kurіer Litewski. № 29 (14894). 1907.

[30] Члены Государственной думы (портреты и биографии). Второй созыв 1907-1912. Москва, 1907. С. 19.

[31] Kurіer Litewski. № 36. 14 (27) lutego 1906.

[32] Kurіer Litewski. № 188. 22 sierpnia (4 września) 1906.

[33] Kurіer Litewski. № 199. 3 (16) września 1906.

[34] Наша Доля. № 2. 15 сенцября 1906 г.

[35] Kurіer Litewski. № 195. 30 sierpnia (12 września) 1906.

[36] Kurіer Litewski. № 174. 4 (17) sierpnia 1906.

[37] Kurіer Litewski. № 264. 21 listopada (4) grudnia 1906.

[38] Kurіer Litewski. № 199. 3 (16) wrzesnia 1906.

[39] Kurіer Litewski. № 185. 22 sierpnia (4 wrzesnia) 1907.

[40] Nasza Niwa. № 21. 1 (14) junia 1907.

[41] Памятная книжка Виленской губернии на 1892 г. Вильна, 1891. С. 316-317.

[42] Biełarus. № 31. 23 кастрычніка 1913.

[43] Лидское Слово. № 2. 24 ноября 1912.

[44] Лидское Слово. № 25. 3 мая 1913.

[45] Лидское Слово. № 26. 10 мая 1913.

[46] Першы сусветны сіянісцкі кангрэс адбыўся ў 1897 г. пад кіраўніцтвам Тэадора Герцля ў Базелі.

[47] Заснаваны ў 1902 г. як міжнародны фінансавы орган сіянісцкага руху.

[48] Sefer Lida. Former residents of Lida in Israel and the Committee of Lida Jews in USA. Tel-Aviv. 1970. P. 140.

[49] Kurіer Litewski. № 166 (267). 26 lipca (8 sierpnia) 1906.

[50] Kurіer Litewski. № 251. 9 (22) listopada 1907.

[51] Kurіer Litewski. № 39. 16 (26) lutego 1908.

[52] Kurіer Litewski. № 269. 30 listopada (13 grudnia) 1907.

[53] Лидское Слово. № 2. 24 ноября 1912.

[54] Лидское Слово. № 10. 18 января 1913.

[55] Лидское Слово. № 12. 1 февраля 1913.

[56] Лидское Слово. № 13. 8 февраля 1913.

[57] Лидское Слово. № 14. 15 февраля 1913.

[58] Лидское Слово. № 26. 10 мая 1913.

[59] Лидское Слово. № 11. 25 января 1913.

[60] Лидское Слово. № 14. 15 февраля 1913.

[61] Лидское Слово. № 15. 22 февраля 1913.

[62] Лидское Слово. № 16. 1 марта 1913.

[63] Рэклама бровара: «Піва бровара спадчыннікаў Папірмайстра ў Лідзе вырабляецца з лепшых гатункаў соладу і хмелю без пабочнай прымесі і на здаровай артэзіянскай вадзе. Асабліва рэкамендуем "Двайное" і "Царскае піва" як напоі спажыўныя, выдатнага смаку і светлазалацістага колеру». Гл: Лидское Слово. № 3. 30 ноября 1912.

[64] Лидское Слово. № 16. 1 марта 1913.

[65] Kurіer Litewski. № 180. 11 (24) sierpnia 1906.

[66] Там жа.

[67] Nasza Niwa. № 6. 11 lutaho 1907.

[68] Kurіer Litewski. № 276. 5 (18) grudnia 1906.

[69] Kurіer Litewski. № 236. 18 (31) października 1906.

[70] Nasza Niwa. № 32. 26 (8) akciabra 1907.

[71] Наша Ніва. № 11. 17 сакавіка 1911.

[72] Nasza Niwa. № 15. 18(31) lipnia 1908.

[73] Там жа.

[74] Kurіer Litewski. № 206. 7 (20) września 1908.

[75] Kurіer Litewski. № 215. 19 września (2 października) 1908.

[76] Kurіer Wileński. № 36 (156). 14 (27) lipca 1911.

[77] Kurіer Litewski. № 219. 24 września (7 października) 1908.

[78] Kurіer Litewski. № 246. 25 października (7 listopada) 1908.

[79] Там жа.

[80] Там жа.

[81] Kurіer Litewski. № 80. 9 (22) kwietnia 1910.

[82] Blombergowa Maria Magdalena. Wandalin Szukiewicz (1852-1919). Warszawa-Lida, 2010. S. 70-71.

[83] Лаўрэш Леанід. Вандалін Шукевіч: беларускі археолаг і краязнаўца. Мінск: Харвест, 2014.

[84] Nasza Niwa. № 19. 18 (31) maja 1907.

[85] Kurіer Litewski. № 221. 30 września (13 października) 1910.

[86] Наша Ніва. № 37. 12 верасня 1913.

[87] Города России в 1904 году. Санкт-Петербург, 1906. С. 114-115.

[88] Памятная книжка Виленской губернии на 1908 г. Вильно, 1908. С. 145-146.

[89] Литовские Епархиальные Ведомости. 1901. №17. С. 137.

[90] Литовские Епархиальные Ведомости. 1901. № 1-2. С. 13.

[91] Протаіерэй Іосіф Каяловіч // Лідскі летапісец. № 1-2 (45-46). 2009. C. 23.

[92] Литовские Епархиальные Ведомости. 1901. №12. С. 95-96.

[93] Виленские губернские ведомости. № 61. 2 августа 1900.

[94] Виленские губернские ведомости. № 45. 9 июня 1904.

[95] Виленские губернские ведомости. № 85. 26 октября 1902.

[96] Nasza Niwa. №13. 30 marca 1907.

[97] Памятная книжка Виленской губернии на 1907 г. Вильна, 1907. С. 157.

[98] Виленские губернские ведомости. № 76. 26 сентября 1907.

[99] Памятная книжка Виленской губернии на 1914 год. Вильна, 1914. С. 197.

[100] Жалезны Рыгор. Марыя Навіцкая і першая Лідская жаночая гімназія // Лідскі Летапісец. 1998. № 6. С. 13.

[101] Kurіer Litewski. № 88. 21 kwietnia (4) maja 1906.

[102] Kurіer Litewski. № 207. 14 (27) wrzesnia 1906.

[103] Прагімназія - агульнаадукацыйная ўстанова ў Расійскай Імперыі з праграмай малодшых класаў гімназіі. У прагімназіі мелася чатыры класы, якія адпавядалі чатыром малодшым класам гімназіі.

[104] Жалезны Рыгор. Марыя Навіцкая і першая Лідская жаночая гімназія // Лідскі Летапісец. 1999. № 7. С. 14.

[105] Kurіer Litewski. № 210. 17 (30) wrzesnia 1910.

[106]Другая жонка Ф. Л. Навіцкага - Вера Сяргееўна Навіцкая (па першым мужы Махцэвіч) - вядомая дзіцячая пісьменніца, гл. далей.

[107] Виленские губернские ведомости. № 63. 11 августа 1912.

[108]Лидское Слово. № 12. 1 февраля 1913.

[109] Лидское Слово. № 13. 8 февраля 1913.

[110]Лидское Слово. № 20. 29 марта 1913.

[111] Памятная книжка Виленской губернии на 1914 год. Вильна, 1914. С. 197-198.

[112] Виленские губернские ведомости. № 76. 26 сентября 1907.

[113] Памятная книжка Виленской губернии на 1914 год. Вильна, 1914. С. 198.

[114] Лидское Слово. № 2. 24 ноября 1912.

[115] Лидское Слово. № 2. 24 ноября 1912.

[116] У царскай Расіі існавала працэнтная норма прыёму яўрэяў у сярэднія i вышэйшыя навучальныя ўстановы.

[117] Лидское Слово. № 2. 24 ноября 1912.

[118] Лидское Слово. № 6. 21 декабря 1912.

[119] Лидское Слово. № 10. 18 января 1913.

[120] Лидское Слово. № 17. 8 марта 1913.

[121] Лидское Слово. № 18. 15 марта 1913.

[122] Лидское Слово. № 20. 29 марта 1913.

[123] Лидское Слово. № 23. 19 апреля 1913.

[124] Там жа.

[125] Лидское Слово. № 24. 26 апреля 1913.

[126] Лидское Слово. № 24. 26 апреля 1913.

[127] Лидское Слово. № 27. 17 мая 1913.

[128] Виленские губернские ведомости. № 59. 26 июля 1914.

[129] Наша Ніва. № 32. 9 жніўня 1913.

[130] Виленские губернские ведомости. № 40. 22 мая 1913.

[131] Виленские губернские ведомости. № 59. 26 июля 1914.

[132] Виленские губернские ведомости. № 59. 26 июля 1914.

[133] Лидское Слово. № 9. 11 января 1913.

[134] Лидское Слово. № 13. 8 февраля 1913.

[135] Лидское Слово. № 7. 28 декабря 1912.

[136] Фрэбелічка - выхавальніца дзяцей дашкольнага ўзросту па метадзе нямецкага педагога Фрэбеля. Фрыдрых Фрэбель (1782-1852) - нямецкі педагог, тэарэтык дашкольнага выхавання, стваральнік паняцця «дзіцячы сад». Фрэбель лічыў мэтай выхавання развіццё прыродных асаблівасцей дзіцяці, яго самараскрыццё. Дзіцячы сад павінен ажыццяўляць усебаковае развіццё дзяцей, якое пачынаецца з фізічнага развіцця. Ужо ў раннім узросце догляд за целам дзіцяці Фрэбель звязваў з развіццём яго псіхікі. Ядром педагогікі дзіцячага сада Фрэбель лічыў гульню. Ён даводзіў, што гульня для дзіцяці - цяга, інстынкт, яго галоўная дзейнасць, стыхія, у якой ён жыве, яна - яго ўласнае жыццё. У гульні дзіця выказвае свой унутраны свет.

[137] Лидское Слово. № 5. 14 декабря 1912.

[138] Словы аўтара пра польскую мову беларусаў горада як хатнюю трошкі здзіўляюць, верагодна, аўтар зацемкі лічыў беларускую мову дыялектам польскай.

[139] Kurіer Litewski. № 30. 6 (19) lutego 1908.

[140] Лидское Слово. № 3. 30 ноября 1912.

[141] Лидское Слово. № 17. 8 марта 1913.

[142] Лидское Слово. № 27. 17 мая 1913.

[143] Наша Доля. № 1. 1 сенцября 1906.

[144] Kurіer Litewski. № 54. 8 (21) marca 1906.

[145] Niewiero Florian. Historia kościola parafilnego w Żyrmunach. Lida, 1939. S. 53-54.

[146] Kurіer Litewski. № 22. 26 stycznia (8 lutego) 1908.

[147] Вестник Виленского Св. Духовского братства. № 12-13. 1909. С. 234.

[148] Szymielewicz Michał. Szkice do monografii Żołudka // Ziemia Lidzka. №12. 1937.

[149] Беларуская Крыніца. № 16. 24 красавіка 1932.

[150] Nasza Niwa. № 31. 12(25) akciabra 1907.

[151] Nasza Niwa. № 1. 4 (17) stycznia 1908.

[152] Nasza Niwa. № 15. 18 (31) lipnia 1908.

[153] Наша Ніва. № 5. 29 (11) январа 1909.

[154] Наша Ніва. № 31-32. 6 (19) аўгуста 1909.

[155] Наша Ніва. № 12. 18 (31) сакавіка 1910.

[156] Наша Ніва. № 13. 25 (7) сакавіка 1910.

[157] Наша Ніва. № 50. 15 (28) лістапада 1911.

[158] Наша Ніва. № 2. 13 (26) студзеня 1912.

[159] Ляхоўскі Уладзімір. Школьная адукацыя ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі 1915-1918 гг. Беласток-Вільня, 2010. С. 31.

[160] Kurіer Litewski. № 30. 6 (19) lutego 1908.

[161] Kurіer Litewski. № 181. 8 (21) sierpnia 1908.

[162] Kurіer Litewski. № 242. 21 pazdziernika (3 listopada) 1908.

[163] Kurіer Litewski. № 142. 26 czerwcz (9 lipca) 1910.

[164] Там жа.

[165] Szukiemcz Wandalin. Zamek w Lidzie // Ziemia. Rok II. № 46. Warszawa, 18 Listopada, 1911. S. 748-749.

[166] Kurіer Litewski. № 73. 31 marca (13 kwietnia) 1906.

[167] Трацяк І. І. Беларускае каталіцкае духавенства ля вытокаў сацыякультурнай ідэнтыфікацыі. Гродна, 2013. С. 175, 183.

[168] Вашкевіч Андрэй. Грэка-каталіцкае насельніцтва Аўгустоўшчыны ў канцы ХVІІІ - пачатку ХХ стст. (канфесійныя змены і фарміраванне этнічнай свядомасці) // «Białoruskie Zeszyty Historyczne». № 24. 2005. С. 46, 53-54.

[169] Вестник Виленского Св.-Духовского Братства. № 8. 1907. С. 158-162.

[170] Kurіer Litewski. № 215. 23 września (6 października) 1906.

[171] Kurіer Litewski. № 239. 21 października (3 listopada) 1906.

[172] Kurіer Litewski. № 248. 1 (14) listopada 1906.

[173] Kurіer Litewski. № 207. 14 (27) września 1906.

[174] Kurіer Litewski. № 92. 25 kwietnia (8 maja) 1910.

[175] Kurіer Litewski. № 206. 7 (20) września 1908.

[176] Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa wileńskiego. T. 2. Сz. III. Kraków, 2008. S. 129.

[177] Kurіer Wileński. № 101. 6 (19) maja 1911.

[178] Лидское Слово. № 24. 26 апреля 1913.

[179] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Ф. 1. Воп. 27. Спр. 713.

[180] Kurіer Wileński. № 54. 5 (18) grudnia 1910.

[181] Kurіer Wileński. № 36 (156).14 (27) lipca 1911.

[182] Kurіer Litewski. № 217. 26 września (9 października) 1906.

[183] Міланскі эдыкт (лац.: Edictum Mediolanensium) - ліст імператараў Канстанціна і Ліцынія, датаваны 313 годам, які абвясціў рэлігійную цярпімасць на тэрыторыі Рымскай Імперыі. Міланскі эдыкт стаў важным крокам на шляху ператварэння хрысціянства ў афіцыйную рэлігію імперыі.

[184] Лидское Слово. № 25. 3 мая 1913.

[185] Kurіer Litewski. № 96. 27 kwietnia (10 maja) 1908.

[186] Kurіer Wileński. № 220. 29 wrzesnia (12 pazdernika) 1911.

[187] Вестник Виленского Св.-Духовского Братства. № 8. 1907. С. 158-162.

[188] Там жа.

[189] Вестник Виленского Св.-Духовского Братства. № 6. 1908. С. 128-131.

[190] Вестник Виленского Св.-Духовского Братства. № 9. 1908. С. 196-197.

[191] Вестник Виленского Св.-Духовского Братства. № 5. 1913. С. 103.

[192] Kurіer Litewski. № 234. 11 (24) października 1908.

[193] Там жа.

[194] Kurіer Litewski. № 246. 25 października (7 listopada) 1908.

[195] Там жа.

[196] Там жа.

[197] Kurіer Litewski. № 103. 8 (21) maja 1910.

[198] Там жа.

[199] Там жа.

[200] Kurіer Litewski. № 196. 27 sierpnia (9 wrzesnia) 1908.

[201] Там жа.

[202] Там жа.

[203] Там жа.

[204] Kurіer Wileński. № 15 (135). 18 czerwsa (1 lipca) 1911.

[205] Kurіer Wileński. № 18 (138). 23 czerwsa (5 lipca) 1911.

[206] Kurіer Wileński. № 42 (162). 21 lipca (3 sierpnia) 1911.

[207] Там жа.

[208] Там жа.

[209] Kurіer Wileński. № 150 (270). 27 listopada (10 grudnia) 1911.

[210] Kurіer Wileński. № 156 (276). 4 (17) grudnia 1911.

[211] Kurіer Wileński. № 162 (282). 13 (26) grudnia 1911.

[212] Наша Ніва. № 2. 13 (26) студзеня 1912.

[213] Шимелевич М. Город Лида и Лидский замок: исторический очерк. Вильна: Типография «Русский Почин», 1905.

[214] Трусаў А. Старадаўнiх муроў адраджэнне. Мiнулае i сучаснасць лiдскага замка. Мінск, 1990.

[215] Marcinkowski Christoph. The Islamic World and the West: Managing Religious and Cultural Identities in the Age of Globalisation. LIT Verlag Münster, 2009. S. 107.

[216] Dziadulewicz Stanisław. Herbarz rodzin tatarskich w Polsce. S. 329.

[217] Dziadulewicz Stanisław. Herbarz rodzin tatarskich w Polsce. S. XI.

[218] Kryczyński Stanisław. Tatarzy Litewscy. Warszawa, 1938.

[219] Szymielewicz Michal. Na marginesie «Tatarów litewskich» // Ziemia Lidzka. № 3. 1938. S. 37.

[220] Там жа.

[221] Виленские губернские ведомости. № 59. 31 июля 1885.

[222] Виленские губернские ведомости. № 54. 11 июля 1890.

[223] Виленские губернские ведомости. № 50. 25 июля 1892.

[224] Виленские губернские ведомости. № 60. 29 июля 1900.

[225] Виленские губернские ведомости. № 68. 29 августа 1901.

[226] Виленские губернские ведомости. № 68. 31 августа 1905.

[227] Там жа.

[228] Виленские губернские ведомости. № 93. 25 ноября 1906.

[229] Виленские губернские ведомости. № 76. 26 сентября 1906.

[230] Виленские губернские ведомости. № 51. 26 июня 1910.

[231] Виленские губернские ведомости. № 56. 18 июля 1912.

[232] Лидское Слово. № 13. 8 февраля 1913.

[233] Kurіer Litewski. № 153. 14 (27) lipca 1907.

[234] Kurіer Litewski. № 212. 20 wrzesnia (3 pazdernika) 1906.

[235] Kurіer Litewski. № 213. 21 wrzesnia (4 pazdernika) 1906.

[236] Kurіer Litewski. № 119. 31 maja (13 czerwca) 1907.

[237] Kurіer Litewski. № 112. 16 (29) maja 1908.

[238] Kurіer Litewski. № 207. 10 (23) wrzesnia 1908.

[239] Kurіer Litewski. № 100. 5 (18) maja 1910.

[240] Kurіer Litewski. № 282. 7 (20) grudnia 1908.

[241] Долинский Иосиф. Память. Небольшие рассказы о прошлом. Москва, 2000. С. 33.

[242] Лідскі летапісец. № 1 (77). 2017. С. 55.

[243] Долинский Иосиф. Память. Небольшие рассказы о прошлом. Москва, 2000. С. 33.

[244] Там жа. С. 34.

[245] Там жа.

[246] Там жа.

[247] Лідскі летапісец. № 1 (77). 2017. С. 55.

[248] Трэба сказаць некалькі слоў пра пачынальнікаў кінематаграфічнай справы Манастырскіх. Брат Міхаіла Манастырскага Сяргей з 1914 г. пачаў займацца кіношнай справай у Гародні і ў 1915 г. адкрыў там кінатэатр «Эдэн». Першы з вядомых Манастырскіх - бацька братоў, Мікалай Манастырскі, з'яўляўся намеснікам гарадзенскага губернскага пракурора і выконваў свае абавязкі ў Наваградку. Праславіўся тым, што здолеў высачыць і выкрыць банду нейкага Вайнштэйна, якая рабавала мясцовых абшарнікаў, купцоў і гандляроў. За гэтую справу ва ўзросце 36 гадоў атрымлівае чын стацкага дарадцы і праз год памірае ад апаплексічнага ўдару. Два сыны - Мікалай і Сяргей - засталіся сіротамі. Сяргея ўзяў да сябе ў Пецярбург сваяк, адстаўны генерал. Пасля заканчэння Пецярбургскай Аляксееўскай ваеннай вучэльні Сяргей Мікалаевіч праходзіў службу ў розных гарнізонах, апошнім з якіх быў Ковенскі. Штабс-капітан Манастырскі звольніўся і атрымаў добрую выходную дапамогу, якую выкарыстаў на кінематаграфічную справу. Да таго часу малодшы брат Сяргея Мікалаевіча Міхаіл, дасягнуўшы чыну надворнага дарадцы, таксама выйшаў у адстаўку, пасяліўся ў Сувалках і абзавёўся тут уласным кінатэатрам. Ягоны кінатэатр у Сувалках быў добра абсталяваны, а сам Манастырскі карыстаўся павагай улад і насельніцтва. Гл: Саяпин В., Касатая Т. Гродно: театр, кино, цирк. Гродна, 2011. С. 27-28.; Ивановский Витольд. Штабс-капитан Монастырский и его кинематограф. // Перспектива, 30 октября 2003.

[249] Там жа.

[250] Долинский Иосиф. Память. Небольшие рассказы о прошлом. Москва, 2000. С. 34-35.

[251] «Зігамар» (1911 г.) - гэта адзін з фільмаў знакамітай французскай крымінальнай серыі па рамане Лявона Сазі, рэжысёр - Віктор Жасэ. Фільм апавядаў пра супрацьстаянне дэтэктыва Палена Бракэ і банды крымінальнікаў "Дзета". «Зігамар» быў вельмі папулярны ў розных краінах Еўропы, у тым ліку і ў Расіі. Цікава, што на адной са старых паштовак з выявамі горада Ліды на плоце насупраць кінатэатра «Эдысон» якраз бачна афіша «Зігамара».

[252] Там жа. С. 35.

[253] Виленские губернские ведомости. № 45. 9 июня 1904.

[254] Виленские губернские ведомости. № 56. 18 июля 1912.

[255] Виленские губернские ведомости. № 55. 12 июля 1914.

[256] Лидское Слово. № 9. 11 января 1913.

[257] Там жа.

[258] Лидское Слово. № 28. 31 мая 1913.

[259] Шамрэй К. і інш. Бібліятэкі горада Ліды // Лідскі Летапісец. № 4 (20). 2002. С. 11.

[260] Бібліятэчная справа на Беларусі: дакументы і матэрыялы. ХІХ - пачатак ХХ ст. Мінск, 2008. С. 117-118.

[261] Маецца на ўвазе станок для пераплёту кніг.

[262] Маецца на ўвазе дыяпраектар.

[263] Бібліятэчная справа на Беларусі: дакументы і матэрыялы. ХІХ - пачатак ХХ ст. Мінск, 2008. С. 121-124.

[264] Там жа. С. 128-129.

[265] Лидское Слово. № 1. 17 ноября 1912.

[266] Там жа. С. 126-127.

[267] Лидское Слово. № 1. 17 ноября 1912.

[268] Лидское Слово. № 10. 18 января 1913.

[269] Лидское Слово. № 18. 15 марта 1913.

[270] Там жа.

[271] Лидское Слово. № 4. 7 декабря 1912.

[272] «Доктар С. А. Каплан, прыём хворых штодзённа, Віленская вуліца, дом г. Крывабокава» - Гл: Лидское Слово. № 1. 17 ноября 1912.

[273] Лидское Слово. № 1. 17 ноября 1912.

[274] Лидское Слово. № 9. 11 января 1913.

[275] Лидское Слово. № 22. 12 апреля 1913.

[276] Лидское Слово. № 7. 28 декабря 1912.

[277] Ісак Носелевіч Пупко, "гласный" гарадской думы. Гл: Памятная книжка Виленской губернии за 1885 г. Вильно, 1884. С. 237.

[278] Аўтар, відавочна, жартуе. Для нас, мясцовых людзей, этымалогія прозвішча зразумелая.

[279] Sefer Lida. Former residents of Lida in Israel and the Committee of Lida Jews in USA. Tel-Aviv. 1970. P. 138.

[280]Лидское Слово. № 17. 8 марта 1913.

[281] Нафталь Сольц стала атрымліваў ад дзяржавы за найм памяшканняў для ніжніх чыноў раскватараваных у Лідзе войск 625 руб. у год. Гл: Виленские губернские ведомости. № 54. 11 июля 1890;

Нафталь Сольц "гласный" гарадской думы. Гл: Памятная книжка Виленской губернии за 1885 г. Вильно, 1884. С. 237.

[282] Sefer Lida. Former residents of Lida in Israel and the Committee of Lida Jews in USA. Tel-Aviv. 1970. P. 139.

[283] Sefer Lida. Former residents of Lida in Israel and the Committee of Lida Jews in USA. Tel-Aviv. 1970. P. 137.

[284] Лидское Слово. № 2. 24 ноября 1912.

[285] Лидское Слово. № 3. 30 ноября 1912.

[286] Лидское Слово. № 7. 28 декабря 1912.

[287] Лидское Слово. № 22. 12 апреля 1913.

[288] Каб абысці працэнтную норму, шмат яўрэяў здавалі курс гімназіі экстэрнам.

[289] Лидское Слово. № 23. 19 апреля 1913.

[290] Лидское Слово. № 19. 22 марта 1913.

[291] Лидское Слово. № 2. 24 ноября 1912.

[292] Лидское Слово. № 5. 14 декабря 1912.

[293] Лидское Слово. № 14. 15 февраля 1913.

[294] Аршанскі Б. М. (1883-1945) - крытык, драматург. Нарадзіўся ў мястэчку Гарадок Віцебскай губерні. З 1903 г. удзельнічаў у «Бундзе», з 1918 г. - член ВКП(б), з 1926 г. кіраваў яўрэйскай секцыяй Інбелькульта ў Менску, у 1932 г. сасланы на Камчатку. Драма з жыцця працоўных «Ганна» - адна з першых напісаным гэтым аўтарам. Гл: Литературная энциклопедия. Т. 8. Москва, 1934. С. 327.

[295] Лидское Слово. № 6. 21 декабря 1912.

[296]Лидское Слово. № 19. 22 марта 1913.

[297] Лидское Слово. № 22. 12 апреля 1913.

[298] Лидское Слово. № 23. 19 апреля 1913.

[299] Лидское Слово. № 8. 4 января 1913.

[300] Виленские губернские ведомости. № 55.14 июля 1890.

[301] Kurіer Litewski. № 193. 27 sierpnia (9 wrzesnia) 1910.

[302] Виленские губернские ведомости. № 76. 26 сентября 1898.

[303] Виленские губернские ведомости. № 45. 9 июня 1904.

[304] Виленские губернские ведомости. № 93. 25 ноября 1906.

[305] Виленские губернские ведомости. № 55. 12 июля 1914.

[306] Виленские губернские ведомости. № 50. 23 июня 1910.

[307] Виленские губернские ведомости. № 63. 11 августа 1912.

[308] Лидское Слово. № 23. 19 апреля 1913.

[309] Виленские губернские ведомости. № 63. 11 августа 1912.

[310] Виленские губернские ведомости. № 40. 22 мая 1913.

[311] Kurіer Litewski. № 134. 16 (29) czerwca 1910.

[312] Виленские губернские ведомости. № 56. 18 июля 1912.

[313] Kurіer Wileński. № 92. 26 kwietnia (9 maja) 1911.

[314] Лидское Слово. № 23. 19 апреля 1913.

[315] Памятная книжка Виленской губернии за 1872 г. Вильно, 1871. С. XLIV.

[316] Вальчук Э. А. К истории аптечного дела в Беларуси (XVIII век - 1861 г.) // Вестник фармации. № 2 (52). 2011. С. 17-19.

[317] Виленские губернские ведомости. № 59. 31 июля 1899.

[318] Памятная книжка Виленской губернии за 1891 г. Ч. 2. Вильно, 1890. С. 109.

[319] Вальчук Э. А. Особенности развития медико-санитарной помощи и аптечного дела в Беларуси после отмены крепостного права (1861 г. - начало XX века) // Вестник фармации 2011. № 2 (52). С. 24.

[320] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Ф. 1. Воп. 4. Спр. 40. «Смета прихода и расхода денежных средств в гр. Лида на 1832 г.». А. 3.

[321] Виленские губернские ведомости. № 68. 31 августа 1905.

[322] Виленские губернские ведомости. № 100. 20 декабря 1897.

[323] Виленские губернские ведомости. № 45. 9 июня 1904.

[324] Города России в 1904 году. С.-Петербург, 1906. С. 75.

[325] Виленские губернские ведомости. № 40. 22 мая 1813.

[326] Виленские губернские ведомости. № 21. 12 марта 1911.

[327] Виленские губернские ведомости. № 40. 22 мая 1813.

[328] Техника - молодёжи. № 06. 1940. С. 11.

[329] Виленские губернские ведомости. № 56. 18 июля 1912.

[330] Там жа.

[331]Лидское Слово. № 11. 25 января 1913.

[332] Виленские губернские ведомости. № 40. 22 мая 1813.

[333] Лидское Слово. № 22. 12 апреля 1913.

[334] Лидское Слово. № 2. 24 ноября 1912.

[335] Лидское Слово. № 9. 11 января 1913.

[336] Лидское Слово. № 8. 4 января 1913.

[337] Лидское Слово. № 10. 18 января 1913.

[338] Лидское Слово. № 10. 18 января 1913.

[339] Там жа.

[340] Лидское Слово. № 11. 25 января 1913.

[341] Лидское Слово. № 11. 25 января 1913.

[342] Там жа.

[343] Федоров И.О. Город Лида в годы установления советской власти (1919-1920) // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада : матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф. (Ліда, 3 кастр. 2008 г.). Ліда, 2008. С. 131.

[344] Лидское Слово. № 3. 30 ноября 1912.

[345] Лидское Слово. № 23. 19 апреля 1913.

[346] Лидское Слово. № 14. 15 февраля 1913.

[347] Лидское Слово. № 6. 21 декабря 1912.

[348] Kurіer Litewski. № 183. 15(28) sierpnia 1906.

[349] Nasza Niwa. № 19. 11 (24) sienciabra 1908.

[350] Nasza Niwa. № 22. 23 (5) akciabra 1908.

[351] Наша Ніва. № 9. 27 (12) февраля 1909.

[352] Наша Ніва. № 31-32. 6 (19) аўгуста 1909.

[353] Там жа.

[354] Наша Ніва. № 37. 10 (23) сенцябра 1909.

[355] Kurіer Litewski. № 102. 7 (20) maja 1910.

[356] Наша Ніва. № 33. 18 аўгуста 1911.

[357] Гл: Ляхоўскі Уладзімір. Беларуская справа падчас польскай акупацыі 1919-1920 гг. // Спадчына. № 6. 1994. С. 50-87.

[358] Тэкст артыкула: «Чытаючы «Н.Н.» даведаўся я, як п. Максім Тручко ў Слуцкім павеце збіраў паяскі і апісаў сваю няўдачу, трэба ж ведаць, што і ў нашым павеце па вёсках робяць надта пекныя паяскі, але іх прадаваць так сама не хочуць. А чаму гэта скажу зараз.

Прыйшоў я ў суседнюю вёску, пераступіў у хаце парог, глянуў, і дзяўчына ёсць: і, пытаю: маеш паясок?

- Ёсць атказвае яна. - То будзеце добры, прадайце мне.

- Не, кажа, на продаж не маю. Гэта не такая рэч, што прадаецца. Здарыцца патрэба, то дармо дам нарачонаму свайму падперэзацца, ды свату.

Значэ з дачкой нічога не зраблю, пайду да старой маткі.

- Чаму ваша дачка не хочэ прадаць паяска? Пытаю.

- Охо, кажа старая, як ваша прыйшоў, бачыць суседнія дочкі прыбеглі, яны самі між сабой, чула я, шэпталі: "Ён кавалер, прыйшоў выглядаць, быццам толькі паяскоў шукаіць, глядзі са сватам прыпрэцца, узяць грошы зазлуецца, не браць грошы - насмяецца".

- Годзі, кажа старой, усё ж-ткі можна купіць паясок у вас?

Не, мой галубок, ня ведаю я добра і сама ці можна, ці не... Калісь бывала ў нас старых паяс меў тое самае значэнне перад шлюбам, што цяпер пярсцёнак пасля шлюбу. Ага, кажу, дзякуй маці за вядомасць, ведаю цяпер, чаму не прадаюць дочкі паяскоў: гэта таму, што добра ў памяці дзяржыцца старое значэнне паяска». - Цыт. па: Наша Ніва. № 46. 17 (30) лістапада 1911.

[359] Наша Ніва. № 46. 17 (30) лістапада 1911.

[360] Наша Ніва. № 50. 15 (28) лістапада 1911.

[361] Наша Ніва. № 50. 15 (28) лістапада 1911.

[362] Kurіer Wileński. № 61 (181). 12 (25) sierpnia 1911.

[363] Наша Ніва. № 14. 3 красавіка 1914.

[364] Kurіer Litewski. № 12. 15 (28) stycznia 1908.

[365] Kurіer Litewski. № 102. 7 (20) maja 1910.

[366] Kurіer Litewski. № 132. 13 (26) czerwca 1910.

[367] Валютны курс у той час: 1 дол. = 2 руб.

[368] Nasza Niwa. № 27. 17 (30) sierpienia 1907.

[369] Nasza Niwa. № 32. 26 (8) akciabra 1907.

[370] Kurіer Litewski. № 195. 26 sierpnia (8 września) 1908.

[371] Наша Ніва. № 20. 13 (26) травеня 1910.

[372] Наша Ніва. № 2. 13 (26) студзеня 1912.

[373] Наша Ніва. № 25. 21 чэрвеня 1912.

[374] Там жа.

[375] Kurіer Litewski. № 249. 29 października (11 listopada) 1908.

[376] Лидское Слово. № 16. 1 марта 1913.

[377] Лидское Слово. № 11. 25 января 1913.

[378] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Ф. 1. Воп. 9. Спр. 110. «Об учреждении городской полиции в гор. Волковыске, Лиде и Слониме».

[379] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Ф. 1. Воп. 4. Спр. 40. «Смета прихода и расхода денежных средств в гр. Лида на 1832 г.». А. 3.

[380] Памятная книжка Виленской губернии на 1894 г. Вильна, 1893. С. 274.

[381] Виленские губернские ведомости. № 76. 26 сентября 1898.

[382] Виленские губернские ведомости. № 55. 14 июля 1890.

[383] Памятная книжка Виленской губернии на 1903 г. Ч. 3. Вильно, 1902. С. 58.

[384] Виленские губернские ведомости. № 87. 6 ноября 1899.

[385] Памятная книжка Виленской губернии на 1900 г. Вильно, 1899. С. 272.

[386] Виленские губернские ведомости. № 95. 29 ноября 1900.

[387] Памятная книжка Виленской губернии на 1902 г. Вильно, 1901. С. 262.

[388] Виленские губернские ведомости. № 77. 29 сентября 1901.

[389] Виленские губернские ведомости. № 20. 9 января 1905.

[390] Виленские губернские ведомости. № 76. 26 сентября 1907.

[391] Виленские губернские ведомости. № 92. 22 ноября 1906.

[392] Наша Доля. № 1. 1 сенцября 1906 г.

[393] Виленские губернские ведомости. № 50. 23 июня 1910.

[394] Виленские губернские ведомости. № 63.11 августа 1912.

[395] Лидское Слово. № 5. 14 декабря 1912.

[396] Biełarus. № 6. 14 lutaho 1913.

[397] Виленские губернские ведомости. № 61. 2 августа 1914.

[398] Виленские губернские ведомости. № 9. 10 сентября 1916.

[399] Наша Ніва. № 12. 18 (31) сакавіка 1910.

[400] Kurіer Litewski. № 221. 30 wrzesnia (13 pazdernika) 1906.

[401] Kurіer Litewski. № 72. 31 marca (13 kwietnia) 1910.

[402] Kurіer Litewski. № 21 (122). 26 stycznia (8 lutego) 1906.

[403] Kurіer Litewski. № 219. 29 września (11 października) 1906.

[404] Kurіer Litewski. № 166 (267). 26 lipca (8 sierpnia) 1906.

[405] Kurіer Litewski. № 180. 15 (28) sierpnia 1907.

[406] Kurіer Wileński. № 129.11 (24) czerwca 1911.

[407] Леон Феліксавіч Якштас, малодшы афіцэр 1-й роты 172 палка - Гл: Памятная книжка виленской губернии на 1911 г. Вильно, 1911. С. 157.

[408] Kurіer Wileński. № 243. 28 pazdernika (8 listopada) 1911.

[409] Kurіer Wileński. № 92 (212). 20 września (8 października) 1911.

[410] Kurіer Wileński. № 70 (190). 24 sierpnia (6 września) 1911.

[411] Наша Ніва. № 37. 10 (23) сенцябра 1909.

[412] Наша Ніва. № 4. 25 студзеня 1913.

[413] Лидское Слово. № 9. 11 января 1913.

[414] Biełarus. № 23. 19 жніўня 1913.

[415] Лаўрэш Леанід. Кароль Андоры з-пад Ліды // Маладосць. №10. 2014. С. 114-125.

[416] 31 250 $ у 1913 г. роўныя 771 856 $ у 2017 г.

[417] New York Times. 30 March 1913.

[418] Kurіer Litewski. № 220. 3 (16) października 1907.

[419] Nasza Niwa. № 36. 21 hrudnia 1907.

[420] Nasza Niwa. № 6. 14 (27) marca 1908.

[421] Kurіer Wileński. № 131 (251), 5 (18) listopada 1911.

[422] Kurіer Wileński. № 4. 7 (20) października 1910.

[423] Kurіer Wileński. № 57. 10 (23) grudnia 1910.

[424] Наша Ніва. № 12. 24 сакавіка 1911.

[425] Наша Ніва. № 11. 17 сакавіка 1911.

[426] Наша Ніва. № 14. 5 красавіка 1913.

[427] Лидское Слово. № 16. 1 марта 1913.

[428] Лидское Слово. № 6. 21 декабря 1912.

[429] Лидское Слово. № 17. 8 марта 1913.

[430] Лидское Слово. № 11. 25 января 1913.

[431] Лидское Слово. № 17. 8 марта 1913.

[432] Лидское Слово. № 5. 14 декабря 1912.

[433] Там жа.

[434] Лидское Слово. № 14. 15 февраля 1913.

[435] Лидское Слово. № 28. 31 мая 1913.

[436] Kurіer Litewski. № 43. 23 lutego (8 marca) 1910.

[437] Kurіer Litewski. № 137. 20 czerwca (3 lipca) 1910.

[438] Наша Ніва. № 12. 18 (31) сакавіка 1910.

[439] Kurіer Litewski. № 190. 24 sierpnia (6 września) 1910.

[440] Kurіer Wileński. № 41. 20 lutego (5 marca) 1911.

[441] Лидское Слово. № 4. 7 декабря 1912.

[442] Лидское Слово. № 6. 21 декабря 1912.

[443] Лидское Слово. № 7. 28 декабря 1912.

[444] Kurіer Wileński. № 228. 8 (21) pazdernika 1911.

[445] Размова са старым шляхціцам // Лідскі Летапісец. № 2 (58). 2012. С. 52.

[446] Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. 448. Воп. 5. Спр. 850. А. 243.

[447] Kurіer Litewski. № 3. 4 (17) stycznia 1906.

[448] Kurіer Litewski. № 78. 10 (23) kwietnia 1907.

[449] Kurіer Litewski. № 119. 27 maja (9 czerwca) 1910.

[450] Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. 448. Воп. 5. Спр. 850. А. 34.

[451] Там жа. А. 4.

[452] Там жа. А. 6-10.

[453] Там жа. А. 36.

[454] Там жа. А. 37.

[455] Виленские губернские вести. № 71. 07 сентября 1911.

[456] Kurіer Wileński. № 221. 30 wrzesnia (13 pazdernika) 1911.

[457] Homan. № 77. 7 listapada 1916.

[458] Kurіer Wileński. № 221. 30 wrzesnia (13 pazdernika) 1911.

[459] Памятная книжка Виленской губернии на 1893 г. Вильно, 1892. Ч. 2. С. 108.

[460] Шимелевич М. Город Лида и Лидский замок // Виленский календарь. Вильно, 1906. С. 37-57.

[461] Суднік С. Лідскія // Лідскі летапісец. № (14). 2001. С. 24-30.

[462] Kurіer Litewski. № 183. 15 (28) sierpnia 1906.

[463] «Кватэра протаіерэя Каяловіча знаходзіцца ў каменным будынку, які прымыкае да сабора [Святаміхайлаўскай царквы - Л. Л.] з усходняга боку». Гл: Литовские епархиальные ведомости. № 43. 1887. С. 370.

[464] Kurіer Litewski. № 213. 25 wrzesnia (8 pazdziernika) 1907.

[465] Города России в 1904 году. С.-Петербург, 1906. С. 132.

[466] Kurіer Wileński. № 212. 20 wrzesnia (8 pazdziernika) 1911

[467] Biełarus. № 31. 23 кастрычніка 1913.

[468] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Ф. 1. Воп. 4. Спр. 40. «Смета прихода и расхода денежных средств в гр. Лида на 1832 г.». А. 3.

[469] Виленские губернские ведомости. № 62. 10 августа 1885.

[470] Виленские губернские ведомости. № 54. 11 июля 1890.

[471] Виленские губернские ведомости. № 50. 25 июля 1892.

[472] Виленские губернские ведомости. № 100. 20 декабря 1897.

[473] Виленские губернские ведомости. № 76. 26 сентября 1898.

[474] Памятная книжка Виленской губернии на 1900 г. Вильна, 1899. С. 284.

[475] Города России в 1904 году. С.-Петербург, 1906. С. 75.

[476] Виленские губернские ведомости. № 68. 29 августа 1901.

[477] Виленские губернские ведомости. № 45. 9 июня 1904.

[478] Лидское Слово. № 3. 30 ноября 1912.

[479] Лидское Слово. № 4. 7 декабря 1912.

[480] Лидское Слово. № 14. 15 февраля 1913.

[481] Лидское Слово. № 28. 31 мая 1913.

[482] Kurіer Litewski. № 78. 10 (23) kwietnia 1907.

[483] Kurіer Litewski. № 27. 11 (24) października 1907.

[484] Наша Ніва. № 32. 26 (8) akciabra 1907; Наша Ніва. № 36. 21 hrudnia 1907.

[485] Графіня Зоф'я Красіцкая з дома Кашыц (28.02.1852-25.01.1933). Нарадзілася ў Тарнова, дачка Канстанціна Кашыца (1828-1881) і Юліі з Нясілоўскіх (1830-?). Муж - Раман Станіслаў Красіцкі (1844-1878). Мела сына Алексу Яна Марьяна (1878-1935). Памерла ў Лідзе, пахавана на Росах у Вільні.

[486] Наша Ніва. № 32. 26 (8) akciabra 1907.

[487] Наша Ніва. № 36. 21 hrudnia 1907.

[488] Наша Ніва. № 12. 18 (31) сакавіка 1910.

[489] Наша Ніва. № 22. 23 (5) akciabra1908.

[490] Kurіer Litewski. № 144. 29 czerwca (12 lipca) 1910.

[491] Kurіer Wileński. № 97. 1 (14) maja 1911.

[492] Kurіer Litewski. № 190. 24 sierpnia (6 września) 1910.

[493] Kurіer Litewski. № 115. 20 maja (2 czerwca) 1908.

[494] Наша Ніва. № 32. 9 жніўня 1913.

[495] Kurіer Wileński. № 152 (272). 30 listopada (13 grudnia) 1911.

[496] Kurіer Wileński. № 162 (282). 13(26) grudnia 1911.

[497] Kurіer Litewski. № 234. 11 (24) października 1908.

[498] Kurіer Litewski. № 129. 10 (23) czerwca 1910.

[499] Наша Ніва. № 25. 17 (30) чэрвеня 1910.

[500] Наша Ніва. № 4. 27 студня 1911.

[501] Наша Ніва. № 50. 15 (28) лістапада 1911.

[502] Kurіer Litewski. № 219. 24 września (7 października) 1908.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX