Папярэдняя старонка: Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг.

Частка 2. Лідчына ў 1913-1923 гг. 


Аўтар: Лаўрэш, Л. Л.,
Дадана: 30-10-2018,
Крыніца: Гродна: ТАА «ЮрСаПрынт», 2017.

Спампаваць




Перад Першай сусветнай вайной

Першая сусветная вайна

Заканчэнне нямецкай акупацыі

Бальшавіцка-польская вайна

Аднаўленне мірнага жыцця, 1921-1923 гг.


Перад Першай сусветнай вайной

Перад Першай сусветнай вайной у Лідзе жыло 16 000 чалавек. Горад меў два бровары - Папірмайстра і Пупко, спіртзавод Стругача, тартак Палячака, ліцейны завод братоў Шапіраў, тытунёвую фабрыку Віленчыка, фабрыку па вырабе мыла Ківяловіча, фабрыку разліву манапольнага алкаголю, шмат крам і аптовых складаў. З фінансавых устаноў у горадзе меліся: Таварыства ўзаемнага крэдыту, Яўрэйскі супольны банк, банкаўская кантора Янушкевіча...

Сучаснікі заўважалі, што на дабрабыт такіх гарадоў як Вільня, Коўна, Гародня, Ліда, Баранавічы, акрамя наяўнасці чыгункі, вялікі ўплыў аказалі буйныя грошы, якія праз войска ўтваралі значную частку гандлёвага абароту гэтых гарадоў, стымулюючы развіццё рознічнага і аптовага гандлю, павялічваючы падаткі і забяспечваючы іх хуткі рост [1].

З пачатку XIX ст. у Лідзе стала дыслакаваліся расійскія войскі.

Напрыклад, у 1806 г. у горадзе стаяў 2-гі лейб-драгунскі Пскоўскі полк, пад царкву для рускага драгунскага палка забралі трапезную кляштара кармелітаў. Камандзірам палка быў немец, лютэранін генерал Корф. Гэты ж генерал забраў кляштарны дом, які да яго здаваўся і прыносіў кармелітам добры даход (каля 150 руб. у год), скаргі належным уладам не дапамаглі [2].

Адразу пасля паўстання 1830-1831 гг. у горадзе кватаруе Эстляндскі егерскі полк [3].

Перад паўстаннем 1863 г. і пасля яго горад і павет былі нашпігаваны рознымі часткамі расійскага войска.

У 1872-1887 гг. у Лідзе знаходзіўся штаб 4-га палка данскіх казакоў. Лідзянін Януш Сегень пісаў: «Кляштар... кармеліцкі... займалі вайсковыя ўлады. Там быў клуб і жытло палкоўніка. [...] У Лідзе ў той час стаяў полк данскіх казакоў. Трэба разумець, што ў горадзе размяшчаўся толькі штаб, а казакі з коньмі стаялі за горадам, займаючы гумны і стадолы для коней і сябе. З той нагоды шмат засталося казацкай натуры ў нашых вёсках» [4].

У 1887-1891 гг. у Лідзе кватараваў 2-гі чыгуначны батальён, які будаваў Палескую чыгунку. Пасля пераводу гэтага батальёна ў Баранавічы ў горад перадыслакаваўся 89-ы рэзервовы батальён пяхоты з Дынабурга. Першапачаткова гэтая вайсковая адзінка ў складзе дзвюх рот была сфармавана 17 студзеня 1811 г. у Пензе пад назвай Пензенскага ўнутранага губернскага паўбатальёна, ужо 27 сакавіка таго ж года паўбатальён быў перафармаваны ў батальён. 14 ліпеня 1816 г. пры стварэнні асобнага корпуса ўнутранай варты батальён атрымаў назву Пензенскага ўнутранага гарнізоннага батальёна. У 1864 г. пры скасаванні гэтага корпуса і арганізацыі мясцовых войскаў батальён названы Пензенскім губернскім батальёнам, а 26 жніўня 1874 г. - Пензенскім мясцовым батальёнам. У часы руска-турэцкай вайны 1877-1878 гг. батальён вылучыў кадры на фармаванне 46-га рэзервовага пяхотнага батальёна (скасаванага 11 верасня 1878 г.) і атрымаў 31 жніўня 1878 года назву 89-га рэзервовага пяхотнага кадравага батальёна. 7 красавіка 1880 г. батальёну прызначаны просты, без надпісу, сцяг.

Нагрудны знак 172-га Лідскага палка.

25 сакавіка 1891 г., у царстваванне Аляксандра III, батальёну прысвоена назва Лідскага рэзервовага батальёна. 1 снежня 1892 г. батальён перафармаваны ў двухбатальённы полк і названы 185-м пяхотным рэзервовым Лідскім палком. 1 студзеня 1893 г. былі сфармаваны яшчэ два батальёна, і полк стаў 172-м пяхотным Лідскім палком. 27 сакавіка 1911 г., у дзень 100-гадовага юбілею, палку падараваны новы сцяг узору 1900 г. Сцяг меў цёмна-зялёную аблямоўку, залатое шыццё, наверша ўзору 1857 г. і чорнае дрэўка. На адным баку сцяга малюнак Спаса Нерукатворнага. На абароце даты «1811-1911». На Аляксандраўскай юбілейнай стужцы надпісы: «1911 год» і «1811. ПЕНЗЕНСКIЙ ВНУТРЕННIЙ ГУБЕРНСКIЙ БАТАЛIОНЪ» [5].

Камандзіры палка:

· 03.02.1902 - пасля 01.11.1907 - палкоўнік Тарасевіч Аляксей Іосіфавіч;

· 24.11.1908 - пасля 31.01.1913 - палкоўнік Раманаў Уладзімір Раманавіч;

· 06.08.1915 - пасля 09.1916 - палкоўнік Каломенскі Мікалай Пятровіч;

· 25.11.1916 - ? - палкоўнік Яралаў Лазар Іванавіч.

Нагрудны знак палка зацверджаны 25.02.1911 г., апісанне знака: «Лаўровы вянок, увенчаны чорным аксідаваным двухгаловым арлом і звязаны ўнізе стужкай з юбілейнымі датамі: "1811-1911"». На вянок пакладзены вензелі імператара Аляксандра I і Мікалая II, а пад імі нумар палка: "172". Унізе на вянку змешчаны два гербы: злева - Пензенскай губерні (у зялёным полі тры снапы), у памяць аб паходжанні палка ад Пензенскага гарнізоннага батальёна, і справа - горада Ліды [наверсе сярэбраны вершнік на чырвоным полі, а ўнізе сноп і серп на зялёным полі - герб Ліды ў імперыі - Л. Л.]».

Цікава, што ў 1915 г. менавіта ў 172-м палку шарагоўцам пачынаў службу будучы сталінскі кат Мікалай Яжоў.

Асабовы склад 172-га пяхотнага Лідскага палка часткова кватараваў у прыватных наёмных дамах, часткова размяшчаўся ў маёнтку Нясікаўшчына пад Лідай, у мястэчку Беліца і нават у Алькеніках. Кожны год 28 траўня полк выязджаў у летні лагер пад Араны, адкуль вяртаўся звычайна 28 верасня.

У 1908-1912 гг. на землях, падораных горадам, вайсковая будаўнічая камісія на чале з генерал-маёрам Канабіхам пабудавала для Лідскага палка прасторныя і на той час добра абсталяваныя казармы. На будаўніцтве выкарыстоўвалі цэглу з закрытага царскімі ўладамі шматпакутнага касцёла кармелітаў, разбураны будынак якога знаходзіўся недалёка ад фарнага касцёла. У 1912 годзе полк перасяліўся ў новыя казармы [6].

Паходная палкавая царква Святой Тройцы заснавана ў 1892 г. Пасля пераходу палка з прыватных наёмных казармаў у новыя казармы за горадам палкавая царква ўладкоўвалася ў сталовай батальёна. Па штаце пры царкве быў адзін святар.

У 1906 г. з Далёкага Усходу ў Ліду была пераведзена 9-я паветраплавальная рота, якая першапачаткова дыслакавалася ў прыватных хатах каля праваслаўных могілак па вуліцы Віленскай. У Лідзе размяшчаліся 2 аэрастаты, 2 газгольдары, лябёдка і 3 павозкі з прыстасаваннем для пад'ёму. У 1910 годзе вайсковая будаўнічая камісія на выкупленых скарбам у Яна і Міхала Садоўскіх у маёнтку Перапечыца землях пад кіраўніцтвам генерал-маёра Канабіха пабудавала казармы і іншыя пабудовы, у тым ліку вялізны элінг для дырыжабляў - драўляны, на металічным каркасе [7].

Пасля пабудовы аэрадрома тут размясцілася 3-я паветраплавальная рота, на ўзбраенні якой стаялі 4 дырыжаблі мяккага тыпу: «Альбатрос», «Астра», «Голуб» і «Грыф».

Першым, з базы Вучэбнага паветраплавальнага парку ў вёсцы Салізі пад Санкт-Пецярбургам, у Ліду прыбыў «Альбатрос».

Дырыжабль «Голуб» быў пабудаваны ў Расіі ў 1910 г. на Іжорскім заводзе ў Колпіна пад Санкт-Пецярбургам па праекце прафесараў К. П. Баклеўскага, А. П. Ван-дэр-Фліта і інжынера В. Ф. Найдзёнава пры ўдзеле капітана Б. В. Голубева. У Ліду дырыжабль прыбыў у 1913 г. У час Першай сусветнай вайны на ім было зроблена некалькі разведвальных палётаў, але за лінію фронту ён не залятаў. А неўзабаве пасля пачатку вайны ў кастрычніку 1914 г. гэты дырыжабль забралі з Ліды.

Першыя ўдалыя палёты «Голуба» паказалі адпаведнасць іх лётна-тэхнічных характарыстык разлікам, з'явіліся падставай для закладкі ў 1911 г. на Іжорскім заводзе буйнога дырыжабля аб'ёмам 9600 м 3. названага «Альбатрос». Яго пабудова была скончана восенню 1913 г. Гэта быў найбольш дасканалы дырыжабль з усіх пабудаваных на рускіх заводах. Ён меў даўжыню 77 м, вышыню 22 м і максімальны дыяметр 14,8 м, развіваў хуткасць да 68 км/г. Максімальная вышыня пад'ёму дасягала 2400 м, а працягласць палёту - 20 гадзін. Сілавая ўстаноўка складалася з двух рухавікоў магутнасцю па 118 кВт. Аўтарамі праекту «Альбатроса» былі Б. В. Голубеў і Д. С. Сухаржэўскі, гэты дырыжабль таксама базаваўся ў Лідзе.

Дырыжабль «Грыф» (аб'ём абалонкі 7300 м 3, даўжыня 70 м, максімальны дыяметр 14 м, два рухавікі па 81 кВт, максімальная хуткасць 59 км/г, максімальная працягласць палёту 20 гадзін), набыты з Германіі ў 1910 годзе як «Parseval VII», быў перададзены ў паветраплавальную роту ў Лідзе ў верасні 1914 г. Аднак у гады Першай сусветнай вайны ён не выконваў баявых задач, а выкарыстоўваўся толькі для навучальных палётаў. Увесну 1915 г. гэты дырыжабль быў разабраны. Але яго ангар - першы жалезны ў імперыі, вытворчасці фірмы Круп (Германія) - прастаяў нашмат даўжэй і быў разабраны толькі ў 1931 г.

Яшчэ адзін дырыжабль замежнай вытворчасці, які базаваўся ў Лідзе, меў назву «Астра». Яго пабудавалі ў Францыі ў 1913 годзе як «Astra XIII» і потым даставілі да месца свайго базавання - на авіябазу ў Ліду. Характарыстыкі «Астры»: аб'ём абалонкі 10 000 м 3, даўжыня 78 м, максімальны дыяметр 15 м, два рухавікі па 147 кВт, максімальная хуткасць 59 км/г, максімальная працягласць палёту 15 гадзін. «Астра» быў практычна адзіным рускім ваенным дырыжаблем, які прыняў удзел у баявых дзеяннях Першай сусветнай вайны. У траўні 1915 г. ён выканаў тры начныя палёты на бомбакіданне па пазіцыях германскіх войскаў. Пры гэтым ён атрымаў шмат пашкоджанняў і ў далейшым амаль не эксплуатаваўся. У другой палове 1915 г. «Астру» дэманціравалі. Дарэчы, рэшткі дырыжабля «Астра» ў 1920 г. сталі асновай для першага савецкага дырыжабля «Чырвоная зорка» [8].

У красавіку 1911 г. каталіцкая газета «Беларус» паведаміла пра падзеі на лідскай авіябазе: «Ліда. Па прыгавору Віленскага Ваеннага Суда - у Лідзе расстралялі салдата Формана за тое, што ён забіў афіцэра Пахойкіна, які адмовіў просьбе салдата пайсці ў горад» [9]. Другая беларуская газета, «Наша Ніва», трошкі падрабязней расказала пра гэтае экстраардынарнае здарэнне: «Віленскі ваенны суд разглядзеў пры зачыненых дзвярах справу салдата лятучага атрада ў Лідзе, Формана, абвінавачанага ў тым, што ён забіў афіцэра Пахойкіна. Прычынай забойства было тое, што Пахойкін не дазволіў Форману пайсці на шпацыр у горад. Ваенны суд прысудзіў Формана на кару смерці. Камандуючы Віленскай ваеннай акругай зацвердзіў пастанаўленне суда, і Формана перавёзшы ў Ліду - перад усім гарнізонам расстралялі» [10]. Мясцовая газета «Лідскае слова» прозвішча салдата падавала як «Фурман»: «17 кастрычніка шараговы 9-й паветраплавальнай роты Фурман забіў унтэр-афіцэра Пахойкіна. Падпрапаршчык дазволіў Фурману адлучыцца з казармаў, а дзяжурны па роце Пахойкін не дазволіў. Фурман пайшоў у горад без дазволу, і Пахойкін паслаў па яго патруль, які вярнуў Фурмана ў казарму. Праз нейкі час Фурман зайшоў на кухню, дзе ў той момант знаходзіўся Пахойкін, і нечакана ўдарыў яго кінжалам» [11].

У 1912 г. пачалося і ў асноўным было скончана будаўніцтва ваеннага аэрадрома, складоў авіяцыйнай маёмасці, казармаў. У тым жа годзе Генеральны штаб Расіі складае меркаванні аб усталяванні авіяцыйных цэнтраў у акругах. Адзін з такіх для Віленскай акругі плануецца ўсталяваць у Лідзе на будаваным аэрадроме. У Лідзе з'яўляюцца баявыя самалёты [12].

27 жніўня 1913 года віленская газета «Вячэрні веснік» пісала: «Адносна прыбыўшага ўчора ў Вільню ваеннага дырыжабля высвятляецца, што ён прыляцеў з Ліды з мэтай зрабіць выпрабаванні, ці можна з вышыні 900-1000 метраў праводзіць тапаграфічныя здымкі. Задача гэтая была ўскладзена на штабс-капітана Шапілёва, які пераканаўся, што з прымяненнем адпаведных інструментаў здымкі цалкам магчымыя. Пералёт з Ліды ў Вільню быў здзейснены на працягу трох гадзін з хуткасцю 40 вёрст у гадзіну. Дырыжабль змагаўся ў хуткасці з пасажырскім цягніком, які ішоў у Вільню. Апошні быў пераможаны».

У красавіку 1914-га над Лідай адбылася авіяцыйная катастрофа: «Ліда. 16-га красавіка над Лідай лёталі тры аэрапланы. На адным з іх загарэўся бензін, аэраплан упаў, і загінулі афіцэр і жаўнер» [13]. Газета пісала пра падпаручніка Ветчынкіна Я. П. і механіка Кавальчука, якія загінулі ў Лідзе пры палёце на самалёце «Ньюпар». Пры планіраванні з вышыні 200-300 метраў самалёт «Ньюпар-IV» раптоўна пайшоў уніз, Кавальчук выпаў з самалёта, схапіўся за верхні трос і, правісеўшы ў такім жахлівым стане 2-3 секунды, зваліўся на зямлю і разбіўся на смерць. Самалёт з пілотам урэзаўся ў дом і загарэўся.

Гэты самалёт разбіўся з-за недахопаў канструкцыі. «Ньюпар» быў пабудаваны па французскай ліцэнзіі на заводзе Шчацініна ў Расіі. Якасць вытворчасці была вельмі нізкай [14]. Аднак катастрофа не спыніла палёты. Вось што распавядала аб адным з палётаў газета «Віленскі веснік» ад 18 красавіка 1914-га: «Трэцяга дня каля 8 гадзін вечара ў раён размяшчэння 169 пяхотнага Нова-Траецкага палка апусціўся прыляцеўшы з Ліды аэраплан з ваенным лётчыкам паручнікам Альбрэхтам і механікам унтэр-афіцэрам Белагубенка. У прызначаны час прыбыў камандзір яго авіяцыйнай роты ў Лідзе капітан Рэшчыкаў. Паручнік Альбрэхт быў сустрэты камандзірам 169 пяхотнага Нова-Траецкага палка палкоўнікам Якімоўскім на чале афіцэраў палка, якія запрасілі афіцэраў-паветраплавальнікаў у афіцэрскі сход падзяліць хлеб-соль... Пачынаючы з наступнага дня, у Вільню з Ліды будуць лётаць аэрапланы, здзяйсняючы практычныя палёты».

Прысутнасць вайсковых частак у горадзе павялічвала ўзровень злачыннасці, напрыклад, 2 студзеня 1913 г. за ўкрывальніцтва беглага жаўнера 9-й паветраплавальнай роты Е. Яфрэмава арыштавана сялянка С. Кенць. Для арышту жаўнера быў пасланы аддзел стражнікаў [15]. А 6 лютага на пабудове казённых будынкаў 9-й паветраплавальнай роты з закрытага склада скрадзена 120 пудоў дахавага жалеза [16].

Перад пачаткам вайны павятовым вайсковым начальнікам, адказным за рэзервістаў, і адначасова камендантам горада Ліда быў падпалкоўнік Кароўнікаў [17].

Усе лідскія вайсковыя часткі ўваходзілі ў акругу, штаб якой знаходзіўся ў Вільні. З 20 студзеня 1913-га па 19 ліпеня 1914-га Віленскай вайсковай акругай камандаваў генерал ад кавалерыі Павел Карлавіч фон Рэненкампф.

Да пачатку вайны, 3-4 траўня 1914 г. архіепіскап Літоўскі і Віленскі Ціхан (Бялавін), будучы патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі наведаў наш горад. Відавочца гэтага візіту пісаў: «На чыгуначным вакзале яму наладзілі ўрачыстую сустрэчу пад высокай аркай з зеляніны і сцягоў, збудаваную чыгуначнікамі. Зелянінай і сцягамі была ўпрыгожаная ўся дарога ад вакзала да Міхайлаўскага сабора. Уздоўж яе радамі стаялі войскі, авіятарская рота і паліцыянты, грымеў аркестр Лідскага палка. У саборы архірэй адслужыў усяночную службу. Ліція і дабраславенне хлеба здзяйсняліся на плошчы перад саборам у адмыслова ўсталяваным шатры на ўзвышшы. Падчас памазання алеем уладыка раздаў дзве тысячы крыжыкаў. Служба скончылася ў дзесяць вечара. Начаваў уладыка Ціхан у доме настаяцеля а. Іосіфа Каяловіча. Раніцай ад гэтага дома да сабора адбыўся хрэсны ход. Падчас Літургіі ўладыку саслужылі чатырнаццаць святароў. Пасля багаслужбы ён наведаў школу пры саборы і дабраславіў будаваць новае, больш прасторнае памяшканне. Архірэй пабываў у мужчынскай і жаночай гімназіях горада, сустракаўся з дзецьмі гарадскога вучылішча і наведаў Георгіеўскую царкву на могілках, у якой, на магіле памёршай жонкі айца Іосіфа, здзейсніў малітву. У тры гадзіны дня гарадская грамада дала ў гонар госця абед у прыватнай гімназіі Навіцкіх. Увечары ўладыка Ціхан адбыў у Вільню, завяршыўшы агляд епархіі» [18].

Першая сусветная вайна

Пачатак вайны. Набліжэнне вайны абывацель заўважаў па росту актыўнасці войск. Напрыклад, увесну 1910 г. у расійскай прэсе прайшла інфармацыя пра вялікія вайсковыя манеўры, якія прайшлі ў жніўні таго ж года ў ваколіцах Начы, Астрыны, Іўя і Дзевянішак. У манеўрах бралі ўдзел 2-гі, 3-ці і 4-ы карпусы расійскай арміі [19]. Гэта былі карпусы будучай 1-й арміі Рэненкампфа 1914 г.

Войскі перад Паўночным гарадком.

Да пачатку вайны штаб Паўночна-заходняга фронту знаходзіўся ў Лідзе, у горадзе былі галоўнакамандуючы Паўночна-Заходнім фронтам генерал Жылінскі, начальнік штаба генерал М. М. Янушкевіч.

Войскі перад Паўночным гарадком.

Сведка падзей і слынны лідскі гісторык Міхал Шымялевіч пісаў, што лета 1914-га выдалася на рэдкасць гарачым і сухім. Тэмпература паветра ў чэрвені і ліпені дасягала 40 градусаў у цяні, а на працягу некалькіх тыдняў не выпала ні кроплі дажджу. Вада ў рэках, азёрах і ставах спала. На Нёмане ад Морына да Орлі не маглі прайсці плыты, і сплаў дрэва спыніўся. Паветра напоўнілася дымам: гарэлі тарфянікі. На поўдні, каля Нёмана, удзень уздымаліся аблокі дыму, а ўначы было бачна зарыва пажараў - гарэў лес. Звычайна цяжкапраходныя Дакудаўскія і Дзітвянскія балоты высахлі, і па іх ездзілі, як па полі. Каб пайшоў дождж, у вясковых цэрквах і касцёлах служыліся набажэнствы, палі абыходзілі працэсіі з харугвамі і пабожнымі спевамі.

Аднак ураджай сена і канюшыны ў тым годзе быў добры. Таксама быў добры ўраджай жыта і яравых, добра ўрадзіла бульба. Грыбоў і ягад у лясах не было. Садавіна не ўрадзіла, але было шмат мёду. Калі пачалася ўборка ўраджаю, не хапала рук, бо мужчыны былі мабілізаваны на вайну. Таму наёмным працаўнікам плацілі ўдвая - 1 рубель за дзень працы касцам, 60 капеек жнеям.

Ліда, як заўжды ўлетку, вылюднела: інтэлігенцыя выехала на лецішчы ці нават у Друскенікі на сонца і воды, школьная моладзь раз'ехалася па вёсках - да бацькоў ці сяброў. Вучні, чорныя, як індзейцы, сядзелі ў цені дрэў з вудамі каля вады [20].

Летам 1914 года атрымалася так, што галоўная асоба павета маршалак шляхты граф Людвік Грабоўскі (прамы нашчадак апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага ад марганатычнага шлюбу з Эльжбетай Грабоўскай), які павінен быў узначаліць мабілізацыю ў павеце, ад вясны лячыўся ў Пецярбурзе - ён меў камяні ў жоўцевым пузыры і ў нырках. Яго абавязкі выконваў земскі начальнік 1-га ўчастка Міхаіл Трафімаў. Павятовы спраўнік фон Гротэ дэ Буко яшчэ да пачатку вайны падаў у адстаўку па ўзросце, чакаў загад аб выхадзе на пенсію і таму знаходзіўся ў адпачынку. У сувязі з набліжэннем вайны віленскі губернатар Вяроўкін перапыніў яго адпачынак і загадаў выконваць свае абавязкі. Асноўны цяжар арганізацыі мабілізацыі на Лідчыне лёг на спраўніка Гротэ дэ Буко і Міхаіла Трафімава.

Грабоўскі Людвіг Уладзіслававіч, маршалак (правадзіцель дваранства) Лідскага павета з 07.06.1906 па 25.07.1916 г., губернскі маршалак Віленскай губерні з 25 ліпеня 1916 г.

Як вядома, дваранскіх выбараў у «Заходніх губернях» не існавала, і граф Людвіг Грабоўскі на сваю пасаду быў прызначаны. У 1903-1917 гг. ён пабыў павятовым правадзіцелем дваранства Дзісенскага, Лідскага і Віленскага паветаў.

Да ўзросту 39 гадоў Грабоўскі займаўся гаспадаркай у сваіх маёнтках, пакуль у 1903 г. не быў прызначаны земскім начальнікам у Свянцянскім павеце. Кар'ера Л. В. Грабоўскага складвалася дрэнна, але ён працягваў служыць, бо спадзяваўся, што губернскае кіраўніцтва выканае свае абяцанні - ён атрымае хуткае павышэнне па службе і такім чынам вырашыць свае матэрыяльныя праблемы. Аднак пасада маршалка каштавала яму двух маёнткаў, якія давялося прадаць для пакрыцця расходаў па службе, і страты даверу мясцовых абшарнікаў. Пра абяцанні службовай кар'еры давялося нагадваць гадамі, адзіным суцяшэннем было залічэнне ў спіс кандыдатаў на пасаду віцэ-губернатара Віленскай альбо адной з цэнтральных губерняў. Грабоўскі спрабаваў атрымаць пасаду старшыні Віленскага павятовага з'езда міравых суддзяў ці перавесціся ў Вільню ўчастковым міравым суддзёй, але ягоныя просьбы былі пачутыя толькі ўлетку 1916 г., калі ён атрымаў жаданую пасаду Віленскага павятовага маршалка дваранства. Аднак губерня была ўжо акупавана немцамі.

Людвіг Грабоўскі - мясцовы абшарнік, валодаў маёнткамі ў Лідскім павеце Віленскай губерні і Навагрудскім павеце Мінскай губерні. Ягоная жонка мела маёнткі ў Вілейскім і Свянцянскім паветах. Быў вядомым конназаводчыкам, пра ягоны ўдзел у Агульнарасійскай выставе 1883 г. пісаў вядомы пісьменнік Уладзімер Гіляроўскі ў кнізе «Сябры і сустрэчы»: «Палова чэрвеня, а ўжо пачыналі вызначацца кандыдаты на выйгрыш дэрбі, хоць уладальнікі на ранішніх галопах стараліся схаваць жвавасць сваіх крэков (крэк - фаварыт)... Як журавель на балоце, у далёкім куту іпадрома нерухома стаяў польскі конназаводчык Людвіг Грабоўскі. Свайго трохгодку, які, як ён верыў, павінен па-за канкурэнцыяй узяць дэрбі, Грабоўскі сёння не пускаў, бо шмат сабралася публікі. Гэты заўзяты паляўнічы любіў скакавую публіку толькі ў тыя моманты, калі ягонага каня, які ўзяў вялікі прыз, публіка заахвочвала апладысментамі. Тады Грабоўскі браў левай рукой яшчэ не астылага скакуна за лейцы і правадзіў яго перад трыбунамі пад апладысменты публікі ў адказ размахваючы цыліндрам, паднятым вышэй галавы каня».

25 ліпеня 1914 г. на лідскай чыгуначнай станцыі была вывешана аб'ява пра тое, што дарога здымае з сябе ўсялякую адказнасць за тэрміны перавозу грузаў. Гэта быў першы знак будучай вайны.

Будынак дзе размяшчалася лідская паліцыя, менавіта перад гэтым будынкам  30 ліпеня 1914 года гараджане абмяркоўвалі пачатак вайны.

У той жа дзень на палігоне пад Аранамі, калі артылерыя Лідскага палка рыхтавалася да вучэбных стрэльбаў, раптам была прынята тэлеграма з загадам спыніць вучэнні і выступіць да месца пастаяннай дыслакацыі - у Ліду. Адначасова юнкерам Віленскай вайсковай вучэльні, якія знаходзіліся ў тым жа лагеры пад Аранамі, начальнік вучылішча генерал-маёр Адамовіч зачытаў загад аб прысваенні вайсковых званняў 170 юнкерам выпускнога курса. Такія імпрэзы, як правіла, праводзіліся ў дзень Вуліца Віленская, за спіной – перакрыжаванне вул. Віленскай і Каменскай (сучасныя вуліцы Савецкая і Ленінская), наперадзе – злева Рыначная плошча (зараз – плошча Леніна) справа – паліцыя, так сама справа ў канцы перспектывы – Свята-Міхайлаўская царква. Праабражэння Гасподняга, 19 жніўня. Маладым афіцэрам уручылі толькі афіцэрскія шаблі, бо абмундзіраванне яшчэ не было гатовае.

Праз некалькі гадзін лагер ліквідавалі, Лідскі полк пачаў грузіцца ў вагоны. Сярод афіцэрскіх жонак пачаўся перапалох, кінуўшы ўсё, яны з лецішчаў накіраваліся ў Ліду, і таму ў нядзелю, 26 ліпеня , калі па чыгунцы з Аран пачалі прыбываць аддзелы палка, у горадзе ўжо ведалі - пачынаецца вайна. Першыя прыбыўшыя аддзелы Лідскага палка ўзялі пад ахову ўсе чыгуначныя аб'екты: масты, водаправоды і іншыя тэхнічныя сродкі абслугоўвання, а таксама сувязь. Усюды стаялі ўзброеныя салдаты, забараняўся нават выхад на перон вакзала. Паліцыя і жандары «па сакрэту» расказвалі гараджанам, што такія экстраардынарныя меры бяспекі выкліканы небяспекай страйку чыгуначнікаў.

Тым не менш, у касцёлах і цэрквах, як і заўжды, браліся шлюбы, людзі з музыкай і танцамі святкавалі вяселлі і хрэсьбіны [21].

29 ліпеня Расія абвясціла мабілізацыю Кіеўскай, Маскоўскай і Казанскай вайсковых акруг.

Вось як апісвае адзін з апошніх мірных дзён, 30 ліпеня 1914 г., Міхал Шымялевіч: «На вуліцы Віленскай [цяпер Савецкая. - Л. Л.] горада сабраліся групкамі гараджане, яны чыталі толькі што атрыманыя з цягніка газеты, і кожны на свой капыл каментавалі бягучую сітуацыю ў свеце. Мабілізацыя яшчэ не пачалася, і агульным перакананнем было тое, што Расія толькі робіць дэманстрацыю сваёй магутнасці, а насамрэч вайны не будзе, бо ніхто яе не хоча… Над Лідай, выконваючы вучэбны палёт, нізка кружыў аэраплан "Фарман". Ён зрабіў круг над рынкам [сучасная плошча Леніна. - Л. Л.] і паляцеў на ўсход. Раптам аэраплан пачаў хутка зніжацца і падаць. Натоўп зявак, думаючы, што аэраплан упадзе каля рэчкі Лідзейкі, кінуўся ў бліжэйшыя завулкі - Шкляны, Камерцыйны, Паліцэйскі [яны вялі ў бок рэчкі. - Л. Л.]. Але пілот выраўняў машыну, і яна зноў узвілася пад аблокі. Зявакі пачалі вяртацца да цэнтру, і якраз у гэты час па Віленскай вуліцы на дрожках да паліцэйскай управы імчаўся, трымаючы ў руцэ дэпешу, павятовы паліцэйскі спраўнік Гротэ дэ Буко. Адразу ўсе зразумелі: мабілізацыя! У імгненне вока вуліца апусцела. Да позняй ночы горад не спаў. Кожны зразумеў, што вайна непазбежная, і нікога яна не абміне» [22].

Мабілізацыю ў горадзе павінны былі праводзіць: управа вайсковага начальніка, прызыўная камісія і паліцыя. Ва ўправах ужо некалькі дзён працавалі, рыхтуючы розныя паперы, неабходныя пры мабілізацыі сельскага насельніцтва ў павеце. На бяду, у той жа час у Беняконях згарэла ўправа воласці з шафкай, у якой былі прыгатаваны мабілізацыйныя дакументы. На гэтую тэму шмат балбаталі, але выпадак ніякіх наступстваў за сабой не пацягнуў, акрамя ўзмоцненай працы, каб аднавіць знішчаныя лісты. Праца ва ўстановах вялася днём і ўначы.

Лідскае казначэйства перад 1914 г.

Тады ж, 30 ліпеня ў 11 гадзін ночы выканавец абавязкаў маршалка шляхты Трафімаў атрымаў дэпешу, змест якой дазваляў думаць, што мабілізацыйныя справы варта прыпыніць. Усе, хто працаваў у прызыўной камісіі, з-за гэтага слабога пробліску надзеі ўздыхнулі з палёгкай і ледзь не пайшлі дахаты. Праз некалькі гадзін новая дэпеша адмяніла папярэднюю і загадала далейшы працяг працы. Калі бракавала бланкаў, паліцыя будзіла друкара Айзіка Эпштэйна, які ўжо спаў, і выпраўляла ў друкарню яго працаўнікоў, бланкі тэрмінова друкаваліся. А тым часам конныя паліцыянты ўсю ноч імчаліся ўсімі дарогамі ў цэнтры валасцей і да паліцэйскіх прыставаў, уручаючы ім мабілізацыйныя распараджэнні.

Аэраплан 'Фарман' на Лідскім аэрадроме. Можа, менавіта ён кружыў над горадам у дзень пачатка мабілізацыі.

З 31 ліпеня былі адменены ўсе пасажырскія цягнікі, і чыгунка пачала ліхаманкава перавозіць адмабілізаваныя войскі. З іншых чыгунак у Ліду былі перагнаны дадатковыя лакаматывы, прыбылі новыя лакаматыўныя брыгады і іншыя спецыялісты-чыгуначнікі. У павеце пачалася мабілізацыя. Ліда і ўсе вёскі «ўпрыгожыліся» каляровымі плакатамі. З іх:

1) чырвоныя прызывалі ў войска шарагоўцаў рэзерву;

2) блакітныя - народнае апалчэнне з прызыву 1908-1913 гг., прычым ваеннаабавязаныя старэйшых узростаў былі залічаны ў народнае апалчэнне з рэзерву;

3) белыя загадвалі пастаўку коней у войска і паведамлялі кошты на прадметы экіпіроўкі, якія прызыўнікі павінны былі прынесці з сабой.

Па павеце таксама вісеў вялікі плакат з тэкстам за подпісам Рэненкампфа аб супольнай адказнасці жыхароў горада і вёсак за пашкоджанне чыгуначных шляхоў, тэлеграфу, іншых сродкаў сувязі і камунікацыі. У кавярні Маліноўскага афіцэры Лідскага гарнізона пілі каву і вялі размову на тэму, што «германцаў трэба пабіць!». Як і належыць, гараджане кінуліся да акенцаў ашчадных кас, у банкі і банкаўскія канторы, каб забраць свае ўклады. У Лідзе каля Скарбовай касы пры казначэйстве стаяла чарга даўжынёй у паўкіламетра, якая некалькі разоў абвівала касу. Каб вярнуць свае грошы, у чарзе стаяла каля паўтары тысячы чалавек. У Вільні з вуснаў у вусны перадаваліся весткі пра тое, што запасы золата з віленскіх банкаў ужо вывезены ў Ніжні Ноўгарад, і таму ў Віленскім дзяржаўным банку быў такі вялікі натоўп адборнай публікі, што шыкоўна прыбраныя пані парвалі свае багатыя строі, страцілі брыльянты і капелюшы, падрапалі твары і пашкодзілі рукі і ногі. Але банкаўскія чыноўнікі ў Лідзе і Вільні спраўна выдалі людзям іхнія грошы.

1 жнiўня ў 17.00 Германія абвясціла вайну Расіі. Гэта была субота. З рання з самых дальніх кутоў Лідскага павета ўсімі дарогамі на вазах і пешшу ў горад збіраліся ваеннаабавязаныя мужчыны, зганялі мабілізаваных коней. Не абышлося без эксцэсаў: натоўп мабілізаваных мужчын, якія ішлі ў Ліду па Гарадзенскім тракце, атакаваў гарэлачную краму ў Арлянцы (каля ракі Дзітва), разрабаваў і спаліў яе. Разам з манаполькай згарэла вялікая старажытная карчма, якая стаяла на другім баку тракту, насупраць гарэлачнай крамы. Карчма ў Арлянцы, згодна з «Вопісам парафій Лідскага дэканату 1784 г.» пры канцы XVIII стагоддзя ўжо існавала, у 1897 г. была адноўлена і ў 1914 годзе належала ўладальніку Тарнова графу Маўрасу [23]. Праз некалькі дзён газеты надрукавалі загад генерала Рэненкампфа, згодна з якім былі павешаны чатыры чалавекі, вінаватыя ў пагроме гэтай манаполькі. Загад быў надрукаваны як улётка і развешаны па горадзе і вёсках.

На гарадскі магістрат лёг абавязак размяшчаць войскі і мабілізаваных. Бургамістр Ліды Вісмант праводзіў свой адпачынак на Чорным моры і таму быў выкліканы адтуль тэлеграмай. Нават маючы дазвол для праезду, ён моцна спазніўся на працу. Пакуль не было бургамістра, яго абавязкі выконваў намеснік Гейштаўт, а размяшчаў мабілізаваных пашпартыст Іосіф Якубоўскі. Без адпачынку лётаў ён па горадзе, вызначаў жытло, арганізоўваў кухні, месцы для мабілізаваных коней, знаходзіў харчы і фураж. Для жаўнераў былі рэквізаваны будынкі мужчынскай гімназіі па вуліцы Камерцыйнай, жаночай гімназіі Навіцкіх па вуліцы Каменскай, вучэльня каля замка, абедзве парафіяльная школы, іешыва, клуб Таварыства дабрачыннай пажарнай аховы, піўныя і іншыя будынкі. У горадзе сабралася каля 5 000 мабілізаваных людзей і 2 000 коней. Рэгістрацыя і агледзіны мабілізаваных жаўнераў адбываліся ў гарадскім парку па вуліцы Каменскай (прыкладна тут цяпер стаіць кінатэатр «Юбілейны»), дзе раслі стагадовыя вольхі. Тут, у парку, быў летні тэатр - зробленая з дошак пабудова з лаўкамі без даху. Менавіта тут размясцілася вайсковая камісія. У летнім тэатры лекары аглядалі мабілізаваных, пісары вялі рэгістрацыю. А з парку даносіліся енкі жанчын і дзіцячы плач - сем'і развітваліся з сваімі «кармільцамі». Людзі памяталі, што ад прызыву ў войска на руска-японскую вайну ў 1904 г. вызваляліся тыя, хто меў чацвёра і больш малых дзяцей, таму некаторыя на вазах везлі з сабой усю сям'ю.

Пасля рэгістрацыі мабілізаваных мужчын пераводзілі ў замак, дзе іх прымалі унтэр-афіцэры, адтуль адных адпраўлялі ў казармы Лідскага палка, а іншых вялі на чыгунку і размяшчалі па вагонах для перавозкі ў іншыя палкі.

Афіцэры запасу самі прыходзілі да павятовага вайсковага начальніка.

Малюнак нямецкага мастака Рэймана 1917 г, які паказвае Лідскі гарадскі парк, што размяшчаўся на тэрыторыі ад цяперашняга кінатэатра 'Юбілейны' да 13-павярховага інтэрната па вул. Замкавай. Тут адбывалася рэгістрацыя і агляд мабілізаваных жаўнераў у жніўні 1914 г.

Адначасова на гарадскім Выгане [зараз тут гарадскі парк - Л. Л.], па вуліцы Віленскай каля праваслаўных могілак і на выездзе ў бок Навагрудка, каля каталіцкіх могілак, ішоў адбор коней. Большасць людзей спакойна прадавала сваіх коней, бо кошты дзяржаўнага закупу былі добрыя. Аднак былі і тыя, хто, прадаючы, плакаў па сваіх конях.

2 жнiўня 1914 г. Аб'яўлена пра ўвядзенне ваеннага становішча ў шэрагу заходніх губерній, у тым ліку і Віленскай. Уводзіцца ваенная цэнзура. Ваеннымі цэнзарамі ў Лідзе сталі начальнік пошты Каланкоўскі і чыноўнік дваранскай апекі Брухаў.

3 жнiўня 1914 г., панядзелак. Аб'яўлена пра мабілізацыю ў войска настаўнікаў народных школ. Шымялевіч пісаў, што з ініцыятывы кіраўніка гарадской адукацыі, якую агучыў школьны інспектар Баўбліс, была арганізаваная патрыятычная маніфестацыя з царскімі партрэтамі, расійскімі сцягамі, спевамі «Боже царя храни», «Славься, славься русский царь» і г.д. Маніфестантаў было няшмат, пасля маніфестацыі невялікія групы рускіх патрыётаў разышліся па патаемных чарачных, дзе яшчэ была магчыма атрымаць забаронены алкаголь, і пасля выпіўкі, як належыць, справакавалі ў горадзе некалькі скандальных, але ж «патрыятычных» боек.

Лідскі Мікалаеўскі вакзал перад 1914 г.

У Лідзе, як і паўсюдна, па загаду ўлад, у цэрквах, касцёлах і сінагогах ішлі службы «за победу русского оружия», ад імя грамадства былі пасланы «верноподданнические» тэлеграмы цару, збіраліся грошы для войска.

З раніцы 6 жніўня , у чацвер, на пляцы каля казармаў пашыхтаваўся 172-гі Лідскі полк з поўным паходным рыштункам. Палкавы святар адслужыў малебен, а камандзір палка Раманаў вітаў асабовы склад, пажадаў хуткай перамогі і вяртання з фронту да родных агменяў. На цырымоніі граў палкавы аркестр, прысутнічалі тысячы гараджан: дзеці, жонкі, сваякі і знаёмыя тых, хто ішоў на вайну. Пры развітанні былі чутны крыкі і плач. Полк з музыкай і сцягамі пайшоў на станцыю для пагрузкі. Пры адпраўленні кожнага цягніка паўтараліся сцэны развітання.

Разгорнуты да колькасці ваеннага часу, 172-гі полк налічваў 4 000 штыкоў. Лідскі полк у жніўні 1914 г. знаходзіўся на левым флангу арміі Рэненкамфпа, у Аўгустоўскіх лясах, і ўваходзіў у склад 43-й пяхотнай дывізіі, якой камандаваў генерал-лейтэнант Слюсарэнка В. А., у сваю чаргу дывізія ўваходзіла 2-гі армейскі корпус генерала ад кавалерыі Шэйдэмана С. М. Пасля вайны і рэвалюцыі ў Расіі з былой імперыі і з нямецкага палону ў Ліду і Лідскі павет вярнулася не болей пятай часткі шарагоўцаў і некалькі афіцэраў. Адным з першых, ужо ў жніўні 1914 г., у нямецкі палон трапіў святар 172-га палка а. Аляксандр Нялюбаў. Пазней з ваеннаабавязаных старэйшых узростаў, якія пражывалі ў Віленскай губерні, была сфармавана 385-я пешая Віленская дружына дзяржаўнага апалчэння, якую ўзначалілі два лідзяніны - падпалкоўнікі запасу Адольф Малеўскі і яго намеснік Баляслаў Гейштаўт. Таксама была сфармавана конная сотня, якую ўзначаліў падпалкоўнік запасу Пузынін [24].

7 жніўня англа-французскія і нямецкія войскі сутыкнуліся - на заходнім фронце пачалася Пагранічная бітва. Пасля кровапралітных баёў 16 жніўн я пала бельгійская цвердзь Льеж. На Усходнім фронце вайна пачалася з Усходне-Прускай аперацыі - 17 жніўня руская армія перайшла мяжу, пачаўшы наступ на Усходнюю Прусію.

Чыгунка ў Лідзе на пачатку вайны. Яшчэ 14 ліпеня 1914 г., да пачатку Першай сусветнай вайны, пры дырэкцыі Палескай чыгункі быў створаны адмысловы камітэт для падтрымання належнага вайсковага парадку на дарозе [25].

На чыгунцы быў цалкам спынены рух пасажырскіх цягнікоў - ішлі цягнікі з мабілізаванымі, са спазненнем на 12 і болей гадзін рухаліся паштовыя цягнікі. Без дазволу ўлад людзям стала немагчыма з'ездзіць нават у Вільню. І якраз 16 жніўня 1914 г., калі на Заходнім фронце паў Льеж, а расійскія войскі рыхтаваліся заўтра перайсці нямецкую мяжу, на станцыі Ліда адбылося крушэнне вайсковага цягніка, якое на нейкі час заблакіравала важную вузлавую чыгуначную станцыю. Прычына крушэння цягніка - памылка стрэлачніка, прытым не ў пераносным, а ў самым прамым сэнсе. З судовай справы аб крушэнні [26], якая зараз захоўваецца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы, бачна, што 16 жніўня (3 жніўня па старым стылі) 1914 г. каля 6 гадзін раніцы пры выхадзе са станцыі Ліда пацярпеў крушэнне вайсковы цягнік № 60, які ішоў на станцыю Вільня. Абставіны крушэння былі наступныя. Атрымаўшы Фотаздымак з справы пра крушэнне вайсковага цягніка ў Лідзе 16 жніўня 1914 г. сігнал да адпраўлення і сігнал аб тым, што стрэлкі падрыхтаваныя, машыніст цягніка Сакруценка пачаў рух, аднак праехаўшы стрэлку № 16, адчуў моцны штуршок пад паравозам і бакавое хістанне, з-за чаго, прыняўшы ўсе неабходныя меры, спыніў цягнік. Аказалася, што паравоз і тэндар усімі коламі сышлі з рэек. За імі з рэек сышлі вагон 1-га класа і два вагоны 3-га класа, у якіх знаходзіліся ніжнія чыны. Пасля дагляду рэек аказалася, што пасля стрэлкі № 16 паравоз пайшоў па трэцяй каляі - на Маладзечна, а вагоны па другой каляі - на Вільню. Гэта ўказвала на тое, што стрэлка № 16 была пераведзена ў той час, калі цягнік праходзіў па ёй. Дзяжурны сігналіст на блок-пасту, Мардас, прызнаўся жандармскаму унтэр-афіцэру, які рабіў дазнанне, што, атрымаўшы паведамленне аб адпраўленні цягніка № 60, ён паставіў стрэлку № 16 на Вільню, але перад набліжэннем цягніка заўважыў, што напярэймы яму ідзе паравоз. Тады, баючыся сутыкнення, ён пераставіў стрэлку № 16 на Маладзечна і даў паравозу сігнал спыніцца [27]. Паравоз спыніўся, і Восіп Мардас, бачачы, што вайсковы цягнік яшчэ не дайшоў да стрэлкі, зноў перавёў яе на Вільню. Але ў сапраўднасці паравоз вайсковага цягніка ўжо паспеў праехаць яе, і стрэлка была пераведзена пад тэндарам. Таму паравоз і вагоны пайшлі па розных рэйках і адбылося крушэнне.

На шчасце, крушэнне не прывяло да сур'ёзных пашкоджанняў сярод жаўнераў. Падчас крушэння шараговец 177-га пяхотнага Ізборскага палка Павел Зуеў, які сядзеў на верхніх нарах, ад штуршка страціў прытомнасць. На яго галаве знойдзены тры раны, якія доктар палічыў лёгкімі. Другі шараговец, 178-га пяхотнага Вандэнскага палка Георгі Разанаў, пачуўшы крыкі пра крушэнне, скокнуў з вагона і пашкодзіў сабе нагу. «У выніку нага апухла, на левай ступні доктар знайшоў сінякі».

Прыцягнуты ў якасці абвінавачанага Восіп Мардас прызнаў сабе вінаватым і пацвердзіў дадзеныя ім раней жандармам тлумачэнні. З судовай справы бачана, што «селянін Шумскай воласці Віленскага павета і губерні Восіп Мардас, 30 гадоў, абвінавачваўся ў тым, што, працуючы стрэлачнікам-сігналістам станцыі Ліда і знаходзячыся ў якасці дзяжурнага на блок-пасту станцыі, ён 16 жніўня 1914 г. па неасцярожнасці пры выкананні сваіх абавязкаў перавёў стрэлку № 16 у той час, калі па ёй праходзіў вайсковы цягнік № 60, што прывяло да крушэння» [28].

Фотаздымак з справы пра крушэнне вайсковага цягніка ў Лідзе 16 жніўня 1914 г.

Пры аглядзе чыгуначнай каляі выяўлена: 15 рэек пагнута, 15 шпал і 23 перавадныя брусы зламаны. Згодна з інжынерным заключэннем, Палескай чыгунцы нанесена шкода на суму 851 рубель 55 капеек [29].

З судовай справы мы дазнаёмся, што Восіп Мардас - літовец, католік, незаконнанароджаны, пісьменны, да звыклага п'янства не схільны, маёмасці не мае, раней не судзімы [30].

Падчас допыту начальнік станцыі Ліда Казімір Феліксавіч Якімовіч (48 гадоў, рэфарматарскага веравызнання, жыў пры станцыі Ліда) сказаў, што Восіп Мардас служыў на станцыі Ліда ўжо тры гады. Пачаў працу з вартаўніка, потым перайшоў у стрэлачнікі. Адрозніваўся дакладнасцю ў працы і «цвярозасцю» [31]. Якімовіч сказаў: «Памылку Мардаса я тлумачу выпадковасцю, а можа быць і стомленасцю, таму што ён дзяжурыў у гэты раз з 8 гадзін вечара, а крушэнне адбылося ў 6 гадзін раніцы» [32].

Суд адбыўся 16 снежня 1914 г. у зале судовых пасяджэнняў Віленскага акруговага суда ў г. Лідзе без прысяжных засядацеляў, старшыня суда - А. В. Пятухоў. Разгледзеўшы справу, суд прыгаварыў: Восіпа Мардаса падвергнуць арышту ў памяшканні лідскай паліцыі на 10 дзён, усклаўшы на яго судовыя выдаткі, якія, аднак, з-за яго неплацежаздольнасці прыняць на кошт казны [33].

Горад на пачатку вайны. З пачаткам вайны насельніцтва Расіі ахапіў вялікі патрыятычны ўздым, пра што шмат пісалася ў прэсе і мемуарах. Зусім па-іншаму паводзіла сябе беларускае насельніцтва - ад пачатку вайны людзі не верылі ў перамогу, відавочца тых падзей успамінала: «У блізкіх да Вільні Ашмянскім і Лідскім паветах пайшлі размовы аб хуткай эвакуацыі насельніцтва. Паўстаў такі вэрхал, што сяляне кінуліся збіраць з палёў нават недаспелы хлеб. Наступствы гэтых дзеянняў былі сапраўды трагічнымі: увосень 1914 г. насельніцтва Літвы ўжо адчувала востры недахоп у асноўных прадуктах харчавання» [34].

3 верасня 1914 г., калі Усходне-Пруская аперацыя, якая пачыналася з перамог расійскага войска, скончылася поўным разгромам i ўцёкамі дзвюх расійскіх армій, у Лідзе яшчэ святкавалі перамогі расійскай зброі: «Ліда. Гэтымі днямі прывязлі ў Ліду і насілі па вуліцах горада сцягі «Нямецкага ваеннага Таварыства», якія адабрала нашае войска ад немцаў у адной з бітваў у Прусіі» [35].

Адметнай з'явай той вайны быў «сухі закон». У 1914 г., да пачатку Першай сусветнай, быў выдадзены царскі ўказ аб забароне вытворчасці і продажу ўсіх відаў алкагольнай прадукцыі на ўсёй тэрыторыі Расіі. Гандаль алкагольнымі вырабамі быў спынены 1 жніўня (19 ліпеня па старым стылі) - на час мабілізацыі, а ў канцы жніўня - на ўвесь час вайны. Моцныя алкагольныя напоі прадавалі толькі ў рэстаранах. У адказ на гэты ўказ з'явіліся шматлікія спробы абыходу, але сярэдняе спажыванне алкаголю на чалавека знізілася больш, чым у дзесяць разоў і, дарэчы, толькі ў 1960-х гадах спажыванне алкаголю на чалавека дасягнула ўзроўню 1913 г.

У нашым рэгіёне камандуючы 1-й арміяй генерал Рэненкампф «ад 1 жніўня забараніў ва ўсёй Віленскай губерні тайны і яўны продаж гарэлкі, віна, піва і інш. ..хто парушыць, той, акрамя штрафу да 3 000 рублёў або адсідкі ў турме ці цвердзі на тры месяцы, будзе выселены з Віленскай губерні, а шынкі, каторыя парушылі... будуць закрывацца» [36].

Разам са станоўчымі вынікамі «сухога закону» адразу з'явіліся і адмоўныя: таемнае самагонаварэнне, спажыванне сурагатаў і атручванні імі, парушэнне закону і тайны продаж алкаголю. 10 верасня газета «Беларус» паведаміла: «Ліда. Камандуючы арміяй аштрафаваў на 1 000 рублёў тутэйшага жыдка Нохіма Левінзона за продаж алкагольных напояў салдатам» [37]. Праз тыдзень затрымалі яшчэ аднаго гандляра моцнымі напоямі: «У Лідзе губернатар аштрафаваў гаспадара піўной П. Дварэцкага на 1 000 руб., або 3 месяцы арышту, а піўную закрыў» [38].

Язэп Пашкевіч, аўтар 'Нашай Ніва', брат Алаізы Пашкевіч (Цёткі).

У канцы лістапада прэса паведаміла пра забарону «продажу піва да канца вайны ў губернях, дзе аб'яўлена ваеннае становішча. Уладальнікі піўных падаюць прашэнні адчыніць чайныя або сталовыя» [39].

10 і 13 верасня 1914 г. нямецкі дырыжабль Z-12 скінуў на чыгуначныя станцыі Ліда і суседнюю Вілейку 4 000 кг бомбаў.

Першы пажар ваеннага часу ў горадзе адбыўся ў кастрычніку: «Ліда. Тут нядаўна быў пажар, у якім згарэлі два дамы Тубялевіча і адзін г. Брэма, шкода на 20 000 рублёў» [40]. А на пачатку красавіка 1915 г. газета «Беларус» паведаміла, што «апошнімі днямі з невядомай прычына зрабіўся пажар, які цалкам знішчыў драўляны дом Захара Пупко» [41].

Нягледзячы на вайну, жыццё працягвалася. Увосень 1914 года «пры тутэйшай гімназіі для хлопцаў з дазволу міністэрства асветы адкрыты падрыхтоўчы клас. За навуку ў гэтым класе трэба плаціць 50 р. Прымаюцца хлопцы ад 8-мі да 10-ці гадоў» [42]. А ўвесну 1915-га Лідская «мясцовая ўправа ўстанавіла 4 стыпендыі для бедных вучняў родам з Ліды без розніцы веры» [43].

Падчас вайны заўжды ўзрастае злачыннасць. У снежні 1914 г. «абакралі... краму купца Кагана, з якой выцягнулі розных мануфактурных тавараў (аксаміты, паркалі і інш.) на тысячы рублёў. Злодзеяў не злавілі» [44]. А на пачатку 1915 г. газеты паведамілі: «Ліда. Адсюль уцёк банкір Янушкевіч, зрабіўшы на мільён рублёў даўгі. Пра гэта піша «Утро Россiи» [45]. Праз месяц арыштавалі начальніка лідскай турмы: «Ліда. Начальнік лідскай турмы С. Пяткевіч абвінавачаны за прысваенне сабе 824 рублёў 96 капеек, з якіх частка прыназначана была на прыбаўку жалавання надзірацелям, частка належала арыштантам, а частка з прададзенай мукі, якая павінна была ісці арыштантам. Справу будзе разбіраць Віленская судовая палата, а тым часам начальніка турмы пасадзілі ў турму» [46].

Увесну 1915 г. газеты паведамляюць пра захворванне плямістым тыфам: «Як паведамляе «Віленскі веснік»... у Лідскім павеце пачаў шырыцца плямісты тыф, каторы хоць і не мае эпідэмічнага характару, але ўсё ж такі лічба захварэўшых на тыф... ад 30 да 50 душ» [47]. Для барацьбы з тыфам на дапамогу лідскім лекарам «з Вільні... накіраваны два лекары з ліку сувальскіх на змаганне з хваробай» [48].

Пры канцы лістапада 1914 г. «Наша Ніва» піша пра беларусаў на вайне, у тым ліку і пра Язэпа Пашкевіча, афіцэра з Лідскага павета [49], роднага брата Алаізы Пашкевіч (Цёткі). А ў лютым 1915 г. газета на першай старонцы друкуе некралог «Памяці Юзюка Пашкевіча», напісаны Антонам Луцкевічам [50] (гл. дадаткі).

У першай палове 1915 г. нямецкая армія пачала паспяховае наступленне на Усходнім фронце. Пад пагрозай захопу апынуліся заходнія губерні краіны. Для таго, каб перашкодзіць немцам узяць мясцовыя стратэгічныя рэсурсы, расійскія ўлады вырашылі эвакуіраваць ваенныя і прамысловыя прадпрыемствы, знішчыць сельскагаспадарчыя сховішчы і пасевы. Быў выдадзены ўказ аб прымусовым высяленні ў глыб імперыі насельніцтва заходніх губерняў. Пры адступленні рускае камандаванне імкнулася прымяніць тактыку 1812 г. - тактыку выпаленай зямлі. Войскам быў аддадзены загад не толькі разбураць шляхі зносін, але і спальваць гарады і вёскі, перамяшчаючы людзей і жывёлу на ўсход [51].

З самага пачатку ніякага плана дапамогі выгнанаму з родных мясцін насельніцтву не было, улады не прадумалі дапамогі бежанцам, і іх шлях быў шляхам гора і смерці. Няўдалы для расійскай арміі ход вайны летам 1915 выклікаў яшчэ большую хвалю перасяленцаў. Беларусь ператварылася ў лагер бежанцаў. У ліпені 1915 г. на ўчастку Кобрын - Пружаны - Баранавічы знаходзілася 400 тысяч бежанцаў. З 31 ліпеня па 15 жніўня 1915 г. з-пад Кобрына ў глыб краіны было адпраўлена каля 100 тысяч чалавек [52]. Лагеры бежанцаў бамбіла нямецкая авіяцыя, многія трапілі ў нямецкі палон. Яшчэ адна плынь бежанцаў рухалася праз Пружаны - Слонім - Баранавічы і Беласток - Ваўкавыск - Слонім - Баранавічы. Колькасць перасяленцаў, якія сабраліся ў Баранавічах, дасягнула ў жніўні 100 тысяч чалавек. Многія ўцекачы месяцамі блукалі на прасторы ў некалькі дзясяткаў кіламетраў, напрыклад, гэта назіралася ў раёне Ліда - Наваградак [53].

Паводле польскага перапісу 1919 г., у межах тагачаснай Віленска-Гарадзенскай акругі з 1911 г. па 1919 г. колькасць насельніцтва зменшылася з 2 407 000 да 1 633 000 чалавек (на 32,1 %). Найбольшыя сумарныя дэмаграфічныя страты адбыліся ў Гарадзенскім (на 47,4 %), Ашмянскім (32 %) і Лідскім (27 %) паветах [54].

Улетку 1915 г. Ліда стала прыфрантавым горадам. У апошнія дні перад акупацыяй Ліды падзеі развіваліся так.

На пачатку верасня моцныя баі ішлі на захад ад Ліды - каля Лядска, Дэмбрава. У ноч з 4 на 5 верасня расійскі 1-ы Сібірскі корпус быў выбіты з пазіцый каля Шчучына, і ў 11 гадзін раніцы 5 верасня нямецкія войскі ўвайшлі ў гэтае мястэчка [55].

19 верасня баі ішлі ўжо пад Лідай. Афіцыйныя зводкі паведамлялі, што зацятыя баі ішлі таксама пад Вільняй, прычым праціўнік ужо ўрываўся ў горад, немцы цяснілі рускія войскі ў раёне Радуні.

20 верасня шматлікія атакі праціўніка на фронце на захад ад участка чыгункі Беняконі - Ліда «адбіваюцца з вялікім стратамі для праціўніка», у некалькіх месцах «сярэдняй Віліі і ў раёне горада Вільні атрады германцаў перапраўляюцца на левы бераг ракі» [56].

21 верасня страчана Вільня, расійскія войскі «трошкі адсунуліся на ўсход» [57].

22 верасня на ўсход ад Вільні баі працягваюцца. На фронце Беняконі-Ліда і ў «раёне р. Моўчадзь (на ўсход ад р. Шчары) нязначныя сутыкненні» [58].

23 верасня зводка паведамляла, што ўжо на «ўсход ад Ліды непрыяцель пераправіўся цераз Гаўю, але зноў адкінуты на правы бераг» [59].

Такім чынам, можна меркаваць, што немцы ўвайшлі ў Ліду 22 верасня 1915 г.

24 верасня «ў раёне Смаргоні, на паўднёвы-ўсход ад Вільні і ў раёне на ўсход ад Ліды ідуць паўсюдныя баі, якія дасягаюць вялікага напружання» [60].

25 верасня ў раёне Ашмян і на поўдзень, а таксама ў раёне Ліда - Моўчадзь ішлі зацятыя баі [61].

Пасля гэтых баёў Стаўка расійскага Вярхоўнага галоўнакамандуючага была пераведзена з Баранавіч у Магілёў. У кастрычніку 1915 г. фронт стабілізаваўся на лініі Дзвінск - Паставы - Баранавічы - Пінск. Каля паловы тэрыторыі Беларусі апынулася пад нямецкай акупацыяй.

Увосень 1915 г. у Лідзе знаходзіўся штаб нямецкай арміі, пра што будучы генерал-палкоўнік вермахта Шміт пісаў: «…у лістападзе 1915 г. я ў якасці ад'ютанта штаб-афіцэра тэлеграфных войскаў быў адкамандзіраваны ў штаб арміі, у горад Ліду, дзе 22 лістапада 1915 г. атрымаў чын капітана» [62].

Міхал Шымялевіч пісаў, што першыя ахвяры гэтай вайны, загінуўшыя каля Ліды, былі пахаваны ў 1915 г. на старых каталіцкіх могілках, якія зараз знаходзяцца па праспекце Перамогі: «Шэраг салідных драўляных крыжоў з надпісамі, выкананымі гатычнымі літарамі, якія... яшчэ чытаюцца: Браніслаў Плюціцкі. Саніт. Bialystoker Kriegs Hospital, Юзаф Зяневіч. 400, Мінскі полк, Баляслаў Скажынскі» [63].

У 1916 г. немцы заснавалі адмысловыя ваенныя могілкі недалёка ад Паўночнага вайсковага гарадка. Могілкі былі агароджаны невысокім мурам. Па правым боку былі магілы нямецкіх і аўстрыйскіх жаўнераў, па левым - расійскіх, якіх сабралі па палях пасля заканчэння баёў вакол Ліды. У канцы могілак, з паўднёвага боку, недалёка ад выязной брамы знаходзіўся прыгожы помнік у форме піраміды, якая, як пісаў у 1936 г. Аляксандр Снежка, «пабудавана з пэўным мастацкім густам з вялікіх груба абчасаных камянёў. Ля падножжа піраміды ляжыць паміраючы жаўнер, адліты з жалеза, пад ім выразаны надпіс "Fur das Vaterland"» [64].

Жыццё пад акупацыяй. Гэты раздзел у значнай ступені напісаны па матэрыялах беларускай газеты «Homan» («Гоман»). Гэтая беларуская грамадска-палітычная і літаратурная газета выдавалася з 15 (28) лютага 1916 года да канца 1918-га ў Вільні на беларускай мове з дазволу акупацыйных германскіх улад. Выходзіла 2 разы на тыдзень лацінкай і кірыліцай (з 1.09.1916). Першым рэдактарам быў В. Ластоўскі, з № 33 (125) 1917 г. - Я. Салавей [65]. У рубрыцы «З усяго краю» газета друкавала разнастайную інфармацыю пра жыццё беларускіх гарадоў і мястэчак, у тым ліку і горада Ліда.

Яўрэйская Народная бясплатная кухня для бедных, 1916 г.

На акупаваных землях была арганізавана акруга Обер-Оста (Ober-Ost). Лідскі павет для больш надзейнага кантролю за тэрыторыяй быў падзелены на чатыры меншыя: Лідскі, Радунскі, Васілішскі і Шчучынскі.

Газета «Гоман» прыводзіць цікавыя лічбы, якія сведчаць пра агульны стан адукацыі на Лідчыне перад Першай сусветнай вайной: «Працэнт пісьменных рэкрутаў з Лідскага павета па гадах: 1904 г. - 54,3 %, 1905 г. - 69,0 %, 1906 г. - 49,3 %» [66].

Першая беларуская школа ў зоне Обер-Ост была адкрыта 13 лістапада 1915 г. у Вільні на Юр'еўскай вуліцы дзякуючы намаганням нашай зямлячкі А. Пашкевіч (Цёткі) і Б. Пачобкі.

Ужо ў лістападзе 1915 г. у мястэчку Васілішкі Лідскага павета беларускую пачатковую школу адкрыла Алена Іваноўская, сястра Вацлава Іваноўскага. Але гэта школа доўгі час не магла распачаць заняткі з-за супрацьдзеяння мясцовага «абыватэльскага» камітэта [67].

На пачатку сакавіка 1916 г. газета «Гоман» паведаміла, што нямецкі галоўнакамандуючы ўсходнім фронтам Гіндэнбург выдаў загад пра арганізацыю школ. Сярод іншага ў дакуменце гаворыцца: «Беларуская мова, як адменная ад расейскай, дапускаецца да ўжытку без ніякіх перашкод. Аб навуцы рэлігіі сказана, што яна павінна выкладацца ў матчынай мове вучняў, - значыць, у тэй мове, у якой бацькі гавораць з дзяцямі» [68].

Найважнейшай праблемай быў недахоп настаўнікаў, большай часткаю мабілізаваных ці эвакуіраваных у Расію. Аднак беларусы скарысталіся з загаду Гіндэнбурга і ў лістападзе 1916 г. газета паведаміла, што ў Лідзе «для тутэйшых настаўнікаў і настаўніц наладжаны педагагічныя курсы. На іх пакуль што вучыцца 26 душ» [69].

Першай беларускай і, верагодна, самай вядомай школай, арганізаванай у тыя часы, была школа ў вёсцы Збляны (больш падрабязна пра гэту школу гл. у трэцяй частцы кнігі). У 1914 г. у Зблянах згарэў будынак старой школы, і да пачатку Першай сусветнай вайны сяляне атрымалі страхоўку ды купілі будаўнічыя матэрыялы. Пры канцы 1915 г. новы будынак быў узведзены, а вяскоўцы, скарыстаўшыся сваім правам, адчынілі беларускую школу. Яна існавала тут да сярэдзіны 1920-х гг. [70]

Улады Обер-Оста прынялі рашэнне адкрыць беларускую настаўніцкую семінарыю ў Свіслачы, дзе на месячных курсах павінны былі атрымаць падрыхтоўку новыя кадры. Цяжка аказалася знайсці выкладчыкаў, таму заняткі ў семінарыі пачаліся толькі 15.10.1916 і працягваліся да 15.11.1918 г. Дырэктарам семінарыі быў анямечаны сілезец Бэндзеха, а выкладчыкамі Б. Пачобка і Квяцінскі, часова - прафесар Рудольф Абіхт з Вроцлаўскага ўніверсітэта. У выніку тут атрымалі падрыхтоўку 144 настаўнікі беларускіх школ.

У Свіслачы вучылася і моладзь з Лідчыны: «У тутэйшай беларускай вучыцельскай семінарыі навукі ідуць поўным ходам. Работа ідзе ахвоча, бо ўсе курсісты - гэта шчырыя беларусы, сыны беларускай вёскі, з'ехаўшыеся з розных ваколіц: з-пад Васілішак, Плянт, Гродна, Беластока і г.д. Хаця курс навук толькі трохмесячны, аднак пры акуратна наладжанай рабоце яго праходзяць як мае быць, і ў снежні месяцы вучні пачнуць практыку ў адкрытай пры семінарыі пачатковай беларускай школе. У семінарыі варункі навукі надта выгодныя. Вучні жывуць у самой семінарыі і маюць тут поўнае ўтрыманне. Кормяць добра: на абед ёсць мяса, а на вячэру даюць гарачую страву. І за гэта - разам з платай за вучэнне - бяруць з іх у месяц 41 марку, за ўвесь курс - 123 маркі. Гэткія грошы лёгка можа сабраць кожная вёска ці грамада і за гэта можа выхаваць сабе свайго настаўніка - аднаго паміж сваіх сыноў, абы ён скончыў народную школу. 1 лютага курс навукі будзе закончаны і пачнецца новы курс, на каторы можна запісацца. Хай жа людзі загадзя падумаюць аб тым, каб сваіх дзяцей выправіць на навуку і гэтак зусім невялікім коштам даць ім магчымасць зарабіць сабе на хлеб і служыць свайму народу» [71].

На пачатку 1917 г. паведамлялася пра новы набор у семінарыю: «Запісвацца на новы трохмесячны курс у Свіслацкай Беларускай Вучыцельскай Сэмінарыі, каторы пачнецца 1 лютага, трэба ў Вільні не пазней за 10 студзеня ў Stadschulrata, Дамініканская 3, пакой 55. Варункі навукі: за навучанне - 5 марак у месяц, за поўнае ўтрыманне - 36 м., разам 41 м. У месяц і за ўвесь курс 128 м. Плаціць можна памесячна - напярод. Хто хацеў бы ехаць вучыцца з вёскі, можа заявіць аб гэтым у сваім Крэйсамце (Kreisamt - павет), дзе яму дадуць усе патрэбныя ведамасці» [72].

На пачатку 1917 г. «Галоўнакамандуючы на Усходзе адведаў лідскія школы» [73], што сведчыла пра цікаўнасць акупацыйных улад да сістэмы адукацыі.

Алена Скіндар з Іваноўскіх (1885(6) -1973). Дачка Леанарда і Ядвігі (з фон Райхеляў) Іваноўскіх, сястра Вацлава Іваноўскага. Выхоўвалася ў Варшаве, але ў дзяцінстве часта бывала ў фальварку Іваноўскіх Лябёдка на Лідчыне.

Каля 1905 г. Алена Іваноўская прыехала на навучанне ў каледж Нью Нам Кембрыджскага ўніверсітэта. Там з яе ўдзелам склаўся гурток студэнтаў, пераважна з англійскай арыстакратыі, якую даследчык Гай Пікарда назваў «Кембрыджская хеўра». У ёй бралі ўдзел паэт Руперт Брук, біяхімікі Мюрыэл Уэлдэйл і Гуя Онслаў і інш. Удзельнікі суполкі сур'ёзна цікавіліся беларускім фальклорам, сяброўка Руперта Брука Кэтрын Кокс у 1912 г. некалькі месяцаў правяла ў Лябёдцы [74].

Алена пісала гаспадарчыя парады для земляробаў па-беларуску, а ў 1914 г., карыстаючыся са сваіх знаёмстваў, завязаных падчас вучобы ў Кембрыджы, змясціла ў лонданскім часопісе «Folk-Lore» тэксты пятнаццаці беларускіх песень з нотамі, запісаных у ваколіцы Лябёдкі. Публікацыя суправаджалася вялікім уступам, дзе брытанскіх чытачоў знаёмілі з Беларуссю і яе праблемамі. Упершыню ў ангельскай тэрміналогіі пры гэтым быў выкарыстаны тэрмін «WhiteRuthenia» замест «WiteRussia». Новы назоў дапаўняўся знамянальным тлумачэннем: «No White Ruthenian wold ever allow him self to by called by a name would imply tha the was Russian». («Ніводзін беларус ніколі не дазволіць называць сябе імем, якое значыць, што ён - расіец» - англ.) [75].

З пачаткам Першай сусветнай вайны кембрыджская суполка перастала існаваць. Алена Іваноўская з'ехала на радзіму і ў 1915 г. патрапіла пад нямецкую акупацыю. Да 1939 г. займалася конегадоўляй. Супрацоўнічала з земляробчым беларускім часопісам «Саха», пісала гаспадарчыя парады для земляробаў-беларусаў. З прыходам савецкай улады выехала з Лябёдкі ў Вільню, дзе і жыла. У 1944 г. з Вільні перабралася ў Варшаву, далей працавала перакладчыцай для місіі англійскіх квакераў [76].

У лістападзе 1916 г. «Гоман» перадрукаваў з нямецкай ковенскай газеты «Kownaer Ztg.» артыкул, у якім, хоць і з недакладнасцю, падавалася гісторыя нашага горада. На нашу думку, будзе цікава прывесці змест артыкула цалкам:

«Ліда - гэта адзін з найбольш старых гарадоў Краю. Ад пачатку горад і ваколіцы былі незалежным удзельным княствам князёў Дайноўскіх. У 1180 годзе заваяваны літвінамі, якія зруйнавалі горад і адбудавалі новую Ліду. Ліда была памежным горадам паміж Літвой і Русю. У 1242 годзе да Ліды дайшлі манголы, але былі разбіты. У 1326 г. вялікі князь Гедымін пабудаваў мураваны замак. Ягайла дараваў горад свайму ўлюбёнцу Вайдылу. У 1381 годзе горад заваяваў князь Вітаўт з дапамогай немца Конрада Валенрода, узяў і зруйнаваў горад. У 1394 г. горад ізноў быў зруйнаваны крыжакамі. У часе войнаў паміж маскалямі і Рэччу Паспалітай Ліда не раз цяжка пацярпела. Гэтак яе зусім зруйнаваў у 1659 г. князь Хаванскі. У 1702 г. шведы ўзарвалі лідскі замак. Гарадскі архіў перавезлі ў Смаленск, дзе ў 1812 г. ён згарэў. У 1795 г. горад далучаны да Расеі. Ад 1802 г. горад належаў да Гродзенскай губерні. У 1842 г. Ліду зрабілі павятовым горадам і далучылі да Віленшчыны. Герб Ліды, засведчаны ў 1845 г., складаецца з двух частак: у верхняй частцы - герб Віленскай губерні, у ніжняй - на зялёным полі сноп і серп, як знак, што ў ваколіцах Ліды жыхары займаюцца пераважна гаспадаркай» [77].

Вывучэнне гісторыі нашага краю падчас нямецкай акупацыі ў Першую сусветную вайну толькі пачынаецца, і нам цяжка ўявіць паўсядзённае жыццё жыхароў горада. Таму, напэўна, будзе цікава прывесці некалькі навін з культурнага жыцця горада ў тыя часы.

На пачатку жніўня 1917 г. газета паведаміла, што «ад 1 да 3 жніўня тут іграў нямецкі тэатр з Берліна» [78]. Праз некалькі тыдняў хтосьці з лідзян пісаў у газету: «Тутэйшае жыццё пры цяперашніх цяжкіх варунках праходзіць даволі разнастайна і весела. Ад часу адбываюцца нямецкія і яўрэйскія спектаклі, канцэрты і іншыя забавы, у тым ліку нядаўна ў гарадскім саду адбыўся "дзень кветкі". У кастрычніку тут адбудзецца з'езд нямецкіх вайсковых пастараў» [79]. 4 верасня 1917 г. газета пісала, што ў Лідзе «на кароткі час адкрыта нямецкая ваенная выстаўка» [80]. А 14 верасня таго ж года невядомы аўтар падсумоўваў вынікі культурнага жыцця горада за некалькі тыдняў: «Аб тутэйшым жыцці можна судзіць паводле адбыўшыхся адна за аднэй урачыстасцях, як публічнае гулянне, выстаўка штукарства, сход спевакоў і свята спорту. На выстаўцы можна было пабачыць каля 800 экспанатаў» [81].

Каля Народнай кухні, 1917 г.

Жыццё пад акупацыяй у прынцыпе не можа быць добрым. Яшчэ Напалеон сказаў: «Вайна павінна сама сябе карміць». Таму любая акупацыйная ўлада заўжды будзе карыстацца рэсурсамі занятай тэрыторыі для сваіх мэт, ужываючы для гэтага розныя механізмы: ад рабавання да выпрацоўкі складаных механізмаў эксплуатацыі праз гульню з курсам валюты, якая адмыслова ўводзіцца на акупаваных тэрыторыях.

На нашай зямлі адначасова з акупацыйнымі маркамі выкарыстоўваліся і старыя царскія рублі, курс на якія ўстанаўліваўся адміністрацыйна. Напрыклад, у жніўні 1916 года «Гоман» інфармаваў: «Курс рубля. Афіцыйны курс - 1 марка 75 пф., у банках на рубель пры продажы даюць 1 марку 89 пф., пры куплі 1 марку 93 пф.» [82].

Акупацыйныя ўлады стрымлівалі інфляцыю на занятай тэрыторыі праз механізм замарожвання цэн. Практычна адразу яны пачалі рэгламентаваць кошт харчовых тавараў: «Цана на яйкі. Цэны на яйкі за апошні час шмат перавысілі ўстаноўленую найвышэйшую цану. Найвышэйшая цана ўстаноўлена ў 15 пфенігаў за адно яйцо, і толькі ў асаблівых выпадках дазволена браць 18 пфенігаў за штуку. Тым часам гандляры ніколі не бяруць меней 20 пфенігаў» [83]. «Найвышэйшая цана на новую бульбу... назначана 5 марак за цэнтнер» [84]. «Назначаны цэны за хлеб: за 1 расейскі фунт хлеба 15 пф. або 8 кап., за 1 расейскі фунт мукі 20 пф., або 10,5 кап.» [85].

Табачныя вырабы падчас вайны з'яўляюцца «стратэгічным таварам», таму «у межах Обэр-Ост усе папяросы паводле цэн будуць раздзелены на 10 груп: па 2, 2½, 3, 3 8/10, 4 3/10, 5, 6½, 8, 10½ і 12½ пф.» [86].

Тое самае тычылася і мёду: «Увесь мёд, сабраны сёлета, павінен быць здадзены нямецкім уладам за плату 2 маркі за нямецкі фунт. Інакш яго будуць канфіскоўваць» [87].

Кошт тавараў на лідскіх рынках газета не друкавала, але, зразумела, што яны павінны былі быць трошкі ніжэйшымі за кошты ў Вільні, пра якія газета ў жніўні 1916 года пісала так: «На віленскіх рынках паявілася многа свежых фруктаў. Цэны трымаюцца пакуль што высокія. Бульба, гранец 16 пф.; Галава капусты 20 пф.; Пучок морквы 23 пф.; 1 бурак 3 пф.; Яблыкі, за расейскі фунт 10 пф.; Грушы, за расейскі фунт 30 пф.; Вішні, за расейскі фунт 30 пф.; Слівы, за расейскі фунт 30 пф.; Чарніцы, кварта 25 пф.; Брусніцы, кварта 10 пф.» [88].

Цвёрда рэгулявалася праца рынкаў і крам: «Усе крамы і публічныя месцы продажу... павінны аставацца аткрытымі ў гэткія дні: у-ва ўсе будні, нядзелі і святочныя дні ад 8 гадзін раніцы да 5 гадзін вечара. Іх можна дзяржаць аткрытымі да 8 гадзін вечара» [89].

У сакавіку 1916 г. газета пісала: «Немцы забаранілі продаж спіртных напояў, нават піва: тутэйшыя бровары... маюць права прадаваць сваё піва толькі ваенным атрадам, ваенным крамам, прытулкам і паадзінокім ваенным. Некаторыя тутэйшыя рэстараны маюць права атрымоўваць з брагай піва, але толькі дзеля продажу ваенным. За парушэнне гэтага прыказу накладаецца вялікая кара - грошамі ці астрогам» [90]. Верагодна, таму ў Лідзе «ў быўшым бровару... пачала працаваць фабрыка грыбных кансерваў. На ёй працуе больш за 120 жанчын і дзяўчат» [91], тым больш што «з-за дажджоў сёлета незвычайна ўрадзілі грыбы» [92].

Летам 1917-га выданне паведамляла, што «цяпер у межах Обэр-Ост працуюць 600 млечарань рознай велічыні. Цэны на масла будуць павялічвацца з 250 да 300 марак за цэнтнер. Пастаўшчыкі малака будуць атрымліваць за сваё малако вышэйшую цэну, каб павялічыць дабыванне малака» [93].

Нямецкія акупацыйныя ўлады пабудавалі гарадскую электроўню (як і ў Наваградку ў 1916 г.) якая знаходзілася на тым жа месцы, што і зараз [94]. Тады ж, недалёка ад электроўні, па вуліцы Віленскай, быў пабудаваны фахверкавы [95] будынак пажарнай аховы. Магчыма, і першая агульнагарадская тэлефонная станцыя з'явілася падчас нямецкай акупацыі.

Нямецкі жаўнерскі клуб мясціўся ў былым кармеліцкім кляштары па вуліцы Віленскай. Недалёка, у доме на вул. Віленскай, 19 з 1917 г. пачаў працаваць гатэль «Нямецкі дом». З боку вуліцы Віленскай да гатэля была прыбудавана летняя тэраса рэстарана, з якой для наведвальнікаў меўся добры відарыс цэнтральнай вуліцы горада. Дом на Віленскай, 19 гарэў падчас вулічных баёў 1919-1920 гг. і страціў летнюю тэрасу і мансардны, трэці паверх.

Пад акупацыяй у горадзе ўстойліва працавалі чыгунна-ліцейны завод, 6 тартакоў, машынны млын, тытунёвыя фабрыкі. З Германіі было прывезена сучаснае абсталяванне і ўсталявана ў Лідскім чыгуначным дэпо. Асаблівая ўвага была нададзена чыгуначнай станцыі ў Сяльцы, там былі ўсталяваны новыя механізмы, пабудаваны пад'язныя шляхі, будынкі пакгаўзаў і г.д. На тэрыторыі павета былі пракладзены новыя вузкакалейныя чыгуначныя шляхі. Цікава адзначыць той факт, што менавіта германскія акупанты пачалі распрацоўку торфу, якім багатая Лідчына.

Па архіўных крыніцах, за гады акупацыі ў горадзе працавала больш за 2 000 прамысловых працоўных, з іх значны лік складалі чыгуначнікі. Некалькі сотняў чалавек на тэрыторыі павета былі заняты аховай камунікацый - шляхоў, мастоў і г.д.

Былі дазволены прафсаюзы. Найболей шматлікім стаў прафсаюз яўрэйскіх працоўных «Арбейтэр Гейм», які пры канцы 1918 г. налічваў каля 300 чалавек. Дарэчы сказаць, за гады акупацыі фактычна не спынялася дзейнасць мясцовых аддзяленняў польскіх і яўрэйскіх палітычных партый і арганізацый [96].

Выдача пашпартоў: мераюць рост, бяруць адбіткі пальцаў, чарга за пашпартамі, 1917 г.

Як і заўжды, падчас вайны вырасла злачыннасць.

Раз за разам адбываліся рабункі з забойствам ахвяры, 4 ліпеня 1916 г. газета паведаміла, што «яўрэй - купец Гірш Сэрванскі ў панядзелак пасля Тройцы забіты і абрабаваны па дарозе з Ліды ў Жырмуны. Забойцаў, як здаецца, было трое. Улады абяцаюць узнагароду 500 марак таму, хто пакажа забойцаў» [97].

Некалькі разоў газета пісала пра забойства Люцыяна Габрылеўскага, якое адбылося ў Лідскім павеце. У выніку акружны суд у Гродне прыгаварыў забойцу «землякопа Захара Рамашку за рабунак і душагубства... на смерць. 24 чэрвеня ён забіў і абрабаваў гаспадарскага сына Люцыяна Габрылеўскага на дарозе з Эйшышак у Бутрыманцы» [98]. На пачатку кастрычніка газета паведаміла, што асуджаны на смерць за забойства землякоп Захар Рамашка, родам з-пад Радуні, «ужо пакараны смерцю» [99].

У кастрычніку 1916 г. забойства адбылося ў вёсцы Ольжава, што каля Ліды. Жыхар гэтай вёскі «Канстанцін Мазалеўскі за душагубства і спробу забіць чалавека засуджаны на смерць» [100]. Падчас вайны прыгаворы хутка прыводзіліся ў дзеянне, ужо 28 лістапада цікаўныя даведаліся, што «сын селяніна Канстанцін Мазалеўскі, засуджаны гродзенскім акружным судом за забойства, павешаны ў пятніцу пасля абеду» [101].

Канешне ж, не заўжды рабаўніцтва заканчвалася забойствам. У верасні «Гоман» расказаў такую крымінальную гісторыю: «У двух яўрэяў з Ліды з пасвішча ўцяклі дзве каровы. Іх знайшлі ў Радунскім павеце. Па дарозе да хаты каля Кербядзёў іх затрымалі два невядомыя і запатрабавалі грошы. Міравы суд абодвух ліхадзеяў за гвалт засудзіў на 6 месяцаў у астрог кожнага» [102].

Нехта пытаўся падзарабіць зводніцтвам: «Ян Наталевіч і жонка яго, Марыя, за "зводніцтва" і распусту засуджаны: Ян - на 1 год, Марыя - на 2 месяцы ў астрог» [103].

Здараліся злачынствы на сексуальнай глебе. У Лідзе ў кастрычніку 1916 г. «за згвалтаванне дзяўчыны гаспадар Ян Боленс засуджаны ў папраўчы дом на 1 год 4 месяцы» [104].

Хтосьці спрабаваў падзарабіць вымагальніцтвам, у Іўі «гандляр Мендэль Левін за вымаганне ў аднаго хлопца з Ліды грошай, пад страхам выдаць яго кражу, аб каторай Левін ведаў, засуджаны на 1½ года ў астрог» [105].

А нехта, як селянін Даўгоўскі з вёскі Рэзы, што пад Шчучынам, помсціў сваім крыўдзіцелям. У вёсцы Рэзы «згарэлі драўляныя свіраны Вінцэнта Пачука і Фелікса Рачука. Западозрылі селяніна Даўгоўскага, каторы, як думаюць, падпаліў, каб помсціць старасце Вінцэнту Пачуку. Яго чакае кара смерці» [106].

Агульнавядомага ў Лідзе і раней судзімага расійскай уладай Яна Боландзя не абышлі бокам і акупацыйныя ўлады: «Ліда. За ўкрывальніцтва стрэльбы і медзі. Упраўляючы Ян Боландзь засуджаны акруговым судом за гвалт і ўзлом, таксама судзіўся за ўкрыванне паляўнічай стрэльбы і незаяўку меднага посуду, які знайшлі схаваным у хляву. Ён засуджаны на 5 гадоў папраўчых работ» [107].

Пад акупацыяй, як і ў мірны час, сяляне пакутавалі ад канакрадаў. У лістападзе 1916 г. газета паведамляла вось што: «Ліда. Шавец Міхал Запаснік з Кербядзёў, работнік Юрка і 67-гадовы Хацкель Радунскі ўкралі 4-х канёў з пасвішча. Першых двух засудзілі на 4 гады ў астрог, трэцяга, з-за недахопу доказаў, апраўдалі» [108]. Праз год «Гоман» піша, што ў лідскіх «ваколіцах зноў узняліся крадзяжы коней, якіх пасля за бясцэнак перапрадаюць далей. Трэба напомніць, што гэткія куплі вызываюць не толькі канфіскацыю коней, але і высокія штрафы грашыма» [109]. Улады на самай справе наказвалі не толькі злодзеяў, але і тых, хто паквапіўся на таннага каня: «Гандляр рыбай Шварц купіў двух коней, хоць ведаў, што яны крадзеныя, і паехаў прадаваць у Гародню. Яго засудзілі на 1000 марак штрафу або 100 дзён астрогу. Коні канфіскаваныя» [110].

Газета неаднаразова пісала пра з'яўленне фальшывых грошай і размяшчала аб'явы акупацыйных улад пра ўзнагароды тым, хто дапаможа выявіць фальшываманетчыкаў, аб'ява жніўня 1917 года: «1000 марак награды. Галоўнае ўпраўленне пазыковых кас (Dariehenskassen) у Берліне суліць награду да 1000 м. таму, хто выкрые ці пакажа паліцыі на майстроў фальшывых двухмарковак, якія зноў вельмі пашыраюцца ў межах Обэр-Ост» [111].

Да вайны ў Радуні не было турмы, таму пасля стварэння немцамі Радунскага павета ў 1916 г. тут «адчынена новая мураваная турма на 40 душ» [112].

У канцы жніўня 1918-га гродзенская паліцыя арыштавала гастралёраў, «злодзеяў з Ліды, якія ўжо ехалі дахаты з пакрадзеным дабром з трох крадзяжоў з узломам. Адзін з лідскіх злодзеяў - хлопец 14 гадоў» [113]. А ў кастрычніку з гродзенскай турмы ўцёк канакрад, пра якога напісана вышэй, жыхар Ліды «шавец Міхал Запаснік, 18 гадоў, з Зарэчнай вуліцы, 14. Яго шукае беластоцкі акружны суд» [114].

Здаралася і такое: «Радунь. 17 лістапада, нямецкія патрулі затрымалі банду з 15 чалавек. Пры спробе ўцячы ўся банда была знішчана» [115].

Узімку 1918 г. газета паведаміла, што па дарозе Ліда - Гродна, каля Новага Двара, «конь, спужаны аўтамабілем, панёс і разбіў санкі аб тэлеграфны слуп. Міліцыянт Якабсан зваліўся з санак і папаў пад аўтамабіль, каторы яго задавіў на смерць» [116].

4 студзеня 1918 г. паведамлялася: «Шчучын. 4 студня ў вечары замак кн. Сапегі ў Спушэновай, каторы называўся Тарак, згарэў да тла з усімі рэчамі. Удалося выратаваць толькі некалькі рэчаў. Агонь ад пажару адбіваўся на хмарах у форме крыжа. Народ перакананы, што гэта знак скорага міра» [117].

Верагодна, першай пабудовай у закапанскім стылі на гістарычнай Лідчыне быў сядзібны дом Сапегаў у Спушы (сучасны Шчучынскі раён). Дом пачаў будаваць у канцы XIX ст. Ян Павел Аляксандр Сапега, будаўніцтва закончыў яго сын, Яўстафі Каэтан Сапега. Сядзіба складалася з пяці жылых пабудоў, аранжарэі, стайняў, цяпліц, галоўны дом неаднаразова дабудоўваўся і паляпшаўся. Сядзібны дом Сапегаў у Спушы быў найбольш цікавым будынкам у закапанскім стылі на Лідчыне.

Раздача жаўнерамі супа бедным, 1917 г.

Восенню 1916 г. яўрэйская грамада горада арганізавала сталовую для сваёй беднаты, так званую «Народную кухню»: «Ліда. Тут з дапамогай нямецкай улады яўрэйская грамада адкрыла страўню, каторая выдае 700 абедаў у дзень. Палову абедаў выдаюць дарма, за другую бяруць па 10 пфенігаў» [118]. «Народная кухня» знаходзілася на рынкавай плошчы горада, захавалася некалькі паштовак з яе выявамі.

Адкрылася сталовая і ў Радуні: «Яўрэйскі камітэт адкрыў народную страўню, у якой бедныя людзі на 10 пфенінгаў дастаюць дзве талеркі пажыўнай супы» [119]. Таксама сталовая рыхтавалася да адкрыцця ў Эйшышках: «Для наладжання тут народнай страўні, каторая не мае патрэбных грошай, збіраюцца ахвяраванні» [120].

У лістападзе 1916 г. выданне паведамляе, што «пасля перапісу жыхароў у Лідскім, Мерачскім... паветах, для жыхароў гэтых паветаў мае сілу прыказ мець пры сабе пашпарт» [121]. Насельніцтву акупаваных абшараў немцы выдавалі пашпарты (пасведчанні асобы), прыгодныя нават для міжнародных падарожжаў. Цікава, што гэтыя пасведчанні змяшчалі адбіткі пальцаў. У калекцыі аўтара ёсць паштоўка часоў Другой сусветнай вайны, на якой жыхары горада Ліда здаюць адбіткі пальцаў для атрымання пашпартоў. Менш вядома, што ў бланку гэтых эрзац-пашпартоў была таксама беларуская мова лацінкай у класічным правапісе. Пра гэта беларусам напамінаў «Гоман»: «Так званыя пашпарты Обэр-Ост выдаюцца і ў беларускай мове. Беларусы павінны вымагаць, каб ім выдавалі беларускія пашпарты. Як нам наказваюць яшчэ дагэтуль, не ўсе беларусы ведаюць, што ёсць беларускія пашпарты» [122].

У лістападзе 1916 г. на тэрыторыі гістарычнага Лідскага павета ў Эйшышках «каралеўска-прускі мецеаралагічны інстытут устроіў тут невялікую абсерваторыю дзеля нагляду за пагодай» [123].

Зіма 1917 г. была вельмі суровай і снежнай. Улады рабілі намаганні для расчысткі дарог: «Радунь. Тут былі сільныя снежныя заносы. Дарогі зрабіліся не праезджанымі. Загаданы адпаведныя крокі дзеля іх расчысткі» [124]. Але ў Радуні «ачыстцы дарог ад снегу вельмі шкодзіць вецер, які ўраз жа заносіць ачышчаныя дарогі» [125]. «Ліда. Даносяць аб снежных мяцеліцах у Лідскім павеце. Дарогі гэтак занесены снегам, што па іх немагчыма праехаць. Іх цяпер расчышчаюць» [126]. У сувязі з моцнымі маразамі лідскія гарадскія ўлады спрабавалі дапамагчы бедным: «з прычыны вялікіх халадоў гарадская ўправа выдала бедным 475 кубічных метраў дроў» [127].

У гэту ж зіму дапамагаць беднаце пачалі і акупацыйныя ўлады: «Ліда. Вялікую падмогу для тутэйшай беднаты дае публічная страўня. Порцыя абеду каштуе толькі 10 пфенігаў. Галоўнакамандуючы арміяй аддаў на яе вялікую часць даходу з кінематографаў. Ад 25 чэрвеня да 31 снежня выдана ўсяго 67 тысяч порцый стравы, у тым ліку каля 15 тысяч без ніякай платы» [128]. Ёсць паштоўка, на якой нямецкія жаўнеры раздаюць суп тым жыхарам горада, якія мелі ў гэтым патрэбу.

У ліпені 1917 г. выданне даводзіць да жыхароў акупаваных тэрыторый загад нямецкага галоўнакамандуючага пра тое, «як тутэйшыя жыхары павінны ставіцца да варожых летуноў. За не спаўненне яго карацімуць штрафам да 10 000 марак або астрогам на 5 гадоў. Загад забараняе падыходзіць да спусціўшагася сваёй ахвотай ці проці волі варожага лятуна, апроч выпадкаў, калі трэба памагчы пагібаючаму лятуну ці выратаваць яго машыну ад знішчэння. За даванне варожым летунам якіх-кольвечы знакаў вінаватых будуць аддаваць пад суд за здраду гасударству» [129].

31 мая 1916 г. Ліду наведвае кайзер Германіі Вільгельма ІІ, сустрэча кайзера на чыгуначным вакзалу, на здымку разам з кайзерам камандуючы 12-й рэзервовай арміяй Макс фон Фабек і генерал Бернгардзі (здымак з калекцыі Вадзіма Нікалаева).

Летам 1917 г. нямецкі імператар Вільгельм ІІ наведаў фронт: «Крэва. 30.VII. Нямецкі імператар быў сёння на фронце Смаргонь - Крэва і дзякаваў войску за адбіццё апошніх штурмаў расейцаў. Шмат каму з адзначыўшыхся салдат імператар сам даў жалезныя крыжы» [130].

Кайзер прымае парад нямецкіх войск у Паўночным гарадку, 31 мая 1916 г.

Нумар «Гомана» ад 9 кастрычніка 1917 г. піша пра тое, што ў Лідзе «на сёмую пазыку падпісана дагэтуль на 6 900 марак», гэты ж нумар друкуе некралог па Максіму Багдановічу [131] а ў нумары ад 9 лістапада паведамляецца пра рэвалюцыю ў Пецярбургу [132].

У снежні 1917 г. у ваколіцах Ліды «аб'явіліся ваўкі. На статак... напалі ваўкі і зарэзалі свінню» [133].

Аднак жыццё ў Лідзе працягвалася, «ад 1 кастрычніка 1917 г. да 1 сакавіка 1918 г. тут нарадзілася 47 дзяцей... памёрлі 124 асобы» [134].

Нумар «Гомана» ад 3 красавіка 1918 г. пад загалоўкам «Незалежная Беларусь» паведаміў: «Сталася тое, чаго ўсім сэрцам і ўсёй душой жадае здаўна... беларускі народ: у Менску Беларускім... Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ў ноч з 24 на 25 марта апавясціла дзяржаўную незалежнасць нашае Бацькаўшчыны...» [135].

Пачынаўся адлік новай гісторыі нашай дзяржавы.

16 траўня 1918 г. ліквідаваны Васілішскі павет [136].

10 верасня 1918 г. у Гродне адбыўся рэгіянальны кангрэс сіяністаў, дзе сярод дэлегатаў з Вільні, Гродна, Беластока, Коўна і інш. былі і дэлегаты з Ліды [137].

Заканчэнне нямецкай акупацыі

11 лістапада 1918 г. закончылася Першая сусветная вайна, германскае камандаванне ў Камп'енскім лесе падпісала перамір'е з краінамі Антанты. Было вырашана ўтварыць польскую дзяржаву. Гэты дзень жыхары Польшчы святкуюць як Дзень Незалежнасці.

Рынкавая плошча, фотаздымак з Die Woche, Jahrgang 1916 Nr. 24.

Пры канцы 1918 года палітычнае становішча ў горадзе і павеце рэзка абвастрылася. Мясцовыя палітычныя фракцыі - беларуская, польская, яўрэйская і ў меншай ступені 'Нямецкі дом', Віленская, 19. літоўская - імкнуліся да таго, каб германскія акупанты пры сваім адыходзе перадалі ўладу менавіта ў іх рукі. Аўтар кнігі «Самаабарона Лідскай зямлі» Юзаф Дзічканец пісаў: «Калі даведаліся, што немцы рыхтуюцца да таго, каб пакінуць Віленскую зямлю, у Лідзе зашумела, як у вуллі. Прадстаўнікі кожнай нацыянальнасці імкнуліся стварыць нейкую сваю арганізацыю, якая б пасля адыходу немцаў мела найбольшы ўплыў на ход палітычных і нацыянальных спраў у горадзе», а ў паводзінах акупантаў на «пачатку лістапада 1918 года можна было назіраць нейкія дзіўныя перамены... На тварах не толькі нямецкага камандавання, але і звычайных радавых можна было заўважыць прыкметы нейкага прыгнёту» [138].

У снежні 1918 г. міністр беларускіх спраў Літвы Язэп Варонка прызначыў «камісараў у беларускія паветы Літвы», у Лідскі павет быў прызначаны Е. Пашкевіч [139]. Пры канцы снежня 1918 г. Рада Народных Міністраў Беларускай народнай рэспублікі прызначыла міравых суддзяў, якія былі ўпаўнаважаны прыняць ад нямецкіх судоў справы, дакументы, кнігі, грошы, інвентар. Яны ж былі павінны часова выконваць абавязкі судовых следчых. У Лідскі павет быў прызначаны Антон Каўшун [140]. Беларускі рух у горадзе ўзначаліў былы лідскі спраўнік, ветэран Першай сусветнай вайны, генерал-маёр Яўген фон Гротэ дэ Буко [141].

Польскае насельніцтва краю пачало фармаваць Самаабарону. Віленская Самаабарона сфармавалася яшчэ ў лістападзе 1918 г. Галоўны штаб Самаабароны знаходзіўся ў Вільні, штаб першай групоўкі - у мястэчку Падброддзе, а штаб другой групоўкі - у Лідзе. Лідская групоўка мела тры аддзелы Самаабароны: у Лідзе, Шчучыне і Эйшышках - агульнай колькасцю больш за 320 чалавек. Ганаровым кіраўніком лідскай Самаабароны стаў генерал Адам Макрэцкі. Арганізатарам і ініцыятарам лідскай Самаабароны быў падпаручнік Вацлаў Шукевіч, шчучынскай - кавалерыйскі паручнік Баляслаў Лісоўскі, эйшышскай - падкапітан Казімір Ільцэвіч [142]. Акрамя атрада Самаабароны, у Лідзе былі створаны польскія арганізацыі: Народная Рада Лідскай зямлі, Таварыства полек, Таварыства польскай моладзі і рабочы прафсаюз. Народная Рада ўзнікла ў палове лістапада 1918 г. па ініцыятыве аптэкара Рудольфа Бергмана, падпаручніка Вацлава Шукевіча, адваката Станіслава Іваноўскага і доктара Рамуальда Сапоцькі. На першым сходзе, які адбыўся ў прыватнай кватэры Рудольфа Бергмана (будынак старой аптэкі), было вырашана даць ёй афіцыйную назву Народная Рада Лідскай зямлі. Рада ставіла перад сабой мэту пераняць пасля акупантаў уладу і нерухомую маёмасць у горадзе і павеце [143]. У лістападзе 1918 г. беларускі актывіст з Ліды Сымон Сяўрук пісаў у газету пра стварэнне Народнай Рады: «Адным з месц панскай польскай агітацыі ёсць Лідскі павет. Тут паны раз'язджаюць па вёсках і ўсякімі хітрыкамі ўмаўляюць сялян падпісвацца пад просьбамі аб прылучэнні да Польшчы і аб прысланні польскіх легіонераў. Памагаюць у гэтым і лідскія ксяндзы - палякі, дзекан і пробашч. Даходзіць навет да гэткіх здарэнняў, што, напрыклад, пушчаецца погаласка, што дзекан выдае квіткі на дармавы хлеб. Народ кідаецца да дзекана, а дзекан пасылае іх да пробашча, каторы неграматных людзей падпісвае пад просьбай аб прылучэнні да Польшчы і г д.

Уся гэтая нагодная работа балямуцтва і маны дзеецца тут заўсёды і ні кога не дзівіць. Але вось польскім панам, спалоханным рэволюцыяй, захацелася чагось вялікшага, паны, каб змацаваць сваё панаванне над гаротным народам, пастанавілі арганізаваць "польскую раду лідскай зямлі". Каб гэта было ў іншым часе, дык паны на мужыкоў і ўвагі не звярнулі б. Але цяпер рэволюція і паном патрэбна была сялянская закраска. Аднак ня гледзячы на ўсе старанні паном удалося прыцягнуць толькі некалькіх чалавек. 10 лістапада назначана было сабранне, каб выбраць польскую раду. Сабранне адбывалася ў клябанні, у дзекана. На гэтае сабранне было прыцягнена толькі каля 12 чал. сялян, а рэшта былі паны. Адкрыў сабранне кс. дзекан, каторы гаварыў аб багацці Польшчы, аб патрэбе прылучэння да яе, аб легіонерах і г.д. Як Нямецкія жаўнеры на рынкавай плошчы горада, 1917 г. прыйшло да "выбараў" у польскую раду, то паны выставілі адразу сваіх кандыдатаў. Як прыйшла справа да сялян, дык не было з чаго выбіраць і захрыстыян адлічыў 8 чал. і ўпіхнуў як прадстаўнікоў ад сялян. Гэтак была ўтворана "польская рада Земі Лідзкей"» [144].

Сядзібны дом Сапегаў у Спушы.

У перыяд завяршэння нямецкай акупацыі ў Лідзе пачала стварацца нелегальная камуністычная арганізацыя. З кастрычніка па снежань 1918 г. яе дзейнасць узначаліў дасланы з Вільні ўпаўнаважаны Губернскага камітэта РКП(б) Утроб (Чэхаў). Пры канцы снежня 1918 г. у Лідзе быў створаны рэвалюцыйны камітэт пад кіраўніцтвам упаўнаважанага ЦК РКП(б) Н. Лазарава. 29 снежня 1918 г. у Лідзе быў створаны павятовы рэўкамітэт. Яго членамі сталі 9 чалавек: 5 камуністаў - Утроб (Чэхаў), Лазараў, Вацлаў Калясінскі (селянін з Ёдкаў), Адольф Сцяпанавіч Сегень (селянін вёскі Вінькаўцы), Камінскі, Камянецкі, і 4 сацыял-дэмакраты інтэрнацыяналісты. Рэвалюцыйны камітэт заняў дом бежанца ў гады вайны мясцовага купца Ілютовіча, які размяшчаўся па вуліцы Садовай. Бальшавікі захапілі склад са зброяй, якая належала мясцоваму аддзяленню літоўскай партыі (100 вінтовак), і стварылі гарадскі атрад народнай міліцыі колькасцю каля 100 чалавек, абсалютную большасць членаў міліцыі складалі лідзяне яўрэйскай нацыянальнасці [145]. У 1925 г. з газетнай інфармацыі даведваемся пра лёс аднаго з гэтых лідскіх камуністаў: «22.Х. у апэляцыйным судзе разглядалася справа грам. Сегэня Адольфа, якога акружны суд засудзіў на вечную катаргу за нібы «дзяржаўную здраду» ў 1918 г. у Лідскім павеце, калі там ня было ніякае ўлады ані войска, ды ня былі ўстаноўлены падставы польскага падданства. Баранілі яго адвакаты Міцкевіч, Нэйман, Чэрніхаў і Сьмараўскі (з Варшавы). На судзе справа Сегэня была адложана, каб выклікаць 12 яго сведкаў» [146].

Мясцовыя палітычныя фракцыі - польская, яўрэйская, беларуская і ў меншай ступені літоўская - імкнуліся да таго, каб германскія акупанты пры сваім адыходзе перадалі ўладу менавіта ў іх рукі [147]. Прадстаўнікі няпольскіх нацыянальнасцей варожа адносіліся да дзеянняў Народнай Рады і Самаабароны [148]. Мы мала ведаем пра дзейнасць Польскай Народнай Рады на Лідчыне, але, пэўна, Рада мела нейкі ўплыў на нямецкую адміністрацыю, бо рашэннем Рады быў выселены з Ліды прадстаўнік Тарыбы, які меў заданне пачаць арганізоўваць працу ў Лідзе [149].

Немцы не маглі вызначыцца, каго прызнаць пасля сябе ўладай у павеце, таму што апрача палякаў свае прэтэнзіі на ўладу адначасова выказвалі бальшавікі, беларусы і літоўцы. Юзаф Дзічканец, аўтар кнігі «Самаабарона Лідскай зямлі» і відавочца тых падзей пісаў: «Самым небяспечным канкурэнтам для палякаў у справе атрымання зброі ад немцаў побач з яўрэямі быў арганізатар беларускага руху ў Лідзе, былы расійскі «исправник» фон Гротэ-дэ-Буко, які па прычыне свайго нямецкага прозвішча меў пэўныя перавагі ў штадтгаўптмана (начальніка павета). Толькі ён мог прыняць рашэнне аб выдачы зброі. Досыць доўгі час працягваліся спробы атрымання зброі». Далей Дзічканец адзначае: «Дзіўна, што рускіх, якія перад вайной мелі прэтэнзіі да Ліды як да «истинно русского города», у гэты час у Лідзе не было. За выключэннем толькі невялікай групкі, амаль усе «истинно русские люди» пакінулі чужы для іх край і горад, накіроўваючыся да сапраўднай сваёй Бацькаўшчыны - Расіі. Былы лідскі спраўнік фон Гротэ дэ Буко, і той пакінуў шэрагі расіян. ...фон Гротэ дэ Буко пачаў арганізоўваць беларусаў, каб стварыць Беларускую Народную партыю» [150].

Яўген фон Гротэ дэ Буко (19.01.1862-1944) паходзіў з аславяніўшагася нямецкага роду праваслаўнага веравызнання, які належаў да дваран Маскоўскай губерні. Быў жанаты на дачцэ калежскага дарадцы Свідэрскага - Вользе Мікалаеўне (нарадзілася ў 1872 г.). Меў сыноў Уладзіміра (нарадзіўся 13 ліпеня 1891 г.) і Аляксея (нарадзіўся 24 студзеня 1906 г.) і дачку Кацярыну (нарадзілася 4 лістапада 1897 г.). Будучы лідскі спраўнік адукацыю атрымаў у 4-й Маскоўскай ваеннай гімназіі, а потым у Маскоўскай пяхотнай юнкерскай вучэльні.

Генерал-маёр Яўген фон Гротэ дэ Буко, першы лідар беларускага руху ў горадзе Ліда.

31 студзеня 1905 г., загадам № 14 па Віленскім губернскім кіраванні «начальнік земскай варты Новамінскага павета [Мінск-Мазавецкі павет - Л. Л.] капітан фон Гротэ-дэ-Буко, згодна з яго прашэннем, прызначаецца часовым выканаўцам абавязкаў лідскага павятовага спраўніка» [151]. Гэта ж бачна з «Памятных кніжак Віленскай губерні»: з 1906 г. па пачатак 1915 г. ён узначальваў павятовую паліцыю і Лідскае пажарнае таварыства [152], г.зн. адказваў за пажарную бяспеку часта гарэўшага горада, а бліжэй да пачатку вайны быў сябрам апякунскай рады Лідскай прыватнай жаночай гімназіі Ф. Л. і В. С. Навіцкіх [153]. У «Памятнай кніжцы Віленскай губерні» за 1914 г. напісана: «Павятовы спраўнік - калежскі дарадца Яўген Аляксандравіч фон Гротэ дэ Буко» [154]. Такім чынам, да 1914 г. лідскі спраўнік атрымаў ужо чын VI класа, які адпавядаў чыну армейскага палкоўніка. Загадам віленскага губернатара № 163 ад 6 ліпеня 1914 г. звальняецца ў адстаўку па яго заяве «з-за хваробы...» [155].

У 1914 г. добраахвотна ідзе на фронт. 9 верасня 1915 г. яго ўзнагародзілі ордэнам Св. Георгія 4-й ст. за асабістую храбрасць. Камандзір 6-га Фінляндскага палка, у якім служыў Гротэ дэ Буко, Свечын пісаў у сваёй кнізе «Мастацтва кіравання палком...»: «Афіцэрскі склад у маім палку быў надзвычай удалы. У мяне было некалькі выдатных памочнікаў у асобах камандзіраў батальёнаў. ...выдатным камандзірам з'яўляўся падпалкоўнік Гротэ дэ Буко. Гэта быў бясхітрасны стары, перад вайной лідскі спраўнік, які па сваёй добрай волі прамяняў сваю спакойную паліцэйскую пасаду на цяжкую прафесію - спачатку камандзіра роты, потым батальёна. Добрая воля, добразычлівасць, досыць моцныя нервы, а затым сівізна рабілі на салдатаў захапляльнае ўражанне. Салдаты яшчэ не вызваліліся ад кайданоў патрыярхальных уяўленняў, і для іх дзядуля Гротэ з'яўляўся несумнеўным правадыром-старэйшынам; слухалі яны яго з глыбокай павагай і любоўю, і пасля штурму афіцэры 1-га батальёна распавядалі, пра тое, што яны назіралі салдат, якія хапалі дзядулю ў крытычную хвіліну за фалды і хавалі яго ў вырву, салдаты баранілі яго сваімі целамі. Маладосць - сіла, але ў пэўнай абстаноўцы сівая барада, прыстаўленая да добрай галавы, таксама з'яўляецца буйной маральнай сілай пры ўмове непасрэднага судакранання з салдацка-сялянскай масай».

26 сакавіка 1916 г. былы лідскі спраўнік атрымлівае званне палкоўніка, а загадам ад 20 кастрычніка 1916 г. - ордэн Святога Станіслава 2-й ст. з мячамі. 9 кастрычніка 1917 г. Яўген Гротэ дэ Буко «за заслугі ў справах...» атрымлівае званне генерал-маёра [156].

Лёс фон Гротэ дэ Буко на працягу 2 гадоў, да канца 1918 г. невядомы, але найбольш верагодным горадам, дзе ён мог зблізіцца з дзеячамі беларускага руху, быў Мінск. Верагодна, пасля развалу арміі, у 1917 г. былы лідскі спраўнік жыў у гэтым горадзе, але ніякай дакладнай інфармацыяй аўтар не валодае. З'явіцца ў Лідзе генерал фон Гротэ дэ Буко зноў мог толькі пасля заключэння так званага Берасцейскага міру, раней ён быў бы неадкладна арыштаваны. У Лідзе ўзначаліў беларускую палітычную партыю і такім чынам стаў першым лідарам беларускага руху ў Лідзе.

Генерал Яўген фон Гротэ дэ Буко ў 1920-х гг. жыў у Вільне. Загінуў у Варшаве ў 1944 г.

Лідскія пажарныя, 1917 г.

Цікава, што і ў арганізаваным немцамі Шчучынскім (Плянцкім) павеце нямецкі начальнік павета гаўптман (капітан) Ліндаман хацеў перадаць уладу прадстаўніку ўрада незалежнай Літвы Тадэвушу Іваноўскаму, які па маці быў немцам. Тадэвуш Іваноўскі вёў палітычную працу ў Шчучынскім павеце разам з беларускім рухам [157].

Сыходзячы з горада, згодна з Берасцейскай дамовай, нямецкія войскі перадалі зброю мясцоваму рэвалюцыйнаму камітэту. У ноч з 27 на 28 снежня 1918 г. часткі германскіх войскаў пакінулі Ліду, і 3 студзеня 1920 г. - Лідскі павет. Перад ад'ездам немцы сшыхтавалі на плошчы паміж фарным касцёлам і замкам увесь свой Лідскі гарнізон, узброены кулямётамі ў колькасці 16 штук [158].

Лідскія пажарныя, 1917 г.

За тры дні праз чыгуначную станцыю прайшло больш за тры дзясяткі цягнікоў са зброяй, амуніцыяй, фуражом і іншым вайсковым абсталяваннем. Трэба адзначыць, што нават камандаванне бальшавікоў прызнавала, што на тэрыторыі павета і горада адыход нямецкіх войскаў не суправаджаўся марадзёрствам і псаваннем чыгуначнай маёмасці, а наадварот, пакідаючы горад, нямецкія салдаты арганізавалі рэвалюцыйны мітынг салідарнасці з мясцовым насельніцтвам. Такія ж мітынгі адбыліся і ў шэрагу іншых населеных пунктаў Лідчыны.

12 снежня 1918 г. штаб Заходняй арміі бальшавікоў аддае загад аб працягу наступу ў Беларусі: «Заходняй дывізіі (начдыў Яршоў) у складзе чатырох палкоў, лятучага атрада т. Вянглінскага... і 38-га авіяцыйнага атрада... заняць і абараняць раён Гродна - Ваўкавыск - Ліда - Баранавічы - Маладзечна, стварыўшы Лідскі баявы ўчастак» [159].

Рэўком узяў пад кантроль гарадскую электроўню, тэлефонную і чыгуначную станцыі, будынак вакзала і склады. 31 снежня адбыўся гарадскі мітынг - першая масавая палітычная акцыя рэўкома. Мітынг быў праведзены ў будынку кінатэатра «Нірвана», і ў ім прынялі ўдзел пераважна рабочыя. Сябры рэўкома абвясцілі, што ўлада ў горадзе належыць працоўным, а «горад стане савецкім, як і ўсе беларускія гарады. З панамі і буржуазіяй будзе пакончана» [160].

Польская «Самаабарона» таксама разлічвала ўзяць пад кантроль горад і павет. Аднак 5 студзеня 1919 года ў Ліду ўвайшлі эскадроны перадавой выведкі Чырвонай Арміі, таму польскія жаўнеры былі змушаны часова пакінуць горад.

Юзаф Дзічканец пісаў: «Бальшавікі ўвайшлі ў Ліду з боку мястэчка Іўе. У горадзе іх з энтузіязмам сустракалі тутэйшыя камуністы. Гэта былі атрады стралкоў 3-га Сядлецкага палка, які ўваходзіў у склад Заходняй савецкай дывізіі. Частку тых атрадаў размясцілі ў казармах пяхоты, астатніх - у прыватных дамах у горадзе. Камандаванне, якое ўзначальваў камісар Шпак, а таксама штаб дывізіі, які ўзначальваў нейкі палкоўнік Длускі, размясцілі ў доме доктара Рэнарта, які знаходзіўся пры галоўнай вуліцы, якая тады называлася Віленскай» [161].

Фахверкавы будынак пажарнай аховы, пабудаваны ў 1916 г. па вуліцы Віленскай.

6 студзеня адбыўся павятовы з'езд прадстаўнікоў Народнай Рады, дзе было заяўлена пра намер узяць у свае рукі ўладу ў горадзе. Бальшавікі часовага рэўкама з узброеным атрадам занялі будынак, дзе адбывалася пасяджэнне з'езду, і абвясцілі яго распушчаным, а саму Раду зрынутай [162].

Цікавай з'яўляецца справаздача пра дзейнасць Лідскай павятовай арганізацыі для ЦК КП(б)Б, у якой загадчык інфармацыйнага аддзела ЦК Вінаградаў пісаў: «Падчас знаходжання ў краі немцаў, у канцы 1918 г., стварылася падпольная арганізацыя. Яўрэйскія працоўныя г. Ліды ў той час знаходзіліся пад уплывам меншавіцкіх дзеячаў з П[оалей]-Ц[іёна] і Бунда, мелі сваю працоўную арганізацыю - клуб. Польскія працоўныя таксама мелі сваю арганізацыю з відавочна чарнасоценнай афарбоўкай. Абедзве Вучэнні ваенных пажарных у Лідзе. нацыянальныя арганізацыі ладзілі сходы працоўных, і вось на гэтых сходах стала прыкметна прысутнасць працоўных, якія ўразумелі сабе падзеі, якія адбыліся ў Расіі і праяўлялі імкненне адмовіцца ад мяшчанскай ідэалогіі, што выяўлялася сярод яўрэйскіх працоўных у стыхійнай форме, а сярод польскіх працоўных - пад уплывам таварыша К., які прыехаў з Расіі. Некаторыя з гэтых таварышаў сыходзіліся ў сваім стаўленні да палітыкі бальшавікоў і пачалі збірацца разам, у выніку чаго была створана падпольная арганізацыя. Была ўсталявана сувязь з Вільняй, адкуль прыязджалі агітатары, а для сталай працы быў дасланы тав. Чэхаў. У канцы снежня пад кіраўніцтвам тав. Лазарава, які прыехаў з Вільні, быў створаны рэвалюцыйны камітэт... Са стварэннем рэўкома арганізацыя адкрыла прыём новых сяброў, за кароткі час запісалася больш за 50 чалавек, з якіх, праўда, калі стала пытанне пра ўдзел арганізацыі ў барацьбе супраць наступу польскіх легіянераў, шматлікія чальцы аказаліся шкурнікамі і былі выключаны з партыі, што зноў моцна скараціла колькасны склад арганізацыі.

У перыяд да прыходу польскай акупацыі сябрам арганізацыі прыйшлося весці зацятую працу для падтрымання Савецкай улады. Праца была нялёгкая, бо працоўныя і сяляне павета, якія доўга жылі пад нямецкай акупацыяй, мелі мала ўяўлення пра Савецкую ўладу і прынцыпы камунізму. Праца ўскладнялася яшчэ тым, што белагвардзейскія польскія банды знаходзіліся недалёка ад Ліды і неаднаразова з'яўляліся то ў адным, то ў іншым месцы павета. Тым не менш было зроблена даволі шмат. У горадзе былі арганізаваны прафсаюзы, быў створаны пралетарскі клуб III Інтэрнацыяналу, у якім ладзіліся мітынгі і лекцыі для працоўных і сялян. У некаторых воласцях былі створаны кам'ячэйкі, ...па горадзе і павеце распаўсюджвалася савецкая літаратура і газеты. Сябры партыі бралі ўдзел у савецкім будаўніцтве. Створаны [тав.] О. камуністычны атрад неаднаразова выступаў на фронт» [163].

Генерал Адам Вінцэнт Феліцыян Макрэцкі . Нарадзіўся ў ліпені 1856 г. у маёнтку Дзітрыкі Лідскага павета. У 1863 г. сямігадовы хлопчык насіў са старэйшым на два гады братам Ігнатам бутэлькі з порахам і пакункі з прадуктамі для партыі паўстанцаў.

Пасля заканчэння вайсковай школы ў 1877 г. Адам Макрэцкі ў рангу падпаручніка быў патрапіў на турэцкую вайну, там атрымаў адзнаку, так званы «Ганненскі цямляк». Пасля вяртання з вайны быў накіраваны ў Пермскі полк у Гародні. У 1883 г. ажаніўся з Геленай Ардылоўскай, дачкой абшарніка з ваколіц Друскенік. У 1896 г. атрымаў званне падпалкоўніка і быў накіраваны да Лібавы ў Курляндыі, дзе знаходзіўся аж да 1905 г. У японскай вайне не ўдзельнічаў. У пачатку 1907 г. падпалкоўнік пяхоты Макрэцкі прачытаў пры штабе корпуса лекцыю «Ініцыятыва салдата на вайне». Гэтая лекцыя прыцягнула ўвагу вышэйшага камандавання, якое, не гледзячы на тое, што падпалкоўніку споўнілася 50 гадоў, прапанавала яму службу ў Генеральным штабе з умовай змены веравызнання, але Макрэцкі прапановы не прыняў. Праз некалькі месяцаў атрымаў званне палкоўніка, а ў 1912 г. атрымаў камандаванне палком у Маршанску Тамбоўскай губерні. У 1914 г. разам з палком накіраваўся на фронт. На вайне атрымаў званне генерала і Крыж Св. Георгія. У 1915 г. быў кантужаны і высланы на лячэнне. У гэты час атрымаў брыгаду рэзерву ў Вільні, якая дыслацыравалася ў Віцебску, а потым у Мінску. Тут працаваў у Вайсковым Саюзе палякаў разам з будучым міністрам унутраных спраў у адроджанай Польшчы Уладзіславам Рачкевічам. Пасля рэвалюцыі ў Расіі ўступіў у корпус ген. Доўбар-Мусніцкага, а калі яго расфарміравалі, вярнуўся з сям'ёй у свой маёнтак Дзітрыкі. Пасля некалькіх месяцаў прымусовага бяздзеяння становіцца камандзірам 2-й групы віленскай Самаабароны, штаб якой знаходзіўся ў Лідзе, потым выязджае ў Вільню і становіцца камендантам гэтага горада. Пасля таго як Самаабарона пакінула Вільню і яе раззброілі немцы, генерал Макрэцкі накіроўваецца ў Польшчу і прызначаецца камандзірам участку фронту на рацэ Шчара. У 1919 г. узяў Слонім, Баранавічы і Нясвіж, а калі быў прызначаны камандзірам 1-й Літоўска-Беларускай дывізіі, са сваёй дывізіяй адваяваў Слуцк і Клецк. У канцы гэтага ж года быў прызначаны камандзірам Генеральнай Акругі ў Гародні. У 1920 г., падчас адступлення польскіх войскаў пад націскам бальшавікоў, Макрэцкі застаўся са сваім штабам, малым атрадам, які складаўся з тэлеграфістаў і некалькіх танкаў, да астатняй хвіліны. Гэты нешматлікі атрад на працягу некалькіх гадзін вёў зацятую барацьбу з чырвонымі на вуліцах горада.

6 красавіка 1921 г. Макрэцкі - першы пасляваенны камендант Гародні - памёр у Гародні ад сардэчнага прыступу [164].

Бальшавіцка-польская вайна

Цяжкі 1919 г. 10 студзеня 1919 г. аддзеламі 3-га Сядлецкага палка «заняты г. Ліда і выстаўлены заставы на гарадзенскім і беластоцкім кірунку» [165]. 3-ці Сядлецкі полк Чырвонай Арміі быў часткова раскватараваны ў казармах на тэрыторыі сучаснага Паўночнага гарадка, а некаторыя часткі - у хатах і кватэрах лідзян.

На пачатку лютага газета левай фракцыі Беларускай сацыялістычнай грамады «Грамадзянін» надрукавала інфармацыю з Ліды: «Арганізацыйная праца ідзе добра ва ўсім павеці. Многа ёсць сьвядомых беларусаў. Наладжваецца так сама і партыйная праца. Сяляне вельмі ахвотна чытаюць і пашыраюць нашу сялянска-работніцкую газету "Грамадзянін"» [166].

Прыход частак Чырвонай Арміі, як і паўсюдна, адмоўна адбіўся на харчовай сітуацыі ў горадзе. Вялікая колькасць крам зачынілася, іх уладальнікі ці пакінулі горад, ці прыпынілі гандаль на нявызначаны тэрмін. Рэўком пачаў рэгістрацыю ўсіх прадпрыемстваў у горадзе і павеце, а таксама ўсіх крам і таварных складоў. Неўзабаве Лідскі часовы рэвалюцыйны камітэт абвясціў сябе паўнамоцным органам савецкай улады і прыняў рашэнне называцца Лідскім павятовым ваенна-рэвалюцыйным камітэтам. Ваенна-рэвалюцыйны камітэт кантраляваў ключавыя прамысловыя прадпрыемствы, чыгунку, адчыніў біржу працы для беспрацоўных, лякарню, пачалі працаваць камунальныя службы і г.д. На гарадскую «буржуазію» была накладзена «кантрыбуцыя» на суму 80 000 акупацыйных марак для «патрэб працоўных». Пасля накладання на «буржуазію» кантрыбуцыі гандаль у горадзе цалкам заглух. Не толькі багатыя, але і дробныя гандляры пахавалі тавары, баючыся рэквізіцыі. Лідзянам было абвешчана пра пачатак рэалізацыі дэкрэтаў савецкага ўрада. У павеце пачалася рэгістрацыя абшарніцкіх маёнткаў з мэтай іх ператварэння ў сельскагаспадарчыя камуны [167].

Гараджанам аб'явілі, што ў кінатэатры «Нірвана» будуць праводзіцца мітынгі адзін раз у два тыдні. Аб'яўленыя мітынгі і сапраўды адбываліся, «але былі малазапатрабаванымі, на іх прысутнічалі толькі яўрэі і нешматлікія прыхільнікі камунізму» [168].

З дакладу аб дзейнасці ЦК КП (б)ЛітБел за сакавік - красавік 1919 г. даведваемся, што Лідскі павет падзелены на 22 воласці. «У некаторых воласцях ёсць камуністычныя ячэйкі. У самой Лідзе арганізацыя налічвае 30 камуністаў. Старых сяброў партыі няма. Работа слабая, няма вопытных і старых партыйцаў. Савет працуе дрэнна і з-за пагрозы легіянераў у сакавіку месяцы пакінуў горад, потым вярнуўся да заняцця горада палякамі» [169].

У лютым чырвоным войскам было загадана ўмацавацца на рубяжы Араны - Ліда - Слонім - р. Шчара - канал Агінскага - Пінск - Сарны [170]. У гэты час Заходняя дывізія чырвоных са штабам у Лідзе складалася з 5 пяхотных палкоў, Заходняга бранявога атрада і двух кавалерыйскіх палкоў: Мазавецкага ўланскага і Варшаўскага гусарскага. Дывізія трымала фронт па лініі Марцінканцы - Шчучын - р. Шчара - возера Выганаўскае, рыхтавалася бараніць Ліду і Баранавічы [171].

Паколькі нямецкія войскі яшчэ заставаліся ў паўночнай і заходняй частках Гарадзенскай губерні, яны перакрывалі польскім войскам шлях на ўсход, і таму ўвесь студзень 1919 г. польскія войскі не маглі рухацца на беларускую тэрыторыю. 5 лютага ў Беластоку была падпісана польска-германская дамова, па якім немцы перадавалі тэрыторыю палякам і пачалося павольнае пасоўванне польскага войска на ўсход. 13 лютага быў заняты Ваўкавыск, 14 лютага каля Мастоў адбылося першае баявое сутыкненне з чырвонымі, 3 сакавіка быў узяты Скідзель і Слонім, 5 сакавіка - Шчучын [172].

25 сакавіка 1919 г. у 19.00 «на Лідскім накірунку» адбылася перастрэлка з польскай выведкай [173].

Аперацыя па захопу польскім войскам Вільні ў красавіку 1919 г. атрымала назву Літоўска-Беларускай. Прадугледжвалася нанясенне моцнага ўдару на Ліду і Баранавічы, ударам на Баранавічы для чырвоных стваралася пагроза Мінску, аднак галоўны ўдар наносіўся на Ліду і Вільню.

29 сакавіка ў Лідзе праездам быў камандуючы Чырвонай Арміяй на Захадзе А. Я. Снесараў. Ён запісаў у дзённік: «29 сакавіка 1919 (субота). Ліда.

Выйшлі з Вільні ў 8 гадзін, прыбылі ў 12 (90 вёрст)... Карпаў (ваенны камісар станцыі, твар катаржніка, гаворыць на «о») кажа пра напады, акружэнні... «Тут шпіёны, контррэвалюцыя, спекулянты»... Скардзіцца на літоў[скі] Урад. У Вільні ўмеюць схаваць, а тут ясна: «рус. акупанты»... (Карпаў кажа мабыць шчыра: «Калі б тут была Соц. Фед. Рэспубліка, усе б было... але тут спекулянты»... альбо: «Керанак яму не трэба, а дай царскіх»). [...]

З 3-5 гадзін на пазіцыях 3-й роты Сядлецкага палка каля вёскі Слабодка. [...]. У самой вёскі ёсць пазіцыя, і я тлумачу яе перавагі... Нечакана для іх я іду на пазіцыю. Наперадзе яе лес (у 1/2 вярсты), справа абстрэлу няма, злева падыходзіць лясок... словам, пазіцыя дрэнь... Але камандзір роты сцвярджае, што каля вёскі, па якой цяпер страляюць, людзей не ўтрымаць... у полі лепш. Гутарым пра парадкі ў роце... кажа ўнікліва. Насустрач ідзе хлопец з мяшком - уцякач... ён наўпрост кажа аб легіянерах... Іх ідзе маса!» [174].

2 красавіка Пілсудскі накіраваў камандаванню Літоўскага-Беларускага фронту план наступу на Вільню. Ён прапанаваў камандуючаму фронтам С. Шаптыцкаму сканцэнтраваць паміж Мастамі і Лідай кавалерыйскую групу і выправіць яе ў рэйд праз Радунь на Вільню. Адначасова іншай групе войск было загадана ўзяць Ліду. Сам Пілсудскі ў ноч з 14 на 15 красавіка ў сваім цягніку прыбыў са штабам на станцыю Скрыбаўцы. Адсюль, раніцай 15 красавіка , ён аддаў загад наступаць [175].

Фотаздымак з артыкула пра штурм Ліды ў 1919 г. Tygodnik Illustrowany №22, 31 maja 1919. S. 340–341.: Выгрузка польскага самалёта на станцыі Скрыбаўцы перад наступленнем на Ліду ў 1919 г.

Наступ пачаўся 16 красавіка . Пілсудскі выехаў на аўтамабілі на бераг ракі Дзітва і тут, за 12 км на поўдзень ад Ліды, асабіста назіраў за наступам.

З польскага боку ў баях за Ліду ўдзельнічалі тры батальёна пяхоты (1-ы батальён 2-га палка, 1-ы батальён 3-га палка, 3-ці батальён 4-га палка) разам з батарэяй палявой артылерыі і дзвюма батарэямі цяжкай артылерыі з 1-й дывізіі Легіёнаў, група маёра Мечыслава Мацкевіча, якая складалася з двух батальёнаў пяхоты і батарэі артылерыі з 41-га Сувальскага палка, кавалерыйская група маёра Глухоўскага - 2,5 эскадроны. Кіраваў штурмам Ліды генерал Юзаф Ласоцкі.

У Лідзе бараніліся 3-ці Рэвалюцыйны Сядлецкі полк і 6-ы Рэвалюцыйны Гарадзенскі полк, іх падтрымлівалі два бронецягнікі.

16 красавіка з 1919 г. у 5.00 з трох кірункаў - з поўначы, захаду і поўдня - пачаўся наступ на Ліду. З усходу польская кавалерыя перарэзала чыгунку Ліда - Маладзечна.

Фотаздымак з артыкула пра штурм Ліды ў 1919 г. Tygodnik Illustrowany №22, 31 maja 1919. S. 340–341.: Польская гармата на пазіцыі пад Лідай у 1919 г.

Уначы з 16 на 17 красавіка Пілсудскі ўвёў у бой дадаткова яшчэ два батальёны з дывізіі Легіёнаў (2-гі батальён 5-га палка і 1-ы батальён 6-га палка). Усю ноч ішоў бой, толькі пры штурме казармаў Паўночнага гарадка з 3-га батальёна 4-га палка загінула 13 легіянераў і 80 было паранена, 1-ы батальён 3-га палка страціў 12 забітымі і 26 параненымі [176].

У поўдзень польская конная артылерыя трапнымі стрэламі знішчыла бронецягнік чырвоных. Далёка былі чутны страшныя выбухі пры дэтанацыі снарадаў, частка вагонаў цалкам згарэла, адзін лакаматыў быў пашкоджаны, але другі з некалькімі вагонамі з'ехаў. Гэту частку бронецягніка хутка захапілі легіянеры маёра Траяноўскага [177]. 1-ы батальён 2-га палка быў спынены ў прыгарадзе Закасанка, тут дзейнічаў другі бальшавіцкі бронецягнік. Аднак легіянеры прарваліся цераз чыгуначную лінію і ўварваліся ў Ліду з поўначы, у вулічных баях кожны дом у чырвоных адбіваўся штыкавымі атакамі. Некалькі разоў легіянераў выбівалі з горада, аднак ім удалося падарваць чыгуначныя рэйкі, пасля чаго бронецягнік быў падбіты артылерыяй. У гэтых баях 1-ы батальён страціў 13 забітымі і 68 параненымі.

17 красавіка ў 4.00 пачаўся штурм горада з усіх бакоў, прычым легіянеры з поўдня прарваліся да чыгуначнага вакзала, пасля чаго яны разам з жаўнерамі Сувальскага палка захапілі цэнтр горада. К 6.00 Ліда была захоплена. У выніку на станцыі польскаму войску дасталіся некалькі цягнікоў са зброяй і амуніцыяй, узяты ў палон 350 чырвонаармейцаў. Адступаўшых з горада чырвоных каля Ліпнішак яшчэ раз разграміла польская кавалерыя.

У поўдзень у горад прыбыў начальнік польскай дзяржавы Пілсудскі. Ён агледзеў 1-ы батальён 6-га палка Легіёнаў [178].

17 красавіка з рапарта камандзіра Заходняй дывізіі Лонгава бачна, што польскае войска перайшло да наступу па ўсім фронце. Наступ вёўся трыма групамі ў кірунках на Ліду і Наваельню - Наваградак - Баранавічы. У той жа дзень ад камандзіра падбітага бронецягніка № 32, які ўцёк з Ліды ў Беняконі, чырвоныя даведаліся, што бой за Ліду пачаўся 16 красавіка ў 3 гадзіны, чырвоныя адышлі да Ліды, пасля чаго ў горадзе адбыліся вулічныя баі. Больш камандзір бронецягніка нічога не ведаў [179]. 17 красавіка 1919 г. рэўваенсавет рэспублікі выдаў палявую зводку, у якой паведаміў, што польскае войска ўзяло Ліду, паміж станцыямі Бастуны і Воранава чыгуначныя рэйкі разабраныя «легіянерамі» [180].

Фотаздымак з артыкула пра штурм Ліды ў 1919 г. Tygodnik Illustrowany №22, 31 maja 1919. S. 340–341.: Прывал пад Лідай, агляд параненага каня ў 1919 г.

Пры канцы траўня «Тыгоднік ілюстраваны» надрукаваў артыкул з фотаздымкамі пра ўзяцце Ліды. «Тыгоднік» паведамляў, што бой за горад ішоў два дні. Моцныя сутычкі адбыліся пад Мажэйкавым, Лебядой, Масявічамі. Рэпарцёр пісаў з артылерыйскай батарэі, якая падбіла бронецягнік чырвоных каля моста цераз раку Дзітву: «Конная батарэя... з вечара 15 красавіка выехала на пазіцыю пад Лідай. Ліда - мэта нашых мар апошняга месяца, ключ ад Вільні, сэрца Літвы. Яшчэ шэра, сталі на пазіцыі, перадкі пушак ад'язджаюць у бок. Пачынаем агонь па чыгуначным вакзале ў Лідзе. Як толькі мы далі некалькі стрэлаў, нам пачынае адказваць артылерыя чырвоных. Чутны клёкаты лятучых снарадаў, узрывы ўзнімаюць зямлю да неба. Выбухі ўсё бліжэй. Паручнік О., ссунуўшы фуражку на патыліцу, кіруе батарэяй. Ён аддае каманды спакойным голасам... Сваім агнём наша батарэя падбівае варожы бронецягнік. ...у 6 раніцы прыходзіць навіна, што Ліда ўзята... Абмінаем бальшавіцкія акопы і ўязджаем у горад. Не сціхаюць стрэлы: гэта расстрэльваюць тых, якія віталі нашых жаўнераў агнём з карабінаў і ручнымі гранатамі. Дзе-нідзе ляжаць трупы нашых ці бальшавікоў з яўрэямі» [181].

Як і паведамляў рэпарцёр «Тыгодніка ілюстраванага», пасля ўзяцця горада дайшло да пагрому яўрэйскага насельніцтва часткай польскіх жаўнераў. Польскія гісторыкі апісалі гэты эпізод, напрыклад, Лех Вышчэльскі лічыў, што самасуд адбыўся над яўрэямі, якія падчас баёў за Ліду ваявалі на баку бальшавікоў. Згодна з афіцыйнымі дакументамі расследавання гэтай справы, было забіта 39 яўрэяў (34 былі апазнаныя, 5 - не, верагодна, яны былі не з Ліды) [182]. Пра гэты і іншыя інцыдэнты шмат пісала міжнародная прэса (напрыклад, «New York Times» 01.06.1919). Польскі Сейм, разам з брытанска-амерыканскай следчай камісіяй, якую ўзначальваў Генры Маргентаў, праводзіў расследаванне справы (гл. дадаткі). Некалькі гадоў высоўваліся розныя версіі справы і шырыліся дыскусіі, аднак у выніку вінаватыя былі аддадзены пад трыбунал [183].

Як бачна з даклада Літоўскага епархіяльнага савета ад 19 ліпеня (2 жніўня) 1919 г., дасланага польскім уладам, 22 красавіка 1919 г., праз пяць дзён пасля штурму горада, нейкія людзі ўварваліся ў храм падчас святочнай Велікоднай службы: «...трэці дзень св. Пасхі, падчас здзяйснення а. протаіерэем І. Каяловічам багаслужэння ў лідскім саборы ў храм уварваўся натоўп рыма-каталікоў. Мужчыны ў шапках і жанчыны хадзілі па царкве і выкрыквалі блюзнерскія фразы і лаянкавыя словы аб старым пастыры. ...ледзь не выбілі з рук старога протаіерэя Чашу са Святымі Дарамі. З вялікімі цяжкасцямі ўдалося закончыць богаслужэнне і пад прыкрыццём міліцыянераў прайсці ў сваю кватэру. Пасля гэтага ў храме натоўпам быў зламаны іканастас і праваслаўныя абразы выкінуты на двор. Праваслаўнае насельніцтва г. Ліда, такім чынам, засталося без святога месца для малітвы. Не кажучы ўжо аб глыбокай абразе рэлігійных пачуццяў праваслаўных вернікаў» [184]. Больш у афіцыйным дакуменце нічога няма.

Трэба заўважыць, што «русіфікатара, вядомага ў Лідзе палякажэрцу протаіерэя Каяловіча» [185] добра ведалі ў горадзе, ён меў сталую адмоўную рэпутацыю сярод рыма-каталіцкай большасці насельніцтва, бо на працягу доўгага часу з'яўляўся самым актыўным барацьбітом з каталіцтвам і католікамі, што, аднак, не можа апраўдваць сваволю натоўпу.

Пасля інцыдэнту лекар Рэнерт аказаў Каяловічу медычную дапамогу, пасля чаго, «не пражыўшы і аднаго месяца» [186], стары святар памёр.

Адразу пасля ўзяцця Ліды выйшла з падполля польская Народная Рада. 17 красавіка 1919 г. па прапанове чальцоў Рады быў прызначаны камісарам (старастам) Лідскага павета Станіслаў Здановіч . На гэтай пасадзе 18 красавіка 1919 г. ён вітаў у Лідзе начальніка дзяржавы Юзафа Пілсудскага [187].

Станіслаў Здановіч . Сын Юзафа і Апалоніі з Мікульскіх, нарадзіўся ў 1886 г. Скончыў гімназію ў Пецярбургу. Вучыўся на факультэце права Пецярбургскага ўніверсітэта і прымаў актыўны ўдзел у жыцці польскіх студэнцкіх гурткоў. Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў прысяжным павераным у Полацку і тут шмат гадоў быў сакратаром праўлення польскага Таварыства дабрачыннасці, падтрымліваў сувязі з аналагічнымі арганізацыямі на Лідчыне. Пасля бальшавіцкага перавароту і акупацыі Полацка немцамі вярнуўся ў Лідскі павет, дзе пачаў працаваць спачатку ў якасці чальца праўлення Польскай Народнай Рады Лідскай зямлі, пасля адыходу Эміля Буткевіча стаў старшынёй. Калі ў 1919 г. польскае войска заняло Ліду, быў прызначаны камісарам (старастам) Лідскага павета і выконваў функцыі старасты Лідскага павета на працягу 10 гадоў. Узнагароджаны крыжам ордэна «Polonia Restituta».

19 красавіка ў Лідзе Пілсудскі зрабіў запіс: «19 красавіка ў Лідзе: усё ў парадку, чыгуначныя рэйкі адрамантавалі, шляхі трымаем, работа зроблена. Абедаў у сувальшчан [у Cувальскім палку - Л. Л.], яны ў настроі і імкнуцца на Вільню…» [188].

18 красавіка кавалерыйская група палякаў пачала бой за Вільню, пры гэтым віленскія чыгуначнікі заблакіравалі шляхі і не далі магчымасці чырвоным выйсці з горада. Наадварот, на станцыі Беняконі імі была арганізавана хуткая пагрузка польскіх войскаў, якія падыходзілі з боку Ліды, і перавозка іх у Вільню. 20 красавіка Вільня была ўзята [189].

Фотаздымак з артыкула пра штурм Ліды ў 1919 г. Tygodnik Illustrowany №22, 31 maja 1919. S. 340–341.: ПДобраахвотніцкі «батальён смерці» з Познані з палкоўнікам Юзефовічам, ветэранам 1863 г. на лідскім вакзале.

Аперацыя па захопу Вільні атрымала назву Літоўска-Беларускай, яна ўзмацніла ролю Пілсудскага і павінна была станоўча ўздзейнічаць на вырашэнне пытання пра польскія межы на Парыжскай мірнай канферэнцыі, дзе выпрацоўваліся ўмовы будучага міру. Усходняя палітыка Польшчы ў той час не была адзінай. Кіраўнік дзяржавы Пілсудскі і яго палітычныя праціўнікі - партыя нацыянал-дэмакратаў, якую ўзначальваў Раман Дмоўскі, мелі розныя планы. Дмоўскі хацеў далучыць да Польшчы на ўсходзе толькі тыя тэрыторыі, якія, па яго меркаванні, можна было хутка асіміляваць - гэта значыць уключыць у склад Польшчы толькі Заходнюю Беларусь. Пілсудскі ж лічыў неабходным стварыць у федэрацыі з Польшчай супольнасць вольных народаў - беларусаў, украінцаў, літоўцаў. Такім чынам захоп Вільні стаў не толькі вайсковай перамогай, але і часовым поспехам усходняй палітыкі Пілсудскага.

Фотаздымак з артыкула пра штурм Ліды ў 1919 г. Tygodnik Illustrowany №22, 31 maja 1919. S. 340–341.: Падвода з забітымі польскімі жаўнерамі пад Лідай у 1919 г.

22 красавіка 1919 г. у Вільні Пілсудскі выдаў вядомую адозву да «жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага», у якой аб'явіў жыхарам Беларусі, што польскае войска нясе вольнасць і свабоду, а нацыянальнае пытанне будзе вырашана самім насельніцтвам, без націску з боку Польшчы.

Па ўсёй Беларусі пачаліся антыбальшавіцкія паўстанні, што дапамагала палякам у барацьбе з Чырвонай Арміяй.

18 красавіка 1919 г. група польскіх войскаў, якой кіраваў генерал Адам Макрэцкі, заняла Навагрудак і атакавала Баранавічы.

10 траўня польскія войскі ўзялі Смаргонь, праз два дні Налібокі, 16 траўня - Свянцяны. Да ліпеня польскія войскі сканцэнтраваліся ў кірунку Вілейка - Маладзечна - Мінск. Камандуючы Літоўска-Беларускім фронтам быў генерал С. Шаптыцкі, штаб якога знаходзіўся ў Лідзе.

Чарговы наступ польскіх войскаў пачаўся 1 ліпеня . 4 ліпеня бальшавікі здалі Маладзечна, польскія войскі выйшлі да Мінска.

6 жніўня войскі Макрэцкага занялі Нясвіж.

8 жніўня 2-я дывізія Легіёнаў і 4-я Познанская дывізія ўзялі Мінск.

Да канца 1919 г. фронт стабілізаваўся па Заходняй Дзвіне, далей 40-50 км на захад ад Віцебска, потым па Бярэзіне. Пілсудскі спыніўся тут, не жадаючы дапамагаць Дзянікіну перамагчы бальшавікоў. Справа ў тым, што генералы белых армій не жадалі нават абмяркоўваць пытанне пра незалежнасць Польшчы, не кажучы ўжо пра незалежнасць Украіны ці Беларусі [190].

На тэрыторыі Беларусі, якую занялі польскія войскі, было ўведзена цывільнае кіраванне - Генеральны камісарыят Усходніх зямель, галоўнай мэтай гэтага камісарыяту было правядзенне вольных выбараў. Камісарыят размясціўся ў Вільні, тэрыторыя яго была падзелена на 4 акругі, якія ў сваю чаргу складаліся з паветаў, Лідчына ўвайшла ў Віленскую акругу. Віленская Беларуская Рада, у якую ўваходзілі такія аўтарытэтныя беларускія дзеячы, як браты Луцкевічы, Б. Тарашкевіч і шэраг іншых, звярнулася да Пілсудскага з прапановай адрадзіць Беларусь як незалежную дзяржаву ў сяброўстве з Польшчай.

Польскія ўлады дазволілі стварыць у Мінску Часовы Беларускі нацыянальны камітэт на чале з Алесем Гаруном. Часовы камітэт, не адмаўляючы ідэю канфедэрацыі і федэрацыі з Польшчай, дабіваўся прызнання Беларускай Народнай Рэспублікі. Часовы камітэт пачаў выдаваць беларускія газеты, адчыняць беларускія школы. З'явілася надзея на супрацу з польскімі ўладамі дзеля свайго народа.

Аднак супрацьдзеянне эндэкаў, нежаданне Францыі і Англіі «дзяліць Расею» і самае галоўнае - вайна, не дазволілі Пілсудскаму выканаць свой федэратыўны план.

Беларускім актывістам, улічваючы, што большасць з іх была сябрамі левых партый, пры новай уладзе было цяжка. Газетнай інфармацыі пра жыццё Лідчыны ў гэты экстрэмальны час бракуе, аднак усё ж удалося знайсці ліст беларускага актывіста, які пад псеўданімам Юрка пісаў з шчучынскай часткі Лідскага павета: «Не вясёлыя весткі можам мы вам прыслаць, браты Беларусы. Зьдзек і паняверка ня лепшыя ад часоў царызму запанавалі над усім нашым родным. І няма каму пажаліцца, няма ў каго даходзіць праўды і справядлівасці. Навет думкамі сваймі нельга падзяліцца з другімі, таго і глядзі, як апынешся ў кутузцы, або і горш яшчэ. З першых дзён, як толькі зьявіліся ў нас польскія войскі, пала ахвяра за свае пераконаньне. Селянін з вёскі Мураўёўкі Трукша аддаў сваё жыццё маладое пад палкамі легіонаў за ідэю незалежнасці бацькаўшчыны Беларусі, за тое, што заклікаў народ не паддавацца ў няволю чужынцом з якога-б боку яны не прыходзілі: з захаду, ці з усходу. Другі, Караль Мікшэль, за гэта самае змушаны быў пакінуць сваю вёску, каб не дачакацца лёсу свайго таварыша, зважаючы, што жыццё і сілы народныя яшчэ будуць патрэбны, калі бацькаўшчына пакліча ўсіх сыноў верных грудзьмі бараніць сваю незалежнасць.

Зямелькі мала ў нас сялян - вось, што! Агромныя абшары панскай зямлі ляжаць аблогам. Працавітых рук сялянскіх хваціла бы ўсю гэту зямлю абрабіць, засеяць, але ня кожнаму даступны варункі: за морг зямлі трэба ў год заплаціць 150 р., ды яшчэ палавіну збору аддаць. Таксама страшэнны вызыск сялян пры падзеле сенакосу - і заплаці, і скасі, і ім, і палову свайго аддай. Рады-бы мы браць у арэнду млыны, смалярні і інш., але спрытныя заўсёды жыды перш за нас хваціліся, і ўсё апынулася ў іх руках. Калі-ж наш народ набярэ больш вяртлівасці і спрыту?» [191].

Увосень 1919 г. Ю. Пілсудскі спыніў наступленне, каб паспрыяць Чырвонай Арміі разграміць армію генерала Антона Дзянікіна, які пагражаў Маскве, - Дзянікін зноў адмовіўся прызнаць незалежнасць Польшчы, выступаючы з лозунгам «адзінай і непадзельнай Расіі». У гэты час праходзілі польска-савецкія мірныя перамовы ў Белавежы, а затым у Мікашэвічах. Аднак яны аказаліся безвыніковымі.

Да канца 1919 г. у Лідзе са сваім штабам знаходзіўся камандуючы Літоўска-Беларускім фронтам генерал Станіслаў Шаптыцкі [192].

Вайна 1920 г. З пачатку 1920 г. абодва бакі - бальшавікі і палякі - рыхтаваліся да новага ваеннага сутыкнення.

На пачатку студзеня 1920 г. польскія войскі Эдварда Рыдз-Сміглага нечаканым ударам узялі Дзвінск і перадалі горад латвійскім уладам. 6 сакавіка польскія войскі пачалі наступ у Беларусі, захапіўшы Мазыр і Калінкавічы.

25 красавіка 1920 г. польскія войскі разам з украінскай арміяй, якую ўзначальваў Сымон Пятлюра, атакавалі пазіцыі Чырвонай Арміі па ўсёй працягласці ўкраінскай мяжы. Бальшавікі, не рызыкуючы ўступаць у бой, адступілі. У гэтыя дні палякі і ўкраінцы ўзялі ў палон больш за 25 тысяч чырвонаармейцаў, захапілі 2 бронецягнікі, 120 гармат і 418 кулямётаў.

26 красавіка ў Жытоміры Юзаф Пілсудскі выступіў са зваротам да ўкраінскага народа, у якім пацвердзіў яго права на незалежнасць і ўласны выбар дзяржаўнага ладу. Са свайго боку Сымон Пятлюра падкрэсліў непахіснасць польска-ўкраінскага саюзу. 7 траўня ў Кіеў уступіла польская кавалерыя, неўзабаве палякам удалося стварыць на левым беразе Дняпра плацдарм глыбінёй да 15 км.

Улетку пачалося контрнаступленне Чырвонай Арміі. Палякі былі змушаны пакінуць Кіеў. Савецкае контрнаступленне рабілася двума франтамі: Паўднёва-Заходні рухаўся на Львоў; Заходні пад камандаваннем Тухачэўскага прасоваўся па Беларусі і Літве ( 11 ліпеня Чырвонай Арміяй былі ўзяты Мінск і Маладзечна, 19 ліпеня - Гародня, 20 ліпеня - Вільня, 1 жніўня - Берасце). Ар'ергардныя баі з Чырвонай Армій пад Лідай вялі часткі генерала Л. Жалігоўскага [193].

15-я Чырвоная Армія з раёна Маладзечна наступала на Ліду. Чырвоных стрымлівала 1-я Літоўска-Беларуская і 11-я пяхотная дывізіі. Палякі спрабавалі стабілізаваць фронт па Гаўі і Нёмане і прыкрыць Ліду, дзе знаходзіліся вялікія армейскія склады. Пазіцыі па рацэ Гаўя на поўдні заняла 1-я Літоўска-Беларуская дывізія, на поўнач ад яе абаранялася 11-я пяхотная. На гэтай пазіцыі знясіленую польскую 11-ю дывізію павінна была ўзмацніць 17-я дывізія, але яна атрымала паразу пад Геранёнамі і да Гаўі дашло толькі некалькі батальёнаў. 17 ліпеня чырвоныя прарвалі польскую абарону на рацэ Гаўя. 1-я Літоўска-Беларуская дывізія каля Морына-Дакудава пераправілася на другі бок Нёмана і заняла абарону па паўночным беразе. Ліду польскія часткі ўтрымлівалі да таго часу, пакуль не былі вывезены ўсе армейскія запасы. Пасля гэтага, у ноч з 17 на 18 ліпеня польскія войскі пакінулі Ліду [194].

Лідскі ксёндз-дэкан Гіпаліт Баярунец пісаў: «Апошні аддзел Войска Польскага адышоў з Ліды ўглыб Польшчы 17 ліпеня 1920 г. у 16 гадзін, а бальшавікі ўступілі ў Ліду ў 17 гадзін, радасна сустраканыя лідскімі яўрэямі. «Какая радость. Какое счастье. Наши пришли!» - крычалі яўрэйкі на вуліцах Ліды і, схапіўшы бальшавіцкага салдата, шпацыравалі па вуліцы Сувальскай [тады яшчэ Віленскай - Л. Л.], я сам гэта чуў і бачыў. ...Пасля выхаду нашай улады з Ліды пазасталыя лідскія мяшчане сабралі гарадскую раду (савет) і ў тую раду ўключылі і мяне, большасць радцаў была яўрэйская. Калі бальшавікі набліжаліся да Ліды, рада сабралася ў магістраце і ўрадзіла ісці з хлебам-соллю на спатканне бальшавікоў. На той нарадзе я не быў асабіста, але да мяне прыслалі дэлегацыю, ці я згаджаюся з такой ухвалай. Я ўхвалу адхіліў, зазначыўшы, што рада сустракаць бальшавікоў не можа, а размаўляць з бальшавікамі можа толькі ў зале магістрата. Так і зрабілі: часовы бальшавіцкі камендант, босы, у парванай кашулі і портках, сабраў радцаў, запытаў, дзе можна дастаць хлеба і тытуню, і раду распусціў, так закончыла сваё кароткае жыццё яўрэйская рада. Што мы выцерпелі праз два тыдні побыту ў Лідзе з бальшавікамі, лепей сёння пра тое не ўспамінаць. Боль сэрца мяне сціскае - другі раз таго б не вытрымаў. Ператрусы, рабунак, здзекі над людской годнасцю. Гэта нешта жудаснае!» [195].

12 ліпеня бальшавікі падпісалі пагадненне з літоўскім урадам, у адпаведнасці з якім Віленшчына і Гарадзеншчына былі перададзены Літве. Пагадненне гарантавала нейтралітэт Літвы на час савецка-польскай вайны, а ў выніку - бяспеку правага фланга войск Заходняга фронту, якія наступалі ў кірунку Варшавы.

Але рэальна перадаваць Лідчыну літоўцам чырвоныя не спяшаліся, і канешне ж, каб Польшча была разгромлена, незалежная Літва была б адразу імі акупавана. На Лідчыне пачалася чарговая саветызацыя. Пра яе апавядае найцікавейшы дакумент «Сводка о деятельности волостных ревкомов Лидского уезда за период с 20 августа по 1 сентября 1920 г.» [196] (гл. дадаткі).

Галоўнай мэтай наступу пад камандаваннем Тухачэўскага была Варшава, а пасля яе - выхад у Германію з мэтай перамогі «Сусветнай рэвалюцыі».

Да канца ліпеня 1920 савецкія войскі падышлі да Варшавы і Львова. Пачалося наступленне на Варшаву. Аднак у ходзе Варшаўскай аперацыі ў канцы ліпеня - першай палове жніўня 1920 г. Чырвоная Армія пацярпела велічэзнаю паразу. З 17 жніўня польскія войскі ўдарам у фланг Заходняга фронту Тухачэўскага перайшлі ў контрнаступленне. Бальшавіцкія 4-я армія, 3-і конны корпус, дзве дывізіі 15-й арміі вымушаны былі адступіць на тэрыторыю Усходняй Прусіі, дзе былі інтэрнаваныя. Пасля «Цуду на Вісле» да 25 жніўня войскі Заходняга фронту адышлі на лінію Ліпск - Свіслач - на ўсход ад Берасця. У выніку Варшаўскай бітвы загінула або атрымала цяжкія раны больш за 25 000 чырвонаармейцаў, 450 00 жаўнераў былі змушаны да пераходу мяжы Усходняй Прусіі. Палякі ўзялі каля 70 000 палонных, здабылі 231 гармату, 1023 кулямёты і вялікую колькасць ваеннага рыштунку.

У гэты час у Лідзе асобны аддзел ЧК пры штабе арміі Тухачэўскага займаўся звыклай справай - расстрэламі мірных грамадзян. Зараз вядома пра расстрэл каля Ліды 40 цывільных закладнікаў. У 1924 г. парэшткі расстраляных былі сабраны і перазахаваны на лідскіх гарадскіх могілках, на магіле меўся надпіс: «40 невядомых закладнікаў з Беластока, Гародні і Ваўкавыска, забітых бальшавікамі ў жніўні - верасні 1920 г.». Вялікі знаўца лідскай гісторыі Міхал Шымялевіч пісаў з гэтай нагоды: «Мой Божа! Ці ж гэты малады, але хцівы да ўлады і славы, інтэлігентны афіцэр Тухачэўскі, якога я бачыў на вуліцах Ліды ў аўтамабілі, пакрытым чырвонай палярынай з залатымі махрамі, калі зацвярджаў выракі асобага аддзелу, думаў пра тое, што калісьці і сам ён будзе расстраляны ў патыліцу з браўнінга? Забіты так, як і няшчасных ахвяр забівалі па яго камандзе. Бо якім судом вы будзеце судзіць, такім і вас асудзяць, ды якою меркай вы будзеце мераць, такою вам адмераюць. Мацьвей VII, 2» [197].

Кадры кіно: малады ардынец у аўтамабілі, пакрытым чырвонай папонай з залатымі махрамі, на вуліцах нашага вылюднеўшага горада...

26 жніўня 1920 г. чырвоныя сышлі з Вільні, перадаўшы яе літоўцам. Літоўскія жаўнеры не дазволілі чырвоным вывесці з горада больш за 100 закладнікаў. Жыхары Вільні, сярод якіх літоўцаў было каля 2 % сустрэлі новую ўладу насцярожана [198].

Пасля 25 жніўня польскія арміі спынілі пераслед чырвоных з-пад Варшавы. На пачатку верасня 1920 г. разбітыя бальшавіцкія аддзелы, якія здолелі неяк уратавацца, лясамі выйшлі да сваіх. Фронт стабілізаваўся па Нёмане і Шчары. 27 жніўня Пілсудскі пачаў перагрупоўку сваёй арміі для працягу наступу. 10 верасня ён выклаў план канчатковага разгрому бальшавікоў вышэйшым афіцэрам. Галоўным кірункам удару быў раён Гародні - Ваўкавыска. Адначасова ўдарная група на левым (паўночным) флангу павінна была марш-кідком праз тэрыторыю, перададзеную літоўцам, абысці фланг чырвонага Заходняга фронту і ў раёне Ліды выцяць яму ў тыл.

Пра так званую «бітву на Нёмане», часткай якой была і бітва за Ліду, напісана выдатная кніга польскага гісторыка Януша Адзямкоўскага, кніга таксама выдадзена на беларускай мове і ёсць у інтэрнэце. Таму тут мы толькі коратка апішам апошнюю ў тую вайну бітву за наш горад.

Згодна з данясеннямі польскай разведкі, у Лідзе размяшчаўся штаб камандуючага 3-й арміі Заходняга фронту Лазарэвіча, розныя тылавыя часткі і 33-я кубанская дывізія.

20 верасня 1920 г. пачалася апошняя вялікая бітва польска-бальшавіцкай вайны. Чырвоныя амаль што адразу пачалі адступаць да фартоў Гародні. На правым крыле 2-й арміі 3-я дывізія Польскіх Легіёнаў выбіла перадавыя атрады 11-й і 16-й стралковых дывізій, здабыла непашкоджаныя масты ў Дублянах і пераправілася цераз Свіслач.

22 верасня Тухачэўскі ўвёў у бой рэзервы, аднак не змог спыніць наступ.

Канцэнтрацыя ўдарнай групы ў раёне Аўгустова была закончана 19 верасня. У наступныя два дні папоўніліся запасы правіянту і амуніцыі. Палкі ўзялі правіянт на 6 дзён, жаўнерам выдалі 150 патронаў на вінтоўку і 3 000 патронаў на кулямёт. У паходзе ўдзельнічалі 4-я конная брыгада падпалкоўніка Адама Нянеўскага, 2-я конная брыгада палкоўніка Стэфана Страменьскага, элітная 1-я дывізія Легіёнаў палкоўніка Стэфана Дэмба-Бярнацкага, 1-я Літоўска-Беларуская дывізія генерала Яна Жандкоўскага (Віленскі, Мінскі, Гарадзенскі, Наваградскі палкі).

Войскі ўдарнай групы рушылі, згодна з планам, 22 верасня ў 12.00 гадзін. Трохдзённы фарсіраваны марш пясчанымі дарогамі па ўзгорыстай мясцовасці вычарпаў людзей. Пяхота з поўнай экіпіроўкай штодзённа праходзіла больш за сорак кіламетраў. Па дарозе яны шматразова павінны былі дапамагаць артылерыстам выцягваць гарматы і пхаць каляскі з кулямётамі, каб дапамагчы коням, якія стамляліся, бо харчаваліся толькі травой. Многа жаўнераў падала ў час маршу і засынала непасрэдна на дарозе. Непрытомных ад знясілення людзей клалі на вазы. Праз гадзіну ці дзве яны вярталіся ў шыхт [199].

Першыя сутычкі з уцякаўшымі з-пад Гародні чырвонымі адбыліся 26 верасня каля Радуні і Праважы. Пачынаўся штурм Ліды. Было вырашана, што 1-я пяхотная дывізія Легіёнаў ударыць з раёну Жырмунаў: яе 1-я брыгада павінна была пачаць наступ на горад з усходу, праз Сарокі - Абманічы - Гутна - Зарэчча, а 3-я брыгада - з поўначы праз Вялікае Сяло. 4-я кавалерыйская брыгада павінна была абысці Ліду з усходу і наступаць праз Дуброўню на Навапрудцы. 1-я Літоўска-Беларуская дывізія з цяжкімі баямі наступала праз Васілішкі - Паперню, Феліксава. Баі працягваліся і 27 верасня 1920 г.

Ранкам 28 верасня хутка маршыраваўшыя брыгады 1-й пяхотнай дывізіі Легіёнаў знаходзіліся каля Ліды. Ад поўначы да горада падыходзіла 3-я пяхотная брыгада Легіёнаў палкоўніка Баляслава Паповіча (6-ы пяхотны полк Легіёнаў і 41-ы пяхотны полк). 6-ы пяхотны полк Легіёнаў маёра Станіслава Казіцкага рухаўся ўздоўж усходняга ўскрайку лесу, што цягнуўся паралельна тракту Жырмуны - Ліда. З усходу надыходзілі роты 2-га батальёна 1-га палка Легіёнаў. Гэты полк у 7.00 перайшоў чыгуначную лінію Ліда - Вільня, знішчыў каляю і тэлеграфную сувязь, праз тры гадзіны легіянеры прайшлі 11 км і дайшлі да чыгункі Ліда - Маладзечна. Пасля цяжкіх вулічных баёў, якія працягваліся да раніцы 29 верасня , горад быў узяты. Як і ў 1919 г., у вулічных баях з абодвух бакоў выкарыстоўвалася артылерыя.

У палон трапіла больш за 10 000 чырвонаармейцаў. Вялікая колькасць іх загінула ці была паранена. Шмат людзей знайшлі смерць у падманлівых багнах Лідзейкі. Палякі здабылі каля 40 гармат, 67 кулямётаў, 2 350 абозных вазоў з рыштункам і запасамі, аўтамашыну, два матацыклы, 255 коней. Самі страцілі каля 70 забітых, 300 параненых і прапаўшых [200].

Лідскі ксёндз-дэкан Гіпаліт Баярунец пісаў: «Дня 29 верасня аб 11 гадзіне прыехаў у Ліду пан Начальнік Дзяржавы Юзаф Пілсудскі. Па-хуткаму сабраў дэлегацыю з абывацеляў лідскіх, шаўцоў, краўцоў, чыгуначнікаў, інжынера, які ўцёк з няволі, двух ксяндзоў, рушыў з імі на вуліцу «Пілсудскага» і падзякаваў за вызваленне Ліды. У суботу дня 2-Х-1920 г. пан Начальнік Дзяржавы а 12-й гадзіне паснедаў у мяне на плябаніі вельмі сціпла, правёў нараду з генераламі і адправіў у Вільню ўзбунтаванага генерала пана Жалігоўскага, легіянераў узнагародзіў Крыжамі валечных» [201].

Пад ціскам краін Антанты 7 кастрычніка 1920 г. у Сувалках падпісваецца польска-літоўская дамова, паводле якой Віленшчына перадаецца Літве. Аднак Пілсудскі не збіраўся аддаваць сваю радзіму літоўцам. Звязаны абавязкамі перад Антантай, ён у гэтай сітуацыі віртуозна разыграў «беларускую карту», інспіраваў «бунт» супраць гэтай дамовы ў частцы польскага войска, так званых Літоўска-Беларускіх дывізіях [202]. Як бачым, менавіта ў Лідзе Начальнік Польскай Дзяржавы Юзаф Пілсудскі аддаў загад генералу Жалігоўскаму аб наступе на Вільню.

Ужо на наступны дзень пасля падпісання дамовы з Літвой, 8 кастрычніка 1920 г. «паўстала» 1-я Літоўска-Беларуская дывізія на чале з генералам Люцыянам Жалігоўскім. У канцы верасня непасрэдна перад бунтам 1-й Літоўска-Беларускай дывізіі, якая складалася з Сувалкаўскага, Гарадзенскага, Віленскага і Мінскага палкоў, па загаду Пілсудскага былі перададзены найбольш баяздольныя Лідскі і Ковенскі палкі з 2-й Літоўска-Беларускай дывізіі. Жалігоўскі захапіў Вільню, абвясціў незалежнасць Віленшчыны і пайшоў на Коўна, захапіўшы па дарозе мястэчка Кейданы. Толькі ў раёне Шырвінтаса літоўцы здолелі спыніць нападнікаў.

29 лістапада 1920 г. пад уціскам Лігі Нацый бакі заключылі перамір'е. Стварылася фармальна незалежная дзяржава пад назвай Сярэдняя Літва. Яе нефармальным кіраўніком стаў генерал Люцыян Жалігоўскі, які ў 1865 г. нарадзіўся ў Ашмянах. Дарэчы, у Лідзе да 9 студзеня 1940 г. існавала вуліца, названая ў яго гонар. Зараз гэта вуліца носіць імя Фелікса Дзяржынскага.

Новая краіна складалася з 10 паветаў. Акрамя Вільні, найбольш буйнымі гарадамі былі Трокі, Смаргонь і Ашмяны. Гародню і Ліду палякі Жалігоўскаму не аддалі і адразу ўключылі гэтыя гарады ў склад Польшчы.

Лёс Сярэдняй Літвы павінен быў вырашыць Віленскі сейм, выбары ў які адбыліся неўзабаве. У выбарах прыняло ўдзел звыш 60 % тых, хто меў права голасу з жыхароў Сярэдняй Літвы. Ад галасавання ўхілілася нешматлікае літоўскае насельніцтва, частка беларусаў і яўрэі, колькасць якіх у самай Вільні перавышала 30 %. Віленскі сейм прыняў рашэнне пра далучэнне Сярэдняй Літвы да тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай, што і адбылося ў 1923 г. Ліга нацый прызнала законнасць выбару, зробленага большасцю жыхароў Віленшчыны, і толькі Літва не пагадзілася са стратай былой сталіцы Вялікага Княства Літоўскага і разарвала дыпламатычная адносіны з Польшчай. Дыпламатычныя адносіны паміж гэтымі краінамі былі адноўлены толькі ў 1938 г.

Выгнанне бальшавікоў з нашага горада дало надзею на нармальнае жыццё, і таму ў снежні 1920 г. невядомы беларускі актывіст пісаў з Ліды: «У нас, у Лідзе, з'арганізаваўся Беларускі Нацыянальны Камітэт. Насяленне ўцяміла патрэбу згуртавання сіл для абароны сваіх нацыянальных і сацыяльных правоў. Нацыянальная свядомасць шыбка пачынае расці нават у тых глухіх вёсках, у якіх да вайны аб гэтым ня было і чутно. Вайна, рэвалюцыя, акупацыя - усе гэта навучыла кожнага селяніна надта добра: усе нарэшце тут пераканаліся на горкіх прыкладах, што добрым гаспадаром краю можа быць толькі сам мясцовы народ, а не прыблуды, як гэта было ў бальшавіцкі час, бо чужы-чужака, ці будзе ён парабак, ці эканом-«камісар», усё-ж ладу ня будзе: усе будзе зруйнавана, і ня толькі спакойнага жыцця, але і хлеба ня будзе.

Спачатку павятовы стараста не згаджаўся зацвердзіць статут Камітэту, але потым, як яму было даведзена, што Беларускі Камітэт, як чыста нацыянальная арганізацыя, маючая мэтай культурна-прасветную працу, нацыянальную і арганізацыйную, - не існаваць не можа, што кожны народ мае права мець такія свае арганізацыі, што жыды-ж, прыкладам, усюды, нават у малых мястэчках, маюць свае нацыянальныя абшчыны, - згадзіўся з довадамі арганізатараў Камітэту і перашкаджаць яго працы ня будзе.

Шкада адно, што дзеля дрэннай камунікацыі мы не можам акуратна атрымоўваць беларускіх газет. Сяляне надта цікавяцца, што дзеецца ў свеце, нарасхват разбіраюць беларускія газеты і зачытваюць саўсім, хоць нават і старыя нумары, але на жаль, газеты рэдка даходзяць да нас. Польскія газеты да нас часцей пападаюць - найбольш праз польскіх жаўнераў, але ў нас рэдка хто можа талкова прачытаць па-польску» [203].

Аднаўленне мірнага жыцця, 1921-23 гг.

У кастрычніку 1920 г. абодва бакі польска-расійскага канфлікту, змарнелыя цяжкімі баямі, падпісалі дамову аб перамір'і.

Трэба падрабязней распавесці аб двух канцэпцыях у справе ўсходняй мяжы сярод кіраўніцтва Польшчы таго часу. Паводле праекта, распрацаванага нацыянальным (эндэцкім) лагерам, межы Польшчы на ўсходзе павінны былі праходзіць па лініі другога разбору 1793 г. Рэчы Паспалітай. Раман Дмоўскі, аўтар гэтага плана, які атрымаў назву інкарпаратыўнага, лічыў, што самым небяспечным ворагам незалежнасці Польшчы будзе Нямеччына, якая будзе заахвочваць да незалежнасці народы, што засялялі тэрыторыі паміж Расіяй і Польшчай, і аслабляць дзяржаву. Таму ён прапанаваў далучыць да Польшчы толькі тыя ўсходнія тэрыторыі, дзе палякі (калі больш дакладна - рыма-католікі) складалі большасць і якія можна было хутка асіміляваць. Таксама гэта павінна было стварыць умовы для паляпшэння адносін з Расіяй. Аўтарам другой канцэпцыі, федэратыўнай, быў Юзаф Пілсудскі, які лічыў Расію самым небяспечным ворагам Польшчы. Паводле гэтага плана, другая Рэч Паспалітая павінна была дапамагчы ўкраінцам, беларусам і літоўцам у справе станаўлення іх дзяржаўнасці. Пілсудскі меркаваў стварыць федэрацыю суверэнных дзяржаў - польскага, беларускага, украінскага і літоўскага народаў, здольную супрацьстаяць магчымай расійскай агрэсіі.

У сакавіку 1921 г. у Рызе адбылося падпісанне польска-расійскай мірнай дамовы, якая ўсталявала агульную мяжу, згодна з лініяй эндэкаў, палякі аддалі нават ужо захопленыя імі беларускія землі, якія Ленін гатовы быў ім падараваць. Федэратыўны план Пілсудскага праваліўся. Беларускі і ўкраінскія народы былі падзелены паміж Польшчай і бальшавіцкай Расіяй.

Плошча Другой Рэчы Паспалітай перавышала 388 тыс. кв. км, што ставіла яе на 6-е месца ў Еўропе. Паводле праведзенага ў 1921 г. першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва, у краіне пражывала больш за 27 млн. чалавек, з іх каля 35 % няпольскага паходжання. За 20 гадоў незалежнасці колькасць насельніцтва ўзрасла да 35 млн. Самымі эканамічна развітымі былі заходнія землі краіны, населеныя палякамі, а ў Памор'і і Сілезіі таксама часткова немцамі. У гэтым раёне знаходзілася самая густая сетка чыгуначных і шасэйных дарог. Тут мелася развітая прамысловасць, сельская гаспадарка і гандаль. Цэнтральныя раёны Польшчы адрозніваліся вялікай дыферэнцыяцыяй, нароўні з такімі сучаснымі гарадамі, як Варшава ці Кракаў, тут былі шырокія раёны галечы і адсталасці. У самым дрэнным становішчы знаходзіліся ўсходнія ўскраіны краіны, адсталасць якіх вынікала з таго, што яны былі непасрэднай часткай Расіі. Тут, за рэдкім выключэннем, амаль не было прамысловасці, а сельская гаспадарка, нават у буйных абшарніцкіх маёнтках, знаходзілася на нізкім узроўні. Ва ўсходніх землях пражывалі галоўным чынам беларусы, украінцы і яўрэі. Апошніх можна было сустрэць на тэрыторыі ўсёй Польшчы як у мястэчках, так і буйных гарадах.

Па Рыжскай дамове паміж Польшчай і Савецкай Расіяй Лiдчына ўвайшла ў склад зноў створанага ў межах польскай дзяржавы Наваградскага ваяводства. Наваградчына пасля 120 год знаходжання ў Расійскай Імперыі і пасля 1-й сусветнай вайны была ў стане небывалага гаспадарчага заняпаду. Гэта быў адзін з найбольш занядбаных рэгіёнаў новай Польшчы. На Наваградчыне не было вялікіх гарадоў i значных прамысловых устаноў, а малыя гарады мелі ў асноўным гістарычную каштоўнасць.

З 1921 г. на Лідчыне пачалося аднаўленне мірнага жыцця.

Беларускія справы . Пра самы першы мірны год інфармацыі вельмі мала, і кожная заметка ў газеце мае вялікую каштоўнасць. Таму гэтыя тэксты тут будуць прыводзіцца амаль што без скаротаў. Адразу на пачатку 1921 г. беларускія актывісты ў нашым горадзе зразумелі, што лёгка не будзе: «З Лідчыны нам перадаюць, што там у многіх мясцох жандары канфіскуюць беларускія газеты. Напрыклад аб «Нашай Думцы» жандар адазваўся, што такой газеты ня можна чытаць і самаму Пілсудскаму» [204]. На станцыі Ліда, «на просьбу «Будзьце ласкавы, дайце мне газету "Віленскае Слова", або беларускую газету "Нашу Думку"»... дадуць такую адпаведзь: "Такіх газет мы не прадаема, гэта бальшавіцкія газеты, а мы прадаема толькі польскія і то ня ўсе, а толькі буржуазнага кірунку, крамолу развадзіць няма чаго..."» [205].

Аднак людзі, перажыўшы Першую сусветную вайну і бальшавіцкую навалу, не страцілі аптымізму: «Ліда. Усякім разам, як прыходзілі бальшавікі, нашаму гораду шмат прыйшлося перацярпець. Цяпер спакойна, і жыхары думаюць, каб як паправіць усе шкоды ў будынках і гаспадарствах, ды вярнуць сабе вялізарныя страты. Быў тут нядаўна Пілсудскі, - ён спатыкаў цела сваёй жонкі-нябожчыцы. На чале войск стаіць тут Рыдз-Сміглы, знаны сваімі дэмакратычнымі поглядамі і варожым становішчам да эндэнцыі, каторых тут прадстаўляюць кс. Мороз (беларускі вырадак) і Нарушэвіч. Што датычыць самаго народу, то яго палітычныя погляды вельмі не аднолькавыя. Лідчына - край надта рознародны, што да жыхароў: тут найбольш беларусаў, нямала ліцьвінаў, шмат шляхты польскай і спольшчанай. У Лідзе рупліва працуе кс. Дашута. Лідчанін» [206].

Дашута Язэп Дамінікавіч. (20.12.1890, Саколка Гарадзенскай губерні, цяпер Падляскае ваяводства, Польшча - 9.09.1966, кляштар ва Улацлаўку, Польшча), рыма-каталіцкі святар, манах-марыянін, грамадскі і культурны дзеяч, педагог. У 1905-1910 вучыўся ў Сакольскім гарадскім 4-класным вучылішчы. У 1911 г. паступіў у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. Быў членам гуртка беларусаў-семінарыстаў. Пасвечаны ў святары 26.5.1918. Прызначаны вікарыем у парафію Дабжынаў Беластоцкага дэканата. З 1921 г. вучыўся ў Люблінскім каталіцкім ун-це. З 1925 г. у кляштары марыянаў у Друі. Пасля навіцыяту выехаў на далейшую вучобу ў Рым, дзе праз год абараніў доктарскую дысертацыю па кананічным праве. У канцы 1927 г. вярнуўся ў Друю. Браў удзел у заходнебеларускім рэлігійным і культурна-асветным жыцці. Праследаваўся польскімі свецкімі ўладамі. Дэпартаваны паліцыяй з Друйскага кляштара 23.6.1938 г. Жыў у кляштарах марыянаў у Скужцы каля Седляца, Грудзёндзы, Улацлаўку (Польшча). Падтрымліваў кантакты з беларускім асяродкам марыянаў у Лондане. Пахаваны ў Варшаве [207].

Пра дзейнасць ксяндза Дашуты ў Лідзе пакуль нічога не вядома.

9 кастрычніка 1921 г. у Лідзе гастраліраваў беларускі тэатр, кіраўніком якога быў знакаміты беларускі драматург Францішак Аляхновіч: «Пастаўлена была «Птушка шчасця», вядомая п'еска Аляхновіча, а пасля спэктаклю быў канцэртны аддзел, у якім выступіла балярына петраградзкага тэатру Магрэта Ніжынская. Спэктакль тэатру Аляхновіча быў першым беларускім спэктаклем у Лідзе, дык няма дзіва, што ня толькі ўсё беларускае грамадства прышло ў тэатр, але і шмат польскага. П'еса зрабіла добрае ўражаньне: публіка шчыра сьмяялася з клопатаў Янкі і сварлівай Маланкі, прымушаючы артыстаў бісаваць. На першым месцы трэба адзначыць аўтара п'есы, які ў ролі Янкі ўжо ў першым акце здабыў сымпатыю ў публікі. Вельмі добрай яго партнэршай была п. Случчанка, якая стварыла дасканальны тып сварлівай жонкі. П. Шчасны, граўшы ролю Жыда, меў вельмі ўдачны грым і граў надта добра, умела зрабіўшы трудны пераход ад камізму да лірызму ў 3-м акце. Трохі бледна правёў сваю ролю артыст, які граў Лясуна. Асобна трэба адзначыць канцэртную частку праграмы вечара, у якой выступіла балярына петраградзкага тэатру Магрэта Ніжынская. Публіка была захоплена танцамі, каторыя з мастацкага боку былі бяз ніякай заганы. Аплёдысмэнтам не было канца. Адным словам, гэты спэктакль быў нязвычайным зьявішчам у Лідзе, і трэба спадзявацца, што чарговы спэктакль прыцягне яшчэ шмат болей публікі. Тыя, што дагэтуль аднасіліся з нявераю да беларускіх культурных здабычаў, асабліва да беларускага тэатру, пераканаліся, што беларускі тэатр на правінцыі можа мець грунт для свайго істнавання» [208].

Паведамлялася, што ўвосень 1921 г. валасная рада Арлянскай гміны Лідскага павета выбрала войтам гэтай воласці свядомага селяніна-беларуса з вёскі Прэцім настаўніка Янку Дразда, але стараста павета не зацвердзіў яго на пасадзе [209].

Аб стане беларускай адукацыі на Лідчыне пры канцы 1920 - пачатку 1921 г. напісаў справаздачу інструктар Беларускага Нацыянальнага камітэта Андрэй Асташонак (гл. дадаткі). З яго тэксту вынікае, што ў той час на Лідчыне працавала 135 польскіх школ і 6 беларускіх. Па пастановах сялян на свой кошт былі адчынены беларускія школы ў Зблянах, Вангах, Моцявічах - Беліцкай гміны, Ракавічах - Ражанкаўскай гміны, у Турыйску, Галэмбах, Маскалёх, Зачэпічах, Дзям'янаўцах, Орлі i Ліпічне - Арлянскай гміны, Русаках - Ражанкаўскай гміны, у Астрыне. Яшчэ ў 20 вёсках і мястэчках сяляне жадалі мець беларускія школы: «Ёсьць i памяшканьне i прыхільнасьць грамадзян да гэтых школ, як я даведаўся, што яны пры немцах такія школы мелі, i немцы давалі беларускіх настаўнікаў, якія праходзілі спэцыяльныя беларуска-нямецкія курсы ў Сьвіслачы. Сяляне адмовіліся ад польскіх школ i чакаюць, што адчыняцца беларускія школы, яны вельмі аб гэтым прасілі мяне, каб я хутчэй гэта зрабіў, бо дзеці нічога ня робяць» [210].

У красавіку 1921 г. інспектар адукацыі Лідскага павета Вус давёў беларускім настаўнікам, што беларускіх школ у будучым 1922 г. не будзе, «ўсе зачыніць, а настаўніц і настаўнікаў ён церпіць толькі часова, думаючы, што з іх выйдуць добрыя настаўнікі польскіх школ, а не беларускіх» [211]. Селянін з Мытлянскай воласці ў тым жа нумары пісаў, што «ксёндз наш беларускай мовы ня любіць і часта кажа, што калі мы будзем вучыцца па-просту, дык ён ад нас уцячэ. Ён радзіць нам, каб беларускіх вучыцялёў гнаць вон дзяркачом» [212].

Справы інспектара Вуса не разыходзілася з ягонымі словамі. Увосень 1921 г. былі зачынены беларускія школы ў вёсцы Сарокі Арлянскай воласці, «дзе жывуць выключна беларусы, а замест яе лідскі школьны інпектар п. Вус стараецца адчыніць польскую», і ў вёсцы Вольгаўцы (тады Жалудоцкай гміны), «дзе жывуць толькі беларусы, школьны інспектар п. Вус прыслаў польскую вучыцельку, але сяляне яе не прынялі, жадаючы беларускія школы» [213].

Усіх здзівіў бацюшка з Дзікушак: «Цікавае зьявішча, арыгінальнае! Бацюшка ў сваім уласным будынку адчыніў проці волі насялення польскую школу. Дачка скончыла беларускія вучыцельскія курсы ў Вільні ў 1921 г., цяпер яна здраджвае беларускіх дзетак, калечыць памаленьку іх. А бацюшка стараецца не адставаць ад дачкі. Ён лае грамадзян за тое, што яны ня хочуць слаць дзетак да школы. Будзем цешыць сябе думкай, што гэта зьявішча рэдкае» [214].

У 1921 г. невядомы беларус Алесь пісаў з Ліды: «Цяжка жывецца тут нашаму многапакутнаму народу, здадзенаму на ласку і не ласку павятовай адміністрацыі, якая праводзіць у жыццё ўсе тыя прыёмы, якія практыкаваў нядобрай памяці царскі ўрад. Беларускіх школ адчыняць не даюць, вучыцялі тых некалькіх школ, якія існуюць, з'яўляюцца мучанікамі святой ідэі пашырэння асветы сярод сваіх братоў у роднай мове. Асабліва ў цяжкіх варунках праваслаўнае грамадзянства. Яму не вольна вучыцца па кніжках, друкаваных гражданкай. Калі нават у прыватных школах, утрымованых на сродкі сялянства, заўважана будзе беларуская кніжка, друкаваная гражданкай, такая школа зараз зачыняецца, кніжкі канфіскуюцца, а вучыцялю пагражае арышт. Бывала і такое здарэнне, што праваслаўныя беларусы павінны былі даваць утрыманне польскаму вучыцялю за тое, што ў яго школцы вучылась усяго 6-7 вучняў-католікаў. А тых сялян, якія адмаўляюць дабравольна гэтае ўтрыманне даваць, не абыходзілі без пабояў і ў рэзультаце паліцыя пры вобыску забірала апошняе. За ўсякім вучыцялем і духоўнікам, каторых паважаюць сяляне, ідзе моцнае шпягоўства, часамі гэтыя асобы проста зазываюцца якім небудзь панам да сабе і папярэджваюцца, што, калі яны пасмеюць «агітаваць», то зараз жа будуць арыштаваны. Некаторым вычыцялом забараняюць вучыць дзяцей па беларуску з тае прычыны, што яны «бальшавікі», але тут жа гэтым самым асобам прапануюць вучыць дзяцей па польскі. Браты нашы, родныя, навучыце нас, што нам рабіць. Алесь» [215].

Цікавую інфармацыю пра справу беларускіх школ на Лідчыне даведваемся з артыкула, надрукаванага на пачатку 1922 г. у газеце «Беларускія Ведамасьці»: «У нашым Лідзкім павеце справа з беларускай асьветай чым далей, тым горш. Тыя вёскі, якія падалі польскаму школьнаму інспэктару даўно ўжо прыгаворы з просьбамі аб адчыненьні беларускае школы, спадзяваліся, што а можа-ж і зьмілуецца пан інспэктар, аможа-ж хоць пасьля Каляд дзеткі будуць вучыцца. Мысьлілі сяляне, што інспэктарыят школьны, заняты адчыненьнем польскіх школ у беларускіх вёсках, ня мае часу заняцца іншымі школамі і дзеля гэтага адцягвае разгляд заяваў аб беларускіх школах. А інпэктарыят тым часам, напіхаючы польскіх вучыцялёў усюды, зьбіраў спраўкі аб беларускіх вучыцялёх - кандыдатах, каб знайсьці фармальныя прычыны і ня даць дазволу на беларускую школу. Дэлегацыі ад сялян да інспэктара кожны раз чуюць ад яго, што справа яшчэ «nie zbadana», і трэба яшчэ пачакаць. Доўга чакалі сяляне і ўрэшце дачакаліся... адмоўных адказаў. Калі фармальных прычынаў пры гэтым вымысьліць было немагчыма, дык вінавата кандыдатура вучыцеля, асабліва, калі ён родам з тэй самай вёскі, адкуль прыйшла заява аб беларускай школе. Вядома, гэткі вучыцель можа мець найбольшы ўплыў на сялян, дык, значыцца, ён небясьпечны ў гэнай школе, а дзеля гэтага, «отвод», як і ў часы царскага рэжыму. Ды цяпер інспэктару яшчэ лягчэй: ахрысьціў вучыцеля «bolszewikiem» - і гатова. Далейшыя гутаркі аб беларускай школе адразу спыняюцца, бо і самая вёска бярэцца тады на падазрэньне: «bolszewicy!». Калі гэты вучыцель дбаў аб беларускай школе ў сваёй вёсцы і пры бальшавікох, дык хоць-бы ён дастаў цяпер абяляючае яго пасьведчаньне ад самога ксяндза, навет паляка, усё роўна ён - «bolszewik», і школа беларуская адчыніцца ня можа. Адна вёска ў нас зусім ужо пэўна была, што школа будзе адчынена: да самых падрабязгаў усе фармальнасьці былі споўнены, вучыцель бяз жаднага падазрэньня. Раптам - адмоўны адказ. Вучыцель Патапчык Тодар дастае ад школьнага павятовага інспэктара за №, пячаткай і ўласнаручным подпісам інспэктара, што школа беларуская ня можа быць адчынена ў яго вёсцы, і Патапчык ня можа быць у ёй вучыцелем, бо ён «працаваў у асвьвеце пры бальшавікох, і дзеля гэтага інспэктарыят ня можа быць пэўным у яго лойяльнасьці да польскае ўлады». Спрытна! Адразу і вучыцель - ня вучыцель, і школа ня будзе адчынена» [216].

Хутка школьнага інспектара Вуса змяніў Вайтовіч, але палёгкі беларусы не атрымалі. Газета «Новае Жыцьцё» ўвесну 1923 г. паведамляла: «Нават даходзіць наш павятовы польскі інспэктар да таго, што жыхароў вёскі Альхоўка Дакудаўскае гміны, якія дамагаюцца ўвесь час беларускай школы для сваіх дзяцей, застрашывае, што будуць яны караны, калі ня будуць пасылаць дзяцей у школу польскую, якая ўжо даўно адчынена ў Альхоўцы, але пустая. Ну вядома, сяляне нашыя не такія ўжо палахлівыя цяпер і гэтых хітрых ходаў інспэктара не баяцца» [217]. Увосень 1923 г. прэса зноў паведамляла пра падзеі ў вёсцы Альхоўка Дакудаўскай гміны. Пасля цэлага года барацьбы за беларускую школу «інспэктар Вайтовіч прыгразіў, каб і мовы ня было аб беларускай школе. Чаго не рабіў п. інспэктар, каб ня даць адчыніць нам школу ня то што ўрадавую, але нават прыватную, а ўрэшце, каб ужо раз на заўсёды скончыць з гэтай справай, забраў школьны будынак і зрабіўся яго поўным гаспадаром. Вось жа, калі ў гэтым годзе стала патрэбным зрабіць рэмонт гэтага будынку, дык Zarzand Szkolny дамагаецца, каб нашая вёска ўзяла гэты рэмонт на сябе. Але на наш сялянскі розум здаецца, што калі пан інспэктар забраў будынак, назваў яго rzadowym, а сябе лічыць гаспадаром будынку, дык павінен сам яго і паправіць. Сяляне-ж ад яго ня маюць цяпер ніякай карысці: нашай беларускай школы не дазволілі, а польскай мы ня хочам» [218].

Нейкі С. Л-цкі ўвесну 1923 г. пісаў з Беліцкай гміны: «У гэтую восень ліпічанцы пастанавілі адчыніць сваю беларускую школу. Нанялі на свой кошт вучыцеля Юзіка Хрышчановіча, адвялі і наладзілі пад школу лепшую хату, і вучэньне загудзела. Школа налічвала 45 вучняў. Былі ў нас вучыцялі з Пазнані ўрадовыя, але яны таго праз дзьве зімы не навучылі, колькі грам. Хрышчыновіч у некалькі нядзель - вядома, родная школа! Так прабыла да каляд, урэшце звалілася бяда (у нас усюды толькі і чуеш аб бядзе), наляцела паліцыя з пастарунку з Беліцы і зачынілі школу. Са сьлезамі быцькі малілі адмяніць злую пастанову. Не памагло, яшчэ сталі пагражаць і лаяць. Ня сьлёзы тут патрэбны» [219].

Увосень 1922 г. у Лідзе пачалі працаваць курсы для непісьменных рабочых. Заняткі «пачынаюцца ў панядзелак, 13.10.1922 у 18.00, у агульнаадукацыйнай школе пры «Рабочай лізе», ул. Велькая, 94» [220], гэтыя дзяржаўныя курсы, канешне ж, вучылі польскай мове.

Іван Міхалавіч Дрозд нарадзіўся ў 1895 г. у сялянскай сям'і ў вёсцы Прэціма Арлянскай воласці Лідскага павета. З перапісу грэка-католікаў Арлянскай царквы вядома, што ў 1829 г. у вёсцы Прэціма жыве 3 сям'і Драздоў.

Верагодна, як вялікая колькасць беларускіх дзеячоў, Іван Дрозд закончыў настаўніцкую семінарыю. Дакладна вядома, што ў часы Першай сусветнай вайны служыў афіцэрам.

У 1920 г. Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні накіраваў Івана Дразда для арганізацыі беларускіх школ у родную Орлю. Пра вынікі яго працы кажа тое, што ў канцы 1920 - пачатку 1921 г. беларускія школы працавалі ў наступных вёсках Арлянскай гміны: Маскалі, Зачэпічы, Дзям'янаўцы, Сарокі, Орля i Ліпічна.

У 1921 г. польскія ўлады пачалі ліквідаваць беларускія школы на Лідчыне. Але Іван Дрозд меў вялікі аўтарытэт сярод сваіх землякоў. Беларуская прэса паведаміла, што ўвосень 1921 г. валасная рада Арлянскай гміны Лідскага павета выбрала войтам гэтай гміны, але стараста павета не зацвердзіў яго на пасадзе.

Трэба сказаць, што ў тыя часы беларускія партызаны вялі сапраўдную вайну супраць польскіх улад, увесну 1922 г. партызаны перайшлі да актыўных баявых дзеянняў. Якраз у 1922 г. Іван Дрозд быў абвінавачаны ў падбухторванні сялян і арыштаваны, але настаўнік аказаўся сапраўдным зухам і збег з Арлянскага паліцэйскага пастарунка ў Літву. Праваслаўны святар Арлянскай царквы а. Васіль Харлап казаў, што Іван Дрозд меў кантакты з беларускім урадам Вацлава Ластоўскага ў Коўна. З Коўна настаўнік перабраўся ў Мінск і напісаў свайму сябру, фельчару ў Орлі Аляксандру Бучу, што ў Мінску ён "вучыцца ў інстытуце".

У БССР атрымаў вышэйшую адукацыю. У 1930 г. уступіў у ВКП(б). Быў жанаты. Арыштаваны 04.11.1935 г. у Горках. Падчас арышту працаваў дацэнтам кафедры палітэканоміі Горацкага сельскагаспадарчага інстытута. 27.03.1936 г. асуджаны асобай нарадай пры НКВД за «антысавецкую агітацыю і шпіянаж» да 3 гадоў ссылкі ў Казахстан. У канцы 1930-х гг. прыгавораны да 10 гадоў папраўча-працоўных работ. Этапаваны ў Волжскі канцлагер Яраслаўскай вобласці. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны прэзідыумам Магілёўскага абласнога суда 02.02.1957 г. Асабовая справа Д. № 2411-сн захоўваецца ў архіве УКДБ Магілёўскай вобл.

Эканоміка . Нягледзячы на адсутнасць асноўных спажывецкіх тавараў, з канца 1920 г. на Лідчыне хутка пачала развівацца кааперацыя. 20 кастрычніка 1921 г. у горадзе адбыўся з'езд прадстаўнікоў Лідскага саюза спажывецкіх таварыстваў. З дакладу сябра рады п. Шаптуноўскага аб дзейнасці кааперацыі «выявілася вельмі марнае становішча Саюза, хаця за час ад пачатку гэтага года да 1 кастрычніка лік таварыстваў, якія належалі да Саюзу, з 33 павялічыўся да 50, агульная сума балансу з 2 000 000 да 8 000 000 марак, Саюз не мог нічога даць сваім сябрам, апрача манапольных тавараў. Справаздача ўраду выклікала цэлую буру закідаў, часам зусім няслушных, з боку прысутных на зьездзе 12 ксяндзоў (з агульнага ліку 40 дэлегатаў). Закіды гэтыя, як потым высьветлілася, можна зьвесьці да вось чаго: 1) Урад Саюзу даканаў некалькі транзакцый куплі тавараў у гандляроў не хрысьціянскай рэлігіі, 2) ня мог даставіць усіх патрэбных тавараў. …Старому ўраду... выразілі недавяраньне і выбар новага ўраду даручылі Радзе Надзорчай, склад якой папоўнілі новымі сябрамі. З пазьездавых размоў мне, аднак, удалося выясьніць, быццам недавяраньне... была выражана не за энэргічнае кіраўніцтва Саюзам, але за прыналежнасьць да пэўнай соцыялістычнай партыі. На першы погляд гэта выдаецца дзіўным, аднак, калі зважыць лік «кааператараў у сутанах», іх проста дэмагагічныя манеры, дык, хто ведае, можа гэта і праўда» [221]. З артыкула бачна, што Лідскі саюз арганізаваў кааператыўныя курсы, якія скончыла 14 чалавек, камандзіраваных таварыствамі, і 24 дэмабілізаваныя жаўнеры. На другі дзень адбылося пасяджэнне рады, на якім выбралі новы ўрад Лідскага саюза.

У 1922 г. на грошы Амерыканскага Чырвонага Крыжа быў пабудаваны гарадскі шпіталь [222]. Гэты шпітальны корпус існуе і зараз.

У лістападзе 1922 г. пачала будавацца тэлефонная лінія з Вільні да Варшавы праз Ліду: «Віленская дырэкцыя поштаў і тэлеграфаў прыступіла да будоўлі тэлефоннай лініі Вільня - Варшава, якая пройдзе ўздоўж чыгункі Вільня - Ліда - Ваўкавыск. Слупы па ўсёй трасе будуць устаноўлены да маразоў, потым будзе падвешаны дрот» [223].

Праз два тыдні прэса паведамляла: «Будова тэлефоннай лініі Вільня - Варшава. Працы па пабудове тэлефоннай лініі Вільня - Варшава хутка працягваюцца. Траса паміж Вільняй і Варшавай падзелена на тры будаўнічыя ўчасткі, а менавіта: Вільня - Ліда, Ліда - Ваўкавыск, Ваўкавыск - Варшава. Зараз вядуцца земляныя работы па ўстаноўцы слупоў, працы павінны закончыць да маразоў. З Вільні ўжо выехаў чыноўнік, які павінен прывезці з Варшавы 48 тон меднага дроту, які будзе манціравацца на гэтай лініі сувязі, коштам каля паловы мільярда марак» [224].

У сярэдзіне студзеня 1923 г. тэлефонная лінія была пабудавана і перададзена ў публічны ўжытак [225].

У лістападзе 1923 г. адбыўся «пробны рэйд грузавікоў. У нядзелю пачаўся пробны рэйд цяжкіх і напаўцяжкіх грузавікоў 5-ці фірм. Маршрут: Варшава, Ломжа, Гародня, Ліда, Вільня, Беласток, Берасце, Хэлм, Люблін, Радам, Варшава, Лодзь, Каліш, Чанстахова, Кракаў, Закапана, Радам, Варшава - 3 300 км» [226].

На працягу 1923 г. rіраўніцтва Вайсковага раёна інжынерыі і сапёраў у г. Лідзе некалькі разоў аб'яўляла таргі на рамонтныя работы ў Паўночным і Паўднёвым вайсковых гарадках г. Ліды.

Пры канцы лістапада 1923 г. магістрат Ліды даў аб'яву, што «на падставе пастановы гарадской рады ад 13 верасня 1923 г. абвяшчае, што гарадская управа г. Ліды выдзяліла пляц, прылеглы да вуліцы Сувальскай і будынка гарадскіх боень для будаўніцтва двухпавярховага дома, на першым паверсе будзе крама, другі будзе выкарыстоўвацца для патрэб горада. Бургамістр Рашкоўскі» [227].

Для ажыўлення эканомікі дзяржава пачала выдаваць танныя інвестыцыйныя крэдыты, аднак прадпрымальнікі не вярталі атрыманыя імі пазыкі, у выніку чаго ўрад змушаны быў паступова абясцэньваць грошы. Наступствы гэтага ў сярэдзіне 1923 г. давялі да выбуху гіперінфляцыі - рэзкага падзення кошту грошай. У той перыяд грашовай адзінкай была польская марка, уведзеная ў 1920 г. замест валют дзяржаў-удзельнікаў падзелаў. Эканамічнае становішча краіны рэзка пагоршылася, расло беспрацоўе, дзяржава перастала быць гарантам сацыяльнай абароненасці найбольш бедных пластоў народа. Гэта, у сваю чаргу, выклікала хвалю эканамічных страйкаў, якія захліснулі першым чынам буйныя прамысловыя цэнтры.

Інфляцыя польскай маркі добра прасочваецца па кошту прэсы. Так, беларуская газета «Наша Думка» на пачатку 1921 г. каштуе 5 марак, а ў ліпені таго ж года - ужо 10 марак. Газета «Беларускія ведамасці» ў верасні 1921 г. каштуе 15 марак, у студзені 1922 г. - 30 марак. Газета «Вызваленьне народу» ў верасні 1922 г. прадаецца за 30 марак, а ў сакавіку 1923 г. - ужо за 400 марак, і г.д.

У такім становішчы ўрад падаў у адстаўку, а парламент зацвердзіў новы склад урадавага кабінета на чале з Уладзіславам Грабскім. Грабскі адкрыта заявіў пра неадкладнае спыненне дадрукоўкі грошай. Ужо ў красавіку 1924 г. урад змог правесці грашовую рэформу і адкрыць незалежны ад дзяржаўных структур Польскі банк. Акцыі банка былі распрададзены на вольным рынку, што дазволіла ўвесці новую нацыянальную валюту (польскі злоты) і абысціся без замежнай фінансавай дапамогі.

Партызанка . Знаходзячыся ў канфлікце з Польшчай з-за Вільні, літоўскае кіраўніцтва выкарыстоўвала сфармаваныя ў Літве беларускія вайсковыя часткі як базу для разгортвання антыпольскага партызанскага руху. У 1922 г. у Коўне быў заснаваны Галоўны штаб антыпольскага паўстання. Гэтаму штабу падпарадкоўваліся партызанскія атрады ў памежных населеных пунктах Літвы. Асабліва актыўнай была партызанская група, якой камандаваў паручнік Вячаслаў Разумовіч (атаман Хмара). Агулам партызанскія аддзелы налічвалі некалькі тысяч байцоў [228]. Увесну 1922 г. беларускія партызаны перайшлі да актыўных баявых дзеянняў.

У жніўні 1922 г. польская віленская газета «Слова» паведамляе, што літоўская прэса піша пра беларускае паўстанне ў Лідскім павеце і падрабязна апісвае два ўзброеныя напады з распаўсюдам пракламацый [229]. Праз некалькі нумароў тая ж польская газета паведамляе: «Ковенскія ўлады інтэрпрэтуюць шматлікія і надзвычай арыгінальныя выпадкі бандытызму, які з пэўнага часу пашыраецца ў Лідскім павеце і прылеглых паветах не без ініцыятывы ковенскіх уладаў. Факты рабунку і знішчэння літоўска-беларускімі партызанскімі бандамі, якія стала базуюцца па другі бок нейтральнага паса - на літоўскай тэрыторыі, каментуюцца ковенскай прэсай як паўстанне беларускага народа супраць ненавісных акупацыйных польскіх уладаў. «Lietuvos Zinios» у нумары 97 піша наступнае: «З апошніх навін бачна, што акупантам цяжка кіраваць у занятым краі, у якім пашыраецца літоўска-беларуская партызанскія дзеянні. Зараз барацьба добра арганізавана, і таму польскія ўлады вымушаны ўвесці ваенны стан і высылаць па вёсках аддзелы жандармерыі, дзясяткамі хапаць паўстанцаў і нават расстрэльваюць іх» [230].

У артыкуле «Дзіўныя справы», надрукаваным у тым жа нумары, газета абвінавачвае партызан у нападзе на двор Глыбокае пана Мікульскага і на двор Дышлаўшчына (абодва на Лідчыне) з паленнем інвентару і рабункамі і прыраўноўвае падобныя ўчынкі да звычайнага бандытызму: «...ковенскі ўрад лье слёзы па беларускіх і расійскіх бандытах і крымінальніках на Віленшчыне, нават адпраўляюць па іх душах пампезныя набажэнства, як было ў выпадку з адным з расстраляных удзельнікаў банды «Чорта». Зараз яны пасунуліся далей у сваіх правакацыях, якія робяцца, каб паказаць Еўропе, што яна павінна ўмяшацца ў тутэйшыя справы» [231].

Праз дзень «Слова» інфармуе пра напад 18-ці ўзброеных карабінамі і рэвальверамі партызан на адзін з засценкаў каля Астрыны Лідскага павета: «…гаспадары засценка сустрэлі наведвальнікаў зброяй. З абодвух бакоў было зроблена каля 200 выстралаў. Аднак бандыты ўварваліся ў засценак і абрабавалі яго, забіўшы двух абаронцаў. Паліцыя прыбыла ў той жа дзень і пачала шукаць нападнікаў. Аднак бандыты да гэтага часу не знойдзены» [232].

Хутка ўлады інфармуюць пра свае перамогі над партызанамі: «Ліквідацыя бандыцкіх хеўраў у Гарадзенскім і Лідскім паветах. У сувязі з раней падаванай інфармацыяй аб ліквідацыі бандыцкіх хеўраў, якія аперыравалі на тэрыторыі Лідскага і Гарадзенскага паветаў, мы атрымалі наступнае паведамленне: гарадзенская паліцыя пасля доўгага і цяжкага следства выкрыла цэлую сетку бандыцкіх хеўраў. Гэтыя шайкі, арганізаваныя і кіраваныя з Мерачы, з Аранскай і Алькеніцкай гмінаў, пераходзілі ў Лідскі і Гарадзенскі паветы і тут рабілі напады. У апошнія дні ў Гародні і ваколіцах арыштавалі 20 удзельнікаў тых банд і іх камандзіра, нейкага Хмару, які паходзіць з Гародні. Разам з бандытамі ўзята многа зброі: карабінаў, рэвальвераў, ручных гранат і выбуховых матэрыялаў. Характэрна, што, каб заблытаць сляды, гэтыя банды не рабілі напады ў Віленскім павеце» [233].

З беларускай прэсы можна даведацца пра тое, пра што не пісалі польскія газеты - пра дзеянні польскіх вайсковых аддзелаў на Лідчыне супраць мірнага насельніцтва: «Звяртаем увагу паслоў дэмакратычных партый у польскім Сейме. З в. Воля Арлянскае... воласці палякамі забраны гр. Мікалай Павачка, якога хацелі застрэліць толькі за тое, што ён казаў, што без валасных прыказаў жаўнеры ня маюць права браць падводы адзіночнымі асобамі. Калі гр. Павачка ўказаў, што ў дэмакратычнай дзяржаве так нябывае, як яны робяць, то яго забралі як контррэвалюцыянера і адаслалі чаму-та ня ў Ліду, а ў Слонім, а з Слоніма пашлюць у Варшаву ці Кракаў. Дзеля таго, каб узяць на парукі, патрабуе польская ўлада залогу 60 000 марак» [234].

Як заўжды пры такіх падзеях, невыносная пакуты цярпелі мірныя беларускія сяляне. У верасні 1922 г. на перадвыбарным мітынгу ў Астрыне сяляне са слязамі на вачах расказвалі старшыні Лідскай управы ПНП «Вызваленне» Станіславу Баліну аб «тэй дзікай расправе, якую робяць карацельныя аддзелы жандараў у некаторых (беларускіх і літоўскіх) валасцёх Лідскага павету. Расказы гэтыя малююць гэткую зьдзічэласьць, што таму, хто слухае, робіцца стыдна за польскага вурадніка ды паліцыянта ды за ўсё тое, што завецца культурай і цывілізацыяй 20-га сталецьця. Даволі сказаць, што нявінных жыхароў вёскі Крапічоўшчыны Костуся Альговіча і Мікалая Алюлевіча скручвалі ланцугамі і білі прутамі ў пяты, дапытваючыся аб бандытах. Павявае 16-м сталецьцем з пыткаю Івана Грознага, альбо «сьвятое» інквізыцыі. Рабункі над гэтымі людзьмі ўсё роўна як-бы правам былі дапушчаны: бяруць усё - парсюкоў, бараноў, масла, сыры і што толькі трапіць пад руку. Часта сена шукаюць у куфрох і шафах. Бо з гумнаў амаль ня ўсё сена забралі. У Ляхавічах забралі валы, канюшыну і за ўсё мусела заплаціць вёска да выданьня подпісаў, што дала дабравольны гасьцінец. Не гледзячы на так гарачую для кожнага хлебароба пару году, змушаюць яны 13 чалавек як дзень, так і ноч пільнаваць 1,5 кілёмэтра тэлефоннага дроту. І ўсё гэта прыкрываецца тлумачэньнем, што яны «бароняць» край ад «бандытаў»! Зьдзек на кожным руху. Бандытызм бандытызмам ня выкараняецца. ...Тое самае дзеецца з літоўцамі каля Начы. І нічога дзіўнага, што ўсё гэта можа тварыцца над безабаронным мужыком, бо гэткі астрынскі паліцэйскі, ня гледзячы на дазвол ваяводы, разагнаў першы мітынг таго самаго Старшыні Павятовае Управы «Вызваленьня» толькі таму, што Балін прыехаў не з палацу і не да палацаў, а з народу і для абароны народу» [235].

Беларуская партызанка так і не была пераможана ваенным шляхам. Аднак 15 сакавіка 1923 г. Ліга Нацый прызнала польска-літоўскую мяжу, і Літва спыніла дапамогу партызанскім аддзелам.

Але ж польска-літоўскі рэлігійны канфлікт на Лідчыне, які пачаўся яшчэ да Першай сусветнай вайны, працягваўся: вядома, што ў 1923 г. радунскі пробашч мусіў перапыніць набажэнства, бо мясцовыя парафіяне-літоўцы бунтавалі супраць ужывання польскай мовы ў касцёле [236].

Выбары 1922 г. У лістападзе 1922 г. адбыліся выбары ў польскі парламент. Гэта былі ўжо другія выбары (першыя адбыліся ў 1919 г.), але насельніцтва Заходняй Беларусі брала ўдзел у такога кшталту мерапрыемствах упершыню. Беларускія нацыянальныя партыі і арганізацыі падчас гэтых выбараў здолелі дасягнуць найвышэйшага за ўвесь міжваенны перыяд узроўню нацыянальнай згуртаванасці. Большая іх частка далучылася да Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэта на чале з А. Луцкевічам (БЦВК), які праводзіў сваю кампанію ў складзе Блока нацыянальных меншасцей (БНМ) Польскай Рэспублікі. Праграма БЦВК прадугледжвала прызнанне польскай дзяржавы, барацьбу за тэрытарыяльную аўтаномію, школу на роднай мове, правядзенне зямельнай рэформы, роўнасць усіх рэлігійных веравызнанняў, тэрытарыяльную арганізацыю войска і г.д. У БНМ уступілі прадстаўнікі беларускага, украінскага, рускага, нямецкага і яўрэйскага народаў.

Нешматлікія заходнебеларускія палітыкі, якія адмовіліся далучыцца да БНМ, у асноўным дэкларавалі сваю паланафільскую арыентацыю. Яны пастараліся звярнуць на сябе ўвагу польскага ўрада, разлічваючы атрымаць ад яго матэрыяльную падтрымку сваіх дзеянняў. Пры гэтым яны выстаўлялі сябе ў якасці рэальнай альтэрнатывы палітыкам, аб'яднаным у БНМ [237].

Аднак галоўнымі сапернікамі БНМ у час выбараў у паўночна-ўсходніх ваяводствах павінны былі быць польскія партыі, якія высоўвалі пастулаты радыкальных сацыяльных рэформ і ўлічвалі ў сваіх праграмах імкненні нацыянальных меншасцей. Перш за ўсё гэта былі Польская народная партыя (ПСЛ) «Вызваленне» і Польская сацыялістычная партыя (ППС).

ПСЛ «Вызваленне» мела свае арганізацыйныя структуры на Лідчыне. У перадвыбарных плакатах «Вызвалення» прапагандаваліся адбудова вёскі, бясплатная адукацыя, раздача зямлі, роўныя правы ўсіх грамадзян Польскай Рэспублікі без розніцы іх мовы і веравызнання. У сваёй дзейнасці «Вызваленне» імкнулася да ахопу сваім уплывам вёсак, населеных беларусамі. Сярод кандыдатаў у паслы ад гэтай партыі знаходзіліся людзі, якія лічылі сябе беларусамі.

Вялікую цікавасць да выбараў на «крэсах», праявіў начальнік дзяржавы Ю. Пілсудскі. Ён хацеў, «каб у сейм увайшло з крэсаў як найбольш палякаў, а з іншых нацыянальнасцей па меры магчымасці толькі асобы, прыхільныя да польскай дзяржаўнасці». З гэтай мэтай 23 верасня 1922 года на з'ездзе ў Баранавічах было створана Дзяржаўнае аб'яднанне на крэсах, на чале якога стаў родны брат Пілсудскага. Аб'яднанне паспрабавала прыцягнуць да сябе беларускіх і ўкраінскіх нацыянальных дзеячаў, аднак скончылася гэта няўдачай, бо да яго далучыліся толькі малаўплывовыя палітыкі.

Таксама ў Лідскай і Віленскай акругах былі выстаўлены спісы прапольскага Аб'яднання беларускіх беспартыйных актывістаў і «Зялёнага Дуба», з якімі шчыльна супрацоўнічаў генерал С. Булак-Балаховіч.

Беларускія камуністы абавязваліся працаваць на карысць спіса Саюза пралетарыяту горада і вёскі [238].

Пры канцы жніўня 1922 г. віленская газета «Слова» перадрукавала артыкул з газеты «Беларускі Шлях», у якім стан рэчаў апісваўся наступным чынам: «Палітычная сітуацыя ў беларускіх справах прадстаўляецца зараз цалкам зразумелай: толькі ў Рэчы Паспалітай ёсць магчымасць дасягнуць тых мэтаў, да якіх імкнуцца лідары беларускага руху... Мы перакананы, што здаровы розум беларускага народа ўстрымаецца ад тых памылак, якія да гэтага часу рабіліся, і змусіць яго адкінуць авантурную палітыку і донкіхотства, якое праводзілі некаторыя дзеячы з-за мяжы (Коўня, Прага, Рыга)» [239].

Тады ж старшынёй акруговай выбарчай камісіі ў Лідзе быў прызначаны міравы суддзя Халява [240].

Праз некалькі нумароў «Слова», не называючы прозвішча, цытуе аднаго з вядомых прадстаўнікоў беларускай супольнасці: «Заключылі мы адзіны блок з украінцамі Валыні, Падлесся і Хэлмшчыны, да гэтага блока прысталі таксама расійцы, яўрэі і немцы. Блок складзены для атрымання як мажліва больш галасоў... Найбольшыя шансы правядзення ў Сейм нашых паслоў існуюць у Наваградскім, Лідскім, Свенцянскім і Пінскім паветах. Ёсць надзеі правесці 15 паслоў» [241].

24 верасня 1922 г. у Лідзе адбыўся акружны з'езд «Вызвалення». На гэты з'езд прыехала 3 250 дэлегатаў чатырох паветаў: «Гэтакага зьезду ў Лідзе яшчэ не бачылі. Як ішлі нашы дэлегаты з вакзала праз вуліцы Ліды, з усіх вуліц выскачылі, як ваўкі, эндэцкія агітатары, упіхвалі дэлегатам свае адозвы ды газеціны і намаўлялі, каб яны ішлі да іх. Нішто не памагло. Работніцкі люд ішоў на свой зьезд «Вызваленьня» спакойна, горда, адганяючы з пагардай вон панскіх наймітаў... Лідскі зьезд выбраў тых, каго лічыў найлепшымі. Вызваленцы выбралі тутэйшых, вядомых людзей. Галасавалі над усімі кандыдатамі: усе былі прыняты большасьцю галасоў. Згода, якая панавала на зьездзе, даказвае, што работніцкі люд ужо сарганізаваўся і ведае, што для яго карысна. Дык ужо паны пястоўцы, радзюкі ды іншыя... даведаліся якіх паслоў хочуць дэлегаты. Дык цяпер будуць проціў іх агітаваць, выдумляць розную брахню. Ужо... розныя платныя агітатары езьдзяць па вёсках і ціхцам разсказваюць быццам адзін з іх бальшавіцкі камісар, а другі жандарскі афіцэр, трэйці - абакраў касьцёл у Менску...» [242].

На пачатку кастрычніка Беларускі Цэнтральны Выбарчы Камітэт вылучыў у Свянцянскай акрузе першым у спісе ксяндза Адама Станкевіча, другім - настаўніка Мятлу. У Лідскай акрузе першым у спісе ішоў Рак-Міхайлоўскі, другім - інжынер Аўсянік [243].

На пачатку лістапада «Слова» друкуе выбарчыя спісы з нумарамі, пад якімі партыйныя блокі будуць ісці на выбарах:

Спісы кандыдатаў у Сейм па Лідскай акрузе № 62:

- Спіс № 1, Польская сялянская партыя «Пяст» (Polsk. Stronnictwa Ludowego PS.L. «Piast»).

- Спіс № 3, Польская народная партыя (ПНП) «Вызваленне» (P. S. L. Wyzwolenie i lewica ludowa).

- Спіс № 5, Звязу пралетарыяту горада і вёскі (Komunistycznego Związku Proletarjatu miast i wsi).

- Спіс № 6, Звяз Народных Радаў (Związku Rad Ludowych).

- Спіс № 8, Хрысціянскі звяз народнага адзінства (Chrzescijanski Zwiazek Jednosci Narodowej).

- Спіс № 22, Блок нацыянальных меншасцей.

- Спіс № 23, Аб'яданне беларускіх беспартыйных актывістаў і «Зялёнага Дуба».

- Спіс № 24, Польскі звяз народнага адраджэння (Polski Związek Ludowy «Odrodzenie»).

- Спіс № 26, Саюз кватэранаймальнікаў (Centrali Zrzeszeń lokatorskich).

- Спіс № 27, Аб'яднаны камітэт «Coireion» i «Cejre Sion» (Zjednoczonego Komitetu «Coireion» i «Cejre Sion») [244].

Звяртае ўвагу тое, што на Лідчыне амаль што ўсе партыі, якія прынялі ўдзел у выбарах, былі «левыя», а таксама вялікая колькасць беларускіх партый.

У выніку па Лідскай акрузе на выбарах былі абраны, па:

- Cпісу № 1 (PS.L. «Piast») прайшоў у паслы толькі адзін Крыжаноўскі - адзін з «лідараў віленскай дэмакратыі і былы пасол Віленскага Сейма».

- Cпісу № 3 (Вызваленне) - тры паслы: Сільвестр Ваяводскі - «інтэлігент, рэдактар «Вызвалення Народу», сябар галоўнай управы «Вызвалення», Галавач - селянін, Балін - малазямельны селянін».

- Cпісу № 8 (Ch. J. N.) - пасол Рачкоўскі - «інтэлігент, былы пасол Расійскай Думы ад Ковеншчыны, былы пасол Віленскага Сейма».

- Спіс № 16 (Блок нацыянальных меншасцей) - «эсдэкі Рак-Міхайлоўскі і Аўсянік» [245].

Новы сейм і сенат складаліся з дэпутатаў ад 200 дзейных у краіне партый і прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей. Слабым месцам польскай парламенцкай сістэмы 1922-1926 гг. стала палітычная раздробленасць сейма пры ягоных вельмі шырокіх паўнамоцтвах. З-за розніцы ў праграмах партый і нацыянальных супярэчнасцей немагчыма было ўтвараць сталыя ўрадавыя кааліцыі. Таму кансерватыўнае «Слова» пісала аб выніках выбраў: «Склад новага Сейма фатальны. Гэта інстытуцыя будзе кашмарам нашага палітычнага жыцця. Усякага роду непалякі: яўрэі, беларусы, украінцы, немцы здабылі па акругах 73 мандаты і будуць займаць у Сейме 90 крэслаў. І не ў тым справа, што 90 паслоў будуць размаўляць і думаць не па-польску, але ў тым, што з-за нашай дрэннай нацыянальнай палітыкі, нашага недальнабачнага нацыяналізму, годнага можа толькі для Ковенскіх літоўцаў ці чэхаў, а не для каралеўскага народа - носьбіта Ягелонскай ідэі, усе гэтыя паслы будуць мець скрайні антыпольскі і антыдзяржаўны настрой» [246].

У выніку парламенцкіх выбараў 1922 г. магла сфармавацца толькі правацэнтрысцкая кааліцыя, у склад якой уваходзілі галоўным чынам эндэкі, аб'яднаныя ў Народна-нацыянальным звязе (Звяз Людово-Народовы - ЗЛН), Польскай сялянскай партыі «Пяст» на чале з Вітасам, а таксама хрысціянска-дэмакратычныя партыі. У канцы 1922 г. адбылася трагічная падзея, якая запаволіла працэс фармавання кааліцыйнага ўрада. Большасцю галасоў дэпутатаў ад цэнтрысцкіх і левых партый, а таксама нацыянальных меншасцей прэзідэнтам Рэчы Паспалітай быў абраны Габрыэль Нарутовіч. У адпаведнасці з канстытуцыяй, начальнік дзяржавы Юзаф Пілсудскі перадаў уладу ў рукі першага прэзідэнта. Аднак з выбарам Нарутовіча не жадалі пагадзіцца эндэкі, лідары якіх развязалі шалёнае цкаванне прэзідэнта. 16 снежня 1922 г., праз два дні пасля ўступлення на пасаду, прэзідэнт Польшчы быў забіты прыхільнікам нацыянал-дэмакратаў мастаком Элігіюшам Невядомскім. Потым імя прэзідэнта Габрыэля Нарутовiча насіла лідская школа № 1.

25 лютага 1923 г. Ліду наведаў абраны пасол Сейма Сымон Рак-Міхайлоўскі: «У былым памяшканьні Беларускага Выбарнага Камітэту адбыўся мітынг, на якім дэпутат Міхайлоўскі інфармаваў прысутных аб працы ў Сейме Беларускага Пасольскага Клюбу, аб тактыцы Клюбу і казаў аб патрэбе арганізаваньня на мяйсцох, каб агульнымі сіламі паляпшаць сучасны стан рэчаў і праўнае палажэньне беларускай люднасці пад польскай уладай. Дэпутат прыняў масу жалаб з сярод сабраўшыхся, якія былі звольнены са службы на чугунцы і тэлеграфе, як людзі тутэйшыя і праваслаўныя, бо не выязджалі з Ліды ў часе польскай эвакуацыі ў 1920 годзе. Дэпутат Міхайлоўскі ад імя Бел. Пас. Клюбу дакляраваў даць ход гэтай справе. Вечарам гэтага-ж дня быў заарганізаваны ў Лідзе Сэкрэтарыят Беларускага Пасольскага Клюбу, кіраўніком Сэкрэтарыяту быў абраны грам. Калясінскі Уладзімер. Сэкрэтарыят месьціцца на вул. 2 Слабодка, д. № 8» [247].

Газета «Вызваленьне Народу» праз паўгода пасля выбараў таксама пісала пра дзейнасць свайго пасла ў Сейм Станіслава Баліна: «Нашыя праракаваньні, што гэткія партыі як Пяст (1 спіс), Хьена (8) і іншыя перад выбарамі завіталіся толькі дзеля таго, каб ачмуціць людзей і ўсадзіць у Сейм паслоў, якія там будуць помніць толькі сабе - споўніліся аж да іоты. Напрыклад, у Лідскім павеце дасюль апрача нашага пасла Баліна, які мучачыся езьдзіць па павеце і здае справаздачу, ніякі іншы пасол, выбраны з гэтага павету, не паказваецца. Аб спісе 8 няма чаго гаварыць, бо ён быў выбраны ад паноў... А што сказаць аб пасьле з 1-кі п. Дуброўніку, які за адтрыманыя ў Сейме грошы меў час добра апрануцца, а ня мае часу даведацца аб крыўдах і балячках сваіх выбаршчыкаў... Толькі праз арганізацыю й прасвету, праз чытаньне газетаў і навуку дойдзем да... сілы, з якой паны муся-цімуць лічыцца. Дык вось зкладайце па вёсках гурткі... і выпісвайце толькі свае газеты «Вызваленьня» з Вільні і Варшавы... На Лідзскі павет сэкрэтарыят... знаходзіцца на Сувальскай вуліцы, 1, там дзе Народны Дом. Сэкрэтаром тамака ёсць грамадзянін Ян Ваяводзскі, які дзесяць гадоў быў сэкрэтаром суду» [248].

Нягледзячы на пазнейшую заяву Б. Тарашкевіча ў сейме, што «мы пераступілі гэтыя парогі ў колькасці, не адпаведнай колькасці нашага беларускага насельніцтва», вынікі выбараў былі прызнаны ў беларускіх асяродках за вялікую перамогу нацыянальнага руху. Пры аналізе выбараў падкрэслівалася, што «пабеда дасталася не «Блоку Нацыянальных Меншасцей» і не «Вызваленню», a выключна беларускай ідэі - беларускаму штандару, пад якім ішоў і № 16, і № 3. У гэтым-то крыецца наша падвойная пабеда... Мы - дый не адны мы, а ўвесь свет - пераканаліся, што, нягледзячы на смяротны прысуд нашаму народу, зроблены польскім урадам... народ беларускі жыве, жыць хоча і жыць будзе, як бы яго ні ўціскала пануючая нацыя» [249]. У дакладах польскіх спецслужбаў падкрэслівалася як трывожны фактар для польскіх улад «завязанне беларускай выбарчай сеткай шырокага і сталага кантакту з народнымі масамі - з'ява, якая першы раз сустракаецца ў гісторыі адраджэнцкага беларускага руху: народ і палітызаваная інтэлігенцыя непасрэдна сутыкнуліся і пачалі ўзаемадзейнічаць паміж сабой» [250].

Балін Станіслаў (1897-1937) - беларускі грамадска-палітычны дзеяч, у 1922 г. на Лідчыне абраны паслом у Сейм. Заўсёды падкрэсліваў сваё беларускае паходжанне. Паслом польскага Сейма быў з 1922 па 1927 г., першапачаткова ўваходзіў у пасольскі клуб ПСЛ «Вызваленне». У ліпені 1924 г. выступіў у Сейме з пратэстам супраць прыняцця т.зв. моўных законаў, нявыгадных беларусам і іншым нацыянальным меншасцям [251]. Таму разам з іншымі дэпутатамі восенню 1924 г. выйшаў з партыі і стварыў «Незалежную сялянскую партыю». За рэвалюцыйную дзейнасць арыштаваны ў 1927 і асуджаны на турэмнае зняволенне. Пасля адбыцця тэрміну эміграваў у СССР. Арыштаваны НКУС СССР і расстраляны.

Злачынствы, здарэнні . Пры канцы кастрычніка 1922 г. адбыўся смелы бандыцкі напад на маёнтак Станіславова на Лідчыне. Прэса падрабязна апісвала падзеі, выкліканыя гэтым нападам. Газета «Слова» паведамляла: «Ад Альфрэда Бразоўскага з Гурнофеля, які зараз знаходзіцца ў Вільні, мы даведаліся пра нязвыкла смелы бандыцкі напад, які адбыўся ў мінулую пятніцу. У белы дзень уладальнік маёнтка Станіславова з Лідскага павета Міхал Бялінскі ехаў на брычцы па тракце Ішчална - Васілішкі. Каля 1-й гадзіны дня адбыўся напад. З лесу выскачыў высокі мужчына, узброены карабінам, накіраваў зброю на Бялінскага, які выскачыў з брычкі і хацеў дастаць рэвальвер з кішэні. Да брычкі падбеглі яшчэ два бандыты з завязанымі тварамі, схапілі Бялінскага за рукі і пасадзілі ў брычку, потым, сеўшы ў яе ўсе разам, паехалі ў Станіславова. Па дарозе бандыты адабралі ў Бялінскага два залатыя гадзіннікі (адзін з гербам Юнаша, другі эмаліраваны з выявай Касцюшкі) і гербавы сыгнет. Прыехаўшы ў двор Станіславова, бандыты загадалі адчыніць незгаральную касу і забралі адтуль 20 018 000 марак, аднак срэбра, якое там было, не ўзялі. Таксама забралі з маёнтка рэвальвер і карабін. Потым бандыты адвялі Бялінскага ў лес, каб яго расстраляць. Аднак Бялінскі ўгаварыў іх не забіваць яго, спасылаючыся на тое, што яны ўзялі ў яго маёнтку вялікую здабычу. Яму пакінулі жыццё, узяўшы слова гонару, што ён не будзе звяртацца ў паліцыю» [252]. Бялінскі слова стрымаў, паліцыю выклікаў адзін з яго парабкаў. Паліцыя прыехала з Васілішак праз дзве гадзіны пасля нападу. У той жа дзень адзін з нападнікаў быў арыштаваны ў Скрыбаўцах.

Ужо на пачатку лістапада прэса паведаміла пра разбор справы аб рабунку ў судзе. «27 лістапада ў судзе... будзе разглядацца справа Станіслава Жылінскага і Станіслава Войшніса, абвінавачаных у тым, што 19 кастрычніка 1922 г. у маёнтку Станіславова Васілішскай гміны... звязалі гаспадара Міхала Бялінскага і пагражаючы яму карабінам, забралі ў яго 1 350 долараў, залаты гадзіннік, сыгнет і 8 000 польскіх марак» [253].

Тады ж прэса пісала, што Віленскі акруговы суд у Лідзе 25 кастрычніка 1922 г. разглядаў справу Яна Дзімітровіча, абвінавачанага ў тым, што падчас неабходнай самаабароны ён забіў Конрада Шыманскага. Суд прыгаварыў Дзімітровіча на тры месяцы турмы [254].

Пры канцы лістапада 1922 г. нейкі Ян Янушаў паведаміў паліцыі аб забойстве свайго брата ў Лідзе. «Забойца - асоба з прозвішчам Баранаў. Вядзецца следства» [255].

6 лютага 1923 г. суд Віленскай судовай акругі на выязной сесіі ў Лідзе прыгаварыў да кары смерцю праз расстрэл: Юзафа Грыця, сына Юзафа, узрост - 20 гадоў, Яна Гойла, сына Максіма, узрост 26 гадоў, Яна Карповіча, сына Яна, узрост - 27 гадоў, Яна Місевіча, сына Яна, узрост - 30 гадоў. Забойцы былі абвінавачаны ў збройным нападзе 1 студзеня 1923 г. на дом Рафала Гардона ў вёсцы Ракавічы, у той жа дзень збройны напад з ужыццём гранат на дом Міхала Дамінікевіча і спаленне гэтага дома. Бандыты расстраляны 7 лютага 1923 г. у 14.30 у Лідзе [256]. Беларуская газета «Новае Жыцьцё» таксама пісала, што «5-га лютага [1923 г. - Л. Л.] згодна з прысудам Віленскага Доразнага Суду былі разстрэлены ў Лідзе сяляне: Язэп Гойла, Ян Карповіч, Ян Місевіч і Язэп Грыць за аружны напад на аднаго з мясцовых жыхароў» [257]. Падчас суда стала вядома, што хеўра з жыхароў Арлянскай гміны Лідскага павета (з вёскі Стукалы Тамаш і Антон Сухоцкія і Ян Якімчык, з вёскі Турэйск Аляксандр і Ян Гойлы і Юзаф Грыць, жыхар вёскі Новадзеражні Ян Карповіч, жыхар вёскі Галынка Ян Місевіч, жыхары вёскі Лепяшанкі Аляксандр Санюкевіч, Канстанцін Масталовіч, Браніслаў і Сцяпан Шэршні) зрабіла цэлы шэраг нападаў і рабункаў. Апошні раз бандыты ў першы дзень Новага 1923 года зрабілі збройны напад у вёсцы Ракавічы Ражанкаўскай гміны, дзе дашчэнту абрабавалі краму мясцовых гандляроў Рафала Гардона і Міхала Дамінікевіча, а потым аблілі бензінам і падпалілі [258].

Аднак збройныя напады працягваліся. 22 лютага 1923 г. два ўзброеныя бандыты напалі на гандляра Абрама Рыбака, які на конных санях вяртаўся з Вільні ў Ліду. Яны адабралі ў гандляра каня з санямі, 2 пуды жыта і 200 000 польскіх марак, «пасля чаго схаваліся ў лесе» [259].

У чэрвені 1923 г. два гандляры з Ліды былі абкрадзены на вакзале ў Вільні, у Я. Шмулевіча выцягнулі з кішэні 110 000 польскіх марак і асабістыя дакументы [260], а ў А. Кармінскага - залаты гадзіннік і цэлых 5 мільёнаў марак [261].

Беларуская газета «Новае Жыццё» пісала пра здарэнне ў Лідскім гарнізоне польскага войска ў 1923 г.: «Ліда. «Добрыя» парадкі ў тутэйшых вайсковых аддзелах. Ахвярай гэткіх парадкаў стаў Міхаць Грыб з вёскі Куты Крэўскае гм. Яго, як рэзэрвіста, забралі на 8 тыднёвае вучэнне. Праз нейкі час ён захварэў на тыфус, але... і хвораму ня далі спакою. У нядзелю 22 красавіка ўсіх павялі на прысягу, павялі таксама і яго, хоць і хворага. Быў дождж, на якім прыйшлося стаяць каля гадзіны і, вярнуўшыся да шпіталю, небарака праз 3 дні аддаў Богу душу» [262].

Не абыходзілі бокам наш край прыродныя з'явы і эпідэміі: «Беняконі. Страшэннай бурай з градам і громам 12 траўня каля Беняконь шмат гдзе пабіта збожжа. Ліўнем зруйнаваны ўва многіх мясцох гароды і сьвежыя засевы на палёх. У вёсцы Бражэльцы ад маланкі згарэла ўся будоўля аднаго гаспадара. Згарэў хлопец гадоў 17 і шмат дамовай жывёлы» [263]. «Чума буйной рагатай жывёлы. У апошнія дні ў Лідскім павеце занатавана 4 выпадкі чумы буйной рагатай жывёлы. Адміністратыўныя ўлады, каб не дапусціць распаўсюду, выдалі адпаведныя пастановы» [264].

Наладжванне стабільнага і бяспечнага чыгуначнага руху пасля 6 год ваеннага ліхалецця ішло цяжка. З-за таго што чыгунка шмат гадоў не абслугоўвалася згодна з рэгламентам, пасля моцных дажджоў на ўчастках Ліда - Маладзечна (каля Багданава) і Ражанка - Масты было пашкоджана чыгуначнае палатно, рух цягнікоў спынены [265].

Віленская газета «Слова» пісала ў верасні 1922 г.: «У ноч з 17 на 18 верасня на перагоне Ліда - Скрыбаўцы сутыкнуліся два таварныя цягнікі. Разбіта 5 вагонаў, на рэйках затор. Хуткі цягнік з Варашавы з-за гэтага пайшоў праз Ваўкавыск-Баранавічы-Ліду і прыйшоў у Вільню ў 12.30» [266].

У лютым 1923 г. у цягніку № 1613, які з боку Вільні ўжо падыходзіў да Ліды, у вагоне 1-га класа вынікала спрэчка, якая перайшла ў бойку. Падчас бойкі адзін з пасажыраў на хаду выкінуў з вагона Баляслава Даляховіча і спрабаваў выкінуць яшчэ аднаго свайго спадарожніка. Пасажыры вагона спрабавалі спыніць цягнік, сарваўшы стоп-кран, але ён не працаваў. Пасля прыбыцця цягніка на станцыю Ліда хуліган быў арыштаваны паліцыяй, а Даляховіч хутка прыйшоў сюды сам [267].

24 жніўня 1923 г. міжнародная прэса паведаміла пра найвялікшае чыгуначнае крушэнне за ўсю гісторыю Лідскай чыгункі: загінула 50 чалавек і больш за 100 чалавек было паранена, калі пад Лідай пасажырскі цягнік «Вільня - Варшава» сышоў з рэек. Трагедыя была выклікана размывам чыгуначнага насыпу [268]. Аднак віленская газета «Слова» паведаміла, што ў выніку сходу цягніка «Вільня - Варшава» № 816 з рэек ранена 11 чалавек, загінула жанчына з дзіцем. Газета піша, што пагалоска пра тое, што вагон з моста ўпаў у Нёман і загінула 40 пасажыраў - няпраўда, бо мост знаходзіцца ў стане рамонту [269]. У наступным нумары газета паведаміла, што параненыя знаходзяцца ў лідскім шпіталі [270]. Потым газета пісала, што на месца здарэння прыбыў міністр транспарту Карлінскі, а вінаваты ў крушэнні стрэлачнік Пянкевіч, які ўжо арыштаваны [271].



[1] Szymielewicz Michał. Lida w latach wielkiej wojny // Ziemia Lidzka. 1999. № 37. S. 7-12.

[2] Giżycki J. M.F. (Wołyniak). Z przeszłości karmelitów na Litwie i na Rusi. Cz. 1-2. Kraków, 1918. S. 254.

[3] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў г. Гродна. Ф. 14, Воп. 2, Спр. 4.

[4] Сегень Януш. Успаміны пра Ліду канца ХІХ стагоддзя // Лідскі летапісец. № 4 (20). 2002. С. 26.

[5] Военная энциклопедия. Под ред. В. Ф. Новицкого и др. Т. 14. СПб, 1914. С. 619.

[6] Szymielewicz Michał. Lida w latach wielkiej wojny // Ziemia Lidzka. № 37. 1999. S. 7-12.

[7] Савук Антось. Лідскі вайсковы аэрадром (1907-1915) // Лідскі Летапісец. № 4 (16). 2001. С. 13-15.

[8] Лебедев Виталий. Аэродром Лида в годы становления российской военной авиации // http://www.dfnc.ru/Aerodrom-Lida-v-godi-stanovleniya-rossiyskoy-voennoy-aviatsii

[9] Biełarus. № 13. 11 красавіка 1913.

[10] Наша Ніва. № 14. 5 красавіка 1913.

[11] Лидское Слово. № 19. 22 марта 1913.

[12] Савук Антось. Лідскі вайсковы аэрадром (1907-1915) // Лідскі Летапісец. № 4 (16). 2001. С. 13-15.

[13] Biełarus. № 16. 17 красавіка, 1914.

[14] Савук Антось. Лідскі вайсковы аэрадром (1907-1915) // Лідскі Летапісец. № 4.(16). 2001. С. 13-15.

[15] Лидское Слово. № 8. 4 января 1913.

[16] Лидское Слово. № 14. 15 февраля 1913.

[17] Szymielewicz Michał. Lida w latach wielkiej wojny // Ziemia Lidzka. № 37. 1999. S. 7-12.

[18] Арефьева И., Шлевис Г. Примите меня в свою любовь... Вильнюс, 2008. С. 82-83.

[19] Kurіer Litewski. № 87. 17 (30) kwietnia 1910.

[20] Szymielewicz Michał. Lida w latach wielkiej wojny // Ziemia Lidzka. № 37. 1999. S. 7-12.

[21] Там жа.

[22] Там жа.

[23] Szymielewicz Michał. Białogrud // Ziemia Lidzka. № 7. 1936. S. 4.

[24] Szymielewicz Michał. Lida w latach wielkiej wojny // Ziemia Lidzka. № 37. 1999. S. 7-12.

[25] Документы и материалы по истории Белоруссии. (1900-1917 гг.). Т. 3. Минск, 1953. С. 784-785.

[26] Аўтар удзячны к.г.н. дацэнту Вароніч Т. У. за электронную копію справы: Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. 448. Воп. 7. Спр. 679. Дело Виленского окружного суда «О крестьянине Осипе Мордасе обв. по 2 ч. 1085 ст. Улож. о Нак. Начато 24 октября 1914 г., решено 3 декабря 1914 г.»

[27] Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. 448. Воп. 7. Спр. 679. А. 3.

[28] Там жа. А. 3 адв.

[29] Там жа. А. 56.

[30] Там жа. А. 25.

[31] Там жа. А. 75.

[32] Там жа. А. 76 адв.

[33] Там жа. А. 24.

[34] Арефьева Ирина, Шлевис Герман. «Примите меня в свою любовь...». Вильнюс, 2008. С. 134.

[35] Biełarus. № 34. 21 жніўня 1914.

[36] Наша Ніва. № 29. 25 ліпеня 1914.

[37] Biełarus. № 35. 28 жніўня 1914.

[38] Наша Ніва. № 35. 4 верасня 1914.

[39] Biełarus. № 46. 13 лістапада 1914.

[40] Biełarus. № 39. 24 верасня 1914.

[41] Biełarus. № 11-12. 19 сакавіка 1915.

[42] Biełarus. № 44-45. 30 кастрычніка 1914.

[43] Biełarus. № 13. 2 красавіка 1915.

[44] Biełarus. № 50. 11 снежня 1914.

[45] Biełarus. № 3. 21 студзеня 1915.

[46] Biełarus. № 7. 19 лютага 1915.

[47] Наша Ніва. № 10. 14 сакавіка 1915.

[48] Biełarus. № 11-12. 19 сакавіка 1915.

[49] Наша Ніва. № 47. 27 лістапада 1914.

[50] Наша Ніва. № 7. 21 лютага 1915.

[51] Ялугiн Э. Без эпiтафii. Мінск, 1989. С. 78.

[52] Бобков А. М. Беженцы в Белоруссии в годы Первой мировой войны (1915-1916) // Усебеларуская канферэнцыя гiсторыкаў. Тэзiсы дакладаў i паведамленняў. Ч. 1. Мн., 1993. С. 132.

[53] Саматыя Вадим. Проблема беженцев в Беларуси в годы Первой мировой войны // Белорусский журнал международного права и международных отношений. № 2. 2003. http://evolutio.info/content/view/631/54/

[54] Ляхоўскі Уладзімір. Школьная адукацыя ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі 1915-1918 гг. Беласток-Вільня, 2010. С. 39.

[55] Niziński M. Szczuczyn w czasie wojny światowej (1915-1920 r.) // Orli Lot 1929. №8-9. S. 174.

[56] Дневник войны. 6-13 сентября // Природа и Люди 1915. № 47. С. 752.

[57] Там жа.

[58] Там жа.

[59] Там жа.

[60] Там жа.

[61] Там жа.

[62] Собственноручные показания «Моя военная служба до 22 июня 1941 года» генерал-полковника р. Шмидта // http://www.xliby.ru/istorija/generaly_i_oficery_vermahta_rasskazyvayut/p34.php

[63] Szymielewicz Michał. Z tamtego świata // Ziemia Lidzka. № 11. 1937. S. 120.

[64] Aleksander Śnieżko. Lidzki cmentarz wojenny // Ziemia Lidzka. № 8. 1936. S. 1.

[65] Конан У. «Гоман» // ЭГБ у 6 т. Т. 3. Мн., 1996. С. 60.

[66] Homan. № 45. 4 čerwienia 1918.

[67] Ляхоўскі Уладзімір. Школьная адукацыя ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі 1915-1918 гг. Беласток-Вільня, 2010. С. 127.

[68] Homan. № 8. 10 marca 1916.

[69] Homan. № 79. 14 listapada 1916.

[70] Беларуская Ніва. № 17 (30). 27 лютага 1926 г.

[71] Homan. № 85. 5 śnieźnia 1916.

[72] Гоман. № 2. 5 студзеня 1917 г.

[73] Гоман. № 15. 20 лютага 1917.

[74] Гардзіенка Н. Беларусы ў Вялікабрытаніі. Мінск, 2010. С. 33-34.

[75] Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. Мінск, 2006. С. 78.

[76] Iwanowski K., Iwanowska Kornecka A. Skinderowa Helena z Iwanowskich // Ziemianie polscy XX wieku. Słownik biograficzny. Cz. 6. Warszawa, 2002. S. 170-171.

[77] Homan. № 80. 17 listapada 1916.

[78] Гоман. № 62. 3 жніўня 1917.

[79] Гоман. № 68. 24 жніўня 1917.

[80] Гоман. № 71. 4 верасня 1917.

[81] Гоман. № 74. 14 верасня 1917.

[82] Гоман. № 62. 15 верасня 1916.

[83] Homan. № 48. 28 lipienia 1916.

[84] Homan. № 48. 8 żniúnia 1916.

[85] Homan. № 65. 26 wierasńia 1916.

[86] Гоман. № 61. 31 ліпеня 1917.

[87] Гоман. № 81. 9 кастрычніка 1917.

[88] Homan. № 56. 25 żniúnia 1916.

[89] Homan. № 91. 25 śnieźnia 1916.

[90] Homan. № 8. 10 sakavika 1916.

[91] Homan. № 87. 12 śnieżnia 1916.

[92] Homan. № 54. 18 żniúnia 1916.

[93] Гоман. № 61. 31 ліпеня 1917.

[94] Kurіer Wileński. № 353(3957). 24 grudnia 1936.

[95] Фахверк (Fachwerk) - тып канструкцыі будынка, заснаваны на запаўненні муроўкаю драўлянага каркасу. Звычайна каркас застаецца бачны, раздзяляючы фасад на панэлі рознай формы і надаючы будынку характэрны маляўнічы выгляд.

[96] Федоров И. О. Город Лида в годы установления советской власти (1919-1920) // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада : матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф. (Ліда, 3 кастр. 2008 г.). Ліда, 2008. С. 129.

[97] Homan. № 41. 4 lipienia 1916.

[98] Homan. № 57. 29 żniúnia 1916.

[99] Homan. № 67. 3 kastrycznika 1916.

[100] Гоман. № 72. 20 кастрычніка 1916.

[101] Гоман. № 83. 28 лістапада 1916.

[102] Homan. № 72. 7 wierasńia 1917.

[103] Homan. № 52. 11 żniúnia 1916.

[104] Гоман. № 71. 17 кастрычніка 1916.

[105] Homan. № 53. 15 żniúnia 1916.

[106] Гоман. № 73. 24 кастрычніка 1916.

[107] Homan. № 77. 7 listapada 1916.

[108] Homan. № 81. 21 listapada 1916.

[109] Гоман. № 75. 18 верасня 1917.

[110] Homan. № 70. 6 wieraśnia 1918.

[111] Гоман. № 60. 28 жніўня 1917.

[112] Homan. № 81. 21 listapada 1916.

[113] Гоман. № 68. 30 жніўня 1918.

[114] Гоман. № 78. 4 кастрычніка 1918.

[115] Гоман. № 94. 29 лістапада 1918.

[116] Homan. № 6. 18 studnia 1918.

[117] Homan. № 5. 15 studnia 1918.

[118] Гоман. № 61. 11 верасня 1916.

[119] Homan. № 82. 24 listapada 1916.

[120] Homan. № 89. 19 śnieźnia 1916.

[121] Гоман. № 76. 3 лістапада 1916.

[122] Гоман. № 83. 22 кастрычніка 1918.

[123] Гоман. № 83. 28 лістапада 1916.

[124] Гоман. № 6. 19 лютага 1917.

[125] Гоман. № 16. 23 лютага 1917.

[126] Гоман. № 15. 20 лютага 1917.

[127] Гоман. № 16. 23 лютага 1917.

[128] Гоман. № 16. 23 лютага 1917.

[129] Гоман. № 61. 31 ліпеня 1917.

[130] Гоман. № 62. 3 жніўня 1917.

[131] Гоман. № 81. 9 кастрычніка 1917.

[132] Homan. № 90. 9 listapada 1917.

[133] Гоман. № 97. 4 снежня 1917.

[134] Homan. № 53. 9 lipnia 1918.

[135] Homan. № 27. 3 krasawika 1918.

[136] Homan. № 45. 4 čerwienia 1918.

[137] Гоман. № 72. 13 верасня 1918.

[138] Дзічканец Юзэф. Самаабарона лідскай зямлі. Ліда, 2010. С. 40, 13.

[139] Homan. № 99. 18 śnieżnia 1918.

[140] Homan. № 101. 24 śnieżnia 1918.

[141] Лаўрэш Леанід. Яўген фон Гротэ дэ Буко - першы кіраўнік беларускага руху ў Лідзе // Наша Слова. № 12 (1111). 20 сакавіка 2013.

[142] Дзічканец Юзэф. Самаабарона лідскай зямлі. Ліда, 2010. С. 14., 21.

[143] Там жа. С. 41.

[144] Гоман. № 93. 26 лістапада 1918.

[145] Федоров И. О. Город Лида в годы установления советской власти (1919-1920) // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада : матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф. (Ліда, 3 кастр. 2008 г.). Ліда, 2008. С. 130.

[146] Жыццё Беларуса. № 17. 4 лістапада 1925.

[147] Федоров И. О. Город Лида в годы установления советской власти (1919-1920) // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада : матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф. (Ліда, 3 кастр. 2008 г.). Ліда, 2008. С. 130.

[148] Дзічканец Юзэф. Самаабарона лідскай зямлі. Ліда, 2010. С. 48.

[149] Там жа. С. 86.

[150] Дзічканец Юзэф. Самаабарона Лідскай зямлі. Ліда, 2010. С. 23, 49.

[151] Виленские губернские ведомости. № 20. 9 января 1905. С. 1.

[152] Памятная книжка Виленской губернии на 1907 г. Вильно, 1907. С. 160.

[153] Памятная книжка Виленской губернии на 1914 г. Вильно, 1914. С. 197.

[154] Памятная книжка Виленской губернии на 1914 г. Вильно, 1914. С. 193.

[155] Виленские губернские ведомости. № 61. 2 августа. 1914. С. 2.

[156] Армия и Флот Свободной России (б. Русский Инвалид). № 243. 1917.

[157] Brochocki Andrzej. Dzieje samoobrony w Szczuczynie Nowogródzkim (rok 1918-19) // Słowo. № 52. 22 lutego 1936; Słowo. № 53. 23 lutego 1936.

[158] Дзічканец Юзэф. Самаабарона лідскай зямлі. Ліда, 2010. С. 51.

[159] Борьба за Советскую власть в Белоруссии 1918-1920 гг. Т. 1. Минск, 1968. С. 373.

[160] Федоров И. О. Город Лида в годы установления советской власти (1919-1920) // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада : матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф. (Ліда, 3 кастр. 2008 г.). Ліда, 2008. С. 131.

[161] Дзічканец Юзэф. Самаабарона лідскай зямлі. Ліда, 2010. С. 53.

[162] Федоров И. О. Город Лида в годы установления советской власти (1919-1920) // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада : матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф. (Ліда, 3 кастр. 2008 г.). Ліда, 2008. С. 130-133.

[163] Борьба за Советскую власть в Белоруссии 1918 - 1920 гг. Т. 2. Минск, 1971. С. 529.

[164] Дзічканец Юзэф. Самаабарона лідскай зямлі. Ліда, 2010. С. 76-77.

[165] Борьба за Советскую власть в Белоруссии 1918 - 1920 гг. Т. 1. Минск, 1968. С. 450.

[166] Hramadzianin. № 7. 7 lutaha 1919.

[167] Федоров И. О. Город Лида в годы установления советской власти (1919-1920) // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада : матэрыялы рэспуб. навук.- практ. канф. (Ліда, 3 кастр. 2008 г.). Ліда, 2008. С. 130-133.

[168] Дзічканец Юзэф. Самаабарона лідскай зямлі. Ліда, 2010. С. 55.

[169] Борьба за Советскую власть в Белоруссии 1918 - 1920 гг. Т. 2. Минск, 1971. С. 95.

[170] Там жа. С. 34.

[171] Там жа. С. 36.

[172] Грицкевич А. П. Западный фронт РСФСР. Минск, 2010. С. 128-131.

[173] Там жа. С. 52.

[174] Снесарев А.Е. Из дневника 1918-1919 годов // http://a-e-snesarev.ru/smolenskiy_dnevnik.pdf

[175] Грицкевич А.П. Западный фронт РСФСР. Минск, 2010. С. 132-135.

[176] Wyszczelski Lech. Wojna polsko-rosyjska 1919-1920. Warszawa, 2010. T. 1. S. 80-88.

[177] Życie Nowogródzkie №93(807) 19 kwietnia 1930.

[178] Wyszczelski Lech. Wojna polsko-rosyjska 1919-1920. Warszawa, 2010. T. 1. S. 89-90.

[179] Там жа. S. 72.

[180] Там жа. S. 73.

[181] Tygodnik Illustrowany. № 22. 31 maja 1919. S. 340-341.

[182] Wyszczelski Lech. Wojna polsko-rosyjska 1919-1920. T. 1. Warszawa, 2010. S. 89-90.

[183] Kapiszewski Andrzej. Controversial Reports on the Situation of the Jews in Poland in the Aftermath of World War Studia Judaica 7. № 2 (14). 2004. S. 257-304.

[184] Прыватны архіў аўтара.

[185] Дзічканец Юзэф. Самаабарона лідскай зямлі. Ліда, 2010. С. 88.

[186] Прыватны архіў аўтара.

[187] Дзічканец Юзэф. Самаабарона лідскай зямлі. Ліда, 2010. С. 86.

[188] http://www.xxwiek.pl/dzien/1919-04-19/Lida_Reakcja_Jozefa_Pilsudskiego_na_zajecie_Wilna_przez_Polakow/6744

[189] Грицкевич А.П. Западный фронт РСФСР. Минск, 2010. С. 136.

[190] Там жа. С. 131, 137-149.

[191] Беларуская Думка. № 45. 15 ліпеня 1919.

[192] Баярунец Гіпаліт. Ліда ва ўспамінах ксендза Гіпаліта Баярунца // Лідскі Летапісец. № 2 (54). 2011. С. 31.

[193] Грицкевич А. П. Западный фронт РСФСР. Минск, 2010. С. 233.

[194] Там жа. С. 248.

[195] Баярунец Гіпаліт. Ліда ва ўспамінах ксендза Гіпаліта Баярунца // Лідскі Летапісец. № 2 (54). 2011. С. 31.

[196] Борьба за Советскую власть в Белоруссии 1918 - 1920 гг. Т. 2. Минск, 1971. С. 462-465.

[197] Szymielewicz Michał. Z tamtego świata // Ziemia Lidzka. №11. 1937. S. 120.

[198] Грицкевич А.П. Западный фронт РСФСР. Минск, 2010. С. 317.

[199] Адзямкоўскі Януш. Ліда 1920. Ліда - Варшава, 2010. С. 13-17.

[200] Там жа. С. 31-60.

[201] Баярунец Гіпаліт. Ліда ва ўспамінах ксендза Гіпаліта Баярунца // Лідскі Летапісец. № 2 (54). 2011. С. 32.

[202] Трусаў А. Сярэдняя Літва // Наша Слова. № 28 (663). 21 ліпеня 2004 г.

[203] Наша Ніва. № 8. 13 снежня 1920.

[204] Krynica. № 9. 1921. № 9.

[205] Наша Думка. № 21. 27 траўня 1921.

[206] Krynica. № 28.1921.

[207] http://www.marakou.by/by/davedniki/represavanyya-litaratary/tom-i/index_19422.html

[208] Беларускія Ведамасьці. № 6. 17 кастрычніка 1921.

[209] Беларускія Ведамасьці. № 9. 7 лістапада 1921.

[210] Ляхоўскі Уладзімір. Беларуская справа падчас польскай акупацыі 1919 - 1920 гг. // Спадчына. № 6. 1994. С. 67.

[211] Наша Думка. №21. 27 траўня 1921.

[212] Там жа.

[213] Беларускія Ведамасьці. № 9. 7 лістапада 1921.

[214] Беларускі звон. № 24. 23 сьнежня 1921.

[215] Наша Думка. № 15. 15 красавіка 1921.

[216] Беларускія Ведамасьці. № 2. 9 студзеня 1922.

[217] Новае Жыцьцё. № 2. 10 сакавіка 1923.

[218] Змаганьне. № 9. 23 лістапада 1923.

[219] Новае Жыцьцё. № 3. 15 сакавіка 1923.

[220] Słowo. № 87. 12 listopada 1922.

[221] Беларускія Ведамасьці. № 9. 7 лістапада 1921.

[222] Kurіer Wileński. № 55 (4373). 25 lutego 1938.

[223] Słowo. № 79. 3 listopada 1922.

[224] Słowo. № 88. 14 listopada 1922.

[225] Słowo. № 12. 17 stycznia 1923.

[226] Słowo. № 254. 14 listopada 1923.

[227] Słowo. № 265. 27 listopada 1923.

[228] Грицкевич А.П. Западный фронт РСФСР. Минск, 2010. С. 375.

[229] Słowo. № 2. 2 sierpnia 1922.

[230] Słowo. № 5. 5 sierpnia 1922.

[231] Там жа.

[232] Słowo. № 6. 6 sierpnia 1922.

[233] Słowo. № 8. 9 sierpnia 1922.

[234] Наша Думка. № 21. 27 траўня 1921.

[235] Вызваленьне Народу. № 3. 17 верасня 1922.

[236] Kuwałek Robert. Zycie spoleczno-polityczne ziemi lidzkiej w okresie miedzywojennym // Ziemia Lidzka. № 25.1997.

[237] Пашкевіч А. В. Беларускія паланафільскія арганізацыі і дзеячы падчас парламенцкіх выбараў у Польшчы ў 1922 г. // Problemy cywilizacyjnego rozwoju Bialorusi, Polski, Rosji i Ukrainy od konca XVIII do XXI wieku / Pod redakcja Piotra Franaszka, Aleksandra N. Nieczuchrina. Krakow: Wydawnictwo Uniwersytetu Jagiellonskiego, 2007. S. 161-164.

[238] Пашкевіч Алесь. Парламенцкія формы змагання ў міжваеннай Польшчы 1921-1930 гг. Дысертацыя на суісканне вучонай ступені кандыдата гістарычных навук. Мінск, 2006. С. 40-41.

[239] Słowo. № 19. 23 sierpnia 1922.

[240] Słowo. № 21. 25 sierpnia 1922.

[241] Słowo. № 24. 29 sierpnia 1922.

[242] Вызваленьне Народу. № 5. 1 кастрычніка 1922.

[243] Słowo. № 54. 4 pażdziernika 1922.

[244] Słowo. № 80. 4 listopada 1922.

[245] Słowo. № 85. 10 listopada 1922.

[246] Там жа.

[247] Новае Жыцьцё. № 2. 10 сакавіка 1923.

[248] Вызваленьне Народу. № 6 (18). 11-16 сакавіка 1923.

[249] Пашкевіч Алесь. Парламенцкія формы змагання ў міжваеннай Польшчы 1921-1930 гг. Дысертацыя на суісканне вучонай ступені кандыдата гістарычных навук. Мінск, 2006. С. 43.

[250] Там жа.

[251] Рак-Міхайлоўскі С. Турэмны дзённік / Падр. да друку і прадмова А. Пашкевіча // Куфэрак Віленшчыны. № 1 (12). 2007. С. 48-97.

[252] Słowo. № 73. 26 pażdziernika 1922.

[253] Słowo. № 84. 9 listopada 1922.

[254] Słowo. № 84. 9 listopada 1922.

[255] Słowo. № 97. 24 listopada 1922.

[256] Słowo. № 34. 13 lutego 1923.

[257] Новае Жыцьцё. № 2. 10 сакавіка 1923.

[258] Słowo. № 20. 26 stycznia 1923.

[259] Słowo. № 45. 25 lutego 1923.

[260] Słowo. № 125. 9 czerwca 1923.

[261] Słowo. № 126. 12 czerwca 1923.

[262] Новае Жыцьцё. № 11. 11 траўня 1923.

[263] Наша Думка. № 21. 27 траўня 1921.

[264] Słowo. № 4. 4 sierpnia 1922.

[265] Słowo. № 3. 3 sierpnia1922.

[266] Słowo. № 41. 18 wreśnia1922.

[267] Słowo. № 28. 6 lutago1923.

[268] Meriden Daily Jornal. 1923. Aug. 24.

[269] Słowo. № 186. 24 sierpnia1923.

[270] Słowo. № 187. 25 sierpnia1923.

[271] Słowo. № 188. 26 sierpnia1923; № 189. 28 sierpnia1923.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX