Папярэдняя старонка: Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг.

Частка 3. Лідчына ў 1924-1929 гг. 


Аўтар: Лаўрэш, Л. Л.,
Дадана: 30-10-2018,
Крыніца: Гродна: ТАА «ЮрСаПрынт», 2017.

Спампаваць




Грамадска-палітычнае жыццё

Адукацыя, нацыянальна-культурнае і рэлігійнае жыццё

Гаспадарка Лідчыны

Лідскі авіяцыйны полк

Штодзённае жыццё


Пісьменнік Ежы Путрамант, чый бацька быў пераведзены з Вільні ў Ліду на пасаду каменданта Павятовай камендатуры папаўненняў (начальніка Павятовага ваенкамата), у сваіх мемуарах пакінуў яскравае апісанне наша горада ў 1925 г.:

«Першае ўражанне было фатальнае. Пасля прыгожага, узгорыстага і лясістага пейзажу Новай Вілейкі Ліда выглядала жахліва. Плоская раўніна, бруднае малое паселішча, уціснутае паміж трыма вялікімі балотамі, зарослымі вольхамі, поўнымі гарластых варон. Бедныя яўрэйскія крамкі. Смурод пасля тысяч конных вазоў, якія загароджвалі увесь, злітуйся Божа, цэнтр горада ў гандлёвыя дні. Заміж прыгожай Віленкі - малая, здрадлівая Лідзейка, уся ў чароце, недаступная, бо вілася ў балотах, гразкая і пякельна халодная.

Другое і трэцяе ўражанне не былі лепшымі. У цэнтры горада два касцёлы і два кінатэатры. Насупраць меншага, які называўся «Эдысон» - цукерня з назвай «Амерыка». Тут да галоўнай вуліцы Сувальскай пад прамым вуглом далучалася другая - Трэцяга Траўня. Вяла яна міма што раз меншых домікаў да паўвёскі, якая называлася Слабодка. Адтуль стары тракт, засаджаны старымі бярозамі яшчэ, бадай, пры Кацярыне, ішоў праз Скідзель на Гародню.

Стары будынак дзяржаўнай гімназіі імя Караля Хадкевіча, зараз тут знаходзіцца гарадскі ліцэй.

Сувальская таксама заканчвалася вёскамі, якія выконвалі абавязкі прадмесцяў. На поўнач ляжала Закасанка. Тудой ездзілі цераз Бастуны, Воранава, Беняконі і яшчэ некалькі, смакавіта названых станцый, на Вільню. Паўднёвы канец меў сваё прадмесце без назвы, раскіданае па некалькіх вулачках. Тут ішла дарога на Наваградак і Баранавічы. Неўзабаве я меў пазнаёміцца з ёй вельмі блізка.

Бацька наняў для нас памяшканне на другім паверсе аднаго з драўляных домікаў пры вуліцы Сувальскай, бліжэй да Закасанкі. Што гэта быў за горад - няхай засведчыць наш падворак. Пачынаўся ён каля галоўнай вуліцы. Насупраць быў дом Вітажэнцаў, драўляны, аднапавярховы. За ім адразу было балота, рэчка Лідзейка і ўжо нічога болей, палі. Наш падворак заканчваўся вялікай кучай вольхаў, якімі зарасло другое балота. За ім была пустая гарадская паша, якую называлі Выган. І ўжо канец горада. Вельмі далёка - можа за паўтара кіламетры - некалькі асобных гаспадарак. Каляя на Маладзечна, каляя на Вільню, якія перасякаліся, далей яшчэ казармы, так званага Сім-Сім, або 77 палка пяхоты Ковенскіх стральцоў, якія хадзілі з мядзведзем - гербам Коўні - на пагонах.

Такім чынам - тры вёскі, злучаныя паміж сабой нітачкамі дзвюх паўгарадскіх вуліц. У сярэдзіне было яшчэ некалькі вуліц меншых, вельмі брудных і бедных, дзе жылі ў асноўным яўрэі. Была яшчэ чацвёртая вёска, найцікавейшая, якая называлася Маргі. Зачапілася яна за вуліцу Трэцяга Траўня, але заставалася звычайнай вёскай з «жураўлямі» пры студнях, з крытымі саломай «хатамі», хлявамі, «свіронкамі» ці жытніцамі, са сваёй чарадой жывёлы, якую ганялі на блізкі Выган. Адзінай саступкай на карысць горада было электрычнае святло і прыезджыя гімназісты, якія стаялі "на пастоі"» [1].

Прыкладна такія ўражанні пакідаў горад і ў іншых аўтараў. Пры канцы 1925 г. віленскі журналіст газеты «Слова», наведаўшы наш горад, напісаў наступны тэкст: «... пакінулі пакункі на вакзале і пайшлі ў павятовы горад Ліда. Мінаем рэйкі, пасля іх праходзім дзве нейкія цёмныя і балоцістыя вуліцы - і мы ў «цэнтры горада». На адным з дамкоў пры слабым асвятленні чытаем шыльду газеты «Слова». Разумеем, што гэта вуліца м-ра Мацкевіча, на якой знаходзіцца наш аддзел. Адсюль кіруемся ў бок пошты. Трэба зкамунікавацца з Наваградкам і Вільняй. ... Ад 12-й гадзіны ночы Ліда засынае сном праведніка. Ані жывой душы на вулачках. Хочам недзе павячэраць. На бліжэйшай цукерні аб'ява «Сёння канцэрт», ідзём далей і бачым заманлівую шыльду рэстарацыі «Брыстоль». Але дарма, рэстарацыя зачынена. Усюды ціша і цямрэча. Вяртаемся на станцыю, але тут таксама немагчыма знайсці аніякай ежы. У зале 2-га класа буфет яшчэ працуе, але абслуга спіць так, што рэха ажно разыходзіцца па станцыі. Да прыбыцця нашага цягніка ў 2-30 на Баранавічы праводзім час у размове з чыгуначнікамі» [2].

У 1927 г. уражанні тыя самая: «(Горад) ляжыць у балоце і дрыгве, мясцовасць нездаровая. Дамы жабрацкія, пераважна аднапавярховая драўляныя. Адзіная аздоба горада - муры замка Гедзіміна ... Няма польскіх гатэляў, рэстаранаў, кавярняў (маецца на ўвазе, што гэты бізнес у руках яўрэяў - Л. Л.). Ёсць толькі адна сталоўка «Кола полек» (Kola Polek) ... У «Коле полек» раней меўся «Клуб чыноўнікаў», у якім было інтэнсіўнае інтэлектуальнае і культурнае жыццё і збіралася мясцовая інтэлігенцыя ... Зараз клуб страціў сваё памяшканне» [3].

Грамадска-палітычнае жыццё

У выніку Першай сусветнай вайны на Еўрапейскім кантыненце ўтварыліся новыя дзяржавы, большасць якіх, услед за Вялікабрытаніяй і Францыяй, абрала дэмакратычны лад кіравання. Ва ўсіх гэтых краінах назіралася развіццё моцных нацыянальных партый, якія імкнуліся да падвышэння ролі дзяржавы ў грамадскім жыцці і да абмежавання палітычнага ўплыву нацыянальных меншасцяў. Ужо ў 1922 г. у Італіі прыйшла да ўлады партыя Беніта Мусаліні, якая паступова адхіліла іншыя партыі ад уплыву на палітыку дзяржавы.

Пасля выбараў у Сейм і сенат у 1922 г. Юзаф Пілсудскі пачаў паступова адыходзіць ад актыўнага палітычнага жыцця. Не пагадзіўшыся са стратай уплыву ў войску на карысць чарговых міністраў ваенных спраў, ён ў траўні 1923 г. пакінуў Варшаву і пераехаў у недалёкі Сулеювек. Застаючыся ўбаку, Пілсудскі працягваў падтрымліваць кантакты з асобнымі палітыкамі з партый левай арыентацыі і з афіцэрамі-легіянерамі, якія захавалі яму вернасць яшчэ з часоў Першай сусветнай вайны. Пілсудскі працягваў цікавіцца дзейнасцю парламента, з крытыкай якога ўсё часцей выступаў на старонках друку, а часам і проста абражаў дэпутатаў. Да таго часу, усё больш паўсюднымі сталі патрабаванні ўнесці змены ў канстытуцыю для ўмацавання выканаўчай улады за кошт заканадаўчай. Гэтымі настроямі і скарыстаўся маршал Пілсудскі і яго прыхільнікі.

Напачатку траўня 1926 г., пасля чарговага ўрадавага крызісу, прэзідэнт Вайцяхоўскі ізноў сфармаваў кабінет з прадстаўнікоў правацэнтрысцкіх партый, так званых Хьена-Пяст на чале з Вітасам. Для прыхільнікаў маршала гэта паслужыла сігналам да дзеяння. 12 траўня разам з вернымі яму вайсковымі часткамі Пілсудскі «ўзняў рокаш супраць Прэзідэнта і прызначанага ім ураду для захопу ў свае рукі дыктатарскай улады» - такое абвінавачванне ў звароце да народа высунулі супраць яго члены ўраду Вітаса. Апраўдваючы сваё выступленне, Пілсудскі праз некалькі дзён пасля перавароту заявіў: «Калі вакол нас булькочуць звады і партыйная зайздрасць, калі бурляць і напальваюцца міжусобіцы, салдату цяжка захоўваць спакой».

У першай палове траўня 1926 г. у Варшаве адбыліся лёсавызначальныя падзеі, пра якія беларуская газета пісала: «12.05. Паасобныя часьціны войск, раскватэраваныя ў районе Рэмбэртава (пад Варшавай) ... адмовіліся падчыніца сваёй уладзе, пайшлі ў сталіцу ды занялі часьць места. Пасля палудня марш. Пілсудскі адбыў на нараду з п. Прэзыдэнтам Рэспублікі ў справах, зьвязаных з выступленьнем гэтых атрадаў. Увечары паміж стала раскватэраванымі у Варшаве войскамі і гэтымі атрадамі дайшло да сутычак. ... Паміж п. Прэзідэнтам Рэспублікі і маршалам Пілсудскім адбываюцца далейшыя перагаворы ...» [4].

Помнік загінуўшым жаўнерам 77 палка.

Пасля трох дзён баёў за сталіцу паміж вернымі ўраду войскамі і ракашанамі, калі загінула ўжо каля 400 чалавек, урад Вітаса падаў ў адстаўку. Тое ж самае зрабіў прэзідэнт Вайцяхоўскі. У адпаведнасці з канстытуцыяй, улада ў краіне перайшла ў рукі маршала Сейму Мацея Ратая. Перамогу Пілсудскага з захапленнем віталі левыя на чале з ППС і нават камуністы. Удзельнікі працоўных мітынгаў патрабавалі роспуску парламенту і ўсталяванне дыктатуры пралетарыяту па бальшавіцкім узоры.

Ежы Путрамант пісаў пра адгалоскі гэтых падзей у Лідзе: «Пераварот страсянуў увесь горад. Стаялі тут два палкі: згадваны ўжо 77 полк ковенскіх стральцоў і 5 лётны полк (Насамрэч яшчэ ў Лідзе стаяў яшчэ 11-ты лётны полк - Л. Л.). Камандзір першага, палкоўнік Альтар, здаецца, схільны быў падтрымаць легальны ўрад. На шчасце для сябе ён не паспеў вызначыцца. Лётчыкі таксама вагаліся. Затое ў нашым класе дайшло да вострай барацьбы. Цікава быў падзел сілаў: сыны мясцовага старасты, Здановічы, сын ваенкама (каменданта РКU), ніжэй падпісаны, сын адваката Рынкевіч, сын уладальніка маёнтка Маргевіч і яшчэ пару з «лепшых сфер» стаялі на баку Вайцяхоўскага. Сыны чыгуначнікаў, нап. Баклан (мянушка «Булачка», дасканалы крайні), Клебан ці Юрага, некаторыя з мужыцкіх дзяцей (Круповічы) і, наогул, прадстаўнікі народу - ставілі на Пілсудскага. Даходзіла да боек. І адны, і другія, зрэшты, з-за няясных суадносін сілаў, лічылі за лепшае выжываць у паштурхванні адзінага нашага яўрэйчыка Герша Любчанскага» [5].

Пра тагачасныя падзеі ў Лідзе беларуская газета паведамляла: «Надоечы ў Лідзе адбываліся муштры 11 палка лятуноў. Калі колькінадцаць аэраплянаў знаходзіліся ў паветры, з аднаго з іх пасыпаўся град лістовак. У лістоўках была надрукавана гарачая адозва проці таго, што на чале міністэрства вайсковых спраў стаяць людзі, якія прымалі ўчасьце ў маёвым замаху. Устанавіць з якога аэрапляну яны былі кінуты, ня ўдалося» [6].

Здзівіўшы ўсіх, Пілсудскі не распусціў Сейм і не пачаў зводзіць асабістыя рахункі з пераможанымі - у краіне не пачалася крывавая рэвалюцыя. Маршал сфармаваў новы ўрад на чале з прафесарам Львоўскага політэхнічнага інстытута Казімірам Барталем, які ўхваліла левацэнтрысцкая частка Сейму разам з Клубам нацыянальных меншасцяў. Клуб разлічваў на рэалізацыю новага варыянту федэратыўнага плану - шырокай аўтаноміі ўсходнім ускраінам краіны. У канцы траўня 1926 г. тая ж самая кааліцыя абрала новага прэзідэнта другой Рэчы Паспалітай, ім стаў Ігнацы Масціцкі, прафесар хіміі, буйны навуковец і вынаходнік, паплечнік Пілсудскага, які знаходзіўся пад яго моцным уплывам. Але ўлада ў краіне фактычна апынулася ў руках Начальніка Дзяржавы - маршала Пілсудскага.

Урад Барталя прапанаваў праграму санацый - аздараўлення дзяржавы. Такая назва замацавалася неўзабаве за формай кіравання, якая ўсталявалася ў Польшчы пасля травеньскага перавароту. Праграма санацый прадугледжвала першым чынам умацаванне ўлады прэзідэнта і ўраду пры адначасовым скарачэнні паўнамоцтваў парламенту, планавала правядзенне рэформаў у сістэме арганізацыі войска і ажыццяўленне капіталаўкладанняў у народную гаспадарку. У міністэрствах і на вышэйшых камандных пастах у войску з'явіліся новыя людзі, звязаныя ў мінулым або з легіёнамі, або з палітычнымі групоўкамі, якія прызнавалі аўтарытэт маршала Пілсудскага.

Першым дакументам, вынесеным новай уладай на абмеркаванне парламенту, стаў праект змены канстытуцыі. Гэтыя змены атрымалі назву жнівеньскай навэлы. Змены ўмацоўваўлі ролю прэзідэнта, надаўшы яму права выдання ўказаў, якія маюць сілу закона. Урад Барталя, выкарыстоўваючы спрыяльную эканамічную кан'юнктуру, падрыхтаваную працай папярэдніх урадаў, пачаў праводзіць актыўную эканамічную палітыку, у выніку чаго адкрываліся новыя прамысловыя прадпрыемствы, умацавалася нацыянальная валюта краіны, працягвалася аграрная рэформа. Усё гэта павялічыла аўтарытэт новага ўрада. У палітычнай сферы ўлады пачалі ствараць трывалы палітычны падмурак - Беспартыйны блок працы разам з урадам.

Менавіта на гэтым палітычным фоне адбывалася грамадскае жыццё на Лідчыне.

Падзеі на Лідчыне . 16 красавіка 1924 г. святкаваліся пятыя ўгодкі вызвалення Ліды ад бальшавікоў. Святкаванне пачалося з набажэнства ў Фарным касцёле, пасля чаго гараджане наведалі магілы загінуўшых у 1919-20-х гг. на гарадскіх могілках [7].

25 траўня 1924 г. Ліду наведаў прэзідэнт Польшчы Станіслаў Вайцяхоўскі: «У 9 гадзін раніцы цягнік прэзідэнта спыніўся ў Лідзе. На ўпрыгожаным пероне высокага госця сустракалі старшыня грамадскага камітэта і прадстаўнік Звязу землеўласнікаў князь Людвік Чацвярцінскі, прадстаўнікі гараджан разам з каталіцкім, праваслаўным і яўрэйскім духавенствам. Пасля сустрэчы на вакзале, прэзідэнт у суправаджэнні коннага экскорта паехаў у горад. Прэзідэнт прыняў шэраг дэлегацый і наведаў казармы 77 палка пяхоты дзе прыняў удзел у ганаровым адкрыцці помніка загінуўшым жаўнерам 77 палка. Помнік у выглядзе калоны быў пабудаваны па праекту падпалкоўніка Сестраневіча. У 13-00 прэзідэнт выехаў у Наваградак» [8].

У красавіку 1925 г. прэса паведаміла пра смерць Тэадоры Манчунскай - удзельніцы паўстання 1863 г., дачкі Тэадора Нарбута.

Тэадора Манчунская - дачка знакамітага гісторыка Тэадора Нарбута, сястра камандзіра лідскіх паўстанцаў Людвіка Нарбута і сама паўстанка 1863 г.

Тэадора (Тося) нарадзілася ў маёнтку Шаўры Лідскага павета 1 красавіка 1830 г. Атрымала выдатную хатнюю адукацыю. У 18 гадоў выйшла замуж за Альберта Манчунскага, але у 21 год стала ўдавой і вярнулася ў бацькоўскі дом. Займалася грамадскай працай, прымала чынны ўдзел у падрыхтоўцы паўстання.

Калі пачалося паўстанне - апынулася сярод актыўных удзельнікаў (у шэрагах паўстанцаў акрамя старэйшага брата Людвіка, былі браты Баляслаў і Францішак). Тэадора ўзяла на сябе матэрыяльнае забеспячэнне аддзела, якім кіраваў Людвік Нарбут. Збірала грошы, даставала і прывозіла зброю, вопратку, харчаванне, знаходзіла добраахвотнікаў. Пасля паразы паўстання моцны аддзел казакоў атачыў маёнтак у Шаўрах, каб арыштаваць Тосю, але яна даведалася пра засаду і ў мужчынскай вопратцы ўцякла ў Гародню, а потым далей за мяжу. За мяжой доўгі час жыла ў сям'і графа Пшаздзецкага. Потым пераехала ў Кракаў, дзе апеку над ёй узялі манахіні-феліцыянкі. Напісала кнігу успамінаў. Памерла 27 сакавіка 1925 г.

5 ліпеня 1925 г. праз Ліду ў бок Вільні праехала калона з 22-х аўтамабіляў, якія ўдзельнічалі ў аўтапрабегу Варшава - Вільня [9].

1928 г. пачаўся з гучнага палітычнага скандалу паміж Польшчай і Літвой, гэтая тэма працяглы час не сыходзіла са старонак прэсы. Адным з складнікаў скандалу сталася падрыхтоўка на базе 77-га Ковенскага пяхотнага палка, які дыслакаваўся ў Лідзе, баевікоў для ўрывання ў Літву. Кіраваў баевікамі літоўскі эмігрант Плячкайціс. У казармах Паўночнага гарадка знаходзіліся жаўнеры ў форме літоўскага войска, і таму лідская тэма прысутнічала ва ўсіх дыпламатычных нотах Літоўскага ўраду і неаднаразова абмяркоўвалася ў Лізе Нацый [10]. Польскі ўрад спачатку адмаўляўся ад свайго ўдзелу ў падрыхтоўцы баевікоў [11], але потым спыніў падрыхтоўку. Путрамант успамінаў: «Яшчэ адна драбніца з той эпохі ... Некалькі разоў сустракаліся на вуліцы жаўнеры з досыць дзіўнымі адзнакамі. Заміж мядзведзіка традыцыйнага значка Сім-Сім [12] мелі на шапцы кавалак зялёнай стужачкі. Я быў яшчэ смаркаты, каб слухаць больш уважліва каментары, якія тая стужачка выклікала, бубнілі нешта пра марш на Коўню. Здаецца, што справа ішла пра паўтарэнне аперацыі Жалігоўскага, пра стварэнне на Літве ўраду, які пайшоў бы на прымірэнне, а можа, і унію з Польшчай. Падобна, што быў такі генерал Плячкайціс, які падтрымліваў такія планы. Зялёныя стужачкі павінны былі яму дапамагчы. Але ў снежні апярэдзіў яго Вальдэмарас, здзейсніўшы ў Коўне пераварот хутчэй пранямецкай арыентацыі. Зялёныя стужачкі неяк зніклі, вярнуліся даўнія мядзведзікі» [13].

У нядзелю 18 сакавіка 1928 г. у Лідзе, «на Юзэфа», святкаваліся імяніны маршала Пілсудскага. Пасля набажэнства ў Фарным касцёле адбыўся парад войскаў Лідскага гарнізона. Потым, у 13-й гадзіне у кінатэатры «Нірвана» адбыўся збор лідскай грамадскасці. У панядзелак, 19 сакавіка з раніцы адбылося набажэнства ў касцёле Піяраў, пасля набажэнства - дэфіляда па вуліцах горада, і ў 13 гадзін паўторны збор лідскай грамадскасці [14].

Прэзідэнт Масціцкі на гуце шкла Нёман у Бярозаўцы (NAC).

У нядзелю, 10 чэрвеня 1928 г., з рэфератам пра палітычную сітуацыю ў Сейме і Сенаце ў Лідзе выступіў пасол Акуліч. Паслухаць Акуліча сабраліся 200 чалавек. Сярод іншага пасол расказаў, што стасункі з Германіяй і Савецкай Расіяй паступова нармалізуюцца. У самой Польшчы адбываецца кансалідацыя настрояў грамадства, расце эканоміка. Пасол расказаў пра змены ў канстытуцыі, пра змяншэнне ўплыву апазіцыі ў Сейме. Пры канцы, Акуліч давёў лідзянам аб працы паслоў з Віленшчыны і Наваградчыны дзеля свайго рэгіёна [15].

Прэзідэнта Масціцкі сустракаюць у Лідзе (NAC).

Пад уплывам амерыканскага «сухога закону» ў чэрвені 1928 г. на пасяджэнні Гарадской Рады, было ўзнята пытанне аб арганізацыі павятовага галасавання, якое павінна было забараніць продаж алкагольных напояў па ўсёй Лідчыне [16]. Да красавіка 1929 г. гмінныя рады ў Лідзе, Радуні, Жырмунах, Шчучыне прагаласавалі за забарону продажу алкаголю і падтрымалі ідэю агульнапавятовага рэферэндуму па гэтым пытанні [17]. У красавіку 1929 г. гэтае пытанне было пастаўлена на галасаванне на пасяджэнні Гарадской Рады. У выніку 11 радных галасавалі супраць, 6 падтрымалі «сухі закон», і 1 устрымаўся [18]. Тэма «сухога закону» працяглы час абмяркоўвалася на розных узроўнях заканадаўчай улады і мела рэальны шанец быць ухваленай, але надыход Сусветнага эканамічнага крызісу пры канцы 1929 г. спыніў усялякія абмеркаванні.

9 жніўня 1928 года «Лідскае жыццё» змясціла зацемку наступнага зместу: «Ушанаванне палеглых у 1863 годзе. Дня 5 жніўня ў Шчытніках Тарноўскай гміны адбылося ўрачыстае асвячэнне магілы палеглых герояў, удзельнікаў баёў 1863 года.

Крыж і надмагільны камень [19] зафундаваў вайсковы асаднік п. Кілінскі. Яго стараннем пры дапамозе асаднікаў п. Бердаўскага і палкоўніка Ардылоўскага была арганізавана ўрачыстасць.

Прыгожую і ўзнёслую прамову сказаў ксёндз Гародка, звяртаючыся да баёў 1863-64 гадоў.

Ва ўрачыстасці брала чынны ўдзел люднасць, мясцовая Белагрудская школа са сваёй харцэрскай дружынай і дзятва з Горнага Шлёнска, якая прыбыла ў Белагруду ў летні лагер» [20].

17 кастрычніка 1928 г. у Ліду з рэвізіяй санітарнага стану горада прыехаў міністр унутраных спраў, генерал Славой-Складкоўскі. Сустракалі міністра лідскі стараста Багаткоўскі і наваградскі ваявода Рачкевіч, які для гэтага прыехаў у Ліду на аўтамабілі [21].

На пачатку 1929 г., па хадайніцтву старасты, мястэчку Воранава была вернута гістарычная назва Вярэнаў - ў свой час менавіта так у гонар сваёй жонкі Веранікі назваў свой маёнтак Сцыпіён дэль Кампа [22]. З гэтага маёнтка і распачалося мястэчка Вярэнаў.

На працягу двух дзён - 9 і 10 лютага 1929 г. у горадзе святкавалася 10-ці годдзе 77 Ковенскага палка пяхоты, які дыслацыраваўся ў Паўночным вайсковым гарадку Ліды. Ладзіліся святочныя набажэнствы, пасяджэнні грамадскасці з вайскоўцамі, выступы творчых калектываў Польшчы перад гараджанамі і жаўнерамі, дэфіляда (парад, урачыстае праходжанне) палка па вуліцах горада і баль у афіцэрскім казіно [23].

23 красавіка 1929 г. ў Лідскім старостве адбылася нарада, на якой абмяркоўвалася сустрэча прэзідэнта Рэчы Паспалітай ў ліпені [24]. Аднак прыезд прэзідэнта быў перанесены на восень. На пачатку жніўня прэса паведаміла, што разам з прэзідэнтам Польшчы Масціцкім Ліду можа наведаць і маршал Пілсудскі: «Гэта навіна ўзрушыла цэлы горад. Ліда вырашыла годна сустрэць дастойных гасцей - у горадзе жвава пачалі надаваць вуліцам і дамам як найпрыгажэйшы выгляд» [25]. Дзеля арганізацыі сустрэчы быў створаны адмысловы павятовы камітэт, які адказваў за сустрэчу ганаровага госця. У камітэт увайшлі ксёндз-дэкан Баярунец, бургамістр Бергман, школьны інспектар Рагоўскі і дырэктар банка Ямант. Такія ж камітэты былі створаны ва ўсіх населеных пунктах Лідчыны, якія павінен быў наведаць прэзідэнт Польшчы [26].

Раніцай 25 верасня 1929 г. прэзідэнт Польшчы Масціцкі пакінуў Наваградак і на аўтамабілі, у атачэнні эскадрона ўланаў 25-га палка, выехаў у бок Ліды. Па дарозе, Масціцкі спыніўся ў гуце шкла «Нёман». Тут яго сардэчна віталі ўладальнікі фабрыкі, дырэкцыя, прадстаўнікі рабочых, сябры грамадскіх арганізацый. Пасля агляду фабрыкі «дастойны госць са сваім атачэннем увайшоў у вагончык вузкакалейкі і паехаў да берага Нёмана» [27].

На беразе Нёмана прэзідэнта чакаў міністр сельскагаспадарчых рэформаў Станевіч і генерал Дамброўскі. Разам яны агледзелі будоўлю моста цераз Нёман, які будаваў 7-мы сапёрны полк. Цераз раку пераправіліся на пароме і далей, на аўтамабілі, паехалі ў Ліду. Каля 12-00 пад гукі заводскіх сірэн і гарматных стрэлаў аўтамабіль прэзідэнта спыніўся каля трыумфальнай аркі пад Лідай. Тут вышэйшай службовай асобе прадставіліся і зрабілі даклады камандзіры палкоў польскага войска (77 п.п. і 5 авіяцыйнага), пасля чаго прэзідэнта віталі лідскі стараста Багаткоўскі і бургамістр Бергман. Была пашыхтавана ганаровая варта, прысутнічалі пажарныя і прадстаўнікі розных арганізацый. Ад трыумфальнай аркі прэзідэнт прайшоў да замка Гедзіміна, дзе яго чакалі дэлегацыі горада і павета.

Павітаўшыся і паразмаўляўшы з лідзянамі, прэзідэнт наведаў Фарны касцёл, потым прысутнічаў на ўрачыстым пасяджэнні ўправы Народнага Банка. У 13 гадзін Масціцкі паехаў да будынка толькі што пабудаванай школы імя Габрыеля Нарутовіча і ўдзельнічаў у яе урачыстым асвячэнні і адкрыцці. Потым у актавай зале школы прэзідэнт паабедаў з прадстаўнікамі грамадскасці Ліды. Пасля абеду вышэйшая службовая асоба наведала выставу ў рамеснай школе і выехала ў Беняконі.

У Беняконях прэзідэнт ізноў прыняў удзел ва ўрачыстым асвячэнні і адкрыцці новай школы і дазволіў, каб гэтая школа насіла назву «Школа імя прэзідэнта Масціцкага». Тут жа прэзідэнт наведаў даследчую агранамічную станцыю і ўдзельнічаў у пасяджэнні ваяводскай сельскагаспадарчай камісіі. Увечары Масціцкі накіраваўся ў Вільню [28].

Органы кіравання . У Заходняй Беларусі быў уведзены такі ж адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, як і ў іншых рэгіёнах Польшчы: далучаныя беларускія землі былі падзелены на ваяводствы, якія складаліся з паветаў, паветы - з гмін, гміны - з грамад. Згодна з гэтым падзелам былі ўтвораны і мясцовыя органы дзяржаўнага кіравання і самакіравання

Ніжэйшай адзінкай у сістэме сельскага самакіравання была грамада, яна стваралася з адной ці некалькіх вёсак. Грамаду узначальваў солтыс, так сама абіралася грамадская рада ці грамадскі сход. Солтыса і яго намесніка выбіраў грамадскі сход з ліку чальцоў грамады на 1 год. Гэтых выбраных асоб зацвярджаў павятовы стараста, у выпадку незацвярджэння прызначаліся новыя выбары. Калі паўторна абіраўся кандыдат, якога павятовы стараста адмаўляўся зацвердзіць, стараста меў права прызначаць солтыса і яго намесніка. Так сама стараста мог у любы момант звольніць солтыса і прызначыць новыя выбары.

Пасада солтыса не была надта зайздроснай, гэта пасада адрывала час у селяніна ад працы на ўласнай зямлі, бо трэба было выконваць шмат абавязкаў, напрыклад, збіраць падаткі, якія не ўсе аднавяскоўцы маглі своечасова аплачваць. З 1933 г. солтыс і яго намеснік выбіраліся на 3 гады [29].

Наступнай звяном самакіравання была Гмінная рада. Да кампетэнцыі рады належалі наступныя справы: устанаўленне прынцыпаў кіравання і спосабаў выкарыстання гміннай маёмасці, зацвярджэнне бюджэту, надзвычайных выдаткаў, унясенне змен у бюджэт, зацвярджэнне на карысць гміны розных выплат і па даткаў, замена натуральных павіннасцей на грашовыя і наадварот, устанаўленне правілаў анулявання запазычанасцей, пагашэнне якіх стала немагчымым, устанаўленне службовых пасад або іх скасаванне, зацвярджэнне штату гмінных супрацоўнікаў, выступленне ад імя гміны ў судовых працэсах, дараванне ганаровага грамадзянства, кантроль за дзейнасцю гміннага праўлення, выбар яго чальцоў і г.д. Чальцамі гміннай рады былі так званыя радныя і чальцы гміннага кіравання. Радныя выбіраліся першапачаткова на 3 гады і выконвалі свае абавязкі на грамадскіх пачатках.

Чальцамі гміны былі асобы, якія валодалі нерухомасцю і пражывалі на тэрыторыі гміны не менш, чым 3 месяцы. Толькі чальцы гміны мелі права ўдзельнічаць у гмінных выбарах і выбіраць гміннае кіраванне.

Выбары ў гмінныя рады былі двухступеневыя. Спачатку праходзілі выбары гміннага сходу, а гмінны сход выбіраў гмінную раду. 31 студзеня 1925 г. было выдадзена распараджэнне міністра ўнутраных спраў, якое датычыла ўсходніх ваяводстваў. Згодна з ім ваявода мог распусціць гмінную раду. Выканаўчым органам сельскай гміны было гміннае кіраванне, якое складалася з войта, яго намесніка і аднаго лаўніка. Войт з'яўляўся прадстаўніком выканаўчай улады ў гміне, кіраваў гміннай адміністрацыяй. Як прадстаўнік дзяржаўнай адміністрацыі войт быў абавязаны выконваць законы, распараджэнні і прадпісанні вышэйшых улад, падтрымліваць спакой, парадак, бяспеку. Як прадстаўнік самакіравання быў павінен выконваць пастановы гміннага кіравання і гміннай рады, захоўваць дакументы і акты гміны, кіраваць працай службоўцаў гміны.

Войт і яго намеснік першапачаткова выбіраліся на 3 гады. Выбраны войт і яго намеснік зацвярджаўся павятовым старастам [30].

У выпадку адмовы старасты, праводзіліся новыя выбары, а калі і зноў абраны кандыдат не зацвярджаўся, стараста на 1 год прызначаў войта сваёй уладай [31]. Напрыклад, 30 кастрычніка 1929 г. быў зацверджаны на пасадзе войта Радунскай гміны Адам Хруль [32] - траюрадны брат майго цесця. Праз год ён напісаў заяву аб звальненні са сваёй пасады, і таму 11 сакавіка 1930 г. адбылося пасяджэнне Гміннай рады, на якой абралі войта ў прысутнасці старасты Багаткоўскага і інспектара па самакіраванні Леха. Большасць гмінных радных прагаласавала за Адама Хруля і ён зноў атрымаў паўнамоцтвы войта, на гэтым жа пасяджэнні быў ухвалены гмінны бюджэт на 1930-31 г. [33] Але праз паўгода Адам Хруль напісаў заяву і зноў добраахвотна пакінуў пасаду [34]. Дарэчы, у 1930-х гг. яго яшчэ раз абіралі войтам [35].

Юрыдычны бок выбараў органаў гарадскога самакіравання грунтаваўся на аснове распараджэння Генеральнага камісара ўсходніх зямель аб выбарах у часовыя гарадскія рады ад 25 чэрвеня 1919 г. Гэты дакумент прадугледжваў, што выбарчым правам у гарадскія органы надзяляліся ўсе жыхары, якія мелі ўзрост ад 21 года і пражывалі ў дадзеным горадзе не менш за 10 месяцаў, абірацца маглі толькі абавязкова пісьменныя асобы ад 25-гадовага ўзросту. Распараджэннем Генеральнага камісара ўсходніх зямель ад 27 чэрвеня 1919 г. на тэрыторыю Заходняй Беларусі, занятую польскімі войскамі, распаўсюджвалася часовае гарадское палажэнне, паводле якога кіраўніцтва гарадскімі справамі належала Магістрату ў складзе бургамістра, яго намесніка і лаўнікаў.

У 1919 г. была абрана Лідская гарадская рада і створаны Магістрат. І надалей, да 1939 г., органамі ўлады ў гарадской гміне былі гарадская рада і магістрат.

Гарадская рада з'яўлялася прадстаўнічым органам улады. Магістрат з'яўляўся кіраўнічым і выканаўчым органам улады. Магістрат узначальваў бургамістр. Адміністрацыйныя ўлады больш высокага узроўню мелі вялікі ўплыў на фармаванне Магістратаў. Павятовы стараста мог звольніць з пасады членаў Магістрата і прызначыць на іх месцы вызначаных ім асоб.

23 сакавіка 1933 г. быў выдадзены закон «Аб частковым змяненні арганізацыі тэрытарыяльнага самакіравання». Згодна з гэтым нарматыўным актам кіраўнічым і выканаўчым органам гарадской гміны замест існага Магістрата стала Гарадская ўправа. Тэрмін паўнамоцтваў гарадскіх органаў павялічыўся з 3 да 5 гадоў [36].

Яшчэ 28 жніўня 1919 г. была выдадзена пастанова Савета Міністраў «Аб часовай арганізацыі павятовых адміністрацыйных улад першай інстанцыі на тэрыторыі былой расійскай акупацыі». Згодна з гэтай пастановай павятовая адміністрацыя мела назву староства. На чале яе стаяў стараста, які з'яўляўся прадстаўніком дзяржаўнай улады ў павеце. Стараста і яго намеснік прызначаліся міністрам унутраных спраў Польшчы. Стараста павінен быў клапаціцца аб стане бяспекі ў даручаным яму павеце, і таму яму падпарадкоўвалася павятовая паліцыя.

На тэрыторыі павета стараста і іншыя кіраўнікі мелі вельмі шырокія паўнамоцтвы і амаль што неабмежаваную ўладу. Напрыклад, у 1924 г. жыхар Лідскага павета ў лісце, надрукаваным у газеце «Вызваленне народа», пісаў, што лідскі павятовы стараста Здановіч кіруе, як удзельны князь [37]. Па рознаму паводзілі сябе і іншыя ўрадоўцы. У лістападзе 1926 г. селянін з Дакудава паведамляў, што дакудаўскі войт, з паходжання селянін, пачаў лічыць сябе вялікім панам, справы ўлагоджвае «за бутэльку» і нікому не даруе падаткаў [38]. Пра Ганчарскага солтыса Віктара Кумпяка пісалі, што ён несумленна выконвае свае абавязкі і «з'яўляецца катам для сялян» [39].

Павятовае староства для ажыццяўлення сваёй дзейнасці падзялялася на мноства функцыянальных аддзелаў (рэфератаў), звычайна, гэта былі наступныя рэфераты: агульны, арганізацыйны, грамадскай бяспекі, адміністрацыйны, крымінальна-адміністрацыйны, вайсковы, аховы здароўя, сацыяльнай аховы, будаўнічы, земляробства і зямельных рэформаў, ветэрынарны, аховы лесу, меліярацыйны, інвалідаў вайны [40].

На момант уключэння тэрыторыі Заходняй Беларусі ў склад Польшчы на гэтых землях не існавала органаў павятовага самакіравання і арганізацыя іх апынулася ў руках польскай улады. Дзейнасць органаў павятовага самакіравання ў Заходняй Беларусі засноўвалася на часовым павятовым палажэнні для тэрыторый Польшчы «былой расійскай акупацыі» ад 4 лютага 1919 г. Згодна з гэтым палажэннем кожны адміністрацыйны павет утвараў камунальны звяз, які з'яўляўся юрыдычнай асобай. Органамі павятовага камунальнага з'вязу з'яўляліся Павятовы сеймік, Павятовы аддзел, Павятовы стараста.

Павятовы сеймік складаўся з паслоў ад горада і гміны. У сельскіх гмінах дэлегатаў выбірала Гмінная рада, у гарадскіх - Гарадская рада на агульным пасяджэнні з Магістратам пад кіраўніцтвам бургамістра. Згодна з законам ад 23 сакавіка 1933 г. «Аб частковым змяненні арганізацыі тэрытарыяльнага самакіравання» радных Павятовай рады выбірала выбарчая калегія, якая складалася з радных і чальцоў кіравання сельскіх гмін і гарадоў. Выбары ў Павятовыя рады прызначаў ваявода. Павятовы сеймік з'яўляўся прадстаўніком Павятовага камунальнага звязу, пасля закона 23 сакавіка 1933 г. Павятовая рада - Павятовага звязу самакіравання.

Пастаянным органам Павятовай рады, які кантраляваў фінансавую і гаспадарчую дзейнасць кіраўнічых органаў, выступала рэвізійная камісія, выбраная радай.

Павятовы аддзел пад кіраўніцтвам старшыні Павятовага сейміка або яго намесніка складаўся з 6 чальцоў - жыхароў павета, якія выбіраліся сеймікам. У кампетэнцыю павятовага аддзела ўваходзіла: падрыхтоўка спраў на пасяджэнні сейміка, рашэнне спраў, якія не патрабавалі зацвярджэння сейміка, вызначэнне спосабу выканання пастаноў сейміка; выкананне абавязкаў, вызначаных дзяржаўнай уладай і законамі; ажыццяўленне дысцыплінарнай ўлады над супрацоўнікамі Павятовага камунальнага звязу [41].

9 лістапада 1922 г. была створаны першае Лідскае павятовае самакіраванне ў складзе: Павятовы аддзел - Станіслаў Здановіч (кіраўнік), Мар'ян Янкоўскі, Уладзіслаў Ямант, Міхал Шымялевіч, Зыгмунт Раманоўскі, Ігнацы Вайцаховіч, Уладзіслаў Вашкевіч. Павятовы сеймік у колькасці 49 чалавек - па 2 дэлегаты ад вясковых гмін і 3 дэлегаты ад горада Ліды [42].

У верасні 1925 г. газета «Слова» пісала пра адсутнасць больш-менш прыстойных памяшканняў для лідскай гарадской і павятовай улады. Але галоўная праблема была ў дзіўнай структуры падначаленасці лідскіх ўладаў: «Адміністрацыя (ваяводства) - Наваградак, скарб (казначэйства) - Берасце, структуры Міністэрства сельскай гаспадаркі - Гародня, суды і лясніцтвы - Вільня, адукацыя - Беласток. ... А як добра размешчана Ліда - да Вільні менш за 100 км ... і горад ад спрадвечных часоў цягнецца да Вільні» [43].

Пры канцы 1925 г. лідскі стараста Здановіч ў інтэрв'ю газеце «Слова» расказаў пра галоўную праблему ўладаў - недахоп грошай: цэнтральныя ўлады выдзяляюць няшмат, а лідзяне не плацяць падаткаў. Стараста бачыў вырашэнне праблемы ў самакіраванні, людзі павінны прызвычаіцца, што сабраныя падаткі пойдуць на іх жа патрэбы. Тым не менш, да 1925 г. на Лідчыне пабудавана 13 вялікіх (ад 40 да 79 м у даўжыню) мастоў і ўводзіцца шарваркавая сістэма рамонту павятовых і гмінных дарог. Стараста паведаміў, што на пачатку 1926 г. пачынае працаваць сельскагаспадарчая школа ў Бердаўцы. Але для адбудовы школьнай сістэмы ў павеце неабходна 250 000 злотых, пры тым што выдзелена толькі 78 000. Стараста расказаў пра агульнапавятовы сіроцкі прытулак ў Сяльцы, дзе гадуюцца 130 выхаванцаў, а старэйшыя дзеці вучацца розным рамёствам [44].

У 1929 г. замест лідзяніна Станіслава Здановіча старастам павета быў прызначаны Генрык Багаткоўскі. Уладальнік маёнтка Скабейкі Андрэй Раствароўскі, адукаваны і дасведчаны чалавек, чалец лідскага Павятовага сейміка пісаў: «Калісьці перад пасяджэннем сойміка стараста Здановіч абышоў частку дэлегатаў, просячы каб яны згадзіліся з воляй ваяводы і выбралі ў Павятовы аддзел нейкага Мальскага [45]. Уладзіслаў Мальскі атрымаў асаду пад Беняконямі, на зямлі выкраенай з маёнтка Больценікі Путкамераў. Легіянер, добры прамоўца, ён быў ужо старшынём Звязу Асаднікаў. Дэлегаты, якія прыхільна ставіліся да старасты, стараліся растлумачыць яму, што не трэба рабіць гэты крок - прыйдзецца яшчэ шкадаваць. Аднак стараста мусіў выканаць жаданне ваяводы. Мальскі быў абраны, і не прайшло і два гады, як ён "з'еў" Здановіча, паставіўшы яму ў віну, што жонка старасты - уладальніца фальварка Макушын, які потым арандаваў сенатар Сіцінскі. Згодна з польскім законам, стараста не мог мець нерухомасць у сваім павеце. Па-іншаму было ў немцаў, "ландрат" наадварот мусіў мець у сваім павеце нерухомасць. Я быў непасрэдна замешаны ў тыя бойкі вакол старасты. Як старшыня рэвізійнай камісіі атрымаў загад ваяводскага аддзелу правесці рэвізію гаспадарак павета. Праз тыдзень праверкі ўсіх гаспадарак, адзін з членаў камісіі, асаднік, будучы бургамістр і вельмі прыстойным чалавек [46], сказаў мне, што гэта робіцца, каб зняць старасту. Усе было зроблена не прыгожа, але па-закону, аднак некалькі дробных памылак не дыскрэдытавалі старасту. На бліжэйшых выбарах, якія праводзіў ужо новы стараста Багаткоўскі, я страціў пасаду старшыні камісіі» [47].

Край патроху адыходзіў да жахаў вайны, уздымалася эканоміка, і паляпшалася жыццё. У лютым 1929 г. павятовыя ўлады вырашылі пачаць закупкі спецыялізаваных аўтамабіляў для пажарнай аховы [48] і ужо пры канцы верасня гарадскі магістрат купіў у Варшаве першы спецыялізаваны пажарны аўтамабіль.

Летам 1929 г. лідскі стараста Багаткоўскі ў інтэрв'ю карэспандэнту газеты «Кур'ер Віленскі» сказаў, што «ў дарожных справах мы заканчваем будоўлю астатніх кіламетраў шашы Вільня-Гародня, 5 км шашы Вільня-Ліда і пачалі будаваць 5 км на шашы Ліда-Нёман. Работы выконваюцца праз шарваркі, палова работ на гмінных дарогах праз шарваркі ўжо закончана, не гледзячы на нараканні ад высокіх нормаў, насельніцтва адпрацоўвае шарваркі акуратна.

Так сама ў хуткім тэмпе будуецца манументальны гмах дзяржаўнай гімназіі ў Лідзе. Гэта будоўля закончыцца да зімы. Магістрат заканчвае будынак на дзве агульнаадукацыйныя школы. Павятовы сеймік будуе ветэрынарны пункт. [...]

Страйкі арганізуюцца ППС-левіцай. Тры месяцы трымаецца страйк на ... гуце шкла «Нёман». Нядаўна выбухнулі страйкі ў трох цагельнях і трох кафлярнях. Рабочыя жадаюць змены варункаў працы, страйкі праходзяць спакойна» [49].

Генрык Багаткоўскi (1893-1967), лідскі стараста ў 1927-1933 гг. У 1928 г. у Лідзе жанiўся з сярэдняй дачкой гісторыка Міхала Шымялевіча - Зоф'яй (1907-1996). Генрык Багаткоўскi нарадзiўся ў горадзе Ловiч (каля Лодзi) i зрабiў хуткую кар'еру чыноўнiка: у 1926 г. ён абiраецца ў павятовую раду касы хворых Ловiча, ужо ў 1927 г. працуе інспектарам па самакiраванні Наваградскай ваяводскай управы, з траўня 1928 г. - лiдскiм старастам. Пры канцы 1930-х гг. працаваў у Варшаве на пасадзе iнспектара Мiнiстэрства ўнутраных спраў.

Межы павета . На пачатку 1926 г. у Лідскі павет былі перадазены гміны: Суботнікі, Іўе, Ліпнішкі. Вёскі Калпінскія і Нагародзічы перадзеныя ў Беліцкую гміну Лідскага павета [50]. У траўні 1926 г. Каняўская і Аранская гміны адышлі з Лідскага павета ў Віленска-Троцкі павет [51]. Як потым стала вядома, улады Лідскага павета з задавальненем аддалі гэтыя гміны ў Віленска-Троцкі павет, бо бюджэт іх быў дэфіцытным, і ў значанай ступені іх дзейнасць фінансавалася з павятовага бюджэту. Праз нейкі час, для эканоміі сродкаў, стараста Віленска-Троцкага павета наогул ліквідаваў Каняўскую гміну [52]. У сакавіку 1927 г. вёскі Баранцы і Масейчукі былі перададзены з гміны Орля ў гміну Жалудок [53].

Шчучынскі павет ствараўся па этапах. На пачатку тут пачала працаваць так званая «экспазітура», якая выконвала галоўныя функцыі павятовай улады, але яшчэ падначальвалася Лідскаму старасту. У верасні 1928 г. газета Беларускай Сялянскай партыі пісала: «На аснове распараджэння Міністра Нутраных Справаў утворана ў Шчучыне экспазітура Лідзкага стараства. Да экспазітуры належаць воласці: Сабакінская, Заблоцкая, Васіліская, Нова-Дворская, Астрынская, Шчучынская, Лябёдзкая, Жалудзкая, Ражанская і Асташынская. Кампэтэнцыя экспазітуры абыйме справы адміністрацыйныя, бясьпечнасьці (паліцыя), санітраныя, вэтэрынарныя і абароны лясоў» [54].

У красавіку 1929 г. Міністр унутраных спраў зацвердзіў унёсак Наваградскага ваяводы аб стварэнні Шчучынскага павета, і такім чынам, пасля некалькіх стагоддзяў знаходжання гэтых тэрыторый ў Лідскім павеце, з шэрагу гмін, быў створаны Шчучынскі павет [55]. Трэба дадаць, што ў якасці цэнтра будучага павета абмяркоўваліся таксама Васілішкі [56].

Андрэй Раствароўскі паведаміў: «Стараста Здановіч, які вывучаў юрыспрудэнцыю ў Пецярбургу, меў свае амбітныя планы. Лідскі павет і так ужо меў 20 вялікіх гміны але стараста штораз адрываў гміны з суседскіх паветаў. Меў надзею, што калі колькасць гміны дойдзе да 30, дык яны будуць падзелены на 3 павета і створыцца лідскае ваяводства якое узначаліць, зразумела, Здановіч. Аднак калі павет атрымаў 27 гмін, быў створаны Шчучынскі павет, у які патрапілі ўсе гміны на захад ад ракі Дзітва. Старастам новага павету стаў Юзаф Сялява ... Але было гэта пазней» [57].

Маёмасныя праблемы . Грамадства таго часу хвалявала гістарычная справядлівасць. Адным з відочных для ўсіх пытанняў, было вяртанне канфіскаваных царскім урадам маёнткаў нашчадкам паўстанцаў 1863 г. Юрыдычная база вяртання маёнткаў былым уладальнікам закладзена законам ад 17 снежня 1920 г.

Першай спробай вяртання гістарычнай справядлівасці на Лідчыне, быў разгляд 5 лютага 1925 г. акруговым судом справы вяртанне маёнтка Бердаўка Захватовічам. Пасля паўстання 1863 г. маёнтак прымусова прададзены Дамбавецкаму [58]. Верагодна, першы судовы разгляд не задаволіў бакі справы, бо 21 кастрычніка 1926 г. Акруговы суд у Вільні пачаў справу аб вяртанні прымусова прададзенага ў 1863 г. маёнтка Бердаўка [59]. Пры канцы 1927 г., пасля шэрагу судоў, маёнтак Бердаўка быў вернуты Станіславу Захватовічу - сыну былога уладальніка маёнтка, удзельніка паўстання Вінцэнта Захватовіча [60].

14 снежня 1921 г. лідскія павятовыя ўлады ўзялі пакінуты папярэднім гаспадаром Станскім маёнтак Валдацішкі (550 дзесяцін) у скарб. Маёнтак быў канфіскаваны ў паўстанца Людвіка Геншаля, а ў 1921 г. ягоныя ўнукі - Людвік, Уладзіслаў і Браніслаў Геншалі праз суд пачалі патрабаваць вяртання сямейнай спадчыны. Да таго часу ў Польшчу вярнуўся апошні расійскі ўладальнік маёнтка Мікалай Станскі з сёстрамі і таксама падаў у суд патрабаванне вярнуць маёнтак. Узніклі складаныя юрыдычныя калізіі ў выніку якіх браты Геншалі адмовіліся ад сваіх патрабаванняў і падпісалі паперы пра згоду аб перадачы маёнтка ў дзяржаўныя рукі для пасялення перасяленцаў-асаднікаў а Станскія прайгралі судовую справу [61]. Геншалі ўсё ж неяк вярнулі частку сваёй зямлі і такім чынам аднавілі сваё векавечнае суседства з дзедам маёй жонкі.

Ад пачатку 1920-х гг. сіроцкі прытулак на 130 выхаванцаў месціўся ў фальварку каля вёскі Сялец (у свой час гэты фальварак належаў да Беліцкага ключа). Фальварак знішчаны пад час вайны, страціў сваіх уладальнікаў і быў прыняты ў дзяржаўны скарб, а трошкі пазней улады перадалі яго сіроцкаму прытулку, які рэальна ратаваў ад галоднай смерці сірот, даваў ім адукацыю і вучыў рабочым прафесіям. Карэспандэнт газеты «Слова» пісаў, што галоўнай праблемай прытулку ў 1925 г. з'яўлялася тое, што фальваркі і маёнткі Беліцкага ключа ў часы Расійскай імперыі былі набыты кансорцыумам, галоўную ролю ў якім іграў знаны ў Кіеве «Банкаўскі Дом Літвак і К˚» прычым фармальна маёмасць заставалася за князямі Трубяцкімі. А потым раптам з'явілася асоба, якая па-дакументах, была законным гаспадаром маёнтка - Юзаф Бартэндзюк (ці Бартэн Дзюк), грамадзянін Францыі [62].

Лідзянін Уладзіслаў Нарушэвіч пісаў: «Юзаф Бартэн Дзюк ажаніўся з расійскай княжной Трубяцкой, якой належалі маёнткі Сялец і Беліца. ... Каля чыгуначнага моста знаходзіліся жылыя і гаспадарчыя будынкі маёнтка Сялец. Усе будынкі былі драўляныя акрамя вінакурні - вялікай мураванай пабудовы» [63]. Першае, што робіць Бартэндзюк - забірае будынак былой вінакурні, куды планавалася перавесці варштаты прытулку, аднак сам гэтым будынкам не карыстаецца. «Нішто не можа змяніць адносіны пана Б. да прытулку і яго патрэбаў. Ён глухі да просьбаў. Яго, француза, усё, што наша - мала абыходзіць. Хай бы лепей ехаў да сябе ў Францыю, няма чаго яму тут рабіць» - піша карэспандэнт «Слова» ў 1925 г. [64]. 23 сакавіка 1928 г. міравы суд у Лідзе пачаў публічнае разбіральніцтва па заяве Бартэндзюка з патрабаваннем вярнуць яму маёмасць, якую займаў дзіцячы прытулак. Справай займаўся лідскі міравы суддзя Яўген Ловіч-Баранскі. Адвакат Лучынскі з Вільні, абапіраючыся на старыя маёмасныя дакументы бараніў правы француза. Адвакат Сумарок і дараднік Генеральнай пракуратуры, якія выступалі ў судзе ад імя ўладаў, абапіраліся на той факт, што маёнтак ужо адышоў у скарб дзяржавы. На судзе з'явілася нават сама княжна Трубяцкая. У выніку, міравы суддзя ўсё ж вярнуў ўвесь маёнтак былым уладальнікам [65]. Справа пераходзіць на наступны ўзровень, і 6 ліпеня 1928 г. Акруговы суд у Вільні вырашае пакінуць частку будынкаў маёнтка ў Сяльцы дзіцячаму прытулку [66]. Але ў наступным судзе Бартэндзюк зноў перамагае, і 30 ліпеня 1929 г., не чакаючы выраку Апеляцыйнага суда, судовы выканаўца з Іўя Пруткоўскі паспрабаваў выселіць дзіцячы прытулак на двор. Асабісты зварот лідскага старасты Багаткоўскага і Ваяводскай управы ў Акруговы суд прыпыніў высяленне сірот [67].

Бартэндзюк потым пачаў неяк дамаўляцца з уладамі - ужо ў 1927 г. 3,5 га зямлі былі перададзена Звязу стральцоў для арганізацыі летніх лагераў і падрыхтоўкі сяброў гэтай арганізацыі [68]. У Сяльцы кожнае лета пачалі працаваць дзіцячыя лагеры адпачынку, якія ладзілі лідскія ўстановы адукацыі. Памёр француз «польскім патрыётам» - менавіта так вызначалі яго ў некралогах.

Такія ж маёмасныя праблемы ўзнікалі і з будынкамі былых царкоўна-прыходскіх школ, якія праваслаўныя святары ўважалі сваімі, пры тым, што ў іх ужо працавалі дзяржаўныя вясковыя школы і гмінныя ўлады лічылі гэтыя будынкі сваёй маёмасцю. Дарэчы, пры царскай уладзе такія школы будаваліся валаснымі ўладамі на свае кошты [69].

Выбары. 20 лістапада 1925 г. Акружны суд у Лідзе разглядаў справу Кастуся Светавастокава, агітатара за спіс № 16 на выбарах. Паліцыя вінаваціла яго ў распаўсюдзе беларускіх газет «Беларускі Звон» і «Крыніцы» і склала пратакол. Таксама актывіста абвінавачвалі ў тым, што ён раней пісаў у газету «Наша Будучыня» пра тое, як паліцыя забівала каваля ў вёсцы Іванкі і збірала даніну з сялян вёскі Чарнелі цыбуляй, бульбай і г.д. Аднак у судзе нават пракурор адмовіўся ад гэтых абвінавачванняў, і актывіста апраўдалі [70].

На пачатку лета 1927 г. была распушчана Лідская гарадская рада, выбары новай рады былі прызначаны на 3 ліпеня [71] , а потым на 17 ліпеня [72]. У выбарах прыняў удзел сябар ТБШ Міхал Шымялевіч - лепшы ў ХХ ст. знаўца лідскай гісторыі. На гэтых выбарах беларусы выставілі свой асобны спісак і правялі свайго кандыдата. Цікава, што ў Лідзе пад час гэтых выбараў, польская хадэцыя прапанавала беларусам тры месцы, з умовай зблакавацца з імі супраць яўрэяў. Але беларусы на гэта не пагадзіліся [73]. Беларуская газета «Наша праўда» пісала пра гэту падзею: «Услед за Вільняй і ў Лідзе зроблены першы крок да заваявання места - 17.VII адбыліся выбары ў мястовую Раду і па сьпісу Беларусаў і тутэйшага працоўнага жыхарства прайшоў у Раду адзін беларус - Сябра Нагляднае Рады Лідзкае Акр. Упр. Т-ва Бел. Школы Міхал Шымялевіч. .. Самастойнае выступленне беларусаў мае вялізарнае значэнне: 1) гэта - першая спроба ў больш шырокай меры, што паказала абуджэнне нацыянальнай сьвядомасьці ў тутэйшага жыхарства; 2) беларусы ўсё-ж такі маюць аднаго прадстаўніка ў Радзе (сабралі галасоў на 1,5 раднага); 3) выявіліся ўсе прадажныя і падлізьніцкія элементы нашага грамадзянства, якія аканчальна скампрамітаваліся ў вачох грамадзян места Ліды. Рэзультаты выбараў наступныя:

№ 1 (выбарчы спіс № 1 - Л. Л.). Дэмакратычныя хрысьціянскія мяшчане, урадоўцы і ўмысловыя працаўнікі (Група бурмістра Бэрмана), 3 мандаты;

№ 2. Прафэс. Саюзы, працоўная інтэлігенцыя, дробныя дамаўласнікі і неарганіз. работ (P.P.S.), 3 манд.;

№ 3. Блёк Хрысьц. (N.D. i Ch.D.) 6 манд.;

№ 4. Беларусы і тутэйшае працоўнае жыхарства, 1 мандат;

№ 5. Земляробы і дамаўласнікі - жыды (Група заступніка бурмістра Вінцукоўскага), 1 мандат;

№ 6. Жыдоўскі нац. блёк, 9 манд.;

№ 7. Жыдоўскі Работ. блёк, 1 манд.» [74].

Газета «Сялянская Ніва» так сама пісала, што «па беларускаму сьпіску ў м. Лідзе прайшоў у меставую раду адзін Беларус» [75]. З віленскай газеты «Слова» даведваемся, што беларускі радны Шымялевіч жыў па адрасе: вуліца Вызвалення, 82 [76].

Першае пасяджэнне новаабранай Лідскай гарадской рады адбылося 5 жніўня, на ім абраны сябры Магістрата (бургамістр, намеснік бургамістра і два лаўнікі) і тры сябры ў Павятовы сеймік [77]. Бургамістрам горада быў абраны Рудольф Бергман, ягоным намеснікам Мейлах Пупко, лаўнікамі: Віктар Янушэўскі і Марк Карчмар. У Павятовы сеймік рада дэлегавала Браніслава Малеўскага, Антона Вісманта і Даніэля Чартка. 6 жніўня адбылося пасяджэнне Павятовага сейміка, на якім абралі сяброў Павятовага аддзела [78]. Лідскі радны, беларус Міхал Шымялевіч, быў выбраны адным з трох чальцоў Ацэнкавай камісіі пры Скарбовай управе [79].

Гарачая палітычная барацьба адбывалася нават пад час выбараў ў гмінныя рады. Улетку 1927 г. пра махлярства пад час выбараў у Тарноўскую гмінную раду ў вёсцы Радівонішкі пісаў мясцовы жыхар: «Мейсцовы вучыцель дзяржаўнай пачатковай школы Л. І. вельмі жадаў быць выбраным ад нашага абводу № 7, але бачачы, што яго кандыдатура ня пройдзе, пусьціўся на гэтакую хітранку. Калі пачало адбывацца галасаваньне па спісам, гэты пан, як сябра абвадовага камітэту, пачаў дапісваць сабе нехапаючыя галасы, лічачы свой голас за пяць сялянскімх. І гэтакім чынам здабыў сабе патрэбную лічбу галасоў. ... калі аб гэтым дачуліся ... выбаршчыкі, дык зараз-жа паслалі свой пратэст да Лідзскага старасты» [80].

А на тых жа гмінных выбарах ў Лябёдскую гміну «выбраны выключна сяляне-беларусы лікам 11 чалавек. Асаднікам ды рожным іншым тыпам не дана нават аднаго месца. Было выстаўлена 3 сьпіскі. Бралі ўдзел у выбарах 105 кандыдатаў ад ўсіх абводаў гміны» [81].

Нават у Воранаўскую раду ў 1927 г. не патрапіў ніводзін асаднік, «у гмінную раду правялі ўсіх беларусаў-сялян, за выняткам двух жыдоў. Абшарнікі і асаднікі ну проста шалелі ... хацелі нанава рабіць выбары, нават ... зварачваліся да Лідзскага старасты ... але нічога не памагло. На войта выбралі сьвядомага селяніна-беларуса» [82].

У лістападзе 1927 г. паланафільская арганізацыя «Беларуская Нацыянальная Рада», якую ўзначальваў доктар Паўлюкеіч, праводзіла ў Лідзе з'езд гмінных радных-беларусаў. На гэтым з'ездзе ад Лідчыны выступалі Базыль Філіповіч - заступнік войта Беліцкай гміны (ён расказаў, што ў складзе гміны 60 % беларусаў, 30% палякаў і 10 % яўрэяў) і Аляксандр Рахман - радны Лідскай гміннай рады (склад гміны 90 % беларусаў і 10 % палякаў, выбрана 10 радных беларусаў - 5 праваслаўных і 5 католікаў, адносіны са старастам добрыя) [83].

У 1928 г. лідскі стараста не зацвердзіў выбараў войта ў Тарноўскай гміне, бо войтам быў абраны нейкі Міхал Кузюта [84].

У 1928 г. адбыліся выбары ў Сейм Польшчы.

2 студзеня 1928 г. у Лідзе прайшоў сход буйных землеўладальнікаў, на якім гэтыя ўплывовыя і заможныя людзі абмяркоўвалі свой удзел у выбарах [85]. 7 студзеня ў Вільні адбыўся сход «Бунду», прысвечаны выбарчай стратэгіі гэтай партыі па Лідскай і Свянцянскай акрузе [86]. 8 студзеня 1928 г. у Лідзе адбыўся з'езд «Польскай народнай партыі» былога пасла Дуброўніка [87] (№ 10 у выбарным спісе).

У студзені, прэса паведаміла, што ад нацыянальных дэмакратаў (эндэкі) па Лідскай акрузе ў выбарах мелі ўдзельнічаць лекар Гарневіч і маёр рэзерву Янушайціс (але потым эндэкі зблакаваліся з хадэкамі - хрысціянскімі дэмакратамі), ад ППС - Паўлоўскі, Стажалоўскі, Залескі і Куран [88].

Блок нацыянальных меншасцяў у Лідзе стварыў Акруговы Выбарчы Камітэт, які пачаў інтэнсіўную агітацыю на вёсцы, у гэтым спісе беларусы аб'ядналіся разам з яўрэямі. Газета «Слова» канстатавала, што найбольшым палітычным уплывам сярод сялян Лідскай выбарчай акругі карыстаецца былая Грамада [89]. Яна ўдзельнічала ў выбарах пад рознымі назвамі «Грамада левіца», «Грамада правіца», Беларуская партыя працы і г.д. [90]

На пачатку лютага 1928 г. стала вядома, што ад Беларускага Аб'яднанага Выбарчага Камітэта Блока Нацыянальных меншасцяў (спіс № 18) па Лідскай акрузе будуць удзельнічаць у выбарах А. Більдзюкевіч, Я. Пазняк (дзед Зянона Пазняка), Чэрніхаў, Я. Яковіч [91]. Тады ж адбыўся з'езд беларусаў прадстаўнікоў-выбаршчыкаў у Сейм і Сенат ад Лідскай выбарчай акругі. З'езд выразіў давер Беларускаму Аб'яднанаму Выбарчаму Камітэту і ўхваліў уваход Камітэта ў Блок Нацыянальных меншасцяў [92].

Цікава, што ў гэтых выбарах удзельнічала нават расійская групоўка, якая ў выбарчым спісе ішла пад № 20, у Астрыне «ў часе выбараў знайшліся «істінно рускія» і галасавалі за 20-ку» [93].

У сярэдзіне лютага ў Лідзе па вуліцы 17 красавіка быў знойдзены склад з «антыдзяржаўнымі» ўлёткамі, якія пачыналіся словамі: «Далоў рэпрэсіі і тэрор фашысткай дыктатуры ...». Раней гэтыя ўлёткі нехта падкінуў да будынка Акруговага суда [94].

Газета «Сялянская Ніва» пісала перад выбарамі ў Сейм: «Беларускае сялянства Лідскага павету вельмі прыхільна спатыкае агітатараў і інструктараў Бел. Цэнтр. Аб'яднага Выбарнага Камітэту. Надта цікавяцца яго прадвыбарнай літэратурай, і ўсюду пануе поўнае перакананьне, што галасаваць трэба толькі за № 18. Ніякія польскія партыі посьпеху ня маюць ... Паўлюкевічавы сьпісак, які носіць назоў «Агульнанацыянальны» ... нікога не цікавіць» [95].

Аднак пры канцы лютага Акруговая Выбарная камісія ў Лідзе прызнала несапраўдным выбарчы спіс № 18. Беларускі Аб'яднананы Выбарчы Камітэт падаў скаргу ў Найвышэйшы суд у Варшаве, але нічога не дабіўся [96].

Па выніках новых выбараў па Лідскай акрузе, «Блок працы разам з урадам» (блок Пілсудскага) атрымаў 4 мандаты - пасламі ў Сейм сталі Казімір Акуліч, Ян Шчэрба, Юзаф Лойка, Уладзіслаў Камінскі, хадэкі атрымалі 1 мандат, быў абраны Гіпаліт Гарневіч, «Грамада правіца» («Беларусы сяляне і рабочыя») - атрымала 2 мандаты, абраны Ян Станкевіч і Флягонт Валынец [97].

Беларуская «Сялянская Ніва» падсумавала вынікі выбараў: «Рэзультаты выбараў у Сейм, якія адбыліся 4 сакавіка. Бачым, што беларусы правялі ў Сейм толькі 9 паслоў. Па сьпіску Блёку Нацыянальных Меншасьцяў прайшло 4 паслы (2 - ад Беларускага Сялянскага Саюзу і 2 - ад Беларускай) Хрысьціянскай Дэмакратыі), 3 паслы па сьпіску «Змаганьне за інтарэсы сялян і работнікаў» і 2 паслы ад г.зв. «Беларусаў сялян і работнікаў». У прошлы Сейм прайшло 11 беларускіх паслоў. ... У Сьвянцянскім выбарным окрузе беларусы правялі ў Сейм 3-х паслоў, пры гэтым сьпісак № 18 атрымаў найбольш галасоў. ... У Лідзкім окрузе беларуская сьведамась і арганізаванасьць праявілася яшчэ выдатней. Ня гледзячы на тое, што быў скасаваны наш сьпісак кандыдатаў, па іншаму сьпіску ... прайшлі 2 беларусы. Апрача гэтага ў гэтым окрузе прызнаны няважнымі больш 72 тысяч галасоў. Няма ніякага сумліву, што ёсць беларускія галасы, якія дэманстрацыйна пайшлі на беларускі сьпісак № 18. Такім чынам ў Лідзкім окрузе больш 100 тысяч галасоў выказалася за беларускіх кандыдытаў. У прошлыя выбары за беларускі сьпісак была толькі каля 40 тысяч галасоў. Як бачым, беларуская сьведамасьць ... узрасла на 250 працэнтаў. ... Выбары выявілі, што за 5 гадоў зроблена, хоць не ўсё, аднак вельмі шмат» [98].

Па выніках выбараў Беспартыйны блок працы разам з урадам стаў самым моцным парламенцкім клубам у Польшчы, аднак не атрымаў большасці месцаў ні ў Сейме, ні ў Сенаце. Адначасова партыі парламенцкай апазіцыі: правыя (ННС, с 1928 г. пераназваны ў Нацыянальную партыю, СН - Стронніцтва Народове), цэнтрысты (людоўцы і хрысціянскія дэмакраты) і левыя (ППС, лідары якой перасталі падтрымліваць Пілсудскага) не змаглі стварыць адзіны фронт, які супрацьстаяў бы кіраўнічаму палітычнаму лагеру.

Пазняк Ян (1887? - пасля 1940). - публіцыст, грамадскі, палітычны і культурны дзеяч беларускага нацыянальнага руху, хрысціянска-дэмакратычны палітык, член кіруючых органаў шэрагу арганізацый.

Газета «Беларуская Крыніца» пісала: «Пазьняк Янка - сялянскі сын, Лідзкага павету, Суботніцкай гміны. Шырока ведамы беларускі народны дзеяч. На ніве беларускай вытрывала працуе ад 1917 г. У гэтым часе ў Вялейскім павеце ён арганізуе беларускую моладзь, закладае аматарскі беларускі тэатр, які разьяжджае па ўсім павеце і шырока нясе асьвету і беларускую народную сьведамасьць.

У тым-жа часе Янка Пазьняк быў вучыцелем у Будслаўскай беларускай гімназіі.

Ад 1919 г. ён працуе ў павеце Ашмянскім. Тут за беларускую працу польскія ўлады арыштавалі яго і пасадзілі ў вастрог, а звольніўшы, трымалі пад надзорам жандармэрыі 8 месяцаў. У 1920 г. калі ў край наш былі прыйшоўшы бальшавікі, на зьездзе сялянскім у Ашмяне Я. Пазьняк дамагаецца выхаду бальшавікоў, каб даць магчымасьць беларусам узяць свой лёс у свае ўласныя рукі.

Ад 1925 г. пачынае беларускую народную і грамадзкую працу ў пав. Віленска-Троцкім, асабліва ў гмінным самаўрадзе, Міцкунскай гміны, Рада якой, бяручы пад увагу заслугі Я. Пазьняка для сялянства, надзяліла яго тытулам ганаровага грамадзяніна тэй-жа гміны.

Ад 1928 г. Я. Пазьняк прабывае ў Вільні, дзе спаўняе небясьпечныя абавязкі рэдактара "Беларускай Крыніцы". За гэтую працу ўжо мае аж некалькі палітычных судовых спраў. Як знаўца самаўрадаў, напісаў пабеларуску брашуру аб гмінных самаўрадах» [99].

З 15 сакавіка 1928 г. быў рэдактарам самай масавай у Заходняй Беларусі газеты «Беларуская крыніца». У 1930-я гг. жыў па адрасу Людвісарская, 9. На першым паверсе дома была друкарня «Беларускай крыніцы», а зверху цэлы паверх займаў з сям'ёй Янк Пазняк - рэдактар і намеснік старшыні партыі Хрысціянскіх дэмакратаў. У іх была вялікая гасціная, якую яны прыстасавалі пад жыллё і начлегі для бедных беларускіх студэнтаў, якім не было дзе жыць. Уздоўж сцен па перыметру стаялі тапчаны. На іх і спалі студэнты.

Дзейнасць рэдактара і палітыка сустрэла негатыўную рэакцыю з боку польскіх уладаў. На Пазняка была заведзена больш за 30 судовых спраў. На яго накладаліся грашовыя штрафы, быў арыштаваны і правёў у зняволенні некалькі месяцаў. У 1936 г. тыраж газеты «Bielaruskaja krynica» 11 разоў канфіскоўвалі. У лістападзе 1936 года на кватэры Пазняка паліцыя зрабіла вобыск. Каб зберагчы часопіс ад закрыцця, Пазняк адмовіўся ад пасады рэдактара. Аднак, у красавіку 1937 г. «Bielaruskaja krynica» была закрыта ўладамі. З 1938 г. Ян Пазняк рэдагаваў часопіс «Хрысціянская думка», дапамагаў выдаваць грамадскі часопіс «Самапомач». Выступаў у друку з артыкуламі, у якіх між іншага каментаваў бягучыя палітычныя падзеі, аналізаваў грамадскую, рэлігійную і культурную сітуацыю беларускай меншасці ў Польшчы, акрэсліваў кірункі яе дзейнасці для абароны сваіх правоў, тлумачыў ідэалагічныя падставы хрысціянскага дэмакратызму.

Пасля пачатку Другой сусветнай вайны, у кастрычніку 1939 г. Ян Пазняк быў арыштаваны НКУС і вывезены з Вільні. Затым, магчыма ён, 22 красавіка 1940 года быў перавезены канвоем 226-га палка 15-й брыгады НКУС з Чэрвеня ў Мінск, мог быць расстраляны НКУС паводле рашэння Палітбюро ВКП(б) ад 5 сакавіка 1940 года.

Унук, Зянон Пазняк пісаў: «Вобраз дзеда Яна (Яся, як называла яго бабуля) я ўяўляў з дзяцінства. Ён мне здаваўся сьвятым. За ўсё жыцьцё я ня чуў, каб хто кінуў камень у гэты вобраз. Забойцы маўчалі, каб ня выявіць сваё злачынства. І вось жа прыйшоў час, і запеніліся наступнікі забойцаў. Яны думаюць, што не адказныя за тваю сьмерць, дзед Ясь. Ды й пеняцца ж на мяне, хоць і ўспамінаюць тваё імя. Як яны падобныя на тых, як падобныя… Да дробязяў падобныя».

Страйкі. Улетку 1926 г. у фальварку Юзафава пад Лідай узнік канфлікт паміж уласнікам фальварка і сялянамі, якія не дапускалі нанятых гаспадаром фальварка работнікаў (верагодна - штрэйкбрэхераў) на поле. Выкліканая паліцыя «ліквідавала» канфлікт [100].

17 лютага 1928 г. у Лідзе застрайкавалі рабочыя чатырох тартакоў - Кроніка, Палячака, Папірмайстра і Мельніка. Каля 200 рабочых патрабавалі павялічыць заробак на 50% і прадоўжыць працоўны штогадовы адпачынак да 1 месяца [101]. Хутка да рабочых тартакоў далучыліся рабочыя млына «Аўтамат», якія патрабавалі павелічэння заробкаў на 20 % [102].

Улетку таго ж года застрайкавалі 150 рабочых фабрыкі фанеры ў Шчучыне, яны патрабавалі ад уладальнікаў фабрыкі, братоў Канапацкіх падвышэння заробкаў [103]. Страйк ішоў цяжка, бо праз тыдзень быў арыштаваны сакратар акруговага прафсаюзнага Звязу дрэваапрацоўкі Ян Пазвальскі, ён абвінавачваўся ў злоснай агітацыі і падбухторванні да гвалту. Так сама за пашкоджанне труб кацельні, што магло прывесці да выбуху, арыштавалі рабочых фабрыкі Антона Ліхадзееўскага, Яна Півонскага, Станіслава Вольскага, Антона Чарнойця і Антона Сямашку [104]. Але ўсё ж у выніку страйку рабочым падвысілі заробак на 10 % [105].

Улетку 1929 г. страйкаваў цэлы шэраг прадпрыемстваў Лідчыны, сярод страйкоўцаў былі і рабочыя гуты «Нёман». Кансерватыўная газета «Слова» пісала: «8.VII. Страйк, які быў арганізаваны левіцай ППС на гуце шкла «Нёман» і цягнуўся ўжо доўгі час, быў спынены. Рабочыя звярнуліся да Інспектара Працы з просьбай пра пасрэдніцтва. Страйк у цагельні, якая знаходзіцца ў Перапечыцы і на фабрыцы кафлі ў Лідзе таксама спынены, і рабочыя вярнуліся да працы на ўмовах наймальнікаў. Факты сведчаць, што дэмагагічная акцыя прафсаюзаў не знаходзіць падтрымкі ў працоўных масах ...» [106].

У тыя часы на Лідчыне актыўна працавалі беларускія, польскія і яўрэйскія грамадска-палітычныя арганізацыі.

Грамада. Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ) - масавая легальная рэвалюцыйна-дэмакратычная і нацыянальна-вызвольная арганізацыя працоўных Заходняй Беларусі ў 1925-1927 гг. Дзейнасць БСРГ узначальваў ЦК, старшынём ЦК быў Б. А. Тарашкевіч, намеснікам старшыні С. А. Рак-Міхайлоўскі, чальцы ЦК П.П . Валошын і П. В. Мятла.

24 чэрвеня 1925 г. дэпутаты польскага Сейма Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Валошын і Мятла выйшлі з беларускай нацыянальнай фракцыі Сейма і стварылі пасольскі клуб БСРГ. Карыстаючыся дэпутацкай недатыкальнасцю, яны разгарнулі актыўную дзейнасць па стварэнні масавай арганізацыі працоўных для барацьбы супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту.

12 траўня 1926 г. была прынята праграма БСРГ, яна змяшчала дэмакратычныя і асобныя сацыялістычныя патрабаванні: самавызначэнне Заходняй Беларусі і аб'яднанне ўсіх беларускіх зямель у рэспубліку сялян і рабочых, стварэнне сялянска-рабочага ўраду; устанаўленне дэмакратычных свабод, канфіскацыя памешчыцкіх і царкоўных зямель з пераходам ва ўласнасць дзяржавы і падзелам без выкупу паміж малазямельнымі сялянамі і парабкамі, скасаванне асадніцтва; устанаўленне 8-гадзіннага рабочага дня, увядзенне рабочага кантролю ў вытворчасці, развіццё спажывецкай, вытворчай і крэдытнай кааперацыі; нацыянальная роўнасць і навучанне на роднай мове; свабода сумлення і іншае. БСРГ была левай арганізацыяй і таму лічылася ў Польшчы прасавецкай. І насамрэч, СССР спрабаваў узяць Грамаду пад свой кантроль і ў значнай ступені гэта было зроблена.

ЦК БСРГ выдаваў газеты «Жыццё Беларуса» (1925 г.), «Беларуская Ніва» (1925 г.), «Беларуская справа» (1926 г.), «Народная Справа», «Наша Справа», «Наш Голас», «Наша Воля», «Народны Звон» (1930 г.), сатырычны часопіс «Маланка». Пад уплывам Грамады актывізавалі работу прагрэсіўная культурна-асветніцкая арганізацыя Таварыства беларускай школы, беларускія выдавецкае, навуковае і дабрачыннае таварыствы, Беларускі студэнцкі саюз.

Газета «Народная Справа» ўлетку 1926 г. паведаміла: «У Лідзе ... 11-га г.г. з'арганізаваўся Лідзкі Гурток Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады» [107]. На 10 студзеня 1927 г. ў Лідскім павеце было ўжо 65 гурткоў Грамады, у якіх прымала ўдзел некалькі тысяч чалавек (гл. дадаткі). Пасля, ніколі ўжо беларускі рух на Лідчыне не ўздымаўся на такую вышыню.

Грамадоўская газета «Народная Справа» пісала, што 4 жніўня 1926 г. камендант паліцэйскага пастарунка ў Дакудаве адабраў ў даверанай асобы Цэнтральнага Сакратарыяту, жыхара вёскі З. Сарокі, грамадоўскія дакументы, якія той атрымаў па пошце і сказаў, што яго «zapakuс do wiаzienia». Тым не менш, праз чатыры дні тут ужо быў арганізаваны гурток Грамады. У тым жа нумары паведамлялася, што 5 верасня адбудзецца з'езд сяброў Грамады Лідскага павета [108]. У наступным нумары, газета ўдакладняла, што «Зьезд Сялянска-Работніцкай Грамады, які вызначаўся на 5-га верасня... пераносіцца на нядзелю 26-га верасня с.г. Гэтая адсрочка дасьць магчымасьць правесьці на мяйсцох больш шырокую арганізацыйную працу» [109].

Актывіст паведамляў, што 15 жніўня ў мястэчку Глыбокае поп лаяў Грамаду [110]. А 2 ліпеня 1926 г. пад час адпустаў у Тракельскім касцёле пасол Балін выступіў перад сялянамі. Калі ж паліцыя спрабавала спыніць яго выступ, сяляне прагналі паліцыянтаў з касцельнага падворка камянямі, пасля чаго пасол сказаў: «Бачыце, як баяцца маёй праўды ...» [111]. 29 жніўня ў мястэчку Воранава зноў адбыўся мітынг з удзелам пасла Баліна: «Ахарактарызаваўшы сучаснае палажэнне ў Польшчы, пасол заклікаў сялян запісвацца ў Бел. Сял. Раб. Грамаду, або ў Нез. Пар. Хлопску» [112].

На пачатку кастрычніка грамадоўская газета «Народная Справа» надрукавала справаздачу з Лідскага павятовага з'езду Грамады [113] (тэкст справаздачы гл. у дадатках).

Увосень 1926 г., калі Грамада збірала грошы страйкуючым шахцёрам Англіі, газета «Слова» паведаміла, што гурток Грамады вёскі Крупава адаслаў шахцёрам 20 зл. [114].

У выніку дзейнасці Грамады ў 1926 г. у Заходняй Беларусі пачаўся ўздым масавага рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызвольнага руху, наспявалі элементы рэвалюцыйнай сітуацыі. У студзені 1927 г. больш за 2 000 гурткоў Грамады аб'ядноўвалі каля 120 000 чальцоў. Дзейнічала 18 павятовых камітэтаў БСРГ.

Але ў студзені 1927 г. пачаўся разгром Грамады і масавыя арышты грамадоўцаў. Былі арыштаваны беларускія паслы ў Сейм, пасла ад Лідскай акругі Рак-Міхайлоўскага арыштавалі ў Вільні калі ён сядаў у цягнік на Варшаву [115]. Непасрэдна на Лідчыне адразу арыштавалі двух грамадоўцаў [116].

Больш за 4 000 кіраўнікоў і актывістаў Грамады былі аддадзены пад суд. 21 сакавіка 1927 г. Грамада была афіцыйна забаронена польскімі ўладамі.

23 лютага 1928 г. у Вільні пачаўся найбольш знакаміты, цэнтральны, судовы працэс над сябрамі Сялянска-Работніцкай Грамады. Пасля шасці дзён судовага разбіральніцтва быў зроблены перапынак з 1 па 12 сакавіка - у гэтыя дні адбываліся выбары ў Сейм. З 12 сакавіка працэс аднавіў сваю працу. За выняткам разгляду надзвычайных пытанняў, суд праходзіў пры адчыненых дзвярах. Але, каб патрапіць у залу суда неабходны быў адмысловы білет-пропуск, і, не гледзячы на тое, што ў зале пасяджэнняў амаль што заўжды меліся вольныя месцы, білет атрымаць было амаль што немагчыма.

Старшынём суду быў А. Аўсянка, суддзі: А. Ёдзевіч, А. Барэйка і запасны Бжазоўскі. Пракуроры: Калапскі і Раўзе, сакратары суда: Коркуць і Адынец. Адвакаты з Варшавы: Ян Бабянскі, Дурач, Этынгер, Смяроўскі і Гонігвіль, мясцовыя адвакаты: Абрамовіч, Пятрусевіч, Крыжаноўскі, Сянківіч, Залкінд, Матыяш, Прайс, Раманкевіч.

На працэсе была акрэдытавана прэса: карэспандэнты савецкага ТАСС Кавальскі, і савецкай газеты «Известия» Брагін, Нью-Ёркскай газеты «Forwerts» Вайнрайх, прадстаўнікі польскай варшаўскай і віленскай прэсы, прадстаўнікі мясцовай беларускай і яўрэйскай прэсы. Прадстаўнікоў беларускай прэсы з Мінска не было.

У першы дзень суда выявілася колькасць падсудных - 56 чалавек, з іх акрамя аднаго паляка ўсе беларусы. Адзін з беларусаў з'яўляўся магаметанінам, сваёй беларускасцю ён моцна здзівіў суд.

Сярод падсудных былі як прадстаўнікі беларускай культурнай і палітычнай эліты, так і простыя, малаадукаваныя людзі. Судзілі паслоў у Сейм Сымона Рак-Міхайлоўскага, Паўла Валошына, Пятра Мятлу. Сярод падсудных быў адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага руху Антон Луцкевіч і праваслаўны святар Аляксандр Коўш. На лаву падсудных патрапілі актывісты з Лідчыны Вінцук Салыга, Вінцук Крупіца і Ігнат Мармыш.

Суд выклікаў ажно 660 сведкаў, з іх больш за 400 сведкаў выклікаў бок абвінавачвання. Выкліканыя сведкі давалі прысягу партыямі па 50 чалавек, гэта зацягнула суд у першы дзень да 12 гадзіны ночы. Тры наступных дні чытаўся акт абвінавачвання. На пяты дзень пачаўся непасрэдны разбор справы [117].

Тэксты справаздач з суда над грамадоўцамі - найкаштоўнейшая крыніцы інфармацыі. Я ж перакажу толькі фрагменты, датычныя Лідчыны.

На 10 дзень працэсу сведка Юльян Ліндэ падае, што з'яўляецца работнікам на шкляной гуце (у Бярозаўцы - Л. Л.), на якой працавала 300 чалавек, з якіх 70% былі беларусамі, і большая палова з іх належала да Грамады. Сам ён паляк, але запісаўся ў Грамаду добраахвотна, «праз нікога не намаўляны». Паспеў тры разы атрымаць ад свайго гуртка газеты, бачыў як збіралі грошы ў шапку. На сходцы, дзе ён прысутнічаў выступалі Мятла і Тарашкевіч, казалі яны пра школьніцтва і беларускую «народовосьць» [118].

На 11 дзень суда выступаў сведка Яскарынскі, супрацоўнік лідскай паліцыі. Ён паведаміў, што грамадоўцы вялі ўзмоцненую агітацыю, накіраваную на адрыў Заходняй Беларусі ад Польшчы, а сябры КПЗБ, тыя ж грамадоўцы па меркаванні сведкі, шпіёнілі за Лідскім аэрадромам. Абвінавачаны Салыга служыў у Чырвонай Арміі, што бачна з вынікаў ператрусу ў ягонай хаце. Салыга раіў сялянам не плаціць падаткаў, бо Заходняя Беларусь усяроўна аддзеліцца ад Польшчы. У адказ, Салыга патлумачыў, што дзейнічаў у межах легальнай праграмы «Грамады», якая меркавала дабіцца аддзялення ад Польшчы дэмакратычным, парламенцкім шляхам [119].

На 27 дзень суда (10.04.1928) сведка Сымон Коўшыц - войт Лябёдскай гміны расказаў, што заўважаў цяжкасці пры спагнанні падаткаў. Па яго словах Вінцук Салыга належаў да Грамады і арганізаваў гурткі на абшары гміны. У гміну прыходзіла шмат беларускіх газет, але па камандзе войта яны знішчаліся.

На наступны дзень выявілася, што падсудны Салыга яшчэ да Першай сусветнай вайны скончыў 6-ці месячную тэхнічную школу.

Паліцыянт-сведка Вацлаў Тамашэвіч расказаў, што чуў, як Салыга расказваў людзям аб будучай самастойнай Беларускай дзяржаве.

Сведка Матэрка, канфідэнт паліцыі, раней назіраў за грамадоўцамі на тэрыторыі Лябёдскай гміны і расказаў суду, што Салыга запрашаў сяброў у Грамаду і дадаў, што настрой у гміне непрыхільны да Польшчы. Так сама ён расказаў, што камуністы Руды Сымон і Мацюк кіравалі гуртком Грамады ў вёсцы Малышы. На што Салыга сведчыў суду, што гуртка ў Малышах не было, а Руды і Мацюк не былі сябрамі Грамады.

Сведка Махэцкі расказаў, што ў сувязі з арганізацыяй у 1926 г. гурткоў ППС Салыга сказаў Махэцкаму: «Усё гэта глупства, лепей узяць у рукі карабін». Акрамя таго Салыга быў старастам вёскі і на гэтай пасадзе дамагаўся беларускіх школ, і тых школ нават было шмат адчынена. Тады вядомы беларускі дзеяч Браніслаў Тарашкевіч запытаў па-польску і беларуску пра колькасць беларускіх школ у Лідскім павеце. Махэцкі на запыт па-польску не адказаў, а на запыт па-беларуску давёў, што нічога не разумее. Пасля чаго, Тарашевіч запытаўся ў сведкі, як той разумеў прамовы Салыгі, калі не ведае беларускую мову? Сведка зноў маўчаў. Тады Тарашкевіч звярнуўся да суддзі са словамі: «Калі ж мы скончым гэтую камедыю?». Суддзя загадаў выдаліць Тарашкевіча з зала суда.

На 30-ты дзень працэсу (13.06.28) сведка Сасноўскі, канфідэнт паліцыі, расказаў суду, што Салыга быў абраны старшынём Грамады Лідскага павета. Яны жадалі адарваць Заходнюю Беларусь ад Польшчы, а Усходнюю ад Расіі і стварыць незалежную дзяржаву Беларусь - сказаў канфідэнт. Некаторыя сябры Грамады вялі камуністычную дзейнасць і былі за гэта арыштаваны (Мацюк Сымон, Пракаповіч і інш.). Потым сведка паказаў, што пасля ліквідацыі Грамады ў Лідзе выявілася, што Цэнтральны Сакратарыят Грамады меўся ўзяць у свае рукі кіраўніцтва беларускім рэвалюцыйным рухам. Гэта стала вядома са знойдзенага ліста Цэнтральнага Сакратарыяту падпісанага лічбай, якая адпавядала нумару пасведчання абвінавачанага Крупіцы. Сведка чуў пра планаванае на весну паўстанне. Абарона паказала, што ліст, пра які казаў сведка - гэта толькі пратэст супраць арышту паслоў у Сейм Мятлы і Валошына.

Потым сведка-паліцыянт Шаўлюк расказаў пра Шымкевіча - арганізатара гуртка Грамады ў Ліпнішках [120].

На 49-ты дзень працэсу ў абвінаваўчым выступе пракурор Калапскі давёў, што «Лідскі павет рэпрэзентуюць падсудныя Салыга, Мармыш і Крупіца. Салыга з'яўляецца кандыдатам на пасаду «старасты» ў Лідзе, выступае супраць касцельных шлюбаў. Варожа ставіцца да польскай дзяржаўнасці ... . Крупіца і Мармыш абодва былі ў Савецкай Расіі. Крупіца пісаў у лісце да кіраўніцтва Грамады, што калі трэба, дык "выступіць супраць праклятай польскай буржуазіі са зброяй у руках ці нават з косамі"» [121].

22 траўня 1928 г. працэс над грамадоўцамі закончыўся. Агулам атрымалі пакаранне 37 чалавек. Прыгавор: паслу ад Лідчыны Рак-Міхайлоўскаму і іншым лідарам Грамады (Тарашкевічу, Валошыну, Мятле) - 12 год турмы строгага рэжыму. Сярод іншых грамадоўцаў, лідзяніну Салыгу - 4 гады турмы строгага рэжыму. Апраўдана 19 чалавек, сярод іх лідзяне Крупіца і Мармыш [122].

Праз некалькі гадоў шэраг актывістаў Грамады былі абмененыя Польшчай на бальшавіцкіх вязняў і перададзеныя ў СССР, дзе яны былі расстраляныя як «польскія шпіёны».

Колькасць чальцоў Грамады ў Заходняй Беларусі перавышала колькасць камуністаў ва Ўсходняй. Прычым, грамадоўцы рызыкавалі ўсім, а камуністы будавалі сваю, як яны спадзяваліся, спакойную кар'еру ў кіроўнай партыі.

Беларускае нацыянальнае адраджэнне пачалося пры канцы XIX ст. са значным спазненнем у параўнанні з суседзямі. Пры канцы 1920-х гг. яно дасягнула ўздыму, неабходнага для стварэння сваёй дзяржаўнасці. Нездарма, польскія і савецкія ўлады амаль што сінхронна пачалі знішчаць беларускі нацыянальны рух і беларускую культуру.

Трэба, канешне ж, улічваць сталае правакаванне з Масквы беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі ў бок экстрэмізму і камунізму. І ўсё ж заходнія беларусы ў сваёй масе адносна ціхамірна дажылі да 1939 г., не ведаючы савецкіх жахаў - далёка было польскай уладзе да савецкай у справе рэпрэсій і пагалоўнага знішчэння носьбітаў беларускай культуры ...

Салыга Вікенці Антонавіч (22.02.1896 - 1983), нарадзіўся у в. Феліксава. Вучыўся ў народнай вучэльні. Вікенці Салыга ў Феліксаве пасля вяртання з Ірана. У маладосці паехаў працаваць на Пуцілаўскі завод ў Санкт-Пецярбургу. На пачатку Першай сусветнай вайны быў прызваны на фронт. У 1919 г. вучыўся ў вайсковым тэхнікуме пры Смаленскім палітэхнічным інстытуце. У 1923 г. з «бальшавіцкага раю» вярнуўся на радзіму, у Феліксава, пабудаваў кузню і працаваў кавалём. Ажаніўся з Марыяй Антонаўнай. З судовай справы бачна, што быў абраны старастам вёскі Феліксава. Хутка стаў актыўным грамадоўцам. 26 верасня 1926 г. быў абраны старшынём Лідскага павятовага камітэта Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. Арыштаваны ў ноч 15 студзеня 1927 г., падчас следства сядзеў у Віленскай турме «Лукішкі». Пасля вынясення прысуду ў 4 гады турмы, В.А. Салыга адбываў тэрмін у турмах Ліды, Вільні, ва «Вронках» за Познанню. У 1929 г. у Вільні адбыўся апеляцыйны суд па справе асуджаных дзеячаў і актывістаў Грамады які скараціў Салыгу тэрмін зняволення да двух гадоў. Пасля адбыцця зняволення з 1930 па 1939 г. працаваў кавалём, быў пад сталым кантролем паліцыі, неаднаразова збіваўся ў пастарунках. У верасні 1939 г. прызначаны старшынём Лябёдскага валаснога выканкама, потым быў старшынём Маламажэйкаўскага сельсавета. Але чалавек, які змагаўся за незалежную Беларусь (паліцэйскі канфідэнт падчас судовага разбіральніцтва сказаў пра яго: «Яны жадалі адарваць Заходнюю Беларусь ад Польшчы, а Усходнюю ад Расіі і стварыць незалежную дзяржаву Беларусь») не мог доўгі час быць на волі. 26 красавіка 1940 г. арыштаваны, асуджаны і вывезены ў Архангельскую вобласць. Потым быў накіраваны ў польскую армію Андэрса. Патрапіў у Ірак, але тут за ягоную дзейнасць ў 1939 г. польскі ваенна-палявы суд прыгаварыў яго да 3,5 гадоў зняволення, пры перавозцы з Ірака праз Іран у Палястыну, былы грамадовец уцёк з-пад ад варты. Наступныя 14 гадоў Салыга пражыў у Тэгеране, тут атрымаў савецкае грамадзянства. Толькі ў жніўні 1957 г., пасля смерці Сталіна, вярнуўся ў Феліксава, на радзіму: дочкі замужам далёка ад бацькоўскай хаты, сын памёр. Каля года прапрацаваў у калгасе «Шлях да камунізму» кавалём, але з-за дрэннага стану здароўя пакінуў працу. Пераехаў у Ліду, працаваў сталяром пры Лідскім доме афіцэраў. Маючы узрост 65 гадоў, з-за непрацаздольнасці, пажадаў выйсці на пенсію. Але яму налічылі толькі 8 гадоў працоўнага стажу. Шмат разоў падаваў прашэнні і апеляцыі, але савецкая ўлада так і не прызначыла старому грамадоўцу пенсію. Апошнія дваццаць гадоў жыцця правёў у дамах састарэлых.

Да незалежнай Беларусі не дажыў 8 гадоў.

Таварыства Беларускай Школы . ТБШ імкнулася распаўсюджваць веды і дапамагаць асвеце беларусаў, пашыраць беларускія школы, у статуце арганізацыі было напісана: «Пашыраць і памагаць асвеце ў беларускім нацыянальным, людскім і хрысціянскім духу».

У лютым 1927 г. сябры ТБШ г. Ліды: Нікановіч Сцяпан, Гадлеўскі Міхась і Зяновіч Уладзімір перадалі 2 злотыя на выданне беларускай газеты «Сялянская Ніва» [123].

У верасні 1927 г. беларуская газета «Наша Праўда» паведаміла пра спробу стварэння гуртка ТБШ у вёсцы Малышы. Заява пра гэта была пададзена солтысу Якубу Бандарчуку, «каб дапамог. Але солтыс ... панёс гэную заяву ў гміну і аддаў пісару, а той даў ёй «законны» ход: паліцыя кінулася рабіць у сялян вобыскі, шукаючы «крамолы» і «вывротовой» работы. Селяніна Івана Гарбіну з Вялікага Сяла нават заарыштавалі, і ён цэлы тыдзень у самую рабочую пару прабадзяўся па паліцэйскіх пастарунках» [124].

18 сакавіка 1928 г. гурток ТБШ у вёсцы Сялец ладзіў спектакль-вечарыну. Паказвалася п'еса «Пан-міністар». У перапынку граў струнны аркестр. Пасля спектаклю дэкламаваліся беларускія вершы, і вечар закончыўся спевам беларускага гімну «Ад веку мы спалі!» [125].

Найбольш вядомым сябрам ТБШ быў лідскі радны Міхал Шымялевіч - чалавек-лягенда.

КПЗБ і іншыя беларускія арганізацыі . Камуністычныя арганізацыі ў Польшчы былі па-за законам

У красавіку 1926 г. выязная сесія Акруговага віленскага суда разглядала справу сяброў камуністычнай арганізацыі, якая дзейнічала ў Лідзе і ваколіцах. Перад судом паўсталі кіраўнік арганізацыі Клінцэвіч з шараговымі чальцамі Карнавухам, Шыдлоўскім і Анжыным. Пры тым што суд меў усе неабходныя доказы, усе абвінавачаныя не Святкаванне 1 траўня 1926 г. у Лідскім замке. прызналі сваё сяброўства ў камуністычнай партыі. Паліцыя знайшла шмат дакументаў, якія даказвалі віну падсудных: партыйныя пасведчанні, падпісаныя Клінцэвічам, розныя партыйныя цыркуляры, дастаўленыя ў Ліду з Мінска, дакументы, якія паказвалі неаднаразовую прысутнасць падсудных у Мінску і г.д. Абвінавачаныя актыўна вялі партыйную працу на Лідчыне: стваралі камсамольскія ячэйкі, вялі агітацыю і выконвалі атрыманыя з Мінска партыйныя даручэнні. Сведкамі на працэсе выступалі супрацоўнікі паліцыі. Дарэчы, пракурор заўважыў, што згодна з апошнімі партыйнымі інструкцыямі камуністы не павінны захоўваць партыйныя пасведчанні ці іншыя дакументы, якія паказваюць іх сувязь з камуністычнай партыяй. Адвакат, ратуючы падсудных, даказваў, што Карнавух і Шыдлоўскі (абодва 1903 г.н.) пераходзілі польска-савецкую мяжу, ратуючыся ад прызыву ў польскае войска, што было значна меншай правінай, чым прыналежнасць да КПЗБ. У выніку Клінцэвіч быў асуджаны на 3, а іншыя камуністы на 2 гады турмы [126].

У ноч з 30 красавіка на 1 траўня 1927 г. ў Жалудку на тэлеграфным слупе быў вывешаны чырвоны сцяг з нашытымі на ім белай стужкай і камуністычнымі лозунгамі. Раніцай паліцыя зняла сцяг і знайшла пад слупам гузік ад паліто. Па гузіку быў знойдзены гаспадар паліто, і такім чынам быў арыштаваны ўвесь камітэт камуністычнай моладзі Жалудка, а потым і ўвесь павятовы камітэт камуністычнай моладзі Лідчыны. У Лідзе арыштаваны: Фані Шмуйловіч (узрост 21 год), Лейба Разейнштайн (18 гадоў), Хаім Кур (19 гадоў). У Жалудку арыштаваны: Мойша Казарэўскі (20 гадоў), Шэпсэль Рэмза (18 гадоў), Цадзік Іцэнсон (21 год) і Шлёма Левін (18 гадоў). З Жалудоцкага камітэта моладзі ад паліцыі паспеў уцячы толькі Гірш Жырнянскі. У Шчучыне была арыштавана амаль што ўся камсамольская ячэйка: Мордка Рубенштэйн (21 год), Ізраіль Дукштайн (20 гадоў), Бася Левіт, Фейга Лістоўская, Міхал Карновік, Юльян Блюднік, Абрам Аркін. Уцякла ад паліцыі толькі Рына Хараноўская [127]. У Ражанцы быў арыштаваны сакратар моладзевай ячэйкі Хаскель Жукоўскі [128].

У ліпені 1927 г. паліцыяй быў ліквідаваны павятовы камітэту КПЗБ. Камуністы адразу стварылі новы камітэт, але ўжо пры канцы жніўня быў арыштаваны сакратар гэтага, толькі што створанага павятовага камітэта КПЗБ, Пётр Бялькевіч. Арышту Бялькевіча папярэднічалі арышты шараговых камуністаў у вёсках Малышы і Бурцічы [129].

На пачатку сакавіка 1928 г. у Лідзе былі арыштаваны сябры КПЗБ Кастусь Кеўра і Меер Сальчанскі, пад час ператрусу ў іх былі знойдзены важныя дакументы. «Паліцыя арыштавала камуністаў, калі яны распаўсюджвалі антыдзяржаўныя ўлёткі» [130]. Праз некалькі тыдняў паліцыя выкрыла ў Лідзе павятовы камітэт КПЗБ. Былі арыштаваны Н. Юшчынскі, К. Матусевіч, П. Пупко, К. і І. Баярскія, С. Фрыдман, І. Гагоўскі, І. Любецкі, Б. Троцкі, І. Войткім, А. Любецкі [131]. Паліцыя захапіла дакументы, якія сведчылі пра кантакты лідскіх камуністаў з Мінскам, шмат нелегальнай літаратуры і ўлёткі [132].

Святы 1 траўня ў 1928 г. прайшлі спакойна, у мітынгу прынялі ўдзел толькі каля 100 чалавек [133]. Аднак на кастрычніцкія святы 1928 г. «падрыўныя элементы планавалі правесці ў горадзе і павеце вялікія маніфестацыі. Ва ўсіх мясцовасцях, найбольш у самой Лідзе, у Эйшышках і Воранаве раскідана велізарны лік камуністычнай літаратуры. Адначасна камуністычныя агітатары падбухторвалі людзей да выступленняў ...» [134].

У верасні 1929 г. у Лідзе ў пачаўся суд над камуністамі, і прэса адразу назвала гэты працэс «сенсацыйным». Пад час суда жыхар Жалудка Фішаль Байкальскі расказаў, што перад 1-м траўнем 1927 г. пазычыў сваё паліто Шэпсалю Рэмзу. Менавіта ў тое паліто быў апрануты Рэмза калі страціў гузік, вывешваючы чырвоны сцяг на слупе. Па гэтым гузіку паліцыя знайшла гаспадара паліто, а Шэпсаль Рэмза падчас допытаў расказаў пра камуністычную арганізацыю ў Жалудку і паказаў месца партыйных збораў у гаі каля мястэчка. Былі арыштаваны ўсе жалудоцкія камуністы, а праз іх паліцыя выйшла на камуністаў іншых населеных пунктаў Лідчыны. Такім чынам ліквідавана практычна ўся партыйная арганізацыя павета, 36 чалавек селі на лаву падсудных.

Віленская калегія акружнога суда ў Лідзе прыгаварыла:

- Мордку Рубенштэйна, Фаню Шмуйловіч, Хаіма Кура, Лейбу Разенштайна і Мойшу Казарэўскага да 6 гадоў турмы ўзмоцненага рэжыму;

- Шэпсаля Рэмзу, Цадзіка Іцэнсона, Шлёму Левіна, Хаскеля Жукоўскага, Абрама Аркіна, Ізраіля Дукштайна, Элу Лінянскі і Вульфа Зярніцкага да 5 гадоў турмы ўзмоцненага рэжыму;

- Давіда Віршубскага, Уладзіміра Рудага, Юзафа Пракаповіча, Юдаля Гальперна, Пятра Бюковіча і Мойшу Закройскага да 4 гадоў турмы;

- Сямёна Мацюка да 3 гадоў турмы;

- Міхала Лаўрукевіча, Уладзіслава Смецюха, Паўла Міцкевіча да 2 гадоў турмы.

- Фейгу Лістоўскую і Басю Левіт да 6 месяцаў турмы.

Дзевяць чалавек суд прызнаў невінаватымі [135].

У беларускай газеце «Беларускае Слова», якая належала паланафільскай Беларускай Нацыянальнай Радзе, жыхар Ліды пісаў: «У нас моцна пачала працаваць Грамада і ахапіла вялікія абшары. Нашая ж газета перастала выходзіць нармальна, бо Бел. Нац. Рада ня мае сродкаў. У гэты момант, мне здаецца, трэба вось што рабіць. Нам усім - як працаўнікам, сябрам і прыхільнікам трэба на гэтую мэту злажыць патрэбную суму грошаў, хто сколькі можа ... я пэўны, што беларусы адклікнуцца і падтрымаюць сваю нацыянальную газету (бо) Грамада на бальшавіцкія грошы шле і раздае дарма сваю атручаную газету і літаратуру ў вялікім ліку» [136]. Аўтар «Праваслаўны беларус» з Лідчыны у той жа газеце празываў хрысціян усіх канфесій змагацца з камуністамі, бо «камунізм гэта жыццё без Бога ... ягоная мэта - зьняважыць вобраз Хрыста і Яго вучэньне ... . У сумежнай нам Маскоўшчыне замучылі шмат паважаных духоўнікаў ... а так сама веруючых хрысціян, якія баранілі сваю веру і сьвятыні. Лічба гэтых мучанікаў дасягае страшэннай цыфры. ... Усе гэта церпяць і нашыя браты-беларусы з Усходняй Беларусі» [137].

На акруговай канферэнцыі Беларускай Нацыянальнай Рады Наваградскага ваяводства, якая 8 лютага 1927 г. адбылася ў Баранавічах, аб працы Рады і створанай ёю арганізацыі «Прасвета» выступілі Старшыня рады А. Паўлюкевіч і рэдактар «Беларускага Слова» Теадор Вернікоўскі. Сярод іншых прадстаўнікоў рэгіёнаў, выступіў кіраўнік «Прасветы» Лідчыны Маёўскі, «які заарганізаваў сільны гурток «Прасьветы» у складзе некалькіх дзесяткаў сяброў у Лідзе, заарганізаваў пры ім чытальню-бібліятэку, шырока пусьціў па ваколічных вёсках нашу газету. Апрача таго п. Маёўскі прадставіў многа цікавых і цэнных праэктаў, між іншым аб патрэбе арганізацыі «Беларускага Праваслаўнага Брацтва», які прыняты канферэнцыяй» [138]. У тым жа нумары газеты кіраўнік лідскай «Прасветы» Кастусь Маёўскі надрукаваў невялікі артыкул (гл. дадаткі).

У траўні 1927 г. паведамлялася пра стварэнне гуртка беларускага таварыства «Прасвета» ў вёсцы Гезгалы Беліцкай гміны. Пры гуртку планавалася адкрыць бібліятэку, гурток павінен быў ладзіць аматарскія спектаклі. Дэкларавалася, што ніякай палітыкай гурток займацца не будзе [139].

ППС і іншыя арганізацыі . Рэвалюцыйнымі і сацыялістычнымі былі не толькі беларускія партыі. У 1920-я гг. на Лідчыне актыўна працавала Польская Сацыялістычная Партыя (ППС). Сядзіба партыі месцілася па адрасе: Слабодка 1/3, старшынём партыі быў Францішак Тамашэўскі. Пры партыі дзейнічаў прафсаюз Звяз звязаў, Клуб рабочай моладзі і Таварыства рабочага ўніверсітэта, якое мела ў горадзе сваю бібліятэку па вуліцы Сянкевіча.

1 траўня 1926 г. прайшла першамайская дэманстрацыя, якую арганізавала ППС: «Шмат прыйшло сялян з вёсак, людзей было з паўтысячы. Пэпээсы ўсьцешыліся, але не надоўга. Разышоўся слых, што будзе ў Лідзе пасол Балін з «Незалежнай Партыі Хлопскай», а яго пэпээсаўцы надта ня любяць ... . Як толькі скончылі гаварыць іхныя два прамоўцы, хтосьці крыкнуў, каб далі слова паслу Баліну - а таго навет у памяшканьне ня пусьцілі. Падняўся шум, бура воплескаў, дамаганьне каб дапусьцілі Баліна, а на пэпээсы крычалі: угадоўцы! далоў! і г.д. Пэпээсы, бачучы, што блага, абвесьцілі сход зачыненым ... . пэпээсы гаварылі па-польску, мала хто іх разумеў. Лаялі яны бальшавікоў і хвалілі сябе. ... Тутэйшыя сяляне і работнікі лічаць сялянска-работніцкую Грамаду сваёй арганізацыяй, бо-ж яна запраўды бароніць інтарэсы працуючых мас» [140].

Пра прапаганду ППС у Беліцы паведамляла газета «Беларуская Ніва» [141].

Відочна, што па ўплывах на насельніцтва Грамада перамагала ППС, і з другой паловы 1926 г. беларуская прэса пачала стала друкаваць лісты былых «пэпээсаўцаў», якія выйшлі з партыі і далучыліся да Беларускай Грамады. Напрыклад, у снежні 1926 г. у газеце «Наша Справа» надрукаваны лісты былых «пэпээсаўцаў» Ігната Ганевіча з вёскі Ольжава і А. Кліма з вёскі Вялікія Канюшаны [142]. У выніку, у лютым 1929 г. сярод сяброў лідскага аддзелу ППС адбыўся раскол. У партыі ўзнікла «рэвалюцыйная» фракцыя, якая выбрала сабе асобную павятовую ўправу ў складзе Пятра Міхалка, Аляксандра Сцяснеўскага, Юльяна Жалудзевіча, Г. Майсевіча і прыняла адозву да сяброў партыі і працоўных павета [143]. Хутка ў Лідзе быў арыштаваны паліцыяй сакратар ППС-левіцы у Вільні Ваяводскі, які знаходзіўся ў нашым горадзе па справах сваёй фракцыі [144].

У 1929 г. святкаванне 1 траўня ў Лідзе таксама ладзілі «пэпээсаўцы». Каля 400 чалавек прайшло па вуліцах горада да месца мітынгу. «Прамовы аратараў былі наогул спакойныя. Пасля мітынгу, 3 піякі пачалі выкрыкваць антыдзяржаўныя лозунгі, у выніку, з дазволу пракурора, яны былі арыштаваны"» [145].

На Лідчыне, акрамя ППС, дзейнічалі і іншыя польскія партыі сацыялістычнай арыентацыі.

Польскай народнай партыяй «Пяст» (Polskie Stronnictwo Ludowe «Piast») кіраваў у Лідзе пасол у Сейм Адольф Дуброўнік. Пасол Дуброўнік у 1926 г. выступаючы ў Белагрудзе заклікаў сялян самавольна адбіраць зямлю ў абшарнікаў. А пасля выступу Дуброўніка ў Жалудку сяляне ўзбунтаваліся і падпалілі лес разам з лясніцтвам, якія належалі княгіні Чацвярцінскай.

Але яшчэ больш радыкальным была Польская народная партыя «Вызваленне», якая мела свайго пасла ў Сейм Баліна. Гэтыя партыі ў сваёй дзейнасці выкарыстоўвалі не толькі польскую але і беларускую мову. Так, у 1925 г. менавіта па-беларуску выступаў перад сялянамі Беліцы пасол Балін, намаўляючы ваколічных сялян супраць зямельнай рэформы.

Нездарма кансерватыўная віленская газета «Слова» пісала аб працы паслоў гэтых партый на Лідчыне: «Добра было б у Лідзе, быў бы ідэальны спакой, калі б не ... розныя авантуры. Хто чыніць непакой? Хто вінаваты? ... паслы з сялянскіх партый. Яны пляжаць жыццё, яны ствараюць неспакой. Яны адрываюць спакойны люд ад працы, баламуцяць яго на свой спосаб. ... Яны ..., паслы, ... разгойдваюць спакой грамадства і ўлад, і што найгорш - гэтая зграя спусташальнікаў заўжды непакараная» [146].

Да польскіх правых арганізацый, якія арыентаваліся на Нацыянальна-дэмакратычную партыю Рамана Дмоўскага, адносіўся Лідскі Народна-Нацыянальны Звяз (Zwiаzek Ludowo-Narodowy). Найбольш вядомы дзеячам гэтай партыі ў Лідзе быў ксёндз-вікары Лазоўскі. Гэтай жа, «нарадовай», ідэалогіі прытрымліваліся і лідскія аддзяленні Нацыянальнай арганізацыі жанчын і Таварыства польскіх купцоў.

Пасля травеньскага перавароту Юзафа Пілсудскага, наймацнейшай польскай арганізацыяй на Лідчыне стаў «Беспартыйны блок працы разам з урадам» (BBWR) [147]. Структура блока ў Лідзе арганізацыйна аформілася на пачатку жніўня 1928 г., узначаліў арганізацыю доктар Сапоцька, сакратаром аддзела стаў настаўнік Казіцкі [148].

Таксама на Лідчыне працавалі фармальна непалітычныя, грамадскія арганізацыі: Звяз асаднікаў, Звяз дэмабілізаваных добраахвотнікаў, Звяз ваенных інвалідаў (узначальваў - Глушанін), Звяз Стральцоў, Польскі звяз чыгуначнікаў, Звяз жыхароў Ліды, Таварыства афіцэраў запасу (у Лідзе з 1925 г., ва ўправу ўваходзілі паручнік Жалігоўскі, доктар Казубоўскі, ротмістар Дэй, паручнікі Мацевіч і Рыжы). Усе гэтыя арганізацыі разам падтрымлівалі «Беспартыйны блок працы разам з урадам» Пілсудскага [149].

Адну з самых шматлікіх этнічных груп на Лідчыне складала яўрэйскае насельніцтва. Прытрымліваючыся шматвяковай традыцыі, яўрэі жылі адасоблена ад хрысціян па сваіх законах, размаўлялі на сваёй мове, бераглі і захоўвалі сваю духоўную культуру. Меліся розныя яўрэйскія палітычныя партыі, але найвялікшым аўтарытэтам і падтрымкай яўрэйскай грамадскасці карысталіся сіяністы, якія імкнуліся да стварэння ў Палестыне яўрэйскай дзяржавы, і таму знаходжанне яўрэяў у Заходняй Беларусі разглядалася імі як часовае.

Адукацыя, нацыянальна-культурнае і рэлігійнае жыццё

Да Першай сусветнай вайны ў павеце было 27 народных вучылішч і 134 царкоўна-прыходскія школы. Падчас нямецкай акупацыі на Лідчыне працавала 60 народных школ [150]. Пры канцы 1927 г. паведамлялася пра закрыццё ўладамі ўсіх 18-ці літоўскіх школ у Лідскім павеце і пра арышты літоўскіх актывістаў [151].

У 1920-я гг. адукацыя на Лідчыне была амаль што цалкам польскамоўнай. Ішла цяжкая барацьба за беларускія школы.

Польскамоўная адукацыя на Лідчыне . Сярэдняя гімназічная адукацыя працягвалася 8 гадоў і дзялілася на дзве ступені. Першая ступень 1-3 класы, другая ступень 4-8 класы гімназіі. Прычым 1-3 класы гімназіі адпавядалі 5-7 класу агульнаадукацыйнай (powszechnej) школы.

У 1925 г. па ініцыятыве інжынера Станкевіча ў Лідзе была арганізавана дзяржаўная Рамесна-прамысловая школа [152]. Рамесна-прамысловая школа,  Сувальская, 130. Будынак зруйнаваны ў 1965 г. Гэтая школа ад пачатку месцілася ў наёмным будынку былой тытунёвай фабрыкі Віленчыка (Сувальская, 74 - Л. Л.). Будынак меў 2 вучэбныя класы, 3 класы з варштатамі, памяшканне для настаўнікаў, канцылярыю, пакой-склад для гатовых вырабаў, пакой-склад для сыравіны і пакой, у якім знаходзіўся матор. Аднак нават пасля рамонту і неабходных пераробак, па-фабрычны будынак не адпавядаў патрабаванням школы.

У Рамесна-прамысловай школе мелі магчымасць вучыцца 80 вучняў, але ў 1927 г. школа мела толькі 53 навучэнца. Ад пачатку выкладаўся толькі разлічаны на 3 гады курс навучання сталяроў. Прымаліся хлопцы, якія мелі пасведчанні аб 4-х гадовай, пачатковай, адукацыі. Школа не мела інтэрната, і таму ў ёй маглі вучыцца толькі жыхары Ліды ці прыгарадаў. Заняткі пачыналіся ў 8 гадзін раніцы і працягваліся да 18-00 з вялікім перапынкамі ў 1,5 гадзіны на абед.

Аплата за навучанне складала 90 злотых штогод. Акрамя агульнаадукацыйных прадметаў, вучні вывучалі тэхналогію матэрыялаў, эканоміку, чарчэнне, курсы будаўнічага і мэблевага сталярства і атрымлівалі стандартную адукацыю як у 7-мі гадовай дзяржаўнай школе. Агульныя навукі выкладалі дырэктар школы, настаўнік і ксёндз-піяр. Прафесіянальныя навукі і курсы практычных заняткаў у класах варштатаў вялі тры настаўнікі (два родам з Малапольшчы і адзін з Вільні).

Школа мела рухавік унутранага згарання з адмысловай трансмісіяй, які застаўся ад тытунёвай фабрыкі. Планавалася выкарыстоўваць гэты рухавік для мэтаў вытворчасці. Штогод для закупу сыравіны школа атрымлівала дзяржаўны крэдыт, за які потым на працягу навучальнага года расплачвалася, прадаючы свае вырабы [153].

На пасяджэнні Гарадской рады 5 ліпеня 1928 г. было вырашаны перадаць дом, які будаваўся для адзінокіх старых па вуліцы Сувальскай (за праваслаўнымі могілкамі, недалёка ад чыгуначнага пераезду) пад Рамесна-прамысловую школу [154] і хутка школа пераехала ў новы будынак.

У жніўні 1928 г. прэса паведамляла пра сталыя праблемы ў гэтай школе: «Школа існуе ў Лідзе трэці год і мае сталярнае аддзяленне. ... Ёсць у школе шмат дрэннага ... і вінаваты ў гэтым яе дырэктар. Трэба дадаць, што раней, за скандальны характар ужо быў звольнены папярэдні дырэктар. Але лепей не стала. Што бачаць у гэтай школе вучні? Яны бачаць, як іх дырэктар, па адукацыі дарожны інжынер, пагарджае рамяством, але пры тым з'яўляецца дырэктарам рамеснай школы і трымаецца па магчымасці надалей ад майстэрань і выражае ўсяму гэтаму сваю пагарду» [155].

22 верасня 1929 г. да візіту прэзідэнта Масціцкага ў новапабудаваным будынку Рамесна-прамысловай школы (Сувальская, 130) была адкрыта выстава сталярных і слясарных вырабаў вучняў за 1928-29 навучальныя гады [156].

У лютым 1926 г. прэса паведаміла пра пачатак працы гуртка авіямадэлістаў і планерыстаў у Лідзе, кіраваў гуртком нехта з афіцэраў авіяцыйнага палка [157].

У 1926 г., прэса пісала пра ліквідацыю прыватнай яўрэйскай гімназіі Дварэцкага і адкрыццё Гарадской гімназіі, ці гімназіі магістрата [158]. Але гімназія Дварэцкага працавала яшчэ да 1929 г. Гэта яўрэйская каадукацыйная навучальная ўстанова паўстала ў Лідзе пры канцы 1921 г. Гімназія арандавала памяшканне па адрасе: Крывая, 16. У гэтым памяшканні было толькі 4 пакоі пад класы, і таму навучанне ішло ў дзве змены. Ніякага лепшага памяшкання ў горадзе знайсці было немагчыма. Уладальнік гімназіі - Мойша Дварэцкі [159], першы дырэктар - Эдвард Вахмут, у 1923 г. дырэктарам стаў інжынер Фронкель, у 1925 г. - Максіміліян Грынберг. Пры гімназіі дзейнічалі вучнёўскія аб'яднанні - «Братняя дапамога» (дапамагала бедным вучням), літаратурны гурток, школьная гміна (самакіраванне - існавала ў кожным класе). У розныя часы гімназію наведвала ад 300 да 350 вучняў [160].

З 1926 г. па 1934 гг. у горадзе працавала Гарадская ці Магістрацкая гуманітарная гімназія, да 1930 г. яна месцілася ў доме па вуліцы Пілсудскага [161]. Улетку 1928 г. Гарадская гімназія атрымала ад уладаў права адчыніць 8-мы клас, «што з'яўляецца добрай адзнакай для прыватнай установы, якая існуе два гады» [162]. У чэрвені 1928 г. прэса змяшчае аб'яву, у якой 8-класная каадукацыйная гуманітарная гімназія магістрата горада Ліды аб'явіла прыём вучняў ва ўсе класы [163]. На пачатку снежня 1929 г. у памяшканні Гарадской гімназіі дырэктар гэтай навучальнай установы Генрык Пякарскі, прачытаў лекцыю аб тэорыі адноснасці А. Эйнштэйна [164].

У 1921-х годзе пачала працу дзяржаўная Лідская гарадская гімназія імя гетмана Караля Хадкевіча. У той час прэса пісала: «Цяжкая і ахвярная праца ... настаўніцтва сярэдніх школ у Лідзе заслугоўвае павагі. Хто не ведае нашых правінцыяльных стасункаў, не можа сабе ўявіць як шмат трэба цярплівасці, каб у гэтых варунках не страціць энергіі, жадання а наадварот генерыраваць новыя ініцыятывы ... . Настаўнікі Лідскай гімназіі не толькі цалкам прысвячаюць свой час працы з моладдзю, але і па ўласнай ініцыятыве арганізуюць цэлы шэраг чытанняў і навуковых вечароў ... нясуць культуру ў масы» [165].

Новая дзяржаўная гімназія імя Караля Хадкевіча (NAC).

Галоўным корпусам гімназіі быў корпус па вуліцы 3-га Траўня, а філіял размяшчаўся «пры адной з кароткіх і вузкіх вулачак, якія адыходзілі ад Сувальскай і ўжо праз некалькі дамоў утыкаліся ў бліжняе балота. Быў гэта цесны двухпавярховы дом з цэглы. Класы былі невялікія, парты стаялі адна пры адной. Праходы паміж імі былі вузкія, кафедра напірала на першую з лавак, словам нязручнасцяў было вышэй галавы. Вучыліся тут мужчынскія класы ад першага па пяты. Тры старэйшыя - агульныя - і жаночыя класы размяшчаліся ў т.зв. галоўным корпусе, на вуліцы Трэцяга Траўня» [166]. Такім чынам, месца не хапала і было неабходна будаваць новую гімназію.

Першапачаткова на будоўлю новага гмаху гімназіі ўрадам было прызначана 1 400 000 зл., але потым сума зменшана да 800 000 зл. Вядома, што першапачатковы праект гімназіі прадугледжваў значна больш прыгожы і вялікі гімназічны будынак [167].

Архітэктурны праект новай гімназіі быў распрацаваны варшаўскім архітэктарам Ежы Беіл (Jerzy Beill). Рэцэнзія на праект гімназіі нейкага «J. K.» з шматлікімі чарцяжамі надрукавана ў варшаўскім часопісу «Архітэктура і будаўніцтва» № 3 за 1925 г. Абапіраючыся на гэту рэцэнзію мы можам уявіць сабе як бачыў сабе гімназію Беіл і параўнаць плануемае з рэальным будынкам які і сёння з'ўляецца ўпрыгожваннем нашага горада.

Першасны праект Лідскай гімназіі Ежы Бейля не дачакаўся рэалізацыі, бо верагодна, быў занадта дарагі. Аднак планы пабудовы гімназіі не былі адкладзены. Тады Бейль зрабіў пэўную карэктуру першаснага праекту. Памеры будынка былі паменшаны, зменены формы фасадаў. Замест прыгожага, класічнага будынка з цэнтральным рызалітам і багатай дэкарацыяй з «дыяментавай» рустоўкай [168] сцен быў спраектаваны, а потым пабудаваны больш сціплы будынак з выразным ухілам у мадэрнізм. Уплыў функцыяналізму адчуваецца ў бакавых фасадах, апаясаных гарызантальнымі пасамі вокнаў. Гэта яшчэ не ёсць стужкавыя вокны ў стылі Ле Карбюззе [169], пры традыцыйнай канструкцыі будынка гэта было зрабіць немагчыма, аднак аконныя праёмы кожнага з паверхаў злучаны гарызантальнымі ліштвамі ў форме паласы - гэта і стварае выгляд вокнаў Ле Карбюззе. Таксама ідэі функцыяналізму праяўляюцца ў выкарыстанні прынцыпу залежнасці функцыі ад формы. Гэта добра бачна на прыкладзе пабудовы паўдзённага фасада, дзе ад абрысаў агульнага будынка выразна аддзелены аб'ём гімнастычнай залы [170].

У красавіку 1928 г. была афіцыйна аб'яўлена пастанова Міністэрства асветы і рэлігійных веравызнаняў аб пачатку будаўніцтва новага гмаху гімназіі ў Лідзе коштам 800 000 злотых. Адразу, на пачатак будаўніцтва, выдзялялася 400 000 злотых. «Будова гмаху пачнецца на пляцы кс. Фалькоўскага, недалёка да вуліцы Школьнай. Трэба заўважыць, што ў гэтым годзе Ліда ёсць адзіным горадам, які атрымае такія вялікія грошы для будаўніцтва гімназіі» [171]. На пачатку кастрычніка таго ж года ваяводская ўправа ў Наваградку абвясціла таргі на будоўлю гімназіі кубатурай каля 16 250 м3 у Лідзе [172]. Прэса адзначала што новы будынак будзе адпавядаць усім патрабанням «сучаснай культуры» [173]. Ужо пры канцы красавіка паведамлялася, што «на днях у Ліду прыбывае інжынер Сарока з дырэкцыі Публічных работ, каб пачаць будоўлю новай Дзяржаўнай гімназіі» [174].

Пры канцы траўня 1928 г. на пасяджэнні бацькоўскага камітэта гімназіі была абрана новая ўправа, якую ўзначаліў сам ксёндз-дэкан Баярунец. Перад новай управай бацькоўскі сход патрабаваў намагацца перанесці пляцоўку новай гімназіі з Выгану, «які знаходзіцца далёка ад хрысціянскай часткі горада на пляц, які знаходзіцца недалёка ад існай гімназіі - пры вуліцы, якая лучыць вуліцы 3-га Траўня і Пілсудскага, каля месца, на якім хутка павінны пачаць будоўлю новага гмаху Гродскага суда». Сярод прычын неабходнасці выдзялення новай пляцоўцы бацькі назвалі дрэнны балотны мікраклімат на Выгане, вялікія прамысловыя прадпрыемствы ў гэтым раёне і планаваны перанос сюды гарадскога рынку [175]. Цікава, што супраць будаўніцтва гімназіі па вуліцы Школьнай выступалі лідскія чыноўнікі высокага рангу, якія жылі ў калоніі дзяржаўных дамоў на Выгане, але лічылі гэтае месца дрэнным. 3 чэрвеня Лідская гарадская рада разгледзела пытанне замены гімназічнага пляца з Выгану на вуліцу Дварцовую, каля раёна горада, які меў назву Ферма. Выслухаўшы ўсе выступы зацікаўленых бакоў, Рада стварыла камісію з пяці радных, якія былі павінны вывучыць стан рэчаў і зрабіць неабходныя высновы [176]. Праз некалькі дзён, на чарговым пасяджэнні, Рада адмовіла бацькоўскаму камітэту. Цікава, што ў якасці аргументаў супраць пераносу гімназіі, адзін з радных даводзіў, што тады на меркаваны гімназічны двор па вуліцы Дварцовай будуць заходзіць і вытоптваць яго яўрэйскія козы, якія ў вялікай колькасці пасвіліся тут у тыя часы [177].

Пасля выпускных экзаменаў 1928 г. у Лідскай гімназіі газета «Слова» пісала пра строгасць дырэктара гімназіі Мяноўскага: з 57 выпускнікоў гімназію з атэстатам яе закончылі толькі 37 чалавек, астатнія не здалі выпускныя іспыты, што газета тлумачыла лянотай саміх вучняў [178]. Але «Кур'ер Віленскі» прысвяціў Лідскай гімназіі вялікі артыкул, у якім паказваліся сапраўдныя прычыны правальных экзаменаў. Нехта з лідзян у гэтым артыкуле пісаў «пра дрэнны настрой і зло», якія пануюць ў галоўнай навучальнай установе павета: сярод вучняў стымулююць шпіёнства і даносніцтва, шэраг настаўнікаў з Малапольшчы не мае неабходнай адукацыі, але лічаць нармальным для сабе «ўжываць пустапарожнюю фразеалогію і публічна ганарыцца сваім высокім генеалагічным паходжаннем ... . Гэтыя настаўнікі прывезлі з Малапольшчы (не ідзе размова аб усіх настаўніках з Малапольшчы) спецыфічныя адносіны да нас, жыхароў Усходніх земляў ...». Вучні, якія адмаўляліся шпіёніць за сваімі сябрамі, атрымлівалі ад такіх настаўнікаў мянушку «бандыт» і правальваліся на экзаменах. «Апякунская рада гімназіі і бацькі вучняў павінны патрабаваць замены часткі настаўнікаў і расказаць, чаму гімназія мае такія вынікі матуральных экзаменаў. Для нас, жыхароў Ліды гэта вельмі важная справа павінна быць вырашана як найхутчэй» [179].

Бацькі гімназістаў падзяліліся на два лагеры - у адным лагеры падтрымлівалі «строгасць» дырэктара Мяноўскага і экзаменацыйнай камісіі, у другім, бацькоўскім лагеры лічылі вінаватымі педагогаў-прыхадняў. У студзені і лютым 1929 г. гімназію праверыла адмысловая камісія і Тэадор Мяноўскі з пасады дырэктара гімназіі быў пераведзены выкладчыкам у Віленскі ўніверсітэт. Пасля гэтага кансерватыўнае «Слова» прысвяціла яму артыкул-дыфірамб [180].

Увечары 13 траўня 1929 г. адбылося дзіўнае здарэнне, якое, магчыма, было працягам матуральных экзаменаў 1928 г.: нехта паклаў гранату са знятым засцерагальнікам каля дзвярэй кватэры настаўніка гімназіі Калісевіча (Пілсудскага, 9). «Паліцыя пачала расследаванне» [181].

Новая гімназія будавалася хутка, і ў сакавіку 1929 г. ваяводскія ўлады абвясцілі тэндар на заканчэнне будоўлі гмаху Лідскай гімназіі. Але памеры гмаху скараціліся ўжо да 15 829 м3. Як бачым, нават ад будаўнічага праекту, па якім пачыналася будоўля, наша гімназія ў выніку паменшылася амаль што на 450 м3 (ці прыкладна на 100 м2) [182]. Цікава, на чым зэканомілі?

Пасля перасялення Дзяржаўнай гімназіі, Гарадская рада перадала два былыя будынкі гімназіі (па вул. 3-га Траўня і Камерцыйнай) лідскай філіі Віленскага Акруговага суда [183].

24 лістапада 1929 г. адбылося пасяджэнне Бацькоўскага камітэта Дзяржаўнай гімназіі імя Караля Хадкевіча. Ва ўправу бацькоўскага камітэта гімназіі, сярод іншых, быў абраны і Міхал Шымялевіч, навучэнкай гэтай установы ў той час была малодшая дачка гісторыка [184].

У чэрвені 1928 г. Магістрат горада Ліды аб'явіў тэндар на будоўлю гмаху агульнаадукацыйнай школы кубатурай каля 12 610 м 3. Будынак Лідскай агульнаадукацыйнай школы з'яўляецца цікавай ілюстрацый праблемы каадукацыі (сумеснага навучання хлопчыкаў і дзяўчынак) у міжваенны перыяд. Праблема мела вялікі Прэзідэнт Масціцкі падчас ганарова адкрыцця школы імя Габрыеля Нарутовіча  ў Лідзе (NAC). ўплыў на праектаванне школ. Першыя каадукацыйныя школы з'явіліся у другой палове XIX ст. Але каадукацыя яшчэ доўга заставалася дыскусійнай праблемай. Таму школы ў архітэктурным сэнсе часта праектаваліся ў адным будынку, але былі падзеленыя на дзве паловы з асобным уваходам. У вёсках і малых мястэчках сумеснае навучанне мела і эканамічны сэнс з-за невялікай колькасці вучняў. Некаторыя, больш рэдка ўжываныя памяшканні - гімнастычная зала, спецыялізаваныя навучальныя класы ці адміністрацыйныя памяшканні, праектаваліся супольнымі, але так, каб хлопцы не маглі патрапіць на жаночую палову. Такія «сіметрычныя» школы добра атрымлівалася Школы імя Габрыеля Нарутовіча  ў Лідзе, сучасная школа №1. праектаваць у стылі неакласіцызму, дастаткова папулярным у 1920-х гг. у Еўропе. Адно крыло школы было мужчынскім, а другое жаночым, яны мелі свае ўваходы, а ў частцы, якая злучала два крылы школы, месціліся пакоі настаўнікаў, гімнастычная зала, тут жа быў галоўны ўваход у школу [185]. У новым гмаху размясціліся агульнаадукацыйныя школы № 1 і 2, левае крыло для хлопчыкаў, правае - для дзяўчынак. Лідская агульнаадукацыйная школа - ідэальны узор такога праекту, аналагічныя ідэі былі рэалізаваны ў шмат якіх школьных будынках таго часу.

Да канцы 1928 г. ужо павінны былі выканаць земляныя, цяслярскія работы і пабудаваць муры. «Камень і цэглу дае магістрат. Да тэндара будуць дапушчаны толькі зарэгістраваныя будаўнічыя фірмы. ... Праект школы і варункі тэндара знаходзяцца ў Магістраце. ... Ліда, 21 ліпеня 1928 г.» [186]. Так пачыналася будаўніцтва гмаху сучаснай школы №1 г. Ліды.

Пры канцы жніўня 1929 г. прэса пісала: «На будоўлі вялікага падвойнага будынка агульнаадукацыйнай школы імя Прэзідэнта Рэчы Паспалітай ужо цалкам скончаны вонкавыя работы. Так сама заканчваецца будаўніцтва вялікага будынка новай Дзяржаўнай гімназіі» [187].

Як пісалася вышэй, 25 верасня 1929 г. школу ганарова адкрыў прэзідэнт Польшчы Масціцкі [188]. Прэса паведаміла, што акрамя агульнаадукацыйнай школы, дзякуючы Магістрату, ў новым будынку «з пачаткам навучальнага года, адкрыецца ... школа падвышэння кваліфікацыі рамеснікаў» [189].

У новым гмаху размясціліся агульнаадукацыйныя школы № 1 і 2. Да гэтага часу, гарадская агульнаадукацыйная школа № 1 месцілася па адрасе: Замкавая, 25. Гэта бачна з аб'явы пра адкрыццё тут вячэрніх курсаў для ахвотных атрымаць 7-мі класную адукацыю. Так сама тут жа, у рэжыме вячэрняй школы, асобы, якія ўжо скончылі агульнаадукацыйную школу, маглі атрымаць сярэднюю адукацыю [190].

Зараз у будынку агульнаадукацыйнай школы № 1 і 2, адчыненай у 1929 г., месціцца сучасная Лідская школа № 1.

1 верасня 1929 г. прыняла першых вучняў трохкласная гандлёвая школа Піяраў па адрасе: Сувальская, 60. У першы год навучанне пачалося толькі ў першым класе. Прымаліся вучні ва ўзросце 14-17 гадоў, якія папярэдне закончылі агульнаадукацыйную школу ці 4 класы гімназіі [191].

На канец 1929 г. горад меў 3 гімназіі, 4 агульнаадукацыйныя і 4 пачатковыя школы [192], рамесную школу. У павеце меліся школы: 1-на класныя - 163; 2-х класныя - 80; 3-х класныя - 16; 4-х класныя - 5; 7-мі класныя (агульнаадукацыйныя) - 11. Разам 275. Вучылася 24450 дзяцей і працавала 443 настаўнікі. Па-за межамі горада працавалі: рамесная школа ў Ішчалне і сельскагаспадарчая школа ў Бердаўцы [193].

Беларускамоўная адукацыя . 13 лістапада 1925 г. па ўсёй Заходняй Беларусі беларуская грамадскасць святкавала 10-ці годдзе беларускай школы. Першая беларуская школа была адкрыта ў Вільні 13 лістапада 1915 г., практычна адразу пасля акупацыі горада нямецкімі войскамі [194].

31 ліпеня 1924 г. польскі Сейм зацвердзіў пакет законаў (Уставы) аб мовах. Гэтыя законы рэгламентавалі ўжыванне розных моў у школах, дзяржаўных установах, установах самакіравання, судах і г.д. і афіцыйна абмяжоўвалі выкарыстанне беларускай мовы на этнічных беларускіх тэрыторыях. Але пры гэтым дазвалялася беларускамоўная адукацыя на гэтых тэрыторыях і нават фармальна дазвалялася двухмоўе ва ўрадавых установах і судах [195].

Пасля прыняцця гэтых законаў распачалася шырокая кампанія па зборы подпісаў бацькоў на адкрыццё беларускіх школаў. У 1925 г. заходнебеларускія сяляне падалі 16 тысяч заяў на адкрыццё 400 школаў на роднай мове, але ў выніку ва ўсёй Заходняй Беларусі былі створаныя 27 польскіх і 15 дзвюхмоўных школ. Шматлікія перашкоды чыніліся ўладамі ўжо на самым першым этапе збору подпісаў, і звычайна моўныя законы няўхільна выконваліся толькі пры патрэбе ліквідаваць беларускую школу, створаную раней [196]. Пра ўсё гэта яскрава сведчаць шматлікія факты, данесеныя да нас беларускай прэсай таго часу.

Яшчэ ў 1923 г. была прыпынена дзейнасць першай на Лідчыне афіцыйнай беларускай школы ў Зблянах, якая была пабудавана самімі сялянамі пры канцы 1915 г. «Усе нашыя людзі былі рады, што дзеці неяк шыбка навучаліся і чытаць, і арытмэтыкі. Але хутка здарылася няшчасьце: нашага вучыцеля інспэктар Лідскага павету, пан Вайтовіч прымусіў паехаць на польскія курсы ў Кракаў, а другога вучыцеля-беларуса на яго месца не прызначыў, і замёрла наша беларуская школа» [197].

Вясной 1925 г. жыхары вёскі Збляны падпісалі да павятовага школьнага інспектара дэкларацыю за беларускую школу, а потым, не гледзячы на ціск, дружна патрабавалі свайго [198]. Тады ўлады вырашылі перанесці будынак Зблянскай школы ў Беліцу. Сяляне, высілкамі якіх гэта школа будавалася, пісалі пратэсты ў Міністэрства асветы і да мясцовых уладаў, аднак адказу не атрымалі. У лютым 1926 г. «ад староства прыехалі тэхнікі ўжо разьбіраць гэты будынак. На дамаганьне кіраўнікоў разбору, каб сяляне далі рабочых і падводы, усе жыхары в. Збляны катэгарычна адмовіліся і на сходзе вырашылі зрабіць яшчэ адпаведныя крокі, каб уратаваць з такім трудом збудаваную іхнімі рукамі для сваіх дзетак школу, для чаго праз дэлегацыю зьвярнуліся да Пасольскага Клюбу Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады аб атрыманьні іх дамаганьняў» [199].

Па справе школы дэлегацыя зблянскіх сялян адмыслова сустрэлася ў Вільні з беларускім паслом у Сейм Сымонам Рак-Міхайлоўскім, які як раз у гэты час лячыўся ў Вільні. Рак-Міхайлоўскі, не мог асабіста выехаць у Варшаву і таму 17.01.1926 г. даслаў тэлеграмы ў міністэрствы Асветы і Ўнутраных спраў гэткага зместу: «Назначаны праз Лідзскага Старасту супраць волі гміннай рады войт Беліцкай гміны Вадэйка пад намовамі ксяндза з фальварку Няцеча проці волі ўсяе люднасьсці пераносіць з дазволу Старасты школьны будынак, збудаваны мяйсцовай люднасьцю з вёскі Збляны да мястэчка Беліца Лідзкага павету. Пратэстуючы проці бяспраўя і пагвалчаньня правоў беларускай люднасьці, прашу аб безадкладным затрыманні разборкі будынку да часу належнага вырашэння гэтае справы паводле скаргі сялян вёскі Збляны, перасланай Беларускім Клюбам да Міністэрства Асьветы ў красавіку леташняга году.

Рак-Міхайлоўскі, дэпутат» [200].

Абараніць сваю школу беларускія сяляне не змаглі.

Селянін з вёскі Агароднікі, што каля ракі Нёман, пісаў, што ў іх «да 1923 г. была сякая-такая школа. Бывала, дзеці зьбяруцца, дык хоць пагуляюць. Дый большыя хадзілі да вучыцелькі на курсы ўвечары. Але пераехала гэтая школа ў Ганцавічы. Дзеці пахадзілі год ... і перасталі» [201].

На працягу ўсяго 1924 г. за беларускую школу змагаліся сяляне Дакудаўскай гміны. Жыхары вёсак Альхоўка, Пудзіна і Васілевічы прагаласавалі за адкрыццё беларускіх школ, аб гэтым склалі «прыгаворы», і ўсе падпісаліся пад імі. Але камендант дакудаўскай паліцыі Жарко, загадаў паліцыянту Александровіку адабраць гэтыя «прыгаворы». Александровік «прышоўшы з нейкімі 2 асобамі (мабыць шпікі, бо апрануты ў цывільнае) у в. Альхоўку, прыказаў солтысу Анацку аддаць прыгавор, што солтыс і зрабіў ... (прычым) пагражалі за адчыненне беларускае школы трохмесячным арыштам. Гэтак жа адабралі прыгаворы ад солтыса Стэфановіча ў в. Васілевічы і ад Пудзенскага солтыса Мацэля, ім таксама пагражалі вастрогам» [202]. А 16 кастрычніка настаўніца польскай школы ў Дакудава Білус сабрала сход, на якім прасіла ў сялян дапамагчы школе, у якой не хапала нават лаваў. Сяляне згадзіліся дапамагчы, але толькі тады, калі ў Дакудаве будзе свая, беларуская школа. Каментуючы гэтыя факты рэдакцыя газеты «Сялянская Праўда» пісала: «Дамагацца беларускіх школ можна і трэба. На гэта мы маем права, паводле так-званага «языкавога» ўставу, які прайшоў праз Сейм і Сэнат і абвешчаны Прэзыдэнтам дзеля выпаўнення. На жаль закон гэты застаецца дагэтуль толькі «на языку». Дык трэба болей нам дабівацца свайго, што нам па праву належыць» [203].

Народны карэспандэнт «Дзядзька Язэп» (з вёскі Табала Беліцкай гміны) у сваёй карэспандэнцыі ў газету «Беларускае Слова» сцвярджаў, што ў Табале настаўніцу польскай школы Буг звольнілі за тое, што яна была праваслаўнай веры і адмовілася выйсці замуж за настаўніка-католіка. Пасля гэтага ксёндз з суседняга касцёла пачаў адмоўна пра яе адклікацца, што ў выніку і давяло да звальнення [204].

У лютым 1926 г. на настаўніцкіх курсах у Вільні, адкрытых «Прасветай», вучацца наступныя настаўнікі з Лідчыны: М. Ахнамовіч з Астрыны, П. Шляхтун з вёскі Багоды, А. Шацюк з Лазянаў [205]. Падчас адноснай лібералізацыі ў нацыянальнай палітыкі ў другой палове 20-х гадоў польскія ўлады, каб падняць прафесійны ўзровень настаўнікаў беларускіх школ, у розных гарадах Заходняй Беларусі адкрывалі трохтыднёвыя курсы беларускай мовы, у 1927 г. такія дзяржаўныя курсы працавалі ў Лідзе [206].

Пры канцы 1926 г. большасць жыхароў Ліпнішак падпісала ліст з патрабаваннем увесці вывучэнне беларускай мовы ў школе гэтага мястэчка [207].

У другой палове 1926 г. быў звольнены беларускі настаўнік з вёскі Карнілікі, прычым дакудаўскі войт «... апошнія рэчы забірае, як гэта было з бедным вучыцелем Дзям'янам Ройшай з в. Карнілкі: апошнюю сетку, што рыбу лавіць, забраў войт. Зямлі толькі адну дзесяціну мае гэты вучыцель, службы не даюць, - бывала хоць рыбы зловіць для дзяцей, а цяпер што рабіць?» [208]. Праз нейкі час заступнік Ройшы ў Карнілкаўскай школе, настаўнік Качаноўскі, ладзіў спектаклі ў школе разам з асаднікам Гідзінскім з хутара Пяскі [209].

На пачатку 1927 г. жыхар вёскі Ганчары пісаў, што вось ужо два гады ў Ганчарах настаўнікам працуе былы вахмістар аўстрыйскага войска Пяхура «і так добра вучыць, што баімся, каб нашыя дзеці не зрабіліся яйкакрадамі. Гэты вучыцель адчыніў пры школе крамку вучнёўскіх прыладаў і прымушае дзяцей купляць усё ў яго і толькі ў яго - купленае ў іншым мейсце бракуецца. За сшыткі і алоўкі прыймае грашыма і натурай - пераважна яйкамі ... увесь час заняткаў цягнецца ў дзень ня больш 20 - 30 мінут ...» [210].

Цікавы ліст у газету напісалі жыхары мястэчка Астрына ў 1928 г.: «Даўно ўжо нашыя сяляне адчувалі патрэбу адчыніць ... беларускую школу. Бо зразумелі, якую карысьць дае нам школа польская. Нашых дзетак прымушаюць хадзіць у польскую школу і за тры гады вучэння ня ўмеюць нават напісаць сваё прозьвішча. Па беларуску так сама, бо хаця-ж ёсць у нас «беларуская» вучыцелька, але яна сама ня ўмее па беларуску ... . Яе да нас прыслалі з Пазнані ... . І вось гэтая Вера Крупэвісуўна ... так вучыць па беларуску, што за 2 гады не навучыла нават чытаць па беларуску. А дзе-ж нашыя вучыцялі, якія скончылі настаўніцкія курсы і атрымалі матуру ... ? Іх загналі туды, дзе ні аднэй душы беларускай няма. Пачуўшы з газет, што ў другіх мястэчках і вёсках шмат ужо адчынена беларускіх школ, і нашыя сяляне пачалі складаць дэклярацыю на беларускую ўрадавую школу. Падпісалі ... і панеслі да войта А. Якубовіча ... Дык ён пачаў страшыць, гаворачы: вас будуць за гэта вешаць» [211]. Праз паўгода народны карэспандэнт «М. Бедны» пісаў з таго ж мястэчка, што ў Астрынскай школе фармальна вывучаецца беларуская мова, але настаўніца зусім не ведае беларускую мову, бо прыехала дзесьці з-пад Познані, а калі і скажа некалькі слоў па-беларуску, дык знарок перакручвае іх [212].

Улетку 1928 г. газета «Грамадзянін» надрукавала вялікі ліст нейкага Цецярука пра гісторыю школы ў вёсцы Ленькава Беліцкай гміны. Аўтар пісаў, што ягоная вёска находзіцца «надалей як ад ваяводзтва, так і ад павету, і ад гміны. Гэта адзін з глухіх куткоў нашай Бацькаўшчыны. Беларуская сьвядомасьць пранікла сюды ў 1921 г. дзякуючы беларускай школе, якая была заложана вучыцелем Мікалаем Абрамчыкам. Вучыцель быўшае школы М. Абрамчык (родам з в. Сычовіч, Радашкоўскай гм.), ня гледзячы на непрыемнасьці з розных бакоў, вёў працу даволі энэргічна і цярпліва. Апроч школьных заняткаў днём ён па зімовых вечарох ладзіў курсы для дарослых ... .

Школа была ў сьветлым і даволі прасторным будынку сьв. Я. Камінскага. Дзякуючы стараньням вучыцеля, у школе перш за ўсё погляд спатыкаў вялікага разьмеру Беларускую Пагоню, аздобленую нацыянальнымі сьцягамі, поўкулі па беларуску, карту Беларусі, партрэты бел. паэтаў і інш. Апрача гэтага ў школе была бібліятэка, якой карысталіся апрача вучняў і дарослыя.

У канцы 1922 года Мік. Абрамчык, здаўшы школу вуч. Мікалаю Чыжэўскаму, выехаў па далейшыя навукі» [213].

З новым настаўнікам школьныя заняткі праводзіліся нерэгулярна, бо Чыжэўскі быў пад наглядам паліцыі і кожны дзень хадзіў «мэльдавацца». Пад канец вучэбнага года настаўнік наогул уцёк з-пад нагляду паліцыі, бо яму, як беларускаму актывісту, пагражаў суд. У 1924 г. школьны інспектар прыслаў польскага настаўніка, «нейкага пана Гавэнду, да якога дзеці не маглі ніяк прывыкнуць, а ні ён да дзяцей. У 1925 годзе школа перайшла пад кіраўніцтва вучыцелькі Пшэзьдзецкай, якая перанесла школу ў вёску Клочкава» [214].

Улічваючы ўсё вышэй сказанае, гранічным цынізмам з'яўляліся словы, надрукаваныя ў ваяводскай газеты «Наваградскае жыццё» аб тым, што беларусы не маюць цягі да адукацыі ды і проста не хочуць вучыцца [215].

Беларуская прэса. У верасні 1926 г. беларусы святкавалі 20-ці годдзе беларускай прэсы.

У 1920-я гады беларуская прэса рознай накіраванасці дастаткова вольна распаўсюджвалася ў горадзе і павеце. Напрыклад, паведамлялася, што ў верасні 1928 г. у Лідзе адкрыта і пачала працаваць кнігарня Беларускага Гаспадарчага Звязу па «Замкавай вуліцы № 8. Гэта найлепшая й найбайчэйшая вул. у Лідзе». У кнігарні прадаваліся ўсе беларускія кнігі і газеты, якія выдаваліся ў Заходняй Беларусі, з польскіх кніг тут прадаваліся толькі падручнікі для школ. Апрача таго тут можна была набыць «усе пісьменныя і канцылярскія тавары і прылады. Цэны не даражэйшыя, а часта навет танейшыя, як у Вільні» [216].

У прэсе таго часу стала сустракаецца інфармацыя розных палітычных груповак аб распаўсюдзе беларускай прэсы і супрацьдзеянні гэтаму ўладаў. Напрыклад, пры канцы 1925 г. газеты паведамілі, што паліцыя ў Лідзе канфіскавала большую частку нелегальных беларускіх друкаў «антыдзяржаўнай накіраванасці» [217]. Увесну 1926 г. жыхары мястэчка Сабакінцы (зараз Першамайскае Шчучынскага раёна) жаліліся ў газету, што новы загадчык пошты, былы арганіст касцёла, не выдае падпісчыкам беларускія газеты: «… атрымалі толькі першыя №№ "Беларускай Нівы", апошніх дык ніхто. Газеты нашы шмат хто бачыў у каапэратыве "Еднасць" з паадрыванымі адрасамі» [218]. І наадварот, у паліцыю звярнуўся Ян Лашкевіч са скаргай на рэдакцыі газет «Сялянская Ніва» і «Беларуская Ніва», якія дасылаюць яму нумары гэтых газет, «якія ён, як паляк, ніколі не выпісваў» [219].

Рэлігійнае жыццё. Большасць праваслаўнага духавенства была выхавана ў царскай Расіі ў вялікадзяржаўным рускім духу. Таму дзейнасць значанай часткі гэтых святароў выклікала небеспадстаўныя падазрэнні ў польскіх улад. Напрыклад, настаяцель прыходу ў вёсцы Збляны Лідскага павета Ваўкоўскі, восенню 1924 г. з-за «нелаяльных адносін да польскай дзяржаўнасці» быў пазбаўлены пасады i аддадзены пад суд па артыкуле 108 Крымінальнага Кодэксу Рэчы Паспалітай [220].

Жыхар г. Ліды пісаў у 1923 г. у беларускай газеце «Новае Жыццё»: «З прыходам сюды польскай улады была адабрана ад праваслаўных беларусаў ядыная ў месце царква (Святога Арханёла Міхаіла - Л. Л.). Уся зямля, належачая да царквы, адабраная ад царкоўнага прычта, а таксама і дом, які быў пабудаваны высілкамі праваслаўнай парафіі. Сьвяшчэннік пазбаўлены сваёй кватэры і прымушаны мець куток для сябе ў прыватнай сямьі. Праваслаўных парахвіян Лідскае царквы налічваецца да 4000 чалавек, якія ... прымушаны сілай рэчаў маліцца ў невялічкай цэркаўке-каплічцы на могілках, якая знаходзіцца ад цэнтра места, пры выезьде з Ліды, і ў ранейшыя часы была толькі местам адпявання нябожчыкаў. Царква гэтая ніколі ў сьвяточныя дні, а асабліва ў такія сьвяты, як Каляды, Вялікдзень, ня можа зьмесціць і дзесятай часткі ўсіх, якія хочуць памаліцца» [221].

Настаяцель Лідскай Свята-Георгіеўская царквы а. Уладзімір Кірык у другой палове 1920-х гг. быў актыўным дзеячам беларускай паланафільскай арганізацыі «Часовая беларуская рада» (ЧБР) на чале якой стаяў А. Паўлюкевіч. Газета «Беларуская справа»: «На трэйцяга мая ў нашай царкве была сказана казаньне ў вельмі патрыятычным духу. Хвалілі надта канстытуцыю, - што яна найлепшая ўва ўсім сьвеце, што ў Польшчы ўсе роўныя, што ў Польшчы ня жыцьцё, а рай. Заклікалі не хадзіць пад чырвоным сьцягам, бо ходзіць з ім толькі «шантрапа», якая зьяўляецца ворагам царквы і духавенства. Адным словам надта далёка заехаў «бацюшка» ў палітыку.

І нашто ўсё гэта?! Ясна - каб падлізацца, каб высунуцца перад уладай, каб быць добрым на «счету». Але айцы духоўныя, адна вам чэсьць і доля, толькі б вы ня лізаліся! Лідчанін» [222].

Праз два месяца газета Беларускай Грамады пісала пра лідскага святара: «Выслугоўваюцца. Дзівіліся мы, скуль раптам сталі атрымоўваць некаторыя жыхары дэфэнзыўную газэціну «Беларускае Слова». Думалі мы, што самы пачалі выпісваць, каб паправіць сабе «марку» ў паліцыі. Аж - не! Аказваецца, гэта поп наш з дзяком працуюць у гэтым напрамку. Поп у царкве намаўляе, а дзяк ходзіць па хатах і нахалам выманьвае грошы на Паўлюкевічаўскія газеты. Ці грошы пасылае ў рэдакцыю, - не ведама, але адрасы, відаць падае. І чаму гэта? Аказваецца, - у папы рыхтуецца, дык хоча перад здабыць сабе марку! Бо-ж цяпер ваявода больш значыць, чым мітрапаліт у царкоўных справах! Лідчанін» [223]. Палітычную актыўнасць а. Уладзіміра у наступным годзе асвятляла беларуская газета «Наш голас»: «"Айцец духоўны" стараецца. У м. Ліда поп Уладзімір Кірык, каб змагацца з Грамадой па цэлым Лідзкім павеце, залажыў ў Лідзе аддзел паўлюкевічаўскай дэфэнзыўнай Рады. Кіраўніком аддзелу паставіў свайго дзяка, - чалавека скалечанага фізычна і духоўна, - а ў сябры аддзелу ўвайшлі: царкоўная старажыха, ды сын і дачка яе. Адным словам, увайшлі ў аддзел увесь клір ды пара цёмных фігур. Вось і пайшла праца. Сам-жа поп заразжа пасля арыштаў паехаў на павет з паўлюкевічаўскімі адозвамі і пачаў падкідваць іх усім фурманкам, якія толькі спатыкаў па дарозе. Ну, вядома: народ разабраўся, у чым тут справа, і шчасьце папа, што ад'ехаў далёка, а то людзі хацелі дагнаць яго і добра "падзякаваць" за яго работу. Такі выпадак быў у Лябёдскай гміне ... . Дарма Паўлюкевіч дае авансікі на лідзкі аддзел, бо гэты аддзел ня дасягае сваёй мэты, да гэтага часу не ўдалося яму справакаваць ніводнага гуртка Грамады. Той сама поп, ня гледзячы на тое, што большасьць прыхаджан хоча сьвяткаваць па старому, проціў волі ўсіх служыць па новаму стылю. І нічога дзіўнага. У мінулым годзе ён атрымаў за гэта аднаразовай дапамогі 500 зл., а ў гэтым напэўна даслужыцца да тысячы. Праныра» [224]. Аўтар гэтай карэспандэнцыі не надта памыляўся ў ацэнцы матэрыяльнай дапамогі святару, настаяцель а. Уладзімір Кірык у 1926 г. толькі за сакавік i красавік атрымаў ад дзяржавы 65 злотых [225].

Тым не менш Уладзіміра Кірыка хутка змяніў святар Жданаў, які ў 1928 г. за ўдзел у перадачы Маламажэйкаўскай царквы рыма-католікам, Епархальнымі ўладамі быў пазбаўлены сваёй пасады [226]. Часопіс «Голас Праваслаўнага Беларуса» пісаў: «Сэнсацыяй апошняга часу ў царкоўных кругах з'яўляецца звальненне - пад націскам прыхаджан - настаяцеля царквы ў Лідзе протаіерэя Жданава за цэлы рад надужыцяў ... . Протаіерэй Жданаў асабліва ўславіўся тым, што, будучы Лідскім благачынным здаў старэйшую ў краі знамянітую (сваёй архітэктурай) Мала-Мажэйкаўскую царкву каталікам, навет не паведаміўшы аб гэтым сваячасна Епархіяльную Уладу. За гэта ён тады быў толькі звольнены з становішча благачыннага» [227].

Пра перадачу Маламажэйкаўскай царквы ў рыма-каталіцтва трэба расказаць больш падрабязна. З 1863 г. па 1926 гг. гісторыя Маламажэйкаўскай царквы была звязана з яе настаяцелем а. Львом Савіцкім. Савіцкі быў прызначаны Ковенскім епіскапам Аляксандрам настаяцелем Маламажэйкаўскай царквы адразу пасля заканчэння поўнага курса Літоўскай духоўнай семінарыі. На жаль, пра гэтага чалавека вядома няшмат. Ён нарадзіўся ў 1841 годзе ў вёсцы Спорава Слонімскага павета [228], і ўсе жыццё прысвяціў сваёй царкве і прыходу, перабудаваў царкву, хоць і тэндэнцыйна, але першым напісаў яе гісторыю і сумленнай святарскай працай заслужыў пашану сярод прыхаджан.

Вельмі пацярпела Маламажэйкаўская царква падчас Першай сусветнай вайны. У 1915 г., калі фронт пачаў набліжацца да Лідчыны, у царкве зрабілі шпіталь для раненых салдат расійскай арміі. Разам з расійскімі войскамі айцец Леў Савіцкі пакінуў родныя мясціны і вярнуўся ў 1920 г. Пасля вяртання ён застаў царкву ў страшным становішчы. Адразу пачаў клапаціцца пра яе аднаўленне.

Польскія ўлады ў той час распачалі працэс рэвіндыкацыі - вяртання раней забраных каталіцкіх храмаў. Але разам з былымі касцёламі час ад часу рабіліся спробы адабраць цэрквы, якія былі раней уніяцкімі і ніколі не былі рыма-каталіцкімі. На жаль, патрапіла ў гэты лік і Маламажэйкаўская царква, хоць вакол яе ў той час пераважала праваслаўнае насельніцтва.

Вярнуўшыся на радзіму, айцец Леў Савіцкі на той час быў адным са старэйшых святароў Віленскай епархіі. Анкетны ліст прычта царквы, складзены ў той час, дазваляе ўявіць стан прыходу на пачатку 1920-х: прычт меў 63 дзесяціны зямлі, прыход складаўся з паўтарох тысяч вернікаў, у яго склад, акрамя сваіх, уваходзілі і вёскі зачыненага Васілішскага прыходу. Святар жыў у доме каля храма, дом знаходзіўся ў вельмі дрэнным стане [229].

Часопіс «Праваслаўны беларус» пісаў, што Маламажэйкаўская царква вельмі спадабалася чыгуначным службоўцам: католікам з суседняй станцыі Скрыбаўцы, якія і падалі хадайніцтва каталіцкаму біскупу пра перадачу ім царквы [230]. Пэўна, яшчэ адной нагодай стала «нядобранадзейнасць» протаіерэя айца Льва Савіцкага - старога, яшчэ з XIX ста, байца змагання з рыма-каталіцтвам. Лідскі стараста адмовіў яму ў выдачы польскага грамадзянства з-за «палітычнай нядобранадзейнасці», а без грамадзянства святар не мог выконваць свае абавязкі і павінен быў праз нейкі тэрмін пакінуць межы Польскай дзяржавы.

Верагодна, усё гэта і прадрашыла далейшы лёс прыходу: у 1924-м у прычту была адабрана і аддадзена ў арэнду зямля, а 10 кастрычніка таго ж года па распараджэнні Міністэрства асветы і рэлігійных веравызнанняў і пры паразуменні з вышэйшымі ўладамі Польскай праваслаўнай царквы, праваслаўны прыход у Малым Мажэйкаве быў скасаваны. Пісаліся розныя заявы ў адміністрацыйныя інстанцыі, звярталіся да варшаўскага мітрапаліта, ураду і дэпутатаў польскага Сейму з просьбай пра абарону. 4 красавіка 1925 года ў доме святара паліцыяй быў зроблены ператрус, а праз некалькі месяцаў намеснік наваградскага ваяводы даслаў віленскаму епіскапу Фядосію ліст, у якім патрабаваў перавесці Савіцкага ў іншае месца, бо ён «не хоча выконваць распараджэнне польскіх улад і праводзіць агітацыю, шкодную для дзяржавы». Фядосій у сваім адказе, спрабуючы абараніць святара, пісаў, што Савіцкі ўжо глыбокі стары і за сваё амаль шасцідзесяцігадовае знаходжанне на адным месцы зрадніўся з насельніцтвам прыходу, таму перавод яго ў іншае месца можа стаць фатальным. Неўзабаве 85-гадовы стары злёг у ложак і 3 лютага 1926 г. памёр [231].

Аўтар газеты «Беларускае слова», які хаваўся пад псеўданімам «Праваслаўны беларус», пісаў у карэспандэнцыі «Смерць пастыра»: «Ужо некалькі месяцаў хварэў наш дарагі духоўны пастыр - айцец Леў Савіцкі. У сераду, 3-га лютага, яго не стала. Весткі аб яго смерці хутка разыйшліся па ваколіцы і ўсюды выклікалі вылікі смутак і жаль. Леў Савіцкі прабыў у нас у Мураванцы 63 года. ... Але апошнім часам нашаму дарагому пастыру прышлося перанясці адну бяду за другой. Яго прыход пастанавілі скасаваць. Айцец Савіцкі, не гледзячы на свае 90 гадоў, пачаў энэргічна працаваць, каб як-небудзь уратаваць царкву. Ён пісаў заявы да вышэйшых уладаў, потым езьдзілі нават і прадстаўнікі нашага прыходу. Але ўсе гэта дарэмна. Праз нейкі час ад нашага прыходу адабралі ўсю царкоўную зямлю. Гэта было цяжкім ударам для ўсіх нас, а таксама і для нашага пастыра. Клопаты зусім падарвалі яго і без таго ўжо слабыя сілы, і ён хворы паклаўся ў ложак, каб больш не ўстаць.

Здавалася, што памёршы айцец ўжо нікому не перашкаджае. Аднак-жа выйшла інакш. Быў атрыманы ад мясцовага старасты загад, якім забаранялася хаваць нябожчыка каля царквы, прычына... што царква стаіць у населеным месцы. А два месяцы назад, у м. Беніцы Ашмянскага пав., пахавалі свяшчэнніка каля царквы, хаця апошняя і стаіць пасярод мястэчка. ... Дык прыйшлося нясці нашага пастыра за 2 вярсты на могілкі, дзе ў старой капліцы ён і знайшоў свой апошні прытулак» [232].

Павятовы стараста загадаў царкву зачыніць і ключы ад яе перадаць мясцоваму дабрачыннаму. Аднак 25 лютага 1926 г. ў Малое Мажэйкава да псаломшчыка прыехаў камендант паліцыі і адабраў ключы ад царквы. Не атрымаўшы ключы, дабрачынны, у прысутнасці двух святароў і панятых, апячатаў царкву [233].

Тым не менш вернікі працягвалі барацьбу і маліліся ў невялікай капліцы на могілках, якая не магла змясціць усіх прыхаджан. Вось што пісаў у часопісе «Праваслаўная Беларусь» аўтар пад псеўданімам «Мураванскі прыхаджанін» у артыкуле пад назвай «Маламажэйкаўская "мураванская" царква»: «Вось ужо два гады, як нашая Маламажэйкаўская царква ... зачынена. У лютым прошлага года памёр наш свяшчэннік а. Леў Савіцкі. ... З зачыненнем царквы палажэнне ў нашым прыходзе, маючым больш за 2000 душ, стала надта цяжкім. ... шмат прыхаджан не маюць магчымасці бываць у царквах суседніх прыходаў, якія знаходзяцца ад нас на досыць значных адлегласцях. Аб адчыненні царквы парафіяне хлапаталі, дзе толькі можна. Ездзілі ў гэтай справе не толькі да п. старасты і п. ваяводы, але і ў Вільню да Архіепіскапа і ў Варшаву да Мітрапаліта і нават у Міністэрства. Усюды абяцалі разгледзець справу, але ... нажаль ніякіх рэзультатаў не атрымалі. У астатні час нашым дэлегатам у старостве абвешчана, што ўся справа скіравана ў міністэрства; у міністэрстве ж кажуць: "Будзьце спакойны, справа адаслана да мітрапаліта, ад каторага ўсе залежыць", а мітраполія адпраўляе ізноў у міністэрства, кажучы, што ўся справа залежыць ад гэтага апошняга. З'явілася нейкае зачараванае кола. ...». Гэты ж аўтар пісаў, што летам 1927 года ў вёску з прапановай пераходу ў унію прыязджаў уніяцкі святар Васіль Гапановіч, ён меўся ўзяць на сябе перад уладамі справу аднаўлення царквы. Цікава, што «Мураванскі прыхаджанін» у якасці доказу старажытнасці сваёй праваслаўнай царквы спасылаецца на васьміканцовыя крыжы на вежах, якія, як вядома, былі зроблены на надбудаваных вежах толькі падчас рэканструкцыі ў 1872 г. [234]

У 1927 г. царкоўныя ўлады прызначылі ў Малое Мажэйкава новага святара - выпускніка Віленскай духоўнай семінарыі Яна Жарскага. Звесткі наконт службы гэтага пастыра ў Маламажэйкаўскай царкве прыводзіць іерэй Фама Шаплыка ў сваёй кнізе «Радашковічы праваслаўныя»: «На царкве былі ўсталяваны каталіцкія і праваслаўныя крыжы. А. Ян хацеў прыбраць каталіцкія крыжы, але католікі данеслі на яго ўладам, і ён ледзь не трапіў у турму. Пазбегнуўшы арышту ён быў накіраваны ў м. Рудамін, што за 15 км ад г. Вільня» [235]. Гарадзенскі гісторык Аляксандр Горны дапускае, што ўжо ў 1926-1927 гг. рабіліся захады па змяненні знешняга выгляду храма з разлікам, што ён раней ці пазней будзе належаць католікам. Каталіцкія крыжы, якія збіраўся прыбраць святар Жарскі, верагодна, былі ўсталяваны на прытворы царквы [236].

9 лістапада 1928 г. было праведзена асвячэнне храма [237]. У гэты дзень Лідскі стараста прывёз мясцовага дабрачыннага протаіерэя Ўладзіміра Жданава і загадаў зрабіць улік царкоўнай маёмасці, пасля чаго абразы былі вывезены з царквы, іканастас дэмантаваны, а царква перададзена рыма-каталіцкай грамадзе [238]. Як ужо пісалася вышэй, за ўдзел у перадачы царквы лідскі дабрачынны Жданаў епархіяльнымі ўладамі быў пазбаўлены сваёй пасады [239]. Лідскі стараста Багаткоўскі праз газету «Беларуская зарніца» адказаў на абвінавачванні ў захопе царквы (гл. дадаткі).

Віленская газета «Слова» пісала: «Вяртанне старажытнай святыні. ... курыя атрымала інфармацыю ад кс. каноніка Гіпаліта Баярунца, Лідскага дэкана, што каталіцкаму касцёлу вярнулі святыню ў Скрыбаўцах, ці па іншаму ў Мураванцы. Святыня гэта з'яўляецца адным з цікавейшых помнікаў касцельнай архітэктуры, пабудавана ў XVI ст. Юндзіламі ... і ў XVIІІ ст. адрэстаўраваная Кастравіцкімі, пасля падзелаў перароблена ў праваслаўную царкву. Гэты касцёл стаіць у каталіцкай ваколіцы, а праваслаўныя маюць царкву блізка, ў Лебядзе, і таму перадача католікам у маральным сэнсе бездакорная» [240]. У гэтым артыкуле ўсё няпраўда, царква ніколі не была рыма-каталіцкім касцёлам і стаяла сярод праваслаўнага насельніцтва.

Храм стаў касцёлам пад вызнаннем Валадара Езуса Хрыстуса. Новая каталіцкая парафія, замест Маламажэйкаўскай, пачала называцца Скрыбаўскай, бо менавіта там пражывала асноўная маса католікаў. Захаваліся імёны каталіцкіх ксяндзоў, якія да вайны служылі ў Мураванцы: Павел Чаплоўскі, Мікалай Вагнер, Уладзіслаў Мончка [241].

Уладальнік маёнтка Скабейкі, і, верагодна, прыхаджанін новага касцёла Анджэй Раствароўскі пісаў: «... старая абарончага тыпу царква ў Скрыбаўцах, была пераведзена ў каталіцкі касцёл, утворана новая парафія і паселены каталіцкі пробашч. ... касцёл у Скрыбаўцах ад пачатку цешыўся добрым наведваннем як католікаў так і праваслаўных, а праз год праз шлюбы, шмат асоб перайшло ў каталіцызм. Нажаль, першы пробашч, кс. Вагнер не быў падобны на Жаброўскага (праваслаўнага святара царквы ў Дзікушках, чалавека разумнага і станоўчага - Л. Л.). Быў ярым эндэкам [242] і на сваім месцы пачаў змагацца з ветракамі, без сэнсу падаючы ўсе ўрадавыя ініцыятывы як ініцыятывы Маршала Пілсудскага. У ваколіцы ўсеянай асаднікамі, з досыць моцна развітай камуністычнай прапагандай - гэта не мела рацыі» [243].

Сярод папераў прафесара архітэктуры Ю. Клоса ў Дзяржаўным архіве Літвы захоўваецца перапіска прафесара с ксяндзом Чаплоўскім і абшарніцай Мейер у 1929-30-х гг. аб перабудове Маламажэйкаўскай царквы пад касцёл [244]. Дарэчы, пра сваю суседку, актывістку новай каталіцкай парафіі, абшарніцы з маёнтка Воўчышкі, Анджэй Раствароўскі пісаў: «... пані Яніна Мейер з Паплаўскіх - вельмі сучаснай, арыгінальнай і больш радыкальнай за моладзь асоба. Яна раздала частку сваёй спадчынай маёмасці суседскім сялянам што ў выніку прынесла ёй мянушку «сумашедшая» (вар'ятка) [245]. Яе муж інжынер Аляксандр Мейер шмат гадоў быў дарожным інжынерам ў лідскім старостве ... » [246].

Пра п'янства як галоўную бяду вёскі шмат пісалі народныя карэспандэнты ў беларускія газеты, у вёсцы Голдава «быў такі выпадак: на Пятра і Паўла было вялікае набажэнства ў вясковай царкве, прыйшоў адзін крэсны ход з в. Дзікушкі з абразамі, другі з в. Бабры так сама з абразамі. Адным словам сабралася шмат народу каб памаліцца. А на другім канцу вёскі работнікі, напіўшыся гарэлкі, пачалі рабіць гранду і пад вечар дайшло да таго, што прышлося запатрэбаваць паліцыю» [247].

У сярэдзіне 1920-х гг. на вайсковых могілках Ліды была пабудавана капліца-помнік. У лютым 1925 г. старшы капелан, ксёндз Юзаф Бяляўскі праз газету «Слова» падзякаваў усім, хто 31 студзеня спрычыніўся да папаўнення касы будаўніцтва гэтай капліцы, а перад усім «грона непрацуючых паней-гаспадынь ... Шукевіч, Здановіч (старасціна), Сестранцэвіч (інжынярова), Рашкоўскую, Фэглер (прафесарова), Юрагу, Зямкову (капітанова), Мярвінскую (інжынярова), панну Ядвігу Шкоп, Гарлінскую (капітанова), Рашкевіч (інжынярова), Скавінскую, Грэб, Чаславу Мейлун, Баркоўскую, дзякуючы якім была арганізавана імрэза, якая прынесла ў скарбонку будаўніцтва капліцы 634 зл. і 6 гр.» [248].

У 1920-я гады спрабавала адрадзіцца скасаваная царскім урадам унія. Напрыклад у 1926 г. газета «Беларускае Слова» паведамляла з Ліды: «Нядаўна ў нашым горадзе адбыліся лекцыі вуніята Леснабродзкага на тэму: "Чаму я стаў каталіком" і "Памылкі праваслаўя і яго плады". На лекцыі было каля 40 чалавек ...» [249].

У кастрычніку 1926 г. у вёсцы Некрашунцы адбылося ўрачыстае адкрыццё мячэці [250].

У траўні 1928 г. усе каталіцкія парафіі Лідчыны інспектаваў Арцыбіскуп, Мітрапаліт Віленскі ксёндз Ялбжыкоўскі [251].

У чэрвені таго ж года ў Вільню з Ліды прыбыла рэлігійная парафіяльная пілігрымка, у якой удзельнічала каля 600 чалавек. Пасля аднадзённага адпачынку пілігрымка пайшла да Кальварыі [252].

29 ліпеня 1929 г. ксёндз-дэкан Гіпаліт Баярунец высвяціў капліцу ў Мінойтах. Капліцу ў гонар незалежнасці яшчэ ў 1919 г. пачала будаваць фундатарка Гудачэўская з Мінойтаў але ў 1920 г. бальшавікі разрабавалі яе маёнтак, і таму будаўніцтва было скончана толькі ў 1929 г. [253]

Культурнае жыццё Лідчыны . На пачатку 1927 г. Кола аматараў навукі ў Лідзе (Kola Akademikоw Lidzian) у зале Дзяржаўнай гімназіі ладзіла лекцыю па гісторыі горада Ліды. Лекцыю прачытаў Станіслаў Петрашкевіч, магістр права, былы старшыня Звязу аматараў навукі Наваградскага ваяводства, «слухачоў было так шмат, што за дзве гадзіны да пачатку лекцыі ў зале ўжо не было вольнага месца» [254].

У сакавіку 1927 г. у Лідскім старостве адбыўся арганізацыйны сход павятовага Камітэта фізічнага выхавання, сход вітаў Лідскі стараста Здановіч [255].

Пры канцы 1927 г. пачала працаваць радыёстанцыя ў Вільні. Гэтая радыёстанцыя рабіла перадачы, прысвечаныя жыццю Лідчыны, а таксама культурніцкія і забаўляльным перадачы і таму была папулярнай сярод слухачоў нашага горада Брама замка ў стылі 'Jagdschlösschen'. [256]. Дарэчы на пачатку 1927 г. у газеце «Кур'ер Віленскі» з'яўляецца рэклама крамы ў Лідзе, якая пачала гандляваць радыёпрыёмнікамі. Крама належала віленскаму радыётэхнічнаму таварыству «Элекрыт» і месцілася па адрасе: вуліца Сувальская, 65 [257].

У сярэдзіне 1927 г. В. Янушайціс заснаваў у Лідзе штотыднёк «Лідскае жыццё» («Zycie Lidzkie»). У красавіку 1928 г. гэта газета стала штодзённай газетай, якая выходзіла як частка штодзённай газеты «Наваградскае жыццё» [258].

6 лістапада 1927 г. рэдактар А. Забенскі выпускае штотыднёвік «Лідскі голас» («Glos Lidzki»). Рэдакцыя знаходзіцца ў Варшаве, і там друкуецца газета. У Лідзе ў друкарні Ш. Зяльдовіча друкуецца дадатак да «Лідскага голаса», які меў назву «Лідскія ведамасці» («Wiadomosci Lidzkie») - газета ваяводскай управы Партыі Працы. Газета перастала друкавацца ў 1928 г. У 1929 г. Якуб Пупко заснаваў газету «Lider Wokenhlat» на яўрэйскай мове [259].

У Лідзе стала гастраліравалі розныя тэатральныя трупы, часта прыязджаў знакаміты тэатр «Рэдута», напрыклад 20 лістапада 1928 г. гэты тэатр паказваў у Лідзе спектакль «Цар Павел І» [260] па п'есе Меражкоўскага, а ў верасні 1929 г. у кінатэатры «Нірвана» - камедыю «Прыяцелі», «прадстаўленне прайшло ў перапоўненай зале, чаго Ліда ўжо даўно не бачыла» [261].

Пры канцы 1928 г. гімназічная моладзь Ліды саматужна высунула праект пабудовы помніка Незалежнасці. Планавалася на адмысловай табліцы змясціць прозвішчы загінуўшых у баях з бальшавікамі лідзян. З выкладчыкаў і навучэнцаў гімназіі была ўтворана адмысловая камісія, якая звярнулася ў Магістрат па дазвол на усталяванне помніка ў скверыку на плошчы Славы [262]. Пасля атрымання дазволу для ўсталявання помніка аб'яўлены збор грошай і распачаты продаж жэтонаў на 3, 10 і 25 злотых [263].

У лютым 1929 г. у зале староства прайшоў канцэрт і дансынг, зборы ад іх пайшлі на будаўніцтва санаторыя ў Наваельні і рамонт пераасвечанай у касцёл царквы ў Мураванцы. Перад лідзянамі выступіла вядомая па выступах па радыё спявачка з Варшавы Ірэна Жараўская і мясцовы спявак Зыгмунт Пратасевіч [264].

У 1929 г. была праведзена кансервацыя замка Гедзіміна: «муры пакрытыя цэментам, заложаны дзюры, і замак будзе існаваць яшчэ доўгія гады. На адным з кутоў замка нават часткова рэканструяваны парэшткі вежы ... забыліся аднак пра браму ... мінула ужо 10 гадоў, як сышлі немцы, але да гэтага часу не знаходзілася грошай, каб замяніць браму нямецкай работы ў стылі "Jagdschlösschen" [265]. Падчас свайго прыезду агледзеў прэзідэнт замак... брама ўжо была знятая і стаяла ў баку» [266].

Пры канцы 1924 г. у вёсцы Ашуркі Лідскага павета артысты-аматары паказалі сялянам некалькі п'есаў, сярод іншых і аднаактавую п'есу-жарт Радзевіча «Збянтэжаны Саўка» [267].

Пры канцы 1925 г. на Міжнароднай выставе дэкаратыўнага мастацтва ў Парыжы народныя тканіны, вытканыя ў Лідскім павеце атрымалі срэбны медаль [268]. А ў 1929 г. агульнапольскі прыз і грашовую ўзнагароду атрымала сялянка з вёскі Дакудава Ганна Лопка за вырабленыя ёй кілімы [269].

У 1927 г. беларускі драматычны гурток стварыў настаўнік пачатковай школы ў вёсцы Бабры Антон Ахрэмчык: «... акуратна зьбіраліся тры разы на тыдзень па вечарох у школу, дзе амаль цэлую ноч рабілі рэпітыцыю... . За тыдзень да сёмухі самі артысты збудавалі сцэну ў школе ... Апошняя рэпітыцыя адбылася з вялікім пад'ёмам ў суботу перад сёмухай, 11 чэрвеня ўвечары. Усе артысты разыйшліся пасьля поўначы, хоць вельмі змораныя, але моцныя духам, цешачыся, што рэпэтыцыя выйшла як ня трэба лепей і шчыра прасілі ў Бога на заўтрашні дзень нагоды. Патрэбная дэкарацыя была з густам выканана мастаком Сьцяпанам Пуцькай, які з вялікім спагаданьнем аднёсся да пастаноўкі спэктаклю. На заўтра, 12 чэрвеня, хоць пагода была кепская, ліў дождж, але артысты не ўпалі духам і з самай раніцы зносілі крэслы, услоны, лаўкі, дзе хто што дастаў, у школу ... . Артыстамі былі хлопцы і дзяўчаты ... з вёскі Бабры. ... увесь чысты даход ад спэктаклю паступіў на павялічэньне школьнай бібліятэкі» [270].

Але, на жаль, такой інфармацыі пра самаарганізацыю беларусаў не шмат. Значна часцей у прэсе сустракаецца скруха пра нецікавае жыццё і заклікі, каб прыехаў нехта і зрабіў нешта добрае для сялян, расштурхаў іх ды наладзіў культурнае жыццё. Падобна на тое, што культурныя ініцыятывы былі рэдкасцю і зыходзілі толькі ад настаўнікаў ці святароў а газеты і кнігі да сялян часцей за ўсё не даходзілі: «... (сяляне) кажуць шта-дзе нам думаць аб газетах, калі патрэбна думаць аб кавалку хлеба, аб тым, каб заплаціць падаткі і г.д., а моладзь зусім ня цікавіцца культурай і ня хоча аб нічым гутарыць, а сабяруцца дзе на музыку, пагуляюць скокамі ды і разайдуцца па хатах, як-бы так і добра» [271].

Іншы народны карэспандэнт пісаў пра культурнае жыццё нашай вёскі, параўноўваючы Лідскі і Маладзечанскі паветы: «... павет Маладзечанскі. Там трудна знайсьці такую вёску, у каторай-бы ня было якой-небудзь культурнай установы, ці то аадзелу «Прасьветы», ці Т-ва беларускай Школы ці Беларускага Інстытуту Гаспадаркі і Культуры. ... У Лідзкім павеце народ ужо зусім інакш жыве ... ня хоча ўнікаць у культурную працу. Узяць тыя вёскі, якія я добра ведаю ... Голдава, Вялікае Сяло, Малышы, Цьвербуты, Ігнаткаўцы, Губейкі, Вольгаўцы, Пяскі і др. Хоць-бы ў адну з гэтых вёсак пранікла беларуская газета альбо хоць-бы адна з гэтых вёсак мела якую-небудзь асьветную альбо гаспадарчую ўстанову, апрача в. Голдава, у якой знаходзіцца нібы-то каапэратыва і в. Ігнаткаўцы, дзе знаходзіцца Каса Стэфчыка [272]» [273].

Гаспадарка Лідчыны

Да 1927 г. найбольш развітым горадам Наваградскага ваяводства быў Слонiм. Лiда стаяла на 3-м месцы пасля Баранавiч, і ў тыя часы на Лідчыне ў прамысловасці працавала ўсяго 338 чалавек. З другой паловы 1927 г. пачалося ажыўленне гаспадарчага жыцця, якое працягвалася да канца 1929 г. У гэтыя часы ў Лiдзе знайшліся ініцыятыўныя людзі, здольныя прыцягнуць неабходны капітал. Гэта былі пераважна прамыслоўцы i гандляры-яўрэi, прыватныя капіталы якіх дазвалялі пашыраць справу. Вырашальную ролю мелі прыватная ініцыятыва i прыватны капітал. У 1927-1929 гг. у Лiдзе пачалі працу новыя прадпрыемствы: млыны, тартакi, кафлярнi (вытворчасці кафлі), хімічная фабрыка «Карона» i фабрыка гумовых ботаў «Ардаль». Таннай, некваліфікаванай працоўнай сілы было дастаткова. Дзякуючы свайму становішчу на шляху чыгуначных камунікацый, Лiда ў адрозненне ад большасці гарадоў Наваградскага ваяводства, мела больш спрыяльныя ўмовы для развіцця. У гэтыя гады па развіцці прамысловасці Лiда выйшла на першае месца ў Наваградскiм ваяводстве [274].

У 1920-х гг. хутка развівалася паштовая сетка. У сакавіку 1924 г. тэлефон і тэлеграф з'явіліся ў паштовым аддзяленні мястэчка Радунь [275], у жніўні ў Скрыбаўцах [276], у кастрычніку ў Бастунах [277], у снежні ў Забалаці [278]. У студзені 1926 г. паштовае аддзяленне пачало працаваць у Тракелях [279], у сакавіку тэлефон і тэлеграф з'явіліся на станцыі Гаўя [280]. Летам 1925 г. пачала працаваць тэлефонная лінія паміж Варшавай і Вільняй, якая праходзіла праз Ліду [281]. 2 красавіка 1926 г. Віленская Дырэкцыя пошты і тэлеграфу адкрыла паштовае аддзяленне Ліда-2 на чыгуначным вакзале горада [282]. У ліпені 1926 г. тэлефон і тэлеграф з'явіліся ў Забалаці [283], на пачатку 1927 г. паштовае аддзяленне адчынілася ў Дакудаве [284], у снежні паштовае аддзяленне пачало працаваць ў Нёмане (Сяльцы) [285], у верасні 1928 г. у Ганчарах [286] і Крупаве [287]. На пачатку снежня 1928 г. у Паўночным вайсковым гарадку з'явілася паштовае аддзяленне Ліда-3 [288]. У 1928 г. пачала працаваць тэлефонная сувязь паміж Лідай і Наваградкам з Баранавічамі. Праз Ліду з гэтымі гарадамі тэлефонная сувязь мела і Вільня [289]. У красавіку 1929 г. тэлефонная сувязь з'явілася ў паштовым аддзяленні Бердаўка [290].

Увосень 1925 г. газета «Слова» гэтак ацэньвала развіццё горада: «Ліда хутка развіваецца, з'яўляецца сапраўдным цэнтрам для сваіх 24 гмін. Інтэнсіўна адбудоўваецца пасля вайны, жыццё тут віруе, гандаль квітнее, прамысловасць таксама патроху ўздымаецца. ... Але галоўнае, горад перастае быць ваенным біваком і лагерам - тым чым ён быў шмат год» [291]. Праз год у прэсе пісала, што горад расце, «насельніцтва за чатыры гады вырасла болей чым на тры тысячы чалавек, у горадзе з'явіліся толькі што набытыя і адрамантаваныя дамы за шыльдай "Дом магістрата"» [292].

15 ліпеня 1924 г. у Лідзе адкрылася прадстаўніцтва Польскага банка, агентам яго стаў Лідскі аддзел Прамысловага і Гандлёвага банка [293]. У красавіку 1927 г. Лідскае аддзяленне Кааператыўнага банка (Banku Spoldzielczego) надрукавала справаздачу аб пяцігадовай дзейнасці на Лідчыне. Уласны капітал вырас да 70 000 злотых, чысты прыбытак за 1926 г. склаў 1451 злот, колькасць кліентаў узнялася да 1200 чалавек [294].

Пра добры стан эканомікі сведчыла тое, што ў канцы 1927 г. у Лідзе было зарэгістравана ўсяго 44 беспрацоўныя (у Баранавіцкім павеце - 228) [295]. На пачатку траўня 1928 г. паведамляецца пра 10 беспрацоўных у горадзе, і ўсе яны атрымлівалі дзяржаўную дапамогу [296], а ў чэрвені засталося толькі 6 беспрацоўных [297].

Людзі, якія мелі сталую працу, пачалі нядрэнна зарабляць. Напрыклад, пра добрыя заробкі працоўных лясной фірмы Айзеншдадта і Шарашэўскага, якая месцілася ў Голдаве, пісаў вясковы карэспандэнт газеты «Грамадзянін», да таго ж у гэтай фірме працавала каля 500 чалавек [298].

Улетку 1928 г. управа Наваградскага ваяводства зацвердзіла 8 праектаў будовы новых фабрык, сярод іх і фабрыку кафлі ў Лідзе. «Апрача таго ў Лідзе будзе арганізаваны вялікая фабрыка галёшаў і апонаў для самаходаў. У ліпені маюць павялічыць прадукцыю шкляныя гуты ў Нёмане і Іўі» [299]. А Кааператыўнае таварыства Лідчыны вырашыла пабудаваць механічную пякарню [300].

У красавіку 1928 г. Павятоваму аддзелу Лідскага сейміка, які прасіў пазыку ў 70 000 злотых для арганізацыі 7 бетанярань для вырабу вогнеўстойлівых будаўнічых матэрыялаў, Фондам сацыяльнага забеспячэння ў Варшаве выдзелена 50 000 злотых. Тады ж Павятовае самакіраванне планавала пачаць у горадзе меліярацыю былога парку ў ваколіцах вуліцы 3-га Траўня і ставаў на Вісмантах [301].

У сувязі з ростам прамысловасці з'явіліся экалагічныя праблемы. Жыхар горада пісаў у газету: «У нас ў Лідзе на Сувальскай вуліцы пад №112 месьціца паравы млын "Аўтамат", які ўпіраецца машынным аддзелам да Пастаўскай вуліцы, на якую вылівае з машыны перагарэўшую смалу з вадой. Гэты бруд ліецца па рынштоку каля вокан праз вуліцу, трапляе да гародаў, хлявоў і паскудзіць раку Лідзею, вадой з якой людзі карыстаюцца. Гэты бруд дае вельмі паскудны пах ... Жыхарам ..., якім вельмі надаецца смурод, прышлося сабрацца, паразумецца ды падаць заяву да магістрату. ... Аднак магістрат на ўсё гэта не зьвярнуў увагі. Была пададзена просьба да староства, каб яно ўмяшалася ў гэтую справу ... вынікаў няма. Цікава, што ў Лідзе існуе камісія пры магістраце, абавязкам якой зьяўляецца глядзець за парадкам і чысьціней на вуліцах» [302].

20 траўня 1928 г. адбыўся агульны сход кааператываў Лідчыны «на якім вядомы беларускі каопэратар гр. Буцька злажыў справаздачу аб коопэратыўынм руху ў Лідчыне. Усяго ... ёсць 26 каапэратываў з 28 548 сябрамі. Абарот усіх каапэратываў у 1927 годзе быў роўны 1 614 836 зл. Уласных капіталаў маюць 122 796 зл.» [303].

З 1921 г. па 1.05.1928 г. у Лідзе было пабудавана 358 новых жылых, 5 фабрычных і 186 будынкаў іншага прызначэння. Таксама перабудавана 57 жылых і 5 фабрычных будынкаў. З 358 новых жылых гмахаў - 10 двухпавярховых мураваных, 26 аднапавярховых мураваных і 322 драўляных [304].

У верасні 1928 г. у Лідзе паўстаў грамадскі камітэт па пабудове новага шпіталя [305]. Пры канцы таго ж года Лідская гарадская рада стварыла камітэт пабудовы танных кватэр ў Лідзе. Камітэт зарэгістраваў адмысловы кааператыў, у які маглі запісвацца гараджане, якія жадалі пабудаваць сабе кватэру [306]. Той жа камітэт вырашыў выдаваць пазыкі лідзянам якія страцілі жытло пад час вайны. На гэтыя мэты выдзялялася сума ў 11 200 злотых [307]. Але ініцыятывы па пабудове шпіталя і жытла былі прыпынены сусветным эканамічным крызісам канца 1929 г.

20 лютага 1929 г. паведамлялася, што частка акцыянераў фірмы па вырабе гумовага абутку «Ардаль» [308] Гірш і Гдалія Чарткі, Шымон Савіцкі і Мойша Пупко прадалі свае часткі фабрыкі Мардуху Віленчыку і выйшлі з суполкі акцыянераў. Меер і Зэлман Штэйнбергі, Беньямін і Хайя-Райна Ландэ і Леў Кушалевіч прадалі частку сваіх акцый таму ж Мардуху Віленчыку. У сваю чаргу Мардух Віленчык прадаў частку сваіх акцый Саламону Мейлупу [309].

У красавіку 1929 г. Лідскі сеймік прыняў пастанову, якая дазваляла павятовым уладам узяць крэдыт на пабудову моста цераз Нёман каля Агароднікаў. Агульны кошт будаўніцтва моста - 235 000 злотых, з якіх з дзяржаўнага бюджэту выдзялялася 30 000 злотых, а фірма Столе давала 90 000 злотых. Рэшту планавалася пакрыць банкаўскім крэдытам [310].

10 кастрычніка 1929 г., да прыезду прэзідэнта Масціцкага, у толькі што пабудаваным будынку агульнаадукацыйнай школы пачала працаваць перасоўная агульнапольская прамысловая выстава - больш за 200 фірм паказвалі свае вырабы, у тым ліку выстаўляліся прадпрыемствы нашага горада [311]. Свае вырабы паказвала гута шкла «Нёман» - белы і каляровы крышталь, розны шкляны посуд, высакавольтныя ізалятары і г.д., фабрыка «Ардаль» - гумовы абутак, вырабы фірмы «Філіпс» паказвала лідская фірма «Браты Палячак» - гэтая фірма была прадстаўніком «Філіпса» ў нашым горадзе. «Лідскую металаапрацоўку прадстаўлялі фірмы "Дротіндустрыя", ліцейная і фабрыка сельскагаспадарчых машын братоў Шапіраў, "Бэнланд". Гэтыя фірмы выставілі сячкарні, малатарні і іншыя машыны. Будаўнічую прамысловасць прадстаўлялі лідскія фірмы "Танур", цагельня з Раклішкаў, бетанярня Лідскага сейміка і інжынерна-будаўнічае бюро інжынераў Філаноўскага і Сухоўскага "Беласток-Ліда". Фабрыка "Браты Жыжэмскія і Левін" паказвала ўзоры сукна, якое вырабляе іх фабрыка. Таксама свае вырабы прадэманстравалі "Паравы бровар М. Пупко", "Вытворчасць вяндлін і тлушчу Аляксандра Вярсоцкага", "Механічны выраб вяндлін Андрэя Радзевіча", "Механічная пякарня "Прагрэс", цукерня "Амерыканка". Асобнае месца на выставе займала прадукцыя мясцовай кааперацыі ...» [312].

На апошні перад сусветным эканамічным крызісам 1929 г., планаваўся цалкам збалансаваны па даходах і расходах бюджэт горада Ліды ў памеры 1 714 000 злотых [313].

Будынак Магістрата ў 1930-х гг. і зараз.

На канец таго ж года горад меў 1 685 розных дамоў. Працавалі наступныя банкі: Віленскі прыватны банк і прадстаўніцтва Польскага банка, Гандлёвы Варшаўскі банк, Народы кааператыўны банк, Купецкі банк, Яўрэйскі банк, Ашчадная каса. Былі забрукаваны вуліцы: Пастаўская, Школьная, Пілсудскага, Фабрычная, Гарнянская, Фалькоўскага, часткова Слабада і Пескі. Падсыпаны вуліцы Шаптыцкага, Сядлецкая і Легіяновая. Перабрукаваны: Рынак, часткова Крупаўская і Школьная. Зроблены дзве плошчы: Славы і на рагу вуліц Сувальскай і 3-га Траўня. Не гледзячы на наяўнасць спартовай пляцоўкі ў замку Гедзіміна, было вырашана пачаць будаўніцтва новага стадыёна на 1000 чалавек з тэнісным кортам і бегавой дарожкай (стадыён быў пабудаваны толькі пры канцы 1930-х гг.). Была адкрыта Сейміковая аптэка (уласнасць Будынак Магістрата ў 1930-х гг. і зараз. павятовага сейміка) і 2 аптэчныя склады [314]. У Лідскім павеце меліся 10 сацыяльных прытулкаў - 6 дзіцячых, 3 для старых і 1 для вайсковых інвалідаў. Працавалі два дзяржаўныя шпіталі: у Лідзе на 80 ложкаў і Суботніках на 30 ложкаў, шпіталь у Эйшышках утрымлівала павятовае самакіраванне, яўрэйскі шпіталь на 18 ложкаў у Лідзе ўтрымлівала яўрэйская грамада. Таксама мелася 6 прыёмных медыцынскіх пунктаў.

Тады ж, у першай палове 1920-х гг. За 85 000 злотых [315] быў набыты будынак Магістрата [316]. Параўноўваючы фотаздымкі пры працы над 3D мадэллю горада 1930-х гг. [317], было дакладна ўстаноўлена, што будынак магістрата захаваўся і існуе зараз. Гэта двухпавярховік, пабудаваны каля 1900 г., і зараз стаіць за домам, дзе знаходзіцца магазін «Юбілейны» - сучасны адрас былога Магістрата: Замкавая, 2. На аэрафотаздымку 1944 г. гэта адзіны дом, які захаваўся на гэтай пляцоўцы, бачна, што Магістрат гарэў і не мае страхі. Хутка адрамантаваны адразу пасля вайны, ён страціў усе ўпрыгожванні, але быў атынкаваны. У 1920-30-х гг. гэта быў дом па адрасе: Мацкевіча (Крывая), 6 - Сувальская, 1. Фасадам ён выходзіў на вуліцу Мацкевіча (ранейшую Крывую, пасля таго як зніклі некалькі драўляных дамоў на пачатку Крывой, першым на вуліцы стаў дом № 6) з галоўным уваходам праз прыгожы двор-сад на вуліцу Сувальскую.

У верасні 1924 г. быў ганарова асвечаны вуглавы камень першага дома ў калоніі дамоў чыноўнікаў. На мерапрыемстве выступілі лідскі стараста Здановіч і бургамістр горада Рашкоўскі. Стараста сказаў, што пасля Расійскай імперыі засталіся толькі турмы і гарэлачныя манаполькі, і таму трэба будзе будаваць шмат новага, будоўля калоніі недарагіх дамоў дасць узор стылю і ўзніме агульную культуру. Бургамістр дадаў, што з гэтай калоніі пачынаецца новы, прыгожы раён горада. Стараста і бургамістр падпісалі акт пачатку будоўлі, ксёндз-дэкан Баярунец асвяціў закладны вуглавы камень, пасля чаго стараста замураваў у гэты камень капсулу з актам [318].

Будаўніцтва шасэйных дарог . Пасля Расійскай імперыі ў нашым краі амаль што не было шашэйных дарог. А тыя дарогі, якія меліся, знаходзіліся ў жудасным стане. Падчас Першай сусветнай вайны, як анекдот, пераказвалі словы нямецкага афіцэра, які патрапіў у палон дзесьці каля Баранавіч. Ён сказаў рускім афіцэрам якія яго дапытвалі: «Толькі тут (на тэрыторыі Беларусі - Л. Л.) я зразумеў, як доўга і рупліва вы, рускія, рыхтаваліся да вайны. Бо колькі ж спатрэбілася часу, каб так сапсаваць дарожную сетку! З-за гэтага мы не можам тут наступаць!».

Каб неяк ратаваць сітуацыю, польскі ўрад увёў адмысловы падатак, так званыя «шарваркі» - кожны селянін павінен быў адпрацаваць і вырабіць неабходную норму на працягу года на будаўніцтве дарог. З-за дрэннага стану ці поўнай адсутнасці дарог, у верасні 1928 г. некалькі гмінных рад Лідскага павета ўхвалілі нават дадатковыя шарваркі: Жалудоцкая - 500 м2 на дарозе Жалудок - Ліпічна (павятовая дарога), Сабакінская - 2 000 м2 на дарозе Псінцы - Васілішкі, Шчучынская - 5 000 м2 і 16 700 м3 грунту і жвіру на дарозе Шчучын - Ражанка, Забалацкая - 2 000 м2 на дарозе Забалаць - Васілішкі, Арлянская - 1 000 м2 на дарозе Орля - станцыя Ражанка, Астрынская - 1000 м2 на дарозе Астрына - Шчучын (павятовая дарога), Ражанка - 2 000 м2 на дарозе станцыя Ражанка - Шчучын [319].

Па ўспамінах, каб выканаць норму, даводзілася адрабляць не меней 6 дзён штогод, часта за 10 - 15 км ад сваёй хаты. Зразумела, што такі прымусовы, натуральны - амаль што феадальны - падатак быў вельмі не даспадобы беларускім сялянам. З іншага боку, ажно да канца 1960-х гг., Заходняя Беларусь выгодна адрознівалася ад Усходняй, у тым ліку, і разгалінаванай сеткай брукаваных дарог.

Дарогі будаваліся і за дзяржаўны кошт. У 1924 г. пачалася будоўля шашэйнай дарогі Вільня - Ліда. Камень для бруку і жвір назапашвалі з 1923 г. У 1924 г. на трасе пабудавалі тры масты [320], да лістапада паспелі зрабіць 5 кіламетраў новай дарогі. Кошт аднаго кіламетра трасы ацэньваўся ў 35 000 злотых [321]. Улетку 1928 г. дарогу будавала 200 чалавек [322]. У кастрычніку 1929 г. міністр Пошт і Тэлеграфаў Ігнацы Баэрнер на аўтамабілі правёў інспекцыю дарогі Вільня - Ліда - Гародня і паштовых аддзяленняў па яе шляху [323].

У ліпені 1925 г. пачалося будаўніцтва дарогі Ліда - Ашмяны [324]. У жніўні 1928 г. прэса паведаміла пра пазыку ў 33 000 злотых ад Міністэрства Грамадскіх работ Лідскаму павятоваму сейміку на пабудову даезду да парому ў Гудэлях на шляху Ліда - Радунь і на рамонт павятовай дарогі Ганчары - Агароднікі - Навагрудак [325].

З 1922 па 1928 г. у павеце было пабудавана: 20 вялікіх мастоў агульнай даўжынёй 752 м; некалькі дзясяткаў малых мастоў агульнай даўжынёй 810 м; праз шарваркі забрукавана 257 км і падсыпана жвірам 53 км дарог [326].

У 1929 г. павятовыя ўлады прынялі 10-ці гадовы план давядзення дарог да добрага стану [327], аднак план не быў выкананы з-за эканамічнага крызісу.

Чыгунка. Пасля вайны ў Польшчы патроху аднаўлялася эканоміка, і таму пачалі з'яўляцца планы пабудовы новых чыгуначных ліній. Яшчэ ў 1926 г. Віленскаму ваяводзе быў перададзены праект будоўлі чыгуначнай лініі Вільня - Эйшышкі - Радунь. Газеты пісалі, што лінія мела б вялікае значэнне, бо злучыла б Вільню з паўднёвымі ваколіцамі горада [328].

Пры канцы 1925 г. нехта з лідзянаў пісаў пра «таямніцу чыгуначнага пераезду» каля вакзала: «У Лідзе ад чыгуначнага вакзала ў горад дарога вядзе праз пераезд, цераз рэйкі. Пасажырскія цягнікі прыходзяць у Ліду два разы на дзень, і неяк так дзіўна складваецца, што ў хвіліны, калі будучы пасажыр спяшаецца прайсці да вакзала, шлагбаум на пераездзе заўжды закрыты, а на рэйках туды-сюды курсіруе манеўровы паравоз ... і немагчыма патрапіць на цягнік, які прыбывае» [329].

У верасні 1926 г. пачаў дзейнічаць чыгуначны прыпынак у Белагрудзе [330].

Па ўспамінах відавочцаў, на пачатку 1920-х гадоў, пакуль не быў адноўлены будынак вакзала, замест яго выкарыстоўвалася таварная кантора чыгункі - зараз адзін з будынкаў паліклінікі па вуліцы Труханава. У верасні 1928 г. віленская прэса паведаміла, што рамонт будынка Лідскага чыгуначнага вакзала закончаны [331] і ўжо праз некалькі дзён у новаадрамантаваным вакзале, пасля спрэчкі ў буфеце, нейкі лідзянін Памінскі стрэлам з рэвальвера забіў віленскага гандляра Янкеля Сантоцкага [332].

Улетку 1928 г. увагу жыхароў горада прыцягнулі наступныя падзеі: каб зняць з пасады дыспетчара чыгуначнага руху Дамброўскага, чыноўнікі лідскага філіялу Віленскай дыстанцыі чыгункі Янушэўскі, Ганчарык і Цемух пачалі распускаць плёткі, што падчас бальшавіцкай акупацыі Ліды Дамброўскі заставаўся працаваць на чыгунцы. Дамброўскі падаў на сваіх крыўдзіцеляў у суд, і ў выніку Янушэўскі і Ганчарык за паклёп былі прысуджаны на 6 месяцаў, а Цемух на 3 месяцы турмы [333].

У кастрычніку 1929 г. прэса паведаміла пра адкрыццё насупраць вуліцы Пілсудскага пераходу цераз чыгунку. Да гэтага чыгунку можна было перайсці толькі па пераездзе па вуліцы 3-га Траўня. Цікава, што гэты пераход (насупраць сучаснага аўтавакзала) дзейнічаў да 2010 г., калі замест яго быў пабудаваны новы пешаходны мост цераз чыгунку [334].

24 жніўня 1923 г. пад Лідай адбылося вялікае чыгуначнае крушэнне, пра якое пісалася ў папярэднім раздзеле. Толькі ў 1926 г. пад час суду сталі вядомы сапраўдныя акалічнасці чыгуначнай катастрофы. Катастрофа адбылася пры наступных умовах. Чыгуначная дарога мела тут дзве каляі, прычым у нармальных умовах у бок Скрыбаўцаў цягнік рухаўся па левай каляі. На 267-м кіламетры чыгунка перасякала раку Дзітву, на якой як раз у той час аднаўляўся мост. Таму начальнік адзела паддырэкцыі ў Ваўкавыску выдаў загад, каб рух цягнікоў часова ішоў па правай каляі. Кантралёр руху А. Дамброўскі, начальнік дыстанцыі А. Гардзялкоўскі і начальнік станцыі Ліда У. Чапкоўскі таксама выдалі свае загады. Былі ўстаноўлены папераджальныя сігналы, пастаўлены неабходныя бар'еры і г.д.

22 жніўня 1923 г. дзяжурны кіраўнік руху станцыі Ліда Жэнчык і дзяжурны паста стрэлкі № 2 стрэлачнік Пінкевіч з-за памылкі пакінулі запасную каляю адчыненай. Пасажырскі поезд № 816 на Варшаву, які вёў машыніст Шуфер, на выхадзе са станцыі Ліда быў накіраваны па левай каляі.

Машыніст не ведаў, што гэтая каляя знаходзіцца ў рамонце і ехаў па ёй з хуткасцю 50 км у гадзіну. Не даязджаючы 700 метраў да моста, цягнік з'біў засцерагальны бар'ер і ўехаў на рамантаваны мост. Вынікі былі катастрафічнымі. Лакаматыў і чатыры вагоны разбіты, пасажыр Ева Кубякова разам з сваім 6-ці месячным дзіцём загінула [335].

Суд прыгаварыў стрэлачніка Антона Пінкевіча да чатырох месяцаў турмы на нядбайства. Дзяжурны станцыі Ліда Ўладзіслаў Жэнчык і машыніст паравоза Мікалай Шыфер былі апраўданыя. З усіх абвінавачаных толькі Шыфер застаўся на сваім працоўным месцы [336].

Але крушэнні працягваліся. У выніку чыгуначнага здарэння ў Скрыбаўцах 17 лютага 1926 г. былі паранены два чалавекі. На гэты раз манеўровы паравоз з шасцю вагонамі з-за недакладна пераведзенай стрэлкі выехаў на каляю, па якой ішоў пасажырскі цягнік № 811. Машыніст пасажырскага цягніка паспеў пачаць тармазіць, і таму ахвяр не было [337].

31 траўня 1927 г. каля станцыі Беняконі перад праходам цягніка абходчык знайшоў на рэйках у «5 мясцох шпалы. Гэтак удалося не дапусьціць да разбіцьця поезду. Паліцыя занялася шуканьнем вінавайцаў» [338].

17 жніўня 1928 г. загарэліся чыгуначныя склады каля воданапорнай вежы. У выніку пажару, склады згарэлі разам з вежай, станцыя Ліда засталася без вады. Страты склалі каля 200 000 злотых [339]. А 16 лістапада на станцыі Нёман згарэў склад драўніны [340].

На пачатку студзеня 1929 г. праводзіліся аварыйныя работы на каналізацыі чыгуначнай станцыі і з-за абвалу траншэі былі засыпаны зямлёй два рабочыя. Адзін з іх - Антон Борка загінуў, а другі - Юзаф Бахенак, атрымаў цяжкія пашкоджанні [341]. А ў верасні 1929 г. «трэці раз на адным і тым жа месцы» зноў лопнула водаправодная труба, па якой з чыгуначнай станцыі падавалася вада ў жылыя дамы чыгуначнікаў [342].

Гарадская электроўня . У 1916 г. па распараджэнні нямецкіх акупацыйных уладаў да прыватнай электроўні пастаяннага току магутнасцю 50 к.с., якая працавала ў вінакурні Крыгера, былі падключаны будынкі, дзе месцілася гарадская ўлада і часткова дамы жылога сектара ў цэнтры горада. Адначасова пачалося будаўніцтва гарадской электроўні, і дзесьці ў 1916 г. горад атрымаў станцыю з двума лакамабілямі, якія прыводзілі ў дзеянне дынама-машыны пастаяннага току.

Лідская электроўня пасля рэканструкцыі, машынны зал, на галоўным шчыту надпіс 'Ganz'.

Не гледзячы на тое, што ў 1920-я гг. у горадзе працавалі дзве адносна вялікія электроўні - чыгуначная і гарадская і некалькі малых [343], жыхары Ліды мелі праблемы з асвятленнем. Адна частка горада - «Ферма» асвятлялася ад чыгуначнай электроўні. Чыгуначная электроўня працавала стабільна і прадавала электрычнасць па 60 гр. за кілават-гадзіну.

Увесь астатні горад забяспечваўся гарадской прыватнай электроўняй, арандатарам якой быў нейкі Цыдзяровіч. Электрычнасць у гэтай, большай, частцы горада часта знікала, лямпы гарэлі няроўна, і пры гэтым абаненты гарадской электроўні плацілі 1 зл. 16 гр. за кілават-гадзіну. «Не далей, як учора, г. зн. 15 студзеня цэнтр горада да 10-й гадзіны вечара быў пагружаны ў цемру, разам з жыхарамі святла не мелі паліцыя, турма і г.д.» - пісаў карэспандэнт «Слова» ў артыкуле «Нашы балячкі» на пачатку 1926 г.

Далей журналіст паведамляў: «Якім чынам электроўня патрапіла ў рукі прыватных уласнікаў? Вядома, што ў будынку, які належаў гораду, немцы ў часы вайны адкрылі электроўню, пасля ж нямецкай акупацыі горад планаваў пакінуць электроўню ў сваёй уласнасці. ... Але ў 1922 г. электроўню прыватызавалі за 100 000 марак, якія павінна была штогод плаціць нейкая суполка дэмабілізаваных. Але суполка збанкрутавала і перадала маёмасць нейкаму Раманоўскаму, а той перадаў яе яўрэю Цыдзяровічу. Выплаты пералічваюцца і зараз (пасля інфляцыі і скасавання польскай маркі - Л. Л.) электроўня плаціць у скарб усяго 65 гр., яшчэ раз - 65 грошаў! Уладальнік мае даход але не дбае пра кліента, скарб не атрымлівае выплаты, магістрат бяздарны, а гараджане плацяць вялікія грошы за асвятленне. Што аб гэтым думае пракуратура? Гэта адзін з прыкладаў нашага гаспадарання» [344].

Праз некалькі тыдняў Цыдзяровіч даказаў карэспандэнту «Слова», што гарадская станцыя прадавала электрычнасць па 1 зл. 5 гр., а чыгуначная па 90 гр. за кілават-гадзіну, 60 гр. плацілі толькі работнікі чыгункі, якія жылі ў тым раёне горада. Адсутнасць электрычнасці 15 студзеня 1925 г. Цыдзяровіч патлумачыў моцнай снежнай навальніцай. Таксама уласнік электроўні паведаміў, што апрача тых 65 гр., ён яшчэ што-год плаціць у скарб 500 злотых [345].

Праз паўгода газета «Слова» зноў звярнулася да гэтай тэмы: «Не гледзячы на тое, што каштуе (электраэнергія - Л. Л.) значна болей, чым у Вільні, электрычнасць часта псуецца, і гараджане сядзяць пры свечках ці газавых лямпах. Адзіная надзея, што здзейсняцца энергічныя захады бургамістра горада Рудольфа Бергмана, і гарадская электроўня пяройдзе з рук нейкага Цыдзяровіча ў маёмасць горада» [346].

У красавіку 1928 г. «Наваградскае жыццё» папярэдзіла аб тым, што Лідзе пагражае «егіпецкая цемра», бо «лакамабілі лідскай электроўні знаходзяцца ў такім стане, што прадстаўнік надзору за катламі інж. Лябецкі забараніў іх далейшую эксплуатацыю. Але каб не пазбавіць лідзян электрычнасці на велікодныя святы, ён дазволіў электроўні працаваць яшчэ нейкі час. Прычына хуткага псавання катлоў - неадпаведная вада, якую патрэбна было апрацоўваць адмысловымі хімікатамі» [347]. Пры канцы 1928 г. Гарадская рада дазволіла прадаць гэты лакамабіль у 80 к.с. [348], але толькі пасля рэканструкцыі станцыі. Хутка справа дайшла да распрадажы ўсяго яе абсталявання. Менавіта дзякуючы аб'яве аб распродажы машын першай электроўні нашага горада, якая з'явілася на пачатку 1930 г. у прэсе [349], мы ведаем, што за абсталяванне тут працавала, гэта:

- Лакамабіль фірмы «Assman et Stocker», 150 к.с., 165 аб/хв.

- Лакамабіль фірмы «Lanc», 80 к.с., 200 аб/хв, працоўны ціск ў катле 10 атм.

- Дынама-машына «Siemens-Schuckert», 71 кВт, 310 А, 230 В, 850 аб/хв.

- Дынама-машына «Lahmer et C°, Frankfurt», 52 кВт, 240 А, 220 В, 750 аб/хв.

- Камплекты скураных пасаў (лакамабілі злучаліся з дынама-машынамі пасавымі перадачамі).

- Размеркавальная мармуровая дошка.

Гарадскія ўлады дабіліся свайго, у красавіку 1928 г. прэса паведамляла, што «Ваяводская ўправа даслала ў Міністэрства прамысловасці і гандлю праект умовы продажу электроўні ў Лідзе» [350], а ў ліпені: «Дзякуючы шматгадовым намаганням Магістрата, лідская электроўня, якая з'яўлялася дзяржаўнай маёмасцю, але была перададзена ў арэнду прыватнікам, 13 ліпеня за невялікія грошы стала гарадской маёмасцю» [351]. На пачатку 1929 г. стала вядома аб ліквідацыі суполкі з абмежаванай адказнасцю «Лідская электроўня», юрыстам-ліквідатарам быў прызначаны Носаль Калмановіч (вул. Шкляная, 16) [352].

Аднак, пераход электроўні на баланс Магістрату спрыяў не паніжэнню, а павышэнню коштаў на электрычнасць. На пачатку кастрычніка 1929 г. павышэнне коштаў тлумачылася тым, што Магістрат пачаў траціць вялікія грошы на будаўніцтва гарадскіх размеркавальных сетак і на будаўніцтва новага будынка станцыі [353]. Праз тры тыдні тарыфы на электрычнасць зноў павялічыліся [354].

У 1928 г. на чыгуначнай электроўні прайшла рэканструкцыя, і 27 лістапада тут было апрабавана новае абсталяванне. Гэта электроўня абслугоўвала чыгуначную станцыю, частку горада (раён Ферма) і да 1930 г., да рэканструкцыі гарадской электроўні, і вайсковыя казармы Паўночнага гарадка [355].

Яшчэ ў ліпені 1928 г. на пасяджэнні Гарадской рады было вырашана ўзяць у Гаспадарчым Краёвым банку пазыку для будаўніцтва новай электроўні ў горадзе. Новую станцыю першапачаткова планавалі будаваць на плошчы імя ксяндза Фалькоўскага [356]. Але ў сакавіку 1929 г. газета «Наваградскае жыццё» паведаміла: «З пачатку траўня 1929 г. пачнецца будаўніцтва новай электроўні па вуліцы Сувальскай, недалёка ад праваслаўных могілак. Кошт будоўлі склаў 800 000 зл. Станцыя павінна будзе атрымаць два рухавікі ў 260 і 150 к.с., пры канцы зімы першы з рухавікоў ужо быў закуплены ў Варшаве» [357]. І насамрэч, у траўні 1929 г. пачалося будаўніцтва новай электроўні коштам 800 000 злотых на старым месцы па вуліцы Сувальскай. Планавалася, што новая электроўня павінна была мець два дызель-генератары ў 150 і 260 кВт [358]. Пра генератары такой магутнасці на Лідскай электроўні ў 1932 г. пісаў часопіс «Асвета» [359]. Але ў 1936 г. прэса паведамляла пра наяўнасць двух генератараў агульнай магутнасцю 220 кВт [360]. Пра такую ж магутнасць лідскай станцыі таксама паведамлялася ў публікацыях і ў наступныя гады [361].

Пры канцы жніўня прэса пісала: «Гмах гарадской электроўні надбудоўваецца другім паверхам, работы будуць закончаны да канца восені» [362]. 28 жніўня на гэтай будоўлі павалілася рыштаванне і прыціснула аднаго з будаўнікоў - Пятра Цярпілоўскага (у Лідзе жыў па адрасе: Маставая, 56). У шпіталі канстатавалі пералом рэбраў [363].

Разам з рэканструкцыяй электроўні, горад пераходзіў з пастаяннага на пераменны ток, і таму трэба было будаваць новыя размеркавальныя электрычныя сеткі з трансфарматарнымі пунктамі. З прэсы даведваемся пра некаторыя цікавыя моманты: «Пробашч Лідскай парафіі кс. дэкан Баярунец напісаў пану ваяводзе пратэст супраць планаў будоўлі трансфарматарнага пункта на пляцы, дзе раней месціўся касцёл кармелітаў і могілкі каля касцёла - каля сучаснага будынка Лідскага староства» [364]. Як бачна з фотаздымкаў канца 1930-х гг., улады прыслухаліся да меркаванняў ксяндза, бо той самы трансфарматарны пункт 6/0,4 кВ быў пабудаваны на вуліцы Сувальскай насупраць староства. Тады ж былі пабудаваныя тыпавыя трансфарматарныя пункты на Рынку і па вуліцы Варшаўскай, размеркавальны пункт насупраць вайсковага шпіталя. Гэты размеркавальны пункт з абсталяваннем фірмы «Ганц» існаваў да канца 1960-х гг. А тыпавы трансфарматарны пункт (падстанцыя 6/0,4 кВ) па вуліцы Варшаўскай захаваўся да нашага часу. Гэты тэхнічны будынак пабудаваны па тыпавым праекце таго часу - на фотаздымках 1930-х гг. такія ж трансфарматарныя пункты, крытыя дахоўкай, бачны каля рынкавай плошчы і каля староства. Падстанцыя па Варшаўскай была злучана з размеркавальным пунктам (які знаходзіўся каля вайсковага шпіталя) кабелем 6 кВ. Кабель з меднымі токаправоднымі жыламі быў выраблены на заводзе кабельных вырабаў у г. Быдгашчы ў 1929 г. Пры сучаснай рэканструкцыі трансфарматарнага пункта па вуліцы Варшаўская, на старым кабелі была знойдзена злучальная муфта, зробленая таксама ў 1929 г. (у муфце мелася закладная шыльда з прозвішчам манцёра, які рабіў муфту, і годам вырабу) [365]. Да нашага часу захаваўся яшчэ адзін трансфарматарны пункт, які зараз з'яўляецца размеркавальным пунктам каля корпуса шпіталя пабудаванага ў 1922 г.

У красавіку 1930 г. венгерскай фірмай «Ганц» была закончана рэканструкцыя электроўні. На фотаздымку машыннай залы Лідскай электроўні таго часу, добра бачна шыльда фірмы «Ганц». Прэса паведамляла: «Ліда мае электрычнасць. Нарэшце прыйшоў дзень, калі Магістрат горада ў прысутнасці ваяводскіх уладаў афіцыйна адкрыў новапабудаваную гарадскую электроўню. На ёй усталяваны два дызелі агульнай магутнасцю 410 к.с. Пакладзена кабельная размеркавальная сетка класа 6 кВ, якая аб'яднала шэсць трансфарматарных пунктаў. Гэта павінна забяспечыць нармальнае электразабеспячэнне і ўзровень напружання. Вонкавыя размеркавальныя сеткі 0,4 кВ таксама рацыянальна перабудаваны. Галоўная і бакавыя вуліцы, на якіх у апошні час павялічыўся дарожны рух, атрымаюць добрае асвятленне. Замест былых 75 ліхтароў на вуліцах горада зараз усталявана 185, і Магістрат плануе ўсталяваць яшчэ 35 ліхтароў дадаткова.

Мантаж абсталявання, размеркавальных сетак і трансфарматарных пунктаў выкананы фірмай "Ганц", якая згадзілася зрабіць для нашага горада працу ў крэдыт на 4 гады, і, верагодна, гэты крэдыт будзе пралангаваны яшчэ на паўгода.

Адначасова бюро электроўні прыступіла да замены ўводаў ад магістральных ліній да абанентаў. Усё гэта паменшыць страты электраэнергіі да мінімуму. Таксама персанал электроўні ва ўсіх абанентаў упарадкаваў прыёмныя стаякі, дзе раней часта здараліся замыканні, што дрэнна ўплывала на работу генератараў.

Трэба заўважыць, што у Лідзе ёсць значная колькасць электрыкаў-аматараў, якія лічацца дасведчанымі людзьмі і самі выконваюць розныя рамонты і часта памыляюцца, што прыводзіць да розных пашкоджанняў у сетках. Таму вырак Электрычнай камісіі Магістрата ўпарадкаваць прыёмныя стаякі будынкаў зрабіў немагчымым далейшыя эксперыменты аматараў.

Новая электроўня на працягу 6 гадоў будзе цалкам амартызаваная. Але на гэты тэрмін Магістрат атрымаў магчымасць заняцца каналізацыяй і водазабеспячэннем горада.

Пры канцы, за выкананую працу, трэба выказаць падзяку перадусім кіраўніку Электрычнай камісіі Магістрата, віцэ-бургамістру інжынеру М. Пупко, сябрам камісіі доктару Рамуальду Сапоцьку і Цукерніку, лідскаму раднаму Г. Чартоку, якія шмат зрабілі для таго, каб горад меў новую электроўню і сеткі» [366].

На пачатак 1931 г. паведамлялася пра 6 714 м кабельных ліній 6 кВ у горадзе [367].

У ліпені 1930 г. газета «Наваградскае жыццё», як прыклад дрэннай польскай мовы чыноўнікаў лідскага Магістрату, надрукавала аб'яву пра замену лічыльнікаў у абанентаў горада пасля пераходу на пераменны ток, з гэтай аб'явы мы даведваемся пра ўмовы гэтай замены:

«Паведамленне для абанентаў. Падлік выплат за ўстаноўленыя лічыльнікі.

Адразу, гатоўкай: за лічыльнік - 40 злотых, за падключэнне - 2 злотыя, за канцылярскія расходы - 1 злоты. Разам - 43 злотыя.

Па часткам, з падвышкай у 10% :

1) для абанентаў, якія маюць 1 - 2 кропкі асвятлення, можна выплачваюць па 1/24 частцы, 23 часткі па 2 зл. = 46 і 1 частка па 1.85. Разам 47,85 зл.

2) для абанентаў, якія маюць больш за дзве кропкі, выплаты могуць быць разложаны на 13 частак: 1 частка - 4,15 зл., 6 частак па 4 зл. = 24 зл. і 6 частак па 2,95 = 17,7 зл. Разам 45,85 зл. Увага: за здадзеныя старыя лічыльнікі пастаяннага току, будзе налічвацца 25 зл. як частка выплаты за новы лічыльнік пераменнага току» [368].

Пераход на пераменны ток выклікаў праблемы ў пажарнай ахове горада: «Ужо два гады як лідзяне прызвычаіліся да таго, што аб пажары ў горадзе яны даведваюцца, пачуўшы гукі адмысловай сірэны, якая ўсталявана ў самым цэнтры горада, у доме 12 па вуліцы Сувальскай. Пажарная варта мела магчымасць хутка прыехаць да месца пажару. Сірэна прыводзілася ў дзеянне пастаянным токам ад гарадской электроўні. Але пасля пераводу электроўні на пераменны ток сірэна змоўкла» [369].

Трэба адзначыць, што будаўніцтвам электроўні пераменнага току Ліда ў тэхналагічным сэнсе апярэдзіла суседнія гарады. Напрыклад, прэса паведамляла, што толькі ў 1932 г. Гародня пачынала пераход на пераменны ток, адным з першых праектаваўся трансфарматарны пункт па вуліцы Дамініканскай гэтага горада [370], а ў Вільні, толькі ў жніўні 1933 г. паведамлялася пра пераход з пастаяннага на пераменны ток спажыўцоў па вуліцы Міцкевіча (ад 3-га Траўня да моста) [371].

Цікава, што ў верасні 1928 г. лідскі стараста разгледзеў праект пабудовы гідраэлектрычнай станцыі на рацэ Гаўя і дазволіў далейшыя работы па яе праектаванні [372].

Пры канцы жніўня 1929 г. чыноўнік Лідскай электроўні Фішар у кепскім настроі вярнуўся ў поўдзень дадому і патрабаваў у жонкі, каб тая яго накарміла. Калі жонка трохі прамарудзіла, ён, пакрыўдзіўшыся, выпіў бензін з бутэлькі, якая стаяла каля стала. Урач канстатаваў апёкі горла і кішак [373].

Нервовую працу мелі энергетыкі ў тыя часы ...

Сельская гаспадарка . Галоўнай галіной нашай эканомікі ў той час з'яўлялася сельская гаспадарка, бо 90% насельніцтва павета былі сяляне [374].

28 снежня 1925 г. Сейм завяршыў працу над законам пра аграрную рэформу. Пасля бурных спрэчак, дзякуючы галасам правацэнтрысцкай кааліцыі і пры падтрымцы сацыялістаў была прынята пастанова, паводле якога парцаляцыі, гэта значыць падзелу, падлягала зямельная ўласнасць, якая перавышала 180 га, а на ўсходзе краіны, дзе велізарныя плошчы былі заняты збожжавымі культурамі ці ляснымі ўгоддзямі - звыш 300 га. Для землеўладанняў, якія мелі прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны, устанаўліваўся ліміт, роўны 700 га. Уладальнік маёнтка асабіста ці праз адпаведныя ўстановы павінен быў на працягу двух гадоў правесці падзел сваёй зямельнай уласнасці. Толькі пры выкананні гэтага тэрміну ён мог атрымаць поўнае пакрыццё ад дзяржавы за згубленую ўласнасць.

Зямельная рэформа, якую ў тыя гады праводзiлi польскія ўлады, прадугледжвала так званую «камасацыю» (землеўпарадкаванне). «Камасацыя» была разлічана на захаванне абшарніцкага землеўладання. На аснове Закона аб аграрнай рэформе 1925 г., найперш улічвалі інтарэсы абшарнікаў. Зямлю ў іх не адбіралі, а скарб купляў частку зямлі, каб потым прадаваць яе невялікімі кавалкамі сялянам ці перадаць бясплатна асаднікам. Сялянам дзяржава на пакупку зямлі абяцала доўгатэрміновыя крэдыты.

Пастановай Рады Міністраў на Лідчыне ў 1926 г. прымусова былі прададзены наступныя кавалкі зямлі: 100 га з маёнтка Шчучын (фальварак Даўлюдаўшчына) княгіні Марыі Яны Друцкай-Любецкай, 460 га з маёнтка Спуша (фальваркі Дэмбраў і Лясішча) князя Яўстаха Сапегі, 300 га з маёнтка Жалудок (фальваркі Хацееўшчына і Варацішча) князя Л. Чацвярцінскага [375]. У 1927 г.: 100 га каля мястэчка Жалудок княгіні Марыі Чацвярцінскай, 200 га каля мястэчка Іўе Тамаша Замойскага, 350 га каля мястэчка Шчучын Марыі Друцкай-Любецкай, 225 га, якія належалі Нясвіжскай ардынацыі Альбрэхта Радзівіла і знаходзіліся ў Лідскім павеце [376] - усе гэтыя абшарнікі належалі да самых слынных радоў. Дзяржава за бюджэтныя сродкі выкупіла надзелы зямлі, і частка іх была перададзена ў гмінны фонд, адкуль зямля дзялілася на невялікія роўныя надзелы (каля 0,24 га) і за 200 злотых перадавалася ў карыстанне сялянам, грошы за гэтыя надзелы сяляне плацілі па частках шмат гадоў.

Але зямлі не хапала, і таму праз «камасацыю» ўсе, хто меў патрэбу, купіць зямлю не маглі. Малазямелле было галоўнай хваробай сялян Заходняй Беларусі, большасць сялянскіх сем'яў, цяжка працуючы, дзесяцігоддзямі складалі злот да злотага, каб дакупіць кавалак зямлі. Напрыклад, дзед па маці маёй жонкі (з-пад Радуні) змог рэалізаваць мару ўсяго свайго сялянскага жыцця толькі летам 1939 г., калі ён дакупіў 7 га зямлі, аддаўшы ўсе раней заробленыя грошы. Потым жартавалі: купіў калгасу ...

Пры канцы 1924 г. прэса паведамляла пра дрэнны ўраджай, напрыклад, «у Лідскім павеце, раўнуючы да нармальных ураджаяў, сёлетні ўраджай даў: жыта 68%, ячменю 80%, аўсу 10% (у некаторых ваколіцах нават ад 5 да 10%), бульбы 50%» [377].

На пачатку 1920-х гг. аднавіла сваю працу Віленская сельскагаспадарчая доследная станцыя ў Беняконях. Станцыя разам з хімічнай лабараторыяй была заснавана у 1910 Даследчая станцыя ў Беняконях, 1929 г. г. Віленскім сельскагаспадарчым таварыствам на 15 га палеткаў, якія падараваў граф Ваўжынец Путкамер. Падчас вайны станцыя страціла жывы інвентар, пабудовы і абсталяванне, а таксама частку селекцыйнага матэрыялу. Часткова захавалася толькі бібліятэка. Аднавіў працу станцыі яе дырэктар В. Ластоўскі. Перад Першай сусветнай вайной, акрамя дырэктара, на станцыі працавалі 2 асістэнты і 3 практыканты. З 1923 г. дырэктар меў толькі аднаго практыканта. Справа ў тым, што калі ў 1915 г. на працу станцыі была асігнавана 15 008 рублёў, дык у 1922 г., у пераліку на царскія грошы, на працу станцыі была выдаткоўвалася толькі 1 200 руб. Тым не менш з сярэдзіны 1920-х гг. станцыя вяла неабходныя для сельскай гаспадаркі навуковыя даследаванні. Дырэктар станцыі В. Ластоўскі яшчэ да Першай сусветнай вайны напісаў шэраг кніг па сельскай гаспадарцы: «Опыты с картофелем», «Опыт с рожью», «Опыты с азотистыми удобрениями», у 1920-х гг. ён выдаў «Dobor odmian zboz dla Wilenszczyzny», «Wynniki doswiadczen z odmianami ziemniakow» і інш. Працы станцыі атрымалі належнае прызнанне ў навуковым свеце [378].

Улады падтрымлівалі развіццё кааперацыі на вёсцы і ў горадзе. У тыя гады ў Лідскім павеце працавала 12 сельскагаспадарчых таварыстваў, іх дзейнасць была скіравана на дапамогу людзям, якія працавалі на зямлі [379]. Важнай формай вясковай кааперацыі была супольная перапрацоўка і збыт малака і малочных прадуктаў. Першая такая суполка на Лідчыне паўстала ў 1925 г. у Ракавічах, у 1926 г. кааператывы па перапрацоўцы малака ўзніклі ў Тракелях і Дворышчы, у 1927 г. - у Гурнофелі, Бердаўцы, Крупаве [380].

30 жніўня 1924 г. у Лідзе адкрылася сельскагаспадарчая выстава. Выдаткі на выставу склалі 6 000 злотых. Урад даў субсідыю ў 500 зл., такую ж суму ўняслі лідскія ўлады. Астатнія грошы паміж сабой сабралі абшарнікі Лідчыны.

У першы дзень працы выставы, з раніцы, на паседжанні ў зале Народнага банка, прафесар Познанскага ўніверсітэта, уладальнік маёнтка Больценікі Адам Жаўтоўскі (жанаты з праўнучкай Марылі Верашчакі) прачытаў даклад аб сельскай гаспадарцы [381].

Каля 13-00 у замку Гедзіміна адкрылася выстава. Дзеля яе адкрыцця з Наваградка прыехаў ваявода Уладзіслаў Рачкевіч. Ваявода ганарова распачаў працу выставы і потым сам агледзеў экспанаты і размаўляў з старшынём аргкамітэту выставы Юльянам Прыбыткам (брат выбітнага краязнаўца 1930-х гг. Антона Прыбыткі) і сябрамі аргкамітэту. На выставе экспанавалася насенне, розныя пароды быдла, сельскагаспадарчыя машыны лідскай вытворчасці. У павільёне, які арганізавалі княжна Марыя Чацвярцінская, Уладзіслава Лясковіч, Гелена Брахоцкая, выстаўляліся розныя вырабы народнай творчасці [382].

У сакавіку 1927 г. Міністэрства сельскай гаспадаркі арганізавала ў маёнтку Абрамоўшчына Лідскага павета радыёкурсы для дробных сельскіх гаспадароў. Сяляне слухалі па пяцілямпавым радыё лекцыі па сельскай гаспадарцы [383]. У тым жа месяцы селянін з-пад Воранава пісаў: «... зямелька ніштаватая, меўшы яе трохі можна есьці хлеб без бяды. Шкода, што ў нашага сялянства яе вельмі мала, або саўсім няма. Двароў у ваколіцы ёсьць вельмі шмат. Некаторыя з іх, асабліва тыя, што калісь належалі да даўнейшых расейскіх абшарнікаў, распарцэляваны дзяля асаднікаў з Галіцыі. ... Бяднейшае сялянства вядзець жыцьцё проста жудаснае ... . Разглядаючы паасобна грамадзянства тутэйшай ваколіцы ... найбольшы лік прыпадае на жыдоў, ёсьць двух сялян палякаў, беларусаў частка малая, але ўсе сьведамыя нацыянальна і сацыяльна, па рэлігіі большасьць каталікі» [384].

У красавіку 1928 г. пачалася меліярацыя маёнтка Бердаўка і бліжніх вёсак. Павятовае самакіраванне планавала пачаць меліярацыю Дакудаўскіх балот і рэгуляцыю рэк Дзітва і Пеляса [385]. Пры канцы 1928 г. павятовыя ўлады вырашылі залажыць дзве суполкі, якія павінны былі пачаць меліярацыю 18 000 га зямлі. Першая суполка, «Дакудаўскія багны», павінна была пачаць рэгуляцыю рэк Нарва, Няцеча і меліярацыю Дакудаўскіх балот. Другая, «Надпушчанскія багны», павінна была займацца рэгуляцыяй ракі Дзітва і меліярацыяй прылеглых да яе балот. Агульны кошт работ двух суполак ацэньваўся ў 5 250 000 злотых, з якіх да 40% даваў дзяржаўны скарб, павятовы скарб планаваў пакрыць 30% гэтай сумы і 30% павінны былі заплаціць уласнікі забалочаных зямель. Работы разлічваліся на 12 гадоў, прычым, уласнікі забалочаных зямель павінны былі выплачваць грошы за праведзеныя работы на працягу 15 гадоў - па 4 злотыя за 1 га [386].

Вацлаў Ластоўскі (1880-1954). Паходзіў з Мінска, дзе з 1917-18 гг. лічыў сябе беларусам і далучыўся да беларускага руху. Пасля бальшавіцкай рэвалюцыі асеў на Віленшчыне. Прафесар, адмысловец па ўгнаенням і вырошчванні збожжа і бульбы, публікаваў працы аб феналагічным аспекту пры назіранні за ростам раслін. Заснаваў Віленскую даследчую станцыі ў Беняконях, потым, да часоў ІІ Сусветная вайны быў дырэктарам станцыі. Таксама займаўся даследаваннямі ў Сельскагаспадарчым даследчай станцыі ў Ганусоўшчыне. У 1945-1951 гг. працаваў на кафедры агульнай біялогіі раслін універсітэта ў Познані. Сябар Познанскага таварыства аматараў навук. Перад ІІ Сусветнай вайной друкаваўся ў «Сельскагаспадарчым тыгодніку», пасля вайны ў «Сельскагаспадарчым аглядзе». Апошняя публікацыя ў 1951 г.

Лідскі авіяцыйны полк

У 1925 г. на Лідскім аэрадроме быў сфармаваны 11-ты лётны полк знішчальнікаў польскага войска. 11-м палком камандаваў палкоўнік Ежы Касоўскі. Полк быў узброены знішчальнікамі «Spad-61», якія мелі рухавік ў 450 к.с. і «Potez-23» з рухавіком у 400 к.с.

У 1926 г. у Парыжы афіцэр 11-га палка капітан Стахонь пабіў сусветны рэкорд на хуткасць набору вышыні: ён узняўся на вышыню 5 000 м за 14 хвілін [387].

Капітана Арлінскага вітаюць пасля пералёту ў Лідзе (NAC).

У тым жа 1926 г. капітан-пілот лідскага палка Баляслаў Арлінскі зрабіў пералёт з Варшавы ў Токіа і зноў у Варшаву за 121 гадзіну, на той час гэта было рэкордам. 10 чэрвеня 1927 г. амаль усе насельніцтва горада прыйшло на аэрадром, каб вітаць пілота-чэмпіёна [388].

14 ліпеня 1926 г. Кур'ер Віленскі паведаміў: «… палкоўнік Адам Залескі, намеснік камандзіра 11 лётнага палка знішчальнікаў упаў учора з самалётам каля Ліды і забіўся. Загінуўшы меў 12 гадоў лётнага стажу» [389].

Латышскія лётчыкі ў Лідзе. Камандзір Лідскага палка вітае камундуючага авіяцыі Латвіі палкоўніка Бушко.

13 жніўня 1926 г. «пілот І. Сянкоўскі з 11 палка авіяцыі ... зваліўся разам з аэраплянам далоў. ... Сянкоўскага падабралі мёртвым» [390].

У чэрвені 1927 г. ад'ютант камандзіра 11-га лётнага палка паручнік Кузян узяў шлюб з дачкой лідскага абшарніка Лясковіча. Біскуп Бандурскі выканаў урачысты чын ў асабістай капліцы ў Вільні. Сярод гасцей былі ваявода Рачкевіч і лідскі стараста Здановіч [391].

Улетку 1927 г. два лідскія самалёты, выконваючы палёт каля Стоўбцаў, заблудзіліся, пераляцелі дзяржаўную мяжу і хутка аказаліся ў паветры над Мінскам. Пакружыўшы над сталіцай Беларусі, лётчыкі прызямліліся на мінскім аэрадроме. Адным самалётам кіраваў паручнік Янушэўскі, другім харунжы Шурлей. Лётчыкі далі паказанні ГПУ аб тым, што яны вылецелі ў Варшаву, каб удзельнічаць у мерапрыемствах па сустрэчы прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Чамберлена, але з-за дажджу і буры заблудзіліся [392]. Праз некалькі дзён лётчыкі на сваіх самалётах вярнуліся на Лідскі аэрадром [393].

У траўні 1927 г. знакаміты пілот лідскага палка капітан Арлінскі разбіўся пад Лідай на сваім матацыкле. Лячылі капітана ў Варшаўскім шпіталі [394]. На зямлі капітану не шанцавала - у верасні 1927 г., камандзір 11-га палка знішчальнікаў палкоўнік Касоўскі прыняў удзел ў авіяцыйным конкурсе ў Швейцарыі, пасля чаго адпачываў у Францыі. З адпачынку палкоўніка на сваім аўтамабілі ў Ліду вёз пілот Лідскага палка капітан Арлінскі (пасля рэкорднага пералёту Варшава - Токіа - Варшава, лётчык атрымаў аўтамабіль у падарунак ад фірмы «Лорэн-Дзітрых» («Lerraine-Dietrich»)). З-за памылкі Арлінскага аўтамабіль патрапіў у аварыю і быў разбіты: палкоўнік зламаў абедзве нагі, капітан атрымаў лёгкія пашкоджанні [395].

14 чэрвеня 1928 г. на месца 11-га палка знішчальнікаў з Кракава быў пераведзены 5-ы авіяцыйны полк [396].

У 1928-29 гг. адбылася цэлая серыя авіяцыйных аварый. Старыя самалёты са зношанымі рухавікамі пачалі рэгулярна падаць.

Стэнцэл Павел Генрык служыў у званні старшага сяржанта-пілота ў 11 лідскім палку знішчальнікаў, загінуў пад час палёту 21 студзеня 1928 г. [397]

1 траўня 1928 г. каля 19-00 недалёка ад Дакудава разбіўся самалёт 11-га палка знішчальнікаў «Spad-61». На вышыні 2 000 метраў самалёт увайшоў у «штопар», і лётчык, ратуючы сваё жыццё, скокнуў з парашутам. Але купал парашута раскрыўся толькі каля самай зямлі, пілот-паручнік Ціхоцкі загінуў. Ціхоцкі лічыўся адным з лепшых лётчыкаў у польскай авіяцыі - незадоўга да гібелі ён заняў другое месца на міжнародных авіяцыйных спаборніцтвах у Швейцарыі [398]. Карэспандэнт газеты «Слова», які прымаў удзел у пахаванні Ціхоцкага, паэтычна апісаў старыя Лідскія могілкі: «Лідскія могілкі - гэта тыповы прыгожы лясок каля горада. Вялікія сосны, пахне вясной ... Дзе-нідзе бачны пачцівыя каменныя помнікі працы мясцовага майстра. Нашто чытаць надпісы? Гэты помнік ёсць сам люстэркам шляхетнага мясцовага жыцця яго ўласніка. З пэўнай павагай яго атачаюць большыя ці меншыя драўляныя крыжы, якія тонуць у зараслях буйнага спірэю (язвіну) ... . Пры самым канцы могілак знаходзяцца магілы ваенных і невядомых: «Магіла 40 невядомых закладнікаў ...», цяжка прачытаць працяг, бо гэты помнік засланілі новыя крыжы» [399].

Пры канцы чэрвеня таго ж года, пілот-паручнік 11 палка Страеўскі на самалёце «Potez-23», ляцеў з Ліды ў Варшаву. Каля Ваўкавыска перастаў працаваць матор, і паручнік аварыйна прызямліўся. Пры пасадцы самалёт разбіўся, але пілот застаўся не паранены [400].

У сярэдзіне ліпеня, з-за няспраўнасці рухавіка, разбіўся знішчальнік «Spad» лідскага палка. Пілот-паручнік Радымінскі застаўся жывы [401].

Пры канцы ліпеня таго ж года зноў разбіўся лідскі знішчальнік, у выніку пілот Орлік і назіральнік Навіцкі былі цяжка паранены [402].

7 верасня на аэрадроме ў Маладзечна упаў самалёт маркі «Spad» Лідскага 5-га авіяцыйнага палка (гэта першае упамінанне 5-га палка ў Лідзе у віленскай прэсе). У выніку пілот Уніўскі і назіральнік Навацкі атрымалі цяжкія раненні [403].

На пачатку ліпеня 1929 г. з-за няспраўнасці рухавіка самалёт 5-га палка ўпаў у Баранавіцкім павеце [404].

6 жніўня чарговы лідскі самалёт разбіўся каля Маладзечна. Пілот-сяржант Хадзей атрымаў цяжкія пашкоджанні [405].

Пры канцы жніўня таго ж года «Кур'ер Віленскі» надрукаваў загадкавую аб'яву: «16 жніўня ... з самалёта, які ляцеў з Вільні ў Ліду, выпала нейкая жалезная частка. Гэта частка знаходзіцца ў солтыса вёскі Вялікія Лепы, Станіслава Харужага, ... каля станцыі Беняконі» [406]. Ці не кулямёт згубілі лідскія лётчыкі?

5 верасня 1929 г. з-за паломкі рухавіка лідскі самалёт зноў упаў, на гэты раз каля Гальшан. Пілот-паручнік Раткоўскі выйшаў з катастрофы без пашкоджанняў [407].

11 снежня 1929 г. у 9 гадзін раніцы на вышыні 2 000 м. над горадам загарэўся рухавік самалёта «Potez» 5-га авіяцыйнага палка. Праз некалькі хвілін раздаўся выбух, самалёт разваліўся на часткі. Пілот-сяржант Цвіклінскі загінуў, назіральнік Дворнічак атрымаў цяжкія раны, і, як пісала прэса, «стан яго безнадзейны» [408].

Сустракаў Лідскі аэрадром і самалёты суседніх дзяржаў. У жніўні 1927 г. на Лідскі аэрадром, як сябры, на сваіх самалётах прыляталі лётчыкі з Фінляндыі [409]. 13 верасня 1929 г. ў Ліду з сяброўскім візітам прыляцела 3 самалёты латышскіх паветраных сілаў. Кіраваў латышскімі самалётамі камандуючы авіяцыі Латвіі палкоўнік Бушко [410].

Газеты паведамлялі і пра іншыя цікавыя здарэнні, напрыклад пры канцы 1925 г. жаўнеры 11 лётнага палка ў Лідзе знайшлі на аэрадроме бярлогу ваўчыцы з 6 ваўчанятамі. Жаўнеры пакінулі сябе ваўчанят і вырашылі выгадаваць іх [411].

Адам Залескі (2.08.1886-12.07.1926), нарадзіўся ў Варшаве. Закончыў Маскоўскі кадэцкі корпус (1904), Канстанцінаўскую школу артылерыі ў Пецярбургу, тэарэтычныя авіяцыйныя курсы пры Пецярбургскім політэхнічным інстытуце (1913). Школу пілатажу прайшоў у Севастопалі. У гады І-й Сусветнай вайны камандаваў расійскай авіяцыйнай эскадрылляй, а затым дывізіёнам. 15 жніўня 1919 г. у званні палкоўніка ўступіў у польскія Вайскова-паветраныя сілы. Атрымаў пасаду камандуючага палявой авіяцыі. У ліпені 1920 г. камандуючы авіяцыяй ў абароне Варшавы. Пасля вайны - камендант Мокатоўскага аэрапорта, з сакавіка 1922 г. намеснік камандзіра 2-га авіяцыйнага палка ў Кракаве. 26 лістапада 1925 г. пераведзены на пасаду намесніка камандзіра 11-га знішчальнага палка у Лідзе [412].

Штодзённае жыццё

Злачынствы . Пра злачынныя паводзіны паліцыянтаў Тарноўскага пастарунка пісала газета «Слова» ў ліпені 1924 г. Пасля таго як невядомыя адабралі ровар у арандатара фальварка Шамятоўшчына Эліка Куплінаскага, старшы пастарункавы паліцыянт Каравайчык загадаў сваім падначаленым - паліцыянтам Цэймлеру і Лукашэвічу знайсці злачынца. Тыя прыехалі ў вёску Палуты і схапілі першага, па іх меркаванні, падазронага хлопца Сянкевіча, завезлі яго ў лес каля маёнтка Тарнова і пачалі лупіць кіямі. Падчас збіцця Сянкевіч памёр, а паліцыянты ўцяклі з месца злачынства. Газета паведаміла, што гэтую справу разглядаў віленскі пракурор [413].

У студзені 1925 г. ваенна-палявы суд у Лідзе прыгаварыў да расстрэлу Эдварда Гервяланца, які дапамог Уладзіславу і Паўлу Маркевічам прадаць воз сена на Лідскім рынку, а потым, калі яны разам ад'ехалі ад горада, засек бацьку з сынам сякерай і забраў грошы [414].

Напачатку 1921 г. сяляне вёскі Клябанцы Міхневіч і Вільчэвіч забілі польскага жаўнера, які спрабаваў рэквізаваць у іх коней. У 1925 г., пасля судовага разгляду справы, сяляне атрымалі па 6 гадоў зняволення [415].

У жніўні таго ж года на сваім полі, стрэлам з лесу з карабіна, быў забіты ўласнік маёнтка Малінаўшчына Фелікс Вільк [416].

Тым не менш пры канцы 1925 г. лідскі стараста Здановіч канстатаваў значнае змяншэнне злачыннасці на Лідчыне, асабліва ўзброеных бандыцкіх нападаў і выпадкаў канакрадства [417].

Як і ўсюды, на Лідчыне квітнела махлярства. Але пэўна такіх махляроў, як Баляслаў Правальскі, да гэтага часу ў нашым горадзе не было. Да 1922 г. ён служыў інтэндантам у Гародні і быў звольнены з войска. Перабраўшыся ў наш горад, Правальскі сам сябе прызначыў шэфам Крымінальна-следчага аддзела вайсковай экспазітуры ў Лідзе. Пры гэтым махляр прадставіў усім зацікаўленым бакам неабходныя, але падробленыя дакументы. Афера цягнулася з жніўня 1922 г. па травень 1924 г. На пачатку ён атрымліваў заробак чыноўніка VIII-га класа, але хутка сам сябе падвысіў да VII-га класа, як пісала газета: «стаў чыноўнікам VII-га класа, што ў Лідзе рабіла з яго сапраўднага дыгнітарыя (саноўніка - Л. Л.) і сваімі прэрагатывамі ён карыстаўся ўсюды, дзе толькі мог» [418]. Акрамя высокага заробку, Правальскі стала атрымліваў камандзіровачныя грошы. Сваім сябрам Гэнзалю і Нядведчуку ён выдаў даведкі аб тым, што яны з'яўляюцца яго інфарматарамі - гэта моцна дапамагала ім ў жыцці. Купцам Штайману і Цукерману выдаў даведкі сталых пастаўшчыкоў ягонай установы, гэта вызваляла купцоў ад непатрэбных турбот з уладамі. «Цяжка нават пераказаць усё, што нарабіў Правальскі пад час свайго знаходжання "на пасадзе", але ў красавіку 1924 г. жандармерыя пачала падазраваць яго і 5 траўня паручнік жандармерыі Голас арыштаваў махляра», - пісала газета «Слова». У выніку, суд прысудзіў авантурыста да 2,5 гадоў пазбаўлення волі [419].

У студзені 1926 г. Антон Карпук заявіў у паліцыю на махляроў, якія прадалі яму два падробленыя залатыя крыжыкі [420]. У

верасні 1928 г. у Лідзе была арыштавана вядомая віленская махлярка Ганна Шарэйка. У нашым горадзе яна ўдавала з сябе за багатую бежанку з Саветаў і распрадавала сваю калекцыю дыяментаў і залатых упрыгожванняў. Усе рэчы «ахвяры» былі фальшывыя [421]. У кастрычніку таго ж года паліцыя ў Вільні арыштавала нейкага Вацлава Даўнаровіча з сябрамі. Гэты аферыст сфальшывіў дакумент-даверанасць і, як быццам па даручэнні ўладальніка маёнтка Малое Мажэйкава Брахоцкага, атрымаў у банку 4 000 злотых чэкамі, але абмяняць чэкі на грошы не паспеў [422].

У газеце «Кур'ер Віленскі» нехта з лідзян напісаў пра «арыгінальны» крадзеж на вуліцах нашага горада амаль што дакументальны нарыс: «Кемлівы злодзей. Стаіць сабе пан Т., наглядчык Лідскай турмы, на рагу вуліцы Садовай і назірае Сусвет Божы. 9-я гадзіна вечара, але рух яшчэ значны - людзі збіраюцца ў тэатр, трупа Качароўскага прыехала з гастролямі. Раптам летуценні Т. спыняе нейкі гучны голас:

- Выбачайце, калі ласка, не маглі б вы сказаць якая зараз гадзіна?

- Гадзіна? Вядома, дзявятая.

- Не можа быць! - кажа незнаёмец.

Тады, каб даказаць, што ён кажа праўду, Т. дастае стары, памятны з часоў, калі Т. служыў яшчэ ў рускай артылерыі гадзіннік, і падае яго незнаёмцу. Той толькі гэтага і чакае. Хваць за гадзіннік і «ў ногі».

- Ай-ёй, мой гадзіннік, хапайце злодзея, хапайце яго, мой дарагі гадзіннік - крычыць Т. і бяжыць за злодзеем. Але той ужо скіраваў у бакавую вулачку і знік.

Бядуе зараз Т. і ходзіць да ночы па лідскіх вулачках, марыць злапаць злодзея. Але дарма ...» [423].

Кралі нават у касцёлах.

13 лістапада 1928 г. у Фарным касцёле нейкі Эдвард Цаба скраў скарбонку з ахвяраваннямі і воты ў адным з алтароў. Паліцыя арыштавала раней судзімага злодзея і вярнула касцёлу скрадзеныя воты і грошы [424]. 6 жніўня 1929 г. скраў скарбонку ў касцёле Піяраў, але быў схоплены вартаўніком і перададзены ў паліцыю жыхар Ліды Канстанцін Сянкевіч [425].

На пачатку 1926 г. быў зняты з пасады і аддадзены пад суд камендант (начальнік) паліцыі Лідскага павета Ян Кулага, «кім быў і што рабіў - пакажа судовае разбіральніцтва. Не быў гэта надта разумны чалавек, але меў "арганізацыйны" талент, гэта бачна хоць бы з таго, што ён прыказваў паліцыянтам купляць за свае грошы кнігі кшталту "365 абедаў" Л. Цверцякевіч ці "Сяброўскія звычаі" Сарнецкага» [426]. Суд над былым камендантам паліцыі адбыўся толькі ў студзені 1927 г.: «... з 1924 г. надкамісар Кулага быў камендантам паліцыі павета. Амаль ад пачатку яго камісарства падначаленыя пачалі шаптацца пра злоўжыванні Кулагі. Нарэшце ім зацікавіўся лідскі судовы следчы Скіндар і пачаў праводзіць энергічнае следства. ... Пад час суду стараста Здановіч і інспектар вучэбнай акругі Альшанскі далі найлепшыя характарыстыкі былому камісару ...». У выніку, «жыхар горада Брэста Ян Кулага, узрост 41 год, прысуджаны да 6 месяцаў турмы» [427].

Аднак хутка паўторны суд прызнаў Кулагу не вінаватым. Газета «Кур'ер Віленскі» пісала, што калі надкамісар Кулага добраахвотна прыехаў «на Крэсы» ў Ліду «паліцэйскія справы тут былі вартыя жалю. П'янства, ухіленне ад службы, бандытызм і г.д. меліся тут паўсюдна. Надкамісар Кулага, праводзячы санацыю падначаленых, у першыя ж 6 месяцаў звольніў каля 100 паліцыянтаў. Аднак сярод звольненых знайшоўся чалавек з нячыстымі рукамі, раней выяўлены Кулагам як хабарнік і шантажыст ... Рэва ... . Рэва пачаў ужываць супраць надкамісара старыя расійскія метады - правакацыі і фальшывыя абвінавачванні. Ён знаходзіць для судовага следчага Скіндара 30! фальшывых сведкаў супраць свайго былога начальніка» [428]. Як бачым, усё ж мясцовая лідская «мафія» абламала свае зубы аб прыезджага надкамісара паліцыі.

Рэгулярна арыштоўваліся ў Лідзе і шпіёны.

У студзені 1926 г. паліцыя затрымала ў Лідзе чалавека, які меў пасведчанне Звязу стралкоў Літвы (шавуліцаў) [429] - літоўскай ваенізаванай арганізацыі, закліканай навучаць цывільнае насельніцтва самаабароне і весці партызанскую вайну.

Улетку 1926 г. у Лідзе былі арыштаваныя ўдзельнік выведніцкай сеткі, якія працавалі на «Саветаў і Немцаў, дастаючы важныя дакументы аб польскай авіяцыі. Галоўнай ў бандзе шпіёнаў была жыхарка Ліды, нейкая Чернякова, якая з'яўлялася каханкай сяржанта 11-га лётнага палка Казіміра Казакінскага. Ад Казакінкага яна атрымлівала тайныя паперы. Сярод шпіёнаў таксама чарцёжнік гэтага ж палка, нейкі Павел Забелаў. Банду выкрылі пасля таго, як памежнай вартай быў арыштаваны нейкі Ян Вазняк ... калі той нелегальна пераходзіў мяжу з Саветамі. У Вазняка знойдзены матэрыялы з Лідскага аэрадрома. У дзень, калі арыштоўваліся сябры гэтай шпіёнскай арганізацыі, некалькі яе удзельнікаў збеглі з горада» [430].

У лістападзе 1928 г. паведамлена пра арышт у цягніку Маладзечна-Варшава выведніка Міхала Апяцёнка, які дзейнічаў на тэрыторыі Лідскага павета. У яго знайшлі рэвальвер, 80 долараў і розныя занатоўкі, сярод якіх быў запісаны пароль будучай сустрэчы: «Прадайце мядзведзя» і адказ: «Маю толькі ліса». Апяцёнак уцёк ад прызыву ў польскае войска ў СССР, там прайшоў шпіёнскую падрыхтоўку і быў вернуты ў Заходнюю Беларусь пад агентурнай мянушкай «Жук». Пасля арышту Апяцёнка, былі арыштаваны ўсе шпіёны ягонай агентурнай сеткі [431].

Здараліся і забойствы, апішу толькі некаторыя з іх.

У лістападзе 1927 г. патруль, у якім знаходзіліся чацвёра ўзброеных жаўнераў, аб нечым паспрачаўся з жыхаром Ліды, нейкім Кобусем. У выніку - адзін з жаўнераў багнетам забіў лідзяніна [432]. У красавіку 1928 г. браканьеры стрэлам з карабіна забілі лесніка Здановіча [433].

У траўні таго ж года на Лідчыне былі арыштаваны 13 сяброў хеўры канакрадаў, якая працяглы час гастралявала у Лідскім, Гарадзенскім і Слонімскім паветах. Пад час арышту, канакрады доўга адстрэльваліся з рэвальвераў і карабінаў ад паліцыі [434].

Адбываліся і ўсялякія злачынствы, якія мелі яўны збачэнскі прысмак.

У ліпені 1929 г. за кіламетр ад горада, каля чыгункі на Маладзечна, людзі знайшлі тулава жанчыны, хутка, недалёка ад жудаснай знаходкі, паліцыя адкапала рукі, ногі і галаву ахвяры. Следства выявіла, што забітая - Марыя Літкоўская, была каханкай вартаўніка Лідскай рэзні Ўрублеўскага, які забіў і распілаваў яе на часткі. Нагодай забойства сталася тое, што жанчына зацяжарыла [435].

Сенсацыю ў горадзе выклікаў арышт нейкага П., які з 1923 г. «меў пэўныя стасункі з сваёй 23-х гадовай дачкой Сабінай. Рознымі пагрозамі ён змушаў сваю дачку выконваць ягоныя прымхі і забараняў ёй каму-небудзь расказваць пра іх адносіны. Таямніца выйшла на паверхню, калі ахвяра бацькі-збачэнца нарадзіла дзіцё. ... П. быў арыштаваны, а справа перададзена ў суд» [436].

Праз месяц увагу грамадскасці прыцягнула падобная, але яшчэ больш нялюдская гісторыя. Ота Ян Вільчынскі, жыхар вёскі Перапечыца ў 1929 г. меў 65 гадоў. Пачынаючы з 1909 г. ягоная каханка, Эмілія Пятроўская (у 1929 г. ужо не жыла), нарадзіла ад яго 4 дачкі, якія жылі разам з бацькам. У 1921 г. ён пабоямі і пагрозамі прымусіў старэйшую дачку Багумілу, якой было тады 13 гадоў, да сужыцця. У выніку гэтай звыродлівай сувязі нарадзіўся хлопчык. Праз некалькі гадоў збачэнец пайшоў на штурм наступнай дачкі Феліцыі, якой было тады 15 гадоў і дабіўся свайго. Нарэшце, 17 жніўня 1929 г. ён, падараваўшы наступнай дачцы, 15-ці гадовай Сабіне, новую бялізну, паспрабаваў яе згвалціць. Сабіна здолела вырвацца ад звыродлівага бацькі і ўцячы ў горад. У Лідзе Сабіна знайшла сабе працу і кватэру, але калі прыйшла ў «родную» хату, каб забраць асабістыя рэчы, дык была зноў збіта бацькам і ледзь уцякла. Пасля гэтага дзяўчына ўсё расказала дзяжурнаму Лідскага камісарыята паліцыі. Акруговы суд прыгаварыў Вільчынскага да 12 гадоў турмы [437].

Прыгоды Сяргея Пясецкага на Лідчыне . Пасля заканчэння Савецка-польскай вайны Сяргей Пясецкі, жаўнер Літоўска-беларускай дывізіі, абаронца Варшавы 1920 года, застаўся без пэўнага занятку. Пра гэты час ён расказвае ў аповесці «Жыццё раззброенага чалавека». Частка дзеянняў гэтай аповесці адбываецца на пачатку 1920-х у Лідзе - галоўны герой, пераапрануўшыся ў беднага беларускага селяніна, размаўляе па-беларуску і прадае лідскім яўрэям фальшывы вэксаль.

Каб неяк выжыць, Сяргей Пясецкі пачаў супрацоўніцтва з 2-м аддзелам Генеральнага штаба польскай арміі - выведкай. Добрае веданне моў, фізічная падрыхтоўка і набыты сярод мінскіх зладзеяў спрыт зрабілі з яго выдатнага выведніка.

Аднак выведка плаціла няшмат, таму Пясецкі заняўся кантрабандай. Ён неаднаразова пераходзіў Савецка-польскую мяжу, бывала што і па 30 разоў на месяц. Потым расказваў, што толькі за лета 1925-га прайшоў пешшу больш за 8 000 кіламетраў. За ўцёкі з засады, якую арганізавала ГПУ, і ўратаванне калегі атрымаў чын падпаручніка.

Пясецкі падтрымліваў кантакты і з савецкімі камандзірамі, прывучаючы іх да какаіну. Потым пачаў займацца кантрабандай наркотыкаў. Сам стаў наркаманам, учыніў шэраг скандалаў з кіраўніцтвам і ў лютым 1926-га з выведкі быў звольнены. Але ёсць версія, што нібыта ён, Сяргей Пясецкі, выявіў сувязі паміж Саветамі і некаторымі ўплывовымі польскімі асобамі.

Станіслаў Ігнацы Віткевіч. Партрэт Сяргея Пясецкага, (1939).

Такім чынам, Пясецкі зноў стаў чалавекам без працы. У пошуках уратавання спрабаваў нават уступіць у Замежны легіён. Пра гэты час расказваюць ягоныя творы «Пяты этап» і «Каханак Вялікай Мядзведзіцы», якія існуюць у перакладзе на беларускую. Цяжка забыць той эпізод у «Пятым этапе», дзе добра п'яны ўзброены галоўны герой робіць напад на адзін з лідскіх рэстаранаў, а потым са стрэламі ідзе па раёне Слабодка да каханкі.

Шукаючы працу, Пясецкі з рэвальверам і рэштай какаіну наведаў Брэст, Львоў і Варшаву, а з сярэдзіны траўня пасяліўся ў Лідзе ў свайго сябра Яна Шэўчыка па адрасе Слабодка, 62 і жыў тут да 6 ліпеня. Будучы пісьменнік заўважыў, што сябру цяжка яго ўтрымоўваць, падзякаваў за гасціннасць і пайшоў пешкі ў Гродна да стрыечнага брата Антона Пясецкага. Пабыў у Гродне (брат жыў па вуліцы Славянскай, 11) толькі адзін дзень, бо і Антону Пясецкаму не было з чаго жыць. Былы выведнік і кантрабандыст зноў пайшоў у Ліду і падчас гэтай хады дзесьці каля ракі Дзітва зразумеў, што няма іншага выйсця як пачаць рабаваць [438].

Першы рабунак Пясецкага адбыўся 27 ліпеня 1926 года. Кур'ер віленскі пры канцы ліпеня пісаў: «Бандыт Пясецкі блукаў на працягу некалькіх дзён у навакольных лясах (каля Ліды. - Л. Л.). У дзень рабунку ў 8 гадзін раніцы ён заўважыў фурманку і напаў на двух яўрэяў, якія ехалі ў ёй: Юдаля Барышанскага і Мардуха Дражніна. Пагражаючы пісталетам, цалкам абрабаваў абодвух… забраў у іх 1054 злотых, залаты гадзіннік і іншыя рэчы» [439].

Сам рабаўнік падчас допыту ў лідскай паліцыі гэтак расказваў пра свае дзеянні: «У вызначаны дзень на шашы ў напрамку Мажэйкава каля ракі Дзітва ў 7-8 гадзіне раніцы спаткаў фурманку, якая ехала ў бок Ліды і перавозіла 4 пустыя скрыні ад гарэлкі. На фурманцы ехалі купец і фурман. Бачачы, што сітуацыя добрая для мяне, што яны вязуць грошы за гарэлку і няма нікога навакол, я наблізіўся да фурманкі і крыкнуў па-беларуску "Рукі ўгору!". На мой заклік фурман спыніў коней і падняў рукі, тое самае зрабіў і купец. Я сказаў, каб аддалі грошы, якія яны ўзялі за гарэлку, пасля чаго фурман адразу добраахвотна аддаў мне 1054 злотых, з якіх я па яго просьбе даў яму некалькі злотых на авёс для каня і на жыццё. У другога яўрэя я забраў чорны адкрыты гадзіннік у цэлулоіднай похве - больш грошаў не патрабаваў, бо купцы сказалі, што больш грошаў не маюць. На момант рабунку трымаў у руцэ рэвальвер (наган), якія меў з часоў працы ў дэфензіве, але не страляў. Атрымаўшы грошы, загадаў ім ехаць у Ліду і нікому нічога не казаць пра рабунак, а сам пайшоў у напрамку станцыі Нёман, каб ехаць чыгункай у Вільню, але спазніўся на цягнік і пешшу пайшоў у вёску Руда, што за Нёманам. Тут пагаліўся і пастрыгся, купіў харчоў і шкарпэткі, адрамантаваў камашы і пешшу пайшоў да Навагрудка. У Навагрудку купіў сябе гумовы плашч, чорную кашулю, бялізну, партфель, партабак, сцізорык і іншыя дробныя рэчы, на ўсё гэта, разам з фурманкамі і выдаткамі ў Лідзе - каля 400 злотых. У турме Навагрудка пакінуў для вязняў 40 злотых. Увечары вузкакалейкай выехаў да Наваельні, а адтуль чыгункай да Вільні» [440].

Потым было ўстаноўлена, што рабаўнік быў пад уздзеяннем какаіну і меў патрэбу ў грошах для пакрыцця закладу за свайго сябра Антона Невяровіча. Аднак калі ён атрымаў грошы, Невяровіч ужо быў на волі.

У Вільні Пясецкі спачатку пасяліўся ў гатэлі «Папа» на вуліцы Завальнай. Але пасля сустрэчы з сябрам - кур'ерам «двуйкі» (польскай выведкі) Антонам Невяровічам, каб зэканоміць грошы, перасяліўся на кватэру ў Новай Вілейцы, якую той здымаў у «ракавой жанчыны» Веры Булгакоўскай. Дарэчы, для знаёмых Вера выдавала сябе за жонку спевака Фёдара Шаляпіна.

Праз некалькі дзён Пясецкі з Невяровічам планавалі пайсці ў Савецкую Расію, каб прынесці адтуль алмазы, якія, хаваючы ад бальшавікоў, закапаў у Маскве іх знаёмым Генрык Краўзэ. Гэтыя алмазы каштавалі каля 6 000 долараў - вельмі вялікія грошы па тым часе, і Пясецкі з Невяровічам павінны былі пасля вяртання з Расіі атрымаць палову гэтай сумы. Для экспедыцыі патрэбны грошы, але Пясецкі не толькі не захаваў нарабаваныя, але дзякуючы «ракавой жанчыне» - палюбоўніцы Невяровіча, патраціў амаль усё, што меў. Сябры вырашылі пайсці на другі рабунак, і Булгакоўская ведала іх планы.

Прэса пісала: «Як паведамляюць, 22 жніўня адбыўся дзёрзкі напад на вузкакалейны цягнік, які курсуе паміж Васілішкамі і Скрыбаўцамі. Бандыты пасля затрымання поезда са зброяй у руках пагражалі жыццю ўсіх пасажыраў і адабралі ў іх упрыгожванні, вялікую колькасць долараў і некалькі дзясяткаў тысяч злотых. Потым, неапазнаныя, збеглі ў невядомым кірунку» [441]. У тым жа нумары паведамлялася пра затрыманне «савецкіх бандытаў» Пясецкага і Невяровіча, якія «бралі ўдзел у нападзе на вузкакалейны цягнік. У арыштаваных знойдзена шмат упрыгожванняў з цягніка... Гэтых людзей паслала мінскае ГПУ з мэтай выведкі. Бандыты мелі зброю» [442].

Праз нумар тая ж газета «Слова» паведаміла, што «арыштаваны бандыты Пясецкі і Невяровіч, якія некалькі дзён таму зрабілі напад на вузкакалейны поезд пад Лідай. Яны прызналі сваю віну і выдалі супольнікаў. Між іншым, сазналіся, што ў злачынных акцыях ім дапамагаў шараговец паліцыі Віленска-Троцкага павета Левандоўскі, праз пасрэдніцтва якога хаваліся зброя і скрадзеныя рэчы, атрымлівалася неабходная амуніцыя. Расследаванне праводзіць адмыслова дэлегаваны следчы Міхалевіч» [443]. І потым: «у сувязі з нападам на цягнік... арыштавана жыхарка Нова-Вілейкі нейкая Булгакоўская, падазраваная ў супрацоўніцтве з бандытамі... Сёння мы даведаліся, што Булгакоўская вызвалена ад арышту з-за недахопу ўлік» [444].

Беларуская газета «Народная справа» так-сама паведамляла: «22 жніўня на вузкакалейцы паміж Васілішкамі і Гжывіцамі пад Лідай банда разбойнікаў напала на поезд і абрабавала ўсіх ехаўшых у ім. Паліцыя заарыштавала ў Нова-Вялейцы двух учаснікаў нападу - Пясецкага і Невяровіча, якія прызналіся да віны і выкрылі сваіх хаўруснікаў. Аказваецца, што і тут не абышлося без учасця паліцыі: бандытам дапамагаў у іх "працы" паліцыянт Левандоўскі, пастарункавы паліцыі Віленска-Троцкага павета, які хаваў рабаваныя рэчы і аружжа, якое сам жа дастаўляў» [445].

Газета назвала Скрыбаўцы на польскі манер Гжыбаўцамі. Насамрэч, у тыя часы да Васілішак вяла вузкакалейка Мураванка - Скрыбаўцы - Вялікае Мажэйкава - Васілішкі. А самі Скрыбаўцы з'яўляюцца чыгуначнай станцыяй на лініі Ліда - Масты.

Звернемся да аповеду пра рабунак Антона Невяровіча, які быў занатаваны ў пратаколах Лідскай паліцыі:

«З Вільні выехалі ў Ліду (разам з Пясецкім. - Л. Л.) вечаровым цягніком 7 жніўня. З Ліды выйшлі па гасцінцу ў напрамку Белагруды. Пераначавалі ў лесе і на другі дзень пайшлі па гродзенскай шашы ў бок ракі Дзітва. У тых ваколіцах жылі тыдзень ці болей, вывучаючы мясцовасць. У лесе жывіліся харчамі, купленымі ў Вільні, а калі яны скончыліся, варылі бульбу з грыбамі ў посудзе - рондалю і кубку, якія ў падарожжа дала нам Булгакоўская. Калі ж мы стаміліся сядзець на адным месцы і пачалі галадаць, дык перайшлі на раку Лебяда каля мястэчка Васілішкі, дзе мы і спыняліся на некалькі дзён, сілкуючыся грыбамі і бульбай, час ад часу лавілі рыбу ў рацэ Лебяда, тут нас бачылі мясцовыя людзі. Падчас нашага знаходжання ў ваколіцах Васілішак, у адзін з дзён мы вышлі да лоркі [446] якая ехала ў бок станцыі Скрыбаўцы, але тады ў нас яшчэ не хапіла смеласці зрабіць напад, да таго ж у лорцы ехала шмат хрысціян, а мы вырашылі рабаваць толькі яўрэяў, і таму вярнуліся ў лес. Праз два дні, 22 жніўня 1926 г. мы вырашылі зрабіць напад на тую ж лорку, таму прыйшлі да дарогі, па якой ехала лорка з пасажырамі ў Скрыбаўцы, і селі пад елкай. Калі мы ўбачылі лорку, дык пайшлі ўздоўж трасы, каб яна нас нагнала. Калі мы заўважылі, што едзе шмат яўрэяў, дык падбеглі да яе, і тады Пясецкі жэстам паказаў мне, што будзем рабаваць. Пясецкі першы скочыў у лорку, прыказаў затрымаць каня і па-руску сказаў пасажырам падняць рукі ўгору, я спачатку стаяў каля лоркі з рэвальерам у руках, так сама як і Пясецкі... Падчас рабунку да Пясецкага з крыўдай звярнулася яўрэйка: чаму ён аддаў раней адабраныя грошы чыноўніку і каталічцы, за гэта Пясецкі забраў у яе завушніцы... Пасля рабунку... сказалі, каб абрабаваныя гадзіну не рухаліся з месца... а самі пабеглі да лесу... выйшлі на шашу (Ліда-Гродна. - Л. Л.) паміж 33-м і 34-м кіламетрам і пайшлі ў бок Ліды. На раніцу падышлі да Ліды на паўтара км, паснедалі адабранымі прадуктамі, падлічылі нарабаваныя грошы і агледзелі рэчы - у нас было 15 долараў, 140 зл., 4 пярсцёнка, пара завушніц і лёгкае паліто, якое Пясецкі забраў, бо думаў, што нам будзе холадна. Потым я ў шапцы чыгуначніка пайшоў у Ліду, дзе купіў брытву, бутэльку гарэлкі, харчы... і ў дамоўленым месцы сустрэўся з Пясецкім, мы разам пад'елі, пасля чаго Пясяцкі пагаліўся... Вечарам мы пайшлі ў Ліду. У чыгуначнай касе я купіў білеты да Вільні, мы селі ў цягнік і без ніякіх перашкод даехалі да Вільні» [447].

Сяргей Пясецкі: «Закончыўшы, прыказаў Невяровічу рэзаць пастромкі ад вупражы каня... Пасля рабавання адышоў ад лоркі на 20 крокаў і падумаў, што падае дождж, холадна і яшчэ некалькі дзён мы будзем у дарозе, таму я вярнуўся і ў аднаго маладога яўрэя адабраў карычневае паліто, якое і зараз на мне. Калі я адбіраў паліто, дык рэвальвер нават не даставаў, паліто аддалі мне добраахвотна» [448].

Чаму Пясецкі з Вільні адмыслова едзе пад Ліду, каб здзейсніць рабунак? Мяркую, справа ў тым, што ён як жаўнер Літоўска-беларускай дывізіі ў 1919 і 1920 гадах ваяваў у гэтых лясах пад Лідай і добра ведаў мясцовасць.

Пасля рабунку Пясецкі і Невяровіч са здабычай вярнуліся ў Новую Вілейку да Булгакоўскай, але гаспадыні дома не было. Ключ ад кватэры знаходзіўся ва ўмоўленым месцы, а ў кватэры на стале сябры знайшлі запіску, з якой даведаліся, што гаспадыня паехала ў маёнтак пад Яшунамі да маці. Невяровіч адразу паехаў да каханкі, а Пясецкі, агледзеўшыся, не знайшоў сваю валізку і, галоўнае, сваю гітару. Застаўшыся ў кватэры адзін, пакрыўджаны Сяргей Пясецкі зрабіў ператрус і знайшоў дзённік Булгакоўскай, з якога шмат даведаўся пра «ракавую жанчыну»: у нейкага афіцэра яна скрала 200 злотых, потым разам з сяброўкай Янінай Ізмаіловіч скралі дарагі гарнітур. У 1925 годзе з нейкім таксістам абрабавала афіцэра на 800 злотых і г. д.

Невяровіч не знайшоў сваю каханку і, вярнуўшыся ў Вільню, адразу выпадкова сустрэў яе на вуліцы Кальварыйскай. Вера растлумачыла сваю адсутнасць тым, што бавіла час з афіцэрамі-лётчыкамі ў Лідзе. Пасля сур'ёзнай размовы з жанчынай гітара Пясецкага знайшлася ў некага з сяброў Булгакоўскай. Вяртанне гітары святкавалі дзвюма бутэлькамі гарэлкі.

Сябры ўжо зусім сабраліся ў Расію за алмазамі і таму арганізавалі развітальны вечар. Прыехала сяброўка Веры Яніна Ізмаіловіч. Вечар пачаўся дрэнна. Трохі выпіўшы, дзяўчаты пасварыліся з-за нейкага раней скрадзенага залатога гадзінніка. Да таго ж Невяровіч сказаў сваёй каханцы, што пасля Масквы ён да яе не вернецца. Па пакоі пачалі лётаць шклянкі, кніжкі, бутэлькі... [449]. Гулянка закончылася даносам на сяброў у паліцыю.

Віленскі даследчык Славамір Андрушкевіч знайшоў у Цэнтральным Архіве Літоўскай Рэспублікі справу супраць Сяргея Пясецкага і Антона Невяровіча. З яе бачна, што: «У ноч з 28 на 29 жніўня 1926 г. жыхарка горада Вільня Яна Ізмаіловіч заявіла ў Камісарыят паліцыі ў Новай Вілейцы, што ў яе сяброўкі Веры Булгакоўскай знаходзяцца дзве падазроныя асобы, якія маюць агнястрэльную зброю» [450].

Справа трапіла ў Віленскі ваенна-палявы суд, пасяджэнне якога адбылося 3 верасня ў Лідзе. Газета «Віленскі Дзённік» пісала ў рэпартажы з пасяджэння гэтага суда: «Пад уплывам непрыемнай інфармацыі аб нападу, чакаў убачыць на лаве падсудных асобаў з выдатнымі характарыстыкамі па тэорыі Ламброза, але гэтыя знясіленыя маладыя людзі маюць слабавольныя твары людзей, здольных як да злых, так і да добрых учынкаў. Пясецкі вучыўся дзесьці ў гімназіі, нібыта скончыў больш за 7 класаў, у арміі атрымаў чын падхарунжага. Невяровіч скончыў 4 класы. Маладзейшы за Пясецкага, бачна, што ён цалкам пад уплывам Пясецкага. Вядуць сябе вельмі павольна, адносіны Пясецкага да Невяровіча рыцарскія: цвердзіў, што менавіта ён быў душой ўсіх дзеянняў. ... Абвінавачаныя карыстаюцца... спагадай прысутных у зале суда, сярод якіх шмат неўрастэнічных, кароткастрыжаных жанчынын.

Усе прызнаюць і сцвярджаюць, што да нападу іх штурхнула адсутнасць працы пасля звальнення з войска. Пасля здабычы грошай праз рабунак меліся з'ехаць за мяжу, каб пачаць там новае жыццё. У абвінаваўчым акце Пясецкі і Невяровіч абвінавачваліся ў тым, што ўзброеныя рэвальверамі напалі на пасажырскі вагон лініі Скрыбаўцы-Васілішкі, і зтэрарызаваўшы пасажыраў, адабралі грошы і каштоўнасці, пасля чаго схаваліся ў лесе. На судовых пасяджэннях стала вядома, што ў беднага чыноўніка, беднай жанчыны і фурмана, якія ехалі ў вагоне, з літасці грошаў не адабралі. Акрамя таго, абвінаваўчы акт сцвярджае пра напад і рабаванне Пясецкім яўрэяў з Астрыны. Паколькі абвінавачаныя прызналі сваю віну, таму сведкі на слуханнях не прынеслі нічога новага. Пасля выступу пракурора, які запатрабаваў смяротнага пакарання для абодвух падсудных, выступалі абаронцы: Хагемаер і Міссан. З-за ўжывання абвінавачанымі какаіну і іх псіха-нервовага стану абарона прасіла перанесці справу ў звычайны суд. Суд пайшоў на нараду, пасля чаго прыгаварыў Пясецкага і Невяровіча да смяротнага пакарання. Абодва вердыкт суда прынялі спакойна» [451].

У іншых рэгіёнах Польшчы рабаўнікі атрымалі б 4 ці 5 год турмы. Але Заходняя Беларусь знаходзілася ў ваенным стане, і таму ўзброеныя рабаўнікі аўтаматычна атрымалі вышэйшую меру пакарання. Абарона падала хадайніцтва пра памілаванне. Абодвух злачынцаў уратавалі былыя заслугі Пясецкага. Ужо на наступны дзень прыйшоў станоўчы адказ, польская выведка знайшла магчымасць падтрымаць свайго былога службоўца і прэзідэнт Польшчы змяніў смяротнае пакаранне на 15 год турмы. Антон Невяровіч памёр праз год пасля арышту ва ўзросце 28 гадоў. Яму прысвечана аповесць Пясецкага «Пяты этап» [452].

Уся гісторыя рабавання Пясецкага і Невяровіча ад самага пачатку абрасла «чорнай легендай». Усе жыццё суправаджаў Пясецкага слых пра забойства пад Лідай. Напрыклад, знакаміты польскі пісьменнік Юзэф Мацкевіч у сваім знакамітым рамане "Ня трэба голасна гаварыць" (Nie trzeba głośno mówić) пісаў: «З ім (Пясецкім) было так: сышоў з рэек пад час вайны, служачы ў выведцы ... У пачатку дваццатых з Васілішак у Ліду ехаў гандляр лесам, яўрэй, з напханым партфелям. Рабавалі бандай. Забілі купца і забралі грошы. Смяротнае пакаранне, памілаванне, турма» [453].

Цікава, што праз месяц пасля нападу Пясецкага на вагон вузкакалейкі невядомыя бандыты, узброеныя карабінамі, рэвальверамі і гранатамі каля станцыі Скрыбаўцы напалі на скоры цягнік Варшава - Ліда. Але цягнік спыніўся якраз на тым месцы, дзе на рэйках знаходзіўся ўзмоцнены нарад паліцыі, і бандыты ўцяклі ў лес [454]. Як бачым, Пясецкі ў той час не быў самым вялікім злодзеем у Заходняй Беларусі.

Спачатку Пясецкі адбываў кару ў лідскай турме, якая ў канцы 1925 года была адрамантавана і пра якую прэса пісала, што яна «можа задаволіць нават суровую інспекцыю» [456]. Але інспекцыю Пясецкага турма не прайшла. Асуджаны выведнік і перамытнік, убачыўшы дрэннае стаўленне да вязняў, крадёж і махлярства кіраўніцтва турмы, узняў бунт, пасля падаўлення якога, як лідар і падбухторшчык, тры месяцы насіў кайданкі. За далейшыя падбухторванні да бунту ён быў пераведзены з Лідскай турмы ў турму горада Равіч, што ў заходняй Польшчы. Але і тут ён пачаў рыхтаваць бунт вязняў і таму быў пераведзены ў турму горада Каранаў. Далей як лідар паўстання ў Каранове трапіў у турму з самым строгім у Польшчы на той час рэжымам - у Свенты Крыж. З усяго свайго турэмнага тэрміну Пясецкі два гады адбыў у ізалятары. На яго асабістай справе было напісана: «Небяспечны». Тым не менш, у турме Пясецкі пачаў чытаць Біблію і «Літаратурныя Ведамасці» (Wiadomości Literackie), толькі тут ён вывучыў літаратурную польскую мову, пачаў пісаць свае кнігі і праз гэта атрымаў агульную вядомасць [457].

Дарэчы, хутка кіраўніцтва Лідскай турмы адказала за свае цёмныя справы. Пры канцы сакавіка 1928 года былі арыштаваны намеснік начальніка турмы Мар'ян Бартноўскі і чыноўнік турэмнай адміністрацыі Альфонс Зямніцкі. Начальнік турмы Баляслаў Марэк застрэліўся ў хаце [458]. Газеты пісалі, што «следства сабрала вялікі матэрыял пра злоўжыванні Бартноўскага. Дапытваліся ўсе супрацоўнікі вязніцы... Арыштаваныя Бартноўскі і Зямніцкі пераведзены ў віленскія Лукішкі» [459].

Публікацыя першага ж рамана выклікала паспяховую кампанію за датэрміновае вызваленне хворага на сухоты пісьменніка. У 1937 годзе перад ім адчынілася турэмная брама - указам прэзідэнта Польшчы пасля 11 год турмы знакаміты пісьменнік быў памілаваны. Пасля прэзідэнцкай амністыі газета «Слова» пісала: «У верасні 1926 г. Пясецкі быў асуджаны на шматгадовае пакаранне за два узброеных рабункі. Суд прыгаварыў яго да смяротнага пакарання за два узброеных напады. Адзін з рабункаў адбыўся дзесьці на дарозе паміж Васілішкамі і Лідай. Ахвярай нападу стала група яўрэяў і сялянаў, якія ехалі коннай лоркай да Ліды (тут памылка, яны маглі ехаць лоркай да Скрыбаўцаў, а ужо адтуль сапраўднай чыгункай да Ліды. - Л. Л.). Суд прыгаварыў рабаўніка да смерці, але кара смерці прэзідэнтам была заменена на 15 год турмы... На следстве Пясецкі ва ўсім добраахвотна сазнаўся і сам паведаў пра яшчэ адзін папярэдні напад. І ў першым, і ў другім выпадку здабычай была дробная біжутэрыя і невялікія грошы. Матывы рабункаў? Пясецкі доўга заставаўся без працы, трэба было з чагосьці жыць, неяк утрымліваць сябе... А пачалося ўсё з заявы ў паліцыю ў Новай Вілейцы нейкай кабеты пра тое, што яе сяброўка хавае Пясецкага. Меў ён тады 27 гадоў» [460]. Насамрэч, газета «запамятавала» сваю ж ранейшую інфармацыю пра нарабаваныя дзясяткі тысяч злотых, што зразумела, бо трэба было растлумачыць грамадству прэзідэнцкую амністыю вядомага пісьменніка.

У 1938 годзе Сяргей Пясецкі быў намінаваны на літаратурную прэмію Нобеля.

Наш горад тым часам яшчэ стане месцам дзеянняў добрай трэці ягонай неверагодна трапнай сатырычнай кнігі «Запіскі афіцэра чырвонай Арміі».

* * *

Сяргей Пясецкі атрымаў сусветную вядомасць. Шмат якія творы пісьменніка ўжо перакладзены на беларускую ці расійскую мову, і зараз у Беларусі яго папулярнасць значна вырасла. Увогуле, тэма Сяргея Пясецкага - добры рэсурс для развіцця турызму: горад Ліда стала фігуруе ў ягоных кнігах бо тут прайшла частка яго крымінальных прыгодаў. Захавалася і Лідская турма, дзе ён пачынаў адбываць пакаранне. Цяпер у гэтым будынку месціцца друкарня. А за некалькіх дзясятках метраў на поўдзень ад могілак пры вуліцы Гражыны (цяпер праспект Пераможцаў) у 1920-я знаходзілася неасвечанае месца, дзе хавалі самазабойцаў і асуджаных Лідскім ваенна-палявым судом да расстрэлу. Смертнікаў вялі пад канвоем праз увесь горад і расстрэльвалі ў пясчаным кар'еры каля могілак, потым хавалі на неасвечанай пляцоўцы. Трохі пазней асуджаных пачалі караць смерцю на тэрыторыі турмы. І калі б Пясецкага не памілаваў польскі прэзідэнт, нікому не вядомы выведнік і кантрабандыст, які б так і не паспеў стаць пісьменнікам, знайшоў бы свой апошні спачын менавіта тут - каля старых Лідскіх могілак.

Пажары. У 2 гадзіны ночы з 15 на 16 ліпеня 1926 г. з невядомай прычыны выбухнуў пажар у мястэчку Ліпнішкі. Згарэлі 54 жылыя пабудовы і 7 гумнаў [461].

У нядзелю, 29 верасня 1926 г. пачаўся пажар у мястэчку Воранава. Мясцовая пажарная дружына не здолела ліквідаваць пажар, страты ад пажару дасягнулі 100 000 злотых [462].

10 лістапада 1926 г. жыхар вёскі Бенявічы Браніслаў Петэрсон падпаліў дамы жыхароў вёскі Стокі. У выніку згарэла два дамы, загінуў адзін дарослы і двое дзяцей. Ваенна-палявы суд у Лідзе прыгаварыў злычынцу да расстрэлу [463].

У траўні 1927 г. у мястэчку Ражанка згарэлі 22 жылыя дамы, 20 гаспадарчых пабудоў, 2 бажніцы, пажар тушылі 4 гадзіны [464].

25 сакавіка 1928 г. зноў здарыўся вялікі пажар у мястэчку Воранава, згарэла 16 жылых дамоў і 6 крамаў, 27 сямей страцілі жытло. Агульныя страты дасягалі 300 000 злотых [465]. Потым, улетку 1928 г. на Лідчыне была выяўлена банда падпальшчыкаў. На працягу кароткага часу на Лідчыне былі падпалена каля 20 вёсак і мястэчкі Воранава, Эйшышкі і Радунь. Падчас, калі жыхары вёсак ці мястэчак тушылі пажар і ратаваліся, здараліся крадзяжы іх маёмасці. Гэта наводзіла на думку, што пажары з'яўляліся чынам нейкай добра арганізаванай банды, якая наўмысна падпальвала вёскі ці мястэчкі, каб падчас сумяціцы рабаваць пагарэльцаў. «Пасля доўгіх разыскаў удалося раскрыць гэтую банду, на чале якой стаяў нейкі Ляўковіч, таварышы якога ўжо па выраку даразнага суду расстрэляны, а ён свабодна гуляў на волі. Але ён таксама быў арыштаваны разам з бліжэйшымі супрацоўнікамі Ёсалям Крупскім і Лейбай Дваржынскім. Пасля арышту гэтай кумпаніі воранаўскі рабін атрымаў ад невядомай арганізацыі "Жалезная рука" некалькі лістоў з пагрозамі, што, калі ён не адмовіцца ад пададзеных паказаньняў ..., дык м. Воранава будзе спалена, а яго жыхары вымардаваны. Усе жыхары м. Воранава былі ў паніцы. Але яны заспакоіліся, калі паліцыя ўяўніла, што гэтыя лісты пісалі кроўныя арыштаваных. ... Да гэтай пары арыштаваны і пасаджаны ў Лідскай турме бандыты-падпалячы: Зыгмунт Бацэвіч і Адольф Тыцынаў з Эйшышак, Міхал Бальбо з Пушман, Жылінскі з Цемель, Людвік Шыманоўскі з Бялундзяў і ўласнік 2 фальваркаў ў Беняконскай гміне Адольф Сухоцкі» [466].

Кансерватыўная газета «Слова» правакацыйна шукала сувязь «паміж падпаламі на Лідчыне, якая ставіць рэкорд ва ўсёй Польшчы ... і ўзмацненнем Грамады. ... Змучаныя жыхары адпачылі толькі пасля ліквідацыі Грамады ...» [467]. На што газета Беларускай сялянскай партыі заўважала: «над ... зьявай трэба задумацца, яна ня ўзнікла прыпадкова і ня з прычыны галечы..., бо А. Сухоцкі навет пан. Прычына яе характару псыхолёгічнага, яна ляжыць у вагульным грэблівым адношанні да ўсяго беларускага народу. Калі можна цэламу народу не даваць школы, калі можна калечыць у чужой школе душу гэтага народу, можна дабівацца нацыянальнай сьмерці гэтага народу, дык - просты вывад - можна й іншыя нягодныя рэчы рабіць з гэтым ... народам» [468].

Тым не менш, ужо пасля арышту падпальшчыкаў, 12 верасня 1928 г. у маёнтку Ўпехаўшчына ў абшарніка Марачэўскага згарэлі стайня, гумно са збожжам і абора, у якой знаходзілася 28 галоў заводнага быдла. Страты - 100 000 злотых. А 13 верасня ў маёнтку Раманаўцы Лябёдскай гміны (уладальнік сенатар Ваньковіч) загарэла гумно са збожжам і паравая малатарня. Страты - 150 000 злотых. Паліцыя лічыла, што ў абодвух выпадках адбыўся падпал маёмасці, прычым Раманаўцы сенатара Ваньковіча раней ужо падпальвалі ў 1927 г. [469]

У красавіку 1928 г. з-за ўцечкі газу на гуце «Нёман» выбухнуў пажар, але яго хутка патушылі рабочыя гуты [470]. Улетку таго ж года ў вёсцы Старая Спуша Дэмбраўскай гміны згарэла 121 пабудова, страты склалі палову мільёна злотых [471].

На пачатку чэрвеня таго ж года вялікі пажар у вёсцы Панямонцы знішчыў 33 жылыя дамы з гаспадарчымі пабудовамі. Страты склалі 200 000 злотых [472]. Праз два тыдні вёска зноў загарэлася. На гэты раз згарэла 26 дамоў і 42 гаспадарчыя пабудовы - ад вёскі практычна нічога не засталося, паўторныя страты склалі 500 000 злотых [473]. Для дапамогі панямонскім сялянам быў створаны адмысловы гмінны камітэт [474].

У Лідзе, 18 ліпеня 1928 г. каля 3-й гадзіны ночы, загарэліся дамы каля рынку, пажар пачаўся з вуліцы Завальнай. Гарадская добраахвотная пажарная варта не змагла патушыць пажар. Пачалася паніка. На дапамогу прыехалі чыгуначныя пажарныя і жаўнеры 11 авіяцыйнага палка. Сумеснымі намаганнямі пажар патушылі толькі да паўдня 19 ліпеня. Згарэла 9 дамоў, сярод якіх некалькі двухпавярховых камяніц [475]. Давід Левін, уладальнік дома № 11 па вул. Завальнай, ад якога пачаўся пажар, быў арыштаваны [476]. Пад час пажару ў Якаба Шмуйловіча (Школьная, 29) злодзеі скралі скрыню з вопраткай, 2 залатыя гадзіннікі і 5000 злотых. У Эльяша Ілютовіча (Завальная, 15) скралі два футры і адзенне [477].

Пры канцы ліпеня 1928 г. падчас буры ад маланкі загарэлася капліца ў вёсцы Мохавічы: «Агонь у адну хвіліну ахапіў капліцу з чатырох бакоў. Мясцовыя людзі, як маглі, ратавалі святыню, але капліца згарэла ўшчэнт» [478]. Замест згарэлай, у Мохавічах у 1930-х гг. была пабудавана новая каплічка ў закапанскім стылі.

Уначы з 30 на 31 траўня 1929 г. у вёсцы Нагародавічы здарыўся вялікі пажар. Сяляне самі тушылі пажар, бо добраахвотныя пажарная дружыны з Беліцы і маёнтка Жухаўшчына не прыехалі. Згарэла 17 гумён, 10 хат, 3 свірны і інш. [479].

Улетку 1929 г. у Лідзе згарэў галоўны будынак фабрыкі мыла Ківяловіча па вуліцы Пяскі [480].

Здарэнні. Прэса часта пісала пра самазабойства, напрыклад, улетку 1928 г. чыноўнік, які працаваў у Касе Хворых (Сацзабяспячэнне) Казімір Любарскі стрэлам з рэвальвера забіў сваю жонку Юлію і потым паспрабаваў застрэліцца сам, але куля толькі прабіла яму левую шчаку [481]. Самазабойцы часта выбіралі сабе для апошніх рахункаў з жыццём лідскія каталіцкія парафіяльныя могілкі. Так, у сакавіку 1929 г. на могілках у беспрытомным стане была знойдзена Яўгенія Скеміш. Выпадковыя людзі цудам уратавалі дзяўчыну і адвезлі ў шпіталь [482].

У жніўні 1926 г. у вёсцы Агароднікі з-за спрэчкі за сушню, якая стаяла на мяжы зямлі абшарніка і ўладальніка гуты Нёман Столе была выклікана паліцыя. Столе лічыў, што сушня належыць яму, а сялянская грамада Агароднікаў лічыла яе сваёй. На агульным сходзе вёскі, які склікалі паліцыянты, узняўся скандал, і падобна на тое, што сяляне даказалі свае правы [483].

У аўторак 14 чэрвеня 1927 г. у вёсцы Зачэпічы Беліцкай гміны, каля 4-х гадзін вечара выпаў град, «ды такі сільны, якога ня помніць найстарэйшыя людзі ў вёсцы. Велічыня паадзінкавых градзін была ў паўтара курыных яйцы. Ува многіх хатах павыбіваны вокны. Куры, якія не ўсьпелі схавацца, былі пазабіваны на месцы. Скаціна не магла трываць на полі і, як магла, уцякала дамоў, уся пакрытая гузамі ... . Надворкі пакрыліся густым пластом лёду ... вуліца перарабілася ў раку. Град трымаў каля 20 мінут. Жыта паламана і скручана, ярына зьбіта і павыварочвана з карэньнямі.

Град захапіў паласу ў вёрст дзесяць шырыні і як чутно, вёрст 100 даўжынёю, прыблізна ўздоўж Нёмана з боку Мастоў на ўсход, на шчасьце на палавіну лесам, які так сама пакрышыла ... .

Навакола вёскі Зачэпічы, як чутно, панішчаны пасевы ў вёсках: Страла, Краглі, Нагародавічы, Гезгалы, Каршакакі, Вусьце і Сарапіне. Найбольш спустошаньні аказаліся ў Нагародавічах, дзе ўсё поле перароблена ў гладкі ток.

Вёскі апанаваў смутак. Леташні год у гэтай мясцовасьці быў недарод. ... . Мясцовыя дзеячы зварочваюцца да ўсяго беларускага грамадзянства аб дапамозе ...» [484].

4 чэрвеня 1928 г. па ўсёй Заходняй Беларусі прайшоў моцны ўраган, які прынёс «страшэнныя страты, а навет поўнае жабрацтва многім нашым сялянам, а іншым і сьмерць. Ураган ... зьмятаў з дарогі фурманкі ... ламаў і крушыў усё ... . У Лідскім павеце ... ураган прайшоў над мясцовасьцямі: Ганчары, Ельня, Шайбакі, Геранёны, Чэхаўцы, Гердзеўцы, Сялец і інш. У гэтых мясцовасьцях ураган павырываў амаль ня ўсе стрэхі, быў прычынай многіх пажараў ... . На дарозе Ліда-Навагрудак бура вывернула больш за 100 старых дрэваў. ... Страты ад урагану (на Лідчыне - Л. Л.) дасягаюць 3-х мільёнаў злотых, з чаго мільён прыходзіцца на будынкі, а рэшта на збожжа» [485].

На пачатку кастрычніка 1928 г. моцная бура прайшла па тэрыторыі Дакудаўскай, Ганчарскай і Беліцкай гмінаў. У вёсках Вялічкі, Ельня і Парачаны ад маланак здарыліся пажары. Маланкай забіла Ўладзіслава і Пятра Жамойцісаў [486].

З-за невялікай колькасці механічнага транспарту, аварыі з ім ў 1920-х гг. былі не часта. Але аўтамабілі і матацыклы ўжо пачалі забіваць і калечыць людзей.

2 ліпеня 1926 г. за чатыры кіламетры ад Ліды ў бок Вільні разбіўся аўтамабіль памежнай аховы, паручнік Вяндлінскі загінуў, а кіроўца аўтамабіля атрымаў цяжкія раненні [487].

Пры канцы ліпеня 1929 г. на Лідскім тракце ў матацыкла лопнула шына, і ён перакуліўся. У выніку загінуў адзін з пасажыраў - капітан 77 палка Валіца, які сядзеў у люльцы. Кіраваў матацыклам яго ўладальнік, чыноўнік з Ліды Грабоўскі, ён і пасажырка Знайдоўская былі паранены [488].

31 жніўня 1929 г. па вуліцы Вызвалення аўтобус № 79111 Ліда-Іўе, якім кіраваў Уладзіслаў Шымчак на хуткасці ў 40 км/г урэзаўся ў дрэва. Аўтобус быў перапоўнены пасажырамі, але абышлося - толькі адна асоба страціла зуб [489].

Газета «Сялянская Ніва» паведамляла, што 29 чэрвеня 1927 г. «мае адбыцца зацьменне Сонца, якое можна будзе бачыць у Эўропе, а ў тым ліку і ў нас. Месяц закрые Сонца з правага боку налева ...» [490].

18 траўня 1929 г. а 21-й гадзіне жыхары нашага горада, шпацыруя па вуліцах, убачылі вялікі балід, які меў форму шара і з вялікай хуткасцю, пакідаючы за сабой яркі і прыгожы след, рухаўся па небе з поўдня на паўночны захад. «Была гэта рэдкая, але надта прыгожая прыродная з'ява» [491].

* * *

У нумары ад 6 лістапада 1929 г. газета «Наваградскае жыццё» паведаміла пра «чорны чацвер» на Уол-стрыт [492]. Пачаўся Сусветны эканамічны крызіс, які на 5 гадоў спыніў развіццё эканомікі, увёў сотні мільёнаў людзей у галечу і спрыяў антыдэмакратычным трансфармацыям у шэрагу краін. Наш край пачаў выходзіць з гэтага крызісу толькі пасля 1935 г.

Але пра гэта ў наступнай частцы.



[1] Ежы Путрамант. Паўвеку. Пераклад з польскай Станіслава Судніка // Лідскі Летапісец 2011. № 1(53). С. 61-62.

[2] Słowo № 246(959), 28 października 1925.

[3] Kurjer Wilenski № 241(990), 21 października 1927.

[4] Беларуская Справа № 7, 14 траўня 1926.

[5] Ежы Путрамант. Паўвеку. Пераклад з польскай Станіслава Судніка // Лідскі Летапісец 2011. № 1(53). С. 64.

[6] Народная Справа № 7, 11 жніўня 1926.

[7] Słowo № 92(509), 24 kwietnia 1924.

[8] Słowo № 119(536), 27-go maja 1924.

[9] Słowo № 149(863), 5 lipca 1925.

[10] Kurjer Wilenski № 14(1061), 19 stycznia 1928.

[11] Kurjer Wilenski № 50(1097), 2 marca 1928.

[12] «Сім-Сім» - так звалі 77-мы пяхотны полк які стаяў у Лідзе.

[13] Ежы Путрамант. Паўвеку. Пераклад з польскай Станіслава Судніка // Лідскі Летапісец 2011. №2(54). С. 60.

[14] Słowo № 66(1677), 21 marca 1928.

[15] Kurjer Wilenski № 130(1177), 12 czerwca 1928.

[16] Там жа.

[17] Słowo № 95(2005), 25 kwietnia 1929.

[18] Słowo № 82(1992), 10 kwietnia 1929.

[19]Той крыж прастаяў да канца 90-х гадоў, на ім была пазначана дата: 1925 год, і старыя людзі апавядалі пра камяні з надпісамі, якія пры саветах патапілі ў балоце, і месца паказалі. Такім чынам можна лічыць, што першы крыж на магілах паўстанцаў паміж Малым Ольжавам і Мохавічамі, каля якога былі пастаўленыя новыя крыжы ў 1995 г., быў пастаўлены ў 1925 годзе, а надмагільны камень, якога няма - у 1928 годзе. Аўтэнтычны камень 1863 года захаваўся на адной з магіл праз усе часы і ўлады. Больщ чым праз паўстагоддзя стары лідзянін Мікалай Стралюк успамінаў: «Гэта месца называюць Грушы, было шмат грушак. Быў вялікі камень. Там было напісана 1863 г. Крыжык быў такі, крыж паставілі ў 1925 г. Паставіў асаднік Лучко. Знайшоў камень з датай 1863 г. Зрабілі мітынг, ксёндз асвяціў. Ядловец пасадзілі каля крыжу. Грубы быў, высокі. Палкоўнік Ардылоўскі Стэфан. ... Камень загарнулі ў Малым Ольжава або пад лазню, або пад кароўнік ... у траншэю» - Гл: http://pawet.net/memoirs/1940a/Мемуары_былых_жыхароў_Ліды.html

[20] Zycie Nowogrodzkie №183(217), 9 sierpnia 1928.

[21] Słowo № 241(1852), 19 października 1928.

[22] Życie Nowogródzkie № 4(361), 4 stycznia 1929.

[23] Słowo № 25(1935), 30 stycznia 1929.

[24] Słowo № 94(2004), 24 kwietnia 1929.

[25] Kurjer Wilenski № 174(1519), 2 sierpnia 1929.

[26] Słowo № 190(2100), 21 sierpnia 1929.

[27] Kurjer Wilenski № 220(1565), 26 września 1929.

[28] Там жа.

[29] Борка А. І. Мясцовыя органы дзяржаўнага кіравання і самакіравання ў Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.). Гродна, 2011. С. 23-28.

[30] Там жа. С. 32-34., 37.

[31] Там жа. С. 37.

[32] Życie Nowogródzkie № 301(658), 1 listopada 1929.

[33] Życie Nowogródzkie № 63(777), 15 marca 1930.

[34] Życie Nowogródzkie № 199(913), 29 sierpnia 1930.

[35] Мой цесць, Iосiф Iосiфавіч Хруль (1929-2013) успамінаў: «... сын Адама, таксама Адам, жыў з намі цераз плот з маці. І ён трапіў у армію перад самай Сусветнай вайной, у гвардыю, гвардыю царыцы. Служыў у Магілёве. Служыў у штабе. Прысвоілі яму афіцэрскае званне. Пры бальшавіках, пасадзілі яго начальнікам ваенкамата дзесьці ў Сібіры. Сядзеў, як мыш пад венікам. Але на бальшавікоў наглядзеўся. Што там выраблялася, страшная справа! Хапалі ўсіх. У 1924 годзе вярнуўся сюды. З'ездіў у Амерыку, атрымаў спадчыну па бацьку. Вярнуўся назад. Яго тры разы войтам выбіралі ў Радуні. Закон быў такі, як выбраў народ - паўгода павінен адпрацаваць. Потым можаш і ў дэмісію падацца. У 1939 г. яго бальшавікі не зачапілі, хаця ніводнага жывога войта не пакінулі. ... А Адам, як Саветы прыйшлі, дык працаваў бухгалтарам у райспажыўсаюзе ў Радуні. А калі ў калгасы сагналі, яго бухгалтарам у калгас перавялі. Адам мне і пра род наш шляхецкі расказваў. Усё, што я чуў пра род - гэта ад Адама, ён жа мне - траюрадны брат. Розніца ва ўзросце вялікая была, але ён любіў са мной гаварыць, ён мне расказваў пра вайну, Расію, бальшавікоў, Сібір» - Гл.: Лаўрэш Леанід. Размова са старым шляхціцам // Лідскі летапісец 2012. № 2 (58). С. 55.

[36] Борка А. І. Мясцовыя органы дзяржаўнага кіравання і самакіравання ў Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.). Гродна, 2011. С. 44-51.

[37] Там жа. С. 61-64.

[38] Народная Справа № 38, 27 лістапада 1926.

[39] Наша Справа № 2, 5 студзеня 1927.

[40] Борка А. І. Мясцовыя органы дзяржаўнага кіравання і самакіравання ў Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.). Гродна, 2011. С. 65.

[41] Там жа. С. 73-75, 80-81.

[42] Życie Nowogródzkie № 265(299), 30 października 1928.

[43] Słowo № 216(930), 23 września 1925.

[44] Słowo № 225(939), 3 października 1925.

[45] Уладзіслаў Мальскі нарадзіўся 24 ліпеня 1894 г. у Малапольшчы, памёр у 1941 г. Скончыў Львоўскі ўніверсітэт. У 1914 г. уступіў у 1-ю брыгаду польскіх легіёнаў Пілсудскага, дзе даслужыўся да сяржанта, у 1917-18 гг. камандаваў звязам аўстрыйскага войска на Італьянскім фронце. У 1918 г. уступіў у Польскую вайсковую арганізацыю. З 1920 г. працаваў у Звязе абаронцаў айчыны, рыхтаваў паўстанне ў Шлёнску, тады ж узначаліў агульнапольскі Звяз Стральцоў. У 1923 г. у чыне капітана пакінуў вайсковую службу і перастаў кіраваць Звязам Стральцоў. Як асаднік разам з сям'ёй пасяліўся ў Ёдкішках (каля Больценікаў) Лідскага павета. Нейкі час гаспадарыў. Браў удзел ў працы Звязу асаднікаў і ў кааператыўным руху. З 1928 г. актывіст Беспартыйнага блоку працы з урадам (BBWR) - гэта практычна была кіроўная ў Польшчы палітычная групоўка. У 1930 г. быў абраны паслом у сойм, а ў 1935 г. - у Сенат РП. Пасля верасня 1939 г. стаў на чале канспіратыўнай арганізацыі «Цывільная абарона» ў Лідзе. 27 кастрычніка 1939 г. арыштаваны і вывезены ў Менск. Пра Мальскага гл. у дадатках эсэ Юзафа Мацкевіча.

[46] Будучы бургамістр Ліды Юзаф Задурскі.

[47] Rostworowski Andrzej. Moje życie na Nowogródczyźnie lata 1924-1928 // Goniec Kresowy 2003. № 41. S. 15.

[48] Słowo № 45(1955), 23 lutego 1929.

[49] Kurjer Wilenski № 145(1490), 28 czerwca 1929.

[50] Nowogródzki Dziennik Wojewodzki № 2, 28 lutego 1926.

[51] Słowo № 116(1126), 20 maja 1926.

[52] Kurjer Wilenski № 154(903), 10 lipca 1927.

[53] Słowo № 69(1382), 25 marca 1927.

[54] Народ № 17, 30 верасня 1928.

[55] Słowo № 85(1995), 13 kwietnia 1929.

[56] Słowo № 87(1997), 16 kwietnia 1929.

[57] Rostworowski Andrzej. Moje życie na Nowogródczyźnie lata 1924-1928 // Goniec Kresowy 2003. № 41. S. 15.

[58] Słowo № 25(739), 31 stycznia 1925.; Słowo № 28(742), 4 lutego 1925.

[59] Słowo № 245(1255), 20 października 1926.

[60] Słowo № 255(1568), 8 listopada1927.

[61] Słowo № 150(864), 7 lipca 1925.

[62] Słowo № 231(944), 10 października 1925.

[63] Naruszewicz W. Wspomnienia lidzianina. Warszawa, 2001. S. 50.

[64] Słowo № 231(944), 10 października 1925.

[65] Słowo № 72(1683), 28 marca 1928.

[66] Życie Nowogródzkie № 152(186) 9 lipca 1928.

[67] Słowo № 177(2087), 4 sierpnia 1929.

[68] Słowo № 15(1328), 20 stycznia 1927.

[69] Там жа.

[70] Беларуская Ніва № 4, 28 лістапада 1925.

[71] Słowo № 124(1437), 2 czerwca 1927.

[72] Słowo № 130(1443), 10 czerwca 1927.

[73] Наша Праўда № 32, 23 ліпеня 1927 г.

[74] Наша Праўда № 34, 30 ліпеня 1927 г.

[75] Сялянская Ніва № 57(108), 23 ліпеня 1927.

[76] Slowo № 166(1479), 24 lipca 1927.

[77] Kurjer Wilenski № 175(924), 4 sierpnia 1927.

[78] Kurjer Wilenski № 182(931), 12 sierpnia 1927.

[79] Życie Nowogródzkie № 293(650), 24 października 1929.

[80] Беларускае Слова № 25(54), 29 ліпеня 1927.

[81] Сялянская Ніва № 51(102), 2 ліпеня 1927.

[82] Сялянская Ніва № 58(101), 6 жніўня 1927.

[83] Беларускае Слова № 37(66), 19 лістапада 1927.

[84] Грамадзянін № 14, 30 ліпеня 1928.

[85] Słowo № 3(1614), 4 stycznia 1928.

[86] Słowo № 4(1615), 5 stycznia 1928.

[87] Сялянская Ніва № 10(157), 28 студзеня 1928.

[88] Słowo № 16(1628), 20 stycznia 1928.

[89] Słowo № 17(1628), 21 stycznia 1928.

[90] Słowo № 28(1638), 2 lutego 1928.

[91] Сялянская Ніва № 14(161), 8 лютага 1928.

[92] Сялянская Ніва № 16(163), 15 лютага 1928.

[93] Рэха Працы № 1, 1 верасня 1928.

[94] Kurjer Wilenski № 38(1085), 17 lutego 1928.

[95] Сялянская Ніва № 18(165), 22 лютага 1928.

[96] Сялянская Ніва № 19(166), 25 лютага 1928.

[97] Słowo № 54(1665), 6 marca 1928.; Słowo № 55(1666), 7 marca 1928.

[98] Сялянская Ніва № 23(170), 14 сакавіка 1928.

[99] Беларуская Крыніца № 18, 16 траўня 1930.

[100] Народная Справа № 8, 14 жніўня 1926.

[101] Kurjer Wilenski № 39(1086), 18 lutego 1928.

[102] Kurjer Wilenski № 54(1101), 7 marca 1928.

[103] Kurjer Wilenski № 131(1178), 13 czerwca 1928.

[104] Kurjer Wilenski № 136(1183), 19 czerwca 1928.

[105] Kurjer Wilenski № 143(1190), 27 czerwca 1928.

[106] Słowo № 154(2064), 9 lipsa 1929.

[107] Народная Справа № 5, 7 жніўня 1926.

[108] Народная Справа № 13, 31 жніўня 1926.

[109] Народная Справа № 14, 4 верасня 1926.

[110] Народная Справа № 17, 15 верасня 1926.

[111] Słowo № 157(1167) 9 lipca 1926.

[112] Народная Справа № 20, 21 верасня 1926.

[113] Народная Справа № 22, 7 кастрычніка 1926.

[114] Słowo № 279(1289) 30, listopada 1926.

[115] Наша Справа № 6, 19 студзеня 1927.

[116] Słowo № 26(1339), 2 lutego 1927.

[117] Воля Працы № 4, 22 сакавіка 1928.

[118] Воля Працы № 5, 28 сакавіка 1928.

[119] Słowo № 64(1675), 17 marca 1928.

[120] Голас Працы № 4, 25 красавіка 1928.

[121] Słowo № 106(1717), 10 maja 1928.

[122] Голас Працы № 13, 26 траўня 1928.

[123] Сялянская Ніва № 13(64), 9 лютага 1927.

[124] Наша Праўда № 45, 7 верасня 1927.

[125] Голас Працы № 3, 21 красавіка 1928.

[126] Słowo № 82(1092), 11 kwietnia 1926.

[127] Kurjer Wilenski № 107(856), 12 maja 1927.

[128] Kurjer Wilenski № 106(855), 11 maja 1927.

[129] Kurjer Wilenski № 194(943), 27 sierpnia 1927.

[130] Kurjer Wilenski № 54(1101), 7 marca 1928.

[131] Воля Праўды № 4, 22 сакавіка 1928.

[132] Kurjer Wilenski № 63(1110), 17 marca 1928.

[133] Słowo № 100(1711), 2 maja 1928.

[134] Słowo № 237(1848), 14 października 1928.

[135] Kurjer Wilenski № 214(1559), 19 września 1929.

[136] Беларускае Слова № 28, 14 снежня 1926.

[137] Беларускае Слова № 11, 24 красавіка 1926.

[138] Беларускае Слова № 5(34), 17 лютага 1926.

[139] Беларускае Слова № 14(43), 8 траўня 1927.

[140] Беларуская Справа № 7, 14 траўня 1926.

[141] Беларуская Ніва № 20, 10 сакавіка 1926.

[142] Наша Справа № 8, 24 снежня 1926.

[143] Słowo № 49(1959), 28 lutego 1929.

[144] Słowo № 61(1971), 14 marca 1929.

[145] Słowo № 101(2011), 2 maja 1929.

[146] Słowo № 222(936), 30 września 1925.

[147] Беспартыйны блок супрацоўніцтва з урадам (Bezpartyjny Blok Wspolpracy z Rzadem, BBWR) - арганізацыя палітычнай падтрымкі маршала Юзафа Пілсудскага і рэжыму "санацыі" ў Польшчы 1927-1935 гг. Фармальна Блок лічыўся пазапартыйным і непалітычным, рэальна ўяўляў сабой своеасаблівую "партыю ўлады", інструмент кантролю над палітычнай сістэмай Другой Рэчы Паспалітай.

[148] Kurjer Wilenski №180(1227), 10 sierpnia 1928.

[149] Kuwałek Robert. Życie społeczno-polityczne ziemi lidzkiej w okresie międzywojennym // Ziemia Lidzka 1997. №25.

[150] Życie Nowogródzkie № 264(621), 25 września 1929.

[151] Słowo № 228(1541), 6 października 1927.

[152] Słowo № 45(1055), 25 lutego 1926.

[153] Zycie Nowogrodzkie № 23, 15 października 1927.

[154] Życie Nowogródzkie № 151(185), 8 lipca 1928.

[155] Kurjer Wilenski № 195(1242), 28 sierpnia 1928.

[156] Kurjer Wilenski № 219(1564), 25 września 1929.

[157] Słowo № 47(1057), 27 lutego 1926.

[158] Słowo № 161(1171), 14 lipca 1926.

[159] Дварэцкі Мойша нарадзіўся ў Лідзе 1 снежня 1891 г. Закончыў гімназію і два семестры педагагічнага інстытута і тры семестры медыцынскага факультэта. Выкладаў лацінскую мову.

[160] Dowlaszewicz Irena. Gimnazjum żydowskie // Ziemia Lidzka 2002. № 2(49).

[161] Życie Nowogródzkie № 197(911), 27 sierpnia 1930.

[162] Życie Nowogródzkie № 128(162), 16 czerwca 1928.

[163] Życie Nowogródzkie № 129(163), 17 czerwca 1928.

[164] Kurjer Wilenski № 278(1623), 4 grudnia 1929.

[165] Słowo № 45(1055), 25 lutego 1926.

[166] Ежы Путрамант. Паўвеку. Пераклад з польскай Станіслава Судніка // Лідскі Летапісец 2011. № 1 (53). С. 59.

[167] Życie Nowogródzkie № 269(303), 3 listopada 1928.

[168] Рустоўка - у архітэктуры абліцоўванне знешніх сцен будынка або іх некаторых частак чатырохкутнымі, правільна складзенымі і шчыльна прыгнанымі адзін да другога камянямі, пярэдні бок якіх пакінуты неабчэсаным ці абчэсаным вельмі груба, і толькі па краях абведзены невялікай гладкай паласой. Пры "дыяментавай" рустоўцы камяні абчэсаны ў форме дыямента.

[169] Дзякуючы каркаснай канструкцыі і адсутнасці апорных сценаў у сучасным будынку, стужачныя вокны Ле Карбюззе рабіліся практычна любой велічыні і канфігурацыі, у тым ліку маглі быць свабодна працягнуты стужкай ўздоўж усяго фасада.

[170] Pszczółkowski Michał. Kresy nowoczesne. Architektura na ziemiach wschodnich II Rzeczypospolitej 1921-1939. Łódź, 2016. S. 100.

[171] Słowo № 90(1701), 20 kwietnia 1928.

[172] Słowo № 227(1838), 3 października 1928.

[173] Życie Nowogródzkie № 71(105), 19 kwietnia 1928.

[174] Życie Nowogródzkie № 80(114), 28 kwietnia 1928.

[175] Życie Nowogródzkie № 103(137), 21 maja 1928.

[176] Życie Nowogródzkie № 119(153), 7 czerwca 1928.

[177] Życie Nowogródzkie № 123(157), 11 czerwca 1928.

[178] Słowo № 142(1753), 24 czerwca 1928.

[179] Kurjer Wilenski № 150(1197), 6 lipca 1928.

[180] Słowo № 67(1977), 21 marca 1929.

[181] Słowo № 109(2019), 14 maja 1929.

[182] Słowo № 59(1969), 12 marca 1929.

[183] Życie Nowogródzkie № 293(650), 24 października 1929.

[184] Życie Nowogródzkie № 327(684), 26 listopada 1929.

[185] Pszczółkowski Michał. Kresy nowoczesne. Architektura na ziemiach wschodnich II Rzeczypospolitej 1921-1939. Łódź, 2016. S. 101-102.

[186] Kurjer Wilenski № 150(1197), 6 lipca 1928.

[187] Kurjer Wilenski № 197(1542), 30 sierpnia 1929.

[188] Kurjer Wilenski № 220(1565), 26 września 1929.

[189] Kurjer Wilenski № 200(1545), 3 września 1929.

[190] Kurjer Wilenski № 236(1581), 16 października 1929.

[191] Kurjer Wilenski № 149(1494), 4 lipca 1929.; Kurjer Wilenski № 216(1561), 21 września 1929.

[192] Życie Nowogródzkie № 271(305), 5 listopada 1928.

[193] Życie Nowogródzkie № 148(505), 1 czerwca 1929.

[194] Жыццё Беларуса № 18, 7 лістапада 1925.

[195] Загідулін А. М. Законы "Аб мове..." 31 ліпеня 1924 г. ў гістарычнай літаратуры // История Польши в историографической традиции XIX - начала XX вв.: Материалы Международной научной конференции (Гродно, 29-30 октября 2009 г.), Гродно, 2011. С. 241-245.

[196] Пашкевіч Алесь. Цаглінка ў даволі саліднай гістарыяграфіі // Arche 2006. №6. С. 50.

[197] Наш Сьцяг №3, 13 чэрвеня 1923.

[198] Беларуская Ніва № 17(30), 27 лютага 1926.

[199] Беларуская Ніва № 15(28), 24 лютага 1926.

[200] Беларуская Ніва № 17(30), 27 лютага 1926.

[201] Беларуская Ніва № 19(32), 6 сакавіка 1926.

[202] Сялянская Праўда № 17, 7 лістапада 1924.

[203] Там жа.

[204] Беларускае Слова № 1, 3 лютага 1926.

[205] Беларускае Слова № 4, 26 лютага 1926.

[206] Загідулін А. М. Беларускае пытанне ў польскай нацыянальнай і канфесійнай палітыцы ў Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.). Гродна, 2010. С. 72.

[207] Наша Справа № 3, 4 снежня 1926.

[208] Народная Справа № 38, 27 лістапада 1926.

[209] Наша Справа № 8, 24 снежня 1926.

[210] Наша Справа № 3, 8 студзеня 1927.

[211] Беларускае Слова № 2(110), 22 студзеня 1928.

[212] Сьцяг Працы № 2, 7 ліпеня 1928.

[213] Грамадзянін № 13, 7 ліпеня 1928.

[214] Там жа.

[215] Życie Nowogródzkie №264(621) 25 września 1929.

[216] Народ № 18, 11 лістапада 1928.

[217] Słowo №271(984) 26 listopada 1925.

[218] Беларуская Ніва №19(32), 6 сакавіка 1926.

[219] Słowo №57(1067) 11 marca 1926.

[220] Загідулін А. М. Беларускае пытанне ў польскай нацыянальнай і канфесійнай палітыцы ў Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.). Гродна, 2010. С. 86.

[221] Новае Жыццё № 2, 10 сакавіка 1923.

[222] Беларуская Справа № 7, 14 траўня 1926.

[223] Народная Справа № 2, 2 ліпеня 1926.

[224] Наш голас № 10, 26 лютага 1927 г.

[225] Загідулін А. М. Беларускае пытанне ў польскай нацыянальнай і канфесійнай палітыцы ў Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.). Гродна, 2010. С. 162.

[226] Беларуская зарніца 1928. № 6. С. 16.

[227] Голас Праваслаўнага Беларуса 1932. № 3. С. 30.

[228] Сялянская Ніва № 11, 31 сакавіка 1926.

[229] Горны Аляксандр. Страсці вакол Мураванкі // Поколение 2013. № 2. С. 46.

[230] Там жа.

[231] Там жа.

[232] Беларускае слова. 1926. № 5. С. 3.

[233] Горны Аляксандр. Страсці вакол Мураванкі // Поколение 2013. № 2. С. 47.

[234] Праваслаўная Беларусь 1927. №5. С. 10-11.

[235] Горны Аляксандр. Страсці вакол Мураванкі // Поколение. 2013. № 2. С. 47.

[236] Там жа.

[237] Słowo № 269(1886), 22 listopada 1928.

[238] Завала Віктар. Нараджэння Прасвятое Багародзіцы Маламажэйкаўская царква // Праваслаўе 2000. №9. С. 65.

[239] Беларуская зарніца 1928. №6. С. 16.

[240] Słowo № 263(1874), 15 listopada 1928.

[241] Горны Аляксандр. Страсці вакол Мураванкі // Поколение 2013. № 2. С. 47.

[242] Нацыянальны дэмакрат, маецца на ўвазе, член ці прыхільнік гэтай партыі.

[243] Rostworowski Andrzej. Moje życie na Nowogródczyźnie lata 1924-1928 // Goniec Kresowy 2003. № 41. S.13.

[244] Дакументы па архітэктуры і картаграфіі Беларусі ў архівах Санкт-Пецярбурга і Вільні. Мінск, 1994. С. 102.

[245] Менавіта так напісана па-польску.

[246] Rostworowski Andrzej. Moje życie na Nowogródczyźnie lata 1924-1928 // Goniec Kresowy 2003. № 41. S.13.

[247] Грамадзянін № 15, 2 жніўня 1928.

[248] Słowo № 37(751), 14 lutego 1925.

[249] Беларускае Слова № 29, 31 снежня 1926.

[250] Słowo № 239(1249), 13 października 1926.

[251] Słowo № 111(1722), 16 maja 1928.

[252] Słowo № 144(1755), 27 czerwca 1928.

[253] Słowo № 175(2085), 2 sierpnia 1929.

[254] Słowo № 15(1328), 20 stycznia 1927.

[255] Słowo № 92(1405), 23 kwietnia 1927.

[256] Słowo № 281(1594), 8 grudnia 1927.

[257] Kurjer Wilenski № 64(813), 19 marca 1927.

[258] Słowo № 90(1701), 20 kwietnia 1928.

[259] Ciechanowicz Lech. Czasopiśmiennictwo w województwie Nowogródzkim w latach Drugiej Rzeczypospolitej // Ziemia Lidzka 2001. №4(47).

[260] Kurjer Wilenski № 266(1313), 20 listopada 1928.

[261] Kurjer Wilenski № 221(1566), 27 września 1929.

[262] Słowo № 281(1892), 6 grudnia 1928.

[263] Życie Nowogródzkie № 297(331), 2 grudnia 1928.

[264] Słowo № 39(1949), 16 lutego 1929.

[265] «Jagdschlösschen» - стыль замку паляўнічых.

[266] Słowo № 228(2138), 4 października 1929.

[267] Сялянская Праўда № 32, 12 снежня 1924.

[268] Słowo № 286(999), 15 grudnia 1925.

[269] Kurjer Wilenski № 149(1494), 4 lipca 1929.

[270] Беларускае Слова № 25(54), 29 ліпеня 1927.

[271] Грамадзянін № 15, 2 жніўня 1928.

[272] Францішак Штэфчык (1861-1924) - настаўнік, грамадскі дзеяч, эканаміст. Ініцыятар закладання кааператыўных ашчадна-пазыковых касаў, якія атрымалі назву "касы Штэфчыка".

[273] Грамадзянін № 16, 18 жніўня 1928.

[274] Lech Ciehanowicz. Przemysł lidzki w dwudziestoleciu międzywojennym // Zemia Lidzka 2000. № 41.

[275] Słowo № 69(486), 23 marca 1924.

[276] Słowo № 191(608), 23 sierpnia 1924.

[277] Słowo № 225(642), 3 października 1924.

[278] Słowo № 292(709), 23 grudnia 1924.

[279] Słowo № 24(1034), 30 stycznia 1926.

[280] Słowo № 58(1068), 12 marca 1926.

[281] Słowo № 199(913), 3 września 1925.

[282] Słowo № 84(1094), 14 kwietnia 1926.

[283] Słowo № 174(1184), 29 lipca 1926.

[284] Słowo № 17(1330), 22 stycznia 1927.

[285] Kurjer Wilenski № 294(1043), 24 grudnia 1927.

[286] Kurjer Wilenski № 204(1251), 7 września 1928.

[287] Kurjer Wilenski № 206(1253), 9 września 1928.

[288] Kurjer Wilenski № 278(1325), 4 grudnia 1928.

[289] Słowo № 208(1819), 11 września 1928.

[290] Słowo № 76(1986), 3 kwietnia 1929.

[291] Słowo № 222(936), 30 września 1925.

[292] Słowo № 161(1171), 14 lipca 1926.

[293] Słowo № 154(571), 10 lipca 1924.

[294] Kurjer Wilenski № 94(843), 26 kwietnia 1927.

[295] Słowo № 250(1563), 1 listopada1927.

[296] Kurjer Wilenski № 100(1147), 3 maja 1928.

[297] Kurjer Wilenski № 128(1175), 9 czerwca 1928.

[298] Грамадзянін № 15, 2 жніўня 1928.

[299] Грамадзянін № 14, 30 ліпеня 1928.

[300] Kurjer Wilenski № 148(1195), 4 lipca 1928.

[301] Słowo № 91(1702), 21 kwietnia 1928.

[302] Беларускае Слова № 11(40), 8 красавіка 1927.

[303] Грамадзянін № 10, 3 чэрвеня 1928.

[304] Życie Nowogródzkie № 140(174), 27 czerwca 1928

[305] Kurjer Wilenski № 206(1253), 9 września 1928.

[306] Słowo № 265(1876), 17 listopada 1928.

[307] Słowo № 262(1873), 14 listopada 1928.

[308] Назва цалкам: «Przemysl gumowy - Ardal - M. Aronczyk, Br. H. i G. Czertoki, H. Kuszelewicz, L. Kuszelewicz, B. i Ch. Lande, M. Pupko, Br. M. i Z. Sztejnberg, S. Sawicki,M. Wilenczyk i S. Forman - spolka firmowa w Lidzie». Заснавальнікі фірмы: Мойша Арончык, Гірш і Гдалія Чарткі, Гірш Кушалевіч, Леў Кушалевіч, Беньямін і Хайя-Райна Ландэ, Мойша Пупко, Меер і Зэлман Штэйнбергі, Шымон Савіцкі, Мардух Віленчык, Саламон Форман.

[309] Słowo № 74(1984), 29 marca 1929.

[310] Słowo № 103(2013), 5 maja 1929.

[311] Kurjer Wilenski № 224(1566), 27 września 1929.

[312] Kurjer Wilenski № 239(1584), 18 października 1929.

[313] Słowo № 19(1929), 23 stycznia 1929.

[314] Slowo № 10 (1020), 14 stycznia 1926.

[315] Ogniwa 1932. №11. S. 21.

[316] Życie Nowogródzkie № 264(621), 25 września 1929.

[317] Гэтую працу зрабіў мой сябар Віталь Бурак, і ён жа выявіў тое, што будынак Магістрата існуе да нашага часу.

[318] Słowo № 203(620), 6 września 1924.

[319] Życie Nowogródzkie № 218(252), 13 września 1928.

[320] Słowo № 182(599), 12 sierpnia 1924.

[321] Słowo № 257(674), 11 listopada 1924.

[322] Słowo № 185(1796), 14 sierpnia 1928.

[323] Kurjer Wilenski № 234(1579), 12 października 1929.

[324] Słowo № 152(866), 9 lipca 1925.

[325] Грамадзянін № 16, 18 жніўня 1928.

[326] Życie Nowogródzkie № 265(299), 30 października 1928.

[327] Życie Nowogródzkie № 148(505), 1 czerwca 1929.

[328] Сяланская Ніва № 38, 18 лістапада 1926.

[329] Słowo № 249(962), 31 października 1925.

[330] Słowo № 204(1214), 2 września 1926.

[331] Kurjer Wilenski № 206(1253), 9 września 1928.

[332] Kurjer Wilenski № 214(1261), 19 września 1928.

[333] Kurjer Wilenski № 153(1200), 10 lipca 1928.

[334] Kurjer Wilenski № 236(1581), 16 października 1929.

[335] Słowo № 263(1273), 11 listopada 1926.

[336] Słowo № 264(1274), 12 listopada 1926.

[337] Słowo № 39(1049), 18 lutego 1926.

[338] Наша Праўда № 19, 8 чэрвеня 1927.

[339] Słowo № 188(1799), 18 sierpnia 1928.

[340] Słowo № 265(1876), 17 listopada 1928.

[341] Słowo № 3(1913), 4 stycznia 1929.

[342] Kurjer Wilenski № 213(1558), 18 września 1929.

[343] Ksiega Adresowa Handlowa. Warszawa-Bydgoszcz. 1929. S.1032.

[344] Słowo № 14(1024), 19 stycznia 1926.

[345] Słowo № 45(1055), 25 lutego 1926.

[346] Słowo № 161(1171), 14 lipca 1926.

[347] Życie Nowogródzkie № 73(105), 21 kwietnia 1928.

[348] Życie Nowogródzkie № 297(331), 2 grudnia 1928.

[349] Słowo № 9(2219), 12 stycznia 1930.

[350] Życie Nowogródzkie № 77(111), 25 kwietnia 1928.

[351] Życie Nowogródzkie № 158(192), 15 lipca 1928.

[352] Słowo № 13(1923), 16 stycznia 1929.

[353] Kurjer Wilenski № 232(1577), 10 października 1929.

[354] Kurjer Wilenski № 251(1596), 1 listopada 1929.

[355] Życie Nowogródzkie № 292(326), 27 listopada 1928.

[356] Kurjer Wilenski № 152(1199), 8 lipca 1928.

[357] Życie Nowogródzkie № 74(431), 16 marca 1929.

[358] Kurjer Wilenski № 63(1408), 16 marca 1929.

[359] Oswiata 1932. №11. S. 21.

[360] Kurjer Wilenski № 353(3957), 24 grudnia 1936.

[361] Kurjer Wilenski № 116(4078), 29 kwietnia 1937.

[362] Kurjer Wilenski № 197(1542), 30 sierpnia 1929.

[363] Kurjer Wilenski № 200(1545), 3 września 1929.

[364] Życie Nowogródzkie № 282(639), 15 października 1929.

[365] Інфармацыя прадстаўлена аўтару начальнікам гарадскога ўчастка Лідскіх электрычных сетак Ярмашуком М. Н.

[366] Kurjer Wilenski № 150(1792), 3 lipca 1930.

[367] Oswiata 1932. №11. S. 21.

[368] Życie Nowogródzkie № 167(881), 22 lipca 1930.

[369] Życie Nowogródzkie № 140(854), 19 czerwca 1930.

[370] Słowo № 211(3018), 29 sierpnia 1932.

[371] Słowo № 182(3319), 6 lipca 1933.

[372] Życie Nowogródzkie № 212(246), 7 września 1928.

[373] Kurjer Wilenski № 197(1542), 30 sierpnia 1929.

[374] Życie Nowogródzkie № 264(621), 25 września 1929.

[375] Słowo № 7(1017), 10 stycznia 1926.

[376] Наша Справа № 5(14), 15 студзеня 1927.

[377] Сялянская Праўда № 3, 5 кастрычніка 1924.

[378] Słowo № 236(949), 16 października 1925.

[379] Słowo № 289(1002), 18 grudnia 1925.

[380] Kurjer Wilenski № 152(901), 8 lipca 1927.

[381] Słowo № 199(616), 2 września 1924.

[382] Там жа.

[383] Słowo № 59(1372), 13 marca 1927.

[384] Сялянская Ніва № 25(76), 16 сакавіка 1927.

[385] Słowo № 91(1702), 21 kwietnia 1928.

[386] Słowo № 281(1892), 6 grudnia 1928.

[387] Słowo № 143(1153), 22 czerwca 1926.

[388] Naruszewicz W. Wspomnienia lidzianina. Warszawa, 2001. S. 107.

[389] Kurjer Wileński № 159(601), 14 lipca 1926.

[390] Народная Справа № 8, 18 жніўня 1926.

[391] Słowo № 141(1454), 24 czerwca 1927.

[392] Słowo № 149(1462), 5 lipca1927.

[393] Słowo № 154(1467), 10 lipca 1927.

[394] Kurjer Wilenski № 115(864), 21 maja 1927.

[395] Słowo № 205(1518), 23 września 1927.

[396] Naruszewicz W. Wspomnienia lidzianina. Warszawa, 2001. S. 107.

[397] Ku czci poległych lotników: księga pamiątkowa: praca zbiorowa. Warszawa, 1933. S. 349-350.

[398] Słowo № 101(1712), 3 maja 1928.

[399] Słowo № 108(1719), 12 maja 1928.

[400] Kurjer Wilenski № 139(1186), 22 czerwca 1928.

[401] Słowo № 161(1771), 18 lipca 1928.

[402] Słowo № 167(1778), 25 lipca 1928.

[403] Kurjer Wilenski № 204(1251), 7 września 1928.

[404] Kurjer Wilenski № 150(1495), 5 lipca 1929.

[405] Kurjer Wilenski № 178(1523), 7 sierpnia 1929.

[406] Kurjer Wilenski № 192(1537), 24 sierpnia 1929.

[407] Słowo № 205(2115), 7 września 1929.

[408] Słowo № 287(2197), 12 grudnia 1929.

[409] Słowo № 190(1503), 23 serpnia 1927.

[410] Kurjer Wilenski № 209(1554), 13 września 1929.

[411] Słowo № 278(991), 4 grudnia 1925.

[412] Ku czci poległych lotników: księga pamiątkowa: praca zbiorowa. Warszawa, 1933. S. 345.

[413] Słowo № 162(579), 19 lipca 1924.

[414] Słowo № 23(737), 29 stycznia 1925.

[415] Słowo № 141(855), 25 czerwca 1925.

[416] Słowo № 188(1198), 14 sierpnia 1926.

[417] Słowo № 225(939), 3 października 1925.

[418] Słowo № 282(1292), 3 grudnia1926.

[419] Там жа.

[420] Słowo № 10(1020), 14 stycznia 1926.

[421] Kurjer Wilenski № 221(1268), 27 września 1928.

[422] Słowo № 232(1843), 9 października 1928.

[423] Kurjer Wilenski № 196(1541), 29 sierpnia 1929.

[424] Słowo № 262(1873), 14 listopada 1928.

[425] Słowo № 184(2094), 13 sierpnia 1929.

[426] Słowo № 45(1055), 25 lutego 1926.

[427] Kurjer Wilenski № 20(769), 26 stycznia 1927.

[428] Kurjer Wilenski № 146(895), 1 lipca 1927.

[429] Słowo № 35(1045), 13 lutego 1926.

[430] Słowo № 188(1198), 14 sierpnia 1926.

[431] Słowo № 261(1872), 13 listopada 1928.

[432] Kurjer Wilenski № 252(1001), 4 listopada 1927.

[433] Słowo № 88(1699), 18 kwietnia 1928.

[434] Słowo № 111(1722), 16 maja 1928.

[435] Kurjer Wilenski № 154(1499), 10 lipca 1929.

[436] Kurjer Wilenski № 174(1519), 2 sierpnia 1929.

[437] Kurjer Wilenski № 209(1554), 13 września 1929.

[438] Alwida A. Bajor, Sergiusz Piasecki wywiadowca, przemytnik, bandyta, pisarz... // Magazyn Wileński 2004. № 8. S. 36.

[439] http://niezalezna.pl/50815-bandyta-ktory-sie-stoczyl-do-poziomu-literata-niesamowita-historia-sergiusza-piaseckiego

[440] Skorobocki Eugeniusz. Sprawa Sergiusza Piaseckiego w Komendzie Policji Państwowej powiatu lidzkiego // Magazyn Polski 2004. №3(32). S. 57-58.

[441] Słowo № 202(1222), 31 sierpnia 1926.

[442] Там жа.

[443] Słowo № 204(1214), 2 września 1926.

[444] Słowo № 207(1217), 5 września 1926.

[445] Народная справа № 14, 4 верасня 1926.

[446] Лорка - так зваўся вузкакаляёвы вагон, які цягнуў конь.

[447] Skorobocki Eugeniusz. Sprawa Sergiusza Piaseckiego w Komendzie Policji Państwowej powiatu lidzkiego // Magazyn Polski 2004. №3(32). S. 55.

[448] Там жа. S. 59.

[449] Alwida A. Bajor, Sergiusz Piasecki wywiadowca, przemytnik, bandyta, pisarz... // Magazyn Wileński 2004. № 5. S. 37.

[450] Andruszkiewicz Sławomir. Sergiusza Piaseckiego droga do «Wieży Babel» // Nasz Czas, http://www.pogon.lt/NCz_int/Literat18.html

[451] Dziennik Wileński № 227, 7 września 1926.

[452] Гл: Сяргей Пясецкі. Пяты этап. Раман. Пераклад з польскай Язэпа Янушкевіча // Полымя 2010. №4. С. 91.

[453] Alwida A. Bajor, Sergiusz Piasecki wywiadowca, przemytnik, bandyta, pisarz... // Magazyn Wileński 2004. № 5. S. 39.

[454] Słowo № 224(1234), 25 września 1926.

[456] Słowo № 45(1055), 25 lutego 1926.

[457] Polechoński K. Żywot człowieka uzbrojonego. Warszawa-Wrocław, 2000. S. 33-35.

[458] Kurjer Wilenski № 66(1113), 22 marca 1928.

[459] Kurjer Wilenski № 69(1116), 25 marca 1928.

[460] Słowo № 209(4773), 31 lipca 1937.

[461] Беларуская Справа № 25, 21 ліпеня 1926.

[462] Беларускае Слова № 25, 30 верасня 1926.

[463] Słowo № 302(1312), 30 grudnia1926.

[464] Słowo № 116(1429), 22 maja 1927.

[465] Słowo № 71(1682), 27 marca 1928.

[466] Грамадзянін № 16, 18 жніўня 1928.

[467] Słowo № 185(1796), 14 sierpnia 1928.

[468] Народ № 15, 24 жніўня 1928.

[469] Słowo № 185(1796), 14 sierpnia 1928.

[470] Słowo № 91(1702), 21 kwietnia 1928.

[471] Сьцяг Працы № 6, 21 ліпеня 1928.

[472] Kurjer Wilenski № 130(1177), 12 czerwca 1928.

[473] Kurjer Wilenski № 139(1186), 22 czerwca 1928.

[474] Kurjer Wilenski № 152(1199), 8 lipca 1928.

[475] Słowo № 162(1773), 19 lipca 1928.

[476] Kurjer Wilenski № 161(1208), 19 lipca 1928.

[477] Życie Nowogródzkie № 167(201), 24 lipca 1928.

[478] Kurjer Wilenski № 166(1213), 25 lipca 1928.

[479] Сьвет № 2, 29 чэрвеня 1929.

[480] Kurjer Wilenski № 123(1468), 1 czerwca 1929.

[481] Kurjer Wilenski № 122(1169), 1 czerwca 1928.

[482] Słowo № 62(1972), 15 marca 1929.

[483] Народная Справа № 11, 26 жніўня 1926.

[484] Наша Праўда № 23, 22 чэрвеня 1927.

[485] Сьцяг Працы № 6, 21 ліпеня 1928.

[486] Kurjer Wilenski № 227(1274), 4 października 1928.

[487] Słowo № 154(1164), 6 lipca 1926.

[488] Kurjer Wilenski № 166(1511), 24 lipca 1929.

[489] Kurjer Wilenski № 200(1545), 3 września 1929.

[490] Сялянская Ніва № 47(98), 15 чэрвеня 1927.

[491] Słowo № 114(2024), 19 maja 1929.

[492] Życie Nowogródzkie № 307(664), 6 listopada 1929.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX