Папярэдняя старонка: Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг.

Частка 4. Лідчына ў 1930-1935 гг. 


Аўтар: Лаўрэш, Л. Л.,
Дадана: 30-10-2018,
Крыніца: Гродна: ТАА «ЮрСаПрынт», 2017.

Спампаваць




Грамадска-палітычнае жыццё

Гаспадарка Лідчыны

Адукацыя, нацыянальна-культурнае і рэлігійнае жыццё

Лідскі авіяцыйны полк

Штодзённае жыццё


Грамадска-палітычнае жыццё

Вынікі выбараў 1928 г. не задаволілі прыхільнікаў Пілсудскага. «Беспартыйны блок працы разам з урадам» імкнуўся абмежаваць ролю парламента ў справах дзяржаўнай важнасці, паступова звужаў яго ўплыў як на ўрад, так і наогул у дзяржаве. Пачаўся перыяд так званага кіравання палкоўнікаў. У адказ на антыдэмакратычныя дзеянні ўладаў левацэнтрысцкія партыі - ад «Пясту» да ППС - утварылі так званы Цэнтралеў і распрацавалі сумесны план барацьбы з лагерам санацыі. Па краіне пракаціліся мітынгі і вулічныя дэманстрацыі пад лозунгамі абароны дэмакратыі. Адначасова актывізавалася моладзь нацыяналістычнай арыентацыі, для якой цэнтрам прыцягнення стала заснаваная ў 1926 г. Раманам Дмоўскім пазапарламенцкая арганізацыя «Лагер Вялікай Польшчы» (Obоz Wielkiej Polski, ЛВП).

Дзеянні апазіцыі ў парламенце прывялі да роспуску Сейма і Сената. Пасля чарговай масавай дэманстрацыі Централева ў Кракаве ў верасні 1930 г. улады вырашылі арыштаваць лідараў парламенцкай апазіцыі, якія да таго часу ўжо не былі абароненыя дэпутацкім імунітэтам. Былі затрыманы і звязаныя з Цэнтралевам палітыкі, дэпутаты ад нацыянальнай дэмакратыі і нацыянальных меншасцяў. Іх адправілі ў Берасцейскую цвердзь, дзе ўмовы ўтрымання былі вельмі цяжкімі. А тым часам адбыліся наступныя выбары, названыя ў сувязі з арыштамі «берасцейскімі», і якія дзякуючы шматлікім злоўжыванням кіраўнічага лагера, выйграў «Беспартыйны блок працы разам з урадам». Неўзабаве пачаўся суд над зняволенымі ў Берасцейскай цвердзі палітыкамі. За ходам працэсу ўважліва сачылі апазіцыйная прэса і значная частка грамадскасці. Абвінавачаныя былі прысуджаны да турэмнага зняволення на тэрмін ад 1,5 да 3 гадоў. У выніку, адна частка асуджаных абрала турму, а другая частка эмігравала.

Не гледзячы на жорсткую расправу як з парламенцкай, так і з пазапарламенцкай апазіцыяй (у 1933 г. ЛВП быў забаронены), рэжым санацыі карыстаўся даволі шырокай падтрымкай грамадства - відочным быў патрыятызм і бескарыслівасць маршала Пілсудскага, шмат хто ўхваляў узрослую ролю цэнтральнай улады ў палітычным жыцці краіны. Дзякуючы масавай прэсе неаслабнай папулярнасцю карысталіся некаторыя прадстаўнікі лагера санацыі, у тым ліку з вышэйшага кіраўнічага складу Войска Польскага. На добрую ацэнку дзейнасці ўрада ўплываў таксама някепскі эканамічны стан у краіне. Збоі ў эканоміцы пачаліся толькі на пачатку трыццатых гадоў у сувязі з сусветным крызісам, які пайшоў са Злучаных Штатаў у 1929 г. У Польшчы існавала незалежная судовая ўлада, і з большага існавала свабода друку, свабода аб'яднанняў у палітычныя партыі і асацыяцыі. У параўнанні з палітычным становішчам у суседніх дзяржавах (за выключэннем Чэхаславакіі, дзе сістэма парламенцкай дэмакратыі функцыянавала ўвесь час), санацыйны рэжым у Польшчы быў значна мякчэйшым.

На пачатку 1933 г. паведамлялася: «Змена ўрада ў Нямеччыне і ў Францыі. ... у панядзелак 30 студзеня г.г. у Нямеччыне ўтварыўся новы ўрад на чале з Гітлерам ...» [1]. Пачаўся апошні мірны перыяд перад чарговай сусветнай вайной.

У 1934 г. кіраўнічыя колы пачалі дамагацца зменаў у канстытуцыю. Новы асноўны закон павінен быў згуртаваць шэрагі прыхільнікаў Пілсудскага, якія разумелі, што маршал з-за цяжкай хваробы сыходзіць з палітычнай арэны. Санацыйныя колы вырашылі дзейнічаць і правялі новую канстытуцыю, тэкст якой прэзідэнт Масціцкі падпісаў 23 красавіка 1935 г.

Красавіцкая канстытуцыя абвяшчала ідэю вяршэнства дзяржавы, а не народа, як было запісана ў папярэдняй, сакавіцкай канстытуцыі. Вышэйшай уладай быў надзелены прэзідэнт, адказны толькі «перад Богам і нацыяй». Прэзідэнта шляхам усеагульнага галасавання абіралі на 7-гадовы тэрмін з ліку ўсяго толькі двух кандыдатаў, якіх фактычна высоўваў кіраўнічы лагер. Прэзідэнту былі нададзены важныя паўнамоцтвы: ён прызначаў і адклікаў прэм'ер-міністра і міністраў, склікаў і распускаў абедзве палаты парламента, усталёўваў тэрміны сесій, прызначаў старшыню Вышэйшай кантрольнай палаты - установы, пакліканай кантраляваць працу выканаўчай улады. Быў вярхоўным галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і меў права прызначаць свайго пераемніка ў выпадку вайны. Сейм абіраўся шляхам усеагульнага галасавання. У Сенат 2/3 складу праходзіла шляхам выбараў, а 1/3 прызначалася прэзідэнтам. Па новай канстытуцыі роля Сената павялічылася.

Галоўнай прэрагатывай Сейма стала прыняцце законаў, у тым ліку закона пра бюджэт, а таксама кантроль за эканомікай краіны. Красавіцкая канстытуцыя абмежавала сферу грамадзянскіх правоў. І ў самой канстытуцыі і ў прапагандысцкай кампаніі ў прэсе, якая спадарожнічала прыняццю канстытуцыі, падкрэслівалася значэнне абавязкаў грамадзян у адносінах да дзяржавы як да агульнага здабытку. Тым самым кіраўнічы лагер хацеў, каб у свядомасці грамадзян дзяржава стала найвышэйшай каштоўнасцю. Такім чынам улады імкнуліся прывязаць да Другой Рэчы Паспалітай і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, якім цяжка было знайсці сваё месца ў нацыянальнай традыцыі палякаў і згуртавацца вакол ідэі дзяржавы.

У 1935 г. увялі новы выбарчы закон. Павышаўся ўзроставы цэнз для выбаршчыкаў і абіраных, замест партыйных спісаў уводзіўся адзіны спіс кандыдатаў у акрузе, што зацвярджаецца акруговым выбарчым сходам. У выбарчы сход уваходзілі дэлегаты ад самакіравання, прафсаюзаў і грамадскіх арганізацый - ён цалкам кантраляваліся ўладамі. Акругі сталі двухмандатнымі, пры галасаванні бюлетэнем без адзнак выбаршчыка лічылася, што ён аддаў голас за дзве першыя кандыдатуры ў спісе. Выбары ў Сенат станавіліся няўсеагульнымі (права голасу мела толькі вузкае кола асоб якія маюць вышэйшую адукацыю ці ўрадавыя ўзнагароды і інш.) і непрамымі (абіраліся спачатку выбаршчыкі, якія ў сваю чаргу на ваяводскіх выбарчых сходах выбіралі сенатараў ад ваяводства), трэць сенатараў прызначаў прэзідэнт.

Праз некалькі тыдняў пасля прыняцця канстытуцыі, 12 траўня 1935 г., Юзаф Пілсудскі памёр: «Таінства прычашчэння паміраючы прыняў з рук кс. Уладыслава Карніловіча. Хвароба Маршала развівалася ўжо нейкі час. Прыбыўшы з Вены самалётам праф. Вэнкебах і др. Антон Стэфаноўскі прызналі рак страўніка і печані. Раптоўнае пагаршэнне наступіла 11 траўня. Моцны крывацёк у страўніку выклікаў спярша аслабленне дзейнасьці сэрца, а пасля і смерць. ... Яшчэ некалькі гадоў таму Маршал Пілсудскі выказаў сваім блізкім апошнюю волю на выпадак смерці. Згодна з ёю мозг ... павінен быць адданы вучоным для даследвання, сэрца - гораду, з якім найбольш быў звязаны пры жыцці, г.зн. Вільні, і пахавана ў магіле яго маці, а цела - перавезена ў Кракаў і пахавана ў Вавелі» [2].

Уладзіслаў Нарушэвіч у сваіх мемуарах пераказаў лідскую гарадскую легенду быццам з-за скрухі, выкліканай смерцю Пілсудскага, дзве лідскія вучаніцы кінуліся пад цягнік на станцыі Ліда і загінулі [3]. Але прэса 1935 г. пісала пра іншае: «Трагічны выпадак здарыўся ўчора на станцыі Гаўя, дзе загінулі дзве 16-гадовыя вучаніцы. Калі цягнік Маладзечна-Ліда набліжаўся да станцыі Гаўя, пад колы паравоза, трымаючыся за рукі, кінуліся дзве дзяўчыны. Калі машыніст спыніў цягнік, парэшткі дзяўчат дасталі з-пад колаў. На месца прыбыла следча-лекарская камісія. У выніку дазнання стала вядома, што самазабойцамі былі Зоф'я Растоўская і Ірэна Паплаўская, вучаніцы Гандлёвай школы ў Лідзе. Прычына самазабойства - праблемы ў школе і небяспека застацца на другі год у тым жа класе» [4]. Такая вось «проза» жыцця замест патрыятычнага адчаю.

Жалобная цырымонія праходзіла ў Варшаве, потым труна з целам маршала была дастаўлена адмысловым цягніком у Кракаў і ўстаноўлена там побач з магільнымі склепамі польскіх каралёў у саборы на Вавелі. Сэрца маршала было пахавана на Віленскіх могілках Росы ў магіле яго маці ў адмысловым сасудзе, зробленым на гуце шкла «Нёман» пад Лідай. Вечарам 31 траўня 1936 г. цягнік, які вёз сэрца маршала ў Вільню, спыніўся каля Лідскага вакзала. Аркестр іграў жалобны марш Шапэна, пашыхтаваныя войскі Лідскага гарнізона тры разы салютавалі ў паветра, званілі званы ўсіх касцёлаў, на вакзале сабраўся вялікі натоўп лідзян [5].

Смерць Пілсудскага выклікала шырокі водгук за мяжой. Ліга нацый на адмысловым пасяджэнні ўшанавала памяць Маршала, які ў вачах Еўропы з'яўляўся героем вялікага чыну - пад яго кіраўніцтвам Польшча спыніла бальшавіцкае нашэсце ў 1920 г.

Склад лідскага павета. Лідскі павет заставаўся адным з найвялікшых паветаў у Навагрудскім ваяводстве нават пасля выдзялення з яго Шчучынскага павета. Ён меў плошчу ў 4 300 км2 і налічваў 185 196 жыхароў. На Лідчыне мелася 240,7 км брукаваных дарог.

Урадоўцы Лідскай гміны, 1931 г. (фота з сямейнага архіву Віталя Бурака).

На пачатку 1930-х гг. горад Ліда займаў плошчу ў 3 000 га і меў 19 650 жыхароў. Вуліцы горада былі забрукаваны на 70%. У 1932 г. бургамістрам горада быў Юзаф Задурскі, віца-бургамістрам Марак Карчмар, лаўнікамі Вінцэнт Янушэўскі і Мойша Канопка. У склад Гарадской рады ўваходзілі: Гдалія Чарток, Абрам Дагуцкі, Каспер Філіпчык, Абрам Грыншпан, Абрам Ілютовіч, Вінцэнт Якубоўскі, Ян Капялюк, Ян Межва, Міхал Агушэвіч, Мечыслаў Міхнеўскі, Браніслаў Місан, Арон Мяснік, Андрэй Радзевіч, Вацлаў Сток-Стоцкі, Зыгмунт Стасевіч, Міхал Стасевіч, Вольф Сакалоўскі, Ізраіль Стукатар, Браніслаў Шаптуноўскі, Герзан Шмуйлевіч, Антон Вайцешак, Аўсей Вямонцкі [6].

Павет дзяліўся на 14 вясковых і адну гарадскую гміну. Усе лічбы, пададзеныя ніжэй, датычаць 1931 г.

Лідская гміна. Займала каля 40 000 га, мела 15 790 чалавек насельніцтва і была падзелена на 25 вясковых грамад, якімі кіравалі солтысы. У 1928-30 гг. былі пабудаваны 60 км дарог і 19 мастоў, раней ужо былі адрамантаваны 35 мастоў. Забрукаваны 66 вёсак. Гміна мела 17 школ.

Гміна Іўе. Мела плошчу 24 223 га, на якой жыло 12 799 чалавек у 25 грамадах. На 1932 г. былі забрукаваны 36 вёсак. У 1929 г. Іўе амаль што цалкам згарэла, і таму на пачатку 1930-х гг. ішла адбудова мястэчка, будавалася школа коштам 150 000 злотых.

Гміна Радунь. Плошча гміны 35 000 га, насельніцтва 14 500 чалавек у 56 грамадах. Гміна мела 50 км дарог-«жвіровак» і 4 км брукаваных, таксама былі забрукаваны 60 вёсак. У 1928 г. за свой кошт гміна пабудавала 4-х класную драўляную школу ў Радуні.

Гміна Эйшышкі. Абшар гміны - 40 077 га. Насельніцтва 18 979 чалавек у 26 грамадах. Дарогі пачалі будавацца з 1927 г. На 1932 г. мелася 40,3 км адрамантаваных дарог, з якіх 3,5 км - забрукаваны. Таксама былі забрукаваны 39 вёсак, самі Эйшышкі забрукаваны на 85%.

Гміна Воранава. Мела плошчу 25 485 га і 11 358 чалавек насельніцтва, складалася з 16 грамад. На пачатку 1930-х гг. моцна адставала ад іншых гмін па дарогах, бо мела толькі 5 км дарог-«жвіровак» і 30 забруканых вёсак.

Гміна Ліпнішкі. Займала плошчу ў 25 626 га, на якой жылі 13 794 чалавек у 15 грамадах. Гміна пабудавала 5 км брукаваных і 100 км дарог-«жвіровак», забрукавала 62 вёскі.

Гміна Забалаць. Абшар гміны 29 562 га, насельніцтва 7 942 чалавека. Гміна падзялялася на 36 грамад. Гміна адрамантавала 58 км грунтавых і забрукавала 3,5 км дарог, таксама былі забрукаваны 30 вёсак і пабудавана цалкам новая дарога цераз балота даўжынёй у 8 км.

Гміна Ваверка. Плошча гміны 18 163 га, насельніцтва 8 300 чалавек ў 23 грамадах. Гміна адрамантавала 30 км грунтавых дарог і забрукавала 44 вёскі.

Гміна Белагруда. Мела плошчу ў 21 500 га, на якой жылі 8 314 чалавек у 23 вясковых грамадах. Былі адрамантаваны 15 км грунтавых дарог і забрукаваны 22 вёскі [7].

Выбары і палітычнае жыццё. 1930 год быў на Лідчыне годам суцэльных выбараў. Як я ўжо пісаў у частцы пра 1923-1929 гг., беларускі спіс № 18 на выбарах 1928 г. быў скасаваны. Таму «беларусы на нязгоднае з законам рашэнне аб скасаванні спісу № 18 падалі скаргу ў Вышэйшы Суд, які разгледзеўшы гэтую справу 24 г.м. выбары ў Лідскай акрузе скасаваў. З прычыны гэтай страцілі пасольскія мандаты: ... Янка Станкевіч, Ф. Валынец і з ББ («Беспартыйны блок працы разам з урадам» - Л. Л.) Акуліч, Б. Камінскі, Я. Шчэрба, Я. Лойка і эндэк Г. Гарневіч» [8].

Новыя выбары па Лідскай акрузе былі прызначаны на 25 траўня 1930 г.

25 сакавіка адбылося першае пасяджэнне Акруговай выбарчай камісіі. Узначаліў камісію суддзя Шчасновіч, членамі камісіі сталі камісар Касы хворых у Лідзе Яўген Галембіёўскі (прызначаны ваяводам), Міхал Шымялевіч і Марак Карчмар (абраныя Лідскай Гарадской радай), Міхал Шыманскі і Юзаф Задурскі (абраныя сеймікам Лідскага павета) [9].

У выбарах удзельнічалі наступныя выбарчыя спісы (каментарыі аб спісах даю з газеты беларускай хрысціянскай дэмакратыі «Беларуская Крыніца», рэдактар якой Ян Пазняк сам прысутнічаў ў лідскім спісе № 18):

Нумар 2. Спіс Польскай партыі сацыялістычнай (ППС). Гэта польская рабочая партыя, «якая апякуецца польскімі работнікамі і згаджаецца на асадніцтва і на калянізацыю беларускіх зямель. Гэта партыя не прызнае ўласнасьці на зямлю і да беларусаў адносіцца непрыхільна».

Табліца вынікаў выбараў у Сейм 25.05.1930 па Лідскай акрузе (“Беларуская Крыніца” № 20, 15 чэрвеня 1930.).

Нумар 3. «Вызваленне». «Тое самае Вызваленьне, якое на выбарах 1922 г. ашукала нашае сялянства, узяўшы яго галасы, а за гэта прыслаўшы як падарунак асаднікаў».

Нумар 4. «Бунд». Яўрэйскі спіс. «Па сваёй праграме падобны на ППС».

Нумар 10. «Стронніцтво хлопске. Гэта партыя такая самая, як і Вызваленне. Гэта стронніцтва ведамае з таго, што вельмі моцна стаіць за асадніцтва на нашых землях і за польскую калянізацыю. Яго правадыр Ян Домбскі, слаўны яшчэ з таго, што ў Рызе ў 1921 годзе ... падзяліў Беларусь на дзьве часьці: адну аддаў бальшавікам, а другую забраў пад Польшчу».

Нумар 18. Блок нацыянальных меншасцяў. Прытрымліваецца «беларускага незалежніцкага кірунку, не ар'ентуецца ні на Маскву, ні на Варшаву, а на свае сілы».

Нумар 20. Расійскія арганізацыі «манархістых, якія жадаюць мець цара».

Нумар 25. Польскія эндэкі. «Адзначаюцца вялікай ненавісьцю да беларусаў..., за іх стаяць усе польскія ксяндзы, паны і падпанкі».

Нумар 36. Беларуская сялянская партыя працы. Першай у спісе стаіць «Стэфка Глебавічанка. Чаму яна назвала свой сьпісак беларускім - згадаць трудна ... Але і на гэтых выбарах дастане столькі галасоў, колькі дастала іх на першых - гэта аж 37 галасоў!».

Нумар 37. «Таксама нібы беларускі, сьпісак нейкага Івашкевіча Міхася. І ён выстаўлены, каб разьбіваць беларускія галасы».

Нумар 40. «Стронніцтво людовэ Одродзэньне. Гэты сьпісак слаўны ... тым, што яго тварэц і галоўны кандыдат Стэфан Міцкевіч ужо блізка як два гады спачывае ў магіле».

Нумар 41. Спісак эканома Германа Віктара з Маладзечанскага павета. «Чаго гэты эканом хоча для беларускага народу - мы можам лёгка дагадацца».

Нумар 45. Спісак Янкі Станкевіча. «.. слаўны спадар Янка Станкевіч, які за верную ... службу патрапіў купіць 600 дзесяцін зямлі (сам ён прызнаецца толькі пра 200)».

Нумар 46. Беларускі Сялянска работніцкі клуб з былым паслом Валынцом на чале. «Гэты сьпісак прыносе нашаму народу камісарскі прыгон, камуну і зьдзек над рэлігіяй. Сам Валынец слаўны тым, што як толькі бяда - дык уцякае за граніцу, пакідаючы сваіх прыхільнікаў у турмах» [10].

На абвінавачванні «Беларускай Крыніцы» ў газеце «Наперад» адказаў Ян Станкевіч, ён давёў што ніколі раней у Сейме не галасаваў супраць беларускіх інтарэсаў, а зямлю купіў для беларускіх спраў, пазычыўшы для гэтага грошы ў сваякоў [11]. Праз некалькі нумароў тая ж газета паведаміла, што Станкевіч у час, калі быў паслом у Сейм, «сваёй працай пазакладаў кнігарні ў Маладзечне, Лідзе і Валожыне і адчыніў беларускую прыватную школу ў в. Понізьзі каля Валожына» [12].

У сваю чаргу газета «Наперад» пыталася ў прадстаўнікоў спісу №18: «Цікаўна, што будзе з спіскам блёку нацыянальных меншасцяў, у якім з беларусаў ёсць адныя клерыкалы? Справа ў тым, што там на першым месцы стаіць Адам Більдзюкевіч, якога тыя-ж асобы, што яго туды выстаўлялі ... ганебна збілі па твары?» [13].

Яшчэ на пачатку 1930 г. былога лідскага пасла ў Сейм ад Польскай народнай партыі Дуброўніка Акруговы суд у Вільні асудзіў на 6 год «папраўчага дому» за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу і непадпарадкаванне паліцыі [14]. Але, відочна, Дуброўнік не патрапіў ў турму, бо ўзначаліў спіс № 10 [15] і 4 траўня правёў перадвыбарны мітынг у Жырмунах. У той жа дзень ППС правяла ў Лідзе два свае перадвыбарная мітынгі (па вуліцах Вызвалення і Віленскай) і аб'явіла пра вялікі мітынг 11 траўня на Рынку [16].

У выніку выбараў спіс № 10 атрымаў 4 мандаты, спіс № 25 - 1, спіс № 46 - 2 мандаты. Спіс № 18 падтрымала 5 546 выбаршчыкаў, ён не здабыў ніводнага мандата. З 321 253 чалавек, якія мелі права галасаваць, у выбарах прынялі ўдзел толькі 99 109 чалавек, г.зн. каля 30% [17].

Пасламі ў Сейм сталі:

Дуброўнік Адольф, 35 гадоў, селянін з Дзітвы Шамятоўскай (Тарноўская гміна).

Валынец Флягонт, 51 год, настаўнік з мястэчка Вілейка.

Мацецкі Нікадзім, 32 гады, селянін з Ціўнавічаў (гміна Іўе).

Гарневіч Іпаліт, 30 гадоў, лекар з Ліды (вул. 17 Красавіка, 5).

Макарчук Ян, 30 гадоў, мястэчка Васілішкі.

Верамей Мікола, 31 год, інжынер, вёска Кавальцы (гміна Лебедзева Маладзечанскага павета).

Станулевіч Віктар, 32 года, селянін-слесар, мястэчка Баруны (Ашмянскага павета) [18].

Але ўжо 30 жніўня прэзідэнт Польшчы распусціў Сейм і Сенат і прызначыў новыя выбары ў Сейм на 16 лістапада, а ў Сенат на 23 лістапада 1930 г. [19].

Ужо ў верасні ў Лідзе пачаў працаваць выбарчы камітэт «Беспартыйнага блока працы разам з урадам». Камітэт узначаліў бургамістр Ардылоўскі, яго намеснікамі сталі Юзаф Задурскі і Галембіёўскі [20]. У кастрычніку шэраг лідскіх жаночых арганізацый заявіў аб падтрымцы Блока і стварыў жаночую філію выбарчага камітэта «Беспартыйнага блока», якую ўзначаліла Задурская, сярод сяброў жаночага камітэта была і жонка старасты Зоф'я Багаткоўская [21].

27 кастрычніка ў Лідзе быў арыштаваны кандыдат у Сейм ад Цэнтралева Ян Мацецкі, ён абвінавачваўся ў антыдзяржаўных выступах [22].

У лістападзе выбарчыя камітэты «Беспартыйнага блока» былі створаны ва ўсіх гмінах Лідчыны [23].

У выніку на выбарах у Сейм, якія адбыліся 16 лістапада, па Лідскай выбарчай акрузе за спісак №1 (Беспартыйны блок працы разам з урадам) прагаласавала 155 916 выбаршчыкаў, і гэты блок атрымаў усе 7 мандатаў [24].

Пасламі ад Лідчыны сталі:

Вітольд Станевіч (42 гады, міністр сельскагаспадарчых рэформаў, жыў у Варшаве),

Браніслаў Жангаловіч (60 гадоў, ксёндз, намеснік міністра веравызнанняў і адукацыі, жыў у Варшаве),

Уладзіслаў Камінскі (33 гады, селянін, вёска Мірамполь Воранаўскай гміны),

Станіслаў Добаш (29 гадоў, настаўнік, жыў у Вільні),

Базыль Куць (37 гадоў, селянін, вёска Кучкі, гміна Трабы),

Рамуальд Талпыга (34 гады, селянін, вёска Хацееўшчыны, гміна Орля),

Станіслаў Сіцінскі (33 гады, аграном, маёнтак Мялужын, гміна Ліда) [25].

Антон Грымайла-Прыбытка.

У 1935 г. адбыліся чарговыя выбары ў Сейм Польшчы. На гэты раз прэса не шмат пісала аб выбарах, вынікі іх у значнай ступені, былі прадвызначаны. Старшынём выбарчай акругі № 50 (Лідскай) з'яўляўся суддзя Юльян Прыбытка [26]. У выніку выбараў, пасламі ў Сейм былі абраны Юзаф Задурскі (атрымаў 44 384 галасы) і Чэслаў Дэмбіцкі (51 495 галасоў) [27].

Першапачаткова, выбары ў Лідскую Гарадскую раду былі прызначаны на 19 чэрвеня 1930 г. [28] Потым выбары былі перанесены на 27 ліпеня.

У выбарчую камісію было падана 9 выбарчых спісаў [29]. «Навагрудскае жыццё» паведамляла пра арганізацыйнае пасяджэнне выбарчага камітэта Хрысціянскага гаспадарчага аб'яднання ў Лідзе: «У сувязі з выбарамі ў гарадскую раду 27 чэрвеня ў Дзяржаўнай гімназіі сабраліся 200 прадстаўнікоў розных груп хрысціянскай грамады горада, каб утварыць выбарчы блок. Перад прадстаўнікамі выступіў кс. Баярунец. Старшынём сходу абраны прафесар Казлоўскі. Пасля працяглай дыскусіі быў абраны камітэт, у які ўвайшлі Шымялевіч, Радзевіч, кс. Баярунец, Пеляк, Рашкоўскі, Казлоўскі, Мейлун, Баркоўская, Балевіч, Вярсоцкі, Пашук, Васілоўскі, Садоха, Ёдка, Селужынскі, Міхнеўскі і Грэбава» [30].

У выніку выбараў з 24 мандатаў, спіс № 2 (ППС) атрымаў 2 мандаты (Вайцешак і Сток-Стоцкі), спіс № 3, (спіс бургамістра Бергмана) - 3 мандаты (Рудольф Бергман, доктар Сапоцька і Прыбытка), спіс № 4 (Гаспадарчае аб'яднанне хрысціян г. Ліды) - 1 мандат (Міхнеўскі), спіс № 5 (Народна-хрысціянскае аб'яднанне) - 6 мандатаў (Гарневіч, Стасевіч Зыгмунт, Межва, Радзевіч, Стасевіч Міхал, Філіпчук), № 6 (Аб'яднанне працоўных і жыхароў прадмесцяў) - 1 мандат (Макарэвіч), № 8 (Аб'яднаны народны яўрэйскі блок) - 11 мандатаў (Чарток, Канопка, Карчмар, Вісманцкі, Грышпан, Шмуйловіч, Гяршон, Ілютовіч, Стукатар, Сакалоўскі, Дагуцкі, Пупко) [31].

На пачатку ліпеня 1932 г. у Лідзе адбыліся выбары ў яўрэйскую гміну (самакіраванне). Удзел прынялі 100% выбаршчыкаў. Найвялікшую колькасць галасоў і тым самым мандатаў атрымаў ліст № 2 (Рамеснікі) на чале з Шыманам Гуталеўскім, Якавам Пупко і Гдаліям Файнштэйнам. Другое месца было ў спіса № 1 (Дробныя купцы), на трэцім месцы спіс № 8 (Сіяністы). Падчас перадвыбарных мітынгаў адбываліся крывавыя бойкі, і «найбольш агрэсіўнымі былі сіяністы» [32].

У лютым 1934 г. былі анансаваныя гмінныя выбары ў Лідскім павеце: 26 лютага - у Лідскай, Белагрудскай і Ваверскай гмінах, 27 лютага - у Беняконскай і Воранаўскай, 28 лютага - у Радунскай і Суботніцкай гмінах, 1 сакавіка - у Жырмунскай, Беліцкай і Забалацкай гмінах, 2 сакавіка - у Іўеўскай і Ліпнішскай, 3 сакавіка - у Дакудаўскай гміне. Трэба заўважыць, што прэса практычна нічога не пісала пра гэтыя выбары. Палітыка санацыі давала вынікі - напал палітычнай барацьбы моцна знізіўся, і выбары такога ўзроўню страцілі цікавасць нават для рэгіянальнай прэсы [33].

Пры канцы 1931 г. чарговыя група беларусаў вырашыла шукаць шчасце за мяжой. Некалькі жыхароў Дакудаўскай і Беліцкай гмін - Казёл Міхал, Радзецкі Ціхан, Сідар Ігнат вырашылі сысці ў СССР. Вось што распавёў Сідар: «10 лістапада выйшаў з дому маючы намер перайсці граніцу Савецкай Расіі. Падгаварыў мяне на гэта падхарунжы Высоцкі Ян, які, як быццам, служыў у Валожыне. Ён сабраў з нас па 25 злотых за пераход мяжы ... . Мы ішлі ноччу разам з Высоцкім і іншымі ажно да вёскі Дварчыны ці Доўнары гміны Бакшты. Там заначавалі ў уладальніка крамы. Тут Высоцкі знік, а крамнік сказаў нам, што Высоцкі - толькі літоўскі агент, а праз мяжу нас павядзе нехта Свірскі, які жыве ў Бакштах. Да яго мы і пайшлі, але па дарозе даведаліся, што ён арыштаваны, і таму я вярнуўся дахаты. Што сталася з іншымі, не ведаю» [34].

І ўсё ж левыя партыі дзейнічалі. У красавіку 1932 г. «Навагрудскі Кур'ер» пісаў пра арышты сярод «звыродлівых жывёл, якія падрыхтаваліся да серыі антыдзяржаўных выступаў на 1 траўня ў Лідзе і павеце. Арыштаваныя знаходзяцца ў Лідскай турме» [35].

У сярэдзіне лістапада 1931 г. газета «Слова» пісала: «Антысеміцкія эксцэсы, якія мелі месца ва ўніверсітэцкіх гарадах, прыйшлі і ў правінцыю. Пра гэта кажа ўчарашні дзень у Лідзе, дзе былі выбіты дзве шыбы ў яўрэйскіх крамах: на складзе тавараў для пісьма па вуліцы 3-га Траўня Дварэцкага і ў самай вялікай і якаснай краме спажывецкіх тавараў Вінаградава па вуліцы Сувальскай. Гэта адбылося ў 18-45, за некалькі хвілін да закрыцця, калі на вуліцах панаваў моцны рух людзей і транспарту. Як і ў першым, так і другім выпадку шыбы былі выбіты каменем, кінутым з вялікай адлегласці. Пасля гэтага ў горадзе пануе напружаная атмасфера, зачынена шмат крам. Усю ноч па горадзе хадзілі ўзмоцненыя патрулі паліцыі. Як падазроны, быў затрыманы 18-ці гадовы вучань 5-га класа Гарадской гімназіі Усевалад Малеўскі. На наступны дзень яго адлічылі з гімназіі. Ягоным паплечнікам у гэтай справе быў 15-ці гадовы Ежы Ромер. Зараз у горадзе спакойна. Горад патрулюе паліцыя разам з грамадзянамі-сябрамі Звязу Стральцоў» [36].

«Навагрудскі Кур'ер» паведамляў, што «ў гуце "Нёман" не было ніводнага яўрэя, покуль яўрэй Астроўскі не адкрыў тут краму. У ноч з 26 на 27 лістапада па пасёлку былі расклеены ўлёткі з патрабаваннямі, каб Астроўскі з'ехаў адсюль да 1 снежня. Паліцыя пачала следства» [37].

Каб спыніць хвалю антысемітызму, якая імкліва ўздымалася, Кола студэнтаў-лідзян (куды ўваходзілі студэнты, які вучыліся не толькі ў Польшчы, але і за мяжой), правяло канферэнцыю з вучнямі лідскіх школ і гімназій, на якой тлумачыла вучням неабходнасць устрымлівацца ад удзелу ў такіх акцыях, як вулічныя пагромы, біццё шыбаў «і іншых антысеміцкіх выбрыках» [38].

Пры канцы 1933 г. прэса пісала: «Пагалоскі, якія хадзілі па Лідзе, пра перамяшчэнне старасты Генрыка Багаткоўскага ў іншае месца аказаліся праўдзівымі. Стараста Багаткоўскі сыходзіць. У яго асобе Ліда траціць чалавека, які мае перад горадам і паветам вялікія заслугі» [39]. Стараста Багаткоўскі быў пераведзены на раўнацэннае месца ў Беражаны Цярнопальскага ваяводства [40].

У сакавіку 1934 г. прэса ўзгадвае новага лідскага старасту Генрыка Бянкевіча [41]. Бянкевіч нарадзіўся ў 1882 г. на Сувальшчыне. Адукацыю атрымаў у Харкаўскім тэхналагічным інстытуце, служыў у расійскім, а потым у польскім войску, меў чын маёра. У ліпені 1935 г. пакінуў пасаду лідскага старасты і быў абраны бургамістрам Слоніма [42]. З другой паловы 1935 г. пасаду лідскага старасты займаў Чушкевіч [43].

У ліпені 1934 г. «Кур'ер Віленскі» надрукаваў цікавую інфармацыю аб асадніцтве на Лідчыне. У той час у Лідскім павеце былі 44 гаспадаркі асаднікаў: у Беліцы - 1 гаспадарка, у Няцечы - 20, у Бабрах - 5, у Андрушках - 6, у Караліне - 11 і ў Жуках - 8. 7 надзелаў мелі афіцэры, але толькі 2 з іх самастойна працавалі на раллі. Адзін афіцэр меў гаспадарку ў Няцечы і лічыўся вельмі энергічным і эфектыўным гаспадаром, быў актыўным грамадскім дзеячам. Другі ж афіцэр жыў у Бабрах, не вылучаўся сярод беларускага сялянства моцнай гаспадаркай і грамадскім жыццём не цікавіўся. Астатнія афіцэры на зямлі не працавалі і, верагодна, зямлю здавалі ў арэнду. Наогул, з 44 гаспадарак асаднікаў у вельмі добрым стане знаходзіліся 11 асад, у здавальняючым стане - 24 асады, у дрэнным стане - 9 асад [44].

Асадніцтва выклікала вялікую крыўду ў мясцовага беларускага насельніцтва. Член лідскага павятовага сейміка і ўладальнік маёнтка Скабейкі Андрэй Раствароўскі пісаў: «Не гледзячы на іншыя адмоўныя бакі, яно выклікала крыўду мясцовых у людзей, бо зямля, якая павінна была стаць іхняй, раздавалася чужым "прыхадням" і вельмі часта малавартасным людзям. А калі адбываліся выбары ў гмінную раду, у сеймікі, на войта - дык усе месцы былі толькі асаднікаў. Адхіленне ад удзелу ў самакіраванні мясцовых людзей, якія толькі пачынала гарнуцца і прывязвацца да польскай дзяржаўнасці, было памылкай і пхала тых самых людзей прама да гурткоў [45]. А гэтыя людзі мелі добрыя якасьці і здольнасці. Па-першае гэта былі пачцівыя людзі і ў той жа час знаходлівыя, мелі крытычнае мысленне і пачуцце гумару. З якім гонарам насілі яны першыя бронзавыя Крыжы Заслугі і медалі 3-га Траўня! Памятаю, адказ войта гміны Лебяда Сымона Коўчыка, калі нейкі "галічанін"-інспектар лаяў яго за дробны недахоп у гміне: "Я з вас гэты Крыж здыму! - Не вы мне яго далі, не вам яго і здымаць!". Пра пачуццё гумару сведчыць сцэна, якой быў сведкам. Доўга раіліся радныя на пункце парадку дня - "заробак войта". Няма згоды - прапанова, зрабіць як у іншых гмінах - 200 ці 300 злотых, здаецца астранамічнай сумай, асабліва ў перакліку на кошт збожжа, яек, малака і масла. Прыхільнікі войта стараюцца абараніць прапанаваную суму, і высоўваюць шэраг аргументаў. Бясплодная дыскусія доўжыцца некалькі гадзін. Пры канцы ўстае стары гаспадар і кажа: "Панове, ужо позна, а да хаты далёка. Я лічу, ці яму дамо 100 злотых, ці дамо 300 злотых, ён як краў, так і будзе красці - аб чым тут спрачацца!" - і ўсе згадзіліся на прапанаванай суме» [46].

КПЗБ. Як і ў папярэднія гады, адбываліся суды над камуністамі. Чарговы раз, 7 лютага 1930 г. у Лідзе пачаўся суд над жыхаром г. Ліды Лейбам Беліцкім, якога абвінавачвалі ў членстве ў КПЗБ, «якая мае за мэту зруйнаваць дзяржаўны лад РП і пасягае на тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы праз адрыванне ўсходніх ваяводстваў і далучэнне іх да Савецкай Расіі». Лейба Беліцкі атрымаў 4 гады турмы ўзмоцненага рэжыму [47]. У сакавіку таго ж года газета «Навагрудскае жыццё» паведаміла аб ліквідацыі ЦК КПЗБ - «у ЦК не было ніводнага беларуса» [48].

29 траўня 1931 г. у Лідзе пачаўся суд над 9-цю камуністамі - членамі мясцовага камітэта КПЗБ. На лаве падсудных знаходзіліся Кратко Зэлман Гірш, Васілеўскі Людвік, Місялевіч Зішаль, Кель Уладзіслаў, Гельман Абрам, Аржахоўскі Мардух, Дубчэўскі Гірш і Рыбак Ян. Адзін з гэтай васьмёркі, нейкі Дабчэўскі, не быў арыштаваны і меў вольны доступ у суд. Пад канец працэсу, ён зразумеў, што наперадзе турма, выйшаў з залы і знік. Дабчэўскі (завочна) і яшчэ адзін камуніст атрымалі па 6 гадоў турмы, два лідары Лідскага камітэта - па 8 год турмы (адзін з іх - Кратко Зэлман). Ян Рыбак быў апраўданы [49].

У сярэдзіне кастрычніка таго ж года пачаўся «працэс маладых камуністаў. Учора Акруговы суд у Лідзе распачаў разгляд справы маладых камуністаў Міхала Ката, Сямёна Варанка, Яна Гардзейчыка і Паўла Хільмановіча ... . Разгляд працягваўся некалькі гадзін. У якасці доказаў віны паліцэйскія ўлады прапанавалі суду вялікую колькасць улётак і асабістую карэспандэнцыю. Некаторыя лісты дасылаліся з Францыі. Суд прыгаварыў Ката і Варанка да 6 месяцаў турмы, а астатніх падсудных апраўдаў, пакінуўшы іх пад наглядам паліцыі» [50].

Пры канцы лютага 1933 г. Лідскі Акруговы суд прыгаварыў камуністаў - жыхароў Іўя - Мойшу Шмуйловіча (узрост 19 галоў) да 4 гадоў турмы і пазбаўлення грамадзянскіх правоў на 4 гады, Ёселя Рогава (узрост 18 гадоў) і Янкеля Беранштайна (узрост 18 гадоў) да 2 гадоў турмы і пазбаўлення грамадзянскіх правоў на 4 гады, Жынеля Бакшта (узрост 18 гадоў) да 2 гадоў турмы і пазбаўлення грамадзянскіх правоў на 2 гады, Вольфа Янкелевіча (узрост 21 год), Лейзара Шмуклера (узрост 17 гадоў) і Хаіма Лібермана (узрост 17 гадоў) да 2 гадоў папраўчага дома [51].

Страйкі . Нават у цяжкія часы наступіўшага эканамічнага крызісу адбываліся страйкі і працоўныя баранілі свае правы.

Зімой 1932 г. з-за зніжэння заробкаў успыхнуў страйк на «Ардалі». Адміністрацыя планавала знізіць заробкі на 7 - 50 %. Гэта было б ужо чацвёртае паніжэнне заробкаў, пачынаючы з кастрычніка 1931 г. У першы дзень страйкавалі 130 жанчын і 45 мужчын [52]. Праз два тыдні «Ардаль» «аднавіў працу пасля страйку, удалося дабіцца паніжэння расцэнак толькі на 5 - 10 %» [53].

У ліпені 1932 г. застрайкавалі ўсе 40 працоўных тартака ў Нёмане (Бярозаўка) які належаў Палячаку і Шмуйловічу. Прычына страйку - рабочым не плацілі заробак на працягу 3 тыдняў [54]. Праз 3 дні страйк закончыўся, рабочыя атрымалі свае заробкі [55].

У сакавіку 1933 г. на канферэнцыі паміж дырэкцыяй і рабочымі фабрыкі «Дротындустрыя» быў спынены страйк, і рабочыя добраахвотна прыступілі да працы. Дырэкцыя абавязалася не паніжаць самыя малыя заробкі. Але адразу пасля спынення страйку на 10% былі паніжаны ўсе заробкі - і вялікія і малыя [56].

25 ліпеня 1933 г. закончыўся страйк на цагельнях у Шайбаках і Перапечыцы. Уладальнікі цагельняў згадзіліся плаціць работнікам па 2 злотыя за выраб 1000 цаглінаў [57].

11 верасні 1935 г. застрайкавалі лідскія ліцейні «Полянд» і «Бэнлянд». Да страйку рабочыя мелі тут заробак у 2 - 2,5 злотыя ў дзень, страйкоўцы патрабавалі ўзняць штодзённы заробак на 60 - 70 грошаў. Прэса адзначала, што за шмат гадоў гэта першы страйк на гэтых фабрыках [58]. 28 верасня паведамлялася, што страйк яшчэ працягваецца [59].

Маёмасныя праблемы . У траўні 1930 г. Акруговы суд у Вільні адмовіўся вярнуць маёнтак Тарнова (2 500 га) унучцы паўстанца Канстанціна Кашыца - Ядвізе Янушкевіч. Тарнова засталося за графіняй Марыяй фон Эксэ [60] - старэйшай дачкой былога ўладальніка Тарнова, царскага генерала Дзмітрыя Маўраса. Да восені 1939-га Тарнова належала баронам Кехле (Koehle).

Працягваліся прыгоды француза Бартандзюка на Лідчыне. Пры канцы студзеня 1933 г. гарадскі суд разглядзеў справу ўладальніка маёнтка Сялец Юзафа Бартандзюка, «які абвінавачваецца ў: 1) абразе каменданта пастарунка паліцыі ў Сяльцы; 2) паўторнай абразе каменданта пастарунка; 3) абразе адміністратыўных уладаў, а менавіта старасты. Суд прыгаварыў Бартандзюка да 1 месяца арышту і штрафу ў 20 злотых» [61].

Але праблемы француза на гэтым не скончыліся. Маёнтак Сялец Бартандзюк атрымаў пасля разлікаў з кузінай цара княгіняй Трубяцкой. Але ў выніку гэтай трансакцыі Бартандзюк застаўся вінен удаве па князі Трубяцкім Караліне Трубяцкой (з дому графіні Флары ды Серамежано) каля 180 000 італьянскіх лір. У якасці забеспячэння доўгу француз падпісаў вексель. Паколькі вексель не быў своечасова аплачаны, княгіня Трубяцкая падала ў суд. Пасля правядзення зямельнай рэформы на рахунак Бартандзюка Сельскагаспадарчы банк пералічыў некалькі дзясяткаў тысяч злотых, і таму княгіня патрабавала гэтыя грошы сабе, таксама яна патрабавала сабе грошы, якія Бартандзюк меў у іншых банках. Суд падтрымаў Трубяцкую - судовы каморнік у Лідзе ўручыў французу вырак суда і адначасова разаслаў выракі ва ўсе банкі, дзе захоўваліся грошы Бартандзюка. Але француз адразу выехаў у Варшаву і тут звярнуўся да студэнта праваслаўнай тэалогіі Шастакоўскага. Студэнту ён давёў, што сам не мае часу і таму юрыдычна даручае яму зняць усе грошы ва ўсіх банках з усіх сваіх рахункаў. Банкі выдалі грошы і толькі пасля гэтага атрымалі судовыя выракі пра іх арышт. Княгіня Трубяцкая звярнулася ў Лідзе да пракурора, і той перадаў справу ў Варшаўскую следчую ўправу. Таксама княгіня падала позву ў суд на студэнта Шастакоўскага [62]. Чым скончылася гэтая справа - газеты не паведамлялі.

У кастрычніку 1930 г. Міністэрства Справядлівасці вырашыла адкрыць ў Лідзе аддзел Акруговага суда ў складзе васьмі суддзяў. Аддзел павінен быў пачаць працу з 2 студзеня 1931 г. [63].

Для Акруговага суда першапачаткова выдзяляліся два аднапавярховыя будынкі (вул. Камерцыйная, 14) коштам 54 000 злотых [64]. Але потым распачалася гісторыя, у якой прымае ўдзел генерал фон Гротэ дэ Буко, і мы даведваемся пра лёс найцікавейшага будынка нашага горада - будынка былой гімназіі Навіцкай (тады, 3-га Траўня, 45).

На пачатку лістапада 1930 г. на пасяджэнні Гарадской рады быў зачытаны праект дамовы з панам Слаўцілам, адвакатам і ўладальнікам нерухомасці (д. 45 па вул. 3-га Траўня), аб размяшчэнні тут аддзела Акруговага Віленскага суда ў Лідзе. Рада адмовілася ад праекту з-за «спробы ўзбагаціцца за кошт дзяржаўнага скарбу».

Уладальнікам гэтага дома была Марыя Канстанцінаўна Навіцкая. Пасля яе смерці ў 1908 г., дом перайшоў у пажыццёвую ўласнасць яе мужу і, верагодна, Навіцкі не меў права прадаць ці здаць у арэнду гэтую маёмасць. Адразу, пасля ўсталявання польскай улады, тут пачала працаваць гімназія імя гетмана Караля Хадкевіча. Пасля 1920 г. маёмасць часова не мела ўладальніка і курыравалася дзяржавай - над ёй была прызначана апека ў асобе дырэктара гімназіі імя гетмана Караля Хадкевіча пана Хмеля, а потым пана Паслаўскага.

Былы лідскі спраўнік фон Гротэ дэ Буко, які ў 1930 г. жыў у Вільні, стаў пасрэднікам паміж панамі Слаўцілам і мужам сп. Навіцкай, які жыў ў Маскве. Навіцкі ўпаўнаважыў фон Гротэ дэ Буко прадаць гэты дом. Быў вызначаны кошт 3 - 4 тысячы долараў. 3 000 прапанаваў Слаўціла, а 4 000 - нехта з лідскіх яўрэяў. З Масквы прыйшла тэлеграма: «Калі Слаўціла дае 3000, а яўрэі 4 000 - прадаю Слаўцілу». Так у 1927 г. уладальнікам гэтага будынка разам з вялікім пляцам у цэнтры горада стаў віленскі адвакат Слаўціла.

Тады ў газеце «Навагрудскае жыццё» з'явіўся выкрывальніцкі артыкул, па меркаванні аўтара гэтага артыкула ўся справа ў Лідзе знаходзілася ў руках «прыяцеляў», «калег» і «крэўных» Навіцкага і Слаўцілы. Акт куплі-продажу быў пацверджаны Віленскім акруговым судом, і магістрат Ліды за 3 гады арэнды гмаха для гімназіі выплаціў 30 000 злотых - больш за кошт яго продажу. Таму газета «Навагрудскае жыццё» падняла скандал і паведаміла, што, каб не незаконны, па яе меркаванні, продаж гмаха, дык гэтая маёмасць без уладальніка аўтаматычна сталася б дзяржаўнай з 1 студзеня 1931 г. Газета адзначыла, што ў так званую «лідскую сям'ю», якая арганізавала справу продажу гмаха, як быццам уваходзіў і пасол у Сейм доктар Гарневіч [65], які не пераабраўся ў 1930 г. у Сейм, але абраўся ў Гарадскую раду, з чаго бачна, што гэты скандал у значнай ступені быў часткай перадвыбарнага працэсу [66].

Аднак, праз некалькі дзён Гарадская рада разгледзела пытанне закупу мэблі для новых школ, зацвердзіла звальненне магістратам работнікаў гарадской электроўні і прыняла да ведама рэкамендацыю Магістрата арандаваць для аддзела Акруговага суда дом Слаўцілы, такім чынам паставіўшы кропку ў справе [67].

16 сакавіка 1931 г. у Ліду з Вільні, для кантролю рамонту ў будынках, дзе меў размясціцца суд, прыехаў віца-пракурор Акруговага суда. Ён агледзеў гмахі на вуліцах Камерцыйнай, 14 і 3-га Траўня, 45 - «будынак па-гімназійны» [68]. У чэрвені стала вядома, што суддзямі Лідскага аддзела Акруговага Віленскага суда будуць: Ян Барысаўскі, Станіслаў Мяноўскі, Юльян Прыбытка і Мечыслаў Чайкоўскі [69]. На пачатку кастрычніка прэзідэнт Віленскага Акруговага суда Кадушкевіч наведаў Ліду і прыняў удзел у асвячэнні будынкаў лідскай філіі [70].

Але гісторыя з продажам будынка былой гімназіі так проста не закончылася. З-за артыкула ў «Навагрудскім жыцці», у якім абвінавачваліся асобы, датычныя да продажу будынка, адбылося некалькі судоў. Аўтарам выкрывальніцкага тэксту быў суддзя Акруговага суда ў Навагрудку Яўген Ловіч-Баранскі. У выніку, па выраку Апеляцыйнага суда ў Вільні, рэдактар газеты Здановіч быў прысуджаны да 6 месяцаў турмы (пасля чаго газета спыніла сваё існаванне) [71] а суддзя Ловіч-Баранскі праз газету «Слова» прасіў прабачэння ў «адваката Слаўцілы і даверанай асобы Фёдара Навіцкага Яўгена фон Гротэ дэ Буко» [72].

Гаспадарка Лідчыны

Развіццё павета. На пачатку 1930 г. «Кур'ер Віленскі» пісаў, што Ліда досыць інтэнсіўна развіваецца: «Ужо існуюць і павінны яшчэ з'явіцца фабрыкі, які даюць працу каля 1 000 чалавек, напрыклад фабрыка галёшаў "Ардаль". Магістратам зроблены бетонныя ходнікі па ўсіх цэнтральных вуліцах, і галоўныя вуліцы з вялікім рухам расшыраны, пабудаваны гмах на дзве агульнаадукацыйныя школы і гарадская электроўня па самых сучасных тэхналогіях. Кошт пабудовы электроўні з высакавольтнымі сеткамі каля 1 000 000 злотых, школьны гмах каштуе 740 000 злотых ... . З 1921 па 1930 гг. пабудавана 77 мураваных і 475 драўляных дамоў» [73].

У верасні 1935 г. газета «Слова» паведаміла, што Ліда - адзін з гарадоў паўночна-ўсходняй часткі Польшчы, якія найбольш дынамічна развіваюцца: «У 1920 г. Ліда мела 1300 жылых будынкаў. З гэтага года горад імкліва разбудоўваўся: 1921 г. - пабудаваны 1 жылы дом, 1922 г. - 5, 1923 - 23, 1924 - 24, 1925 - 60, 1927 - 67, 1928 - 74, 1929 - 74, 1930 - 109, 1931 - 114, 1932 - 99, 1933 - 105, 1934 - 112 і ў 1935 г. будзе пабудавана не менш за 110 жылых дамоў. Зараз Ліда мае 95 вуліц і каля 25 000 жыхароў».

У сакавіку 1930 г. заканчваліся работы па будаўніцтву моста цераз Нёман каля Агароднікаў. 14 сакавіка камісія ў складзе дырэктара публічных работ ваяводства Зубялевіча, інжынера Убыша і кіраўніка дарожнай управы з Ліды Ардоцкага вывучыла стан новага моста і прыняла рашэнне пра допуск да эксплуатацыі [74].

Не гледзячы на крызіс, улады ўсё яшчэ спадзяваліся пабудаваць новы стадыён у Лідзе. Менавіта тады, у красавіку 1931 г. пасля вывучэння розных пляцовак, было вырашана будаваць стадыён па вуліцы Школьнай, «насупраць гімназіі і школаў № 1 і 2» [75] - там ён знаходзіцца і зараз.

У траўні таго ж года пачала працаваць першая механічная пякарня ў Лідзе. Яе арганізавала суполка «з 10-ці пекараў на чале з А. Пупко, пякарня атрымала назву "Узорная механічная пякарня" і знаходзіцца па вуліцы Камерцыйнай, 14. Выпякаецца хлеб усіх гатункаў, а таксама рознае печыва і нават цукеркі. Працуе 50 чалавек» [76].

На пачатку восені 1930 г. ваявода Бачковіч [77] наведаў Ліду і разам з старастам Багаткоўскім і віце-бургамістрам Пупком наведаў новую электроўню, фабрыкі «Ардаль» і «Дротындустыя» [78].

У кастрычніку 1931 г. «Навагрудскі Кур'ер» пісаў: «За апошнія 10 гадоў у Лідзе пабудавана 74 мураваныя і 25 драўляных будынкаў. Чыгуначная станцыя штодзённа разгружае і загружае 10 вагонаў розных тавараў. Маецца дзве гімназіі - гарадская і дзяржаўная, дзяржаўная рамесная школа, сярэдняя гандлёвая школа піяраў, вячэрняя школа, розныя курсы, 4 агульнаадукацыйныя 7-мі класныя школы, некалькі яўрэйскіх школ і г.д.» [79].

На пасяджэнні Гарадской рады пры канцы траўня 1933 г. была ўхвалена пастанова аб выдзяленні Лідскаму аддзелу «Звязу настаўнікаў» і яўрэйскаму культурна-асветнаму таварыству «Тарбут» пляцаў для будаўніцтва дома «Звязу настаўнікаў» і 7-мі гадовай яўрэйскай агульнаадукацыйнай школы. Таксама на гэтым пасяджэнні было выдзелена 9 гектараў зямлі ў Слабодцы для будаўніцтва касцёла, школы і пастарунка, а таксама абшар пад плошчу, сад і сквер агульнага карыстання. Тады ж Рада вырашыла звярнуцца да Міністэрства ўнутраных спраў з просьбай зацвердзіць гістарычны гарадскі герб 1590 г. з львом і ключамі на тарчы [80].

У сакавіку 1933 г. Рада міністраў Польшчы выдзеліла на падтрымку дробнага будаўніцтва 15 мільёнаў злотых. З гэтай сумы наш горад атрымаў 60 тысяч [81].

У 1935 г. дзякуючы дапамозе Фонду Працы, якую атрымала гарадское самакіраванне, «у горадзе пачаліся важныя работы, якія маюць першараднае значэнне для гаспадарчага і культурнага жыцця горада. Між іншым пачалася грунтоўная перабудова вуліцы Школьнай. Перабудова надасць вуліцы еўрапейскі выгляд і праз нівеляванне і перабрукоўку ездні, агароджу брусам, забрукоўку чатырохграннай пліткай ходнікаў і залажэнне траўнікаў зробіць з яе галоўную вуліцу горада. У бліжэйшы час па абодвух баках ходнікаў тут будуць пасаджаны два рады дрэваў. Таксама была перабрукавана вуліца 3-га Траўня і пабудаваны ходнікі. Праводзяцца работы на іншых вуліцах і на Рынкавай плошчы горада. Бургамістр Задурскі абяцаў перабудаваць усе вуліцы горада» [82].

Эканамічнае развіццё ў значнай ступені прыпыніў Сусветны эканамічны крызіс.

На пачатку трыццатых гадоў пачаўся адток з Польшчы замежнага капіталу. Буйныя польскія прадпрымальнікі для абароны ўласных інтарэсаў пачалі аб'ядноўвацца ў звязы - так званыя галіновыя картэлі. Дзякуючы гэтаму, ім лягчэй было ўводзіць дэмпінгавыя кошты на экспартныя тавары, што рабіла іх канкурэнтаздольнымі на вонкавых рынках. Разам з тым тыя ж самыя тавары на ўнутраным рынку прадаваліся па завышаных коштах. Гэта вяло да падзення попыту і тым самым да абмежавання выпуску прадукцыі і фінансавых асігнаванняў у новыя капіталаўкладанні. У выніку расло беспрацоўе, а на рынку бракавала наяўных грошай. Польская прэса прыводзіла словы аднаго з варшаўскіх рабочых-будаўнікоў, які пасля таго як страціў працу, не мог плаціць за кватэру і вырашыў выдаткоўваць на жыццё не больш за палову злотага ў дзень. Але, нажаль, праз некалькі месяцаў не стала і гэтых грошай, і ён не мог ужо купіць і ежы. У продажы харчы, вядома ж, былі, але бракавала грошай, каб іх купіць, крамы ж па-ранейшаму былі перапоўненыя ўсялякімі таварамі. А працу ён знайсці не мог.

У верасні 1930 г. газета «Беларуская Крыніца» паведаміла: «Крызыс ... ужо вельмі моцна гне ў дугу ня толькі Польшчу, але і так абяднеўшае беларускае сялянства Зах. Беларусі» [83]. На пачатку 1931 г. тая ж газета пісала: «Агульнай адзнакай гаспадарчага жыцця ... Зах. Беларусі ў мінулым годзе быў крызыс: агульны спад цэнаў, крызыс земляробскі - як вынік несумяшчальнасьці паміж цэнамі земляробскай і прамысловай вытворчасці, агульная надпрадукцыя і празмерны запас тавараў, недахоп грошаў, безрабоцьце, корчанне гандлю, затрыманне доўгасрочных крэдытаў» [84].

Толькі пасля 1933 г. пачало паляпшацца становішча на ўнутраным рынку. З аднаго боку, павялічыліся сусветныя цэны на сельскагаспадарчую сыравіну, з другога, дзякуючы рэжыму эканоміі, урад атрымаў сродкі з дзяржбюджэту на арганізацыю грамадскіх работ для беспрацоўных. Большасць новых працоўных месцаў з'явілася дзякуючы рэалізацыі праграмы будаўніцтва чыгуначных і шашэйных дарог, вадаправодаў і электрыфікацыі, рамонту вуліц і г.д. Гэта спрыяльна адбілася на развіцці бяднейшых раёнаў Польшчы, да якіх адносілася Заходняя Беларусь і прывяло да павелічэння на рынку рэальнай грашовай масы. Павялічыўся попыт на прамысловыя тавары, і гэта ў сваю чаргу пачало стымуляваць развіццё прамысловасці.

Беспрацоўе і крызіс гарадской гаспадаркі. Увосень 1930 г. у прэсе з'яўляецца інфармацыя аб росце беспрацоўя ў нашым горадзе, і таму Лідскае староства пачынае запісваць беспрацоўных у чаргу для працы ў Францыі [85]. Але ўжо ў сакавіку таго ж года газета «Слова» паведамляла, што «жыхарка Ліды Марыя Стацкевіч атруцілася эсэнсіяй. Нагодай гэтага кроку было тое, што яе муж выехаў на работу ў Францыю і не даваў аб сябе знаць» [86].

На пачатку 1931 г. у Лідзе адкрыўся аддзел Віленскага Фонду беспрацоўных [87]. У верасні прэса паведамляла, што павятовы Камітэт барацьбы з беспрацоўем пачаў збор грошай: першая грашовая ахвяра для беспрацоўных паступіла ад работнікаў тэхнічнага парку 5-га лётнага палка, якія сабралі 106 злотых 50 грошаў [88]. Уладальнік буфета на Лідскім вакзале Уладзіслаў Бжэзінскі ахвяраваў у фонд Камітэта па барацьбе з беспрацоўем 20 злотых [89]. Сярод дзясяткаў іншых гараджан 2 злотыя на дапамогу беспрацоўным ахвяраваў і гісторык Міхал Шымялевіч [90].

Праз газеты Павятовы камітэт дапамогі беспрацоўным прапанаваў, каб кожны, хто мае працу, штомесячна адлічваў нейкую квоту ў фонд дапамогі, «на гэта ўжо згадзіліся чыгуначнікі, настаўнікі, працоўныя кааператываў, чыноўнікі староства і павятовага аддзела, камунальнай ашчаднай касы і дарожнай управы» [91].

Падобна на тое, што Лідскі камітэт барацьбы з беспрацоўем рэальна збіраў вялікія сумы грошай, бо нават падтрымліваў беспрацоўных у этнічнай Польшчы: «Павятовы камітэт дапамогі беспрацоўным ўжо выслаў 4 вагоны з бульбай у г. Олькуш (Келецкае ваяводства) для дапамогі галадаючым» [92].

Для змякчэння беспрацоўя ўлады падтрымлівалі дробны бізнес і саматужнікаў. Пры канцы лютага 1931 г. «Камітэт павятовай выставы саматужнага промыслу пад пратэктаратам пані старасціны Зоф'і Багаткоўскай звяртаецца з просьбай да ўсіх, хто хоча каб нашы людзі жылі ў дабрабыце і развіваліся саматужныя рамёствы..., дапамагчы стварыць такую выставу» [93]. Праз некалькі дзён гэты камітэт сабраўся. «На пасяджэнні ... прысутнічала больш за 30 чалавек, у тым ліку старасціна і стараста. Пасля пасяджэння адзін з прысутных, саматужнік Фларыян Залескі, павёў усіх да сябе ў хату і прадэманстраваў піяніна, якое ён сам сканструяваў і вырабіў» [94].

Беспрацоўным давалася магчымасць зарабіць на сезонных муніцыпальных работах. «Два дні таму пачалася расчыстка вуліц горада ад лёду і снегу беспрацоўнымі. Аб гэтым самі беспрацоўныя прасілі старасту» [95]. Тым не менш беспрацоўе станавілася ўсё большай праблемай. У студзені 1932 г. каля 150 беспрацоўных учынілі скандал ў Лідскім магістраце. Выкліканая паліцыя затрымала некалькі актывістаў [96].

У верасні 1932 г. паведамлялася пра невялікае памяншэнне беспрацоўя ў горадзе, выкліканае наборам рабочых на фабрыку «Ардаль» [97].

Пры канцы 1933 г. «Кур'ер Віленскі» паведамляў, што ўзімку беспрацоўе ў Лідзе даходзіла да 2 500 чалавек на 22 000 жыхароў горада. А ў цёплую пару года з-за сезонных будаўнічых работ, большая частка з якіх была адмыслова арганізавана для беспрацоўных, іх колькасць скарацілася да 250 чалавек [98].

На пачатку верасня 1930 г. замест Бергмана бургамістрам быў абраны палкоўнік, лекар Шчэпан Ардылоўскі [99]. Новы бургамістр Ліды Шчэпан Ардылоўскі - былы галоўны лекар Віленскага гарнізона, нарадзіўся на Ковеншчыне, на Лідчыне жыў асаднікам у Шчытніках каля Белагруды [100].

Праз 10 дзён газета «Слова» пісала: «Трэці раз было склікана пасяджэнне Гарадской рады, і зноў яно не мела вынікаў. Пасяджэнне пачаў новаабраны бургамістр Ардылоўскі, які ў сваёй кароткай прамове адзначыў, што прыняў пасаду, каб працаваць для горада. Па прапанове раднага д-ра Сапоцькі быў зменены распарадак дня, у выніку чаго выбары лаўнікаў і віце-бургамістра перасунуты на канец пасяджэння. ... Увечары былі абраны два лаўнікі ў асобах Антона Прыбыткі і Марака Карчмара, якія былі лаўнікамі і да гэтага часу ... Віце-бургамістр не быў абраны» [101].

У цяжкім крызісе апынулася эканоміка горада, што прывяло да крызісу самакіравання. Першай ластаўкай праблем стала звальненне за недахопы ў працы бухгалтара магістрата Антона Салмановіча [102] які працаваў пры папярэднім бургамістры Бергмане. Улетку паведамлялася: «20 ліпеня ўправа магістрата ў асобах бургамістра Шчэпана Ардылоўскага, намесніка бургамістра Мейлаха Пупко і лаўнікаў Прыбыткі Антона і Карчмара Марэка, на бліжэйшым пасяджэнні, якое адбудзецца 25 ліпеня, фактычна вырашыла падаць у адстаўку.

21 ліпеня бургамістр у Павятовым аддзеле дакладваў пра немагчымасць палепшыць фінансавы стан горада і немагчымасць супольнай працы з Гарадской радай. Павятовы аддзел вырашыў звярнуцца да ваяводы з просьбай распусціць Гарадскую раду і прызначыць камісара для часовага кіравання горадам. Фінансавы стан горада падкасіла будаўніцтва ў 1928 - 30 гг. двух аб'ектаў, якія каштавалі каля 2 000 000 злотых, з гэтай сумы толькі каля 800 000 злотых у выглядзе доўгатэрміновых крэдытаў дала ўправа Віленскай вучэбнай акругі, а рэшту грошай Магістрат атрымаў праз кароткатэрміновыя крэдыты ў прыватных асоб і банкаў, якія зараз патрабуюць аплаты. У выніку, розныя суды наклалі арышт на гарадскую нерухомасць коштам у 500 000 злотых. Гэта вынік будоўлі гарадской электроўні і агульнаадукацыйнай школы. Магістрат прасіў доўгатэрміновы крэдыт ў 500 000 злотых і адтэрміноўку па выплатах крэдытаў» [103].

У кастрычніку паведамлялася, што горад меў дэфіцыт бюджэту ў 1 149 410 злотых, а крэдыт ў 500 000 злотых і адтэрміноўку выплат па старых крэдытах яшчэ не атрымаў: «Над горадам павіс злы фатум... Бургамістр Ардылоўскі падаў у адстаўку і яго месца часова заняў вядомы педант, былы сакратар Павятовага аддзела Юзаф Задурскі, які павёў справу цвёрдай рукой, супакоіўшы сваркі радных» [104]. Бургамістр Юзаф Задурскі выконваў свае абавязкі часова.

У лістападзе Гарадской радай быў абраны Магістрат і прыняты бюджэт на 1931-32 гг. Гораду было неабходна выплаціць для пагашэння пазыкаў 233 139 злотых на працягу года. Акрамя гэтага, трэба было плаціць адсоткі: па доўгатэрміновых крэдытах 61 256 злотых і 126 683 па кароткатэрміновых - разам 187 939 злотых, ці 515 злотых штодзённа. Радныя адзначылі, што нармальнае функцыянаванне гарадской гаспадаркі ў такіх умовах амаль што немагчыма і трэба працаваць над рэструктарызацыяй даўгоў. На пасяджэнні адзначаліся фінансавыя злоўжыванні пры бургамістры Бергмане [105].

3 жніўня 1932 г. Гарадская рада [106] ўхваліла рашэнне звярнуцца ў Кураторыюм Віленскай школьнай акругі з прапановай адтэрміноўкі да 1936 г. выплаты пазык на суму 142 500 злотых за будоўлю школы [107].

Тым не менш, у сакавіку 1932 г. «Наваградскі Кур'ер» аптымістычна пісаў: «Можа дзе і ёсць крызіс, але ў нас, у Лідзе - няма. Аб гэтым кажуць новыя прадпрыемствы, рэстараны, вялікія крамы ў еўрапейскім стылі і з'яўленне гуку ў кіно. Не хачу быць галаслоўным і прыводжу факты. А менавіта: пачала працаваць алярня Голдберга, інвалід Юзаф Пеляк праз некалькі дзён адкрывае па-еўрапейску абсталяваны рэстаран па вуліцы 3-га Траўня (пад гатэлем "Варшава"), Б. Ковенскі адкрыў па-еўрапейску абсталяваную краму тканін па вуліцы Сувальскай (насупраць цукерні "Амерыка"), Яблонскі і Левін пераабсталявалі свае кінатэатры ў гукавыя» [108].

Але насамрэч праблемы горада не скончыліся, і 14 чэрвеня 1933 г. Гарадская рада замест Юзафа Задурскага 8 галасамі «за» пры 5 «устрымаўшыхся» абрала бургамістрам горада суддзю на пенсіі Войцеха Шчасновіча [109]. Але ўзніклі праблемы з яго зацвярджэннем, і ў выніку «новаабраны бургамістр Ліды Шчасновіч падаў у адстаўку, сход радных для абрання іншага бурмістра не прынёс вынікаў» [110]. Таму павятовы стараста сваім рашэнням прызначыў бургамістрам горада Міхала Клаўдзія Бараноўскага з Навагрудка [111].

На пачатку 1934 г. Гарадская рада не змагла ухваліць бюджэт горада, бо вялікая група радных адмыслова адмовіліся прыйсці на два пасяджэнні рады. Адміністрацыйныя ўлады налажылі на гэтых радных грашовы штраф [112].

Заканчэннем крызісу гарадской улады можна лічыць вяртанне пры канцы жніўня 1934 г. на пасаду бургамістра Юзафа Задурскага, за якога аднагалосна прагаласавалі ўсе радныя [113]. Задурскі заставаўся на гэтай пасадзе да верасня 1939 г.

Рэгуляванне цэн . Эканамічная сітуацыя самым згубным чынам адбівалася на становішча вёскі. Сяляне, не знаходзячы пакупнікоў, змяншалі цэны на свае тавары. Табліца з адміністратыўна паніжанымі цэнамі на харчаванне (Zycie Nowogrodzkie №22 (1045) 28 stycznia 1931.). Узнікалі так званыя нажніцы цэнаў, гэта значыць усё больш станавіўся разрыў паміж цэнамі на прамысловыя тавары і сельскагаспадарчую прадукцыю. Напрыклад, да 1935 г. у параўнанні з 1928 г. цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю, усярэднім, панізіліся на 65% - гэта значыць, каб атрымаць за свае вырабы тыя ж грошы, як ў 1928 г., селянін павінен быў прадаць іх у тры разы больш у фізічным вымярэнні! А селянін не мог не прадаваць свае вырабы, бо павінен быў плаціць падаткі і купляць неабходныя яму для жыцця прамысловыя вырабы. Таму селяніну сталі не па кішэні неабходныя яму тавары - запалкі, свечкі, адзежа і да г.д. На нажніцах цэнаў нажываўся пасрэднік (гандляр), які скупляў сельскагаспадарчыя прадукты па нізкіх цэнах з наступным перапродажам іх на гарадскіх рынках.

Урад, імкнучыся змякчыць найболей хваравітыя наступствы крызісу, вырашыў абмежаваць самаўпраўнасць прыватных прадпрымальнікаў і пачаў кантраляваць цэны. Зрэшты, так рэагаваў на эканамічны крызіс увесь капіталістычны сусвет. Прэса стала друкуе табліцы з адміністрацыйна дазволеным паніжэнням цэнаў на харчовыя тавары і з адміністрацыйна вызначанымі цэнамі: «Камісія па вывучэнні цэнаў пры Лідскім старостве прызначыла новыя цэны на мясныя вырабы, сала і мяса: сала сухое 1 гатунку 2,1 зл. за 1 кг., тое самае 2 гатунку 2 зл., сала свежае, несалёнае 1,80 зл., шынка вэнджаная 3,8 зл., паляндвіца 4 зл., сардэлькі 3 зл., сасіскі 3,4 зл., каўбаса літоўская 4 зл., кракаўская сухая 3,4 зл., бачок вэнджаны 2,6 зл., свежы 1,5 зл. мяса свініна 1,3 зл.» [114].

Пры канцы жніўня 1932 г. камісія Гарадской рады вырашыла зменшыць цану на электрычную энергію, якая выкарыстоўваецца для прамысловых мэтаў, а таксама для дзяржаўных устаноў і на гаспадарчыя мэты ў побыце (электрычныя пліты, чайнікі і г.д.). Тады ж магістрат змог выплаціць заробкі працоўным гарадской электроўні за чэрвень [115]. Але ў лістападзе «Навагрудскі Кур'ер» пісаў: «Кошт электрычнасці ў Лідзе занадта вялікі. Кілават-гадзіна каштуе 1 злоты, калі ў іншых гарадах - ад 0,5 да 0,6 злотага» [116].

Чыгунка . З 1924 г. на чыгуначнай станцыі Сялец існаваў буфет, якім валодала Каміла Дашкевіч, у 1930 г. гэты бізнес прайшоў перарэгістрацыю [117].

Пры самым канцы 1930 г. чыгуначныя ўлады паведамілі пра намер пусціць маторныя вагоны (продкі сучасных дызель-цягнікоў) па маршруце Ваўкавыск - Слонім - Баранавічы і Ваўкавыск - Ліда [118]. Такія вагоны з'явіліся толькі ўлетку 1935 г., калі Віленская дырэкцыя чыгункі атрымала 5 двухвосевых вагонаў з рухавікамі ў 100 к.с. для абслугоўвання ліній ад Вільні да Ліды, Гародні і Нова-Вілейкі, «гэтыя вагоны зменяць сучасныя цягнікі з паравозамі» [119].

Прэса неаднаразова пісала пра неабходнасць будаўніцтва віядука над чыгункай каб злучыць раёны горада Слабодку і Пяскі з цэнтрам. Адсутнасць віядука прыводзіла на няшчасных выпадкаў, бо толькі адзіны пешы пераход злучаў раён горада Ферма з Слабодкай, пры тым, што дзеці з горада хадзілі ў чыгуначную школу, якая ў той час месцілася каля сучаснай школы №10 [120].

У 1932 г. заканчвалася аднаўленне чыгуначнага моста цераз Нёман каля вёскі Сялец. 13 студзеня на гэтай будоўлі здарыўся няшчасны выпадак: рабочы з-пад Нясвіжа Акрынскі Антон, знаходзячыся на рыштаваннях, упаў з вялікай вышыні на зямлю. З цяжкімі пашкоджаннямі яго прывезлі ў Лідскі шпіталь [121]. 6 верасня адбыліся агульныя інжынерныя выпрабаванні канструкцый гэтага моста агульнай даўжынёй у 200 м. «Мост будзе перададзены для ўжытку пры канцы бягучага года ... кошт будоўлі склаў 1 мільён злотых» [122]. 23 лістапада быў устаноўлены на месца першы пралёт новапабудаванага моста ў Сяльцы цераз Нёман. «Астатнія тры пралёты будуць устаноўлены на сваіх месцах у бліжэйшы час. Новы мост цераз Нёман будзе складацца з чатырох пралётаў і мець даўжыню ў 200 метраў. ... Нагляд над работамі ажыццяўлялі начальнік дарожнага аддзела ў Лідзе інжынер Мярвінскі, рэвізор руху Катовіч, гандлёвы кантралёр Асецкі. Да гэтага часу цягнікі як з Ліды, так і з Баранавіч даходзілі толькі да моста, а пасажыры і грузы перавозіліся на другі бераг па часовым мосце» [123].

На пачатку 1935 г. Лідскі вакзал атрымаў табліцы, якія арыентавалі пасажыраў ў часе прыбыцця і адпраўкі пасажырскіх цягнікоў. «Такія табліцы будуць забяспечаны гадзіннікамі, якія будуць паказваць час адпраўкі дадзенага цягніка. Гэтая інавацыя ўжо працуе на Віленскім вакзале» [124].

9 ліпеня 1930 г. Аляксандра Брэйва, вяртаючыся ад сваякоў, якія жылі каля казармаў 77-палка, пад віядукам за шпіталем трапіла пад цягнік № 323 з Вільні. Будучы глухой, яна не чула набліжэнне цягніка. На нябожчыцы знойдзена торбачка з 11 царскімі залатымі дзесяцірублёвымі манетамі, якую яна, верагодна, заўжды насіла ў сябе на грудзях [125].

У лютым 1931 г. цягнік на перагоне Ліда - Скрыбаўцы на пераездзе ў Парачанах наехаў на фурманку, у выніку чаго конь быў забіты, а ўласнік фурманкі Ян Гайда цяжка паранены [126].

Пры канцы сакавіка 1931 г. стрэлачнік Леанард Каханоўскі (жыў у вёсцы Гарні) патрапіў пад цягнік і загінуў [127].

15 траўня 1931 г. машыніст цягніка, які ішоў з Ліды да Баранавіч, у момант, калі цягнік мінаў станцыю Дварэц, заўважыў, што мост, па якім ён павінен быў ехаць гарыць. Верагодна, гэта быў яшчэ часовы драўляны мост, які застаўся пасля Першай сусветнай вайны. Машыніст спыніў цягнік і разам з чыгуначнікамі, якія прыбеглі са станцыі, патушыў мост. Паліцыя выявіла, што гэта быў падпал [128].

16 студзеня 1934 г. у 9-20 на чыгуначнай станцыі Ліда, паравоз, які выязджаў з дэпо па пабочнай каляі, сутыкнуўся з пасажырскім цягніком Ліда - Баранавічы. У выніку паравоз пасажырскага цягніка перакуліўся. Параненых не было. Усё здарэнне праходзіла на вачах у вялікай колькасці людзей, бо на станцыі ў гэты момант спыніліся яшчэ і варшаўскі, і віленскі цягнікі. Пачалося следства, абодва машыністы былі затрыманы [129].

Адукацыя, нацыянальна-культурнае і рэлігійнае жыццё

Дзяржаўная гімназія. У красавіку 1930 г. Дырэкцыя публічных работ пры Навагрудскай ваяводскай управе аб'явіла тэндар на мантаж цэнтральнага ацяплення, водаправода і каналізацыі ў гмаху Дзяржаўнай гімназіі, будаўніцтва якой падыходзіла да канца [130].

Камандзір эскадрыллі маёр Стэфан Вітажэнец (у цэнтры),  Вялікабрытанія, кастрычнік 1940 г.

З 26 па 30 траўня 1930 г. у Дзяржаўнай гімназіі праходзілі экзамены выпускнікоў. Экзаменамі кіравалі начальнік ІІ аддзела Кураторыюма адукацыі Ян Бобка і дырэктар гімназіі Вацлаў Белакоз. У той год гімназію паспяхова скончылі Плунгус Генрык, Вадэйка Станіслаў, Петрашкевіч Ідалія, Ліпінская Марыя, Вільтас Рычард, Курчэўская Ванда, Дрозд Каэтан, Жукоўская Рэгіна, Макарэвіч Зміцер, Капалюк Станіслаў, Запаснік Аляксандр, Залкінд Маша, Філіпчук Міхал, Сянкевіч, Рабіновіч Фрадэль, Вітажэнец Гелена, Малевіч Марыя, Любчанскі Мойша, Стукатар Рахель, Ліпшыц Рыва, Вінаградава Соня, Бенеш-Крывец Юзаф, Давідовіч Беньямін, Грабоўскі Ян, Дэлімала Баляслаў, Сянкевіч Уладзіслаў, Ігнатовіч Паўлін. Урачыстае уручэнне пасведчанняў аб адукацыі адбылося 15 чэрвеня [131].

Ганаровае адкрыццё і асвячэнне новага будынка гімназіі адбылося ў адзін дзень з адкрыццём помніка на плошчы Славы - 12 лістапада 1930 г. , у дзень Незалежнасці [132], прэса паведамляла, што новы гмах гімназіі быў пабудаваны «з ініцыятывы Маршала Пілсудскага» [133].

Пры канцы 1931 г. у Лідзе на 10 старонках выйшаў першы нумар часопіса гімназічнай моладзі «Малады лес». Часопіс змяшчаў два артыкулы «І зноў да працы» і «Шанаванне Эдысана», два вершы, хроніку, з якой чытач мог даведацца, што ў гімназіі ёсць аб'яднанні «Братняя дапамога», «Кола паланістыкі» і «Кола дакладных навук імя Ньютана». Часопіс заканчваўся раздзелам вучнёўскага гумару. Рэдактар прафесар гімназіі Мар'ян Ганус, а таксама вучні С. Шалюбскі і М. Ілютовіч. Часопіс добра прыняла гарадская інтэлігенцыя [134].

На пачатку 1932 г. у гімназіі прафесар Канстанты Малыніч з Навагрудскага звязу аматараў радыё прачытаў лекцыю пра радыёвяшчанне, як форму культуры. На лекцыі прысутнічала каля 200 чалавек [135].

Летам 1932 г. святкавалася дзесяцігоддзе дзяржаўнай гімназіі: «11 і 12 чэрвеня дзяржаўная гімназія ў Лідзе будзе адзначаць дзесяцігоддзе. Ва ўрачыстасцях будуць удзельнічаць куратар вучэбнай акругі Шалангоўскі, ваявода Костка-Бярнацкі, генерал Літвіновіч. У першы дзень пройдзе набажэнства за памёршых выкладчыкаў і вучняў, а таксама спартовыя спаборніцтвы. На другі дзень пасля набажэнства адбудзецца адкрыццё памятнай шыльды, святочная акадэмія і сустрэча з выпускнікамі, на заканчэнне - баль. У сувязі з 10-ці годдзем гімназіі будзе выдадзена багатая манаграфія пра гімназію на тле гісторыі горада» [136].

15 кастрычніка 1932 г. у Дзяржаўнай гімназіі ў межах «Дня Шапэна» прайшоў музычна-вакальны вечар: «Пра вялікага музыканта расказала прафесар гімназіі А. Калокша. Пасля чаго камерны ансамбль гімназіі выканаў прэлюдыю. Вучань Жукоўскі прадэкламаваў "Тастамант" Славацкага, жаночы квартэт пад акампанемент камернага ансамбля выканаў "Зычэнне" і "Мары". Мужчынскі хор спеў кантату, вучань Якуціс спеў "Жаль". Вучань Драмовіч выступіў у жанры меладэкламацыі, вучань Пупко сыграў на скрыпцы "Накцюрн". Пры канцы, змешаны хор разам з сімфанічным аркестрам 77-га палка выканаў А-dur» [137].

Стэфан Вітажэнец (15.01.1908-30.12.1994). скончыў Лідскую дзяржаўную гімназію імя гетмана Хадкевіча ў 1929 г., потым вучыўся ў школе падхарунжых лётнага рэзерву (1930 г.), у Цэнтры падрыхтоўкі афіцэраў авіяцыі ў Дэмбліне (1932 г.), на курсах вышэйшага пілатажу пры Лётнай школе ў Грудзензе (1933 г.). Да 1939 г. служыў інструктарам у Лётнай школе.

Удзельнік Другой Сусветнай вайны. Здзейсніў 208 баявых вылетаў. За два месяцы паветранай бітвы над Вялікабрытаніяй збіў 5 нямецкіх самалётаў, адным з іх кіраваў нямецкі ас Хорст Тэтзен. Камандаваў эскадрылляй, дывізіёнам, знішчальным крылом. Скончыў вайну падпалкоўнікам.

У 1945 г. быў камендантам Школы пачатковага пілатажу, затым два гады да расфарміравання камандаваў Другім польскім знішчальным крылом. У 1948 г. вярнуўся ў Польшчу, пасяліўся з бацькамі ў Лодзі. У 1957 г. ізноў быў прызваны ў Польскае Войска. Служыў у апараце камандавання Паветраных Сілаў, 9 гадоў быў камендантам Цэнтра падрыхтоўкі лётчыкаў у Модліне. Узнагароджаны ордэнам Віртуці Мілітары, Ганаровым Лётным Крыжам Вялікабрытаніі, Срэбным Крыжам Ордэна Віртуці Мілітары, трохразова Крыжам за доблесць, Крыжам Баявых Дзеянняў на Захадзе.

У 1968 г. у званні палкоўніка выйшаў на пенсію. Доўгія гады ўзначальваў Саюз польскіх лётчыкаў. Памёр 30 снежня 1994 г. Пахаваны ў Варшаве на могілках у Павонзках сярод вайсковых лётчыкаў. Пасмяротна ўзнагароджаны Камандорскім крыжам з Зоркай Ордэна Адраджэння Польшчы. Правёў у паветры 4 238 гадзін, лётаў на 31 тыпе самалётаў. Адзіны з лётчыкаў чалец Капітулы Ордэра Віртуці Мілітары.

Трэба дадаць, што з двух дамоў па вуліцы Сувальскай (Савецкай, 32, 34), пабудаваных у стылі функцыяналізму напрыканцы 1930-х гадоў, дом Сувальская, 92 (Савецкай, 32) належаў Малеўскім [138]. Дом па адрасе: Сувальская, 94 (Совецкая, 34) пабудаваў лідскі радны і землеўладальнік Баляслаў Вітажэнец [139], бацька Стэфана Вітажэнца, сям'я жыла тут да 1939 г. Гэтыя дамы існуюць і зараз.

Школы. На пачатку красавіка 1930 г. школьны гмах імя прэзідэнта Нарутовіча быў прыняты адмысловай камісіяй, якая прызнала, што будынак якасна пабудаваны і цалкам адпавядае свайму прызначэнню. Было вырашана зрабіць яшчэ агароджу і школьны стадыён. 10 красавіка 1930 г. у гэтай школе адбыліся першыя ўрокі [140]. Гэты дзень можна святкаваць як дзень нараджэння сучаснай школы № 1 г. Ліды.

Газета «Навагрудскае жыццё» пісала: «Адкрылася агульнаадукацыйная школа. ... гмах памерам 13 300 м 3 пабудаваны за 801 000 злотых згодна з найноўшымі патрабаваннямі і складаецца з дзвюх школ-блізнятаў, мае 7 класных пакояў для агульнага выкладання, 1 залу прыродазнаўства, 1 залу ручной працы і 1 гімнастычную залу» [141].

Планёр 'Ліда'.

На пачатку сакавіка ў Забалацкай гміне знойдзена 2 малаткі з чэсанага каменю, якія праз нейкі час былі перададзены ў Ліду ў школьны музей школы №1 і 2 [142].

У траўні 1930 г. жаночая школа № 1 была перанесена ў новы гмах імя прэзідэнта Нарутовіча па вуліцы Школьнай: «Зараз школьная моладзь зможа карыстацца самым новым абсталяваннем школы, і мы не памылімся, калі скажам, што вучні будуць мець усё самае лепшае. Школа мае вялікія класы, дасканалую вентыляцыю, шырокія вокны, замест былых лавак - столікі з пюпітрамі, і для кожнага вучня - зручнае крэсла. Таксама ёсць адмысловая гімнастычная зала і майстэрні» [143]. А з «Навагрудскага жыцця» дазнаёмся, што «з вуліцы Замкавай ў новы школьны гмах на Выгане перанесена жаночая школа» [144].

Пры канцы траўня 1930 г. камітэт па арганізацыі дзіцячых летніх лагераў узначаліла Зоф'я Багаткоўская, дачка гісторыка Міхала Шымялевіча і жонка лідскага старасты Генрыка Багаткоўскага. На летні адпачынак выдзялялася з бюджэту горада 6 000 злотых - планавалася стварыць 3 лагеры агулам на 160 месцаў [145].

Пры канцы жніўня таго ж года газета «Наваградскае жыццё» пісала: «Гімназія магістрата г. Ліды была перанесена ў грунтоўна адрамантаваны гмах п. Янушкевіча па вул. Замкавай, 25. У гмаху маецца 8 лекцыйных пакояў, вялікая гімнастычная зала, кабінеты прыродазнаўства і фізікі. Фізіку будзе выкладаць сам дырэктар гімназіі Пякарскі па навейшай методыцы, з вялікай колькасцю практычных заняткаў. Новае памяшканне значна лепшае за ранейшае па вуліцы Пілсудскага» [146]. У тым жа нумары надрукавана аб'ява наступнага зместу: «Гімназія магістрата г. Ліды з правамі дзяржаўных школ. Дырэкцыя гімназіі паведамляе, што школьны год пачнецца з 2 верасня. Збор вучняў у 9-00 на набажэнства ў новым памяшканні гімназіі. Уступныя экзамены для усіх класаў адбудуцца 1, 2, 3 і 4 верасня ў 16-00. Бацькі павінны заплаціць за навучанне да 30 жніўня ... З пачаткам заняткаў усе вучні абавязаны насіць форму гімназіі» [147].

А 15 верасня ў прысутнасці ваяводы Бачковіча, старасты Багаткоўскага, візітатара піяраў Курчэўскага, камандзіра 5-га лётнага палка падпалкоўніка Івашкевіча пры вялікай колькасці жыхароў горада была асвечана Гандлёвая школа ў Лідзе [148].

У снежні 1930 г. вялікая колькасць вучняў на Лідчыне захварэла на грып і не хадзіла ў школу. Хварэлі і выкладчыкі: «У самой Лідзе ў Дзяржаўнай гімназіі захварэла палова выкладчыкаў і шмат вучняў, ёсць намер спыніць заняткі» [149].

1931 г. пачаўся з святкавання 25-ці годдзя барацьбы за польскую школу. У Лідзе быў створаны камітэт святкавання, у які ўвайшлі дырэктары гімназій Белакоз і Пякарскі, настаўнікі Оркуш і Барбурскі [150].

На пачатку 1934 г. прэса паведамляла: «Стараннямі ўправы гуртка планерыстаў у Лідзе і дзякуючы дырэкцыі i вучням Дзяржаўнай рамеснай школы ў варштатах школы пабудаваны два планёры "Варона". Урачыстае асвячэнне планёраў адбудзецца 30 студзеня ў 13-30 на плошчы Збаўцы ў Лідзе» [151]. Лідскія планёры былі першымі лятальнымі апаратамі пабудаванымі ў Заходняй Беларусі. Абодва планёры прайшлі сертыфікацыяю, былі прыняты ў эксплуатацыю міжнародным бюро «Верытас» і прызнаныя прыдатнымі для палётаў.

Дзяржава падтрымлівала развіццё краязнаўства: «Віленскі школьны інспектар даручыў лідскім настаўнікам агульнаадукацыйных школ (і не толькі лідскім) збіраць матэрыял і рыхтаваць да друку манаграфіі пра мясцовасці, дзе знаходзяцца гэтыя школы. Падобна, не гістарычныя манаграфіі, які рэканструююць агульныя падзеі нашага краю, а менавіта такія працы маглі бы стаць ... падмуркамі рэгіяналізму» [152].

Культура. Як і ў папярэднія гады, Ліду рэгулярна наведвалі розныя творчыя калектывы. Не мае сэнсу пералічваць усе гастролі, але, напрыклад, 14 і 15 студзеня 1930 г. ў Помнік на плошчы Славы (на другім плане – будынак магістрата, які захаваўся да нашага часу). Лідзе гастраліравала Варшаўская опера. На сцэне кінатэатра «Нірвана» былі паказаны два спектаклі «Галька» і «Кармэн» [153], а пры канцы чэрвеня 1934 г. у Лідзе гастраліраваў цырк Зрулоўскага, «які разбіў свае намёты ў парку пры вуліцы 3-га Траўня» [154].

У Лідзе з канца 1920-х гг. існаваў тэатральны гурток, якім кіраваў Караль Юрага. На пачатку 1930 г. паведамлялася, што гурток паставіў п'есу «Чары мундзіра» і паказваў яе на сцэне Дома культуры (Ogniska) чыгуначнікаў, і кінатэатра «Нірвана», і нават ў Лідскай турме [155].

У 1928 г. па ініцыятыве дырэктара школы ў Нёмане «А» (Бярозаўка) Е. Кісялеўскага пры вячэрнім аддзеле школы таксама быў арганізаваны тэатральны гурток. Гурток паставіў некалькі п'ес і нават зарабіў 194 злотыя, з якіх 48 злотых перадаў у касу ўзаемнай дапамогі, 50 злотых - школе і на 27 злотых закупіў рэчы для тэатра. На пачатку 1930 г. гурток рыхтаваў да паказу адразу дзве пастаноўкі [156].

29 чэрвеня 1930 г. быў асвечаны кутні камень і пачата ганаровае будаўніцтва помніка Незалежнасці на плошчы Славы. Будаўніцтва асвяціў ксёндз-дэкан Баярунец у прысутнасці прадстаўнікоў уладаў, войска, вучняў школ, сяброў розных арганізацый і насельніцтва горада. У фундамент была ўмуравана цынкавая скрынка з дакументам на пергаменце наступнага зместу: «Справа зроблена 29 чэрвеня 1930 г. у старым горадзе Гедзіміна Лідзе, у часы Прэзідэнта, прафесара, д-ра Ігнацыя Масціцкага, калі Маршалам Польшчы і Духоўным Правадыром народа быў Юзаф Пілсудскі, Прэм'ерам Урада - палкоўнік Валеры Славэк, а дырэктарам Дзяржаўнай гімназіі імя гетмана Караля Хадкевіча ў Лідзе - Вацлаў Белакоз, у прысутнасці Старасты Генрыка Багаткоўскага, прадстаўнікоў Войска, Грамадскасці, Улад, арганізацый дапрызыўнай падрыхтоўкі, а таксама розных дэлегацый, склалі гэты Ганаровы акт пабудовы "Помніка Незалежнасці". Гэты помнік, фундаваны школьнай моладдзю Дзяржаўнай гімназіі імя Караля Хадкевіча ў Лідзе і добраахвотнымі складкамі, быў высвечаны ў памяць усіх тых, хто сваёю цяжкай працай і ахвярнай крывёй прычыніўся да нашай Свабоды. Мы, ніжэй падпісаныя, у доказ гарачай любові да Айчыны, робім гэта на вечныя часы, для прыкладу нашчадкам і для ўласных сэрцаў». Пасля выступу ксяндза-дэкана Баярунца аркестр пажарнай аховы граў гімн, і потым усе разам спявалі «Божа, што ж Польшча». Ідэю ўсталявання помніка высунулі ў 1928 г. вучні гімназіі. Першы праект помніка не знайшоў падтрымкі адмыслоўцаў. Аднак, праз нейкі час быў зацверджаны праект студэнта-архітэктара Браніслава Кліцкага. Гранітны помнік выканаў скульптар Трапіла-Бароўскі з Наваградка па цане 4 500 злотых [157]. Ужо пасля ганаровай закладкі помніка газета «Слова» пісала: «Праект помніка, распрацаваны студэнтам архітэктуры Варшаўскай палітэхнікі Браніславам Кліцкім, ужо зацверджаны. Ён цалкам вытрыманы ў мадэрнісцкім стылі і будзе выкананы з граніту ў трох колерах. На пярэдняй сцяне будзе табліца з надпісам: "У дзесяцігадовыя ўгодкі Незалежнасці, Тым усім, хто ахвяраваў жыццё, цярпенне, працу і гэтым прычыніўся да нашай Свабоды, на памяць будучым пакаленням, удзячная моладзь Дзяржаўнай гімназіі імя Гетмана Караля Хадкевіча ў Лідзе паставіла гэты помнік"» [158].

Помнік Незалежнасці быў адкрыты 12 лістапада - у дзень Незалежнасці Польшчы ў прысутнасці міністра сельскагаспадарчых рэформ Станевіча, ваяводы Рачкевіча, Прэзідэнта Акруговага земскага суда Вушацкага, дырэктара Сельскагаспадарчага банка Мацулевіча і прастаяў да 1939 г.

Рэклама лідскіх кінатэатраў.

27 сакавіка 1931 г. «на агульны сход сяброў Таварыства аматараў навукі ў старостве сабраліся толькі 4 чалавекі з 40 сяброў таварыства. Гэта два сябры ўправы таварыства - дырэктар гімназіі Пякарскі, Клышэйка і два шараговыя сябры - Людоўскі Вацлаў і Прыбытка Антон» [159].

11 верасня 1932 г. адбыліся «Першыя ўрачыстыя Дажынкі ў Бердаўцы з удзелам старасты Багаткоўскага. Багатая праграма ўрачыстасцяў заахвоціла да ўдзелу ў свяце шмат удзельнікаў» [160].

У 1932 г. сярод уладальнікаў кінатэатраў у Лідзе пачаліся «гонкі» - хто першы адкрые ў Лідзе гукавое кіно. Першым імкнуўся стаць уладальнік кіно «Нірвана»: «Нарэшце ў Лідзе будзе кіно з гукам. Уладальнік кінатэатра "Нірвана" Яблонскі сказаў, што праз некалькі дзён пачне паказваць у сябе кіно з гукам. Першым гукавым фільмам будзе сусветна вядомы баявік "Парада кахання". ... Гэта будзе сенсацыяй у Лідзе» [161].

Аднак першым гукавым кінатэатрам у горадзе стаў «Эдысан»: «У пятніцу з гукам пачаў працаваць кінатэатар "Эдысон" - уладальнік Левін. Першы гукавы фільм "X 27", "Нірвана" з гукам пачне працаваць праз некалькі дзён» [162]. «Не гледзячы на наяўнасць гуку, у кінатэатры "Эдысан" паўсюдна "заляжалы бруд, як у чакальні, так і ў глядзельнай зале, нават у буфеце смецце ляжыць кучай каля сцяны» [163].

Рэклама лідскіх кінатэатраў.

Пры канцы 1932 г. віленскія газеты паведамілі: «Уладальнік "Нірваны", якая, як вядома згарэла 13 ліпеня, п. Яблонскі, хутка адкрые новае кіно па вуліцы Сувальскай ў доме Віленчыка (у былых варштатах Дзяржаўнай рамеснай школы). Кінатэатр будзе мець гукавую апаратуру, тэатральную сцэну і іншае сучаснае абсталяванне» [164].

Працаваў у Лідзе і літаратурны клуб. Прэса паведамляла: «У Лідзе ў рэстаране "Кола полек" пачнуць рэгулярна збірацца "Літаратурныя чацвяргі". Першы такі сход адбудзецца 25 лютага, у гэты дзень выступяць два аўтары з Вільні і Навагрудка» [165]. У першым «Літаратурным чацвяргу» прынялі ўдзел стараста Багаткоўскі з жонкай, школьны інспектар Станіслаў Рагоўскі, дырэктар дзяржаўнай гімназіі Белакоз з жонкай, бургамістр Задурскі з жонкай. Адкрыў вечар настаўнік і журналіст з Ліды Бажок, наступным выступіў Багаткоўскі, пасля яго старшыня «Звязу журналістаў і літаратараў» Навагрудскага ваяводства Гашцецкі. А літаратар Яцак Райскі выступіў з дакладам «Навагрудчына ў літаратуры» [166].

Увесну 1932 г. цыкл лекцый з лідскай гісторыі прачытаў яе лепшы знаўца Міхал Шымялевіч, прэса абвясціла: «У суботу 23 красавіка, а 18-й гадзіне ў зале Лідскага староства Міхал Шымялевіч прачытае працяг свайго даклада "З гісторыі Ліды". Даклад будзе вельмі цікавы» [167]. Аб'явы пра пачатак цыклу лекцый я не знайшоў, але з тэксту зразумела, што гісторык рабіў некалькі дакладаў.

Да сярэдзіны 1932 г. у павеце ўжо працавала разгалінаваная бібліятэчная сетка Аднак у вёсках адчуваўся кніжны голад. У 1932 г. усе 11 гмін асігнавалі на закуп кніг у свае бібліятэкі дастаткова вялікія сумы грошай - да 500 злотых (у кожнай гміне працуе гмінная бібліятэка). Міністэрства адукацыі і веравызнанняў таксама дало 3450 злотых на закуп кніг, з іх 2 000 злотых для Цэнтральнай павятовай бібліятэкі.

Павет меў наступныя кнігазборы:

- у павятовай перасоўнай бібліятэцы 25 бібліятэчных камплектаў, 2 295 тамоў.

- настаўніцкі клуб меў 857 кніг,

- яўрэйская бібліятэка - 1 962 кнігі,

- публічная гмінная бібліятэка - 1 393 кнігі,

- Кола «Усяпольскай моладзі» (Kola M.W.) - 1 310 кніг,

- розныя сельскагаспадарчыя арганізацыі - 367 кніг,

- таварыства культуры паліцыі - 250 кніг,

- парафіяльныя бібліятэкі - 168 кніг,

- бібліятэка паліцыі - 2 011 кніг,

- публічная гарадская бібліятэка - 8 459 кніг,

- чыгуначная - 1 650 кніг,

- публічная бібліятэка «Польскай школьнай дапамогі» - 1 640 кніг,

- публічная бібліятэка гуты шкла «Нёман» - 1 000 кніг,

- іншыя арганізацыі мелі 496 кніг.

Разам - 24 011 кніг.

Калі дадаць да гэтай лічбы 17 849 кніг, якія знаходзіліся ў школьных бібліятэках павета, дык агульная колькасць дасягала 41 859 кніг у публічным ужытку [168].

Пры канцы 1933 г. у Лідзе на Выгане падчас земляных работ на зямлі, якая належала настаўніку М. Міхальчыку, была знойдзена вялікая колькасць чарапкоў ад чыгункоў, раскіданых на значнай тэрыторыі. Таўшчыня чарапкоў была характэрнай для вырабаў з керамікі старадаўніх часоў. Інжынер, які кіраваў работамі пераслаў чарапкі ва Управу па рэстаўрацыі ў Вільню і прыпыніў работы. Чарапкі таксама былі знойдзены ў іншай частцы Выгана. Абодва месцы знаходзіліся па краях гэтага ўчастка. Была высунута ідэя, што на гэтым месцы былі старадаўнія могілкі альбо нават гарадзішча ці паселішча. Хутка лідскі стараста Багаткоўскі выклікаў у Ліду асістэнтку кафедры археалогіі Віленскага ўніверсітэта др. Хелену Цэгак [169] ( хутка яна стане вельмі вядомым і аўтарытэтным навукоўцам).

З прыездам археолага плошча раскопак была пашырана, і знойдзены новыя керамічныя чарапкі. Д-р Цэгак выказала здагадку, што з XI па XIII стагоддзе тут магло існаваць славянскае паселішча, сляды якога потым былі амаль што цалкам знішчаны. Чарапкі мелі «славянскі стужкавы арнамент які адносілі да племянных груп, што ішлі з усходу. ... На археалагічнай карце ... з'явіцца новы знак, які будзе абазначаць, сляды побыту славян на лідскім Выгане» [170]. У Лідзе Хелена Цэгак была разам з сваім мужам, вядомым археолагам Уладзімірам Галубовічам які і напісаў газетны артыкул пра паселішча.

Верагодна паселішча на Выгане - гэта і ёсць Ліда пра якую пісаў Нарбут, Ліда, заснаваная ў 1180 г.

Хелена Цэгак-Галубовіч (Helena Cehak-Holubowiczowa, 1902-1979), скончыла факультэт філасофіі і права Львоўскага ўніверсітэта (1930). У 1931-39 гг. супрацоўніца кафедры археалогіі Віленскага ўніверсітэта, потым - Літоўскага музея мастацтва. У 1935-39 гг. Г. Цэгак-Галубовіч разам з мужам, вядомым археолагам У. Галубовічам праводзіла раскопкі ў Заходняй Беларусі, на тэрыторыі Глыбоцкага, Міёрскага, Пастаўскага, Наваградскага, Лідскага і іншых раёнаў. У 1945 Х. Цэгак-Галубовіч - супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР. У 1946-50 - ад'юнкт (асістэнт) кафедры археалогіі Торуньскага ўніверсітэта імя М. Каперніка, у 1950-56 гг. - Уроцлаўскага ўніверсітэта, з 1968 г. - прафесар, загадчыца кафедры археалогіі.

Міхал Ціткоў (1909-1979), мастак і прамысловы дызайнер гуты Нёман. Сын Івана Ціткова і Францішкі Рокас (Franciszka Rokoss), унучкі Яна Аўгусціна Столе.

Яго выбар прафесіі быў не выпадковым - па традыцыі ўсе ўладальнікі гуты шкла Нёман займалі пэўныя пасады ў структуры завода, што, натуральным чынам, спрыяла кансалідацыі сямейнага прадпрыемства. Па чыстай выпадковасці Ціткоў не пачаў працаваць на вытворчасці, а патрапіў у аддзел дызайну. Пасля зыходу Сільвестра Васілеўскага, прафесійнага мастака і аўтара першых каталогаў кампаніі, патрэбен быў пераемнік. Ціткоў, які меў выдатныя мастацкія здольнасці, стаў лепшым кандыдатам. Ён добра ведаў тэхнічныя магчымасці гуты і з самавука хутка ператварыўся буйнога спецыяліста, шматграннага дызайнера, чые працы выклікаюць захапленне і зараз.

У 1931-34 гг. вучыўся на інжынерным факультэце Віленскага ўніверсітэта.

Нёманскія вырабы былі падобныя на чэшскае, французскае і бельгійскае шкло, але было і шмат выдатных мадэляў, якія не мелі аналагаў і з'яўляліся мясцовымі распрацоўкамі дызайнера Ціткова. Да 1939 г. ён лічыўся вядучым дызайнерам шкла ў Польшчы, і сучасныя мастацтвазнаўцы не аспрэчваюць гэта.

Становішча гуты «Нёман» і яго ўладальнікаў змянілася ў верасні 1939 г. Тым не менш, выбітны, незаменны галоўны тэхнолаг гуты Герман Шаль заставаўся на сваёй пасадзе на працягу яшчэ многіх гадоў, а Міхал Ціткоў працягваў працаваць дызайнерам. Яго апошнім праектам была вялікая ваза падрыхтавацца да выставы ў Мінску ў 1940 г. Хутка пасля гэтага ён, як «буржуй», быў арыштаваны і, адсядзеўшы некалькі месяцаў у турме, з пачаткам вайны 1941 г. адпушчаны ў армію генерала Андэрса, дзе ваяваў да канца вайны. У 1947 г. праз Англію прыехаў у Польшчу і пасяліўся ў Лодзі. Больш ніколі не вяртаўся да дызайну, але ягонай жарсцю і хобі заставаўся жывапіс.

Лідскі замак . У студзені 1930 г. Лідскае староства атрымала загад прыбраць з замка Гедзіміна стрэльбішча. Мясцовае грамадства спаткала гэтую навіну з незадавальненнем, і стараста вырашыў хадайнічаць аб адмене гэтага загаду Міхал Шымялевіч. [171]. У тым жа месяцы Павятовы аддзел зрабіў у замку Гедзіміна коўзанку: «Для моладзі горада яна стала сапраўдным месцам сустрэч і адпачынку. Каля коўзанкі пабудавана пачакальня» [172].

У наступным месяцы на пасяджэнні чальцоў «Літаратурнай серады» ў Вільні, рэстаўратар і кансерватар, др. Лорэнц (Lorentz) выступіў з дакладам аб кансервацыі сярэднявечных замкаў. Пра кансервацыю Лідскага замка, Лорэнц сказаў: «Стан кансервацыі Лідскага замка нездавальняючы. Цалкам дрэнна, што муры замка па-новаму пакрылі бетонам, калі найлепшым метадам кансервацыі ёсць нанясенне новага пакрыцця толькі пасля зняцця старога. З замка прыбралі часовую драўляную браму, і хутка павінна быць прыбрана драўлянае стрэльбішча» [173].

22 сакавіка Лорэнц прыехаў у Ліду, каб яшчэ раз агледзець замак Гедзіміна. Ён пагадзіўся, каб стрэльбішча знаходзілася ў замку да канца верасня 1930 г., але паведаміў лідскім уладам, што калі працы ў вежы замка пачнуцца раней, дык стрэльбішча прыйдзецца таксама зачыніць раней. Вывучыўшы замак, д-р Лорэнц зразумеў, што фундаменты яго моцна аслаблены падкопамі зямлі з боку суседняга да замка ўчастка, якім валодаў нейкі Чарняўскі, прычым абвал муроў замка якраз і пагражаў маёмасці самога Чарняўскага. Кансерватар патрабаваў ад уладаў гарантаваць замак ад далейшых падкопаў наіўных суседзяў. Далей ў артыкуле паведамляецца, што 14 красавіка павінна было пачацца першаснае вывучэнне гарадзішча каля Радуні (так званы замак каралевы Боны) [174].

А 28 траўня 1930 г. Звяз Стральцоў не закрыў, а адкрыў у замку стрэльбішча, але для малакалібернай зброі [175].

У кастрычніку 1933 г. стараста Багаткоўскі паведаміў археолагу Віленскага ўніверсітэта доктару Хелене Цэгак, што ніякай пагрозы для замка няма, малыя шчыліны замазаны, а «зараз, на невялікім участку сцяны ўзмацняецца фундамент» [176]. На пытанне пра легенды аб лёхах пад Лідскім замкам, стараста адказаў, што гэта - часткова легенды, а часткова факт: «Расказваў мне 80-ці гадовы стары, 65 гадоў таму, будучы хлопцам, ён хадзіў па падзямеллях. Тады адкрыўся ўваход у гэтыя падзямеллі. І цягнуліся яны далёка, як мовілі, ажно да Трок. Так далёка стары не хадзіў, бо яго лучыны не хапіла. Той стары, можа, часткова і мае рацыю. Падзямеллі могуць існаваць» [177]. Цікава, што аналагічныя расповяды я чуў у 1970-я гады, у сваім дзяцінстве, часткай якога быў наш замак. Замак тады ніколі не зачыняўся, і я праводзіў у ім шмат часу.

У тыя гады ў Лідскім замку праведзена кансервацыя сцен і ўпарадкавана тэрыторыя звонку і ва ўнутраным двары. У 1933 г. паўднёвая сцяна замка была ўзмоцнена праз пабудову фундамента вакол шчыліны і падсыпку зямлёй звонку. На кастрычнік 1935 г., згодна справаздачы Лідскага павятовага старасты, руіны замка «не былі ў пагрозлівым стане», і на іх паднаўленне было выдзелена 350 злотых [178].

Улетку 1935 г. падчас земляных работ па рэгуляцыі ракі Лідзейкі каля замка Гедзіміна былі знойдзены «масіўныя валы, якія згодна з тлумачэннямі знаўцы гісторыі адваката Шымялевіча, праўдападобна, з'яўляюцца рэшткамі гістарычнай дамбы, якая служыла для ўтрымання ці пуску вады ў равы вакол замка» [179]. Дадам, што ў выніку гэтых работ узровень грунтовых вод у горадзе быў паніжаны на 1,1 м [180].

Міхал Шымялевіч (18.Х.1879-11.01.1969). Лепшы лідскі гісторык XX ст. Нарадзіўся з вёсцы Пеляса, адукацыю пачаў у Лідскай павятовай вучэльні. У 1901 г. малады Шымялевіч працаваў у Лідскай судова-міравой акрузе, канцылярыі з'езду міравых суддзяў, памочнікам сакратара.

Верагодна, першай надрукаванай працай Шымялевіча была кніга «Горад Ліда і Лідскі замак», 1905. Далей выдаў кнігі: «Szymielewicz Michal. Szkice etnograficzne o Tatarach litewskich», 1906 (Шимелевич М. Литовские татары. Вильно, 1906) і «Szymielewicz Michal. O tatarach w powiecie lidzkim. Lida. 1914.»

З 1905 па 1908 гг. прозвішча чыноўніка Шымялевіча знікае з даведнікаў Віленскай губерні, вядома, што малады гісторык-аматар атрымаў грант ад гістарычнага таварыства для вучобы ў Кракаве, верагодна, у знакамітым Ягелонскім універсітэце. Атрымаўшы вышэйшую гістарычную адукацыю ў еўрапейскім універсітэце, даследчык вярнуўся ў Ліду.

Здаў дадатковыя экзамены і з 1910 г. па 1939 г. зарабляў на жыццё прыватнай юрыдычнай практыкай. Вёў справы большасці маёнткаў вакол Ліды і меў вялікія магчымасці вывучаць гістарычныя архівы многіх сем'яў.

У 1914 г. пачалася Першая Сусветная вайна, і ў 1915 г. Шымялевіч пакінуў родны горад, стаў бежанцам. Пасля 1918 г. вярнуўся ў Ліду і перажыў усе навальніцы, якія прайшлі праз наш горад.

9 лістапада 1922 г. было абрана першае польскае Лідскае Павятовае самакіраванне ў складзе Павятовага аддзела і Павятовага сейміка. Сярод 6 членаў Павятовага аддзела быў і Міхал Шымялевіч. Гэта значыць, што гісторык адразу патрапіў у «вярхі» польскай павятовай улады. Але пасля стварэння ў кастрычніку 1926 г. у Лідзе гуртка «Таварыства беларускай школы» Міхал Шымялевіч стаў сябрам гэтай арганізацыі. У 1927 г. сябар ТБШ Міхал Шымялевіч выбіраецца ў Гарадскую раду.

У 1936-39 гг. Шымялевіч быў сябрам рэдакцыйна-выдавецкага камітэта часопіса «Лідская зямля» («Ziemia Lidzka»), дзе ён апублікаваў каля 30-ці бліскучых краязнаўчых артыкулаў, яго матэрыялы друкаваліся ў кожным нумары. Тэксты Міхала Шымялевіча атрымалі агульнае прызнанне. Віленская прэса пры канцы 1930-х гг. адназначна вылучала Шымялевіча сярод усіх аўтараў «Лідскай Зямлі» і называла «лепшым знаўцам лідскай гісторыі і нястомным збіральнікам мясцовых народных звычаяў» [181].

У 1940 г. Міхал Шымялевіч быў вывезены ў Казахстан, ягоны дом плошчай 71,41 м2 у Лідзе канфіскаваны. Найвялікшую каштоўнасць меў велізарны архіў гісторыка, і таму адмыслова дасланыя ў Ліду выкладчыкі БДУ з Менска пачалі займацца апрацоўкай архіваў Шымялевіча. Аднак архіў згарэў разам з цэнтрам горада ў 1941 г.

Цудам выжыў. Пасля 1948 г. жыў у Сопаце. Напісаў некалькі найкаштоўнейшых прац, якія былі дэпанаваны ў Бібліятэцы імя Асалінскіх ва Уроцлаве, горадзе, дзе жыла яго дачка.

Міхал Шымялевіч - сапраўдны культурны герой Лідчыны.

Антоні Грымайла-Прыбытка , сын генерал-маёра рускай арміі Аляксандра Прыбыткі. У 1920-30-х гг. неаднаразова выбіраўся ў Лідскую гарадскую раду, быў лаўнікам Лідскага магістрата і выдатным лідскім краязнаўцам, старшынём Лідскага краязнаўчага таварыства. Аўтар шэрагу артыкулаў і кнігі «Кароткі турыстычны даведнік па Лідскім і Шчучынскім паветах» (1936 г.). Пры канцы 1930-х гг. працаваў над вялікай манаграфіяй аб Лідскім і Шчучынскім паветах. 20 чэрвеня 1941 г. вывезены ў Мінусінскі край. Далейшы лёс невядомы.

Беларускае і літоўскае школьніцтва і культура . «Беларуская Крыніца» пісала пра адносную стабілізацыю беларускай пачатковай адукацыі ў Заходняй Беларусі ў 1930-31 навучальным годзе. У 1929-30 навучальным годзе на ўсёй Заходняй Беларусі былі 21 беларуская і 44 утраквістычныя (двухмоўныя - Л. Л.) школы, разам 65. У 1930-31 навучальным годзе колькасць паменшылася на 3 школы.

«Агулам беларускае школьніцтва пад Польшчай цяпер выглядае так:

Урадавых школ пачатковых школ з невыразным воблікам, нібы ўтраквістычных, нібы беларускіх - 62 і адна вучыцельская семінарыя ў Вільні.

Прыватных: 4 школы пачатковыя і 2 гімназіі: у Вільні і Наваградку (Клецкай беларускай гімназіі, як ведаем, пагражае закрыццё).

Каб трохі ўзбагаціць гэтую ўбогую статыстыку ... , трэба сюды дадаць і лектарат беларускай мовы на Віленскім унівэрсытэце» [182].

У сярэдзіне 1933 г. народныя карэспандэнты пісалі:

З Беліцы: «Каля нас беларускай школы не чуваць. Вучаць усюду ў школах беларускіх дзяцей па-польску. Рэлігіі праваслаўных дзяцей вучаць па-расейску, а каталіцкіх па-польску. Дзеці, кончыўшы польскую школу, астаюцца проста невукамі. Польская школа нашай моладзі не споленізуе. Моладзь ахвотна чытае беларускія кніжкі. Трэба наладзіць саманавучаньне хатняе і даць моладзі адпаведных кніжак. Гэта ў пэўнай ступені заменіць родную школу» [183].

Аб'ява аб смерці генерала Кандратовіча.

З Сяльца: «У нашай вёсцы, як і ва ўсёй ваколіцы, беларускіх ані польска-беларускіх школ няма. Усе школы толькі польскія. ... Некалькі гадоў таму нашы сяляне дамагаліся беларускай школы - падавалі дэкларацыі, але беларускай школы не адчынілі. Нам, беларусам, трэба дамагацца роднай школы, бо яна неабходная, але трэба і вучыць дзяцей дома. Адна бяда - няма адпаведных падручнікаў» [184].

Інфармацыі аб дзейнасці беларускіх культурных таварыстваў на Лідчыне таго часу мала.

Беларуская прэса паведамляла: «У в. Дакудава Лідзкага пав. Нядаўна закладзена Таварыства Беларускага гаспадарчага Зьвязу. За сакратара Т-ва абраны солтыс в. Дакудава Янка Рыбак. Вось-жа камэндант пастарунку паліцыі ў Дакудаве пазваў да сябе грам. Я. Рыбака і ўмаўляў яму адмовіцца ад Т-ва. Я. Рыбак не згадзіўся ... кажучы ..., што Зьвяз ёсць арганізацыяй культурна-гаспадарчай, а не палітычнай. ... пасля гэтага ўмаўлялі ... адмовіцца ... войт і валасны пісар, але нічога не памагло» [185].

Газета «Слова» на пачатку лістапада 1932 г. надрукавала аб'яву пра смерць былога міністра абароны БНР Кіпрыяна Кандратовіча: «Генерал ад інфантэрыі рускай арміі, кавалер ордэна Св. Георгія і Ганаровага легіёна, пасля доўгай і цяжкай хваробы ціха заснуў з Богам 31 кастрычніка гэтага года ў сваім маёнтку Гародна. Быў пахаваны на праваслаўных могілках у Лідзе. Аб чым з глыбокім смуткам паведамляюць жонка і дачка» [186].

Кандратовіч Кіпрыян (28 красавіка 1859 в. Зіневічы (Лідзкі раён) - 31 кастрычніка 1932, маёнтак Гародна, Лідчына). Удзельнічаў у руска-турэцкай вайне 1877-78 гг. у шэрагах грэнадзёрскага корпуса. Праз некалькі год пасля вайны, падчас навучання ў акадэміі, Кандратовіч, напісаў кнігу «Плеўна і грэнадзёры 28 лістапада 1877 г.» Кніга атрымала шырокі розгалас і добра вядома гісторыкам руска-турэцкай вайны 1877-78 гг.

У 1884 г. Кандратовіч К. А. скончыў Мікалаеўскую акадэмію генеральнага Штаба па 1-му разраду (г.з. - быў сярод лепшых). Удзельнічаў у кітайскай кампаніі 1900 г., ў падаўленнi паўстання «баксёраў». У 1900 г. з фармулёўкай «за баявыя адзнакі», раней тэрміну, Кандратовічу прысвоена званне генерал-маёр.

Удзельнічаў у Руска-японскай вайне. 13 студзеня 1905 г., падчас наступу расійскага 1-га Сібірскага корпуса генерала Штакельберга, Кандратовіч быў паранены на камандным пункце. 7 ліпеня 1906 г. узнагароджаны ордэнам Св. Георгія 4-й ст. «За вызначэнне ў справах супраць японцаў».

06.12.1910 г. Кандратовічу нададзена годнасць генерала ад інфантэрыі (поўны генерал), найвышэйшае вайсковае званне Расійскай імперыі ў мірны час.

3 15.08.1913 г. камандзір 23-га армейскага корпуса, 2-й арміі. Прымаў удзел у Усходне-Прускай апэрацыі. Па вынікам баёў усе камандзіры карпусоў расійскай арміі, у тым ліку і Кандратовіч, былі адхілены ад сваіх пасад.

08 траўня 1917 г. Кандратовіч прыняў пасаду камандзіра 75-й пяхотнай дывізіяй. Травень 1917 г. - не лепшы час для таго, каб генералу ад інфантэрыі ва ўзросце 59 гадоў аднаўляць сваю вайсковую кар'еру. Вяртанне Кандратовіча было выклікана перспектывай беларусізацыі войска. У 1917 г. на з'ездзе воінаў-беларусаў Заходняга фронту генерал ад інфантэрыіі Кіпрыян Кандратовіч быў абраны ў Цэнтральную Беларускую Вайсковую Раду (ЦБВР). На пачатку траўня 1918 г. была створана Рада міністраў пад кіраўніцтвам Р. Скірмунта. Міністрам вайсковых спраў у гэтай радзе быў прызначаны генерал Кандратовіч.

Перад 2-й Сусветнай вайной, пасля пераводу ў Варшаўскую акругу, сям'я генерала купіла маёнтак Гародна ў Лідскім павеце: 500 га зямлі і лесу, дзе генерал пасяліўся разам з дачкой Верай і жонкай Адай.

Апошнія гады Кандратовіч правёў у інвалідным крэсле, хварэючы стратай каардынацыі руху. Ён не мог хадзіць, і жонка наняла сталую прыслугу. Памёр генерал Кандратовіч 31 кастрычніка 1932 г. і быў пахаваны ў тым самым мундзіры, у якім быў паранены ў 1905 г. Пахаванне адбылося на Лідскіх праваслаўных могілках.

17 верасня 1939 г. жонка Ада Кандратовіч вымушана была з'ехаць праз Літву да дачкі ў Англію. У жніўні 1998 г. яе ўнук прыязджаў на Беларусь і перазахаваў труну генерала на новых могілках у г.п. Воранава. У маі 2000 г. труна з парэшткамі генерала была перазахавана каля царквы ў Воранаве [187].

31 снежня 1932 г. Куратар Віленскай школьнай акругі закрыў 10 літоўскіх пачатковых школ, якія ўтрымлівала Літоўскае культурна-асветная таварыства «Рытас». Сярод іншых, школы былі закрыты ў вёсках Пелясе, Дубічах і Павалоцы Лідскага павета [188]. Газета «Беларуская Крыніца» пісала з гэтай нагоды: «З прычыны такога цяжкага ўдару па літоўскай школе, мы, беларусы, якія самі перажываем школьную трагедыю, літоўскаму грамадству і народу выражаем наш шчыры спагад ...» [189].

Пасля страты сваіх школ, літоўцы пачалі вучыцца па хатах. І праз паўгода Акруговы суд у Лідзе пачаў разгляд справы «нелегальных літоўскіх настаўніц з вёскі Нявошы Воранаўскай гміны Веранікі Місень і Станіславы Рахаль, абвінавачаных у падрыўной дзейнасці на карысць літоўскай дзяржавы. ... суд прыгаварыў абвінавачаных на 6 месяцаў турмы» [190].

Тым не менш, ужо ўвесну 1934 г. у Лідскім павеце зноў з'явіліся школы з літоўскай мовай навучання. Гэтыя школы працавалі ў населеных пунктах Радунскай гміны: Бялюнцы (68 вучняў), Паддуб'е (27 вучняў), Павалока (68 вучняў). Літоўская мова вывучалася ў Новым Двары (Эйшышская гміна, 83 вучні), Свяцкевічах (Эйшышская гміна, 57 вучняў), Дубінцах (Радунская гміна, 68 вучняў), Падзітве (Радунская гміна, 43 вучні), Віганцах (Радунская гміна, 36 вучняў), Дубічах (Забалацкая гміна, 89 вучняў), Рамашканцах (Воранаўская гміна, 72 вучні) [191].

Пры канцы ліпеня 1932 г. ў вёсцы Бялюнцы Радунскай гміны адбыўся сход сяброў Літоўскага культурнага таварыства Св. Казіміра, на якім была абрана ўправа таварыства [192].

Яўрэйскае жыццё . Інфармацыі пра яўрэйскае культурнае жыццё ў польскай прэсе таго часу няшмат.

Яўрэйская свецкая школа ў горадзе стала выконвала ролю культурнага цэнтра. Пры канцы кастрычніка 1931 г. у «яўрэйскай школе "Тарбут" па вуліцы Садовай лектарам з Вільні быў зачытаны рэферат на тэму гісторыі сіянізму за апошнія 50 гадоў. Падчас дыскусіі абмяркоўваліся яўрэйска-арабскія стасункі ў Палесціне і справы каланізацыі. Прысутнічалі 60 чалавек - у большасці яўрэйская моладзь з сіянісцкіх арганізацый» [193].

Праз некалькі дзён, «25 кастрычніка адбыўся першы выступ яўрэйскага драматычнага гуртка ў кінатэатры "Нірвана", рэжысёр тэатра Бузган» [194]. Пры канцы 1931 г. «інжынер Любес з Палесціны ў кінатэатры "Нірвана" распавёў яўрэям Ліды пра жыццё ў Палесціне. Сабралася каля 200 чалавек» [195].

26 ліпеня 1932 г. у зале школы «Тарбут» (вуліца Садовая, 11) адбыўся сход навуковага яўрэйскага таварыства г. Ліды. Была абрана новая ўправа таварыства ў складзе: Гірша Палячака, Абрама Гурвіча, Адольфа Левінсона, Гірша Альпяровіча і Ільі Зайгера і рэвізійнай камісія [196].

24 чэрвеня 1932 г. памёр чалавек, які пакінуў свой след ў гісторыі нашага горада: «Сёння, а 13-й гадзіне, уласнік адной з друкарань Ліды Зяльдовіч, пасля таго, як выйшаў са свайго дома, памёр ад сардэчнага прыступу. Нябожчык карыстаўся вялікай павагай грамадства» [197]. У прэсе тых часоў неаднаразова з'яўлялася рэклама друкарні Зяльдовіча (Сувальская, 70). Шымон Зяльдовіч меў друкарню, майстэрню штэмпеляў і пераплётаў. Тут друкаваліся «Лідскія ведамасці», «Лідская зямля», «Вясковы лірнік», «Кароткі турыстычны праваднік па Лідскім і Шчучынскім паветах» А. Грымайлы-Прыбыткі, «Прыпавесці» лідскага паэта І. Альбірта і часопісы на мове ідыш [198].

На пасяджэнні Гарадской рады пры канцы траўня 1933 г. была ўхвалена пастанова аб выдзяленні яўрэйскаму культурна-асветнаму таварыству «Тарбут» пляца для будаўніцтва 7-мі гадовай яўрэйскай агульна-адукацыйнай школы і «Звязу настаўнікаў» для будаўніцтва свайго дома. «Як стала вядома "Тарбут" набудзе пляц пры вуліцы Касцюшкі па ільготным кошце ў 50 гр.». Але будаўніцтва гэтай школы пачнецца толькі ў 1939 г. [199]

16 верасня 1933 г. у 07-15 ад запалення лёгкіх ва ўзросце 95 гадоў у Радуні памёр знаны рабін, цадзік Ізраіль Каган (Хафец-Хаім) [200]. У пахаванні прынялі ўдзел 5 000 чалавек з Польшчы і з замежжа. На пахаванне радунскага цадзіка на самалёце прыбыў галоўны лонданскі рабін Васерман, вучань Хафец-Хаіма. Таксама ў Радунь прыехаў галоўны рабін Берліна Мідлсчэрнер.

У Радунь прыехаў лідскі стараста з аддзелам паліцыі для падтрымання парадку. «Шаша на Радунь перапоўнена аўтобусамі і легкавікамі. З Вільні акрамя рабіната, выехала дэлегацыя яўрэйскага самакіравання на чале з старшынём Крукам. Учора адбылося ўрачыстае пахаванне памёршага. У пахаванні прынялі ўдзел шматтысячныя тлумы яўрэйскага насельніцтва. ... Перад труной цадзіка неслі каля 30 ягоных кніг. Над магілай сказана 15 прамоў. Малітвы над труной нябожчыка чытаў ягоны 70-ці гадовы сын. Цадзіка Кагана пахавалі разам з лавачкай, перад якой ён усё жыццё маліўся» [201].

Ісраэль Меір Коэ н (Акаэн) (Хафец-Хаім; сапраўднае прозвішча Пупко; 1839-1933) - рабін, галахіст і мараліст. Нарадзіўся ў Дзятлаве ў 1839 г. Пачынаючы з 10 гадоў вучыўся ў віленскай Бейт мідрашэ Хаіма Нахмана Парнаса, а потым заняўся самаадукацыяй. У 11 гадоў страціў бацьку. Маці яшчэ раз выйшла замуж. Ужо ў маладосці праславіўся шырокай эрудыцыяй і багабаязнасцю. Згодна са звычаем ажаніўся ў 16 гадоў і ў 1855 г. асеў у Радуні, дзе жонка мела гандаль. Жыў на сродкі небагатага цесця і працягваў вывучаць Талмуд і равіністычную літаратуру. У 1868 г. узначальваў іешыву ў Васілішках, але ў 1869 г. вярнуўся ў Радунь, куды да яго пачалі сцякацца шматлікія вучні, і дзе ў тым жа годзе адкрылася іешыва, якая вырасла ў адну з найбуйнейшых у акрузе і стала вядомая пад назвай Радунская, ці іешыва «Хафец-Хаім». Праз некалькі гадоў пасля жаніцьбы пачаў пісаць свае кнігі, першапачаткова ананімна, і выдаваць навуковыя працы, якія і прынеслі яму славу сярод яўрэйскіх вернікаў. Стаў вядомы ў свеце па назве сваёй самай папулярнай кнігі, прысвечанай законам пра забарону зласлоўя - «Хафец Хаім» («Які прагне жыцця»).

Кіраваў іешывай у Радуні каля 70 гадоў, прычым да Першай сусветнай вайны ўтрымоўваў яе з даходаў ад продажу сваіх кніг. Падчас гэтай вайны разам з вучнямі ратаваўся ў Расіі і, з цяжкасцю перажыўшы рэвалюцыю, вярнуўся ў Радунь у 1921 г.

Большасць кніг Хафеца Хаіма (а іх каля 30) разглядалі пытанні галахі і датычыліся штодзённага жыцця яўрэя-верніка, краналі пытанні адносін чалавека да чалавека, вызначалі нормы паводзін згодна з рэлігійнымі дагматамі. Усе кнігі Хафеца Хаіма атрымалі шырокі распаўсюд ва ўсіх яўрэйскіх грамадах. Яны сотні разоў перавыдаваліся ў розным фармаце, былі падзелены на гадавыя цыклы вывучэння па днях тыдня, да іх напісаны новыя каментары.

Усё жыццё быў надзвычай сціплым чалавекам, жыў у беднай хатцы, хаваўся ад публічнасці. Праз яго рукі праходзілі дзясяткі тысяч долараў ахвяраванняў на ўтрыманне іешывы і філантрапічныя мэты - сам ён ніколі не ўзяў сабе ні цэнта з тых ахвяраванняў, з-за чаго меў найвялікшую павагу не толькі ў сваіх адзінаверцаў, але нават і ў яўрэйскіх радыкалаў, якія бачылі ў радунскім рабіне апору рэакцыі і клерыкалізму.

Найлепш пра яго могуць расказаць кароткія павучальныя гісторыі з жыцця радунскага рабіна. Радунскі войт расказваў такую гісторыю: «Войт ішоў разам з радунскім рабінам адной дарогай. У адным месцы над ровам была пакладзена новая кладка. Войт перайшоў кладкай, а рабін Хафец Хаім збочыў з дарогі і перайшоў цераз роў. На пытанне войта, адказаў: "Я не ўпэўнены ў тым, што дошкі гэтай кладкі не скрадзеныя"».

Радунскі рабін быў найвялікшым аўтарытэтам яўрэяў усяго свету. Дом Хафеца Хаіма ў Радуні ў 2001-2002 гг. быў разабраны і як святыня вывезены ў ЗША.

Рэлігійнае жыццё . У студзені 1930 г. у Жырмунскім касцёле браў шлюб настаўнік літоўскай віленскай гімназіі. Ксёндз-пробашч Няміра пачаў прамаўляць па-літоўску, што выклікала незадаволенасць прысутных тут ваколічных вернікаў, і ксёндз тактоўна перайшоў на польскую мову [202].

Прэса паведамляла пра пачатак будаўніцтва ўвесну 1930 г. касцёла ў Нёмане «А» (сучасная Бярозаўка), «трэба адзначыць, што Нёман не мае касцёла, а мае толькі цесную і неадпаведную капліцу ў канторы гуты» [203]. У красавіку 1932 г. будаўніцтва драўлянага касцёла ў гуце «Нёман» было закончана [204].

У 1930 г. была створана новая парафія і пачалося будаўніцтва касцёла ў Волдацішках: «Пасля заснавання літоўскай парафіі ў Пелясе Радунскай гміны, па ініцыятыве Браніслава, Людвіка і Уладзіслава Геншаляў, якія ахвяравалі прыгожы пляц пад будову новага касцёла і плябані, заснавана Волдацішская парафія. Досыць хутка сабралі патрэбны матэрыял і грошы на часовую капліцу і парафіяльны дом для новага пробашча і пабудавалі іх. Быў абраны камітэт будаўніцтва касцёла на чале якога стаў Браніслаў Геншаль з Валдацішак і Аляксандр Калышка з Віткевічаў. 8 чэрвеня пры зборы ўсёй парафіі новую капліцу высвяціў ксёндз-пралат з Вільні Караль Любянец. Прысутнічалі таксама ксёндз-пробашч з Крупава Сабалеўскі, ксёндз-дэкан з Эйшышак Мачулевіч і лідскі стараста Багаткоўскі з жонкай. Парафія пачынае будаваць новы мураваны касцёл. Такім чынам мясцовыя людзі не будуць больш наведваць касцёл у Пелясе, дзе да іх звяртаюцца па-літоўску» [205]. Недабудаваны касцёл у Волдацішках стаіць і цяпер.

На пачатку верасня 1930 г. газета «Навагрудскае жыццё» як крымінал падала працу ксяндзоў-літоўцаў у падтрымку сваёй, літоўскай, адукацыі: «Ужо некалькі гадоў, як вёскі парафіі касцёла ў Асаве абходзяць невядомыя людзі і ўгаворваюць сялян аддаць сваіх дзяцей вучыцца ў Віленскаю літоўскую гімназію. І калі ў папярэднія гады гэтых агентаў можна было палічыць па пальцах, дык апошнім часам кожная вёска мае свайго агента. Агентам дапамагае мясцовы ксёндз-пробашч Ю. Шымкунас ... Для агітацыі сялян, агенты прыходзілі ў вёску нават з гарэлкай, бралі ўдзел у вечарынках і пры кілішку дабіваліся свайго. Гэтым летам сем'і Гайдулёў і Дайлідак аддалі сваіх дзяцей вучыцца ў літоўскую гімназію. Сярод агітатараў быў і ксёндз-др. Райстуціс з Вільні, які агітаваў не праз кілішак, а каля касцёла ў Асаве праводзіў гутаркі з сялянамі аб неабходнасці літоўскай адукацыі» [206]. Можна толькі па-добраму пазайздросціць літоўцам.

Газета «Слова» паведамляла, што на пачатку 1930 г., Віленскага рыма-каталіцкая курыя пачала судовыя працэсы пра вяртанне шэрагу былых рыма-каталіцкіх касцёлаў і ўніяцкіх цэркваў. У Лідскім павеце ў гэты спіс патрапілі цэрквы ў Бабрах, Дакудаве, Дзікушках, Глыбокім, Ганчарах, Мыто, Орлі, Радзівонішках, Ракавічах, Сабакінцах [207]. Не можа не здзіўляць наяўнасць ў гэтым спісе вялікай колькасці так званых «мураўёвак» - цэркваў, пабудаваных пасля 1863 г. па тыповым расійскім праекце. Старажытнымі, уніяцкімі ў гэтым спісе з'яўляліся толькі цэрквы ў Бабрах, Ганчарах і Дзікушках. Але ў той час усе вернікі ўсіх гэтых цэркваў былі праваслаўнымі, і прэтэндаваць на іх цэрквы было неяк не па-людску. Добра, што суд адхіліў гэтую позву, якая магла прынесці толькі вельмі вялікую шкоду і крыўду.

Вядома, што справа перадачы цэркваў не датычыла ўніі - планавалася неяк заахвоціць перавод праваслаўных вернікаў у рыма-каталіцтва. Віленская рыма-каталіцкая курыя ў тыя гады цалкам не прымала ідэю уніі, пра што пісала «Беларуская Крыніца»: «Мінойты - гэта не які новы палітычны вынаход біскупаў і канонікаў, але звычайны польскі двор з капліцай у Лідскім павеце, якіх на нашых землях ёсць нямала, і ў якім, пэўна-ж не бяз ведама віленскага арцыбіскупа Ялбжыкоўскага, асеў кс. канонік К. Лубянец, і які ўзяўся наварочваць мясцовых праваслаўных беларусаў на каталіцтва ў лацінскі абрад, у якім яны ўжо ня будуць патрабаваць роднай мовы, бо праз гэты абрад ляхчэй іх спольшчыць ... . Апрача гэтага, той жа кс. канонік К. Л. пазытыўна змагаецца з уніяй, выдаючы ўлёткі і брашуры проціўунійнага зместу ...» [208].

Увосень 1932 г. пайшлі пагалоскі пра цуды, цудоўныя выздараўленні і з'яўленне постаці Хрыста каля крыжа на раздарожжы ў вёсцы Цвермы: «Пагалоскі бліскавіцай абеглі ўсю гміну і значную частку павета. Таму нядзіўна, што з блізкіх і далёкіх ваколіц сюды прыходзяць тлумы вернікаў. У нядзелю народ пешшу і на фурманках прыехаў з самых далёкіх ваколіц - сабралася некалькі тысяч вернікаў, таксама, як гэта было ў свой час у Яшунах. ... тутэйшыя людзі кажуць, што бачылі з'яўленне Хрыста тут, каля крыжа. Тутэйшыя сяляне расказалі гісторыю крыжа: падчас апошняй вайны з бальшавікамі, тут праязджаў конны аддзел чырвонай кавалерыі, адзін з бальшавікоў дастаў шаблю і секануў ёю статую Хрыста, і атрад паехаў далей.

16 (кастрычніка) каля крыжа сабралася найбольшая колькасць людзей. Прыбыў таксама ксёндз-пробашч, лідскі дэкан Баярунец, які справіў перад крыжам публічную малітву. Шматтысячны тлум потым распавядаў пра цуды: некалькі цяжкахворых вылечыліся. Толькі што мы атрымалі інфармацыю, што адбыўся відавочны цуд - вылечылася паралізаванае дзіця, ад якога адракліся лекары.

У гэтай справе мы звярнуліся да Віленскай Курыі ... і даведаліся, што ані Курыя ... ані арцыбіскуп Ялбжыкоўскі не маюць канкрэтнай рэляцыі з Ліды. ... лідскі стараста паведаміў, што людзі ў Цвермах збіраюцца ўжо працяглы час... тлум паводзіць сябе спакойна ... інцыдэнтаў не было ... Паліцыя не чыніць ніякіх перашкод» [209].

На наступны дзень «Слова» надрукавала вялікі артыкул «Як гэта было ў вёсцы Цвермы пад Лідай», у якім пераказала тутэйшыя легенды і паданні. На пачатку артыкула, адмыслова дасланы з Вільні ў Ліду карэспандэнт паведамляе, што ксёндз Баярунец не падпісваў ніякіх пратаколаў пра цудоўныя выздараўленні. Далей карэспандэнт піша, што вёска Цвермы мае трынаццаць ці пятнаццаць гаспадарстваў - «звычайная вёска». З кіламетр ад вёскі разыходзяцца дзве дарогі. На ростані расце вялікая адвечная сасна. Да сасны прывязаны тоўстым дротам крыж, а да крыжа дротам прывязана фігура Хрыста, выразаная з дрэва. Колькі гадоў крыжу на ростанях і фігуры Хрыста - дакладна ніхто не ведае. Але ў васямнаццатым стагоддзі на гэтай самотнай раўніне крыж ужо стаяў, хоць і не той, што стаіць зараз. Але Хрыстос ужо быў, толькі выглядаў інакш. Верагодна, абедзве яго рукі быў прыбітыя да крыжа. Зараз рукі адламаныя, фігура прыкручана дротам, і аблічча твару ўжо не разрозніваецца. Ці сапраўды савецкі жаўнер ў 1920 г. секануў шабляй фігуру Хрыста, ці ад старасці драўляная фігура парэпалася сама - зараз ужо дакладна невядома. Ад бёдраў да стоп фігура спавіта дзіўнымі фартушкамі, на якіх вышыты альбо нашыты каляровыя крыжыкі. Легенда не дазваляе залазіць на сасну, да якой прыслонены крыж - быццам вясковыя хлопцы, якія лазілі, падалі і калечыліся. Бо сасна - святая, яна ўзяла крыж пад апеку.

Легенда пра крыж. Карэспандэнт «Слова» распавёў з слоў сялян, што ў 1787 г. памёр у Цвермах стары селянін Сцяпан Валяль. Няма ўжо сялян з такім прозвішчам у ваколіцах. За некалькі гадоў да ягонай смерці бура паваліла крыж. Валяль падняў з зямлі крыж з фігурай Хрыста, прынёс дахаты і палажыў дзесьці пад страху. Зрабіў гэта і аслеп. І ягоная старая жонка таксама аслепла. І не ведалі, чаму. Але праз нейкі час стары меў сон, Хрыстос, які ляжаў пад страхой загадаў яму, каб той вярнуў крыж на месца. У той жа дзень Валяль пры дапамозе суседзяў прынёс святы крыж пад сасну, і Хрыстос зняў слепату з яго і ягонай жонкі. Вось так адбыўся першы цуд. Валяль да смерці святкаваў гэты дзень: рэзаў цяля, купляў піва і зваў усю вёску. Таму Цвермы і памяталі пра Валяля.

Так пачалася цудоўная слава крыжа каля ростані дарог. Ад таго дня палатняныя фартушкі спавівалі фігуру. І людзі маліліся перад ёй. Католік ці уніят, а потым праваслаўны - усе роўна. Усе, нават з далёкіх вёсак, прыходзілі сюды і ўшаноўвалі крыж. Праз дваццаць год памяталі ў вёсцы і пра тую багатую пані, якая перад 1914 г. прыехала на фаэтоне з Вільні, каб памаліцца, і пакінула тут вялікую ахвяру ў срэбных рублях. А нехта з Ліды, хто меў ад гэтай святыні ласку Панскую, тады ж агарадзіў крыж і зрабіў над ім драўляны наддашак [210].

21 траўня 1933 г. пробашч Лідскай парафіі з некалькімі тысячамі вернікаў прайшоў 12 км ад Ліды да ваколіц Цвермаў - да слыннага крыжа. Каля крыжа адбылося набажэнства, і была асвечана пабудаваная мясцовымі сялянамі каплічка. «Згодна з легендай крыж тут быў усталяваны 200 гадоў таму як ахвяра за добры ўраджай. Першае цуда адбылося 150 гадоў таму, калі Стэфану Валялю вярнуўся зрок. Хутка тут пачнецца будаўніцтва малога касцёла, а каля каплічкі будзе адбывацца 3 набажэнства на тыдзень» [211]. «Малы касцёл» пабудавалі ў закапанскім стылі.

8 верасня 1933 г. у Радуні быў асвечаны новапабудаваны касцёл. На асвячэння сабраліся вернікі з сваімі святарамі з усяго павета. У 10 гадзін раніцы, аўтамабілем з Вільні прыбыў арцыбіскуп мітрапаліт Рамуальд Ялбжыкоўскі. «Мураваны касцёл пабудаваны з палявога каменю і цэглы стараннямі мясцовага пробашча ксяндза Станіслава Шчамірскага і парафіянаў..., якія не шкадавалі сваёй працы і грошай... . Пабудаваны касцёл годна ўвянчаў традыцыі Радунскай парафіі ... . Замест першага касцёла ў 1838 г. быў пабудаваны наступны, драўляны касцёл, які і змяніла новая мураваная святыня» [212].

На пачатку лістапада 1934 г. па ініцыятыве Звязу Стральцоў у Ваверцы ўтварыўся камітэт будаўніцтва помніка палеглым у 1920 г. каля Паперні жаўнерам. «Камітэт, на чале якога стаіць стараста Бянкевіч, камандзір 77 п.п. падпалкоўнік Наспінскі і камандзір 5 лётнага палка, пастанавіў пабудаваць помнік-капліцу, дзе будуць пахаваны парэшткі 16 жаўнераў з трох віленскіх палкоў - 76, 85, 86» [213].

Інфармацыі пра іншыя канфесіі ў газетах тых часоў зусім няшмат.

У верасні 1931 г. царкоўным старастам прыходу царквы ў Зблянах абралі Кельніка Алексу, а ягоным намеснікам Паўла Івашкевіча з Панямонцаў [214].

Пры канцы 1933 г. у Лідзе адбыўся з'езд праваслаўнага святарства і царкоўных старастаў. Узначальваў з'езд святар Міхал Нарушэвіч [215].

Газета «Слова» ў 1935 г. паведаміла, што праваслаўны люд Лідчыны паважае памяць маршала Пілудскага: «Падчас праваслаўных адпустаў у вёсках Нагародавічы і Збляны (так званыя Пакровы), на якія сабраліся каля 2 000 чалавек, пасля заканчэння набажэнства, праваслаўны люд разам з святарамі прайшоў працэсіяй на могілкі да крыжа, пастаўленага ў памяць маршала, дзе на каленях адпраўлена ўрачыстае набажэнства за спакой душы маршала Пілсудскага» [216].

27 ліпеня 1932 г. у памяшканні, якое знаходзілася ў доме № 37 па вуліцы Замкавай, адбылося набажэнства баптыстаў, у якім удзельнічала 10 вернікаў і прапаведнік Ян Пацэвіч [217]. Аднак адносіны прэсы і, падобна, насельніцтва ў нашым рэгіёне да гэтай рэлігійнай дэнамінацыі было адмоўным. Напрыклад, паведамлялася, што падчас «гандлю ў Беліцы, член секты баптыстаў з Ліды Ян Пацэвіч прадаваў сектанцкія кніжкі. У пэўны момант людзі кінуліся на яго столік з кнігамі і аблілі яго газай. Справа дайшла б да дрэннага, каб не хуткае ўмяшанне паліцыі, якая супакоіла народ» [218].

Прэса стала друкавала тэксты падобнага кшталту, з Нагародавічаў: «Памерла ў нас адна бедная, бедная кабета, якая жыла амаль выключна з жабрацтва. Дачка яе, Волька, ня маючы нічога за душой, хацела пахаваць сваю матку з удзелам мясцовага сьвяшчэнніка А. Сярпова. Пайшла яго маліць, кажучы, што заплаціць яна ня можа, бо не мае за што купіць нават кавалка хлеба. Бацюшка сказаў, што ў такім выпадку ён можа ўзяць кусок палатна. А дзяўчына і гэтага не мела. Тады бацюшка і дзіякан сказалі, што няма чаго прасіць, бо задарма не паедзем, а матушка сказала, што можна і так закопваць - не вылезе» [219].

Лідскі авіяцыйны полк

Практычна ўся інфармацыя пра жыццё 5-га лётнага палка ў прэсе - пра катастрофы. Прэса не хавала інфармацыю пра аварыі, але мала пісала пра штодзённае жыццё авіятараў. І насамрэч, пакуль Лідскі полк да сярэдзіны 1930-х гг. не перайшоў на новыя самалёты, а лятаў на старых, практычна з часоў Першай сусветнай вайны, французскіх машынах, аварый было вельмі шмат. Некаторыя з загінуўшых пілотаў пахаваны на вайсковай частцы старых гарадскіх могілак - там мы чытаем на помніках знаёмыя па газетных публікацыях прозвішчы.

4 чэрвеня 1930 г. Атруціліся 70 жаўнераў 5 лётнага палка. Аналізы харчавання і вады нічога не далі. Следства вяла жандармерыя [220].

24 чэрвеня 1930 г. на полі каля Эйшышак, пасля паломкі рухавіка, зрабіў змушаную пасадку самалёт Лідскага палка [221].

29 жніўня 1930 г. з-за абрыву расцяжкі паміж крыламі самалёта-біплана ён разбіўся каля вёскі Пяскі, а лётчыкі, паручнікі Шкундар і Філіповіч уратаваліся на парашутах [222]. Праз некалькі тыдняў, 6 верасня самалёт разбіўся каля Ліды з-за няспраўнасці рухавіка, экіпаж таксама ўратаваўся [223].

«Ліда, 25.09. Гэтай ноччу, падчас начных вучэнняў самалёт тыпу Брэгет, пілатаваны ст. сяржантам Генрыкам Маждзеняй і назіральнікам капралам Вайнаровічам, разбіўся пры пасадцы. Пілот цяжка паранены, назіральнік - не ...» [224].

15 кастрычніка самалёт маркі «Potez», пілатаваны паручнікам Петрашкевічам, з-за дэфекту матора разбіўся паблізу ад Ліды. Назіральнік паручнік Гейштаўт быў моцна паранены, але пілот застаўся цэлы [225].

19 лютага 1931 г. самалёт, пілатаваны паручнікам Далінскім, з-за дэфекту матора ўпаў каля Ражанкі. Пілот і назіральнік Гукшанец былі паранены. На наступны дзень, 20 лютага, у густым тумане разбіўся самалёт «Potez». Пілот, паручнік Завадскі, быў паранены, а назіральнік, падпаручнік Пашкевіч, загінуў [226]. Праз некалькі дзён падчас вучэбных палётаў над Лідай упаў самалёт 5-га лётнага палка. Пілот паручнік Петрашкевіч і назіральнік падпаручнік Кузьміцкі былі цяжка паранены [227].

У чэрвені 1930 г. Лідскі авіяцыйны полк разам з шэфам польскай авіяцыі палкоўнікам Райскім наведаў інспектар французскай авіяцыі генерал Хергалт (Hergault) [228].

11 верасня 1931 г. самалёт, пілатаваны капралам Паўлоўскім і сяржантам-механікам Новакам, з-за дэфекту рухавіка ўпаў каля Нёмана. Лётчыкі не загінулі [229]. Тады ж, увечар, падпаручнік 5 лётнага палка Казімір Кузьніцкі вяртаўся з Раслякоў у свой полк і быў цяжка паранены некалькімі кулямі з рэвальвера. Прэса пісала, што верагодна гэта была асабістая помста падпаручніку [230], як кажуць: «cherchez la femme...» (шукайце жанчыну, фр. - Л. Л.).

Пры канцы жніўня 1932 г. лідскі самалёт разбіўся пры пасадцы на аэрадроме Каралін пад Гародні, лётчыкі былі паранены [231]. Праз некалькі дзён, 7 верасня, самалёт «Potez - 15», пілатаваны паручнікам Міліноўскім і назіральнікам Карпінскім, разбіўся пры пасадцы каля вёскі Агароднікі [232].

Хутка прэса паведаміла пра самазабойства падпаручніка-назіральніка 5 палка Ежы Аляшкевіча стрэлам у скронь у сваёй кватэры па вуліцы Камерцыйнай [233].

1 лютага 1933 г. Лідскі полк меў адразу два здарэнні. У сярэдзіне дня пры пасадцы адбылася авіяцыйная катастрофа з самалётам паручніка-пілота Грыневіча і назіральніка Грабкевіча (пілот быў паранены). І таксама з-за адмовы рухавіка здзейсніў аварыйную пасадку каля Радуні самалёт сяржанта-пілота Снацкага і назіральніка падпаручніка Роўбы, экіпаж пашкоджанняў не меў [234].

У сярэдзіне кастрычніка 1933 г. лідскі самалёт разбіўся каля Варнян, лётчыкі былі паранены [235].

4 траўня 1934 г. у 10-00 ваенны самалёт над Лідскім аэрадромам упаў у штопар і разбіўся. Капрал-пілот Белавус загінуў, а сяржант-механік Граблеўскі атрымаў цяжкія раненні [236]. 20 чэрвеня таго ж года ў 20-00 у авіяпарку 5-га палка выбухнуў пажар. У тушэнні пажару прымала ўдзел добраахвотная пажарная дружына горада [237]. У жніўні таго ж года, пры пасадцы, з-за мокрага аэрадрома, самалёт перакуліўся. На шчасце, пілоты капітан Альшэўскі і капрал Вольскі не былі параненыя [238].

Штодзённае жыццё

На пачатку 1930 г. у Лідзе па адрасе: Шаптыцкага, 2 пачаў працаваць рэнтгенаўскі апарат. Пад час сваёй працы апарат выпраменьваў радыёшумы, і на адлегласці да 1 000 м ад яго людзі не маглі слухаць радыё. Акрамя таго, праца апарата прыводзіла на паніжэння напружання ў электрычных сетках, бо апарат спажываў ток у 60 А, што для размеркавальных сетак таго часу, бясспрэчна, зашмат. Распараджэннем Лідскага старасты быў вызначаны час працы рэнтгенаўскага апарата, але медыкі працавалі з рання да позняй ночы, псуючы радыёпрыём і напружанне ў сетках [239]. Праз некалькі дзён персанал рэнтгенаўскага кабінета, праз прэсу аспрэчыў інфармацыю аб шкодзе для сваіх суседзяў па вуліцы Шаптыцкага [240]. Як вырашылася гэтае пытанне, невядома.

Расклад руху аўтобусаў, 1930 г.

28 верасня 1930 г. у Лідзе шырока святкавалася 10-ці годдзе вызвалення Ліды ад бальшавікоў. Як заўжды адбыліся святочныя набажэнства ў касцёлах і ў царкве, шэсце лідзян на гарадскія могілкі для ўшанавання памяці загінуўшых, дэфіляда (парад) войскаў і добраахвотнага Звязу Стральцоў. Урачыстасці закончыліся пасяджэннем у зале кінатэатра «Нірвана» [241]. Да пачатку святкавання Гарадская рада пераназвала Палескую вуліцу ў вуліцу імя капітана Мяніцкага. Капітан Мяніцкі быў камандзірам 2-й роты Лідскага палка (у 1920-30-х гг. гэты полк стаяў у Гародні), ён загінуў у баях з бальшавікамі [242].

На пачатку 1931 г. была заліта гарадская коўзанка пры збегу вуліц Пілсудскага і 17-га Красавіка. Коўзанка працавала кожны дзень з 12 да 22 вечара, меўся гардэроб, а ўвечары электрычнае асвятленне [243].

На пачатку верасня 1931 г. у замку Гедзіміна адбылося выступленне вершнікаў 3-га кавалерыйскага палка.

У кастрычніку таго ж года «Навагрудскі Кур'ер» пісаў: «На аўтобуснай станцыі ў Лідзе няма не толькі хоць нейкай будкі, але і нават і добрай шыльды. А рух тут немалы, бывае і да 5 аўтобусаў у гадзіну» [244].

Чытаючы старую прэсу, цікава назіраць спаборніцтва праз рэкламу паміж лідскімі цукернямі таго часу. У кастрычніку 1931 г. прэса пісала: «Учора, па адрасе: Сувальская, 18, была адчынена новая цукерня, якая мае назву "Цукерня Цукерніка". Цукерня абяцае перацягнуць да сябе частку гарадской эліты з "Амерыкі"» [245]. У супрацьвагу і ў якасці схаванай рэкламы ў верасні 1932 г. газета «Слова» пісала, што, не гледзячы на крызіс, «Ліда еўрапеізуецца. Нараканні лідзян на тое, што няма дзе правесці доўгія вечары ўжо не маюць пастаў, бо 3 верасня ў павялічаным памяшканні цукерні "Амерыка" пачаў выступаць джаз-банд 77 п.п. Гэты знаны джазавы калектыў прыцягвае эліту горада. Таксама трэба заўважыць, што ў нашы крызісныя часы закускі і напоі маюць вельмі лагодны кошт, і таму лідзяне слушна задаволеныя гэтай пляцоўкай для адпачынку» [246].

Пры канцы ліпеня 1932 г. адбыўся рэйд матацыклістаў па маршруце Вільня - Ліда - Вільня. Рэйд арганізаваў Віленскі клуб матацыклістаў і раварыстаў [247].

У лістападзе 1932 г. «Слова» надрукавала артыкул «Брава, пан Задурскі», у якім дзякавала лідскаму бургамістру за новыя каменныя ходнікі па вуліцы Фалькоўскага, «бо школьная дзятва і жыхары вуліцы зараз ужо не тонуць у балоце па калена. Таксама быў пабудаваны масток пры канцы вуліцы Школьнай. І зусім добра, што пасля нашай скаргі, для маладых дрэў у калоніі дзяржаўных дамоў зрабілі належныя падпоркі. ... добра было б каб яшчэ бургамістр парупіўся аб нейкім асвятленні калоніі дзяржаўных дамоў, бо там пануе такая егіпецкая цемра, што ўвечары цяжка патрапіць дахаты не ўлезшы па калена ў балота альбо не праваліўшыся ў "воўчую яму". Калі не памыляюся, асвятленне тут з'яўлялася толькі тады, калі прыязджаў у Ліду міністр асветы і веравызнанняў на асвячэнне агульнаадукацыйнай школы, але ж ужо назаўтра ліхтары знялі» [248]. Хутка, з гэтай егіпецкай цемры, нехта праз шыбу стрэліў у начальніка (каменданта) павятовай паліцыі Баляслава Кабенскага, які як раз і жыў у калоніі дзяржаўных дамоў. Куля прабіла шкло і патрапіла ў сцяну нікога не параніўшы [249]. Праз тыдзень тая ж газета пісала: «Некалькі дзён таму мы пісалі пра неадпаведнае асвятленне калоніі дзяржаўных дамоў - тады свяціла толькі адна лямпачка, і з-за цемры жыхары калоніі неаднаразова прымалі "балотныя ванны", не кажучы ўжо пра разбітыя насы, калені ці іншыя часткі цела. Каб пазбегнуць такіх прыгод, шмат хто з нас закупіў сабе паходні. Пасля артыкула чакалі, што пан бургамістр палепшыць асвятленне, але дзе ж там! Адбылося найгоршае: два дні таму перастала свяціць апошняя лямпа» [250].

Трэба адзначыць, што гэты раён горада лічыўся самым фешэнебельным, і ў калоніі дзяржаўных дамоў жыло толькі кіраўніцтва павета, праўда, сам бургамістр Задурскі жыў у сваёй хаце па вуліцы Каменскай.

Аб'ява аб смерці Валерыі Цыбульскай.

На пачатку снежня таго ж года нехта з лідзян пісаў: «Як ў даўнія часы. Калі верыць пагалоскам, у Ліду хутка мае завітаць нейкі дыгнітар (саноўнік - Л. Л.) у рангу міністра, і таму такія галоўныя вуліцы як Сувальская і Пілсудскага грунтоўна адрамантаваны. Той, хто бачыў іх яшчэ тыдзень таму - не пазнаў бы. Адрамантаваны брук, выбелены сцёкавыя каналы, зроблены масткі цераз канаўкі і г.д. Шкада, што нячаста ў Ліду завітваюць такога кшталту дыгнітарыі, бо тады мелі б мы добры парадак» [251].

На працягу ўсяго 1933 г. шырока святкаваўся юбілей паўстання 1863 г.

У той час яшчэ дзейнічала таварыства Ветэранаў паўстання 1863 г., у якім ад гістарычнай Віленшчыны прымалі ўдзел 8 чалавек. Старшынём таварыства быў Станіслаў Ёдка, які жыў у той час у Вільні (вуліца Серакоўскага, 25).

Станіслаў Ёдка нарадзіўся ў 1847 г. у фальварку Петрашунцы Лідскага павета. У паўстанцкі атрад пайшоў з школьнай лавы разам з сябрамі-вучням Лідскага павятовага вучылішча. Паўстанцам быў і ягоны бацька - таму пасля паразы паўстання фальварак Петрашунцы быў канфіскаваны, а бацька сасланы ў Сібір. Акрамя Ёдкі ўдзельнікамі паўстання 1863 г. з Лідчыны былі Мацей Знамяроўскі з Бастуноў [252] і Валерыя Цехановіч з Ліды.

Валерыя Цехановіч (з Цыбульскіх) - удзельніца паўстання 1863 г. Памерла ў Лідзе 23 студзеня 1933 г. ва ўзросце 93 гадоў. Труна з целам паўстанкі была перанесена з дома жалобы (дом яе сына, вул. Лідская, 38) у Фарны касцёл 24 студзеня ў 18-00. Жалобнае набажэнства і пахаванне адбылося 25 студзеня ў 10-00 [253]. «Навагрудскі Кур'ер» пісаў: «Вялікая колькасць людзей на пахаванні ветэрана паўстання 1863 г. 25 студзеня ў Лідзе адбылося пахавання Валерыі Цехановіч (з Цыбульскіх), якая памерла 23 снежня, у гадавіну паўстання. С.п. Цехановіч нарадзілася ў Мінску 1 снежня 1840 г. і ва ўзросце 23 гады ўзяла ўдзел у паўстанні» [254].

Валерыя Цехановіч з Цыбульскіх (1841-1933). Нарадзілася 28 красавіка 1841 г. у Мінску. Была дачкой суддзі. Закончыла мінскую гімназію, з хатнімі настаўнікамі паглыблена вывучала музыку. Перад 1863 г. разам з іншымі мінчанкамі ўдзельнічала ў патрыятычных маніфестацыях. За ігру на аргане і спевы патрыятычнай песні была збіта казакамі.

Выйшла замуж за Гераніма Канстанты Цехановіча (1844-1898), які нарадзіўся ў Мураванай Ашмянцы, і мела з ім дзевяцёра дзяцей: Людвіку Марыю, Вацлава Міхала, Люцыяна Пятра, Багуслава, Валяр'яна, Ядвігу, Юзафа, Станіслава, Антона Стэфана.

Перад выбухам паўстання 1863 г., маладыя сужэнцы пераязджаюць у Плоцк, галава сям'і працуе ў скарбовай управе. Геранім і Валерыя Цехановічы прынялі чынны ўдзел у паўстанні 1863 г. Геранім ваяваў у паўстанцкім аддзеле, а Валерыя хавала параненых, збірала прыпасы і падтрымлівала сувязь з паўстанцамі.

У другой палове жыцця Гераніма спаралізавала, і да канца жыцця ён не мог самастойна рухацца. Пасля смерці мужа, каля 1900 г. Валерыя пераехала ў Пултуск, а потым у Насельск, дзе жыла да пачатку 1920-х гг. Потым пераехала да сваёй дачкі Станіславы ў Гародню. Няшчасны выпадак ў гарадзенскім касцёле прывёў да калецтва Валерыі, яна перастала хадзіць і да канца жыцця была прыкута да ложка ці інваліднага вазка. Як ветэран паўстання атрымлівала пенсію ў 110 злотых.

Адзін з яе сыноў - Люцыян - быў выкладчыкам Маскоўскага ўніверсітэта, расстраляны ў 1937 г.

З Лідай Валерыю Цехановіч лучаць два апошнія гады жыцця. Сюды яна пераехала да свайго сына Антона, начальніка ўправы скарбовага кантролю. У Антона Цехановіча ў Лідзе, у 1930 г. нарадзіўся адзіны сын - Лех Цехановіч, інжынер-магістр хіміі, аўтар некалькіх кніг і шматлікіх публікацый па прафесіі. Ён таксама з'яўляецца сталым аўтарам «Ziemi Lidzkaj», дзе надрукаваў шэраг базавых артыкулаў з гісторыі Лідчыны. Лех Цехановіч ласкава дапамагаў з рэдагаваннем маёй першай кнігі і ўнёс у яе шэраг найкаштоўнейшых заўваг.

18 лютага 1933 г. у Бастунах адбылося ганаровае ўзнагароджанне паўстанца 1863 г. Мацея Знамяроўскага. Калі пачалося паўстанне, Знамяроўскі меў 18 гадоў і вучыўся ў Віленскай гімназіі. Адразу ўступіў у атрад Людвіка Нарбута і браў у ім чынны удзел. Каб узнагародзіць ветэрана, у Бастуны адмыслова прыехаў стараста Багаткоўскі, Начальніка управы скарбовага кантролю Антон Цехановіч каля арыштаванага ім самагоннага апарата (NAC). маёр 77 п.п. Казлоўскі і старшыня лідскага Звязу Стральцоў Бажок [255].

На пачатку траўня ў Дубічах быў ганарова адкрыты помнік Людвіку Нарбуту. На свяце прысутнічаў навагрудскі ваявода Свідэрскі, віленскі віца-ваявода Янкоўскі, генерал Літвіновіч і дэлегацыі ад гмін Лідчыны [256].

Пры канцы траўня прэса паведаміла, што «старшыня Таварыства Ветэранаў 1863 г., кавалер Крыжа Незалежнасці і Крыжа паўстанцаў 1863 г., былы жыхар Лідскага павета Станіслаў Ёдка памёр у Вільні 20 траўня ва ўзросце 86 гадоў» [257].

На пачатку жніўня 1933 г. быў адкрыты помнік загінуўшым паўстанцам у Дубічах, прэса шмат пісала пра паўстанне і Людвіка Нарбута [258].

Для выхаду з крызісу дзяржава выпусціла ўнутраныя аблігацыі, якія распаўсюджваліся сярод насельніцтва, прычым, як бачна з газетных тэкстаў, пакупка такіх пазыковых аблігацый разглядалася як патрыятычны абавязак. У верасні 1933 г. паведамлялася, што сума аблігацый агульнапольскай пазыкі - 192 000 000 злотых. У першы ж дзень у Лідзе 1125 грамадзян купілі аблігацый на 186 700 злотых, у тым ліку вучні школы № 5 сплацілі 50 злотых [259]. Ужо праз тыдзень Ліда купіла аблігацый на суму 387 230 злотых [260].

У лістападзе 1933 г. на пасаду павятовага лекара, замест Сапоцькі, быў прызначаны доктар Ямялкоўскі з Баранавіч [261]. У жніўні 1935 г. на пасаду лідскага павятовага лекара з Маладзечна перавялі доктара Стасевіча, які выконваў свае абавязкі да 1939 г. [262]

Газета «Слова» на пачатку 1934 г. абсалютна сур'ёзна паведамляла, што жыхар Лідскага павета Мікалай Каравайчык «ужо некалькі гадоў працуе над машынай, канструкцыю якой трымае ў таямніцы. Але на мінулым тыдні закончыў сваю працу над машынай, якая будзе мець рэвалюцыйнае значэнне. Ён вынайшаў нешта накшталт perpetuum mobile (вечнага рухавіка - Л. Л.), які бесперапынна рухаецца з дапамогай нескладанага механізма. Вынаходніцтвам Каравайчыка зацікавіліся два інжынеры, якія вывучыўшы прыбор, пацвердзілі магчымасць яго ўжывання ў тэхніцы. ... Каравайчык едзе ў Варшаву каб запатэнтаваць сваю машыну» [263]. Інфармацыі аб гэтым чалавеку больш няма, і можна толькі спадзявацца, што «два інжынеры» злосна пажартавалі над «вынаходнікам», бо кожны інжынер ведае, што вечны рухавік немагчымы ў прынцыпе і, напрыклад, французская акадэмія ўжо ў XVIII ст. адмовілася разглядаць любыя праекты «perpetuum mobile».

Злачыннасць . На пачатку 1930 г. за спробу ўцячы судзілі вязняў Лідскай турмы Іпатава, Казакоўскага і Груздоўскага. Уцекачы прабілі ход з сваёй камеры на другім паверсе ў памяшканне, якое знаходзілася пад імі - у кухню. Тут на іх натрапіў турэмны наглядчык Шмігін. Вязні ўтрох кінуліся на наглядчыка, прычым Казакоўскі пры гэтым ухапіў кухонны нож. Але на шум прыбеглі іншыя наглядчыкі турмы, і ўсе трое зноў апынуліся за кратамі. Акруговы суд у Вільні прысудзіў Казакоўскаму 10, а астатнім па 9 гадоў турмы. Апеляцыйны суд у два разы паменшыў тэрміны, а Вышэйшы суд у Варшавае пакінуў вырак Апеляцыйнага суда [264].

Нейкі Заскалік у Лідзе славіўся тым, што любіў выпіць пасля працы некалькі куфляў піва ў буфеце чыгуначнага вакзала. Ягоная жонка неаднаразова ўчыняла вэрхал у гэтым буфеце і нават забараніла буфетчыку наліваць піва свайму мужу. Справа скончылася тым, што ў чарговы раз фурыя выбіла з рук мужа куфель з півам і разбіла вялікую шыбу ў чакальнай зале вакзала. Справу разглядаў гарадскі суд [265].

На пачатку жніўня 1930 г. сялянка з вёскі Папіраўцы прыехала на рынак у Беліцу купіць дойную карову. Але на рынку яна сустрэла жанчыну і, чамусьці амаль што адразу пасябравала з ёй. Новая сяброўка, прапанавала купіць новы залаты гадзіннік «за паўцаны» - за 105 злотых. Сялянка згадзілася і, ухапіўшы гадзіннік, кінулася да іншых сябровак хваліцца каштоўнасцю. Сяброўкі, тут жа, на рынку адвялі яе да майстра, і стары гадзіннікавы майстар патлумачыў, што гэты гадзіннік не залаты і каштуе меней за 10 злотых. Наступным месцам, куды кінулася жанчына, быў пастарунак паліцыі, але ашуканкі, канешне ж, на рынку ўжо не было [266].

Наведвалі нас і ашуканцы найвышэйшага гатунку.

У 1929 г. у Лідзе з'явіўся граф Генрык Грабоўскі, «палкоўнік у рэзерве, уладальнік маёнткаў па ўсёй Польшчы» і г.д. Такі саноўны чалавек адразу трапіў ў «вяршкі» лідскага грамадства, апынуўся ў коле сяброў і прыхільніц, «грошы самі ішлі ў рукі пана Грабоўскага, і ніхто гэтаму не дзівіўся, бо трансакцыі, якія ён праводзіў, давалі яму сталы і значны прыбытак» [267]. Галоўным бізнесам, ці як зараз бы сказалі «стартапам» графа, была арганізацыя аўтобусных ліній па тэрыторыі ўсёй Польшчы. Пад гэтую ідэю, якая як быццам ужо давала і павінна была даць яшчэ большы даход, «уплывовы чалавек» збіраў вялікія грошы з прыватных асоб і фірм пад гарантыі высокіх адсоткаў. Сабраўшы вялікія грошы, Грабоўскі аб'явіў пра адкрыццё новай аўтобуснай лініі і адначасова, як блізкаму сябру, прадаў свой элегантны аўтамабіль кельнеру рэстарана пры «Коле Полек» Казіміру Гушчу за 3 000 злотых. На наступны дзень граф знік, затое прыехаў адвакат князя Палубінскага з Слоніма, які паказаў маёмасныя дакументы і адабраў аўтамабіль у кельнера - спрытны аферыст не купіў, а пазычыў яго на нейкі тэрмін у свайго папярэдняга сябра - князя Палубінскага. Паліцыя пачала росшукі Грабоўскага, ён быў арыштаваны ў Роўне, але да арышту паспеў правярнуць яшчэ некалькі афёраў [268].

У ноч з 26 на 27 кастрычніка 1930 г. невядомыя злачынцы абрабавалі дом доктара Казубоўскага па вуліцы Школьнай. Былі выняты дзве шыбы верхняй паловы дзвярэй, якія вялі ў сад, і скрадзены восеньскі плашч, гумовая палярына і 400 злотых. Акрамя таго, была скрадзена вопратка дамашняй работніцы Казубоўскіх на 300 злотых [269].

10 снежня 1930 г. 27-мі гадовы чыгуначнік Сямён Андрушка застрэліў сваю 60-ці гадовую каханку Вольгу Высоцкую, а потым застрэліўся сам. Высоцкая валодала домам ў Лідзе і жыла з маладым каханкам 6 гадоў. Верагодная прычына трагедыі - спрэчка з-за грошай, перад смерцю Высоцкая прадала зямлю ў горадзе, і каханак патрабаваў ад яе гэтыя грошы [270].

Злачынцы не спыняліся нават перад рабункамі рэлігійных арганізацый. У красавіку 1930 г. была абкрадзены праваслаўная царква ў Лідзе. Зладзеі ўлезлі ў царкву цераз акно, разбіўшы шыбу, і скралі каштоўныя рэчы: 3 бронзавыя крыжы, пакрытыя нікелем, срэбны пазалочаны келіх, медную талерку, срэбную звездзіцу і іншае - агульным коштам каля 1 000 злотых [271]. А ў ліпені невядомыя злачынцы пракраліся ў Лідскую сінагогу і, выламаўшы замкі ў шафах, выкралі розныя рэчы і грошы з скарбонак [272].

9 лютага 1931 г. чыноўнік Лідскай пошты Міхал Лісецкі (той самы які ў 1930 г. ратаваў людзей на пажары, гл. ніжэй) знік з сумай у 10 200 злотых. У той жа дзень паліцыя на станцыі Ліда зняла яго з цягніка, але пры сабе злодзей меў толькі 7 000 злотых, 3 200 ён паспеў неяк растраціць ў Лідзе за некалькі гадзін [273].

Гаспадары дома № 70 па вуліцы Школьнай Альбертына і Аляксандр Лычковы паспрачаліся з «іх кватарантам, знаным тутэйшым авантурыстам і панажоўшчыкам Леанам Рубашуком (узрост 26 гадоў) і ягонай каханкай, прастытуткай Соней Флінкель. Каб супакоіць бойку, па выкліку суседзяў на месца прыбыў паліцыянт Ян Пякарскі, узброены карабіным з багнетам. Паліцыянт вырашыў адправіць Лычкава ў шпіталь, а Рубашука забраць у пастарунак. Але Рубашук усчаў бойку з паліцыянтам, а Соня Флінкель перадала яму кухонны нож. Тады паліцыянт ударыў авантурыста багнетам у левую частку грудной клеткі. ... Рубашук памёр у шпіталі ... . Флінкель была арыштавана, а гаспадар дома Лычкоў ў непрытомным стане перавезены ў шпіталь» [274]. Праз некалькі дзён у шпіталі, не прыходзячы ў прытомнасць, Аляксандр Лычкоў памёр [275].

На пачатку траўня 1931 г. сярод «белага дня» тры невядомыя ўзброеныя бандыты напалі на фальварак Гута Адольфа Пашкевіча, што каля Ліды. Рабаўнікі выбралі час, калі ў доме не было нікога з мужчын і затэрарызаваўшы прыслугу, забралі ўсе упрыгожванні, долары, золата і срэбныя рублі ды ўцяклі ў лес [276].

Пры канцы траўня 1931 г. аддзел Віленскага акруговага суда ў Лідзе пачаў судзіць членаў банды Яманта, якая на працягу двух гадоў тэрарызавала Лідскі павет. На пачатку 1929 г. з турмы выйшлі на волю Сільвестр Ямант і Баляслаў Лучко, абодва - жыхары Ліды. Да іх далучыліся былыя крымінальнікі Антон Кузьміч і Адольф Пятрусевіч. І банда пачала рабаваць. Пры адным з нападаў, яны забілі паліцыянта Шалавінскага. Пры арышце Ямант быў застрэлены, а астатнія паўсталі перад судом. У выніку Лучко атрымаў 10 гадоў турмы, а Кузьміч і Пятрусевіч - па 8 гадоў [277].

«23 верасня каля 15-30 ад будынка пошты і тэлеграфу ў Лідзе скрадзены ровар службоўца пошты Вінцэнта Русіновіча маркі "Нёман" № 02682 вартасцю 280 злотых» [278].

Дзяржава падтрымлівала акцызную манаполію на алкагольныя вырабы і актыўна змагалася з самагоншчыкамі. Для гэтых мэт была нават адмысловая брыгада скарбовага кантролю, якая, дарэчы, займалася і перамытніцтвам. Самагоншчыкі караліся надзвычай строга. У кастрычніку «Наваградскі Кур'ер» пісаў: «У самым цэнтры горада, па вуліцы Завальнай, 30 у Зуселя Ілютовіча знойдзены самагонны апарат. Апарат меў вельмі дасканалую канструкцыю і фільтры з актываванага вуглю, ваты і пяску. Апарат знаходзіўся ў прыбудове да стаенкі і, каб туды ўвайсці, трэба было зрушваць сцяну» [279]. Пры канцы жніўня 1932 г. паліцыяй былі выкрыты два самагонныя апараты ў Беліцкай гміне: адзін у вёсцы Нагародавічы, другі - у Гезгалах. Абодва апараты былі падобныя на маленькія фабрыкі і выраблялі «самагонку найлепшых гатункаў. У гэтым годзе гэта ўжо чацвёртая фабрыка самагонкі ў Гезгалах, выкрытая паліцыяй» [280].

Таксама забараняліся ўладамі і пасадкі тытуню. Напрыклад, прэса пісала, што на пачатку жніўня 1933 г. паліцыя знайшла «на тэрыторыі Лідскай гміны ў шэрагу гаспадароў нелегальныя плантацыі тытуню. Былі складзены карна-скарбовыя пратаколы і справы перададзены ва Управу Акцызаў і Манаполіі» [281]. У 1935 г. паліцыя Радунскай гміны выкрыла цэлы шэраг дробных нелегальных плантацый тытуню, «некаторыя з сялян садзілі па 100 кустоў тытуню» [282].

У ноч з 14 на 15 і з 15 на 16 студзеня 1932 г. адбыліся акты вандалізму на гарадскіх могілках, былі разбіты 16 слупкоў агароджы чатырох магіл (магілы Грабліса, Роўбы і інш.) і скрадзены жалезны дрот агароджы агульнай даўжынёй каля 40 м [283].

Праз некалькі дзён з крамы Галдвасера па вуліцы 3-га Траўня скралі грамафонныя кружэлкі на 1 000 злотых [284].

У сакавіку таго ж года нехта абрэзаў бандаж паміж слупам і пасынкам і гэтак звярнуў слуп, пашкодзіўшы тэлефонную сувязь паміж Лідай і Гародняй [285].

Уначы 7 лютага 1933 г. у Лідзе з Народнага Яўрэйскага банка было скрадзена 20 000 злотых грашамі і ўпрыгожаннямі, якія там захоўваліся. Паліцыя паведаміла, што рабаўнікі забралі 7 банкнот па 500 злотых, 1 500 злотых малымі купюрамі, 500 долараў банкнотамі, 20 залатых рублёў, 10 залатых англійскіх фунтаў, срэбны партсігар з залатым гузікам, залаты дамскі гадзіннік з доўгім ланцужком, 3 залатыя брошкі з каштоўнымі камянямі і 2 залатыя заручальныя пярсцёнкі. Браніраваная каса была разрэзана. Возны банка спаў недалёка ад касы, але нічога не чуў [286].

Улетку 1935 г. у Лідзе выкрылі псеўдалекара Сацыяльнага забеспячэння Казіміра Парноўскага. Выкрыў яго павятовы доктар, які заўважыў, што калега не мае элементарнай кваліфікацыі. Выкрыты псеўдалекар уцёк з Ліды, прыхапіўшы пры гэтым некалькі дзясяткаў тысяч злотых. Выяснілася, што дыплом Парноўскага быў падроблены. Уцекача аб'явілі ў вышук, але «магчыма, махляр ужо перайшоў літоўскую мяжу» [287].

25 красавіка 1932 г. па выраку Лідскага Ваенна-палявога суда (Sadu Doraznego) да кары смерці праз павешанне былі прыгавораны савецкія шпіёны Іосіф Турбач і Міхал Чаховіч. Позна ўначы 26 красавіка з Варшавы прыйшла адмова прэзідэнта Польшчы памілаваць шпегаў, і на раніцы 27 красавіка кат, прыехаўшы з Варшавы, павесіў абодвух на дзядзінцы Лідскай турмы [288].

На пачатку лістапада 1932 г. Ваенна-палявы суд ў Вільні разглядаў справу савецкіх шпіёнаў: сталага жыхара Ліды, 22-х гадовага Станіслава Маркоўскага (партыйная мянушка - «Блакітны», прафесія - сталяр, рыма-католік), 29-ці гадовага Зміцера Сая (мянушка - «Буш», селянін, праваслаўны, бацька траіх дзяцей), брата Маркоўскага, лідзяніна Рышарда Маркоўскага (28 гадоў, сталяр) і Пятра Русака (селянін, бацька 4-х дзяцей). Усе чацвёра з 1931 г. шпіёнілі на карысць СССР і былі выяўлены амаль што выпадкова. Суд прыгаварыў Станіслава Маркоўскага і Зміцера Сая да павешання, а Рышарда Маркоўскага і Пятра Русака да пажыццёвага турэмнага пакарання [289].

7 кастрычніка 1933 г. у Лідскім акруговым судзе быў зачытаны вырак па справе сям'і Клімашэўскіх: Францішкі, Людвікі, Вацлава, Браніслава, а таксама Драбка Браніслава - усіх іх абвінавачвалі ў шпіянажы. Гэтыя людзі былі асуджаны на вялікія турэмныя тэрміны [290].

Усе гэтыя шпегі здабывалі інфармацыю пра 5-ты лётны полк.

Пажары і здарэнні . На пачатку 1930 г. пажар у вёсцы Малейкаўшчына нарабіў шкоды на 10 000 злотых.

У лютым таго жа года выбухнуў пажар на вытворчасці алею ў Лідзе. Пажар паўстаў з-за выкарыстання свечак пасля таго, як знікла электрычнасць. Полымя ахапіла ўсю фабрыку. Акрамя добраахвотнай гарадской пажарнай варты на месца прыбылі вайсковыя пажарнікі, і толькі тады агонь быў патушаны. У выніку шкода ацэньвалася ў 10 000 злотых, цяжкія апёкі атрымалі 7 пажарных [291].

20 кастрычніка 1930 г. у маёнтку Вялікае Ольжава былі падпалены стадола і свіран. Пабудовы згарэлі разам з 16 тонамі збожжа. У тушэнні пажару бралі чынны ўдзел добраахвотныя пажарныя дружыны з вёсак Далекія і Парачаны, а таксама мясцовыя сяляне. Шкода ад пажару - 75 000 злотых [292].

12 лютага 1931 г. загарэўся дом яўрэйскага таварыства «Мішмарыс-Хойлем» (Miszmeris-Chojlem) па вуліцы Завальная, 68 у Лідзе, але пажар не перакінуўся на іншыя будынкі і быў хутка патушаны [293].

Пры канцы лютага таго ж года ў калоніі дзяржаўных дамоў у Лідзе «ў адной з кватэр чыноўнікаў выбухнуў пажар... . Пажар паўстаў у выніку неасцярожнасці: прыслуга выносіла перагарэўшы вугаль ў драўляным посудзе ў камору, ... але праз некалькі гадзін у каморы вугаль зноў разгарэўся, загарэлася падлога і ўзняўся пажар. Калі дым выбіўся на вуліцу, сярод суседзяў узнікла паніка, і былі выкліканы пажарныя. Але калі яны прыехалі, пажар ужо быў цалкам патушаны сваімі сіламі» [294].

У красавіку 1931 г. пад час кінасеансу ад праекцыйнай лямпы загарэлася кінастужка. Узнікла паніка, але кінамеханік Мозель Віцільд хутка загасіў узгаранне [295].

13 ліпеня 1932 г. у цэнтры горада адбыўся моцны пажар. «Горад у моры агню», - паведамляла прэса. Пажар пачаўся з дома Сувальская, 54. Спачатку агонь ахапіў дах гэтага дома, потым перакінуўся на кінатэатр «Нірвана». З-за моцнага ветру полымя хутка ахапіла суседнія дамы, і загарэўся цэнтр горад па вуліцы Сувальскай. Гарэла «Нірвана», крамы і цэлы шэраг жылых дамоў у кірунку ракі Лідзеі. Пажар тушылі добраахвотныя пажарныя дружыны, пажарныя службы абодвух лідскіх палкоў і чыгункі, прыехалі нават пажарныя машыны з Гародні. Тлумы пагарэльцаў, страціўшы ўсю маёмасць, стварылі сапраўдны бівак недалёка ад месца пажару. Да 20-00 агульнымі намаганнямі пажар быў лакалізаваны. Галоўнай цяжкасцю быў недахоп вады, якую прыходзілася падвозіць з Лідзеі, бо толькі гарадзенскія пажарныя мелі адмысловы шланг даўжынёй у 300 м і наўпрост пампавалі ваду з ракі. Агонь гарэў да вечара наступнага дня. Пры тушэнні загінуў жаўнер 5-га лётнага палка Ян Валюкевіч, былі цяжка паранены добраахвотныя пажарныя Кацэнеленбоген, Баярскі, Лебедзь і Вацлаў Мілан з Гародні.

Згарэлі дамы № 54, 56, 58, 60 па вуліцы Сувальскай (належалі Фларыяну Длускаму, Бералю Дваржэцкаму, Фруме і Гіршу Таўшынскім) і шмат дамоў у бок ракі Лідзейкі, згарэў кінатэатр «Нірвана» і шмат крам і складаў: гарэлачны склад Міхала Баркоўскага, крама капялюшоў Ядвігі Яўген, півярня Макса Левіна, півярня Антона Ляховіча, галантарэйная крама Якаба Брэма, склады «Сельскагаспадарчага сіндыката», рымарня Чайкоўскага, склады мануфактуры Якуба Вінера, крама шкла Абрама Флякса, крама машын «Зінгер», памяшканне «Таварыства польскіх купцоў» [296]. Страты ад пажару ў цэнтры горада склалі 712 000 злотых. Найвялікшыя страты панёс Длускі, уладальнік дамоў №56 і 58 - каля 500 000 злотых, пры тым, што гэтыя дамы былі застрахаваны толькі на 145 000 злотых. Кінатэатр «Нірвана» меў страты ў 15 000 долараў, Якаб Вінер - 40 000 злотых, Юзаф Гальперын - 35 000 злотых, асабіста ўладальнік «Нірваны» Яблонскі - 18 000 злотых [297].

Падчас пажару рэчы пагарэльцаў і быў арыштаваны краў Станіслаў Кедык [298]. Праз некалькі дзён за крадзеж 330 злотых гатоўкай, арыштавалі Караліну Давідовіч [299]. Як падлічылі пасля пажару, розных рэчаў было скрадзена на суму 42 000 злотых [300].

Праз 10 дзён у тым жа раёне горада з-за маланкі згарэла стадола пры касцёле піяраў, страты склалі 6000 злотых [301].

Пры канцы лютага 1933 г. выбухнуў пажар у фотаатэлье Мойшы Хаіма Левіна па вуліцы Сувальскай, каля рэстарана «Брыстоль». Згарэла ўся мэбля, 4 фотаапараты і 6 дэкарацый. Страты - 6 000 злотых [302].

У сакавіку 1933 г. для добраахвотнай пажарнай дружыны гуты «Нёман» была закуплена мотапомпа [303].

23 і 24 ліпеня 1932 г. горад святкаваў 40-гадовы юбілей заснавання добраахвотнай пажарнай аховы ў Лідзе. У межах 1-ых ваяводскіх спаборніцтваў пажарных каманд, якія праходзілі ў гэты час у нашым горадзе, адбыліся паказальныя выступы добраахвотных пажарных, узнагароджанне лепшых пажарнікаў, паказ ў кінатэатры «Эдысон» фільма «Рыцары агню» і г.д. [304].

Жыхары горада знаходзілі для пажарных дружын горада і іншыя заняткі, у чэрвені 1934 г. нехта з лідзян пісаў у газеце «Слова»: «Тое, што ў горадзе не паліваюцца вуліцы, ёсць вялікая бяда. Таму паўсюдна ў нас уздымаецца пыл, які забруджвае паветра. У Лідзе ёсць дзве пажарныя дружыны. Ці не можа магістрат загадаць, каб яны час ад часу прыязджалі з бочкамі вады і палівалі вуліцы?» [305].

25 студзеня 1930 г. аўтамабіль 5-га лётнага палка, якім кіраваў капрал Браніслаў Брукштус, на вуліцы Вызвалення ў Лідзе наехаў на кабылу, якая належала Юльяну Змітровічу, і пасвілася на вуліцы без нагляду. Пасля сутыкнення з кабылай аўтамабіль збіў тэлеграфны слуп. У выніку аўтамабіль быў разбіты, слуп вывернуты з зямлі, а кабылу па выраку ветэрынара дарэзалі [306].

У сакавіку 1930 г. на Лідчыне ў вялікай колькасці з'явіліся «лісты шчасця». Гэта звычайная, «вірусная», рассылка паведамленняў, пры якой кожны, хто атрымаў такі ліст, павінен быў у той жа дзень перапісаць яго 9 раз і накіраваць сваім знаёмым, бо ліст абяцаў розныя беды і жыццёвыя клопаты таму, хто гэтага не зробіць. Прэса паведамляла, што рассылкай «лістоў шчасця» займаліся нават паважаныя супрацоўнікі дзяржаўных арганізацый [307]. Аналагічныя «лісты шчасця» я асабіста памятаю з 1970-х гг., яны з'яўляліся ў нашай паштовай скрыні і не мелі маркі, г.зн. былі ўкінуты кімсьці з суседзяў. Са з'яўленнем электроннай пошты, а потым сацыяльных сетак таксама прыйшлося некалькі разоў атрымліваць такія лісты, у гэтым выпадку я адразу назаўжды блакаваў «аўтара».

У траўні 1930 г. у Лідзе ўся сям'я Баняроў атруцілася грыбамі: «Двое малых дзяцей прывезены ў шпіталь, дзе хлопчык хутка памёр, а дзяўчынка змагаецца са смерцю. Бацькі таксама знаходзяцца ў вельмі цяжкім стане» [308].

У ноч на 25 чэрвеня 1930 г. у Лідзе ў дом па адрасе: Пастаўская, 33, які стаяў недалёка ад яўрэйскіх могілак, патрапіла маланка. Адразу, падчас сну была забіта маці Анэля Бутурля і яе 16-ці гадовая дачка Яніна. Ад маланкі дом загарэўся, другая дачка, 22-х гадовая Ядвіга атрымала цяжкія пашкоджанні. «Агульнай увагі заслугоўвае геройскі чын чыноўніка Лідскай пошты Міхала Лісецкага, які вынес з палаючага дома цяжка параненую Ядвігу Бутурлю, якая аднак праз гадзіну памерла ў бальніцы» [309].

У студзені 1931 г. у Лідзе адбыўся шэраг самазабойстваў: 14 студзеня вядомы лідскі купец Дубчанскі з-за эканамічных праблем павесіўся на сваім складзе па адрасе: Рынак, 8. 16 студзеня жыхар Ліды шавец Міхал Мікалайчык павесіўся з-за здрады жонкі ва ўласным доме па вуліцы Райская, 29. Вечарам таго ж дня Мікалай Мазавецкі з невядомай прычыны кінуўся ў студню і ўтапіўся [310].

На пачатку жніўня таго жа года прэса пісала пра бухгалтара «Ардаля» Хаіма Ківялевіча, ён уратаваў жанчыну, якая танула ў рацэ Молчадзь каля Наваельні. Да гэтага выпадку Ківялевіч ужо два разы ратаваў людзей: у 1914 г. ён выцягнуў з вады дзіця, якое ўпала з моста ў раку, а ў 1920 г. у Лідзе вынес дзіця з полымя пажару. Ківялевіч быў членам лідскай дабраахвотнай пажарнай дружыны [311].

У жніўні 1931 г. уладальнікі маёнткаў Шаўры і Салпенішкі Зыгмунт і Віктар Зялінскія пад час палявання, замест ваўка падстрэлілі 11-ці гадовага Цыпрыяна Спудзіса - сялянскага сына. Хлопец спаў у хаце і быў паранены шротам, які прабіў акно [312].

Пры канцы жніўня 1931 г. у горадзе бура паабрывала драты электрычнасці і сувязі, з-за чаго на Лідскай тэлефоннай станцыі ледзь не адбыўся пажар. Таксама моцны дождж дзе-нідзе размыў дарогі і падмыў гарадскія могілкі з-за чаго папрасядалі новыя магілы [313].

21 кастрычніка 1931 г. з Ліды ў Беліцу выехаў аўтобус з 12-ю пасажырамі. На 4-м кіламетры дарогі аўтобус дагнаў легкавы аўтамабіль лідскай Касы хворых. Легкавік, якім кіраваў Антон Бяляўскі, вёз доктара Ястржэмскага. Пры абгоне легкавік ударыў аўтобусу ў пярэдняе кола, пасля чаго аўтобус выехаў у канаву. Усе 12 пасажыраў атрымалі раненні, аўтобус быў моцна разбіты [314].

Вясна 1932 г. вызначылася моцным павадкам. На пачатку красавіка вада ў Лідзейцы і Каменцы паднялася на 3 метры. Вада заліла шэраг дамоў па вуліцы Школьнай і Завальнай, былі затоплены 4 дамы ў раёне Слабодка-2, дамы на Закасанцы і Пясках. Справа дайшла да эвакуацыі людзей з затопленых дамоў [315]. А 6 траўня па Лідчыне прайшла магутная вясенняя бура, якая паваліла тэлефонныя слупы і парвала драты на чыгуначным шляху Ліда-Маладзечна (адразу, за мостам цераз Лідзейку). Маланка патрапіла ў гарадскую электроўню, кіраўнік электроўні і дзяжурны манцёр часова страцілі прытомнасць, і таму да 19-30 горад апынуўся ў цемры. З-за моцнага дажджу на 1 метр паднялася рака Лідзейка і месцамі выйшла з берагоў [316].

Падчас працы на дзядзінцы плябаніі ксендза Баярунца рабочыя абарвалі электрычны дрот. Адзін з рабочых, Юзаф Місюра, вырашыў дрот адкінуць і ўзяўся за яго рукой. «Пацярпелы ў цяжкім стане трапіў у шпіталь» [317].

Паміж фабрыкай цвікоў «Дротындустрыя» і шкіпідарняй па вуліцы Фабрычнай знаходзілася вялікіх памераў яма, у якую сцякалі ўсялякія нечыстоты з абедзвюх фабрык. Пры канцы 1932 г. сцёкі атруцілі грунтовыя воды, і з усіх студняў у раёне гэтых фабрык стала немагчыма браць ваду. Напрыклад, атручаны былі ўсе чатыры студні фабрыкі «Ардаль» і нават студні па вуліцы Крупаўскай [318].

Пры канцы лютага 1933 г. каля чыгуначнай станцыі Бастуны прызямліўся савецкі самалёт. Пілот служыў у Мінску і на сваім самалёце ўцёк з Саветаў. Лётчыка прывезлі ў Ліду і перадалі вайсковым уладам [319].

У жніўні таго ж года на полі каля вёскі Сямейкі Ваверскай гміны жыхар гэтай вёскі Браніслаў Макарчук, «узрост 28 гадоў, знайшоў стары снарад і пры дапамозе малатка паспрабаваў яго разабраць, выбух снарада забіў неасцярожнага селяніна» [320].

На пачатку жніўня 1934 г. на горад абрынулася моцная бура разам з маланкамі. Ад маланак загарэліся два дамы, струмені вады пазалівалі вуліцы горада, асабліва дасталася вуліцам Сувальскай і Лідскай, дзе вада пазалівала крамы, лёхі і кватэры першага паверха. Па вуліцы Міцкевіча вецер пазрываў дахі з дамоў [321].



[1] Беларуская Крыніца № 6(505), 5 лютага 1933.

[2] Родны Край № 11(63), 17 траўня 1935.

[3] Naruszewicz W. Wspomnienia lidzianina. Warszawa, 2001. S. 118.

[4] Słowo № 135(3984), 19 maja 1935.

[5] Naruszewicz W. Wspomnienia lidzianina. Warszawa, 2001. S. 119

[6] Ogniwa № 11, listopad 1932. S. 21.

[7] Ogniwa № 11, listopad 1932. S. 27-31.

[8] Беларуская Крыніца № 8, 26 лютага 1930.

[9] Słowo № 71(2281), 26 marca 1930.

[10] Беларуская Крыніца № 18, 16 траўня 1930.

[11] Наперад № 16, 30 сакавіка 1930.

[12] Наперад № 19, 21 траўня 1930.

[13] Наперад № 10, 5 сакавіка 1930.

[14] Słowo № 33(2243), 9 lutego 1930.

[15] Słowo № 105(2315), 8 maja 1930.

[16] Słowo № 106(2316), 9 maja 1930.

[17] Беларуская Крыніца № 19, траўня 1930.

[18] Słowo № 126(2336), 4 czerwca 1930.

[19] Беларуская Крыніца № 26, 9 верасня 1930.

[20] Słowo № 222(2432), 27 września 1930.

[21] Słowo № 239(2449), 17 października 1930.

[22] Słowo № 248(2458), 28 października 1930.

[23] Słowo № 260(2470), 12 listopada 1930.

[24] Słowo № 265(2475), 18 listopada 1930.

[25] Słowo № 272(2482), 26 listopada 1930.

[26] Słowo № 195(4044), 19 lipca 1935.

[27] Słowo № 250(4099), 12 września 1935.

[28] Słowo № 136(2346), 17 czerwca 1930.

[29] Słowo № 173(2383), 31 lipca 1930.

[30] Życie Nowogródzkie № 149(863), 1 lipca 1930.

[31] Słowo № 173(2383), 31 lipca 1930.; Życie Nowogródzkie № 179(863), 5 sierpnia 1930.

[32] Kurier Nowogródzki № 157(242), 5 lipca 1932.

[33] Kurier Nowogródzki № 54(825), 25 lutego 1934.

[34] Kurier Nowogródzki № 69, 6 grudnia 1931.

[35] Kurier Nowogródzki № 92(178), 22 kwietnia 1932.

[36] Słowo № 266(2774), 18 listopada 1931.

[37] Kurier Nowogródzki № 56, 21 listopada 1931.

[38] Kurier Nowogródzki № 56, 21 listopada 1931.

[39] Kurjer Wilenski № 320(2861), 28 listopada 1933.

[40] Kurier Nowogródzki № 352(769), 29 grudnia 1933.

[41] Kurier Nowogródzki № 86(857), 29 marca 1934.

[42] Słowo № 214(4063), 7 sierpnia 1935.

[43] Słowo № 252(4101), 14 września 1935.

[44] Kurjer Wilenski № 195(3085), 20 lipca 1934.

[45] Гурткі Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ).

[46] Rostworowski Andrzej. Moje zycie na Nowogrodczyznie lata 1924-1928 // Goniec Kresowy 2003. № 41. S.15.

[47] Kurjer Wilenski № 33(1675), 9 lutego 1930.

[48] Życie Nowogródzkie № 74(788), 28 marca 1930.

[49] Słowo №122(2630), 30 maja 1931.

[50] Słowo № 239(2741), 17 października 1931.

[51] Kurjer Wilenski № 52(2593), 27 lutego 1933.

[52] Kurier Nowogródzki № 34(120), 12 lutego 1932.

[53] Kurier Nowogródzki № 47(133), 27 lutego 1932.

[54] Słowo № 176(2983), 24 lipca 1932.

[55] Słowo № 179(2986), 27 lipca 1932.

[56] Kurjer Wilenski № 66(2607), 13 marca 1933.

[57] Słowo № 204(3342), 29 lipca 1933.

[58] Słowo № 252(4101), 14 września 1935.

[59] Słowo № 266(4115), 28 września 1935.

[60] Słowo № 112(2322), 16 maja 1930.

[61] Kurier Nowogródzki № 30(447), 31 stycznia 1933.

[62] Kurjer Wilenski № 178(2719), 8 lipca 1933.

[63] Słowo № 227(2437), 3 października 1930.

[64] Kurjer Wilenski № 154(1796), 8 lipca 1930.

[65] Гіпаліт Гарневіч (сын Казіміра і Адэлі), нарадзіўся ў 1888 г. у Лідзе. У 1913 г. скончыў Кіеўскі ўніверсітэт з дыпломам лекара. Палітычны дзеяч, пасол у Сейм (1928-1930), радны Лідскага магістрата. Арыштаваны 9 кастрычніка 1939 г. у Лідзе, да канца 1939 г. расстраляны.

[66] Życie Nowogródzkie № 261(975), 5 listopada 1930.

[67] Życie Nowogródzkie № 264(978), 8 listopada 1930.

[68] Słowo № 65(2573), 20 marca 1931.

[69] Słowo № 138(2646), 19 czerwca 1931.

[70] Słowo № 233(2741), 10 października 1931.

[71] Słowo № 68(2875), 23 marca 1932.

[72] Słowo № 248(3055), 5 października 1932.

[73] Kurjer Wilenski № 30(1672), 6 lutego 1930.

[74] Kurjer Wilenski № 68(1710), 22 marca 1930.

[75] Słowo № 93(2601), 24 kwietnia 1931.

[76] Życie Nowogródzkie № 109(823), 11 maja 1930.

[77] Андрэй Раствароўскі пісаў: «Ваяводамі ў Наваградку ў той час былі Уладзіслаў Рачкевіч, генерал Янушайціс і Зыгмунт Бачковіч, які атрымаў папулярную мянушку "Кадушкін". Ваявода Бачковіч не выносіў піцця гарэлкі, таму нават на банкетах дазваляў толькі мінеральную ваду. Ведаючы гэта, на такога кшталту мерапрыемствах наш дальні канец стала заўсёды рыхтаваў адмысловыя бутэлькі ад мінеральнай вады ці ліманаду ў які налівалі гарэлку. Неяк, падчас банкету, ужо не памятаю з якой нагоды, можа з-за Сельскагаспадарчай выставы, калі мы добра "запраўляліся" з нашых пляшак (стаяла добрая гарачыня), ваявода, які сядзеў пасярэдзіне стала, устаў і пайшоў на наш канец стала, дзе забраў "падрыхтаваную" бутэльку. Сакратар ваяводы, які сядзеў на нашым краі стала не разгубіўся і выхапіў у ваяводы з рук бутэльку са словамі: "Пан Ваявода, дазволіць?", потым зграбна схаваў нашу і адкаркаваў сапраўдную бутэльку з мінеральнай вадой» - Гл: Rostworowski Andrzej. Moje zycie na Nowogrodczyznie lata 1924-1928 // Goniec Kresowy 2003. № 41. S.15.

[78] Kurjer Wilenski № 215(1857), 18 września 1930.

[79] Kurier Nowogródzki № 25, 16 października 1931.

[80] Słowo № 139(3277), 23 maja 1933.

[81] Kurjer Wilenski № 62(2603), 9 marca 1933.

[82] Słowo № 273(4122), 5 października 1935.

[83] Беларуская Крыніца № 26, 9 верасьня 1930.

[84] Беларуская Крыніца № 2, 20 студзеня 1931.

[85] Życie Nowogródzkie № 232(946), 3 pażdziernika 1930.

[86] Słowo № 73(2581), 29 marca 1931.

[87] Słowo № 16(2524), 21 stycznia 1930.

[88] Słowo № 224(2723), 30 września 1931.

[89] Kurier Nowogródzki № 20, 10 października 1931.

[90] Kurier Nowogródzki № 70(156), 25 marca 1932.

[91] Kurier Nowogródzki № 39, 1 listopada 1931.

[92] Kurier Nowogródzki № 37, 30 października 1931.

[93] Życie Nowogródzkie № 43(1066), 22 lutego 1931.

[94] Życie Nowogródzkie № 45(1068), 25 lutego 1931.

[95] Życie Nowogródzkie № 71(1094), 27 marca 1931.

[96] Słowo № 9(2816), 13 stycznia 1932.

[97] Słowo № 222(3029), 9 września 1932.

[98] Kurjer Wilenski № 292(2833), 30 października 1933.

[99] Słowo № 206(2416), 9 września 1930.

[100] Życie Nowogródzkie № 207(921), 6 września 1930.

[101] Słowo № 215(2425), 19 września 1930.

[102] Życie Nowogródzkie № 61(1084), 15 marca 1931.

[103] Życie Nowogródzkie № 179(1192), 25 lipca 1931.

[104] Kurier Nowogródzki № 26, 17 października 1931.

[105] Kurier Nowogródzki № 48, 12 listopada 1931.

[106] Słowo № 162(3300), 17 czerwca 1933.

[107] Słowo № 188(2995), 5 sierpnia 1932.

[108] Kurier Nowogródzki № 64(150), 18 marca 1932.

[109] Słowo № 162(3300), 17 czerwca 1933.

[110] Kurier Nowogródzki № 170(587), 25 czerwca 1933.

[111] Słowo № 194(3332), 19 lipca 1933.

[112] Słowo № 62(3554), 5 marca 1934.

[113] Słowo № 231(3723), 25 sierpnia 1934.

[114] Kurier Nowogródzki № 37, 30 października 1931.

[115] Słowo № 206(3013), 24 sierpnia 1932.

[116] Kurier Nowogródzki № 295(381), 22 listapada 1932.

[117] Słowo № 32(2242), 8 lutego 1930.

[118] Słowo № 292(2502), 20 grudnia 1930.

[119] Słowo № 228(4077), 21 sierpnia 1935.

[120] Kurjer Wilenski № 13(1655), 17 stycznia 1930.

[121] Kurier Nowogródzki № 13(99), 17 stycznia 1932.

[122] Słowo № 219(3026), 6 września 1932.

[123] Słowo № 297(3104), 24 listopada 1932.

[124] Słowo № 23(3872), 24 stycznia1935.

[125] Kurjer Wilenski № 158(1800), 12 lipca 1930.

[126] Słowo № 35(2543), 13 lutego 1931.

[127] Słowo № 71(2579), 27 marca 1931.

[128] Słowo № 111(2619), 16 maja 1931.

[129] Kurjer Wilenski № 15(2905), 17 stycznia 1934.

[130] Słowo № 85(2295), 11 kwietnia 1930.

[131] Kurjer Wilenski № 130(1772), 7 czerwca 1930.

[132] Słowo № 258(2468), 9 listopada 1930.

[133] Słowo № 258(2468), 9 listopada 1930.

[134] Kurier Nowogródzki № 44, 7 listopada 1931.

[135] Kurier Nowogródzki № 43(129), 23 lutego 1932.

[136] Kurier Nowogródzki № 128(214), 6 czerwca 1932.

[137] Kurier Nowogródzki № 264(350), 21 października 1932.

[138] Ciechanowicz Lech, Ryszard Mierzwa. Niezapomniana ulica Suwalska lat trzydziestych XX wieku // Ziemia Lidzka 2003. №4(56).

[139] Siemionow Aleksander. Pilot Stefan Witorzeńć // Ziemia Lidzka 1998. №2-3(30-31).

[140] Kurjer Wilenski № 88(1730), 15 kwietnia 1930.

[141] Życie Nowogródzkie № 86(800), 11 kwietnia 1930.

[142] Kurjer Wilenski № 70(1712), 25 marca 1930.

[143] Słowo № 106(2316), 9 maja 1930.

[144] Życie Nowogródzkie № 106(820), 8 maja 1930.

[145] Słowo № 121(2331), 28 maja 1930.

[146] Życie Nowogródzkie № 197(911), 27 sierpnia 1930.

[147] Там жа.

[148] Kurjer Wilenski № 215(1857), 18 września 1930.

[149] Słowo № 288(2498), 16 grudnia 1930.

[150] Słowo № 12(2520), 16 stycznia 1931.

[151] Słowo № 23(3515), 25 stycznia 1934.

[152] Słowo № 117(3609), 2 maja 1934.

[153] Życie Nowogródzkie № 10(724), 12 stycznia 1930.

[154] Słowo № 171(3663), 26 czerwca 1934.

[155] Kurjer Wilenski № 25(1667), 31 stycznia 1930.

[156] Kurjer Wilenski № 54(1696), 6 marca 1930.

[157] Słowo № 147(2357), 1 lipca 1930.

[158] Słowo № 151(2361), 5 lipca 1930.

[159] Życie Nowogródzkie № 73(1096), 29 marca 1931.

[160] Słowo № 215(3022), 2 września 1932.

[161] Kurier Nowogródzki № 37(123), 16 lutego 1932.

[162] Kurier Nowogródzki № 50(135), 1 marca 1932.

[163] Kurier Nowogródzki № 82(168), 12 kwietnia 1932.

[164] Słowo № 305(3112), 2 grudnia 1932.

[165] Kurier Nowogródzki № 40(126), 19 lutego 1932.

[166] Kurier Nowogródzki № 50(135), 1 marca 1932.

[167] Kurier Nowogródzki № 92(178), 22 kwietnia 1932.

[168] Kurier Nowogródzki № 140(226), 18 czerwca 1932.

[169] Kurjer Wilenski № 273(2814), 11 października 1933.

[170] Kurjer Wilenski № 292(2833), 30 października 1933.

[171] Życie Nowogródzkie № 6(720), 8 stycznia 1930.

[172] Życie Nowogródzkie № 14(728), 17 stycznia 1930.

[173] Słowo № 37(2247), 14 lutego 1930.

[174] Kurjer Wilenski № 70(1712), 25 marca 1930.

[175] Kurjer Wilenski № 122(1764), 28 maja 1930.

[176] Kurjer Wilenski № 292(2833), 30 października 1933.

[177] Там жа.

[178] Загідулін А. М. Арганізацыя кансервацыі і рэстаўрацыі замкаў, палацаў і сядзібаў у Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.) // Замкі, палацы і сядзібы ў кантэксце еўрапейскай культуры: Зб. навук. арт. / Мін. культ. РБ, Замкавы комплекс «Мір». Мінск, 2013. С. 40.

[179] Słowo № 216(4065), 9 sierpnia 1935.

[180] Słowo № 228(4077), 21 sierpnia 1935.

[181] Slowo № 70(6352), 12 marca 1939.

[182] Беларуская Крыніца № 26, 25 жніўня 1931.

[183] Беларуская Крыніца № 24(523), 25 чэрвеня 1933.

[184] Беларуская Крыніца № 25(524), 10 ліпеня 1933.

[185] Наперад № 19, 21 траўня 1930.

[186] Słowo № 277(3084), 4 listopada 1932.

[187] Гл: Лаўрэш Л. Міністр Беларускай Народнай Рэспублікі генерал ад інфантэрыі Кіпрыян Кандратовіч. Біяграфічны нарыс. Ліда, 2007.; Лаўрэш Л. Генерал Кiпрыян Кандратовiч: крэскi да жыцця // Асоба і час. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 2 / Укладальнік Аляксандр Фядута. - Мінск: «Лімарыус», 2010. C.81-104.

[188] Słowo № 3(2810), 5 stycznia 1932.

[189] Беларуская Крыніца № 1, 10 студзеня 1932.

[190] Słowo № 234(3041), 21 września 1932.

[191] Kurjer Wilenski № 85(2975), 28 marca 1934.

[192] Słowo № 183(2990), 31 lipca 1932.

[193] Kurier Nowogródzki № 30, 22 października 1931.

[194] Kurier Nowogródzki № 35, 28 października 1931.

[195] Kurier Nowogródzki № 79, 19 grudnia 1931.

[196] Słowo № 181(2988), 29 lipca 1932.

[197] Kurier Nowogródzki № 146(232), 24 czerwca 1932.

[198] Цехановіч Лех, Незабыўная вуліца Сувальская 30-х гадоў ХХ стагоддзя // Лідскі Летапісец 2005. № 4(32). С. 33.

[199] Słowo № 139(3277), 23 maja 1933.

[200] Kurjer Wilenski № 248(2789), 16 września 1933.

[201] Słowo № 255(3393), 18 września 1933.

[202] Słowo № 10(2220), 14 stycznia 1930.

[203] Kurjer Wilenski № 20(1662), 25 stycznia 1930.

[204] Kurier Nowogródzki № 76(162), 3 kwietnia 1932.

[205] Życie Nowogródzkie № 134(848), 12 czerwca 1930.

[206] Życie Nowogródzkie № 222(936), 23 września 1930.

[207] Słowo № 41(2251), 19 lutego 1930.

[208] Беларуская Крыніца № 35, 16 кастрычніка 1932.

[209] Słowo № 263(3070), 20 października 1932.

[210] Słowo № 264(3071), 21 października 1932.

[211] Słowo № 139(3277), 23 maja 1933.

[212] Słowo № 249(3387), 12 września 1933.

[213] Słowo № 301(3793), 3 listopada 1934.

[214] Słowo № 214(2722), 18 września 1931.

[215] Kurier Nowogródzki № 339(756), 13 grudnia 1933.

[216] Słowo № 287(4136), 19 października 1935.

[217] Słowo № 181(2988), 29 lipca 1932.

[218] Słowo № 267(4116), 29 września 1935.

[219] Беларуская Газета № 6, 26 жніўня 1933.

[220] Słowo № 127(2337), 5 czerwca 1930.

[221] Słowo № 142(2352), 25 czerwca 1930.

[222] Słowo № 198(2408), 30 sierpnia 1930.

[223] Słowo № 206(2416), 9 września 1930.

[224] Słowo № 221(2431), 26 września 1930.

[225] Słowo № 238(2448), 16 października 1930.

[226] Słowo № 42(2550), 21 lutego 1931.

[227] Słowo № 43(2551), 22 lutego 1931.

[228] Słowo № 128(2636), 9 czerwca 1931.

[229] Słowo № 209(2717), 12 września 1931.

[230] Słowo № 211(2719), 15 września 1931.

[231] Słowo № 211(3018), 29 sierpnia 1932.

[232] Słowo № 222(3029), 9 września 1932.

[233] Słowo № 273(3080), 30 października 1932.

[234] Kurjer Wilenski № 28(2569), 3 lutego 1933.

[235] Kurjer Wilenski № 273(2814), 11 października 1933.

[236] Kurjer Wilenski № 120(3010), 5 maja 1934.

[237] Kurjer Wilenski № 167(3057), 22 czerwca 1934.

[238] Kurjer Wilenski № 213(3103), 7 sierpnia 1934.

[239] Kurjer Wilenski № 214(1856), 17 września 1930.

[240] Życie Nowogródzkie № 221(935), 21 września 1930.

[241] Kurjer Wilenski № 228(1870), 18 października 1930.

[242] Życie Nowogródzkie № 222(936), 23 września 1930.

[243] Życie Nowogródzkie № 13(1036), 17 stycznia 1931.

[244] Kurier Nowogródzki № 24, 15 października 1931.

[245] Kurier Nowogródzki № 19, 9 października 1931.

[246] Słowo № 219(3026), 6 września 1932.

[247] Słowo № 174(2981), 22 lipca 1932.

[248] Słowo № 281(3088), 8 listopada 1932.

[249] Słowo № 297(3104), 24 listopada 1932.

[250] Słowo № 301(3108), 28 listopada 1932.

[251] Słowo № 307(3114), 4 grudnia 1932.

[252] Kurjer Wilenski № 18(2559), 22 stycznia 1933.

[253] Kurjer Wilenski № 19(2560), 24 stycznia 1933.

[254] Kurier Nowogródzki № 27(444), 28 stycznia 1933.

[255] Kurjer Wilenski № 44(2585), 19 lutego 1933.

[256] Kurjer Wilenski № 118(2659), 7 maja 1933.

[257] Kurjer Wilenski № 133(2674), 22 maja 1933.

[258] Słowo № 213(3351), 7 sierpnia 1933.; Słowo № 214(3352), 8 sierpnia 1933.

[259] Kurjer Wilenski № 261(2802), 29 września 1933.

[260] Kurjer Wilenski № 266(2807), 4 października 1933.

[261] Kurier Nowogródzki № 320(710), 23 listopada 1933.

[262] Słowo № 229(4078), 22 sierpnia 1935.

[263] Słowo № 72(3564), 15 marca 1934.

[264] Słowo № 61(2271), 14 marca 1930.

[265] Kurjer Wilenski № 25(1667), 31 stycznia 1930.

[266] Kurjer Wilenski № 179(1821), 6 sierpnia 1930.

[267] Kurjer Wilenski № 182(1824), 9 sierpnia 1930.

[268] Там жа.

[269] Życie Nowogródzkie № 254(968), 29 pażdziernika 1930.

[270] Słowo № 283(2493), 10 grudnia 1930.

[271] Kurjer Wilenski № 78(1720), 3 kwietnia 1930.

[272] Słowo № 167(2377), 24 lipca 1930.

[273] Słowo № 32(2540), 10 lutego 1931.

[274] Słowo № 73(2581), 29 marca 1931.

[275] Słowo № 77(2585), 3 kwietnia 1931.

[276] Słowo № 109(2617), 13 maja 1931.

[277] Słowo № 122(2630), 30 maja 1931.

[278] Słowo № 221(2729), 26 września 1931.

[279] Kurier Nowogródzki № 24, 15 października 1931.

[280] Słowo № 212(3019), 30 sierpnia 1932.

[281] Słowo № 216(3354), 10 sierpnia 1933.

[282] Słowo № 279(4128), 11 października 1935.

[283] Kurier Nowogródzki № 18(104), 23 stycznia 1932.

[284] Kurier Nowogródzki № 20(106), 26 stycznia 1932.

[285] Kurier Nowogródzki № 57(143), 10 marca 1932.

[286] Słowo № 39(3177), 9 lutego 1933.

[287] Słowo № 187(4036), 11 lipca 1935.

[288] Słowo № 97(2904), 28 kwietnia 1932.

[289] Słowo № 277(3084), 4 listopada 1932.

[290] Kurjer Wilenski № 271(2812), 9 października 1933.

[291] Słowo № 40(2250), 18 lutego 1930.

[292] Słowo № 245(2455), 24 października 1930.

[293] Słowo № 35(2543), 13 lutego 1931.

[294] Słowo № 49(2557), 1 marca 1931.

[295] Słowo № 76(2584), 2 kwietnia 1931.

[296] Słowo № 180(2987), 28 lipca 1932.

[297] Kurier Nowogródzki № 172(258), 20 lipca 1932.

[298] Słowo № 166(2973), 14 lipca 1932.; Słowo № 169(2976), 17 lipca 1932.

[299] Słowo № 180(2987), 28 lipca 1932.

[300] Słowo № 177(2984), 25 lipca 1932.

[301] Słowo № 176(2983), 24 lipca 1932.

[302] Słowo № 53(3191), 23 lutego 1933.

[303] Kurjer Wilenski № 66(2607), 13 marca 1933.

[304] Słowo № 177(2984), 25 lipca 1932.

[305] Słowo № 171(3663), 26 czerwca 1934.

[306] Kurjer Wilenski № 25(1667), 31 stycznia 1930.

[307] Kurjer Wilenski № 66(1708), 20 marca 1930.

[308] Słowo № 111(2321), 15 maja 1930.

[309] Kurjer Wilenski № 146(1788), 28 czerwca 1930.

[310] Słowo № 20(2528), 25 stycznia 1931.

[311] Słowo № 175(2683), 2 sierpnia 1931.

[312] Słowo № 190(2698), 21 sierpnia 1931.

[313] Słowo № 196(2704), 28 sierpnia 1931.

[314] Słowo № 243(2751), 22 października 1931.

[315] Słowo № 77(2884), 5 kwietnia 1932.

[316] Słowo № 104(2911), 8 maja 1932.

[317] Kurier Nowogródzki № 128(214), 6 czerwca 1932.

[318] Słowo № 308(3115), 5 grudnia 1932.

[319] Słowo № 52(3190), 22 lutego 1933.

[320] Słowo № 232(3370), 26 sierpnia 1933.

[321] Słowo № 210(3702), 4 sierpnia 1934.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX