Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Прамовы, артыкулы 


Аўтар: Стаповіч Альбін,
Дадана: 25-10-2013,
Крыніца: Альбін Стаповіч // Спадчына №6-1994. С. 13-29.



КАР'ЕРУ ПАЧЫНАЎ У ЦЕХАНАЎЦЫ

"Амаль кожнае беларускае дзіця цяпер ведае пра легенду аб Пясъце i Кракусе, але ў якой мове гаварыў Ягайла на каралеўскім дварэ i ці ён, калі гаварыў па-польску, які i як жыў народ у той час на нашых землях, аб гэтым даведацца са школьных падручнікаў ня прыходзіцца. А калі што і напаткаецца, то найчасьцей у асьвятленьні туманным i тэндэнцыйным".
Альбін Стаповіч «Беларусы i дзяржаўная незалежнасьць», Вільня, 1929, с. 10.

8 красавіка 1913 г. Кастусь Стаповіч пісаў з Закапанаў брату Альбіну ў Цеханавец на адрас парафіяльнага каталіцкага касьцёла: «Даражэнькі! Апошнюю вестку атрымаў ад цябе на картцы з адлюстраваньнем касьцёлу. Але, маеш даволі ладны касьцялок. Вельмі мяне цікавіць, як пачуваешся на пасадзе ў горадзе (...) Ці ўпэўнены, што застанешся ў Цеханаўцы пры новым пробашчу?»

Бацька, Матэвуш Стаповіч. Маці, Альжбета Стаповіч.

Асьцярога спраўдзілася. Альбін нядоўга затрымаўся ў Цеханаўцы, бо 2 ліпеня 1913 г. пісаў да бацькоў: «Сёньня, у панядзелак, прыбыў на месца. Што за прыгожы горад Казань! Дзе там той Вільні! Як неба i зямля непадобныя! Чысьціня, электрычныя трамваі. Габрэяў ані духу. Прыехаў я да ксяндза - няма яго дома - кажуць, паехаў у Варшаву на два тыдні. Разьмясьцілі мяне ў плябаніі. Харчавацца буду ў горадзе, бо i ксёндз так робіць».

Цеханавец - горад над рэчкай Нурэц, калісьці у Падляскім ваяводзтве. Заснаваны быў у XV ст. родам Кішкаў. З 1843 г. знаходзіўся ў Горадзенскай губэрні. Паводле веравызнаньня быў разнастайны. Месьціліся там: рыма-каталіцкі касьцёл з 1734 г., мураваная царква з 1839 г, i габрэйская сынагога. Верагодна, такім застаў Цеханавец Альбін Стаповіч у 1913 г. Нарадзіўся ён 18 сакавіка 1894 г., маленства правёў у Барані, потым вучыўся ў школе ў Сьвянцянах i кансэрваторыі Манцьвіла ў Вільні i ўрэшце апынуўся на пасадзе арганістага ў каталіцкім касьцёле ў Цеханаўцы. Відаць, зьмена пробашча змусіла яго пакінуць гэты горад i выехаць у Казань. У Казані быў да 1921 г. Працаваў там арганістым i кіраваў касьцельным хорам (пра гэта сьведчыць падараваны кішэнны гадзіньнік з надпісам: ад хору). Падчас рэвалюцыі ён распачаў вучобу на юрыдычным факультэце Казанскага ўнівэрсытэту. Вярнуўшыся з Казані ў 1921 г., асеў у Вільні, дзе вучыўся да 1924 г. на гуманістычным факультэце ўнівэрсытэту імя Стэфана Баторыя. Працаваў настаўнікам музыкі ў віленскіх школах.

Браты Стаповічы: Кастусь, Янка, Альбін, Бэрнард (унізе).

Ужо з Казані пачаў слаць лісты па-беларуску. Вялікае братняе сяброўства i ўзаемаразуменьне паміж Кастусём i Альбінам Стаповічамі вельмі хутка дапамагло ім зразумець неабходнасьць разьвіцьця народнай самасьвядомасьці. 17 лютага 1914 г. Кастусь пісаў з Закапанаў Альбіну ў Казань: «Даражэнькі Альбіне! Вельмі даўно ты мне пісаў, i я непакоюся за цябе. Напішы хоць паштоўку Ха! Забыўся ізноў, што пішам да сябе па-свойму, каб не распанець i не забыць аб маці Беларусі».

Вяртаньне Альбіна Стаповіча супала з далучэньнем да дзейнасьці на ніве адраджэньня Беларусі. Ен быў сябрам Беларускага студэнцкага саюзу (БСС), пісаў для «Новага шляху» (орган БСС), «Крыніцы». Найбольш захапляла яго музыка. У 1924 г. пакінуў вучобу ў Вільні. У лісьце да Кастуся зь Вільні 20 лістапада 1922 г. пісаў: «Ад 1 марца адну з школаў астаўляю i пераходжу ў Беларускую гімназію. Гэта ўжо напэўна». 14 лістапада 1925 г. пісаў зь Вільні да Кастуся ў Засьвір: «Добра было б, каб ты прывёз мне якіясь рэлігійныя песьні. Напісаў бы больш мэлёдыяў. Я толькі не разумею, хто сьпеўнік хоча выдаць i за якія грошы. У мяне, на бяду, надта мала вольнага часу. Канцыляршчына заядаець. Здаецца, часам усё кінуў бы i паехаў у Засьвір i ўзяўся б за музыку». Складаў музыку да рэлігійных i сьвецкіх твораў, напісаных, між іншым, братам Кастусём (Казімірам Сваяком). Сам быў аўтарам тэксту i музыкі наступных твораў: «Дзе чутны мовы нашай гукі», «Беларусь перад усім». Запісваў таксама народныя песьні ў родных ваколіцах i музычна апрацоўваў ix.

У 1927 г., калі ксяндзу Адаму Станкевічу забаранілі выдаваць «Крыніцу», Альбін Стаповіч стаў выдаўцом, а Павал Каруза - рэдактарам. 21 ліпеня 1927 г. выйшаў 30-ты нумар «Беларускай крыніцы», выдадзены імі. Раней, у 1926 г., Альбін Стаповіч удзельнічаў у зьезьдзе Беларускага сялянскага саюзу. Калі 26 чэрвеня 1926 г. у Вільні адбываўся арганізацыйны сход аддзела Беларускага інстытута гаспадаркі i культуры, ён быў яго старшынём. Арганізаваў таксама беларускі хор пры аддзеле БІГК. 26 кастрычніка 1926 г. стаў сакратаром Цэнтральнай Рады Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Праз пэўны час быў таксама намесьнікам старшыні гэтай партыі.

Апрача грамадзкай i культурна-асьветніцкай дзейнасьці быў у 1928- 1930 гг. паслом Сойму, выбраным ад Сьвянцянскай акругі. За гэты двухгадовы тэрмін тры разы выступаў, абараняючы беларускую асьвету i годнае жыцьцё беларусаў у Рэчы Паспалітай.

У публіцыстыцы Альбіна Стаповіча таго часу дамінуе актуальная палітычная тэматыка. Пра Беларускую сялянска-работніцкую Грамаду ў 1-м нумары «Беларускай крыніцы» за 1928 г. пісаў: «Хоць была ў сваіх падставах творана чужымі рукамі i для чужых нам мэтаў, але ўсё ж такі мела тую добрую старану, што хочучы-няхочучы ўсьвядамляла народ i ў нацыянальных адносінах».

Падчас працы ў Сойме ў 1928-1930 гг. Альбін Стаповіч быў частым госьцем у розных куткох Беларусі, арганізоўваў спатканьні з выбаршчыкамі, дзе заўсёды падкрэсьліваў значэньне народнай сьвядомасьці. На пасольскім спатканьні ў Сьвіры 20 верасьня 1928 г. казаў: «Усе сілы кожнага польскага ўраду былі i ёсьць скіраваны на тое, каб нас зрабіць палякамі. Але не дамося i не пазваляйма, каб у польскіх установах, куды нас на службу ні прыймуць, нас паніжалі i зьдзекваліся над нашай чалавечай годнасьцяй. Мы дужа вялікі народ, нас болей на сьвеце як жыдоў i ліцьвінаў, латышоў, эстонцаў, фінаў, швэдаў i інш. А ўсе мы тут беларусы».

Дзейнасьць пасла Альбіна Стаповіча датычыла таксама зваротаў да віленскага куратара па пытаньнях абароны беларускіх школаў, а яшчэ зваротаў да віленскага арцыбіскупа i апостальскага нунцыя ў Варшаве па пытаньні беларускай мовы ў касьцёле.

У абароне правоў нацыянальных меншасьцяў у Рэчы Паспалітай ён бачыў патрэбу збліжэньня з украінцамі i літоўцамі. На зьезьдзе беларуска-ўкраінска-літоўскім 27 лістапада 1929 г. у Вільні казаў: «Нашае стаўленьне да бальшавікоў вядомае. Ня можам быць ix прыхільнікамі перш за ўсё таму, што мы - шчырыя дэмакраты, якія адпрэчваюць кожную дыктатуру, нягледзячы на тое, зь якога крыла паходзіць. Ніхто ня будзе спрачацца, што ў СССР, па сутнасьці, вольнасьці няма. Культурна-асьветніцкая праца таксама скіраваная перш за ўсё на камунізацыю грамадзянаў. I ўсё ж не павінна гэта нам перашкаджаць аб'ектыўна ацэньваць i адрозьніваць рызыкоўныя экспэрымэнты савецкай улады ў галіне народнай культуры».

2 сакавіка 1930 г. на агульным сходзе Беларускага народнага камітэту ў Вільні (сабраліся прадстаўнікі дзесяці беларускіх арганізацыяў) Альбін Стаповіч быў выбраны намесьнікам старшыні.

Роспуск парляманту i расклад новых выбараў у 1930 г. ня былі найлепшым выйсьцем для разрозьненага беларускага руху. Цэнтральная рада Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі на паседжаньні 28 верасьня 1930 г. прыняла рашэньне выставіць ад партыі новых кандыдатаў. Забарона выступіць кандыдатам ад БХД прывяла да таго, што Альбін Стаповіч 5 кастрычніка 1930 г. выйшаў з партыі, не тлумачачы матываў. Адрокся таксама i ад выданьня «Беларускай крыніцы» як органа, што належаў БХД. На разнастайныя закіды пра выкарыстаньне ім партыйнай пасады тлумачыў, што «БХД карыстацца ня думаў i ня думаю».

На выбарах у Сойм у 1930 г. Альбін Стаповіч i Кастусь Юхневіч былі кандыдатамі па Сьвянцянскай выбарчай акрузе ад ліста № 24 Незалежных беларускіх радыкалаў. Тыя выбары прынесьлі паразу ўсім - за выняткам Фабіяна Ярэміча - кандыдатам.

«Модны радыкал» - як называла Альбіна Стаповіча «Беларуская крыніца» - пасьля няўдачы на выбарах зьвязаўся з асяродзьдзем беларускіх народных сацыялістых. Быў супрацоўнікам іхнага органу «Новы шлях». З таго часу находзіць таксама багатая публіцыстыка ў «Przeglądzie wileńskim», зь якім ён супрацоўнічаў да канца жыцьця. На старонках гэтага мясцовага выданьня (выдаўцом быў Людвік Абрамовіч) шмат пісаў пра беларускія праблемы, падпісваючыся Ал. С. альбо С-віч, С-іч. Ягоныя допісы ў «Przegląd» прасякнутыя былi любоўю да роднай зямлі, народу, а таксама клопатам i непакоем за будучыню беларусаў у Польскай дзяржаве. Як «тутэйшы», высьмейваў кракаўскіх вучоных, што разьмяшчалі Вільню над Нёманам, i варшаўскіх журналістых, «якія не адчуваюць этнічнай спэцыфікі Віленшчьшы». Ягоная публіцыстыка, апрача выяўленай пазыцыі аўтара ў прынцыповых пытаннях, дае найперш уяўленьне пра стаўленьне польскіх уладаў да беларусаў, а таксама пра мэнтальнасьць самых беларусаў. У артыкуле «Пасьля сьпісу» («Przegląd wileński», 1932, № 1-2, с. 5-7) пісаў: «Вось у Баранавіцкім павеце камісары сьпісаў з настаўнікаў задавалі каталікам-беларусам пытаньне не пра мацярынскую мову, а пра мову малітвы, добра ведаючы, што тыя моляцца па-польску. У некаторых мясцовасьцях Дзісьненскага павету, нягледзячы на пратэст бацькоў, запісвалі дзяцей школьнага ўзросту да катэгорыі, што карыстаецца роднай польскай мовай, бо тыя дзеці ходзяць у польскія школы. У Віленскім павеце патрабавалі пры сьпісе дакумантаў, якія б пацьвярджалі беларускую нацыянальную прыналежнасьць. У Віленска-Троцкім павеце (...) проста пагражалі рэпрэсіямі за беларускую мову (...). Аўтар гэтых радкоў колькі дзён таму на ўласныя вушы чуў шчырыя выказваньні адной настаўніцы з-пад бальшавіцкай мяжы. З гонарам, годным лепшай справы, хвалілася яна ў вялікай кампаніі, што ўсім беларусам упісала польскую мову як родную».

У артыкуле «Касьцёл асуджае гарнак» пісаў: «Настаў час, каб навукоўцы, прынамсі, калі імі хочуць заставацца, як мага менш апіраліся на вынікі магічных штучак падчас усеагульных сьпісаў i не рабілі з фальшывых фактаў такія ж самыя фальшывыя высновы. Інакш навуковыя канфэрэнцыі няшмат будуць мець агульнага з навукай» («Przegląd wileński», 1932 № 14, с. 4-5).

Тэматыка артыкулаў Альбіна Стаповіча ў «Przeglądzie» была наступная:

  1. у характары справаздачаў пра здарэньні, зьвязаныя з жыцьцём беларусаў у Польшчы,
  2. аналітычныя артыкулы пра Савецкую Беларусь,
  3. артыкулы пра музыку,
  4. рэцэнзаваньне працаў, што закраналі беларускую праблематыку.

У «Przeglądzie wileńskim» (1932, №№ 20, 21, 22) ён зьмяшчае вялікае дасьледаваньне пра беларускую музыку. Пісаў таксама пра беларускія народныя песьні i музычную культуру Вільні.

У стаўленьні да Савецкай Беларусі быў вельмі крытычны, заўважаў скажэньні ў савецкай сыстэме, пісаў пра арышты беларускай інтэлігенцыі ў Менску. Таму няма нічога дзіўнага, што ў камуністычнай брашуры нейкага Баруны пачатку 30-х гг. ягонае прозьвішча было згадана побач «Луцкевічаў, Астроўскіх, ксяндзоў Станкевічаў, Акінчыцаў», якія як «цёмная сіла беларускай буржуазіі, кулакоў, папоў i ксяндзоў, цёмная сіла беларускай контррэвалюцыі аж калоцяцца ад нянавісьці i зьвярынай злосьці да БССР i бальшавікоў». Можна зразумець, чаму брашура Альбіна Стаповіча «Беларусы i дзяржаўная незалежнасьць» была схаваная ў «спэцсховы», а постаць ягоная амаль выкрасьленая з гісторыі.

Памёр ён 18 сьнёжня 1934 г. ад хваробы сэрца. Яшчэ перад сьмерцяй рыхтаваў да выданьня сьпеўнік, які быў выдадзены ў 1935 г. пад назвай «За бацькаўшчыну».

Як інфармавала прэса, на могілках Росса ў Вільні разьвітваўся з Альбінам Стаповічам асірацелы хор з касьцёла сьв. Мікалая, якім Стаповіч шмат гадоў кіраваў.

У адным са сваіх артыкулаў у «Przeglądzie wileńskim» 1934 г. (№ 3-4, с. 3-5) пад назваю «Землеўладальнікі на раздарожжы» Альбін Стаповіч цытаваў Канстанцыю Скірмунт: «Адной з найвялікшых крыўдаў, зробленых нам за стагодзьдзі расейскай няволі, зьяўляецца ўкараненьне ў розумах нашых няпамяці нашых дзеяў - забыцьцё гісторыі. Ня ведаем яе, прынамсі, на разлогах тае вялікае калісьці дзяржавы Ягайлы i Вітаўта - ад Палангі да Адэсы, ігнаруючы ўласнае паходжаньне, дазваляем прыдумляць пра тыя айчынныя землі неверагодныя рэчы».

I што за іронія лёсу! Той, жыцьцёвым крэдам каго было «Беларусь перад усім», быў забыты, таксама як ягоная спадчына i месца апошняга спачыну. Настала пара, каб вярнуць ягоную постаць гісторыі, а месца пахаваньня ўвекавечыць.

Глагоўская Алена

ПРАМОВЫ АЛЬБІНА СТАПОВІЧА У СОЙМЕ

І.

23 лістапада 1928 г.

Высокі Сойме! Пасьля няўдалай прапановы ўрада праектаў падаткавых законаў на адным з паседжаньняў мінулай сэсіі, сёньня мы зьяўляемся сьведкамі новай спробы зацьвердзіць праграмы, якія павінны палепшыць эканамічнае становішча маёмасных клясаў у Польшчы i пагоршыць стан найвялікшай клясы сялянскай.

Хор Беларускага інстытута гаспадаркі i культуры. Вільня, 1929 г.

Няма чаго дзівіцца, што цяперашні ўрад, прадставіўшы цалкам нерэальны бюджэт на наступны год, разумее тыя матэрыяльныя цяжкасьці i таму спрабуе шукаць выйсьця праз зацьверджаньне новых падаткаў, а менавіта - на зямлю, маёмасьць i забудовы. Адначасна зьдзіўляе, што ўрад, шукаючы сродкаў, зьвяртаецца найперш да той часткі насельніцтва, якая з часоў уваскрашэньня незалежнай Польшчы ня можа справіцца зь існуючымі дагэтуль дзяржаўнымі падаткамі i самаабкладаньнем. Маю на ўвазе найбяднейшае, найбольш зьнішчанае ваеннымі дзеяньнямі i найбольш малазямельнае беларускае насельніцтва. Хто ведае, чым i ў якой колькасьці харчуецца беларускі селянін, у што ён апранаецца, той скажа дакладна: калі i можа зайсьці гаворка пра падаткі, дык толькі хіба пра іхнае зьніжэньне, а не падвышэньне, як гэта вынікае з прапанаваных панам міністрам праектаў падаткавых законаў.

З усіх нашых болек, бясспрэчна, найбольш адчувальны якраз гэты падаткавы прэс пана міністра. I наколькі ў нашых грамадзкіх i палітычных пастулятах мы, беларусы, можам дзяліцца на разнастайныя плыні, то ў галіне нашых эканамічных патрабаваньняў пануе нязломная салідарнасьць i глыбокае перакананьне, што беларускі селянін нічога больш даць ня можа. Варта нагадаць, катастрафічнае матэрыяльнае становішча беларускага селяніна ў значнай ступені пагоршыў сёлетні неўраджай на Віленшчыне i Наваградчыне, а таксама прыродная стыхія - град. Нагадаю, дарэчы, што ўсялякія захады беларускіх паслоў перад урадам i соймам пра дапамогу, як звычайна, ня маюць вынікаў.

Пан міністар фінансаў, абгрунтоўваючы праект законаў пра падвышэньне i выроўніваньне памеру падаткаў, у апраўданьне павелічэньня падаткаў для сялянаў, прыводзіць, у прыватнасьці, прырост насельніцтва. На маю думку, акурат гэты фактар выступае супроць высноваў дасканалага ўрадавага праекту. Гэты фактар ня толькі не спрыяў росту прыбытковасьці сялянскіх гаспадарак, але наадварот, павелічаў колькасьць спажыўцоў, скарачаў працоўныя месцы з-за недахопу зямлі i застою ў прамысловасьці. У выніку прыросту насельніцтва сёньня назіраем такую зьяву: на пяці гектарах працуе гаспадар зь пяцьцю дарослымі сынамі. Эміграваць, як у перадваенны час, гэтыя людзі ня могуць. У гарадох заробкаў няма, у хаце голад, жабрацтва i роспач. А тым часам тут над бокам сядзіць магнат зь незьлічонымі абшарамі зямлі, а з другога боку, выразьнік палянізацыі краю - польскі асаднік. Вось асноўныя прычыны, чаму беларускага селяніна польская прэса i грамадзтва так ахвотна любяць хрысьціць мянушкаю дыверсанта.

Нерэальнасьць сёньняшніх падаткавых прапановаў занадта відавочная, каб над імі доўга дыскутаваць. Пераканацца, што беларускі селянін ня можа плаціць большых падаткаў, чым плаціў дагэтуль, можна без парады п. Кэмэрэра, на якога спасылаецца пан міністар. Дастаткова п. міністру паехаць у нашую беларускую вёску, каб пераканацца на свае вочы ў роспачнай беднасьці селяніна. Магчыма, што тады ўрад замест таго, каб класьці новы цяжар на плечы спакутаванага народу, пераняее яго на клясы, што цешацца сёньня дабрабытам, г. зн. на заможныя клясы.

У прапанаваных праектах назіраецца тэндэнцыя да паляпшэньня становішча маёмасных клясаў (напрыклад, скасаваньне прагрэсіі). У той жа час цяжкае становішча селяніна павінна яшчэ болей пагоршыцца.

Улічваючы ўсё гэта, Беларускі пасольскі клюб, ад імя якога я выступаю, будзе галасаваць за адхіленьне праектаў падаткавых законаў у першым чытаньні.


II.

7 лютага 1929 г.

Высокі сход! Ведамства Міністэрства веравызнаньня i народнае адукацыі належыць да найбольш важных для нацыянальных меншасьцяў, бо школа найцясьней зьвязаная з жыцьцём i разьвіцьцём тых нацыянальнасьцяў. Пагэтаму беларускія паслы, як на папярэдніх паседжаньнях Сойму, гэтак i зараз, на мой погляд, карысталіся кожным зручным выпадкам, каб выканаць свой абавязак i дамагчыся школаў на роднай мове ў колькасьці, якая б адпавядала, колькасьці беларусаў.

На адным з паседжаньняў Сойму, калі не памыляюся, вясной мінулага года, пан пасол Акуліч меў ласку адзначыць, што як толькі выступае нейкі беларускі пасол, дык гаворыць пра меншасьць тое самае, што ягоныя папярэднікі. Зь вялікаю радасьцяй сказаў бы ў гэтым месцы пра нейкі прагрэс у беларускім школьніцтве, калі б былі хоць нейкія зьмены. На жаль, аніякіх зьменаў да лепшага няма. Каб ня быць галаслоўным, дазволю сабе прывесьці некалькі лічбаў.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у мінулым годзе было на тэрыторыі Віленскага ваяводзтва беларускіх пачатковых школаў дзяржаўных - 11, прыватных - 3, двумоўных - 18; у Наваградзкім ваяводзтве беларускіх пачатковых дзяржаўных школаў - 10, прыватных - 1, двумоўных - 26, альбо разам на тэрыторыі двух ваяводзтваў сёньня 25 пачатковых школаў беларускіх, а тым часам польскіх пачатковых школаў у гэтых ваяводзтвах 2164. Які ж тут працэнт беларускага насельніцтва? Цяжка спадзявацца, што афіцыйная польская статыстыка будзе дакладнай, але можна дакладна сьцьвердзіць, што яна тэндэнцыйная. Дык вось, нават гэтая польская статыстыка з 30 лістапада 1921 г. сьцьвярджае, што Віленскае i Наваградзкае ваяводзтвы разам маюць 33 працэнты беларускага насельніцтва. Адсюль вынікае, што беларусы з агульнай колькасьці польскіх школаў 2164 павінны мець трэцюю частку, гэта значыць - 821. У той жа час маем 25.

Ваяводзкі школьны аддзел у Вільні на мінулагодняй выставе ў той жа Вільні таксама падаў цікавыя лічбы пра школы на нашых землях. Зыходзячы зь ix, можна сьцьвердзіць, што ў двух згаданых ваяводзтвах на адну польскую школу прыпадае 500-600 чалавек, тады як 1 беларуская школа прыпадае на больш чым 10 000 асобаў.

Мушу яшчэ адзначыць, што афіцыйная статыстыка залічвае да палякаў ня толькі ўсіх беларускіх каталікоў, але нават пэўны працэнт праваслаўных беларусаў. Калі б статыстыка беларускага насельніцтва адпавядала рэчаіснасьці, беларускае школьніцтва паўстала б, несумненна, яшчэ ў больш роспачным стане.

Тыя згаданыя 25 школаў - кропля ў моры. Таксама варта зьвярнуць увагу i на якасьць беларускіх школаў. За невялікімі выняткамі вучаць нашых дзяцей у беларускай школе настаўнікі-палякі, якія недвухсэнсоўна выказваюць перад дзецьмі пагарду да беларускае мовы. Яшчэ горшае становішча ў двумоўных школах. Тут настаўнік-паляк часта ня мае ўяўленьня пра беларушчыну i вучыць па-беларуску хіба толькі граматыку i маляваньне. Паколькі беларускіх школаў не хапае, беларусы вымушаныя (гэта літаральна) пасылаць сваіх дзяцей у польскія школы, дзе вельмі часта няма ніводнага польскага дзіцяці. Трэба папрысутнічаць на уроку ў такой школе, каб адчуць усю небясьпеку становішча. Найперш кідаецца ў вочы неразуменьне настаўнікам мовы, на якой гавораць дзеці, i наадварот. Настаўнік, прысланы з-пад Кракава, увогуле не разумее беларускае мовы, а кляса, асабліва там, дзе жывуць беларусы, не разумее, чаго хоча ад ix настаўнік. Нашто ж тады дзівіцца, што дзіця за некалькі гадоў ня можа навучыцца нават чытаць. Але што значаць патрабаваньні элемэнтарнай пэдагогікі, справядлівасьці i правоў перад патопам ваяўнічага польскага нацыяналізму, ад якога ня можа атрэсьціся нават пасьлятравеньскі ўрад, хоць тэарэтычна i змагаецца зь ім.

Зь сярэдняю школай сытуацыя ня лепшая. Наколькі пасьлятравеньскі ўрад у галіне пачатковых школаў утрымлівае хоць нейкі панылы сурагат беларускай школы, разьлічаны, верагодна, на экспарт, то ў сярэдніх школах выразна відаць імкненьне пана міністра адукацыі да моўнай ліквідацыі таго, што дагэтуль існавала. Вялікімі намаганьнямі беларускага грамадзва былі адчыненыя гімназіі ў Вільні, Радашкавічах, Наваградку i Клецку, Дзеля таго, каб беларуская моладзь не эмігравала за мяжу, каб набыць вышэйшую адукацыю, нададзена Віленскай гімназіі права галоснасьці, але гімназія ў Радашкавічах ператвораная ў пачатковую школу, інакш кажучы, закрылі яе пад пратэктам нізкага ўзроўню навучаньня. Здавалася б, што можа быць прасьцей, як уратаваць школу, даўшы ёй адпаведныя настаўніцкія кадры. Аднак школьныя ўлады бачаць выпраўленьне становішча адно толькi ў ліквідацыі школьніцтва. Ня надта добрая сытуацыя i ў Віленскай гімназіі. Там пад выглядам барацьбы з палітыкай у школе заігрываюць з уладамі акурат тыя беларускія элемэнты, якія калісьці ўвялі палітыку ў школу i якія сёньня прадстаўляюць ужо іншыя палітычныя плыні, выклікаючы сярод моладзі зразумелыя хваляваньні i авантуры. Дайшло да таго, што дырэкцыя гімназіі паводле ўзгадненьня з ваяводзкім аддзелам асьветы выклікала ў будынак школы паліцыю; было арыштавана некалькі вучняў, пасьля чаго ix выключылі, ламаючы такім чынам іхную жыцьцёвую карьеру.

Ня лепшыя ўмовы i ў Клецкай гімназіі. Там з дня на дзень чакаюць, калі ўлады знойдуць прычыну дзеля закрыцьця.

Пра беларускае школьніцтва польская прэса, асабліва эндэцкая, а таксама большая частка польскага грамадзтва стараюцца навязаць думку, нібыта беларускі народ не жадае сабе роднай школы, а прагне польскай. Падобныя меркаваньні можна неаднойчы пачуць ад польскіх настаўнікаў i школьных уладаў. На шчасьце, гэта ня так. Беларускі народ насуперак фальшывым меркаваньням нашых палітычных праціўнікаў катэгарычна дамагаецца роднай школы, нягледзячы на розныя фармальныя перашкоды i на адміністрацыйны тэрор. Яшчэ ў 1926 г. паступіла заява на 412 беларускіх школаў. У апошнія гады колькасьць падобных дэклярацый значна павялічылася. Як i трэба было прадбачыць, урад ніводнай заявы не прыняў у разьлік. Вось найболей тыповы прыклад, як польскія ўлады апякуюцца беларускай школай. Захады беларускай грамадзкасьці пра адкрыцьцё настаўніцкай сэмінарыі таксама скончыліся нічым. Два гады таму Інстытут беларускай гаспадаркі i культуры прыкладаў намаганьні, каб адчыніць настаўніцкую сэмінарыю ў Вільні. Віленскі ваяводзкі аддзел асьветы, праўда, не пярэчыў таму, але было адмоўлена ва ўсялякай матэрыяльнай падтрымцы, што для беларусаў раўназначна поўнай забароне.

Каб яшчэ больш падкрэсьліць гэты варты жалю стан беларускай школы ў межах Польскай дзяржавы, павінен дзеля параўнаньня кінуць вокам на беларускія школы ў Беларусі. савецкай. Гэта можа не спадабацца, але дзеля аналёгіі мушу зрабіць. Разумею, што, даючы такое параўнаньне, выклікаю на сябе закід у захапленьні савецкім ладам. Каб пазьбегнуць ненаразуменьняў, хачу адзначыць, што я вельмі далёкі ад услаўленьня камуністычнага ладу, хутчэй наадварот, наш клюб, як i я асабіста, стоячы на дэмакратычным грунце, ня можа прызнаваць аніякай дыктатуры, незалежна ад таго, адкуль яна находзіць - справа ці зьлева. Мы, беларусы, ня лічым камуністычныя экспэрымэнты рэальнымі i патрэбнымі i ставімся да ix негатыўна.

Усё гэта, аднак, не перашкаджае нам глядзець на рэчы цьвяроза i аб'ектыўна. Менавіта адрозьніць рызыкоўныя i безнадзейныя бальшавіцкія спробы ад творчай працы ля падмурка нацыянальнай культуры. I таму варта сьцьвердзіць, што бальшавікі, даючы школу на той мове, якая існуе на гэтай тэрыторыі, фактычна вырашылі нацыянальную праблему. I не дапамогуць тут ніякія аргуманты супраць нацыянальнай палітыкі ў Саветах. У наяўнасьці факт, што на савецкай Беларусі адчынена мноства сярэдніх школаў, унівэрсытэт, сельскагаспадарчая акадэмія i ўрэшце, ужо ў гэтым годзе, акадэмія мастацтваў у Менску. Абвяргаць згаданыя факты - марнаваньне часу. Гавораць яны самыя за сябе, i таму пра гэта больш гаварыць ня буду.

Далей мушу зьвярнуцца да касьцельнага жыцьця на нашых землях. Ня буду спыняцца, як пан Грабскі праз канкардат кінуў беларусаў на здабычу шавіністычнаму польскаму клеру. Прывяду толькі адзін, але вельмі характэрны выпадак, які сьведчыць, што ня толькі школа палянізуе беларусаў, але й дапамагае ёй у тым нястомнае эндэцкае сьвятарства. 11 сьнежня мінулага года арцыбіскуп Ялбжыкоўскі ў Вільні зачытаў цыркуляр, які забараняе каталіком належаць да партыі Беларускіх хрысьціянаў-дэмакратаў (голас зь месца - Бо гэта камуністыя!), а таксама чытаць выданьне гэтай партыі «Беларускую крыніцу». Арцыбіскуп матывуе сваё распараджэньне тым, што праграма Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі мае памылкі рэлігійнага індыфэрантызму i бальшавізму. Выносячы прысуд, арцыбіскуп не прыводзіць аніякіх фактаў. З гэтага вынікае, што пункт праграмы, які гаворыць пра экспрапрыяцыю вялікіх абшараў зямлі бяз выплатаў, ён лічыць бальшавізмам, а прыём у партыю праваслаўных - за рэлігійны індыфэрантызм. У апошні час абвінавачваньні ў камунізьме сталі неабходнымі найперш людзям, якія ня маюць аніякіх аргумантаў, каб падмацаваць свае сьцьверджаньні, альбо проста хочуць падражніць апанэнта. Так сталася i тут. Арцыбіскупа абыходзіць звычайнае стрымліваньне разьвіцьця беларускага руху, паколькі ён сам - ваяўнічы польскі нацыяналісты. У дакучаньні i дражненьні беларусаў ён, відаць, пераўзыходзіць i пана Мяйштовіча, былога міністра.

Цыркуляр арцыбіскупа Ялбжьпсоўскага няслушны i з гледжаньня кананічнага права. Мог бы тут прывесьці некаторыя пункты кананічнага права, аднак у мяне абмежаваны час, i таму ня буду гэтага рабіць.

Ксёндз Дроніч, убачыўшы прысутнага ў касьцёле чытача беларускай «Крыніцы», загадаў без цырымоній вывесьці яго з касьцёлу. (Голас: «Нельга чытаць газэтаў у касьцёле!)

Варта адзначыць, што акцыя арцыбіскупа Ялбжыкоўскага супраць беларусаў не выяўляецца адно толькі ў форме тэрарызаваньня беларусаў згаданым цыркулярам. Яшчэ раней арцыбіскуп Ялбжыкоўскі праславіўся забаронаю беларускай мовы ў дадатковых набажэнствах i казаньнях. Гэтаксама ўлюбёны спосаб ягонай барацьбы зь беларушчынай у касьцёле - выдаленьне ксяндзоў-беларусаў зь беларускіх парафіяў i ссылка ix у польскія i нават за мяжу. На месца выправаджанага беларуса становіцца, натуральна, паляк-нацыяналісты, з выключна эндэцкім палітычным крэда.

Вось так выглядаюць школьныя i касьцельныя справы на беларускіх землях.

Эндэцкая плынь грамадзтва i ейная прэса сьцьвярджаюць, што ўрад маршалка Пілсудзкага выразна падтрымлівае памкненьяі нацыянальных меншасьцяў у Польшчы. Прыведзеныя факты пераканаўча пярэчаць гэтаму. Наадварот, паездка арцыбіскупа Ялбжыкоўскага ў Варшаву перад абвешчаньнем таго знакамітага біскупскага цыркуляра ня можа ня выклікаць здагадкі, што гэта ня проста зьбег абставінаў, а палітычнае супрацоўніцтва клеру зь некаторымі дасьведчанымі пэрсонамі. Таму шырокія масы беларускага народа слушна альбо не, але не адрозьніваюць міністэрскіх ці старасьцянскіх загадаў ад біскупскіх дэкрэтаў. Так як эндэцыя ўсё, што беларускае, лічыць камуністычным, так беларускія масы ўсё, што польскае, лічаць за панскае, а значыць чужое i неспрыяльнае для сябе. У пэўнай ступені вінаваты ў тым урад, а пан міністар веравызнаньня i народнай асьветы асабліва.

Беларусы маюць шмат патрэбаў. Ня буду тут гаварыць пра зямельную рэформу, ня буду гаварыць пра вялікія падаткі для зьбяднелага насельніцтва. Гаворыцца тут пра гэта часта, зрэшты, гэта больш цяжкія для вырашэньня праблемы. Галоўная ж. наша болька - вырашэньне школьнага пытаньня, лічыцца намі справаю першапачатнай важнасцьі i лёгкай для рэалізацыі. Не сумняваюся ні на хвіліну, што, дамагаючыся тут адкрыцьця сотняў беларускіх школаў, выяўляю прагненьне ўсяго нашага народа.

Адважваюся сьцьвярджаць, што, пакуль сетка польскіх школаў, якая пакрывае беларускую зямлю, ня будзе замененая на беларускую, пакуль польскае сьвятарства будзе праводзіць шкодную падбухторніцкую супраць беларусаў палітыку, пакуль школа i касьцёл будуць i надалей зброяй палянізацыі, датуль ня можа быць мовы пра згоднае суіснаваньне двух народаў, датуль ня можа быць мовы пра нейкае беларуска-польскае збліжэньне i датуль мы, беларускія паслы, будзем галасаваць супраць бюджэту.


III.

8 лютага 1930 г.

Высокі Сойме! Паколькі для выступленьня маю толькі некалькі хвілінаў, дык ня маю магчымасьці ўнікаць ва ўвесь аб'ём праблемаў, зьвязаных зь Міністэрствам унутраных справаў. Абмяжуюся таму агульнымі заўвагамі, найбольш прынцыповымі.

Зь сяголетняга павелічэньня бюджэту Міністэрствам унутраных справаў заслугоўвае ўвагі найперш пазыцыя пра выдаткі на службу бясьпекі. Назіраем тут павелічэньне выдаткаў амаль на 10 мільёнаў злотых у параўнаньні зь мінулым годам.

Сёньня, калі i навука разам з грамадзкаю думкай асуджае грамадзкі лад паліцэйскага кшталту, асаблівы клопат урада пра паліцыю ў час, калі зьбядненьне насельніцтва стала зьяваю ўсеагульнай, па меншай меры, зьдзіўляе.

Колькі гадоў ужо з гэтай трыбуны гаворыцца пра лішак паліцыі, гаворьщца часта пра скарачэньне ня толькі ў мэтах ашчаднасьці, але перадусім з мэтаю вынятку з грамадзкага жыцьця залішняй паліцэйскай апекі, тым больш што яна звычайна перавышае свае паўнамоцтвы. На жаль, гэтыя пажаданьні прыносяць адваротны вынік, бо бачым сёньня павелічэньне выдаткаў на службу бясьпекі, якая ў нас на беларускіх землях ёсьць, хутчэй, небясьпекай. Вынікам залішку паліцыі i ейнай палітычнай арыентацыі ёсьць тое, што ніжэйшыя функцыянэры паліцыі, каб задаволіць патрабаваньні сваіх начальнікаў, а таксама, каб даказаць, што не дарма ядуць хлеб, шукаюць палітычных злачынстваў i адміністрацыйных злоўжываньняў там, дзе ix няма. I таму назіраюцца візыты паліцыі амаль у кожную вясковую чату. Ня ведаю іншай зьявы ў жыцьці вёскі, якая магла б выклікаць такую агіду ў жыцьці спакойных абываталяў, як гэтае ўмяшаньне паліцыі ўжо нават у прыватнае жыцьцё. Бяда таму гаспадару, які падпісаўся альбо чытае беларускія газэты. Запішуць яго ў сьпіс нядобранадзейных грамадзянаў, а ў вьніку можа быць выкліканы ў паліцэйскі пастарунак i там нават пабіты. Хто хоча ў тым пераканацца, хай, вядома, не шукае сьведкаў-відавочцаў. Паліцыя не такая наіўная, каб на свае жудасныя экзэкуцыі запрашаць асыстэнтаў з асяродзьдзя жыхароў вёскі. Дастаткова наведаць любую вёску, каб пачуць агульную жахлівую скаргу, зьвернутую па помсту да неба, што польская паліцыя катуе беларусаў.

За што б'юць? Гэта залежыць ад настрою каманданта гэтага пастарунку. Часам за тое, што пакліканы падазраваецца ў нядобранадзейнасьці, а, напрыклад, спакойнага грамадзяніна Міхася Мароза скатавалі на пастарунку ў Наваельні (Наваградзкае ваяводзтва) толькі за тое, што хацеў заснаваць легальную пачатковую беларускую школу.

Вось так працуе ў нас паліцыя. Не спыняюся ўжо на тым надзвычайным замілаваньні паліцыі да пісаньня пратаколаў за ненавязанага сабаку, за непабеленую хату ды г. д.

У бюджэтным каштарысе бачым таксама падвышку амаль на 4 мільёны на матэрыяльнае забесьпячэньне ваяводаў i старастаў. Калі ўлічыць, што львіную долю свайго матэрыяльнага забесьпячэньня старасты бяруць з самакіраваньня, то i гэтая падвышка, на маю думку, ня мае апраўданьня.

Гаворачы пра павятовых старастаў, нельга абмінуць іхную ролю ў жыцьці гэтак званага самакіраваньня. Сапраўдная праблема беларускай вёскі - самавольле старастаў у зацьверджаньні выбараў войта ці солтыса. Узьнік у нас цікавы тып прафэсійнага войта, які, зьяўляючыся чужым нам паводле нацыянальнага паходжаньня i духу, становіцца на чале гміны паводле прызначэньня, каб быць сьляпою зброяй у руках старасты на шкоду інтарэсам вёскі.

Мы, паслы-беларусы, ня можам класьці на плечы прысутнага пана міністра ўнутраных справаў адказнасьць за сумную спадчыну пана міністра Складкоўскага. Будзем затое чакаць i дамагацца ад пана міністра Юзэўскага ліквідацыі ўсіх злоўжываньняў i бяспраўнасьці, што характарызуюць пэрыяд кіраўніцтва былога міністра ўнутраных справаў.

Пераклала з польскае мовы Галіна ТЫЧКА.

БЕЛАРУСЫ, ДЗЯРЖАЎНАСЬЦЬ, НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ

Альбін СТАПОВІЧ

«Першай неабходнай умовай нармальнага разьвіцьця кожнага самасьвядомага народу мае быць утварэньне ўласнай дзяржавы, i гэта мусім уважаць за аксіёму ў вывучэньні сутнасьці народу, духу народу, у вывучэньні разьвіцьця духу Зямлі».
(Ст. Маеўскі «Дух сярод матэр'і»)

Прайшло ўжо нямала часу, калі Беларускі Народ, у асобах прадстаўнікоў на зьезьдзе ў Менску, прыступіў да зрэалізаваньня найважнейшай формы грамадзкага жыцьця - дзяржаўнай незалежнасьці.

У месяцы сьнежні 1917 году зьехаліся прадстаўнікі народу з усіх куткоў нашай бацькаўшчыны, каб сказаць перад усім сьветам: Жыве Беларускі Народ i бярэ лёс свой у свае рукі! I хоць гэты зьезд быў маскоўскімі камуністамі сілай разагнаны, то, аднак, орган зьезду - Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, уначы з 24 на 25 сакавіка 1918 году, апіраючыся на прынцып самавызначэньня народаў, аб'явіла Беларусь Незалежнай Народнай Рэспублікай.

Праўда, акт гістарычны абвешчаньня Незалежнасьці Беларусі, дзякуючы перамозе сільнейшых, ня быў праведзены ў жыцьцё, то ж, аднак, значэньне яго ў жыцьці нашага народу, безумоўна, велізарнае. Рада Беларускай Рэспублікі, наказваючы правільны шлях жыцьця народу - навязала лучнасьць з нашай слаўнай мінуўшчынай i гэтым самым аднавіла ў душы лепшых сыноў народу ідэал, аб якім раней, у часы жорсткага царызму, трудна было i думаць. Акт Менскі ўліў у душы Народу веру ў свае бясконцыя i ўкрытыя сілы. А гэта ў існаваньні народу, як i адзінкі, адыгрывае вагромністую ролю. Незалежніцкае сьвяткаваньне павінна мець сабе за мэту, такім чынам, ня толькі штогоднія традыцыйныя зборкі знаёмых i гасьцей, але павінна быць перадусім сымбалем выяўленьня народнай волі да самастойнага жыцьця, а такжа ўмацненьнем сьведамасьці i веры ў свае сілы.

Як твор малярскага мастацтва трудна бывае разгледзець зблізка, калі абраз мае вялікі разьмер, так i важный гістарычныя падзеі вымагаюць немалога адступу часу, каб стварылася магчымасьць тыя падзеі правільна ацаніць. Хоць не пражылі мы час так доўгі, каб у акце Менскім загледзець яго поўнае значэньне i скуткі, то, аднак, гэтага часу хапае, каб сьцьвердзіць рашуча, што абвешчаньне Незалежнасьці Беларусі, хоць грамадзянства наша i не знайшло надгатаваным, было неабходным i правільным ходам павадыроў народу.

Як хады рэвалюцыі, так i першыя хады жыцьця нашага ў новых абставінах я бы назваў пэрыядам веры ў згоднае сужыцьцё народаў у супольных дзяржаўных граніцах. Быў гэта пэрыяд нейкага асаблівага палітычнага рамантызму, які тварыў ілюзію, быццам народы, нядаўна ўцісканыя, ня могуць уціскаць іншых, быццам народы, якія нядаўна былі гвалтам асыміляваныя i непрызнаваныя - ня будуць таго самага ў новых абставінах тасаваць да слабейшых народаў. Гэту шкодную ілюзію трэба паставіць як адну з прычынаў незрэалізаваньня беларускай незалежніцкай думкі.

Пройдзены пасьляваенны шлях нашага народу, асабліва тут над Польшчай, наказаў, як непрактычным бывае ў палітыцы сэнтымэнталізм i вера на слова. Пацьвердзілася, што ня маюць у палітыцы сілы нават розныя дагаворы i трактаты, калі яны не загварантаваны фізычным прымусам да выкананья яго або калі гэта гварантыя няпоўная.

Маю тут на думцы жыцьцё палітычнае Беларусаў пад Польшчай i аб гэтым скажу па магчымасьці коратка, стараючыся не рызыкаваць адыходам ад галоўнай тэмы.

Быў час, калі Польскі народ ня толькі спачуваў беларускаму адраджэньню, але памагаў нам у тэй ці іншай форме. Калі адбылася ў 1910 г. першая публічная беларуская вечарына (спэктакль з канцэртным аддзелам) у калішнім «Палескім кружку» ў Вільні - то, як мне здаецца, добрую палавіну перапоўненай залі станавіла найэлегантнейшая польская публіка. Паляк Рагоўскі быў адным з арганізатараў спэктаклю-канцэрту. Вечар гэты зрабіў незацертае ўражаньне на ўсіх прысутных. «Кур'ер Літэўскі» на другі дзень зьмясьціў справаздачу, не находзячы слоў энтузыязму для гэтай, можна сказаць, першай спробы беларуска-польскай сялянкі. I няма дзіва. Нягледзячы на клясавую i нацыянальную розьніцу, лучыла нас калісьці супольная цяжкая доля.

Але вось у той час, як беларускі акт дзяржаўнай незалежнасці астаўся мёртвай літарай i ідэалам толькі, Польшчы суджана было ў завірусе крывавых падзеяў здабыць у межы сваёй дзяржавы ня толькі свае этнаграфічныя землі, але такжа i землі з насельніцтвам няпольскім. Рыскі трактат парэзаў наш Народ на тры часткі, i з таго дня думка аб умацаваньні становішча Польшчы ў Эўропе дарогай экстэрмінацыі непалякаў - сталася часта адкрытай палітычнай праграмай большасці польскага арганізаванага грамадзянства i ўрадаў. Аптымістычная частка беларускіх інтэлігентаў ня легка i не адразу расставалася з даўнейшым сэнтымэнтам да Варшавы, аж у канцы канцоў, убачыўшы ясна, куды кіруецца ліквідацыя беларускага школьніцтва, куды вядзе ліквідацыя палітычных партыяў i прэсы, зьняверылася аканчальна ў шчырасьці палітыкі адносна Беларусаў.

Маёвы пераварот, праўда, кінуў прамень веры, што прыйдзе канец палянізацыі, што Беларусы атрымаюць тое, што было абяцана марш. Пілсудзкім, а перадусім будуць споўнены элемэнтарныя вымаганьні нацыянальнага жыцьця нашага народу. Але пазьнейшыя выпадкі, напрыклад, зьезды ў Нясьвіжы i Дзікаве навялі на думку, што нічога добрага ў сэнсе як нацыянальных, так i клясавых вымогаў Беларусы ад «санацыі» не дачакаюцца. Так яно i сталася.

Паколькі ўлады эндэцкія ў Польшчы не скрывалі сваёй экстрэмінацыйнай палітыкі адносна нацыянальных меншасьцяў, патолькі ўрад цяперашні тэарэтычна разьвіцьцю нашаму не перашкаджае. Затое ў практыцы прыпісвае нам хворы нацыяналізм, раўняючы нас з польскімі эндэкамі i пад відам змаганьня з нацыяналізмам, ці камунізмам, ліквідуецца тое, што было створана незвычайнымі высілкамі грамадзянства. Робіцца гэта ўсё - дадаць трэба - бясплянава, хаатычна.

У сучаснай дзяржаве адным з найважнейшых дзейнікаў ёсьць народ або народы ці, прасьцей кажучы, насельніцтва, якое ў адносінах да дзяржавы выступае ў 2-х ролях: раз як група, каторая кіруе, i другі раз, як трупа, каторай кіруюць. Гэта двайная роля грамадзян сільна зазначана ў ведамым палітычным творы Русо «Грамадзкая ўмова», у якім аўтар кажа, што ў вольнай дзяржаве кожны ёсьць, з аднаго боку, грамадзянін (citoyen), з другога боку - падданы (sujet). Вось жа найбольш характэрнай рысай цяперашняй польскай дзяржавы ёсьць тое, што ў той двайной ролі выступаюць толькі Палякі. Беларусы фігуруюць толькі як падданыя, якія ўдзелу ў уладзе не прымаюць, калі не лічыць удзелу ў уладзе ўставадаўчай (Сойм i Сэнат), куды Беларусы могуць папасьці бяз згоды ўлады выканаўчай. Ня дзіва, што ў выніку такой палітыкі нявера Беларусаў у справядлівасьць i правапарадкавасьць польскіх урадаў у апошнія часы дапяла свайго кульмінацыйнага пункту.

Праўда, знаходзяцца часамі адзінкі сярод беларускіх інтэлігентаў, якія шчыра ці няшчыра бяруцца да спробаў супрацоўніцтва i згоднага сужыцьця ў інтарэсах польскай палітыкі. Практыка, аднак, паказала, што экспэрымэнты з палянафіламі ў Польшчы не жыцьцёвыя, бо робяцца яны ўрадам як проціўвага нацыянальнаму фронту. Палянафілы Беларусы нічога дзеля гэтага Беларусам не далі, апрача разьбіваньня нацыянальнай еднасьці, да чаго яны былі пастаўлены i да чаго ставяцца цяпер.

Гэты кароценькі агляд нашага жыцьця палітычнага я даў ня дзеля таго, каб на кагось абурацца ці дзівіцца. Я хацеў толькі паказаць як штодзённая цьвёрдая i рэальная сапраўднасьць топча ўсялякую гуманітарнасьць i права, калі гэтага вымагае закон разьвіцьця, абапёрты на змаганьне за быт. Ня што іншае, як гэты самы закон, прымушае кожны народ здабываць сабе палітычную незалежнасьць, бо толькі яна можа стварыць натуральныя ўмовы нацыянальнага, культурнага i палітычнага разьвіцьця.

I што б ні гаварылі аб магчымай вольнасьці народу без палітычнай для яго незалежнасьці, усё ж такі яна ня будзе такой поўнай, як гэта бачым у запраўды незалежнага народу ў рамках сваёй дзяржаўнасьці.

Калі гаварыць аб палітычнай Незалежнасьці беларускага народу, то, безумоўна, мы мусім спаткацца з закідам, што Беларусы ў сучасны момант ня могуць дамагацца самастойнасьці нараўне зь іншымі народамі, бо ня маюць патрэбных сілаў пакіраваньня скамплікаваным дзяржаўным апаратам.

Закід гэты можна пачуць ня толькі ад людзей непрыхільных ідэі незалежнасьці Беларусі. Нярэдка чуецца гэта ад найлепшых беларускіх патрыётаў. Ня можна сказаць, каб такі закід быў пазбаўлены некаторай праўдзівасьці. Ніхто ня будзе спрачацца з тым, што Беларусы маюць цяпер замала інтэлігентных сілаў, але чалавеку, які, не задаючыся акадэміцкімі разважаньнямі, прыглядаўся беспасрэдна ў жыцьцё народаў паўстаўшых на руіне царызму, - такі аргумэнт пакажацца за слабы. Ня можна гаварыць, каб народы літоўскі, латыскі ці іншыя мелі поўную падгатоўку да дзяржаўнага жыцьця ў момант абвешчаньня ix незалежнасьці, аднак бачым, што ў жыцьці палітычным i эканамічным гэтыя дзяржавы выявілі вялікую жывучасьць ня горш ад народаў, якія ўжо мелі i сільнейшую традыцыю дзяржаўнасьці, i надпрадукцыю інтэлігенцыі.

А ўрэшце, у найгоршым выпадку, ці ж ёсьць неабходнасьць, каб нават на адказных становішчах дзяржаўных стаялі ўсе людзі тэй толькі нацыі, зь якой складаюцца вясковыя масы данай дзяржавы? Калі народамі маглі кіраваць каралі-чужаземцы без урону для данай нацыі і яе рэлігіі, то тым больш маглі б у пэўнай меры займаць становішчы людзі з нэўтральнымі адносінамі да нашых нацыянальных ідэалаў.

Закіды, якія часта спатыкаюцца проціў беларускай дзяржаўнасьці, найчасьцей апіраюцца на нязнаньні гісторыі нашага краю i народу. I няма дзіва. Цяпер, як і за часоў царызму, на лавах школьных вучацца гісторыі, якая перадусім зводзіцца да пэрсанальных пераменаў пануючых i выхваляньня гэтых пануючых. Амаль кожнае беларускае дзіця цяпер ведае, прыкладам, легенду аб Пясьце ці Кракусе, але ў якой мове гаварыў Ягайла на Кракаўскім двары і ці ён, калі гаварыў па-польску, які і як жыў у той час народ на нашых землях, аб гэтым даведацца з школьных падручнікаў не прыходзіцца, а калі што i напаткаецца, то найчасьцей у асьвятленьні туманным i тэндэнцыйным.

Кажуць нам часта: ніколі беларуская дзяржава не існавала, але забываюцца, ня ведаюць або ня хочуць ведаць нашы праціўнікі, што народ беларускі прадстаўляў сабой моцную дзяржаву з той часьці Русі, якая была прылучана да Княства Літоўскага не заваяваньнем, а дзякуючы дабравольным дагаворам і жаньбе літоўскіх князёў з прадстаўніцамі выгасаўшых родаў беларускіх. А яшчэ раней, да злучэньня зь Літоўцамі ў адно супольнае княства - дзяржаўнасьць нашых продкаў выразілася ў княжаньнях: Смаленскім - на Дняпры, Полацка-Віцебскім - на Дзьвіне і верхнім Нёмане і Тураўска-Пінскім - на Прыпяці. Дзяржаўная самастойнасьць, такім чынам, глыбока і даўно заложана ў псыхіцы нашага народу і апіраецца на моцных падставах гістарычных, лінгвістычных і этнаграфічных. Імкненьне да свабоднага дэмакратычнага ўстройства і незалежнасьці зьяўляецца галоўнай рысай нашай мінуўшчыны, і гэта рыса не зацёрлася, нягледзячы на векавую няволю беларускага народу. Вось чаму і з пункту гледжаньня гістарычнага, імкненьне да незалежнай дзяржаўнасьці Беларусі - цалкам апраўдваецца.

Адзін з нашых вучоных, праф. Доўнар-Запольскі, сваю працу аб асновах беларускай дзяржаўнасьці канчае такімі словамі: «Народ, ня згубіўшы сваёй самастойнасьці ў працягу многіх вякоў, пры вельмі дрэнных абставінах свайго гістарычнага жьщьця, у абставінах нацыянальнага змаганьня або ўціску з боку ўраду сільнай на ўвесь сьвет дзяржавы (Расея), народ, які ў працягу вякоў карыстаў зь дзяржаўнай самастойнасьці, маючай сваю, вырабленую вякамі культуру і літэратуру, сваю этнаграфічную і языковую асаблівасьць, - мае ўсе правы на дзяржаўную самастойнасьць. I гэта права тым больш па справядлівасьці можа быць падтрымана, калі ўваскрасаюць і прызываюцца да новага жыцьця іншыя нацыянальнасьці, самастойны быт якіх ня быў вельмі доўгім і вельмі адасобленым. Ясна, паўстае тут пытаньне аб умовах i формах дзяржаўнай самастойнасьці: справа тут аб выбарцы між ізаляванай самастойнасьцю i фэдэрацыей са сродненымі суседзямі. Гістарычны народ не павінен заўчасу выражаць гэта пытаньне i ня можа даць поўных указак. Ен дасьць толькі адзін вывад, падыктаваны сілай варункаў: гістарычны, жыцьцяздольны народ склонны да змаганьня, да абароны сваіх правоў, а знача склонны да парушэньня дзяржаўнага супакою да тэй пары, пакуль ня будуць заспакоены яго правы i дамаганьні, якія выражаюцца ў забеспячэньні правоў на нацыянальнае істнаваньне».

Якім жа шляхам могуць Беларусы імкнуцца да свайго ідэалу? Ці гэта склоннасьць да парушэньня супакою, аб якой успамінае праф. ДоўнарЗапольскі, мае значыць, што пакаленьні павінны ўзгадоўвацца на рэвалюцыйных ідэалах? Мне здаецца, што праф. Доўнар-Запольскі, пішучы вышэй прыведзенае, ня меў на думцы рэвалюцыйнае змаганьне. Кожны незадаволены - склонны зьмяняць існуючы парадак датуль, пакуль існуе прычына гэтага незадаволеньня. Але апраўданьнем да рэвалюцыі ёсьць на гэта склоннасьць, толькі пэўнасьць у яе добрыя вынікі. Кожная рэвалюцыя ці паўстаньне толькі тады мае рацыю быту, калі канчаецца перамогай рэвалюцыі. Ня лішнім будзе заўважыць, што далека не заўсёды народ здабывае дзяржаўную незалежнасьць рэвалюцыйнай дарогай. Паўстаньне новых дзяржаваў на паваеннай карце Эўропы пераконвае, як не заўсёды творацца новыя дзяржаўныя арганізмы пры помачы арганізаванай загадзя рэвалюцыі. Наадварот, гісторыя паўстаньняў польскіх зьяўляецца вельмі павучальным прыкладам, што арганізаванасьць народу, адпаведны ход падзеяў i дыпляматычная ігра - маюць большае значэньне на тварэньне лёсаў народаў, чымся няўдалыя спробы аружных выступленьняў, вызваныя часта ў інтарэсах трэціх асоб. Вось чаму, на мой погляд, Беларусы ў змаганьні за свае ідэалы, пры цяперашніх варунках, праяўляць сваю фізычную сілу ня могуць, хоць такія тэндэнцыі нам нашыя праціўнікі ахвотна любяць прыпісваць.

Незалежна ад таго, якімі дарогамі мы будзем ісьці да выбранай мэты - мэты самастойнасьці, - усё адно спаткаемся з закідам, што змагаемся за ідэалы нам далёкія, а тымчасам карысьней было б задавольніцца меншым, больш рэальным, прыкладам, аўтаноміяй таго ці іншага тыпу.

Як жа Беларусы павінны заглядацца на той, калі так можна сказаць, палітычны мінімум, які выяўляецца ў так званых «малых рэальных здабытках»?

Цікавы i безумоўна слушны адказ дае на такое пытаньне вядомы ўкраінскі палітычны пісьменьнік i мысьліцель Дмытро Данцоў у адносінах да ўкраінскага народу. У сваім ня вельмі даўно выйшаўшым у сьвет творы пад загалоўкам «Нацыяналізм» спатыкаем такія словы: «Малыя рэальныя здабыткі не варожы вялікім, калі йдуць у духу i па лініі апошніх. Малыя здабыткі, што губляюць з вока канчальную мэту, толькі зьбіваюць нацыю зь яе шляху. Калі «рэальныя здабыткі» рэклямуюцца як проціўвага ідэалу, як апошні шчабель, калі навучаюць масы здаволівацца малым, калі адбіваюць веру ў магчымасьць дасягненьня ідэалу, забіваюць волю ісьці да яго, - яны зьяўляюцца шкоднымі. «Малыя рэальныя здабыткі» - гэта атрута для народу. Калi такія клічы, як «добрая пажыва i адпачынак пасьля працы», «малы кусок чорнага хлеба», «даволі сытнае i шчасьлівае жыцьцё», высоўваюцца як самацэль, то такія здабыткі сьмяротньх для нацыі...

...Няма небясьпекі, што ўсё абдымаючая «далёкая» ідэя адверне нас ад змаганьня за рэальныя здабыткі, толькі што змаганьне за гэтыя здабыткі аддаляе народ ад думкі пра далёкую ідэю, сьпіхваючы яго паволі да ролі племя».

Далей Данцоу піша так:

«Таксама як нейкі «конвульсыйны» рух, не натхнёны вялікай ідэяй, бясплодны, так i вялікая ідэя бясплодна, калі не апіраецца на сваім нацыянальным патосе. Без ідэалу ня можа жыць нацыя, у якім бы гарэў запал i надзея народу, які стаяў бы над усім дачасным, ня знаў бы ніякага «чаму». Але такім ідэалам можа быць толькі ідэал, што «зьяўляецца верным адбіцьцём падсьведамай волі да ўласнаўладзтва той нацыі, што чэрпае свой зьмест ня з клічаў, адарваных дактрынаў, а з цэласьці ўласных патрэб народу, зь яго геаграфічнага палажэньня ў сьвеце, яго мінулага, традыцыі, гісторыі i псыхікі».

Хоць зь іншых старонак кніжкі Данцова вее макіявелізмам i не зусім здаровым нацыяналізмам, то, аднак, з прыведзенымі вышэй словамі ня можна не згадзіцца i прытасаваць ix такжа i да беларускага народу.

Сёньня ідэал незалежнасьці павінен перадусім узгадаваць нашы новыя пакаленьні ў новым духу - у духу пачуцьця сваей чалавечай i нацыянальнай годнасьці. Ідэал гэты можа i павінен сьцёрці з душы нашага Народу сьляды нявольніцтва раней, чым гэты ідэал зьдзейсьніцца. Ідэал гэты павінен быць для нас яскравым, выключным i ўсёабымаючым. У ім крыюцца i нашы мінімальныя здабыткі i наша найдалейшая мэта. Трэба толькі ясна, цьвёрда ўявіць сабе гэту мэту. А ўявіць яе можна толькі глыбокай верай у скрытую магутнасьць нашага народу, у часткова сьнячыя сілы нашай сярмяжнай вёскі, якія можна пабудзіць i ўскорыць дзень дасягненьня мэты не містычнымі, туманнымі тэорыямі, не сьлязьмі i стагнаньнямі, але вывядзеньнем народу на цьвёрды гасьцінец поўнага ўсьведамленьня, які вядзе да праўдзівай вольнасьці - дзяржаўнай незалежнасьці.

Але для гэтага патрэбна ня толькі праца сярод гушчаў народных. Патрэбна такжа праца над праўдзівым аздараўленьнем атмасфэры i сярод нашай, штучна разарванай, інтэлігенцыі. Інтэлігенцыя наша перадусім павінна паказаць, што ўжо сьцёрла з сваёй душы тыя сьляды нявольніцтва i ня можа больш па лёкайску схіляць галаву перад сільнымі гэтага сьвету. Нашы маладыя сілы, трымаючыся хрысьціянскай маралі, не павінны заражацца дробна-мяшчанскімі i буржуазнымі перажыткамі з чужых культураў, бо там яшчэ загнівае труп шляхотчыны. Інтэлігенцыя наша мусіць быць перадусім сьмелай у тварэньні новых асноў жыцьця i гордай, а за ёй адкіне лішнюю скромнасьць зь сябе i ўвесь наш народ. Бо калі былы прэзідэнт Польшчы Вайцяхоўскі прызываў полы;кі амбітны народ яшчэ да большай амбітнасьці словамі: «Альбо тожмы ясы тацы хлопцы краковяцы», калi вялікі Дастаеўскі ў сваіх лістох пісаў аб расейцах, што «вялікі гістарычны закон палягае на тым, што нацыя не становіцца вялікай, калі ня мае ў сабе пэўнай заразумеласьці (самомнения) i сьведамасьці ўласнай вагі для сьвету», што «ўсе вялікія нацыі, - піша далей Дастаеўскі, - маглі разьвіваць свае сілы дзякуючы гэтай «заразумеласьці», што мелі пэўнасьць, што служылі чалавецтву», - то што ж гаварыць аб нас, Беларусах, якія калі асталіся ад іншых народаў, то перадусім дзякуючы гэтай лішняй скромнасьці, беднасьці i мінімальнай праграме «хлеба з вадой».

Ідэя дзяржаўнай самастойнасьці, незалежна ад таго, калі яна зьдзейсьніцца, i на сягоньняшні дзень павядзе нас перадусім да пераўзгадаваньня нашага грамадзянства ў кірунку сьмелых імкненьняў, ахвярнасьці, пачуцьця нацыянальнай годнасьці i творчай безупыннай працы!

Ідучы гэтым шляхам, мы, безумоўна, убачым, што незалежнае народнае самаўладзтва ў сваім Народным Доме ня ёсьць ніякай утопіяй, ні ільлюзіяй, толькі рэальнай, разумнай палітыкай, абапёртай на натуральны, адвечны закон разьвіцьця народаў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX