Вярнуцца: Заходняя Беларусь

Дранько-Майсюк Леанід. Гурын-Маразоўскі. Забойства на Ягелонскай


Аўтар: Дранько-Майсюк Леанід,
Дадана: 26-10-2016,
Крыніца: Народная Воля №59(3800), 19 жніўня 2013.; №60(3801), 20 жніўня 2013.



Газетнае апавяданне


1. Вайна пад назвай "Знішчыць правакатара!"

У фільме "Чырвонае лісце" рэжысёра У.Корша-Сабліна заходнебеларускі паўстанец Андрэй Мяцельскі страляе ў Віленскім судзе ў агента дэфензівы Ермаловіча.

У тым ужо няблізкім 1958 годзе, калі з'явіўся фільм, падрыхтаваныя кінагледачы пазналі ў Мяцельскім маладога рэвалюцыянера Сяргея Прытыцкага, а ў Ермаловічу (згодна з прапагандысцкай устаноўкай) - правакатара Стральчука.

Знішчыць правакатара - палітычнае патрабаванне любой эпохі, і яно ў 1920-1930-я гады зрабілася маральнай нормай і ў Заходняй Беларусі.

У тыя гады супраць канфідэнтаў, шпікоў, даносчыкаў і ўсялякіх даказчыкаў камуністы (вельмі часта самі з'яўляючыся канфідэнтамі і шпікамі!) вялі сапраўдную вайну і тлумачылі: гэта толькі самаабарона, а не асноўны спосаб нашага змагання за ўладу!

Згадаю некалькі фактаў...

Сенатар Васіль Рагуля ў кнізе "Успаміны" і Янка Брыль у нарысе "Сэрца камуніста" расказалі, як у 1926 годзе паблізу мястэчка Ярэмічы Стаўбцоўскага павета камуністы ўтапілі ў Нёмане труп нейкага Кузьмы, які, на іх думку, удаваў з сябе "прадстаўніка падпольнага абкама".

Трэба думаць, разабраліся з гэтым няшчасным Кузьмой без асаблівай праверкі, кіруючыся адным толькі камінтэрнаўскім чуццём!

У лістападзе 1928 года ў вёсцы Чапялёва Шылавіцкай гміны Слонімскага павета на парозе ўласнай хаты застрэлілі засланага ў КПЗБ К.Мароза.

Загад партыі выканаў камсамолец Кірыла Рамановіч.

У Вільні на вуліцы Субач палажылі М.Адамовіча - таго самага, з дапамогай якога ў 1933 годзе ў Глыбокім паліцыя арыштавала Максіма Танка.

Тады ж паплаціўся галавой і нейкі Сералевіч, які, маючы заданне тайнай службы, стаў сакратаром Гродзенскага падпольнага акруговага камітэта камсамола.

Услед за Сералевічам пазбавілі жыцця і малавядомага пана Чайкоўскага, які настолькі ўцёрся ў давер, што кіраваў Гродзенскім падпольным камітэтам партыі і, як успамінаў С.Прытыцкі, "па заданні дэфензівы ўкамплектаваў увесь акруговы камітэт... правакатарамі". Само па сабе, згаданы "камітэт" неўзабаве пайшоў пад бальшавіцкі нож.

Тое, што на кіраўнічых пасадах апынуліся правакатары, здзіўляць не павінна. Дэфензіва тут вучылася ў царскай паліцыі - прынамсі, пры вярбоўцы скарыстоўвала наказ дэпартамента Лапухіна: большую карысць даюць тыя агенты, якія ачольваюць партыйную групу, а калі такіх няма, то трэба спрыяць, каб шараговыя агенты пралазілі на вярхі партыйнай структуры!

І кіраўніцтва дэфензівы, канешне, спрыяла, таму, і з'яўляліся "прадстаўнікі" падпольных абкамаў, "сакратары" камітэтаў камсамола і партыі; узнікалі, як паказана вышэй, акруговыя "камітэты" правакатараў - нават у поўным складзе!

Той жа Стральчук быў "інструктарам" ЦК камсамола...

Уяўляю задаволенне Сталіна, калі яму дакладвалі: КПЗБ - прыстанішча правакатараў!

Хіба не прычына для знішчэння партыі? Яшчэ якая!

Таму ў 1938 годзе, прыкрыўшыся рашэннем выканкама Камінтэрна, ён разагнаў КПЗБ (структуру кампартыі Польшчы), як разагнаў і саму кампартыю Польшчы.

Знішчаючы мільёны некамуністаў, Сталін стамляўся, а знішчаючы партыйцаў - адпачываў, бо гэта было ягоным хобі!

Як вядома, Сталін зводзіў камуністаў згодна са сцэнарыем: нямецкі шпіён... японскі шпіён... польскі шпіён... трацкіст... і г.д. Але гэткія сцэнарыі не заўсёды складна ляпіліся і забіралі шмат часу.

Адносна ж КПЗБ сцэнарый быў гатовы, і правадыр проста не мог не скарыстаць яго...

Грамадоўцы (ці ўсё тыя ж камуністы, але пад шыльдай "Грамады"?) таксама ўмелі карыстацца бальшавіцкім нажом! Скажам, як толькі ўзнікла падазрэнне, што новаспечаны чалец іхняй арганізацыі па прозвішчы Іголка - шпік, яго тут жа замардавалі.

На знакамітым грамадоўскім "Працэсе 56-ці", які праходзіў у Віленскім акруговым судзе ў першай палове 1928 года, сярод іншых спраў разглядалі і справу Кавалёнка, Казачонка, Кавалевіча і Карніловіча, якія ўходалі даносчыка Івашкевіча.

Часам грамадоўцы выносілі смяротныя прысуды і прадстаўнікам улады. Праўда, хутчэй за ўсё гэта рабілі ўсё тыя ж камуністы, пераапранутыя ў грамадоўцаў, з мэтай выставіць "Грамаду" як арганізацыю тэрарыстаў.

Напрыклад, такі прысуд вынеслі функцыянеру следчай службы па Дзісенскім павеце Хепелю, і таму, каб уратаваць Хепелю жыццё, кіраўніцтва мусіла перавесці яго ў Маладзечанскі павет.

Трэба сказаць, такія акцыі (смяротныя прысуды!), калі яны зрэдку і здараліся, у аснове сваёй мелі ўсё ж такі чыста дэманстрацыйны характар, бо ў асяродку КПЗБ, не кажучы ўжо пра "Грамаду", існаваў няпісаны закон: у польскіх службоўцаў, а тым больш у паліцыянтаў, - не страляць (на партыйныя сходы, дарэчы, нельга было прыходзіць са зброяй)!

Так, Ленін заклікаў рэвалюцыянераў забіваць паліцэйскіх, аднак жа КПЗБоўцы трымаліся іншай тактыкі.

Даць у зубы (і давалі!) - гэта можна, але на той свет загнаць - о не!

Тут варта ўспомніць, як паводзіў сябе той жа С.Прытыцкі пасля сваіх чатырох стрэлаў у судзе.

С.Прытыцкі меў два пісталеты і калі, выбегшы з залы пасяджэнняў, уцякаў па сходах ад паліцыянтаў, то не адстрэльваўся; у яго стралялі, а ён не адказаў ніводным стрэлам, бо нельга было...

16 сакавіка 1928 года ў Вільні ўсё на той жа вайне пад назвай "Знішчыць правакатара!" таксама прагрымелі чатыры стрэлы - камуніст Сямён Клінцэвіч забіў свайго нядаўняга таварыша, былога камуніста Міхала Ханевіча, больш вядомага як Гурын-Маразоўскі.

Клінцэвіч забіў лідара, асобу.

Названыя вышэй ахвяры (Кузьма, К.Мароз, М.Адамовіч, Сералевіч, Чайкоўскі, Іголка, Івашкевіч) - людзі звычайныя, прыватныя.

Я не згадаў Стральчука, бо ён пасля замаху на яго С.Прытыцкага застаўся жывы, але калі б у той судовай зале загінуў, то і ягоная смерць была б з'явай прыватнай, таму што і ён, Стральчук, - не асоба.

А вось палітычнае забойства М.Гурына-Маразоўскага для мяне асабіста мае маштаб нацыянальнай страты!

М.Гурын-Маразоўскі ўжо таму значная постаць, што нацыянальнае для яго не згубілася ў палітычным! Таленавіты публіцыст, літаратар з адметнай мовай, смелы арганізатар, ён з'яўляўся беларусам па духу! Не здолеўшы надаць камунізму беларускую сутнасць, ён выступіў супраць камунізму, у якім убачыў пагрозу Беларусі...

2. Фальшывы пашпарт, дваццаць пяць долараў і падкупленыя паліцыянты

М.Гурына-Маразоўскага ў віленскім друку называлі "М.Гурын", таму і я буду ўжываць такую форму яго наймення.

На пачатку 1920-х гадоў М.Гурын уваходзіў у кола беларускай нацыянальнай эліты - сустракаўся з Янкам Купалам і Язэпам Лёсікам, сябраваў з У.Ігнатоўскім і Міхасём Чаротам. У партыйнай жа іерархіі наогул займаў саліднае становішча - ён і рэдактар газеты "Савецкая Беларусь", і чалец III Інтэрнацыяналу, і свой у ЦК КП(б)Б. Словам, на бальшавіцкім алімпе М.Гурыну давяралі, таму і накіравалі ў Заходнюю Беларусь умацоўваць ЦК КПЗБ і рыхтаваць паўстанне.

Улада Варшавы там, у Заходняй Беларусі, гарачым галовам здавалася з'явай часовай, партызанскі рух уяўляўся на пад'ёме, пра новую савецка-польскую вайну гаварылі ці не ў кожнай вёсцы. Так што самы час было падымаць бунт...

Ноччу 28 лютага 1924 года М.Гурын рушыў з Менска, маючы пры сабе фальшывы польскі пашпарт на імя жыхара Лодзі Міхала Васілевіча.

У падробленых пашпартах ведаў толк, таму невыпадкова летам 1925 года абяцаў Антону Луцкевічу для паездкі ў Сопат здабыць любую фальшыўку.

Змоўшчык, вядомая справа, не выжыве без падробленых дакументаў, і чым іх болей, тым для падпольнай работы лепей. Напрыклад, Мікалай Арэхва, згодна са сваімі левымі пашпартамі, быў і Арлоўскім, і Палтарацкім, і Маліноўскім, і Звежынскім, і Дварачакам, і Дэнковічам. Згадаю і такі прыклад: напрыканцы 1932 года Валянцін Таўлай вярнуўся з Менска ў Вільню дзякуючы фальшыўцы на імя Кастуся Якімчыка...

Акрамя ліпавага пашпарта М.Гурын меў яшчэ і дваццаць пяць долараў.

Забягаючы наперад, скажу: у Польшчы ён распараджаўся тысячамі долараў, а гэтая сціплая дваццацьпятка прызначана была на снеданне ў Ракаве, на квіток у Вільню і на першы-другі начлег у гатэлі...

На кардоне ўсё склалася як мае быць; палякі ахоўвалі мяжу пакуль што ў адно вока (і мелі з гэтага ў кішэню); на ўсе вочы, трэба думаць, пачалі пільнаваць са снежня 1924 года, калі стварылі свой знакаміты KOP - корпус аховы памежжа.

Падкуплены саветамі паліцыянт дапамог перайсці мяжу і даставіў высокага партыйца ў Ракаў. Служачы беламу арлу, асобныя паліцыянты не цураліся і злачынных заробкаў, а часам дзейнічалі, як заўзятыя кантрабандысты! Скажам, начальнік стаўбцоўскай павятовай дэфензівы Дэрцэвіль і ягоны падначалены пастарунковы Саковіч праз тэрыторыю Беларусі наладзілі кантрабанду ікры з Расіі. Пра гэта даведаўся стаўбцоўскі стараста, была выстаўлена засада, і Саковіча паспрабавалі затрымаць, калі ён нёс ікру Дэрцэвілю. Аднак спрытны Саковіч адразу не даўся ў крыўду - выхапіў пісталет і паспеў схавацца ў пастарунку.

Сіла ж была на баку ўзброеных мытнікаў; яны аблажылі пастарунак і, як той казаў, накрылі злачынцаў на гарачым; неўзабаве справай Дэрцэвіля і Саковіча заняўся акруговы камендант дзяржаўнай паліцыі ў Наваградку і судовы следчы.

Дарэчы, Янка Брыль у тым жа сваім творы "Сэрца камуніста" пісаў пра Дэрцэвіля, што гэта менавіта ён дапытваў ярэміцкіх падпольшчыкаў, якія знішчылі правакатара Кузьму...

У Ракаве М.Гурын памяняў долары на польскія маркі і (зноў жа пад аховай падкупленых паліцыянтаў) прыбыў на чыгуначную станцыю Аляхновічы, сеў у цягнік і а 12-й гадзіне быў ужо ў Вільні.

Асталяваўся ў гатэлі "Італія", ягоны фальшывы пашпарт у гэтым заездзе прынялі як сапраўдны, а вось першая сустрэча з партыйцамі расчаравала: у ЦК КПЗБ не размаўлялі па-беларуску! Тады, відаць, і ўзнікла яна, палкая думка правесці беларусізацыю партыі.

3. Два скруткі калючага дроту

Пасля Менска, апанаванага аднастайным чырвоным колерам, шматкаляровая Вільня закружыла галаву, але не настолькі, каб забыцца на падпольную работу.

Член ЦК КПЗБ і ЦК Кампартыі Польшчы М.Гурын ці не штодня меў сустрэчы - і са сваімі партыйцамі, і з беларускімі нацыянальнымі палітыкамі С.Рак-Міхайлоўскім, В.Рагулем, Б.Тарашкевічам, Р.Астроўскім, Ф.Ярэмічам, А.Луцкевічам.

З партыйцамі сустракаўся ў рэстаране Нішкоўскага і на канспіратыўных кватэрах, а з нацыянальнымі дзеячамі - у кавярні "Чырвоны Штраль" і таксама ж на сакрэтных кватэрах, а часам і ў памяшканні Віленскай беларускай гімназіі. Апошні адрас быў зусім не выпадковы: М.Гурын фінансаваў гэтую ўстанову, то бок выконваў заданне Менска. Гісторык У.Ладысеў пісаў пра штомесячныя 500 рублёў, якія Народны камісарыят асветы БССР па просьбе Р.Астроўскага (!) асігнаваў на развіццё Віленскай гімназіі.

Сувязь была двухбаковая. Спашлюся тут на паперы з НКУС; паперам гэтым, вядома, вера малая, і тым не менш...

6 сакавіка 1938 года арыштаваны Б.Тарашкевіч "паказаў", што Р.Астроўскі ў 1924 годзе перапраўляў у Менск выпускнікоў беларускіх гімназій і гэтыя акцыі ўзгадняў менавіта з М.Гурыным...

Як адзначаў у сваіх мемуарах В.Рагуля, М.Гурын збіраўся нават рабіць грашовыя дапамогі і нелегальным беларускім школам.

Словам, партыйную касу, якую меў пад рукой, на добрую справу не шкадаваў і, пэўна, рабіў гэта з празмернай шчодрасцю, выходзіў за дазволеныя межы. Вядома ж, такая празмернасць цэкоўцам з Варшавы і Менска не магла падабацца; адкінуліся цэкоўцы і ад палітычнага плана, якім жыў М.Гурын, - праз паўстанне далучыць Заходнюю Беларусь да БССР. Свой апартунізм яны прыкрывалі тлумачэннем: якое там паўстанне, калі на вачах адбываецца стабілізацыя капіталізму, калі рэвалюцыя ў той жа Нямеччыне, і не толькі ў ёй, занікла; у такіх умовах брацца за зброю, каб вырашыць беларускае пытанне, - вялікая авантура!

Магчыма, і авантура. Але трэба сказаць: для польскіх і расійскіх камуністаў беларуская нацыянальная ідэя мала што значыла; яны выступалі супраць аб'яднання беларусаў у адзіную сваю дзяржаву, незалежную ад Варшавы і Масквы, таму пільна кантралявалі падуладную сабе КПЗБ.

У выніку кампартыя Заходняй Беларусі мела вузкую палітычную прастору; яна не выпрацоўвала стратэгію, а толькі выконвала загады з Варшавы і Менска.

Згадзіцца з такой палітыкай М.Гурын не мог, таму выступіў за стварэнне беларускай нацыянальнай кампартыі, вольнай ад знешняга дыктату.

Зноў спашлюся на паперы з НКУС...

9 ліпеня 1938 года арыштаваны Язэп Лагіновіч (Павел Корчык) "паведаміў": М.Гурын пераконваў яго, што трэба ўсё зрабіць, каб вывесці КПЗБ з-пад палітычнага цяжару кампартыі Польшчы; гэтага патрабуюць У.Ігнатоўскі і А.Чарвякоў, якія неўзабаве ўзначаляць (!) кампартыю Беларусі, і калі так станецца, то з КПЗБ будуць лічыцца не толькі Менск і Варшава - нават Масква!

Ва ўсе часы ў галовах палітыкаў - самыя неверагодныя мары!

Аднак жа менавіта ў Вільні, што даволі сімвалічна, з М.Гурыным адбылася вялікая метамарфоза: ён адчуў сябе сапраўдным беларусам; вядома ж, паспрыяла гэтаму знаёмства з Янкам Купалам, і дало свой плён сяброўства з тым жа У.Ігнатоўскім і Міхасём Чаротам.

І гутаркі з віленскімі беларусамі пакінулі свой след - з Б.Тарашкевічам, напрыклад, у снежні 1924 года М.Гурын завёў гаворку пра заснаванне ў Польшчы легальнай беларускай партыі і, магчыма, гэтым натхніў апошняга на арганізацыю "Грамады".

Падыходзячы да справы маштабна, М.Гурын стаў змагацца і за беларускае прадстаўніцтва ў Камінтэрне - у гэтым доме без вокнаў сусветнай рэвалюцыі.

Троцкі ў сваёй няскончанай кніжцы пра Сталіна пісаў: пасля смерці Леніна бальшавікі не надавалі замежным секцыям Камінтэрна самастойнага значэння.

Аднак для М.Гурына не гэта было важным; ён хацеў, каб незалежная беларуская кампартыя заняла сваё месца ў вядомай свету міжнароднай інстытуцыі. Трэба думаць, М.Гурына натхняла і тое, што на Пятым кангрэсе Камінтэрна было заяўлена: беларуская справа - гэта перш за ўсё справа аб'яднання беларускіх земляў у адной рабоча-сялянскай рэспубліцы! 30 лістапада 1924 года на Другой канферэнцыі КПЗБ ён абвясціў сэцэсію (адыход, раскол) - падпісаўшы адпаведны камунікат, заявіў пра выхад з несамастойнай КПЗБ; загады з Варшавы і Менска больш не выконваў. Адным словам, да нядаўніх начальнікаў павярнуўся плячыма, а да свайго жыцця вачыма!

На яго бок перайшлі камуністы з Гродзенскага і Віленскага акруговых камітэтаў, а таксама яго падтрымалі партыйцы з самых розных райкамаў - Косаўскага, Маладзечанскага, Смаргонскага... Антон Луцкевіч назваў сэцэсію голасам нацыянальнага сумлення, а групу М.Гурына - уплывовай; сэцэсію віталі і беларускія паслы.

Аднак горшага было больш, чым лепшага.

У студзені 1925 года сталіністы аддалі адпаведную каманду, і пачалося цкаванне: на М.Гурына накінуўся III з'езд кампартыі Польшчы (Варшава ўспрыняла сэцэсію як з'яву антыпольскую); Менск убачыў у дзейнасці М.Гурына замах на партыйную дысцыпліну; змянілі сваю нядаўнюю тактыку і беларускія паслы - прынамсі, сэцэсію асудзілі Б.Тарашкевіч і С.Рак-Міхайлоўскі.

Да слова сказаць, С.Рак-Міхайлоўскі меў з М.Гурыным цесную сувязь, а М.Гурын нават публічна выказваў да яго сваю прыхільнасць, аднак жа, апынуўшыся ў турме, С.Рак-Міхайлоўскі (згодна з капспірацыяй) усяляк даводзіў следчаму, што з М.Гурыным незнаёмы, што імя ягонае ведае толькі з газет...

Дарэчы, М.Гурын разлічваў на падтрымку ЦК КП(б)Б і ў асобе яе першага сакратара А.Асаткіна...

У "паказаннях" Я.Лагіновіча можна вычытаць, што ён, Я.Лагіновіч, аднойчы вывеў М.Гурына на А.Луцкевіча, якому партыйны раскольнік перадаў нейкую інфармацыю ад У.Ігнатоўскага і А.Чарвякова, а значыць, трэба думаць, і ад А.Асаткіна...

М.Гурын лічыў: поспех сэцэсіі быў бы абсалютны, калі б Менск цалкам яго падтрымаў, але ў апошнюю хвіліну А.Асаткін, У.Ігнатоўскі і А.Чарвякоў адступіліся ад ранейшай сваёй пазіцыі, і гэта страшэнна абурыла М.Гурына.

Калі ён адкінуў загад вярнуцца ў БССР, то Я.Лагіновіч прасіў А.Луцкевіча пераканаць раскольніка, каб той адумаўся, але А.Луцкевіч адмовіўся ад такой незайздроснай ролі...

М.Гурын і варшаўска-менскія цэкоўцы счапіліся, як два скруткі калючага дроту - не расчапіць...

4. Заснавальнік сэцэсіі - значыць, правакатар...

У рамане "Сонца за кратамі" Міхась Машара паведаміў, што М.Гурын заснаваў Беларускую сацыялістычную народную партыю. Не ведаю, магчыма, і заснаваў, але хутчэй за ўсё пісьменнік меў на ўвазе Беларускую радыкальную народную партыю, да вымогаў стварыць якую далучаўся і мой герой; прынамсі, дапамагаў у яе залажэнні Францішку Умястоўскаму.

Пра Ф.Умястоўскага, рэдактара прасанацыйнай тыднёвай віленскай газеты "Беларускі Дзень", гаворка яшчэ будзе...

У Вільні М.Гурын меў падпольную друкарню - то бок у яго быў інструмент для ўплыву і павучанняў; ягоныя павучанні ў асноўным палягалі ў тым, што сваім паплечнікам, напрыклад, даводзіў: у БССР, як і ў Польшчы, таксама існуе зямельны голад.

А яшчэ раіў не захапляцца палітыкай беларусізацыі, бо гэта палітыка не поўная, а частковая, і яе праведзена толькі 30 адсоткаў! М.Гурын даказваў: у Менску ў вышэйшых навучальных установах па-беларуску не вучаць, таму Менск яшчэ далёка не беларускі і невядома, ці будзе такі! Што і казаць: як у ваду глядзеў!

І зноў жа вучыў: тут, у Заходняй Беларусі, трэба "дабівацца аўтаноміі і выкарыстоўваць усе легальныя магчымасці".

Ад ідэі паўстання, як бачна, таксама адвярнуўся.

Дык вось, адкінуўшы ўказанне прыехаць у Менск, ён ператварыўся для сталіністаў у небяспечную асобу, таму - вядомы прыём! - яго абвясцілі правакатарам, мэта якога раскалоць рэвалюцыйны рух; яго паплечнікаў Клінцэвіча і Капуцкага сталіністы перацягнулі на свой бок, разбурылі друкарню і 28 верасня 1925 года навялі на след невяртанца дэфензіву.

Забягаючы наперад, скажу: у 1933 годзе (М.Гурына ўжо пяць гадоў як не было) сталіністы прыдумалі справу №37405 пад назвай "Беларускі Нацыянальны Цэнтр". Па гэтай справе ў ліку іншых праходзіў і нейкі Пальчэўскі, які "прызнаўся": сэцэсія - хітрая палітыка дэфензівы, якая імкнулася падбіць заходніх беларусаў на непадрыхтаванае паўстанне, каб такім чынам мець зручную магчымасць знішчыць рэвалюцыйны слой насельніцтва...

Дык вось, 28 верасня 1925 года мой герой трапіў у беластоцкую турму і знаходзіўся ў ёй да 8 чэрвеня 1926 года. У лісце ад 3 лістапада 1927 года, надрукаваным у 33-м нумары "Беларускага Дня", тлумачыў, што ў турме апынуўся па даносе "члена ЦК КПЗБ Богдака і іншых".

Цікава - гэтых "іншых" цэкоўцаў чамусьці не назваў, нібыта й не ведаў пра іх нічога, а назваў нейкага Богдака! Але ці быў наогул такі? З блізкімі па гучанні прозвішчамі вядомы кіраўнікі КПЗБ - А.Багданчук і С.Багданчук, але ж, здаецца, не іх меў на ўвазе...

У тым жа лісце паведамляў: першыя шэсць месяцаў паводзіў сябе на допытах асцярожна, таму праз яго нікога не арыштавалі! Аднак жа ЦК КПЗБ усіх арыштаваных залічваў на рахунак "правакатара Гурына-Маразоўскага"! У кнізе "Беларускія справы ў II Рэчы Паспалітай" Аляксандра Бергман выказала здагадку, што праведзеныя ў 1926 і 1927 гадах арышты камуністаў з'явіліся вынікам правакацый М.Гурына. Дарэчы, А.Бергман у пэўным сэнсе і сама пацярпела ад ягонай дзейнасці. С.Чыгрын у артыкуле "Беларускі гісторык з Варшавы..." даводзіць, што А.Бергман "у 1924 годзе была абрана ў Гродзенскі акруговы камітэт камсамола. Але за тое, што не здолела справіцца з раскольніцкімі плынямі "сэцэсіі" ў мясцовай камсамольскай арганізацыі, была знятая з пасады сакратара загадам ЦК КСМ Заходняй Беларусі".

Пра М.Гурына пайшлі нядобрыя здагадкі, яго адкрыта абвінавачвалі ў здрадзе, ён апынуўся ў суцэльным нервовым полі; захаваць спакой не ўмеў, быў нястрыманы, таму страціў уладу над сабой і даверыўся начальніку акруговага следчага ўпраўлення ў Беластоку Мар'яну Ясінскаму.

Зноў жа ў тым лісце паясняў: "Спробу камуністаў зрабіць з мяне нейкага правакатара лічу проста смешнай, бо ніколі не быў ім і ў сваім жыцці ніводнага дня не працаваў на два бакі, хоць і перажываў здраду адносна свае асобы з боку камуністаў..."

Выказаўся і супраць "Грамады", мяркуючы, што гэтая арганізацыя "з'яўляецца масавай правакацыяй з мэтай запакаваць нашымі сялянамі польскія турмы".

Называйце мяне ворагам, але не правакатарам - такі сэнс яго паслання, бо "ці ёсць правакацыяй тое, што чалавек, праціўнік арганізацыі з самага пачатку, чалавек, які сядзеў у турме, калі "Грамада" закладалася, чалавек, які не быў ні на адным пасяджэнні не толькі ЦК "Грамады", але і самага апошняга вясковага гуртка, чалавек, які ні разу і ніколі не прыкідваўся яе прыхільнікам, а наадварот, - перасцярагаў, ці мае хто права сказаць, што гэты чалавек правакатар, калі ён адкрыта, як у друку, таксама і перад судом выказвае свой погляд?.."

Але як бы ні апраўдваўся, што б ні пісаў, якія б доказы на сваю карысць ні выстаўляў - скрозь пайшлі атрутныя чуткі. Сенатар В.Рагуля ўспамінаў: "Рак-Міхайлоўскі і Валошын сказалі мне, што Гурын, напэўна, стаў здраднікам і служыць "pzodownikiem" (сяржантам. - Л.Д.-М.) следчай паліцыі ў Вільні..."

5. Псіхічнае ўзрушэнне

31 жніўня 1927 года газета "Наша Праўда" (знаходзілася пад уплывам І.Дварчаніна) надрукавала з'едлівую зацемку "Клуб беларускай інтэлігенцыі". Ананімны хранікёр звяртаў увагу на тое, што ўлада звычайна дазваляе закладваць падобныя структуры беларусам-паланафілам, а вось прадстаўнікам незалежнага беларускага грамадства ў гэтым заўсёды адмаўляе. Высмеяўшы створаную арганізацыю, хранікёр з прысмакам ксенафобіі акцэнтаваў: што ж гэта, маўляў, за беларускі клуб такі, калі ў яго ўваходзіць і татарын (!) Гасан Канапацкі?! Прыналежнасць Г.Канапацкага да татарскага народа была ў тэксце падкрэслена.

Палкоўнік Г.Канапацкі - паважаная асоба, нядаўні начальнік беларускага войска, і, вядома ж, газетчык ведаў - пра гэта, як і, відавочна, тое, што ён меў заданне пра паланафіла Г.Канапацкага напісаць менавіта ў такой зняважлівай форме.

А М.Гурына, які таксама ўваходзіў у згаданы "Клуб беларускай інтэлігенцыі", старанны газетчык ахрысціў галоўным сведкам абвінавачання ў працэсе грамадоўскіх паслоў.

Так задоўга да знакамітага працэсу гаспадар сэцэсіі быў публічна залічаны ў памагатыя санацыі. На жаль, не без падставы!

На пачатку снежня 1926 года ў Віленскім акруговым судзе слухалася справа 15 камуністаў, на якой М.Гурын ужо праходзіў сведкам з пракурорскага боку; у суд, праўда, не з'явіўся, аднак жа там зачыталі яго паказанні...

"Нашай Праўдзе" ён адказаў гнеўным лістом, змешчаным у 25-м нумары "Беларускага Дня"; гэты нумар выйшаў 7 верасня 1927 года, а свой ліст М.Гурын памылкова датаваў на месяц пазней - 7 кастрычніка. Перажываў псіхічнае ўзрушэнне, таму і памыліўся! Хутчэй за ўсё, напісаў ліст 1 верасня ці нават у сераду 31 жніўня - адразу ж, калі разгарнуў 43-ці нумар "Нашай Праўды"... М.Гурын проста крычаў у сваім пісьме: "...гэтак званыя былыя грамадаўцы закідваюць мне розныя абвінавачанні чыста маральнага характару... буду дабівацца... грамадскага суда над некаторымі цэнтральнымі фігурамі "Грамады", проціў якіх маю цяжкія закіды здрады Беларускага Народа..."

У той час, калі надрукаваў гэтыя радкі, а менавіта ў верасні 1927 года, "цэнтральныя фігуры "Грамады" (Б.Тарашкевіч, С.Рак-Міхайлоўскі, П.Валошын, П.Мятла, М.Бурсевіч, Р.Астроўскі), чакаючы судовага разбору, ужо восьмы месяц знаходзіліся ў турме; пагражаць ім яшчэ нейкім грамадскім судом - мякка кажучы, было і смешна, і неразумна.

Але М. Гурын з нейкага моманту дзейнічаў якраз неразумна; ён апынуўся ў нязвыклай адзіноце, вялікая нервовая ўзбуджанасць апанавала ім.

6. Клопат пра Ф.Аляхновіча і Пілсудскага

Адзінота ціснула, нервовае напружанне заставалася, але, дзякуй Богу, у Вільню прыехала жонка, і з красавіка 1927 года яны жылі ў доме №9, што пры вуліцы Маставой. З грошай заставалася яшчэ дзесяць тысяч долараў - хапала не толькі на кавалак хлеба, але і на добрую чарку, а з віленскіх рэстарацый найбольш вабіла кавярня Тамашэвіча на Ягелонскай, 5.

Ведаў бы, які лёс яго тут напаткае, - ці хадзіў бы сюды? Ды жывы не здагадваецца, што з ім будзе тут ці там, таму і ходзіць скрозь...

16 сакавіка 1928 года гаспадар кавярні расказаў паліцыі: М.Гурын звычайна бываў у яго з асобамі, з якімі размаўляў толькі па-беларуску і толькі шэптам і пры гэтым аглядваўся - баяўся чужога вуха!

Вядома ж, М.Гурын завітваў да Тамашэвіча і з рэдактарам "Беларускага Дня" Ф.Умястоўскім; быў удзячны рэдактару за работу, якую займеў у ягонай "тыднёвай часопісі"; напэўна ж, быў удзячны і за антыграмадоўскі напрамак "Беларускага Дня".

Ф.Умястоўскі друкаваў матэрыялы, у якіх "Грамада" называлася "мураўёўшчынай навыварат", бо - на думку выдання - арганізацыя Б.Тарашкевіча павінна была выступаць не толькі супраць польскага ўрада, але і маскоўскага таксама, і толькі тады гэта была б сапраўдная "Грамада"!

Выдатная думка, толькі адкуль было грамадоўцам грошы браць, калі выступаць яшчэ і супраць Масквы?

Ф.Умястоўскі ішоў па санацыйным бруку, але ў беларускіх ботах і не баяўся каванымі абцасамі высякаць іскры, якія ляцелі ў вочы цэнтральнай уладзе: "... недаацэнка польскім урадам нацыянальнай даспеласці беларускага народа, нездавальненне дагэтуль, нягледзячы на ясныя наказы польскай канстытуцыі, самых скрайніх дамаганняў беларусаў у галіне беларускай асветы, варожы да беларусаў настрой шавіністычных кругоў часткі польскага грамадзянства..."

І такія ж іскры ляцелі ў іншы бок: "... варожы настрой у адносінах да палякаў шавіністычных кругоў часткі беларускага грамадзянства; трывалая і, трэба прызнацца, вельмі хітрая работа платных агентаў маскоўскага камунізму, заманьваючы наша цёмнае беларускае сялянства ў савецкі рай - вось тыя варункі, у якіх распачынаем мы сваю працу..."

Стоячы пры бел-чырвона-белым штандары, Ф.Умястоўскі імкнуўся да аб'ектыўных высноў, хацеў выглядаць бесстароннім; пэўна ж, гэта не падабалася тым, хто фінансаваў газету, таму і праіснавала яна ўсяго паўтара года - з 7 сакавіка 1927 года па 25 кастрычніка 1928 года.

Газета пісала пра культурна-гаспадарчыя патрэбы сялянства, заклікала да польска-беларускага супрацоўніцтва, хваліла маршалка Пілсудскага і патрабавала ад Варшавы адкрываць беларускія школы. Газета не забывала і пра лёс Ф.Аляхновіча, прасіла ўсё зрабіць дзеля вызвалення выдатнага драматурга, таму звярталася да пасла І.Дварчаніна і, вядома ж, разумела яго пасіўнасць у гэтай справе. Арыентаваны на КПЗБ І.Дварчанін не хацеў раздражняць сталіністаў, але ў выніку (жахлівая іронія лёсу!) сам трапіў на тыя ж Салаўкі, з якіх проста цудам збавіўся Ф.Аляхновіч.

"Беларускі Дзень" друкаваў творы М.Багдановіча, не баяўся казаць уголас пра хібы сакавіцкай канстытуцыі 1921 года і, баронячы ад эндэкаў Пілсудскага, даў ім хвацкую мянушку - польская чорная сотня!

Ад клопату пра Ф.Аляхновіча да клопату пра Пілсудскага - такі размах дзейнасці "тыднёвай часопісі" Ф.Умястоўскага. "Наша Праўда" называла яе польскай газетай на беларускай мове!

Яшчэ не ўбачыўшы яе, адно даведаўшыся, што галоўным рэдактарам з'яўляецца Ф.Умястоўскі, С.Рак-Міхайлоўскі ў сваім турэмным дзённіку атэставаў газету як новы паланафільскі орган і выказаў здагадку, што ціснуць яе на лацінцы.

"Беларускі Дзень" прылічвалі да тых паланафільскіх выданняў, пра якія пасол Янка Станкевіч казаў: "Друкуюцца па-беларуску, але не служаць беларускім інтарэсам!" Мяркую, да самога "Беларускага Дня" гэтыя свае словы Я.Станкевіч не адносіў...

Газета Ф.Умястоўскага служыла і беларускім інтарэсам, і выходзіла яна кірыліцай, і на некалькі месяцаў стала трыбунай для М.Гурына.

7. «Не ў палена, а ў калена»

Самы цікавы твор Гурына, змешчаны ў "Беларускім Дні", - нарыс "З недалёкага мінулага", у якім бачым трапныя партрэты А.Луцкевіча, Б.Тарашкевіча, В.Рагулі, С.Барана, а таксама паказана дно камуністычнай ідэалогіі. На змест гэтага нарыса, акрамя іншага, відавочна паўплывалі і гутаркі з афіцэрам палітычнай паліцыі М.Ясінскім.

М.Гурын у сваім творы палымяна сцвярджаў: можна крытыкаваць палітыку польскіх партый і ўрадаў, якія знарок не заўважаюць беларускага пытання, аднак нельга змагацца супраць польскай дзяржаўнасці, бо "ідэя адраджэння Польшчы і Беларусі - адна ідэя. Як без Польшчы няма Беларусі, таксама і без Беларусі няма абароненай Польшчы... Канец незалежнасці Польшчы азначае для беларусаў смерць беларускага пытання, якое сёння з'яўляецца актуальным, у значнай меры дзякуючы таму, што існуе незалежная Польшча. Чым Польшча ў будучыні будзе мацнейшаю палітычна, эканамічна і культурна, тым больш надзей будзе мець беларускі народ вызваліцца з векавое няволі..."

М.Гурын прыбыў у Вільню падымаць паўстанне, адваёўваць у Варшавы Заходнюю Беларусь, і вось за нейкія два гады яго палітычны ветразь напоўніўся іншым ветрам. Давялося займаць хісткую, ліслівую пазіцыю - пазіцыю слабога, які мусіць дагаджаць дужаму!

М.Гурын (чалавек маштабны!) трапіў у пастку, з якой не было ратунку, і ён павінен быў трымаць рукі па швах, удаваць з сябе апалагета Польшчы, пакрыёма ўводзячы ў вушы новым гаспадарам, каб усё ж такі не забыліся, што ёсць і яны - беларускія надзеі на свой нацыянальны росквіт.

Разам з тым немагчыма не згадзіцца з М.Гурыным, калі ён гаворыць пра імперыялізм (і нядаўні - царскі, і новы - сталінскі), які імгненна паглыне разам з незалежнай Польшчай і беларускі рух, як толькі Польшча страціць сваю дзяржаўную ўстойлівасць.

М. Гурын даводзіў: "Паўстанне (адраджэнне. - Л.Д.-М.) Польшчы - факт, які трэба не толькі прызнаць, але і прывітаць як факт паступовы (прагрэсіўны. - Л.Д.-М.). Падрываць яе існаванне - гэта значыць ісці назад, служыць заборчаму (захопніцкаму. - Л.Д.-М.) імперыялізму, служыць рэакцыі. Вось чаму ніводзін беларускі барацьбіт не можа быць ворагам ідэі польскай дзяржаўнасці... Замахнуўшыся на святое святых польскай дзяржаўнасці, на ідэю адраджэння польскага народа, гэтым самым кожны беларус б'е "не ў палена, а ў калена", б'е па беларускім руху, накіроўваючы яго на дарогу смерці, бо... без... Польшчы, па-мойму, немагчыма аніякая Беларусь..."

Ці ведала галава, пра што пісала рука? Ведала і думала абхітрыць саму хітрасць, аднак, апынуўшыся ў цеснай глыбокай яме, не пабяжыш, як бы ні хацеў, а толькі з роспачы трохі падскокнеш...

Спустошаны М.Гурын схіляўся да празмерных высноў, плаціў неабходную даніну і тагачасным палітычным абставінам, і прапольскаму выданню Ф.Умястоўскага.

8. Пройгрыш Усходу схіляе да Захаду - і наадварот...

26 кастрычніка 1927 года газета "Наша Праца" (пераемніца "Нашай Праўды") у рубрыцы "Хроніка" змясціла адпаведнага тону зацемку: "На аўторак, 25 кастрычніка, вызначана нарада прыхільнікаў "Беларускага Дня". Як ходзяць чуткі, гэта не ёсць нарада, а з'езд для залажэння новай перадвыбарчай партыі паланафілаў. Ай-ёй-ёй! І яны таксама..."

Праз тры дні, 29 кастрычніка, "Наша Праца" высмеяла дзеячаў, якія па камандзе з Варшавы з'ехаліся ў Вільню стварыць Беларускую радыкальную народную партыю. План улады быў такі: на месца знішчанай "Грамады" паставіць згодніцкую арганізацыю, праўрадавы характар якой прыкрываўся б тэрмінам "радыкальная".

Сапраўды, 25 кастрычніка 1927 года адбыўся з'езд, удзельнікі якога - у асноўным сябры Ф.Умястоўскага, чытачы "Беларускага Дня"; ім аплацілі дарогу, пасялілі ў гатэлі "Венецыя", выдалі на суткі па пяць злотых.

Ананімны рэпарцёр "Нашай Працы" спасылаўся на дасведчанага інфарматара, калі пісаў, што гэта быў не беларускі з'езд, бо ўсё выглядала надта афіцыёзна, а "над усімі зорка блішчэлі вочы вядомага правакатара Гурына".

Слова "правакатар" мае забойную сілу. Рэпарцёр ведаў, што рабіў, калі ўжываў яго; мэта зразумелая: яшчэ раз публічна зганіць і канчаткова прыбіць галоўнага натхніцеля сэцэсіі, а таксама ж кінуць цень на партыю Ф.Умястоўскага.

М. Гурын адказаў артыкулам - тым самым, ад 3 лістапада 1927 года, змешчаным у 33-м нумары "Беларускага Дня": "...Пэўныя палітычныя колы, моцна звязаныя і запрадаўшыя сваё сумленне і свае перакананні за чырвонцы, ніяк не могуць дараваць мне таго, што ў свой час, яшчэ ў канцы 1924 года, я адмовіўся выконваць іх загады, кінуў ім у твар гэтыя чырвонцы і парваў з імі, лічачы іх найбольш шкоднымі ворагамі беларускага народа. Не звяртаючы ўвагі на "прыказы" пакінуць край, пагарджаючы іх пагрозамі, я застаўся ў Вільні, каб распачаць барацьбу з магільшчыкамі беларускай незалежнай ідэі. Я змагаўся з імі, як умеў і як мог, бо бачыў, што маскоўская агентура з'яўляецца галоўным дэмаралізатарам беларускага нацыянальнага руху, які яна хоча раскалоць і разбіць на нічога не значныя групкі.

На жаль, чырвонцы і даляры аказаліся мацнейшымі - і свой першы бой з падпольнымі маскоўскімі агентамі я прайграў..."

М.Гурын прайграў Усходу, а пройгрыш Усходу міжвольна схіляе да Захаду, і наадварот - закон, які, на жаль, дзейнічае для нас і па сённяшні дзень! У гэтым якраз і крыецца трагедыя кожнай беларускай асобы і наогул беларускай дзяржавы.

Прычыну расчаравання бальшавіцкай уладай М.Гурын убачыў не ў сваіх кантактах з М.Ясінскім, а ў тым (зноў цытую нарыс "З недалёкага мінулага"), што "маскоўскія акупанты ў чырвоных вопратках на кожным кроку плявалі ў душу беларускага народа". Ну, вядома ж, польскія акупанты ў беларускую душу ніколі не плявалі і ніколі не махалі бізунамі, а толькі частавалі марцыпанамі!

Я не хачу сказаць, што М.Гурын хлусіў, не - ён проста часта саслізгваў у палітычную манернасць і любіў (дарэчы, як і кожны палітык) прыхарашыць сябе: "...Вытрыманасць характару ратавала мяне ад неабдуманых чынаў, а жорсткасць душы і абудзіўшыйся беларускі інтэлект ратаваў мяне ад таго, каб не апусціцца на дно савецкага правінцыйнага жыцця..."

Вытрыманасць характару, жорсткасць душы і беларускі інтэлект... Хоць і не без какецтва, але няблага сказана - гэтак даволі выразна М.Гурын стварыў свой псіхалагічны партрэт.

Застаецца дадаць: на ўладальніка жорсткай душы і беларускага інтэлекту поўным ходам ішло паляванне.

9. Першая спроба забіць М.Гурына

У аўторак 27 сакавіка 1928 года на дзевятнаццаты дзень грамадоўскага "Працэсу 56-ці" сведчыў функцыянер палітычнай паліцыі з Гродна Страшынскі. Ён заявіў, што падсудны Шушкевіч загадаў падсуднаму Паддубяку забіць М.Гурына, і Паддубяк страляў у М.Гурына падчас яго побыту ў Гродне, але толькі параніў апошняга.

- Наглая ложь! - з лавы падсудных крыкнуў па-расійску Паддубяк і, вядома ж, дадаў, што гэта чарговая правакацыя паліцыі.

Выконваючы загад старшыні Аўсянкі, ахова тут жа вывела Паддубяка з залы. Тады падняўся адвакат Я.Смяроўскі:

- Прашу суд адхіліць заяву сведкі, бо абарона не мае магчымасці падрыхтаваць довады, каб зараз жа абвергнуць гэту заяву!

Зладзіўшы кароткую раду з суддзямі Барэйкам і Ядзевічам, Аўсянка туманна прапанаваў Страшынскаму даваць паказанні згодна з актам абвінавачання. Тады ўзяў слова адвакат К.Петрусевіч:

- У такіх варунках абарона не можа працаваць!

Гэтым разам пярэчанне пачулі і пастанавілі: сведка не павінен гаварыць пра замах у Гродне. І Страшынскі памяняў тэму, паведаміў, што "Грамада" разам з камуністамі ўдзельнічала ў выбарах у Меставую раду і Касу хворых і г.д.

Але для грамадоўцаў Шушкевіча і Паддубяка нечаканая заява функцыянера займела ўсё ж такі цяжкі вынік - іх засудзілі на шэсць гадоў...

Дык што ж адбылося ў Гродне летам 1927 года?

В.Рагуля ўспамінаў: "...пасля гутаркі са мною ў гатэлі "Гандлёвы" ён (М.Гурын. - Л.Д.-М.) выйшаў ад мяне каля 11 г. увечары. Я не паспеў распрануцца, калі пачуў стук у дзверы і голас Гурына: "Адчыні!" Ён увайшоў бледны і сказаў: "Я ранены. На вуліцы Пілсудскага нейкі тып восем разоў выстраліў у мяне!" Я паклаў яго на сваім ложку і выклікаў паліцыйнага лекара. Быў напісаны паліцыйны пратакол. Мяне дапыталі ў якасці сведкі, а Гурына забралі ў шпіталь. Судовы следчы стараўся ўмяшаць у гэтую справу паслоў Тарашкевіча і Валошына, якія былі ў гэты дзень у Горадні /.../ Я сказаў, што не дапушчаю думкі аб іх удзеле ў гэтай справе, хоць у душы я і меркаваў, што без іх ведама (прынамсі, Валошына) гэта не абышлося..."

Правільна меркаваў сенатар і не толькі ён - газеты пісалі, што сведчанні М.Гурына вельмі страшылі грамадоўцаў, і яны хацелі, каб ён не з'явіўся ў судзе.

Клаўдзя Гоцка (іншае напісанне прозвішча - Ходзька), якую на "Працэсе 56-ці" засудзілі на чатыры гады турэмнага зняволення, пазней прызналася: "... з вялікай трывогай мы чакалі паказанняў... М.Гурына..."

Аднак жа, калі М.Гурына не стала, з'явіліся іншыя думкі.

У пятніцу 23 сакавіка 1928 года "Кур'ер Віленскі" на першай старонцы змясціў артыкул "Справа Грамады", у якім журналіст Bor (пэўна ж, гэта псеўданім) сцвярджаў: атмасфера, што ўтварылася пасля пагібелі М.Гурына, можа адбіцца на лёсе кіраўнікоў "Грамады" яшчэ горш, чым ягоныя паказанні!

10. Дапамога і знявага Антону Луцкевічу

Навукоўцы У.Грамовіч і Т.Процька ў 3-м томе "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" паведамілі: М.Гурын на грамадоўскім працэсе "ў якасці сведкі даў паказанні супраць Б.А.Тарашкевіча і С.А.Рак-Міхайлоўскага..." Гэта не зусім так.

Выступленне М.Гурына Аўсянка прызначыў на красавік (М.Машара ў рамане "Лукішкі" ўдакладніў: на 14 красавіка), але выступіць М.Гурын не паспеў... На трыццаць трэці дзень разбору, у панядзелак 16 красавіка 1928 года, увечары і пры зачыненых дзявярах (без публікі) толькі зачыталі яго паказанні - вось такая ягоная "прысутнасць" на працэсе.

І ў той жа дзень, 16 красавіка, адвакат К.Петрусевіч прасіў далучыць да справы 31-ы нумар "Беларускага Дня", у якім М.Гурын змясціў чарговы раздзел "З недалёкага мінулага" - раздзел меў назву "Антон Луцкевіч". Палітычны рызыкант М.Гурын сантыментамі не займаўся, аднак жа, мяркую, адчуваў да А.Луцкевіча сімпатыю. Скажам, калі надумаў прымірыцца з бальшавікамі (быў у ягонай палітычнай практыцы і такі манеўр), то прасіў менавіта А.Луцкевіча паехаць у Сопат на сустрэчу з камуністамі і выступіць там у якасці пасрэдніка-прымірыцеля сэцэсіі з КПЗБ. Давяраў такую місію палітыку, які назваў сэцэсію (нагадаю) голасам нацыянальнага сумлення. Такая ацэнка не магла не спадабацца...

У 31-м нумары "Беларускага Дня" М.Гурын пісаў: камуністы ніколі не лічылі А.Луцкевіча сваім; ён шмат у чым замінаў ім, раздражняў нават сваёй прысутнасцю ў Вільні, блытаў камуністам планы і наогул - з'яўляўся іхнім недругам.

М.Гурын даводзіў сваю пазіцыю да зусім яснага выніку, калі цытаваў старшыню ЦВК БССР Чарвякова, які атэставаў А.Луцкевіча "як спрытнага і разумнага праціўніка камуністаў, з якім трэба лічыцца і сцерагчыся".

І тут вельмі цікавая наступная акалічнасць! 31-ы нумар "Беларускага Дня" выйшаў 22 кастрычніка 1927 года, а за дзесяць дзён да таго, 12 кастрычніка, Антон Луцкевіч быў арыштаваны і справаджаны ў Лукішкі як адзін з правадыроў пракамуністычнай (!) "Грамады". Уражаны гэтым арыштам, М.Гурын ці не свядома ў сваёй публікацыі зрабіў акцэнт на антыкамунізме А.Луцкевіча. Санацыя змагалася з камунізмам, таму гэта публікацыя, упэўнены, дапамагла "антыкамуністу" А.Луцкевічу; дзякуючы і ёй (і не ў малой ступені!) А.Луцкевіча на "Працэсе 56-ці" апраўдалі.

Словам, К.Петрусевіч ведаў, што рабіў, калі звяртаў увагу суддзяў на 31-ы нумар "Беларускага Дня". Разлічыў дакладна: М.Гурын быў у фаворы ва ўлады, любое паказанне, нават не з яго вуснаў, а зачытанае судовым пісарам, прымаецца адразу як слушнае, тады і слова, надрукаванае панам Ф.Умястоўскім, таксама павінна станоўча паўплываць на суддзяў! А яшчэ адвакат прасіў запрасіць на разбор у якасці сведкі і самога Ф.Умястоўскага, які мог бы пацвердзіць, што згаданы раздзел пад назвай "Антон Луцкевіч" сапраўды напісаў М.Гурын.

Суд вырашыў прыняць рашэнне толькі пасля таго, як з гэтым матэрыялам пазнаёмяцца пракуроры. Само па сабе, пракуроры Калапскі і Раўзэ прачыталі матэрыял і сярод іншага, думаю, не прамінулі і тое, што сакратар польскай секцыі Камінтэрна Багуцкі даваў заданні сваім паслухмяным падначаленым пісаць супраць А.Луцкевіча брудныя фельетоны...

Трэба думаць, Ф.Умястоўскі меў да А.Луцкевіча прыхільнасць, ва ўсякім разе пра ягоны арышт змясціў у 30-м нумары сваёй "беспартыйнай часопісі" даволі спагадны водгук і, мусіць жа, сам яго і напісаў. Акцэнт у водгуку быў зроблены на тым, што беларуская інтэлігенцыя, да якога б ні належала палітычнага лагера, заўсёды "шануе Луцкевіча як выдатную беларускую інтэлектуальную сілу", а таксама ж Ф.Умястоўскі назваў няпраўдай сцвярджэнне польскіх газет, што А.Луцкевіч кіраваў "Грамадой".

Так, сцвярджэнні такія з'яўляліся: скажам, у чацвер 13 кастрычніка 1927 года ў "Дзенніку Віленскім" можна было прачытаць артыкул пад кідкай назвай "Арышт правадыра (!) "Грамады" А.Луцкевіча"... Аднак жа не думаю, што ўсе такія назвы-загалоўкі мелі заўсёды свядома правакацыйны характар. Для ўсіх А.Луцкевіч з'яўляўся агульнапрызнаным лідарам беларускага руху, таму польскія журналісты іншы раз машынальна ставілі яго імя на чале "Грамады" - самай вядомай на той час легальнай нашай арганізацыі.

У сваім водгуку Ф.Умястоўскі нагадаў таксама, што А.Луцкевіч выступаў супраць падзелу Беларускага Пасольскага Клуба на "Грамаду" і ўласна "Клуб". Дарэчы, супраць гэтага падзелу-расколу, які быў выгадны сталіністам, выступаў і М.Гурын; ён лічыў, што раскол аслабіць нацыянальнае палітычнае поле і давядзе да бойкі беларусаў з беларусамі. Так яно, зрэшты, і сталася...

Далей у водгуку ішло аб тым, што А.Луцкевіч, стоячы за дзяржаўнасць Беларусі, не прыняў "Грамаду" ў яе існым варыянце (намёк на "чырвоны" кірунак арганізацыі!); працуючы ў грамадоўскіх выданнях, А.Луцкевіч не вызначаў іхнюю палітыку, бо не з'яўляўся не тое што кіраўніком - нават чальцом партыі, аб чым аднойчы і заявіў у тыднёвіку "Пшэглёнд Віленскі".

Сапраўды, 14 чэрвеня 1926 года А. Луцкевіч склаў такую заяву, і прычына яе з'яўлення наступная. Днём раней, у 11-м нумары "Пшэглёнда Віленскага", нейкі ананім "ex" паведаміў, што на пахаванні паэта Казіміра Сваяка на службе ў Віленскім касцёле Святога Мікалая ад "Грамады" прысутнічаў ён - Антон Луцкевіч. І вось у бліжэйшым, 12-м, нумары выдання (яно з'явілася 27 чэрвеня 1926 года) А.Луцкевіч заявіў, што на пахаванні Казіміра Сваяка ад "Грамады" былі паслы С.Рак-Міхайлоўскі і Ю.Сабалеўскі, а ён быў толькі ад... самога сябе.

Дарэчы, фраза пра беларускую інтэлігенцыю, якая шануе А.Луцкевіча, абурыла яшчэ аднаго ананіма, які накіраваў у рэдакцыю "Беларускага Дня" ліст за подпісам "Інтэлігент". Гэты ананім прызнаваў заслугі А.Луцкевіча ў беларускай культуры, аднак жа не ў палітыцы, бо ў палітыцы ён "прывык заўсёды хавацца за чужыя плечы"; у палітыцы, даказваў новы ананім, ён толькі тым і займаецца, што зневажае іншых беларускіх дзеячаў. Ф.Умястоўскі надрукаваў пісьмо "Інтэлігента" ў тым жа 31-м нумары - толькі калі слова М.Гурына даў на самым пачатку, на другой, трэцяй і чацвёртай старонках, то згаданае пісьмо змясціў на апошняй, дванаццатай, старонцы. Надрукаваў і прыпіску, згодна з якой рэдакцыя "Беларускага Дня" ў зацемцы пра арышт ацэньвала А.Луцкевіча толькі як дзеяча культуры. І ні слова, што ў той зацемцы ішла гаворка і пра А.Луцкевіча-палітыка! Больш таго, прыпіска завяршалася гэтак: "...а ў галіне яго (А.Луцкевіча. - Л.Д.-М.) палітычнай працы /рэдакцыя/ зусім падзяляе закіды, зробленыя ў пісьме..." Ф.Умястоўскі здыпламатнічаў, не захацеў сварыцца з "Інтэлігентам", адным са старэйшых, як сам заявіў у гэтай жа прыпісцы, нашых адраджэнцаў, імя якога раскрыць не мог.

Так, Ф.Умястоўскі меў да А.Луцкевіча прыхільнасць, аднак жа, здаецца, і не заўважыў, як абразіў яго. Падзяліўшы закіды "Інтэлігента", не адкінуўшы іх, ён, як бачым, згадзіўся з тым, што А.Луцкевіч у палітычнай дзейнасці "прывык заўсёды хавацца за чужыя плечы".

Сваім ворагам А.Луцкевіч не шкадаваў моцных слоў, гэта праўда, і тут можна прыняць закід "Інтэлігента", што ён зневажае беларускіх дзеячаў. Але каб хаваўся за чужыя плечы... Гэта ўжо занадта! Заснавальнік дзяржаўнага нашага жыцця Антон Луцкевіч так хаваўся за чужыя плечы, што ў кастрычніку 1927 года зноў, у чарговы раз, трапіў за краты!

11. Забойства, канфіскаваныя газеты і Вера Тарашкевіч

У сваёй заключнай прамове 8 мая 1928 года Раўзэ пашкадаваў, што М.Гурын не паспеў выступіць - толькі злажыў прысягу; шкадаванне зразумелае - непасрэдныя паказанні былога чальца ЦК КПЗБ павінны былі стаць кульмінацыяй працэсу. Як вядома, разбор пачаўся ў чацвер, 23 лютага 1928 года, а праз тры тыдні, на адзінаццаты дзень слуханняў, М.Гурына не стала...

Чытаю газету "Слова": "...У 10 г. 30 хв. вечарам, у пятніцу, 16 сакавіка 1928 года, у Вільні, паблізу кавярні Тамашэвіча, якая знаходзіцца на вуліцы Ягелонскай, 5 - пачуўся стрэл..." Так пачынаецца нататка пра забойства галоўнага прыхільніка сэцэсіі; нататка вельмі запозненая - трагедыя адбылася, як сказана, у пятніцу 16 сакавіка, а штодзённая газета (толькі ў панядзелак не выходзіла) паведаміла пра падзею, можна сказаць, праз тыдзень - ажно ў чацвер 22 сакавіка! Чаму? З такой крыклівай навіной і так спазніцца?!

Мяркую, напісаць пра здарэнне ў суботнім нумары за 17 сакавіка было не зусім рэальна - М.Гурына ж забілі позна ўвечары ў пятніцу. А вось у нядзелю...

Для своечасовага друку якраз падыходзіла нядзеля, і хутчэй за ўсё "Слова" і змясціла сваю спешную нататку ў нядзелю 18 сакавіка, аднак жа нумар быў канфіскаваны, як і нумары іншых віленскіх газет з гэтай неверагоднай навіной. Чамусьці першая рэакцыя ўлады на аператыўную работу журналістаў была менавіта такая - не зусім зразумелая. Няўжо дэфензіва спрабавала (ну, хоць на некалькі дзён) утаіць факт смерці М.Гурына? Не хацела, ці што, каб пра гэта адразу даведаліся і, само па сабе, узрадаваліся падсудныя грамадоўцы?!

Словам, пытанне застаецца адкрытым...

Адносна згаданых канфіскацый і пратэстаў у сувязі з імі гаворка будзе ніжэй, а пакуль што вярнуся да "Слова": "...Праз хвіліну ў кавярню ўваліўся паранены і ўпаў у праходзе паміж пакоямі. За параненым убег забойца і з пісталета стрэліў тры разы і са сваім памочнікам знік..."

Звярну ўвагу: журналіст напісаў пра памочніка, бо і сапраўды Клінцэвіч быў не адзін, яму дапамагаў Капуцкі, аднак жа пазней у сваіх кананічных успамінах "Як я расправіўся з правакатарам Гурыным" Клінцэвіч не згадаў Капуцкага...

"...Тамашэвіч у забітым пазнаў Гурына, які часта бываў у яго кавярні. Вартаўнікі (!) з таварыства Klucze затрымалі забойцу. Яго напарнік уцёк..."

"Слова" гаворыць пра вартаўнікоў (двух? трох?), але іншыя газеты называлі толькі аднаго вартаўніка, які ўдзельнічаў у затрыманні. І сам Клінцэвіч пісаў пра аднаго нечаканца, што перакрыў яму шлях...

У сваім ранейшым выпуску "Слова" заўважыла: "...жонкі абвінавачаных (лідараў "Грамады". - Л.Д.-М.) у дзень забойства Гурына не прыйшлі ў суд..." І тут ёсць над чым задумацца.

Усе дні хадзілі - і раптам не прыйшлі! І менавіта ў гэты дзень! І менавіта ўсе (!) не прыйшлі. Занятыя былі? Захварэлі? Ці проста дзіўнае супадзенне такое? А можа, усё ж такі існавала нейкая сувязь паміж стрэламі Клінцэвіча і адсутнасцю гэтых жанчын у судзе?! І газета "Слова" намякала на гэтую сувязь і сваім чытачам, і, магчыма, палітычнай паліцыі?

Уважлівая была газета; пасля скону М.Гурына тут жа адзначыла, што жонкі галоўных грамадоўцаў вярнуліся ў суд: "...Сёння ж усе яны ў судзе. Ёсць і Вера Тарашкевіч, якую затрымалі на Ягелонскай у хвіліну забойства..."

Зноў дзіва дзіўнае!

У такі позні час (палова адзінаццатай вечара!) і менавіта ў хвіліну забойства жонка Б.Тарашкевіча спадарыня Вера знаходзілася паблізу кавярні Тамашэвіча. Што яна там рабіла? Можна падумаць, таксама сачыла за ворагам свайго мужа М.Гурыным, які, дарэчы, пісаў пра Б.Тарашкевіча, што ў таго як у палітыка бывае сем пятніц на тыдні! Што і казаць, адмоўны водгук, і ў жаночае сэрца ён мог апусціцца пякучай крыўдай!

А яшчэ можна падумаць і пра вядомую чырвоную руку, якая магла кіраваць жонкамі лідараў "Грамады"! І гэта ніякая не метафара. Невыпадкова ж сакратар МОПРа У.Вольскі ў гэты час быў у Вільні, нават жыў у Веры Тарашкевіч! Само па сабе, знаны камуніст прыбыў не толькі дапамагаць падсудным грамадоўцам; відавочна ж, меў і яшчэ нейкую місію...

І, безумоўна, цікавы і гэты факт: пракурор Віленскага акруговага суда загадаў канфіскаваць газеты, якія паведамілі пра пагібель М.Гурына. Акрамя "Слова" канфіскацыі падлягалі "Кур'ер Віленскі" і "Дзеннік Віленскі" - паводле Якуба Міско "так званая апазіцыйная прэса", а паводле "Пшэглёнда Віленскага" - прэса паслухмяная і пакорлівая.

Ды не (не магу не адзначыць!) - не так званая і не такая ўжо і пакорлівая; і цікавая была, і бараніцца ўмела...

Сіндыкат журналістаў заявіў пратэст супраць пастановы пракурора, а выдаўцы прыпынілі выпуск газет на тры дні ("Дзеннік Віленскі", праўда, на трэці дзень выйшаў).

Пратэст заўважылі і ў краі, і за мяжой; краёўцы ўздыхалі: калі пад такім дзяржаўным ціскам знаходзяцца польскія выданні, то што ўжо казаць пра існаванне беларускіх, яўрэйскіх і летувіскіх газет...

Ва ўсе часы канфіскацыя - любімая гульня чыноўнікаў, і камбінацыі яны праводзілі (і праводзяць!) самыя розныя. Скажу пра тую, якая па тэме... Калі ў сераду 12 кастрычніка 1927 года А.Луцкевіч апынуўся ў турме, Беларускі нацыянальны камітэт (БНК) заявіў: гэты арышт - яшчэ адзін удар па беларускім руху, таму неабходна і далей змагацца за свае правы.

Пратэст БНК з'явіўся ў 5-м нумары "Нашай Працы" 15 кастрычніка 1927 года. А якраз быў прыняты новы закон аб друку, пяцідзясяты артыкул якога забараняў праслаўляць злачынцаў. І вось калі камісар урада канфіскаваў 5-й нумар "Нашай Працы", то Віленскі акруговы суд тут жа зацвердзіў гэтую канфіскацыю, бо расцаніў пратэст БНК менавіта як праслаўленне злачынцы.

12. Езуіт Ясінскі і вера - душа ляноты

Адгукнуўся на трагедыю і "Беларускі Дзень"; 25 сакавіка 1928 года (на 10-я ўгодкі абвяшчэння БНР!) тыднёвік пісаў: "...ад кулі забойцы згінуў беларус... Мы не ведаем, ці забойца ёсць беларусам, калі ж так, то вывад з трагічнага морду (забойства. - Л.Д.-М.) яшчэ цяжэй, яшчэ сільней кладзе жах і сум на душу кожнага беларуса..."

Чулае слова і адметнае сваім нацыянальным смуткам, і смутак гэты робіць уражанне, што непазбыўнае наша самазнішчэнне - працэс бясконцы, бо "...згінуў беларус... ці забойца ёсць беларусам...".

Тыднёвік не схаваў расчаравання і з той прычыны, што сведка абвінавачання (начальнік ваяводскага камісарыята палітычнай паліцыі ў Беластоку) Ясінскі выставіў М.Гурына ў ролі інфарматара аб дзейнасці "Грамады" яшчэ задоўга да яе ліквідацыі, у выніку чаго ў стваральніка сэцэсіі паляцелі камяні з усіх бакоў. Вывядоўца дэфензівы Ясінскі зрабіў сваю работу прафесійна - надзейна падчапіў ахвяру на крук!

Загнаны ў кут М.Гурын адчуў гэта адразу і таму свой ліст ад 3 лістапада 1927 года адрасаваў не толькі грамадоўцам і камуністам - Ясінскаму таксама; хіба ж не да "адрасата" Ясінскага звернута заўвага, што ў дні стварэння "Грамады" ён, М.Гурын, сядзеў у турме, ніколі не прысутнічаў на пасяджэннях яе цэнтральнай управы і ніколі не бываў на сходах вясковых гурткоў "Грамады"?

І ў такім разе ці не ўзнікала пытанне: як гэткі сведка мог на судзе выступаць у ролі дасведчанага (!) інфарматара аб дзейнасці менавіта "Грамады"? Пытанне лагічнае, але езуіту Ясінскаму логіка не патрэбна была. Ён разважаў: "Так, М.Гурын знаходзіўся ў вязніцы, калі закладалася "Грамада"; так, пра дзейнасць яе цэнтральнага сакратарыята і нізавых структур М.Гурын не меў дакладнага ўяўлення! Ну, дык і што? Хіба не дастаткова таго, што ён яшчэ да нараджэння "Грамады" быў добра знаёмы з яе заснавальнікамі - Б.Тарашкевічам, С.Рак-Міхайлоўскім, П.Мятлой, Р.Астроўскім?! Меў з імі шчыльную сувязь! І сустрэчы з А.Луцкевічам шмат пра што гавораць! А галоўнае - на допытах сам разгаварыўся! Сам! Хай не адразу, але ўсё ж такі..."

На жаль, гэта была праўда... Надарваўшы сэрца ў смяротнай грызні з палітычнымі ворагамі, М.Гурын страціў разважлівасць і заключыў пагадненне з езуітам. А самае страшнае было нават не гэта. Натомлены псіхолаг, ён (не маючы сілы і ўлады) думаў - гарачым словам, артыкуламі пераканаць грамадства ў сваёй праваце. Нібыта і не ведаў, што людзей - і простых, і няпростых (за выключэннем хіба што адзінак, нейкіх абсалютна выдатных асоб!) - можна пераканаць толькі пры дапамозе страху і грошай.

А як жа моладзь? - спытаеце. Здаецца, без уздзеяння страху і грошай яны (тыя ж камсамольцы) ішлі на смерць у імя ідэалаў камунізму... Сапраўды, ішлі, бо не мелі выбару... На смерць іх пасылаў Ленін, ці найбольш Сталін - увасабленне абсалютнага страху! І моладзь, якая верыла ў голыя лозунгі, таксама была паралізаваная страхам...

Адстойваючы сваю правату, даказваючы ідэйнае разыходжанне з камуністамі і грамадоўцамі, М.Гурын яшчэ забыўся і пра сутнасць чалавечай натуры - людзі ў пераважнай большасці сваёй часцей вераць, чым думаюць, бо думаць значна цяжэй, чым верыць. Каб думаць - трэба ўмець думаць; трэба вучыцца гэтаму; трэба намагацца, трымаць розум у дысцыпліне, выдаткоўваць час, а веры - ні час, ні дысцыпліна, ні намаганне, ні вучоба, ні ўменне не патрэбны! Вера - душа ляноты! Сваё думанне (інтэлект!) пры жаданні можна ўзбагаціць, паглыбіць, пабольшыць, а вера найменш паддаецца такім зменам, таму яе прастора ў чалавеку ад нараджэння да смерці амаль аднолькавая. Вера (як у вялікае, так і ў дробнае) намаганняў не патрабуе, асабліва калі яна накіроўваецца ўладай!

Вось чаму ў Заходняй Беларусі і БССР адразу ж паверылі: М.Гурын - правакатар!

Не паверыў хіба што адзін Янка Купала, аб чым згадка яшчэ будзе...

Ясінскі выканаў сваю місію - падрыхтаваў грамадскую думку...

На пяты дзень працэсу, у аўторак 28 лютага 1928 года, спасылаючыся на паказанні яшчэ жывога М.Гурына, афіцэр далажыў: "Грамада" паўстала па загадзе Камінтэрна...

А нейкія тры гады таму М.Гурын марыў, каб яго новая партыя мела сваё прадстаўніцтва менавіта ў Камінтэрне. Як усё раптоўна змянілася! Былыя сябры саштурхнулі яго ў яму, аднак жа і сам ён шмат нарабіў, каб страціць раўнавагу.

Што было станоўчым, стала адмоўным, і вось пайшло-паехала: "Грамада" - дзіця Камінтэрна; грамадоўскія газеты друкаваліся за грошы ўсё таго ж Камінтэрна, а сама гэта арганізацыя створана дзеля таго, каб падбухторваць просты народ да бунту.

Зрэшты, і без гурынскіх несамавітых паказанняў нават самы апошні паліцыянт з самага апошняга пастарунка добра ведаў пра мэты Камінтэрна. А камендант якой-небудзь павятовай паліцыі за шклянкай гарбаты з выглядам знаўцы апавядаў, скажам, каменданту гміннай паліцыі, з якой крыніцы фінансуюцца грамадоўскія газеты.

А што ўжо казаць пра вышэйшых чыноў дэфензівы! Яны ведалі амаль усё, і не таму, што былі нейкімі рэдкімі майстрамі вышуку, а ў вялікай ступені таму, што лідары "Грамады" мала пільнаваліся канспірацыі. Пэўна ж, моцна верылі ў сваю пасольскую (дэпутацкую) недатыкальнасць і таму адчувалі сябе ў адноснай бяспецы! Напрыклад, без асаблівай засцярогі прынялі прапанову заснаваць Беларускі Банк і першыя камінтэрнаўскія паступленні (15.000 долараў) распісалі часткова на сябе, часткова на сваіх родных. Новыя валютныя паступленні не забавіліся; словам, палітыкі адразу разбагацелі - прынамсі, кіраўнікі банка (дырэктар Р.Астроўскі набыў сабе асабняк, а галоўны бухгалтар А.Коўш купіў дом).

Разумныя людзі, аднак жа ніхто нават і не падумаў, як адказаць на пытанне, якое можа ўзнікнуць (і ўзнікла!):

- Адкуль жа паходзяць грошы, на якія купляецца ў Вільні багатая нерухомасць, і наогул на якія зберажэнні так нечакана і хутка паўстаў Беларускі Банк?

Галовы кружыліся ад палітычнага дыму: "А што думаць, калі трэба дзейнічаць! А што пільнавацца, калі неўзабаве паўстанне і на дапамогу прыйдзе Чырвоная Армія! А што асцерагацца, калі польскай дзяржавы заўтра не будзе!" А калі так, то можна, не гуляючыся ў вялікае падполле, адкрываць банкаўскія філіі ў Пінску і ў Глыбокім, а таксама ж на свае акцыі ў паветы можна ў звычайных паштовых канвертах (!) перасылаць чэкі на самыя розныя сумы...

Я не апраўдваю з ног да галавы М.Гурына, бо зноў жа, спасылаючыся на яго паказанні, Ясінскі рапартаваў суду, што Б.Тарашкевіч, С.Рак-Міхайлоўскі, П.Валошын, П.Мятла і Р.Астроўскі знаходзіліся ў кантакце з камуністамі; кампартыя Польшчы праз КПЗБ пры дапамозе сувязнога Р.Астроўскага давала кіраўнікам "Грамады" неабходныя інструкцыі... Так, я не апраўдваю свайго героя і ягоныя паказанні, але зазначу, што віна яго адразу робіцца меншай, калі толькі падумаеш: а не варта было і лідарам "Грамады" губляць галаву, страчваць пільнасць і зусім падпадаць пад уладу камуністаў!

13. Свой знішчыў свайго

Тыднёвік Ф.Умястоўскага ў роспачы пытаўся: няўжо забойца з'яўляецца беларусам?

Так, Сямён Клінцэвіч быў беларусам, і заміж таго, каб, скажам, паехаць у Маскву і ліквідаваць Сталіна (сапраўднага правакатара!), ён прыехаў у Вільню і ліквідаваў М.Гурына.

Свой знішчыў свайго - формула нашага існавання! Спрадвеку на чужую карысць беларусы нішчылі беларусаў і не разумелі, што гэта іхняя асноўная бяда, а чужынцы ім, сваім адданым слугам, выносілі падзяку - зазвычай кулю ў патыліцу!

Гэтак жа аддзячылі і Клінцэвічу з Капуцкім, які таксама ж беларус...

Нагадаю: сэцэсію М.Гурын рабіў не адзін, меў памочнікаў, з якіх спрытнейшыя былі якраз Клінцэвіч і Капуцкі, але спрытнейшыя звычайна спрытныя ва ўсім, і менавіта яны першыя здрадзілі свайму старэйшаму таварышу, пакаянна вярнуліся да бальшавікоў і, каб замаліць раскольніцкія грахі, пакляліся звесці М.Гурына са свету. Расправу прымеркавалі на сакавік 1928 года і адвялі на выкананне месяц-паўтара.

Чаму не спяшаліся? Бо час быў, бо толькі 17 красавіка ў Беластоку пачынаўся "Працэс 133-х" - судзілі камуністаў, і ў ліку іншых такіх вядомых, як В.Харужая і М.Арэхва. М.Гурын у якасці сведкі абвінавачання меўся выступіць і на гэтым судзе. І тут яму было што канкрэтна сказаць і значна больш, чым на грамадоўскім разборы, - тут ён ведаў саму кухню!

Сапраўды, правільна пісала К.Гоцка - грамадоўцы баяліся паказанняў М.Гурына на "Працэсе 56-ці", аднак жа камуністы на сваім "Працэсе 133-х" выступлення М.Гурына баяліся ўдвая больш. Выносячы яму смяротную пастанову, камуністы, вядома ж, дбалі пра сябе, а не пра грамадоўцаў. А хто б сумняваўся! О, каб іх непакоіў лёс Б.Тарашкевіча і С.Рак-Міхайлоўскага, то яны ўсё зрабілі б, каб загнаць у магілу М.Гурына яшчэ да 23 лютага 1928 года - то бок да пачатку "Працэсу 56-ці".

Аднак жа галоўны выканаўца Клінцэвіч асабліва не рупіўся, у нарысе "Як я расправіўся з правакатарам Гурыным" ён паведамляе: "У сакавіку 1928 года я прыехаў у Вільню..." - гэта значыць, тады, калі суд над грамадоўцамі не проста пачаўся, а ўжо набраў поўны ход...

Клінцэвіч прыбыў у Вільню падчас выбарчай кампаніі - 4 сакавіка прайшлі выбары ў сейм, 11 сакавіка - у сенат, і з гэтай прычыны на грамадоўскім працэсе суддзя Аўсянка абвясціў перапынак.

Не называючы праўдзівага прозвішча забойцы, В.Рагуля сцвярджаў: "... Гурын быў застрэлены... нейкім маладым чалавекам з-пад Траб, Усціновічам..." Трэба думаць, Клінцэвіч меў фальшывы польскі пашпарт на імя гэтага Усціновіча. "Кур'ер Віленскі" ў разгорнутым (таксама спозненым з улікам канфіскацыі і дзён пратэсту) паведамленні за 21 сакавіка 1928 года таксама не назваў імя Клінцэвіча.

Дарэчы, рэдакцыя "Кур'ера" знаходзілася там жа, на Ягелонскай, побач з кавярняй Тамашэвіча - у доме №3. Магчыма, нехта з супрацоўнікаў газеты ў той позні час быў у рэдакцыі ці нават праходзіў міма месца злачынства, і такая істотная акалічнасць, вядома ж, паспрыяла таму, што матэрыял атрымаўся даволі падрабязны - прынамсі, значна цікавейшы, чым у таго ж "Слова", і нават надрукаваны быў на дзень раней.

14. Падрабязнасці «Кур'ера Віленскага» і ці можна страляць у паліцыянтаў...

"Кур'ер" паведамляў: "У пятніцу а 22-й з мінутамі ў кавярні Тамашэвіча - Ягелонская, 5 - учынена агіднае забойства галоўнага сведкі абвінавачання ў працэсе "Грамады" Міхала Гурына.

У кавярню Тамашэвіча тут жа (!) прыбылі меставы стараста Вацлаў Ішора, а крыху пазней пракурор Раўзэ, судовы следчы, функцыянеры палітычнай паліцыі, паліцыйны фатограф..."

Тое, што на месца злачынства хутка з'явіліся вышэйназваныя асобы (хоць і было ўжо даволі позна), толькі сведчыць: М.Гурын для ўлады меў немалую вагу.

"Кур'ер" паведамляў далей: "Забойцу арыштавалі і пасадзілі ў турму. Сведкі злачынства пан Тамашэвіч і пан N, дазорац таварыства Klucze, які затрымаў забойцу на рагу вуліц Гданьскай і Віленскай, расказалі..."

Удакладню. Дазорац не быў сведкам злачынства, і ён затрымліваў Клінцэвіча не адзін, а разам з паліцыянтам. Прозвішча дазорца, як бачна, схавана пад літарай N - мусіць жа, баяліся называць яго праўдзівае імя, каб камінтэрнаўцы не адпомсцілі чалавеку. А вось імя гаспадара кавярні назвалі - трэба думаць, лічылі: Тамашэвічу ніякая небяспека не пагражае.

Сведкамі злачынства былі яшчэ жонка Тамашэвіча, яго дачка і заўсёднікі.

Клінцэвіч жа дабіваў М.Гурына на іх вачах; дабіваў і... нават не думаў, што можа да смерці ўсіх напалохаць. І, відаць па ўсім, напалохаў - увагнаў у такі страх, што яны, бедныя, і слова сказаць не маглі, таму следства адступілася ад іх, і ў выніку газета не згадала ў якасці сведкаў ні жонку Тамашэвіча, ні яго дачку, ні кліентаў... Спалох родных, мяркую, пазней скруціў і Тамашэвіча - стала цяжка працаваць у памяшканні, падлога, сцены і мэбля якога былі заплямлены крывёй. Як ні мый, кроў чалавечую не адмыеш. І добрая палова кліентаў, можна лёгка ўявіць, адкінулася - страшна піць там, дзе забіваюць. У 1932 годзе па віленскім адрасе Ягелонская, 5 ужо знаходзілася не кавярня, а Жаночы саюз грамадзянскай працы - трэба думаць, Тамашэвіч перавёў сваё прадпрыемства ў іншае месца ці наогул закрыў яго.

Словам, стрэлы Клінцэвіча трапна пацэлілі, кажучы сённяшняй мовай, і ў чужы бізнес!

Быў і яшчэ адзін сведка забойства - спадарожнік М.Гурына, самім Клінцэвічам названы галоўным агентам палітычнай паліцыі Віленскага ваяводства, аднак жа і ён у газетным паведамленні не абазначаны. Мусіць жа, з той прычыны, што агентаў нельга раскрываць.

"Кур'ер" працягваў: "Гурына арыштавалі ў Польшчы і засудзілі на два гады цяжкой турмы. Адседзеўшы ў гродзенскай вязніцы, не пакінуў канспіратыўнай работы, але неўзабаве расчараваўся ў камунізме, бо зразумеў: бальшавікі з'яўляюцца найбольшымі ворагамі беларускага народа! З таго часу варожа стаў успрымаць савецкую палітыку да беларусаў".

Гэтыя радкі - нібыта сціслы пераказ асобных абзацаў усё таго ж ліста ад 3 лістапада 1927 года. Магчыма нават і тое, што рэпарцёр "Кур'ера" атрымаў кансультацыю Ф.Умястоўскага.

Далей ішло сцвярджэнне: М.Гурын "...узненавідзеў "Грамаду", чальцом якой быў...". Не, грамадоўцам М.Гурын не з'яўляўся (тут ліберальная газета перабрала меру і ці не свядома зрабіла гэта!), а што да нянавісці...

Вышэй была гаворка: М.Гурын узненавідзеў "Грамаду", бо лічыў яе масавай правакацыяй, аднак жа галоўная прычына ягонай нянавісці, думаю, крылася ў зайздрасці! Амбітны дзеяч марыў пра сваю беларускую партыю, але такую партыю, і вельмі шматлікую, стварыў не ён, а Б.Тарашкевіч. І як тут не ўзненавідзець і таго ж Б.Тарашкевіча, і ягоную "Грамаду"!

Газетнае апавяданне ўсё больш рабілася акрэсленым: "Тамашэвіч убачыў трох мужчын, якія гутарылі перад яго кавярняй, - сярод іх знаходзіўся Гурын; ён заўсёды прыходзіў у таварыстве дзвюх асоб..."

Сапраўды, М.Гурын да Тамашэвіча ніколі адзін не завітваў і заўсёды - памятаем - вёў перамовы ў кавярні па-беларуску і шэптам; баяўся, каб не падслухалі... Тут жа ён размаўляў на вуліцы, ля кавярні, але з кім?

У прысутнасці агента паліцыі М.Гурын гаварыў з... Клінцэвічам!

Апошні ж у сваіх успамінах пра гэту гаворку ні слова не выціснуў! Баяўся АДПУ! Вярнуўшыся ў Менск, небяспечна было згадваць гэту гаворку... Як ні круці, а падпадае пад абвінавачанне - кантакт з ворагам! І няхай гэты вораг ім жа, Клінцэвічам, тут жа і пушчаны ў царства нябеснае, а ўсё адно - кантакт...

Але пра што, не зважаючы на дэфензіўшчыка, маглі гутарыць былыя сябры, нядаўнія паплечнікі, калі адзін з іх (Клінцэвіч) ужо трымаў напагатове зброю? Хутчэй за ўсё М.Гурын угаворваў Клінцэвіча не страляць, не забіваць яго, падумаць і застацца з ім у Вільні. Для чаго? Ну, мусіць жа, для ўсё той жа сэцэсійнай работы.

Не ўгаварыў... Не знайшоў патрэбных слоў... Пад руляй пісталета паспрабуй, знайдзі іх...

"Кур'ер" з бачным рэпарцёрскім азартам падаваў: "Раптам пачуўся дзіўны трэск; Тамашэвіч і не падумаў, што гэта рэвальверныя стрэлы".

Стрэлы? Уражліваму Тамашэвічу здалося, што прагучала некалькі стрэлаў, аднак жа на вуліцы, на парозе кавярні, Клінцэвіч страляў толькі адзін раз.

"...Адчыніліся дзверы, і ў кавярню хісткай хадой ступіў Гурын; абапёрся аб столік, які стаяў пры дзвярах, крыху прайшоў наперад, аблёгся на печ і моўчкі асунуўся на падлогу.

У кавярню ўбег адзін з тых, хто размаўляў на вуліцы, і тры разы стрэліў у Гурына..."

Відаць па ўсім, Клінцэвіч валодаць зброяй умеў; у менскай школе КПЗБ (як у Лошыцы, так і ў Грушаўцы) не толькі марксізму-ленінізму навучалі, аднак жа вадзілі і ў цір...

Рэпарцёр "Кур'ера" прадчуваў свой журналісцкі поспех, і каб гэты поспех быў паўнейшы, крыху падбаўляў непрыдуманаму сюжэту вастрыні. Напрыклад, прыдумаў, што Клінцэвіч двойчы стрэліў і ў пастарунковага: "... На стрэлы прыбег пастарунковы, які нёс ахову на рагу вуліц Віленскай і Міцкевіча. Забойца ж стрэліў у яго два разы і кінуўся на ўцёкі..."

Няўжо Клінцэвіч забыў правіла: у паліцыянтаў не страляць! Не, не забыў, таму і не страляў; гурынскага спадарожніка (агента палітычнай паліцыі) таксама ж не зачапіў - пакінуў жывым. Гэтыя стрэлы спатрэбіліся рэпарцёру дзеля таго, каб чыталася яшчэ больш цікава і каб лішні раз пужнуць віленскі люд: бачыце, якія яны, камуністы - нават у паліцыянтаў страляюць!

У студзені 1936 года "Кур'ер" гэтак жа "па-мастацку" абмалёўваў уцёкі з суда С.Прытыцкага: пасля замаху на Стральчука С.Прытыцкі, маўляў, адстрэльваўся і параніў аднаго паліцыянта! У першым раздзеле гэтага апавядання адзначалася: паліцыя біла ў С.Прытыцкага з усіх ствалоў, а ён, маючы два пісталеты, маўчаў, не адказваў; ушчэнт зранены, трымаўся няпісанага закону: у паліцыянтаў страляць нельга!

15. Начны вартаўнік, дваццаць два патроны да браўнінга і зноў жонка Б.Тарашкевіча...

"Кур'ер" вёў да фіналу: "Начны вартаўнік таварыства Klucze затрымаў злачынцу на стыку Гданьскай і Віленскай; той зноў хацеў ужыць зброю, але падаспеў пастарунковы і вывернуў яму рукі.

У арыштаванага знайшлі браўнінг і запасную абойму на дваццаць два патроны".

Вось так, падрыхтаваны школай КПЗБ малады рызыкант (і трыццаці гадоў не меў) і быў, можна сказаць, пры поўнай амуніцыі, а ў рукі даўся даволі лёгка! Нават дзіўна...

"Кур'ер" удакладніў: "Следства праводзіць судовы следчы III-га ўчастка Хэлстоўскі; пракурорскі нагляд ажыццяўляе Штэйнман".

Маладая Польшча, няхай сабе і з царскімі законамі, - якая-ніякая, а ўсё-ткі Еўропа, таму для яе захаваць законнасць ("Кур'ер" гэта паказвае) - усё адно як перахрысціцца перад абедам.

А што да пракурора Штэйнмана, то яго згадваў у турэмных нататках С.Рак-Міхайлоўскі - у чацвер 10 лютага 1927 года Штэйнман зайшоў у камеру, не зняўшы шапку, і лукішскага вязня С.Рак-Міхайлоўскага гэта абурыла.

Аднак дачытваю: "Учора выпусцілі з турмы нейкага Сегаля; яму шаснаццаць гадоў, і ён чалец жыдоўскай арганізацыі Tinperes Bachurin..."

Паэт Фелікс Баторын растлумачыў: мяркуючы па назоўніку множнага ліку Bachurin (падлеткі), Сегаль належаў да нейкай падлеткавай арганізацыі, поўная назва якой пакуль, на жаль, застаецца не расшыфраванай.

Дык вось, яго, Сегаля "...ўзялі выпадкова, бо ў хвіліну злачынства праходзіў па Ягелонскай, і паліцыя падумала, што ён памочнік забойцы.

Учора выпусцілі й жонку Тарашкевіча, яе таксама выпадкова арыштавалі на вуліцы Ягелонскай".

Зусім не здзіўляе арышт Сегаля - у спешцы заўсёды можна каго заўгодна, не разабраўшыся, узяць; тым больш юнака (мусіць жа, высокага і на выгляд у цемры сталага), які, пэўна ж, праз недагляд бацькоў амаль ноччу боўтаўся ў цэнтры Вільні. Аднак жа вельмі інтрыгуе тое (яшчэ раз кажу пра гэта), што на Ягелонскай апынулася і Вера Тарашкевіч! А можа, і сапраўды (льга й такое дапусціць) сачыла за М.Гурыным і, магчыма, летуценна, чыста па-жаночы абдумвала спосабы лакалізацыі небяспечнага "камунікатчыка".

Пастарунковаму, у якога нібыта двойчы страляў Клінцэвіч, бегчы ад вугла Віленскай і Міцкевіча да кавярні Тамашэвіча было метраў 140-150.

Аднак ці мог ён на такой адлегласці, стоячы на даволі бойкай вуліцы Міцкевіча, пачуць рэвальверныя стрэлы?! А зусім побач, на плошчы Ажэшкі, была яшчэ і аўтобусная станцыя, якая, трэба думаць, не адбаўляла, а толькі падбаўляла меставога шуму і стукату.

Зрэшты, прыму версію газеты - смелы паліцыянт стрэлы пачуў! А ён сапраўды смелы: не збаяўся пагнацца за ўзброеным тэрарыстам! Праўда, цікава, чаму не пагнаўся за ім спадарожнік М.Гурына - галоўны агент палітычнай паліцыі Віленскага ваяводства? Ён жа застаўся жывы!

Пэўна, кабінетны служака на парозе кавярні ўмлеў ад страху...

Паліцыянт бег метраў 400-450, спачатку па Ягелонскай, а тады ўжо, не дапіраючы да Завальнай, улёг налева па Гданьскай.

Я сказаў, што ён смелы, і гэта праўда, аднак жа смеласць начнога вартаўніка з таварыства Klucze ўражвае больш. Паліцыянт хоць меў зброю, а вартаўнік, пэўна ж, не, аднак жа заступіў Клінцэвічу дарогу.

Газета ўдакладняе: затрыманне адбылося на стыку Гданьскай і Віленскай - значыць, побач з домам, дзе жыў Б.Тарашкевіч (Віленская, 12) і, можна сказаць, пад вокнамі кватэры Яна Пазняка, на зусім блізкай ад Гданьскай вуліцы Людвісарскай...

16. Пра тое ж і Міхась Машара

У рамане "Лукішкі" М.Машара стварыў мастацкую карціну знішчэння М.Гурына, аднак яна па сутнасці з'яўляецца толькі старанным пераказам успамінаў Клінцэвіча. Дарэчы, і М.Арэхва, і Я.Міско таксама ж ні на крок не адступілі ад гэтых правільна складзеных успамінаў, калі пісалі пра апошнюю гадзіну інспіратара сэцэсіі. Паважаныя аўтары дзейнічалі паводле прынцыпу: як сказана ў Клінцэвіча, так будзе сказана і ў нас; напрыклад, не ўспомніў Клінцэвіч пра Капуцкага, то і яны не ўспомнілі...

Аднак жа ёсць і дробныя адхіленні.

Спісваючы ўспаміны, М.Машара паведамляў: Клінцэвіч даведаўся, што М.Гурын працуе ў газеце "Беларускі Дзень", а жыве на Гарохавай. Знарок ці незнарок, але раманіст памыліўся, бо ў Клінцэвіча ясна сказана: М.Гурын жыў на Гарбарнай. Зрэшты, ён часта мяняў кватэры, таму мог жыць і на Гарохавай, а што да дома, у якім асталяваўся на Гарбарнай, то Клінцэвіч, а ўслед, само па сабе, і М.Машара даводзяць: М.Гурын жыў у доме галоўнага кіраўніка віленскай гарадской паліцыі!

Мусіць жа, Клінцэвіч у сваіх успамінах дапусціў, скажам так, мастацкае перабольшанне, пахваліў самога сябе, намякаючы менскім заказчыкам: "Бачыце, у якім доме хаваўся правакатар! Да яго было не даступіцца, і тым не менш я выканаў заданне!"

Клінцэвіч заўважыў М.Гурына ў дзевяць вечара на вуліцы Міцкевіча, але не аднаго - з галоўным (!) агентам палітычнай паліцыі Віленскага ваяводства. Там галоўны кіраўнік паліцыі, а тут галоўны агент паліцыі, - па гучанні ж нібыта адна асоба! Агент гэты, вядома, у раман перайшоў з успамінаў Клінцэвіча...

Недзе з паўтары гадзіны Клінцэвіч сачыў за М.Гурыным - спачатку на Міцкевіча, а тады ў рэстаране "Джорж", а пазней і на вуліцы Ягелонскай. І вось калі М.Гурын захацеў увайсці ў кавярню Тамашэвіча (прозвішча гаспадара кавярні М.Машара не называе, бо не называе яго і аўтар успамінаў), - Клінцэвіч стрэліў.

Па сходах, якія вялі ўніз, М.Гурын, відаць, ужо смяротна паранены, уляцеў у памяшканне.

А што галоўны агент? Хіба не кінуўся на Клінцэвіча? Не, не кінуўся, бо - аб чым гаворка была ўжо - умлеў ад страху! Ён жа не смелы чэкіст, а баязлівы дэфензіўшчык!

Тым часам Клінцэвіч увайшоў у кавярню і спачатку... заспакоіў гаспадара, яго жонку і дачку, а таксама ўсіх наведвальнікаў: маўляў, панове, заставайцеся на месцах, вам нічога не пагражае - усё-такі шляхетны ён быў! - і толькі пасля ўжо павярнуўся да М.Гурына, які ляжаў на падлозе, і тройчы націснуў на курок.

І газеты пісалі менавіта пра тры стрэлы ў кавярні, аднак жа (буржуазныя) ні слова не сказалі аб тым, што Клінцэвіч гэтак высакародна абышоўся з гаспадарамі і публікай!

У рамане "Лукішкі" Клінцэвіч - герой, а героі, як вядома, не ўцякаюць!

Калі выйшаў з кавярні, ён скіраваў на вуліцу Міцкевіча, але адтуль ужо беглі паліцэйскія (успомнім: "Кур'ер Віленскі" паведамляў толькі пра аднаго пастарунковага!).

Тады Клінцэвіч "павярнуў назад і пайшоў угору па Ягелонскай вуліцы. Адышоў... толькі крокаў трыста".

Гэтыя вельмі рахманыя машараўскія дзеясловы - "пайшоў", "адышоў" - ствараюць ідылічны малюнак адступлення, а да стыку Гданьскай і Віленскай, дзе Клінцэвіча затрымалі, адлегласць большая - не "крокаў трыста", а добрыя пяцьсот метраў. Кажу так, бо змераў гэты маршрут!

Зрэшты, далей ідзе больш істотная недакладнасць - псіхалагічная, бо на Клінцэвіча, які паціху (!) сабе рухаўся, раптам ні з таго, ні з сяго "наскочыў нейкі малады чалавек і схапіў за пояс, жадаючы затрымаць". Чаму ён так зрабіў? Чаму гэты маладзён схапіў за пояс невядомага самавітага пана, які проста сабе ішоў па вуліцы?

А пэўна ж таму, што Клінцэвіч не ішоў, бо каб спакойна ішоў - ніхто б на яго не наскочыў! Клінцэвіч, як шалёны, бег і не па ходніку (па віленскіх вузенькіх тратуарах бегаць вельмі нязручна) - ляцеў проста сярэдзінай вуліцы! Аднак жа самае падазронае і не ў тым, што сярэдзінай вуліцы... Ці мала які дурань можа перці на злом галавы па бруку, і што, кожнага такога трэба хапаць за пояс?! Прычына ў іншым...

Ад неверагоднай радасці (а як жа: выканаў заданне!) Клінцэвіч страціў пільнасць, згубіў кантроль над сабой, забыў схаваць зброю і па-вар'яцку сігаў з браўнінгам у руцэ. Гэтая акалічнасць і змусіла неабыякавага вартаўніка дзейнічаць!

І няхай М.Машара пераконвае, што, як толькі Клінцэвічу загарадзілі дарогу, ён "выхапіў з кішэні пісталет і стрэліў у паветра. Чалавек спалохаўся і адскочыў убок".

Такая яна, пісьменніцкая фантазія...

Не, Клінцэвіч з кішэні пісталет не выхопліваў і ў паветра не страляў, і "нейкі малады чалавек" (начны вартаўнік таварыства Klucze) убок не адскокваў, дый пастарунковы (скажу яшчэ раз: адзін пастарунковы!) не забавіўся. Але каб героя затрымаў нейкі там вартаўнік, няхай сабе і на пару з паліцыянтам?! Не! У савецкім рамане ворагаў, якія акружылі героя, павінна быць, як сабак!

А раз так, то тут ужо і пабегчы можна: "...Клінцэвіч кінуўся ўцякаць, аднак у спешцы згубіў шапку. Паліцэйскія, што беглі за ім, падабралі яе. Клінцэвіч зразумеў, што бегчы па горадзе без шапкі - значыць звяртаць усіх увагу на сябе. Але ён не спыніўся і бег далей, з вуліцы на вуліцу, пакуль не трапіў у акружэнне больш дзесяці паліцэйскіх..."

Во колькі было даганятых паводле партыйнай арыфметыкі, а на справе - толькі дзве душы.

Хапанне за пояс, згубленая шапка, уцёкі без шапкі і страх, што без яе ты для ўсіх заўважны; урэшце, дзясятак з гакам паліцыянтаў - усё ўзята з мемуараў; прыведзеную сцэну М.Машара спісаў амаль слова ў слова!

17. Няспраўджаны лідар

На схіле грамадоўскага працэсу пасля пракурораў Раўзэ і Калапскага выступілі адвакаты, і ў ліку першых - абаронца з Варшавы Яўген Смяроўскі. Ён сказаў, што М.Гурыну, як сведку, нельга верыць, бо з 19 студзеня 1925 года М.Гурын страціў з камуністамі ўсялякую сувязь. Называючы акрэсленую дату, адвакат меў на ўвазе наступную акалічнасць: у студзені 1925 года пад Масквой пачаў работу III з'езд кампартыі Польшчы, М.Гурын быў запрошаны на гэты з'езд, аднак жа прыехаць у СССР па вядомай прычыне адмовіўся. Адвакат пераконваў суд: М.Гурына яшчэ задоўга да яго забойства выкінулі з партыі, і таму з пэўнага часу, а менавіта са студзеня 1925 года, ён быў начыста адлучаны ад інфармацыі пра ўнутранае жыццё як КПЗБ, так і "Грамады". Словам, само сабой напрошвалася рашэнне - пракурорскі сведка праўдзівых звестак не меў!

Я.Смяроўскі даводзіў, што М.Гурын - здраднік і рэнегат, а ягоныя паказанні - звычайная хлестакоўшчына. У гэтым месцы адвакат не без падставы разлічваў на тое, што старшыня разбору Аўсянка, суддзі Ядзевіч, Барэйка ды іхні запасны калега Бжазоўскі Гогаля чыталі і ведалі, што паняцце "хлестакоўшчына" з'яўляецца сінонімам хлусні!

"Гурын заяўляў, што ўся ягоная інфармацыя ад асобы, імя якой раскрыць не можа! Гэта тыповая хітрасць канфідэнта!.. Каб жыў, то быў бы варты кары на доўгія гады турмы, бо ён паклёпнік!" - заключыў абаронца.

Цяжкое, можна сказаць, каменнае заключэнне, і яно добра ўмацоўвае версію "М.Гурын - правакатар".

У сваім энцыклапедычным артыкуле гісторыкі У.Грамовіч і Т.Процька адзначылі, што гэтая версія лічылася афіцыйнай праз увесь час існавання БССР.

Аднак жа былі і словы Янкі Купалы: "Мусіць, Гурын не такі й вінаваты, і суд гісторыі яго апраўдае!" Ацэнка вялікага паэта, вядома, не архіўны дакумент, але яна мае вагу золата.

Так, суд гісторыі павінен апраўдаць М.Гурына, ці хоць бы зразумець, што ён, робячы страшэнныя памылкі, усё ж такі імкнуўся даказаць сваё: у палітыцы трэба змагацца за беларускія ідэалы!

Заўсёды (і па сённяшні дзень) у афіцыйнай палітыцы якраз і не хапала беларускіх ідэалаў. А каму іх было ажыццяўляць? Яркія ж носьбіты гэтых ідэалаў зніклі без следу, і Беларуссю доўгія дзесяцігоддзі кіравалі слугі...

Сталіністы знішчылі М.Гурына, бо ўбачылі ў ім якасці нацыянальнага лідара. Яго палітычная зорка не паспела ўзысці, але імя яго першае ў жахлівым спісе замардаваных зноў жа сталіністамі нацыянальных правадыроў. А ў гэтым спісе і Цішка Гартны, і А.Чарвякоў, і Б.Тарашкевіч, і В.Ластоўскі, і Антон Луцкевіч...

Дзе магілы вялікіх беларускіх палітыкаў?

Па сённяшні дзень народ носіць кветкі на чужыя магілы!

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX