Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Беларускі падручнік паліталегіі 1931 г. 


Дадана: 15-10-2013,
Крыніца: Беларускі падручнік паліталегіі 1931 г. // Спадчына №4-1994. С. 69-81.



Палітычныя i грамадзкія кірункі ў мінуўшчыне i сучаснасьці

Гэты папулярны нарыс паліталёгіі, ілюстраваны прыкладамі заходнебеларускага палітычнага жыцьця, выдалі ў Вільні ў 1931 г. маладыя дэмакратычныя дзеячы цэнтрысцкай арыентацыі, згуртаваныя вакол папулярнага часопіса «Шлях моладзі».


1. МАНАРХІЗМ

2. АРЫСТАКРАТЫЗМ

3. ДЭМАКРАТЫЗМ

4. КАМУНІЗМ (САЦЫЯЛІЗМ)

5. ФАШЫЗМ

6. АНАРХІЗМ

7. КРЫТЫЧНЫ АГЛЯД РОЗНЫХ КІРУНКАЎ


Палітычныя i грамадзкія кірункі заўсёды цікавілі тых людзей, якія не замыкаліся ў сваей вёсцы або засьценку, але прымалі ўдзел у тварэньні новага жыцьця. Мы цяпер перажываем такі час, у каторым людзі змагаюцца за новыя формы народна-палітычнага i грамадзкага бытаваньня, i затым высьвятленьне гэтых формаў будзе для ўсіх, а асабліва для моладзі, дужа карысным.

Але пакуль мы пяройдзем да агляду розных формаў палітычнага i грамадзкага жыцьця, мы павінны выясьніць, што такое палітычнае i грамадзкае жыцьцё i паставім перадусім пытаньне, што такое палітыка?

Людзі, асабліва вяскоўцы, пачуўшы аб палітыцы, адразу думаюць як найгорш. Яны часта перакананы, што слова «палітыка» азначае хітрасьць, подступ i крые ў сабе нейкае ашуканства. Людзі часта глядзяць на палітыку як на спосаб здабыцьця ўлады i гнібеньня свайго праціўніка - затым на кожнага палітыка глядзяць крывым вокам. Аднак, праўду кажучы, гэткае суджэньне аб палітыцы дужа памылковае: людзі часта бяруць праявы палітычнага жыцьця i дзейнасьць некаторых палітыкаў за самую палітыку i затым прыпісваюць самай палітыцы розныя недарэчнасьці.

Дык што такое палітыка?

Палітыка ёсьць навукай аб тым, як найлепш кіраваць людзкой супольнасьцяй, аб'яднанай у дзяржаўны або які іншы грамадзкі арганізм. (...)

Ведаючы, што такое палітыка, мы пяройдзем цяпер да выясьненьня розных палітычных кірункаў.

Ад самага пачатку існаваньня роду людзкога быў паміж людзьмі нейкі парадак, нейкі лад, паводле якога яны жылі. Без парадку, бяз ладу жыцьцё людзкое было-б немагчымым. Затым у гісторыі чалавецтва мы бачым розныя лады: бачым лад, абапёрты на ўладзе аднэй асобы: адна асоба камандуе, а ўсе мусяць слухаць (манархізм); ізноў-жа здараўся лад, які апіраўся на тым, што камандавалі грамадзянствам адзінкі (арыстакрацыя або алігархія); ёсьць лад, які апіраецца на волі ўсяго народу, пры роўнасьці ўсіх грамадзян (дэмакратызм); цяпер выдумалі новы лад, які дзяржыцца на загадах аднэй партыі, каторая пры помачы сілы хоча накінуць сваю волю ўсяму народу (камунізм, фашызм); ёсьць ізноў кірунак, які ня прызнае ніякай улады i ніякага прымусу (анархізм),- словам, ёсьць многа формаў палітычнага жыцьця, аб якіх мы будзем гаварыць у наступных артыкулах.

Парадак артыкулаў будзе такі: 1) манархізм, 2) арыстакратызм, 3) дэмакратызм, 4) камунізм (сацыялізм), 5) фашызм i 6) анархізм. У канцы разгледзім усе гэтыя кірункі, дадаючы крытыку кожнага зь ix.

1. МАНАРХІЗМ

Слова «манархізм» выводзіцца ад грэцкіх слоў монос (адзін) i архэ (улада), значыць, слова «манархізм», пераложанае на нашу мову, азначала-б тое самае, што «адзінаўладзьдзе». Дык манархізм - гэта такі спосаб дзяржаўнага ўстройства, у якім уладу над усімі мае нехта адзін (монос), каторы дзеля гэтага i завецца «манарх», або па-нашаму - адзінаўладзец.

Манархізм у працягу гісторыі меў розныя формы. I так - бывалі такія дзяржавы, у каторых манарх меў неагранічаную ўладу, ён быў панам жыцьця i сьмерці сваіх падданых i не прызнаваў над сабою ніякай кантролі. Воля яго была для ўсіх найбольшым правам, i ніхто ня сьмеў пярэчыць у ягоных распараджэньнях. Нават калі ён мыляўся - i то трэба было споўніць ягоную памылку! Такім неагранічаным манархам быў да апошніх часоў расейскі цар i дзеля таго зваўся «самадзержац», гэта значыць, ён сам «дзяржаў» у сваіх руках усю паўнату ўлады.

Цяпер такіх неагранічаных манархаў мала дзе ёсьць, ix улада агранічана канстытуцыяй (дзяржаўным статутам) i парлямантам (народным прадстаўніцтвам). Такі, нпр., англійскі кароль ня мае бадай ніякай улады i сам ад сябе ня можа нічога пастанаўляць i выдаваць законаў. Ен толькі рэпрэзантуе Англійскую дзяржаву i падпісвае важнейшыя дзяржаўныя паперы. Усю-ж уладу мае парлямант, які праз сваіх міністраў кіруе дзяржаўным жыцьцём.

Арыйскія (інда-эўрапейскія) народы ў пачатках свайго дзяржаўнага жыцыця бадай усе мелі манархістычную форму ўладаньня. Форма гэтая, магчыма, разьвілася з даўнейшай патрыярхальнай улады (патэр - бацька, архэ - улада) i зрабілася насьледнай, г. ё. пераходзіла з бацькі на сына як-бы ў насьледзтве - i славяне, як галіна вялікага арыйскага племяні, у пачатках свайго гістарычнага жыцьця маюць сваіх старшых (роданачальнікаў), якія ў сваім родзе спраўляюць уладу. Але гэтая ўлада моцна агранічана народным зборам (радаю, вечам), да таго нават, што народны збор можа скінуць аднаго князя, а выбраць другога (што i практыкавалася ў нас на Беларусі ў да-Літоўскі пэрыяд нашай гісторыі). Аб такой форме манархізму можна сказаць, што яна толькі з назовы манархічная, а сама па сабе яна моцна агранічана на карысьць народу. Тут, як гэта кажуць, манарх «пануе, але не ўладае».

Зусім адменнай формай уладаньня бывае абсалютная або неагранічаная манархія. Тут да манарха належыць уся паўната ўлады: ён ёсьць жаралом усякага права; ён мае ня толькі правадаўчую, але i выканаўчую ўладу; ад яго імя адбываюцца суды i выносяцца прысуды; ён карае i мілуе; ён прадстаўляе ўсю дзяржаву ў міжнародных адносінах. Дык нічога дзіўнага, што згрупаваньне гэткай неагранічанай улады ў руках аднэй асобы часта выраджалася ў розныя дзікія формы, як, нпр., тыранію, дэспатызм i да г. п. (...)

2. АРЫСТАКРАТЫЗМ

Апроч манархіі, вадзілася даўней (i цяпер часам здараецца) збліжаная да манархіі форма дзяржаўнай улады, якая завецца арыстакратызмам.

Арыстакратызм - гэта слова таксама грэцкае. Азначае яно тое самае, што па-нашаму «ўлада лепшых, шляхотных» (арыстос - лепшы, шляхотны, а кратэо - уладаю, маю сілу). Значыць, арыстакратызм - гэта ўлада не аднаго чалавека, а многіх «лепшых», якія ў дзяржаве маюць паўнату ўлады. У аснове арыстакратызму ляжыць тое пракананьне, што дзяржавай павінны кіраваць лепшыя, выбраныя людзі. Толькі гэтая «лепшасьць» у розных краёх розна вырашалася. У аднэй старане за «лепшых» уважалі тых, што выводзіліся з шляхоцкага роду (радавая арыстакрацыя), у другой - тых, што выдзяляліся спасярод іншых ваеннымі чынамі (вайсковая арыстакрацыя), у трэцяй - тых, што мелі шмат маёмасьці i багацтва (плютакрацыя) - словам, усюды па-свойму вызначалі «лепшых». Рэдка дзе за лепшых уважалі тых, што сапраўды былі лепшымі i розумам i душою.

Вось такія «лепшыя» людзі i называюцца арыстакратамі, а форма іхнай улады арыстакратызмам. Арыстакратызм заўсёды найбольш дзяржаўся там, дзе панаваў манархізм. Манарх, паводле іхняй тэорыі,- гэта найлепшы чалавек, а лепшыя ўсе тыя, што каля манарха, а ўсе далейшыя - гэта чэрнь, якая ня варта добрага слова. Арыстакратычная ўлада, злучаная з манархізмам, была даўней у В. Княстве Літоўскім (баярства, магнаты) i ў Польшчы (шляхта, магнаты). Калі кучка арыстакратаў захапляла ў свае рукі ўладу, такая форма ўладаньня называлася алігархія (олігоі - нямногія, архэ - улада).

Проціпастаўленьнем да арыстакратызму ёсыць дэмакратызм.

3. ДЭМАКРАТЫЗМ

Зусім адменнай ад арыстакратызму формай дзяржаўнага ўстройства ёсьць дэмакратызм.

Слова «дэмакратызм» выводзіцца ад грэцкіх слоў «дэмос» (народ) i «кратос» (улада) i азначае тое самае, што народаўладзтва. Пры дэмакратычным устройстве дзяржавы ўлада належыць не да аднэй асобы (манарха), не да некалькіх асобаў (арыстакратаў), а да ўсяго народу (дэмасу).

Дэмакратызм зрадзіўся ў даўнейшай Грэцыі, асабліва ў горадзе Атэнах. Тамака кожны свабодны грамадзянін меў права прымаць удзел у абгаворваньні грамадзкіх справаў i агульна-дзяржаўных пастановах; кожны грамадзянін мог быць выбраны на найвышэйшае нават становішча: адміністрацыйнае, судовае або вайсковае, - словам, у даўнейшай Грэцыі кожны грамадзянін мог прымаць удзел у кіраваньні дзяржавай. Слабою стараною грэцкае дэмакрацыі было тое, што гэты ўдзел мог прымаць толькі грамадзянін свабодны, нявольнікі-ж былі гэтага права пазбаўлены - i гэта было вялікім мінусам у старагрэцкай дэмакрацыі, якая толькі што нараджалася.

У нас, на Беларусі, у Полацкі пэрыяд нашай гісторыі быў таксама дэмакратызм. Народ кіраваўся сам сабою: ён пастанаўляў для сябе законы, аб'яўляў вайну i заключаў мір, выбіраў вышэйшых урадоўцаў i скідаў ix. Ды выбіраў ня толькі ўрадоўцаў, але нават самых князёў, якіх часта пазбаўляў улады за якую правіну i выбіраў каго іншага. Гэтакім парадкам, князь у старадаўнай Беларусі меў толькі рэпрэзэнтацыйнае значэньне i быў павадыром войска на выпадак вайны.

Усе справы народ вырашаў на народным зборы, каторы называўся вечам. На голас вечавога звону народ валіў на рынак, дзе вырашаліся ўсе справы. Там князь або які іншы вышэйшы ўрадовец рэфэраваў справу, посьле адкрывалася дыскусія (гутаркі над справай), а посьле часам i спрэчкі. Абсудзіўшы ўсю справу (як гэта цяпер робіцца на нашых грамадзкіх сходах), народ большасьцю галасоў вырашаў справу i выносіў пастанову. Вось-жа на гэтай большасьці народнай i грунтуецца ўвесь дэмакратызм. Тая будзе важная пастанова, за якую стаіць большасьць народу, бо паводле аснаўнога правіла дэмакратызму, меншасьць павінна пакарыцца большасьці i ўступіць. Тутака дэмакратызм апіраецца на такім разуменьні, што трэба заўсёды некага паслухаць. Калі няма згоднай пастановы, трэба слухаць або аднаго чалавека (манарха), або некалькіх людзей, захапіўшых у свае рукі ўладу. Калі ўжо трэба кагось слухаць, то, паводле дэмакратызму, найлепш паслухаць не аднаго чалавека i ня некулькіх, а большасьці. I вось на гэтай уладзе большасьці народу грунтуецца галоўная аснова дэмакратызму.

Але паводле дэмакратызму, як мы ўжо сказалі, усе людзі маюць роўнае права голасу. Як гэта зразумець? Даўней людзі зьбіраліся на веча, i там кожны грамадзянін падаваў свой голас - i гэтая справа адбывалася дужа проста. Тагды да такой дэмакратычнай рэспублікі належаў адзін горад з «прыгарадамі», дык кожны грамадзянін мог легка прыйсьці на агульнае веча i споўніць свой абавязак. Але цяпер як? Тагды зыходзілася некалькі тысяч народу, дык сяк-так маглі згаварыцца. Але цяпер як змогуць людзі зыйсьціся з усей дзяржавы, абгаварыць справу i падаць голас? Гэта-ж ня тысячы народу, як было даўней, але цэлыя мільёны? Як яны зыдуцца, дзе памесьцяцца i як абгавораць?

Але i на гэта знайшлі спосаб. Калі ня могуць прыйсьці ўсе грамадзяне, дык пасылаюць сваіх прадстаўнікоў. Гэтых прадстаўнікоў выбіралі даўней на сходзе, давалі ім наказ, чаго яны маюць дамагацца, i пасылалі ix на агульны сход або веча. I цяпер гэтаксама адбываецца. Толькі цяпер такі агульны сход выбраных народам прадстаўнікоў (або паслоў) не называецца вечам, а соймам (ад слова сыйсьціся) або парлямантам (ад фраицускага слова «парле», што зн. гаварыць). Выбары паслоў цяпер адбываюцца інакш, як даўней. Затым, што цяпер людзі ня могуць зыйсьціся ў адно месца ня толькі з цэлага ваяводзтва, але нават i аднаго павету, дык выбары адбываюцца пры помачы картачак: кожны грамадзянін кідае картачку на тых кандыдатаў, якія яму найбольш да ўспадобы.

Цяперашнія дэмакратычныя выбары адбываюцца найчасьцей паводле так зв. пяціпрыметнай сыстэмы. Паводле гэтай сыстэмы выбары павінны быць: 1) агульныя, 2) таемныя, 3) беспасрэдныя, 4) роўныя i 5) прапарцыйныя (...).

...Пры выбарах непрапарцыйных большасьць заўсёды бярэ верх i можа ня пусьціць у парлямант ніводнага кандыдата зь меншасьці (так, як гэта бывае, напр., пры выбарах у вёсцы на грамадзкіх сабраньнях). Зусім што другое, калі выбары адбываюцца прапарцыйна да колькасьці галасоў, як, напр., на гмінных сабраньнях. Тамака сьпісак, які атрымаў (дапусьцім) 40 галасоў, праводзіць (дапусьцім) 4 кандыдатаў, а сьпісак, які атрымаў 30 галасоў, праводзіць паводле прапорцыі з кандыдатаў. Гэтак i ўсюды. Такім парадкам пры прапарцыйных выбарах меншасьць астаецца непакрыўджанай i праводзіць сваіх паслоў паводле колькасьці пададзеных галасоў. Прапарцыйныя выбары - гэта ўжо, як кажуць, дасканаласьць дэмакратычных формаў у кіраваньні дзяржавай, бо нават меншасьці дазваляецца мець уплыў на дзяржаўныя справы. Пры ўсім гэтым рэч зусім зразумелая, што пры дэмакратычным устройстве дзяржавы выбары павінны быць свабодныя, г. зн. бязь ніякага націску з боку адміністрацыйных, вайсковых i іншых уладаў. За свабодныя выбары дэмакратызм заўсёды вёў заўзятае змаганьне з рознымі дыктатарамі, якія хацелі накінуць сваю волю народу i гэтым сфальшаваць народны голас.

Дэмакратызм у працягу вякоў меў розныя формы свайго разьвіцьця. Як мы ўжо бачылі, у старадаўняй Грэцыі ён быў даволі куртаты: ня толькі дазваляў нявольніцтва, але нават адсоўваў нявольнікаў ад удзелу ў выбарах. У пазьнейшых часох дэмакратызм нават загінуў быў зусім, на яго месца прыйшла неагранічаная ўлада манархаў або арыстакрацыі, але ў 18 стагодзьдзі дэмакратычныя ідэі аджываюць ізноў. Найбольшым змагальнікам за тыя ідэі ў той час зьяўляецца францускі філёзаф Ян Руссо. Ен цьвярдзіў аб роўных правох усіх людзей. Потым француская рэвалюцыя кідае ў сьвет тры клічы; лібэртэ, эгалітэ, фратэрнітэ, што знача свабода, роўнасьць i братэрства - i ад гэтага часу дэмакратызм захапляе ўсіх, людзі праз усё 19 стагодзьдзе імкнуцца правесьці ў жыцьцё гэтыя клічы. Праводзячы гэтыя клічы ў жыцьцё, дэмакратызм дамагаецца поўнай свабоды сумленьня i веры, а таксама свабоды слова, друку, свабоды арганізацыяў i таварыстваў - словам, ідзе да таго, каб паміж людзьмі запанавала запраўдная свабода, роўнасьць i братэрства.

Але з пачаткам 20 стагодзьдзя ў дэмакратычных імкненьнях бачыцца пералом; да гэтага пералому прычыніліся дзьве новыя палітычна-грамадзкія тэорыі: камунізм i фашызм, якія імкнуцца да таго, каб панавала ня большасьць, але меншасьць. Замест большасьці народу ў кіраваньні дзяржавай яны ставяць партыйную меншасьць i аддаюць ей кіраўніцтва ўсім дзяржаўным жыцьцём.

4. КАМУНІЗМ (САЦЫЯЛІЗМ)

Дагэтуль мы гаварылі аб палітычных кірунках у гісторыі чалавецтва, але, апроч палітычных кірункаў, ёсьць яшчэ грамадзкія.

Чым-жа рожніцца палітычны кірунак ад грамадзкага?

Рожніцца тым, што палітычны кірунак бярэ пад увагу толькі спосаб кіраваньня дзяржавай, не зварочваючы або мала зварочваючы ўвагі на тое, як будзе устроена грамадзянства ў дзяржаве; а грамадзкі кірунак бярэ пад увагу так-жа грамадзкі лад у дзяржаве. Палітычныя кірункі, аб каторых мы дагэтуль гаварылі (манархізм, арыстакратызм, дэмакратызм), апіраюцца на тым грамадзкім ладзе, які людзі атрымалі ад вякоў, г. зн. на прыватнай уласнасьці, на сямейным жыцьці, на рэлігіі i г. д., з той толькі рожніцай, што дэмакратызм ідзе да таго, каб дзе-якія няроўнасьці паміж людзьмі згладзіць i завесьці новы лад, абапёрты на сапраўднай вольнасьці i роўнасьці, а манархізм i арыстакратызм хочуць, каб усё асталося па-старому, з усімі каралеўскімі i панскімі прывілеямі (кансэрватызм).

Камунізм-жа заводзіць зусім новы грамадзкі лад: ён касуе прыватную ўласнасьць, зносіць сямейнае жыцьцё i ня прызнае ніякай рэлігіі, затым ён ёсьць ня толькі палітычным, але i грамадзкім кірункам.

Што-ж такое камунізм i адкуль ён пайшоў?

Каб лепш зразумець камунізм, нам трэба выясьніць яшчэ адзін, блізкі да яго, грамадзкі кірунак, які завецца сацыялізмам. Гэтыя два кірункі разам паўсталі, разам разьвіваліся i вельмі падобныя адзін да другога, як два браты, хоць адзін да другога вельмі варожыя.

Слова «сацыялізм» выводзіцца ад лацінскага слова «соціаліс», што зн. грамадзкі, так як лацінскае слова «соціетас» азначае па-нашаму «грамаду». Сацыялізм, таксама як i камунізм, імкнецца да таго, каб зьнесьці прыватную ўласнасьць, а завесьці грамадзкую, гэта значыць, каб ніхто ня мог сказаць, што вось гэта «мая» зямля i «мой» дом, «мой» млын, «мая» фабрыка, «мая» жывёла, «мой» плуг, але ўсё гэта грамадзкае: i зямля, i дом, i жывёла, i ўсе прылады вытворчасьці. Паводле сацыялістычнай навукі, усё гэта мае быць «соціале» (грамадзкае), i згэтуль назоў «сацыялізм».

Камунізм выводзіцца ад лацінскага слова «коммуніс», што значыць супольны. Камуністы ідуць ня толькі да таго, каб зямля, дамы, фабрыкі, жывёла i ўсе прылады вытворчасьці былі грамадзкімі або супольнымі, але каб нават было супольным усё дабро, атрыманае пры супольнай працы. Такім парадкам, камуністы ідуць яшчэ далей за сацыялістых: калі сацыялісты стаяць за тое, каб супольнымі былі толькі варштаты працы i прылады вытворчасьці, то камуністы дамагаюцца супольнасьці нават у карыстаньні з яшчэ тых прадуктаў, якія былі атрыманы пры супольнай працы. Паводле сацыялізму - разам будзем уладаць, разам працаваць, але потым падзелімся тым, што мы зарабілі, i кожны па сабе будзем спажываць запрацаванае дабро, а паводле камунізму - ня толькі разам уладаць i разам працаваць, але яшчэ i разам спажываць. Ніякай уласнасьці, ніякага падзелу прадуктаў камунізм не прызнае: камуна ў вытворчасьці, камуна i ў спажыцьці - тагды, калі сацыялізм стаіць толькі за камуну ў вытворчасьці, а дапускае сякую-такую ўласнасьць у спажыцьці (свая ежа, сваё адзеньне I г. д.).

I гэта будзе галоўная тэарэтычная рожніца паміж сацыялізмам i камунізмам. Але ёсьць i іншыя рожніцы, якія дзеляць гэтыя два грамадзкія кірункі, а гэтыя рожніцы будуць перадусім у справе тактыкі.

Сацыялізм апіраецца на эвалюцыі, або паступовым разьвіцьці грамадзкага ладу ад прыватнай уласнасьці да супольнай, а камунізм стаіць за рэвалюцыю, г. зн. за гвалтоўную перамену сяньняшняга ладу на камуністычны, не спыняючыся нават перад крывавым змаганьнем з праціўнікамі гэтай перамены. Сацыялісты кажуць, што грамадзянства само сабою, паступова i памаленьку прыдзе да таго пракананьня, што сацыялістычны (грамадзкі) лад лепшы за цяперашні i такім парадкам бязь ніякага прымусу згіне прыватная ўласнасьць, а наступіць супольная. Сацыялісты цьвердзяць, што ня можна накідаць сацыялістычнага парадку сілаю, што трэба тлумачыць народу ўсе карысьці супольнага валаданьня i супольнай працы - i тагды толькі, калі большасьць народу зразумее i захоча скасаваньня прыватнай уласнасьці, тагды пры помачы галасаваньня можна правесьці такую важную рэформу, як сацыялізм, i зьнясьці прыватную ўласнасьць. Гэтак цьвердзяць сацыялісты...

Затым, што сацыялісты прызнаюць народнае галасаваньне i апіраюцца ў сваіх рэформах на большасьці народных галасоў - ix называюць сацыял-дэмакратамі, гэта значыць, што яны пры сваім сацыялізьме не адкідаюць i дэмакратызму.

Зусім ня тое ў камуністаў. Яны не прызнаюць ніякага дэмакратызму (народаўладзьдзя), не зварочваюць увагі на ніякую большасьць, не прызнаюць i дэмакратычнага галасаваньня,- яны апіраюцца толькі на ўладзе аднэй партыі: што скажа партыя - тое сьвята, хаця-б гэтая партыя мела ў народзе i значную меншасьць.

На чым-жа сацыялісты i камуністы думаюць абаперціся ў праводжаньні сваіх рэформаў?

Як сацыялісты, так i камуністы заўсёды цьвердзяць, што яны апіраюцца на пралетарьіяце. Што-ж такое пралетарыят? Пралетарыят - гэта слова лацінскае, яно выводзіцца ад слова «пролес», што зн. дзеці, патомства. Пралетарыятам у старадаўнім Рыме называлі тых людзей, якія не давалі дзяржаве нічога (ніякіх падаткаў), апроч дзяцей. Пралетарыят тагды ня меў, бадай, ніякай уласнасьці^ гэта былі работнікі, якія жылі з працы рук, наймалі для сябе кватэру i так пражывалі свой век. Цяпер пралетарыятам называюць такіх людзей, якія ня маюць на ўласнасьць варштатаў вытворчасьці (зямлі, фабрык), а жывуць, працуючы на чужых варштатах працы.

Пралетар - паводле сацыялістычнага i камуністычнага разуменьня - гэта такі чалавек, які ня мае свайго варштату працы. Такі-ж чалавек, каторы мае на ўласнасьць сваю зямлю, або каторы мае свой варштат працы,- гэта ўжо ня будзе пралетар, а буржуа. Селянін, які працуе на сваім кавалку поля, або рамесьнік (каваль, сталяр), які працуе ў сваей майстэрні,- гэта ўжо ня будуць пралетары, а дробныя буржуа. Работнік-жа, каторы працуе ў майстра, або парабак у гаспадара - гэта будуць пралетары, бо яны ня маюць свайго варштату працы, а працуюць на чужым. (...)

Дзе-ж пачатак камунізму (сацыялізму) i якія яго галоўныя асновы?

Пачаткі камунізму мы бачым ужо ў далёкай прошласьці. Яшчэ перад Нараджэньнем Хрыста некаторыя людзі задумоўваліся над тым, ці ня лепш было-б жыць разам i прадаваць супольна, i такі, напр., грэцкі філёзаф Плято (4 век перад Хрыстом) цьвярдзіў, што паміж прыяцелямі павінна быць камуна. Далей мы бачым камуністычныя асновы ў старадаўным хрысьціянстве, аб каторым пішацца, што «грамада веруючых мела адно сэрца i адну душу, ніхто зь ix нічога ня меў на ўласнасьць i не называў сваім, але ўсё было ў ix супольнае» (Апост. Дзеі -32). Але гэтая супольнасьць у старадаўным хрысьціянстве была ня з прымусу, а з добрай волі i з свае ахвоты - i гэта была болей супольнасьць спажыцьця (кансумпцыі), чым супольнасьць вытворчасьці i працы. Даўнейшыя хрысьціяне працавалі паасобна, толькі потым запрацаванае дабро прыносілі ў супольную касу, з каторай абдзялялі ўсіх, асабліва ўдоў i сірот.

I ў цяперашнім хрысьціянстве камунізм ня вывеўся: яго мы спатыкаем у манастырох, дзе ёсьць ня толькі супольнасьць спажыцьця, але i супольнасьць маёмасьці i працы. Манах у манастыры ня мае права мець нічога на ўласнасьць, усё належыць да манастыра або да цэлага іхнага ордэну.

Але трэба сказаць праўду, што гэты хрысьціянскі камунізм, таксама як i даўнейшы грэцкі, ня мае нічога супольнага зь сяньняшнім, які паўстаў у 19 стагодзьдзі. Бацькам сяньняшняга камунізму ёсьць Кароль Маркс (нямецкі жыд, памёр у 1883 г.), які разам з Энгельсам у 1848 годзе выдаў г. зв. «Камуністычны маніфэст», - i ад гэтага году трэба лічыць нарадзіны сяньняшняга камунізму.

Якія-ж былі асновы камунізму Маркса i Энгельса?

Першай асновай была супольнасьць маёмасьці i працы (вытворчасьці) i супольнасьць спажыцьця (кансумпцыі) вытвараных супольнай працай прадуктаў. Прыватная ўласнасьць касуецца, а ўсе працуюць разам i разам карыстаюцца з прадуктаў працы. Паводле камуністычнай тэорыі, гэтая супольнасьць (камуна) заводзіцца прымусова пры помачы дыктатуры пралетарыяту.

Другою асновай камунізму было скасаваньне сям'і, а гэта затым, што сям'я ёсьць галоўным фундамэнтам прыватнай уласнасьці. Бацькі, маючы дзяцей, стараюцца забясьпечыць ix быт i зьбіраюць для ix прыватную ўласнасьць. Паводле камуністычнай тэорыі, мужчына з жанчынай можа зыходзіцца і разыходзіцца, калі толькі хоча, няма паміж імі ніякай вечнай сувязі, а ёсьць толькі «супольнае» жыцьцё. Дзеці выхоўваюцца не пры бацькох, але ў камуністычных прытулках. Такім парадкам, паводле камуністаў, зносіцца сям'я, а разам зь сям'ёю i прыватная ўласнасьць.

Трэцім галоўным пунктам марксаўскага камунізму ёсьць адкіданьне ўсялякай рэлігіі. Марксізм стаіць на тым пункце, што няма Бога i душы, а ёсьць толькі матэрыя, затым ніякая рэлігія ня можа мець месца ў камуне. Хрысьціянства i наагул кожную рэлігію камунізм стараецца выкараніць усімі спосабамі, ня толькі агітацыяй, але нават зьдзекамі i прасьледам. Да агітацыі пакліканы спэцыяльны «Саюз бязбожнікаў», які пры помачы газэт, брашур i прадстаўленьняў стараецца выкараніць усялякую рэлігію, а ўрад забараняе камуністам спаўняць рэлігійныя практыкі (хадзіць у царкву, хрысьціць дзяцей i г. д.). За ахрышчэньне дзіцяці, напрыклад, або які іншы рэлігійны абрад выключаюць з камуністычнай партыі. Апошнім часам ня прымаюць на работу i не выдаюць картачак на кватэру, прадукты i адзеньне тым, хто не адрачэцца веры ў Бога i не адчураецца сваей рэлігіі.

Такім парадкам, уваходзячы ў справы рэлігійныя, камунізм Маркса i Энгельса ёсьць ня толькі грамадзка-палітычным кірункам, але i мэтафізычна-рэлігійным, творачым нейкую новую веру, новую рэлігію, якая ня можа перанесьці старой. Камуністы ня толькі змагаюцца за сваю тэорыю, але яны вераць у яе, так як верылі першыя хрысьціяне або магамэтане. Камуністы пэўны, што іхная тэорыя ёсьць найлепшая, i за сваю тэорыю гатовы цярпець... Яны стварылі нават свой філязафічны сьветагляд (гістарычны матэр'ялізм), які апіраецца на мэтафізычных (надразумовых) асновах, так як i кожная рэлігія. Затым, што яны людзі веручыя ў сваю тэорыю, яны такія фанатыкі ў праводжаньні гэтай тэорыі.

Якая-ж гісторыя сяньняшняга расейскага камунізму?

Спачатку расейскія камуністы не называліся камуністамі, а так, як i іхныя загранічныя таварышы,- сацыял-дэмакратамі. Яны стаялі на грунце эвалюцыі і, .апіраючыся на гістарычным матэр'ялізьме, цьвердзілі, што грамадзкі лад сам па сабе мусіць прыйсьці да сацыялізму. Яны казалі, што спачатку будзе капіталізацыя ўсіх прыладаў вытворчасьці (зямлі, фабрык, машынаў) у руках адзінак (капіталістаў), а потым дарогай гістарычнай канечнасьці прыдзе сацыялізацыя: уласнасьць, зграмаджаная ў руках нямногіх капіталістаў, пярэйдзе ў рукі многага пралетарыяту. Тымчасам гэтая рахуба не апраўдвалася, капіталізацыя наступала толькі ў галіне фабрычнага промыслу, а ў зямельнай уласнасьці ня толькі ня было капіталізацыі, але штораз большае раздрабленьне... Гэты факт мусіў выклікаць рэвізію дасюлешняга сацыялістычнага пагляду на справу эвалюцыі - i гэтую рэвізію зрабіў Уладзімер Ульянаў.

Ленін (радзіўся ў 1870 г., памёр у 1924 г.) адкінуў сацыялістычную эвалюцыю, а ўвёў рэвалюцыю i гэтым пхнуў сацыялізм на новы шлях, шлях сілы i дыктатуры. На зьезьдзе «Расейскай сацыял-дэм. рабочай партыі» ў Лёндыне (1903 г.) Ленін праводзіць свае ідэі, большасьць зьезду становіцца на яго бок, i на тым-жа зьезьдзе наступіў падзел на бальшавікоў i меншавікоў: прыхільнікі Леніна, якія былі ў большасьці, назвалі сябе бальшавікамі, а сваіх праціўнікаў назвалі меншавікамі.

Калі-ж бальшавікі ў 1917 годзе ў кастрычніку здабылі ўладу ў Расеі i пачалі праводзіць дыктатуру, трэба было зьмяніць назоў «сацыял-дэмакратычная» партыя на які іншы, бо дэмакратызм вымагае большасьці народу, а дыктатура адкідае гэтую большасьць i заводзіць права меншасьці. Дык бальшавікі адкінулі назоў «сацыял-дэмакратаў», а сталі называцца камуністамі, а сваю партыю назвалі «камуністычнай партыяй бальшавікоў».

Сацыялісты-бальшавікі і сацыялісты-меншавікі даўней працавалі разам і тварылі адзін сацыялістычны інтэрнацыянал (саюз сацыялістычных партыяў розных народаў). Першы інтэрнацыянал быў заложены самым Марксам у 1864 годзе Ў Лёндыне, але ён скора разваліўся. Тагды ў Парыжы ў 1889 г. быў заложаны другі інтэрнацыянал, рэарганізаваны ў Гамбурзе ў 1923 г., куды ўваходзяць усе сацыял-дэмакратычныя партыі. Трэці, або камуністычны, інтэрнацыянал (коратка: Камінтэрн), заложаны ў 1919 г., абымае ўсе камуністычныя партыі, якія годзяцца з праграмай расейскіх камуністаў.

Паміж другім i трэцім інтэрнацыяналам ідзе заўзятая барацьба. Сябры з 2-га інтэрнацыяналу, стоячы на грунце дэмакратызму (сацыялісты), спагадлівей адносяцца да сяброў 3-га інтэрнацыяналу (камуністаў), затое камуністы, якія ствяць на грунце дыктатуры i сілы, расстрэліваюць бязь ніякай літасьці сваіх таварышоў з 2-га інтэрнацыяналу, хоць тыя такія самыя работнікі i пралетары, як i камуністы.

Гэтак адбыўся вялікі падзел, i ідзе гарачая спрэчка ў аднэй сацыялістычной сям'і. Кажам - у аднэй сям'і, бо, сапраўды, паміж сацыялістамі i комуністамі ў тэорыі, бадай, няма ніякай рожніцы: як адны, так i другія ідуць да скасаваньня прыватнай уласнасьці, да зьнясеньня сям'і i ўсякай рэлігіі, а розьняцца паміж сабою, як мы ўжо казалі, толькі ў практыцы. Адны хочуць завесьці сацыялізм пры помачы эвалюцыі i дэмакратызму, а другія - пры помачы рэвалюцыі i дыктатуры. (...)

5. ФАШЫЗМ

Фашызм - гэта, бадай, найнавейшая палітычная тэорыя сяньняшніх дзён. Паўстала яна ў Італіі на пачатку ўсясьветнай вайны ў 1914 г. з тым, каб пасьля вайны вырасьці ў магутную арганізацыю, якая захапіла (1922 г.) у Італіі ўладу ў свае рукі. Як на чале бальшавізму стаў Ленін, так на чале фашызму стаў Муссоліні (фашыстаў у Італіі налічваюць каля 1 мільёна).

Слова «фашызм» паходзіць ад італьянскага слова «фасці», што зн. гурткі, саюзы. Гэтыя гурткі ў 1914 г. дамагаліся вайны з Аўстрыяй i Нямеччынай, а пасьля вайны выступілі проціў сацыялізму i камунізму. Гуртавалі яны ў сабе пераважна моладзь работніцкую i дробных уласьнікаў (мяшчан i сялян), а пасьля вайны здэмабілізаваных жаўнераў, якія ў 1922 г. пад павадырствам Муссолі рушылі ўзброеныя на Рым i захапілі ўладу ў свае рукі. Называюць фашыстаў яшчэ партыяй «чорных кашуль», бо носяць, як адзнаку партыі, чорныя кашулі.

Якая-ж праграма фашыстаў?

Самі фашысты кажуць, што яны не стварылі ніякай новай тэорыі, але ўвялі ў практыку ўсё тое, што ўважалі за найлепшае для свайго краю. Яно можа i праўда, што фашысты ня выдумалі нічога новага, бо, праўду кажучы, нічога новага i няма пад сонцам, але тое, што яны робяць, зьяўляецца новым кірункам у сяньняшнім палітычным i грамадзкім жыцьці - i гэтая работа адбываецца паводле пэўнай праграмы.

Праграма фашызму, агулам бяручы, процістаўляецца клічам францускай рэвалюцыі (свабода, роўнасьць i брацтва) i клічам расейскай рэвалюцыі (клясавая барацьба). Іншымі словамі, фашызм выступае проціў дэмакратызму i камунізму.

Кліч свабоды, высунуты францускай рэвалюцыяй (1793 г.), дамагаецца поўнай свабоды для кожнага чалавека. Дзяржава павінна абясьпечыць гэтую свабоду для кожнага грамадзяніна, каб ён мог рабіць усё тое, што ўважае за карыснае для сябе i для ўсяго грамадзянства. Такім парадкам стварылася нават асобная тэорыя, званая лібэралізмам (ад лацінскага слова «лібэр», што зн. свабодны), якая дамагалася поўнай свабоды для ўсіх людзей, калі толькі гэтыя людзі ня шкодзяцць грамадзянству.

Вось-жа фашызм выступіў проціў такой свабоды, якую вясьціў лібэралізм. Паводле фашызму, поўнай свабоды для кожнага чалавека быць не павінна. На першы плян фашызм высунуў не свабоду адзінкі, а свабоду народу i дзяржавы. «Усё для дзяржавы, нічога за дзяржавай, а перадусім нічога проціў дзяржавы»,- казаў Муссоліні ў парляманце ў 1927 г. Значыць, фашызм хоча паддаць інтарэсы адзінкі інтарэсам народу i дзяржавы, а нат, хочучы прымусіць адзінкі да послуху, увёў дыктатуру партыі.

Таксама рашуча выступае фашызм проціў другога дэмакратычнага клічу - роўнасьці. Як ведама, дэмакратызм дамагаецца поўнай роўнасьці для ўсіх грамадзян: роўнасьці палітычнай, грамадзкай i эканамічнай, роўнасьці i нават прапарцыйнасьці выбараў, каб кожная група мела свой голас у дзяржаўным жыцьці.

Ня тое ў фашыстаў. Фашызм цьвердзіць, што дзяржаўнае жыцьцё павінна апірацца не на роўнасьці, але на здольнасьці (кампэтэнцыі). Дзяржаўная улада павінна знаходзіцца у людзей здальнейшых, якія могуць узьнясьціся над свае ўласныя інтарэсы i пасьвяціцца працы для інтарэсаў усяго народу. Прынцыпу роўнасьці фашысты проціўстаўляюць прынцып аўтарытэту i герархіі (старшынства). Ня роўнасьць, але арыстакратызм духу i самаахвярнасьць для дзяржавы i народу - гэта клічы фашызму. Той павінен мець уладу ў дзяржаве, хто сваей працай найбольш прыносіць карысьці дзяржаве i народу.

Фашызм выступае так-жа проціў сацыялізму i камунізму. Сацыялізм, таксама як i камунізм, зносіць прыватную ўласнасьць - фашызм яе задзержвае, сацыялізм i камунізм высоўвае на першы плян інтарэс аднэй клясы (пралетарыяту), фашызм - інтарэс усіх кляс, усяго народу; сацыялізм i камунізм выступае проціў рэлігіі i сям'і - фашызм паддзержвае i рэлігію, i сям'ю. На рэлігію фашызм глядзіць як на спосаб паддзяржаньня еднасьці ў народзе i вышэйшай абычайнасьці, а на сям'ю - як на спосаб павялічэньня i пашырэньня італьянскай нацыі, затым паддзержвае i рэлігію, i сямейнае жыцьцё. (...)

У тактыцы фашызм высоўвае на першы плян сваю арганізацыю, абапёртую на герархічных асновах (так, як i ў камуністаў). На чале партыі стаіць павадыр (Іль Дучэ) Муссоліні (у камуністаў Сталін), а так-жа Вялікая Рада фашыстаў (у камуністаў ВЦІК). Усімі справамі кіруе генэральны сакратар (так, як i ў камуністаў). Словам, у арганізацыі як фашыстаў, так i камуністаў ёсьць шмат падабенства.

Падабенства яшчэ можна знайсьці i ў тым, што як адны, так i другія вельмі высока цэняць працу. Кожная праца - ці гэта будзе разумовая, ці фізычная,- у праграме фашыстаў (так, як i камуністаў) мае вялікае народнае значэньне. Артыкул 2 выданай у 1927 г. «Карты працы» гэтак кажа: «Праца ў кожнай форме - разумовай, тэхнічнай, ручной - ёсьць грамадзкім абавязкам. Уся прадукцыя становіць еднасьць з народнага пункту гледжаньня. Мэта працы - гэта ёсьць дабрабыт працуючых i разьвіцьцё народнай магутнасьці».

Затым кожная забастоўка ў дзяржаўных прадпрыемствах срога караецца (так, як i ў камуністаў) як праступак ня толькі проціў дзяржавы, але i проціў абавязку працы.

Як бачым, фашызм у тактыцы i арганізацыі шмат падобны да камунізму, а калі яшчэ дабавім сюды яго рэвалюцыйнасьць i дыктатуру партыйнай меншасьці над народнай большасьцю, дык падабенства будзе вялікае. Аднак гэта толькі ў тактыцы i на першы пагляд, а ў самай рэчы рожніцы паміж фашызмам i камунізмам аграмадныя. Фашызм нацыяналістычны, а камунізм інтэрнацыянальны, фашызм прызнае прыватную ўласнасьць, рэлігію i сям'ю, абапёртую на хрысьціянстве, а камунізм усяго гэтага не прызнае. Фашызм стаіць за салідарнасьць усіх клясаў у працы для агульнага дабра, а камунізм стаіць на грунце змаганьня кляс з тым, каб зьнішчыць усе клясы i абярнуць усіх у пралетарыят i гэтым стварыць адну пралетарскую клясу. Фашызм не адбірае прыватнага капіталу, а камуністы адбіраюць, фашысты дапускаюць ініцыятыву ў промысьле i гандлі, а камуністы касуюць. (...)

Але Ў практыцы фашысты i камуністы ідуць часта рука ў руку, паддзержваюць адны адных, заключаюць дагаворы i саюзы, выкарыстываюць усе магчымасьці, каб пры помачы сілы перавярнуць сьвет дагары нагамі i завесьці сваю фашыстоўскую ці камуністычную дыктатуру. Фашысты ў Італіі ці Нямеччыне (гітлероўцы) цьвердзяць, што яны настолькі моцныя, што не баяцца камуністаў i затым могуць зь імі лучыцца ў пэўных выпадках... Тое самае цьвердзяць i камуністы. Лучыць ix рэвалюцыйная тактыка сілы i імкненьне да Дыктатуры... Кожная партыя хоча да яе дайсьці чым скарэй, i тагды - тагды будзе панаваць над усім народам.

Проціпастаўленьнем да ўсялякай сілы i ўсялякай дыктатуры будзе анархізм.

6. АНАРХІЗМ

(...) Ідэйны анархіст ня верыць у ніякую сілу i не спадзяецца сілай перамяніць грамадзкі строй: ён хоча перамены душы людзкой. Калі нават анархіст i кідае бомбу, дык не на тое, каб самому захапіць уладу, але на тое, каб зьнішчыць сілу, якая не пазваляе людзям адчыніць вачэй i глянуць на вольны шлях.

Тады, калі ўвесь камунізм - гэта барацьба за уладу, то увесь анархізм - гэта барацьба проціў улады.

Калі камуніст глядзіць на чалавека як на нешта паганае i сапсутае i хоча сілай яго прымусіць рабіць так, а ня йнакш, то анархіст у кожным чалавеку стараецца відзець толькі дабро - толькі трэба гэтае дабро вызваліць i даць яму магчымасьць разьвіцьця. Паводле анархістаў, цяперашняе жыцьцё так сапсута i зьвіхнута гістарычнымі абставінамі, што чалавеку трудна выбрацца на шлях поўнага анархізму, затым трэба бомбай i дынамітам руйнаваць стары парадак i гэтакім чынам прабудзіць людзкое сумленьне да новага жыцьця.

Вось i будзе тэорыя анархізму ў галоўных рысах. Як бачым, анархізм пабудаваны на вельмі ідэальных асновах, якіх у жыцьці людзкім трудна i знайсьці. Затым усе людзі, якія любяць апірацца на сіле i арганізацыі (камуністы, фашысты), сьмяюцца з анархістаў i называюць ix філязафічнымі, няздольнымі да жыцьця.

Як бачым, у тэорыі анархізм шмат у чым падобны да камунізму i сацыялізму (касуе прыватную ўласнасьць), падобны да дэмакратызму, бо стаіць за роўнасьць, вольнасьць i брацтва ўсіх людзей, але ў практыцы ён рожніцца ад гэтых i ад усіх іншых грамадзкіх i палітычных кірункаў. Ен дае найболей свабоды людзям, зносіць усякую прымусовую арганізацыю i ўладу - i затым ён мае так мала прыхільнікаў у нашыя часы, дзе ўсё грамадзкае жыцьцё пабудавана на арганізацыі i сіле.

I так мы ўжо прагледзелі ўсе важнейшыя палітычныя i грамадзкія кірункі ў сучаснасьці i мінуўшчыне. Крытыку гэтых кірункаў мы астаўляем на другі раз.

7. КРЫТЫЧНЫ АГЛЯД РОЗНЫХ КІРУНКАЎ

Гаварылі мы ў цэлым радзе артыкулаў аб розных грамадзкіх i палітычных кірунках. Была гутарка аб манархізьме, аб арыстакратызьме, аб дэмакратызьме, аб камунізьме, фашызьме i анархізьме. Прадстаўлялі мы ўсе гэтыя тэорыі, як яны ёсьць, не дадаючы ад сябе ніякай крытыкі. Цяпер-жа мы папрабуем ix пакрытыкаваць i паглядзець, які з гэтых кірункаў будзе найлепшы.

Ось-жа перадусім манархізм. Аб манархізьме можна сказаць, што гэтая тэорыя ўжо аджыла свой век i цяпер мае мала прыхільнікаў. Яна, можа, некалі, у часах патрыярхальных, i добрая была, але цяпер, калі кожны імкнецца да большай свабоды i незалежнасьці, яна ня можа мець павагі ў людзей. Даўней кароль быў як бацька ў сям'і: ён загадваў, што трэба рабіць, вёў парадак у гаспадарцы, караў непаслушных - словам, правіў сваім «гаспадарствам». Цяпер зусім ня тое. Тэхніка сяньняшняга жыцьця зусім іншая, патрэбы людзкой супольнасьці значна ўзрасьлі, навука i прамысловасьць дайшлі да нябывалай вышыні, аднаму чалавеку абняць усе дзяржаўныя справы сваім розумам i адпаведна пакіраваць - рэч зусім немагчымая, дык трэба шукаць адпаведных людзей (міністраў), тыя-ж людзі адказныя ня перад кім іншым, а перад манархам, каторы сам мала разьбіраецца ў дзяржаўных справах - згэтуль ідзе вялікае сапсуцьцё, i ў канцы манархія валіцца разам з манархам, ягонымі міністрамі i з усім дваром. Добра калі яшчэ манарх чалавек геніяльны (напр., Аляксандр Македонскі, Цэзар, Напалеон), але калі здарыцца які вырадак або дэгенэрат, што тагды? Або калі пачне правіць дэспатычна, па-тыранску i мучыць людзей? Калі гэта будзе рэспубліка, то ўзялі, скінулі i выбралі другога, а пры манархіі гэтага зрабіць законным спосабам няможна, трэба чакаць сьмерці манарха. А нават калі-б узялі, i скінулі, i выбралі другога, то хто ведае, ці сын або ўнук гэтага новага манарха ня будзе горшы ад даўнейшага? Такім парадкам, манархія мае шмат слабых бакоў, дзеля якіх яна сяньня ня мае прыхільнікаў. Калі дабавім яшчэ сюды кошты ўтрыманьня каралеўскага двара, усёй каралеўскай радні i прыдворнай арыстакрацыі - дык людзі атрасаюць рукі ад манарха i выбіраюць прэзыдэнта на некалькі гадоў, а манарха ня хочуць.

Тое, што мы сказалі аб манархізьме, можна было-б датасаваць i да арыстакратызму, затым аб арыстакратызьме тут шырэй гаварыць ня будзем i пяройдзем да дэмакратызму.

Дэмакратызм, як палітьгчны кірунак, мае ў сабе шмат дадатніх бакоў i таму высока цэніцца некаторымі людзьмі. Дадатнія бакі дэмакратызму будуць такія: роўнасьць усіх грамадзян перад законам i роўнасьць у кіраваньні дзяржавай; свабода арганізацыі, свабода сумленьня i веры, свабода слова i друку; апроч гэтага, брацтва ўсіх людзей, якое апіраецца якраз на роўнасьці i свабодзе. Кожны ведае, што бяз роўнасьці i свабоды ня можа быць брацтва. Дык дэмакратызм у найвышэйшым сваім разьвіцьці дае тое брацтва, да каторага людзі заўсёды йшлі i каторага так жадаюць.

Аднак поўны дэмакратызм можа там толькі існаваць i разьвівацца, дзе грамадзянства падгатоўлена да яго, дзе-ж грамадзянства не падгатоўлена, г. зн., дзе яно нясьведамае i цёмнае, дзе людзі ня знаюць усіх дзяржаўных патрэбаў i ня знаюць, як кіраваць дзяржавай,- там дэмакратызм падае. Прыкладам упадку дэмакратызму можа быць Расея, Польшча, Гішпанія або Італія, дзе народ быў заўсёды цёмны, непадгатаваны да дэмакратызму або самакіраваньня i дзе ўладу захапілі розныя дыктатуры. Прыкладам ізноў сапраўды дэмакратычнага жыцьця ёсьць Англія, а асабліва Швайцарыя. Але там народ доўгі час гатовіўся да гэтакага жыцьця, там ня было такой няволі, як па другіх краёх, i затым там кожны грамадзянін разумеецца на дзяржаўных справах, патрапіць падаць свой голас i гэтакім парадкам адпаведна пакіраваць дзяржаўным жыцьцём. Там ужо ніякі агітатар нічога не паможа - кожны грамадзянін ведае, што рабіць.

Пры малым усьведамленьні i некультурнасьці народу дэмакратызм можа прыводзіць людзей нават да бітвы, а гэта тады, калі меншасьць ня хоча паддацца большасьці. Так было ў некаторых парлямантах, так было i ў старадаўным Ноўгарадзе, дзе меншасьць часам выступала проціў большасьці i пачынала сапраўдную бітву. Бітва найчасьцей адбывалася на масьце над ракою Волхаў, куды партыі стараліся скідаць сваіх праціўнікаў. Да таго даходзіла, што духавенства выходзіла з працэсіяй, каб разьдзяліць i супакоіць звадку.

Да ад'емных бакоў дэмакратызму належыць яшчэ i тое, што пры няўсьведамленьні народней масы (дэмосу) дэмакратызм часта пераходзіць у ахлякрацыю (улада натоўпу), а натоўпам кіруюць розныя безадказныя крыкуны-агітатары, якія сваім крыкам зьбіваюць народ з толку i прыводзяць да вельмі цяжкіх насьледкаў i руіны краю.

Наагул бяручы, дэмакратызм вельмі добрая рэч, але толькі тады, калі народ усьвядомлены i знае, што робіць. На наш пагляд, у будучыні, калі ўсе людзі будуць разумецца на дзяржаўных справах, які іншы кірунак, акрамя дэмакратызму, будзе проста немагчымы, бо ўсе грамадзяне маюць роўнае права падаць свой голас у тых справах, якія ix абходзяць. А калі ўжо хто мае кіраваць дзяржавай, то няхай лепш кіруе народная большасьць, чым мела кіраваць меншасьць, не гаворачы ўжо аб тым, каб кіравала кучка арыстакратаў ці адзін які чалавек.

А цяпер пераходзім да камунізму.

Камунізм у тэорыі i практыцы мае ў сабе шмат слабых бакоў. Перадусім супольная маемасьць i супольная праца. Мы ведаем добра, як людзі абходзяцца з супольным, або, інакш кажучы, грамадзкім дабром. На такое дабро людзі глядзяць як на нешта казённае, не шануюць яго, марнуюць i псуюць. Зусім іншыя адносіны да справы ствараюцца тагды, калі гэтая рэч свая, тагды чалавек зусім інакш адносіцца да яе, шануе яе i цэніць. У фабрыцы, дзе стаяць няжывыя машыны, каторыя не патрабуюць такога дагляду, як жывыя стварэньні, яшчэ паўбяды, але ў камуністычным двары (камуне ці калектыве) справа выглядае зусім інакш: там жывыя стварэньні патрабуюць лепшага дагляду. Дык няма нічога дзіўнага, што ў савецкіх камунах здыхаюць коні, каровы, сьвіньні i г. д. - без належнага дагляду скаціна жыць ня можа. У панскім двары глядзеў за парадкам пан або аканом, калі парабак рабіў неакуратна, выкідалі яго вон, а ў камуне ці калектыве ўсе гаспадары, дык няма каму i за парадкам глядзець; а калі наставяць камісара-аканома, каб ён загадваў i камандаваў, то ці варта было рабіць рэвалюцыю, каб варочацца да аканомскага бізуна? I ўсё-такі пад бізуном ня тая праца, што на сваей ральліі і як часам «добра» жывецца ў двары, а ўсёж-такі кожны парабак хоча кінуць службу i здабыць сваю гаспадарку i быць вольнымі

Яшчэ ад'емны бок камунізму - гэта дыктатура. Дыктатура, наагул бяручы, не ўзгадоўвае народу, а прывучае яго да рабства i пасыўнасьці; гэтак дзеецца ня толькі ў Саветах, але ўсюды, дзе пануе дыктатура. Народ прывыкае, што за яго нехта думае i кіруе, i становіцца стадам баранаў, каторых можна гнаць куды хочаш. Гэтак дзеецца ўсюды, а асабліва ў Расеі, дзе даўней была дыктатура царская, цяпер камуністычная, а народ як быў, так i цяпер астаецца адсунуты ад улады. Урэшце, дыктатура i сіла ня маюць дадатняга ўзгадаваўчага значэньня: яны не ўзгадоўваюць народу, але прыводзяць да яшчэ большага азьвярэньня, бо зьвярэе той, каторы б'е, i зьвярэе той, каторага б'юць, - гэтакім чынам чалавецтва варочаецца да стану дзікасьці.

Вельмі ад'емным баком камунізму ёсьць так-жа прасьлед кожнай рэлігіі, а асабліва хрысьціянства. На наш погляд, у рэлігійных справах павінна быць поўная свабода, як хто хоча, так няхай верыць, тымчасам пры камунізьме гэтай свабоды няма. Камуністы вымагаюць поўнага бязьвер'я, веручых людзей ня толькі выкідаюць з партыі, але нават не даюць работы, чым наражаюць на галодную сьмерць. Гэтакі рэлігійны прасьлед не павінен мець месца ў 20 стагодзьдзі.

Ізноў нядобрай справай у камунізьме ёсьць расхістанасьць сямейнага жыцьця. Шлюб - калі хочаш, развод - ізноў, калі хочаш, ну а што зь дзяцьмі? Тыя, што бывалі ў Расеі, расказваюць, што найгоршым злом тамака цяпер ёсьць бездаглядныя дзеці. Гэта ёсьць як-бы малыя бандыты, пасярод якіх шырыцца ўсялякая распуста i зараза. Няма для ix ніякай сьвятасьці, няма паняцьця аб справядлівасьці, растуць як дзікары ў лесе - а гэта ўсё насьледкі свабоднага сямейнага жыцьця. Апроч гэтага, камуністы руйнуюць Ідэалізм моладзі ў так зв. «камсамоле», заахвочваючы моладзь да распуснага жыцьця, што практыкавалася нават у віленскім камсамоле за часоў «Грамады» i «Змаганьня», калі прымушалі хрысьціянскіх дзяўчат-камсамолак жыць з камсамольцамі-жыдамі...

Такім парадкам, камунізм ня прыносе шчасьця чалавецтву, не вядзе да вышэйшых ідэалаў, не дае свабоды, роўнасьці i брацтва, а нясе толькі беспрарыўны зьдзек партыйнай меншасьці над народам i руйнуе здаровую народную душу.

А што сказаць аб фашызьме? Бадай, тое самае, што i аб камунізьме. Як там, так i тут дыктатура i бізун, а ўсякі ведае, што пад бізуном дзічэе ня толькі скаціна, але i чалавек.

А што аб анархізьме? Анархізм - гэта няжыцьцёвая тэорыя. Яна вельмі ідэалізуе чалавека i хоча для яго надта вялікай свабоды.

Чалавек не такі добры, як вучаць ідэйныя анархісты, чалавек бывае часам горшы за зьвяра. Пры анархізьме было-б вельмі добра для бандытаў i ўсялякіх прайдзісьветаў, якія толькі глядзяць, каб дзе што ўкрасьці. Пры цяперашнім сапсуцьці нават часам патрэбна сільная ўлада, якая-б навяла парадак у краі i вывела рознае зло. Так што анархізм ня прыймаецца паміж людзьмі i мала мае прыхільнікаў. Дый, урэшце, анархізм, таксама як камунізм, стаіць за супольнасьць маемасьці i працы.

Які-ж з усіх гэтых кірункаў найлепшы? На наш пагляд, найлепшы дэмакратызм, ён нясе чалавеку ўсё тое, што наймілейшае яго сэрцу: роўнасьць, свабода i брацтва. Пры дэмакратызьме няма ні пануючага, ні падданага, ні цара, ні раба, ні мужыкоў, ні шляхты, але ўсе роўныя. Кожны спаўняе свой абавязак, мае аднолькавае права ў кіраваньні дзяржавай, кожны можа быць урадоўцам, а нават прэзыдэнтам, перад кожным чалавекам адкрыта дарога да ўсіх годнасьцяў у дзяржаве. Прэзыдэнт у сапраўды дэмакратычнай рэспубліцы - гэта толькі першы грамадзянін паміж роўнымі грамадзянамі. Ен ня мае ніякіх асаблівых правоў, а толькі стаіць на чале ўсяго народу, як выбраны старшыня на чале свае воласьці.

Але яшчэ раз паўтараем, што, каб дайсьці да гэтакага дэмакратызму, трэба вялікага народнага ўсьведамленьня. Трэба, каб кожны грамадзянін разумеўся на палітыцы, ведаў, што карысна для народу, а што некарысна, трэба, каб рупіўся аб свой народ i стаяў за яго, - тагды толькі дэмакратызм стане на моцныя ногі, калі кожны грамадзянін будзе сьведамы сваіх правоў i абавязкаў.

А да гэтага ўсьведамленьня павінен вясьці свой народ кожны грамадзянін,

які ўжо сам усьведаміўся i ведае, як пакіравацца ў палітычным жыцьці. Да гэтага ўсьведамленьня i мы павінны ісьці, бо гэта наш сьвяты абавязак перад народам i ўсім чалавецтвам.

Як-жа выглядаюць усе гэтыя кірункі паміж беларускім грамадзянствам у Зах. Беларусі?

Аб манархізьме ня чуваць бадай зусім, толькі, можа, дзе-ня-дзе старыкі ўспамінаюць цара Мікалая; аб арыстакратызьме тое самае; што да дэмакратызму, то на грунце дэмакратычным стаіць Беларускі Нацыянальны Камітэт (тры партыі: Б. Хр. Дэмакрацыя, Сялянскі Саюз i Правасл. Дэм. Аб'яднаньне), да камунізму імкнулася даўнейшая «Грамада» i потым «Змаганьне»; фашыстаў i анархістаў бадай што ня чуваць, на грунце беларускім яны не праяўляюць ніякай дзейнасьці.

Наагул беларусы ў працягу гісторыі i ў цяперашнім часе большую мелі склоннасьць лучыцца з дужымі, чужымі сіламі i кірункамі, а ня мелі адвагі i ахвоты тварыць свае сілы, свайго кірунку - i гэты нахіл беларускай народнай душы мы ўважаем за прычыну ўсіх гістарычных няшчасьцяў нашага народу.

Бо, прылучыўшыся да чужой сілы, трэба быць падданым гэтай сіле... А стварыўшы свой кірунак, чалавек шукае лепшай долі не для каго іншага, а для сябе.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX