Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Пасмяротная перагрынацыя парэшткаў караля Станіслава Ляшчынскага з Ленінграда ў Вавель 


Аўтар: Усас Браніслаў,
Дадана: 27-06-2023,
Крыніца: Усас Браніслаў. Пасмяротная перагрынацыя парэшткаў караля Станіслава Ляшчынскага з Ленінграда ў Вавель // Наша слова.pdf № 26 (78), 28 чэрвеня 2023.

Спампаваць




Ад перакладчыка. 6 лютага 1766 года кароль Cтаніслаў Ляшчынскі атрымаў моцныя апёкі, і пасля працяглых пакут ён памёр 23 лютага ва ўзросце 88 гадоў і 4 месяцаў. Быў пахаваны ў касцёле Нотр-Дам дэ Бон Секур у Нансі. Касцёл быў разбураны падчас Французскай рэвалюцыі, а каралеўскія астанкі двойчы апаганьваліся. У чэрвені 1814 г. Міхал Сакольніцкі забраў іх і перавёз у Познань з намерам пахаваць у Вавельскай катэдры. З таго часу іх лёс быў невядомы да 1924 г., калі астанкі былі знойдзены ў сутарэннях касцёла св. Кацярыны ў Ленінградзе, адкуль іх кантрабандай пераправілі ў Каралеўскі замак у Варшаве. У 1926 г. яны былі перанесены ў адзін з пакояў каралеўскага замка Вавель, адкуль у 1938 г. перанесены ў Вавельскую катэдру, спачатку ў крыпту Баторыя, а потым у крыпту Жыгімонта.


Кс. Браніслаў Усас

Я - адзін з двух яшчэ жывых удзельнікаў вывазу з Пецярбурга ў Польшчу парэшткаў Станіслава Ляшчынскага і таму вырашыў запісаць некалькі заўваг, якія дапаўняюць і часткова карэктуюць інфармацыю, пададзеную п. Прус-Фашчэўскім у артыкуле "Парэшкі Станіслава Ляшчынскага" (Kronika. 1938. № 31).

кароль Станіслаў Ляшчынскі.

У 1857 г. труну з парэшткамі Станіслава Ляшчынскага паклалі ў скляпеннях Пецярбургскага касцёла св. Кацярыны не з-за "намаганняў Анджэя Замойскага і польскай калоніі ў Пецярбургу", як піша Прус-Фашчэўскі, але па загадзе расійскай адміністрацыі. Згодна з архіўнымі дакументамі ў Імператарскай публічнай бібліятэцы (ІПБ) ў Пецярбургу, гэта справа мела наступную гісторыю [1].

Барон Корф, заняўшы пасаду ў Пецярбургскай ІПБ знайшоў яе ў вельмі жаласным стане. Не толькі кнігі і рукапісы, канфіскаваныя пасля паўстання 1831 г. не былі канчаткова каталагізаваныя, але нават значная частка кніг, прывезеных з Варшавы ў 1795 г., ляжала не распакованай. Корф энергічна ўзяўся за ўпарадкавання бібліятэкі. Падчас гэтай працы і была знойдзена малая труна з парэшткамі Ст. Ляшчынскага. Пасля амаль што двух гадоў пошукаў у расійскіх архівах і адпаведнай перапіскі паміж міністэрствам двара і міністэрствам асветы, стала зразумела, што труна была перададзеная ў ІПБ у 1834 г. па загадзе цара Мікалая І. Таму Корф праз міністра двара графа Адлерберга звярнуўся да Аляксандра ІІ з прапановай перадаць труну археалагічнаму музею ў Вільні, лічачы, што Вільня будзе "более приличным местом для хранения". Аднак імператар палічыў, што перадача труны ў Вільню, "калісьці другую сталіцу Польшчы, была б вялікай палітычнай памылкай і раней ці пазней магла б даць падставу для якіх-небудзь варожых дэманстрацый супраць расійскага ўраду". Таму Аляксандр ІІ загадаў пакласці труну ў магілу караля Станіслава Аўгуста, якая знаходзілася ў скляпеннях касцёла св. Кацярыны. На падставе гэтага загаду, 15 траўня 1857 г. Корф перадаў труну міністру ўнутраных спраў Ланскому, які выдаў адпаведны загад дырэктару дэпартамента замежных веравызнанняў графу Сіверсу.

Пра тое, як прайшла цырымонія пахавання праху Ст. Ляшчынскага, маем вартыя даверу сведчанні ксяндза Адама Станіслава Красінскага [2], пазнейшага віленскага біскупа і шматгадовага ссыльнага ў Вятку, які памёр у 1891 г. у Кракаве. Стары ссыльны ў лісце да рэдактара газеты "Край" (Пецярбург, 1884. № 17) успамінаў, што ў выніку пастановы міністра Ланскога і магілёўскага мітрапаліта Жылінскага, ён разам з графам Сіверсам склаў акт на лацінскай мове. "На наступны дзень, - працягваў біскуп, - мітрапаліт паехаў са мной і графам Сіверсам да касцёла св. Кацярыны, дзе ўжо раней апавешчаны пробашч Станеўскі, каб падняць каменную пліту ў зачынены касцельны прыдзел, падрыхтаваў 12 чалавек. Паднялі пліту, адчынілі склеп, у якім ляжаў Панятоўскі, і паколькі сходаў не было, прыйшлося спускацца па драбіне. Унізе мы паставілі апячатаную труну і пакінулі акт на лаціне, падпісаны мітрапалітам, графам Сіверсам, мною і Станеўскім. Потым зноў паклалі на месца пліту і загадалі нікому не расказваць пра тое, што тут адбывалася".

Малую труну паставілі на вечка труны караля Станіслава Аўгуста, а не ў адлегласці ў адзін метр ад труны Панятоўскага, пра што піша Прус-Фашчэўскі. Каралеўскія парэшткі знаходзіліся тут 65 гадоў, ажно да 1922 г., калі 31 студзеня ў 15-20 у крыпту прыйшлі ксёндз-пралат Канстанты Будкевіч, Мікалай Пятроўскі, Эміль Вярбіцкі і аўтар гэтага артыкула.

Сцвярджэнне Прус-Фашчэўскага, што наша выправа па каралеўскія парэшткі адбылася ўначы, не мае падстаў. Кожны, хто арыентуецца ў савецкіх парадках, пэўна прызнае, што падобны начны план дзеянняў быў бы асуджаны на правал. Таму мы выбралі нядзелю, час непасрэдна пасля набажэнства, калі знаходжанне людзей на заднім падворку касцёла ні ў каго не выклікае падазрэнняў.

Гэтую справу мы рабілі па сваёй ініцыятыве, сваімі рукамі і на сваю рызыку без папярэдняга ўзгаднення або дазволу старшыні польскай рээвакуацыйнай дэлегацыі, якім у той час быў міністр Антоні Альшэўскі, а не прафесар Мар'ян Лялевіч, як сцвярджае Прус-Фашчэўскі. Прафесар Лялевіч вельмі шмат зрабіў у рээвакуацыйнай справе ў часы, якія папярэднічалі падпісанню Рыжскай мірнай дамовы, але не быў старшынём рээвакуацыйнай камісіі ў Маскве.

Дасканалае веданне савецкіх парадкаў, заснаванае на вопыце, здабытым яшчэ ў даваенныя часы (да Першай сусветнай вайны - Л. Л.) праз шматгадовыя зносіны з элітай прагрэсіўнай расійскай інтэлігенцыі, цвёрда пераканала нас, што вяртанне нашых гістарычных рэчаў сустрэне рашучае супраціўленне савецкай улады.

Таму, на нашу думку, адзіным выйсцем было вывезці гэтыя рэчы патаемна ад улады. Таму, атрымаўшы папярэднюю згоду ксяндза Будкевіча, мы на машыне прыехалі ў касцельны двор і спыніліся каля ўвахода ў жытло ксяндза-пралата. Адтуль, праз пакляштарны калідор мы прайшлі ў крыпту, уваход у якую быў з двара. Ксёндз Будкевіч ужо чакаў нас у крыпце. Першае ўражанне было жудаснае. Там быў страшэнны беспарадак, пыл, павуцінне і г. д. Па словах ксяндза-пралата, у крыпту даўно ніхто не зазіраў. У куце крыпты меліся часткі былой металічнай труны караля Станіслава Аўгуста. У цэнтры стаяла каралеўская дубовая труна, на веку якой стаяла труна з парэшткамі Ст. Ляшчынскага. Дарэмна мы доўга шукалі дакумент на лаціне, згаданы біскупам Красінскім. На жаль, нашы пошукі былі беспаспяховымі. Час ляцеў хутка, і разважлівасць загадвала нам спяшацца. Таму мы агледзелі крыпту і па магчымасці навялі ў ёй парадак, а потым той да дарогай вярнуліся ў кватэру ксяндза Будкевіча, куды праз хвілю прыйшоў і сам ксёндз-пралат. Пад ксяндзоўскім убраннем ён нёс малую труну з парэшткамі Станіслава Ляшчынскага.

Здагадка Прус-Фашчэўскага, што труну з крыпты перанёс Мікалай Пятроўскі, "схаваўшы яе пад вялікім плашчом", памылковая, Пятроўскі быў апрануты ў зімовае паліто, бо ў студзені ў Пецярбургу стаялі моцныя маразы. У кватэры пралата мы запакавалі малую труну ў шэрую паперу і на аўтамабілі вярнуліся ў памяшканне, дзе жылі ўтрох падчас знаходжання ў Пецярбургу.

Назаўтра мы склалі падрабязны пратакол, які падпісалі ўсе чатыры ўдзельнікі выправы. Гэты пратакол быў цалкам надрукаваны ў "Варшаўскім ганцы" № 220 ад 11 верасня 1938 г. і ў "Слове" № 220 ад 13 жніўня 1938 г. Праз два тыдні М. Пятроўскі выехаў у Польшчу і забраў з сабой труну.

Не буду пісаць пра далейшы лёс каралеўскіх парэшткаў на тэрыторыі Польшчы, адзначу толькі, што пасмяротная перагрынацыя Станіслава Ляшчынскага, на жаль, не закончылася. У Вавель, як вядома, труна патрапіла толькі ў 1929 г. і на працягу сямі гадоў каралеўская парэшткі знаходзілі часовы спачынак у шафах некалькіх сталічных установаў, што дало слушную падставу Станіславу Васілеўскаму напісаць фельетон "Кароль у шафе". [… ] Галоўным ініцыятарам вывазу з Пецярбурга каралеўскіх парэшткаў быў с. п. Пятроўскі, але адначасова для справядлівасці трэба падкрэсліць і не меншую ролю ў гэтай справе с. п. ксяндза Будкевіча. [… ]


Ks. Bronislaw Ussas. Pośmiertnie peregrynacje króla Stanisława Leszczyńskiego // Słowo. 1938. № 231.

Акт

Учынена ў Петраградзе 21 студзеня 1922 г. у 3-30 па поўдні па Петраградскім часе.

Мы, ніжэй падпісаныя:

- пралат Яго Святасць кс. Канстанты Будкевіч, дэкан петраградскі, пробашч касцёла св. Кацярыны,

- ксёндз-прафесар Браніслаў Усас,

- шэф Петраградскай экспазітуры польскай дэлегацыі ў змешаных рээвакуацыйнай і спецыяльнай камісіі ў Маскве Мікалай Пятроўскі, кіраўнік музейнага аддзела спецыяльнай камісіі польскай дэлегацыі ў Маскве

- Эміль Вярбіцкі, эксперт гэтай жа дэлегацыі,

Усе разам увайшлі ў крыпту караля Станіслава Аўгуста пры касцёле св. Кацярыны, Неўскі, 32, з мэтай вывучэння стану магілы і каралеўскіх парэшткаў і труны, у якой месцяцца парэшткі караля Станіслава Ляшчынкага.

Магіла караля Станіслава Аўгуста знаходзілася ў наступным выглядзе:

1) пасярэдзіне крыпты на каменнай падлозе, без пастамента, стаіць драўляная, моцна пашкоджаная труна караля Станіслава Аўгуста, пакрытая срэбнай парчой з польскімі арламі, каралеўскімі вензелямі і гербам "Цёлак". На вечку труны знаходзілася малая металічная, моцна заржаўленая труна з парэшткамі караля Станіслава Ляшчынскага. У куце крыпты няладна звалены астаткі былой металічнай труны, якая складаецца з 7 частак, побач стаялі дзве бляшанкі з цынкавага ліста, у якіх знаходзілася сэрца і вантробы караля Станіслава Аўгуста.

3) пасля зняцця малой труны, паднялі дошкі вечка труны караля Станіслава Аўгуста і, асвяціўшы яе, даследавалі парэшткі. Труп пакрывае збуцвелае адзенне кармазынавага колеру, моцна пазалочанае, у вельмі добрым стане без найменшых пашкоджанняў. На месцы чэрапа засталася белая гнілата, якую, пры адкрыцці парэшткаў, таксама заўважылі на месцы левай нагі.

4) пасля даследавання парэшкаў, труну зноў накрылі дошкамі і ачысцілі ад пылу.

5) малая труна караля Станіслава Ляшчынскага моцна заржавела, упрыгожванні пашкоджаныя. Намі было адчыненая вечка, у труне аказалася меншая бляшаная труна, у якой знаходзілася абабітая аксамітам скрынка, а ў ёй косткі (такое захаванне магілы і змешчаных у ёй трунаў варта растлумачыць вільготным станам склепа, які падчас разліву Нявы заліваецца грунтавымі водамі).

6) Малая труна Станіслава Ляшчынскага была вынесена з крыпты, апячатана пячаткамі польскай дэлегацыі і вывезана ў Маскву да польскай дэлегацыі, каб потым адаслаць яе ў Польшчу.

Подпісы ўдзельнікаў.


Разважлівасць загадвала нам як мага хутчэй пакінуць касцёл, каб пазбегнуць сачэння шпіёнаў, якіх тут ніколі не бракавала. Пакуль што мы вырашылі ўзяць з сабой труну караля Станіслава Ляшчынскага. Праз месяц мы павінны былі забраць урну з сэрцам караля Станіслава Аўгуста, а праз некаторы час - скрыню з вантробамі, а на астатку, яго труну. Кс. Будкевіч аказаў поўную падтрымку нашым планам, і мы спадзяваліся, што ўсё адбудзецца па дэталёва распрацаваным плане. [… ]

На жаль, неўзабаве савецкія ўлады пачалі падрыхтоўку да правядзення вядомага працэсу над 14 петраградскімі ксяндзамі, эпілогам якога стаў расстрэл ксяндза-пралата Будкевіча. Яго трагічная смерць паклала канец нашым планам, бо з наступным пробашчам касцёла св. Кацярыны не магло быць і размовы пра вываз каралеўскіх парэшткаў. [… ]


Ks. Bronislaw Ussas, Emil Werzbicki. Na marginesie sprowadzenia zwłok króla Stanisława Augusta // Słowo. 1938. № 220.


Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.



[1] 1834 г. Дело № 34. - О доставленном в оный железном ящике из Варшавы со смертными останками Ст. Лещинского; 1885 г. Дело № 20. - О собрании сведений о ковчеге с остатками костей польского короля Ст. Лещинского.

[2] Адам Станіслаў Красінскі (1810-1891), каталіцкі дзяяч, філолаг, былы прафесар Пецярбургскай каталіцкай акадэміі. 3 1858 г.- віленскі біскуп. У чэрвені 1863 г. высланы М. Мураўёвым у Вятку на 20 гадоў. У 1883 г., дзякуючы заступніцтву Ватыкана, вызвалены з-пад ссылкі без права вяртацца ў Вільню. Абраў месцам жыхарства Кракаў. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX