Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Успаміны сеймавага аглядальніка пра беларускі клуб 


Дадана: 27-08-2020,
Крыніца: Успаміны сеймавага аглядальніка пра беларускі клуб // Наша Слова. № 34 (1497), 26 жніўня 2020.



Успаміны сеймавага аглядальніка пра беларускі клуб [1]

У "Нашым Пшэглёндзе" сеймавы аглядальнік гэтай газеты Б. Зынгер з аказіі дзесяцігоддзя Сейма, апублікаваў дастаткова павярхоўныя, але жывыя і яркія характарыстыкі розных палітычных груповак у Сейме пад агульнай назвай "Ад Вітаса да Славэка". У адным з апошніх нумароў надрукаваны эскізныя, шмат у чым недакладныя, але цікавыя нататкі пра асоб беларускага клуба, а дакладней, пра аднаго з яго былых кіраўнікоў, пасла Тарашкевіча.

Браніслаў Тарашкевіч.

Гэта павінна было стаць "вясной народаў" у Сейме. У сеймавай зале сабраліся пабратаўшыеся паміж сабой яўрэі, немцы, украінцы і беларусы. Разам з імі быў нават адзін рускі - Сярэбранікаў. У першыя хвіліны падавалася, што ствараецца маналітны доўгатэрміновы палітычны блок. Дырыжорам блока быў пасол Ісак Грынбаўм.

Стаіць пасол Грынбаўм у кулуарах Сейма і разважае пра тактыку выбараў Народнага блока. А каля яго разважлівы поп, стары кадэт, сенатар, айцец Дзям'ян, разважлівы нямецкі канонік, пасол, ксёндз Клінке, малады беларускі ксёндз Станкевіч, рабін Аўгуды Левін. З боку ад іх украінскі сацыял-дэмакрат Васынчык, тут жа нямецкі землеўладальнік Наўман, беларускія эсэры, царкоўны дзеяч, сенатар Багдановіч і тры нямецкія сацыялісты.

Пасол Грынбаўм шукае кантакт з левіцай, жадае стварыць блок для супольнай барацьбы з эндэцыяй. Але левіца абмінае "грознага бацьку" блока, а нямецкія паслы і сенатары толькі вывучаюць новы парламент. Пачуваюцца яны тут замежнікамі. Хоць немцы і засядалі ў першым Сейме, але ні з кім не завязалі кантактаў.

Ніхто не ведаў украінскіх паслоў з Валыні. Навічкамі таксама былі беларускія паслы Рагуля, Кахановіч і Ярэміч.

У клапатлівай сітуацыі знаходзіўся сенатар Каспяровіч - чужым пачуваўся тут былы вышэйшы чыноўнік расійскага Міністэрства шляхоў зносін і не ведаў, ці выпадае яму належаць да "нацыянальных меншасцяў".

У гэтай грамадзе добра акліматызаваўся пасол Тарашкевіч. Адразу меў знаёмых, прыяцеляў, сяброў. Яго віталі паслы з левіцы, прадстаўнікі ўраду, афіцэры.

Левіца з першай жа хвіліны паставіла на яго пастку. Лічыўся беларусам, але быў католікам. Зрэшты, беларуская нацыянальнасць лічылася выдумкай рэвалюцыі 1905 г. (Гэта тыповая думка тагачасных польскіх і сучасных рускіх нацыяналістаў. - Л. Л.) Левіца аперыравала гэтым тэрмінам толькі для палітычных мэтаў.

Але Тарашкевіча левіца лічыла сваім чалавекам, які выпадкова заблукаў у "блоку" (нацыянальных меншасцяў - Л. Л.) Яшчэ ў Пецярбургскім універсітэце ён змагаўся на незалежнасць Польшчы. У Кракаве працаваў рэпетытарам у польскіх дамах, на Віленшчыне вучыў польскай мове дзяцей у зрусіфікаваных дамах землеўладальнікаў.

Яшчэ нядаўна кіраваў ён беларускім рухам супраць Саветаў, меў вольны доступ у Бельведэр, меў трывалая сувязі з Прыстарам (Аляксандр Прыстар, блізкі сябар і паплечнік Пілсудскага, уваходзіў у т. зв. "групу палкоўнікаў", з 1931 па 1933 г. - прэм'ер-міністар Польшчы - Л. Л.) Верыў, што толькі Польшча вызваліць Беларусь і займаў пасаду рэферэнта беларускага школьніцтва ў дэпартаменце асветы Сярэдняй Літвы.

Яго вітаюць паслы Касцялкоўскі, Хамінскі. Размаўляе ён з паслом Тугутам. З ім вітаюцца легіянеры Пілсудскага. Але Тарашкевіч на нейкі час пакідае сяброў і сядае за стол з Вызваленнем. Хто ведае? Можа старыя сябры дагэтуль дапамагаюць яму ў барацьбе за аўтаномію, за беларускую школу?

Ён прамаўляе з трыбуны Сейма. Спыняецца і запытвае пра польскі адпаведнік нейкага беларускага слова. Смяецца пасол Хамінскі. Бо Тарашкевіч прытвараецца. Ён ведае польскую мову лепей за ўсіх красовых палякаў.

Аблашчваюць яго вызваленцы, пэпээсаўцы. Свой чалавек. Польскія лозунгі. Дамагаецца федэрацыі Беларусі і Польшчы. Кажа пра беларускую школу, пра зямельную рэформу. Мае праграму-максімум, але гатовы прапанаваць і праграму-мінімум. Гатовы падтрымаць урад Сікорскага, калі той уступіць у справе адкрыцця агульнаадукацыйных школ на беларускай мове. Дамова цалкам магчымая. У кулуарах кажуць, што ён стане дзяржаўным падсакратаром па справах нацыянальных меншасцяў.

Але ўсё хутка змяняецца. Праходзяць мары аб пасадзе дзяржаўнага падсакратара, аб школьніцтве, аб зямельнай рэформе. Падмануў нават стары сябар Касцялкоўскі, абмінуў яго і шэф ураду, былы пасол Тугут, а з беларускай вёскі даходзяць весткі пра тое, што зямля гарыць пад нагамі і не пра школы ўжо трэба думаць.

Увайшоў Тугут ва ўрад Грабскага, а Тарашкевіч пакінуў сцены парламента і пайшоў па сваёй акрузе. Неяк спаткаліся ў кулуарах. Тугут хацеў уцягнуць пасла Тарашкевіча ў парламенцкую камісію як эксперта. Але Тарашкевіч адмовіўся, і на гэтым усе скончылася.

У кулуарах пачалі не пазнаваць Тарашкевіча. Змяніўся нават яго выгляд. Некалі быў бледным, з ружовымі шчокамі і голасам-тэнарам, апранаўся з густам. Зараз пастарэў, голас стаў басам, апранацца пачаў у куртку і боты, сябраваў з крайняй левіцай. Старыя таварышы і сябры дзівіліся таму, як далёка ад іх адышоў пасол Тарашкевіч.

Яны спаткаліся з ім потым, у судовай зале. Тарашкевіч на лаве падсудных за бар'ерам разам з маладымі пасламі Рак-Міхайлоўскім і Мятлой. Яшчэ ўчора меўся стаць дзяржаўным падсакратаром, а сёння на лаве падсудных дэманстратыўна размаўляе па-беларуску. Кіруе грамадой абвінавачаных сялян у ботах і нават у лапцях. Круціліся ва ўрадзе старыя сябры, жадалі нешта зрабіць для пана Браніслава, але мусілі адступіць. Пайшоў ён ад іх далёка, і ўмяшальніцтва магло іх скампраметаваць.

А ў кулуарах сейма яго месца заняў пасол Ярэміч. Гразіў ценямі Грамады, шукаў паразумення і прасіў за беларускую школу. А беларускія паслы ўсё больш расцярушваліся па свеце. Частка з іх зараз за кратамі ў Менску, а недабіткі яшчэ ў буфеце Сейма.

У трэці Сейм мала хто з іх увайшоў.

Wspomnienia sprawozdawcy sejmowogo o klubie białoruskim // Pregląd Wileński. 1929, № 14-15. S. 14-15.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.



[1] Ад перакладчыка: артыкул адлюстроўвае тагачасны польскі погляд на дзейнасць беларускіх паслоў у Сейме.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX