Вярнуцца: Заходняя Беларусь

Беларускі Гандзі


Аўтар: Талочка Ул.,
Дадана: 27-08-2020,
Крыніца: Талочка Ул. Беларускі Гандзі // Наша Слова. № 34 (1497), 26 жніўня 2020.



У Сейме папярэдняй кадэнцыі на сябе звяртала ўвагу рухлівая, экспансіўная, смелая асоба. Не раз, нават свае казалі яму, што акрамя вялікіх здольнасцяў і глыбокіх ведаў, ён не мае дакладнай палітычнай праграмы. Каб меў, дык можа не здраджваў бы сваім планам і ўнікаў ад усялякага дагматызму ў палітыцы - але цяжка сказаць, ці гэта так. Аднак, здаецца, ён увесь час стаяў на беларускім грунце і, ідучы да вызначанай мэты, не верыў у магчымасць "прамой дарогі" да яе. Ішоў бакавымі сцежкамі навобмацак. Унікаў (34KB) Браніслаў Тарашкевіч. ад дэманстрацыі сваёй тактыкі, лічыў, што яна павінна мяняцца ў залежнасці ад кан'юнктуры. А гэта вельмі цяжкі, небяспечны і рызыкоўны шлях. Ён праходзіць удалечыні ад усіх патрыятычных шаблонаў якія выпрацавалі іншыя людзі і якія сталі догмай. Не дзіўна, што разам з іншымі беларусамі ён патрапіў на лаву падсудных 27 лістапада 1932 г.

Бачыў яго на лаве для падсудных у часы працэсу над Грамадой. Гэта быў Тарашкевіч, пра якога калісьці пісала "Газета Варшаўская", Тарашкевіч, які на трыбуне звяртаў на сябе ўвагу як чалавек з манерамі і выглядам еўрапейца. І сёння не можам яму ў гэтым адмовіць, аднак ён моцна змяніўся. Час, вязніца і ўнутранае жыццё зрабілі сваё - рысы выразнага твару завастрыліся, і ён выглядае, як аскет. Галава амаль што цалкам страціла валасы, і ў чорных рагавых акулярах ён падобны на Гандзі, партрэт якога мы так часта бачым у часопісах. Можа таму супрацоўнік "Кур'ера Кракаўскага" вольна ці не вольна намаляваў Тарашкевіча ў зале суда больш падобным на Гандзі, чым гэта ёсць на самай справе.

Ён прамаўляе спакойна, доўга, але не нудна. З самой паставы, з яго тону б'е думка і ўзнёсласць. У ім няма нічога ад абвінавачанага. Ёсць адчуванне, што яму наогул не цікава, ці будзе ён апраўданы, і яго абаронца наракае, што ён кажа суду "непапулярныя" рэчы. Істотна тое, што называе сябе марксістам, калектывістам, кажа што "што на тым баку мяжы будуецца Беларускі Дом", і гэта ўскладняе задачы абаронцы. Але катэгарычна адмаўляецца ад сяброўства ў камуністычнай партыі. Прызнае, што адмовіўся ад прэзідэнцкай амністыі па справе Грамады, бо яна не датычыла яго калег.

"Тарашкевіч - гэта не беларускі Вашынгтон", - цалкам нечакана кажа пракурор. Гэта думка не была абвергнута з іншага боку, але з выступаў іншых становіцца зразумелай незвычайная роля абвінавачанага. Ствараецца ўражанне, што пракурор ваюе сам з сабой, што ён хоча перамагчы самога сабе, бо усё ж ёсць нешта агульнае з Вашынгтонам у гэтага абвінавачанага, ёсць нешта моцнае, унушальнае, узнёслае.

Адзін з самых маладых беларускіх паэтаў пасля выхаду з турмы ў вершы звяртаецца да роднай маці: "Не вучы мяне пакоры - я яе за кратай кінуў". Вельмі часта ўспамінаў я гэты радок падчас суду. Турма па-рознаму ўплывае на псіхіку розных людзей. Калі нехта з-за жадання выйсці на волю ломіцца духоўна і просіць апраўдання ці малога тэрміну пакарання, дык іншы не толькі гэтага не робіць, але дэманструе слушнасць сваіх дзеянняў яшчэ з большым гонарам, чым да суду. У апошніх словах розных беларускіх палітычных вязняў можна было пачуць розныя ноты, але ніколі ноты пакоры.

Тарашкевіча, як і іншых беларускіх паслоў, якіх судзілі ў Вільні, нельга залічыць да першай катэгорыі. Здаецца, турма ўсіх іх загартавала. Пра такіх людзей кажуць, што ў незалежнасці ад вынікаў працэсу, яны выйгралі ў любым выпадку. Можна пагадзіцца з "Кур'ерам Віленскім", што Тарашкевіч выйграў працэс, хоць і атрымаў 8 гадоў турмы.

У выніку, гэты "выйгрыш" не паменшыў тэрмін зняволення, але сутнасць гэтага "выйгрышу" палягае ў тым, што Тарашкевіч ідэю паставіў вышэй асабістай свабоды. Не зламаўся і таму ў вачах сваіх прыхільнікаў, якія бачылі яго шчырасць, значна вырас, як асоба.

З усёй пэўнасцю можна цвердзіць, што Тарашкевіч, нягледзячы на сваю туманную палітычную ідэалогію, зараз цешыцца вялікай папулярнасцю амаль што сярод усіх беларусаў і мае значна болей прыхільнікаў чым іншыя беларускія дзеячы.

У судзе Тарашкевіч быў звольнены ад абвінавачвання ў супольнай працы з камуністамі (насамрэч, Тарашкевіч быў камуністам - Л. Л.), але ад гэтага яго палітычнае крэда не стала больш зразумелым. Наадварот, яно стала яшчэ больш невыразным. І гэта таксама паспрыяла яго аўтарытэту сярод беларусаў.

Гэтую з'яву можна тлумачыць наступным чынам. Увага да самых дробных пастулатаў палітычных праграм, якія ў адносінах да галоўнай ідэі вызвалення беларускага народа, з'яўляюцца неістотнымі, выклікаюць барацьбу у розных групах беларусаў. І насамрэч, усе беларусы стаяць на платформе, што ў будучыні Беларусь павінна стаць незалежнай дзяржавай. Гэты пастулат лучыць усіх, але бачанне будучага ўладкавання Беларусі ва ўсіх рознае, і гэта бачанне ломіць адзіны фронт. Здаецца, толькі Тарашкевіч разумеў гэта і таму ў судзе ўхіліўся ад адказу на пытанне пра будучае ўладкаванне Беларусі і казаў, што гэтую будучыню вырашаць самі будучыя беларускія сяляне і рабочыя. Такі падыход трэба лічыць трапным, і ён забяспечвае Тарашкевічу вялікую папулярнасць у беларускіх колах.

Без сумнення, вырак суду не перакрэсліў ролі Тарашкевіча ў беларускім руху, як утрыманне Гандзі ў турме не паменшыла яго ўплыў сярод індусаў. Краты маюць тую уласцівасць, што ўсе ідэі, якія выходзяць з-за кратаў, маюць значна большую сілу, чым ідэі з-за фіранак прыватнай кватэры.

Al. S. [Талочка Ул.] Białoruski Gandi // Pregląd Wileński. 1933, № 1. S. 5-6.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX