Вярнуцца: Заходняя Беларусь

Таварыства беларускай школы на лаве падсудных


Аўтар: Луцкевіч Антон,
Дадана: 13-05-2020,
Крыніца: Луцкевіч Антон. Таварыства беларускай школы на лаве падсудных // Наша Слова. № 20 (1483), 13 траўня 2020.



Каля поўначы 4 лютага, у Вільні закончыўся працэс над Таварыствам беларускай школы які меў яркую палітычную афарбоўку, працэс гэты цягнуўся два дні. На лаве падсудных сядзелі члены галоўнай управы: адвакат Фелікс Стацкевіч, вядомы ў Вільні кіраўнік беларускіх музычных калектываў і грамадскі дзеяч Рыгор Шырма, былы настаўнік Віленскай беларускай гімназіі Пяткевіч і тры маладыя беларусы, якія толькі нядаўна пачалі працаваць ва ўправе, замяніўшы вышэйназваных арыштаваных асоб.

Вялікі, надрукаваны на 40 старонках акт абвінавачвання, ставіў у віну падсудным антыдзяржаўную дзейнасць камуністычнага характару і атрыманне грошай падазронага, падобна камуністычнага, паходжання. Акрамя іншага, пракурор для абвінавачвання ўжываў артыкулы з савецкай прэсы, а таксама беларускага часопіса «Барацьба», які выдаецца ў Берліне. Гэтая прэса вельмі часта выкарыстоўвала непрыхільнасць польскіх уладаў да Таварыства і з прапагандысцкімі мэтамі бараніла яго, каб паглыбіць незадавальненне польскай нацыянальнай палітыкай.

Сведкі абвінавачвання не мелі сур'ёзных фактаў супраць членаў галоўнай управы, а сведкі з боку абароны, цвердзілі, што Таварыства беларускай школы - гэта культурна-асветная пляцоўка, і яе ўправа не займаецца палітыкай. Яны чорнымі фарбамі малявалі стаўленне ўладаў да беларускага школьніцтва і казалі пра скасаванне беларускіх школ.

Абаронцы абвінавачаных членаў управы ў асобах адвакатаў Пятрусевіча і Заштаўт-Сукенніцкай даводзілі, што ТБШ з'яўляецца выключна культурна-асветнай пляцоўкай, мае заслугі ў справе асветы і калі камуністычны элемент калі-нікалі і пранікаў у яго некаторыя вясковыя арганізацыі, гэта было цалкам зразумелым і непазбежным з-за вялікай колькасці членаў арганізацыі і з-за таго, што камуністы заўсёды робяць высілкі, каб мець уплыў ва ўсіх арганізацыях. Аднак, гэта не значыць, што кіраўніцтва Таварыства ў асобах трох абвінавачаных, паддалося гэтаму ўплыву ці выкарыстоўвала забароненыя грашовыя сродкі.

Усе абвінавачаныя не прызналі сваёй віны.

4 лютага быў вынесены вырак Акруговага суда ў Вільні, па якому ўсе тры члены ўправы прызнаны невінаватымі, а абвінавачаныя Саковіч, Цэрах і Скурко (верагодна Максім Танк - Л. Л.) атрымалі ад 2 да 3 гадоў вязніцы.

Працэс узбудзіў вялікую цікавасць да пытання: ці кіравалі ТБШ з-за кулісаў нейкія асобы, ці выкарыстоўвалася Таварыства для пазастатутных мэтаў, ці ёсць яно пляцоўкай, якая адпавядае сваёй назве.

Калі зважаць на тое, што прыгавораныя на судзе асобы кіравалі Таварыствам кароткі час і былі пакараны, а члены ўправы апраўданы, становіцца зразумелым, што кампанія, якая здаўна вядзецца супраць ТБШ, з'яўляецца тыповай работай польскіх нацыяналістаў, якія ўсімі сродкамі ваююць супраць беларускага школьніцтва. Дастаткова прачытаць загалоўкі ў «Слове» ці «Дзённіку Віленскім» пра хаду працэсу, каб зразумець, якімі сродкамі ваююць у нас з нямілымі для нацыяналістаў няпольскімі арганізацыямі.

Даўно вядома, што беларускі рух у выніку савецкай палітыкі фарсаванага развіцця нацыянальных моў у сваіх рэспубліках і з-за браку сярод беларусаў заможнага гарадскога класа, мае вельмі радыкальны характар. Гэты радыкалізм разам з пачуццём сваёй нацыянальнай асобнасці бальшавікі ўмела супрацьпаставілі ненармальнай польскай нацыянальнай палітыцы. Менавіта гэта палітыка давяла да таго, што беларуская інтэлігенцыя, якая задае тон палітычнаму жыццю і ў сваёй большасці адмоўна ставіцца да самога савецкага ладу, тым не менш прыхільна і з зацікаўленасцю прыглядаецца да культурных дасягненняў Савецкай Беларусі. Такое стаўленне беларусаў у Польшчы дае повад тым, хто варожа і непрыхільна ставіцца да іх, абвінавачваць беларусаў у нелаяльнасці да Польшчы. Амаль што кожны часопіс ці беларуская арганізацыя, не выключаючы і клерыкальныя, працуе пад пагрозай абвінавачвання ў антыдзяржаўнай дзейнасці, такія абвінавачванні часцей за ўсе ідуць ад польскіх нацыяналістаў і прыводзяць яны да вышуквання памылак і судовага пераследу.

Відочна, што гэтага лёсу не магло ўнікнуць і Таварыства беларускай школы. Гэта вялікая арганізацыя непакоіла ўсіх тых, хто дыскрымінацыю беларусаў лічыць падмуркам сваёй нацыянальнай палітыкі. А ў беларускіх сферах, нягледзячы на сталыя сваркі паміж сабой, не было выпадку каб якая небудзь палітычная група ці асоба, выступіла супраць дзейнасці ТБШ. Такое становішча цалкам зразумелае, калі ведаць гісторыю ТБШ.

Таварыства беларускай школы паўстала ў 1921 г. высілкамі беларускіх дзеячаў з рознымі палітычнымі перакананнямі, не выключаючы і ксяндзоў. Новы статут 1926 г. пашырыў дзейнасць ТБШ ад Віленскага ваяводства на ўсю дзяржаву. Мэты былі і засталіся выключна культурна-асветніцкія, а менавіта: закладанне школ, арганізацыя чытальняў, бібліятэк, народных дамоў і тэатраў і г. д. Усе чатыры беларускія гімназіі, якія раней існавалі, былі заснаваны ТБШ і, пераважна, экіпіраваны яго коштам. У часы, калі гімназіі знаходзіліся пад пратэктаратам ТБШ, іх закончыла 200 чалавек а вучылася каля 3 000.

Адкрыццё Таварыствам агульнаадукацыйных беларускіх школ сутыкнулася з незвычайнымі перашкодамі. Уся ініцыятыва як ТБШ, гэтак і Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, была паралізаваная праз фармальнасці, як напрыклад патрабаванні пэўнай кваліфікацыі настаўнікаў, пасведчанняў аб іх лаяльнасці ці наяўнасці адпаведных школьных будынкаў і г. д.

З моманту прыняцця моўнага закона, з 31 ліпеня 1924 г., Таварыства пачало неверагодна шырокую акцыю збору дэкларацый аб адкрыцці беларускіх агульна-адукацыйных школ. Вынікі гэтай акцыі - самая ганаровая старонка ў гісторыі ТБШ. Згодна з дадзенымі Таварыства, у 1926 г. школьным уладам ад беларускіх паветаў было пададзена 9 407 дэкларацый з подпісамі бацькоў на 13 809 дзяцей. Рэальна, было гэтых дэкларацый значна больш, бо значная іх частка ішла не праз ТБШ і арганізацыя пра іх не ведала. Гэтыя дэкларацыі былі настолькі цікавымі, што іх пачалі … фальшаваць. У надзеі, што бацькі не заўважаць падлог, з'явіліся бланкі дэкларацый на беларускай мове, але з патрабаваннем адчыніць школу на дзяржаўнай мове. На такую вуду спрабавалі лапаць сялян, і што дзіўна, гэты метад пачало выкарыстоўваць польскае настаўніцтва (вёска Жухавічы Стаўпецкага павета). Справа гэта ў свой час патрапіла ў Сейм. Як вядома, жаданне Таварыства пакрыць наш край сеткай беларускіх школ не спраўдзілася. Па-праўдзе, школьныя ўлады адчынілі каля 20 беларускіх школ і каля 40 утраквістычных, але хутка іх пазачынялі, і пра гэтыя школы зараз нічога не чутно.

Акрамя школ, ТБШ заклала шмат чытальняў, бібліятэк і пабудавала ўласныя будынкі для народных дамоў.

У час найбольшага ўздыму, Таварыства мела каля 20 000 членаў. З-за таго, што гэтая арганізацыя была вельмі папулярнай, некаторыя палітычныя партыі і асабліва камуністы, заўсёды стараліся мець сваіх людзей у ёй. Гэта давала ўладам прычыну для ўмяшання і паралізавання дзейнасці ТБШ. Эпілогам гэтага ўмяшання ёсць апошні судовы працэс. Нягледзячы на жаданне нядобразычліўцаў і насуперак пракурору, суд выявіў, што кіраўніцтва Таварыства беларускай школы знаходзілася ў руках людзей, не заангажаваных у камуністычную працу. Аднак, калі разам з членамі Галоўнай управы на лаву падсудных пасадзілі асоб, якія не гралі ніякай ролі ў жыцці Таварыства ці нават асобу, якая наогул не мела нічога агульнага з Таварыствам (Скурко), дык гэта не значыць, што арганізацыя была пад уплывам гэтых апошніх. Судовы вырак, датычны кіраўніцтва, пацвердзіў апалітычнасць Таварыства, ачысціў яго ад няслушных закідаў і даў мажлівасць і далей ісці па шляху народнай асветы.

Таварыства беларускай школы прайшло цяжкімі каляінамі лёсу і выказала надзіва годную жывучасць. Апошнім часам, дзякуючы больш талерантным адносінам Беластоцкага ваяводы, у працы ТБШ на тэрыторыі гэтага ваяводства зноў пачалося немалое ажыўленне. Трэба чакаць, што пасля апошняга судовага выраку, раней ліквідаваныя ці прымушаныя да канспірацыі колы ТБШ у іншых ваяводствах адновяць легальную працу ў межах статута. Трэба толькі, каб Галоўная ўправа змагла кіраваць гэтай працай, а беларускае грамадства, нягледзячы на розныя палітычныя перакананні, і надалей захоўвала прыхільнасць да гэтай заслужанай беларускай арганізацыі. Аднак галоўнае - каб адміністрацыйныя ўлады не перашкаджалі працы Таварыства. Пераслед і адміністрацыйны ціск прымусяць да канспірацыі, якая створыць спрыяльную атмасферу для камуністаў.

S-wicz. (Антон Луцкевіч).

Towarzystwo Szkoly Bialoruskiej na lawie oskarzonych // Pregląd Wileński. 1933. № 3. S. 2 - 4.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.


Ад перакладчыка. Дадам яшчэ трошкі матэрыялаў пра ТБШ.

Антон Шукелойць: "ТБШ - гэта старая беларуская арганізацыя, закладзеная яшчэ ў 20-х гадах. Старшынямі яе былі людзі розных палітычных перакананняў. Быў нейкі час Тарашкевіч, быў нейкі час ксёндз Адам Станкевіч, здаецца, Астроўскі. Словам, у выніку росту Грамады, ТБШ (якое ў Грамадзе прадстаўляла культурную частку Грамады, школьніцтва перадусім) разраслося несамавіта, і тады, калі ліквідавалі Грамаду, ліквідавалі адначасна і ТБШ. Тады ТБШ зайшло зусім у тупік, асабліва ў 30-я гады. Не ведаю, бо гэта яшчэ перада мной было (як я паступіў на ўніверсітэт), але нехта з дзеячоў ТБШ, магчыма, нават і Шырма, звярнуўся да Беларускага студэнцкага саюза, каб яны ім дапамаглі. Таму ў некага там думка паўстала, што такую заслужаную арганізацыю, якая ў розныя часы мела сваімі старшынямі такіх выдатных людзей, як Тарашкевіч, ксёндз Станкевіч, не можна страціць. Звярнуліся да Беларускага студэнцкага саюза, і Саюз выслаў групу студэнтаў (гэта Шчорс, Вайтэнка, Аўген Аніська). Гэтыя студэнты ўвайшлі ў галоўную ўправу (значыць прынялі ўдзел у выбарах) і аднавілі ТБШ, надалі яму зноў нацыянальны характар, бо яна ўжо мела такі характар прабальшавіцкай арганізацыі. Абнавілі арганізацыю і выбралі на старшыню вельмі такога саліднага адваката Стацкевіча (стары дзеяч, яшчэ з "нашаніўскіх" часоў, які карыстаўся павагай усіх беларусаў). Заступнікам старшыні быў Тумаш.

Часта Вітаўту Тумашу закідалі, што ён нібыта быў з бальшавікамі, што ён быў радыкальна левы чалавек. Гэта няпраўда. Ён ніколі ня быў радыкалам. Сакратаром ТБШ, дарэчы, стаў Шырма.

Перамены засведчылі, што ТБШ нібы працягвае старыя традыцыі беларускай культурніцкай арганізацыі, а з другога боку, што нібы не адарвалася ад Грамады; што яна, у параўнанні з Беларускім інстытутам гаспадаркі і культуры (створаным хадэкамі), на чале якога стаяў ксёндз Гадлеўскі, ёсць арганізацыяй такой лявейшай.

Яны пачалі працу сваю вельмі актыўна. Выдалі адмысловы ліст у змаганні за беларускую школу, які падпісала ТБШ і Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры. Гэты ліст разышоўся шырока па ўсёй заходняй Беларусі. З ім ішлі ў староствы са змаганнем за беларускае школьніцтва. Гэта апошняя моцная акцыя была дзвюх заслужаных беларускіх культурніцкіх арганізацыяў. У выніку гэтага ўсяго іх потым палякі абедзве разам і зачынілі (па-мойму, у 1937 годзе)".

Зянон Пазняк. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. 2003.


Арэхва Н.С.: "Таварыства беларускай школы налічвала ў канцы 20-х гадоў некалькі соцень гурткоў і больш за 15 тысяч сяброў, ў 1934 году моцна пацярпела ад рэпрэсій і ледзь налічвала паўсотні гурткоў, большасць якіх знаходзілася ў беларускіх паветах Беластоцкага ваяводства. У Беластоку яшчэ дзейнічалі адзіная захаваўшаяся акруговая ўправа ТБШ і беларускі кніжна-выдавецкі кааператыў "Сяўба", які налічваў некалькі дзясяткаў сяброў. У Вільні захавалася Галоўная ўправа ТБШ.

Рэалізуючы лінію ЦК, краёвай сакратарыят працягваў выкрываць Галоўную ўправу як нацыяналістычную і варожую нам, імкнучыся ізаляваць яе ад нізавых гурткоў. На пачатку чэрвеня мы спрабавалі склікаць беластоцкі акруговай з'езд ТБШ з запрашэннем на яго дэлегатаў ад гурткоў іншых ваяводстваў Заходняй Беларусі з тым, каб ператварыць Беластоцкую акруговую ўправу ў фактычны цэнтр ТБШ. Але ўлады забаранілі дзейнасць акруговай управы і не дазволілі склікання акруговага з'езда. Аднак у Беластоку засталася "наглядная рада" акруговай управы ТБШ. Пры дапамозе яе мы спрабавалі сёе-тое рабіць. Аднак ператварыць яе ў кіруючы цэнтр ТБШ, каб супрацьстаяць Галоўнай управе, было справай нерэальным, хоць мы першапачаткова і мелі ў гэтым сэнсе сякія-такія ілюзіі.

Тым часам Галоўная ўправа намеціла скліканне з'езда ТБШ у Вільні на 17 чэрвеня 1934 гады. Мы ... абмеркаваўшы становішча, далі ўстаноўку прыняць актыўны ўдзел у з'ездзе і, абапіраючыся на спачуваць нам дэлегатаў, выказаць недавер Галоўнай управе і выбраць новую. [...]

Беларускія буржуазныя нацыяналісты паднялі антысавецкую шуміху. Яны ва ўвесь голас крычалі, што Масква знішчае беларускую інтэлігенцыю ў БССР, а агенты КПЗБ выганяюць яе з усіх нацыянальна-вызваленчых арганізацый у Заходняй Беларусі. Адсюль яны зрабілі выснову: інтэлігенцыі з камуністамі не па дарозе. І сапраўды, некаторая частка інтэлігенцыі шукала кампрамісу з урадам на аснове "чыста культурнай працы" і адышла ад нацыянальна-вызвольнага руху. [...]

Галоўная ўправа ТБШ выдавала свой орган "Летапіс", але мы тады (1934 - першая палова 1935 гадоў), на жаль, лічылі яго нацыяналістычным і не супрацоўнічалі з ім. Нашы легальныя магчымасці ў беларускім нацыянальна-вызваленчым руху надзвычай звузіліся. Такое становішча працягвалася да восені 1935 года.

Ажыццяўляючы лінію партыі на стварэнне антыфашысцкага народнага фронту, мы спынілі нападкі па Галоўную ўправу ТБШ і аднавілі з ёй дзелавое супрацоўніцтва. У яе склад тады ўваходзілі: С.К. Паўловіч, Ф. І. Стацкевіч, Г.Р. Шырма, М.І. Пяткевіч, Н.М. Марцінчык, М.І. Кепель і Ф.П. Кізевіч. З дапамогай Р. Шырмы і М. Танка мы пачалі сумесна выдаваць газету "Наша воля". Гэта спрыяла некатораму ажыўленню беларускага нацыянальна-вызвольнага руху ў 1936 годзе.

Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ. Воспоминания. Минск, 1983.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX