Вярнуцца: Заходняя Беларусь

Нацыянальнае беларускае свята


Аўтар: Луцкевіч Антон,
Дадана: 17-06-2020,
Крыніца: Луцкевіч Антон. Нацыянальнае беларускае свята // Наша Слова № 25 (1488), 17 чэрвеня 2020.



Найбольшым беларускім святам можна лічыць штогадовае святкаванне гадавіны абвяшчэння Незалежнай Беларусі, дзень 25.03.1918. За выняткам беларускіх груп, якія арыентуюцца на ўсход, усе іншыя беларусы лічыць гэты дзень Днём нацыянальнага гонару і штогод, 25 сакавіка, арганізуюць урачыстыя пасяджэнні і набажэнствы ў касцёлах і цэрквах.

У гэтым годзе беларусы-віленцы надалі святкаванню надзвычай узнёслы характар, бо святкаваліся 15-я ўгодкі аглашэння менскага акту разам з 70-мі ўгодкамі беларускай працы, пачаткам якой можна лічыць выданне "Мужыцкай праўды" Канстанцінам Каліноўскім у 1863 г.

У атмасферы хуткіх пераменаў у апошнія 15 гадоў, кожны з еўрапейскіх народаў да такой ступені быў заняты ўласным лёсам, што не заўсёды меў магчымасць звярнуць увагу на палітычныя падзеі, якія для яго не былі важнымі. Таму факт аб'яўлення незалежнасці Беларусі не гэтак шырокавядомае і добра зразумелае свята, яно нават, часта фальшуецца. Гэтак, напрыклад, нядаўна газета "Слова" абвінавачвала выдаўцоў уніяцкага беларускага календара ў тым, што яны змясцілі ў календары дату нацыянальнага свята 25 сакавіка, па меркаванні "Слова" ў гэты дзень была абвешчана беларуская савецкая рэспубліка.

Таму не зашкодзіць успомніць некаторыя факты.

У снежні 1917 г. у Менску адбыўся Агульнабеларускі з'езд, у якім прынялі ўдзел 1872 дэлегаты, якія ў сваёй большасці былі прыхільнікамі абвяшчэння незалежнай беларускай рэспублікі. Бальшавікі ўбачылі для сябе ў працы з'езда небяспеку і збройна разагналі з'езд. Дэлегаты схаваліся ад бальшавікоў і перадалі свае паўнамоцтвы ў рукі Рады з'езда, якая пасля дапаўнення свайго асабістага складу прадстаўнікамі некаторых беларускіх груповак і дэлегатамі ад іншых народаў, была пераназвана ў Раду Беларускай Рэспублікі. Гэта Рада 25 сакавіка 1918 г. абвясціла: "… мы, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, скідаем з роднаго краю апошняе ярмо дзяржаунай залежнасці, якое гвалтам накінулі расійскія цары на наш вольны і нізалежны край ... Ад гэтаго часу Беларуская Народная Рэспубліка абвешчаецца Незалежнай і Вольнай Дзяржавай …" (Штотыднёвік "Вольная Беларусь. Менск. 31.03.1918 г. № 11.)

Як вядома, акт 25 сакавіка, не падтрыманы збройнай сілай, застаўся папяровым дакументам, але стаў кропкай адліку. Пэўна, у рэалізацыю акта не верылі і яго аўтары - беларусы яшчэ не былі гатовыя да таго, каб выкарыстаць адпаведны момант, бо ім бракавала нацыянальнай салідарнасці, якая была патрэбна, каб стварыць уласную моцную армію. Аднак, гэта не значыць, што акт 25 сакавіка быў творам групы інтэлігентаў, адарваных ад народа. Вялікі з'езд, які папярэднічаў абвяшчэнню незалежнасці з яго незалежніцкімі тэндэнцыямі, паказаў, што беларусы ўжо тады выказвалі вялікую нацыянальную і палітычную свядомасць.

Зараз, на першы погляд, беларусам можна закідваць, што святкаванне абвяшчэння неіснай рэспублікі не мае сэнсу. Аднак можна з упэўненасцю сцвярджаць, што калі б беларусы не святкавалі 25 сакавіка, дык мусілі б знайсці сябе іншы легендарны дзень, які б быў знаны ў гісторыі і яднаў іх пад сцягам незалежнасці. Акт незалежнасці аказаўся ў гэтым сэнсе першарадным чыннікам для ўгрунтавання незалежніцкай ідэалогіі і наогул, нацыянальнай салідарнасці. Праўда, Акт 25 сакавіка застаўся толькі на паперы, але нельга забываць, што такі ж самы лёс спаткаў і канстытуцыю 3-га мая і гэта не перашкодзіла палякам у доўгія часы няволі ўрачыста святкаваць 3-га мая каб будзіць польскіх патрыётаў. Святкаванне ўгодкаў канстытуцыі падчас няволі не вынікала з захаплення ад анахранічнага праўнага помніка і не было справай польскай бюракратыі, як сёння, не было святам інкарпарацыі ВКЛ у Карону. Гэта была дасканалая магчымасць прадэманстраваць жыватворчую моц прыгнечанага народа, абуджала дух у новых пакаленнях і выхоўвала на ідэалогіі незалежнасці.

Паміж абодвума гэтымі актамі, акрамя падабенства, ёсць і розніца, але калі глядзець з пункта погляду ўздзеяння на выхаванне маладога пакалення, дык маецца цалкам выразнае падабенства.

Характэрнай ёсць з'ява, што яшчэ нядаўна не ўсе беларусы ў Вільні лічылі неабходным святкаваць 25 сакавіка. Беларуская Сялянска-Рабочая Грамада і яе спадкаемца "Змаганне", не бралі ўдзелу ў першых святкаваннях. Але гэтыя палітычныя групы мелі вялікую праблему з тым, што яны не святкавалі незалежнасць і такім чынам ішлі супраць агульнай плыні беларускага народу, чым наклікалі на сябе падазрэнне ў залежнасці ад Менска, а калі б яны святкавалі разам з усімі, дык ім бы прыйшлося злучыцца са сваімі палітычнымі праціўнікамі.

За вышэйпамянутымі палітычнымі групамі ішло таксама і Таварыства беларускай школы, аднак, у гэтым годзе ТБШ згадзілася ўтварыць агульны юбілейны камітэт і першы раз, па-праўдзе неафіцыйна, узяло ўдзел ў арганізацыі свята. Папярэдняе стаўленне ТБШ да свята, у беларускіх колах тлумачылася ўплывам самых радыкальных беларускіх груповак і новы крок Таварыства да святкаванне незалежнасці жыва каментаваўся як важны паварот у жыцці ТБШ які дае вялікае поле для домыслаў і здагадак.

У любым разе, добра, што самая моцная беларуская арганізацыя - ТБШ знайшла modus vivendi і зрабіла крок да злучэння беларускіх сіл. […] Трэба і далей шукаць паразуменне для сумеснай працы для агульнай карысці.

S-wicz (Антон Луцкевіч).

Narodowe święto białoruskie // Pregląd Wileński. 1933. № 6. S. 2-4.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX