Вярнуцца: Заходняя Беларусь

Маўр зрабіў сваю справу …


Аўтар: Луцкевіч Антон,
Дадана: 24-06-2020,
Крыніца: Луцкевіч Антон. Маўр зрабіў сваю справу … // Наша Слова № 25 (1488), 17 чэрвеня 2020.



Дзіўныя рэчы робяцца ў Савецкай дзяржаве. Там можа ўбачыць шмат цікавых эксперыментаў і высілкаў, але цяжка чакаць нечага сталага і пэўнага. Тое, што робіцца сёння і лічыцца правільным, назаўтра будзе злачынствам і vice versa (лац. наадварот - Л. Л.). Можна сабе ўявіць жыццё грамадзяніна ў такой няпэўнасці.

Мы прызвычаіліся да думкі, што вязень які сядзеў у Польшчы за камунізм і якога абмянялі, у Саветах будзе мець стоадсоткавую гарантыю лаяльнасці і заслужыць вянок пакутніка і барацьбіта за ідэі Леніна. Бо гэтак бальшавікі трактуюць кожнага вязня, якога абмянялі. Сустракаюць яго ганарова і з аркестрам, дазваляюць яму казаць прамовы пра белы тэрор і г. д. Аднак, потым аказваецца, што новы грамадзянін не дарос да разумення прамудрай сталінскай палітычнай лініі. З таго боку мяжы марксізм трэба разумець па-іншаму, і бедны былы вязень не доўга мае мажлівасць захапляцца будаўніцтвам сацыялізму - ён хутка трапляе ў няміласць і зноў за краты.

Ахвярай такога павучальнага непрыстасавання да савецкага камунізму стаў шырока вядомы ў Вільне былы пасол у Сейм др. Дварчанін. У Заходняй Беларусі гэта быў перакананы і актыўны саветафільскі дзеяч. На фабрыках і публічных пляцоўках ён арганізоўваў масавыя сходы на якіх не раз быў "турбаваны" нейкімі "невядомымі" асобамі. У Сейме кідаў, чырвоныя як савецкі сцяг, дэманстрацыйныя ўнёскі і палымяныя выкрыкі супраць т. зв. інтэрвенцыі. З жоўцю пісаў артыкулы пра фашызацыю Еўропы, прыўзносіў ролю і заслугі СССР. І ўсё гэта "для дабра працоўнага люду".

Ніхто не сумняваўся, што рабіў ён гэта шчыра. Праз нейкі час лёс прывёў яго на лаву падсудных. Як не дзіўна, але менавіта лёс, бо сярод знаёмых ён меў звычку казаць: "Справа патрабуе ахвяр, а мне патрэбны час каб папрацаваць над сабой у турме" Сваю ўніверсітэцкую адукацыю ён лічыў недастатковай для актыўнага палітыка.

Яго прамовы на лаве падсудных пацвердзіла тэзісы пракурора і ён атрымаў 8 гадоў вязніцы (у 1930 г., арыштаваны польскімі ўладамі - Л.Л.) Праз нейкі час разам з калегамі з сеймавага клуба "Змаганне" атрымаў волю праз абмен вязнямі паміж Польшчай і СССР (абмен адбыўся ў 1932 г. - Л. Л.) Тыповая кар'ера беларускага радыкальнага палітыка.

Далей была сустрэча з помпай у Негарэлым (памежная станцыя - Л.Л.), даклады пра Польшчу, віншаванні ад збеглых братоў і г. д.

Але гэта не цягнулася доўга. Маўр зрабіў сваю справу … Сёння добра інфармаваная камуністычная прэса ў Польшчы не цырымоніцца з учарашнімі героямі і называе Дварчаніна "ворагам народна-вызваленчага руху". Ці знаходзіцца ён на волі невядома Мажліва, яго чакае лёс Фр. Аляхновіча.

(У камеры менскай турмы беларускі палітык і ўцякач з Польшчы Іван Дрозд сядзеў у адной камеры з Ігнатам Дварчаніным. Былы беларускі пасол, якога прывезлі з паўночных лагераў па нейкай справе, паведаміў "жудасную гісторыю, як іх рыхтавалі да самапаклёпніцтва, пераконвалі, што гэта патрэбна і карысна партыі, што партыя павінна належным чынам ацаніць іх учынак. Яны перасварыліся паміж сабой... Адмовіліся размаўляць са следчым па гэтым пытанні. Прыйшоў прадстаўнік ЦК і аб'явіў, што гэта воля партыі". Як бачым, савецкая турма не была месцам для самаўдасканалення. - Л.Л.)

Мала гэтага: у Вільні з'явіліся ўлёткі, якія абвінавачваюць усіх (за выняткам Тарашкевіча), хто выехаў у Менск у тых жа злачынствах, што і Дварчаніна.

Калі гэтая інфармацыя з'яўляецца праўдай, яна будзе несумненна сведчыць не пра індывідуальную няласку да др. Дварчаніна, а пра максімальнае абвастрэнне антыбеларускага курсу ў Савецкай Беларусі. Ці зыходзіць гэты курс з новага кірунку савецкай замежнай палітыкі? (Маецца на ўвазе савецка-польская дамова аб ненападзенні ад 1932 г. - Л. Л.)

S-wicz. (Антон Луцкевіч).

Murzyn zrobił swoje … // Pregląd Wileński. 1934. № 1. S. 7.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX