Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Савецкае цэментаванне 'адзінай і непадзельнай' Расіі 


Аўтар: Луцкевіч Антон,
Дадана: 01-07-2020,
Крыніца: Луцкевіч Антон. Савецкае цэментаванне 'адзінай і непадзельнай' Расіі // Наша Слова. № 25 (1488), 17 чэрвеня 2020.



Самыя горшыя весткі беларусы атрымліваюць з Менска. Асобы, якія некалькі тыдняў таму пакінулі сталіцу Савецкай Беларусі, апісваюць палітычнае і эканамічнае жыццё за ўсходнім кардонам у самых чорных фарбах. Сапраўды, Менск добра разбудаваўся, з'явіліся ўзорныя гмахі, вуліцы з цвёрдым пакрыццём, хоць і дрэнна, але ўжо некалькі гадоў курсуюць электрычныя трамваі. Знешне горад моцна памяняўся да лепшага. Відавочна, савецкі ўрад апякуецца выглядам горада, які ляжыць на рухлівым шляху паміж сталіцай СССР і Захадам. Не можна таксама змаўчаць пра шматлікія культурныя здабыткі і найперш пра пашырэнне школьніцтва. Але ўсё гэта не можа радаваць назіральніка-беларуса, які жыве на гэтым баку мяжы (маюцца на ўвазе беларусы Заходняй Беларусі - Л. Л.) Не радуецца таксама і прыціснутае беларускае грамадства ў межах СССР. Раней шмат дэкларавалася пра здабыткі, але яны бляднеюць на фоне сапраўднага пагрому лепшай і заслужанай беларускай інтэлігенцыі.

Згодна з расказамі асоб, якія вярнуліся з Менска, вязні, раней прыгавораныя польскім судом: Дварчанін, Рак-Міхайлоўскі, Гаўрылік, Валошын, Мятла і Бурсевіч, атрымалі ў СССР вырак на 10 гадоў і былі сасланы на Салавецкія астравы. Іх сем'ям забаронены жыць у Менску. Сына былога пасла Рак-Міхайлоўскага, пасла арышту бацькі, выгналі з Менскага ўніверсітэта. Іншыя беларусы, якія раней не маглі пагадзіцца са станам рэчаў, які існаваў у нас, і выехалі ў БССР, былі павысыланы ў самыя далёкія закуткі Савецкага Саюза. Былых паслоў Кахановіча і Барана, падобна, расстралялі. Псіхічна хворы Валынец памёр у вязніцы. Насуперак існаваўшаму звычаю, абменены на Аляхновіча Браніслаў Тарашкевіч не толькі не быў уганараваны ў Менску але пасля прыезду ў сталіцу БССР яму нават забаранілі выйсці з цягніка. Пра яго прыезд "знать не велено". Згодна з адной з версій, зараз ён знаходзіцца ў цэнтральнай Расіі на пасадзе … старшыні калгаса. Згодна з іншай версіяй, яго ангажыравалі для напісання прапагандысцкіх прац. (У СССР Б. Тарашкевіч быў вымушаны працаваць загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце (Масква), з'яўляўся правадзейным членам АН Беларусі. 6 траўня 1937 года арыштаваны. 5 студзеня 1938 «двойкай» НКУС і Пракуратуры СССР прыгавораны да расстрэлу. Як сцвярджае афіцыйная версія, ён быў расстраляны 29 кастрычніка 1938 у Менску. Даследчык Л. Маракоў меркуе, што Б. Тарашкевіч загінуў у часе катаванняў, якія доўжыліся дзевяць месяцаў. - Рэд.)

Праследаванне падазраваных у нацыяналізме ці дэмакратызме беларусаў ужо стала ў БССР сталым звычаем. Так, напрыклад, вядомы беларускі педагог, аўтар шэрагу навуковых прац і член Беларускай акадэміі навук Нарушэвіч, які здаўна знаходзіцца ў вязніцы, па прыкладзе прафесара Ігнатоўскага і іншых спрабаваў здзейсніць самазабойства.

Нічога не чулі ўцекачы з Менску пра лёс былога пасла Карузы. Руская эміграцыйная прэса, абапіраючыся на брашуру прысвечаную барацьбе з уплывамі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, пісала пра яго "ліквідацыю" органамі ГПУ. Я меў магчымасць пазнаёміцца з гэтай брашурай, яе змест выразна пярэчыць навіне, якую падае руская прэса. З брашуры вынікае толькі, што Каруза патрапіў у ГПУ і быў абвінавачаны ў спробе з антыбальшавіцкімі мэтамі пранікнуць у камуністычную партыю.

З-за гэтых неверагодных вестак з Менска, прыходзяць розныя думкі аб прычынах савецкага пераследу.

"Беларускі спіс", пра які часам піша савецкая прэса, відавочна ёсць недарэчнай выдумкай. Гэта састарэла. Невядома, ці нацыяналізм з дэмакратызмам сам па сабе з'яўляецца прычынай пераследу. Складаецца ўражанне, што гэтым паняццем ГПУ зараз надае не такі сэнс, як раней. Асоба, якую там называюць "нацдэмам" не талеруецца не таму, што хоча захаваць і развіваць сваю мову і культуру ці браць удзел у грамадскім жыцці на падставе дэмакратыі. Бо і Ленін, які пісаў пра гонар рускага народа, у нейкім сэнсе быў рускім нацыяналістам. Нацыяналізм і дэмакратызм там сёння разумеюць як далёка ідучы ўкраінскі і беларускі сепаратызм. Гэта плынь абапіраецца на лозунг кінуты савецкай уладай аб праве народаў на самавызначэнне ажно да аддзялення і ўсё выразней кажа пра незалежнасць беларускай і украінскай дзяржаў, Тым самым, у разуменні савецкіх палітыкаў, гэта плынь ідзе не толькі супраць цэнтралізму і ўлады Крамля, але і супраць асноў самой савецкай улады. Вызваленне ад савецкай улады ці толькі з-пад маскоўскага цэнтралізму сталася б небяспечным прэцэдэнтам для народаў іншых савецкіх рэспублік і пачаткам распаду імперыі.

Паколькі для Саветаў міжнародная сітуацыя складваецца цалкам добра, яны не могуць пужаць сваіх грамадзян капіталістычнай інтэрвенцыяй і ўзбройвацца, а таксама трымаць грамадзян у стане перманентнай трывогі за сваё жыццё з-за нападу суседзяў. У гэтакай атмасферы, каб пазбегнуць перавароту, можна трымаць грамадства толькі праз прамую дыктатуру, цэнтралізацыю і уніфікацыю. Беларускі сепаратызм цалкам дарос да ўкраінскага і, відавочна, бачыцца Крамлю самай вялікай пагрозай пад назвай "нацдэмаўшчына". Вось гэнеза пераследу беларусаў у Саветах, пераследу, які з'яўляецца адбіткам падзей на Украіне, адкуль беларусы, без сумневу, чэрпаюць натхненне і надзею на будучыню.

Трэба сказаць, што гэтакія ж нацыянальныя праблемы ёсць і ў іншых дзяржавах Еўропы. Асноўным падабенствам, відавочна, ёсць тое, што ідэя, выказаная на паперы аб поўнай магчымасці развіцця нацыянальных меншасцяў, на практыцы і з розных прычын усяляк абмяжоўваюцца, а меншасці прыгаварваюцца да асіміляцыі. Да спроб вялікарускай асіміляцыі ўкраінцаў і беларусаў саветы прыйшлі, магчыма, найпазней, але сваімі "ўдарніцкімі" тэмпамі хутка адрабляюць страчаны час. Без сумнення, ім гэта не ўдасца. Запозна. Але такая палітыка павінна выклікаць адпор дыктатарству і ўзмацніць ідэю незалежнасці.

Паварот у Саветах да старога спосабу цэментавання народаў не застанецца без рэха па гэты бок мяжы. Тое, што з вялікімі цяжкасцямі бальшавікі здолелі прышчапіць у Заходняй Беларусі, зараз адразу закончылася. Саветафільская арыентацыя беларусаў зламалася па ўсёй лініі.

S-wisz. (псеўданім Антона Луцкевіча).

Sowieckie cementowanie "jedynej i niepodzielnej" Rosji // Pregląd Wileński. 1934, № 12. S. 6-7.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX