Вярнуцца: Заходняя Беларусь

Ці зразумеюць


Аўтар: Луцкевіч Антон,
Дадана: 05-08-2020,
Крыніца: Луцкевіч Антон. Ці зразумеюць? // Наша Слова. № 31 (1494), 5 жніўня 2020.



Рух адраджэння кожнага народа звычайна абапіраецца на два галоўныя чыннікі: абуджэнне нацыянальнай свядомасці ў шырокіх народных масах і стварэнне вартаснай нацыянальнай культуры. У беларускім руху першы чыннік праявіўся на пачатку гэтага стагоддзя, калі народныя масы пачалі актывізавацца ў сувязі з рэвалюцыйным рухам у Расіі. Калі пад тэрмінам "культурных вартасцей" у шырокім сэнсе будзем разумець стварэнне новай, собскай нацыянальнай літаратуры, дык другі чыннік у нас зараз значна апярэдзіў першы. У даваенныя часы амаль што ўся культурная творчасць беларусаў абмяжоўвалася літаратурай і прэсай. Тэатр і музыка толькі пачыналіся. Яшчэ слабейшай была беларуская праца на навуковай ніве, гэтакую працу прэзентавалі толькі адзінкі ў галіне археалогіі, этнаграфіі і гісторыі. А навукоўцы-беларусы ў асноўным карысталіся чужымі мовамі.

Можам цвердзіць, што тэмп развіцця нацыянальнай свядомасці ў беларускіх масах перад вайной быў вышэйшым чым тэмп развіцця творчай культурнай працы. Але гэтак не магло доўга трымацца: піянеры адраджэння якія будзілі свой народ з летаргіі, мусілі даваць яму нешта большае чым сабраны этнографамі ўласны культурны здабытак гэтага ж народа, ці прымітыўнага тэатра, папулярных брашурак і г. д. Трэба, каб адначасова з нацыянальным прабуджэннем беларусаў ўздымаўся і іх культурны ўзровень, каб наша нацыянальная інтэлігенцыя мела магчымасць задавальняць свае духоўныя патрэбы ва ўласным асяроддзі на сваёй роднай мове, а не сярод палякаў ці расейцаў. Для гэтага былі патрэбны вялізныя творчыя высілкі па стварэнні ўласных вышэйшых культурных вартасцяў. Праца ў гэтым кірунку пачала хутка развівацца пасля Сусветнай вайны.

Зразумела, што гэтакая праца можа развівацца толькі ва ўласнай дзяржаве. У беларусаў развіццё навукі і мастацтва пачалося і хутка пайшло наперад пасля стварэння БССР у лоне СССР. Пры ўсёй ілюзорнасці і несамастойнасці гэтага цалкам залежнага ад Масквы дзяржаўнага ўтварэння, савецкая ўлада дала беларусам рэальную магчымасць культурнай працы. З пачатку 20-х гадоў нашага стагоддзя і да канца гэтага дзесяцігоддзя мы былі сведкамі хуткага развіцця беларускай паэзіі, прыгожага мастацтва (тэатр, музыка, жывапіс і г.д.) і навукі. Сотні маладых паэтаў - сялян і рабочых, дэбютавалі ў Саветах на старонках беларускіх часопісаў, і сярод гэтых сотняў, дзясяткі аказаліся па-сапраўднаму таленавітымі. Беларускі дзяржаўны тэатр дасягнуў вышынь і стаў на адзін узровень са слаўным тэатрам Станіслаўскага у Маскве. На тэрыторыі БССР стала працуюць тры драматычныя трупы - у Менску, Віцебску і выязны тэатр. Хары і балет - першакласныя. Над апрацоўкай беларускіх матываў працуе шэраг выбітных рускіх кампазітараў (Грачанінаў, Аладаў і г. д.), яны ствараюць музычныя творы на грунце беларускай мелодыкі. За імі падрастае пакаленне кампазітараў, якія нарадзіліся ў Беларусі.

У беларускай навуцы дамінуючую ролю адыграў Інстытут беларускай культуры, які ў 1927 г. стаў Беларускай акадэміяй навук (Менск, Віцебск, Горы-Горкі) з Беларускім універсітэтам на чале. У тым жа Менску паўстае мільённы кнігазбор - Беларуская дзяржаўная бібліятэка, а таксама Беларускі дзяржаўны музей і дзясяткі іншых, агульных і спецыяльных навуковых пляцовак. Адзін з польскіх прафесараў, выбітны гісторык, пасля наведвання гэтых пляцовак у Менску са шчырым энтузіязмам апавядаў пра іх надзвычай каштоўныя навуковыя здабыткі, пра іх багатыя калекцыі, пра навуковыя выданні, пра будынкі і арганізацыю працы.

І калі з вышыні птушынага палёту паглядзім на ўсю беларускую культурную працу, мусім сказаць, што тэмпы развіцця другога чынніка нацыянальнага адраджэння не толькі не адстаюць ад тэмпаў развіцця свядомасці, але і, магчыма, апераджаюць яго.

Так. Але ўсе культурныя здабыткі ў БССР трэба браць cum grano salis (лац., з недаверам - Л.Л.) Вось ужо 5 - 6 гадоў як яны перанасычаныя дзяржаўнай камуністычнай дактрынай. Культурна-творчая праца беларусаў у Саветах перажывае цяжкі крызіс: больш за 500 навукоўцаў, якія працавалі не толькі дзеля камуністычнай справы, але дзеля навукі, дэпартаваны з Беларусі ў адлеглыя куты Савецкага Саюза, а некаторыя і на слынныя Салаўкі. І ў беларускія вышэйшыя навучальныя установы, беларускія навукова-даследчыя пляцоўкі, музеі і г. д. прыйшлі "стопрацэнтовыя камуністы" якія лічаць навуковую працу адным з спосабаў службы дзеля камунізму. Вось так, усё, як у "цёмным сярэднявеччы", калі лічылася, што "Philosophia est ancilla theologiae" (лац., "Філасофія служыць тэалогі", ад сябе хачу дадаць, што Антон Луцкевіч, пэўна, не чытаў Шпенглера, а каб чытаў, дык ведаў бы думку гэтага мысляра, што тэалогія насамрэч з'яўляецца вышэйшай з навук. - Л. Л.)

Калі зараз паглядзім на Заходнюю Беларусь, якая ўвайшла ў склад польскай дзяржавы, з двума мільёнамі беларусаў [1], дык мусім сказаць, што адсутнасць нават самага сціплага самакіравання ці аўтаноміі, брак падтрымкі ці хоць спрыяння з польскага боку да беларускіх культурных пачынанняў на ніве навукі ці мастацтва, пакінулі нам вельмі вузкую браму. Культурных асяродкаў, якія сваёй працай маглі б канкураваць з чырвоным Менскам мы цалкам не маем [2]. Адсутнічаюць літаратурна-мастацкія звязы. У Вільні адсутнічае нават пастаянны беларускі хор, і гэта нягледзячы на высілкі арганізатара шэрагу харавых выступаў сп. Шырмы. Адзіная навуковая пляцоўка публікуе свае працы на беларускай мове, гэта Беларускае навуковае таварыства. Адзіная рэпрэзентацыйная ўстанова дзе можна ўбачыць узоры старой беларускай культуры, гэта Беларускі музей імя Івана Луцкевіча ў па-базыльянскіх мурах. Іншыя таварыствы і культурныя інстытуцыі, пераважна пашыраюць сярод беларускага народа адукацыю і да даследчыцкай працы дачынення не маюць.

Тое, што Вільня не можа ў гэтай справе супрацьстаяць Менску, наогул вінаватыя кіруючыя палітычныя чыннікі ў Польшчы. Тут да нашага часу жыве погляд пана Скульскага, які, калі быў прэм'ерам, сказаў, што праз 50 гадоў у Польшчы нават з ліхтарыкам немагчыма будзе знайсці беларуса. І дзяржаўныя мужы не могуць зразумець, што нягледзячы на наяўнасць мяжы паміж Савецкай і Заходняй Беларуссю, у агульнай беларускай культуры ўнёсак Менска дамінуе і будзе дамінаваць да таго часу, пакуль у Вільні не паўстане шырокі беларускі культурна-творчы рух, які абапіраецца на моцны фундамент і нясе заходнія каштоўнасці. На гэтым павінны былі б засяродзіцца польскія палітыкі, якія да гэтага часу бачаць усе ў святле ліхтарыка Скульскага.

Але і беларускае грамадства павінна зразумець вартасць культурнай творчасці ў беларускім жыцці [3]. З кожным годам прыбываюць маладыя інтэлігентныя сілы, якія мусяць мець для сябе духоўную ежу не толькі з камуністычнага Менска. З чым жа пойдуць яны на свайго народа, чым будуць узмацняць яго адпорнасць супраць пакушэнняў больш багатых і культурных суседзяў, якія імкнуцца да дэнацыяналізацыі беларусаў?

Інтэлігентная моладзь пачынае гэта разумець. Студэнцтва Віленскага ўніверсітэта спрабуе ўласнымі сіламі займацца навукова-даследчай працай (Таварыства сяброў беларусазнаўства). Што-раз часцей чутны сярод моладзі галасы аб неабходнасці аб'яднання ўсіх беларускіх сіл у Польшчы для паскарэння павольнага тэмпу працы над стварэннем культурных каштоўнасцяў - праяў несмяротнага і незнішчальнага народнага духу. Ці знойдуць гэтыя галасы разуменне ў собскім грамадстве, ці ацэніць яно належным чынам значэнне развіцця асяродка заходне-беларускай культуры, вось у чым пытанне [4]. Ад гэтага ў вялікай меры будзе залежыць развіццё Беларусі, як духоўнай цэласнасці.

S-wicz [Антон Луцкевіч]. Czy zrozumieją // Pregląd Wileński. 1935. № 1. S. 3-4.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.



[1] Згодна з апошнім перапісам - 1 600 000.

[2] Трэба адзначыць, што ў апошнія часы вядомы і паважаны беларускі артыст і драматург Ф. Аляхновіч працуе над тым, каб запоўніць гэту пустку ў Вільні.

[3] Адзін з вядомых у Вільні беларускіх дзеячаў, у прысутнасці аўтара засведчыў, што напісанне беларускай оперы, над якой працуе вядомы ў ва ўсім сусвеце кампазітар Грачанінаў, "для беларусаў - празмерная раскоша", а дастаткова толькі "добрага народнага спеўніка".

[4] Статут праектаванага Беларускага звязу выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў, які мае за мэту спрыяць культурна-творчай працы, два года ляжыць у ваяводскай управе і не можа дачакацца зацвярджэння.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX