Вярнуцца: Заходняя Беларусь

1936 год у культурніцкай працы беларусаў. Нечаканы ўдар


Аўтар: Луцкевіч Антон,
Дадана: 11-11-2020,
Крыніца: Луцкевіч Антон. 1936 год у культурніцкай працы беларусаў. Нечаканы ўдар // НАША СЛОВА № 45 (1508), 11 лістапада 2020.



1936 год у культурніцкай працы беларусаў

Як вядома, беларуская творчая культурніцкая праца з-за падзелу беларускіх зямель на дзве часткі развіваецца ў двух розных, ідэалагічна супрацьлеглых накірунках. А менавіта, калі на ўсходзе мы бачым шырока спланаваныя дзеянні дзяржавы, накіраваныя на поўнае вынішчэнне індывідуальных рысаў беларускай нацыянальнай культуры па формуле: "беларуская па форме, пралетарская па зместу", дык на захадзе беларуская інтэлігенцыя напружвае ўсе сіла каб захаваць і развіваць ў нацыянальнай культуры як раз тое самае, з чым гэтак энергічна ваююць у Саветах.

У гэтым напрамку беларуская інтэлігенцыя на захадзе праявіла вялікую здольнасць да прадбачання: яна і раней імкнулася да стварэння ў межах Польскай рэспублікі асяродка беларуская культуры, нацыянальнай як па форме, гэтак і па зместу, і верыла, што ў блізкай ці далёкай будучыні дэмакратыя пераможа савецкую і фашысцкую сістэмы і набыткі культуры, зробленыя на захадзе, будуць служыць усёй дэмакратычнай Беларусі.

Імкненне да захавання і развіцця падмуркавых элементаў беларускай нацыянальнай культуры ў апошнія гады вызначае напрамак дзейнасці цэлай плыні беларускіх дзеячаў у Польшчы, гэтак жа адбывалася і ў мінулым годзе (маецца на ўвазе 1936 г. - Л. Л.). Розныя групы і плыні адсунулі ў бок нядаўнія спрэчныя справы ў палітыцы і пачалі каардынацыю сваіх сіл і сваіх намаганняў у культурніцка-асветнай дзейнасці. Справы культуры занялі першае месца, і вынікі гэтай каардынацыі, да якой яшчэ зусім нядаўна грамадства заклікалі толькі дальнабачныя адзінкі, вельмі паказальныя.

Перад усім, трэба падкрэсліць павелічэнне агульнай цікаўнасці да працы найстарэйшай беларускай навукова-даследчай пляцоўкі - Беларускага навуковага таварыства, якое працягвае ствараць культурна-нацыянальныя каштоўнасці. Як заўсёды, самай актыўнай дзейнасцю вылучылася музейнай секцыя ("Музейная Рада"), якая кіруе зборамі Беларускага музея імя Івана Луцкевіча і багатым кніжным зборам "альбарутэнікі". Таксама ўзмацнілася дзейнасць літаратурна-мастацкай секцыі. Але менш энергічна працавалі гістарычная і, самая маладая, моўная секцыя.

У склад Таварыства ўвайшоў цэлы шэраг новых членаў - як з старой гэтак і з маладой генерацыі. Наведвальнасць Беларускага музея, які пераважна праз дараванне стала папаўняе свае калекцыі, у 1936 г. павялічылася амаль што ў два разы.

Навуковым праблемам шмат увагі надае беларускай акадэмічная моладзь якая аб'ядналася ў Таварыстве прыяцеляў беларусаведы пры УСБ (Універсітэт Стэфана Баторыя - Л. Л.). У мінулым годзе Таварыства арганізавала чытанне шэрагу навуковых дакладаў з дыскусіямі. Падобнае ж адбывалася ў Звязе студэнтаў-беларусаў, пра што сведчаць даклады, якія чыталіся на зборах сяброў гэтага звязу.

Вельмі эфектыўнай у мінулым годзе была беларуская паэтычная і мастацкая творчасць. Акрамя шырокавядомых Наталлі Арсенневай, Міхала Машары, Васілька, Ільяшэвіча і многіх іншых, на беларускім небасхіле запаліліся ўзыходзячая зорка сапраўднай першай велічыні ў асобе вельмі маладога і таленавітага Максіма Танка. Першыя творы паэта дазваляюць нам прарочыць яму вялікую будучыню. Акрамя вялікай колькасці вершаў, якія надрукаваны ў беларускіх часопісах, малады паэт стварыў прыгожую паэму "Нарач" з жыцця нарачанскіх рыбакоў. У мінулым годзе выйшаў вялікі том яго твораў пад назвай "На этапах". На жаль, гэтая кніга была канфіскавана …

Значны крок наперад зрабілі беларусы ў галіне музыкі, дакладней - у гарманізацыі і апрацоўцы беларускай, неверагодна багатай і чароўнай народнай музычнай творчасці. Перад усім з вялікай павагай трэба адзначыць працу Рыгора Шырмы - нястомнага збіральніка беларускіх песень і адначасова стваральніка і кіраўніка шырока вядомага сваімі выступамі беларускага хору.

Дапамагае яму на віленскім грунце знаны мясцовы музыка Канстанцін Галкоўскі, які акрамя апрацоўкі народнай музыкі піша і арыгінальныя рэчы: сімфанічныя творы, рамансы на словы беларускіх паэтаў і г. д.

У справе апрацоўкі беларускіх песень вялікія заслугі мае рускі кампазітар Грачанінаў, які зараз жыве ў Парыжы. Ён гарачы прыхільнік нашых песень і зараз працуе над праектам беларускай оперы. У Варшаве на гэтым жа полі працуе прафесар Станіслаў Казура, аднак апрацаваныя ім песні ён выдае з польскімі тэкстамі.

У галіне жывапісу працуе ў асноўным беларуская моладзь - выхаванцы факультэта мастацтваў УСБ. Асабліва адзначым працу трох маладых мастакоў-беларусаў: Чурылы, Сеўрука і Сергіевіча. Апошні ў зімнім сезоне 1935/36 гг. меў самадзейную выставу сваіх твораў, якая атрымала надзвычай станоўчыя водгукі віленскай прэсы. На жаль, імкненне знайсці для Сергіевіча замежную стыпендыю ад Фонду нацыянальнай культуры, нягледзячы на гарачую падтрымку з боку польскіх мастацкіх колаў, не знайшло разумення Фонду.

Для знаёмства шырокіх слаёў грамадскасці з дасягненнямі беларускай паэзіі, музыкі і жывапісу, служаць беларускія часопісы: штоквартальнік "Калоссе", які выходзіць ужо трэці год і "Маладая Беларусь", якая з'явілася ў 1936 г. і выйшла покуль толькі адным нумарам.

Гэта пра творчую працу. Але каля яе досыць інтэнсіўна развіваецца і асветная праца якая дзеліцца здабыткамі культуры з беларускім людам, духоўныя патрэбы якога не могуць быць задаволены афіцыяльнай асветай у яе сучасных формах, бо гэтая асвета працуе выключна ў нацыянальным польскім духу і на польскай мове. Таму разам з папулярызацыяй ведаў на беларускай мове арганізуюцца публічныя лекцыі і завочныя курсы па перапісцы. У 1936 г. беларусы правялі акцыю, накіраваную на выкладанне навукі ў агульнаадукацыйных школах па-беларуску. У гэтай акцыі жывы ўдзел прынялі самыя паважаныя беларускія культурна-асветныя арганізацыі, аб якіх паразмаўляем у наступным нумары.

H. B. [Антон Луцкевіч]. Rok 1936 w pracy kulturalnej Białorusinów // Pregląd Wileński. 1937, № 3. S. 4-6

Нечаканы ўдар (пра ТБШ і БІГК)

Шмат гадоў у Вільні існуюць тры беларускія асветныя арганізацыі: Таварыства беларускай школы (ТБШ), Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (БІГК) які заснаваны ў 1926 г. і нарэшце, самае маладое з іх, Таварыства беларускай асветы (ТБА), якое пасля расколу і выхаду самых дзейсных членаў у 1934 г., перастала займацца якой-небудзь дзейнасцю.

У культурна-асветнай працы заўсёды дамінавала заснаванае ў 1921 г. ТБШ якое ў лепшы час налічвала 15 000 членаў і 2 000 лакальных гурткоў. З-за сваёй масавасці, гэтая арганізацыя прыцягнула да культурна-асветнай працы самыя жывыя і дзейсныя элементы грамадства беларускай вёскі і адцягнула такім чынам людзей ад палітыканства. Таму пасля ліквідацыі Грамады гэтая арганізацыя пачала цікавіць кампартыю. Камуністы стараліся ўлезці ў гурткі і надаць ім цалкам неадпаведны накірунак, а калі гэта не ўдавалася, без вагаганняў проста злосна правакавалі ТБШ. Карыстаючыся гэтым, адміністратыўныя ўлады, якія заўсёды з падазрэннем глядзелі на беларускі рух, хутка ліквідавалі лакальныя і акруговыя арганізацыі ТБШ, накіроўваючы рэпрэсіі не толькі супраць адзінкавых асоб, якія знаходзіліся пад уплывам камуністаў, але супраць усёй культурна-асветнай працы ТБШ.

Была прыпынена дзейнасць сеткі гурткоў і акруговых структур, а ў пэўны час і праца цэнтральнага органа ТБШ у Вільні. Таму кіраўніцтва ТБШ, пасля зыходу са сцэны групы "Змаганне" (беларуская дэпутацкая фракцыя польскага Сойма ў 1928-1930 гг. - Л.Л.), уласнымі рукамі чыніла энергічныя высілкі для абароны ТБШ ад камуністычнага ўплыву, аднаўлення кіравання лакальнымі структурамі і нарэшце дабілася адмены рашэння ўладаў аб прыпынення дзейнасці Галоўнай управы.

Апошнія гады дэманстравалі нам вобразы гераічнай барацьбы кіраўніцтва ТБШ з камуністамі, якія ў шматлікіх улётках не шкадавалі вострых слоў і лаянкі ў адрас самых чынных чальцоў Галоўнай управы і лакальных гурткоў. Стымуляваў такія паводзіны камуністаў паварот у БССР савецкай палітыкі у адносінах да беларусаў. З 1928 г. тут пачалі агульна абвінавачваць беларусаў у нацыяналізме і варожасці да савецкай улады і дэпартаваць у глыб Расіі і на "Салаўкі" сотні дзеячаў беларускай культуры на чале з рэктарам БГУ прафесарам Пічэтам. Гэта сказалася на змену свядомасці беларускага грамадства, якое цалкам страціла наіўную веру ў вызвольную ролю Саветаў у адносінах да беларусаў Польшчы. Кіраўнікі ТБШ у поўнай меры выкарысталі гэты момант, каб ператварыць сваю арганізацыю ў выключна культурна-асветную і нацыянальна-дэмакратычную.

ТБШ згрупавала ў сваіх шэрагах пераважна прагрэсіўныя элементы, якія мелі погляды далёкія ад камуністычных і радыкалізм якіх не ішоў далей за неабходнасць напачатку здабыць беларускаму селяніну зямлю і менавіта "ўласную" зямлю. Ідэалагічна гэтай арганізацыі супрацьстаяў "Інстытут", які быў часткай беларускай хадэцыі (хрысціянскіх дэмакратаў - Л. Л.). У значнай меры, у сваёй культурна-асветнай працы "Інстытут" прытрымліваўся ахоўчай ідэалогіі. На чале хадэцыі стаялі ксяндзы-беларусы, што заўсёды дадавала ў яе дзейнасць характэрную афарбоўку. Інстытут паўстаў 10 гадоў таму (у 1926 г. - Л. Л.) і не меў у сваёй гісторыі такіх прыгожых старонак, якія мела ТБШ, тым не менш у часы росквіту ТБШ ён развіў вялікую дзейнасць але значна менш, чым гурткі ТБШ, ціснуўся адміністратыўнымі ўладамі. Гэтыя адносіны ўладаў яшчэ больш прычыніліся да паглыблення антаганізму паміж арганізацыямі з рознымі ідэалагічнымі падмуркамі.

1936 г. прынёс глыбокія змены ў стасункі паміж ТБШ і "Інстытутам", што відавочна, стала магчыма з-за змены настрою ў шырокіх колах беларускага грамадства. Канкрэтнай справай, якая памірыла ўчарашніх антаганістаў, стала заўсёды гарачая і актуальная для беларусаў справа школьніцтва на роднай мове. У мінулым годзе закончыўся сямігадовы тэрмін, вызначаны дэкрэтам прэзідэнта падчас якога было забаронена ўносіць змены ў школьную мову навучання, вызначаную моўнымі законамі Траўгута-Грабскага ад 31.07.1924 г. Таму зноў з'явілася магчымасць правядзення законнай акцыі ў форме плебісцыту аб навучанні па-беларуску ў школах. Каб выкарыстаць гэтую магчымасць, ТБШ і "Інстытут" вырашылі аб'яднаць свае сілы і заклалі супольны "Школьны сакратарыят", які кіраваў справай.

Нягледзячы на цяжкасці і перашкоды, акцыя плебісцыту развівалася надзвычай інтэнсіўна. Лозунг здабыцця беларускай школы здаўна быў вельмі папулярным у пэўнай часткі сялянства. Але ініцыятары акцыі дачакаліся яе вынікаў: у самым канцы 1936 г. адміністрацыйныя ўлады прыпынілі дзейнасць ТБШ і "Інстытута", а ваяводскія ўлады распусцілі абедзве арганізацыі.

Характэрным ва ўсёй гэтай справе стала тое, што забарона беларускіх таварыстваў наступіла ў той час, калі ў беларускім грамадстве перамагла плынь пазітыўнай працы над яшчэ нядаўнім палітыканствам, што стала відочным у святкаванні з удзелам усіх беларускіх груп і плыняў "Дня беларускай культуры" 13 студзеня мінулага года (1936 г. - Л. Л.). Закрыццю арганізацый папярэднічалі масавыя ператрусы ў беларускіх дзеячаў Вільні і ў офісах шэрагу арганізацый - акурат у той час, калі дэлегацыі ТБШ і "Інстытута" безвынікова абівалі парогі Рады міністраў, а таксама Міністэрства веравызнанняў і асветы, і адначасова прасілі аб аўдыенцыі ў прэм'ера і міністра Свентаслаўскага … Аднак, відочна, што гэтыя ператрусы не далі ніякіх матэрыялаў для абвінавачвання, бо ніхто не быў арыштаваны і не было высунута ніякіх палітычных абвінавачванняў. Варта адзначыць, што зброя і доказы ўдзелу ў "камуністычнай" дзейнасці шукаліся ў такіх яскравых антыбальшавікоў, як прэзідэнт "Інстытута" ксёндз Гадлеўскі, былы салавецкі вязень Аляхновіч і іншых.

Бачым, што 1936 г. ад пачатку, вызначыўся ў беларускім жыцці ўзмацненнем культурна-асветнай працы і аддзеленнем яе ад палітыкі, а закончыўся катастрофай. Без сумневу, для кіраўнікоў нацыянальных меншасцяў у Польшчы вышэйапісаныя падзеі адаб'юцца вельмі непажаданым рэхам ў шырокіх народных масах: шматгадовыя высілкі беларускіх дзеячаў, якія тлумачылі народным масам неабходнасць спакойнай творчай нацыянальна-культурнай працы і стараліся вызваліць беларускі рух ад непажаданых як для беларусаў, гэтак і для Польшчы камуністычных уплываў, могуць быць адкінуты з-за дзейнасці адміністрацыйных уладаў.

H. B. [Антон Луцкевіч]. Nieoczekiwany cios // Pregląd Wileński. 1937, № 4. S. 3-5.

Пераклад Леаніда Лаўрэша

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX