Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

З успамінаў аб Фердынандзе Рушчыцу 


Аўтар: Антон Луцкевіч,
Дадана: 06-01-2021,
Крыніца: Przegląd Wileński. 1936. № 5.



Я ведаў двух Рушчыцаў - у адной асобе.

Першы належаў да тае перадваеннае генерацыі, якая шчыра змагалася за "вашу і нашу волю" і з гэтай сваёй пазіцыі з непадманлівай сімпатыяй пазірала на абуджэнне нацыянальнай свядомасці ў беларускай інтэлігенцыі і ў шырокіх народных пластах.

Другі целам і душой належаў ужо да паваеннага грамадства, якое, апоенае трыумфам з прычыны здабыцця свабоды для сябе, цалкам забыла пра першую частку колісь так папулярнай, а цяпер так груба скрыўленай формулы…

З тым, другім, Рушчыцам мае адносіны абмяжоўваліся толькі абменам паклонамі пры сустрэчах на вуліцы. Затое з першым - перадваенным Рушчыцам - я меў пэўныя супольныя перажыванні, пра якія ў маёй душы захаваліся прыемныя ўспаміны.

У 1909 годзе мне выпала асабіста сустрэцца з гэтым выдатным мастаком нашай зямлі, які ўжо даўно цікавіў мяне здзіўляючым адчуваннем духу беларускага пейзажу, які ў сваіх творах так бліскуча выяўляў настроі гэтай зямлі ("Ворка" 1, "У свет").

У сувязі з дэбютам на сцэне віленскага польскага тэатра маладой артысткі Гэлены Янкоўскай, якая пазней стала жонкай знанага драматычнага артыста Юношы-Стампоўскага і заўчасна памерла, яе брат а мой прыяцель, публіцыст і паэт Ежы Янкоўскі 2 наладзіў банкецік у доме сваіх бацькоў. Сабраўся тут віленскі журналісцкі і мастацкі свет; быў і я. Ведаў, што маецца тут быць і Фердынанд Рушчыц, але я не ведаў яго раней нават з выгляду, а пры знаёмстве не дачуў прозвішча. Але постаць мастака, яго сакаліны пагляд, яго спосаб маўлення - усё гэта адразу прыкавала маю ўвагу да яго. Ён жыва апавядаў штосьці пра свае падарожжы на лініі Парыж-Пецярбург, падчас якіх заўжды з вялікім задавальненнем чапляўся за Вільню, бо яна пастаянна будзіла ў ім энтузіязм. "Хто гэта?" - акуратна папытаўся я ў гаспадара і толькі ад яго даведаўся, што маю перад сабою Рушчыца.

Банкет прайшоў для мяне тым больш прыемна, што за суседа сталом меў я Рушчыца. Мы адразу ж разгаварыліся. Размова датычыла краёвых тэмаў. Рушчыц пацвердзіў мне тое, што ўжо даўней я вычытаў з яго карцін: вялікая любоў да краю і шчыры сантымент да беларускага люду, глыбокая зацікаўленасць беларускай песняй, паэзіяй, дэкаратыўным мастацтвам. Таму нічога дзіўнага, што на тым грунце паміж намі вынікала ўзаемная сімпатыя, якая цягам часу ўзмацнілася.

Я запрасіў Рушчыца ў рэдакцыю "Нашай Нівы", дзе ён знайшоў даволі шмат цікавых для яго помнікаў старасветчыны і твораў мастацтва са збораў майго брата, якія цяпер перахоўваюцца ў Беларускім музеі імя Яна Луцкевіча. Падчас візіту ў адказ я ад імя рэдакцыі закрануў справу аб выкарыстанні на тытульным лісце нейкага беларускага выдання 3 карціны Рушчыца "У свет". Па вясковай дарозе, якая працінае завеяную раллю, у мглісты, дажджысты дзень сунуцца дзве чалавечыя постаці з ванзэлкамі на плячах. Ідуць у свет - шукаць "хлеба і долі", бо ў роднай старонцы не мелі ні першага, ні другога… Рушчыц без вагання даў дазвол выкрыстаць ягоную карціну і падарыў геліягравюру з яе.

Пад геліягравюрай быў змешчаны верш Яна Каспровіча на польскай мове, які ў паэтычнай форме выражае думку мастака. Верш гэты неўзабаве быў перакладзены беларускім паэтам Янкам Купалам. (Арыгінал перакладу і геліягравюра былі здадзены ў Беларускі музей.) Цікава, што Купала пазней забыў, хто быў аўтарам верша і, адзначыўшы гэтую акалічнасць, змясціў пераклад у адным са сваіх зборнікаў 4.

З таго часу цягам пары бліжэйшых гадоў я меў шэраг незвычайна прыемных сустрэч з Рушчыцам.

Калі ў 1910 г. мы рыхтавалі да друку беларускі каляндар 5, дык вырашылі змясціць на вокладцы цікавы ўзор беларускага дойлідства ў народным стылі - рысунак старой каплічкі на ўваходзе на могілкі ў Слуцку. Фотаздымак для гэтага не надта надаваўся. Тады я звярнуўся па параду і дапамогу да Рушчыца. І на гэты раз ён вельмі ахвотна выканаў маю просьбу: уласнаручна эскізна апрацаваў рысунак каплічкі, ажывіў вобраз белымі воблакамі, і такім чынам з'явілася сапраўды мастацкая рэч.

Трэці раз Рушчыц дапамог нам, калі друкавалася першая на беларускай мове "Гісторыя Беларусі" Власта (Вацлава Ластоўскага) 6. С. п. Ян Луцкевіч падаў прапанову выкарыстаць для вокладкі акоўку дзвярэй з Пагоняй у закрыстыі пабернардзінскага касцёла 7. Апрацаваная Рушчыцам выява была паводле ягонай парады адбітая на чорнай паперы срэбнай і залатой фарбамі.

У той час вакол асобы Рушчыца заўсёды гуртаваліся адзінкі з мастацкага і публіцыстычнага свету, не звязаныя, што праўда, сваім паходжаннем з нашым краем. Збіраўся той "Мастацкі Гурт" (Banda Artystyczna) у Рагоўскіх, Герцаў 8, Рушчыца 9… за сталом горача абмяркоўвалі праекты ажыўлення мастацкага жыцця і падвышэння мастацкай культуры Вільні. Тут паўстаў праект выдання вялікага тома "żórawców", афармленне якога было здзейснена Рушчыцам. Літаратурны змест тома склалі артыкулы і паэтычныя творы сябраў "Гурта". У томе былі змешчаныя рысункі Рушчыца і Пятра Богуша (Сестранцэвіча) 10, а таксама музычны твор Л. М. Рагоўскага "Эротык".

"Мастацкі Гурт" даволі часта наладжваў вечарыны, на якія запрашалі мяне. У маёй памяці засталася адна з такіх вечарын у кватэры Рушчыца, калі я першы раз на запрашэнне мастака быў госцем "Гурта".

У той час Рушчыц жыў па вуліцы Зарэчнай у доме Ласкарысаў, над Вілейкай. Было тое, калі не памыляюся, ранняй вясной. Рагоўскія, з якімі мы жылі найбліжэй, паведамілі мне, што госці, хочучы зрабіць Рушчыцу неспадзяванку, дамовіліся прыйсці на тую вечарыну ў стылёвых касцюмах. Зразумела, што я мусіў лічыцца з агульным рашэннем і апрануць строй з часоў Людовіка XVI, ласкава пазычаны мне тагачасным рэжысёрам "Лютні" 11. Прыйшлі мы да Рушчыца ўсе адначасова, і кватэра гасціннага гаспадара зараілася шматколерным натоўпам постацяў з бліжэйшай і далейшай мінуўшчыны. Рушчыц быў прыемна здзіўлены, яго апанаваў цудоўны настрой. Паказаў мне сваю слынную карціну "Nec mergitur", якая ў той час яшчэ знаходзілася ў мастака. За шчодра застаўленым сталом ва ўсіх таксама былі выдатныя настроі. Горача дыскутавалі. Станіслаўская 12 выступіла з імправізаваным вершам, які быў прысвечаны гасцям і характарызаваў кожнага з прысутных. А калі мы ўсталі з-за стала і разышліся па сцежках абрывістага саду, што спускаўся да ракі, для Рушчыца, які глядзеў з балкона, адкрыўся сапраўды эфектны від. Дэкарацыйнасць відовішча захапіла Рушчыца, які, як вядома, быў непараўнальным дэкаратарам.

Калі ў летнім тэатрыку Бернардзінскага саду Нуна Младзяёўская паставіла "Лілю Венеду" 1 3, Рушчыц, як вядома, зрабіў дэкарацыі да гэтага твора. Мастак працаваў з вялікім захапленнем і энтузіязмам. Я неаднакроць зазіраў у тэатр ў той час, калі пісаліся дэкарацыі, і бачыў іх народзіны. Запрасіў мяне і Рушчыц на першую рэпетыцыю з дэкарацыямі, якія з мастацкага гледзішча былі цудоўныя. Рушчыц трыумфаваў. На жаль, яны не захаваліся: праз пэўны час дашчэнту згарэлі. Гэта быў цяжкі ўдар для мастака.

Тыя сустрэчы і размовы, тыя супольныя мастацкія перажыванні, а перад усім безумоўна шчырыя сімпатыі Рушчыца да беларускага адраджэнскага руху, пра якія я ўжо пісаў, былі падставай для сардэчных маіх з ім адносін.

Аднак неўзабаве "Гурт" пачаў расклевайцца. Большасць яго сябраў, якая складался з прыезджых мастакоў, пакінула наш горад. Калектыўныя сустрэчы спыніліся. У асабістым жыцці Рушчыца насталі перамены. Трагічная смерць Марыі Залускай 14, якая брала ўдзел у беларускім хоры пад кіраўніцтвам Рагоўскага і з якой з гэтай прычыны я сустракаўся, замарозіла у многіх віленчукоў пачуцці сімпатыі да мастака. Сустракаў я яго ўжо рэдка, мімаходзь.

Нарэшце прыйшла сусветная вайна, якая глыбока страсянула жыццё нашага горада і выгнала з Вільні мноства людзей, якія не адважыліся ці з іншых прычын не хацелі дзяліць няпэўны лёс места, калі да яго набліжаліся нямецкія войскі. А ў выніку вайны паўсталі новыя варункі жыцця для Вільні і віленчукоў, якія адных паставілі ў шэрагі ўладцаў нашага краю, а іншых залічылі ў ілоты 15 ва ўласнай айчыне… Рушчыц апынуўся сярод першых; я - сярод другіх. Паміж намі ўтварылася прорва, якая штораз паглыблялася. Нашы адносіны канчаткова абарваліся.

Друкуецца ў перакладзе з пол.

Упершыню - Przegląd Wileński. 1936. 26 тр. № 5.

Пераклад Анатоля Сідарэвіча

1 На ўвазе мелася карціна Ф. Рушчыца "Зямля" (1898). Магчыма, сваю назву гэтаму твору А. Луцкевіч даў пад уздзеяннем санета Л. Стафа "Ворка" ("Orka"), змешчанага ў зборніку "W cieniu miecza" (1911) і ў пазней выдадзеных кнігах паэта. Верш, як лічыцца, напісаны па матывах карціны "Зямля".

2 Польскі сацыяліст Ежы Янкоўскі (1887-1941) лічыцца піянерам польскага футурызму. Аўтар верша памяці І. Луцкевіча (Гл.: Пра Івана Луцкевіча: Успаміны, сьведчаньні. - Мінск: Кнігазбор, 2007. - С. 34-36.). Забіты нацыстамі.

3 Не ўстаноўлана, што карціна "У свет" выкарыстоўвалася ў беларускіх выданнях.

4 Пераклад верша Я. Каспровіча змешчаны ў зборніку "Шляхам жыцця" (1913) з пазнакай: "З польскага. Аўтара не ведаю. Я. К.".

5 На ўвазе меўся "Беларускі каляндар "Нашае Нівы" на 1911 год", які выйшаў з выявай капліцы на вокладцы. З ідэнтычнай выявай выйшаў таксама "Беларускі калянар на 1915 год".

6 На ўвазе мелася кн. "Кароткая гісторыя Беларусі" В. Ластоўскага (1910).

7 На ўвазе меўся касцёл пры зачыненым у 1864 г. віленскім кляштары бернардзінцаў (цяпер на вул. Майроніса).

8 …Рагоўскіх, Герцаў… - На ўвазе, пэўна, меліся сем'і кампазітара Л. Рагоўскага і байкапісца, драматурга, публіцыста і дзіцячага пісьменніка Б. Герца, які супрацоўнічаў спачатку ў газ. "Kurjer Litewski" (рэдактар Ч. Янкоўскі), а потым у тыднёвіку Przegląd Wileński (рэдактар Л. Абрамовіч).

9 Далей копія з Przeglądu Wileńskiego зроблена няякасна, таму ўчынена невялічкая купюра.

10 Polski slownik biograficzny (сшытак 154) падае звесткі пра Станіслава Богуша-Сестранцэвіча, які аб той пары жыў у Вільні і супрацоўнічаў з Рушчыцам.

11 "Лютня" - польскі тэатр у Вільні (1905-1940), заснаваны пры Таварыстве аматараў мастацтва. Рэжысёрам польскага тэатра ў Вільні прынамсі ў 1908 г. былі Нуна Младзяёўская, Юзаф Паплаўскі і Казімеж Акарніцкі (Okornicki).

12 На ўвазе маецца Станіслаўская (Stanislawska) Ванда Аляксандра (1875-1966), паэтка, празаік, драматург, тэатральны крытык; уваходзіла ў "Мастацкі Гурт".

13 "Ліля Венеда" ("Lilla Weneda") - трагедыя, напісаная Ю. Славацкім у 1839 г. Спектакль пастаўлены ў Вільні 1909 г.

14 Знайсці больш-менш поўную інфармацыю пра асобу М. Залускай і пра абставіны яе смерці пакуль што не ўдалося.

15 Ілоты - нявольнікі ў Спартанскай дзяржаве; паходзілі з заваяванага мясцовага насельніцтва. Спартанскія ўлады заахвочвалі забойствы самых дужых і моцных ілотаў. У час грэка-персідскіх войнаў былі прызваныя ў войска. Іх становішча стала нагадваць становішча прыгонных, замацаваных дзяржавай за пэўным участкам зямлі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX