Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Тадэвуш Урублеўскі 


Аўтар: Абрамовіч Людвіг,
Дадана: 23-09-2020,
Крыніца: Абрамовіч Людвіг. Тадэвуш Урублеўскі // Наша Слова. № 38 (1501), 23 верасня 2020.



Нарыс жыцця

Ад перакладчыка: Урублеўскі Тадэвуш Станіслаў (1858-1925) - адвакат, заснавальнік бібліятэкі ў Вільні, якая зараз носіць яго імя. У 1886 г. закончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, з 1881-1883 гг. - у сібірскай высылцы. У 1900 г. заснаваў Таварыства шубраўцаў, якое працягвала традыцыі шубраўцаў пачатку XIX ст. Сабраў выдатны кнігазбор, у 1912 г. заснаваў і легалізаваў таварыства "Бібліятэка імя Яўстахія і Эміліі Урублеўскіх" (бацькоў), якому перадаў кнігазбор, і кіраваў бібліятэкай да сваёй смерці. У 1926 г. бібліятэка стала дзяржаўнай з назвай Дзяржаўная бібліятэка імя Урублеўскіх і размясцілася ў выкупленым у 1925 г. палацы Тышкевічаў у Вільні.

Нягледзячы на тое, што большую частку свайго жыцця с. п. Тадэвуш Урублеўскі пражыў у Вільні, ён не быў правінцыяльным дзеячам, вядомасць і слава якога не выходзіць за межы роднага горада. Яго добра ведалі на ўсім абшары літоўска-беларускай зямлі, а таксама ў Польшчы і Расіі, не быў ён чужы і ў Заходняй Еўропе. Урублеўскі неаднаразова меў магчымасць выйсці на больш шырокія прасторы, заняць якое-небудзь выбітнае становішча, стаць уплывовай фігурай, але пры гэтым пакінуць Вільню, горад, які па шэрагу прычын не стаў асяродкам самастойнай думкі і дзеяння. Аднак маючы прапановы з розных бакоў, Урублеўскі заўсёды ад іх адмаўляўся, бо не жадаў пакінуць родны горад, дзе знаходзіліся яго кнігі, яго дом, у якім ён нарадзіўся і хацеў жыць да скону.

Абрамовіч Людвіг.

Гэты яго знешні кансерватызм, гэтая яго прывязанасць да помнікаў былога, да традыцыі, да шматлікіх родных вобразаў, да смелага палёту думак з пагружэннем у былое былі яго галоўнай рысай, незразумелай для многіх, але - як слушна заўважыў аўтар успамінаў пра яго ў газеце "Слова" - было гэта яго спецыфічнай віленскай экзотыкай.

С. п. Тадэвуш - вільнянін да мозга касцей, але ён заўсёды адчуваў сябе чужым у атмасферы Вільні, у мяшчанска-шляхецкім асяроддзі, сцісла спаяным між сабой эндэцка-пабожным кругаглядам.

Народжаны 8 лістапада 1858 г. у сям'і вядомага ў Вільні лекара-гамеапата Яўстаха Урублеўскага і маці Эміліі з Бянёўскіх, малады Тадэвуш атрымаў стараннае хатняе выхаванне, і, адораны шматлікімі здольнасцямі, закончыў віленскую гімназію з залатым медалём, потым паступіў у Медыка-хірургічную акадэмію ў Пецярбургу. Праз два гады, за ўдзел у "польскай гміне", канспіратыўнай арганізацыі з сацыялістычнымі тэндэнцыямі, быў сасланы ў Сібір. Між іншым, да гэтай арганізацыі належалі яго пазнейшыя антаганісты Юзаф Гласко (сучасны сенатар з "Клуба Працы", Баляслаў Віславух і іншыя вядомыя дзеячы. Пасля вяртання з Сібіры ў 1880 г. ён паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт на юрыдычны факультэт. Вучобу закончыў з высокімі адзнакамі і пачаў адвакацкую практыку як памочнік Уладзіміра Спасовіча. Пад кіраўніцтвам гэтага знакамітага адваката Урублеўскі паглыбіў набытыя веды, раскрыў свой прыроджаны талент красамоўства і хутка стаў вядомым судовым абаронцам.

Пасля смерці бацькоў, каля 1890 г., ён вярнуўся ў Вільню і прыняў у спадкі бацькоўскі дом разам з першапачатковым кнігазборам - колькасць кніг з гэтага часу стане павялічвацца, і кнігі стануць яго адзінай жарсцю і мэтай жыцця.

Самотны ўсё жыццё, Урублеўскі, цалкам аддаваўся збору кніг але не быў ні мізантропам ні адлюдкам. Падтрымліваў сяброўскія і прафесійныя адносіны з вялікім колам людзей, жыва цікавіўся грамадскімі справамі і добра прычыніўся да ажыўлення прыгнечанага ў той час віленскага грамадства. У тыя часы, па ініцыятыве Урублеўскага, паўстала таварыства "Шубраўцаў", зразумела, што акрамя назвы гэта таварыства не мела нічога агульнага з ранейшымі шубраўцамі. У тагачасных умовах таварыства не магло займацца грамадскай дзейнасцю і таму мела больш сціплыя мэты. Гэта было кола польскай інтэлігенцыі, якое збіралася па суботах у гасцінным доме Урублеўскага, у таямнічай для больш шырокага кола "Гасподзе пад Ракарам" і праводзіла час у свабодных размовах з абменам думкамі, прычым гаспадар заўсёды меў шмат новай інфармацыі для абмеркавання і тэм для здумлення.

Агульнае ажыўленне на гэтых сходах запанавала калі прыйшоў 1905-ы год, падуў вецер перамен які абяцаў наперадзе рэвалюцыйную буру. У той час Урублеўскі трыумфальна, у арэоле славы абаронцы польскіх інтарэсаў, вярнуўся са з'езда земскіх дзеячаў у Маскве. Усе лічылі, што толькі дзякуючы яго прамовам сярод земскіх дзеячаў, якія зрабілі вялікае ўражанне на з'ездзе, прабіў сабе дарогу пастулат пра аўтаномію Польскага каралеўства. Хутка гэтыя земскія дзеячы ўтварылі шматлікую і ўплывовую канстытуцыйна-дэмакратычную партыю.

З гэтага з'езда пачаліся блізкія стасункі Урублеўскага з кадэтамі. Але праз нейкі час гэтыя стасункі саслабелі, а потым і цалкам спыніліся - выбітныя лідары гэтай партыі: Мілюкоў, Набокаў, Маклакоў і іншыя не пагаджаліся з федэралістам Урублеўскім.

Аднак, калі Польскі камітэт выставіў кандыдатуру Урублеўскага ў 1-ю Думу, ён быў яшчэ прыхільнікам праграмы кадэтаў. Гэта ён выразна зазначыў у сваім адкрытым лісце "да выбарцаў горада Вільні - ліцвінаў і палякаў", дзе між іншым падкрэсліў, што "лічыць сябе грамадзянінам Літвы і ў вырашэнні палітычных і грамадскіх праблем бачыць агульны інтарэс усіх жыхароў нашага краю …".

Потым не раз казалі тое, што перакананні Урублеўскага мяняліся. Не ведаю, на што абапіралася гэтае цверджанне. На працягу апошніх дваццаці гадоў, ці дакладней, у часы калі палітычнае жыццё развівалася больш-менш адкрыта, ён заставаўся верным сваім поглядам. І падчас выбараў у 1-ю Думу, і падчас выбараў у 3-ю Думу, і ў часы вайны, і пасля вайны, Урублеўскі заўсёды выступаў як праціўнік нацыянальнай выключнасці, як гарачы прыхільнік супольнага жыцця ў згодзе ўсіх народаў краю, як выразны "краёвец", які разумее тэрытарыяльныя асаблівасці Літвы і Беларусі і права гэтых зямель на самастойнае жыццё і развіццё. Відочна, што ў сувязі са зменамі ў палітычнай сітуацыі і праўна-дзяржаўнымі пераўтварэннямі, погляды Урублеўскага на агульнае пагадненне, хаця б фармальнае, мусілі эвалюцыянаваць, але змест яго поглядаў заставаўся нязменным ад іх першага дэкларавання ў 1905 г. і да апошніх хвілін жыцця.

Здаецца, што непаразуменне палягала ў тым, што агульнае ўспрыманне пра асобу Урублеўскага ўтваралася не на падставе яго слоў - таго што ён сам казаў, а на падставе таго, што пра яго казалі іншыя. Тым больш, што толькі падчас выбараў у 1-ю Думу ён рабіў недвухсэнсоўныя заявы і выступаў як прыхільнік дэмакратычнай праграмы звяртаючыся да ўсіх выбаршчыкаў, нягледзячы на іх нацыянальнасць. Гэта пры тым, што Выбарны камітэт, які падтрымліваў яго кандыдатуру, рабіў выразныя нацыяналістычныя заявы, кажучы, што "толькі паляк можа бараніць інтарэсы нашага краю і горада". Калі б польская думка адразу была больш крытычнай і ўзважанай, дык ад самага пачатку яна павінна была б прыняць погляды Урублеўскага - не ён змяніў свае погляды, а польская супольнасць выступала кожны раз па-рознаму, у залежнасці да настрояў і акалічнасцяў.

Здаецца, што гэтая розніца паміж кандыдатам і Камітэтам у значнай меры прычынілася да яго паразы на выбарах. Перамог яўрэйскі кандыдат, равін Левін, за якога аддалі галасы ўсе яўрэі, незалежна ад сваіх перакананняў, разам з прыхільнікамі праграмы кадэтаў.

З-за такога выніку, пазбягаючы непрыемных кампрамісаў і не жадаючы барацьбы паміж нацыянальнасцямі, у 2-ю Думу Урублеўскі не выстаўляўся, а займаўся адвакацкай практыкай на палітычных працэсах. Першым з іх быў працэс лейтэнанта Шмідта ў Севастопалі, гэты працэс зрабіў яго імя вядомым усёй Расіі. Хутка ён стаў адным з самых вядомых адвакатаў, і ў самых розных рэвалюцыйных колах прозвішча Урублеўскі займела папулярнасць, якой маглі б пазайздросціць правадыры і кіраўнікі рэвалюцыйнага руху. Але гэта не перашкаджала яму адначасова служыць на дзяржаўнай службе юрыдычным радцам Палескай чыгункі, дзе яго паважалі да такой ступені, што скрозь пальцы глядзелі на палітычную нядобранадзейнасць.

Паслухаўшы сяброў, Урублеўскі згадзіўся выставіць сваю кандыдатуру на выбарах у 3-ю Думу, якія пасля змены закона аб выбарах і з'яўлення нацыянальных курый, мелі адбыцца не пад лозунгам нацыянальнай салідарнасці, да якога Урублеўскі заўсёды меў антыпатыю, а на грунце барацьбы праграм і ідэй. Урублеўскі, як кандыдат Дэмакратычнага камітэта, з націскам падкрэсліваў сваю краёвасць у супрацьстаянні з іншым кандыдатам, ксяндзом Мацяевічам, якога падтрымлівала большасць віленскага кліру і які знаходзіўся пад уздзеяннем эндэцкай ідэалогіі.

Не толькі вынікі выбараў (ксёндз Мацяевіч атрымаў 5700 галасоў, а Урублеўскі - 1400) канчаткова адвярнулі Урублеўскага ад палітычнай дзейнасці па прадстаўленні інтарэсаў польскай супольнасці, але розныя падзеі, ашуканствы і інсінуацыі, які дапускалі ў яго бок палітычныя праціўнікі. Памыі, якія пад уздзеяннем сваіх нізкіх інстынктаў эндэцыя выліла ў той час на галаву заслужанага дзеяча і вядомага абаронцы прыгнечанай польскасці, маглі б забіць нават чалавека, які меў бронзавую душу старажытнага рымляніна. А Урублеўскі меў незвычайна ўразлівую і чулую да ўсялякага чужога дотыку натуру. Ён глыбока перажываў другую паразу на выбарах і стаўленне да яго віленскага натоўпу. Адсюль пачынаюцца разыходжанні паміж ім і польскай Вільняй, якія праз час прывялі да яго поўнага адасаблення.

Прыйшла вайна, нямецкая акупацыя, бальшавіцкі наезд, Генеральны камісарыят усходніх зямель, літоўская ўлада, аперэтачная Сярэдняя Літва і нарэшце інкарпарацыя Віленшчыны ў польскую дзяржаву. У гэтыя часы зменаў і пераваротаў Урублеўскі заставаўся верным сябе. Не адчуваючы жадання займацца канспіратыўнай дзейнасцю, не салідарызуючыся з польскімі плынямі, сярод якіх нават віленскія дэмакраты перасталі прызнаваць асобнасць Літвы і Беларусі, не маючы нічога агульнага з кансерватарамі і згоднікамі, якія ўжо шмат гадоў таму паставілі крыж на магіле Польшчы, ён не верыў у трываласць і цэльнасць усіх арыентацый і наогул не бавіўся палітыкай. Урублеўскі моцна і нязменна стаяў на пазіцыях краёўца і казаў пра патрэбу супольнай працы ўсіх нацыянальнасцяў краю. Ён маніфеставаў - часам, можа, занадта яскрава - сваю лаяльнасць усім уладам і ўрадам, якія хутка змянялі адзін аднаго.

Як вядомы юрыст, ён не адмаўляў у дапамозе і парадзе ўсім уладам. Лічыў, што праз свой уплыў, ён можна абараніць суграмадзян ад розных крыўдаў і пераследаў, адвярнуць бяду і накіраваць улады на шлях законнасці і справядлівасці. Але роўна не выказваў энтузіязму да ўсіх уладаў. Як мясцовая, бліжэй яму была літоўская ўлада, але Урублеўскі добра разумеў, што толькі тая ўлада будзе моцнай і ўгрунтаванай, якая паўстанне па волі ўсяго народа і без ніякага знешняга ўціску. Быў паслядоўным і умеў захаваць спакой і крытычны розум, калі большасць яго старых сяброў пайшла па лініі найменшага супраціву ці кіравалася сляпой нянавісцю. Ад яго адвярнуліся амаль што ўсе знаёмыя і першымі пачалі яго абвінавачваць тыя, якіх заўсёды раздражняла ягоная разумовая вышэйшасць, незалежнасць і паслядоўнасць.

Урублеўскі застаўся са жменькай верных сяброў, але новыя сябры пачалі знаходзіцца ў колах, якія раней не былі яму блізкімі, бо ён быў звязаны з польскім асяроддзем з самага свайго нараджэння. З новымі сябрамі яго лучыла агульнае разуменне нядолі і цяга да свабоды. Да таго часу, пакуль польскасць уціскалася і пера-следавалася, пакуль яна змагалася за свае вызваленне, да гэтага часу ён быў яе гарачым прыхільнікам, інтарэсы і патрэбы польскасці былі для яго галоўнымі. А да трыумфуючай польскасці, польскасці, якая прыгнятае іншых, ён адчуў непрыязь. З гэтага моманту Урублеўскі пачаў бліжэй браць да сэрца інтарэсы так званых нацыянальных меншасцяў. Ён заўсёды быў супраць тых, хто кіруе і пануе.

Апошнія гады жыцця, Урублеўскі пераважна аддаў працы над упарадкаваннем свайго кнігазбору. Зрэдку адрываўся ад гэтага, каб выступіць адвакатам у судзе, а таксама, калі яго наведвалі сябры, знаёмыя ці нават чужыя людзі - прыезджыя ці замежнікі, якія прагнулі ведаць яго меркаванне пра апошнія падзеі.

Клопат пра сваю каштоўную бібліятэку, якой ён аддаў столькі сіл і сродкаў, не даваў спакою. Прагнуў, каб яго кнігазбор быў непарыўна звязаны з Вільняй і, не маючы іншага выйсця, пачаў перамовы з Управай дзяржаўных бібліятэк аб перадачы свайго збору ў якасці дэпазіту, але з умовай, што ён ні ў якім выпадку не можа быць вывезены з Вільні.

Смерць не дазволіла ўбачыць сваімі вачыма справу свайго жыцця ў тым выглядзе, у якім ён хацеў яе ўбачыць. Смерць стала неспадзёўкай як для яго самога, гэтак і для яго сяброў. Арганізм не вытрываў напружанай працы, якой ён аддаваўся ўсё жыццё. Ніколі не мог Урублеўскі даць сябе адпачынку хоць на хвіліну. А на ўсё іншае ў яго заўсёды быў час - на сваю самаадукацыю, на навуковыя заняткі, на напісанне артыкулаў, якія друкаваліся пад псеўданімам Т. Вароніч у "Пшэглёндзе Віленскім", і на брашуры, якія выдаваў пад сваім імем ці псеўданімам Ёдварніcа (Juodvarnis), на даклады, якія чытаў у Літоўскім навуковым таварыстве і ў Звязе польскіх бібліятэкараў, на старанную каталагізацыю сваіх збораў, на чытанне кніг і лістоў, на размовы і на розныя канферэнцыі, на міравыя суды, на якія яго часта запрашалі як арбітра. Не меў толькі часу на адпачынак і лячэнне, якое вымагаў стан яго здароўя.

Жыў як анахарэт, жывіўся тым, што меў. З часоў нямецкай акупацыі, быў пазбаўлены ўсіх сродкаў і практычна галадаў. Атрымаўшы ў часы Генеральнага камісарыяту ўсходніх зямель становішча натарыюса, пачаў зарабляць але не меў часу траціць грошы, бо працаваў па 18 гадзін у суткі, а потым грошы, якія ў яго назбіраліся, страцілі ўсялякі кошт …

Усё гэта разам падарвала жалезны арганізм с. п. Тадэвуша. Яго чуйнае сэрца не вытрымала ўсіх расчараванняў і звадак, якімі яго так шчодра абдорвалі людзі і, саслабеўшы, перастала біцца …

Вільня і ўвесь край страцілі аднаго з самым годных сваіх сыноў.

L. A. [Людвіг Абрамовіч]. Tadeusz Wróblewski // Pregląd Wileński. 1925, № 12. S. 2-5.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX