Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Зыгмунт Нагродзкі і яго адносіны да беларусаў 


Аўтар: Луцкевіч Антон,
Дадана: 25-09-2020,
Крыніца: Луцкевіч Антон. Зыгмунт Нагродзкі і яго адносіны да беларусаў // Антон Луцкевіч. Выбраныя творы: праблемы культуры, літаратуры і мастацтва. Мінск, 2006. С. 374-378.



Пасьмертны ўспамін

25 сакавіка - у дзень беларускага нацыянальнага сьвята, абход якога пад Польшчай сёлета быў забаронены, - зышоў з гэтага сьвету Зыгмунт Нагродзкі, пражыўшы 71 год.

Сьмерць яго іменна ў гэты дзень мае ў сабе нешта сымбалічнае: людзі тыпу Зыгмунта Нагродзкага ў сучаснай Польшчы, аблічча якой так ярка выявілася ў сказанай забароне нам сьвяткваць 19-я ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі, запраўды ж прадстаўляюцца як нейкі анахранізм і ў новых будаўнічых дзяржаўнага ладу ня маюць сымпатыі... Цяпер яны ў Польшчы - лішнія!

* * *

Нагродзкі жыў і працаваў на грамадзкай ніве ў тыя часы, калі польскі лёзунг «Za waszu i naszu wolnosc» меў яшчэ істотнае значэньне і не служыў, як цяпер, дзеля цынічных, аблыжных заяваў польскіх палітыкаў аб «традыцыйнай талеранцыі» да душаных грубай сілай беларусаў і іншых «mnіejszoscі». Пакаленьне, да якога належаў Зыгмунт Нагродзкі, ішло запраўды рука ў руку зь беларусамі, ведучы барацьбу з варожай да абодвух народаў Расеяй.

Але і паміма ўплыву панаваўшае тады ў сфэры, да якое належаў Нагродзкі, ідэалёгіі памершы дзеяч меў глыбокі сэнтымэнт да беларусаў, да іх працы над нацыянальным адраджэньнем. Сын пахтара ў Зулаве - у Пілсудзкіх, - Зыгмунт Нагродзкі ад першых дзён жыцьця ўзрастаў у беларускай атмасфэры, сябруючы ня толькі з «панічамі», але зь сялянскімі дзяцьмі - сваімі равесьнікамі. І мова польская - мова двара, і мова беларуская - мова вёскі - былі роўна блізкія й родныя для яго. У беларускім селяніне бачыў ён свайго брата і за лепшую долю для яго змагаўся тым шляхам, які - на яго пагляд - вёў найпрасьцей да мэты: шляхам адбудовы колішняй польскай дзяржавы3, якая тады прадстаўлялася яму як ідэал сужыцьця народаў і адначасна ідэал справядлівасьці. - Як жа горка расчаравала яго ў гэтай наіўнай веры адбудаваная Польшча!..

Нагродзкі вельмі любіў беларускія народныя песьні і казкі ды сквапна лавіў кожын вершык беларускі, які ці то выходзіў у сьвет у друку, ці пераказваўся ў жывым слове. Але да 80-х гадоў - па-за творамі Дуніна-Марцінкевіча - блізу нічога ў беларускай мове не друкавалася.

У 1893 ці 1894 г. атрымаў Нагродзкі, які жыў тады ўжо ў Вільні, першае выданьне вершаў Багушэвіча «Дудка беларуская». Кніжачка выйшла за граніцай і прыходзіла ў Вільню кансьпірацыйнай дарогай. Дудку прынёс Нагродзкаму Язэп Пілсудзкі. Кніжка зрабіла на Н. вялікае ўражаньне. Яму ўдалося хутка пазнаёміцца і з аўтарам яе, Багушэвічам, каторы ўжо жыў тады ў Вільні і працаваў як адвакат. З паэтам Н. вельмі здружыўся, і яны бачыліся прынамся раз у тыдзень. Ідэі Багушэвічавы знайшлі ў душы Н. гарачы водгук. У гутарках прыяцелі абменьваліся думкамі аб літаратурнай творчасьці Багушэвіча, і Нагродзкі часамі падаваў яму тэмы дзеля вершаў ці апавяданьняў у прозе («Дзядзіна», «Сьведка» і інш.). «Дудку» Н. пашыраў сярод сялян, якія прыяжджалі па тавары ў Вільню да каапэратывы (на Татарскай вуліцы), дзе Н. працаваў. Калі ж першае выданьне «Дудкі» разышлося, Нагродзкі даў сваіх сто рублёў, каб яе перавыдаць, што і было зроблена ў Кракаве. Вершы Б-ча Н. часта дэклямаваў на рамесьніцкіх вечарынках у Вільні і пры гэтым выступаў у беларускай сялянскай сьвітцы.

Багушэвіч, як ведама, нядоўга ўжыўся ў Вільні. Тут паміж ім і польскім грамадзянствам, перад усім - польскай адвакатурай - узьняліся даволі вострыя канфлікты на ідэйным грунце, і беларускі паэта пакінуў места ды перабраўся ў свой двор Кушляны, у Ашмяншчыне. Вільня хутка забылася аб ім, але не забываўся аб паэце Нагродзкі і ад часу да часу заглядаў у Кушляны. Тут некалькі разоў фатаграфаваўся разам зь сям'ёй Б-ча. Часта карэспандаваў з паэтай, які горка жаліўся яму на сваю самотнасьць, на забыцьцё ўсімі віленскімі знаёмымі і прыяцелямі. Калі ж Багушэвіч памёр (у 1900 г.), Нагродзкі, які сам ня мог паехаць на пахароны прыяцеля, з'арганізаваў дэлегацыю ад віленскіх рамесьнікаў (у гэтай сфэры Н. найбольш працаваў культурна й палітычна), каторая завезла на труну Б-ча вянок зь беларускім надпісам - адрыўкам вершу паэты: «Змоўклі песьні тыя, што іграў на дудцы»...

Хутка пасьля гэтага (у 1901 годзе) Н. быў арыштаваны і сядзеў у «предварылцы» (Дом предварительного заключения) у Пецярбурзе. Адарваны ад роднае зямлі, Н., відаць, балюча перажываў гэту разлуку, і ў яго зьявілася ахвота пісаць па-беларуску. Ён тады напісаў гэткі вершык - п. з. «Да жонкі маей у Вільні»:

Перастань тужыць, бабулька,

Што мужык твой гіне,

Бо калі Бог не апусьціць,

То не зьядуць сьвіньні.


Яшчэ вырвуся зь іх когцяў,

Вярнуся у хату

З табой разам ім за гэта

Абдумаць заплату.


І так доўга жыці будзем

У шчасьлівай долі,

Аж галоўкі стануць белы,

Як той сьнег у полі.

Верш падпісаны імем Н-га: Зыгмяль - і датаваны: «Пецярбург. Прэдварылка. 1901 год».

Спадзяваньні Н-га хутка зьдзейсьніліся, і ён неўзабаве выйшаў на волю ды далей вёў сваю працу. А вершык гэты ня быў адзіным беларускім творам яго. Калі ў Барэйкаўшчыне ў ... годзе5 было адкрыцьцё памятніка Сыракомлі, у гэтай урачыстасьці прыняў учасьце і Нагродзкі. Апрануўшыся ў беларускую сьвітку, ён сказаў гэткі вершык па-беларуску - уласны свой твор:

Пастароньце ж, братцы мае,

Дайце ж прыступіцца,

Дайце ж і мне, хоць у сярмязе,

Яму пакланіцца.


Бо і нашым ён быў братам,

І нас любіў шчыра,

І для нас лілася песьня,

Грала яго ліра.


Дайце ж глянуць на то мейсца,

Адкуль зь яго грудзі

Раздаваўся голас вешчы:

«Мілуйцеся, людзі!»


Патуль зваў ён, патуль клікаў

З усей сваей сілы,

Аж пакуль не падарваўся,

Ня лёг да магілы.


Закапалі яго людцы,

Глыбай прывалілі,

«Вечны пакой дай му Пане!»

У Бога прасілі.


А ён кліча із магілы

І не перастане,

Пакуль ўсе не абаймуцца

Міласьць не настане.

Вершык гэты вельмі характэрны для ягонага аўтара: тут - сфармуляваньне ўсяго грамадзкага сьветапагляду Н-га, для цяперашніх часоў у Польшчы запраўды ж анахранічнага ў вуснах чалавека, які ўсё жыцьцё свае працаваў для ідэальнай Польшчы і так глыбака быў расчараваны рэальнай.

* * *

Гэтая жменька інфармацыяў аб Зыгмунце Нагродзкім і адносінах ягоных да беларусаў абаперта на асабістых апавяданьнях яго, якія ўсяго год назад чуў я зь ягоных уласных вуснаў, не спадзеючыся, што гэтак хутка прыйдзецца пісаць аб Нагродзкім як аб ценю мінулага... Далей буду адзначаць ужо толькі тое, што сам ведаю, назіраючы над працай Нагродзкага ад 1904 году.

Першы раз спаткаўся я з Нагродзкім на кансьпірацыйным зьезьдзе краёвае інтэлігенцыі, які адбыўся ў Вільні ў 1904 годзе8. На гэтым зьезьдзе, апрача групы віленскіх беларусаў, былі і прадстаўнікі Менску: мой брат Іван і я. Іван пазнаёміў мяне з Нагродзкім, з каторым быў ужо знаёмы раней. Але ад першага спатканьня - апрача самога факту яго - у памяці маей аб Н-кім не асталося нічога. Бліжэйшае знаёмства наладзілася толькі ў 1906 годзе, калі брат і я мусілі пакінуць Менск, уцякаючы ад арышту, і пасяліцца нелегальна, пад выдуманымі прозьвішчамі, у Вільні. Нагродзкі меў ужо тады свой склад гаспадарскіх прыладаў на Завальнай вуліцы і жыў побач, а ўлетку перабіраўся з жонкай на Бэльмонт - на дачу Кадэнацы. Іван вельмі здружыўся зь ім і часта заглядаў да яго ў горадзе, а часамі вандраваў і на гэную дачу. Зь ім і я пару разоў быў у Нагродзкіх, дзе прымалі нас заўсёды вельмі сымпатычна. І як ні ярка выступаў Н. як барацьбіт за польскую справу, ён вельмі цікавіўся справамі беларускага адраджэнскага руху, спагадаў нам у нашай рабоце і даваў доказы спогаду.

Увосені 1906 году распачалі мы выдаваньне першага легальнага часопісу ў беларускай мове - «Нашае Долі», якую хутка замяніла «Наша Ніва»9. Нагродзкі быў адным зь першых падпішчыкаў іх і даваў добра платныя абвесткі аб сваім складзе і прадаваных машынах і гаспадарскіх прыладах, чым значна дапамагаў выдавецтву. Безумоўна, і для прадпрыемства Н-га было карысна рэклямавацца ў часопісе, які ішоў на вёску па ўсім нашым краі ў тысячах экзэмпляраў. Але гэта была бадай ці не адзіная польская фірма, якая карысталася беларускай газэтай, а ад часу да часу друкавала па-беларуску ўкладныя лісткі з рэклямай. Ахвотна даваў пан Н. і клішэ рысункаў да папулярных брашурак, што пры нашым безграшоўі мела гэтаксама пэўную вагу. Але найважней было тое, што Нагродзкі быў для нас свайго роду «беспрацэнтным банкірам»: у цяжкія мамэнты ён ніколі не адмаўляўся пазычыць на нашы выдавецтвы колькі сот рублёў, якія мы, ведама, з падзякай варочалі яму ў назначаны тэрмін. Вельмі здружыўся з Н. такжа Ўласаў, які ад пачатку 1907 году асеў у Вільні дзеля працы ў «Нашай Ніве» і падпісываў яе як адказны рэдактар.

У 1906 годзе ў Пецярбурзе з'арганізавалася выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца». Суполка пастанавіла ў першы чарод перавыдаць творы беларускіх пісьменьнікаў ХІХ ст. - Дуніна-Марцінкевіча і Багушэвіча, а пасьля ўжо друкаваць новых нашых паэтаў. У перагаворах зь сям'ёй Багушэвіча аб прадажы права на перадрук суполкай «Дудкі» і «Смыка» шмат дапамог Нагродзкі. Ён жа памагаў пры ўкладаньні яшчэ аднаго - не друкаванага раней - зборнічку вершаў Багушэвіча п. н. «Беларуская скрыпачка», якую мелася гэтаксама выдаць суполка, даставаў одпісы нехапаючых вершаў і г. д. Зь вялікім піэтызмам перахоўваў Нагродзкі пісьмы і ўсякія рукапісы Багушэвіча, якія, на вялікі жаль, пазьней счэзьлі зь яго кватэры - падчас пастою чырвонаармейцаў. Усё гэта было зложана ў асобную папку, - дык, магчыма, чырвонаармеец-беларус (?) узяў яе з мэтай адвезьці ў Менск, дзе яна мо і апынулася. У папцы быў і незвычайна рэдкі экзэмпляр зборнічку вершаў Багушэвіча п. н. «Тралялёначка».

Трудна пералічыць, бо ж і ўспомніць немагчыма, тыя дробныя часта ўслугі, якія аказваў Н. беларускім працаўніком-адраджэнцам (прыкладам: пры арганізацыі тэатру) і якія так ярка выяўлялі яго нязьменна прыхільныя адносіны да нашае справы - навет у мамэнты асабліва вострых напасьцяў польскае прэсы на беларускі рух і яго павадыроў. Нагродзкі ведаў людзей нашых і не даваў веры ўсякім нягодным паклёпам, якімі закідалі нас нашы ворагі розных масьцяў і розных нацыянальнасьцяў.

Урэшце прыйшлі гады Вялікае вайны, пасьля - зьменаў улады на нашай зямлі. Нагродзкі то пакідаў Вільню, то ізноў сюды варочаўся, ідэйна працуючы для справы адбудовы Польшчы, але адначасна стараючыся ўсюды адзначаць асаблівасьці нашага краю і падтрымліваючы фэдэрацыйную канцэпцыю. Доўга мы зь ім ня гутарылі, абменіваючыся толькі паклонамі на вуліцы. Праўду кажучы, мне й не хацелася зь ім гутарыць: я баяўся, што і гэты чалавек, атуманены неспадзяваным трыюмфам польскае справы, забыўся аб сваіх колішніх краёвых настроях. Але ў апошнія гады перад сьмерцяй Н-га даведаўся я, што ён бывае на беларускіх нацыянальных абходах, і ўжо гэты факт зрабіў на мяне вельмі дадатнае ўражаньне. Год назад я пачаў працаваць над выясьненьнем некаторых цёмных для мяне мамэнтаў у жыцьці Багушэвіча і, ведаючы аб блізкіх адносінах да паэты Зыгмунта Нагродзкага, з тым большай надзеяй надумаўся зьвярнуцца аб інфармацыі да апошняга. Мушу сказаць, што свайго кроку я не пашкадаваў. Нагродзкі сустрэў мяне так, як быццам гэта было дваццаць гадоў назад. Больш таго: з кожнага ягонага слова відаць было горкае расчараваньне. «Ці ж аб такой Польшчы мы летуцелі? Ці ж на тое падстаўлялі свае галовы пад усялякія ўдары, каб быць цяпер сьведкамі новае няволі, у якой апынуліся «меншасьці»? - казаў Нагродзкі. Расчараваўся ён і ў Пілсудзкім. Не бяз горычы расказваў мне гэты адданы некалі Зюку кансьпіратар, гатовы жыцьцё сваё паставіць на карту па слову свайго павадыра, што ў першыя гады пасьля ўскрашэньня Польшчы Пілсудзкі, прыяжджаючы ў Вільню, заўсёды адведываў яго, бываў у яго на абедзе. Але пасьля - «забыўся» аб ім. «Забыўся», бо забыўся і аб тых ідэалах, за якія некалі змагаўся, бо ад мінулага застаўся толькі адзін «фэтыш» нязьменны: прыбраны некалі ў паступовую і сацыялістычную вопратку, а цяпер нічым ужо не прыкрыты польскі нацыяналізм. Забыўся Пілсудзкі і аб нашым краю, і - аб лёзунгу «rуwny z rуwnymі», «waszu i naszu wolnosc»... Але Нагродзкі заўсёды быў джэнтльмэнам і такім астаўся і ў адносінах да свайго колішняга павадыра: беспасрэдна аб ім нічога благога не гаварыў.

Нагродзкі даў мне вычэрпываючыя інфармацыі аб сваіх адносінах з Багушэвічам, даў магчымасьць перапісаць некалькі неапублікаваных дагэтуль вершаў Багушэвіча - беларускіх і польскіх, пазычыў цікаўныя фатаграфіі дзеля выкарыстаньня. Некаторыя рэчы мусіў спэцыяльна даставаць для мяне; на некаторыя пункты даваў адказ, абдумаўшы некалькі дзён. Адным словам, рабіў усё магчымае, каб памагчы мне адтварыць праўдзівы воблік беларускага паэты, так часта і так няслушна залічанага польскім грамадзянствам да палякаў. Тры разы меў я зь ім доўгія гутаркі на тэмы, зьвязаныя з асобай Багушэвіча, запісываючы точна ўсё, што ён гаварыў мне, і пасьля разам зь ім правяраючы точнасьць запісаў.

Нагродзкі ў 1936 годзе паказаўся мне зусім такім самым, як і ў 1906, калі я зь ім пачаў больш спатыкацца. Як і тады, быў ён усё жыцьцё сваё сябрам тэй даваеннай духовай эліты, каторая ў аснову сваей ідэалёгіі паклала пашану да Чалавека, шчыра імкнулася да зьдзяйсьненьня высокіх ідэалаў Вялікае францускае рэвалюцыі і за сваё найсьвяцейшае заданьне лічыла працу над памнажэньнем і пашырэньнем у масах народных скарбаў культуры.

За гэта - чэсьць памяці Яго!

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX