Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Судовы працэс 1936 г. па справе Прытыцкага 


Аўтар: Мацкевіч Юзаф,
Дадана: 27-02-2024,
Крыніца: Мацкевіч Юзаф. Суд над камуністам Прытыцкім у акруговым судзе // Наша слова.pdf № 8 (112), 21 лютага 2024.

Спампаваць




Уступ ад перакладчыка: "Небывалы ў гісторыі польскага суда выпадак здарыўся 27 студзеня 1936 года падчас працэсу над Р. Кабленцам і іншымі з ліку 17 асоб, абвінавачаных у прыналежнасці да Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Падчас паказанняў сведкі Якуба Стрэльчука з нутра публікі, якая была на зале, выбег малады чалавек, схапіў сведку левай рукой за каўнер і з рэвальвера, які меў у правай руцэ, чатыры разы выстраліў у яго са словамі: "Вось табе, прадажнік!" Пасля гэтага кінуўся ўцякаць да выхадных дзвярэй, выстраліўшы два разы ў кірунку следчай паліцыі, якая знаходзілася ў зале і пачала яго даганяць. Падстрэлены паліцыянтам, ён упаў на сходы. Гэта быў Сяргей Прытыцкі. Абодвух - Стрэльчука і Прытыцкага - карэтка скорай дапамогі адвезла ў шпіталь. Паводля акту абвінавачання Стрэльчук родам з вёскі Крывая Бельск-Падляшскага павета. У 1931 годзе пасля вайсковай службы, атрымаў прапазыцыю запісацца ў камуністычную партыю. Аб гэтай прапазыцыі паведаміў начальніку бяспекі … староства і ўвайшоў у кампартыю, дзе здабыў сабе давер у кіраўніцтва і быў прызначаны інструктарам".

Наша Воля, № 3 (4), 4 лютага 1936.


Вільня. Пры разглядзе справы пра знакаміты выпадак 27 студзеня, калі Прытыцкі страляў у судовай зале, былі прыняты сур'ёзныя меры засцярогі, якім папярэднічалі пагрозы з боку розных камуністычных асяродкаў. Перад будынкам суда стаялі паліцыянты і кантралявалі тых, хто ўваходзіў. У залу заходзілі толькі па адмысловых пропусках, выдадзеных асабіста віца-старшынём суда Бразоўскім. А 9-й гадзіне абвінавачанага Прытыцкага пад аховай паліцыі ўвялі ў судовую залу і паліцэйскія сталі з бакоў лавы падсудных. Прытыцкі ішоў павольна, трошкі кульгаючы на левую нагу. Нягледзячы на безнадзейны стан, у якім ён знаходзіўся, яго ўдалося выратаваць, і толькі крыху схуднелы твар сведчыў пра мінулае.

Бацька абвінавачанага

Увайшоўшы, Прытыцкі акінуў позіркам пакой. Магчыма, ён шукаў знаёмыя твары. Раптам знайшоў - убачыў бацьку. Белая кашуля, рыжая барада і блакітныя вочы якія глядзяць з пад ілба, тыповы "пільшчык" - старавер (Прытыцкія - беларусы, верагодна, Мацкевіч меў на ўвазе, што бацька быў апрануты як старавер - Л. Л.). Сын іншы, толькі вочы такія ж як у бацькі, яны таксама неспакойна бегаюць. Але ў сына бачна нейкая вытанчанасць, ці тыя 4 класы агульнаадукацыйнай школы, альбо вывучка ў ячэйцы КПЗБ. Нават размаўляе па-польску і толькі час ад часу ўстаўляе словы на "простай мове".

Званок ... Суд ідзе

Неўзабаве ў пакой увайшлі суддзі. Старшыня суда Арліцкі і суддзі Занеўскі і Драц. Абвінаваўца - віца-пракурор Вольскі, бароніць адвакат Дураш. Зачытваецца акт абвінавачвання.

Падсудны Сяргей Прытыцкі, мае 23 гады, жыхар вёскі Гаркавічы Сакольскага павета, па-за канфесіяй. Затрымліваўся за камуністычную дзейнасць, добра вядомы паліцыі з-за ўхіленне ад войска. Мае за сабой "падрыхтоўчы курс", скончаны ў Саветах.

Якуб Стрэльчук - сакратар КПЗБ

Пасля чытання абвінаваўчага акту, у якім Прытыцкаму высоўваецца членства ў КПЗБ і яе моладзевай арганізацыі - камсамоле Заходняй Беларусі, а таксама замах на забойства 27 студзеня гэтага года сведкі Якуба Стрэльчука і паліцэйскага Станіслава Дайноўскага. Пасля гэтага пачынаецца доўгае і надзвычай цікавае судовае разбіральніцтва.

Яшчэ ў лютым мінулага года ЦК КПЗБ распачаў расследаванне прычын масавых затрыманняў камуністычных актывістаў. Падазрэнне на сувязь з паліцыяй пала на Я. Стрэльчука, сакратара Берасцейскага акруговага камітэта КПЗБ.

Загад забіць

Па гэтай прычыне яго пераводзяць у Вільню, дзе ён даведваецца аб сваім вяртанні ў СССР. Адзначым, што ў свой час Стрэльчук таксама закончыў курсы ў Менску.

Адпраўка асоб, якіх падазраюць у сувязі са следчым аддзелам паліцыі, азначала немінучы расстрэл у СССР. Стрэльчук ведаў гэта і не падпарадкаваўся загаду.

Тлумачыць абвінавачаны

"Прызнаюся, я хацеў забіць Страэльчука, але не па загадзе КПЗБ. Калі я вандраваў па рознай працы на тэрыторыі, якую лічу Заходняй Беларуссю, я чуў, як усе казалі, што Стрэльчук хадзіў па людзях і намаўляў іх супраць улады, а потым здаваў у паліцыю. Я вырашыў спыніць яго ганебную дзейнасць, бо не бачыў іншага выйсця".

Прытыцкі гаворыць усё гэта манатонным голасам, нібы раней засвоены ўрок і пры гэтым чырвонымі рукамі чапляецца за край лавы. Далей ён кажа, што не жадаў нікога забіваць і таму адмыслова страляў у Стрэльчука з правага боку, каб кулі патрапілі ў сцяну. На ўсе пытанні пракурора адказвае, што ён не памятае - не памятае ў якіх мясцовасцях і ў каго працаваў.

"Людзі ў гэтым сусвеце, з іроніяй кажа пракурор, маюць імёны і прозвішчы, неяк так дзіўна ўладкавана гэтая буржуйская сістэма". Абвінавачаны маўчыць. Ён таксама не памятае, дзе купіў вопратку, у якім гатэлі спыніўся ў Вільні, у каго набыў абодва рэвальверы за казачны кошт у 5 злотых, дзе фатаграфаваўся.

Партыйныя аблавы

У сакавіку мінулага года Стрэльчук быў арыштаваны паліцыяй і даў паказанні, абвінаваціўшы пры гэтым многіх вядомых дзеячаў падполля. Кіраўніцтва КПЗБ вырашыла бязлітасна забіць яго. На адным з працэсаў у Берасці замах на яго не ўдаўся. Таксама не ўдаўся замах на яго і ў Ашмянах.

Варта адзначыць, што ад падобных "прысудаў", пра якія потым раскажа пракурор, загінула шмат людзей. ЦК КПЗБ збірае грошы на арганізацыю забойстваў, піша пра гэта ва ўсе свае ячэйкі і акругі і нярвуецца пры згадванні Стрэльчука. Таму і адбыўся замах на яго. Напярэдадні копіі паказанняў Стрэльчука трапілі ў рукі кіраўніцтва партыі. Напэўна, нехта ўзяў іх з пратаколаў суда.

Стрэлы ў зале суда

Заказ на забойства ў Вільні атрымаў актывіст са стажам Прытыцкі. Ён вывучыў "раён працы", і каб не памыліцца, добра прыгледзеўся да Стрэльчука.

Падчас дачы паказанняў, ён падманам стрэліў у спіну з двух рэвальвераў, пасля чаго кінуўся ўцякаць. На лесвіцы яшчэ адстрэльваўся ад паліцыянтаў, якія беглі за ім, а на падлозе судовай залы застаўся ляжаць акрываўлены Стрэльчук.

Пратэсты кампартыі

Прытыцкага, таксама параненага, везлі ў шпіталь і ён усё крычаў па дарозе: "Няхай жыве пралетарская рэвалюцыя ў Польшчы". Пасыпаліся пратэсты грамадскасці, якія арганізавала кіраўніцтва КПЗБ, яны праслаўлялі злачынны ўчынак Прытыцкага і патрабавалі для яго свабоды. Вывешваліся транспаранты з бессэнсоўнымі надпісамі, расклейваліся ўлёткі з тыпова камуністычнымі лозунгамі, у якіх славіўся злачынца.

На Пагулянцы быў арыштаваны яўрэй, які пісаў пратэсты на сценах тэатра, паліцыя таксама затрымала яўрэя Давыда Гадоўскага з таблічкамі "Вуліца С. Прытыцкага", якія мелі прымацаваць на адной з вуліц Вільні. Пракуратура і суды былі завалены ананімнымі пратэстамі, а назаўтра перад будынкам суда былі распаўсюджаны ўлёткі з выявай Прытыцкага і заклікам сабрацца для пратэсту перад судом.

Не растлумачаныя рэчы

Ініцыятары пратэстаў засталіся невядомымі, але зразумела, што гэта справа КПЗБ. Таксама неразгаданая загадка паказанняў Стрэльчука. Нехта павінен быў перапісаць іх, зрабіць гэта мог той, хто мае доступ да дакументаў суда. Невядомыя таксама і выканаўцы іншых забойстваў, а забіта шмат асоб, гэта і Шлёма Марголіс, і Аляксандр Субач, Мікалай Адамовіч, Юльян Каловін і недзе на Антокалі быў забіты Ян Высоцкі. І ўсе яны забіты патаемны.

Паказанні сведкаў

Перад судом стаіць добра вядомы па папярэдніх працэсах сведка Блясмановіч. Ён расказвае пра пагоню за Прытыцкім. Сведка не заўважыў, ці страляў падсудны, але здаецца, адзін выпадковы стрэл ён зрабіў каля дзвярэй. Потым сведка доўга абгрунтоўвае свае меркаванне, што падсудны быў цесна звязаны з камуністычнай партыяй і выконваў яе дырэктывы. Пра добрую падрыхтоўку кажа фальшывы пашпарт і кантакт з вядомым камуністам Юзафам Цыпкам. Сенсацыйным момантам у паказаннях Блясмановіча стала яго заява аб тым, што МОПР для выратавання Прытыцкага сабраў у Вільні каля 1300 зл. з якіх 1000 пайшла на ганарар для адваката Дурача (адвакат крывіцца, але маўчыць).

Пасля гэтага суд пачаў разглядаць улёткі, якія распаўсюджваліся перад пачаткам суда, некаторыя з іх падпісаны ад імя КПЗБ. На адной з улётак маецца фатаграфія абвінавачанага. Прытыцкі на ёй усміхаецца, ён названы героем, які зойме сваё пачэснае месца ў гісторыі КПЗБ.

Гэты працэс у сваім родзе ўнікальны. Праз хвіліну паказанні дае возны суда Голуб. Пасля яго як сведка выступае віца-старшыня суда Бразоўскі і расказвае пра тое, што бачыў падчас свайго старшынства на працэсе ў той трагічны дзень. Пасля яго паказанні дае судовы следчы Шэлкінг. Расказвае, як параненага Прытыцкага паклалі ў карэту хуткай дапамогі, паранены трымаўся за бок і на пытанне сведкі адказаў па-беларуску: "Не твоё дело" (па-беларуску: "Не твая справа" - Л. Л.), а потым дадаў: "Страляў у правакатара і прыгнятальніка рабочага класа". На пытанне: "Як цябе завуць?", адказаў: "Не ведаю". У карэце хуткай дапамогі падсудны трошкі падняўся на руках і пракрычаў: "Няхай жыве камуністычная і пралетарская рэвалюцыя!" (Гэтая фразы пададзены па-польску - Л. Л.)

У шпіталі св. Якуба Прытыцкі адмовіўся ад рэлігійнага суцяшэння і пагадзіўся на аперацыю. Падчас аперацыі было выяўлена, што у страўніку няма ежы, што кажа пра падрыхтоўку да здзяйснення злачынства.

Далей, па-чарзе, выступаюць супрацоўнікі паліцыі Дайноўскі і Пачкоўскі. Першы сцвярджае, што падсудны страляў толькі на сходах, перад тым, як разбіў вокны, другі, што страляў не цэлячыся і ў зале. Пачкоўскі таксама распавёў пра прадчуванне студэнта, які сказаў яму ў той дзень: "Сёння ў газетах напішуць: "Падзеі ў судовай зале"".

Весялосць уносяць паказанні адваката Чэрніхава, які адхрышчваўся ад пытання суддзі, які звярнуў увагу на яго неўласцівы водгук пра Стрэльчука. Чэрніхаў сказаў: "5 гадоў выступаю ў судзе, і ніколі мне не звярталі на гэта ўвагі". Потым, пачынаючы з часоў Напалеона, ён тлумачыў, што меў на ўвазе пад словам "правакатар". "Але, Стрэльчук не жыў пры Напалеоне", - адказвае яму пракурор.

Перад судом стаіць сведка Белакоз, які паходзіць з той самай вёскі, што і падсудны, і таму ведае яго з дзяцінства. Зараз сведка праходзіць вайсковую службу. Выглядае насцярожана і адмаўляецца ад сваіх паказанняў на следстве.

Таму яго паказанні зачытваюцца. Аказваецца, падсудны ўзначальваў камуністычную ячэйку і пераконваў сваіх знаёмых уступіць у партыю. Калі зачытваюцца імёны тых, каго прыцягнуў Прытыцкі, той робіць выгляд, быццам нешта ўспамінае. Каб даведацца, чаму сведка адмовіўся ад паказанняў, пракурор бярэ яго ў абцугі вострых пытанняў, і ў выніку Белакоз пацвярджае свае ранейшыя заявы.

Яшчэ раз дапытваюць Блясмановіча. Ён падае імёны загінуўшых ад партыйнага выраку: Шлёма Марголіс, Ян Высоцкі …

"З аднаго боку злачынства і тэрор, з другога - фальшывая талеранцыя"

Пра ўсё гэта кажа пракурор Вольскі.

Ён назваў працэс нечым незвычайным і пасля аналізу усіх доказаў, перайшоў да сінтазу. Расказваў пра перыяд дзейнасці Прытыцкага яшчэ ў Гаркавічах, пра канспіратыўныя сходы ў садах, лясах і г. д. і затрымаўся на "прысудах", якія выконваюць функцыянеры КПЗБ.

"Смяротны прысуд партыі" - гэта звычайнае злачынства, здзейсненае злачыннай клікай, арганізаванымі змоўшчыкамі, якія такім чынам імкнуцца рэалізаваць свае мэты. Ахвярамі гэтага тэрору станавіліся ўсе, хто стаяў на іх шляху. Злачынцы XX ст. злучыліся ў арганізацыю. Наша грамадства хворае на дрэнна зразумелую талеранцыю і псеўдалібералізм, калі з аднаго боку ёсць канцэнтраванае зло, а іншы бок яго ігнаруе. Камунізм - гэта скампраметаваны гмах матэрыялізму, у якім пануюць гвалт, забойствы і подласць, дзе людзей забіваюць без прысуду але над гэтым гмахам лунае сцяг свабоды. […]

Адзінай карай для падсуднага можа быць толькі смяротная кара.

Адвакат Дурач намагаецца даказаць, што Стрэльчук быў правакатарам, а Прытыцкі не належаў да КПЗБ і загад забіць яго не выконваў. Просіць пра больш лагоднае пакаранне.

Кара смерцю праз павешанне

[…]

Суд прызнаваў Прытыцкага вінаватым і прыгаварыў да кары смерцю праз павешанне.

[…]

Z. A. [Мацкевіч Юзаф] Sprawca srzałów ba Sali sądowej skazany na śmierć. Proces komunisty Prytyckiego w Sądzie Okręgowym // Słowo. 1936. № 169.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX