Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Судовы працэс 1936 г. па справе 'Беларускай газеты', 'Асвы', 'Літаратурнай старонкі' 


Аўтар: Мацкевіч Юзаф,
Дадана: 21-02-2024,
Крыніца: Мацкевіч Юзаф. Суд над беларускімі выдаўцамі і 'літаратарамі' // Наша слова.pdf № 7 (111), 14 лютага 2024.

Спампаваць




Суд над беларускімі выдаўцамі і 'літаратарамі'

1.

Вільня. Учора, у акруговым судзе пачаўся працэс над камуністамі, які без сумніву заінтрыгаваў віленскае грамадства. Падзеі, якія разглядаюцца на працэсе, адбываліся яшчэ з 1927 г., з часоў роспуску беларускай "Грамады".

Старшынствуе віца-прэзідэнт суда Бразоўскі, абвінаваўца - пракурор Д. Пятроўскі.

Лаву абаронцаў занялі адвакаты: Чэрніхаў, Дурач, Фрыдман, Пятрусевіч, Павірскер і Сукянніцкая.

Абвінавачаныя

Ян Міско, 25 гадоў, беларус, без веравызнання, бухгалтар, раней караўся за камунізм.

Дзіна Мадэйскер, 19 гадоў, без веравызнання, таксама раней каралася праз суд.

Іцак Патажнік, 21 год, без веравызнання, выпускнік гімназіі.

Фрэйда Будоўніч, 18 гадоў.

Валянцін Таўлай, застаецца ў турме, з-за хваробы яго справа вылучана ў асобную.

Аляксандр Карповіч, 30 гадоў, беларус, без веравызнання, інжынер, раней караўся праз суд.

Алена Буднік, 36 гадоў, без веравызнання, настаўніца.

Пётр Радзюк, 23 гады, без веравызнання, студэнт УСБ (віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя - Л.Л.) трэцяга года прыродазнаўства, раней караўся праз суд.

Ян Патаповіч, 25 гадоў, літаратар, раней караны праз суд, на пытанне якога ён веравызнання, адказаў: "Вольны мысляр".

Аляксей Рэдзька, 30 гадоў, без веравызнання, селянін, раней караны праз суд.

Піліп Пястрак, 33 гады, без веравызнання, раней караўся праз суд.

Усе вышэйпералічаныя адбываюць пакаранне ў вязніцы, і ўсе на пытанні суддзі адказвалі па-беларуску.


З тых, хто не адбывае пакаранне:

Фёдар Кудзіновіч, 29 гадоў, стараабраднік, маляр, раней караны праз суд.

Люба Кудзіновіч, 26 гадоў, стараабрадніца.

Іван Цімафееў, 29 гадоў, стараабраднік, муляр, раней караны праз суд.

Разалія Крыштапаніс, 45 гадоў, каталічка, рабочая.

Сабіна Вішнеўская, 43 гады, каталічка, шые панчохі і шкарпэткі.

Абвінаваўчы акт

Усе вышэйпералічаныя, акрамя Вішнеўскай, абвінавачваюцца ў камуністычнай дзейнасці ў Віленскім, Слонімскім, Беластоцкім, Пінскім, Дзісненскім і Косаўскім паветах, у членстве ў КПЗБ і ў арганізацыі "Цэнтр нацыянальна-вызвольнага руху Заходняй Беларусі", які з'яўляецца прыдаткам КПЗБ. Вядома, што яны маюць за мэту гвалтоўную змену дзяржаўнага ладу і адарванне часткі тэрыторыі. Вішнеўскую абвінавачваюць у дапамозе іншым падсудным праз утрыманне і нагляд за кватэрай, якой карысталіся камуністычныя актывісты, а таксама ў захоўванні і перадачы камуністычных выданняў.

Абвінаваўчае заключэнне ахоплівае вялікі аб'ём машынапіснага тэксту і падзяляецца на некалькі частак, якія, пачынаючы з 1925 г., прадстаўляюць асобныя этапы развіцця камуністычнай акцыі. Нягледзячы на памеры справы, абвінаваўчы акт вельмі сціслы бо выкарыстоўвае толькі надзейны матэрыял ў выглядзе бясконцай колькасці пракламацый, ..., а таксама прапагандысцкіх брашур і самых розных перыядычных выданняў падрыўнога зместу.

Гэты працэс адрозніваецца ад іншых камуністычных працэсаў тым, што ўсе падсудныя вялі прапаганду выключна праз пісьмовае слова, як аўтары ці выдаўцы, яны бясплатна і без папярэдніх замоў дасылалі камуністычныя перыёдыкі, якія такім чынам даходзілі да самых аддаленых куткоў ...

"Грамада"

Кіраўніцтва "Камінтэрну" (трэцяга камуністычнага інтэрнацыяналу) пад лозунгам "барацьбы нацыянальных меншасцяў супраць польскай акупацыі" імкнулася ўзяць пад свой кантроль масы насельніцтва. У межах гэтай спланаванай акцыі ў 1925 г. была створана "Беларуская сялянска-работніцкая Грамада", кіраўнікамі якой сталі паслы ў Сейм Б. Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, П. Мятла і П. Валошын. Яны абвясцілі, што гэтая група імкнецца да рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада ў Польшчы і незалежнасці Беларусі. Адразу пацвердзілася іх супрацоўніцтва з КПЗБ і таму даверанымі асобамі "Грамады" сталі ўсе знаныя камуністы. У цэлай серыі выданняў выказвалася сімпатыя да СССР, які прадстаўляўся "абаронцам інтарэсаў прыгнечаных мас" і праводзілася думка аб далучэнні паўночна-ўсходніх ваяводстваў да Саветаў і ўсталяванні тут савецкага ладу. Хутка (1927 г.), "Грамада" была распушчана, а яе кіраўнікі асуджаны. Частку асуджаных потым памілаваў прэзідэнт, а частка з'ехала за мяжу.

Новая арганізацыя

Паслы ў Сейм у 1928 г. Гаўрылік, Дварчанін, Крынчук, Валынец і Грэцкі, ствараюць у Сейме Беларускі сялянска-работніцкі клуб, які з-за бясспрэчна даказанай прапаганды камунізму, таксама быў забаронены, а яго кіраўнікі асуджаны ў 1931 г.

Пачынаецца канспіратыўная праца. Частка беларусаў, убачыўшы ў гэтай працы жаданне СССР пад выглядам "барацьбы з фашызмам" падзяліць Польшчу, пакідае сваіх лідараў. Гэты раскол яшчэ больш узмацніў падрыўную дзейнасць. Ужо не толькі ідэалізуецца ўсё савецкае і крытыкуецца ўсё польскае - у бясконцых выданнях пачынаецца агітацыя за барацьбу з "белым тэрорам", за вызваленне вязняў, бо "прыйдзе дзень расплаты і ні карныя экспедыцыі, ні палявыя шыбеніцы не абароняць фашысцкіх акупантаў. Кароткім і грозным будзе суд пралетарыяту і прыгнечаных сялян".

"Беларуская газета"

У 1933 г. у Вільні выходзіць "Беларуская газета", рэдактарам якой стаў Карповіч. Змест артыкулаў хоць і быў несумненна камуністычным, але на пачатку не выходзіў за межы законнасці. Пра эвалюцыю гэтага выдання шмат гаворыцца ў абвінаваўчым акце - за параўнальна кароткі тэрмін яно стала крайне камуністычным. Да абвінаваўчага акта далучаны цэлы шэраг артыкулаў, у якіх пашыраецца нянавісць да дзяржавы з мэтай давядзення яе да рэвалюцыі. Амаль што ўсе падсудныя ўдзельнічалі ў выданні і распаўсюдзе гэтай газеты, некаторыя з іх пісалі ў "Літаратурную старонку" і гумарыстычнае выданне "Асва". Асобнікі гэтых газет рассылаліся бясплатна і звычайна без папярэдняй замовы па чатырох паўночна-ўсходніх ваяводствах сябрам былой "Грамады", сімпатыкам КПЗБ, або непасрэдна сумнавядомым камуністам.

"Беларуская газета", відавочна, субсідзіравалася звонку, яна ўтрымлівала шматлікіх карэспандэнтаў, якія збіралі калектыўныя пратэсты па вёсках розных ваяводстваў з-за арыштаў у Германіі Дзімітрава і іншых камуністаў. З-за выразнай шкоднасці акцый, якія праводзіла газета, пачаліся арышты. На абвінавачаных знойдзены вялікі матэрыял у выглядзе ўлётак, брашур, лістоў, газет, клішэ, мімеографаў, які пакладзены ў падмурак абвінавачвання.

Дзве дэманстрацыі

Пасля зачытвання абвінаваўчага акта, наступае момант допыту абвінавачаных. Люба Кудзіновіч распавядае, як яна друкавала тысячы ўлётак на мімеографе Друкаваць ёй загадаў нехта невядомы.

Вішнеўская распавядае пра тое, як яна даглядала памяшканне, якое арандавала па рэкамендацыі нейкай яўрэйкі для доктара і ксяндза. Але ў памяшканне прыходзіў абвінавачаны Міско і іншыя. Пра тое ж сведчыць Крыштапаніс і Цімафееў, у якіх падчас ператрусу былі знойдзены клішэ для друку. Апошні тлумачыць, што знайшоў іх на печцы ва ўніверсітэцкай бурсе падчас рамонту (па прафесіі ён муляр).

Пачаўшы слухаць тлумачэнні падсудных, якія знаходзяцца ў турме, суддзя сказаў, што можа яны ўсё ж жадаюць прамаўляць па-польску, бо ведаюць гэтую мову, вучыліся ў Польшчы, а сакратару суда цяжка весці пратакол і таму не варта і няма перад кім рабіць тут дэманстрацыі. Першым Міско, а за ім астатнія падсудныя заяўляюць, што хочуць размаўляць па-беларуску, а потым кажуць, што яны сёння ўжо змучаныя і жадалі б даваць паказанні заўтра. Паказанні дае толькі Мадэйскер. Адна з яе сясцёр асуджана за камунізм і адбывае 7-мі гадовае зняволенне, другая ў Вільні таксама за камунізм адбывае 5-ці гадовае зняволенне.


Z. A. [падобна, Мацкевіч Юзаф] Wydawcy i literaci” białoruscy przed Sadem. Szesnastu oskarżonych za komunizm // Słowo. 1936. № 83.

2.

Вільня. На ўчарашнім пасяджэнні слухаўся абвінавачаны В. Таўлай, справу якога напярэдадні вылучылі з агульнай. Мае 22 гады, па-за канфесіяй, скончыў 4 класы гімназіі, па прафесіі літаратар, пакараны судом за камунізм. Судоваму следчаму ён сазнаўся ў прыналежнасці да КПЗБ, але цяпер ад сваіх паказанняў адмовіўся. Друкаваў свае творы з 14 гадоў. Некалькі гадоў правёў у СССР, тут хадзіў на ўніверсітэцкі "літаратурны факультэт". Вярнуўся ў Польшчу праз Гданьск, дзе атрымаў фальшывыя дакументы і пасведчанне Звязу легіянераў.

Наступным дае паказанні абвінавачаны Міско. Яго часта арыштоўвалі. Пасля таго як выключылі з беларускай гімназіі за стварэнне ячэйкі, пайшоў у "Беларускую газету" карэспандэнтам, таксама працаваў у газеце "Змаганне". Асуджаны шмат расказвае пра ідэалогію нацыянальна-вызвольнага руху, які накіраваны на пашырэнне адукацыі ў беларускай вёсцы і барацьбу з праявамі асіміляцыі сялян.

Як ставіцца гэты рух да СССР, ніхто з абвінавачаных адказаць не хоча.

"Вясна народаў"

У пэўную хвіліну абвінавачаны кажа, што 1918 г. быў вясной народаў.

Пракурор:

- Што гэтым хоча сказаць абвінавачаны?

- Тое, што людзі з-за кастрычніцкай рэвалюцыі вызваліліся ад царызму і кайзера.

Пракурор:

- А што нам дала іхняя рэвалюцыя?

- Рэвалюцыя дала Польшчы незалежнасць.

Абвінавачаны Патапчык таксама адклікае свае, раней дадзеныя, паказанні.

З духоўнай семінарыі ў камуністы

Абвінавачаны Карповіч вучыўся ў Віленскай праваслаўнай семінарыі. Потым паехаў у Чэшскую Прагу, дзе здаў экзамен на атэстат сярэдняй школы і закончыў лясны факультэт палітэхнікі. У часы побыту ў Празе атрымліваў чэшскую стыпендыю. Пасля вяртання ў Польшчу пачаў выдаваць у Вільні "Беларускую газету", якую ўлады лічылі камуністычнай. У выданні гэтай газеты ўдзельнічалі амаль што ўсе падсудныя. Фінансаваў выданне ён сам са сваіх зберажэнняў, зробленых у Чэхіі.

Прызнае, што ў газеце змагаліся з усімі беларускімі і летувіскімі арганізацыямі і перыёдыкамі, асабліва жорстка атакавалі знаных дзеячаў Луцкевіча і Астроўскага, а таксама "беларускую санацыю", прадстаўленую газетай "Родны край", за супрацоўніцтва з польскімі мілітарнымі арганізацыямі, як, напрыклад, "Стралец".

Пацыфіст

Суддзя:

- Падсудны пацыфіст?

- Так.

- А СССР? Ён таксама супраць зброі?

- Так, і Саветы паказалі Польшчы і ўсяму свету, што яны мірныя і дбаюць толькі пра людзей.

- А 1920 г. і іхні марш на Варшаву?

Абвінавачаны маўчыць.

- А як нацыянальна-вызвольны рух ставіцца да Гітлера?

- Адмоўна, бо там крайні мілітарызм і няма нічога вартага павагі.

Пракурор:

- Чаму вы ўхвалялі арышт і адпраўку Дварчаніна і іншых на Салаўкі, калі яны таксама кіравалі вызвольным рухам у Польшчы?

- Бо яны - здраднікі беларускага народа і ікнуліся адарваць Беларусь ад СССР.

Усе абвінавачаныя вельмі ўнікліва адказваюць па-беларуску. Замест таго, каб наўпрост адказваць на пытанні, яны навязваюць дыскусіі і заліваюць суддзяў плынямі пампезных фраз. Нягледзячы на неаднаразовыя ўгаворы старшыні суда, абвінавачаныя не змяняюць спосаб падачы сваіх паказанняў.

"Слаўная Грамада"

Тлумачэнні дае Алена Буднік. Паходзіць з Гродна, вучылася ў Маскве. Яна вырашыла працаваць на карысць беларускага народа і таму, калі стварылася "наша славутая Грамада", яна адразу далучылася да яе - там адстойваліся інтарэсы бедных людзей: палякаў, яўрэяў, беларусаў. Сама закладала гурткі і выдавала газеты.

Яна мае ўжо 2 справы за камунізм, але да КПЗБ не належыць і не з'яўляецца сакратарам МОПР-у, як закідвае ёй абвінавачванне, але яна сама арганізоўвала палітычныя дэманстрацыі ў часе побыту ў вязніцы. Разам з Карповічам рэдагавала "Беларускую газету". Раней належала да ППС-левіцы.

Незалежнасць Беларусі - гэта падман

Яна не любіць іншыя беларускія газеты, бо яны сеюць нянавісць да Савецкай Беларусі. Падсудная ж, наадварот, ведае, што там добра, бо яе сястра, якая засталася ў СССР, працуе настаўніцай у Туркестане і піша, што інтарэсы беларускага пралетарыяту стаяць на вышыні ўсіх патрабаванняў.

Старшыня суда:

- Але і іншыя газеты жадаюць вызвалення Беларусі?

Абвінавачаная:

- Незалежная Беларуская рэспубліка - гэта ашуканства, бо яе некалі падтрымаў кайзер Вільгельм. Пра СССР - там братэрства народаў, і там як найлепей.

Старшыня суда:

- Якое братэрства народаў, калі ваша сястра вучыць мясцовых дзяцей па-руску ў Ташкенце?

Маўчанне.

Яшчэ абвінавачаная Буднік успамінае, як яна агітавала падчас выбараў 1931 г., што была ў Беластоку кандыдатам у паслы ад "Змагання". Потым хацела выехаць у СССР пры дапамозе камуністычнага пасла Барана.

Рэдактар "Асвы"

Абвінавачаны Радзюк тлумачыць, што пасля заканчэння беларускай гімназіі ў Вільні, паступіў у УСБ, потым пачаў выдаваць на беларускай мове гумарыстычны часопіс "Асва", які некалькі разоў канфіскаваўся. Асобнікі часопіса ён дасылаў у Акадэмію навук у Менску, а адтуль яму дасылалі гумарыстычныя савецкія выданні, як напрыклад, "Кракадзіл" і іншыя.

Сваім выданнем ён змагаўся з ранейшымі беларускімі лідарамі, а таксама з Бундам і Паалей-Цыёнам [1].

Абвінавачаны з вялікай цяжкасцю і няўмела размаўляе па-беларуску, старшыня суда звяртае на гэта ўвагу і прапануе яму размаўляць па-польску. Абвінавачаны адмаўляецца.

Рэдактар "Літаратурнай старонкі"

Абвінавачаны Патаповіч, выключаны з 6-га класа гімназіі за ўдзел у пахаванні Юхны, дзе спяваў Інтэрнацыянал. Заўсёды лічыў правільным накірунак сваёй газеты, якая змагалася з беларускімі хрысціянскімі дэмакратамі, якія рэпрэзентуюць кулацтва. Падсудны захапляецца тым, што адбываецца ў СССР.

Пратэсты супраць Гітлера

Абвінавачаны Рэдзька прызнае, што быў аўтарам пратэсту супраць судоў над Тэльманам у Ляйпцыгу, Дзімітравым і інш. Пісаў, бо быў абураны бесчалавечнасцю (як потым стала вядома, подпісы пад лістамі пратэсту ён сфальшаваў сваёй рукой). Гэты пратэст апісаны ў "Беларускай газеце.

Старшыня суда:

- А ці даслалі гэты пратэст да Гітлера?

- Не.

- Ці пісаў калектыўныя лісты пратэсту супраць арышту Тарашкевіча?

- Не.

Абвінавачаны быў у Менску. У часе побыту ў Віленскай вязніцы ён распаўсюджваў цыдулку пра свята 1-га мая і меў справу за збіццё ахоўніка вязніцы.

"Звястун"

Абвінавачаны Пястрак, дае паказанні з заплюшчанымі вачыма, з гучным пафасам расказвае пра беларускую хату, плуг і "турму" (аўтар падае яго словы па-беларуску - Л. Л.). Абвінавачаны быў пакараны на 5-ці гадовы тэрмін за камунізм. Пісаў вершы пад псеўданімам "Звястун" і друкаваў іх у "Беларускай газеце".

Пракурор:

- А як гэтыя вершы трапілі ў савецкую хрэстаматыю?

- Не ведаю.

З-за працяглых тлумачэнняў, расплывістых тэрмінаў, адмовы ад ранейшых паказанняў і дэмагагічных выступаў, працэс зацягваецца і ўчора цалкам быў заняты паказаннямі абвінавачаных.

Позна ўвечары выступаюць некалькі сведкаў. Усе кажуць аб шырокім распаўсюдзе "Беларускай газеты" і "Асвы", а адзін з сведкаў паказвае ліст, напісаны Карповічам да аднаго з сялян пасля следства. Карповіч хацеў падняць сялянскія масы супраць беларускай хрысціянскай дэмакратыі.


[[падобна, Мацкевіч Юзаф] Proces literatów białoruskich skarżonych o komunizm // Słowo. 1936. № 84.

3.

Учора (30.03.1936 г. - Л. Л.) у 2 гадзіны дня быў зачытаны прысуд на шасцідзённым судзе над камуністамі.

Падсудны Аляксей Карповіч, былы чыноўнік савецкага кансуляту ў Празе, выпускнік Пражскай палітэхнікі і кіраўнік "Нацыянальна-вызвольнага руху Заходняй Беларусі", рэдактар "Беларускай газеты", асуджаны на 8 гадоў зняволення.

Такое ж самае пакаранне панеслі Я. Міско і В. Таўлай - бліжэйшыя супрацоўнікі Карповіча.

Патаповіч - рэдактар "Літаратурнай старонкі", Радзюк - рэдактар гумарыстычнага выдання "Асва", Алена Буднік - член ППС-левіцы і кандыдатка на пасла ў Сейм ад камуністычнага спісу "Змаганне", П. Пястрак і А. Патажнік - атрымалі па 6 гадоў вязніцы. Дзіна Мадэйскер і Рэдзька - па 4 гады вязніцы, Т. і Л. Кудзіновічы і Разалія Крыштапаніс - па 3 гады вязніцы.

С. Вішнеўская - 2 гады вязніцы. Абвінавачаны Цімафееў быў апраўданы. Фрэйда Будоўніч прыгаворана да папраўчага дома.

Таксама суд прыгаварыў усіх да дадатковай кары - пазбаўлення публічных грамадзянскіх правоў на тэрмін ад 5 да 8 гадоў.

Кара пазбаўлення свабоды на падставе амністыі, адразу была зменшана на адну трэць.


[падобна, Мацкевіч Юзаф] Wyrok w procesie “literatów" – komunistów // Słowo. 1936. № 90.

Пераклад і тлумачэнне Леаніда Лаўрэша



[1] "Паалей-Цыён" ("Працаўнікі Сіёну"), сіянісцкая партыі ды арганізацыі левага кірунку ("пралетарскага сыянізму"), якія гуртавалі яўрэйскіх працаўнікоў вакол ідэі стварэння незалежнай дзяржавы Ізраіль. Бунд (Усеагульны яўрэйскі рабочы хаўрус) - нацыянальная сацыял-дэмакратычная партыя на тэрыторыі Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі ды Украіны. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX