Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Камуністычная партыя Беларусі ў большасці небеларуская 


Аўтар: Лугавец Я.,
Дадана: 01-07-2023,
Крыніца: Лугавец Я. Камуністычная партыя Беларусі ў большасці небеларуская // Беларуская Крыніца. № 40 (681), 4 кастрычніка 1936.



Беларускія народнікі ня раз, але ўсьцяж робяць закід камуністым, што ў Савецкай Беларусі беларусы адсунуты на апошняе месца.

Гэты закід пацьвярджае цяпер і савецкая прэса.

"Зьвязда" (орган Ц.К. Камуністычнай Партыі Беларусі) у нумары 217 з 21 верасьня сёл. абгаварваючы недахопы Камуністычнай Партыі Беларусі, між іншым, падае наступнае:

- У Віцебскай партарганізацыі з 35 сакратароў парткомаў буйных прадпрыемстваў і навучальных устаноў беларусаў толькі 9 чалавек; сярод первічных арганізацыяў беларусаў толькі 40 проц. - Сярод дырэктараў буйных прадпрыемстваў беларусаў толькі 18 проц.; тое самае і з прафработнікамі. - У фабрыках і заводах Віцебшчыны сярод работнікаў беларусы становяць 70 проц.

З гэтай статыстыкі бачым, што на вышэйшых становішчах у Віцебшчыне ў абсолютнай большасьці небеларусы-чужынцы, а беларусы у абсолютнай большасьці на становішчах ніжэйшых - "радавыя" работнікі - "чорнарабочыя".

Далей "Зьвязда" падае, што аналягічныя факты маем і ў горрайкомах Менскай партарганізацыі:

- У Варашылаўскім раёне ў рэзэрвах на кіраўнічыя становішчы беларусы становяць толькі 34 проц.; - у Сталінскім раёне сакратарамі первічных партарганізацыяў беларусы становяць толькі 20 проц.

Апрача гэтага, вельмі малы процант беларусаў і на шляху ў рады камуністычнай партыі, а гэтым самым і на шляху да вышэйшых, адказных становішчаў. Аб гэтым "Зьвязда" піша наступнае:

- у Віцебшчыне, на фабрыцы "Профінтэрн" сярод спачуваючых (кампартыі - рэд.) беларусы становяць 34 проц.; - у Менскім раёне, на галянтарэйнай фабрыцы імянем Куйбышава беларусы-работнікі становяць 50 проц., а ў групе спачуваючых - беларусаў толькі 25 проц.

З вышэйпаданага відаць, што рашаючы голас у паданых мясцох, у апісаных галінах жыцьця, мае нейкая небеларуская большасьць на вышэйшых становішах, бо беларусы ўсюды там у меншасьці.

Трэба ведаць, што беларусы ў меншасьці і ва ўсей камуністычнай партыі Беларусі.

Мы ведаем, што як у СССР, так і ў БССР камуністычная партыя - гэта як-бы сувэрэн, на якім апіраецца дзяржава і які зьяўляецца жаралом права. Але-ж гэты "сувэрэн" складаецца з жывых і думаючых людзей, які ў БССР у большасьці не беларускі, а нейкі чужы.

Словам, беларусы ў беларускай нацыянальнай рэспубліцы на кіраўнічых і адказных становішчах становяць меншасьць, а Камуністычная Партыя Беларусі ў большасьці небеларуская.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX