Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Да 135-тых угодкаў нараджэння Антона Луцкевіча 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 06-02-2019,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Да 135-тых угодкаў нараджэння Антона Луцкевіча // Наша Слова. № 6 (1417), 6 лютага 2019.



Мне падалося цікавым выбраць з сваіх занатовак кавалачкі пра Антона Луцкевіча з тэкстаў розных аўтараў. Гэтая мазаіка, спадзяюся, дазволіць дадаць для чытача нешта новае пра вельмі важнага ў беларускай гісторыі чалавека.


Антон Луцкевіч пра сям'ю свайго бацькі:

"[Сям'я] жыла ўспамінамі аб напалеонаўскім паходзе і паўстаннях 1831 і 1863 гадоў, жыла ідэаламі дэмакратызму з часоў французскае рэвалюцыі і паўстанчаскімі настроямі, у ёй панаваў заўсёды шчыра дэмакратычны дух, - і гэтым духам былі прасякнуты дзеці, што шукалі ў школе дружбы не панічоў, a сыноў мужыцкіх".

Каментар: Дзядзька Антона Луцкевіча Сцяпан (брат Івана Якімавіча) удзельнічаў у паўстанні 1863 г. і быў расстраляны царскімі карнікамі ў Менску - у лесе, на тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца чыгуначны вакзал - Л.Л.

Антон Луцкевіч.

Кветка Вітан:

"Тут мушу зазначыць, што з выдавецтвам газэты "Гоман" справа прадстаўлялася гэтак: трэба было выдаваць беларускую газэту, але на гэта трэба было мець ня толькі канцэсію, але й грошы, якіх Беларускі Камітэт ня меў. І вось акупацыйныя ўлады, разумеючы патрэбу інфармаваньня жыхарства гэтага краю, зрабілі Беларускаму Камітэту прапанову друкаваць у нямецкай друкарні і даваць паперу, а Беларускі Камітэт сваімі сіламі павінен рабіць усю рэдакцыйную працу. І вось, амаль усю рэдакцыйную працу рабіў Антон Луцкевіч. Іван часамі рабіў накіды артыкулаў, а Антон іх апрацоўваў. Калі газэта пачала выходзіць і лацінскай і гражданкай, Антон ня мог сам справіцца з карэктай і гэтую працу перадаў Аляхновічу, які цалкам атрымліваў 75 марак на месяц, што немцы давалі на рукі Антона для карэктара. Магу сказаць з спакойным сумленьнем, што ўсе злосныя гутаркі людзей, непрыязных братом Луцкевічам, што быццам яны за працу ў газэце "Гоман" атрымлівалі грошы, або наагул бралі грашовыя дапамогі ад нямецкіх акупацыйных уладаў - пустая брахня. Дай Божа, каб усе грамадзкія дзеячы мелі гэтак чыстыя рукі, як тады браты Луцкевічы.

За нямецкую акупацыю 1915-1919 гадоў Іван Луцкевіч ня мала страціў здароўя сваймі пошукамі антыкаў і продажай іх - гэта быў адзіны даход Луцкевічаў, якія жылі вельмі скромна".

М. Гурын:

"Камуністы ніколі не лічылі А. Луцкевіча сваім; ён шмат у чым замінаў ім, раздражняў нават сваёй прысутнасцю ў Вільні, блытаў камуністам планы і наогул - з'яўляўся іхнім недругам".

Пасол у Сойм Выгодскі, з выступу падчас працэсу над Грамадой:

"Яшчэ за царату (за царызмам - Л.Л.) ўсе меншасьці стварылі адналітую арганізацыю, у склад якой ўваходзілі i браты Луцкевічы. ... памятаю ix, як беларускіх нацыяналістаў, дбаючых перадусім аб падняцьце культуры свайго народу. За ўвесь гэты час ... не спасьцярог ані яднаго факту, які б сьведчыў аб тым, што Луцкевічы імкнуцца да асабістае карысьці. Больш-менш каля 1922 году Ан. Луцкевіч зусім адыйшоў ад палітыкі, аддаўшыся выключна працы культуральнай. He кандыдаваў навет у выбарах у Сойм 1922 г., хоць ведаў, што напэўна прайшоў бы. ... абодва Луцкевічы былі нацыяналістымі. Беларуская школа, мова, лемантар - гэта галіны іх дзейнасьці. Луцкевічы ня былі кар'ерыстымі, бо часта ня мелі чым плаціць за абед. А. Луцкевіч пасьвяціў сябе культурнай працы і барацьбе за нацыянальныя правы".

Віславух Севярын, асістэнт Віл. універсітэта, з выступу падчас працэсу над Грамадой:

"... пазнаёміўся з Луцкевічам яшчэ перад вайной. Увесь час Луцкевіч займаўся культуральнай працай. ... Ніколі не адмаўляўся ад супрацоўніцтва з польскай дэмакратыяй. Сьведчыць аб гэтым хоць бы той факт, што калі ўжо іншыя беларускія дзеячы згубілі веру ў польскія ўрады, Луцкевіч не адмовіўся ўступіць у Т-ва "Пагоня" i супрацоўнічаў з Палякамі ў галіне пазнаньня роднага краю".

Янка Станкевіч:

"Знаючы добра Луцкевіча, Тарашкевіча, Рака-Міхайлоўскага, Уласава й А. Нэканду-Трэпку (бо й гэтыя два належалі да Грамады), я з чыстым сумленьнем магу цьвердзіць, што, ідучы на супрацоўніцтва з камуністымі, яны кіраваліся вылучна дабром беларускага народу. Але вельмі абмыліліся".

Леанід Галяк:

"Мая першая кляса "Б" (у Віленскай беларускай гімназіі - Л.Л.) мясьцілася на першым паверсе (над партэрам) у канцы левага крыла муроў, каля самай прыбіральні, дзе, як цьвердзілі палякі, знаходзілася гэтак званая "цэля Конрада", у якой меў сядзець калісьці арыштаваны Адам Міцкевіч і дзе быццам адбывалася акцыя трэйцяй часткі "Дзядоў" А. Міцкевіча. Польская прэса пачала акцыю цкаваньня Беларусаў, што яны быццам прафануюць іхную нацыянальную сьвятыню "цэлю Конрада", хоць ясна Беларусы тут былі не пры чым, бо ніякіх перабудоваў у будынку не рабілі. У сувязі з гэтай польскай цкавальнай акцыяй Антон Луцкевіч быў выдаўшы брашуру пад загалоўкам: "Праўда пра цэлю Канрада" (ў польскай мове), дзе даводзіў, што "цэля Конрада" знаходзілася хоць і на гэтым самым паверсе дзе гімназія, але не там, дзе расейцы зрабілі прыбіральню, а ў збураным крыле, прастападлым да існуючага крыла. Гэтае збуранае крыло прытыкала да муру Сьв. Траецкае царквы згодна з тым, што было напісана ў "Дзядах": "Цэля пшытыка до муру косьцёла". Фундаманты гэтай збуранай часткі былі відаць нароўні зь зямлёю".

"Антон Луцкевіч - гэрбу Навіна. Заўсёды насіў на пальцы гэрбавы пярсьцёнак".

"Ад жонкі лекаркі, з дому Абрамовіч, меў двух сыноў: Юрку і Лявона, якія цяпер у Савецкім Саюзе".

"Выкладаў у гімназіі ў 7 і 8 клясах беларускую літаратуру. Выкладаў вельмі добра, на высокім узроўні. Брат закладчыка Беларускага музэю ў Вільні Івана Луцкевіча".

"Найбольш зьненавіджаная асоба для "хадэцыі", якая часта пішучы аб ім дадавала пры ягоным прозьвішчы азначэньне "масонскі біскуп". У 1939 годзе арыштаваны і вывезены ў Расею. Загінуў".

Вітаўт Тумаш:

"Антон Луцкевіч не меў спецыяльнай універсітэцкай адукацыі. Ён праслухаў поўны курс фізіка-матэматычнага факультэта ў Пецярбургскім універсітэце, але дзяржаўных экзаменаў не здаваў. Пасля шэсць семестраў вывучаў права ў Дэрпцкім універсітэце. Быў ён вельмі адукаваным і разнастайным чалавекам-адраджэнцам. І ўсё ягонае аблічча выпраменьвала адраджэнцкі дух".

"Жонка Антона Луцкевіча Зоф'я, вельмі прыгожая і адукаваная жанчына, была па нацыянальнасці яўрэйкай. Яна нейкі час працавала лекаркай, потым выхоўвала дзяцей. Калі фінансавае становішча Антона Луцкевіча стала вельмі дрэнным, ён уладкаваў яе ў гімназію.

Два разы на год яна рабіла медычны агляд гімназістаў. I вось, калі ў сувязі з разгромам Грамады Луцкевіча арыштавалі, яна засталася адна з малымі дзецьмі на руках без усялякага заробку; матэрыяльнай і маральнай падтрымкі. Шукала яна працу, але безвынікова. У Вільні наогул у тыя часы было складана знайсці працу, а тут яшчэ для жанчыны, муж якой сядзіць за кратамі. Значнае нервовае ўзрушанне ўзмацнілася яшчэ больш пасля таго, як увосень віленская пракуратура накіравала ў апеляцыйны суд пратэст супраць апраўдання Луцкевіча судом першай інстанцыі. Нервы накаляліся па меры набліжэння апеляцыйнага працэсу, які пачаўся 28 лютага 1929 г. Зоф'я Луцкевіч не магла дачакацца канца разгляду справы і, поўная страху перад няпэўнай будучыняй, 5 сакавіка пакончыла жыццё самагубствам.

У дзень яе пахавання дырэктар нашай гімназіі вызваліў ад заняткаў наш клас для жалобнай працэсіі. Я таксама ішоў за гробам з целам нябожчыцы. Пахавалі Зоф'ю Луцкевіч на яўрэйскім могільніку, хаця яна з яўрэямі ў кантакце не была, увесь час - з беларусамі. Абрад пахавання быў выкананы па-яўрэйску".

Антон Шукелойць:

"У час майго старшынства ў Таварыстве прыяцеляў "Беларусаведы" я сарганізаваў беларусаведны курс і запрасіў на выкладчыка літаратуры Антона Луцкевіча. Ён у заходняй Беларусі ў тыя часы быў найвыдатнейшым літаратуразнаўцам і літаратурным крытыкам. Хаця ў дачыненьні да Луцкевіча тады беларускае грамадзтва мела вялікія засьцярогі з увагі і на тое, што ў час грамадаўскага працэсу Луцкевіч там выказаўся выразна па польскай старане. Пасьля гэтага быў звольнены ён, Астроўскі, Акінчыц, а іншых грамадаўцаў засудзілі на многія гады турмы. Для нас, для тых, што прыходзілі з польскіх гімназіяў, гэтыя сваркі між групамі беларускага грамадзтва ці беларускіх дзеячоў ня мелі значэньня. Мы арыентаваліся ў асноўным на людзей, якія ў дадзеным выпадку былі нам патрэбныя і якія вызначаліся ведай у патрэбных нам кірунках беларусаведы. I таму Луцкевіч у нас быў вельмі паважаным лектарам. Лекцыі ён вёў на ўніверсітэце, цэлы курс па беларускай літаратуры, на высокім узроўні, цікавым для ўсіх нас".

"Я б хацеў яшчэ расказаць адзін жарт, паколькі мы раней гаварылі пра ксяндза Станкевіча. Гэта адзін з тых вечаровых жартаў, якія расказваў Ян Пазьняк вечарам для нас, студэнтаў. Антон Луцкевіч, як ведама, быў масонам і належыў да масонскай лёжы ў Вільні. Адзін раз ён вырашыў зацягнуць у лёжу ксяндза Станкевіча, бо гэта ж выдатны дзеяч, і там, відаць, у лёжы, вельмі хацелі б яго мець. I вось ён ужо дамовіўся зь ім, і яны пайшлі. Але ён ня кажа ксяндзу Станкевічу, куды яны йдуць. Вось, маўляў, ідуць адведаць там н-скага, ня памятаю ўжо каго, магчыма, што рэктара ўнівэрсітэту Станевіча. Ну і прыйшлі ўжо, і падымаюцца па сходах перад дзьвярыма лёжы. Луцкевіч кажа: "Ведаеш, мы з табой прышлі ў лёжу масонаў". I тут ксёндз Станкевіч даў драла. Адразу, адмовіўся ісьці туды і сыйшоў назад. Так што такая няўдача была Луцкевіча ў ягоным супрацоўніцтве з масонскай лёжай".

Мацвей Рэпкаў-Смаршчок (Анатоль Бярозка):

"У той час вялікім майстрам масонскай ложы быў рэктар Віленскага ўніверсітэта Віталь Станевіч (дарэчы, лідскі шляхціц - Л.Л.), вельмі прыхільная да беларускай справы асоба. I вось аднойчы Луцкевіч захацеў завесці ксяндза Адама Станкевіча ў масонскую ложу. Трэба сказаць, што ў тыя часы для католікаў быў забаронены ўваход у масонскія ложы. Асабліва ксяндзам, якіх за прыналежнасць да масонаў маглі пазбавіць сану: Антон Луцкевіч ведаў гэта, але прывёў Адама Станкевіча да дзвярэй ложы і пытае: "Ведаеш. куды мы прыйшлі?" "Не", - адказаў здзіўлены Адам Станкевіч. "Зараз адчыняцца дзверы, і ты ўвойдзеш у масонскую ложу", - здзівіў Антон. Станкевіч, як толькі пачуў гэта, завярнуўся назад. Так гэты "жарт" Антона Луцкевіча і ўвайшоў у гісторыю".

Васіль Рагуля:

"Гэта быў чалавек зь вялікай хваравітай амбіцыяй, добры крытык, глыбокі знаўца беларускай літаратуры й слабы палітык. Кожнага, хто не пагаджаўся зь ягонымі паглядамі, ён уважаў за асабістага ворага й пісаў аб ім усякія паклёпы, ня лічачыся з этыкаю сапраўднага журналіста"

"Ён нават напалову адрокся ад свае нацыянальнасьці (падчас суда над Грамадой - Л.Л.). Будучы арыштаваны ў справе Грамады, на допытах, на пытаньне аб ягонай нацыянальнасьці, адказаў: "bialorusin-polak". Для ідэалёга й лідара Грамады - гэта непрабачальны грэх".

Яня Каханоўская (пляменніца, размова з Святланай Белай):

- Усе дзеці Луцкевіча атрымалі вышэйшую адукацыю?

- Так. Бо бацька іх быў герой абароны Севастопаля (маецца на увазе бацька Антона і Івана Луцкевічаў - Л.Л.), меў Георгіеўскі крыж, а пры цары за гэта дазвалялася дзецям атрымаць адукацыю дарма (можна казаць пра нефармальную вышэйшую адукацыю, бо з атрыманнем дыпломаў меліся праблемы - Л.Л.)

- Браты з Пецярбурга перабраліся ў Вільню. Чаму? Там у іх былі знаёмыя?

- Не, не ў Вільню, у Мінск. Яны проста ўцяклі, паліцыя іх шукала.

Яны ўжо скончылі ўніверсітэт і прыехалі ў Мінск. Гэта было, здаецца, у 1905 годзе, калі на Курлова быў замах на жыццё. Гэта ж бомба ў нас дома перахоўвалася.

- Адкуль вы ведаеце, што ў вас?

- Ведалі мы ўсе. Мама нам расказвала. У служанкі пад ложкам ляжала. Гэта ж студэнцкі гурток быў. У нашай хаце збіраліся. Маці вельмі хвалявалася, угаворвала: "Навошта вам гэта трэба. кіньце, вучыцеся лепш". Але ж яны не слухаліся. Такімі ўжо яны нарадзіліся.

Каментар: Каб забіць мінскага губернатара Курлава, з Пецярбурга бомбу для выканаўцы замаху Пуліхава прывезла агентка царскай ахоўні, таму бомба мела дэфект і не магла выбухнуць. Гэтай бомбай Пуліхаў не мог забіць губернатара. Бомба ўсё ж узарвалася, пасля няўдалага замаху, каб абясшкодзіць, яе кінулі ў касцёр, і ад яе выбуху павыляталі шыбы ў суседніх дамах - Л. Л.

Яня Каханоўская (пляменніца, размова з Святланай Белай), працяг:

- А вось тое, што жонка Антона Луцэвіча застрэлілася - няпраўда. Яна павесілася. Антон пісаў маме: "Я пішу каб ты даведалася ад мяне, а не з газетаў. Жонка мая хворая". Тады яшчэ не казалі "шызафрэнічка", казалі - "меланхалічка". Мы яе пільнавалі, гэта мо не ў першы раз. А ў гэты дзень, так сталася, мы ўсе выйшлі з дому. Вярнуліся, а яна ўжо вісіць... Гэта ж хвароба такая. Цяпер гэта называюць шызафрэніяй.

Вітаўт Тумаш:

"З прыходам бальшавікоў у Вільню [Беларускім] музеем зацікавіліся супрацоўнікі НКУС. Антон Луцкевіч аднойчы расказваў, што неяк у Беларускі музей зайшоў афіцэр, які праглядзеў экспазіцыю музея і заўважыў: "Вельмі добра. што вы захавалі рускую культуру".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX