Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Выхаванцы пра ксяндза Талочку 


Дадана: 29-08-2023,
Крыніца: Выхаванцы пра ксяндза Талочку // Наша слова.pdf № 35 (87), 30 жніўня 2023.

Спампаваць




Ад перакладчыка: Некалькі фрагментаў з газет пачатку 1939 г.

1. Па загаду віленскага ваяводы 27 снежня 1938 г. выселены з Вільні беларускія дзеячы кс. Адам Станкевіч і інж. Адольф Клімовіч. … Адначасова выселены і кс. Ул. Талочка. … Беларусы пра ксяндза Уладзіслава Талочку дагэтуль вельмі мала што чулі. Я ён сярод нас даўно жыве і добра працуе. Кс. Талочка гэта тыповы і чыста беларускі характар. Гэта чалавек заходнееўрапейскай культуры. Жыццёвая лінія гэтага чалавека - каталіцкая. Праўда і справядлівасць ў гэтага ксяндза стаяць на першым месцы.

Chryścijanskaja dumka. №1 (185), 2 studzienia 1938.

2. З рэдакцыйнага артыкул галоўнага рэдактара газеты "Слова" Станіслава Мацкевіча бачна, што для высялення кс. Талочкі быў выкарыстаны данос кухаркі Адэлі Апановіч, сэнс даносу: 1) Талочка - інтрыган, 2) Віншаваў сваіх сяброў 25 сакавіка, 3) Выпісваў газету "Journal des Nations", якая цалкам легальна прадавалася ў Польшчы, 4) Кухарка паскардзілася сваёй гаспадыні, што падчас споведзі накрычаў на яе за тое, што яна не спавядалася па-беларуску.

Станіслаў Мацкевіч заўважыў, што кс. Талочка ў Вільні быў аточаны агульнай павагай, што сярод людзей, якія спавядаліся яму, было шмат ксяндзоў і вышэйшых касцельных іерархаў, што для таго, каб выселіць чалавека, трэба нешта большае, чым тое, што ён беларус і г. д. Заўважу, лічылася, што тагачасная віленская газета "Слова" вызнавала правую, абшарніцкую ідэалогію.

Cat. Kucharka Apanowiczówna ma głos // Słowo. 1939. № 4.

3. Кс. Талочка быў шматгадовым аўтарам газеты “Пшэглянд Віленскі” куды ён як беларус пісаў вельмі якасныя і высокаінтэлектуальныя артыкулы пад рознымі псеўданімамі. Думаю, з-за гэтага і быў выселены з Вільні.


Асоба кс. Талочкі, справа яго высялення і "выкрывальныя" сведчанні сп. Апановіч дагэтуль не страчваюць сваёй актуальнасці. Да нас прыходзіць шэраг лістоў ад асоб, якія ведалі і працавалі разам з кс. Талочкам у тыя гады, калі ён нібыта арганізоўваў беларускую дзяржаву.

Ксёндз Ўладзіслаў Талочка.

Выхаванец прытулка каталіцкага Таварыства стрыманасці і працы, прэфектам і апекуном якога доўгі час быў кс. Талочка, сп. Пётр Пашкевіч (вул. Шкаплерная, 34) даслаў наступны ліст:

"Я з'яўляюся выхаванцам прытулка Таварыства стрыманасці і працы, дзе гадаваўся з 1912 па 1924 г. Праўда, я быў малым і мала што разумеў з таго, што рабілі старэйшыя, але калі гаворка ідзе пра згаданыя вышэй гады, дык гэты перыяд я вельмі добра памятаю, таму што меў ужо 14 - 16 гадоў. У 1916 г. кс. Напалеон Дзякавіцкі быў пераведзены з касцёла св. Стэфана пробашчам касцёла Усіх святых. Як раз у той час у касцёл Св. Стэфана прыехаў кс. Талочка. У гэты час, г. з. да 1918 г., кс. Ул. Талочка працаваў катэхетам у школе для хлопцаў у згаданым Таварыстве і, будучы катэхетам, мог мець нейкія ўплывы, напрыклад: выдзяляць сярод іншых дзяцей беларусаў ці, напрыклад, летувісаў і дрэнна ставіцца да палякаў. Але мы, старэйшыя выхаванцы, ніколі не адчувалі ад яго самых малых крыўдаў, ён заўсёды для нас быў "каханым айцом-прэфектам". Асабліва ён падабаўся нам, старэйшым, таму што любіў нас як бацька і адначасова, быў вельмі клапатлівым і спагадлівым да нашай цяжкай долі ў час, калі мы адчувалі найбольшы недахоп ежы. … кс. Талочка не саромеўся расказваць пра сябе і сваё паходжанне. Ён паказваў нам сплеценыя лапці, якія атрымаў з радзімы на свае імяніны. Пасля таго, як кс. Дзякавіцкі пайшоў капеланам у войска і да прыезду кс. Зянкевіча, кс. Талочка стаў фактычным апекуном прытулка. І менавіта гэты час добра запомніўся выхаванцам, бо тады кс. Тадочка паказаў сваю любоў і самаадрачэнне. Ён загадаў перанесці ўсе запасы са сваёй кладоўкі ў нашу і еў разам з намі за агульным сталом. А калі ў 1919 г. прыйшлі бальшавікі, дык мы, яго выхаванцы, уратавалі яго жыццё ад кулі бальшавікоў. Гэту гісторыю мы запомнілі на ўсё жыццё. Нашага каханага Айца, 4 жаўнера з нацэленымі на яго вінтоўкамі, паставілі каля сцяны з ўзнятымі рукамі.

Я ўпэўнены, што такі добры чалавек не мог змяніцца і стаць настолькі палітызаваным, што ўлады былі вымушаны яго выселіць, ён быў гэтак адданы нам дзецям, няўжо ён мог перастаць любіць нас, дарослых і Вільню? Думаю, што гэты чалавек не заслужыў такога і будзе рэабілітаваны. Я заўсёды буду думаць пра яго гэтак, як тут напісаў, бо гэтак мне падказала маё сэрца і я ніколі не адмоўлюся ад сваіх слоў".

Даслала ліст і землеўладальніца ў Наваградскага павета, у якой служыла кухаркай Паўліна, верніца кс. Талочкі. Паўліна не толькі мае тую ж прафесію, што і Адэля Апановіч але і блізкая да яе па духу, бо яны з'яўляюцца сябрамі аднаго рэлігійнага таварыства:

"Паўліна аднойчы дала мне, - піша сп. К., - прачытаць ліст святара да яе, які быў сапраўдным шэдэўрам стылю, ведання псіхалогіі і такту. Такія лісты інтэлігентнага чалавека да напаўпісьменнай дзяўчыны, звычайна пішуцца цяжка і штучна. Але гэты ліст быў даступны, зразумелы, поўны дробязяў, якія цікавілі Паўліну, але без намёку на фамільярнасць ці пляткарства. У лісце меліся мудрыя і вынаходлівыя адказы на яе пакуты з-за адсутнасці набажэнстваў, адказы як зрабіць так, каб не нарабіць шкоды сваім рэлігійным ці службовым абавязкам, ліст сведчыў пра вялікія веды аб розуме такіх Паўлінак. Нарэшце, выкарыстанне ім розных дэталяў, узятых, пэўна з яе лістоў, нават такой акалічнасці, як адсылка лістоў праз мне, каб Паўліна зразумела, што патрапіла да добрых людзей, якіх трэба цаніць, быць да іх зычлівай і г. д. Прыемна ўражаная, я спытала ў Паўліны пра гэтага ксяндза і даведалася што гэта вельмі заняты чалавек, які тым не менш ніколі нікому ні ў чым не адмаўляе, і для людзей ўсё робіць задарма. Ён звычайна працуе з беднай хатняй прыслугай. Абедае, толькі калі яго запрашаюць, і звычайна жыве гарбатай і булкамі.

З гэтага варта зрабіць выснову, што калі б кс. Талочка быў беларускім агітатарам, ён напэўна, скарыстаўся бы такой магчымасцю, як і ліставанне з верніцай, і не пісаў бы да яе лісты на вельмі добрай пальшчызне.

Калі б я не жыла ў памежжы, я б запрасіла гэтага ксяндза жыць да сябе. Такі знаўца беларускай душы вельмі прыдаўся б, бо нашы душпастыры - са Шлёнска, Падляшша, Любліншчыны, калі меркаваць па ўсё большай блытаніне, якую яны тут робяць, неяк не вельмі могуць даць сабе рады з гэтымі душамі".

Пра тое, што справа кс. Талочкі выклікала вялікі рэзананс, лепш за ўсё сведчыць той факт, што яна ўсхвалявала як сп. К. гэтак і кухарку Паўліну.

Сп. К. не паленавалася асабіста зайсці ў рэдакцыю і расказаць нам пра асобу сп. Апановіч, да гэтага часу невыразную і незаўважаную. Аказалася, што непаразуменне паміж сп. Адэляй і кс. Талочкам грунтуюцца зусім не на палітычных поглядах, а на маральнасці сп. Адэлі. І далей, каб пацвердзіць, што ў Вільні ёсць шмат людзей, якія ведаюць кс. Талочку і маюць пра яго зусім іншае меркаванне, чым сп. Апановіч і кампанія, мы запрасілі на інтэрв'ю двух яго выхаванцаў.

Вось успаміны людзей пра сваё дзяцінства, цесна звязаная з кс. Талочкаv.

Сп. Канстанты Раманоўскі, управа Віленскага прыватнага гандлёвага банка: "Кс. Талочка ў 1920-22 гг. быў маім прэфектам у агульнаадукацыйнай школе прытулка Таварыства стрыманасці і працы. Сярод выхаванцаў было шмат летувісаў і беларусаў. Кс. Талочка, які прысвячаў нам шмат часу, адносіўся да ўсіх аднолькава. Ніколі не аддаваў перавагу беларускім ці летувіскім дзецям. Увесь час сваёй настаўніцкай працы ў школе, аддана выконваў свой абавязак і заваяваў аднолькавую любоў усіх дзяцей".

Ігнацы Карчэўскі, адміністрацыйны сакратар скарбовай управы: "Памятаю кс. Талочку з 1919-1922 гг., найбольш неспакойных і складаных часоў у Вільні. Кс. Талочка, у той час нікуды не з'язджаў, не меў парафіі і жыў у плябаніі касцёла св. Стэфана. Пробашчам гэтага касцёла былі па-чарзе: кс. Зянкевіч і кс. Кярсноўскі. У гэтай жа плябаніі жыў і я, тады 16-ці гадовы юнак, вучань 5-га класа гімназіі імя Жыгімонта Аўгуста і мой калега Ляховіч, зараз кс.-пробашч у Турмантах. Не было такога дня, каб мы не наведалі кс. Талочку. Нам дазвалялася прыходзіць да яго ў любы час па параду, падказку, кнігу і г.д. За 3 гады, якія мы правялі разам, ніводнага разу ён не згадаў пра беларускую справу. Ён не гаварыў пра яе, хоць мы абодва паходзілі з Віленшчыны і мелі той узрост, калі найбольш паддаешся ўсялякім ўплывам і ўгаворам - і гэта ў той час, калі беларуская тэма была найбольш актуальнай. Мы былі сведкамі таго, як кс. Талочку наведвалі розныя людзі з рознымі інтарэсамі, але ніколі не заўважалі нічога, звязанага з беларускім пытаннем.

Акрамя таго, кс. Талочка быў цалкам заняты грамадскай працай, дабрачыннай і навуковай. Пісаў артыкулы ў розныя выданні аднак у той час ніхто не меў да яго прэтэнзій. Таму тыя закіды, якія сёння выстаўлены супраць кс. Талочкі і з-за якіх ён выселены, лічу цалкам несапраўднымі і несправядлівымі".

Wychawankowie o ks. Tołłoczce // Słowo. 1939. № 13.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX