Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Юзаф Пілсудскі. Беларус ці паляк 


Аўтар: Хацкевіч А. Ф.,
Дадана: 12-10-2018,
Крыніца: Чырвоная змена. 28 снежня 1993.

Спампаваць




Аляксандр Фёдаравіч ХАЦКЕВІЧ прафесар кафедры гісторыі, сусветнай і айчыннай культуры Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі, доктар гістарычных навук, заслужаны дзеяч вышэйшай школы Беларусі, удзельнік патрыятычнага руху на тэрыторыі рэспублікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вывучае праблемы гісторыі Беларусі, дзейнасці яе знакамітых людзей. Гісторык і публіцыст, ён з'яўляецца аўтарам 6 кніг, 10 абагульняючых манаграфічных даследаванняў, больш як 20 брашур і шматлікіх артыкулаў. Мае цесныя творчыя сувязі з гісторыкамі Польшчы, пра што сведчаць разам выдадзеныя кнігі і артыкулы.

31 кастрычніка 1991 года ў "Звяздзе" было апублікавана кароткае паведамленне аб тым, што ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Маскве захоўваецца цікавы дакумент - жандарскі пратакол № 50 допыту ад 10 сакавіка 1887 года арыштаванага Юзафа Пілсудскага, будучага першага маршала і кіраўніка дзяржавы - Рэчы Паспалітай Польскай.

Аляксандр Фёдаравіч Хацкевіч.

Аналагічная інфармацыя была выкарыстана таксама і ў іншых газетах, перададзена па Беларускім радыё і тэлебачанні. Яна выклікала пэўную цікавасць у чытачоў, навукоўцаў, проста аматараў гісторыі.

Сапраўды, абвінавачваны Ю. Пілсудскі (па падазрэнню аб дачыненні да замаху на імператара Аляксандра ІІІ 1 сакавіка 1887 г. - А.Х.) на пытанні жандарскага следчага ўласнаручна напісаў наступныя адказы: "Завуць мяне Осіп Осіпавіч Пілсудскі; ад роду маю 19 гадоў; паходжанне і народнасць дваранін, беларус; званне былы студэнт Харкаўскага універсітэта медыцынскага факультэта; месца нараджэння і месца пастаяннага пражывання Віленская губерня, Свянцянскі павет, маёнтак Зулава, пражываў да арышту ў Вільні па Наўгародскай вуліцы дом Янкоўскага; заняткі - не маю пэўных заняткаў; сродкі на жыццё - дапамога бацькоў; сямейнае становішча - халасты; бацька жыве ў маёнтку, маці памерла, маю пяць (5) братоў, з якіх старэйшы Браніслаў, студэнт Пецяроургскага універсітэта (у гэты час таксама быў арыштаваны паліцыяй па ўказанай вышэй справе. - А. Х.) Астатнія браты Адам, Казімір і Іван у тутэйшай першай гімназіі, Гаспер у кватэры бацькі, горад Вільня па Благавешчанскай вуліцы дом Гегузіна; эканамічны стан бацькоў бацька мае 12 000 дзесяцін зямлі ў Свянцянскім Віленскай губ. і Вілкамірскім і Расейняйскім Ковенскай губерні; месца выхавання і на чый кошт выхоўваўся - у 1875 годзе 8 гадоў ад роду паступіў у Віленскую класічную гімназію. Пасля заканчэння гімназіі ў 1885 годзе паступіў у Харкаўскі універсітэт, дзе прабыў адзін год".

На наступныя пытанні жандарскага падпалкоўніка Пілсудскі адказваў: "Ні да якой рэвалюцыйнай партыі я не належу і ніколі не меў яўных адносін з рэвалюцыянерамі, але прызнаю сябе вінаватым у набыцці для чытання рознай падпольнай рэвалюцыйнай літаратуры і ў спісванні часам з яе тых артыкулаў, якія мяне нечым прывабілі, асабліва па рабочаму пытанню, якое мяне цікавіла. Адабраныя ў мяне асабіста пры вобыску ў кватэры Пашкоўскага некалькі рукапісаў на польскай мове я не чытаў, яны засталіся ў мяне пасля брата Браніслава, мне ж асабіста належыць знойдзены ў маёй кватэры польскі рукапіс, што ўяўляе сабой спіс нейкага артыкула па сялянскаму пытанню з брашуркі, загаловак якой я забыўся. Марыю і Ціта Пашкоўскіх я ведаю і Антона Гнатоўскага ведаю. З Цітам Пашкоўскім я пазнаёміўся ў студзені гэтага года на нейкім вечары і на яго кватэры быў не больш чым 5 разоў, ён у мяне не бываў. З Марыяй Пашкоўскай я пазнаёміўся ў канцы мінулага года не памятаю пры якіх абставінах, а затым бываў у яе даволі часта. У кватэры Пашкоўскай я сустракаўся з вальнапісаным, які жыў з ёю ў адной кватэры. Марыю Гумоўскую. швачку, Ціта Пашкоўскага, магчыма каго-небудзь і яшчэ, але цяпер не памятаю. Антона Гнатоўскага я ў Пашкоўскай сустракаў. З Антонам Гнатоўскім пазнаёміўся ў студзені гэтага года ў Ціта Пашкоўскага, выключна ў кватэры якога я з ім не сустракаўся, але часам сустракаўся на вуліцы. Гнатоўскі ў мяне не быў, я ў яго - таксама і нават не ведаю адраса. Адносна пражывання ў нашай кватэры невядомай асобы, якой я наладзіў сустрэчу з Гнатоўскім, тлумачу наступнае. У канцы студзеня месяца, не памятаю якога чысла, вяртаючыся дадому к абеду, я застаў у нашым з братам пакоі невядомага чалавека, з якім хоць брат і пазнаёміў мяне, але ні прозвішча яго, ні звання не сказаў. Гэта асоба пражыла ў нас больш як тры дні і паехала вечарам, куды - не ведаю. Госць гэты прыязджаў уласна да майго брата, апеў сувязі з тым, што апошні (г.зн. брат. - А.Х.) на наступны дзень паехаў у Пецярбург ва універсітэт, то госць пражыў два дні толькі са мною. Абедаў ён у нашай сям'і, а таму пазнаёміўся з нашай цёткай. На трэці дзень знаходжання госця не памятаю хтосьці з маіх знаёмых прасіў мяне прывесці гэтага госця к дзевяці гадзінам вечара на Георгіеўскую плошчу, дзе павінен быў чакаць яго Гнатоўскі. Хто менавіта мяне пра гэта прасіў, я цяпер зусім забыўся, але я гэта даручэнне выканаў і, прывёўшы на Георгіеўскую плошчу нашага госця і ўбачыўшы Антона Гнатоўскага, які ўжо чакаў, я пайшоў. Праз некаторы час госць вярнуўся і, папіўшы чаю, развітаўся са мной і паеХаў. Па якой справе прыязджаў гэты госць, якія адносіны яго да Антона Гнатоўскага, я зусім не ведаю. Ці бачыўся ён з Цітам Пашкоўскім - не ведаю. Той мне нічога не гаварыў. Не памятаю, ці бачыўся я пасля гэтага з Антонам Гнатоўскім. Осіп Пілсудскі".

Такое мнагаслоўнае паказанне падследчага, з якога відаць, што ён хітрыў, прыкідваўся, што не памятае, каб нічога не выдаць следчаму пра тых асоб, якімі ён цікавіўся і якія былі на кватэры Пілсудскага да яго арышту.

Скажам чытачу, што Юзэф Пілсудскі ў 17 гадоў, будучы гімназістам, захапіўся сацыялістычнай ідэалогіяй. Пазней ён успамінаў: "Назваў сябе сацыялістам у 1884 годзе. Гавару "назваў", бо гэта не азначала набыцця цвёрдых і трывалых перакананняў у правільнасці сацыялістычнай ідэі. Я быў тады ў Віленскай гімназіі, уваходзіў у гурток "Спуйня", створаны некалькі гадоў назад, і разам са сваімі калегамі захапіўся сацыялістычнай модай, якую нам прывезлі старэйшыя калегі, студэнты Пецярбургскага універсітэта. Шчыра прызнаюся, што гэта была мода, бо цяжка інакш мне назваць тадышнюю эпідэмію сацыялізму, якая захапіла розумы рэвалюцыйнай моладзі".

Далей ён гаварыў: "У пачатку 1887 года мяне арыштавалі па справе замаху на жыццё Аляксандра ІІІ, у якім я і старэйшы брат, тады студэнт Пецярбургскага універсітэта, былі выпадкова замешаны. Брат пайшоў на катаргу, мяне асудзілі на 5 гадоў ссылкі ва Усходнюю Сібір. I толькі тут, калі я спакойна мог паразважаць над усім, што перажыў, я стаў тым, чым ёсць".

У Сібіры ён вырашыў пасля вяртання на радзіму ўступіць у польскую рабочую партыю "Пралетарыят" і рэфармаваць яе ў напрамку "пэпэсаўскім". Пазней ён уступіў у Польскую сацыялістычную партыю і стаў адным з лідэраў яе правага крыла ("ППС - рэвалюцыйная фракцыя"). Гэта дробнабуржуазная партыя па сваіх поглядах і тактыцы была блізкай да расійскай партыі эсэраў. Пілсудскі так і не стаў рэвалюцыйным марксістам.

[…]

Ад рэдактара сайта "Павет": Гэты артыкул цікавы тым, што ў ім цытуюцца пратаколы допыту маладога Юзафа Пілсудскага. Гэтыя пратаколы, здаецца, паўторна не былі знойдзены і больш нідзе не друкаваліся. Ацэнкі і высновы прафесара нясуць адбітак свайго часу і зараз не надта цікавы. Цалкам артыкул можна прачытаць у PDF.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX