Вярнуцца: Заходняя Беларусь

Успаміны М. Гурына


Аўтар: Гурын-Маразоўскі М.І.,
Дадана: 02-11-2016,
Крыніца: Гурын М. З недалёкага мінулага // Беларускі дзень №27, 22 верасня 1927 г.; №28, 29 верасня 1927 г.; №29, 7 кастрычніка 1927 г.; №31, 22 кастрычніка 1927 г.; №33, 5 лістапада 1927 г.



З НЕДАЛЁКАГА МІНУЛАГА [1]

Ніжэй друкуем успаміны М. Гурына [2], які доўгі час працаваў, як журналісты, у Менску, дзе рэдагаваў газэту "Савецкая Беларусь". Прыехаўшы ў Польшчу на нелегальную працу, М. Гурын 19 месяцаў знаходзіўся ў складзе падпольных рэвалюцыйных арганізацыяў. Яшчэ 31 сьнежня 1924 г., як нам ведама, М. Гурын парваў з гэтак званай КПЗБ, але ня выйшаў з падпольля, ня бачачы магчымасьці для легальнае беларускае працы пры тагочасных рэакцыйных эндэцкіх урадах.

28 верасьня 1925 г. па даносу камуністаў М. Гурын быў арыштаваны і выпушчаны на волю толькі пасьля маёвага перавароту - 8 чэрвеня 1926 году. Друкуем ніжэйпаданыя ўспаміны дзеля таго, што яны маюць пэўнае грамадзкае значэньне, бо праліваюць сьвятло, на агідную працу камуністаў і іх агентуру у Зах. Беларусі, а па-другое - гэтыя ўспаміны адначасна зьяўляюцца і адказам М. Гурына на ўсе плёткі, якія распускаюцца яго палітычнымі ворагамі. Рэд.


Замест прадмовы.

Ідэя адраджэньня Польшчы і Беларусі - адна ідэя. Як бяз Польшчы - няма Беларусі, так сама і без Беларусі няма абароненай Польшчы.

Упадак і, яшчэ горш таго, канец незалежнасьці Польшчы азначаець для беларусаў сьмерць беларускага пытаньня, якое сёньня зьяўляецца актуальным, у значнай меры, дзякуючы таму, што істнуе незалежная Польшча. Чым Польшча ў будучыне будзе мацнейшаю палітычна, эканамічна і культурна, тым больш надзеяў будзе мець беларускі народ вызваліцца з векавое няволі. Гэта зразумеець кожны, хто глыбей удумаецца ў сутнасьць беларускае справы.

Паўстаньне Польшчы - факт, які трэба ня толькі прызнаць, але і прывітаць, як факт паступовы. Падрываць яе істнаваньне - гэта знача ісьці назад, служыць заборчаму імпэрыялізму, служыць рэакцыі.

Вось чаму ніводзін беларускі барацьбіт ня можа быць ворагам ідэі польскае дзяржаўнасьці, ў вышэйшым, лепшым значэньні гэтага слова.

Беларускі палітык (нажаль разумных беларускіх палітыкаў вельмі мала), можа быць праціўнікам і нават ворагам тых польскіх палітычных партыяў і кірункаў, якія стаяць на дарозе да польска-беларускага братэрства, ён можа быць праціўнікам неразумнае і недалёкае нацыянальнае палітыкі ўрадаў, - усё гэта магчыма і зусім нармальна. але ніколі беларус ня можа і не павінен ставіць пытаньня так: "Чым горай у Польшчы, тым лепей для нас!" Замахнуўшыся на сьвятое сьвятых польскае дзяржаўнасьці, на ідэю адраджэньня польскага народу, гэтым самым кожны беларус б'ець "не ў палена, а ў калена", б'ець па беларускім руху, накіроўваючы яго на дарогу сьмерці, бо, як я сказаў ужо: бяз Польшчы, памойму, немагчыма а ніякая Беларусь.

Больш таго. Гістарычныя варункі так улажыліся, што незалежнасьць іншых народаў: літоўцаў, латышоў, эстонцаў, украінцаў, грузінаў у значнай меры залежыць ад таго, ці будзе Польшча адраджацца. Калі так, калі сіла Польшчы будзе павялічвацца, дык ёсьць надзея, што ў недалёкай можа нават будучыне ідэя незалежнасьці ўсіх паняволеных імпэрыялізмам народаў на Усходзе Эўропы прымець рэальныя формы. Калі-ж Польшча загіне, загіне надзея на адраджэньне іх і пачнецца рэакцыя, якое гісторыя яшчэ ня бачыла.

Імпэрыялізм Польшчы, аб якім крычаць Саветы і аб якім гамоняць эндэкі і польскія монархістыя, - гэта міт, рэч нерэальная. Польшча ў XX в. ня можа быць імпэрыялістычнаю. Яна можа быць прыкладам, як незалежнасьць трэба будаваць і якіх памылак ня трэба рабіць.

Памылкі Польшчы - гэта адначасна і нашыя памылкі і можа ў большай меры яны нашыя.

На памылках Польшчы і яе дасягненьнях трэба вучыцца, каб забясьпечыць будучыну сваю, каб забясьпечыць адраджэньне і братэрства народаў. Памылкі Польшчы ў адносінах да нас трэба дараваць, калі ёсьць хоць крыху добрай волі іх паправіць...

Дараваць трэба іх для вышэйшых мэтаў незалежнасьці і адрадженьня ўсіх заняпалых народаў...

Да такіх думак прыйшоў я не адразу. Шэсьць гадоў працы ў Менску і Вільні усё больш і больш пераконвалі мяне ў тым, што проціў Польшчы я выступаць не магу, і, як беларус, ня маю на гэта маральнага права.

Я змагаўся сам з сабою. Надзвычайных высілкаў і марыльных мукаў каштавала мне тое, што я рабіў у падпольлі.

Я ня быў ачараваны польскай сучаснасьцю. Далёка не! Я бачыў шмат чорнага і дрэннага ў ёй.

Але адначасна з гэтым я бачыў, як "кішмя кішыць" у Польшчы ворагаў яе, як на кожным кроку гэную Польшчу купляюць і прадаюць направа і налева і, я запытваў сябе: Няўжо-ж усё гэта робіцца ў імя вызваленьня Беларусі?!

Не, сто разоў не! - гаварыла мне сумленьне. Беларусь ня можа быць пабудована на няшчасьцях суседняга народу.

- Калі мусіць жыць і адраджацца Беларусь, то мусіць жыць і адраджацца Польшча, - так думаў я, і ў маёй душы ўздымаўся бунт.

Я паліў масты за сабою, і нішто но магло ўстрымаць мяне ад гэтага...

Перш, чымся паставіць крыж на усім сваім мінулым, я перажыў глыбокую драму.

Аб гэтых перажываньнях сваіх я і хачу расказаць. Абмінаю, пакуль што, пытаньне аб гэтак званай БССР, дзе я працаваў з месяца сьнежня 1920 г. аж да выезду майго ў Польшчу - да 28 лютага 1924 г. Да гэтае тэмы я яшчэ вярнуся, калі буду гаварыць аб тым, якія марыльная мукі мне, як беларусу, прышлося перажыць за гэты час свае працы ў Менску. Я займаў розныя савецкія пасады, а прад выездам у Польшчу больш двух гадоў рэдагаваў газэту "Савецкая Беларусь". Я бачыў шмат фактаў...

Фальш, мана, гвалты маральныя і фізычныя, маскоўскія окупанты ў чырвоных вопратках на кожным кроку плявалі ў душу беларускага народу і трудна, вельмі трудна было прымірыцца беларусу з тым ладам, які ўстанавіўся на Усходзе, у БССР.

Вытрыманасьць характару ратавала мяне ад неабдуманых чынаў, а жарсткасьць душы і абудзіўшыйся беларускі інстынкт ратаваў мяне ад таго, каб не апусьціцца на дно савецкага правінцыяльнага жыцьця. Я шукаў выхаду. Але дзе яго знайсьці?!... На гэтае пытаньне адказу ня было.

Прапазыцыю выехаць у Польшчу на нелегальную работу я прыняў з радасьцю.

- "Беларусь - альбо вольная, альбо ніякая!" - вось думка, якая катлавала ўва мне, кіпела. I з такім настроем я пакінуў БССР, адчуваючы ў глыбіні душы свае, што ў савецкі Менск ужо ніколі не вярнуся!...

Дарога Менск - Вільня.

Доўга, з нецярплівасьцю чакаў я дня свайго выезду ў Польшчу. Нарэшце, 28.11.1924 г. я адтрымаў фальшывы польскі пашпарт на імя грамадзяніна м. Лодзі Міхала Васілевіча, які быў прыгатаваны раней, 25 даляраў на дарогу і падводу, якая павінна была вязьці мяне і іншых "пасажыраў" да граніцы. Наш фурман быў кантрабандысты, багаты менскі жыд. Коні былі добрыя і да пагранічнае вёскі мы даехалі загадзя. Як яна называлася, мяне мала цікавіла. Хутчэй-бы, хутчэй праз граніцу! Чакаць прышлося некалькі гадзін. Уночы з польскага боку прыйшоў другі кантрабандысты, таксама жыд, і сказаў нам, што ўжо пара ісьці. Мы пайшлі за ім, і ён прывёў нас на самую мяжу. Тут, каля пагранічнага стаўпа, стаяў польскі паліцыянт у форме і з вінтоўкаю за плячыма. Ён прыняў нас, пасадзіў у сані, запрэжаныя быстрым канём, і мы, пад ахранаю гэтага паліцыянта, праехалі самы небясьпечны пояс. Потым паліцыянт саскочыў, а мы засталіся з фурманом-жыдам, які гнаў каня у кірунку м. Ракава.

- Вось і Польшча, - думаў я.

Дарога йшла густым лесам. У грудзёх ад сьвежага ляснога паветра стала неяк лягчэй. Усе маўчалі. Такі быў загад. Але я ня вытрымаў і запытаўся:

- Ці ёсьць у гэтым лесе ваўкі?

Фурман з нейкай ядавітай усьмешкай адказаў:

- А я табе - ня воўк?!

- Так, - падумаў я, - лепшых ваўкоў ня знойдзеш тут.

Да Ракава даехалі быстра і, пачакаўшы ў хаце новых коняй, адразу выехалі на ст. Аляхновічы.

Нас у Ракаве папярэдзілі, мяняючы даляры на польскія маркі, што дарога забясьпечана і што мы можам спакойна ехаць да Вільні. I запраўды на станцыі Аляхновічы мы спакойна, пад ахранаю тых-жа паліцыянтаў купілі білеты і селі ў вагон. Па дарозе з дакумэнтамі ніхто нас ня трывожыў, і мы а гадзіне 12-ай раніцы былі ў Вільні.

- Вось табе і Польшча, - думаў я, успамінаючы першых паліцыянтаў, якія так рупліва служылі, але толькі ня польскаму ўраду, а... маскоўскаму.

Першыя ўражаньні.

Пасьля правінцыяльнага Менску з яго дапатопнаю конкаю і брудам на кожным кроку, Вільня адразу зрабіла ва мяне вельмі прыемнае ўражаньне.

Пакінуўшы свой "dowód osobisty" ў гасьціньніцы "Італія" і зрабіўшы перад нумаровым міну, што вельмі заняты рознымі справамі, пайшоў я аглядаць места. Я меў шмат часу, бо сустрэча з прадстаўніком "падпольнае" арганізацыі была назначана ва вечар.

Шэсьць гадзін хадзіў я на розных вуліцах, разглядаючыся навокал. Забраўся ва Замковую Гару.

Нейкаю зачарованаю князёўнаю выглядае Вільня з гэтае гістарычнае гары. Катэдральны Пляц, простая, як струна, вуліца Міцкевіча, касьцёлы, касьцёлы і касьцёлы з іх стыльнаю архітэктураю, дамы, падобныя да старажытных палацаў, цудоўныя ваколіцы Антокалю і Закрэт, - усё гэта надаець Вільні таёмны, містычны характар.

Незалежнасьць і магутнасьць духу былых валадароў краю, як-бы носіцца пад Вільняю, - і кліча да новага творчага чыну, да Рэнэсансу...

- Не, гэта ня Менск, далёка Менску да Вільні, - думаў я, успамінаючы бясьсільныя, нясмачныя контуры менскіх савецкіх вуліц...

На Вялікай вуліцы па тратуарах цячэ хваля людзей. Жанчыны, убраныя паэўропэйску, вайсковыя, студэнты у белых шапачках, вучні і гімназісткі, цывільныя у каўнерах і капелюшох - усе яны непадобныя былі да тых людзей, якіх я яшчэ учора пакінуў. У параўнаньні з Менскам, тут усё было іначай.

Я адчуваў сябе адзінокім, чужым.

Нецярпліва чакаў я тае мінуты, калі павінен быў спаткацца з тымі, з кім я прыехаў у Польшчу.

Пунктуальна а 8-й гадзіне я пабачыў іх на умоўленым месцы, і мы пайшлі разам у кірунку Вялікае вуліцы, размаўляючы аб пагодзе і розных пустых справах.

Мужчына, якога я спаткаў, быў сябар Ц.К. К.П.П. Да прыезду на падпольную працу, ён быў нейкі час у Менску, потым у Петраградзе сябрам Чэка. Адным словам гэта была "шышка", ад якое шмат залежала. У беларускіх справах яму належала першае і апошняе слова. Што скажа, значыць "сьвята". Яго спадарожніца была маладая камсамолка невядомае нацыянальнасьці - тыповая бальшавіцкая пампадурша.

- На Вялікай шмат шпікоў, пойдзем да рэстарану, - прагаварыў ён ціха. Мы зайшлі да Нішкоўскага. Выпілі гарэлкі, лікеру, кавы, закусілі добра, - заплацілі. Падчас усяго гэтага я даведаўся, што маё "начальства" выяжджаець у Варшаву, што за мною заўтра заедзе "тэхнік" і завязе мяне на новую кватэру, што хутка будзе паседжаньне Ц. К. К.П.З.Б., на якім я павінен быць, што будуць разглядацца важныя беларускія справы і "ён" прыедзе на гэтае паседжаньне.

Мы выйшлі з рэстарану і разьвіталіся.

- У Польшчы паліцыя такая дурная, што можна пяць гадоў працаваць, але усё-ж такі трэба быць асьцярожным, - радзіў ён мне.

На другі дзень сталася так, як ён сказаў. Нейкі бойкі жыдок зьявіўся у назначаны час і завёз мяне на "кватэру". Я быў у падпольлі.

* * *

Маім маральным абавязкам было бесстаронна паінфармаваць тых беларусаў, якіх я спаткаю ў падпольлі, аб Усходзе. Гэта я адразу зрабіў. У зьвязку з пашырэньнем тэрыторыі Б.С.С.Р. я заўважыў пэўны сэнтымэнт сярод новасьпечаных беларускіх камуністых, нейкае засьляпленьне Усходам. Ніхто з іх ня меў а ніякага паняцьця аб тым, для чаго зроблена гэтае пашырэньне і як гэта зроблена.

Як дзеці, яны цешыліся з таго, што ў склад Б.С.С.Р. уваходзіць ужо 14 паветаў, заместа шасьцех, не заглядаючы глыбей у сутнасьць справы.

Асьцярожна, насколькі пазваляла мне маё палажэньне, я зазначыў ім, што захапляцца, пакуль што, няма чым, што Менск далёка яшчэ не беларускі, што рэшта Б.С.С.Р. уся у руках ворагаў беларушчыны. Адным словам, я быў зусім шчыры і пагляды мае тады і цяпер што да Менску не зьмяніліся.

- Што-ж рабіць нам у Польшчы? - пыталіся яны.

На гэта я даў ім адказ, што найлепей і найкарысьней было-б дабівацца аўтаноміі і выкарыстаць усе легальныя магчымасьці працы.

У адносінах да розных палітычных беларускіх групаў я радзіў трымацца тактыкі адзінага нацыянальнага фронту і ні з кім ня зрываць.

Мае думкі вельмі спадабаліся беларусам-камуністым, якія ўваходзілі ў новаўтвораны Ц.К. К.П.З.Б.

Мы умовіліся, што будзем выступаць і падтрымліваць адзін аднаго на тым паседжаньні, якое павінна было быць. Доўга чакаць ня прышлося. У сярэдзіне сакавіка, добра не памятаю даты, але добра помню, што гэта было у пятніцу, нарэшце, гэты Цэнтральны Камітэт сабраўся.

"Ц.К. К.П.З.Б."

А гадзіне сёмай-восьмай увечары мы пайшлі шукаць тае кватэры, каля якое нас павінен быў чакаць "арганізатар" гэтага паседжаньня.

Доўга шукалі, бо нумар дому быў пададзены ня той. Нарэшце, неяк выпадкова гэтага "арганізатара" знайшлі. Гэта быў маленькі, тоўсьценькі жыдок буржуазнага тыпу. Разам з ім і з іншымі "цэкістамі", якія падыйшлі, мы цэлаю кучаю уваходзім у кватэру нейкага беднага жыда. На стале гарэлі шабасныя сьвечкі. Уся сям'я вячэрала.

Пабачыўшы нас, старая жыдоўка уся пабялела ад страху:

- Ой, гэвалт! - ускрыкнула яна.

Аказалася, што наш "арганізатар" завёў нас у другую кватэру, зусім ня тую і жыдоўка прыняла нас напэўна за бандытаў альбо зладзеяў. Доўга не чакаючы, мы пачалі ўцякаць.

- Ерунда гэта, а не Ц.К., - думаў я. - Нават паседжаньня арганізаваць ня могуць, як трэба.

Вылецеўшы на вуліцу, мы лаяліся. Пайшлі шукаць праўдзівую кватэру і недзе на тым-жа двары знайшлі.

Апошнім прыйшоў той, хто камандаваў і пастанаўляў, той самы чалавек, з якім я быў у Нішкоўскага. Ён адчыніў паседжаньне і пачалася гутарка. Усе гаварылі парасейску, як і заўсёды. Успамінаю гэтае першае паседжаньне дзеля таго, што на ім апрача іншых дробных справаў, чыста арганізацыйных, была пастаўлена на парадак дня і справа расколу у "Беларускім Пасольскім Клюбе", які трэба было зрабіць, згодна інструкцыі "зьверху".

Само сабою, што а ніводнага пасла на гэтым паседжаньні ня было, ды і не магло быць. Іх "калолі" бяз іх ведама і дазволу. Наагул, што да беларускіх паслоў, то з імі ніхто у гэтым паважна ня лічыўся. Над імі сьмяяліся, іх ня любілі, імі пагарджалі. Гэта мяне злавала. Успамінаю усё гэта дзеля таго, што сягоньня, калі беларускае грамадзкае жыцьцё дэзарганізавана і ўсе лаюцца паміж сабою, - вельмі цікава успомніць, хто фактычна вінават у гэтай дэмаралізацыі і аслабленьні беларусаў і іх руху.

Як я трымаў сябе на гэтым першым паседжаньні?

Пры агульным маўчаньні, я выступіў і сказаў, што я проціў расколу у Беларускім Пасольскім Клюбе.

- Чаму? - спытаўся варшаўскі камісар.

- А таму, - адказаў я, - што няма ніякіх паважных прычын для расколу.

- Усе яны выбраны сялянствам, соцыяльная дыфэрэнцыяцыя беларусаў слабая, расколам аслабіцца нацыянальны рух, які мы павінны падтрымліваць. Я лічу, - казаў я, - што трэба трымацца тактыкі адзінага нацыянальнага фронту.

Проціў мяне падняўся той самы варшаўскі камісар і пачаў даказваць, што я мыляюся, што я не бальшавік і г. д. Выступілі яшчэ са тры жыдкі.

Я агрызаўся, падаваў рэплікі. Нарэшце, галасаваньне. Я адзін дэманстрацыйна падняў руку проціў расколу, нават новасьпечаныя беларусы мяне не падтрымалі. З цяжкім пачуцьцём выходзіў я з гэтага першага паседжаньня.

- I тут, як там у Менску, - думаў я, - кругом ворагі і правакацыя беларускага рэвалюцыйвага руху.

Для мяне было ясна, што раскол у Клюбе павядзе за сабою аналёгічныя зьявы і ў грамадзянстве. Пачнецца барацьба паміж беларусамі. А гэта было якраз ва руку тым, хто адвеку дзяліў нас і панаваў.

Гэта ня значыць, што я зусім згаджаўся з працаю Беларускага Пасольскага Клюбу. Я бачыў яго нявытрыманасьць, яго хістаньне, адсутнасьць пэўнае лініі у працы. Усё гэта так, але мне адначасна з гэтым прыходзіла ў галаву думка, што такое забавы, як раскол, беларусы сягоньня пазволіць сабе ня могуць, што лепей хай мыляюцца, але ідуць разам і рэпрэзэнтуюць адзіны народ.

Наперакор пастанове аб расколе Клюбу, я рашыў усё магчымае зрабіць, каб да гэтага расколу не дапусьціць.

Пачалася барацьба і інтрыгі, якія ў Клюбе цягнуліся больш году і урэшце прывялі да стварэньня "Грамады".

Базыль Рагуля.

На Беларусі я ня быў з 1912 году, калі яшчэ маладым хлапцом выехаў у Расею. З віленскіх беларускіх дзеячоў і паслоў у Польскі Сойм ніхто ня быў мне асабіста знаёмы, апрача Рагулі, з якім спатыкаўся, як быў малым хлапцом. Памятую яго, яшчэ настаўнікам расейскае школы з блішчастымі гузікамі і з трыма зорачкамі ў пятліцы. З другога боку памятаю яго, як верхавода любчанскіх расейскіх настаўнікаў і чалавека лібэральных перакананьняў. Калісьці, у 1906 г. ён пашыраў "Выборгское воззваніе" і здаецца адсядзеў за гэта пару дзён у наваградзкім вастрозе.

Зусім зразумела, што з Рагуляй мне хацелася пабачыцца, каб праз яго пазнаёміцца з іншымі пасламі і пагаварыць наконт справы, якая мяне цікавіла і якая датычыла лёсаў "Беларускага Пасольскага Клюбу".

У адну з бліжэйшых суботаў, калі, пасьля цяжкое парлямэнцкае "працы", паслы прыяжджаюць у Вільню, у нэўтральным памешканьні мы і спаткаліся з Рагуляй, як са сваім старым знаёмым. Гэта было якраз тады, калі пасла Тарашкевіча за яго ўгоду з Віленскімі палякамі, якую ён падпісаў разам з дырэктарам беларускае гімназіі Астроўскім, скінулі са старшыні, а на месца Тарашкевіча выбралі Рагулю.

Адным словам, мой стары знаёмы стаў старшынёю Пасольскага Клюбу - першым прадстаўніком беларусаў у польскім Сойме.

Пра Рагулю шмат цяпер пішуць шмат яго лаюць. Кажуць, што ён не беларус, што ён расеец, і г. д. Гэта ня зусім так.

Адкідаючы у бок яго палітычныя здольнасьці, да якіх можна адносіцца вельмі крытычна, мушу, аднак, зазначыць, што гэты чалавек бязумоўна чэсны і прыслужвацца нікому ня любіць. Ён сялянскі-радыкал - быў ім калісьці і ім застаўся. Ён тыповы прадстаўнік тае часткі беларускага сялянства, якое было зрусіфікована расейскаю школаю, прадстаўнік даваенных традыцыяў і навыкаў. Як чалавек, ён бязумоўна сымпатычны, як палітык ён папаў у такую ролю, якая яму была не па сіле, бо ня мог ён, дзякуючы ўсяму свайму складу, з'орыентавацца ў тым, што адбылося за апошнія гады.

Калісьці Польшчы ня было, калісьці беларуская справа ня была актуальнай - усё гэта псыхолёгічна прыймаецца прадваеннымі людзьмі, як нейкае зло, з якім трэба вясьці змаганьне...

Рагуля быў прадваенны радыкал левы, часам лявейшы больш, як трэба, об'ектыўна-ж ён сягоньня кансэрватар і граў і грае да апошняга часу гэту няўдзячную ролю.

Праўда, беларускі нацыянальны рух захапіў троха і яго, бо ён ужо гаварыў пабеларуску, гаварыў слабавата, горай нават чым папольску, але пісаць пабеларуску ўпарта адмаўляўся і здаецца не практыкуе гэтага і сягоньня.

Для мяне зусім ясна было, што адыграць нейкую паважную ролю у беларускім руху ён ня можа, але можа быць разумна выкарыстаны і пакірованы ў русло агульна-творчага нацыянальнага працэсу. Такое ўражаньне зрабіў на мяне гэты мой стары знаёмы, які ў Сойме рабіў шмат глупстваў і памылак, звальваючы у адну кучу ўсе польскія групы і партыі.

У адносінах да усіх іх ён быў радыкалам, якіх трудна адшукаць, але па сутнасьці сваёй гэты радыкалізм у яго быў бяспрынцыпны, беспадстаўны, бо ня было у яго тае ідэі, якая абмяжоўвае чалавечыя чыны і накіроўвае іх да пэўнае мэты.

Тым ня менш, Рагуля быў Старшынёю Беларускага Пасольскага Клюбу, быў популярным у сваёй Любчанскай ваколіцы і з гэтым фактам трэба было лічыцца.

Памятую, што ён са мною быў шчыры, больш шчыры, чымся іншыя, і ён адразу заявіў сябе праціўнікам камуністых, якіх лічыў за новую шляхту, варожую сялянству.

- З мужыкамі ніколі не парву... Мужыком быў і мужыком застануся, - казаў ён мне.

У мінуту філёзофскага настрою ён напалавіну жартам, напалавіну усур'ёз залічаў сябе да анархістых... індывідуалістых. Ён быў адзінокі і бясьсільны, як кожны селянін-гаспадар, і адначасна з гэтым і сільны, як селянін, які перажываець зусім лёгка ўсе катастрофы і зьмены, застаючыся самым сабою.

- Кончыцца Сойм, ізноў буду зямлю араць і сеяць і няхай пацалуюць мяне... - любіў ён гаварыць.

Аб расколе Клюбу я гаварыў з ім асьцярожна, памятаю, што Рагуля увесь настаражыўся, як можа настаражыцца кожны селянін, калі яго хочуць ашукаць, альбо зацягнуць у нявыгадную камбінацыю.

Калі-ж мною была пададзена думка, што калоць Клюб ня трэба, а толькі арганізаваць соцыялістычную фракцыю, якая-б узяла лейцы у свае рукі, але ня ня зрывала з клюбам, ён напалавіну згадзіўся.

Знойдзены быў выхад з палажэньня, выхад часовы, кампраміс, які мог-бы адцягнуць на нейкі час тое, што здарылася потым, як непаправімая памылка.

Трэба прызнаць, што Рагуля вытрымаў сваю пазыцыю да канца і ў "Грамаду" не пайшоў, куды яго бязумоўна прынялі-б ахвотна.

Памятую і яшчэ адзін характэрны факт. К.П.З.Б. высоўвала лёзунг аддзяленьня Заходняй Беларусі ад Польшчы і далучэньня да БССР - гэта значыць да Саветаў. Гэты лёзунг пры сучасным палажэньні абсурд, які ня мае і ня можа мець а ніякага рэальнага значэньня. У глыбіні свайго перакананьня я быў проціў гэтага лёзунгу і калі на аднэй конфэрэнцыі, на якой былі прысутнымі, апрача Рагулі, яшчэ некаторыя паслы я высунуў ідэю аўтаноміі - ўсе згадзіліся з гэтым, і было пастаноўлена працаваць пад штандарам гэтае ідэі.

Аднак, ідэя "аўтаноміі" трымалася у галаве паслоў нядоўга - ня больш двух месяцаў. У траўні 1924 г. ізноў зьявіліся "камісары" і "шышкі" з падпольнае Варшавы і гатовы, зложаны ужо, праект аўтаноміі быў наложаны пад сукно.

Мушу пасьведчыць, што Базыль Рагуля ў гэтым не вінават, бо на першы плян стаў вылазіць ізноў пасол Тарашкевіч.

Антон Луцкевіч [3].

Антона Луцкевіча ведаюць усе, хто прыймаў і прыймаець удзел у беларускім адраджэнскім руху.

Адзін з першых піонэраў яго, талентны публіцысты і крытык, арганізатар Беларускага Музэю ў Вільні, адзін з закладчыкаў Віленскай Беларускай Гімназіі; актыўны сябра Навуковага, Выдавецкага і іншых таварыстваў - Антон Луцкевіч імпануець кожнаму маладому дзеячу сваімі заслугамі, якіх ніхто у яго адняць ня можа.

Сярод менскіх нацыяналістых асоба А. Луцкевіча вельмі популярная. Ня тое можна сказаць пра адносіны да яго камуністых. Для ілюстрацыі прыводжу некалькі фактаў. 1922 год. У Польшчы тады былі выбары у Сойм. Мне была даручана журнальная праца ў нелегальнай расейска-беларускай газэце "Барацьба", якая кальпартавалася ў Польшчу і агітавала за сьпісак № 5.

Пан Багуцкі, які ў беларускім пытаньні на Усходзе адыгрываў пэўную ролю, той самы пан Багуцкі, які зьяўляецца сягоньня сэкрэтаром польскае сэкцыі Камінтэрну і, такім чынам, на камуністычныя справы у Польшчы маець вялікі уплыў, - асобу Луцкевіча разглядаў, як галоўнага праціўніка. Багуцкага злавала тое, што А. Луцкевіч но выставіў свае кандыдатуры ў Сойм.

- Хітры, каналья, - казаў ён пра Луцкевіча. - Напішэце проціў яго артыкул, а галоўнае - каб падмачыць яго маральны ўплыў.

Луцкевіча я асабіста ня знаў і памятаю, што нешта такое напісаў. У гэтай самай газэце "Барацьба" - у артыкуле "Блёк нацыянальных ашуканцаў - пісаў проціў Луцкевіча і Прухняк, адзін з самых уплывовых польскіх камуністых. Пісаў здаецца і Ігнатоўскі.

"Барацьбу" сягоньня вельмі трудна дастаць, а вельмі цікава было-б пакапацца ў архівах і дастаць гэныя артыкулы, з якіх відаць, што першымі, хто стараўся скампрамэтаваць Луцкнвіча маральна, былі камуністыя. I што-ж пісалася у "Барацьбе" пра Луцкевіча? - Пісалася, што ён быў у Парыжы, дзе пракуціў народныя грошы і г. д. і г. д. - адным словам пісалася ўсё тое, што потым падхапіла ўся іншая, варожая Луцкевічу, прэса.

Тады-ж, у 1922 годзе у Польшчу для ўзмацненьня выбарнае агітацыі быў высланы Б. Стасевіч, які цяпер зьяўляецца сэкрэтаром аршанскага камітэту К.П.Б. Ён, здаецца, ў Горадне выпусьціў два нумары газэты "Вясковы Пролетары", у якой так-сама пад дыктоўку таго-ж самага Багуцкага, які яго выслаў, пра Луцкевіча пісаліся розныя гадасьці, якія павінны былі падарваць яго ўплыў.

Чарвякоў вельмі лічыўся з Луцкевічам і характарызаваў яго мне, як спрытнага і разумнага праціўніка камуністых, з якім трэба лічыцца і сьцерагчыся.

А ў 1923, 1924, 1925, 1926 і нават сягоньня, калі Луцкевіча арыштавалі, ці быў хоць адзін момант, калі камуністыя лічылі яго за свайго чалавека?

Ніколі! Наадварот мэтаю іх было, як-небудзь зваліць яго. Напрыклад, у 1924 годзе ў падпольных камуністычных кутох ня раз ставілася пытаньне аб тым, каб ашуканчым спосабам выслаць Луцкевіча пад прадлогам лячэньня у Крым (вядома, што ён мае хворыя грудзі) і адтуль ня пусьціць яго назад. У асьцярожнай форме яму прапанавалі гэта, але ён дыплёматычна адмаўляўся. Насколькі мне вядома і ў 1925 годзе камуністыя хацелі за усялякую цану яго пазбыцца і выслаць заграніцу, але і гэта таксама не ўдалося.

Наагул, справа А. Луцкевіча заўсёды была актуальнаю у камуністычных падпольных колах у тым сэнсе, каб яго тут у Вільні ня было.

Пачынаючы бяздарным і бязрадным Лагіновічам, праз розных "Артураў" і "Шлёмкаў" да сягоньняшніх камсамольцаў - усім хацелася Луцкевіча ня мець. І апошні факт, зьвязаны з выхадам аднаднёўкі "Народ"? Сакрэтам толькі для тых, хто нічога ня ведаець, зьяўляецца, што група камсамольцаў сканфіскавала газэту "Наша Праўда" і ня пусьцла яе на правінцыю за тое, што у ёй быў артыкул Луцкевіча, напісаны ў сымпатычных тонах для групы Янкі Станкевіча. Чуткі, якія у сувязі з гэтым хадзілі па Вільні, вельмі характарныя і не бяруся цьвярдзіць, што яны адпавядаюць праўдзе, але гэныя чуткі якраз адпавядаюць таму, што мне вядома аб Луцкевічу і аб адносінах да яго камуністых. I гэныя чуткі палягаюць на тым, што віленскія камуністыя яшчэ зусім нядаўна пастанавілі выкінуць з газэты "Наша ІІраўда" А. Луцкевіча і замяніць яго кім-небудзь іншым.

Ахвотна гэтаму веру, бо ведаю, што А. Луцкевіч заўсёды займаў нявыразную пазыцыю, заўсёды трымаўся з рэзэрваю. трымаўся неяк таямніча і сваіх праўдзівьіх замераў нікому ня выказваў, а гэта вельмі злавала камуністых і нэрвавала іх, бо кожную мінуту яны спадзяваліся ад Луцкевіча таго, што ён падложыць ім сьвіньню.

Выпадкова некалькі разоў спатыкўся я з Луцкевічам у 1924 і 1925 годзе. З размоваў з ім мне ўдавалася выясьніць толькі некаторыя рэчы, якія мяне цікавілі. Напрыклад, у справе падзелу Беларускага Пасольскага Клюбу Луцкевіч займаў выразную пазыцыю - проціў падзелу. У справе паўстаньня "Грамады" - Луцкевіч, як мне здавалася, таксама быў праціўнікам яе, і можна напэўна цьвярдзіць, што падгатоўчая праца "Грамады" вялася без яго.

Тым больш дзіўная была пазыцыя Луцкевіча пасьля паўстаньня "Грамады", сябрам якое ён ня лічыў сябе, але з якою нават публічна салідарызаваўся і гаварыў, што ідэолёгічна да "Грамады" ён вельмі блізкі. Трудна, вельмі трудна зразумець Луцкевіча, як палітыка.

Ні разу ня быў я на паседжаньнях "Грамады", ня ведаю, як выступаў на гэтых паседжаньнях Луцкевіч і якія думкі праводзіў, - мяне дзівіла толькі тое, што ён працуе ў "Грамадзе" - практычна, як журналісты і такім чынам дапамагаець ёй. Здавалася мне, што ён рабіў тое, у што ня верыў. I толькі вялікаю амбіцыяй Луцкевіча, які за ўсякую цану хацеў застацца кіраўніком у беларускім руху, можна вытлумачыць гэты кампраміс яго з сваім уласным сумленьнем і перакананьнем, альбо нейкімі плянамі у будучыні раскалоць "Грамаду", выбраўшы з яе беларускі элемэнт. Наіўная, памылковая пазыцыя, калі гэта было так.

Наагул, уся палітычная праца Луцкевіча зьяўляецца для мяне загадкаю, таксама, як і яго перакананьні. Напрыклад, ён лічыць сябе беларускім соцыяль-дэмакратам, марксістым, але, як журналісты, ён увесь час пісаў проціў соцыялістых і асабліва проціў соцыялістых польскіх. Ведама мне што беларускім паслом, асабліва тым, хто быў блізкім да яго, ня раз пападала за тое, што яны ня могуць навязаць кантакту з левымі польскімі дэмакратычнымі коламі, а у практыцы ён лаяў польскую дэмакратыю.

Вядомае, бясслаўна памёршае "Польска-Беларускае Т-ва" заснованае у 1924 г. Тарашкевічам і Астроўскім з аднаго боку і Абрамовічам і, здаецца, Крыжаноўскім, з другога боку - было заснована, бязумоўна, з багаслаўленьня Луцкевіча, пры яго маўклівай згодзе.

Яшчэ ў 1924 годзе, у сьнежні, ён намаўляў Тарашкевіча на заснаваньне легальнае, шчыра легальнае беларускае партыі ў Польшчы і, здаецца, Тарашкевіч напісаў ужо быў праграму гэнае партыі - і з гэтага нічога ня вышла не таму, што Луцкевіч гэтаму перашкодзіў, а таму, што ў Тарашкевіча заўсёды было семь пятніц на тыдні.

Шмат, вельмі шмат можна прывясьці фактаў, якія могуць пасьведчыць, што А. Луцкевіч ня ёсьць нейкі ўкрыты камуністы, а наадварот - зьяўляецца іх праціўнікам, праціўнікам "хітрым і разумным", як аб ім гаварыў Чарвякоў. I тым ня менш зусім незразумелым зьяўляецца тое, што нідзе публічна ён аб гэтым не гаварыў і ня пісаў, і наагул нідзе публічна не выступаў з пэўнаю палітычнаю дэклярацыяй наконта перакананьняў і палітычных намераў.

Яго "публіцыстыка" і яго прыватныя размовы - гэта неба і зямля, і трудна, вельмі трудна судзіць, калі ён быў шчыры, ці у прыватных размовах, ці ў сваёй пісаніне? Адным словам, калі яго характарызаваць, то можна толькі сказаць адно, што гэта нейкая вельмі таямнічая асоба.

- Масон, - часта пра яго гаварылі. Магчыма, што і так, і калі гэта так, то толькі гэтым можна вытлумачыць усе тыя супярэчнасьці, якія напаўняюць сабою ўсю палітычную работу Луцкевіча [4].

"Няхай ён здохне!..."

Пасол Баран, - гэта трагічная фігура ў беларускім руху. Трагічная таму, што амаль ня ўсе адвярнуліся ад яго тады, калі ён быў асуджаны па гэтак званаму "Беластоцкаму працэсу".

Асабіста з Бараном я ня быў знаёмы, бо прыехаў у Польшчу тады, калі ён ужо сядзеў у беластоцкай турме.

Пазьней, калі я быў арыштаваны і пасаджаны таксама ў гэтую беластоцкую турму, я бачыў яго ня раз праз вакно і падчас прагулкі. Як-бы прыціснуты нейкім цяжарам духоўнага адзіноцтва, хадзіў ён узад і ўперад па турэмным двары.

- "Жывы труп", - піша ён пра сябе сягоньня. I гэныя словы больш за ўсё гавораць аб трагічнасьці яго лёсу.

Пагаварыць з ім мне так і не ўдалося. Але пра пасла Барана маю напісаць некалькі слоў, якія могуць зацікавіць ня толькі яго, але і шырэйшыя колы грамадзянства.

Памятаю, што ў 1924 годзе, праз 2-3 месяцы пасьля прыезду майго ў Польшчу, у самым разгары мае падпольнае працы, мне прышлося адтрымаць ад некаторых беларускіх дзеячоў прапазыцыю дабівацца ў савецкага ўраду абмены пасла Барана. Мотывы былі вельмі паважныя. Напрыклад, пасол Рак-Міхайлоўскі, які больш за ўсіх клапаціўся аб Баране, гаварыў, што ён вельмі хворы, што ён ня вытрымае турэмнага рэжыму, што маці яго хоча падаваць Прэзыдэнту Рэспублікі просьбу аб памілаваньні і г.д. і г. д. Для мяне ясна было, што трэба нешта рабіць, каб уратаваць гэтага чалавека, пра якога ў Менску ад некаторых беларусаў я чуў шмат сымпатычнага.

Папераджаю, што сутнасьці яго судовае справы я ня ведаў. Ня ведаў таксама і таго, ці ён быў асуджаны за сваю антыдзяржаўную працу, за пэўныя чыны, ці проста асуджаны "налева", - бо нейкім "асобам" ён быў непатрэбны і яны хацелі яго зьесьці, як аб гэтым сягоньня ён піша ў сваім адкрытым пісьме да грамадзянства.

Перада мною тады стаяў толькі голы факт: чалавек сядзіць у турме, чалавек хворы, беларус, выбранец беларускага народу. Калі Беларускі Савецкі Урад запраўды беларускі Урад, ён мусіць выратаваць Барана і мае магчымасьць гэта зрабіць, бо абмен палітычных вязьняў паміж Польшчаю і Саветамі адбываецца досыць часта. I я пачаў націскаць усе пружыны. Я пісаў раз, другі сваім тагочасным прыяцелям у Менск, пісаў тым, якія займаюць вельмі высокія пасты, даказваў, як толькі мог, што абмен гэты патрэбен, і калі гэнага ня будзе зроблена, то будзе скандал.

Пісаў я прыватна - і адтрымаў абяцанку, што абмен будзе зроблены. Праходзіў месяц, другі. Партыя палітычных была абменена ў Стоўпцах, - а Баран пастарому заставаўся у турме.

Я наводзіў спраўкі праз сваіх знаёмых у Варшаве, ува ўсіх, у каго можна было навясьці тады мне гэныя спраўкі, - у адказ толькі абяцанка і больш нічога.

Гісторыя гэта пачынала мяне злаваць, бо я бачыў, што нейкая рука перашкаджаець.

Выведзены з цярплівасьці я, нарэшце, паставіў справу рубам. На адным з чарговых "паседжаньняў" гэтак званае экзэкутывы Ц.К. К.П.З.Б., у жніўні 1924 г., якое адбывалася ў Закрэце, я востра, ультыматыўна патрэбаваў пастановы аб абмене, бо ведаў, што офіцыяльная пастанова можа мець пэўнае значэньне.

I што-ж я пачуў у адказ на свой ультыматум? Тагочасны сэкратар Ц.К. К.П.З.Б. - нейкі "Шлёмка", які знаходзіцца сяньня ў Менску у Г.П.У. і працуе па часьці саджаньня ў вастрог усіх "podejdzanych" беларусаў, - гэты самы "правадыр" рэвалюцыйных рабочых і "крестьян" З.Б., з якімі ён ня маець нічога супольнага і на беларускай мове ня можа выгаварыць і слова - красамоўна сказаў:

- Ну, а что такое Баран? А если он для пользы партии іздохне... ну, што-ж из гэтава... Пускай сабе здыхае...

У жыцьці кожнага чалавека ёсьць такія спатканьні і моманты, якіх ён не забудзе да свае сьмерці, якія пакідаюць у душы глыбокі сьлед. У аднаго чалавека такіх момантаў больш, у другога менш. Гэта такія мінуты, калі ўся душа, уся істота чалавека пачынаець жыць поўным жыцьцём, калі сэрца б'ецца мацней і мацней, і хочацца альбо кінуцца на шыю і цалаваць, і плакаць, і радавацца, і дзякаваць жыцьцю, альбо сьціснуць сэрца і кулакі, і пакляцца на ўсё жыцьцё быць ворагам, і мсьціць бяз літасьці. Памятаю, што пасьля слоў гэтага "Шлёмкі" шалёная, трудна перадаваемая ненавісьць ахапіла мяне, і гэтага паршывага чалавечка, гэтага тыповага ката і чэкіста хацелася мне тады задушыць, замучыць самым бесчалавечным, зьверскім спосабам.

- Гэта подласьць! - крыкнуў я яму і "паседжаньне" было скончана.

Я доўга ня мог супакоіцца пасьля такое "пастановы".

Аб гэтым "Шлёмцы" мне ня раз яшчэ прыдзецца гаварыць, але вось што-ж вышла з Бараном?

Трохі пазьней мне перадавалі, што пасол Баран не абменены таму, што быццам палякі прасілі за яго ў абмен прыгаворанага да сьмерці б. польскага консуля ў Тыфлісе п. Лашкевіча і яшчэ некалькі важных палітычных вязьняў з Бутырак, і што на гэта Урад савецкі ня мог згадзіцца.

Так, прынамсі, тлумачыўся пан Баркусэвіч, б. савецкі пасол у Рызе, перад адным беларускім паслом. Ня ведаю, ці гэта так. Здаецца мне, што камуністыя тут самым бясстыдным, самым подлым спосабам ашуквалі гэтага пасла, які потым стаў "грамадаўцам" і проста вадзілі за нос беларускіх дурачкоў. Глыбока ў гэтым перакананы, бо ніколі не паверу таму, што палякі асобе Барана надавалі такое важнае значэньне.

Яшчэ пазьней, калі я ўжо знаходзіўся у беластоцкай турме і цікавіўся Бараном, - я даведаўся, што вязьні камуністыя ня зносілі асобы Барана за тое, што ён трымаўся ад іх незалежна і ня прымаў удзелу ў некаторых "камуністычных" галадоўках і авантурах, часам зусім бессэнсоўных, на што ён меў поўнае маральнае права, як сябар другое партыі, зусім некамуністычнае.

- Шовіністы, беларускі шовіністы, - гаварыў мне адзін вязень небеларускае нацыянальнасьці, стараючыся пераканаць мяне рознымі плёткамі, што Барана ня трэба шанаваць.

Адно да другога. Факт да факту. Перакананы ў тым, што камуністыя ня любілі Барана не за яго перакананьні, а за тое, што ён - Беларус і замешаны ў беларускім нацыянальным руху.

- Няхай ён здохне!... адчувалася і ў турме, бо, як мне вядома, "Мопр" нічога не пасылаў яму, і Баран у турме часта галадаваў папраўдзе. Дык ці-ж можна было думаць аб нейкім абмене, аб літасьці, аб гуманнасьці да яго? Толькі наіўныя людзі маглі мець наконта гэтага нейкія ілюзіі і да гэных наіўных магу сьмела залічыць і некаторых менскіх беларусаў, займаючых савецкія пасады.

Мяне сягоньня ўжо зусім ня дзівяць адносіны камуністых да Барана, мала мяне дзівілі гэныя адносіны і тады, калі я быў у падпольлі, але вось што мяне дзівіць, як гэта некаторыя яго беларускія калегі, якія выбраны былі разам з ім па аднаму сьпіску, разам сядзелі з ім у адным клюбе, - як гэта яны, каторыя так ратавалі за Барана і хвалілі яго, дабіваліся абмену праз мяне, праз іншых, як гэта яны так лёгка і спакойна прынялі факт адказу ў абмене і пагадзіліся з гэтым, ведаючы, што далейшае прабываньне ў турме ўзапраўды пагражае яго здароўю і жыцьцю.

"Жывы труп" - гэтыя словы ня можа выгаварыць чалавек, які маець маральнае падтрыманьне. Так можа гаварыць толькі чалавек пакінуты...

Сяньня пасол Баран робіць стараньні перагляду свае справы у Найвышэйшым Судзе Рэспублікі. Калі праўда, што гавораць, быццам яго просьбе дадзены ход, то асабіста я, які калісьці хацеў уратаваць яго, як чалавека і беларуса, ня ведаючы яго зусім, вельмі рад быў-бы, каб гэты "труп" ажыў ня толькі фізычна, але і як актыўны беларускі дзеяч. У значнай меры гэта залежыць ня толькі ад Барана, але і ад беларускага грамадзянства. Камуністыя хацелі, каб ён іздох, мы павінны хацець, каб ён жыў, бо ён - беларус.

М. Гурын.
Вільня.


Ліст у рэдакцыю [5].

Паважаны Пане Рэдактар!

Прашу не адмовіць надрукаваць у паважанай, рэдагаванай праз Вас газэце ніжэйпададзенае:

Ужо даўно да мяне даходзяць чуткі, што гэтак званныя б. грамадаўцы закідваюць мне розныя абвінавачаньні чыста маральнага характару. I вось цяпер у зьвязку з тым, што ў № 43 газэты "Наша Праўда" ад 31 жніўня г. г. у зацемцы "Клюб беларускай інтэлігэнцыі" упамінаецца мае імя, як "галоўнага сьведкі абвінавачаньня у справе грамадаўскіх паслоў", - маю гонар заявіць, што у сучасны момант апрацоўваю і у хуткім часе падам да публічнага ведама праз друк падрабязны адказ на ўсе тыя закіды, якія робяцца мне з боку "Грамады".

Па высьвятленьні ўсяе мае асабістае справы гатоў стаць перад грамадзкім судом з умоваю, што судзьямі будуць людзі бязстаронныя, прыхільнікі ідэі незалежнасьці Беларусі, ў ліку якіх павінна быць ня менш палавіны беларусаў, карыстаючыхся агульным давер'ем і пашанаю і што суд гэты адбудзецца ў любым пункце зямное кулі, апрача СССР.

З другога боку, апрача суда нада мною, буду дабівацца так сама грамадзкага суда над некаторымі цэнтральнымі фігурамі "Грамады", проціў якіх маю цяжкія закіды здрады Беларускаму Народу і антымаральных паступкаў у адносінах да іначай, як яны думаючых беларусаў.

З пашанаю М. Гурын.

Вільня, 7-Х. 1927.

Пісьмо ў рэдакцыю [6].

У № 9 "Нашае Працы" ад 29.Х.1927 г. у артыкуле: "Беларуская Радыкальная Народная Партыя", у канцы яго было выдрукавана: "над усім зорка блішчалі вочы вядомага правакатара Гурына". У зьвязку з гэтымі словамі, якія абражаюць мяне, як чалавека, абражаюць зусім безпадстаўна, заяўляю, што перадаю справу ў польскі суд. Адначасна з гэтым, прашу шаноўнага рэдактара ў мэтах высьвятленьня сутнасьці рэчы, надрукаваць ніжэйнаступнае:

Пэўныя палітычныя колы, моцна зьвязаныя і запрадаўшыя сваё сумленьне і свае перакананьні за чырвонцы, ніяк ня могуць дараваць мне таго, што ў свой час, яшчэ ў канцы 1924 г. я адмовіўся выконваць іх загады, кінуў ім у твар гэтыя чырвонцы і парваў з імі, лічачы іх найбольш шкоднымі ворагамі беларускага народу. Не зьвяртаючы увагі на "прыказы" пакінуць край, пагарджаючы іх пагрозамі, я застаўся ў Вільні, каб распачаць барацьбу з магільшчыкамі беларускае незалежніцкае ідэі. Я змагаўся з імі, як умеў і як мог, бо бачыў, што маскоўская агентура зьяўляецца галоўным дэморалізатарам беларускага нацыянальнага руху, які яна хоча раскалоць і разьбіць на нічога нязначачыя групкі.

Нажаль, чырвонцы і даляры аказаліся мацнейшымі - і свой першы бой з падпольнымі маскоўскімі агентамі я праграў.

За мною ў падпольлі, калі я стаў на чале гэнага руху, пайшла толькі невялічкая групка беларусаў, ды і тая хісталася і ня вытрымлівала інтрыгаў і пагрозаў з бальшавіцкага боку. Ня маючы сілаў змагарніцкіх. частка маіх аднадумцаў злажыла аружжа. Констатую, што першая спроба ў 1925 г. пакіраваць беларускі рэвалюцыйны рух на незалежніцкую дарогу і проціў маскоўскага імпэрыялізму і дэспотыі не ўдалася, і ў гэтым вінаваты былі ня столькі памылкі нашае невялікае групы, сколькі об'ектыўныя абставіны.

Урэшце, па даносу камуністаў з Беластоку я быў арыштованы і пасаджаны ў беластоцкую турму. Мае ворагі, з якімі я змагаўся, хацелі б, каб я засьпяваў ім дыфірамбы. Трудна, на гэта я пайсьці ня мог, бо гэта было-б і проціў майго сумленьня і проціў маіх перакананьняў і сьведчыла-б аб адсутнасьці мужнасьці і адвагі.

Але, ня гледзячы на тое, што я быў арыштованы па даносу камуністаў (чл. Ц.К. К.П.З.Б. Богдака і іншых), якія далі польскай палітычнай паліцыі матар'ялы да раскансьпіраваньня мае асобы, маё захаваньне падчас сьледзтва, як у паліцыі, так і ў судзе, не выклікала за сабою а ніводнага арышту, чаго далёка не магу сказаць аб камуністых, якія сыпалі і сваіх і чужых, і направа, і налева. Толькі на шостым месяцы майго сядзеньня ў турме, калі дзякуючы розным праўдзівым правакатарам, якімі так багата КПЗБ, быў вылаўлены амаль ня ўвесь ЦК КПЗБ на чале в Артурам і Мэртэнсам, з якімі больш году ня меў нічога супольнага - і ў консьпірацыйныя сакрэты якіх ня мог быць утаямнічаны, - пазволіў я сабе разьвязаць язык і паставіць справу маю перад судом так, як яна ёсьць у сапраўднасьці. Я заявіў, што даўно парваў а маскоўскаю агентураю, змагаўся з ёю дзесяць месяцаў у падпольлі, як са шкоднаю зьяваю, адным словам, закамунікаваў суду тое, што лічыў патрэбным і падпісаў аб гэтым заяву на імя беластоцкага пракурора. Урэшце, пасьля маёвага перавароту, 8 чэрвеня я быў звольнены з прэвэнцыйнага арышту. Спробу камуністых зрабіць з мяне нейкага правакатара лічу проста сьмешнаю, бо ніколі ня быў ім і ў сваім жыцьці ніводнага дня не працаваў на два бакі, хоць і перажыў здраду адносна свае асобы з боку камуністаў і з боку аднаго вельмі вядомага беларуса, які расьцілаючыся перада мною ў сымпатыях, хацеў ашуканчым спосабам выдаць мяне ў ГПУ.

Я рваў з камуністамі - гэта так! Можа спачатку і не здаваў сабе добра справы, што моцна рву - і нарэшце парваў. I гэта я рабіў зусім шчыра, не хаваючыся ад іх і ні ад каго, хто мяне знаець. Тарашкевічу аб гэтым больш вядома, чымся іншым, бо перад самым зрывам, у сьнежні 1924 году, прапанаваў яму заснаваць у Польшчы шчырую, легальную радыкальную беларускую групу, у якую выказаў сваю згоду ўступіць - групу, якая б ня мела нічога супольнага з Масквою і камунізмам, групу чыста нацыянальную.

Але як-бы там ні было, я парваў з камуністамі ў канцы 1924 году - і гэта ашарашыла і іх і менскіх беларусаў. Толькі праз два месяцы на III зьезьдзе КПП, куды я не паехаў, хоць мяне і клікалі, я быў выключаны са сьпіску агентаў Комінтэрну і адначасна з гэтым ня толькі ў менскіх газэтах, але і ў "Правде", пачалася проціў мяне і іншых кампанія - і нават здаецца была выдана спэцыяльная адозва Выканаўчага Камітэту гэтага Камінтэрну да рабочых і сялян Заходняе Беларусі, заклікаючая іх ня слухаць "самазванцаў" і "раскольнікаў".

Далей "Грамада", фальшывая, двулічная "Грамада", ярым праціўнікам якое я быў, бо лічыў, што гэтая "Грамада" зьяўляецца масавай правакацыяй з мэтаю запакаваць нашымі сялянамі польскія турмы.

Ці-ж не спраўдзіліся мае прароцтвы? Трудна. Выкліканы, як адзін са сьведкаў у справе "Грамады" і гэтак знанае "Незалежнае Хлопскае Партыі" Ваявудзкага, дыфірамбаў ёй я таксама сьпяваць ня мог. Як ні шкадаваў я асабіста некаторых асоб з "Грамады", як напрыклад Мятлы, Рак-Міхайлоўскага і іншых, як ні балела сэрца, - аднак мусіў мець цывільную адвагу высказаць свой пагляд на сутнасьць "грамадаўшчыны", якую лічу шкоднаю перад усім для адраджэньня Беларусі. Ні ад каго гэтага ня крыў і ня крыю.

I я пытаюся ў маіх "пракурораў" з б. "Грамады", ці ёсьць правакацыяй тое, што чалавек, праціўнік арганізацыі з самага пачатку, чалавек, які сядзеў у турме, калі "Грамада" закладалася, чалавек, які ня быў ні на адным паседжаньні ня толькі ЦК "Грамады", але і самага апошняга вясковага гуртка, чалавек, які ніразу і ніколі ня прыкідваўся яе прыхільнікам, а наадварот - перасьцерагаў, ці маець хто права сказаць, што гэты чалавек правакатар, калі ён адкрыта, як у друку, так сама і перад судом выказвае свой пагляд. Маеце права назваць мяне сваім ворагам, нават ворагам у квадраце, якога трэба, з вашага пункту гледжаньня, забіць, зьніштожыць. Калі ласка, кажу я вам, - я ваш вораг! Прызнаюся ў гэтым ня толькі перад вамі, ступіўшымі на гіблы шлях, але і перад усім грамадзянствам. Вораг ваш таму, што вы пусьцілі ў свае рады розных прахадзімцаў і палітычных спэкулянтаў, вораг таму ваш, што на кожным кроку вы фальшывілі і ашуквалі народ, вораг ваш таму, што вы здрадзілі незалежніцкую ідэю беларускага руху і танна, вельмі танна прадалі яе на дзевятым годзе праслаўляемай вамі бальшавіцкай дэспотыі, дзе беларускі селянін ня маець ніякіх палітычных правоў і згодна прызнаньню самога Чарвякова носіць боты толькі ў вялікае сьвята.

Сьляпыя! - вы хочаце зрабіць сьляпцом і беларускі народ.

Не багослаўляць ён будзе вас, а праклінаць, бо вы кінулі яго ў прорву няшчасьцяў і сьлёз матчыных - заместа таго, каб пякіраваць на шлях адраджэньня і працы. На кожным кроку ляпечаце вы аб тым, што народ наш дзеліцца на варожыя клясы і павінен грызьціся паміж сабою, гаворыце, што хочаце злучыць Беларусь, а займаецеся тым, што ўсё і ўсюды беларускае дзеліце.

Так, вораг я ваш, але хацеў-бы, як беларус, ад усяе мае душы і гарачага сэрца, каб усе вы зразумелі, што ідзеце вы ня шляхам жыцьця, а шляхам сьмерці і не ў краіну сьветлае яснае будучыны, а ў краіну сьмерці вядзеце беларускі народ.

Іншыя газэты прашу перадрукаваць.

Вільня, 3.ХІ.27. М. Гурын.

Забойства М. Гурына [7].

У пятніцу 16 сакавіка, каля 11 гадзіны ўночы ў кавярні Тамашэвіча ў Вільні на Ягелонскай вул. ад кулі забойцы згінуў беларус, б. супрацоўнік "Беларускага Дня" Міхал Гурын.

Гэта ўжо другі раз стралялі да Гурына, першы замах улетку 1927 г., які меў месца ў Горадне, свае мэты не асягнуў - Гурын вылячыўся ад ран і пражыў яшчэ 1½ года.

З сумам і ў цяжкім настроі пішам гэтыя радкі. Як-бы не глядзець на асобу і дзейнасьць забітага, да якой-бы орыентацыі не належаць - адно мусіць прызнаць кожны беларус, што нейкія цёмныя сілы зацягнулі свае сеці над нашым жыцьцём, атруцілі яго бег і руйнуюць усе праявы асабістага, грамадзкага, культурнага і палітычнага беларускага жыцьця, марнуюць тое невялічкае нашае багацьце, якое маем, з радоў сьвядомых грамадзян, культурных работнікаў, вырываюць людзей і кідаюць іх у ахвяру таму чорнаму злому і антыграмадзкаму богу, які выслаў на нашую зямлю гэтыя цёмныя сілы.

Міхал Гурын - гэта такая ахвяра беларускага руху. Яшчэ не пара даць об'ектыўную ацэнку ягонае дзейнасьці, яшчэ занадта востра адчуваюцца галасы проці гэтае дзейнасьці і за яе прамаўляючыя, яшчэ чутны гук стрэлаў забойцы Гурына і сьвежая магільная зямля, дзе знайшла спакой гэтая ахвяра беларускага руху.

Адно можна сказаць - ува усіх беларусаў павінна заварушыцца сумленьне і вырваць з душы й сэрца крык протэсту і роспачы проціў тых цёмных сілаў, якія ўлажылі аружжа ў рукі забойцы, папхнулі яго да расправы з чужым, мо' нязнаным для яго чалавекам, вырваўшы з ягонага сэрца ўсё людзкое, вырвалі і самога забойцу з радоў жыцьцёвага, штодзённага змаганьня за праўду і долю шляхамі людзкое барацьбы, а ня зьверскае расправы.

Мы ня ведаем, ці забойца ёсьць беларусам, калі-ж так, то вывад з трагічнага морду яшчэ цяжэй, яшчэ сільней кладзе жах і сум на душу кожнага беларуса.

Міхал Гурын паявіўся ў радох беларускіх працаўнікоў пасьля вайны. Быў сябрам Камуністычнае Партыі і рэдактарам "Савецкай Беларусі" і, здольны публіцыстык відаць карыстаўся, поўным давер'ем камуністычных вярхоў, і яго як камуністага беларуса партыя выслала на нелегальную работу ў Заходнюю Беларусь.

Тут ён зьяўляўся відным працаўніком III інтэрнацыяналу, належаў да Цэнтральнага Камітэту КПЗБ і блізка быў знаёмы з мэтодамі працы камуністых на беларускіх землях. Але адно трэба сьцьвярдзіць, што Гурын быў заўсёды беларусам. Гэтая беларуская нацыянальная сьвядомасьць пакіравала ім, калі ў 1924 г. ён з другімі сябрамі падпольнае нелегальнае арганізацыі парывае з загадамі маскоўскага камуністычнага цэнтру і ўтварае групу сэцэсыяністых у радах КПЗБ. У свой час беларуская прэса прывітала сэцэсію ў КПЗБ, як пашырэньне беларускага нацыянальнага фронту. Сэцэсыяністыя з КПЗБ выхадам з яе запратэставалі проціў антыбеларускага характару дзейнасьці правадыроў камуністычнае нелегальнае работы на беларускіх землях. Гэты паступак Гурына сьведчыць аб яго адвазе і шчырасьці беларускага самасазнаньня. Ужо талы ён добра ведаў, што III-ці інтэрнацыянал, проціў загадаў якога выступіў Гурын, будзе старацца зьнішчыць яго. Мы ведаем, што менскія беларусы моральна і матар'яльна падтрымалі Гурына, як сэцэсыяністага, няздольныя там у Радавай Беларусі на гэткі крок. Аднак сэцэсія КПЗБ, пакіненая без дапамогі, не магла ўстаяць проціў націску справа і зьлева. Гурын апынуўся ў турме. I там той працэс, які пачаўся яшчэ задоўга перад арыштам, разьвіўся ў душы Гурына да канца. Ён ясна здаў сабе справу, што камуністычная. інтэрнацыянальная работа на беларускіх землях нішчыць малады і чысты беларускі рух у варунках палітычнага жыцьця пад Польшчай. Гэта было найглыбейшым перакананьнем Гурына.

Вышаўшы з турмы, Гурын шукае шляхоў як-бы зьвязаць беларускую работу з легальным дэмакратычным рухам у Польшчы. Ён носіцца з проектамі арганізацыі беларускае соцыялістычнае партыі, зьвязанае таварыскімі адносінамі з Польскай Соцыялістычнай партыяй. На шляху да гэтага творыць разам з беларускай групай эсэраў соцыялістычную групу. Пасьля паўстаньня "Беларускага Дня", супрацоўнічае ў ім аж да пачатку працэсу "Грамады". У сувязі з паказаньнем сьведкі Ясінскага, які выставіў Гурына ў ролі інфарматара аб дзейнасьці "Грамады" задоўга да яе ліквідацыі, сам Гурын адыходзіць ад супрацоўніцтва ў "Бел. Дні".

Урэшце, 16 сакавіка падае ад кулі забойцы. Забойства аплятае цэлая сець загадкаў і легэндаў. Сьледзтва і суд выясьняць праўдзівае падложжа забойства.

Адно пэўнае, што забіты Гурын унёс у магілу выясьненьне свайго ўдзелу ў раскансьпіраваньні "Грамады", бо толькі ў красавіку меў стануць перад людзкім судом. Лёс яго паклікаў хутчэй перад вочы Найвышэйшага Суда.

А так сама пэўна тое, што тая цёмная сіла, якая пакіравала рукой забойцы, не пазволіла Гурыну выясьніць сваіх адносін да працэсу "Грамады" і да пасаджаных на лаве абвінавачаньня.

Відаць, гэтая сіла баялася выяўленьня праўды, у сьвятле якой мо' развеяўся-б орэоль камуністычных дабрадзействаў для беларускага народу.

Гэтая-ж цёмная сіла абцяжыла палажэньне падсудных, а ёй толькі аб тое і ходзіць, каб мець магчымасьць крычаць аб "тэроры" ў Польшчы.

* * *

Шмат якія газэты зьвязваюць забойства М. Гурына з працэсам Грамады. Паміж іншымі, "Kurjer Wileński" з дня 21 сакавіка піша: "У працэсе "Грамады" Гурын меў быць дапрошаны ў красавіку. Яго паказаньні, надта абвінавачваючыя грамадаўцаў, маюць вялікае значэньне для справы, дзеля гэтага, людзі, каторыя жадалі апраўданьня грамадаўцаў, былі вельмі зацікаўлены ў тым, каб ня даць Гурыну магчымасьці паказваць перад судом".

Згаджаючыся з тым, што забойства Гурына знаходзіцца ў арганічнай сувязі з працэсам Грамады, лічым адначасна вялікай памылкай пагляд, быццам забойца быў аружжам у руках людзей, каторыя рупіліся аб апраўданьні падсудных ў справе Грамады, альбо аб стварэньні варункаў для магчыма лёгкага прыгавару.

Нам невядома, якія паказаньні даваў на сьледзтве нябожчык М. Гурын. Але калі праўда тое, што ён зьяўляецца галоўным сьведкай пракуратуры ў гэтай справе, то паказаньні яго недзе запісаны чорным на белым і факт забойства яго ня толькі гэных паказаньняў яго ня выкрэсьлівае, але наадварот - можа надаць ім павагу амаль ня бясспрэчнай праўды. I калі паказаньні яго сапраўды зьяўляюцца гэтак цяжкімі для падсудных, то ўзмацаваньне іх не магло ляжаць у інтарэсах абароны. Якая цёмная сіла кіравала рукою забойцы - сьледзтва павінна выявіць; адно толькі можна цяпер сказаць напэўна, што забойства М. Гурына не магло мець на мэце стварэньня варункаў для апраўданьня падсудных у справе Грамады.



[1] М. Гурын. З недалёкага мінулага // Беларускі дзень №27, 22 верасня 1927 г.; №28, 29 верасня 1927 г.; №29, 7 кастрычніка 1927 г.; №31, 22 кастрычніка 1927 г.; №33, 5 лістапада 1927 г.

[2] Гурын-Маразоўскі Міхаіл Іванавіч. [падпольныя псеўданімы: Стах; Ян; 19.11.1891, в. Ярэмічы Навагрудскага пав. Мінскай губ., цяпер Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл. - 16.3.1928, Вільня], паліт. дзеяч, журналіст. У 1912 скончыў Пскоўскі настаўніцкі інстытут; настаўнічаў. У 1-ю сусветную вайну мабілізаваны ў царскую армію; прапаршчык кавалерыі. Далучыўся да эсэраў. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Чырвонай Арміі; вучыўся ў Акадэміі Генштаба. З 1920 у Беларусі. Уваходзіў у Беларускую камуністычную арганізацыю, якая ў жн. 1920 улілася ў КП(б)Б. З 1921 рэдактар газ. «Белорусская деревня» і «Савецкая Беларусь». У вер. 1921 за крытыку Галоўпалітасветы БССР Бюро ЦК КП(б)Б пазбавіла яго на 6 месяцаў права абірацца на кіраўнічыя пасады. 28.2.1924 пасланы на падпольную работу ў Зах. Беларусь. Узяў курс на падрыхтоўку ў Зах. Беларусі ўзброенага паўстання і далучэння да БССР. Гэта выклікала раскол у КПЗБ («Сэцэсія»). 7.1.1925 на закрытым пасяджэнні Бюро ЦК КП(б)Б ліквідавала Замежнае бюро ЦК КП(б)Б і прапанавала Г.-М. вярнуцца ў БССР. Г.-М. адмовіўся гэта зрабіць; выйшаў з КПЗБ і разам з Л.Родзевічам арганізаваў у Вільні падпольную друкарню, пачаў выпускаць газ. «Чырвоны сцяг». Польскія ўлады арыштавалі Г.-М. На «працэсе 56-і» над лідэрамі БСРГ ён даў паказанні супраць Б.Тарашкевіча і С.Рак-Міхайлоўскага. У канцы 1927 у газ. «Беларускі дзень» пачаў друкаваць успаміны «З недалёкага мінулага». Але скончыць іх не паспеў, бо быў застрэлены С.Клінцэвічам і А.Капуцкім. Рашэнне аб ліквідацыі Г.-М. прыняло ЦК КПЗБ. - Гл: Маракоў Леанід. Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991 ( http://www.marakou.by/by/davedniki/represavanyya-litaratary/tom-i?id=19403)

[3] Гэта частка ўспамінаў надрукавана пасля арышту А. Луцкевіча па справе "Грамады". Падчас разгляду справы Луцкевіча на судовым працэсе, адвакаты звярнулі ўвагу суду на гэтыя успаміны Гурына пра Луцкевіча, пасля чаго ўспаміны былі далучаны да судовай справы. Па выніках судовага разбіральніцтва па справе "Грамады" А. Луцкевіч быў апраўданы. Адразу пасля яго арышту газета "Беларускі дзень" пад №30 ад 15 кастрычніка 1927 г. пісала: "Арышт Антона Луцкевіча. 12.Х. пасьля вобыску арыштавалі ў Вільні вядомага беларускага нацыянальнага дзеяча Антона Луцкевіча. Польскія газэты падаюць, што гэты арышт зьвязаны з прыналежнасьцяй Луцкевіча да Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, у якой Луцкевіч быццам адыгрываў кіраўнічую ролю, што зьяўляецца няпраўдаю, бо Луцкевіч у свой час публічна заявіў у “Przeglądzie Wileńskin”, што ён сябрам “Грамады” не зьяўляецца. Вядома нам, што ў свой час Луцкевіч быў праціўнікам падзелу Беларускага Пасольскага Клюбу на клюб грамадаўскі і клюб Ярэміча, быў таксама праціўнікам залажэньня “Грамады” ў той форме, ў якой ява паўстала з мотываў чыста нацыянальна-незалежніцкіх. Напэўна яго арышт зьвязаны з тым, што ён, як журналісты, працаваў у грамадаўскіх газэтах, адказнасьці за напрамак якіх, зразумела, ён нясьці ня можа. Луцкевіч належыць да найстарэйшых беларускіх адраджэнцаў, зьяўляецца выдатным культурным і навуковым працаўніком на ніве беларускага адраджэньня, аўторам вельмі талентных крытычных артыкулаў аб беларускай літэратуры, адным з арганізатараў беларускае гімназіі ў Вільні і музэю. Арышт яго значна падарвець культурную беларускую працу, і адбіўся прыкрым рэхам сярод беларускай інтэлігэнцыі, якая бяз розьніцы палітычных перакананьняў, шануець Луцкевіча. як выдатную беларускую, інтэлектуальную сілу". - Л.Л.

[4] А. Луцкевіч і насамрэч быў масонам. - Л.Л.

[5] Беларускі дзень №25, 7 верасня 1927 г.

[6]Беларускі дзень №33, 5 лістапада 1927 г.

[7] Беларускі дзень №11(51), 25 сакавіка 1928 г.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX