Вярнуцца: Заходняя Беларусь

Уражаньні з Дзісеншчыны


Аўтар: Шкялёнак Мікалай,
Дадана: 09-04-2017,
Крыніца: Шкялёнак Мікалай. Уражаньні з Дзісеншчыны // Беларускі Фронт №9, Вільня, 5 верасьня 1938 г; №10, .. верасьня 1938 г.



Часамі прыходзіцца чуць, што гон жыцьця беларускае вёскі дужа памальны. Гэта правільна, але ня зусім. Калі да сусьветнай вайны беларуская вёска доўга тапталася на месцы, пакуль рабіла якісь крок наперад, дык сяньня можна з пэўнасьцю цьвярдзіць, што жыцьцё вёскі разьвіваецца прышпараным тэмпам. І таму мыляўся-б той, хто хацеўбы сяньня свае высновы аб беларускай вёсцы апіраць на даваенным зь ёй знаёмстве, а нават на знаёмасьці яе прад некалькі гадамі. Счэзла паваенная на ўсе апатычная беларуская вёска! Сусьветная вайна, расейская рэвалюцыя, балячкі цяперашняга часу, відаць, моцна ўскалыхнулі яе нутром і ўцягнулі вёску ў кругабег грамадзкага і палітычнага жыцьця, з якога яна ўжо ня хоча выхадзіць!

У правільнасьці гэтых думак я пераканаўся, адведаўшы сёлета сваю родную Дзісеншчыну, дзе ня быў ужо восем гадоў. Перш-наперш кідаецца тут у вочы зьмена формы гаспадаркі. Даўнейшыя сёлы замяніліся масова хутарамі. Камасацыя зрабіла тут вялікія поступы. Па абодва бакі 70-кілямэтровага гасьцінцу з Глыбокага ў Дзісну раскіданы амаль выключна хутары, а яшчэ дваццаць год назад хутары былі тут рэдкасьцю. Хутарскія хаткі раскіданы даволі густа, што сьведчыць аб зямельнай цеснаце. Глеба Дзісеншчыны даволі добрая (ёсьць аднак шмат імшараў) і ў гэтым годзе ўраджай ўдаўся. Агульна гавораць, што гаспадарыць на хутары куды лепш, як у вёсцы, але, зразумела, калі хутар не ёсць "карлаватым", бо калі няма зямлі, дык і на хутары не нагаспадарыш! А хутары драбняцца дужа шпарка. Сямейныя падзелы давялі да таго, што гаспадарка з 2-3 гэктараў робіцца ўсё больш тыповай на гэтым абшары. Прырэзкі зямлі ніскуль, а купіць няма грошай.

Значныя поступы зрабіла садаводцтва: часта спатыкаюцца каля хатаў маладыя садкі. Шмат якія гаспадары садзяць нават памідоры і суніцы, якія прадаюць і гэткім чынам здабываюць улетку пару залатовак на патрэбы. З хатняе жывёлы на хутарах значна зьменшаецца колькасьць авечак, гаспадары кажуць, што развадзіць іх на хутары клапатліва. Даволі часта пры хутарскіх хатах тарчаць высокія жэрдкі з нацягнутым дротам. Гэта - радыё, амаль выключна дэтэфоны, купленыя на пошце або мясцовай канструкцыі. Ёсьць, аднак, гаспадары, што маюць апараты на "лямпачках". Ня гледзячы на вялікае здрабненьне гаспадарак і цяжкое матэрыяльнае палажэньне, эстэтычнае пачуцьцё мясцовага беларуса зрабіла вялікія поступы. Гадка пабеленыя з вонку хаты ў нутры даволі чыстыя. Стол засьцілаецца настольнікам нават у будзённы дзень, дзяўчата гадуюць вазоны, часам даволі дарагія, як фікусы, алеандры і інш., якія здабылі раўнапраўе з тутэйшымі як кажуць "базылямі". На сьцянах вісяць фатаграфіі ня раз зусім чужых для сям'і людзей - от, абы вісела! На мух купляюць лепкі, а некаторыя гаспадары ўстаўляюць у вокны сеткі, якія памагаюць і ад камароў. Ня рэдка можна спаткаць у вокнах баконкі (фортачкі), якія дазваляюць праветрываць хаты зімой. Падлогі мыюцца не як раней ад Вялікадня да Вялікадня, але прынамся раз у месяц.

Нічога падобнага ня было тут да вайны. Маладзейшыя кажуць, што старыкі яшчэ і цяпер вурчаць на ўсе гэтыя навіны. Старыкі-ж агульна цьвярдзяць: "цяпер ня той сьвет, ня тыя людзі", хоць зь іх слоў ня відаць, каб яны адноісіліся да перамен ад'ёмна. Гэты працэс нязвычайна скамплікаваны, але ён адбываецца на нашых вачох, прычым фэрмэнтацыя праходзіць даволі буйна. Праўда, тутэйшы беларус і найдалей астаецца вялікім рэалістам і матэрыялістам. Прыймае толькі тое, у чым бачыць карысьць; зьявішчы, што праходзяць перад яго вачмі, ацэньвае паводле іхняга рэчаістага значэньня, якое адгадывае наагул правільна, зрух у яго душы настаў. Гэта ўжо не даўнейшы "беларускі мужык".

Дзе карані гэтага зруху, у чым яго сэнс?

Мне здаецца, што тут адбываецца працэс скідання астачаў прыгоншчыны, вызваленьне псыхікі з нявольніцкага спосабу думаньня. Гэта асабліва наглядаецца між моладзьдзю. У яе нарадзілася буйная рахманасьць. Праўда, гэтая рахманасьць кіруецца часта ў дрэнны бок і выяўляецца напрыклад у бойках на вечарынках, непашане бацькоў і інш., але яна мае і добрыя староны і апошнія, здаецца, пераважаюць. Перш-на-перш моладзь чуе цану сабе, прызнае сябе роўнаю з усімі іншымі. З гутарак з маладзейшымі відаць было напр. ясна, што яны ня лічаць сябе асобамі горшай крыві ад пана, ксяндза, папа, настаўніка, а калі іх зачэпяць, дык шапкі ня здымуць і за сябе пастаяць могуць. Дрэнныя праявы гэтага працэсу ня можна разглядаць як доказы "зьдзічэньня" тутэйшай моладзі, а значыцца пераходу ад нечага лепшага да горшага, а толькі як ад'ёмныя бакі агульна-карыснага зьявішча г.зн. нараджэньне вольнае ад прыгоньніцтва душы беларускае моладзі. Калі ў катле варыцца, накіп заўсёды бывае і яго трэба зьняць, а не выварочваць усяго з катла. Гэта новая псыхіка моладзі будзе ўдзячнай глебай для беларушчыны, на якой яна зможа масава і буйна ўзрасьці. Доказаў гэтага кінулася ў вочы шмат. Успомню некаторыя. Перш-на-перш спасьцярагаецца зьмена ў вадношаньні да беларускае мовы. Пабеларуску тут гаварылі заўсёды. Але калі да вайны наагул, а старыкі часта і цяпер, лічылі беларускую мову "простай" і ахвотна бачылі, калі іхнія дзеці навучаліся гаварыць папанску (г. зн. парасейску, або папольску), моладзь адносіцца да сваей мовы інакш. Яна ўжывае яе зусім сьведама як сваю і ня лічыць ані ня горшай ад іншых - польскай або расейскай. Моладзь гаворыць папольску ў урадах, з вучыцелем або з паліцыянтам - "каб хутчэй дабіцца патрэбнага і не дражніць", як кажуць, але між сабой гавора толькі пабеларуску і з поўнай сьведамасьцю сьмяецца з тых, што прабуюць гаварыць папольску або парасейску.

У ваднэй вёсцы напр. селянін ажаніўся з маскоўкай, будучы дзесь работнікам каля Пецярбурга. Вось-жа гэтая жанчына з сваей напалову маскоўскай гаворкай зьяўляецца аб'ектам бязупынных насьмешак, асабліва на таварыскіх вечарынках, г. зв. складчынах, што надта ўвайшлі ў моду (гэтыя вечарынкі ладзіць ня толькі моладзь, але і жанатыя) за складкі, якія ўносяцца грашмі або прадуктамі; адбываюцца яны на якоесь сьвята, напр. Міколу - тады завецца "мікольшчынай", Купалу - "купальшчынай". Асабліва "сьмешныя" і часта паўтараныя чужыя словы служаць мянюшкамі для таго, хто іх ужывае, напр. гавораць: "Значит" ужо жнець (гавора "значит" заместа "значыцца"), "Мол" паехаў у горад (ужывае расейскае слоўца "мол"), "Іжэля" захварэў (ужывае польскае слова "jeżeli"). Носьбіты гэтых мянюшак - людзі старэйшыя. Гэта ёсьць свайго роду змаганьне за чысьціню беларускае мовы. І сапраўды, мова гэта ў моладзі нязвычайна чыстая, а пануе яна безконкурэнцыйна на вёсках, хутарах, хвальварках (асабліва дзе собсьнікі праваслаўныя), мястэчках і нават у згалелага дзісенскага мяшчанства, якое часта спатыкаецца з вёскай, наймаючыся на рожныя працы. Дзеці асаднікаў, якіх тут шмат, ведаюць беларускую мову. Змаганьне з беларускай мовай тут ёсьць толькі "marzenie ściętej głowy".

Наглядаецца такжа наварот да беларускай песьні. Зразумела іх не пяюць без дай-прычыны. Але калі ёсьць аказія, напр. хрэсьбіны, купальле, пачатак жніва, дажынкі, вясельле і г. д. песень пяецца нязвычайна многа. Пяюць ня толькі старыя жанчыны, але вялікі ўдзел прыймае моладзь. Нават дзесяцігадовыя школьнікі ўмеюць многа песьняў. Гурба дзяцей, якім я паказаў як рабіць "гімнастыку", даведаўшыся, з майго пытаньня, што я ня ведаю, якую песьню пяюць жнеі ў полі і хочучы хоць у гэтым даказаць і сваю перавагу, гуртам пачалі мне тлумачыць, пяяць, расказваць, калі якая песьня пяецца, хто найлепш у вёсцы і ваколіцы пяець, прычым свае выясьненьні пацьвярджалі прыкладамі, заводзячы тую ці іншую песьню. Здараецца, што хтось запяе ў вадзіночку польскую песьню, якой навучыўся ў школе, але гэта зьявішча ня мае глыбейшых каранёў. Счэзаюць расейскія песьні, як "Последний нонешний денечек", "Солнце всходит и заходит" і іншыя, гэтак распаўсюджаныя тут да вайны і беспасрэдна па вайне.

Усё больш шырыцца лявоніха, хоць яшчэ далёка да таго, каб яна зрабілася агульным танцам, але шмат дзе вечарынкі пачынаюць і канчаюць лявоніхай. Танцуюць яе з фігурамі. Затое куды больш умеюць яе пяяць. Да гэтага шмат спрычыніліся пліты Забэйды-Суміцкага. У ваднэй вёсцы мне расказвалі, што калі хтось дастаў пліту з Лявоніхай, слухаць яе сабралася ўся вёска ад малога да вялікага. Старыкі плакалі, чуючы гэту сваю песьню ў гэтак мастацкім выкананьні. Маладыя зарэагавалі ў той спосаб, што зараз-жа навучыліся яе на памяць. Пліта ў працягу пару тыдняў не гадзілася да ўжытку. Наагул грамафоны і патэфоны спатыкаюцца тут часта. За плітамі Суміцкага ганяюцца, або іх чулі, але наракаюць, што трудна дастаць. Адзіная жыдоўская крама ў Дзісьне, як казалі, заказы спаўняе надта кепска. Цікава было-б даведацца, ці няма тут якойсь перашколы… Некаторыя, будучы ў Вільні, шукалі па крамах гэтых плітаў, але не знайшлі. Магчыма, ня ведалі дзе прадаюцца. Пажадана, каб бел. прэса зьвярнула на гэта большую ўвагу і падавала адрасы, дзе можна іх купіць, бо пліты Суміцкага на вёсцы маюць каласальнае значэньне.

Усё больш здабывае тут належнае сабе месца беларускі каляндар, пераважна адрыўны. Між праваслаўнымі ён выцясьняе расейскі. Апрача таго, што ён беларускі, агульна кажуць, што ён куды багацейшы і цікавейшы. Але і тут прадажа наладжана кепска. З Вільні яго ніхто ня выпісвае, можа адзінкі, а купляюць у перакупшчыкаў. Адносна цаны на яго, дык напр. летась у лістападзе і сьнежні плацілі каля Дзісны аж па 1,90 зл., (тады як у Вільні каштаваў - 50 гр.), а расейскі і польскія на вёсцы каштавалі па 40-50 гр. І ўсё ж куплялі беларускія! Пры наладжаньні прадажы і асабліва цаны, беларускі каляндар тут між праваслаўным насельніцтвам мае пэўныя шансы ў найбліжшым часе выціснуць усе іншыя. Аб карыснасьці гэтага зьявішча гаварыць ня прыходзіцца.

Моладзь ня чытае тут ані польскае ані расейскае літэратуры. Спатыкаюцца толькі ў гэтых мовах кніжкі практычнага характару - аб садоўніцтве, пчалярстве, земляробстве і ім падобныя. Адзінкі, якія маюць сякую гэткую бібліятэку беларускую спатыкаюцца, але рэдка. Ад іх пазычаюць іншыя. Можа нястача беларускае бытавое літэратуры, а можа жаданьне выліць на паперу свае думкі праз мясцовых "пісьменьнікаў" якім недзе друкавацца, парадзілі тут сваю бытавую "літэратуру" ў вершаванай хворме. Мне ў некалькіх мясцох прышлося сустрэцца з гэткай літэратурай. Гэта даўжэзныя вершаваныя паэмы, апісваючыя якоесь здарэньне, усім ведамае ў дадзенай ваколіцы. Здарэньне - гэта якісь цікавы выпадак з чыйгось жыцьця. Апісваецца выпадак з боку гумарыстычнага, хоць часам ён зусім не дае асноў да гэткага адношаньня. Адну падобную "паэму" я перапісаў. Аўтары іх хаваюць свае прозьвішчы. Псыхолёгічна "паэмы" стаяць нішто, але вершы слабыя. Распаўсюджваюцца яны так, што ў сьвяткі дзяўчаты або хлопцы з вёскі, дзе яна ўжо ёсьць, прыносяць у другую і там яе чытаюць, заўважваючы, як спрытна аўтар штось зацеміў, ухапіў і прыгэтым ўсе сьмяюцца; ня раз нават і над чужым няшчасьцем. Абшар распаўсюджваньня гэтых твораў абмяжоўваецца да тых ваколіц, дзе яна можа быць "цікавай", г. зн. дзе ведаюць людзей у "паэме" апісаных. "Творы" гэтыя пішуцца, зразумела, толькі пабеларуску, але калі апісваная асоба ўжывае ў гутарцы, прыкладам, якіясь расейскія або польскія словы, гэта абавязкава адцемваецца дзеля вялікшага сьмеху. Гэта ўсё ёсьць праявы, каторыя даказваюць, што беларушчына ў тутэйшай моладзі мае глыбокія карані.

Калі гаварыць аб палітычным беларускім усьведамленьні, так як яно разумеецца ў "цэнтры", дык справа прадстаўляецца інакш, г. ё. куды слабей. Беларуская палітычная прэса даходзіла сюды заўсёды дрэнна, а цяпер яе амаль няма. Шмат хто адкажа, што ён беларус, але які палітычны зьмест мае гэта слова - ня ведае. Праваслаўныя беларусы яшчэ дыскутуюць, ці напрыклад беларусы-каталікі гэтыя ж беларусы як і яны. Ізноў-жа беларусы-каталікі якіх тут, праўда, мала, часамі задумліваюцца, ці яны не палякі. Некаторыя адказваюць так, іншыя - не. У некаторых сем'ях каталіцкіх на гэтую тэму адбываюцца спрэчкі, сваркі. Здараецца, што адзін брат лічыць сябе беларусам, другі - паляком. Вялікую ролю ў гэтым падзеле гуляюць польскія ксяндзы.

Усё-ж трэба сьцьвердзіць, што нацыянальнае асьведамленьне тутэйшага беларуса зрабіла вялікі поступ. Яшчэ ў "грамадаўскія" часы слова "беларус" разумелася тут розна. Яно ідэнтыфікавалася і з "камуністам" і "бальшавіком" і нават "расейцам" (ідэнтыфікацыя палягала на тым, што людзі не патрапілі-б правесьці розьніцы між гэтымі паняцьцямі і "беларусам"). Цяпер наглядаецца паварот. Беларускі палітычны рух тут ужо разумеюць толькі як незалежніцкі і не залічаюць да яго камуністаў або сымпатыкаў Расеі, усё роўна якой. Нават зусім мала сьвядомая моладзь выражае сваё абурэньне, калі розныя мясцовыя элементы раўняюць беларусаў з камуністамі. Моладзі, каторая лічыць сябе беларускай у гэтым сэнсе, шмат, але на гэтым уся яе веда аб беларускім палітычным руху канчаецца.

Праўда, ведае яна, што ў Вільні ёсьць беларускі "цэнтр", але каб бліжэй зьвязацца зь ім, апрача адзінак, ня выказвае ані ініцыятывы, ані ахвоты. "Цэнтр" гэты яны разумеюць як нешта моналітнае, суцэльнае і не дапускаюць думкі, што тут могуць быць партыі і нават сабе варожыя. Можна рашуча казаць, што ніякая прапаганда на карысьць якогась аднаго бел. палітычнага кірунку, асабліва злучаная з ачарненьнем "праціўніка", пры сучасным стане тутэйшага асьведамленьня, нічога ня дасьць, а нават моцна пашкодзіць беларускай справе. Гэткай прапагандай можна здабыць дзе-не-дзе адзінкі, але ніколі масы, якая хоча бачыць у беларусах нешта згоднае, адналітае, з выразнымі мэтамі.

Каліб напр. расказаць тут аб "барацьбе" беларускіх палітычных партыяў за апошнія 10-15 гадоў, так як яна адбывалася, нічагусенькі не дадаючы, але і нічога ня ўкрываючы, дык гэтым можна было-б адагнаць ахвоту да беларускага асьведамленьня ў найлепшым прыпадку на доўгія гады. Я з прыемнасьцю канстатаваў, што аб гэтай барацьбе ніхто тут ня ведае. Прапаганда за якімсь адным бел. палітычным кірункам усё-ж магчыма, але пад адным варункам: трэба паказаць добрыя бакі "праціўніка", надта дэлікатна аб'ясьняючы розьніцы, паводле купецкага звычаю - "і гэта добра, але маё яшчэ лепшае". Але ніякага ачарненьня! Бліжэй з беларускім рухам у мінуўшчыне і сучаснасьці знаёмы тут хіба толькі адзінкі, маса нічога аб гэтым ня ведае.

Трэба падчыркнуць, што значную ролю ў беларускім асьведамленьні гуляе тут менскае радыё. Агульна гавораць, што Менск слухаюць таму, што там гавораць па-беларуску. Да прапагандовых аўдыцыяў гэтага радыя адносяцца даволі крытычна і імі мала цікавяцца. Адносіны да Саветаў такжа крытычныя. Знайсьці крыніцы гэтага крытыцызму надта цяжка, тут патрэбна было-б даўжэйшае нагляданьне, бо крыніцы гэтыя надта рознаякія.

Ні ў якім прыпадку крыніцай гэткай не зьяўляецца расейская і польская прэса, каторую часамі чытаюць. Нават гэткія здарэньні ў Саветах, як суды і расстрэлы за апошнія гады таварышоў Леніна, ня выклікалі ніякага рэха. Можа ў асяродзьдзях скамунізаваных, калі такія ёсьць, гэтыя падзеі пакінулі свае сьляды. Спатыкаючыся з праявамі гэтага крытыцызму да савецкіх парадкаў, мне ўдалося некаторыя яго прычыны спасьцерагчы. Гэтак, напр. жыхары самага пагранічча дзіваваліся, чаму на другім баку мяжы пайшлі ўжо каторы год дрэнныя ўраджаі (а ў Дзісеншчыне сёлета, як я ўжо казаў, ураджай добры), хоць да вайны там жыта расло "як дрот". На маё пытаньне, чым яны гэта тлумачаць, атрымаў адказ:

- Што ж, ужо з дзясятак гадоў ня відаць, каб там клалі гной, а бяз гною наша зямля ня родзіць…

- А чаму - пытаюся - яны не кладуць гною?

- Відаць, няма скаціны, таму і не кладуць, а няма скаціны - няма і мяса… А трактары - што-ж трактары?..

На гэтых уласных спасьцярогах будуецца ўражаньне пагранічных жыхароў аб бальшавіцкай гаспадарцы. Гэтыя ўражаньні перадаюцца пры "палітычных" гутарках суседзям і знаёмым. А гэтым апавяданьням людзей, "што самі бачылі", вераць больш, як усім газэтам разам.

Другі абразок.

У часе жніва здараецца, што адначасна працуюць над граніцай па гэтым і па тым бакох. Адносіны польскіх "капістых" да працуючых над граніцай даволі лібэральныя. Ніхто з іх моцна ня пільнуе ані касцоў, ані жнеяў. Затое на другім баку заўсёды круціцца і пільнуе працуючых людзей нейкі "брыгадзір", або чэкіст. Здараецца, што з гэтага боку кідаецца пытаньне:

- Ну, таварышы, раскажэце, як жывецё, якія ў вас парадкі? На гэта ніякага адказу. Пытаньне паўтараецца, адказу ізноў няма, а калі пытаньні сыпяцца надта назойліва, "брыгадзір", або чэкіст адводзе "брыгаду" ад граніцы, каб гутарка была немагчыма. Праца-ж над граніцай адбываецца ноччу. Толькі ў вадным выпадку мне казалі, што адказ быў дадзены і вось які:

"Ня пытайцеся, нам ня можна гаварыць".

На гэтым будуюцца спасьцярогі аб "свабодзе" ў бальшавікоў. Гэтыя спасьцярогі перадаюцца іншым, далей жывучым. Весьць распаўсюджваецца і ёй вераць, бо-ж паходзе ад людзей, што "самі бачылі і чулі" - а не з газэт.

Усё-ж аб'ектыўнасьць вымагае сказаць, што праявы сімпатыі да Расеі як такой, камуністычнай ці манархічнай, спатыкаюцца. Але тут прычыны іх, па-мойму, трэба шукаць у няздольнасьці нашага селяніна змагацца на два фронты, аб чым зусім правільна ўжо пісалася ў "Бел. Фронце". Баронячыся ад палянізацыі тут, селянін інстынктыўна хіліцца ў другі бок, думаючы, што там ратунак…

Зусім новым зьявішчам ёсьць пашырэньне на вёсцы антысэмітызму. З праявамі яго мне часта прышлося спатыкацца. Некаторыя, напрыклад, гавораць: "няведама, які там парадак у Гітлера, але адно ён добра зрабіў, што прапёр жыдаву". Як аказалася, карані гэтага антысэмітызму маюць эканамічную аснову. У часе крызысу многа сялян пазычыла ў жыдоў грошы, за якія прышлося і прыходзіцца плаціць вялікія працэнты. "Ісьцінка"-ж як стаяла так і стаіць на месцы. Працэнты гэтыя і пазыкі жыды сьцягваюць няміласэрна - згэтуль і ненавісьць.

Амаль няма тут беларускай інтэлігенцыі. Гэта ёсьць вялікі мінус у пашырэньні беларускай сьведамасьці. Затое рэнэгатаў рознай масьці поўна. Характэрна што бел. дзеячы з "Грамады" зрабіліся або расейцамі або спалянізаваліся. Праўда, калі яны выдавалі сябе беларусамі, у гэта ніхто шчыра ня верыў. Цяпер-жа яны аканчальна адкарасталіся ад беларускае справы. Перадавалі мне наступны факт. У вадным мястэчку моладзь захацела зрабіць беларускае прадстаўленьне, але ня было суфлера. Зьвярнуліся да знаёмай, б. сяброўкі "Грамады", а тая адказвае па-беларуску: "ня ведаю я ўжо гэтага конскага языка і я вам ня раджу гэтым займацца". Абыйшліся без яе, прадстаўленьне адбылося, але факт гэты надта сумны, тым больш што не адзіны. Характэрна, што гэта б. "інтэлігэнцыя" усьцяж наракае на масу, вытыкаючы ёй хамства, цемнату, някультурнасьць, трымаецца здалёк і агулам ні з кім ужыцца ня можа. Для беларускай працы гэта людзі аканчальна прапаўшыя.

Але ёсьць зародкі новай інтэлігэнцыі. Яна паўстае саматугам. Бяз адукацыі, яна ўсё-ж шмат думае і працуе над сабой. Прыемна спаткацца і пагаварыць з гэткімі людзьмі. Скромная, станоўкая, з бязінтэрэсоўнымі асьпірацыямі, гэта інтэлігэнцыя ў першую чаргу працуе над сабой. Спатыкаюцца адзінкі, што маюць даволі вялікія бібліятэчкі (беларускія), купляюць беларускія кнігі, чытаюць часапісы, ладзяць нават у сучасныя часы беларускія прадстаўленьні, шыраць беларускія песьні, "Лявоніху", ня пьюць гарэлкі, ня кураць табакі. Гэта вельмі радасныя праявы.

Для супольнай карысьці надта пажаданым было-б, каб гэтая вясковая інтэлігенцыя бліжэй зьвязалася з гарадзкой і з Вільняй на брацкіх асновах роўнасьці, бяз цені вышшасьці ці нішшасьці аднэй або другой. Карысьць была-б для абедзьвюх старон.

У гэтых сьцісьненых увагах я хацеў падзяліцца ўражаньнямі з пабыту на вёсцы і прытым у закутку, аб якім мала пісалася і пішацца ў беларускай прэсе.

Шмат чаго больш прасілася-б на паперу, але не дазваляе месца нашага часапісу. Думаю аднак, што і на аснове вышэйшага чытачы з'арыентуюцца ў характары перажываньняў беларусаў Дзісеншчыны, якія, на маю думку, не даюць асноў для якіхсь пэсымістычных выснаваў, а наадварот паказваюць сілу і жывучасьць беларушчыны і ў гэтым кутку.

М. Ш.


Адміністратар "Павета" выказвае ўдзячнасць Кастусю Шыталю і Андрэю Вашкевічу за падрыхтоўку да публікацыі артыкула.
 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX