Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Жменя ўспамінаў пра падзеі 1905 г. у Вільні 


Аўтар: Кучэўскі Антон,
Дадана: 18-02-2021,
Крыніца: Кучэўскі Антон. Жменя ўспамінаў пра падзеі 1905 г. у Вільні // НАША СЛОВА № 7 (1522), 17 лютага 2021.



Жменя ўспамінаў пра падзеі 1905 г. у Вільні

Віленскія ўспаміны пачатку XX ст.

Сучаснае цяжкае жыццё прымушае большасць інтэлігенцыі думаць пра "хлеб штодзённы" і не спрыяе бавіць час думкамі пра былое.

Я лічу, што для развіцця палітычнай думкі ў грамадстве Літвы важным з'яўляецца ўсведамленне таго факту, што 20 гадоў таму ў Вільні разам з дзейнасцю моцных нацыянальных плыняў, невялікая група грамадзян стварыла палітычны клуб, які, стоячы на краёвым грунце, паставіў сабе за мэту збліжэнне розных народаў гістарычнай Літвы і выпрацоўкі праграмы супольнага жыцця ў згодзе, а таксама каардынацыі працы дзеля дабра і карысці краю.

Клуб дзейнічаў не доўга. Існаванне яго было перарвана выбухам першай рускай рэвалюцыі, і дзейнасць не выйшла за межы выпрацоўкі праграмы і прыгатавання пляцоўкі для збліжэння палякаў з беларусамі, летувісамі і яўрэямі. На гэтым полі клуб змог адзначыцца скліканнем у Вільні ў траўні 1905 г. пагаджальнага з'езду і ўдзелам у польска-рускім з'ездзе ў Маскве 2 - 22 красавіка таго ж года. Таксама памятаю выступ у клубе Андрэя Немаеўскага (1864-1921, пісьменнік і грамадскі дзеяч, аўтар шэрагу прац па гісторыі хрысціянства - Л. Л.), якога ў тыя часы царскі ўрад інтэрніраваў у Вільні.

Мая памяць не захавала ні хаду віленскага з'езда, ні яго рашэнняў. Можа, хто з членаў клуба захоча дапоўніць мае ўспаміны ў гэтым кірунку. Але рэзалюцыя, дасланая ў Маскву, цалкам захавалася, і кракаўская "Крытыка" ў ліпеньскім нумары ад 1905 г. на старонках 33-34 друкавала яе. Я ж, нарэшце, жадаю ў той ступені, у якой дазваляе мая памяць, падаць, хоць і не поўны, асабісты спіс віленскага з'езда. … Падаю спіс у алфавітным парадку:

Абрамовіч Вітольд, адвакат з Вільні; Багінскі Ст., адвакат з Вільні; др. Дамашэвіч, лекар з Вільні, знаны летувіскі дзеяч; Ентыс, адвакат з Менска; Кайрыс, летувіскі дзеяч са Жмудзі; Крушэўскі Зыгмунт, адвакат з Вільні; др. Кучэўскі Антон, лекар з Вільні; Луцкевіч Іван, беларус; Нагродскі Зыгмунт, Вільня; Нарутовіч Аляксандр, са Жмудзі; Пашкевічанка Алаіза, т. зв. "Цётка", беларуска; др. Ром, лекар з Вільні, ужо не жы-ве; Віршыла Ігнат, Вільня; Вазніцкі, прадстаўнік польскіх рамеснікаў Вільні; Уласаў, сучасны беларускі сенатар; гр. Зубаў Уладзімір, з Шаўлёў.

Адзначу, што шмат каго я зараз ужо не памятаю.

Зараз пераходзім да з'езда ў Маскве, тут я буду карыстацца "Крытыкай".

У тым з'ездзе прымалі удзел наступныя асобы:

"Др. К. і Л. (пэўна, з-за канспірацыі прозвішча пададзены літарамі, але ёсць пэўнасць, што "Др. К" - гэта Кучэўскі, а літарай "Л" памылкова абазначаны Вазніцкі, які прымаў удзел у з'ездзе) вялі перамовы ад імя тых груп польскага насельніцтва Вільні, якія салідарныя з некаторымі элементамі беларускага, летувіскага і яўрэйскага насельніцтва і лічаць, што дзяржаўным уладкаваннем Расіі павінна быць федэрацыя, а адной з часткай гэтай федэрацыі мае быць Літва.

Рэзалюцыя, зачытаная гэтымі асобамі, прыкладзена да пратакола, вось яна:

"Праграма клуба польскай фракцыі ірэндантыстаў Вільні (аўтар заўважае, што клуб назву прыняў "ірэндантысты", ірэндантысты - у шырокім сэнсе, рух за аб'яднанне нацыі - Л. Л.):

1. Уладкаванне Рускай дзяржавы павінна будавацца на прынцыпах федэрацыі, у якой кожны суб'ект будзе мець аўтаномію.

2. Узаемныя стасункі зфедэраваных краёў паміж сабой і цэнтрам будуць вызначаны агульным сходам усіх прадстаўнікоў будучай дзяржавы.

3. У сувязі з гэтым, Літва будзе асобнай аўтаномнай часткай, яе унутранае ўладкаванне будзе вызначана на сойме ў Вільні, паслы на сойм будуць выбраны на аснове роўнага, агульнага, непасрэднага і тайнага галасавання.

Увага: пра тэрыторыю Літвы ёсць два меркаванні: а) Літвой лічацца землі, на якіх жывуць беларусы і летувісы; b) Літвой лічацца землі, якія аб'ядналіся ў выніку адзіных культурных, этнаграфічных, эканамічных, гістарычных і палітычных уплываў і маюць сваім цэнтрам Вільню.

4. Унутранае ўладкаванне Літвы павінна абапірацца на падмуркі дэмакратыі, якія гарантуюць усім грамадзянам роўныя правы ў незалежнасці ад нацыянальнага, рэлігійнага, маёмаснага стану і полу, пры гэтым павінны быць забяспечаны правы працоўных мас у іх барацьбе з сучаснымі эканамічнымі ўмовамі".

Зразумела, што вышэйпададзеная рэзалюцыя пасля чытання яе на з'ездзе, які складаўся, з рускага боку з кадэтаў, а з польскага з народных і прагрэсіўных дэмакратаў, не магла ў 1905 г. атрымаць падтрымкі. Яна была прынята магільным маўчаннем і адкладзена на будучыню - з'езд вырашыў, што потым яе яшчэ будзе разглядаць адмысловы з'езд у Вільні ці ў Маскве. З падачы іншых дэлегатаў з "Паўночна -" і "Паўднёва-Заходнага краю": гр. Ваўжынца Путкамера (Вільня), гр. Грахольскага (Валынь), адваката Панятоўскага (здаецца з Луцка) і др. Лісоўскага (Умань), была прынята наступная рэзалюцыя: "У тых мясцовасцях, у якіх палякі з'яўляюцца адным з народаў, а менавіта ў гістарычнай Літве і Украіне, трэба прызнаць без усялякіх абмежаванняў іх палітычныя і нацыянальныя правы і гарантаваць іх свабоднае нацыянальна-культурнае развіццё". […]

Кучэўскі Антон.

Dr. Ant. Kuczewski. Garść wspomnień z przed lat 20 // Pregląd Wileński. 1926. № 1. S. 2-4.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX