Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Аб 'Нашай Долі' 


Аўтар: Умястоўскі Францішак,
Дадана: 01-09-2019,
Крыніца: Умястоўскі Францішак. Аб 'Нашай Долі' // Беларускія ведамасці. 1921. №3.; Умястоўскі Ф. Праўда аб рэдагаваньні 'Нашае Долі'. (Адказ на пісьмо С. Барывоя) // Беларускі дзень. № 40, 24 сьнежня 1927.



Аб "Нашай Долі"

Гэта было летам 1906 году, калі я прышоў да перакананьня, што мінуў беспаваротна час Колядных і Вялікодных пісанак, якія мы ў гурткох беларускіх у Маскве і Пецярбурзе друкавалі на гэктографах у некалькіх дзесятках экзэмпляраў. Настаў час, калі беларускае друкаванае слова павінна шырокай ракой ліцца ў нашу цёмную бяздольную вёску і гукамі роднай мовы будзіць людзей да лепшага жыцьця і сьвет пазнаньня нясьці ў курныя мужыцкія хаты.

Умястоўскі Францішак. Аб 'Нашай Долі' // Беларускія ведамасці. 1921.

Я ведаў, што ёсьць людзі, якія не пашкадуюць працы для гэнай справы; я знаў, што вёска прыхільна прывітае першую ластаўку беларускай вясны, але ня было толькі аднаго - грошы, і дзе іх дастаць, я ня ведаў. Вось калі гэтак я насіўся з думкаю аб грошах - яны самі прышлі да мяне. Неяк яшчэ ў гімназіі я пазнаёміўся з Янам Тукеркесам. Бацькі яго, хрышчоныя жыды, мелі ў Вільні хатку на Новым Сьвеце, недалёчка ад таго мейсца, дзе жыў і я. Гэтак дзякуючы суседзтву завязалася знаёмасьць у нас. У тым часе, аб якім ідзе гутарка, бацька Тукеркеса памёр, накінуўшы пану Яну хатку і некалькі тысячаў грашыма. Пачуўшы грошы ў кішані, пан Ян закруціўся. Малады прыгожы дзяцюк загуляў, і грошы пачалі ўцякаць. Разглядзеўся пан Ян, што гэтак доўга не працягнеш, і надумаў на астаткі бацькаўскага добра пачаць які інтэрас. Гэткім добрым інтарэсам здалася яму расейская вечаровая газета, і ведаючы, што я знаюся па газэтнай справе, ён прышоў на раду да мяне. Разгаварыліся. Што-ж, кажу, браточку, шукаць табе лепшага інтарэсу, як выдавецтва беларускай газэты? I людзям карысьць будзе і грошы заробіш і часам яшчэ ў гісторыю пападзеш. Слова за словам, і Тутеркес праканаўся, што беларуская газэта пойдзе і, калі ня дасьць барыша, то скупіць сябе. "Добра, згадзіўся пан Ян: будзем выдаваць, толькі глядзі, каб да часу ў нейкую гісторыю не папасьці.

Тутка я пазнаёміў Тутеркеса з братамі Луцкевічамі і Алёізай ІІашкевічанкай, што вядома была у беларускіх гурткох пад прозьвішчам Цёткі. Луцкевічы і Цётка з ахвотай абяцаліся памагчы зараз-жа з усей энэргіяй прыняліся да работы. Хутка Ян Тукеркес адтрымаў дазваленьне на выдавецтва "Нашае Долі". Фактычным і афіцыяльным рэдактарам меўся быць я, але паводлуг закону мне не хапіла гадоў (я меў толькі 23, а трэба было меці ня меней 24) для права падпісываньня газэты. Гэткім чынам Ян Тукеркес зрабіўся выдаўцом і падпісываў газэту, як рэдактар, хаця паміж сабою мы згаварыліся, што ўсю рэдактарскую працу буду весьці я. Антон Луцкевіч і Цётка увайшлі у рэдактарскую калегію.

Наладзіўшы гэтак справу, я паехаў да маёнтку Лябёдкі, да Вацлава Іваноўскага, каб адпачыць трошкі і, паслухаўшы гоману родных лясоў, зьвярнуцца да Вільні толькі тады, калі ўсе тэхнічныя справы будуць скончаны і трэба будзе выпушчаць першы нумар. Праз некалькі часу я адтрымаў ад Тукеркеса ліст, у якім ён мне пісаў, каб я хутчэй прыяжджаў да Вільні, бо сам ён ня можа паладзіць з Луцкевічамі. Сягоньня не памятаю, з чаго у іх пайшла сварка: досьць таго, што прыехаўшы я усіх згадзіў, і праз некі тыдзень вышаў першы нумар "Нашае Долі". Калі а гадзіне 12-ай са сьвяжусенькім першым нумарам "Н. Д." я вышаў з друкарні, у якой прасядзеў бяз мала ўвесь дзень, робячы карэктуру і соткі разоў прачытываючы тыя словы, што хутка палятуць да родных вёсак, сэрца ў мяне стукала ад радасьці і шчасьця, а можа і ад трыногі разам за будучыну нашага дарагога дзіцяці. Прышоўшы ў рэдакцыю на Віленскай вуліцы, я знашоў там усю кампанію. Быў тут Ян Тукеркес, і Антон і Ян Луцкевічы, і Цётка, і Станіслаў Сымановіч - экспэдытар газэты, здаецца, што праездам з Менску быў і Трэпка. Усе з нецярпеньнем чакалі майго прыходу, і газэту амаль не парвалі, выдзіраючы з рук адзін ў аднаго.

Ня ведаю, скуль узялася гарэлка і закуска, і наліўшы чаркі, ня гледзячы на косыя пагляды Цёткі, якая не цярпела п'ючай кампаніі, мы духам асушылі іх за будучыну бацькаўшчыны.

Гэтак да познай ночы мы гулялі на хрэсьбінах "Нашае Долі". Пад уплывам радасьці, якую нямінуча нясе з сабою спаўненьне гадаваных элымі гадамі думак, ніхто з нас пэўна непрадстаўляў сабе, што гэты мамант - момант гістарычны, і зерне, пасеянае сягоньня, дасьць такі буйны ураджай. Мы ня былі аналітыкамі і, прыступаючы да працы над стварэньнем газэты, кіраваліся ня гэтулькі выкладкамі розуму, колькі наказам маладых сэрцаў і вялікай любоўю да цёмнага нашага брата. Мы верылі, што цемру нашай вескі можа асьвяціць толькі слова ў народнай мове беларуса, што паміма гэтага шляху беласу няма іншае дарогі да сьвету і долі.

"Наша Доля" нарабіла шуму. Першы нумар ў ліку 10 000 экзэмпляраў (5 000 лацінкай і 5 000 кірыліцай) разышоўся амаль увесь. Прадажа газэты ў Вільні йшла так бойка, што газэтчыкі раз за-разам прыходзілі ў рэдакцыю па новую порцыю, распрадаўшы ў працягу некалькіх мінут узятыя імі пробныя нумары. У Менску і паветах газэта так сама пашла добра. Хутка аб'явіліся падпісчыкі і беларускія пісьменьнікі. Адным з нершых супрацоўнікаў, што пачалі прысылаць свае творы у "Н. Д." былі Ядвігін Ш., Якуб Колас і др. Другі нумар газэты грамадзянства спаткала так сама прыхільна, як і першы. Газэтчыкі за некалькі дзён прад выхадам яго прыносілі ў рэдакцыю грошы, каб запясьпечыць сябе загадзя адтрыманьнем газэты. Падпісчыкаў з кожным днём прыбывала усё болей і болей, рэдакцыя з усіх канцоў Беларусі адтрымлівала шмат лістоў, у каторых іх аўторы горяча віталі "Нашу Долю". З кожным днём паміж газэтай і беларускім грамадзянствам завязываўся цясьнейшы вузел, і папулярнасьць газэты расла з кожным днём. Аб папулярнасьці "Н. Д." сведчыць, паміж іншым, той факт, што некаторыя стацьці вывучываліся чытачамі на памяць. Я сам быў сьведкай, як адзін работнік у Вільні пераказаваў другому ў памяці ўсю стацьцю пад загалоўкам "Старое Лякарства".

Ня меншай папулярнасьцяй карысталіся і вершы, друкаваны у "Нашай Долі". Гэная вялікая папулярносьць "Н. Д." зьвярнула на сябе ўвагу царскіх чыноўнікаў, і дзеля таго, што газэта, каторая бязьлітасна крытыкавала тагачасны лад і нікчэмную палітыку мясцовых, расейскіх валадароў, - ім яе падабалася, яны аб'явілі вайну "Н. Д.", і на газэту пасыпаліся кары. 3-і нумар "Н. Д." ўжо сканфіскавалі, так што толькі некалькі дзесяткаў экзэмляраў яе ўбачылі сьвет Божы. З тэй пары бяз мала кожны нумар "Н. Д." спатыкала або канфіската, або штраф. Газэта - такі трывала. Навучаныя горкай доляй, мы часьць выданьня адразу з друкарні вывазілі ў прыватныя кватэры і толькі другую частку прывазілі ў друкарню, дзе на яе ўжо чакала паліцыя. Схаваныя гэткім спосабам нумары мы прадавалі потым па павялічанай цане, так што некалькі часу ня гледзячы на канфіскацыю маглі-такі зьвясьці канцы з канцамі. Але пад канец і паліцыя дагадалася. Яна пачала канфіскаваць газэту ў самай друкарні і, нарэшце, на Яна Тукеркеса налажылі штраф і прыцягнулі яго да суду. А побач з гэным, баючысь уплыву "Нашае Долі", мясцовыя ўлады выдалі цыркуляр, у якім гаварылася, каб усе нумары "Н. Д." канфіскаваць, як газэту "исключительно вреднаго направленія", так гаварылася ў цыркуляры. Стала ясна, што пры гэткіх варунках газэту выдаваць не магчыма. Папаўшы ў "гісторыю", Ян Тукеркес адмовіўся даваць грошы. На пасяджэньні рэдактарскай калегіі, калі разглядалася пытаньне аб тым, як быць далей, Ян Луцкевіч абяцаўся дастаць грошы, і гэтак мы пастанавілі газэту выдаваць далей, перамяніўшы трошкі тон.

Але з перамены тону ня выйшла нічога. Пробны нумар, у якім мы зрабіліся ціхімі і спакойнымі, так сама быў сканфіскаваны. Чыноўнікі прычапіліся да слова "ваявяць" у вадным з вершыкаў, дзе яно азначала звычайную барацьбу, змаганьне, - растлумачыўшы яго, як прызыў да паўстаньня з аружжам у руках. Тады мне стала ясна, што "Нашай Долі" ужо надпісаны прыгавар і дні яе зьлічаны і ніякая перамена тону нічога ўжо не паможаць. I дзеля таго, ня гледзячы на намовы братоў Луцкевічаў, я зрабіў заяву у газэтах, што "Наша Доля" сваё істнаваньне спыняе. Гэтак на 7-м, здаецца, нумары, задушаная рукамі расейскага ката скончыла сваё істнаваньне "дзіця свабоды" першая беларуская часопісь "Наша Доля".

Дзядзька Пранук.

Праўда аб рэдагаваньні "Нашае Долі. (Адказ на пісьмо С. Барывоя)

У № 3 "Права Працы" за 14 сьнежня надрукована пісьмо ў рэдакцыю некага пана Саўкі Барывоя (Р. Зямкевіча - Л. Л.), памешчанае ў газэце пад загалоўкам: "Справа рэдактарства «Нашае Долі»". У гэным пісьме пан Саўка Барывой падае шэраг "фактаў" аб першай беларускай часопісі "Наша Доля", выдаванай у Вільні ў 1906 годзе, якімі імкнецца пераканнць чытачоў, што Ф. Умястоўскі, які піша аб тым, што ён быў ініцыятарам і фактычным рэдактарам "Нашае Долі" проста брэша і сапраўды ні з "Нашай Доляй" ні з адраджэнскім рухам беларускім ня мае нічога супольнага. Як прыстала на супрацоўніка газэты, для якой найбольшым доказам зьяўляецца фальш, мана і лаянка, пан Саўка Барывой канчае сваё пісьмо гэтак: "Выдавецтва і рэдактарства "Нашае Долі" якое толькі цяпер (?) прыпісвае сабе Ф. Умястоўскі, ёсьць звычайным самазванствам, каторае лёгка можа быць даказана дакумэнтамі ды пасьведчаньнем людзей, якія ў той час прымалі ўдзел у "Нашай Долі" і жывуць на няшчасьце для пана Ф. Умястоўскага".

Чытаючы гэнае пісьмо і ацэньваючы вартасьць "фактаў", дадзеных панам С. Брывоем, прыпомнілася мне забытая ўжо адна гісторыя мінулых дзён. Калісь, год 30 таму назад, быў у Віленскім рэальным вучылішчы настаўнік гісторыі Брянцев. Прыслалі яго сюды з цэнтральных губэрняў Расеі са спецыяльнай місіяй - русыфікаваць тутэйшую моладзь. I вось гэны самы знамяніты Брянцев іншы раз выхваляючы батюшку расейскага цара і паганячы ўсё мясцовае, дабрэхваўся да таго, што нават вучні другой трэцяй - клясы лавілі яго на ілжы і сьмяяліся яму проста ў вочы. Ведама, гэта Брянцева вельмі злавала. І вось адзін раз, разгневаны на маладых бунтароў, якія не хацелі верыць яму, што "Северо-Западный край" зьяўляецца «искони-русской землею», знамяніты пэдагог накінуўся на аднаго з няверных Тамашоў з ляянкай:

- «Ах ты, мальчишка, мразь, - крычаў Брянцев, - Ты смеешь не верить мне, человеку науки, который написал исторію Россійскаго Государства, который сам факты сочиняет! …»

I вось цяпер, чытаючы пісьмо С. Барывоя, які для выпаўненьня некай задачы "сам факты сочиняет", павеяла на мяне духам русыфікатара - Брянцева.

Каб паказаць чытачом, якую вартасьць маюць "факты" сучаснага Брянцева - пана Саўкі Барывоя, затрымаюся трошкі на іх.

Пан Саўка кажа, што толькі цяпер я прыпісваю сабе рэдагаваньне "Нашае Долі". Не, пане Барывой, не цяпер, а прыпісваў заўсёды, а прыпісваў заўсёды. Пісаў я аб гэтым у сваіх успамінах аб "Нашай Долі" друкованых у штодзеннай газэце "Беларусь", выходзіўшай у Менску ў 1919-1920 годзе (№ 47 і 48 за 17 і 18 сьнежня 1919 г.) Перадрук гэных успамінаў быў зьмешчаны ў 1 і 2 нумарох "Беларускага Дня" за 7 і 13 сакавіка 1927 году.

Гэтыя ўспаміны мае, у якіх я зусім ясна кажу, што быў фактычным рэдактарам "Нашае Долі" і ініцыятарам яе - чытала ўся граматная Беларусь, у працягу васьмёх год ніхто ніколі гэтаму не пярэчыў, бо ўсім, хто меў якое-небудзь дачыненьне з "Н. Д.", было добра ведама, што напісанае ў іх зьяўляецца чыстай праўдай.

Пан Саўка Барывой кажа, што самазванства маё можна лёгка даказаць дакумэнтамі ды пасьведчаньнямі людзей. Цікаўна, якія гэта дакумэнты? Ён іх называе: гэта матар'ялы да гісторыі "Нашае Долі", узятыя з царска-жандарскіх архіваў ды друкованыя ў месячніку "Полымя".

Я ня меў гэнага нумару "Полымя", аб якім кажа пан Саўка Барывой, і не магу ацаніць вартасьці Таго, што напісана ў ім аб "Нашай Долі", так сама, як не магу ацаніць вартасьці матар'ялаў Царска-жандарскіх архіваў. Ведаю толькі, у якіх абставінах знаходзіцца прэса ў Савецкай Беларусі. Абставіны гэтыя такія, што цяпер, напрыклад, ніводным словам ніводная беларуская часопісь на тэрыторыі Савецкае Беларусі ня можа заікнуцца аб ссылцы на Салавецкія астравы вядомага беларускага мастака-драматурга Ф. Аляхновіча, хаця там усім добра ведама, што ён сасланы, і дзеля гэтага чакаць ад бальшавіцкай прэсы бесстароннага асьвятленьня фактаў - могуць толькі Саўкі Барывоі.

Але ня думаю, каб якія-небудзь архівальныя матар'ялы маглі выясьніць, хто быў фактычным рэдактарам "Нашае Долі", дзеля тае простае прычыны, што Ян Тукеркес, выдавец газэты, з усей кампаніі, якая краталася каля "Нашне Долі", знаў толькі мяне аднаго. I, ня маючы сам ніякага паняцьця аб газэтнай працы, згадзіўся на выдавецтва "Нашае Долі" толькі пад варункам, што рэдагаваньне газэты я прыму на сябе. I ўжо я сам стварыў рэдакцыйную калегію, у якую запрасіў Цётку і братоў Луцкевічаў.

Пісаных умоваў у нас ніякіх ня было і дзеля гэтага думаю, што дакумэнты мала памогуць у вырашэньні справы рэдактарства "Нашае Долі".

Рэч іншая - жывыя сьведкі. Сьведкі гэтыя могуць даць сапраўды цэнны матар'ял. I сьведкаў гэных, жывых яшчэ не на маё "няшчасьце", а на няшчасьце пана Саўкі Варывоя - ёсьць шмат. Да сьведкаў гэных пана Саўкі Барывея залічыць не магу і рашуча заяўляю, што пры "Нашай Долі" ніякі Саўка Барывой не працаваў.

Быць можа, пад Саўкай Барывоем хаваецца якая-небудзь іншая асоба, тады скіньце маску, пане Саўка Барывой, скажэце сваю праўдзівае імя і прозьвішча, тады будзем гаварыць.

Што да іншых сьведкаў, якія прымалі сапраўды блізкі ўдзел у працах "Нашае Долі", то вось яны: на сам перш Станіслаў Сымановіч - экспэдытар і адміністратар "Н. Долі". Жыве ён у Вільні пры Полацкай вуліцы 7 кв. 2, (працуе ў саюзе коопэратываў). Другі сьведка - Вацлаў Пашкевіч родны брат Алаізы Пашкевічанкі - Цёткі -жыве ў адлегласьці 9 кілёмэтраў ад Вільні на Лідзкім гасьцінцы ў фальварку Катлоўка, далей Вацлаў Іваноўскі - прафэсар Варшаўскага палітэхнічнага інстытуту. Чацьвёрты Эдварды Будзька, вядомы коопэратар. Вось жывыя сьведкі, якія могуць сказаць, хто быў фактычным рэдактарам "Нашае Долі".

Далей пан Саўка Барывой у пісьме сваім ламаецца ўжо ў адчынныя дзьверы, кажучы, што за справу "Нашае Долі", я ня быў сасланы ў Сібір.

Я аб гэтым ніколі, нідзе і не казаў. Я казаў і кажу, што быў сябрай Беларускай Соцыялістычнай Грамады і за працу ў грамадзе быў пацягнены да судовай адказнасьці. Я казаў і кажу, што суд прысудзіў мяне за гэту працу да пазбаўленьня ўсіх правоў і на вечную ссылку ў Сібір, я казаў і кажу, што справа гэная разьбіралася судом яшчэ два разы і, пачаўшыся ў 1905 годзе, скончыліся ў 1912 тым, што мяне апраўдалі; я казаў і кажу, што ў працягу гэнага часу шмат прасядзеў у вастрозе - і гэта праўда, аб якой ведаюць і С. Сымановіч, і В. Пашкевіч, і В. Іваноўскі і Э. Будзька, ведае таксама і мой абаронца адвакат А. Ледніцкі, які жыве цяпер у Варшаве, ведаюпь таксама ўсе старэйшыя адвакаты, якія ў гэты час жылі ў Вільні і жывуць дагэтуль, як напрыклад адвакат С. Багінскі, адвакат, быўшы сэнатар Крыжаноўскі і шмат-шмат іншых. Праўда, суд судзіў мяне за належнасьць да Соцыяль-Дэмакратычнай партыі. Але гэта справа суда, а да партыі П.П.С. так сама, як і да С-Дэм , я ніколі не належаў, а належаў да "Бел. Соц. Грамады", якая працавала ў блізкім контакце з П.П.С., дапамагаючай Грамадзе і грашына і іншым Для характарыстыкі гэнага контакту скажу, што наш грамадавец быў друкаром у нелегальнай падпольнай друкарні П.П.С, якая друкавала і нашыя адозвы. Друкар гэты і цяпер жыве і мог-бы таксама сваё слова сказаць у гэнай справе, але бяз згоды не хачу называць яго прозьвішча.

Думаю, што пасьля гэнага выясьненьня майго, чытачы лёгка зразумеюць, колькі праўды зьмяшчае ў сабе пісьмо пана Барывоя, каторае рэдакцыя "Права Працы" зьмяшчае з гэткай вялікай ахвотай, што робіцца зусім зразумелым, якую мэту мела гэтае пісьмо. Паны з "Права Працы", схаваўшыся за плечы новае свае ахвяры, нікому невядомага А. Выдрыцкага, які за некалькі дзесяткоў злотых у месяц прымае на сябе абавязак падпісваць газэту і адказваць за грахі сваіх "хлебадаўцаў", выдумалі - і гэнага Саўку Барывоя і ўсю яго ілжу, каб апаганіць і ачарніць нялюбага ім чалавека.

Ф. Умястоўскі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX