Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Ад 'Нашае Долі' да 'Беларускае Культуры' 


Аўтар: В,
Дадана: 16-09-2019,
Крыніца: Беларуская Культура. 1927. № 1. С. 38-41.



У агляд не ўвайшлі газэты i часопісі ў БССР пасьля Рыскага міру.

Першым беларускім рэдактарам трэба лічыць паўстанца 1863 г. Кастуся Каліноўскага, які ў агні збройнае барацьбы з маскоўскімі акупантамі залажыў тайную беларускую друкарню ў Беластоку i выдрукаваў некалькі нумароў "Мужыцкае Праўды".

У сваёй "Мужыцкай Праудзе" гэты герой i прарок нашага нацыянальнага адраджэньня заклікаў наш народ да барацьбы з маскоўскім дэспотызмам i з панамі, прапаведваў роўнасьць i братэрства. Легэнда кажа, што перад самаю сьмерцю, калі мураўёўскі кат прачытаў прыгавар аб павешаньні i назваў К. Каліноўскага шляхціцам Ваўкавыскага павету, дык Каліноўскі голасна крыкнуў:

- Ha Беларусі няма шляхты. Ha Беларусі ўсе роўныя!

Так загінуў першы рэдактар першае беларускае газэты.

Калі паўстаньне 1863 году было задушана, a ў нашым краі запанавала мураўёўшчына, дык аб беларускім друкаваным слове не магло быць i мовы.

Чорная рэакцыя цягнулася доўга. Беларускія вершы i апавяданьні пашыраліся сярод краёвае інтэлігенцыі ў рукапісах. I толькі ў 1891 годзе ізноў на сьвет Божы зьяўляецца беларускае друкаванае слова. На гэты раз ужо не газэта, a зборнік вершаў, i не ў Расеі, a ў Аўстрыі, у Кракаве. Там была выдрукавана "Dudka Biełaruskaja" Ф. Багушэвіча. Цэлых пятнаццаць гадоў прайшло ад гэтае даты да заснаваньня першае тыднёвае газэты "Нагаа Доля" у Вільні, ў 1906 г. Беларускія народныя масы спаткалі газэту з захапленьнем. Аб гэтым гістарычным здарэньні жывы сьведка яго - рэдактар ч. "Н. Д." так кажа:

"Наша Доля" нарабіла шуму. Першы нумар у ліку 10.000 экзэмпляраў (5.000 лацінкай i 5.000 кірыліцай) разышоўсяя амаль увесь. Прадажа газэты ў Вільні йшла так бойка, што газэтчыкі раз-за-разам прыходзілі ў рэдакцыю па новую порцыю, распрадаўшы ў працягу некалькіх мінут узятыя імі пробныя нумары. У Менску i паветах газэта таксама йшла добра. Хутка аб'явіліся падпішчыкі i беларускія пісьменнікі. Аднымі з першых супрацоўнікаў, што пачалі прысылаць свае творы, былі Ядвігін Ш., Якуб Колас i др. Другі нумар газэты грамадзянства спаткала таксама прыхільна, як i першы... Падпісчыкаў з кожным днём прыбывала ўсё болей i болей. Рэдакцыя з ўсіх канцоў Беларусі атрымлівала шмат лістоў у каторых ix аўтары горача віталі "Нашу Долю". З кожным днём паміж газэтай i беларускім грамадзянствам завязваўся цясьнейшы вузел. Папулярнасьць яе расла... Аб папулярнасьці "Н. Д." сьведчыць, паміж іншым, той факт, што іншыя стацьці вывучываліся чытачамі напамяць. Я сам быў сьведкам, як адзін работнік у Вільні пераказваў другому ў памяці ўсю стацьцю пад загалоўкам "Старое Лякарства". Ня меншай папулярнясьцяй карысталіся i вершы, друкаваныя ў "Нашай Долі". Гэная вялікая папулярнасьць зьвярнула на сябе увагу царскіх чыноўнікаў, i дзеля таго, што газэта бязлітасна крытыкавала тагочасны лад i палітыку мясцовых расейскіх валадароў - яны аб'явілі вайну "Н. Д." Пасыпаліся кары. 3-ці нумар "Н. Д." ужо сканфіскавалі, так што толькі некалькі дзесяткаў экзэмпляраў яе ўбачылі сьвет Божы. З той пары бяз мала кожны нумар "Н. Д." спатыкала або канфіската, або штраф. Баючыся ўплыву "Нашае Долі", мясцовыя ўлады выдалі цыркуляр, у які гавырылася каб ўсе нумары "Н. Д." канфіскаваць, як газэту "исключительно вреднаго направленія". Стала ясна, што пры гэткіх варунках газэту выдаваць немагчыма."

З вялікай радасьцью спатканая народам, "Наша Доля", была задушана тымі-ж самымі рукамі, якія задушылі першага рэдактара - Кастуся Каліноўскага.

"Мужыцкая Праўда" i "Наша Доля" - гэта першыя праменьні сярод цемры няволі.

Далейшы шлях беларускага друкаванаго слова хоць i трудны i цярністы, аднак куды лягчэй было ўжо працаваць у "Нашай Ніве", якая паўстала да жыцьця ў тым-жа 1906 годзе ў Вільні.

"Наша Ніва" выкарыстала ўсе легальныя магчымасьці па-рэвалюцыйных часоў i добра зрабіла, бо ўзгадавала на сваіх старонках нашых першых слаўных песьняроў Я. Купалу, Якуба Коласа, З. Бядулю, М. Багдановіча i іншых. "Наша Ніва" жыла доўга i зачынена была ўладамі толькі ў 1915 годзе падчас вайны. Значэньне "Нашае Нівы" ў гісторыі беларускага адраджэньня аграмаднае, бо гэта была школа нацыянальнага ўсьведамленьня, кузьня, ў якой тварыліся першыя цэннасьці нашае беларускае культурыа. Побач з "Нашаю Ніваю" варта адзначыць яшчэ першую выдавецкую суполку ў Петраградзе "Загляне сонца i ў наша ваконца". Гэтая суполка, ўзмацаваўшыся ў 1912 годзе, выдае творы Я. Купалы ў трох кніжках: "Жалейка", "Гусьляр" i "Шляхам Жыцьця". Іншыя пісьменьнікі i паэты друкуюць свае творы у зборніках суполкі "Маяадая Беларусь", выданыя з вялікім стараньнем i любоўю. Выдавецкае Т-ва арганізуецца i пры "Нашай Ніве", якое друкуе спачатку дробныя рэчы, як напрыклад: "Казка аб вадзе", "Як багацеюць чэскія сяляне", a потым пераходзіць i да друку першых беларускіх кніжак, як напрыклад: "Вянок" - вершы М. Багдановіча, апавяданьні Т. Гушчы i іншыя.

Вайна стварае перарыў. "Наша Ніва" i яе выдавецтво зачыняецца. Беларусь перажывае трагічныя часы бежанства.

Акупацыя Вільні немцамі ўносіць новы момант у беларускі рух. "Адкрыўшы" беларускі народ, немцы стараюцца выкарыстаць беларускі рух на сваю карысьць i пачынаюць яго "падтрымліваць". Паўстае газэта "Гоман". Адначасна з гэтым беларускім бежанцам удаецца ў канцы 1917 г. выдаць у Петраградзе, дзе собралася шмат беларускіх культурных сілаў "Дзяньніцу" i "Сьветач". "Дзяньніца" i "Сьветач" былі нядоўгавечнымі. Выйшла ўсяго 6 - 7 нумароў.

* * *

Расейская рэвалюцыя, выбухнуўшая ў лютым 1917 г., абудзіла спаўшыя сілы народаў былое Расейскае Імпэрыі. Пачатак гэтае рэвалюцыі застаў Беларусь парэзанай фронтам. У Менск патроху зьбіраюцца сьвядомыя беларусы i пачынаецца новая хваля нацыянальнага руху. Вылазіць з падпольля "Беларуская Сацыялістычная Грамада", якая выдае свой орган "Грамада", паўстае "Беларускі Нацыянальны Камітэт", які выдае свой орган "Вольная Беларусь". Гэтыя газэты популярызуюць ідэю незалежнасьці Беларусі, асабліва апошняя.

Бальшавіцкая рэвалюцыя няпрошаным госьцём урываецца на беларускую зямлю i ад часоў бальшавіцкай рэвалюцыі беларускі друк разьбіваецца на два кірункі: заходні - дэмакратычно-незалежніцкі i ўсходні, маскоўскі кірунак, бо ў Петраградзе, a потым ў Маскве пры Народным Камісарыяце Нацыянальнасьцяў ізноў пачынае выдавацца "Дзяньніца", пад рэдакцыяй З. Жылуновіча.

З газэт незалежніцкіх, дэмакратычнага напрамку ў 1918 годзе трэба адзначыць, апрача "Вольнае Беларусі", газэту "Беларускі Шлях", якая выдавалася ў Менску падчас нямецкае акупацыі i "Белорусское Эхо", якое выдавалася ў Кіеве пры падтрыманьні украінцаў на расейскай i беларускай мове.

З кніжак за 1917 - 1918 гады выдана мала. Найбольшае значэньне з выданых за гэты час мае "Сымон Музыка" Я. Коласа i "Матчын Дар" A. Гаруна.

Савецкі кірунак беларускага друку больш рупіцца аб агітацыйнай літэратуры. Выдаюцца ў Маскве гэтакія брашуры: "Павукі i Мухі" Лібнэхта, "Што такое Радавая Улада" i г. д. Усе брашуры не арыгінальныя, a перакладныя. Што датычыць часопісі "Чырвоны Шлях", якога некалькі нумароў выйшла ў Петраградзе пасьля пераезду ў Маскву "Дзяньніцы" то яна друкавалася мешанаю моваю: больш расейскаю, чымся беларускаю. Каб скончыць с аглядам беларускай прэсы на Усходзе да Рыскага Міру, трэба адзначыць яшчэ, што ў Менску выйшла некалькі нумэроў "Вольныа Сьцягу" i "Зоркі", але гэтыя часопісі за антыбольшавіцкі напрамак былі зачынены.

* * *

Канец вайны i падпісаньне міру паміж бальшавікамі i Літвою, паміж бальшавікамі i Латвіяй i паміж бальшавікамі i Польшчай прынясло падзел беларускага народу на чатыры часьці. Найбольшая часьць каля 7 мільёнаў засталася пад бальшавікамі, значная, часьць каля 2 000 000 пад Польшчай, менш значная часьць пад Літвою i Латвіяй.

Беларускі нацыянальны рух аказаўся такім чынам слабым дзеля таго, каб ажыцьцявіць Незалежнасьць Беларусі i абараніць яе, але ён ужо вырас так, што ня мог памёрці ад гэтага падзелу. Наадварот. У кожнай з часьцей беларускае зямлі, аддзеленых адна ад аднае мяжою, ён пачынае паглыбляцца i пашырацца далей. Бязумоўна, розныя палітычныя ўмовы, ў якіх апынуліся беларусы, стварылі ненармальныя ўхілы ў беларускім нацыянальным руху. На сцэну зьяўляюцца хваравітыя зьявы: "арыентацыі", кірункі, проста грызьня паміж сабою і г. д. Усё гэта знаходзіць выразны адбітак у сучасным беларускім друку, які ў большасьці сваёй адарваўся ад гістарычнае традыцыі, ад запаведзі "Мужыцкае Праўды" i "Нашае Долі". Цяжка, вельмі цяжка гаварыць аб сучасным беларускім друку, але трэба гаварыць, бо трэба зноў адрадзіць яго i паставіць на той грунт, адкуль ён вырас. A вырас i ўзмацаваўся ён тут, у Вільні. Адгэтуль пакацілася хваля беларускага слова, тут узгадавалася ідэя незалажнасьці, узгадавалася барацьба з маскоўскім дэспотызмам - гэтым адвечным ворагам нашага адраджэньня.

I вось калі гаварыць аб беларускім сучасным друку, то трэба перш за ўсё гаварыць аб віленскім беларускім друку, бо ў ім, як у кроплі вады, можна пабачыць усе хваробы беларускае сучаснасьці.

Перш за ўсё пара слоў аб тых газэтах, якія арыентаваліся на Літву. "Духоўным" кіраўнікам ix быў В. Ластоўскі, які сядзеў у Коўні i выдаваў часопісь "Крывіч". Ён высоўваў ідэю барацьбы на два фронты - проціў Масквы i проціў Варшавы. Але дзе-ж сягоньня Ластоўскі i яго ідэя? "Крывіч", - тоўсты "Крывіч", памёр бязслаўнаю сьмерцю, a яго рэдактар апынуўся ў менскім архіве. Літоўская арыентацыя збанкрутавала ідэйна. Гэта факт бязспрэчны i гэтым ідэйным банкруцтвам тлумачыцца развал i разброд у невялічкім лягеры віленскіх літваманаў.

"Сялянская Ніва" i "Крыніца", - газэты, на якіх адбівалася ўвесь час ідэя Ластоўскага, перажываюць нейкі крызыс. Яны на раздарожжы, асабліва-ж "Сялянская Ніва", якая апошнімі часамі згубіла напрамак i кідаецца то ўправа, то ўлева, то просто апускаецца ў балота лаянак i глупстваў.

Маскоўская арыентацыя у беларускім руху ніколі ня была папулярнаю ў мінулым, асабліва-ж у Вільні. Але, пачынаючы з 1923 году, маскоўская арыентацыя набірае ў настроях некаторых віленскіх дзеячеў усё больш i больш сілы.

Пачынаюць выдавацца адна за адною газэты "Наш Сьцяг", "Сын Беларуса" i іншыя, a з заснаваньнем "Грамады" яе афіцыяльныя органы, як напрыклад: "Наша Справа", "Народная Справа" i г. д. i г. д. Газэт усходняго кірунку за апошнія тры гады выдавалася шмат. Характарнаю адзнакаю гэтых газэт з боку зьместу зьяўляецца ўвасхваленьне Масквы i яе нацыянальнае палітыкі. Цяпер, калі "Грамада" абвешчана нелегальнай арганізацыяй, - абавязкі маскоўскага трубадура ўзяла на сябе "Наша Праўда". Дыфірамбы яе ў чэсьць бальшавікоў часам даходзяць да абсурдаў.

Антыподам "Нашае Праўды" зьяўляецца газэта "Беларускае Слова", орган Паўлюкевіча. Газэта "Б. C." як i ўся "група" Паўлюкевіча ня зьвязана a ні моральна, a ні ідэйна a ні з воднаю польскаю дэмократычнаю групаю, - хоць i лічыць сябе палянафільскай. "Палянафільства" газэты штучнае, няглыбокае i няшчырае. Газэта больш цікавіцца расейскімі справамі, што асабліва яскрава выявілася ўва ўсёй справе Кавэрды. Змагаючыся з камуністымі, газэта аднак вельмі прыхільна адносіцца да ўсякіх расейскіх партыяў. Такая пазыцыя - Паўлюкевіча з пункту гледжаньня беларускае нацыянальнае ідэолёгіі, - ня вытрымліваець крытыкі бо ўсе расейскія партыі, пачынаючы монархістымі i канчаючы соцыялістымі, лічылі i лічаць Беларусь часткай адзінай, непадзельнай матушкі Расеі, a гэта значыць зьяўляюцца адкрытымі ворагамі ідэі беларускае культуры.

Нарэшце, ў сакавіку г. г. пачаў выдавацца ў Вільні тыднёвік "Беларускі Дзень", які стараецца памагчы сялянству гаспадарчымі i агранамічнымі парадамі, a ў сэнсе напрамку - ставіць сваёю мэтаю адрадзіць традыцыі "Нашае Долі", - традыцыі братэрства i супрацоўніцтва народаў нашага краю i ix агульнае барацьбы з ворагамі незалежнасьці народу.

Каб скончыць кароткі агляд сучаснае беларускае пэрыядычнае прэсы ў Польшчы, трэба сказаць пару слоў аб месячных часапісях. Нажаль такіх нябыло ў Польшчы аж да 1927 году, калі нялічыць "Студэнтскае Думкі" якая выдавалася нерэгулярна. Апошнімі часамі выйшла 5 кніжак літэратурнай часопісі "Родныя Гоні" i адзін нумар літэратурнае часопісі "Досьвіткі". Далейшых нумароў "Досьвіткаў" не зьявілася i трэба думаць, што яны памёрлі.

I вось у такую мінуту разброду беларускае прэсы ў Вільні, разброду чыста ідэологічнага пачынаець сваю трудную працу наша часопісь "Беларуская Культура", якая ставіць сваею мэтаю злучыць навакол сябе ўсе жывыя творчыя сілы маладое беларускае інтэлігэнцыі, злучыць пад штандарам незалежнасьці i позытыўнае працы i барацьбы за духоўнае, эканамічнае i політычнае вызваленьне беларускага народу.

Падаў В.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX