Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

З’езд беларускіх арганізацый і партый, 8-10 ліпеня 1917 г. Газетныя справаздача 


Дадана: 09-12-2017,
Крыніца: Вольная Беларусь. 1917. № 8.; 1917. № 9.; 1917. № 11.; 1917. № 12.; 1917. № 13.



Зьезд дэлегатаў ад беларускіх партыйных і грамадзянскіх арганізацый 8-10 ліпня у Мінску.

Першы дзень зьезду.

Вольная Беларусь. 1917. № 8.

Першы сход дэлегатаў быў назначаны на 12 гадз. ў залі «Дваранск. Сабран.», але фактычна ён пачаўся пазьней. Сход распачаў тав. Старшыні Нацыянальнага Камітэту П. Алексюк. У кароткай, але гарачай прамові ён прывітаў з'езд ад імяні Бел. Нац. Кам., выявіў усю важнасьць цяперашняго з'езду, умовы, сярод якіх прыходзіцца працаваць, заклікаў найці новыя дарогі для нацыянальнай справы, ўліць новыя сілы ў рады працаўнікоў беларускаго адраджэньня. Посьля гэтай прамовы пачаліся выбары прэзідзіўма. За старшыню з'езд выбраў Д. Жылуновіча, старшыню Цэнтральнаго Камітэта Бел. Сац. Грам., за таварышаў старшыні А. Левіцкаго (Бел. Парт. Нар. Сац.) і Галавача (Бел. Сац. Грам.), за сэкрэтароў Л. Будзьку (труд.), Ф. Стульбу ( Б. Н. П. С.) і П. Каравайчыка (безп.).

Рэзультат выбараў ўстрэчаны моцным плясканнем у далоні сярод членаў Б. С. Г.

Старшыня чытае павестку з'езду, вырабленую Бел. Нац. Кам., склікаўшым з'езд, і прапануе прыняць такі парадак першаго дня з'езду: выбары прэзідзіўма, прывітаньня, даклад Камітэту, даклады з мейсц, падзел на сэкцыі, парадак дня на 9-е ліпня. Парадак гэты прымаецца.

З асобнай заявай выступае тав. Алексюк: ён прапануе паслаць прыветную тэлеграму Цэнтральнай Украінскай Радзі і чытае праэкт тэлеграмы. Патрэбу пасылкі патрымоўвае і грамадз. Забелло, дэлегат ад Кіеўскаго Беларускаго Гуртка «Зорка». Дыло, делегат Маскоўскай Бел. Сац. Гр., дадае, што украінцы склікаюць у Кіеві з'езд усіх недзяржаўных нацый, якія толькі дамагаюцца фэдэрацыі, і дзеля гэтаго ён так сама падтрымоўвае пасылку тэлеграмы: «Трэба паказаць усім нашым ворагам, што мы ні адны, што мы ідзём разам з іншымі нацыямі і што ў нашых руках вялікая сіла». Смоліч, старшыня Мінскаго адзелу Б. С. Г., гавора аб адзінакавасьці долі Украіны і Беларусі. «Дзякуючы спэцыальным умовам яе развіцьця, яна выпярэдзіла нас, але дарога ў нас адна. Цяперашнее Украіны - гэта наша будучына. Украіна ідзе ў авангардзі нацыанальнага руху, яна разчышчае дарогу ўсім, ідучым да фэдэрацыі». Тым боляй прамоўца падтрымоўвае патрэбу пасылкі тэлеграммы да Цэнтр. Укр. Рады.

Старшыня ставіць пытаньне аб пасылцы тэлеграмы на галасаваньне с тым, каб апрацаваньне праэкту тэлеграмы даручыць прэзідзіўму. Прапазыцыя прымаецца большасьцю ўсіх галасоў проціў аднаго. Проціў пасылкі тэлеграмы галасаваў грамадзянін Збіткоўскі, делегат Вітэбскаго Беларускаго Народнаго Хаўрусу.

Выступае с прывітаньнем з'езду член Маскоўскаго Камітэту Агульна-Расійскаго Селянскаго Хаўрусу. У пекнай прамові ён сказаў, што М. К. А.-Р. С. X. напісаў па сваім сьцягу «фэдэрацыя» і будзе падтрымоўнаць справядлівыя дамаганьня ўсіх народаў Расіі. каб ні адзін парод не крыўдзіў другога, каб ні адзін народ не захацеў аддзеляцца, а каб усе яны саставілі адну вялікаю моцную сям'ю; гдзе ўсе роўнапраўны. (Доўг. пляск. ў далоні).

Старшыня з'езду адказывае на прывітаньне: «Мы заўсягды былі той думкі. што селяне, дэмакраты па самай сваёй істоці, дамагаюцца толькі праўды і справядлівасьці і адкідаюць зусім думку аб уцісьненьні адной нацыі другою. Дзеля гэтага, я думаю, што з'езды селян, што адбываліся тут у Мінску, пад кіраўніцтвам прышлых людзей, не выяўляюць сабою праўдзівай волі дэмакратыі. I я ад імяні нашаго з'езду вітаю А.-Р. С. X. І спадзяюся на тое. што ўсё селянства зразумее гэта і пойдзе за А. -Р. С. X.».

Посьля гэтага старшыня чытае прыветныя тэлеграмы ад Шалкевіча і ад губэрнскаго Камісара ў Галічыні, Краскоўскаго.

Прадстаўнік Жыдоўскай Злучанай Сацыялістычнай Партыі С. С. і Е. С. вітае з'езд і асабліва беларускіх сацыялістаў. Прамоўца верыць, што сацыялісты знойдуць дарогу да забязпечэньня народаў ад нацыанальнаго ўціску і канчае сваё прывітаньне клічам: «Хай жыве працоўная дэмакратыя Беларусі!». (Пляск. у дал.).

Продстаўнік Літоўскай Партыі Нар. Сац. вітае з'езд і беларускіх саціялістаў, разам другімі бараніўшых вольнасьць народаў і вызваліўшых свой народ беларускі ад векавечнага ўціску. Кончыў сваё прывітаньне клічэм: «Хай жыве Вольная Беларусь у
сям'і вольных народаў Расійскай Дэмакратычнай Фэдэратыўнай Рэспублікі!». (Аплёдзіс.).

Посьля гэтага выступіў са шчырым прывітаньнем «гаспадаром гэтаго краю» прэдстаўнік Украінскага Фронтовага З'езду і Украінскага Вайсковаго Камітэту Заходняга фронту. Прэдстаўніка брацкаго ўкраінскага народу ўся заля ўстрэла доўгімі і гарачымі аплёдзісмэнтамі. Украінец гаварыў аб адзінакавасьці заданняў як украінцаў, так і беларусаў, аб патрэбі еднаньня і ўзаемнай памогі. Ен гаварыў аб цяжкіх умовах беларускай нацыанальнай работы, але што тым боляй чэсьці людзям, не палохаючымся цяжасьці. Чорные крукі злетаюцца і крачуць над Беларусяй, хочуць разарваць на часьці яе жывое цела, але яна вытрывае. Вайна спустошыла значную часьціну Беларусі, пятая часьць народу беларускаго гіне на выгнаньні, у чужыні. Але беларускі народ, так шмат ператрываўшы і ня загінуўшы, ні загіне і цяпер, збудуе сваю нацыанальную хатку і, як роўны з роўнымі, будзе жыць у добрай згодзі с іншымі народамі.

«Слава вільній Білорусі!» выгалашае украінец.

«Слава вільній Украіні!» крычаць у адказ. Усе ўстаюць і робюць вялікую авацыю прадстаўніку украінскаго народу.

Пасьля гэтага зьезд выслухаў пекнае прывітаньне продстаўніка Глаўнага Арганізацыйнаго Камітэту Агульна-Расійскаго Селянскаго Хаўрусу.

Жылуновіч, адказываючы продстаўнікам іншых народаў, што віталі зьезд прынёс ім шчырую падзяку ад зьезду за спачуцьцё нашай працы і выгаласіў здравіцу дэмакратыям усіх нацый і здравіцу Расійскай Дэмакратычнай фэдэратыўнай Рэспубліцы. Зьезд прыкрыў гэта гарачымі аплёдзісмэнтамі.

Ад імяні Маскоўскай Б. С. Г. выступае с прывітаньнем зьезду грамадзянін Дыло. Даляй ён гаворыць аб тым, што каб ворагі беларускаго руху пабылі на гэтым зьездзі, пабачылі зьехаўшыхся дэлегатаў, яны бы праканаліся, што пагляды іх на беларускі рух. Як на «панскую выдумку», «польскую інтрыгу» - пагляды памылковыя. Беларускі рух - рух чыста дэмакратычны. Яго робюць работнікі, селяне і шчыра - дэмакратычная інтэлігэнцыя.

Тыя пісакі, што цяпер ў мейсцовых расійскіх газэтах пускаюць брудную брахню аб нас, яны пасьля праканаюцца ў сваёй абмылцы, але каб гэта ні было позна.

Мы будзем служыць толькі свайму народу; тые, хто стаіць нам на дарозі да народу нашага разступяцца, а не - дык мы іх скінем прэч і пойдзем далей сваёй дарогай. Мы ні гнулі свае шыі перад царом, і ні сагнём ні перад кім іншым. Мы спіхнём тых, што прыехалі да нас з чужых бакоў, ашуківаюць народ наш, ездзюць як бы яго прэдстаўнікамі да Петраграда і Масквы і фальшуюць думкі нашага народу.

Тые гузікі вучыцяльскіе, што выракліся сваіх бацькоў і свае бацькаўшчыны, пачуюць на сабе нашу мазольную руку. Яны хочуць весьці старую русіфікатарскую палітыку, але не. Як сказаў адзін работнік - беларус з Пуцілаўскаго заводу, ім раней плаціў цэнтральны урад за іх верную службу, а цяпер мы ім будзем плаціць. I мы паглядзім, як яны пойдуць проціў нацыаналізацыі школы. (Апл.)

Ня гледзючы на нікога мы павінны ісьці сваёю дарогай і працаваць дзеля шчасьця краю. (Апл.)

Пасьля гэтага тав. старшыні Нац. Кам. Фальскі прачытаў даклад аб працы Нац. Кам. Дакладчык пачаў с 1905 г., пагаварыў аб цяжкіх умовах, ў якіх ішла беларуская праца, ўспомніў аб Камітэці падмогі пацярпеўшым ад вайны, с пачаткам рэвалюцыі абвесьціўшым сябе «Нацыанальным» і склікаўшым першы зьезд беларускіх дзеячаў, на якім быў выбраны цяперашні Нац. Кам. гэтаму Камітэту прышлось працаваць так сама ў страшэнна кепскіх умовах, як палітычных, так і фінансавых. Але Камітэт рабіў усё, што мог. Так ён рэгістраваў беларускія арганізацыі, пасылаў ім літэратуру, выдаваў адозвы, заарганізаваў збор на Нацыанальны Фонд і склікаў цяперашні зьезд.

Алексюк, загадчык аддзелу зносін і нацыянальнай прапаганды, дадае, што Камітэтам зроблена мала. дзеля таго, што не хапало сіл, а другое, і дзеля таго, што нацыанальнае пачуцьцё тут, на Беларусі, вельмі слабае і адбуджаецца толькі тагды, як чалавек пападае на чужыну.

Словы свае прамоўца падмацоўвае параўнананьнем ліку беларускіх арганізацый на Беларусі і по-за Беларусяй.

Э. Будзька дакладывае аб ходзі перагавораў з літоўцамі. Справа у тым што літоўцы былі патрабавалі ад Ураду, каб ім перадалі, у упраўленьне Ковенскую, Віленскую і Сувальскую губ. А як ведама. ні адна гэтых губэрніяў ні можа назвацца чыста літоўскай. I вось, петраградзкіе члены Б. Н. К. звярнуліся да літоўцаў, каб тыя ясьней вызначылі межы свае сфэры кіраўніцтва і каб ні захаплялі мейсца гдзе жывуць беларусы. Літоўцы адмовіліся. Тагды папрабавалі знайсьці компраміс - стварыць Камітэт на-палавіну літоўскі, на-палавіну беларускі, да якого-б належылі ўсе справы гэтых губэрніяў, але літоўцы так сама адмовіліся, бо «літоўская справа», казалі яны, гэта справа міжнародная, а вы так пытаньня ні ставіце».

Посьля гэтых дакладаў старшыня абвесьціў перарыў па 2 гадзіны.

Посьля перарыву старшыня абвешчае пачатак спрэчак аб працы Нацыанальнага Камітэту. Алексюк прапануе спачатку выслухаць даклады з мейсц, а посьля пачаць спрэчкі аб працы Нац. Кам., бо даклады з мейсц паслужаць дабаўкай і тлумачэньнем дакладу аб працы Камітэту. Старшыня ставіць гэта на галасаваньне. Прапазіцыя Алексюка прымаецца. Старшыня пытаецца, што раней, чым перайсьці да дакладаў з мейсц, можа хто захоча задаць якія-небудзь пытаньня дакладчыкам аб працы Нац. Кам. Адзін з дэлегатаў цікавіцца, якая была ініцыатыва Камітэту ў стварэньні беларускіх арганізацый на мейсцох. Алексюк адказывае, што ў гэтым кірунку ў Камітэту бадай што ніякай ініціатывы ні было; Камітэт толькі рэгістраваў закладзяныя арганізацыі і увыходзіў ў зносіны і імі. Дыло просіць інфармацыі аб дэлегацыі першаго беларускаго з'езду да Часоваго Расійскаго Ураду. Алексюк, як сам быўшы у гэтай дэлегацыі, дае тлумачаньня. Спачатку дэлегацыя была у прэм'ер-міністра, князя Львова, падала яму дакладную запіску аб прошласьці нашага краю, аб яго эканамічным становішчы, школі, аўтаноміі. Князь Львоў паслухаў ўсё гэта ўважна, але сказаў што усе гэтыя дамаганьня належуцца да розных міністраў. Найшлі посьля гэтага да Мануйлава. Выказалі яму патрэбу ўнівэрсітэту, вышэйшай сельска-гаспадарскай школы ў краі, патрэбу перадачы кіраваньня асьветай ў рукі мейсцовых людзей, патрэбу дапасаваньня школы да мейсцоваго жыцьця. Міністр сказаў, што ён, як і урад, нічога ні мае проціў нашых жаданьняў, але зрабіць нічога ні можа і толькі парадзіў паслаць сваіх прэдстаўнкаў ў
Камітэт, які арганізаваўся тагды пры Міністэрсьцьві Народнай Прасьветы. Былі ў тав. міністра ўнутраных спраў, Леонтьева. Той адразу папытаўся, якая рэальная сіла стаіць за дэлегацыяй? Алексюк стаў гаварыць, што за дэлегацыяй стаіць вялікая маральная сіла, але гэта, як відаць было, ўражэньня на яго ні зрабіло ніякага. Дэлегацыя гаварыла яму аб тым, што на Беларусі выбіраюцца за губэрнскіх камісараў земцы Сталыпінскаго земства, што вядуць старую абрусіцяльную палітыку і т. д. Леонтьев сказаў, што ён спагадае гэтай бядзе. але памагчы нічым ні можа. ня можа ісьці проціў выбарнай уласьці. Боляй канкрэтна удалося пагаварыць з обер-пракурорам, Львовым, аб тым, што некаторыя высокія прэдстаўнікі цэркві робюць палітычныя выступленьня такого парадку, што толькі распаляюць нацыанальную і рэлігійную спрэчку.

Дэлегацыя паказала яму адозву аднаго с такіх ерархаў. Львов згадзіўся с тым, што гэтакаго чалавека ні можна даляй трымаць.

Была намечана кандыдатура епіскапа-беларуса. Але з гэтай гісторыі нічога ня выйшло. Была дэлегацыя і ў каталіцкаго біскупа і паставіла яму на ўвагу свае патрэбы: беларуская мова ў касьцелі, беларуская духоўная каталіцкая сэмінарыя і т. д. Устрэлі тую самую спагаду; што і ў іншых і так сама адыйшліся з нічым. Увесь рэзультат дэлегацыі можна характэрызаваць расейскім словам «вообще».

Першы дзень зьезду.

Вольная Беларусь. 1917. № 9.

(Пачат. глядз. ў 8).

Старшыня пытаецца, ці хто з мейсца мае што расказаць. Будзька знаёміць з'езд с тым. Што рабілося беларусамі ў Петраградзі: прэдстаўнікі ад беларусаў ёсьць ў камітэці пры Міністру Народнай Прасьветы, ў Парадзі аб скліканьні Устаноўчага Сэйму, ў Бюро Нацыанальных Сацыалістычных Партый.

Дыло ставіць пытаньне аб працы прапар. Мышкі і «Западно-Русскаго Общества».

Будзька адказыdае, што Мышка да рэвалюцыі, як і шмат хто іншы, быў цэнтралістам і пэўна-ж ні мог перарабіцца за неколькі дзён рэвалюцыі. Што належыцца да «Западно-Русскаго Общества», дык гэта кампанія быўшых правых людзей. Але яны, як чорт крыжа, баяцца палякаў, баяцца, каб хоць часьціна Беларусі ні папалась да Польшы.

Дзеля гэтага яны робюць нам значныя ўступкі: яны, напрыклад, згаджаюцца на Краёвую Беларускую Раду і па увядзеньне беларускай мовы ў школкі паралельна з маскоўскай. Як нам прыдзецца праводзіць мяжу з палякамі і літоўцамі, яны будуць нашымі хаўруснікамі; за тое з усходняга боку яны будуць старацца, каб чым найболяй адарваць ад Беларусі. Наагул жа кажучы, вялікай увагі на іх звяртаць ні трэба і ісьці даляй сваёю дарогаю. Самае важнае, што стаіць цяпер перад намі - школа і школьныя падручнікі.

Дыло цікавіцца, ці што робіцца ў гэтым напрамку, ці не. Будзька адказывае, што Тарашкевіч пад кірункам акадэмікаў Карскага і Шахматава сядзіць над граматыкаю. Але гэтае пытаньне боляй зубастае, чым можна было раней дагадывацца. Душэўскі гэаграфію. Цяпер ў Мінску Таварыство Беларускай Культуры выгаласіло конкурс па 10 школьных падручнікаў. Можа і яшчэ хто працуе над падручнікамі, але яму гэта нівядома.

У гэты час да прэзідыуму падходзіць матрос Пятухоў і падае пісьменную заяву. Старшыня просіць прачытаць яе. Матрос чытае:

«Заява.

Ліпня 8 дня 1917 г. мы, ніжэйпадпісанныя, дэлегаты Вітэбскаго Камітэту Беларускага Народнага Хаўрусу, дзеля выявіўшыхся нам заданьняў з'езду, заяўляем:

1) Што цяперашні «Беларускі з'езд», складаючыся без малаго толькі з прэдстаўнікаў «Беларускай Сацыялістычнай Грамады», якая врыступае пад сьцягам сацыялізму, ня можа рабіць пастапоў ад імяні ўсяго беларускага пароду, будучы ўсяго нівялічкай яго часткай:

2) Што ухваленьне прыветнай телеграмы Украінскай Радзі ёсьць ў адносінах да цэльнай Расіі сэпаратным учынкам, што беларускім народам, які жыве ў цеснай еднасьці з Расіяй, ухвалена быць ня можа;

3) што поўнае ігнараваньне з'ездам праяў цяперашняго мамэнту, як 1) учынкі «бальшавікоў» у Петраградзі, пробы арыштаваць Часовы Ўрад і нападак на жыцьцё ваеннаго міністра Часоваго Ўраду не даюць пэўнасьці, што работа з'езду будзе прадукцыйнай у кірунку выяўленьня праўдзівых патрэб Беларусі і падтрымання Часоваго Ураду;

4) што з дакладаў і прамоў выявілось, што з'езд ворага адносіцца да іншых беларускіх арганізацый, ня ідучых пад сьцягам «сацыалізму Беларускай Грамады» і ня лічыць, іх нават беларускімі. Дзеля ўсяго гэтага мы змушаны пакінуць з'езд, бачучы, што ён ні ідзе па дарозі жаданьняў масы беларускага народу.

Дэлегаты Вітэбскага Беларускага Народнага Хаўрусу Збіткоўскі і Пятухоў».

Будзька: Мы гаворым ад беларускіх арганізацый, а не ад імяні беларускага народу. Гэтага ні можна мешаць.

Галавач: Прыехалі з гатовай заявай, не аглядзелісь добра і кажуць, што ім з намі не па дарозі.

Збіткоўскі з мейсца: Ніпраўда.

Алексюк: Што тут доўга гаварыць. Нам сказана ясна: ні па дарозі і годзі.

Старшыня: Запісалось 3 чалавекі. Ці мы выслукаем іх?

Дыло: Я проціў адкладу спрэчак аб дакладах з мейсц, бо мне зусім ні ясна, якім парадкам наша работа звязана з ніпарадкамі ў Петраградзі.

Старшыня: Прашу вясьці даляй даклады з мейсц. (Збіткоўскі і Пятухоў выходзюць).

Кахановіч: Арганізацыйны Магілеўскі Камітэт «праве што нічога ні зрабіў». Ён тоўк воду ў ступі; гэтая вада разляцелася па ўсёй Магілёўскай губ і ўсюды так сама сталі таўчы ваду. (Сьмех). Усюды, як напрыклад ў Гомлі, Воршы і інш. мейсцох, ствараюцца гурткі беларускія і пачынаюць сякую-такую працу. I магілёўцы па-крысе працуюць. Можа зараз з'езд зробім. Рабілі гулянку, збор. Прайшло дужа добра. Трохі абсьмялелі і пастанавілі ісьці на гарадзкія выбары са сваім асобным спіскам. Дакладчык гавора, што ён выступаў неколькі разоў на перадвыбарных сходах і даволі успешна, ні гледзючы на тое, што магілеўскія К-Д'эты проста са скуры вон вылазілі, абы толькі пашкодзіць нам. I ня толькі К-Д'эты, але й С-Р'ы ішлі проціў нас, вялі абрусіцяльную палітыку, ўсё роўна, як бы яны былі ні С-Р'ы, а С-Р-Н'ы. (Апл.) Але беларусы вялі даляй сваю справу і гэтыя С-Р'ы пачынаюць патроху перафарбоўвацца пад беларускі коляр. (Сьмех). Калі ўважна глядзець па справу, беларускі рух мае моцны грунт пад сабою і можа прыцягнуць да сябе шмат людзей. Магілёўцы, напрыклад, думаюць і да Устаноўчаго Сэйму пайсьці пад сваім сьцягам. Ні трэба толькі адразу хапаць людзей за горла. Гэтыя Вітэбскія дэлегаты, яны проста, як кіпяткам ашпарэныя. Трэба ні гнаць іх, а пастарацца прыручыць. (Апл.)

Дыло: А я - дык прывык сячы с пляча. Нам не выпадае браць на сябе роль нейкіх апякуноў і выхавацеляў. Мы адкідаем нязгодных з намі, а стараемся лучыць старых, ужо апрабованых беларусаў. Зрабілі ў Унівэрсытэці беларускі мітынг. Дзеля дрэннай пагоды народу сабралося не шмат, так чалавек каля 150. Пагаманілі трохі. У канцы папрасілі тых, што згаджаюцца з выстаўленаю намі праграмаю і хочуць працаваць з намі, заставіць свае адрасы. Заставілі адрасы каля 135 чал., значыцца, што згадзіліся на аўтаномію і нацыаналізацыю школы. Праграму спачатку выставілі дэмакратычную, але без сацыалізму; спадзеваліся згуртаваць такім парадкам больш людзей. Так стварылася Маскоўская Беларуск. Народная Грамада.

Незалежна ад яе заснавалася і Сацыалістычная Грамада. Заснавалось і Беларускае Выдавецкае Таварыство. Выдаем цяпер 10 кніжачак на палітычныя тэмы. Папробаваў Разумовіч зрабіць контр-арганізацыю, але мала толку з гэтаго выйшло. Пара слоў аб нашумеўшым Вітэбскім з'ездзі. З'езд быў зусім нівялікі: Сем гасьцей, восім старавераў, нейкім дзівам папаўшых у члены беларускаго з'езду - вот і ўвесь з'езд. Ну, й пачалі гаварыць. Выходзіць, што беларусы па сваёй ахвоці «любовно» злучыліся з Масквою яшчэ за царом Аляксеям. Наш стары даў усім дужа добры адказ, але нічога ня памагло й яны пастанавілі: ня трэба аўтаноміі, ня трэба беларускае мовы. Тагды наш прэдстаўнік Васілевіч разам з прэдстаўнікам праваслаўнаго гродзянскаго духавенства дэманстрацыйна выйшлі.

Клікалі нас і на з'езд «Западно-Русскаго Общества». У Маскве да нас хацеў падлезьці б. выдавец «Виленскаго Вестника», але як пабачыў нашу праграмму, дык сказаў «завтра зайду» і так аж дагэтуль зайходзіць. Посьля ён паказаўся ў гэтым «Зап.- Рус. Общ.». Калі ўжо Чыхачоў дагаварыўся да самаўпраўленыія, дык, значыць, трымайся асьцярожна. Ваўкі накладаюць авечыя скуркі. Наша арганізацыя павінна мець строга абведзяныя межы, каб ні адзін такі воўк ня мог да нас прыбіцца (Апл.).

Асьвецімскі. робіць даклад аб тым, як ідзе беларуская праца у вёсцы, сярод селянаў Слуцкаго павету. Нам усякімі спосабамі перашкаджалі, ня давалі працаваць, пускалі людзям туман у вочы, але мы рабілі сваё. Каб менш было прычэпкаў, мы нават не ўсюды гаварылі па-беларуску: гдзе па-беларуску, гдзе па-расейску, а гдзе і па-польску. Але ўсюды мы гаварылі аб адным: аб інтарэсах нашаго краю. Посьля падлезьлі туды С-Р'ы і сталі вясьці сваю агітацыю, але іх работа жыва абвалілася. Беларус ня можа быць ні С-Р'ам. ні кім іншым, а будзе заўсягды перш-на-перш беларусам. Посьля С-Р'а прыйшоў ленінец і пачаў баламуціць людзей. Мы папрасім яго выехаць назад да Кранштаду. За ім прыйшоў Лебядзеў ад Петраградзкаго Селянскаго Хаўрусу, прыходзілі й ад Мінскаго Селянскаго Хаўрусу, каб павесьці народ за сабою. Зрабілі вялікі скандал, нагаварылі, што Б. С. Г. ідзе на павадку ў паноў, што старшынёю ў ёй абабраны Скірмунт і т. д. Сабраліся раз селяне і патрэбавалі, каб я сказаў ім гэту папскую праграму. Я пераказаў праграму Б. С. Г. Яны згадзіліся. Калі па апошнім з'ездзі пачалі гаварыць аб Міхайлаві (Фрунзэру) і было добра растлумачэно, чаго хоча Міхайлаў і чаго хоча Б. С. Г., проціў яго пайшла рэакцыя. Але гэто рэзультат работы не Б. Н. Г., а старых беларусаў 1905 году. Калі паднялося пытаньня аб гімназіі ў будынку кляштару (монастыря), усе 524 чалавекі, быўшыя на з'ездзі, як адзін згадзіліся с тым, што нам трэба прасьвета і пазнаньне нашаго роднаго краю. Б. С. Г. мае цяпер працярэбляную дарогу да народу. Трэба ўсім ісьці ў народ, агітаваць, не важдацца тут с паперкамі, а гатаваць народ да Устаноўчаго Сэйму (Апл.).

Мелешко дакладывае аб арганізацыях ў Вітэбску. Бел. Народны Хаўрус - гэто новы «Союз русскаго народа», нешто падобнае да розных «Галицких Обществ», на якія раней быў вялікі ураджай. Б. С. Г. нават ня лічыць яго беларускім. Праграма ў іх напісана яшчэ туды-сюды, але на сваіх сходах яны гаворуць зусім іншае. Або як яны аратарствуюдь на вёсках. Лічуць сябе С-Д'экамі, а тут на табе: «Цяпер усё захапілі жыды, усім камандуюць... Хто запішыцца ў Б. Н. X., таму мука будзе па 40 к. пуд». (Сьмех)

Гэто нават надруковано ў «Вестках Рады Работніцкіх і Салдацкіх Дэпутатаў». Беларускі рух у Вітэбску падтрымоўваецца вучашчайся моладзю. Бяда толькі ў нехватцы сьвядомых людзей. Двум-тром чалавекам, без грошаў у дадатак, цяжка ваеваць са старымі спрактыкованнымі чорнасоцянцамі, якія маюць і грошы, і ўсю сілу.

П. Бодунона зрабіла даклад аб сваёй працы ў Нава-Беліцы й Гомлі. 19 чэрвеня на станцыі і на сяле Буда-Кашалёўская дакладчыца ўладзіла два мітынгі, гаварыла аб беларускім руху, аб беларускім нацыанальным адраджэнні, аб Бел. Соц. Гр. Устрэла спагаду сярод сялян. Залажылі аддзел Б. С Г. 22 чэрвння была на Гомяльскім настаўніцкім з'ездзі. Старшыня сходу быў масковяц і ўсякімі спосабамі стараўся перашкаджаць. З адказамі выступалі прап. Пашкоўскі і вучыцяль царкоўнай школкі. Яны ўсякімі спосабамі стараліся давясьці, што беларускае мовы німа, што аўтаномія Беларусі ніпатрэбна. Але ўсё-ж такі знайшліся людзі, што зацікавіліся, распытываліся аб літэратуры, аб кніжках, гдзе іх можна дастаць. Праца можа ўсё перамагчы. Трэба працаваць ня толькі палітычна, але й практычна.

Забела з Кіева знаёміць з'езд з гісторыяй Кіеўскага Беларускаго гуртка «Зорка». Пачатак зрабілі студэнты. Цяпер гурток гэты мае каля 150 сябрукоў. Каб мець магчымасьць добра працаваць, трэба ведаць і агульны ход руху. Патрэбна злучнасьць паміж усімі беларускімі арганізацыямі. Трэба дамагацца як найхутчэйшай закладкі Сельска-Гаспадарскаго Інстытуту. Трэба падумаць і аб ніжэйшай школцы, трэба гатаваць падручнікі для дзяцей. Надумаліся ў Кіеві зрабіць вечарыну, але самым цяжка наладзіць. Просюць прыехаць драматычную сэкцыю. Адна з кінэматаграфічных фірмаў зьвярнулася с прапазыцыяй інсцэнаваць якую-небудзь беларускую драму. Па гэта трэба было-б зьвярнуць увагу. Будзе процэнт ад прыбытку і дармовая рэкляма.

Мароз, з Капыля Слуцкаго павету. Мястэчка глухое, але людзі надта цікавюцца беларускіх рухам, падтрымоўваюць сьвядомых беларусаў. Але, каб усё йшло гладка, трэба перафармаваць Камітэт на зусім дэмакратычных падставах.

Русак з Бабруйску. Залажыўся аддзел Б. С. Г. Выпусьцілі адозву 18 чэрвеня. Злучыліся с Жыдоўск. Сац. Нар. і выставілі 7 кандыдатаў да Гарадзкой Думы.

Цьвікевіч ад Маскоўскай Беларускай Народнай Грамады й Тульскаго яе аддзелу знаёміць з'езд з праграмай Нар. Гр. Праграма дэмакратычная, але без сацыалізму. Такім парадкам Нар. Грам. думае прыцягнуць да сябе ўсіх памяркоўных людзей. Дакладчык кліча ўсіх беларусаў інтарэсы бацькаўшчыны паставіць вышэй усякіх партыйных заданьняў і злучыцца ўсім. Бо інтэлігэнтных сілаў мы маем мала. Нават не знайшлося людзей, каб узяцца за бежанскую справу. Па ўсёй Расіі ёсьць розныя Камітэты, а беларускіх нігдзе німа. Доля бежанцаў-беларусаў цяжэйшая, чым іншых.

Кс. Астрамовіч з Смілавіч. Я буду гаварыць, як прыватны чалавек, але хацелася бы пазнаёміць з'езд, як ідзе беларуская справа ў нашым боку. Як я пачаў гаварыць на вёсцы, што я беларус і яны беларусы, здзівіліся людзі. Але сяк-так трохі навярнуў на свой бок. Ахватней за ўсіх за беларускую справу бяроцца моладзь. Ахвотна бяруць і кніжкі і газэты, чытаюць, вучаць вершы на памяць. Ігуменскі павет надта глухі: беларускае друкаванае слова да яго яшчэ праве што ня дайшло. Сёе-тое рабіў валастны пісар, але яго сьпіхнулі. Проста бяда з дзяленьнем на «польскую» і «рускую» веру. Нашы католікі так прывыклі да польскай мовы ў касьцелі, што й самі хочуць «гаварыць па аршаўску». Зрабілі мітынг прыехаўшыя з Мінску беларусы. Трохі што зрабілі, хоць мейсцовыя русіфікатары і надта перашкаджалі. Хоць ужё-ж такі разбілі людзей на дзьве часткі: адны хочуць «по-аршаўскі», а другія ўжо нічога не маюць проціў беларушчыны.

[Працяг будзе]

Інфармацыі з № 10 «Вольнай Беларусі» няма

Другі дзень зьезду.

Вольная Беларусь. 1917. № 11.

(Пачатак у №№ 8-10)

У часі самых гарачых спрэчак аб формах аўтаноміі прыйшоў прывітаць зьезд прэдстаўнік Выканаучаго Камітэту Мінскай Польскай Рады. У сваім прывітаньні ён выказаў шчырае жаданьне тутэйшых палякоў, як «сыноў гэтаго краю, жыць у добрым суседзтві з беларусамі і разам з імі працаваць на карысьць агульнай бацькаўшчыны».

Зьезд сутрэў гэтую заяву моцнымі аплёдзісмэнтамі. Дыло пратэстуе проціў аднаўленьня юрыдзічнай дзіскусьсіі. Старшыая дае слово чарговаму прамоўцу - Смолічу. Смоліч гаворыць аб тым, што праца Камітэту была безскутачнай дзеля таго, што людзі былі ворага нахіляны проціў Камітэту, бачылі ў яго выступленьнях самачынныя заявы ні толькі за сябе, але і за другіх. Тое, што прапануе Кахановіч, будзе ізноў самазванствам. [Кахановіч з мейсца: «Ніпраўду кажэце»] А мы павінны адмяжавацца ад усякаго самазванства. Разам з тым, трэба прызнацца, што Цьвікевіч ніясна прэдстаўляе сабе палажэньне беларускай справы ў Мінску. Ен прапануе лучыцца з арганізацыямі, каторыя хочуць нашай нацыанальнай сьмерці, каторым наш кліч «адраджэньня Беларусі» саўсім не падабаецца. Невядома, аб чым будзе гаварыць заўтрашняя парада.

Кахановіч бярэ слово, каб паправіць Смоліча. Я не казаў, што Белар. Цэнтральн. Рада будзе прэдстаўніцай народу беларускаго, а, наадварот, - толькі арганізацый. Узурпіраваць ўласьць прапанаваў як раз грамадзянін Смоліч: абвясьціць цяперашні зьезд Цэнтральнай Радай. [Шум.., Апл... Смоліч нешта крычыць. Старшыня просіць аратара гагаварыць далей.] Ні узурпацыяй нам трэба заняцца, а арганізаваньнем сябе і шырокіх масаў. Як і усякія іншыя палітычныя арганізацыі, мы можам разглядаць палітычныя пытаньня. Можа здарыцца, што трэба будзе пайсьці і да Ураду і т. д. Што належыцца да лямэнтацын аб нашай беднасьці, - мы ня бедныя, але працаваць ня ўмеям, не верым адзін аднаму, разбіваем свае сілы. Хто вінен у тым, што Дастаеўскі, Касьцюшка, Міцкевіч, Сыракомля, Ажэшка і інш. адыйшліся ад нас?! Адно наша недбаласьць. Мы цяпер маем мала, а іншым здаецца, што ў нас нічога няма.

Дыло і Алексюк падтрымоўваюць даклад Кахановіча. Дыло заспакоівае тых, што баяцца слова «фэдэрацыя», даводзючы, што Злучаныя Штаты Паўночнай Амэрыкі пабудованы па фэдэратыўных падставах, а дзяржава, надта моцная. Затым, ці фэдэрацыя служыць згубай Швэйцарыі? Жыцьцё вымагае перабудаваньня вялікіх дзяржаваў на грунці фэдэрацыі. Так перабудоўваецца цяпер Англія, і ад гэтаго перабудаваньня яна не страціла свае моцы, а, наадварот, знайшла у ім новую моц.

З вялікай прамовай выступае Р. Скірмунт. Юрысты добра сказалі, што німа яснаго і справядліваго азначэньня розных форм аўтаноміі. Але, калі Цьвікевіч гаварыў аб ніпатрэбі палітычнай аўтаноміі, а толькі мяйсцовай гаспадарскай, прамоўцу здалося, што Цьвікевіч радзіць здаволіцца пашырэным земскім самаўпраўленнем. Пры зьмяніўшымся дзяржаўным ладзі стары цэнтралістычны парадак далей трываць не можа і не павінен. Дабрабыт як ўсяе Расіі, так і наш грунтуецца на шырокай палітычнай аўтаноміі краёў і народаў. Да гэтага трэба дабавіць, што тэрмін «палітычная аўтаномія» не разумее безпрыменна свайго войска, сваіх асобных грошаў і мытных граніц. Усё гэта можа быць агульнае. Але ад сваіх праўдзівых патрэбаў мы адступацца не можам і не павінны. Прамоўца падтрымоўвае Алексюка ў яго словах аб Укр. Цэнтр. Радзі. Выступленьне Укр. Рады надта зрэлае й абдуманае, яно грунтуецца на ясным разуменьні інтарэсаў свайго народу. Калі Расія зразумее сэнс нацыанальных дамаганьняў жывучых у ёй народаў і пойдзе ім па сустрэч, яна не толькі не аслабее, а наадварот, узмацніцца. Грамадзянін Цьвікевіч моцна памыліўся, кажучы, што народы Расіі пры старым парадку прывыклі адзін да другога і зліліся ў адно цэлае. Гэта было злучэньне кайданаў і ланцугоў. Цяпер насталі новыя часы і трэба шукаць новых прынцыпаў злучэньня. [Бурн. апл.] Зробляная Кахановічам крытыка працы Камітэту справядліва. Камітэт, па-праўдзі, зрабіў мала, але дзеля страшэнна цяжкіх умоў працы. Час наш пераходны і ідэёвая праца сустрачае шмат неабдуманных слоў і абвінавачэньняў. Паказывалі на мяне, што я шкоджу толькі працы Камітэту, стаючы на чэле яго. Я зараз жэ зьняў с сябе паўнамочыя старшыні Камітэту і застаўся простым яго сябрам. Злосныя нападкі на Камітэт, можа, адзначаюць толькі тое, што Камітэт стаяў на сапраўднай дарозі. Тут гаварылі аб яго працы, і ніхто не ўспамянуў аб тым, што Камітэт ня толькі склікаў зьезды, але й залажыў газэту «Вольная Беларусь», орган што стаіць моцна па нацыанальным грунці й адпаведае духу цяперашняго часу. Перамена, рэарганізацыя Камітэту патрэбна. Але праэкт Кахановіча вяртае нас назад. Нацыанальны Камітэт і Выканаўчы Камітэт тое самае. Быць можа, замест таго, каб яго касаваць, перавыбраць, перабудаваць яго. Скасаваньне Камітэту нашы ворагі могуць зразумець, як уступку ім і гэто акрыліло-б іх надзеі. [Апл.]

Асьвенціскі гаворыць аб патрэбі перабудаваньня Камітэту на демакратычных падставах.

Сушынскі. У нас часта пытаюцца: а што будзе з Расіяй, а што будзе с Расіяй, і забываюцца аб Беларусі. Такіх нам не трэба. Мы павінны найперш за ўсе дбаць аб дабро свайго пароду. Трэба арганізаваць сьвядомыя сілы нашаго краю. Народ хоча вольнасьці нацыанальнай, хоча зямлі і волі і ён здабудзе тое, што яму трэба. Нас страшаць тым, што зямля наша кепская і што мы памром з голаду. А я пытаюся, хто дагэтуль карміў беларусаў?

Старшыня просіць прамоўцу не адыходзіцца ад тэмы.

Сушынскі. У нас ёсьць і сілы, але яны распарушаны на агульна-расійскіх арганізацыях. Самыя сьвядомыя людзі цяпер у войску. Трэба ўзяцца за арганізаваньне ваенных. Што да Б. Н. К., дык назусім касаваць яго не можна, бо гэта інстытуцыя ўжо вядомая шырокай публіцы. Перавыбраць яго - так, але ён мусіць быць. А то адзін зьезд стварыў. Нацыанальны Камітэт, другі зьезд скасаваў яго і стварыў Выканаўчы Камітэт, трэці зробіць як-небудзь яшчэ інакш. Будзе нейкі калейдаскоп, ці што. (Апл.)

Да прэзідзіуму падаецца запіска, каб даць кожнаму прамоўцу толькі 5 мін. Старшыня ставіць гэтую прапазіцыю на галасаваньне. Прымаецца. Слово даецца грамад. Будзьцы. Ен даводзіць, што як бы ні назвалі цэнтральную арганізацыю, як бы яе ні збудавалі, - заданьня астануцца тыя самыя і ўмовы працы тыя самыя. Сама я глаўная бяда - нехват казны, грошаў, бо калі-б можна было даць чалавеку той кавалак хлеба, які ён зарабляе, працуючы ў іншых установах і арганізацыях, да нас бы шмат людзей сабралося. Дык заміж гутарак аб назві Цэнтральнай Арганізацыі лепш было-б падумаць, адкуль ёй дастаць грошы.

Перэселенцов. (А.-Р. С. Х.). Прамоўца заяўляе, што калі ён пачне гаварыць аб аўтаноміі, дык не дзеля таго, каб удавацца ў юрыдычны дзіспут, а толькі, каб выясьніць погляды на гэтое пытаньне, як сабраўшыхся, так і А.-Р. С. X. Як беларускія партыі. так і А.-Р. С. X. могуць ісьці разам, бо ім аднакава пагражае небязпека ад нейкаго большэвіка Міхайлова. «Не ведаю, кажа прамоўца, ці ён устрэчны брат Леніна, ці другой устрэчы з Юдаю Іскарыоцкім, але ён пайшоу і проціў вас і проціў нас; ён адарваў беларускае селянство як ад вас, так і ад нас». А.-Р. С. X, стаіць на грунці фэдэрацыі і можа быць моцным хаўруснікам беларускаго руху і разам з дзеячамі беларускаго адраджэньня арганізовываць беларускае селянство. I можа прыйсьці час, калі так званыя С-Р'ы павінны будуць адступіць перад арганізованным сялянствам, на чый кошт яны жывуць і з чыіх лёзунгаў карыстаюць. Прыкрываючысь высокімі фразамі, яны пастараюцца выставіць вас, як здрадпікаў дзяржавы. (Апл.). Разам с сабраўшымыся тут, прамоўца думае. што разуменне тэрыторыяльнай аўтаноміі не злучано неразрыўна с асобным войскам і мытнымі межамі.

Алексюк бярэ слово на нічарговую заяву. Ен пратэстуе проціў лаянкі па адрасу Мінскага Селянскага Хаўрусу, бо гэта ўсё-ж такі арганізацыя дэмакратычная. Умешываецца прэдстаўвік Мінскай Рады Селянскіх Дэпутатаў і крычыць проціў «хуліганскіх выхадак» прэдстаўніка А. Р. С. X. Падыймаецца цэлы гармідар. Грамадзянін Перасяленцаў тлумачыць, што яго словы належалі толькі да Міхайлава, як Міхайлава, і што ніякай лаянкі па адрасу Рады Селянскіх Дэпутатаў ні было. Дыло пратэстуе проціў таго, што асабістыя рахункі паміж Селянскім Агул.-Рас. Хаўрусам і Мінскаю Радаю Селянск. Дэпут. выкладаюцца перад сходам, які іх развязаць ні можа і прапануе, каб і Перасяленцаў і Шостак забралі свае словы назад. (Крык. Шум. Званок старшыні). Як трохі шум сьціх, выступае Смоліч. Ён кажа, што, праўда, ён прапанаваў абвясьціць гэты зьезд Радай, але яго словы перадалі ніверна. Зьезд вышэй Рады беларускіх арганізацый, а ён гаварыў як раз аб такой Радзі. Зачыніць Нацыанальны Камітэт трэба ні дзеля таго, што фірма кепская, а дзеля таго, што ён ужо выпаўніў свае заданьне арганізуюшчага цэнтра; цяпер беларускія арганізацыі ёсьць і ёсьць патрэба другога цэнтру. Цяперашні зьезд меншы па ліку, але большы па удзельнай цяжасьці, і яго орган павінен мець больш аўтарытэту і паўнамочый.

Цьвікевіч: Але ўсё-ж такі гэты зьезд ні можа нічога рабіць ад імяні Беларусі.

Старшыня: Мы хочам стварыць Цэнтральны орган нашых арганізацый, а не Беларусі. Гэтаго блытаць не можна.

Шостак (Мінск. Рада Сел. Дэп.): Вы прэдстаўнікі беларусаў?

Старшыня: Мы прэдстаўнікі беларускіх арганізацый.

Шостак: Чаму мы ідзём рознымі да рогамі, разрываем адзін народ на неколькі частак? Калі мэты пашы аднакавы, нам трэба злучыцца і ісьці разам, а калі розныя - выясніць іх адны перад другімі раз па заўсягды. А то ходзюць чуткі, што Б.С.Г. і Б.Н.К. адно і тое самае, што як там, так і тут верхаводзяць паны. Калі мы пратэставалі проціў 2-х мейсц беларускім арганізацыям у Парадзі аб скліканьні Устаноўчаго Сойму, дык толькі дзеля таго, што ў гэтых арганізацыях німа упаўпамочэных ад селянства.

Галавач абараняе Б. С. Г. ад нападак, кажа, што яна с панамі нічога супольпага ні мае і пытаецца: Хто лепшы прэдстаўнік інтарэсаў беларускага селянства, ці чужы чалавек, бальшэвік Міхайлов ці мы свае людзі, выйшаўшыя з гэтага самага селянства? Разглядзіце нашу праграму: калі згаджааецеся з ёю, - пойдзем разам, а калі не, - дык бывайце здаровы!

Шостак: Дайце жэ адказ на пытаньне - каго бы арганізуеце?

Алексюк: Беларускі працоўны народ.

Шостак крычыць а «панскай інтрызі». Дыло яго перапыняе. Старшыня пасьведчае, што Б. С. Г. - партыя строга дэмакратычная і сацыалістычная і з панамі нічога супольнага ні мае. Брахню аб ёй распускаюць людзі, каторым ні па сэрцу яе нацыанальны колер, каторым ні па сэрцу, што яна першай сваей мэтай ставіць вызваленьне беларуса-селяніна ад эканамічнага і нацыанальнага ўціску.

Будзька: Калі людзі сьвядома валюць ўсе ў адну гурбу, - дык з імі і гаварыць лішня. а калі нісьвядома, - трэба выясьніць. Можна пайсьці заўтра па параду і пагаварыць. Да выясьненьня пасьледаў парады адлажыць пытаньне аб Цэнтральн. Арганіз.

Кахановіч: Дзеля чаго адкладываць? Мы жэ ні зьбіралісь і ні зьбірасмся рабіць Краёвую Раду, а Цэнтральную Раду сваіх арганізацый.

Старшыня просіць дакладчыка прачытаць праект рэзэлюцыі аб Цэнтраль. Арганізацыі. Кахановіч чытае (глядз. ў № 10 «В. Б.»)

Цьвікевіч прапануе замяніць слово «Рада» якім-небудзь іншым словам, каб ні было аналогіі з Радаю Украінскаю.

Будзька прапануе слово «Рада» замяніць словам «Управа».

Дакладчык ні згаджаецца з гэтаю папраўкаю бо слово «Рада» мае над сабою гістарычны грунт. Будзька здыймае сваю папраўку.

За гэтым зьезд разгледзіў пытаньне: сколькі сяброў павінен мець Выканаўчы Камітэт. Была прапазіцыя Цьвікевіча, каб зусім нічога ні пастапаўляць аб ліку сяброў Выканаўчаго Камітэту, а паразумеўшысь заўтра з ўсімі мейсцовымі арганізацыямі беларускімі, выбраць агульны Выканаўчы Камітэт. Прапазіцыя гэтая галасаваньнем была адкінута; галасаваньнем было пастаноўлено: у Выканаўчы Камітэт выбраць пяць чалавек без права кааптацыі.

Посьля гэтаго зьезд выслухаў прывітаньне прэдстаўніка ад Губэрнскаго Камісарыяту. Ен ад імяні Губ. Кам. прывітаў зьезд і пажадаў яму як найбольш карыснай працы ў справі арганізаваньня беларусаў, бо беларускаму народу больш, можа, як якому іншаму, арганізованнасьць патрэбна. Старшыня ад імяні зьезду падзякаваў за прывітаньне і абвясьціў перарыў на гадзіну (ад 8½ да 9½).

Другі дзень зьезду.

Вольная Беларусь. 1917. № 12.

(Глядз. 8-11)

Пасьля порарыву старшыня зьезду Д. Жылуновіч перадаў кіраваньне сходам А. Левіцкаму і застаўся радавым членам сходу, каб самому мець магчымасьць лепш кіраваць Сац. Грамадой пры выбарах у Выканаўчы Камітэт.

Разгледзіўшы пытаньне аб ліку прэдстаўнікаў у Петроградзі, Маскве і Магілёві, зьезд пастанавіў: дзеля палітычнаго прэдстаўніцтва у Петраградзі выбраць 3-х чалавек. у Маскве 2-х і ў Магідёві 1-го. У пытаньні аб адносінах паміж Выканаўчым Камітэтам і Упаўнамочэнымі зьезд прыняў такую рэзалюцыю, запрапанаваную грамадз. Алексюком: «Выканаўчы Камітэт зьезду беларускіх арганізацый да скіканьня Рады беларускіх арганізацый кіруецца пастановамі зьезду; упаўнамочэные кіруюцца дырэктывамі Выканаўчаго Камітэту; упаўнамочэные павінны знайходзіцца ў цесным кантакці, як паміж сабою, так і з Выканаўчым Камітэтам.» («як паміж сабою, так і» -папраўка кс. Гадлеўскаго).

Спрэчкі выклікало пытаньне: калі склікаць Раду? Былі чатыры прапазыцыі: канец ліпня, не пазней 12 жніўня і зусім не ўстанаўляць тэрміну скліканьня. Зьезд згадзіўся с гр. Алексюком, даводзіўшым, што нейкае «паганяйло» для Выканаўчаго Камітэту павінна быць і што ім можа быць устанаўленьне пэўнаго тэрміну скліканьня Рады. Кс. Гадлеўскі, далучаючысь да Алексюка, прапануе такую рэзалюцыю: «Зьезд беларускіх арганізацый перадае справы Бел. Нац. К-та Выканаўчаму Камітэту зьезду і даручае яму не пазьней 5-то жніўня склікаць Раду дэпутатаў ад беларускіх арганізацый у адным з цэнтраў Беларусі. Смоліч прапануе прыняць папраўку: «перадае палітычныя справы Б. Н. К-та Выканаўчаму К-ту зьезда, а культурныя яго справы - Таварыству Беларускай Культуры». Кс. Гадлеўскі цроціў гэтай папраўкі. Цьвікевіч патрымоўвае Смоліча. Робіцца галасаваньне: рэзалюцыя кс. Гадлеўскаго прыймаецца с папраўкай Смоліча.

Выступае шмат аратараo аб спосабах выбараў. Спрэчку выклікае пытаньне: мажорытарныя ці прапарцыанальныя выбары? Выясняецца, што Б. С. Г. мае нахільнасьць да мажорытарных выбараў. Кахановіч пратэстуе проціў мажорытарных выбараў, як не дэмакратычных і насілуюшчых волю меньшасьці. Асьвецімскі апраўдывае Грамаду, кажа, што яна прапануе коаліцыйны сьпісак, складзены з прэдстаўнікаў розных партый і безпартыйных і чытае сьпісак, прапануемы Б. С. Г'ой: Выканаўчы Камітэт - Лёсік, Фальскі, Левіцкая, Смоліч, Левіцкі: канд. - Галубок, Кузьміцкі; упаўнамочэныя ў Петроградзі - Жылуновіч, Будзька, Ерэміч; канд. - Бодунова і Душэўскі; упаўнам. ў Маскве - Дыла і Васілевіч, канд. Бурбіс. Будзька заяўляе, што ён здымае сваю кандыдатуру. На яго мэйсца ставюць Бадунову, на мейсца Бадуновай - Душэўскаго, на мэйсца Душэўскаго - Манчынскаго.

Алексюк заяўляе, што хоць Б. С. Г. і дае мейсца ў сьпіску другім партыям, але яна ставіць тых кандыдатаў, якія ёй падабаюцца. Каб сьпісак быў па праўдзі коаліцыйным, трэба каб кожная партыя выстаўляла кандыдатам ад сябе таго, каго яна сама хоча, а но таго, каго хоча другая партыя.

Паміж прэдстаўнікамі Б.С.Г. і Б.Н.П.С. начынаецца спрэчка. Парадак сходу псуецца. Старшыня абвешчае перарыў на 5 мінут.

Пасьля перарыву старшыня Ц. К. Б. С. Г. абвяшчае, што Б. С. Г. згаджаецца на прапарцыанальныя выбары. Кс. Гадлеўскі вітае згоду. Бадунова тлумачыць, чаму Б. С. Г. не згаджалась на прапарцыанальныя выбары: яна хацела адкінуць тых людзей, чые прозьвішчы шкодзюць працы на мяйсцох.

Дыло гаворыць аб тэхніцы прапарцыанальных выбараў.

Старшыня абвешчае, што прыйшоў с прывітаньнем зьезду прэдстаўнік Мінскаго Аддзелу Партыі «Народнай Волі» і просіць зьезд выслухаць яго.

Самойло [п. «Н. В.» або п. «К.-Д.»], вітаючы зьезд, паведамляе яго што новае коаліцыйнае міністэрство ў сваёй толькі што апублікованнай дэклярацыі прызнае прныцып краёвай аўтонаміі. Такім парадкам пытанне, аб краёвай аўтаноміі, а значыць і аўтаноміі Беларусі прынцыпіяльна развязана. Трэба зараз жэ выбраць камісію дзеля апрацаваньня праэкта аб аўтаноміі Беларусі, які будзе ўнесен на разгляд Устаноўчаго Сойму.

Хай жыве вольная аўтаномная Беларусь (Доўгія і моцныя апл.)

Дыло гаворыць аб тым; што пасьля гэтага акту дарога да нашага ідэалу стала раўнейшай і карацейшай.

Сушынскі прапануе паслаць тэлеграму Часоваму Ураду і ўзяцца за арганізаваньне краю.

Самойло просіць перш-на-перш мець па ўвазі інтарэсы ўсяе Расіі і быць асьцярожнымі.

Цьвікевіч заспакоівае яго, што Беларускі народ не зробіць ні аднаго кроку, які-б шкодзіў Расіі.

Кахановіч прапануе адлалажыць выбары да заўтра, бо гэта вестка перавярнула ўсе нашы рахункі.

Дыло кажа, што адкладываць выбараў німа чаго, бо мы думаем рабіць не Краёвую Раду, а толькі Раду сваіх арганізацый.

Пытаньне аб адкладзі выбараў ставіцца на галасаваньне. Пастанаўляецца: выбараў не адкладываць.

Абвешчаецца перарыў на 5 мінут дзеля састаўленьня сьпіскаў.

Пасьля перарыву абвешчаюцца сьпіскі кандыдатаў Б.С.Г. і Б.Н.П.С., бо другіх арганізованных палітычных партый у беларусаў німа; на зьезді была группа безпартыйных, але свайго асобнаго сьпіску не выставіла.

Б. С. Г. запрапановала такіх кандзідатаў: у Выканаўчы Камітэт: Лёсіка, Смоліча, Фальскаго, Левіцкую, Кузьміцкаго, у прэдстаўнікі ў Петраградзі: Жылуновіча, Бодунону, Ярэміча, канд. Да іх: Душэўскаго, Варонку; прэдстаўнікамі ў Маскве: Дыло, Васілевіча, канд. Цьвікевіча.

Б. Н. П. С. запрапанавала ў Выканаўчы Камітэт: Алексюка, Левіцкаго, Стульбу і Турчыновіча; упаўнамочэнымі ў Петроградзі: Ерэміча і Будзьку; на Маскву - Васілевіча.

Смоліч абвясьціў, што ён здыймае сваю кандыдатуру ў Выканаўчы Камітэт. Па яго мейсца Б. С. Г. паставіла Бадунону: яна згаджалась пераехаць на якую небудзь службу у Мінск; па мейсца Бадуновой паставілі Варонку.

Лёсік спачатку зняў сваю кандыдатуру, посьля, як заяўляў Жылуновіч, ён зноў згадзіўся выставіць яе [самога Лёсіка ужо па зьезді не было - пайшоў да хаты].

Цьвікевіч ад імяні Маскоўскай, Тульскай і Калужскай Народнай Грамады заявіў, што «дэлегаты гэтых арганізацый ад галасаваньня ўстрымваюцца: дзеля выявіўшыхся ў часі выбараў моцных непаразуменьняў паміж лідэрамі абодвых сьпіскаў і ў асаблівасьці дзеля выходу с кандыдатаў сьпіску Б. С. Г. Смоліча й Лёсіка».

Дзеля праверкі выбарных картак і падлічэньня галасоў, паданых за кожны сьпісак, была выбрана камісія з чатырох чалавек, Сушынскаго, Касьцюкевіча, Кахановіча і Гайліка.

Па падлічэньні галасоў выбранымі аказаліся: у Выканаўчы Камітэт па сьпіску № 1: Лёсік, Бадунова. Фальскі; па сьпіску № 2: Алексюк, Левіцкі; ўпаўнамочэнымі ў Петроградзі па сьпіску № 1: Жылуновіч, Варонка; па сьпіску № 2: Ерэміч; упаўнамочэнымі ў Маскву: на сьпіску № 1: Дыла, па сьпіску № 2: Васілевіч.

На гэтым другі дзень зьезду і закончыўся.

Трэці дзень зьезду.

Вольная Беларусь. 1917. № 13.

(Глядз. №№ 8-12)

Сход пачынаецца а 4-й гадз. на поўдні ў «Беларускай Хатцы». Кіраваў сходам Жылуновіч.

Дыла просіць ні марнаваць часу, бо яго засталося мала: спачатку абгаварыць усе справы, зачэпленыя ў сэкцыях, але ні разгледжаныя яшчэ агульным сходам зьезду, а пад канец сходу зрабіць выбары, бо учарайшыя выбары нісправядлівы.

Сушынскі робіць нічаргоную заяву. Выбары зроблены. Ануліраваць іх можа толькі агульны сход, але не асобныя групы або партыі. А у нас выходзіць наадварот.

Алехновіч далучаецца да Сушынскага і пытаецца, чаму зробленыя выбарныя лічуцца нідобрымі.

Жылуновіч кажа, што выбары зроблены на-сьпех і ня усьпелі згаварыцца на кандыдатах.

Смоліч. Выбары фармальна справядлівы, але яны нісправядлівы па свайму сэнсу. Выбраны Камітэт ні здольны да працы.

Кахановіч. Чаму?

Сушынскі. Сам старшыня Ц. К. Грамады галасаваў, а цяпер чаму-та задумалося перарабіць усё на-нова. Смоліч хоча, каб Выканаўчы Камітэт быў аднародны, а гэта магло-б быць толькі тагды, калі б гэта быў чыста грамадзістскі зьезд, а ні зьезд беларускіх арганізацый.

Алексюк заяўляе, што рабіць перавыбары хоча адна толькі Б. С. Г. і яшчэ бяз жадных падстаў свайго жаданьня.

Дыла. Фармальпа выбары справядлівы, але яны ні прыдатны для Грамады. Прэдстаўнікі Грамады ні могуць працаваць пры такім складзі Выканаўчага Камітэту і перавыбары так ці іначэй трэба будзе зрабіць.

Кахановіч. Тут два аратары гаварылі аб тым, што нікаторыя члены Выканаўчага Камітэту будуць тармазіць працу. Скажыце ясна, аб кім ідзе гутарка.

Смоліч. Гэта ваша асабістая цікавасьць.

Кахановіч і Алехновіч. Зусім не.

Дыла. Наша абмылка, што згадзіліся на прапарцыанальныя выбары. У Камітэт папалі такія людзі, што будуць толькі шкодзіць працы.

Кахановіч. Хто-ж гэта?

Жылуновіч. Таварыш Алексюк.

Кахановіч. Мы ня хочым з вамі сварыцца, але на што вы робіце такую абразу людзям?

Сушынскі. Тав. Алексюк належыць да Белар. Нар. Пар. Сац. і праведзен ў Вык. Кам. па яе сьпіску. Абражаючы яго, вы абражаеце нашу партыю. А вы ні можыце нам камандаваць, каго ставіць у сьпіскі, а каго не. Гэта хамства!

Падыймаецца шум. Дыла заяўляе Сушынскаму, каб ён або забраў назад свае словы, або выходзіў. Жылуновіч Сушынскаму: А вы - агент каталіцкай клерыкальнай партыі. Шум пабольшываецца. Алексюк робіць заяву, што раз так, дык Парт. Нар. Сац. далей ні можа заставацца на зьездзі.

Алексюк, Сушынскі і Стульба выходзюць.

Жылуновіч прапануе, ні гледзючы на гэта выключыць Сушынскага са сходу. Будзьса адмаўляецца ад сэкрэтарства і выходзіць: бо з выхадам прэдстаўнікаў Б. Н. II. С. на зьездзі засталіся толькі грамадзісты і безпартыйныя і зьезд траціць характар агульна-беларускага зьезду.

Жылуновіч. Зьезд беларускіх арганізацый вядзе даляй сваю работу.

Кахановіч заяўляе, што ён ні належыць ні да якой партыі і яму здаецца дзіўным, што тут на зьездзі на першы плян высуваюцца партыйныя спрэчкі, а беларуская справа як бы нікога ні цікавіць. Калі адна сац. партыя абвінавачывае другую сац. партыю, што тая ні трымаецца сацыалізму, - дык яна павінна даказаць гэта.

Жылуновіч. Мы нікога ня вінавацім, а толькі ня хочэмо нікога с старых членаў Камітэту.

Левіцкі робіць заяву, што раз Алексюка абразілі, як члена Нац. Кам. і як асобу, - дык ён ня лічыць гэтага абразай партыі і астаецца на зьездзі.

Дыла дакладывае аб ходзі перагавораў с Парт. Нар. Сац., каб выставіць такіх кандыд,, па якіх маглі-б згадзіцца абедзьві партыі. Мы зусім ня думалі насадзіць ў Выканаўчы Камітэт толькі сваіх грамадзістаў: у тым сьпіску, які мы прапанавалі, быў толькі адзін член нашай партыі. I усё-ж такі паразуменьня з лідэрамі Б. Н. II. С. дабіцца ні маглі.

Зьезд пастанаўляе зрабіць перавыбары і, як на зьездзі засталася толькі адна партыя - Б. С. Г. і безпартыйныя, - пастаноўлена выбары рабіць мажорытарныя с тайнай падачай галасоў. Намечаны былі кандыдатуры: Лёсіка, Смоліча, Фальскага, Левіцкага, Левіцкай, Турчыновіча, Галубка, Кузьміцкага і Парэчына. Лёсік здыймае сваю кандыдатуру, бо ён член старога Камітэту, катораму выслаўлено нідаверье. Левіцкі так сама здымае сваю кандыдатуру. Лёсіка просяць ні здымаць свае кандыдатуры, бо сацыалістам, членам Б. Н. К., нідаверыя ня выслаўлено. Лёсік прапануе зьезду, калі ён надта баіцца таго, што скажа і што падумае вуліца, - зусім перавыбраць Камітэт, каб не асталося ні воднага старога члена. Галавач пратэстуе проціў абвінавачэньняў Лёсіка ў баязні вуліцы і заяўляе, што Б. С. Г. ні хоча толькі супрацоўніцтва с панамі і клерыкаламі, а старых партыйны работнікаў яна паважае. Бадунова ў другі раз просіць Лёсіка ня здымаць кандыдатуры, бо ён гэтым псуе справу. Лёсік згаджаецца. Цьвікевіч просіць Левіцкага так сама выставіць сваю кандыдатуру. Левіцкі просіць усё-такі яго ні ставіць, бо сказано было, што ні адзін член старога Камітэту не павінен папасьці ў новы, а калі ён (Левіцкі) будзе ў камітэці, яму прыдзецца быць разам с старымі членамі Камітэту.

Галасы: Не, так ні гаварылося. Кахановіч: Но, так гаварылося.

Посьля тлумачэньня Левіцкі згаджаецца выставіць сваю кандыдатуру.

Посьля падлічэньня запісак аказаласа, што выбраны былі ў Выканаўчы Камітэт: Лёсік, Левіцкі, Смоліч, Фальскі і Галубок; кандыдатамі: Левіцкая, Турчыновіч і Парэчын. За тым, яўным галасаваньнем былі выбраны упаўнамочэнымі ў Петраградзі Ерэміч, Душэўскі і Бадунова; кандыдатамі: Жылуновіч і Мончынскі; упаўнамочэнымі ў Маскве: Васілевіч, Дыла; канд. Бурбіс.

Абгаварыўшы пытаньне аб тым, якія арганізацыі маюць права дэлегаваць сваіх прэдстаўнікаў на першую сэсію Рады, зьезд пастанавіў, што права гэта маюць усе арганізацыі, якія налічаюць ні менш, як 10 членаў і прызнаюць права Беларусі на аўтаномію; калі арганізацыя мае менш 100 членаў, - яна пасылае 1 прэдстаўніка: калі больш, як 100, па аднаму прэдстаўніку ад кожнай сотні. Дэталічнае апрацаваньне гэтага пытаньня даручаецца Выканаўчаму Камітэту.

Заслухаўшы даклад прэдстаўніцы ад Глаўнага Арганізацыйнага Камітэту Ўсерасійскага Селянска Хаўрусу, грамадзянкі Макіеўскай-Зубок, зьезд пастанавіў: Жылуновічу ў Петраградзі і Бурбісу ў Маскве увайсьці ў кантакт з Арганізацыйным Камітэтам Усерасійскага С. X. дзеля арганізацыі беларускага селянства.

Смоліч падыймае пытаньне аб адносінах да Польскай Дзяржаўнай Рады [ў Варшаві], якая выказала прэтэнзіі на беларускія землі.

Каравайчык расказывае аб адказі Дзяржаўнай Рады (Варшаўскай) на дэклярацыю Часовага Ураду да палякаў; што ў гэтым адказі па-праўдзі ёсьць намёкі на хаценьне Польшы забраць Беларусь у свае рукі. У гэтым адказі гаворыцца аб «вялікіх этнаграфічных абшарах, ляжачых паміж этнаграфічнай Польшчай і' этнаграфічнай Расіей», якія «сваёй гістарычнай мінуласьцю зьвязаны з Польшчай», што «доля гэтых зямель павінна быць развязана згодна з інтарэсамі нізалежнага Каралеўства Польскага.»

Ні маючы пад рукамі тэксту гэтага дакумэнту, зьезд ня мог вынясьці рэзалюцыі аб ім і даручыў Выканаўчаму Камітэту, азнаёміўшыся з гэтым дакумэнтам, апублікаваць энэргічны пратэст проціў анэксыйных плянаў Польшчы.

Так сама пастаноўлено пратэставаць проціў рэгістрацыі беларусаў-каталікаў як палякаў.

У пытаньні аб фінансіраваньні Цэнтральнае Арганізацыі, зьезд пастанавіў: Кожная беларуская арганізацыя павінна рабіць 10% адлічэньня са сваіх даходаў на карысьць цэнтральнай арганізацыі. Тыя з іх, што зрабілі збор на Нацыанальны Фонд, павінны як найхутчэй прыслаць сабраныя грошы; згодна с прапазіцыяй грам. Левіцкага, зьезд пастанавіў: на грошы. сабраныя на Нацыанальны Фонд ў Магілёві, залажыць у гэтым горадзі газэту ў расійскай мові з беларускім літэратурным аддзелам, дзеля азнаямленьня шырокіх грамадзянскіх масаў с ходам беларускага руху.

У гэты час на зьезд вертаецца прэдстаўнік. Б. Н. II. С. - Ф. Стульба і ад імяні свае партыі робіць такую заяву:

«Б. Н. П. С., бяручы пад увагу важнасьць мамэнту і вялікі адказ перад Бацькаўшчынай - Беларусяй за кожнае выступленьне той ці іншай беларускай партыі і бачучы, што тактыка Б. С. Г. на зьездзі беларускіх партыйных і грамадзянскіх арганізацый 8-10 ліпня 1917 г., па якім партыя Б. С. Г., зьяўляючысь большасьцю, ўносіць дэзорганізацыю ў працу зьезду і гвалтуе меншасьць, што выказалося прыняцьцём на агульным сходзі 10 ліпня пастановы аб касацыі выбараў у Спаўніцяльны Камітэт, адбыўшыхся па прынцыпу прапарцыанальнасьці ў вечар 9 ліпня; што ў касацыі гэтых выбараў і ў правядзеньні мажорытарных выбараў, адкінутых 9 ліпня, як нідэмакратычных, выявілася гвалтоўства над меншасьцю, Б. Н. П. С. заяўляе, што:

1) Дарога, па якой Б. С. Г. хоча вясьці нашу агульную працу, можа быць перашкоднай да шырокага культурна-нацыанальнага адраджэньня Беларусі.

2) Ні маючы магчымасьці браць часьціну адказу перад Беларускай Нацыяй за кірунак працы зьезду ў мамэнт агульнага безладзьдзя, - Б. Н. П. С. адзывае сваіх прэдстаўнікаў са зьезду і пастанаўляе давясьці аб гэтым да ведама Беларускага народу.

3) Адначасьня з гэтым, Б. Н. П. С. заяўляе, што, ставючы вышэй усяго эканамічны і нацыанальна-культурны росквіт нашага народу, яна ўсе свае сілы ахвяруе яму і на абарону яго клясавых інтарэсаў».

Посьля гэтага зьезд выслухаў даклад бежанскай сэкцыі і пастанавіў: усім сьвядомым беларусам ўзяцца за арганізаваньне беларускіх бежанскіх гурткоў, посьля чаго зьвярнуцца праз упаўнамочэных да Часоваго Ураду с прапазіцыяй перадаць справу падмогі беларусам-бежанцам і зварот іх на радзімыя мейсцы арганізацыям самых бежанцаў-беларусаў на чэлі з Беларускай Народнай Грамадой.

Заслухаўшы даклад ваеннай сэкцыі, зьезд пастанавіў: зацьвердзіць выбранае ваеннай сэкцыяй арганізацыйнае бюро беларусаў-ваенных, даручыць яму апрацаваць адозву да беларусаў-ваенных; дзеля палітычнага прэдстаўніцтва беларускіх інтарэсаў пры стаўцы назначыць грамадз. Кахановіча, даручыць яму, паразумеўшыся з ваенна-арганізацыйным бюро, кааптаваць сабе таварыша з ваенных: арганізаваньне нацыанальнага войска адлажыць да больш спагаднага часу.

Заслухаўшы даклад школьнай сэкцыі, зьезд пастанавіў: зрабіць усе патрэбныя заходы, каб у Беларусі былі як найхутчэй заложэны Унівэрсітэт і Сельска-Гаспадарскі Інстытут, зрабіць пачатак фонду на заклад гэтых школаў; даручыць упаўнамочэным у Петраградзі зьвярнуцца да Міністэрства Народнай Прасьветы аб асігнаванні, грошаў на выданьне беларускіх падручнікаў; дэталічнае апрацаваньне спосабаў нацыаналізацыі школы адлажыць да скліканьня Рады.

Посьля гэтага старшыня зьезду падзякаваў зьехаўшымся за тое, што патурбаваліся прыехаць, пажадаў ім далейшай карыснай працы на дабро нашай бацькаўшчыны Беларусі і абвясьціў зьезд зачыняным.

П. К.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX