Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Беларускія вайсковыя фармаваньні на б. румынскім фронце 


Аўтар: С. К.,
Дадана: 28-12-2017,
Крыніца: С. К. Беларускія вайсковыя фармаваньні на б. румынскім фронце // Крывіч №2. 1923. С. 41-44.



(Матэрьялы да гісторыі беларускай вайсковасьці часоў вялікай Расійскай рэволюцыі).

Загад Рускім войскам Румынскага фронту.

9 студзеня 1918 г. № 1332.

Апавешчаю гэтым аб арганізаваньні Беларускай Вайсковай Камісыі па арганізацыі Беларускіх вайсковых часьцей на Румынскім фронце.

У склад азначанай Камісыі увайшлі:

1. Старшыня - генерал-маёр Пажарскі.

2. Сэкрэтар - паручнік 117 пяхотнага Яраслаўскага палка Ленчыоні.

3. Сябры: падпалкоўнік 4-га марскога палка Чуніхін.

4. Штабс-капітан 481 пяхотнага Мяшчэрскага палка Манцэвіч.

5. Штабс-ротмістр 11 Ізюмскага гусарскага палка Пажарскі.

6. Паручнік 117 пяхотнага Яраслаўскага палка Гаранскі.

7. Старшыня фронтавой Беларускай Рады па назначэньню апошняй.

Вышэймянаваная Камісыя памяшчаецца пры Штабе Фронту, куды усім вайсковым чыном i установам ў патрэбе належыць зьвяртацца. Тэлеграфны адрэс Камісыі: Штарум, Беларуская Камісыя.

Памочнік Аўгусьцейшага Галоўнакамандуючага арміямі Румынскага фронту, Генерал ад інфантэрыі Шчарбачоў.

Загад Рускім войскам Румынскага фронту.

14 студзеня 1918 году. № 1362.

Згодна постанове, Камітэту Нацыянальна Абласных Камісароў пры шта­бе Румынскага фронту, загадываю 6-ты Таўрогенскі пагранічны конны полк беларусазаваць дзеля чаго, загадам Штабу 6-й арміі сабраць усе знаходзячыяся аддзелы эскадроны разам i разквартэраваць у вёсках Боўгарцы i Табакі.

Памянёнаму палку з гэтай даты мянавацца: "Першым Гусарскім Беларускім Нацыянальным палком".

Абаснаваньне: Зносіны Старшыні Камітэту Нацыянальна-Абласных Камісараў пры Штабе Галоўнакамандуючага Румынскага фронту за № 228 i зносіны Старшыні Беларускай Вайсковай Камісыі па арганізаваньню беларускіх вайсковых часьцей на Румфронце за № 1.

Памочнік Аўгусьцейшага Галоўнакамандуючага Румынскага фронту, Ге­нерал ад інфантэрыі Шчарбачоў.

Загад Рускім войскам Румынскага фронту.

21 студзеня 1918 г. № 1399.

Згодна пастанаўленьню Камітэту Нацыянальна-Абласных Камісароў пры Штабе Румынскага Фронту, загадываю:

1. 4-ты Армейскі корпус у складзе 30 i 40-й пяхотных дывізый з артылерыяй, штаб корпусу i ўсе ўспаможныя часьці i ўстановы, 43-ю дывізыю з яё артылерыяй i прыдадзёнымі ей установамі i 26 аўто-броневое аддзяленьне - беларусінізаваць.

2. Усіх афідэраў i салдатаў беларусаў, загадамі Штабоў Армій перадаць дастасоўна: з 4-ай i 6-ай Армій у 4-ты Армейскі Корпус, а з 8-ай i 9-ай Армій у 43 п. дывізыю.

Усіх-жа чыноў не беларусоў, знаходзячыхся ў паказаных часьцях, ў прыпадку ix жаданьня, выдзеліць i перадаць загадам штабоў 6 i 9 Армій у другія, не нацыяналізаваныя часьці.

Абаснаваньне: Зносіны Старшыні Камітэгу Нацыянальна-Абласных Камісароў за №№ 281 i 280.

Памочнік Аўгусьцейшага Галоўнакамандуючага арміямі Румынскага фронту, Генерал ад інфантэрыі Шчарбачоў.

Загад Рускім войскам Румынскага фронту.

23 студзеня 1918 году. № 1407.

Загадаваю 357-ю Вітабскую i 401 Мінскую дружыны беларусінізаваць.

Абаснаваньне. Зносіны Камісара па Беларускіх справах Румынскага фронту г.г. за № 113.

Памочнік Аўгусьцейшага Галоўнакамандуючага арміямі Румынскага фронту, Генерал ад інфантэрыі Шчарбачоў.

Загад Рускім войскам Румынскага фронту.

2 лютага 1918 году. № 1436.

У дапаўненьне да загаду Рускім войскам Румынскага фронту № 1399.

Загадываю: Цяпер-жа прыступіць да фармаваньня Беларускай Дывізыі з войск 4-га Армейскага Корпусу. На ўкомплектаваньне вышэйпамянёнай Дывізыі з Румфронта назначыць усіх Беларусаў - афіцэраў i салдатаў, прычым апошніх пачынаючы с прызыва 1913 году i пазьней. Афіцэры i салдаты другіх нацыянальнасьцяў, выказаўшыя ахвоту служыць у Беларускай Дывізыі, падлягаюць залічэньню ў рады названай Дывізыі.

Парадак фармаваньня Дывізыі будзе дапаўніцельна паказан асобным распараджэньнямі.

Памочнік Аўгусьцейшага Галоўнакамандуючага арміямі Румынская фронту, Генерал ад інфантэрыі Шчарбачоў.

Загад Рускім войскам Румынскага фронту.

3-га лютага 1918 году, № 1442.

Наўсызмен загаду па фронту г. г. за № 1332 апавяшчаю войскам фронту да ведама.

Старшыня Беларускай Вайсковай Камісыі Генерал-маёр Пажарскі i сэкрэтар Камінскі, паручнік Ленчыолі выбылі ад 17 г. студзеня ca складу памянёнай Камісыі з прычыны пераводу ix на службу у 7 Армейскі Корпус. У склад Беларускай Вайсковай Камісыі с 24 лютага г. г. увайшлі: Старшынею яе - генеральнага штабу падпалкоўнік Біттэнбіндэр i сябрамі Камісыі - падпалкоўнік Загароўскі i штабс-капітан Гартц.

С п р a ў к a: Зносіны Беларускага Камісара Румфронта за № 20 ад 30 студзеня 1918 году.

Памочнік Аўгусьцейшага Галоўнакамандуючага арміямі Румынскага фронту, Генерал ад інфантэрыі Шчарбачоў.

Загад Рускім войскам Румынскага фронту.

11 лютага 1917 году. № 1476.

К о п i я.

Выпіска. Журнальнае пастанаўленьне Рады Міністраў Малдаўскай Рэспублікі. Адбытае 5-га лютага 1918 году.

С л у x а л i:

Пастанавілі:

Даклад: 8) Захады прадстаўніка генерала Шчарбачова аб пазваленьні фармаваньня без аружжа Беларускіх вайсковых часьцей ў межах Малдаўскай Рэспублікі.

Праўдма. За кіраўніка Cправамі Рады Міністраў (подпісь)

Урад Малдаўскай Рэспублікі не сустрачае прынцыповых перашкод да пазваленьня фармаваньня на тэрыторыі Малдаўскай Рэспублікі Беларускіх вайсковых часьцей без аружжа i прапануе фармуючымся ў пытаньнях пракорму знасіцца з аддзелам харчаваньня пры Міністэрстве Ўнутранных Спраў i Міжсаюзьніцкай Харчавой Камісыяй. Месца i падробнасьці фармаваньня павінны быць выпрацаваны ў згодзе з Вайсковым Міністрам i Румынскім камандаваньнем.

Загад Рускім войскам Румынснага фронту.

11 лютага 1918 году № 1475.

Дзеля фармаваньня з часьцей войск 4-га Армейскага Корпусу Беларускай Пяхотнай Дывізыі, загадываю цяпер-жа прыступіць да разфармаваньня Штаба гэтага Корпусу, яго упраўленьняў, устаноў і майстэрань і ўсіх часьцей знаходзячыхся пры названым корпусе, а такжа 30 і 40 пяхотныя дывізыі з іх штабамі, установамі, артылерыяй і прыдаткамі гэных часьцей.

Пры разфармаваньні кіравацца дадзенымі ўжо ў гэтай справе паказаньнямі. Разфармаваньне закончыць да 25 лютага г. г., з якой даты спыніць выдаваньне ўсякай адмены надабьбя.

Аб разфармаваньні паведаміць мяне.

С п р а ў к а. Загады Рускім войскам Румынскага фронту ад 21 студзеня № 1399 і ад 2 лютага г. г. за № 1436.

Памочнік Аўгусьцейшага Галоўнакамандуючага арміямі Румынскага

Фронту, Генерал ад інфантэрыі Шчарбачоў.

* * *

З беларускіх і беларусінізаваных вайсковых часьцей была ўтворана вайсковая сіла, маючая звыш 100 000 людзей. Больш палавіны ўсей маетнасьці Румынскага фронту перайшла у распараджэньне Беларускага Камісарыяту. Была мысьль ўсю гэту вайсковую сілу пераправіць на Бацькаўшчыну аднак праектам гэтым ня суджана было зысьціцца. Ходам падзей Беларуская Армія павінна была адступіць на Румынскую тэрыторыю, дзе яна павінна была раззброіцца. Многамільённай вартасьці маетнасьць Беларускай Арміі, зложная з жывога i мёртвага вайскова інвэнтара, коней (да 2 000), грузавых i пасажырскіх аўтамабіляў (каля 800), баявых прыпасаў, адзежных складаў, гармат, карабінаў i інш., як кажуць, была здадзена у дэпазыт Румынскаму Ураду. У гэтай справе Народны Сэкрэтарьят Б. Н. Р. рабіў захады каб захаваць для сябе ўсю гэту маетнасьць. У распараджэньні Рэдакцыі "Крывіча" маецца ліст пісаны ў гэтай справе Народным Секрэтарьятам Б. Н. Р., да тагочаснага Беларускага Камісара Румынскага фронту П. Манцэвіча, ніжэйпісанага зьместу:


Беларуская Народная Рэспубліка.

Народны Сэкрэтарьят.

Беларускаму Камісару Румынскага фронту П. Д. Манцэвічу.

7 красавіка 1918 г. № 175.

Знаходзячаяся, на быўшым Румынскім фронце, маетнасьць i аружжа раззброеных беларускіх i беларусізаваных вайсковых часьцей Народны Сэк­рэтарьят Б. Н. Р. мае на мэце выкарыстаць для арганізаваньня на тэрыторыі Беларусі нацыянальных войск, калі варункі пазволяць гэта зрабіць (пасьля зьняцьця акупацыі).

На аснове вышэйпададзенага i згодна пастанове Народнага Сэкрэтарьяту Беларускай Народнай Рэспублікі ад 3 красавіка г. г. даручаецца Вам паведаміць аб гэтым адпаведным органам Румынскага Ураду, на быўшым Румынскім фронце, на той прыпадак, каб вышэйазначаная маетнасьць i аруж­жа, быўшых беларускіх часьцей, ня было перададзена іншым Урадам ці арганізаціям.

Старшыня Народнага Сэкрэтарьяту i Народны Сэкрэтар Зьнешніх Спраў Варонка.

Кіраўнік Справамі Народнага Сэкрэтарьяту Л. Заяц.

* * *

Што ў пазьнейшыя часы сталася з гэнай маетнасьцю невядома. Разфармаваныя-ж войскі ў разброд вярталіся на Бацькаўшчыну, дзе ў тыя часы была нямецкая окупацыя. У самым Менску было зарэгістравана некалькі тысяч вайскоўцаў беларусаў, якія дабіваліся ад немцаў пазваленьня прыступіць да фармаваньня рэгулярных вайсковых часьцей. Пазваленьне не было дадзена. Часть гэтых вайскоўцаў загарнула з сабой хваля, адступаўшых перад бальшавікамі, немцаў, часьць распарушылася па краю, а часьць ўступіла ў рады чырвонай арміі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX