Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Надзвычайная дыпляматычная місія БНР у Нямеччыне 


Аўтар: Сакалоўскі У.,
Дадана: 31-01-2018,
Крыніца: Сакалоўскі У. Надзвычайная дыпляматычная місія БНР у Нямеччыне. Дакумэнты дыпляматычнае чыннасьці БНР у Нямеччыне // Спадчына. 1998. № 1. С. 164―196.; 1998. №2. С. 204―222.; 1998. № 4. С. 89-99.



Пасьля абвешчаньня ў 1918 г. незалежнасці Беларусі Рада БНР зьвярнулася да сусьветнае супольнасьці з просьбаю прызнаць Беларускую рэспубліку. У шэраг эўрапейскіх сталіцаў былі накіраваныя ўрадавыя дэлегацыі БНР з мэтаю ўсталяваньня дыпляматычных зносінаў з урадамі гэтых краінаў i хутчэйшага дасягненьня прызнаньня маладое беларускае дзяржавы. Упаўнаважаныя ўраду БНР намагаліся наладзіць з далёкімі й бліжэйшымі суседзямі Беларусі ўзаемавыгадныя палітычныя, эканамічныя, культурныя i ваенныя сувязі, так патрэбныя для станаўленьня беларускае дзяржаўнасьці.

Адну з ключавых роляў у зьнешнепалітычнай дзейнасьці БНР адыграла Надзвычайная місія рэспублікі ў Бэрліне, якая на працягу амаль сямі гадоў (1919-1925) у цяжкіх і складаных умовах годна прэзэнтавала Беларусь у Нямеччыне і доўгі час зьяўлялася адным з галоўных цэнтраў БНР па каардынацыі дзейнасьці беларускіх дыпляматычных прадстаўніцтваў за мяжою. Акрамя сваёй афіцыйнай назвы - Надзвычайная дыпляматычная місія Беларускае Народнае Рэспублікі ў Нямеччыне, у афіцыйных дакумэнтах прадстаўніцтва выкарыстоўваліся й іншыя назвы: Надзвычайная місія БНР у Бэрліне, Дыплёматычная місія БНР, Генэральная дыплёматычная місія БНР ды інш. [1]

Першым афіцыйным пасланьнікам БНР у Нямеччыне стаў капітан Антон Борык, які прыбыў у Бэрлін з Горадні 23 сакавіка 1919 г. як кіраўнік Беларускае ваеннае місіі па справах ваеннапалонных. Тое, што першым у Нямеччыну ўрадам БНР быў пасланы вайсковы прадстаўнік, зусім не выпадкова. Пытаньнем жыцьця i сьмерці для беларускай дзяржавы было стварэньне ўласных узброеных сілаў, якія б здолелі абараніць незалежнасьць Беларусі ад акупантаў, што сунуліся на краіну з Усходу i з Захаду. У нямецкіх лягерах для ваеннапалонных знаходзілася каля 60.000 беларусаў. Зь іх беларускі ўрад спадзяваўся сфармаваць вайсковыя аддзелы, якія б пазьней маглі скласьці ядро нацыянальнага войска. Ужо ў пачатку красавіка Борык, наладзіўшы сувязь зь Міжнароднай камісіяй па справах ваеннапалонных (дзейнічала пад эгідаю краінаў Антанты), актыўна вядзе беларускую працу сярод вайскоўцаў-суайчыньнікаў. У гэтай справе яму дапамагаў генэрал Кіпрыян Кандратовіч, які прыехаў у нямецкую сталіцу яшчэ ў лютым 1919 г. i як сябра дэлегацыі БНР празь нейкі час адбыў на Парыскую мірную міжнародную канфэрэнцыю.

У сакавіку т. г. у Бэрлін з Кіеву прыбылі міністры БНР Васіль Захарка, Аляксандар Цьвікевіч, a таксама Аркадзь Смоліч, прызначаны Антонам Луцкевічам на пасаду амбасадара Беларусі ў Нямеччыне.

Амерыканская ваенная місія маёра Роса перад ад'ездам з Горадні, 20 сакавіка 1919 г.

У 20-х днях сакавіка да іх далучаецца i старшыня Рады міністраў БНР А.Луцкевіч, які спадзяваўся атрымаць запісаны на яго імя акрэдытыў у 1,6 млн. ням. марак у Райхсбанку, выдаткаваны беларускаму ўраду кіраўніцтвам Украінскае Народнае Рэспублікі. Частку гэтых грошай меркавалася выкарыстаць для паездкі на Парыскую мірную канфэрэнцыю. Да разьвязаньня фінансавага пытаньня ўрад БНР амаль у поўным складзе апынуўся ў сталіцы Нямеччыны. Абставіны «бэрлінскага сядзеньня» А.Луцкевіч тлумачыў так: «Нямецкі Ўрад адмовіўся выдаць належныя Беларускаму Ўраду паводле ўкраінскага акрэдытыву грошы. Гэта, a так сама доўгая процэдура атрыманьня пропускаў у Парыж прымусіла Дэлегацыю i Членаў Ураду правясьці ў Бэрліне каля трох месяцаў (марэц, красавік, май). Такім чынам у Бэрліне ... утварыўся часова ц э н т a р беларускае палітычнае работы: іншага цэнтру з прычыны заняцьця палякамі Горадні i непрыхільных адносін ковенскага Ўраду беларусы на той час ня мелі».

Бэрлін на тры месяцы стаў прыстанішчам i месцам чыннасьці беларускага ўраду, i гэта садзейнічала таму, што менавіта ў нямецкай сталіцы пачалася арганізацыя першага беларускага прадстаўніцтва за межамі былое Расейскае імпэрыі.

Бэрлінскі пэрыяд дзейнасьці Рады міністраў БНР вызначаецца значнаю актыўнасьцю: рэгулярна праводзяцца ўрадавыя паседжаньні, арганізуюцца неафіцыйныя сустрэчы з уплывовымі нямецкімі палітыкамі, журналістамі, наладжваюцца кантакты зь дзяржаўнымі i прыватмымі ўстановамі Нямеччыны. Так 28 сакавіка 1919 г. А.Луцкевіч зьвяртаецца да Прэзыдэнта Нямеччыны Фрыдрыха Эберта з просьбаю выплаціць ураду БНР украінскую фінансавую пазыку. Пасьля адмовы 2 красавіка на паседжаньні Рады міністраў БНР прымаецца рашэньне пра неадкладную паездку міністра юстыцыі А. Цьвікевіча ў Вену дзеля атрыманьня тае часткі ўкраінскага акрэдытыву, што захоўвалася ў адным з аўстрыйскіх банкаў.

6 красавіка ў Бэрлін прыбывае дэлегацыя ад афіцэраў-беларусаў зь лягеру ваеннапалонных у м. Зэльцвэдэль на чале з палкоўнікам Вішнеўскім. Дэлегацыя перадае ў Беларускае ваеннае прадстаўніцтва пастанову, падпісаную 60-цю афіцэрамі, з просьбаю хутчэй накіраваць іх на бацькаўшчыну, каб браць удзел у фармаваньні нацыянальных вайсковых аддзелаў. На жаль, магчымасьці беларускіх урадаўцаў у вырашэньні вайсковых пытаньняў былі абмежаваныя, Беларускае ваеннае прадстаўніцтва так i ня будзе зарэгістраванае нямецкімі ўладамі, у чым шмат «паспрыялі» найперш бальшавікі й палякі.

Дзейнасьць беларускага ўраду ў іншых кірунках была больш выніковаю. Усталёўваюцца шчыльныя кантакты з прадпрымальнікам, ураджэнцам Беларусі Станіславам Львом Сапегам-Ваяводам, які, спадзеючыся наладзіць выгадныя гандлёвыя зьвязы зь Беларусьсю, стварае ўласную фірму ― «Сындыкат Сапегі для Эўропы i Азіі на Беларусі». Пэўны час ён аказвае прадстаўніцтвам беларускага ўраду ў Бэрліне пасільную фінансавую дапамогу. У складзе бэрлінскае канторы «Сындыкату Сапегі...» працавала шмат беларусаў, у тым ліку паўнамоцным дырэктарам яе быў да лета 1920 г. ужо ўзгаданы А.Борык. С.Л.Сапега-Ваявода заснаваў першую за межамі былое Расейскае імпэрыі Беларускую службу друку i тэлеграфнае інфармацыі, якая двойчы на тыдзень выдавала інфармацыйныя бюлетэні, у якіх галоўная ўвага надавалася беларускай тэматыцы.

У красавіку 1919 г. А.Смоліч накіроўваецца з Бэрліну ў Варшаву на перамовы з польскім урадам. Яны аніякіх вынікаў, апроч пекных слоў з польскага боку, беларусам ня прынесьлі. Адтуль ён вяртаецца ў Беларусь i ў Бэрлін больш ужо ня прыедзе. У гэты ж час беларуская дэлегацыя на Парыскую мірную канфэрэнцыю падае амбасадарам Францыі, Ангельшчыны i ЗША ў Бэрліне мэмарандум ад імя Рады міністраў БНР з просьбаю прызнаць беларускую дзяржаву. А.Луцкевіч вядзе перамовы з камандуючым усімі лягерамі ваеннапалонных у Нямеччыне генэралам Патоцкім пра лёс палоненых беларускіх вайскоўцаў. Ён ладзіць кантакты зь нямецкімі сацыял-дэмакратамі і, магчыма, зь іх лідэрам ― Карлам Каўцкім, 6о менавіта празь яго быў перададзены 23 красавіка 1919 г. прывітальны ліст Прэзыдыюму Міжнароднае сацыял-дэмакратычнае канфэрэнцыі ў Амстэрдаме ад беларускіх сацыялдэмакратаў.

Беларускі ўрад працягваў марныя спробы дамагчыся дазволу ад нямецкіх уладаў ды прадстаўнікоў краінаў Антанты распачаць арганізацыю нацыянальнага войска з былых ваеннапалонных беларусау. На паседжаньні Рады міністраў БНР ад 21 траўня 1919 г. быў створаны нават Арганізацыйны аддзел Міністэрства абароны Рэспублікі на чале з генэрал-маёрам Лявонам Давыдавым, але ў хуткім часе аддзел быў расфармаваны з палітычных i фінансавых меркаваньняў.

Афіцыйная рэгістрацыя Дыпляматычнае місіі БНР у Нямеччыне была зробленая А. Луцкевічам. 4 траўня 1919 г. ён зьвярнуўся ў Міністэрства замежных справаў Нямеччыны з заявай:

«Гэтым сьведчыцца, што ў склад Дыпляматычнай Місіі Беларускай Народнай Рэспублікі (Кайзэралее, 209-1), якая ў гэты час знаходзіцца ў Бэрліне, уваходзяць наступныя асобы: 1. Старшыня Рады Народных Міністраў i Міністр Загранічных Спраў ― Антон Луцкевіч; 2. Пасол ― Аркадзь Смоліч; 3. Служачыя ― Антон Борык i Янка Натусевіч.»

У рэзалюцыі зьнешнепалітычнага ведамства Нямеччыны чытаемо: «Дазваляецца забясьпечыць харчовымі карткамі асобаў, якія тут пералічаны». Рэзалюцыя сьведчыць пра тое, што нямецкі ўрад быў ня супроць разьмяшчэньня беларускага дыпляматычнага прадстаўніцтва.

2 ліпеня 1919 г. адбылося першае паседжаньне місіі, аднак цалкам штат быў укамплектаваны прыкладна ў жніўні т. г. Толькі 25 жніўня выконваючы абавязкі шэфа місіі Леанард Заяц быў афіцыйна прызначаны паўнамоцным прадстаўніком Беларускага Ўраду ў Бэрліне. Але ўжо 27 кастрычніка таго ж году з-за хваробы апошняга на гэтую пасаду прызначаецца Леанід Баркоў, які раней уваходзіў у склад беларускае дэлегацыі ў Парыжы. 27 чэрвеня місія папаўняецца раднікам па вайсковых справах Яўхімам Бялевічам, a з 1 жніўня выконваць абавязкі радніка па пытаньнях прэсы запрашаецца Валянцін фон Дзітман. З 16 жніўня ў штат місіі быў афіцыйна ўключаны юрысконсульт Бруна Мілер. З чэрвеня па сьнежань 1919 г. місія БНР выдавала свой уласны інфармацыйны бюлетэнь на нямецкай мове (ня блытаць зь інфармацыйным бюлетэнем, што выпускаў раней С.Л.Сапега-Ваявода). Напачатку 1920 г. яго выданьне з-за адсутнасьці фінансавых сродкаў было часова спынена.

Восеньню 1919 г. Надзвычайная дыпляматычная місія БНР у Нямеччыне складалася ўжо з 3-х аддзелаў (консульскага, ваеннага i аддзелу прэсы) ды наступных асобаў:

1. Шэф місіі ― Леанард Заяц (пазьней Леанід Баркоў);

2. Сакратар ― д-р Паўлоўскі;

3. Юрысконсульт ― Бруна Мілер (консульскі аддзел);

4. Начальнік ваеннага аддзелу місіі ― Антон Борык;

5. Райца па вайсковых справах ― Яўхім Бялевіч (ваенны аддзел);

6. Райца па справах прэсы ― Валянцін фон Дзітман.

Падчас знаходжаньня Рады міністраў БНР у Нямеччыне ў 1919 г. дзейнасьць ураду i дыпляматычнае місіі так пераплятаецца, што часам нялёгка вызначыць, у чыёй кампэтэнцыі знаходзіцца тое ці іншае пытаньне.

Толькі 28 жніўня 1919 г. старшынёй ураду БНР А.Луцкевічам будуць канкрэтна акрэсьленыя задачы, што стаялі перад гэтай дыпляматычнай службай у той час:

«Місія ў Бэрліне ... павінна ... служыць этапным пунктам дзеля зносін паміж Беларусьсю i Літвою з аднаго боку i Парыжам ― з другога. Апроч таго, на ёй ляжаў абавязак шырокае працы ў прэсе i арганізацыі палонных беларусаў».

Нямецкі ўрад не сьпяшаўся канчаткова вызначыцца ў пытаньні прызнаньня дэ-юрэ i дэ-факта Беларускае Народнае Рэспублікі, тэрыторыя якой знаходзілася пад акупацыяй Польшчы i Савецкае Расеі. Пасьля паразы ў Першай сусьветнай вайне, зьвязаная ўмовамі Вэрсальскае мірнае дамовы, Нямеччына праводзіла асьцярожную зьнешнюю палітыку, азіраючыся на краіны Антанты. Выступаючы ў лістападзе 1919 г. на агульным паседжаньні кіраўнікоў эўрапейскіх дыпляматычных прадстаўніцтваў шэф Бэрлінскае місіі Л.Заяц канстатаваў: «Да гэтай пары ўсіх маіх супрацоўнікаў называлі прыватнымі асобамі ў Нямеччыне, i толькі мяне, пасьля доўгіх размоў, праўда хоць на словах, дазволілі лічыць афіцыяльна прэдстаўніком Беларусі ў Бэрліне й у часе маёй хваробы няраз прысылалі даведацца аб маім здароўі...»

Пасьля расколу Рады БНР на сьнежаньскай сэсіі 1919 г. у Менску Бэрлінская місія падпарадкавалася юрысдыкцыі ўраду Народнае Рады БНР на чале з Вацлавам Ластоўскім, што стаяў на антыпольскіх пазыцыях i месцам сваёй рэзыдэнцыі абраў Коўна (Летува). З гэтага часу цікавасьць да беларускага пытаньня ў Міністэрстве замежных справаў Нямеччыны значна ўзрасла. 29 красавіка 1920 г. на запыт Шлескага геаграфічнага таварыства зьнешнепалітычнае ведамства Нямеччыны паведамляла:

«Тэрыторыя, на якой жывуць беларусы, часткова акупавана палякамі; a другая частка яе цяпер знаходзіцца пад уладаю бальшавіцкага ўраду са сталіцаю ў Менску, якая, аднак, існуе ў залежнасьці ад Масквы. Акрамя таго, знаходзіцца больш дэмакратычна зарыентаваны ўрад у Коўне, які быў створаны яшчэ раней, розныя беларускія дэлегацыі якога маюць свае прэдстаўніцтвы ў паасобных сталіцах Эўропы. Гэты ўрад дарэмна вядзе перамовы пра прызнаньне яго савецкімі маскоўскімі ўладамі. A таму зараз Беларусь ня можа разглядацца ў якасьці самастойнага дзяржаўнага ўтварэньня, a таму i ня можам даць Вам пэўных дадзеных нават пра прыблізныя межы гэтага краю».

Пра тое, што Нямеччына надавала важнае значэньне кантактам з БНР, сьведчыць факт адкрыцьця ў Бэрліне пры Міністэрстве замежных справаў асобнага беларуска-ўкраінскага аддзелу, які падтрымліваў шчыльныя сувязі як з Надзвычайнай місіяй БНР, так i з самым беларускім урадам у Коўне. Пра гэта сьведчаць i цыркуляры, што высылаліся Міністэрствам замежных справаў Нямеччыны сваім амбасадарам у Маскве, Рызе i Коўне:

«З прычыны таго, што тэрыторыя Беларусі разьмешчана на відным месцы поясу ўскраінных дзяржаваў, i таму, што пэўныя палітычныя дэфармацыі беларускае нацыянальнасьці могуць уплываць на ўсю праблему ўскраінных дзяржаваў, я прашу зьвярнуць увагу на беларускае пытаньне i інфармаваць. нас пра яго разьвіцьцё».

Новы цыркуляр Міністэрства замежных справаў Нямеччыны ад 4 лістапада 1920 г. падае інструкцыю сваім дыпляматычным прадстаўнікам у Рызе, Коўне, Маскве, Стакгольме, як у гэтай палітычнай сытуацыі ставіцца да ўраду БНР:

Кіраўнікі беларускіх прадстаўніцтваў i місіяўу эўрапейскіх краінах. Сядзяць (зьлева направа): Яўген Ладноў, Васіль Захарка, Мікола Вяршынін, Леанард Заяц; стаяць: Лявон Вітан-Дубейкаўскі, Янка Чарапук, Яўхім Бялевіч. Кастрычнік 1919 г. (БДАМЛіМ).

«Між іншым, што тычыцца беларусаў, хацелася б адзначыць наступнае: яны зь вясны 1919 г. утрымліваюць у Бэрліне дэлегацыю i неаднаразова патрабавалі ад Міністэрства замежных справаў прызнаньня дэ-юрэ i фінансавай падтрымкі. На гэта ім было адказана, што мы прытрымліваемся прынцыпу права народаў на самавызначэньне, пры гэтым з сымпатыяй ставімся да самастойнае Беларусі. Гэта i магло 6 стаць пацверджаньнем нашых сымпатыяў, але згодна з пастановамі Мірнае Парыскае дамовы нам прадпісаны пэўныя абмежаваньні; асаблівыя цяжкасьці мы адчуваем у праблеме прызнаньня з нашага боку Беларусі дэ-юрэ наперад краінаў Антанты. Пэўна ж, не бярэцца пад сумнеў прызнаньне Беларусі дэ-факта, пакуль гэты Беларускі Ўрад знаходзіцца па-за межамі краю i пазбаўлены ўсяго таго, што неабходна для функцыянаваньня органаў дзяржаўнага кіраваньня.

Я прашу Bac, каб Ваша пазыцыя ў дачыненьні да беларусаў супадала б з вышэйпададзенымі прынцыпамі, але пры гэтым, ідучы на супрацоўніцтва, неабходна зьвяртаць асаблівую ўвагу на захаваньне неафіцыйнасьці дачыненьняў, паклаўшы гэта ў аснову дзейнасьці зь беларускімі прадстаўніцтвамі».

Характэрным у тагачасных нямецка-беларускіх дачыненьнях ёсьць тое, што ўрад Нямеччыны за законнага прадстаўніка беларускага народу схільны быў лічыць менавіта Раду i ўрад Беларускае Народнае Рэспублікі, a не прамаскоўскі марыянэткавы рэжым Савецкае Беларусі. У архіве Міністэрства замежных справаў Нямеччыны дакумэнты, што тычыліся зносінаў нямецкага боку з урадам Ластоўскага i Цьвікевіча, пазьбіраныя ў асобныя папкі (іх налічваецца 5) i захоўваюцца ў Боне да сёньняшняга дня. Архіўныя матэрыялы адносна дачыненьняў Вэймарскае Рэспублікі з БССР парассыпаныя па справах з грыфам «СССР». I гэта нягледзячы на тое, што ў 1922 г. Нямеччына i Савецкая Беларусь асобна падпісалі Рапальскае пагадненьне як сувэрэнныя дзяржавы. Відаць, нямецкі ўрад з самага пачатку лічыў БССР за фікцыю, a ня як самастойную дзяржаўную адзінку.

1919―1921 гг. можна лічыць найбольш плённым пэрыядам у дзейнасьці Бэрлінскае місіі БНР. Пасьля перамоваў з прадстаўнікамі зьнешнепалітычнага i ваеннага ведамстваў Нямеччыны беларускія прадстаўнікі дамагліся дазволу выдаваць грамадзянам Беларусі пашпарты БНР, a былым ваеннапалонным, ураджэнцам Беларусі,― урадавыя пасьведчаньні. Маючы пашпарт грамадзяніна Беларускае Народнае Рэспублікі, яго ўладальнікі маглі без перашкодаў жыць у свабоднай Эўропе, атрымаць візу на пераезд у Амэрыку ці вярнуцца на радзіму.

У справе былых беларускіх ваеннапалонных нямецкія ўлады дазволілі місіі БНР правесьці іх рэгістрацыю. Згодна зь ёю былі складзеныя сьпісы больш як 10 тыс. ураджэнцаў Беларусі, якія яшчэ знаходзіліся ў Нямеччыне ў лягерах для інтэрнаваных. Гэта дало магчымасьць арганізаваць апошнім грашовую дапамогу празь Беларускі Чырвоны Крыж. Абяцаньні нямецкіх уладаў выдзеліць палоненых беларусаў у асобны табар так i засталіся абяцаньнямі. У справе беларускіх вайскоўцаў місія вяла адчайнае змаганьне з расейскімі «белымі» ды польскімі генэраламі, якія адкрыта праводзілі сярод ваеннапалонных нарыхтоўку «гарматнага мяса» ў свае вайсковыя фармаваньні, каб затым рукамі самых беларусаў душыць свабоду i незалежнасьць Беларусі.

Шмат было зроблена місіяй у культурна-асьветнай i выдавецкай справе. У кастрычніку 1920 г. у Бэрліне праз больш як паўгадавы перапынак узнавіла дзейнасьць Беларускае прэс-бюро, кіраўніком якога часова быў прызначаны Л. Заяц. Распачынаецца выпуск інфармацыйных бюлетэняў, якія фактычна дублююць адпаведныя выданьні Вайскова-дыпляматычнае місіі БНР у Латвіі й Эстоніі, што перасылаў з Рыгі ў Бэрлін Кастусь Езавітаў, ды бюлетэні прэс-бюро з Коўна. Бюлетэні Бэрлінскага прэс-бюро БНР былі важнаю i кампэтэнтнаю крыніцаю інфармацыі пра Беларусь для нямецкае грамадзкасьці, прэсы i ўрадавых установаў.

Апрача розных прыватных тэлеграфных агенцтваў Беларускаму прэс-бюро ў Бэрліне ўдалося наладзіць супрацоўніцтва зь летувіскім дзяржаўным тэлеграфным агенцтвам «Эльта», вельмі ўплывовымі ў нямецкіх афіцыйных колах «Агенцтвам Вольфа», «Прэсэ-Вартэ», якое дзейнічала пры Міністэрстве замежных справаў Нямеччыны.

Згодна заданьню ўраду БНР Бэрлінскае прэс-бюро рыхтавала агляды замежнае прэсы, якія потым высылаліся праз Бэрлін у Коўна. Праўда, ковенскі ўрад БНР не заўсёды быў задаволены гэтаю працаю. Так у сваім цыркуляры на адрас Бэрлінскае місіі ад 21 студзеня 1921 г. кіраўніцтва ўраду адзначыла:

«З агляду прэсы за №№ 1, 2 i 3 відаць, што ў Нямеччыне мала друкуецца матэрыялу аб беларускай справе. На Місіі самой ляжыць абавязак апрацоўваць стацьці i старацца памяшчаць іх у газэты, гэта тым болей яе абавязак, што фактычна супрацоўнікі цяпер маюць больш вольнага часу, бо пашпартоў выдаецца надта мала».

Зь Беларускім прэс-бюро ў Бэрліне была шчыльна зьвязаная інфармацыйная служба БНР у Гданьску (Данцыгу), утвораная ў верасьні 1921 г. ( кіраваў Ісаак Лур'е).

Шмат было зроблена місіяй у выдавецкай справе. Усе дыпляматычныя i агульнаграмадзянскія пашпарты БНР былі надрукаваныя менавіта ў Нямеччыне. Дзякуючы стварэньню ў 1920 г. выдавецкае суполкі «Вызваленьне» ў Нямеччыне ўбачылі сьвет кніжка А.Цьвікевіча «Беларусь», каляровыя паштоўкі з гербамі беларускіх ваяводзтваў i этнаграфічная мапа Беларусі. Плянавалася да выданьня на нямецкай мове брашура К.Езавітава «Беларусы i палякі». У Бэрліне выйшла таксама папулярная сярод беларускіх ваеннапалонных кніга «З роднага краю». У1919 г., пры ўдзеле Беларускай місіі, у бэрлінскім выдавецтве Карла Круціуса выйшла на нямецкай мове кніга «Беларусь», якую склаў нямецкі журналіст Вальтэр Егер, сябра віленскага беларускага асяродку.

Дзеля пашырэньня сярод нямецкае грамадзкасьці зьвесткаў пра Беларусь сябры місіі ладзілі ў грамадзкіх ды партыйных клюбах нямецкае сталіцы лекцыі, на якіх асьвятляліся пытаньні гісторыі й культуры беларускага народу, сучаснага палітычнага i эканамічнага становішча краю. У нямецкіх газэтах штораз зьяўляліся артыкулы на беларускую тэматыку, напісаныя В.Захаркам, В. фон Дзітманам, Д.Анэкштэйнам ды інш.

Доўгі час Беларуская місія ў Бэрліне выконвала ролю галоўнага каардынацыйнага цэнтру дыпляматычнае дзейнасьці ўраду БНР. Нямецкая сталіца нават паводле свайго геаграфічнага становішча была зручным месцам для зьбіраньня на агульныя нарады прадстаўнікоў беларускіх місіяў i кансулятаў з Парыжу, Прагі, Капэнгагену, Караляўцу, Варшавы, Канстантынопалю, Рыму ды іншых эўрапейскіх гарадоў. Адсюль лягчэй было трымаць зь імі сувязь. Праз Бэрлін праходзілі шляхі беларускіх урадавых дэлегацыяў на ўсе важнейшыя міжнародныя канфэрэнцыі (Парыскую, Жэнеўскую, Генуэскую). У адрозьненьне ад краінаў Антанты, дзе ў афіцыйных колах дамінавала канцэпцыя «адзінае i непадзельнае Расеі», у Нямеччыне больш прыхільна ставіліся да беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, найлепей i глыбей разумелі спэцыфіку беларускага пытаньня. У Бэрліне прадстаўнікам БНР было прасьцей атрымаць, чым у іншых эўрапейскіх сталіцах, замежныя візы на праезд у іншыя краіны.

Рада беларускае калёніі ў Латвіі. Сядзяць (справа налева): консул БНР у Рызе Б. Шымковіч, намесьнік старшыні Рады А. Сыдяпура, шэф Вайскова-дыпляматычнае місіі БНР у Латвіі й Эстоніі К. Езавітаў, старшыня Рады Я. Данілюк, прадстаўнік асобага аддзелу БНР у Эстоніі Мінгрэльскі; стаяць сябры Рады: Я. Сьпіцын, В. Найдзёнаў, П. Цьвяткоў, В. Быкаў, Р. Казячы, Д. Кадаўва, В. Дзюбанаў, А. Калмановіч. Рыга, 1920 г. (НАРБ.).

Менавіта ў Бэрліне ў сярэдзіне 1919 г. была праведзеная нарада консулаў i амбасадараў дзяржаваў, якія паўсталі на тэрыторыі былое Расейскае імпэрыі (Фінляндыі, краінаў Балтыі, Беларусі, Украіны, Азэрбайджану i Паўночнага Каўказу). Надалей місіяй БНР у Нямеччыне былі наладжаныя добрыя стасункі з дыпляматычнымі службамі гэтых краінаў у Бэрліне.

Зь ініцыятывы ўраду БНР у лістападзе 1919 г. у Бэрліне адбылася важная нарада прадстаўнікоў беларускіх місіяў i кансулятаў у Нямеччыне, Францыі, Чэха-Славаччыне i Польшчы, якая адыграла значную ролю ў справе каардынацыі дыпляматычнае дзейнасьці Беларускае Рэспублікі. Дзякуючы Бэрлінскай місіі была ўсталяваная сувязь з палкоўнікам Янам Ермачэнкам у Канстантынопалі. Празь нейкі час там паўстаў беларускі кансулят. У 1920 г. былі таксама ўтвораныя консульскія аддзелы ў Бялградзе i Сафіі.

Пра повязі Бэрлінскае місіі можна меркаваць з тае багатае i разнастайнае сеткі карэспандэнтаў з усіх кантынэнтаў сьвету: акрамя вядомых тэлеграфных агенцтваў i рэдакцыяў газэтаў мы бачым тут уплывовых палітыкаў, грамадзкіх дзеячоў i бізнэсмэнаў.

У ліпені 1920 г. урад БНР зноў зьвярнуўся да нямецкіх уладаў з просьбаю аб прызнаньні. Была зробленая спроба адкрыць у Бэрліне беларускую амбасаду. На пасаду яе кіраўніка быў прызначаны Язэп Варонка. З-за адмоўнае пазыцыі афіцыйных нямецкіх уладаў ініцыятыва беларускага боку ня мела посьпеху. 20 лістапада т. г. Варонка вяртае назад уручаныя яму Радай міністраў паўнамоцныя граматы.

Плён ды актыўнасьць палітычнае i культурна-асьветнае дзейнасьці Беларускага прадстаўніцтва БНР у Нямеччыне ў значнай ступені залежалі ад фінансавых магчымасьцяў. Акрамя сьціплых i нерэгулярных паступленьняў грошай ад беларускага ўраду з Коўна, місія зарабляла сродкі на існаваньне за кошт консульскіх паслугаў (за ўвесь час было выдадзена каля 2 тыс. пашпартоў), акрамя таго, былі й невялікія асыгнаваньні з боку дабрахвотных фундатараў. У залежнасыді ад наяўнасьці грошай, місія ці то пашырала сваю дзейнасьць, ці то абмяжоўвала яе да мінімуму.

Для паляпшэньня свайго фінансавага становішча беларускі ўрад імкнуўся наладзіць уласную гандлёвую справу. У сувязі з гэтым у 1921 г. Радаю міністраў БНР была ўтвораная адмысловая Гандлёвая камісія на чале з В.Захаркам, a пазьней ― Міністэрства гандлю i прамысловасьці, якое ўзначаліў Майсей Жытлоўскі. Пасярэднікам у гандлёвых апэрацыях ураду БНР у Нямеччыне выступала Бэрлінская місія. Гандлёвая дзейнасьць БНР i місіі ў Бэрліне не прынесла жаданых дывідэндаў, тым ня менш была працяглай паводле часу i разнастайнай паводле характару. У гэты час у склад місіі былі ўведзеныя дасьведчаны фінансіст i юрыст Давыд Лур'е, a таксама прадстаўнік ад беларускіх каапэратываў (Цэнтрабелсаюз) Андрэй Бароўскі. У красавіку 1921 г. з-за крытычнага фінансавага становішча дзейнасьць місіі фактычна спыняецца. Акрамя шэфа місіі Л.Баркова ды юрысконсульта Б.Мілера, іншыя супрацоўнікі былі звольненыя сa сваіх пасадаў. Выйсьці з крызысу дапамог менавіта Д.Лур'е. Тады старшыня ўраду В.Ластоўскі зьвярнуўся да яго з асабістым пасланьнем: «У сувязі з тым, што склалася недарэчная сытуацыя з нашымі фінансамі, вельмі прашу Bac пасадзейнічаць нам у атрыманьні кароткатэрміновага крэдыту (тэрмінам да 15.VI. 21) на суму 100.000 марак (нямецкіх). Крэдыт гэты будзе намі выплачаны з чарговай раты нашага займу ад Літоўскай рэспублікі ...». З мэтаю актывізацыі гандлёвай дзейнасьці місіі БНР у Бэрліне 1 красавіка 1921 г. яе кіраўніком становіцца А.Бароўскі.

У пошуках фінансавых сродкаў урад БНР зноў імкнецца атрымаць грошы па старому ўкраінскаму акрэдытыву, што ляжаў у Бэрлінскім Райхсбанку яшчэ з 1920 г., і на які нямецкія ўлады наклалі арышт. Спадзеючыся атрымаць гэтыя грошы пры дапамозе нямецкае фірмы

ІВЕГ (IWEG - Internationale Waren Export - und Import-Gesellschaft m. b. H (mit beschrSnkter Haftung) [2], беларускі ўрад падпісвае зь ёю гандлёвае пагадненньне пад гарантыю ўкраінскага крэдыту ў 3 млн. марак. ІВЕГ выдзяляе ковенскаму ўраду БНР прамысловыя і спажывецкія тавары дзеля рэалізацыі іх беларускімі каапэратывамі. 3-за дрэннай якасьці тавараў беларускі бок панёс вялікія фінансавыя страты. У студзені 1923 г. гандлёвае пагадненьне было скасаванае. Скандал з ІВЕГ унёс разлад сярод сябраў ураду В.Ластоўскага, які стаў адной з прычынаў урадавага крызысу.

Пасьля пераезду Рады міністраў у Прагу роля Бэрліну ў зьнешнепалітычнай дзейнасьці БНР паступова падае. Зь 1 верасьня 1922 г. цалкам спыняецца фінансаваньне місіі з боку ўраду, прадстаўніцтва пераходзіць на самаўтрыманьне. Пасьля падпісаньня Рапальскага пагадненьня паміж Нямеччынай i БССР Бэрлінская місія БНР фактычна знаходзіцца на паўлегальным становішчы. Дарэчы, трэба сказаць, што з усіх прадстаўніцтваў непрызнаных дзяржаваў у Бэрліне ў той час захавалася толькі беларускае. У лісьце Міністэрства замежных справаў Нямеччыны ад 28 жніўня 1923 г. да Дзяржаўнага камісара Прусіі заяўлялася:

«Пан А.Бароўскі як прадстаўнік БНР ні ў якім разе не замоўчваецца Міністэрствам замежных справаў. Яно разглядае яго i ягоных людзей, на жаль, як прадстаўнікоў адной з групаў замежных палітыкаў. БНР больш не існуе. Так званы Беларускі Народны Ўрад# які павінен прадстаўляць гэтую рэспубліку, знаходзіцца за межамі краю ... у далейшым цярпець тое, што Бароўскі працягвае выдаваць пашпарты па палітычных матывах, немагчыма. Акрамя таго, яно супярэчыць пагадненьню, якое Нямеччына падпісала 5 лістапада 1922 г. з Савецкаю Сацыялістычнаю Рэспублікаю Беларусь...»

Канчаткова сваю дзейнасьць Дыпляматычная місія БНР у Нямеччыне спыніла ў кастрычніку 1925 г. пасьля сумна вядомай Другой г. зв. Усебеларускае канфэрэнцыі ў Бэрліне, на якой было прынята нелегітымнае рашэньне аб ліквідаваньні ўраду БНР.

Уладзімер САКАЛОЎСКІ.

ДАКУМЭНТЫ ДЫПЛЯМАТЫЧНАЕ ЧЫННАСЬЦІ БНР У НЯМЕЧЧЫНЕ

I. Арганізацыйна-палітычная дзейнасьць

№ 1

Сэкрэтна

28. 8. [ 19] 19

[Інструкцыя] для спаўняючага абавязкі консула Б.Н.Р.

Бэрлін

1) Поруч з чыста консульскімі чыннасьцямі, абнімаючымі ў першую чаргу апеку над грамадзянамі Беларусі, паддзержываць усялякімі спосабамі беларускую нацыянальную працу між беларусамі, якія знаходзяцца ў Нямеччыне, a ў першы чарод ― між ваеннапалоннымі.

2) Дзеля гэтага мае далей істнаваць утворана[я] пры прадстаўніцтве ў Бэрліне Ваенная Місія, утрымліваная з сум консульства. Адносіны між Ваеннай Місіяй i Консульствам павінны быць устаноўлены знаходзячыміся ў Бэрліне членамі Ўраду.

3) Асьведамляць нямецкае грамадзянства i нямецкі ўрад аб палажэньні ў Беларусі i заінтэрэсаваць іх эканамічна. Працаваць дзеля ўстанаўленьня правільных тарговых зносін між Б[еларусьсю] i Н[ямеччынай].

4) Праводзіць ідэю прызнаньня незалежнасьці Беларусі (закрэсьлена i дапісана) Б. Н. Р. i бароцца з тэндэнцыяй разьдзелу Беларускай зямлі між Польшчай, Літвой,

Расіяй i Ўкраінай. Дабівацца афіцыяльнага прызнаньня Консульства.

5) Быць зьвязуючым зьвяном паміж урадам БНР i тымі дэлегацыямі i прадстаўнікамі ўраду, з якімі будзе магчыма ўстанавіць зносіны праз Бэрлін. Падробна інфармаваць урад аб палітычным i эканамічным жыцьці заграніцы.

Без полпісу [3]

Дзяржаўны архіў Летувы, ф. 582, воп. 2, спр. 31, арк. 12.

№ 2

Копія

ДЭКЛЯРАЦЫЯ

Ніжэйпадпісаныя дэлегаты, упаўнаважаныя дзяржаваў, у межах былой Расеі наноўствораных, a менавіта:

Рэспублікі Азэрбайджан,

-"- Эстонія,

-"- Грузія,

-"- Латвія,

-"- Паўночнага Каўказу,

-"- Беларусь,

-"- Украіна.

Азнаёміўшыся са зьместам перапіскі Рады Хаўрусных Вялікіх Дзяржаваў i Дзяржаваў, якія далучыліся да іх, з адміралам Калчаком i разгледзеўшы ўмовы для падтрымкі Омскага Ўраду з боку вышэйназваных Дзяржаваў, маем гонар ад імя прадстаўленых намі Дзяржаваў паведаміць ніжэйпададзенае:

1) Рэспублікі (названыя) узьніклі й існуюць з прычыны свабоднае народнае волі ў гэтых дзяржавах. Канстытуцыі названых рэспублікаў цяперашнім часам ужо выпрацоўваюцца, i ўзаемныя іх дачыненьні з суседнімі дзяржавамі будуць канчаткова вызначаныя ўстаноўчымі сходамі рэспублікаў, дэлегаты якіх або ўжо абраныя, або будуць абраныя на аснове агульнага выбарнага пачатку. Што-ж да пастановаў губэрскіх органаў кіраваньня ў Расеі, якія-б яны ні былі, то апошнія ніякім чынам не могуць прылічацца да [органаў улады] Незалежных Дзяржаваў [...], i ўзаемныя дачыненьні паміж гэтымі Дзяржавамі i Расеяй павінны быць урэгуляваныя як паміж дзяржавамі, роўнымі ва ўсіх сваіх правах, Незалежнымі i Самадзяржаўнымі; між тым вышэйпамянёная перапіска можа быць вытлумачаная толькі як прыкмета адмовы гэткага права.

2) Названыя Рэспублікі зьвяртаюцца да Мірнай Канфэрэнцыі i да Вялікіх Дзяржаваў з просьбаю неадкладна прызнаць іх палітычную незалежнасьць.

17 чэрвеня 1919 году

(подпісы)

З арыгіналам згодна: Саветнік Бэрлінскай [місіі] Бялевіч (подпіс)

Пераклад з расейскай.

Дзяржаўны архіў Летувы, ф. 528, воп. 2, спр. 41, арк. 13.

№ 3

Копія

Сэкрэтна

2. IX. 1919

Бэрлін

Ліст пасланы панам: А. Луцкевічу, А. Цьвікевічу, А. Смолічу.

Мы тут шумім многа. Газэтныя выразкі аб Беларусі прысылаюцца нам з усіх старон. Цяпер павялі атаку, каб заставіць немцаў прызнаць нас, хаця, пры неапрэдзелёнасьці германскай палітыкі ў гэты момэнт, зрабіць што лібо рэальнае пакуль што не ўдаецца.

Тут усе, ад манархістаў да камуністаў, зрабіліся русафіламі і стаяць на адным поглядзі - гэто адбудаваньне едынай моцнай Расеі. Многа працуюць у гэтым напрамку і расейскія чарнасоценцы з Гучковым [4] на чале. Іх задача саздаць Западны фронт, які, пачыная ад Літвы і Беларусі, павінен пабеданосна ісьці да Масквы, потым, змацаваўшыся, павярнуць на палякаў, з якімі, як заяўляюць усе расейцы, прыдзецца ваяваць пры ўсялякіх выпадках і варунках.

Я меў размову з выбраным ужо глаўнакамандуючым дзеля гэтаго фронту, генэралам Біскупскім, з якой вынес надта дрэннае ўражэньне. Канешне, ім гавараць надзеі i думкі ўсіх тых, якія яго выбралі.

Іх задача ― гэта стварэньне моцнай арміі, за якою рожнымі прэдпрынімацелямі будуць пастаўляцц[а] дзеля жыхароў хлеб, мануфактура, абуцьце i ўсе гаспадарскія прылады ― адным словам, яны наіўна думаюць [пра] спакойнае эканамічнае заваяваньне i гавораць, калі яны накормяць, напояць i апрануць народ, тады ён ні аб якой палітыцы гаварыць у гэты момант не захоча ...

Немцы ... па зацьверджаньні ... мірнае ўмовы [з] Антантаю, ... я думаю, ... вельмі ахотна пойдуць на ўсялякую помач як нам, так i ўсім тым, хто згодзіцца вясьці супольную з імі барацьбу проціў палякаў.

Мы тутака заінтэрасавалі рожные кругі ва ўсіх напрамках. Можна было бы многа зрабіць у напрамку гандлю, каб мы былі гаспадарамі хаця бы маленькаго кусочка тэрыторыі нашае Бацькаўшчыны. На ўсялякі выпадак, тут трэба было бы мець нам паўнамоцтва ад Рады Міністраў на заключэньне тых ці іншых дагавораў.

Страшэнна трудно працаваць пры тых варунках, у якіх мы ўвесь час знаходзімся, я толькі т.[ым] ч.[асовы] намесьнік старшыні, без паўнамоцтваў Міністра Загранічных спраў, а Леанард [5] і таго горай, дыпляматычны прэдстаўнік без жадных афіцыальных паўнамоцтваў.

Зусім зразумела, што, ня маючы поўнае ўласьці i ня ведаючы добра, гдзе што рабіць, часто прыходзіцца чэкаць, каб не пайсьці па абмылковаму i шкоднаму шляху. Я не хачу тут ні кого вінаваціць, апрача нашае горкае долі, но павінен давесьці да ведама тыя цяжкія варункі, пры якіх мы тут знаходзімся. Адным словам, цэнтар як бы тут, a ў цэнтры нікога няма.

Пры гэтым так само павінен сказаць, што пан Леанард просіць аслабаніць яго ад цяжкіх абавязкаў дыпляматычнаго лрэдстаўніка тут, тым барджэй, што ён быў застаўлен вясьці гэтую працу дзякуючы толькі таму, што сюды не зьявіўся Аркадзь [6].

Прыводзячы тым самым прычыны, я так само прасіў бы як найхутчэй аслабаніць i мяне ад абавязкаў намесьніка старшыні. Дзякуючы гэтым так званым тым часовым абавязкам, мы закінулі нашые сталые абавязкі. Я надта прашу не падумаць, што паміж намі не лады. Hef мы жывём добра, у поўнай згодзе, но лічым, што такое ненармальнае палажэньне даўжэй цягнуцца ня можа. Пакуль жэ яно не пераменіцца, то, канешне, нягледзячы на нашую перагружанасьць i трудные варункі мы будзем вясьці i далей усю працу як вялі ...

Апрача сталаго дыпляматычнаго прэдстаўніка ў Бэрліні, аб яком трэба падумаць, мы ўсе лічым патрэбным зараз жэ паслаць нашых правамочных дыпламатычных прэдстаўнікоў у Лондан, куды намі ўсімі выбраны пан Язэп [7], і ў Скандынавію, і Фінляндыю, куды выбраны пан Тарашкевіч.

Мы просім пана Старшыню прыслаць як найхутчэй нам сваю на гэто згоду.

Язэп ужо даў сваю згоду i тыдні праз два мог бы выехаць, з панам Тарашкевічам трэба яшчэ гаварыць i вызываць яго.

Грошай у нас у гэты момэнт каля 850.000 марак i плюс да іх яшчэ кроны. Прымаючы гэта пад увагу, усе расходы трэба рабіць астарожна.

В. Захарко [подпіс]

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (надалей ― НАРБ), ф. 325, воп. 1, спр. 49, арк. 14―15.

№ 4

Тэлеграма Зайцу

Моцштрасэ, 21, Бэрлін

Езавітаў тэлеграфуе / незалежнасьць Беларусі прызнана канфэрэнцыяй у Дэрпце [8] і Фінляндыяй

Луцкевіч

28.ХІІ.19[19]

Дзяржаўны архіў Летувы, ф. 582, воп. 2, спр. 31, арк. 34.

№ 5

ПРАТАКОЛ

сходу выпадкова зьехаўшыхся ў Бэрліне прэдстаўнікоў Беларускай Народнай Рэспублікі на Мірнай Канфэрэнцыі ў Парыжы ― Міністра Абароны i выпаўняючаго абавязкі старшыні делегацыі Я.Ладнова, члена Парыскай делегацыі, Члена Рады Рэспублікі Я.Бялевіча, прэдстаўніка ў Польшчы Л.Дубейкоўскаго, прэдстаўніка на Літве, Сэкрэтара Рады Рэспублікі П.Крэчэўскаго, прэдстаўніка ў Бэрліне, Дзержаўнаго Кантралёра Л.Зайца i выпаўняючаго абавязкі Міністра Фінансаў В.Захарко. 10, 11 i 12 лістапада 1919 г.

Аднагалосна выбраны Старшынёй сходу прэдстаўнік у Польшчы п. Дубейкоўскі i Сэкрэтаром прэдстаўнік на Літве п. Крэчэўскі. Прынята прапазыцыя заслухаць даклады ўсіх прэдстаўнікоў аб дзяржаўнай Беларускай працы заграніцай i адносінах да Беларусі загранічных дзяржаваў i іх дэлегацый.

Даклад п. Дубейкоўскаго аб адносінах Польшчы да беларусоў.

Адносіны палякоў да Беларусі зусім дрэнныя. Старшыня Рады Міністраў п. Луцкевіч, выкліканы ў Варшаву Падэрэўскім [9], прыехаў за дзень да ад'езду Падэрэўскаго ў Парыж і не быў прыняты, а па звароце Падэрэўскаго ў Варшаву з Парыжу каля двух месяцаў п. Луцкевічу адмаўлялі ў аўдыэнцыі, адказываючысь тым, што ён ня мае часу, між тым як у гэтым працягу Падэрэўскі меў час прыняць міністраў другіх дзержаў, як, напрыклад, Міністра загранічных спраў Латвіі - Мэеровіча і Украіны - Левіцкаго. Нават таварыш Падэрэўскаго Міністр загранічных спраў п. Скшынскі, назначыўшы першы раз прыём, заставіў так доўга чэкаць п. Луцкевіча, што ён не даждаўся прыёма. Толькі праз неколькі дзён быў прыняты Пілсудзкім
і Скшынскім і меў з імі нарады аб войску і ўладзе.

Прыезд п. Луцкевіча ў Варшаву справы беларускай не пасунуў наперад, яна асталася так, як i была пры працы Дубейкоўскаго. Вагі ніякай п. Луцкевіч у Варшаве ня мае, папулярнасьцю не карыстаецца дзеля таго, што ўвесь час па заданьню палякаў ён скампрамітованы па працы з немцамі.

Много беларусоў ваеннапалонных, няглядзячы на пратэсты прэдстаўніка ў Варшаве, былі адосланы ў арміі Дэнікіна i Юдэніча.

У апошні час атрымана дазваленьне на фармаваньне беларускіх войскаў. Галоўны штаб арміі будзе знаходзіцца ў Слоніму Горадзенскай губ. Утрыманьне, снаражэньне i абмундзіраваньне будзе даваць чы Антанта, чы Польшча. Гэта зроблена спэцыяльнай беларускай камісыей, якая вядзець перагаворы аб гэтым з чэрвеня месяца.

Польскія сацыялісты горшыя, ніж «эндэкі» [10], нічого ня хочуць зрабіць для Беларусі, хаця ж лад націскам беларускіх сацыялістаў абецалі ўнясьці ў Сойм пытаньня аб прызнаньні незалежнай Беларускай рэспублікі. Віз на беларускіх пашпартах палякі ня хочуць ставіць, а прапануюць браць польскія пашпарты. Вестка аб нарадзе [11] надта ўзбурыла п. Луцкевіча, і яны думалі, што творыцца новы ўрад. Пад гэтым уплывам ён сказаў: «Я колькі разоў казаў палякам, каб яны пасьпешылі, бо нарэшці павінны стварыцца дзве групы і, напэўна, другая група пойдзе за Расеей, і момэнт будзе прапушчэны».

Даклад выпаўняючаго абавязкі Старшыні делегацыі ў Парыжу Міністра Абароны п. Ладнова.

Да прыезду беларускай дэлегацыі ў Парыж, Канфэрэнцыя Спакою досыць была паінфармована аб беларускай справе.

Францыя гатова была падтрымліваць самастаяцельнасьць асобных абразаваній па ідэе «санітарнаго пояса» з Польшчы, Беларусі, Украіны i Румыніі, хаця сацыалістычны кангрэс у Амстэрдаме высказаўся за едынства Расеі.

У апошні час намераньня Антанты павярнуліся ў бок едынай Расеі, хаўруснай Антанце, у працівавагу германскаму праэкту Расеі, хаўруснай Германіі. Адсюль падтрыманьне Колчака i Дэнікіна.

Англія падтрымлівае незалежнасьць дзержаваў у сфэрэ свайго вліяньня ― Літву, Латвію, Эстонію, Азэрбайджан, Грузію, ідзе проціў Украіны i Беларусі i гэтым хочэ аслабіць Расею i ўзяць усё ў свае рукі, захапіў рынкі на поўначы i поўдню Расеі.

З-за гэтаго магчыма барацьба паміж франкафіламі, англафіламі i германафіламі ў Расеі.

Амэрыка падтрымлівае Колчака i хочэ, каб Расея была дэмакратычнай.

Фэдэратыўная Расея надта пужае заходнюю Еўропу, як вялікая сіла, i ўвесь друк загранічны ў гэтым бачыць вялікую небэзпеку.

Ідэя ўсеславянскаго аб'еднаньня знаходзіць падтрыманьне ў Францыі i вострае працівадзейства з боку Англіі, якая б хацела бачыць Расею манархіей і, можа, нават з ангельскім стаўленікам на троне.

Аб стварыўшыхся дзержавах Прыбалтыкі французкая прэса гаворыць, што яны дзержаўнаго экзамену не вытрымалі.

Расейскіе кругі: сацыялісты хочуць стварыць Расею фэдэратыўнай зьверху, з краевымі ўстаноўчымі Соймамі. Палітычнае савешчаньне (правы цэнтр) патрэбуе едыналічнай дыктатуры i скліканьня Устаноўчаго Сойму па цэнзавым выбарам; левы жэ цэнтр патрэбуе калегіяльнай дыктатуры i скліканьня Ўстаноўчаго Сойму на падставе агульнага выбарчага права.

Дэклярацыя палітычнаго савешчаньня ў Парыжу абецае стварыць Расею на фэдэратыўных началах i прызнаць усе краевыя ўрады, вядучыя барацьбу з бальшэвікамі.

Дэклярацыя Сазонава [12] абяцае аўтаномію Ўкраіне і Беларусі, аб аўтаноміі так сама гаворыць і генэрал Драгаміраў.

Аб'ём фэдэрацыі i яе садзержаньне павінен адзначыць усерасейскі Устаноўчы Сойм.

Маклакоў [13] і Сазонаў яшчэ да прыезду дэлегацыі беларускай у камісыі Канфэрэнцыі Спакою заявілі, што хочуць лепш бачыць Беларусь незалежнай, ніж пад Польшчай.

Ад усіх уноўпаўстаўшых дзержаваў адносіны да Беларусі, апрача Літвы i Польшчы, якія злуюць за тое, што ім беларусы не аддаюць Горадзеншчыны i Віленшчыны, надта добрыя i прыхільныя. Ні літвіны, ні палякі ня хочуць прызнаваць ураду Б.Н.Р.

Польшча кажэ, што Беларусі i Ўкраіны няма, ёсьць альбо Польшча, альбо Расея. Падэрэўскі, Тышкевіч i іншыя раней нібы добра адносілісь да Беларусі, a потым зьмянілі погляд i нават не далі білета на выезд п. Луцкевічу ў Варшаву, калі яго запрасіў туды сам Падэрэўскі. Падэрэўскі запрасіў, a дэлегацыя ў Парыжу перэшкаджала гэтай паездцы. Да гэтай пары палякі ў Парыжу беларусам не адказаяі ні на адну паперу i не аддалі візыту, a ў перагаворах з расейцамі (Савінкавым) патрэбавалі ад іх Віленшчыну i Городзеншчыну.

Пры перэгаворах з Англічанамі (Бурдзільен, Кэр) яны заявілі, што надта добра паінфармованы ў беларускай справе і даўно чэкаюць у сябе хоць аднаго беларуса. Справа з амэрыканскімі стокамі [14] не была даведзена да канца па недастатку грош[ай] і перашкод з боку заінтэрэсованых дзержаваў.

У канцы было даложэно, што французкі генэрал Рашгон выдзеліў 200 чалавек для беларускай роты.

Даклад члена дэлегацыі ў Парыжу, члена Рады Рэспублікі п. Бялевіча.

Польшча можэ-б мела большую вагу, каб ей ня шкодзілі Чэхі, якія маюць вялікі ўплыў на Антанту і моцна падтрымліваюць усеславянскую ідэю наогул і асабіста Беларусь. П.Бэнаш [15] Старшыня делегацыі ад Чэхаў у Парыжу і міністр загранічных спраў проста сказаў: «Не ўступайце ні ў якія саглашэньня з палякамі, нічога, апрача нешчасьця, яны вам не дадуць». Да нас бліжэй з усіх славян, як сказаў таксама п. Бэнаш, стаяць беларусы.

Галіцыя цяпер знаходзіцца зусім у такіх варунках, як i мы (пад польскай акупацыей), i разам з Юго-Славіей i Чэхамі стаіць за ўсеславянскую фэдэрацыю.

Даклад прэдстаўніка на Літве Сэкрэтара Рады Б. Н. Р. п. Крэчэўскаго.

Трудна было працаваць на Літве, дзе ўраду беларускаго не прызнавалі, аднак, нягледзячы на гэта, праца велась адпаведна i інфармавалісь аб дзержаўнай беларускай працы ўсе прэдстаўнікі Антанты, находзячыяся ў Коўне.

Перагаворы з Літоускім Урадам ні да чаго не давялі, бо літвіны хацелі анэксаваць Горадзеншчыну і Віленшчыну. Трэба было рваць з літвінамі, але разрыў павінен быў ісьці зьнізу. Горадзеншчына і Віленшчына павінны былі вынесьці рэзалюцыі аб тым, што беларусы ня хочуць належаць да Літвы. Такія рэзалюцыі ад Горадзенскіх арганізацый, па словам п. Чэрэпука, былі вынесены і праз Дзекуця-Малея [16] адосланы ў Вільню. Чы было што зроблена ў Вільні ў гэтым напрамку, ня ведаю, але да гэтай пары, нягледзячы на ўсе стараньня з майго боку, такіх рэзалюцый я не атрымаў і адказываць за тое, што разрыў ня быў зроблены як трэба - не магу.

Апошняя нота пратэсту проціў прылучэньня Віленшчыны i Горадзеншчыны як да Літвы, так i да Польшчы ўзбурыла надта англічан i літвіноў, яны нават хацелі арэштаваць мяне.

Даклад прэдстаўніка ў Бэрліне, Дзержаўнаго Кантралёра п. Зайца.

Адразу бэз паўнамоччаў i дэрэктываў як ад Старшыні Рады Міністраў, так i Намесьніка Старшыні, з якіх п. Луцкевіч быў у Парыжу, a п. Смоліч у Вільне, прыйшлось узяцца за працу i дабівацца прызнаньня Беларусі наогул i сябе, як прэдстаўніка на Нямеччыне, асабіста.

Да гэтай пары ўсіх называлі прыватнымі асобамі ў Нямеччыне, i толькі мяне, пасьля доўгіх размоў, праўда хоць на словах, дазволілі лічыць афіцыяльна прэдстаўніком Беларусі ў Бэрліне i ў часе маёй хваробы ня раз прысылалі даведацца аб маём здароўі із міністэрства загранічных спраў, якое асабліва стала цікавіцца беларускай справ[ай] пасьля ад'езду Рады Міністраў у Менск i адчыненьня Рады.

Дзякуючы гэтаму мы змап.і пасьля перагавораў з міністэрствам загранічных спраў i вайсковым выдаваць грамадзянам Беларусі ― ваеннапалонным беларускія пасьведчаньня, a прыватным асобам пашпарты, па якім нашы грамадзяне маглі бэз перашкод ехаць на Бацькаўшчыну i жыць заграніцэй.

Абецалі нават у справе ваеннапалонных калі не выдзеліць у асобны табар, то зрабіць, хоць гэта надта i трудна, рэгістрацыю беларусоў, якая была ўжэ зроблена намі, i сьпіскі больш як 10 тысяч ваеннапалонных у нас маюцца. З нашаго боку рабілісь грашовыя дапамогі ваеннапалонным.

Дзякуючы нашым высілкам, намі надта добра падрыхтована афіцыяльная i неафіцыяльная прэса, так што цяпер усе нямецкія газэты цікавяцца намі.

Нашэ прэс-бюро разносіць весткі па ўсяму сьвету. Нас запрашаюць чытаць лекцыі, рэфэраты і, наогул, як можна больш інфармаваць немцаў у беларускай справе, што ў гэтым напрамку i было зроблено праз лектара Дзітмана.

Увесь час велась барацьба з расейскімі генэраламі, якіе не прызнавалі Беларусі i надта шкодзілі ў нашай вайсковай справе.

Дужа часу патрацілі на перагаворы аб займе для Беларускай рэспублікі i ў гэтай справе зацікавілі праэктам каналу праз Беларусь вялікаго фінансіста Сіманса i рабілі эканамічэскія даклады, a так сама пашыралі фінансово-эканамічную прэсу ў справе эканамічнаго становішча Беларусі.

Калі будзе свая тэрыторыя i хоць трошкі сваіх вайсковых сіл, то будзе i прызнаньне з боку немцаў i будуць грошы.

Інфармавалісь праз камісыю англічан на Нямеччыне i англійск[ую] прэс[у] аб Беларусі.

Была створана канфэрэнцыя паслоу у Бэрліне [17] усіх уноўпаўстаўшых дзержаваў, дзякуючы ў гэтым нашаму стараньню.

Завязаны самыя цесныя зносіны з украінцамі, латышамі, эстонцамі i нават літоўцамі i фінляндцамі.

Многа зроблена ў сфэры выдавецтва. Выдана новая кніга аб Беларусі ў нямецкай мове [18]. Надрукаваны першыя дзержаўныя загранічныя пашпарты для цывільных. Аддрукованы адкрыткі з гербамі беларускіх ваеводзтваў, а так сама карта Беларусі з палепшэньнямі і дадаткамі. У друку знаходзіцца палітычны очэрк п. Цьвікевіча «Беларусь», а так сама друкуецца ў нямецкай мове брашура Езавітава «Беларусы і палякі» і т.д. Пры гэтым трэба дадаць, што ўсе выданыя кніжкі пашыраюцца як сярод нашых ваеннапалонных, так і разсылаюцца ў вялікім ліку экзэмпляроў па ўсяму сьвету, дзе толькі можна было паслаць.

Даклад выпаўняючаго абавязкі Міністра Фінансаў п. Захарко.

Падкрэсьліў цяжкія абставіны, у якіх праходзіла ўся тая праца, аб якой гаварыў п. Заяц, сказаў, што цяпер у Нямеччыне больш між іншымі стварыўшыміся на абшарах Расеі дзержавах, цікавяцца Беларусіей.

Пасьля абмену поглядамі па дакладам сход аднагалосна вынес рэзалюцыю:

Заслухаўшы даклады прэдстаўнікоў беларускаго ўраду ва Францыі, пры Парыскай Канфэрэнцыі Спакою п. п. Ладнова i Бялевіча, у Нямеччыне ― п. п. Зайца i Захарко, у Польшчы ― п. Дубейкоўскаго i ў Літве ― п. Крэчэўскаго, сход пастанавіў прыняць іх да ведама.

Па сушчэству дакладаў Міністра Фінансаў В.Захарко, Дзержаўнаго Кантралёра Л.Зайца i Сэкрэтара Рады П.Крэчэўскаго сход пастанавіў:

1) Прызнаць, што праца міністраў Захарко і Зайца і Сэкрэтара Рады П. Крэчэўскаго, нягледзячы на адсутнасьць рукавадзячых указаньняў, зусім адказывала тым заданьням і мэтам па абароне правоў і інтэрэсаў беларускаго народу, якія былі адзначаны Ўсебеларускім кангрэсам у Менску і пастановам Рады Рэспублікі; (...) [19]

Старшыня сходу Л.Дубейкоўскі [подпіс] Дадаю мой рукапісны даклад

Члены: Мін. Обороны Е.Ладноў [подпіс]

Дзяржаўны Кантралёр Л.Заяц [подпіс]

Міністр В.Захарко [подпіс]

Сябра Рады Б. Н. Р. Я.Бялевіч [подпіс]

Сэкрэтар П.Крэчэўскі [подпіс]

НАРБ, ф. 325, воп. 1, спр. 49, арк. 17―21.

№ 6

Пану Надзвычайнаму Прэдстаўніку

Беларускай Народнай Рэспублікі ў Бэрліне

[п. Зайцу]

Сэкрэтара Місіі д-ра Паўлоўскага

Д A К Л A Д

Згодна з Вашай просьбай, маю гонар далажыць аб тэй размове, якая велася Вамі з прэдстаўніком германскаго міністэрства загранічных спраў у маёй прысутнасьці на нямецкай мове. Дзеля надзвычайнай важнасьці самаго факту адведзін місіі Б. Н. Р. прэдстаўніком загранічнаго міністэрства, аташэ міністрэства загранічных спраў п. Шмідт-Рольке, i сказанаго ім, a так сама дзеля магчымасьці застаўленьня незаўважнымі некаторыя дэталі размовы, я пастараюся перадаць усё сказанае прэдстаўніком міністэрства ў час яго адведзін Місіі Б. Н. Р. 10 лістапада 1919 г. a 12 гадзіне дня.

Прэдстаўнік Міністэрства загранічных спраў заявіў, што ён прысланы сюды даведацца аб стане здароўя прэдстаўніка Б. Н. Р. у Бэрліне п. Зайца ... З далейшай размовы выяснілася, што міністэрства загранічных спраў надта дображэлацельна адносіцца да Беларусі i надта зацікаўлена сабыцьямі, якія разьвіваюцца ў даны момэнт на Беларусі.

Па закранутаму Вамі пытаньню аб афіцыяльным прызнаньні Беларускай Народнай Рэспублікі дэ-факто Германіей ― заявіў, што ў самый найбліжэйшы час гэта пытаньне будзе разгледжэна. Да гэтай пары, дзеля таго што агульны дагавор спакою яшчэ не ратыфікаваны аканчацельна, то ў гэтым напрамку ў Германіі «былі зьвязаны рукі». Прэдстаўнік міністэрства загранічных спраў заявіў, што па пытаньню аб прызнаньні Германіяй Беларускай Народнай Рэспублікі дэ-факто i аб нашых запатрабаваньнях ён зробіць спэцыяльны даклад пану Статс-Сэкрэтару Германскай Рэспублікі, бо ён якраз састаіць у Міністэрстве дакладчыкам па ўсім рускім пытаньням.

Яшчэ раз пажадаўшы як найхутчэйшага выздараўленьня, ён, на Вашы словы, што Вы яшчэ слабы, закончыў бяседу, просючы ні адмовіць пасылаць у міністэрства нашы інфармацыі.

Сэкратар Місіі Б. Н. Р. у Нямеччыне д-р Паўлоўскі (подпіс)

Пячатка

12 лістапада 1919 г. м. Бэрлін

Рэзалюцыя: Да ведама п. Міністра Загранічных Спраў 13. XI. [1919]

Л.Заяц (подпіс)

Дзяржаўны архіў Летувы, ф. 582, воп. 2, спр. 31, арк. 21.

II. Праца зь беларускімі ваеннапалоннымі

№ 7

Начальнік Беларускай Ваеннай Місіі ў Бэрліне па справам палоненых беларусоў у Нямеччыне. 5-го ліпеня 1919 году.

№ 3872

г. Бэрлін.

ПАНУ ПАСЛУ Б. Н. Р. У БЭРЛІНЕ

Справаздача аб працы Б. В. М. па справам палоненых беларусоў у Нямеччыне з 23-го сакавіка да 1 ліпеня 1919 году.

Апіраючыся на грунт нацыанальнаго разьвіцьця сярод палоненых беларусоў у Нямеччыне, я, прыехаўшы 23-го сакавіка ў Бэрлін, паставіў сабе мэтай пярод усяго дастаць пазваленьне на свабодны праезд мне i членам, якіе потым маглі бы быць прысланы, ва ўсе лагеры палоненых. З гэтай мэтай былі зроблены ўсе заходы мною з дапамогай п. генерала Кондратовіча [20] i пана Пасла, якім у той час быў п. СМОЛІЧ. Па праву мы павінны былі бы звярнуцца да Нямецкаго Ваеннаго Міністэрства і, дастаўшы пропуск на праезд i праход у лагер, занясьці на пацьверджэньне ў Міжнародную Камісію, якая, зацьвердзіўшы, пазволіла б працу ўнутры. Але як прыхільны былі да гэтай справы Немцы, так зусім слухаць не хацела Міжнародная Каміссія, якая думала нібыто, не дапуская нацыанальнай розьніцы сярод палоненых былой Рускай Арміі, (...) не дапусьціць гэтым большавіцкай агітацыі, (...) a на самом дзелі яна была тады i цяперака акружана рускімі генераламі i афіцэрамі-патрыётамі, якія стаяць за «Единую неделимую Матушку Россію» i пераканывалі гэтых неколькі адказных асобаў прэдстаўнікоў Антанты, што з гэтых палоненых можна «возсоздать» рускую армію, якая ў першы чарод паб'е ворага Расеі, чалавечаства, культуры (...) - большавікоў, a потым, злучыўшыся з другімі разрозненымі арміямі, створыць нешто цэлое.

Антанта, ня ведая, у якіх варунках цяпер знаходзіцца Расея (бо заўсёды ложна інфарміруецца), нават асьмелюся сказаць, што ня ведая, што такое большавізм, згадзілася гэты «хітры» плян рускіх генэралаў падтрымаць і, не давая нікому пазваленьня доступа да лагеру, адабраўшы гэта право на выданьне пазваленьняў i ад Немцаў (па гэтаму праву, калі хто хацеў дастаць пазваленьне, то трэ6а было пярод ісьці не ў Нямецкае Ваеннае Міністэрства, як гэта раней было, a ў Міжнародную Каміссію), 8-10 красавіка [мы] прыступілі ў гэтым кірунку да працы.

Большавікі, ведама, праз усенкі час не драмалі і, маючы без ліку грашэй, добры штат агітатараў, які быў створаны ў час большавіцкаго прэдстаўніцтва ў Бэрліне, (...) даўшы неколькі марак нямецкаму вартаўніку, a ў серадзіне праз пераводчыкаў-жыдкоў,- вялі большавіцкую працу ў самым шырокім значэньні гэтаго слова. Тут у бараках паявілася розная літэратура, якая мысьлямі пераносіла палоненаго з пекла да раю. Ешчэ больш агітацыя мела спасобнасьць прывівацца, бо ўсё асьветленае на агітацыйным папяру сапраўды давало малюнак раю, калі прыняць пад увагу несьвядомасьць цёмнаго палоненаго, які вытрываў ужо больш як 4 гады палону-турмы. Тут цікаво адзначыць, што афіцэрскіе лагеры ішлі на выперадкі з салдацкімі, i афіцэры, як элемэнт больш разумны, скарэй пераняўся большавізмам (вусны даклад (...) палкоўніка Бучынскаго, члена Міжнароднай Каміссіі ў Баварыі).

Тут ясна, што, не маючы добраго кадроваго войска, якое было бы верное командному складу, i не на сваёй тэрыторыі, з салдата-большавіка не можна зрабіць (...) салдата, які бы ўпорна, посьле чуць не 5-ці гадоваго палону, ваяваў проціў большавікоў. Але гэтаго, гэты прагніўшы навылет ваенны матэрыял - рускіе гэнералы (тут раблю некатарым выключеньня) не ведалі, i яны толькі тады даведаліся, як пачалі свой плян правадзіць у жыцьцё. Міжнародная Каміссія з сваімі раднымі (рус. ген.) апынуліся ў разьбітаго карыта, a нават іх агарнуў страх, i гэта пацьверджаюць словы камандуючаго ў той час усімі палоненымі, былой Расейскай Арміі, у Нямеччыне п. генэрала Патоцкаго, які пры гутарцы з п. А.Луцкевічам сказаў: «Покажись теперь Потоцкій в каком-лнбо нз лагерей - разорвут на куски!», i гэта ж быў самы важны член Міжнароднай Каміссіі на захадзе б. Расеі, дадаўшы тут, што абавязкі Каміссіі Міжнароднай да палоненых - прыглядаць за іх матэрыяльнай патрэбай і; калі ў сілах, яе даваць гэтым «змучаным нямецкім рэжымам палону». Тут ясна, што лагер быў парушаны, апрача матэрыяльнай дапамогі, бо ад радасьці палоненые не хацелі б хлебадаўцаў рваць «на кускі».

I перад гэтым трэба было ведаць, што большавікі, маючы прэдстаўнікоў у свой час у Бэрліне, вялі працу між палоненымі і, калі цяпер [іх] афіцыяльна i выслалі, то ўсёж такі [іх] неофіцыяльные органы ёсьць i рознай сваёй i падкупленай літэратурай асьветляюць тые варункі, у якіх палонены павінен знаходзіцца i ў якіх ён знаходзіцца.

Калі стараньня ўсіх нашых віднейшых людзей, у тым ліку i генэрала Кандратовіча, не далі добрых рэзультатаў, i такім правам я, утраціўшы надзею дабіцца ў лагер дарогай легальнай, стаў шукаць (...) кірунку праціўнаго, т. е. неофіцыяльнай дарогі.

Пярод усяго я стаў знаёміцца з тымі ваеннымі міссіямі, якія працуюць ужо даўно, ато й неколькі гадоў, і, лічучы, што Ўкраінская Вайсковая Міссія самая старая, я з яе i пачаў. Па доўгай i яснай інформацыі члена Міссіі д-ра Сімовіча, я даведаўся, што ім да гэтаго часу выдзяліць усіх украінцаў, як я хацеў беларусоў, не ўдалося, не толькі ўсіх палоненых гэтай нацыі перавезьці з усіх у адзін лагер у Германіі, але i ў адзін барак у лагеру (выключэньне робіць лагер Зальцвэдэль). A што важна, што афіцыяльнаго пазваленьня яшчэ не дасталі, прашкода тая самая, што i ўсім. У самым найбліжшым лагеру Зальцвэдэль, дзе выходзіць украінская для палоненых часопісь «Шлях» i дзякуючы вялікаму ліку ўкраінцаў у гэтым лагеру ім удалося, дзякуючы газэтнай i блізкай сваёй прысутнасьці з грашовай дапамогай, стварыць нацыанальную арганізацыю (Грамада, Вечэ, Тэатр, Клюб, чайню i пр.), a з другімі лагерамі зносяцца дзякуючы газэці i пісьмам, a так жэ нанятым нелегально тым самым палоненым, якіе служаць зьвязей Міссіі з даным лагерам. Тут жэ я зьняў копію карты палоненых, i з яе, як i ўкраінцы, даведаўся [пра] лік i мейсцы лагераў. Усіх разам аказалося 133: із іх афіцэрскіх - 57, салдацкіх - 68 i цывільных - 5 (з іх 2 для інтэлігенцыі i 3 дпя нізшаго грамадзянства).

Калі паглядзець на карту распалажэньня ўсіх гэтых лагераў, то ўвідзім, што яны раскіданы па ўсёй Германіі i калі прыняць пад увагу лік іх i малочысьленнасьць людзей, якіе працуюць у Беларускай Ваеннай Міссіі, то стане зусім зразумелым, што езда тут толькі будзя нараджаць членаў на непрыемнасьці, a карысьці прынясе зусім мала, бо каб ехаць куды ў лагер, то трэба ведаць, дзе большы лік беларусоў, i калі хочыце даць ім хоць бы грашовую дапамогу, то да гэтаго трэба ведаць, ці ён сапраўды ёсьць беларусам, бо ўсім палоненым Беларускі Ўрад, пры цяперайшнім палажэньні фінансаў у Дзержаўным Скарбе, памагчы не можа ...

Прышлося шукаць другога выхаду, i ім быў друк, літэратура, a пазьней i пісьма. У газэтах тутэйшых рускіх «Голос Россін» i «Время» i ўспомненай украінскай часопісі «Шлях» былі зьмешчаны рознага характару заметкі, абвесткі, якія прызывалі палоненых да арганізацыі. Кліч да лагеру дашоў, i сьвядомы элемэнт стаў адзывацца. Такім правам, як толька павязывалася лучнасьць з якім кольвячы з лагераў, моментальна пачыналася нацыанальная праца: закладываліся гурткі, a потым i Беларуская Грамада. Такіх грамадаў беларускіх ёсьць да гэтага часу - 16 (шэснаццаць):

№ чародны

Названьне лагеру, дзе Бел. Грамада

Хто старшыня Грамады?

1.

Коттбус

Хітрэц

2.

Губэв

Драгуновіч

3.

Бэрксэн

Вішнеўскі Міхалка

4.

Зальцвэдэль

Бухалко A. i тав. яго пан Румак

5.

Франкфурт

Мішук Міхалка

6.

Цьвікаў

Жучкоў А.

7.

Заган.

Герасім Борыс (Вольноопред)

8.

Пухгэйм

Клету А.

9.

Альтэнаў

Горбуноў (прапоршчык)

10.

Штаргарт

Ераменок Кузьма Ефімовіч

11.

Гардэлеген

Мешчанін Александр

12.

Мюхэбэрг

Іваноў Іван, тав. Ілія Калінін

13.

Цэльле

Грасюк Захарый

14.

Хэмніц

Домаренок Павел

15.

Зольтаў (Ганновэр)

Пашкевіч Грыгор

16.

Цэрбст (Ангальт)

Шэрокі Грыгор

Пашла ў лагер i літэратура нацыанальнаго характару (тут мушу адзначыць дабрату Старшыні Украінскай Вайсковай Міссіі пана д-ра Воевідко, які з газэтай «ШЛЯХАМ» разаслаў 1.000 экзэмпляроў кніжак пад названьнем «З РОДНАГА КРАЮ», якая была выдана спэцыяльна для палоненых беларусоў.

Сталі прыежджаць i самы людзі, вітаючы з сьлезамі на вочах братоў з Краю i свае родныя інстытуцыі. Грашовая дапамога выдавалася скупа, бо афіцыально такіх асыгновак не было, a наадварот, рэзалюцыя п. Пасла ад 11 чэрвеня г. г. казала: «пакуль што ад грашовай дапамогі ўстрымацца» (гэта рэзалюцыя была напісана на мандаці дэлегацыі з лагеру Гардэлегена). Негледзячы на гэта, усёж такі за дарогу Міссія грошы зварочывала ўсім палоненым беларусам у ліку ад 10 да 100 марак на душу, гледзячы як вялікія былі яго патрэбы. Тут улучалася i яда, хоць яе прывозіў з лагеру. Затое выходзіў з беларускімі газэтамі i кніжкамі, якія меў ужо аддаць залажыўшамуся гуртку ці грамадзе ў сваім лагеру. Нацыанальная праца велася найбольш рукамі як афіцэраў, так i салдат - народных вучыцеляў-беларусоў, гэта даказывае іхні момэнтальны отклік з лагераў з адчотам аб іхней працы ў лагеры; як скаўронка-птушачка чакала вясны, так яны чакалі некаго з Роднаго Краю, каб хоць падзяліцца з ім аб сваёй працы ў гэтай чуць не турме-лагеру. Ёсьць i між афіцэраў строевых многа патрыётаў. Таму можа служыць прыклад лагеру (афіцэрскі) Зальцвэдэль, дзе ўся «Гомельская Дружына», якая складаецца толькі з інтэрніраваных афіцэраў-беларусоў, 6 красавіка вынесла ўсім сваім складам дружыны (лік 60 асобаў) пастанову, каб прасіць у Беларускаго Ваеннаго прэдстаўніцтва ў Бэрліне аб атсылкі іх на папаўненьне адной з беларускіх ваенных часьцей на фронце. На моцы гэтаго была прыслана дэлегацыя ў ліку 4 афіцэраў: палкоўніка Вішнеўскаго, паручыка Калодкі, падпаручыка Крупеня i падпаручыка Каршуна. Палкоўнік Вішнеўскі (камандзір гэтам інтэрнававай дружыны) быў тут на чале i моцна прасіў аб скарэйшай адпраўцы на фронт, просьба прынята пад увагу. Не можна адкідаць, было б нават грэхам, i салдацкаго патрыатызму. Так, напрыклад, старшыня Беларускай Грамады ў салдацкім лагеру Зальцвэдэль у пісьме да Вайсковай Міссіі 27 травеня г. г. між іншым піша: «... усе! Як адзін станем, a Родную Беларусь дастанем!..». Тут ён меў на віду чужую акупацыю (...) Беларусі.

Тым часам Міжнародная Каміссія ў Бэрліне ад думкі, каб сфармаваць з салдатаў былой Рускай Арміі, a цяпер палоненых i інтэрнаваных у Нямеччыне, армію проціў большавікоў не адказалася і, зьмяніўшы генэрала Патоцкаго на генэрала Монкевіца, прыступіла да поўнаго праводжэньня ў жыцьцё гэтай думкі. Генэрал Монкевіц, як відаць, чалавек энэргічнейшы i больш сьведуюшчы ў ваенным дзелі, стаў плян правадзіць гэткім (...) парадкам. Як відаць, у лагеру разьвілася большавіцкая агітацыя ешчэ i таму, што афіцэры i салдаты Дазорных Камандаў Антанты не знаюць рускай мовы, i з гэтай прычыны Антанта з красавіка месяца г. г. стала ўсюды ў склад сваіх лагерных каміссіяў пасылаць i рускіх афіцэраў, большэю часьцю якіе ўжо выпробаваны ў процібольшавіцкай офэнзыве (...) такім парадкам перастала паяўляцца яўная большавіцкая агітацыя пад зоркім вокам афіцэра-мучаніка. Такім правам большавіцкая агітацыя прыціхла, але далёка не вырвалі яе з корнем...

Але паследніе, напружыўшы ўсе свае сілы, сталі рабіць лагерные бунты (бунты палоненых) проціў усіх, хто, як ім здавалася, іх прыціскаў (...) прымер дам з лагеру ПАРХІМУ, дзе 24 красавіка ў такім баю палягло палоненых 6 забітымі i 19 раненымі ...

От тут на долю паверанай мне Беларускай Ваеннай Міссіі ў Бэрліне выпала самая трудная задача - гэта сьцерагчы, каб палоненых беларусоў не адсылалі ў Дзянікінскую i Колчако-Мурманскую «дэзэнфэкцыю» арміі. Міссія знайшла неколькі людзей, спагадаючых па розным «соображеніям» Беларускай справі... калі М.К. хоча мець войска проціўбольшавіцкае, то такое ёсьць i ў Беларусі, праз Беларусь таксама праходзіць антыбольшавіцкі фронт i таксамо патрэбнае войско. Тут Міжнародная Каміссія апіраецца на Палякоў, але рускіе генэралы i афіцэры, якіе ў ліку гэтай Каміссіі, гэту падпору стараюцца выняць. Вось на гэтым то грунці i ёсьць неколькі асобаў, якія «сочувствуют» Беларусам. У ліку гэтых асобаў стаіць палкоўнік генэральнага штабу СІЯЛЬСКІ i генэрал Давыдоў. Генэрал Монкевіц так сама адносіцца добра, але ў астатні час кудысь выслаў начальніка «Гомельскай Дружыны» ... (палкоўнік Вішнеўскі). Думцы ці, вярней, ідэі, каб стварыць свой Беларускі Фронт (Заходні), цяперака можа даць поўны ход для правадженьня ў жыцьцё Аддзел Арганізацыйны пры Міністэрстве Абароны Беларускай Народнай Рэспублікі, на чале якога стаў той самы афіцэр генэральнаго штабу генэрал-майор Давыдоў.

Пры ўтварэньні Міністэрствам Абароны Б. Н. Р. Арганізацыйнаго Аддзелу Ваеннай Міссіі прышлося адсунуцца ў свае рамкі i павясьці шыпчэй працу ў чысто нацыанальным духу. 5 чэрвеня 1919 году мною афіцыяльно былі пасланы паперы ва ўсе лагеры ў Нямеччыне з просьбай прыслаць мне сьпісак беларусоў. З прычыны таго, што ў лагеру тады была арганізацыя пад названьнем «Русскій Комітет вспомоідествованія русскнм военнопленным», які быў выбраны цэлым лагерам (ад кожнаго барака па 1-му прэдстаўніку), то ў гэты Камітэт i была напраўлена паперка, у рэзультаце чаго зарэгістраваліся i прыслалі сьпіскі беларусы палоненые гэткіх лагераў:

№ чародны

Названьне лагеру

Кім прысланы

Лік

Увага

1.

Мюнсінгэн

лагерным камітэтам

129

2.

Рулебен

лагер. ням. камендантам

32

3.

Данціг-Тройль

лагерным камітэтам

10

4.

Гэйсбэрг

лагерным камітэтам

44

5.

Цьвікаў

лагерным камітэтам

137

6.

Вільдэман

лагерным камітэтам

5

7.

Цэрбст

Беларускай Грамадой

400

8.

Кассель

лагерным камітэтам

1368

684 асобы знаходзяцца ў лагеру, a астальные на работах; тыя, што ў лагеру, прыслалі сьпіскі (684)

9.

Коттбус Мэрудорф

лагерным камітэтам

113

10.

Коттбус-Зілов № 1

капітанам праз камендатуру

439

11.

Мюхэнбэрг

прэзэсам Белар. Грамады

153

Гамэльсбург

стар. афіцэрам пры Рус. коміссіі м. Гамэльсбурга генэрал-майорам Чэславскім i камендантам галаўнога палка Гоерцам

347

Разам усіх палоненых беларусоў зарэгістравалася да 1 ліпеня 1919 году тры тысячы сто семдзесят сем (3.177) асобаў.

Разам з адзіночнай рэгістрацыей на сто трэба ўвялічыць.

Чаму так мала да гэтаго часу зарэгістравалася?

Тут ёсьць тры прычыны:

7. Няволя i пыл праз без мала 5-гадоваго кучнаго лагернаго (баракі) жыцьця падарвалі чалавечы арганізм (многа працавало ў шахтах), асабісьця пашкодзілі на грудзі (лёгкіе), i яны, карыстаючы з лета, разпаўзліся па гаспадарскіх работах i рабочых дружынах. Беларусы найбольш працуюць па дварох, бо яны найбольш вынослівы i маўчалівы (гутарка з ... землеўласьнікам ... Шыллером: «робяць памалу, але назад не атступаюць») ... З адной стараны, гэта праца папраўляе здароўе, a з другой палонены, зарабляя на «тытунь», якім цяпер, дадаўшы адзеньня i обуві, толькі i нехватка (трэба аддаць справядлівасьць, пад надзорам Міжнароднай Каміссіі палоненые кормяцца немцамі вельмі добра) ... разышоўшымся па дварох не даюцца рэгістрацыі з прычыны тэхнічнай труднасьці.

Няма з імі добрай лучнасьці.

8. Тые, што пакінуты для працы ў лагеры, находзяцца пад надзорам афіцэра з рускай арміі, і, гледзячы на яго належнасьць да нац[ыі] (а большай часьці афіцэры-патрыёты), ён праводзіць тую нацыанальную працу, [да] якой сам [адносіцца]. Тут можа служыць прыкладам салдацкі лагер палоненых «Гамэльсбур[г]», кіруе якім генэрал-майор Чэславскі. Ён, прыслаўшы сьпісак беларусоў у ліку трох сот сорака семі душ, ніводнаго не дапусьціў зарэгістравацца [зь] Віленскай i Гродзенскай губэрняў, ніводнаго! Ясно, што гэта якісь паляк, які добра жыве з тамтэйшымі прэдстаўнікамі Антанты i робіць, што хоча, a ў канцы ён гэтым прэдстаўнікам можа i не гаварыць (...) аб якіх-то беларусах.

9. Прышло многа адказаў ад лагерных нямецкіх комэндатураў, што тамтэйшые лагеры ўжо разьвязаны. Лік такіх лагераў пакуль што:

афіцэрскіх - 21 (засталося - 36),

салдацкіх - 17 (засталося - 52),

цывільных -1 (засталося - 4).

Усяго з пачатку палону да 1 ліпеня 1919 году распушчано лагераў:

афіцэрскіх - 28,

салдацкіх - 28,

цывілычых - 3.

Усяго распушчана - 59 лагер[аў], лічучы гуртам. Засталося ўсіх разам палоненых лагераў - 82.

46 [салдацкіх] лагераў знаходзяцца пад нямецкай акупацыей,

пяць лагераў знаходзяцца ўжо ў польскіх руках (войско ген. Галлера).

Гаммэрштайн заняты англічанамі i палякамі, i пад англійскай акупацыей знаходзяцца 3 лагеры.

Куэндлінбург, Мэрзэбург i Віттэнбэрг, з якімі лучнасьці ніякай нема, i трэба думаць, што іх, прафільтраваўшы, пры сваім войску атправілі на папаўненьне дабравольчаскіх часьцей.

Цывільных лагераў - 4.

Тут трэба зрабіць агаворку, што па наведзеным спраўкам аказалося, што цывільных тут нема ні аднаго чалавека, a пад словам «цывільные» трэба браць тых афіцэраў, якіе былі ў паходзе проціў Петлюры на Украіне; яны цяперака інтэрнаваны ўсе ў Германіі i называюцца цывільные палоненые.

Нацыанальная праца што раз, то шырыцца, i да таго часу было до 4.000 розных кніжак, якія асьвятлялі [апошнія] момэнты на Беларусі i чапалі яе прошлое ад многіх вякоў. 3/4 усёй літэратуры разобрана ў мові беларускай, a чуць лі не у на розных мовах як то рускай, польскай, нямецкай, францускай, a троха i ў жыдоўскай мові (адна страніца газэты «Беларусь»). A так разсылалася карта Беларускай Народнай Рэспублікі, дзе гэта было не безцэльна.

З прычыны таго, што многа, як ўжо агаварыў, беларусаў знаходзяцца на гаспадарскіх работах, a за свой труд атрымліваюць нікчэмную плату, бо іх усюды маюць як палоненых i большай платы даваць ня хочуць, то палоненые праз свае арганізацыі i самі сталі прасіць якіх кольвячы дакумэнтаў, якіе 6ы без лагернаго пасьведчэньня пасьвядчалі б яго асобу. На моцы гэтаго Б. В. М. у Бэрліне цяпер [з] 28 чэрвеня стала выдаваць такія пасьведчэньня за под[пісам] начальніка Міссіі, якіе паказываюць палоненаго народнасьць (нацыю), скуль ён родам (вёска, воласьць, павет, губэрня) i што на зварот яго «Ваенны Аддзел пры Беларускай Дыплёматычнай Міссіі ў Бэрліне, з Нямеччыны нa Беларусь ніякіх перашкод не ставіць».

Заканчываючы свой даклад, магу сказаць, што можна было б развярнуць нацыанальную працу далёка шырэй, але да гэтаго трэба троха больш палоненым грашовай дапамогі, a што важна падтрымліваць беларускія грамады i нацыанальныя гурткі ў лагерах. Праўда, была грашовая дапамога, тут можа служыць прыкладм Рускі Лазарэт у Бэрліне, ці, справядлівей, Лазарэт для палоненых былой Рускай Арміі, Александрынэрштрассэ (Александроўская [в]уліца) № 12/13. Беларускім Консульствам была выдана праз мяне некаторым палоненым беларусам вельмі ізхварэўшымся (Феодор Дашук [з] Мінскай губ, Рэчыцкаго пав.), але ўсёж такі патрабуецца далёка больш ...

З прычыны многіх тормазаў, якіе не даюць магчымасьці палоненым не толька беларусам, але i ўсім палоненым былой Рускай Арміі, вярнуцца дамоў, Беларуская Ваенная Міссія ў Бэрліне паставіла сабе мэтай утварыць такую інстанцыю, якая бы зьбліжала б палоненаго беларуса з яго Родным Краем i з сямьёй. На нарадзе з Панам Кіраўніком Міністэрства Ўнутраных Спраў Беларускай Народнай Рэспублікі К.Тэрэшчанко [21] такая інстанцыя створана пад названьнем «Аддзел збліжэньня палоненых беларусоў у Нямеччыне з Родным Краем», які 30 чэрвеня пачаў сваю функцыю. Такіе аддзелы будуць Міністэрствам Унутраных Спраў Б. Н. Р. адчынены i ў Краю ў мяйсцох, дзе будзя прызнано Міністэрствам. Ва ўсіх аддзелах на Беларусі можна падаваць пісьма i розныя спраўкі аб усіх палоненых беларусах у Нямеччыне, a на гэту корэспандэнцыю будзя даваць інформац[ыю] «Аддзел Збліжэньня палоненых з Краем» у Бэрліне.

Дзякуй Богу, што Ён дае мне здароўе працаваць на ніве сваёй БАЦЬКАЎШЧЫНЫ, i пастараюся гэта здароўе палажыць на Аўтару адраджэньня ВОЛЬНАЙ, НЕЗАЛЕЖНАЙ I НЕПАДЗЕЛЬНАЙ маёй Бацькаўшчыны-БЕЛАРУСІ.

Прыміце шчырую ад мяне вам пашану.

Начальнік Беларускай Ваеннай Міссіі ў Бэрліне дзеля помачы ваеннапалоненым беларусам у Нямеччыне

Борык [22] [подпіс]

Увага: гэты даклад складаецца з дванаццаці-страніцаў.

Дзяржаўны архіў Летувы, ф. 528, воп. 2, адз. зах. 42., арк. 1-12.

№ 8

Копія

П. Надзвычайнаму Прадстаўніку Беларускай

Народнай Рэспублікі ў Бэрліне

Згодна з распараджэньнем Вашай Дастойнасьці, я наведаў 1 гэтага лістапада Ваеннае міністэрства (U 7) i зноў гутарыў з Начальнікам аддзелу ваеннапалоненых капітанам Мэншам у справе аб вылучэньні беларусаў у асобныя лягеры. Капітан Мэнш паведамміў мне, што ў цяперашні час Вашае жаданьне вылучыць беларусаў ня можа быць выканана з наступных меркаваньняў. Ваеннае міністэрства вылучала з агульнай масы ваеннапалоненых толькі жыхароў абшараў, вызваленых ад бальшавізму, з тым, каб накіроўваць іх эшалёнамі на радзіму. Так былі вылучаныя казакі, каўказцы, украінцы, сібіракі ды іншыя. Беларусы, жыхары акупаваных палякамі масцовасьцяў, таксама бесьперашкодна накіроўваюцца на радзіму, i польскія прадстаўнікі нават хадайнічалі пра гэта перад міністэрствам, паведаміўшы сьпіс занятых палякамі абшараў.

Што да беларусаў, якія знаходзяцца яшчэ ў лягерох, дык пераважная бальшыня зь іх паходзіць з губэрняў, занятых бальшавікамі, i таму ў міністэрства няма інтарэсу вылучаць іх у асобныя часьці; апроч таго, у цяперашні час пытаньне транспарту надзвычай абвастрылася, i перамяшчаць ваеннапалоненых бяз пільнай патрэбы міністэрства не можа.

Наконт папярэдняй, дзеля вызначэньня працы, рэгістрацыі беларусаў капітан Мэнш сказаў, што праца гэтая вельмі складаная, i з прычыны скарачэньня штату яго службоўцаў выкліча экстранныя выдаткі, a таксама можа быць прыпыненая саюзьніцкай камісіяй, якая, відаць, праз самы непрацяглы час возьме на сябе кіраваньне лягерамі й справамі ваеннапалоненых. Аднак ён усё ж такі гатовы распачаць гэтую работу, калі Ваша Дастойнасьць будзе на гэтым настойваць.

Затым капітан Мэнш просіць нашую місію забесьпечваць яго літаратурай для рассылкі яе ваеннапалоненым беларусам, бо літаратуры не хапае ў лягерох, i палоненыя вельмі ёю цікавяцца. Ён толькі ставіць умову, каб у дасыланай літаратуры ня мелася выпадаў супраць Расеі i расейцаў, каб не ствараць у лягерох канфліктаў паміж ваеннапалоненымі на нацыянальнай глебе. Антыпольская літаратура пярэчаньня не сустрэне, бо ваеннапалоненыя палякі ўжо ўсе эвакуяваныя.

Было б таксама пажадана, каб Беларуская Місія за прыкладам украінцаў магла б разгарнуць дзейнасьць дабрачынную, гуманітарную, забясьпечваць ваеннапалоненых лекамі, мэдыцынскаю дапамогаю, бялізнай i да т. п.

Нарэшце капітан Мэнш прасіў мяне зьвярнуць увагу Вашай Дастойнасьці на тое, што ані прапаганда, якога б характару яна ні насіла, ані вярбоўка ў войска ў лягерох не дапускаецца...

Пра вышэйзгаданае дакладваю Вашай Дастойнасьці.

Выкладзенае падпісаў Юрысконсульт Місіі

Б.Мільлер [23] [подпіс]

3.XI.1919

З арыгіналам згодна: Сакратар Місіі д-р. Паўлоўскі [подпіс]

Рэзалюцыя:

Да ведама п. Міністра Загранічных Спраў

Л. Заяц [подпіс]

13.XI.[1919]

Пераклад з расейскае.

Дзяржаўны архіў Летувы, ф. 528, воп. 2, адз. зах. 31, арк. 20.

№ 9

(З лісту, дастаўленага ў рэдакцыю)

Цяжка было перажыць першыя месяцы палону. Нават пасьля цёмных i сырых акопаў, гэтае жыцьцё за калючай сьцяною з дроту страшэнна ціснула на душу, прыгнятала. Для мяне няволя была асабліва цяжкою. На фронце мне пашанцавала быць у часьці, зложанай найбольш з нашых магілеўскіх беларусаў. Разам з нескалькімі маладымі ахфіцэрамі заняліся мы прасьветнаю працаю сярод землякоў. Нам вельмі радасна было бачыць, як з кожным днём навокала нас рабілася ўсё больш i больш сьвядомых беларусаў, як разыходзіліся сотні беларускіх кніжок, як добра ішла наша школка для няграматных

I вось ад гэтай шырокай працы я трапіў у палон, у саўсім новае, чужое таварыства. Найбольш сярод нас было расейцаў, a беларусаў неяк не было відаць. Організацыі чамусьці ня клеіліся: з кожным днём жыцыдё ў лагерызамірала. Увочавідкі людзі тупелі, рабіліся неякімі нерухавымі трацілі цікавасьць да ўсяго.

Няўжо-ж гэтак будзе цягнуцца яшчэ цэлыя месяцы, - няраз даваў сабе я пытаньне? Таго ня ведаў, што жыцьцё ў няволі працягнецца яшчэ неколькі год.

Урэшці мне пашанцавала. У наш лагер прыслалі новы эшалон палонных, узятых пад Баранавічамі. Сярод іх было многа беларусаў, i між імі нават стары беларускі працаўнік т. Лукаш Б. Скора мы з ім пазнаёміліся i нават сьсябраваліся. Увесь час мы хадзілі разам, так што на нас казалі ў лагеры: «ось, беларусы ідуць». Патроху да нас сталі зьвяртацца іншыя землякі. I мы хутка даведаліся, што ў нашым толькі лагеры ёсьць некалькі сот беларусаў.

Украінцаў было ў нас так сама шмат. Як раз у той час яны пачалі варушыцца. Выпісалі газэты, кніжкі, зрабілі тэатр - надта быў добры. Увесь лагер загаварыў аб украінцах i аб іх працы.

Стала завідна i нам. Няўжож то мы нічога для сваіх братоў беларусаў ня зробім? I гэта ў той час, калі для Беларусі гэтак патрэбны верные працаўнікі, добрые сыны сваей Бацькаўшчыны. Згаварыліся мы з таварышам Лукашом пачаць організацыю беларусаў. Паведамілі па ўсім лагеры, што тады i куды зьбярэцца сход беларускі. У нядзельны дзень адбыўся гэты сход. Сабралася народу больш 200 чалавек. Як усе былі рады! Кожын прамоўца казаў тое, што мы ўсе думалі - казаў аб сваей нудзе за родным краем, за роднымі людзьмі, аб сваей радасьці, што стрэў землякоў i г. д.

Таварыш Лукаш расказаў аб тым, што робіцца цяпер на Беларусі, што быў ужо Беларускі Кангрэс, аб'яўлена Беларуская Рэспубліка. Аб гэтым якраз у той самы дзень ён атрымаў весткі з Менску. Усе горача віталі новую долю сваей Бацькаўшчыны i выракалі ёй верна служыць.

У вачах людзей загарэўся новы вагонь. Як бы ажыў для нас лагер. Усе рваліся да працы, усе хацелі хоць чым-нібудзь памагчы Беларусі.

Выбралі мы на гэтым сходзі свой Беларускі камітэт з пяці чалавек: старшыні, пісара i трох членаў. Выбіралі такіх, якія ўжо даўно прызнавалі сябе беларусамі i гаварылі па беларуску. За старшыню выбралі тав. Лукаша, a мяне за члена Камітэту.

Шмат разоў зьбіраліся мы пасьля. Аяе той першы сход убіўся мне ў памяць, як першы гарачы прамень сонца пасьля зімы.

Работа пайшла добра. Пачалі мы з таго, што апісаяі ўсіх беларусаў свайго лагеру. Аказалася іх каля трохсот чалавек. Сярод іх досіць многа інтэлігентных людзей, найбольш вучыцелёў. Ня ўсе аднакова шчыра ставіліся да справы беларускай. Іншым, як яны казалі, было ўсё роўна, хто ён: беларус ці не; другіе нават іранізаваяі над нашай работай. Трэба было шмат папрацаваць з імі, шмат чаго ім расказаць - нашую гісторыю, нашае палажэньне, - трэба было шмат довадаў, каб i гэтыя скептыкі пераканаліся, прылучыліся да нас i сталі добрымі беларусамі. Затое якія гарачыя патрыоты часам выходзяць з такіх даўнейшых скептыкаў і найтрудней у нашай справі было i ёсьць з друкаваным словам. Дзесь на Бацькаўшчыні выдаюцца газэты, кніжкі, але гэта так далёка. На ўвесь лагер мелі мы ўсяго дзьве беларускія кніжкі, якія я заўжды меў пры сабе. Мы напісалі ліст у Вільню, просячы на Божу ласку прыслаць кніжок. Якая ж наша была радасьць, калі разам з поштаю нам прынесьлі першую пачку беларускіх газэт i кніжок. Мы ўсе пачулі, што між намі i нашай далёкай Беларусью перакінуты мост.

Яшчэ ахватней сталі працаваць. Скора ў нас залажылася Беларуская бібліотэка. Пасьля адзін з ахфіцэраў арганізаваў беларускі хор, a на Каляды адбыўся нават беларускі спэктакль. Урэшці нават залажылі мы ў сваім лагеры Беларускую школу. Яшчэ ня мінуло i паўгода з таго часу, a ўжо сярод палонных беларусаў няграматных блізка што не асталося.

Апошнія часы з Бацькаўшчыны ідуць нядобрыя весткі. Чужацкіе войскі занялі Беларускую зямлю. Уся Беларусь трапіла ў страшны палон да маскалёў i палякоў. I ў гэты час мы ня можам нічым памагчы сваей Бацькаўшчыне: мы за драцяною сеткаю.

Мы чулі, што ўжо істнуюць Беларускія войскі i што будуць фармавацца нават палкі з беларусаў палонных. Гэта для нас было б спаўненьнем нашых даўных лятуценяў. Цяпер у такі рашыцельны час мы гатовы як адзін чалавек стаць на абарону правоў Беларусі. Мы толькі гэтага i чакаем. У сваім лагеры мы ўжо аткрылі запіс тых, хто хоча ўступіць у беларускае войска. Блізка ўсе беларусы запісаліся, проч хворых i многасямейных. Кажуць, што беларусаў у палоні ў Нямеччыні да ста тысячаў - гэтаж цэлая армія. Яна патрапіць абараніць Родны Край.

Прышліце нам чалавека, які бы расказаў, што i як мае быць з беларускім войскам. A пакуль што мы будзем весьці далей сваю маленькую работу, спадзеючыся, што, вышаўшы на волю, яна вырасьце ў вялікую нацыанальную справу.

А.Ж.

Дзяржаўны архіў Летувы, ф. 582, воп. 2, адз. зах. 42, арк. 36,

зб. «З Роднага краю. Памятка беларусам палонным», арк. 9-10.

№ 10

БРАТЫ БЕЛАРУСЫ ПАЛОННЫЯ!

Хто хоча працаваць для дабра сваей Бацькаўшчыны, ніхай запісуецца ў Беларускія Нацыанальныя Грамады. У кожным лагеры павінна быць такая Грамада. Дзе яе німа, там ніхай сьвядомыя беларусы парупяцца яе залажыць.

Усе Грамады i асобныя беларускія працаўнікі ніхай заяўляюцца ў Беларускую Камісію дапамогі палонным: Berlin, KaiserAllee, 209, Weifiruthenische Mission. Туды ж зварачацца i з усякімі запытаньнямі.

Дзяржаўны архіў Летувы, ф. 582, воп. 2, адз. зах. 42, арк. 33.

зб. «З Роднага краю. Памятка беларусам палонным», арк. 3.

III. Сувязь зь іншымі дыпляматычнымі прадстаўніцтвамі

№ 11

Berlin, No. 65, den 1., Februar 21

Hornstadterstr., 12

Micii Дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь

Гэтым дазвольце мне вельмі шчыра прасіць Місію пераслаць дадзены ліст Яго Дастойнасьці пану Міністру замежных справаў Рэспублікі Беларусь.

Вельмі прасіў бы таксама пацьвердзіць, што ліст Вы атрымалі i адаслалі па адрасу. Са шчырай павагай да Bac.

Ота Войчэшык

Генэральны Консул

Рэспублікі Беларусь у Рыме

Дакумэнты атрыманыя: 2/II 1921

[Кіраўнік Канцылярыі]

Ю.Гладкі [подпіс]

Пераклад зь нямецкае.

НАРБ, ф. 325, воп. 1, адз. зах. 184, арк. 24.

№ 12

Ausserordentliche Mission

der Bjelarussischen (Weissruthenischen)

Volksrepublik

№ 151

Штамп Канцылярыі Рады Міністраў

Berlin W. 30 den 7 лютага 1921 г.

Motzstr., 21,- tel: Nollendorf 2875

У Канцылярыю Рады Народных Міністраў

Згодна пастанове Рады Н. Міністраў назначаю выпаўняючым абавязкі Консула

В[ацлаў] Л[астоўскі]

Пры гэтым Місія мае гонар прэправодзіць даклад палкоўніка Ярмачэнкі [24], беларуса, які прыехаў з Канстантынопаля ў службовай справе i ў хуткім часе ізноў туды вернецца. Па нашай прозьбе пан Ярмачэнка зрабіў абшырны [даклад] аб палажэньні нашых уходцаў уТурцыі.

З нашага боку можам дадаць, што мы бачылі ўсе паперы п. Ярмачэнкі, i яны ў поўным парадку.

Мы абгаварылі гэту справу таксама з літоўскім прадстаўніцтвам у Бэрліне, бо калі-б літоўцы сталі там на цьвёрдам грунце, дык гэта таксама i для нашых беларусоў былоб карысьней.

Анэкштэйн [25] [подпіс] Раднік Місіі

Прылічаны служыць у Штабе Галоўнакамандуючага Расейскай Арміяй

Палкоўнік Ермачэнка

5 лютага 1921 г. № 1. Бэрлін.

Ураду Беларускай Народнай Рэспублікі

ДАКЛАД

Пасьля звакуацыі Арміі генэрала Дзянікіна з г. Новарасійску я знаходзіўся на службе ў г. Канстантынопалі (Typцыя) у Расейскай амбасадзе дяя інфармацыі расейскіх уцекачоў, якія знаходзіліся ў той час часткова ў Канстантынопалі i прылеглых да яго групаў Прынцавых выспаў (Гуюці, Халка, Антыгона, Прынкіна), часткова ж на выспах Лесінас (гор. Мудрас) i Кіпр (лягер Фамагуста) і, акрамя таго, на мацерыку Эгіпту (гор. Александрыя i лягер Тылі-Кібір) i ў Сэрбіі, пра становішча ў Крыме, a таксама для ўрэгуляваньня паштовых зносінаў уцекачоў зь іхнымі сем'ямі ў Крыме. Паводле характару сваёй працы мне даводзілася часта сутыкацца пры зносінах з уцекачамі з сваімі землякамі-беларусамі, якія своечасова не змаглі прабрацца на радзіму. Яны, якія служылі ў Дабрахвотніцкай Арміі, аказаліся захопленымі агульнай хваляй эвакуацыі i ў рэшце рэшт выкінутымі за борт - бяз сродкаў для існаваньня, безь ніякай магчымасьці трапіць на радзіму i - што найбольш жудасна - у поўнай адарванасьці ад яе i ў няведаньні, што дзеецца там. Я, як беларус i як сумленны нацыяналіст, які любіць сваю радзіму, што цяпер адраджаецца, дзяліўся зь імі мізэрнымі зьвесткамі, чарпанымі зь іншаземных газэт, але гэтага было мала: я ня мог адказаць i на сотую частку пытаньняў, якія мне задавалі. Я быў толькі горача перакананы, што мая бацькаўшчына адродзіцца i вырасьце ў магутную дзяржаву. I таму, маючы на ўвазе беларускі ўцякацкі кантынгент як будучых будаўнікоў дзяржавы, я, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя сродкі, ствараў статыстыку - пра колькасьць беларусаў-уцекачоў за мяжою, пра іх разьмяшчэньне... Паводле маіх прыблізных падлікаў атрымліваецца: усяго беларусаў-уцекачоў за мяжою 10.000 - 12.000 чалавек, якія разьмешчаны наступным чынам: у Канстантынопалі, лягерох вакол яго (Чаталджа, Макрыкеі, Сан-Стэфан i на Прынцавых выспах) - 5.000 - 6.000 чалавек; астатнія знаходзяцца пераважна ў Сэрбіі (3.000 - 4.000 чал.), Галіпалі (каля 1 тыс. чал.) i на выспах Лемнас i Кіпр - таксама каля 1.000 чалавек. Становішча гэтых уцекачоў вельмі цяжкое, асабліва тых, што апынуліся ў Канстантынопалі i прылеглых да яго лягерох (у Сэрбіі ім значна лягчэй). У Канстантынопалі ўсіх уцекачоў велізарная колькасьць, тысяч 60 - 80, ніякай працы атрымаць нельга, заставацца ў лягерох таксама нельга, бо стаўленьне іншаземцаў, асабліва французаў, да ўцекачоў жахлівае; выехаць куды-небудзь таксама нельга, таму што на расейскі пашпарт ніхто не дае візаў, a іншы пашпарт атрымаць няма дзе. Тут беларусы пачалі зьвяртацца да мяне з просьбамі - узяць у свае рукі справу абароны іхных інтарэсаў i што б там ні было паведаміць нашаму ўраду пра такую цяжкую сітуацыю. I, акрамя таго, на ўзор Літоўскага i Латыскага стварыць свой, Беларускі камітэт, які быў бы правамоцны выдаваць пашпарты на выезд. Я згадзіўся чым можна дапамагаць ім: з дапамогай знаёмых «зрабіў» некалькім беларусам візы на Сэрбію i Баўгарыю, але ад арганізацыі камітэту адмовіўся, бо без адпаведных санкцыяў ураду такі камітэт ня мог бы быць правамоцны; a падругое, Саюзнае Камандаваньне не дазволіла-б мне гэтага, пакуль я ня маю адпаведных распараджэньняў.

З маіх асабістых назіраньняў я вывеў выснову, што палітычная плятформа ва ўсіх беларусаў нацыянальна-дэмакратычная. Адчуўшы на сабе крушэньне манархічных плянаў ген. Дзянікіна i ўсьвядоміўшы, што вяртаньня да старога быць ня можа ( a нашыя-ж беларусы наагул ніколі не былі прыхільнікамі манархізму, таму што бачылі ў ім корань усіх нашых бедаў i пасьля ўсяго перажытага на Поўдні яшчэ больш пераканаліся), усе беларусы шчыра імкнуцца адрадзіць сваю нацыянальную Беларускую дзяржаву, усе гараць жаданьнем служыць гэтай ідэі, таму што ў гэтым гарантыя будучага шчасьця. (Я ведаю пра гэта з размоваў са знаёмымі беларусамі i шчыра перакананы, што гэта так i ёсьць.)

Беларусы, зь якімі я падтрымліваў сувязь у Канстантынопалі - Сьвідаў [у арыгінале - Свидв], Бабіцкі, Грыгаровіч, Кутоўскі, Дзеравяга, Аўчыньнікаў, Вярэін, Кудроў, Галавач, Любімаў i інш.,- усе афіцэры, ураджэнцы Менскай, Магілёўскай i Смаленскай губэрняў. Усе яны жадалі б паехаць у Беларусь i служыць у Беларускіх часьцях, i яны прасілі мяне дапамагчы ім у гэтай справе. I тады я вырашыў накіравацца ў Бэрлін з мэтай давесьці ўсё гэта да ведама Беларускага ўраду (дзеля гэтага мне давялося ўзяць афіцыйную службовую выправу, таму што інакш візу на расейскім пашпарце атрымаць амаль нельга) i дзейнічаць адпаведна з дадзенымі мне ўрадам даручэньнямі. A тых, хто заставаўся ў Канстантынопалі, я запэўніў, што наш урад, безумоўна, прыме да ўвагі перажываньні свайго народу i зробіць што-небудзь у гэтым кірунку. Для ажыцьцяўленьня рэальнай дапамогі, на мой погляд, неабходна зрабіць наступнае:

1. У мэтах інфармаваньня беларусаў-уцекачоў па нацыянальным пытаньні неабходна рэгулярна забясьпечваць беларускай літаратурай i газэтамі орган, які знаходзіцца ў Канстантынопалі, з тым, што апошні наладзіць забесьпячэньне гэтай літаратурай уцекачоў, якія ня маюць амаль ніякага ўяўленьня пра сваё нацыянальнае жыцьцё.

2. Выдаваць у Канстантынопалі штотыднёвы бюлетэнь, дзе зьмяшчаць агляд прэсы па беларускім пытаньні, і, апрача таго, гэтым бюлетэнем прыйсьці на дапамогу ўцекачам у пошуку іхных сямейнікаў.

3. Арганізаваць аб'яднаньне i збліжэньне ўцекачоўбеларусаў, якія знаходзяцца ў лягерох па-за межамі Канстантынопаля.

4. Стварыць Бюро дапамогі асабліва згалелым i хворым уцекачам-беларусам.

5. Накіраваць як афіцэраў, так i цывільных зь ідэйнымі нацыянальна-беларускімі перакананьнямі ў распараджэньне Ўраду.

6. Выдаць беларускія пашпарты асобам, якія кіруюцца на радзіму, a таксама ў іншыя дзяржавы (шмат хто едзе i мае жаданьне ехаць у Амэрыку) дзеля пошуку працы.

Усе гэтыя шэсьць пунктаў нагэтулькі жыцьцёва важныя, што правядзеньне іх у жыцьцё я лічу пільна неабходным у цяперашнім часе. Тэхнічна выканаць усе гэтыя шэсьць пунктаў я прапаную наступным чынам:

1. Рассыланьне прысланае літаратуры па ўцякацкіх лягерох, a таксама складаньне штодзённага [так у арыгінале; вышэй было штотыднёва] бюлетэню я вазьму на сябе (пры садзеяньні групы маіх знаёмых беларусаў у Канстантынопалі).

2. Стварэньне Бюро Дапамогі i адпраўку за скарбавы кошт беларусаў на радзіму i ў іншыя краіны я думаю арганізаваць з дапамргаю маіх знаёмых - Старшыні Амэрыканскага Чырвонага Крыжа American Red Cross у горадзе Канстантынопалі М-с Граніс, Маёра Дэвіса i сакратара Амэрыканскай Амбасады ў Канстантынопалі М-ра Кольдэра. Гэтыя людзі добра мяне ведаюць з маёй колішняй дабрачыннай працы ў Канстантынопалі (наладжваньне Канцэрту на карысьць немаёмных сем'яў), i я ўпэўнены, што яны ў маіх пачынаньнях мне дапамогуць; для гэтага неабходна толькі мець ад Ураду ліст або зварот на імя:

1. Старшыні Амэрыканскага Чырвонага Крыжа ў г. Канстантынопалі...

2. Зварот да Галоўнакамандуючага Расейскай Арміяй генэрала Ўрангеля з просьбаю аказаць мне садзеяньне ў арганізацыі [разьмеркаваньні] па лягерох, дзе разьмешчаны часыді былой расейскай арміі.

3. Зварот да Францускага, Ангельскага, Італьянскага Камісараў у Канстантынопалі з просьбай таксама аказаць мне садзеяньне ў гэтых пачынаньнях, a таксама каб не чынілі мне перашкодаў наконт візаў на нашых пашпартох...

Рэзалюцыя па дакладзеным чакаецца.

Палкоўнік Ермачэнка [подпіс]

Пераклад з расейскае.

НАРБ, ф. 325, в. 1, спр. 130, арк. 100-104.

№ 13

Ausserordentliche Mission der Bjelarussischeri (Weissruthenischen) Volksrepublik

№ 305

Штамп Канцылярыі

Berlin W. 30 den 8 лютага 1921 r. Motzstr., 21, - tel: Nollendorf 2875

Грамадзянін Старшыня,

y дадатку маю гонар пераслаць Вам копію ліста Старшыні Тарыбы [26] літоўскіх грамадзян у Каралеўстве Сэрбаў, Харватаў i Славенцаў, палкоўніка дэ-Бэнья-Шэвіча, ад 15-га г. мес. за № 19.

Весткі аб беларускіх абласьцях i аб агульным становішчы на Беларусі, адрэсы нашых Прадстаўнікоў у Чэха-Славакіі i Францыі, a таксама кнігі i карты ў невялікім ліку высланы палкоўніку дэ-Бэнья-Шэвічу згодна з яго прозьбай; акром таго, Місія паведаміла яго, што вып.[аўняць] аб.[авязкі] нашага Консула ў Канстантынопалі назначан палкоўнік Ярмачэнка, якому Беларускі Ўрад даверыў абарону інтэрэсаў беларускіх грамадзян у Турцыі.

Старшыне Рады Народных Міністраў Вацлаву Ластоўскаму

Паўнамочны Прадстаўнік у Нямеччыне Баркоў [подпіс]

К o п i я. Taryba Ріlіеciu

Lietuvos Respublikos

15 лютага 1921

№ 19 a Belgrade

Яго Дастойнасьці

Паслу Рэспублікі Беларусі ў Нямечыне

Ваша Дастойнасьць!

Паведамляю гэтым, што з 1 лютага 1921 г. з дазволу ўладаў Юга-Славіі адкрыла свае дзеяньні Тарыба грамадзянаў з Рэспублікі Літвы ў Каралеўстве Сэрбіі, Харватыі й Славеніі ў г. Бялградзе па вуліцы Чыка-Любіна, д. 16, кв. 21, якая распачала цяпер накіраваньне ў Літву ўцекачоў-літоўцаў, якія зьехалі з Поўдня Расеі; сярод іх ёсьць беларусы, якія цікавяцца лёсам сваёй бацькаўшчыны Беларусі, a таксама лёсам Віленскай, Горадзенскай, Менскай губэрняў i Аўгустоўскага павету Сувальскай губэрні i rop. Дзьвінску i жадаюць вярнуцца на радзіму. Тут Сэрбскія ўлады як украінцаў, так i беларусаў не прызнаюць. Таму, зыходзячы з гледзішча чалавекалюбства, на просьбу гэтых няшчасных людзей зьвяртаюся да вас з паведамленьнем пра іх цяжкае становішча i пра іхную прагу вярнуцца на радзіму. Неабходна зрабіць захады больш рэальныя дзеля паратунку гэтых бязьвінных ахвяраў, якія воляю лёсу выкінутыя на чужыну, але могуць быць карысныя сваёй дарагой айчыне як спэцыялісты i культурныя дзеячы.

Калі мне ўрад Літвы загадае, дык будуць прынятыя захады дзеля абароны іхных правоў i адпраўкі іх на радзіму разам зь літоўцамі.

Пакорліва прашу карты Беларусі, беларускую літаратуру, a таксама зьвесткі пра Віленшчыну, Горадзеншчыну, Меншчыну i rop. Дзьвінск, пра ўсю Беларусь i Літву; i ці ёсьць вашыя прадстаўнікі ў Празе, Вене, Буда-Пэшце, таму што грамадзяне Беларусі ўсімі вышэйпамянёнымі пытаньнямі вельмі цікавяцца. I калі ёсьць прадстаўнікі, дашліце адрасы. Маё шчырае жаданьне - трымаць з Вамі цесную сувязь у інтарэсах Літвы i Беларусі.

У Канстантынопалі я памог арганізаваць Беларускі Камітэт пад старшынствам п. Базарэўскага, які жыў у 1918 г. у г. Кіеве.

Застаюся адданы Вам

падп. Палкоўнік дэ-Бенья-Шэвіч

З арыгіналам згодна

Вык. аб. Сакратара Місіі ў Нямеччыне

А. Дзімітрыеў [подпіс]

Пераклад з расейскае.

Рэзалюцыя:

1 Запытацца адрэс Базарэўскага,

2 вытлумачыць, што ўся тэрыторыя Беларусі занята палякамі i бальшавікамі,

3 перагаварыць з Літоўскім Урадам i аб рэзультаце паведаміць,

4 просім імёны i адрасы энэргічных беларусаў,

5 будзем пасылаць бюлетэні i просім зьмешчаць іх у прэсе.

НАРБ, ф. 325, в. 1, спр. 130, арк. 79-80.

№ 14

Mission diplomátique de la

République Démocratique

de Biélarus (Ruthénie-Blanche)

№ 458

Berlin W. 30 le 15 жніўня 1921

Motzstr, 21, - tel: Nollendorf 2875

Ваша Дастойнасьць!

Гэтым Місія мае гонар давесці да Вашага ведама, што генэрал-маёр Галубінцаў, на якога нашым консулам у Канстантынопалі палк. Ермачэнко было вазложано выкананьне абавязкаў дэлегата Б.Н.Р. у Баўгарыі, - выбыў з Сафіі па невядомаму адрэсу.

Місія мае гонар прасіць Bac зрабіць загад вверанаму Вашай Дастойнасьці Міністэрству апавесьці Місію аб афіцыяльным становішчы ген. Галубінцэва, a таксама аб мейсцы яго сучаснага пабыту, калі апошняе Міністэрству вядома.

Шэф Місіі Б.Н.Р. у Нямеччыне

А. Бароўскі [27]

Яго Дастойнасьці Міністру Загранічных спраў

грам. А. Цвікевічу

К o ў н а. Канцылярыя Рады Міністраў

НАРБ, ф. 325, воп. 1, адз. зах. 130, арк. 16.

№ 15

[З a п i с к a].

Коўна

2 лютага 1922 г.

Высокапаважаны Андрэй Аляксандравіч.

Маецца на ўвазе А. Бароўскі.

Вельмі пажадана было бы, каб Вы, едучы ў Коўну з Бруно Карлавічам [28] і, калі магчыма, з шэфам таго бюро, у каторым ён працуе, пабывалі ў Кёнігсбэргу. Трэба злажыць візыты тамтэйшаму Ураду i

1) падзякаваць за запрашэньне нашага Ўраду i перасылку нам уходных білетаў на Кёнігсбэрскую выстаўку-кірмаш праз нашу Данцыгскую Місію;

2) папрасіць тамтэйшы Ўрад, ці ня мог бы прыняць на свой кошт некалькі нашых студэнтаў у тамтэйшы ўнівэрсытэт. Гэта будзе прэтзндат.

Уласціва трэба паінфармавацца аб адносінах да нас i ці ня можна было бы мець нам у іх свайго прадстаўніка i на якіх варунках? Асобу прадстаўніка абгаворым тут на мейсцы, але добра будзе, калі [здолееце] намеціць сабе там падхадзячую асобу. Наогул грунтоўна паінфармуйце аб нашых мэтах i выясьніце ўсё тое, што знойдзеце патрэбным. Грунт для ўзаемнага ларазуменьня, згодна нашым весткам, нам апошнімі часамі стаў вельмі спрыяльны.

Бяз подпісу

Напісана, верагодна, Вацлавам Ластоўскім.

НАРБ, ф. 325. воп. і, адз. зах. 174, арк. 17.

№ 16

7 сьнежня [192]2 Грам. Б.К. Мільлеру

№ 190

Бэрлін

Паважан пане Мільлер!

Згодна з нашых размоў у бытнасьць маю ў Бэрліне, гэтым дарую Вам прыняць усе належныя крокі да адчыненьня ў Кёнігсбэргу консульства i пашпартнага бюро Б.Н.Р. i выканаць усе, зьвязаныя з гэтым формальнасьці.

Аб дні Вашага выезду да Кёнігсбэргу прашу папярэдне паведаміць нас у мэтах сагласаваньня выезду туды-жа п. Ластоўскага дзеля спатканьня з Вамі, якому прашу выслаць візу на магчыма большы тэрмін і, калі можна, многаразовую.

Міністр Загранічных Спраў [А.Цьвікевіч]

НАРБ, ф. 325, воп. 1, адз. зах. 130, арк. 7.

Падрыхтоўка публікацыі Уладзімера САКАЛОЎСКАГА.



[1] Тэрмін «дыпляматычная місія» нярэдка выкарыстоўваецца ў дачыненьні да прадстаўніка ці дэлегацыі, што накіроўваецца ў іншую дзяржаву дпя выкананьня адмысловага дыпляматычнага даручэньня свайго ўраду. Згодна Венскае канвэнцыі 1961 г. адносна дыпляматычных прывілеяў i імунітэту «місія» адпавядае, паводле свайго статуту, «амбасадзе», «кансуляту» ці «прадстаўніцтву». Падчас сваёй дзейнасьці Надзвычайная дыпляматычная місія БНР у Бэрліне ўважалася Міністэрствам замежных справаў Нямеччыны як Прадстаўніцтва.

[2] Міжнародная фірма экспарту i імпарту тавараў з абмежаванай адказнасьцю.

[3] Першапачатковы варыянт інструкцыі зроблены алоўкам А.Луцкевічам. Страціўшы колер тэкст чытаецца зь вялікай цяжкасьцю.

[4] Гучкоў Аляксандар (1862―1936), расейскі палітычны i грамадзкі дзяяч. У 1917 г. узначаліў ваеннае i марское міністэрства Часовага ўраду. З 1920 г. у эміграцыі.

[5] Маецца на ўвазе Леанард Заяц.

[6] Маецца на ўвазе Аркадзь Смоліч.

[7] Маецца на ўвазе Язэп Варонка.

[8] Тарту.

[9] Падарэўскі Ігнацы (1860―1941), вядомы польскі піяніст, кампазытар, палітычны дзяяч. Падчас Першае сусьветнае вайны заснавальнік польскага эмігранцкага ўраду ў Парыжы. У 1919―1920 гг. ― прэм'ер-міністар i міністар замежных справаў, прадстаўнік Польшчы ў Лізе Нацыяў. У 1940―1941 гг.― Старшыня Нацыянальнае Рады польскага эмігранцкага ўраду ў Лёндане.

[10] Эндэкі ― сябры польскае Нацыянал-дэмакратычнае партыі, утворанай у 1897 г.

[11] Маецца на ўвазе плянаваная на сьнежань сэсія Рады БНР у Менску.

[12] Сазонаў Сяргей (1860―1927), расейскі палітычны i дзяржаўны дзяяч. У 1910―1916 гг.― міністар замежных справаў Расейскай імпэрыі. У 1918―1919 гг. ― сябра ўраду А.Калчака i А.Дзянікіна. З 1921 г. у эміграцыі.

[13] Маклакоў Васіль (1869―1957), расейскі грамадзкі i палітычны дзяяч, адзін зь лідэраў кадэцкае партыі, адвакат. У 1917 г. амбасадар Расеі ў Францыі.

[14] Маюцца на ўвазе рэшткі амэрыканскіх ваенных арсэналаў, што засталіся зь Першае сусьветнае вайны ў францускіх портах, на якія разьлічваў беларускі ўрад дзеля ўзбраеньня сваіх вайсковых фармаваньняў.

[15] Бэнаш Эдвард (1884―1948), вядомы палітык, дзяржаўны дзяяч Чэха-Славакіі. У 1918―1935 гг. міністар замежных справаў, у 1935― 1948 гг. ― прэзыдэнт Чэха-Славацкае Рэспублікі.

[16] Дзекуць-Малей Лукаш (1888―1955), беларускі грамадзкі i рэлігійны дзяяч.

[17] Маецца на ўвазе Канфэрэнцыя ўтвораных нанава дзяржаваў: Азэрбайджану, Эстоніі, Грузіі, Латвіі, Паўночнага Каўказу, Беларусі, Украіны, якая адбылася ў Бэрліне 17 чэр. 1919 г. (гл. дакумэнт № 2).

[18] Маецца на ўвазе кніга Вальтэра Егера «Беларусь» (Бэрлін, 1919).

[19] Астатнія пункты пастановы тычыліся пытаньняў нутраное палітыкі ўраду БНР.

[20] Кандратовіч Кіпрыян (1859-1932), генерал, сябра Цэнтральнае Беларускае вайсковае рады ў 1917-1918 гг. У чэрвені 1918 г. абраны ў Народны сакратарыят БНР. У пачатку 1919 г. у складзе Беларускае ўрадавае дэлегацыі выехаў у Парыж (праз Бэрлін) на міжнародную мірную канфэрэнцыю.

[21] Цярэшчанка (Тэрэшчанка) Кузьма (1888-1922), міністар нутраных справаў БНР ва ўрадзе А.Луцкевіча. Вясною 1919 г. на заданьне ўраду выяжджаў у краіны Балтыі дзеля заснаваньня там дыпляматычных прадстаўніцтваў БНР, вёў перамовы ў Хельсынкі пра прызнаньне Фінляндыяй Беларусі.

[22] Борык Антон (1894-?), кіраўнік Беларускай ваеннай місіі ў Нямеччыне, некаторы час узначальваў беларускую калёнію ў Бэрліне. 30 чэрвеня 1919 г. разам з К.Цярэшчанкам заклалі «Аддзел збліжэньня палоненых беларусаў у Нямеччыне з родным краем». У 1920 г. выканаўчы дырэктар фірмы «Сындыкат Сапегі для Эўропы i Азіі на Беларусі», пазьней перабіраецца ў Беларусь, працуе ў Беларускай вайсковай камісіі (БВК). Удзельнік Слуцкага паўстаньня, быў начальнікам штабу 1-е Слуцкае брыгады войскаў БНР. Паводле інфармацыі Сяргея Шупы, завербаваны ў якасьці агента-асьведамляльніка польскаю дыфэнзываю. Пасьля зьліквідаваньня БВК працаваў у прадстаўніцтвах БНР у Латвіі i Летуве. Пасьля 1921 г. ягоны лёс невядомы.

[23] Мілер (Мільлер) Бруна, юрыдычны кансультант надзвычайнае дыпляматычнае місіі БНР у Нямеччыне ў 1919-1924 гг.

[24] Ермачэнка Іван (1894-1970), вядомы дзяяч беларускага нацыянальнага руху. Падчас грамадзянскае вайны ў Расеі служыў пры штабе генэрала Ўрангеля. У 1920 г. - дыпляматычны прадстаўнік БНР у Канстантынопалі i генэральны консул БНР на Балканах. Утварыў беларускія кансуляты ў Баўгарыі й Югаславіі. У 1921-1929 гг. вучыўся ў Карлавым унівэрсытэце ў Празе-Чэскай.

[25] Анэкштэйн Давід (1892-?), ураджэнец Менску, у 1919 г. - сябра Цэнтральнае Беларускае Рады Віленшчыны i Горадзеншчыны, пазьней - дарадца Надзвычайнае дылляматычнае місіі БНР у Нямеччыне. Займаўся выданьнем бюлетэню Беларускага прэс-бюро ў Бэрліне на нямецкай мове, падтрымліваў сувязі зь сіяністамі, жыдоўскімі ды нямецкімі сацыял-дэмакратамі. У чэрвені 1919 г. разам з М.Жытлоўскім накіраваны ўрадам БНР у Лёндан дзеля ўтварэньня там беларускага прадстаўніцтва. У ліпені 1922 г. пакідае беларускае прадстаўніцтва ў Бэрліне. Далейшы лёс невядомы.

[26] Тарыба - Нацыянальная рада Летувы, вярхоўны ворган Летувіскае Рэспублікі ў 1917-1920 гг.

[27] Бароўскі Андрэй (1873-1945). У 1919 г.- адзін з кіраўнікоў Цэнтарбелсаюзу. З траўня 1920 г. - гандлёвы экспэрт беларускага прадстаўніцтва ў Бэрліне. З сакавіка 1921 г. па кастрычнік 1925 г. - шэф місіі БНР у Нямечыне.

[28] Маецца на ўвазе Б. Мільлер.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX