Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Ляхоўскі Уладзімер. Прэзыдэнты Рады Беларускае Народнае Рэспублікі 


Аўтар: Ляхоўскі Уладзімер,
Дадана: 15-11-2017,
Крыніца: Ляхоўскі Уладзімер. Прэзыдэнты Рады Беларускае Народнае Рэспублікі // Спадчына 1997. №4. С. 3-14.



Першы Ўсебеларускі зьезд (кангрэс), скліканы дэмакратычным шляхам у Менску у сьнежні 1917 г., не пасьпеў выканаць свае гістарычнае ролі ў вызначэньні лёсу дзяржаўнасьці беларускага народу Зьезд быў гвалтоўна разагнаны маскоўскімі бальшавікамі, якія баяліся страціць уладу i кантроль над Беларусьсю. Дэлегаты Кангрэсу пасьпелі выбраць з свайго складу радных, якім перадалі кангрэсавыя паўнамоцтвы, у тым ліку зрэалізаваньне незалежнасьці Беларусі i скліканьне ўсебеларускага ўстаноўчага сойму.

Абвесьціўшы Беларускую Народную Рэспубліку ў лютым 1918 г., Рада Ўсебеларускакага зьезду пераўтварылася ў Раду БНР, а яе выканаўчы орган стаў нацыянальным урадам. Зыходзячы з права беларускага народу на вольнае й незалежнае жыцьцё, Рада БНР актам 25 Сакавіка абвяшчае Беларусь сувэрэннай дзяржавай. Пасьля расейска-бальшавіцкае акупацыі Беларусі ў 1920 г. Рада БНР знаходзіцца ў эміграцыі ў вольным сьвеце, каб надалей змагацца за вызваленьне Бацькаўшчыны. У аналягічным становішчы ў розны час знаходзяцца дэмакратычныя ўрады некаторых краінаў Усходняе i Цэнтральнае Эўропы ды іншых рэгіёнаў дзе ўладу захоплівалі акупанты ці таталітарныя рэжымы.

У першыя гады эміграцыі экзыльны (у выгнаньні) урад Рэспублікі праводзіў актыўную дыпляматычную дзейнасьць у суседніх эўрапейскіх краінах. У міжваенны час прадстаўніцтва БНР месьцілася спачатку ў Коўне (Летува), а з 1923 г. у Празе-Чэскай.

Заклапочаная актыўнасьцю Рады i ўраду БНР, бальшавіцкая Масква пачала працу дзеля разьяднаньня беларускае палітычнае эміграцыі i наступнай ліквідацыі нацыянальна-дзяржаўных структураў Беларускае Народнае Рэспублікі. Падпарадкаваўшы сабе шэраг радных БНР (А.Цьвікевіча, Л.Зайца, Ул.Пракулевіча ды інш.), бальшавікі ў кастрычніку 1925 г. ініцыявалі скліканьне Бэрлінскай палітычнай канфэрэнцыі, на якой правялі рашэньні спыніць дзейнасьць ураду БНР i прызнаць савецкі Менск адзіным цэнтрам беларускага руху. Але гэтыя пастановы ня мелі юрыдычных наступстваў дзякуючы прынцыповай i цьвёрдай пазыцыі Старшыні Рады БНР Петры Крэчаўскага i ягонага заступніка Васіля Захаркі, а таксама шэрагу ўплывовых беларускіх дзеячоў - Тамаша Грыба, Язэпа Мамонькі, Міколы Вяршыніна ды інш. Бальшавіцкія пляны ўдалося разьбіць. Абапіраючыся на пастанову Рады БНР ад 13 сьнежня 1919 г., паводле якой урад Рэспублікі ня мае права прымаць самастойных палітычных рашэньняў, а таксама на агульную пастанову Рады i ўраду БНР ад 23 жніўня 1923 г., што абодва гэтыя органы "асобна не засядаюць кіраўніцтва Беларускае Народнае Рэспублікі не прызнала бэрлінскіх пастановаў Рада БНР i яе ўрад працягвалі дзейнасьць.

Падчас Другое сусьветнае вайны, у трагічны для Беларусі час, калі ранейшыя структуры БНР былі спаралізаваныя, Прэзыдэнт В.Захарка застаўся верны ідэалам Рэспублікі, захоўваў у сябе дзяржаўную пячатку БНР. Перад сьмерцю тэстамэнтам ён перадаў свае паўнамоцтвы Міколу Абрамчыку. У сьнежні 1947 г. дзейнасьць Рады БНР была ўзноўленая паваеннай беларускай эміграцыяй.

Рада БНР як ідэалягічная асамблея, як працяг Рады Беларускае Народнае Рэспублікі 1918-1920 гг. сваім існаваньнем прэзэнтуе ''праўную цягласьць незалежнае дзяржаўнасьці Беларусь што вынікае з волі народу, i цягласьць змаганьня за ажыцьцяўленьне гэтае волі". Рада БНР не прызнала законнымі 2-гі Ўсебеларускі кангрэс, скліканы ў Менску ў 1944 г., i створаную ім Беларускую Цэнтральную Раду. Звычайна штаб-кватэра Рады БНР знаходзілася на месцы жыхарства чарговага Прэзыдэнта: у 1947- 1970 гг. - у Парыжы, у 1970-1982 гг. - у Атаве (Канада), а з канца 1982 г. - у Нью-Ёрку.

Напачатку 90-х гг., пасьля абвешчаньня Беларусі незалежнаю дзяржаваю, прарасейскі кебічаўскі ўрад, ачуняўшы пасьля развалу савецкае бальшавіцкае імпэрыі ізноў узяўшы ''курс " на Маскву, дамагаўся ад кіраўніцтва БНР прызнаць у сваей асобе законную ўладу сувэрэннае Рэспублікі Беларусі i тым самым спыніць сваю дзейнасьць. Рада БНР, добра ведаючы сытуацыю на радзіме i вартасьць "незалежніцкай пазыцыі" былых бальшавіцкіх партакратаў, усьведамляючы вышыню свайго маральна-палітычнага становішча, праігнаравала гэтыя захады i засталася ў абароне ідэалаў 25 Сакавіка.

Значную ролю ў гісторыі нацыянальнага вызвольнага руху на працягу існаваньня Рады БНР адыгрывалі найвышэйшыя асобы Рэспублікі - Прэзыдэнты (Старшыні) Рады [1]. Як правіла, на гэтую пасаду абіраліся людзі, аўтарытэтныя ў беларускім палітычным асяродзьдзі, якія шмат зрабілі дзеля беларускага адраджэньня. Пасада абавязвала ix цьвёрда трымацца нацыянальна-незалежніцкае лініі, адысьці ад вузкіх партыйных інтарэсаў i шукаць паразуменьня паміж рознымі беларускімі палітычнымі плынямі дзеля дасягненьня еднасьці беларускага палітычнага лягеру. Паўнамоцтвы Прэзыдэнтаў Рады БНР нельга назваць шырокімі, бо яны фармальна толькі старшынявалі ў Радзе. Але ў гісторыі беларускага нацыя­нальнага руху бывалі цяжкія моманты, калі асноўная адказнасьць за лес беларускае дзяржаўнасьці ўскладалася якраз на іхныя плечы. Сваім аўтарытэтам, самаахвярнасьцю ў імя сьветлых ідэалаў 25 Сакавіка ўсе яны годна прэзэнтавалі незалежную Беларусь у сьвеце, чым заслужылі пашану для сьведамае беларускае грамады сярод іншых народаў

Іван СЕРАДА

Нарадзіўся ў 1879 г. у вёсцы Задвел Менскае губэрні. Пасьля заканчэньня Варшаўскага вэтэрынарнага інстытуту Іван Серада. Здымак са сьледчай справы 'Саюзу вызваленьня Беларусі'. ў 1903 г. працаваў па сьпецыяльнасьці. У Першую сусьветную вайну ў дзеючым царскім войску на Паўночным фронце. Пасьля Лютаўскае рэвалюцыі 1917 г. увайшоў у Беларускую Сацыялістычную Грамаду (БСГ), удзельнічаў у зьезьдзе беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту Ў Віцебску, кааптаваны ў склад Цэнтральнае Беларускае вайсковае рады. На Ўсебеларускім кангрэсе ў сьнежні 1917 г. абраны ягоным Старшынём, узначаліў Прэзыдыюм Рады Зьезду (пазьней Рада БНР). Адзін зь ініцыятараў абвешчаньня незалежнасьці Беларуci 25 сакавіка 1918 г. Уваходзіў у кіраўніцтва Беларускае сацыял-дэмакратычнае партыі. Падчас польскае акупацыі 1919-1920 гг. - сябра Часовага Беларускага нацыянальнага камітэту ў Менску, Найвышэйшае Рады БНР. Пасьля 1921 г. адыходзіць ад палітычнай дзейнасьці i ў хуткім часе пераяжджае ў Савецкую Беларусь, дзе працаваў у Інстытуце беларускае культуры, Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Абвінавачаны ў "нацыянал-дэмакратызьме" i 4 ліпеня 1930 г. арыштаваны па сфабрыкаванай справе "Саюзу вызваленьня Беларусі". Згодна з пастановай АГПУ БССР высланы на 5 гадоў у Яраслаўль. 27 сьнежня 1941 г. зноў асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня, знаходзіўся ў канцлягеры Краслага (Краснаярскі край). Вызвалены 19 лістапада 1943 г., далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны па першым выраку 10 чэрвеня 1988 г., па другім - 16 студзеня 1989 г.

Петра КРЭЧЭЎСКІ (КРЭЧАЎСКІ)

Нарадзіўся 7 жніўня 1879 г. у Кобрынскім павеце Горадзенскае губэрні. Пасьля заканчэньня Віленскае духоўнае Петра Крэчаўскі. сэмінарыі ў 1902 г. настаўнічаў, перад Першай сусьветнай вайной працаваў у Віленскім дзяржаўным банку. Пасьля Лютаўскае рэвалюцыі 1917 г. узначаліў Раду жаўнерскіх i рабочых дэпутатаў Барысава, увайшоў у БСГ. Удзельнік Усебеларускага Кангрэсу 1917 г., быў абраны ў склад яго выканаўчага камітэту. У 1918 г., пасьля абвешчаньня БНР, у нацыянальным урадзе выконваў абавязкі дзяржаўнага кантралёра, народнага сакратара фінансаў, узначальваў Цэнтральную Беларускую гандлёвую палату. Адзін зь лідэраў Беларускае партыі сацыял-фэдэралістаў. На сьнежаньскай сэсіі Рады БНР у Менску ў 1919 г. абраны яе Старшынём. З-за палітычных перасьледаў польскіх акупантаў напачатку 1920 г. пераяжджае ў Коўна (Летуву). Удзельнік Першае Ўсебеларускае палітычнае канфэрэнцыі ў Празе-Чэскай у верасьні 1921 г.

У 1923 г. разам з кіраўніцтвам БНР пераяжджае на сталае жыхарства ў Чэха-Славаччыну. Актыуна бараніў нацыянальныя інтарэсы беларускага народу на міжнароднай арэне. У мэмарандумах БНР у Лігу Нацыяў асуджаў дьіскрымінацыйную ў дачыненьні да Беларусі Рыскую мірную дамову, выкрываў імпэрыялістычную сутнасьць палітыкі Масквы i Варшавы на беларускіх землях. Не прызнаў рашэньняў Бэрлінскае палітычнае нарады 1925 г. пра фактычнае скасаваньне БНР. Выявіў сябе як здольны публіцыст, гісторык i паэт. Памёр 8 сакавіка 1928 г. Пахаваны на праскіх Альшанах.

Васіль ЗАХАРКА

Нарадзіўся 1 красавіка 1877 г. у вёсцы Дабрасельцы Горадзенскае губэрні, каля мястэчка Зэльва. З 1895 г. Васіль Захарка. працаваў настаўнікам царкоўна-прыходзкае школы, пісарам у мясцовай валасной управе. З 1898 г. - ваенны ўрадовец у царскім войску. Падчас Першае сусьветнае вайны на Заходнім фронце. Пасьля Лютаўскае рэвалюцыі 1917 г. увайшоў у БСГ, гуртаваў беларускіх жаўнераў пад нацыянальным штандарам у Барысаве. Адзін зь ініцыятараў правядзеньня зьезду беларусаў-вайскоўцаў Заходняга фронту ў кастрычніку 1917 г. у Менску, абраны сакратаром Цэнтральнае Беларускае вайсковае рады. На

Ўсебеларускім кангрэсе 1917 г. вылучаны ў склад Прэзыдыюму. Пасьля разгону Кангрэсу арыштаваны бальшавікамі, цудам пазьбегнуў расстрэлу. Пасьля абвешчаньня БНР займаў розныя ўрадавыя пасады. Адзін зь лідэраў Беларускае партыі сацыял-фэдэралістаў у 1919 г, напярэдадні польскае акупацыі Беларусі знаходзіўся ў Бэрліне з дыпляматычнай місіяй БНР. На сьнежаньскай сэсіі Рады БНР у Менску абраны намесьнікам Крэчаўскага, прызначаны кіраўніком Надзвычайнае Беларускае дыпляматычнае місіі ў Маскве. У 1920-1923 гг. у Коўне працаваў у складзе ураду Ластоўскага, удзельнік Праскае Ўсебеларускае палітычнае канфэрэнцыі ў 1921 г. У лістападзе 1923 г разам з кіраўніцтвам БНР пераехаў у Чэха-Славаччыну. Ініцыятар стварэньня i старшыня таварыства "Беларуская Рада ў Празе". Ён належаў да той часткі сяброў Рады БНР (Крэчаўскі, Грыб, Мамонька ды інш.), што не паддаліся намовам бальшавікоў на Бэрлінскай канфэрэнцыі 1925 г i выступілі супраць скасаваньня структураў БНР, перадачы ў Менск яе архіву i самі ў "савецкі рай" не паехалі. Пасьля сьмерці Крэчаўскага 8 сакавіка 1928 г. абраны Старшынём (Прэзыдэнтам) Рады Рэспублікі. У міжваенны i ваенны час актыўна бараніў інтарэсы беларускага народу на міжнароднай арэне. Памёр 14 красавіка 1943 г, пахаваны ў Празе на Альшанах.

Мікола АБРАМЧЫК

Нарадзіўся 16 жніўня 1903 г. у вёсцы Сычавічы Вілейскага павету (зараз Маладэчанскі раён). Вучыўся ў Мікола Абрамчык. Віленскай Беларускай гімназіі. У 1923 г выехаў у Чэха-Славаччыну на вучобу ў Вышэйшую політэхнічную школу ў Падэбрадах каля Прагі. Актыўна ўдзельнічаў у грамадзка-палітычным жыцьці беларускага студэнцтва ў Чэха-Славаччыне, уваходзіў у кіраўніцтва Аб'яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў у Заходняй Беларусі i за граніцай (АБСА), зьяўляўся сябрам "Беларускае Рады у Празе". Пасьля атрыманьня дыплёму інжынэра разам зь Лявонам Рыдлеўскім перабіраецца ў Францыю, дзе гуртуюць тутэйшых беларусаў, у сьнежні 1930 г. ствараюць "Хаўрус беларускае працоўнае эміграцыі". У 1939 г. пераяжджае ў Бэрлін, арганізуе там Беларускі камітэт самапомачы, выдае газэту "Раніца". У 1942 г. пе­раяжджае часова ў Прагу. 6 сакавіка 1943 г паводле тэстамэнту Васіля Захаркі пераймае ад таго паўнамоцтвы Прэзыдэнта БНР. У кастрычніку таго ж году накіроўваецца ў акупаваную немцамі Беларусь дзеля наладжваньня кантактаў з нацыянальным актывам, пераконвае беларускіх дзеячоў адмовіцца ад супрацоўніцтва з фашыстоўскімі акупацыйнымі ўладамі, якія бачылі ў беларусах "белых рабоў". 10 лістапада 1943 г арыштаваны гестапа , высланы ў Парыж. У пасьляваенны час - адзін зь лідэраў беларускае антыбальшавіцкае эміграцыі. У сьнежні 1947 г. ініцыюе агульны сход беларускіх грамадзкіх i палітычных дзеячоў у эміграцыі, на якім узнаўляецца дзейнасьць Рады БНР i пацьвярджаюцца прэзыдэнцкія паўнамоцтвы Абрамчыка. Памёр 25 траўня 1970 г. Пахаваны ў Парыжы.

Вінцэнт ЖУК-ГРЫШКЕВІЧ

Нарадзіўся ў мястэчку Будслаў Вілейскага павету (цяпер Мядзельскі раён) 23 лютага 1903 г. Вучыўся ў Вінцэнт Жук-Грышкевіч. Будслаўскай i Віленскай беларускіх гімназіях. У 1923 г. накіраваўся на вучобу ў Чэха-Славаччыну ў Праскі Карлавы ўнівэрсытэт на філязофскі факультэт. Падчас навучаньня актыўна ўдзельнічаў у грамадзка-культурным жыцьці беларускага студэнцкага зямляцтва. У 1927 г. вяртаецца ў Заходнюю Беларусь, выкладае ў Віленскай Беларускай гімназіі i праваслаўнай духоўнай сэмінарыі, дзейна працуе ў нацыянальных культурна-асьветных установах (ТБШ, Беларускім навуковым таварыстве ды інш.). Увосень 1939 г, пасьля прыходу ў Вільню бальшавікоў, арыштаваны чэкістымі i асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня ў канцлягер у Комілаг. У 1942 г. вызвалены паводле амністыі, уступіў у польскую армію генэрала Андэрса, у складзе якой вызваляў ад нямецкіх войскаў Італію. У 1945-1949 гг. працаваў выкладчыкам у вайсковых школах, Адзін з заснавальнікаў i першы старшыня Згуртаваньня беларусаў Вялікае Брытаніі ў 1946 г. У 1950 г пераяжджае ў Таронта (Канада), дзе праз год пры мясцовым унівэрсытэце ладзіць лектарат беларусаведы. У 1952 г пасьля абароны навуковае дысэртацыі на тэму "Лірыка Янкі Купалы" атрымаў ступень доктара філязофіі па літаратуры. У 1954 г. зноў часова едзе ў Эўропу, арганізуе i кіруе ў Мюнхене беларускай сэкцыяй радыё "Вызваленьне" (пазьней радыё "Свабода"). З 1968 г віцэ-прэзыдэнт, а пасьля сьмерці Міколы Абрамчыка, у 1970-1982 гг., -Прэзыдэнт Рады БНР. Памёр 14 лютага 1989 п, пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансьвіку (ЗША).

Язэп САЖЫЧ

Нарадзіўся 5 верасьня 1917 г у вёсцы Гарадзечна Наваградзкага павету. Пасьля заканчэньня польскае ўрадавае Язэп Сажыч. Фота А.Клешчука. гімназіі ў Наваградку мабілізаваны ў войска, прайшоў курс польскае афіцэрскае школы. З начаткам Другое сусьветнае вайны на фронце ў дзеючым войску. Пасьля раненьня трапіў у нямецкі палон, адкуль пашчасьціла зьбегчы. У 1940-1941 гг. - студэнт Львоўскага ўнівэрсытэту. Падчас савецка-нямецкае вайны вяртаецца на Радзіму, у якасьці афіцэра Беларускае Краёвае Абароны ўдзельнічае ў фармаваньні нацыянальных вайсковых аддзелаў. З восені 1944 г. у Нямеччыне, у 1946 г. паступіў у Марбурскі Філіпс унівэрсытэт на мэдычны факультэт. Пасьля атрыманьня дыплёму лекара ў 1950 г. перабіраецца ў ЗША. Актыўна ўдзельнічае ў жыцьці беларускае эміграцыі, уваходзіць у кіраўніцтва Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА), Саюзу беларускіх вэтэранаў ды інш. У 1953 г. кааптаваны ў склад Рады БНР, у 1968 г., з нагоды 50-х угодкаў абвешчаньня Беларускае Рэспублікі, на юбілейнай сэсіі Рады палкоўніку Сажычу прысвойваецца званьне генэрала. У 1982 г. абраны Прэзыдэнтам Рады БНР, у 1994 г. пераабраны на гэтую пасаду зноў У 1997 г. перадаў выкананьне абавязкаў Прэзыдэнта свайму заступніку доктару Барысу Рагулю.

Падрыхтавау Уладзімер ЛЯХОЎСКІ.



[1] З пачатку ўтварэньня БНР была пашыраная назва "Старшыня Рады". Гэтая назва выкарыстоўваецца i цяпер. Падчас знаходжаньня Рады БНР у эміграцыі, калі кіраўнікамі-раднымі накіроўваліся мэмарандумы i камунікаты ў Лігу Нацыяў ды іншыя міжнародныя ўстановы, пачаў усё часьцей ужывацца тэрмін "Прэзыдэнт Рады" (у дакумэнтах БНР, напісаных па-ангельску, назва "Старшыня" заўсёды перакладалася як "president", я ня "speaker".)

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX