Папярэдняя старонка: Белорусская Народная Республика

Грыцкевіч А. Беларуска-літоўскія дачыненьні: 1918-1922 гг. 


Аўтар: Грыцкевіч Анатоль,
Дадана: 21-10-2013,
Крыніца: Грыцкевіч Анатоль. Беларуска-літоўскія дачыненьні: 1918-1922 гг. // Спадчына №5-1994. С. 58-63.



Беларуска-літоўскія дачыненьні ў пэрыяд першай сусьветнай вайны, лютаўскай рэвалюцыі i кастрычніцкага перавароту 1917 г. у Расеі былі адным з чыньнікаў ў нацыянальна-вызваленчым руху абодвух народаў. Яны зыходзілі зь іхнага супольнага гістарычнага лёсу. Беларусьі i літоўцы некалькі стагодзьдзяў мелі агульную дзяржаву - Вялікае Княства Літоўскае, Рускае i Жамойцкае, яны разам падымаліся на паўстаньні 1794, 1831 i 1863 гг. супраць царскай Расеі. У адзіным рэчышчы i ў тых самых умовах ішоў i нацыянальна-вызвольны дэмакратычны рух у другой палове XIX - пачатку XX ст.

Падчас германскага наступу ўвосень 1915 г. i адступленьня расейскай арміі Літва й заходняя частка Беларусі апынуліся пад нямецкай акупацыяй. Лінія фронту ўсталявалася да лютага 1918 г. у кірунку ад Дзьвінска (Даўгаўпілса) да Браслава, на Паставы, ля возера Нарач, да Смаргоняў, на захад ад Валожына, Міра, Гарадзеі, Ляхавічаў, Ганцавічаў, Лагішына i на ўсход ад Пінска.

У 1915 г. у літоўскіх правых колах разглядалася ідэя стварэньня Вялікага Княства Літоўскага зь літоўскіх i беларускіх земляў. Аднак гэтую ідэю не падтрымалі літоўскія дэмакратычныя арганізацыі, якія ўжо ў 1916 г. дамагаліся ўтварэньня самастойнай i незалежнай Літоўскай дзяржавы.

У верасьні 1917 г. з дазволу нямецкага ўраду i галоўнага камандаваньня літоўская канфэрэнцыя ў Вільні стварыла нацыянальную раду (Тарыбу) на чале з А. Сьмятонам. Канфэрэнцыя выказалася за ўтварэньне незалежнай Літоўскай дзяржавы. 16 лютага 1918 г. Тарыба абвясьціла Літву незалежнай.

Разам з тым i беларускія нацыянальныя дзеячы ў нямецкай зоне акупацыі ішлі на стварэньне незалежнай Беларускай дзяржавы. Так, Вацлаў Ластоўскі, які застаўся ў Вільні, у канцы 1915 г. заняў незалежніцкія пазыцыі.

Тым ня менш 19 сьнежня 1915 г. у Вільні прадстаўнікі беларускіх, літоўскіх, польскіх i габрэйскіх арганізацыяў апублікавалі Ўнівэрсал Канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага. У ім абвяшчалася ідэя ўтварэньня канфэдэратыўнай дзяржавы, якая мела складацца зь дзьвюх аўтаномных адзінак - беларускай i літоўскай. Да пачатку 1918 г. ідэя беларуска-літоўскай дзяржавы пераважала ў асяродзьдзі беларускіх арганізацыяў у зоне нямецкай акупацыі.

Пазьней, на пачатку 1918 г., В. Ластоўскі утварыў арганізацыю «Сувязь незалежнасьці i нёпадзельнасьці Беларусі», якая выпрацавала галоўныя кірункі стварэньня незалежнай Беларусі. У гэтую арганізацыю ўваходзілі пераважна прадстаўнікі каталіцкага сьвятарства, а таксама князь М. Сьвятаполк-Мірскі. Праз «Сувязь незалежнасьці» былі ўсталяваныя кантакты зь нямецкай каталіцкай партыяй цэнтру. Няцяжка заўважыць, што Вацлаў Ластоўскі i ягоная арганізацыя выкарыстоўвалі ўсё магчымае, каб дасягнуць незалежнасьці Беларусі. Ластоўскі рашуча выступаў супраць спробаў утварыць дзяржаву разам з Польшчай ці Літвой.

Адначасова, 25-27 студзеня 1918 г., на Беларускай канфэрэнцыі ў Вільні была абраная Віленская Беларуская Рада (старшыня Антон Луцкевіч), якая замяніла Беларускі Народны Камітэт у Вільні. Канфэрэнцыя выказалася за ідэю стварэньня фэдэратыўнага Літоўска-Беларускага гаспадарства. Але ў сувязі з абвешчаньнем 16 лютага 1918 г. незалежнасьці Літоўскай рэспублікі Віленская Беларуская Рада стала на цалкам незалежніцкія пазыцыі.

Такім чынам, у зоне нямецкй акупацыі ў лютым 1918 г. ужо выразна выявіліся моцныя тэндэнцыі да стварэньня незалежнага Беларускага гаспадарства. На большай частцы тэрыторыі Беларусі, якая знаходзілася ў складзе Расеі, гэтыя тэндэнцыі выяўляліся таксама, але не ў такой ступені, як у беларусаў Віленшчыны, што, дарэчы, паказаў Усебеларускі зьезд у Менску ў сьнежні 1917 г., дзе даваліся ў знакі аўтанамісцкія настроі.

Надалей, пасьля падпісаньня 3 сакавіка 1918 г. Нямеччынай i ейнымі саюзьнікамі ды Савецкай Расеяй Берасьцейскага міру, калі тэрыторыю Беларусі падзялілі, у Менску 9 сакавіка 1918 г. была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. 18 сакавіка 1918 г. дзевяць сяброў Віленскай Беларускай Рады былі кааптаваныя ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, i 23 сакавіка яны прыехалі ў Менск. На гістарычным паседжаньні ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 г. Антон Луцкевіч прапанаваў Народнаму Сакратарыяту абвесьціць незалежнасьць БНР. Уранку 25 сакавіка Рада БНР прыняла 3-ю ўстаўную грамату, якая абвесьціла незалежнасьць краіны.

У красавіку 1918 г. Віленская Беларуская Рада адхіліла прапанову Літоўскай Тарыбы дэлегаваць у ейны склад прадстаўнікоў «беларускае нацыянальнае меншасьці». Яна зыходзіла пры гэтым з 3-й Устаўнай граматы Рады БНР пра тэрыторыю беларускай часткі Віленшчыны й Горадзеншчыны, на якія прэтэндавала Тарыба.

У звароце ўраду БНР да ўраду Аўстра-Вугоршчыны аб прызнаньні Беларусі як «самастойнай рэспублікі, якая канчаткова аддзялілася ад Расеі», пра гэта гаварылася: «На Захадзе мы стаім за абарону ўсёй тэрыторыі Беларусі там, дзе чуецца беларуская мова, з горадам Вільняй - нашай старажытнай сталіцай, а адтуль на ўсход да Дынабурга. Пры гэтым мы лічым неабходным нагадаць, што Вільня была ня толькі нашай сталіцай, але ваяўнічым цэнтрам i цэнтрам беларускага руху». Але Германія i Аўстра-Вугоршчына не прызналі БНР, спасылаючыся на ўмовы Берасьцейскае мірнае ўгоды i разглядаючы большую частку тэрыторыі Беларусі як расейскую, за выняткам Беласточчыны, Горадзеншчыны й Віленшчыны, ад якіх адмовілася Савецкая Расея, а таксама ня лічачы беларускім Палесьсе, бо яно было ўключана ў склад Украінскай Народнай Рэспублікі.

Беларуска-літоўскія дачыненьні зьмяніліся ўвосень 1918 г. У верасьні 1918 г. А. Луцкевіч узначаліў урад БНР. Неўзабаве немцы пачалі вельмі нясьпешна выводзіць свае войскі зь некаторых усходніх паветаў Беларусі, атрымаўшы ад ураду РСФСР вялікую кантрыбуцыю золатам i таварамі. Над Беларусяй i Літвой навісла пагроза захопу чырвонымі расейскімі войскамі. З захаду паўставала небясьпека польскага ўмяшаньня. У лістападзе 1918 г. віленская Беларуская Рада на даручэньне А. Луцкевіча вяла перамовы зь Літоўскаю Тарыбаю.

Яны праходзілі 15, 20, 21, 23, 26 i 27 лістапада 1918 г. Пры літоўскім урадзе паўстала Міністэрства Беларускіх Справаў. 27 лістапада 1918 г. у склад Тарыбы ўвайшло 6 сяброў Віленскае Беларускае Рады: В. Ластоўскі, I. Луцкевіч, Я. Станкевіч, кс. В. Талочка, К. Фалькевіч i Д. Сямашка, а зь 1 сьнежня Язэп Варонка прыняў пасаду міністра беларускіх справаў у літоўскім урадзе. Потым яго замяніў Д. Сямашка, які спачатку быў уключаны ў склад літоўскай дэлегацыі на Вэрсальскай мірнай канфэрэнцыі.

Паводле пагадненьня паміж Тарыбай i Віленскай Беларускай Радай беларускім прадстаўнікам адводзілася 25 працэнтаў месцаў у Тарыбе (Сойме). Літоўскі ўрад абавязваўся асыгнаваць на арганізацыю беларускай тэрыторыі сумы прапарцыйна лічэбнасьці насельніцтва i велічыні тэрыторыі. Літоўскі ўрад браўся таксама абараняць цэласьць заходніх беларускіх земляў улучна зь Беластокам i Бельскам. Беларуская тэрыторыя ў Літоўскай дзяржаве павінна была скласьці аўтаномную адзінку зь беларускаю моваю як афіцыйнаю. Прызначэньне ўрадавых асобаў на беларускую тэрыторыю мела адбывацца толькі зь ведама i за згодаю «Беларускага Сакратарыяту» (г, зн. беларускіх дэлегатаў у Тарыбе).

Уступаючы ў склад Тарыбы, беларускія дэлегаты 27 лістапада злажылі дэклярацыю, у якой абапіраліся на пастанову Беларускай канфэрэнцыі 25-27 студзеня 1918 г. аб ідэі ўтварэньня фэдэратыўнае Літоўска-Беларускае дзяржавы. У дэклярацыі гаварылася: «Беларуская Рада верыць, што два народы, злучаныя гістарычна i эканамічна, падаўшы адзін аднаму руку, патрапяць здабыць сабе вольнае i незалежнае жыцьцё, ідучы дарогай дэмакратычнага будаўніцтва агульнае Дзяржавы».

Ужо 3 сьнежня 1918 г., незадоўга да прыходу чырвоных войскаў у Менск, урад Беларускае Народнае Рэспублікі пераехаў зь Менска ў Вільню. Была зробленая спроба наладзіць шчыльнае беларуска-літоўскае палітычнае й вайсковае супрацоўніцтва. З-за пагрозы захопу бальшавікамі Вільні ўрад БНР на чале з Антонам Луцкевічам у канцы сьнежня 1918 г. выехаў у Горадню. Пакінуў Вільню i літоўскі ўрад, які пераехаў у Коўна. Міністэрства Беларускіх Справаў 2 студзеня 1919 г. пераехала ў Горадню. Ужо адтуль яно санкцыянавала прызначэньне літоўскіх урадавых камісараў у Беласток, Саколку, Белавежу, Бельск, Горадню, Дзятлава, Крынкі, Планты й Ліду, якія лічыліся беларускімі мясцовасьцямі. Аднак літоўскі ўрад бязь ведама міністра беларускіх справаў прызначыў сваіх камісараў у Ваўкавыск i Ашмяны. Міністэрства Беларускіх Справаў, між іншым, мела кантакты зь нямецкімі ўладамі i з амэрыканскай місіяй у Літве.

Асноўным пытаньнем, якім займалася Міністэрства Беларускіх Справаў, было стварэньне беларускіх узброеных сілаў. Дзеля гэтага ў міністэрстве арганізавалі вайсковы сакратарыят. Урад Літвы вельмі разьлічваў на беларускае войска, бо сілы самой Літвы былі нязначныя. Літоўскі афіцэр М. Вялікіс 24 сьнежня 1918 г, так ахарактарызаваў становішча ўсёй тагачаснай літоўскай арміі: «Першы полк - каля 30 афіцэраў i каля 200 салдатаў (...)» У другім пяхотным палку было ўсяго некалькі афіцэраў i некалькі салдатаў».

Вайсковым сілам Літвы вельмі бракавала афіцэраў. Таму ўсімі вайсковымі справамі Літвы спачатку займаўся запрошаны зь Менска беларускі генэрал К. Кандратовіч, які займаў пасаду віцэ-міністра абароны (міністрам абароны быў сам прэм'ер А. Вальдэмарас). Адначасова Кандратовіч лічыўся «галоўным камандзерам беларускага войска». Прызначэньне афіцэраў у беларускія вайсковыя часткі рабіў літоўскі ўрад, але з санкцыі Міністэрства Беларускіх Справаў. У наступным урадзе М. Сьляжавічуса міністрам абароны стаўся М. Вялікіс, якому падпарадкоўваліся беларускія вайсковыя адзінкі. Беларускія афіцэры адначасова лічыліся «беларускімі афіцэрамі літоўскай арміі».

Сярод ix былі i беларусы, i расейцы. Усе - афіцэры былой расейскай арміі, якія прайшлі сусьветную вайну.

Вайсковыя ступені ў беларускім войску былі аднолькавыя са ступенямі ў літоўскай арміі. Старэйшыя афіцэры: палкоўнікі, палкоўнікі-лейтэнанты (г. зн. падпалкоўнікі), маёры; малодшыя афіцэры: капітаны, старэйшыя лейтэнанты, лейтэнанты (або падпаручнікі); падафіцэрскі склад: старэйшыя падафіцэры (узводныя) i малодшыя падафіцэры (аддзяленныя); шараговы склад: стралкі (або салдаты). Генэралы ў беларускім войску ў Літве не служылі, за выняткам Кандратовіча, які неўзабаве пайшоў у адстаўку.

Арганізацыя беларускага войска праводзілася пераважна ў Горадні ад пачатку студзеня да канца красавіка 1919 г., калі там знаходзілася Міністэрства Беларускіх Справаў. Тут найперш быў зарганізаваны штаб - Беларуская Камэндатура, потым беларускі полк пяхоты й эскадрон кавалерыі.

Тымчасам 23 красавіка 1919 г. польскім войскам удалося адарваць Вільню ў бальшавікоў. Калі 28 красавіка 1919 г. нямецкія войскі перадалі i Горадню палякам, Міністэрства Беларускіх Справаў i некаторыя афіцэры й салдаты беларускага войска пасьпелі вырвацца ў Коўна. З Горадні ў поўным складзе выйшлі кавалерыйскі эскадрон i 5-я рота Беларускага пяхотнага палка. 1 чэрвеня 1919 г. 1-ы Беларускі полк у Горадні быў раззброены палякамі.

Адначасова з арганізацыяй беларускіх вайсковых аддзелаў у Горадні асобныя беларускія вайсковыя групы тварыліся i ў Коўне, дзе існавала Беларускае Вайсковае Бюро. З гэтых групаў пазьней, у 1919 г., быў створаны Беларускі пяхотны батальён у складзе літоўскай арміі. Камандаваў ім маёр Аляксандар Ружанец-Ружанцоў (Алесь Смаленец). Асобнаю адзінкаю заставаўся беларускі кавалерыйскі эскадрон, які ў канцы красавіка 1919 г. вырваўся з Горадні. Гэтыя беларускія вайсковыя адзінкі прымалі ўдзел у баёх супраць польскіх войскаў у раёне Ляйпунаў i на паўночным фронце ля Дзьвінска (Даўгаўпілса).

У гэты ж час, у жніўні 1919 г., Міністэрства Беларускіх Справаў (у Коўне) выйшла на міжнародную арэну. Міністар Язэп Варонка праз урад Літвы перадаў урадам Англіі, Францыі, ЗША ды ішых дзяржаваў Антанты ноту пратэсту супраць перадачы Аўгустоўскага павету палякам. У ёй пералічаліся беларускія паветы, захопленыя палякамі: Берасьцейскі, Бельскі, Пружанскі, Белавескі, Кобрынскі, Беластоцкі, Слонімскі, Сакольскі, Ваўкавыскі, Горадзенскі, Лідзкі, Віленскі, Ашмянскі, Дзятлаўскі, Наваградзкі.

Гэтыя патрабаваньні прыблізна адпавядалі тэрытарыяльным патрабаваньням, якія выставіла дэлегацыя літоўскага ўраду на чале зь міністрам замежных справаў Ю. Шаўлісам (у складзе дэлегацыі былі літоўскі палкоўнік М. Вялікіс i беларускі палкоўнік К. Езавітаў), якая выяжджала ў красавіку 1919 г. у Варшаву. Дэлегацыя патрабавала прызнаньня дзяржаўнай мяжы Літвы ў межах Ковенскай, Віленскай, Сувальскай, Горадзенскай губэрняў i часткі Менскай. На перамовінах з польскім бокам палкоўнік К. Езавітаў пратэставаў супраць «пляну ўтварэньня Літоўска-Беларускай рэспублікі ў межах 1772 г.», аб'яднанай з Польшчаю. Перамовіны былі марныя. Ужо ў чэрвені 1919 г. літоўскі ўрад патрабаваў мяжы толькі па лініі Друя - возера Нарач - Дзярэўна - рака Нёман - Горадня з акругай. Пытаньні пра тэрыторыі на поўдзень ад гэтай лініі пакідаліся да ўрэгуляваньня на мірнай канфэрэнцыі. Літоўскі ўрад згаджаўся на выкарыстаньне польскімі войскамі гэтае спрэчнае тэрыторыі для барацьбы «супраць бальшавікоў». Урэшце на прапанову краінаў Антанты была ўсталяваная дэмаркацыйная лінія паміж літоўскімі i польскімі войскамі («лінія Фоша»).

Палепшыліся беларуска-літоўскія дачыненьні на пачатку 1920 г. Тады пасьля канфлікту з польскімі акупацыйнымі ўладамі 13 сьнежня 1919 г. бальшыня сяброў Рады БНР выбрала новы Прэзыдыюм Рады Беларускае Народнае Рэспублікі на чале з П. Крэчэўскім i новы ўрад БHP на чале з В. Ластоўскім. Польскія ўлады не прызналі гэтую Раду, арыштавалі В. Ластоўскага ды іншых кіраўнікоў. Ластоўскага пратрымалі ў астрозе паўтара месяца. В. Ластоўскі i ягоныя міністры ў лютым пераехалі ў Коўна, туды ж перабралася і Рада БHP.

Нягледзячы на прыязныя дачыненьні паміж урадамі Літвы i Беларускай Народнай Рэспублікі, літоўскі ўрад 12 ліпеня 1920 г. падпісаў у Маскве мірную дамову з Савецкай Расеяй. Паводле артыкула 2-га гэтае дамовы, «дзяржаўная мяжа паміж Расеяй i Літвой» праходзіла ад Дзьвіны па лініі на захад ад Друі - на ўсход ад Браслава - Казьяны - Паставы - азёры Мядзел i Мястра - на захад ад Вялейкі - па заходніх ускраінах Маладэчна i Валожына - па рэках Валожынка, Іслач, Бярэзіна да ўпадзеньня яе ў Нёман ля мястэчка Дзяляцічы - далей па Нёмане i за 30 км на поўдзень ад Горадні - на поўдзень ад Аўгустова. Такім чынам, Савецкая Расея перадавала на гэты раз беларускія землі Літве, а Літва прымала такі падарунак. Нідзе ў тэксьце дамовы ня згадвалася пра беларускую тэрыторыю, а толькі пра расейскую й літоўскую. Праўда, пасьля заняцьця гэтай тэрыторыі чырвонымі ў ліпені 1920 г. іхнае камандаваньне так і не дапусьціла літоўцаў на землі, вызначаныя Літве. Толькі пры адступленьні чырвоных у верасьні літоўцы захапілі Вільню, і то да прыходу палякаў.

Польска-літоўскія дачыненьні былі напружаныя. Войскі Л. Жалігоўскага (9 кастрычніка 1920 г.) захапілі Вільню й Віленскі край, дзе было абвешчанае дзяржаўнае ўтварэньне Сярэдняя Літва. З боку Польшчы існавала рэальная пагроза Літве. Літоўскі ўрад падпісаў 11 лістапада 1920 г. зь беларускім урадам (на эміграцыі) В. Ластоўскага пагадненьне аб узаемнай дапамозе.

Паводле гэтага пагадненьня Беларуская Народная Рэспубліка i Літва ўзаемна прызнавалі незалежнасьць абедзьвюх дзяржаваў. Такім чынам, пытаньне пра аўтаномію беларускіх земляў у складзе Літвы больш ня ставілася. Узаемна прызнавалася правамоцнасьць абодвух урадаў. Тэрытарыяльныя спрэчкі адкладваліся да моманту скліканьня беларускага ўстаноўчага сойму, які шляхам перамовінаў зь літоўскім соймам або праз прызначаны ім урад меўся вызначыць беларуска-літоўскую мяжу.

Беларускі ўрад абяцаў перадаць усе сфармаваныя ім на літоўскай тэрыторыі беларускія вайсковыя аддзелы ў распараджэньне літоўскага ўраду. А ў часе ўсеагульнага плебісцыту на Віленшчыне аб прыналежнасьці яе Літве або Польшчы беларускі ўрад абавязваўся заклікаць беларусаў аддаць свае галасы на карысьць Літвы. У мясцовасьцях Літвы зь перавагаю беларускага насельніцтва (амаль усе яны былі акупаваныя польскімі войскамі) мела ўсталявацца нацыянальна-тэрытарыяльная аўтаномія з адпаведным кіраваньнем. Літоўскі ўрад таксама абавязваўся дапамагчы ўраду В. Ластоўскага атрымаць замежную грашовую пазыку.

Апрача таго, літоўскі ўрад мусіў даць беларускаму афіцыйнае месца перабываньня на сваёй тэрыторыі - фактычна ў Коўне.

Урад В. Ластоўскага дазволіў літоўскаму ўраду выкарыстоўваць беларускія фармаваньні дзеля абароны Літвы. Ён абавязаўся распачаць арганізацыю беларускага нацыянальнага войска на тэрыторыі Літвы - «як шляхам добраахвотніцтва, так i шляхам мабілізацыі сваіх грамадзян на тэрыторыі Літвы i ў вызваленых частках уласнай тэрыторыі». Урад БНР быў гатовы падпарадкаваць беларускае войска генэральнаму штабу літоўскай арміі, у склад якога павінны былі ўвайсьці прадстаўнікі Міністэрства абароны Беларускай Народнай Рэспублікі. Усё ўтрыманьне беларускага войска й яго экіпаваньне меўся ўзяць на сябе літоўскі бок.

Аднак гэтае беларуска-літоўскае вайскова-палітычнае пагадненьне, заключанае перад пагрозай далейшага наступу польскага войска на Літву, практычных вынікаў ня мела. Ваенныя дзеяньні паміж літоўскай арміяй i войскамі генэрала Л. Жалігоўскага пад націскам вайсковай камісіі Лігі Нацыяў былі спыненыя 30 лістапада 1920 г. Дачыненьні паміж Польшчай i Літвой заставаліся напружанымі. Для ўраду Літвы, які ў распараджэньні меў дзьве літоўскія дывізіі, беларускія вайсковыя адзінкі былі дадатковай i неабходнай сілай.

Таму ўзаемадачыненьні літоўскага й беларускага ўрадаў заставаліся пэўны час саюзнымі. Літоўскі ўрад падтрымліваў урад В. Ластоўскага. Беларускі ўрад заставаўся ў Коўне да восені 1923 г. Толькі пасьля адстаўкі В. Ластоўскага 23 жніўня 1923 г. Рада i ўрад БНР пераехалі ў лістападзе 1923 г. у Прагу, сталіцу Чэха-Славаччыны. Да 1923 г. у складзе літоўскай арміі знаходзіліся беларускія падразьдзелы: асобны беларускі батальён, потым (з 25 красавіка 1923 г.) асобная беларуская з 209 чалавек рота. Справаводзтва й каманды ў гэтых падразьдзелах вяліся i аддаваліся на беларускай мове. Выходзіў часапіс «Вайсковы». Гэта былі ня толькі падразьдзелы, але i рэзэрва для разгортваньня беларускага войска пры магчымай зьмене палітычнай сытуацыі: для вайны супраць Польшчы або супраць Савецкай Расеі, каб вызваліць тэрыторыю Беларусі. У 1920-1923 гг. беларускі батальён, а потым рота стаялі на польска-літоўскай мяжы.

Палітычная сытуацыя зьмянілася ў 1922-1923 гг. 8 студзеня 1922 г. польскія ўлады Сярэдняй Літвы правялі выбары часовага Сойму, які 20 лютага 1922 г. пастанавіў далучыць тэрыторыю Віленскага краю да Польшчы. 24 сакавіка 1922 г. гэтае рашэньне пацьвердзіў польскі сойм. У сакавіку 1923 г. канфэрэнцыя паслоў Англіі, Францыі, Італіі i Японіі вызначыла літоўска-польскую мяжу, пакінуўшы Віленскі край Польшчы. Рашэньне канфэрэнцыі паслоў зацьвердзіла рада Лігі Нацыяў. I хоць літоўскі ўрад тае мяжы не прызнаў, аднак вымушаны быў лічыцца зь міжнародным арбітражам. Яшчэ раней, у студзені 1923 г., Клайпедзкі край быў далучаны да Літвы явачным парадкам, i 17 лютага 1923 г. канфэрэнцыя паслоў згадзілася 3 гэтым далучэньнем. Такім чынам, міжнароднае становішча Літоўскай рэспублікі стабілізавалася.

Становішча ж Беларусі i ўраду БНР пагаршалася. У выніку заключэньня Рыскае прэлімінарнае мірнае дамовы 12 кастрычніка 1920 г. i Рыскае мірнае дамовы 18 сакавіка 1921 г. тэрыторыя Беларусі была падзеленая Савецкаю Расеяй i Польшчаю бяз згоды беларускага народу i без удзелу прадстаўнікоў Беларусі. Урэшце, усё гэта прывяло да спыненьня афіцыйных дачыненьняў паміж урадамі Літвы й БНР i да ліквідацыі адзінак беларускага войска ў Літве. Было зьліквідаванае i Міністэрства Беларускіх Справаў. Там заставаліся яшчэ беларускія дзеячы В. Ластоўскі, К. Душэўскі, выдаваўся часапіс «Крывіч». Да 1924 г. дзейнічала выдавецтва Міністэрства Беларускіх Справаў. Але палітычная дзейнасьць ужо не вялася.

Такім чынам, беларуска-літоўскія дачыненьні ў 1918-1922 гг. зьмяняліся ў сувязі з палітычнаю сытуацыяй. Абодва бакі вырашалі свае нацыянальнадзяржаўныя пытаньні. Больш спрыяльныя для Літвы ўмовы дазволілі ёй захаваць незалежнасьць. Беларуская Народная Рэспубліка з-за вонкавых абставінаў не змагла адстаяць сваю незалежнасьць. У барацьбе за захаваньне дзяржаўнасьці i Беларусь, i Літва заключалі саюзныя пагадненьні. Аднак гэты саюз не прынёс Беларусі якіх-небудзь рэальных палітычных вынікаў.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX