Вярнуцца: Беларуская Народная Рэспубліка

Крывіцкі Л. Браты Луцкевічы


Аўтар: Крывіцкі Лявон,
Дадана: 08-10-2012,
Крыніца: Крывіцкі Лявон. Нельга абысці маўчаннем // Спадчына № 1 - 1991. С. 10-17.



Нельга абысці маўчаннем

У «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі» ёсць сціплая даведка пра Івана Луцкевіча, дзе сказана: «... беларускі археолаг, этнограф і грамадскі дзеяч. (...) У Пецярбурзе ўдзельнічаў у стварэнні Беларускага гуртка народнай асветы, рэдагаваў літаграфаванае выданне «Калядныя пісанкі», у зборніку «Вязанка» выдаў літаратурную спадчыну Я. Лучыны. Адзін 3 арганізатараў Беларускай сацыялістычнай грамады, уваходзіў у рэдакцыі газет «Наша доля» і «Наша ніва». Вёў археалагічныя і этнаграфічныя даследаванні, вывучаў старажытную гісторыю Беларусі, адкрыў і апісаў Аль-Кітаб, быў ініцыятарам стварэння Беларускага музея ў Вільні, першай беларускай гімназіі...»

За гэтай кароткай і сухаватай даведкай стаіць жыццё нястомнага барацьбіта за беларускую справу, жыццё, напоўненае бурнымі падзеямі і няспынным змаганнем. Кожная яго старонка - гэта як бы этапы развіцця беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Нават сёння гэтае імя ўспамінаецца не дужа часта. Іван Луцкевіч - своеасаблівая і яскравая постаць у гісторыі беларускага адраджэнцкага руху. Ен не толькі пакінуў выразны след у гісторыі гэтага руху, але даў яму моцны штуршок наперад, у значнай ступені акрэсліў напрамак развіцця, хаця сам пражыў усяго 38 гадоў і памёр ад сухотаў у самым росквіце сваёй грамадскай актыўнасці.

Бацька Івана, Іван Якімавіч Луцкевіч, паходзіў са збяднелай шляхты даволі старажытнага роду ў Мінскай губерні. А6 гэтым сведчыць фамільны герб Навіна, пра які маюцца пісьмовыя звесткі ажно з XIV ст. Іван Якімавіч зямельнай маёмасці ўжо не меў. Ен быў вайскоўцам, удзельнічаў у Крымскай вайне ў чыне капітана, за баявыя заслугі ў абароне Севастопаля быў узнагароджаны двума крыжамі (св. Георгія і св. Ганны) і двума медалямі. На вайне быў паранены і з войска дэмабілізаваўся. Вядома, што ў шасцідзесятых гадах быў арандатарам у маёнтку пана Вайніловіча ў Тарасевічах Бабруйскага павета. Адтуль, відаць, вядзецца яго знаёмства і прыяцельскія адносіны з вядомым беларускім паэтам Вінцуком Дуніным-Марцінкевічам, які, жывучы нейкі час па суседстве ў Карытне, прысвяціў яму ў 1868 г. верш, напісаны па-беларуску.

Сям'я Івана Якімавіча была каталіцкай. Як у тыя часы было заведзена, у хаце гутарылі па-польску. Афіцэр царскай арміі, сам ён беззаганна валодаў расейскай мовай, але пры гэтым у сялянскім асяроддзі не цураўся беларускасці, шанаваў мову «простага» народа, аб чым вымоўна сведчыць зварот да яго Вінцука Дуніна-Марцінкевіча па-беларуску. У біяграфічным нарысе 1920 г. пра Івана Іванавіча Луцкевіча так характарызуюцца настроі і светапогляд сям'і Луцкевічаў: яна «...жыла ўспамінамі аб напалеонаўскім паходзе і паўстаннях 1831 і 1863 гадоў, жыла ідэаламі дэмакратызму з часоў французскае рэвалюцыі і паўстанчаскімі настроямі, у ёй панаваў заўсёды шчыра дэмакратычны дух,- і гэтым духам былі прасякнуты дзеці, што шукалі ў школе дружбы не панічоў, a сыноў мужыцкіх». Дарэчы, дзядзька Сцяпан (брат Івана Якімавіча) удзельнічаў у паўстанні 1863 г. і быў расстраляны царскімі карнікамі ў Мінску - у лесе, на тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца чыгуначны вакзал.

Іван Якімавіч быў жанаты двойчы. Першая жонка памерла пры родах, пакінуўшы дзве дзяўчынкі. Ад другой жонкі меў пяцёра дзяцей, самы старэйшы і быў Іван. Маці Івана, Зофія Эмерыкаўна Лычкоўская, паходзіла таксама 3 небагатай шляхецкай сям'і, якой належаў фальварак Ракуцёўшчына каля мястэчка Краснае, што ляжыць на палавіне дарогі між Маладзечнам і Радашкавічамі. Зофія да фальварка дачынення ўжо не мела, але ёй дастаўся ў спадку драўляны дамок у Мінску на Садовай вуліцы над самым берагам Свіслачы. У Ракуцёўшчыне гаспадарыў яе брат Вацлаў Лычкоўскі. Фальварак у той час меў не больш як 25 гектараў зямлі. Ракуцёўшчынай называлася і вёска, што знаходзілася побач з фальваркам. Дарэчы, летам 1911 г. там больш як два месяцы быў госцем наш вялікі паэт Максім Багдановіч, які прыехаў туды па запрашэнні братоў Івана і Антона Луцкевічаў да іхняга дзядзькі. Гэтая цудоўная мясціна з узгоркамі, палямі ды лугамі, сярод якіх вілася рэчачка Уша, натхняла Максіма да напісання цэлага шэрагу прыгожых лірычных вершаў.

Іван Луцкевіч нарадзіўся 28 мая 1881 г. у Шаўлях Ковенскай губерні (цяпер Шаўляй, Літва), дзе ягоны бацька ў той час працаваў на чыгунцы. Неўзабаве бацьку перавялі ў Лібаву (цяпер Ліепая, Латвія.) У 1890 г. Іван пачынае вучыцца ў Лібаўскай гімназіі. Праз 5 гадоў сям'я вяртаецца на бацькаўшчыну ў Мінск і пасяляецца ў доме маці. Пасля смерці бацькі ў 1897 г. Іван таксама пераязджае ў Мінск, дзе працягвае вучобу ў Мінскай гімназіі. Пасля заканчэння, у 1902 г., ён паступае на юрыдычны факультэт Пецярбургскага універсітэта і адначасова ў Археалагічны інстытут. 3 гэтага часу і пачынаецца яго актыўная грамадская дзейнасць.

Ужо ў сярэдняй школе Іван дужа цікавіцца гісторыяй, ад трэцяга класа гімназіі пачынае калекцыянаваць старыя манеты і Іншыя старасвецкія рэчы, частка з якіх трапіла потым у яго багатую калекцыю, што стала асноваю першага беларускага гісторыка-этнаграфічнага музея. У Мінскай гімназіі ён арганізуе гурток прагрэсіўнай моладзі, каторым апякуецца Казімір Кастравіцкі (беларускі паэт Карусь Каганец). Нацыянальнае самаўсведамленне ў гуртку - гэта вынік зацікаўленасці гісторыяй свайго краю, нечакана заўважанага парадаксальнага становішча шырокіх працоўных мас насельніцтва Беларусі, якое гаворыць на сваёй роднай мове, a церпіць прыгнёт, здзек і пагарду ў з боку паноў, чыноўнікаў ды жандараў, што гавораць на чужых для яго мовах - польскай ці расейскай. Чужую мову чуе народ у касцёле ды ў царкве, сваёй жа жывой і сакавітай мовай карыстаецца толькі ў хаце ды ў сваім багатым фальклоры.

У жывой душы Івана гэтыя супярэчнасці выклікалі здзіўленне і абурэнне, жаданне змяніць такое становішча. Дастаткова глыбокія веды па гісторыі гавораць яму пра тое, што гэтак было не заўсёды. У Мінску ён пазнаёміўся 3 вядомым беларускім археолагам старэйшага пакалення Генрыкам Татурам. Гэтае знаёмства перарадзілася ў блізкае сяброўства і было дадатковым штуршком да заняткаў археалогіяй і гісторыяй свайго краю ды стымулам да паступлення ў Археалагічны інстытут у Пецярбурзе.

Апынуўшыся ў асяроддзі студэнтаў, сярод якіх было нямала выхадцаў з Беларусі, ён стараецца згуртаваць іх, аб'яднаць на грунце патрыятычных пачуццяў, накіраваць да дзейнасці дзеля пашырэння асветы свайго народа. Ужо восенню 1902 г. ён арганізуе «Беларускі кружок народнае асветы», выдае адозвы 3 заклікам несці асвету ў беларускую вёску.

Пры яго ўдзеле выходзіць літаграфаваная аднаднеўка «Калядная пісанка», рыхтуецца да друку літаратурная спадчына Янкі Лучыны (Неслухоўскага) у зборніку пад загалоўкам «Вязанка». I ўсё гэта - ва ўмовах забароны беларускае мовы ў друку!

Пад уплывам цесных сувязей з шырокім колам інтэлігенцыі, прагрэсіўных рабочых і студэнцтва канчаткова фарміруецца светапогляд Івана, убіраючы ў сябе найбольш прагрэсіўныя плыні эпохі: марксісцкую філасофію, ідэі сацыялізму, лозунгі змагання за сацыяльную справядлівасць. Іван шукае кантактаў з рознымі рэвалюцыйнымі арганізацыямі, сыходзіцца з сацыял-рэвалюцыянерамі, знаёміцца з сёстрамі Ізмайлавічанкамі з Мінска, добра вядомымі 3 іх пазнейшай дзейнасці пад час рэвалюцыі 1905 г. Калі вясной 1903 г. з-за падрыхтоўкі першамайскай дэманстрацыі ў Пецярбурзе Ізмайлавічанкі былі арыштаваныя, трапляе ў турму і Іван - ён зайшоў на іх кватэру, дзе была паліцэйская засада. Амаль усё лета 1903 г. ён праседзеў у турме, прыняў удзел у галадоўцы палітвязняў, захварэў. Магчыма, гэта і быў пачатак сухотаў, што перадчасна давялі яго да магілы.

Выйшаўшы на свабоду, ён не пакідае думкі аб стварэнні беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі, і ўжо ўвосень 1903 г. існуе «Беларуская Рэвалюцыйная Грамада» (назву гэтую надаў ёй Іван). Удзельнікі Грамады - прагрэсіўныя беларускія студэнты пецярбургскіх вышэйшых навучальных установаў, у тым ліку Вацлаў Іваноўскі, брат Івана Луцкевіча - Антон, многа рабочых родам 3 Белдрусі. Мэты БРГ самыя радыкальныя - змаганне супраць самадзяржаўнае ўлады, за дэмакратычны лад: зямлю для сялян, фабрыкі і заводы для рабочых. Яна патрабуе нацыянальнае свабоды для беларусаў: школы на роднай мове і роўных для яе правоў у краі.

Хутка дзейнасць арганізацыі пераносіцца на Беларусь. Ствараюцца яшчэ два цэнтры: у Мінску з удзелам Казіміра Кастравіцкага, Антона Трэпкі, Аляксандра Уласава, Антона Шабуні і ў Вільні - Алаізы Пашкевіч (Цёткі), братоў Умястоўскіх, Фелікса Стацкевіча, Аляксандра Бурбіса.

У сваёй дзейнасці БРГ кіруецца прынцыпамі інтэрнацыянальнай салідарнасці, імкнецца супрацоўнічаць з рэвалюцыйнымі партыямі суседніх паняволеных народаў. У сувязі з пачаткам руска-японскай вайны супольна з Польскай партыяй сацыялістычнай, сацыял-дэмакратычнымі партыямі Літвы і Латвіі яна выдае на чатырох мовах адозвы антываеннага характару. Пры дапамозе сяброў з ППС за мяжой выдаюцца беларускія агітацыйныя брашуры, што заклікаюць да барацьбы з самадзяржаўем, выступаюць супраць дужа непапулярнай у народзе вайны. Іван Луцкевіч прымае ўдзел ва ўсіх асноўных мерапрыемствах Грамады, каардынуе работу яе паасобных цэнтраў.

Аднак пры ўсім гэтым ён не пакідае сваіх навуковых пошукаў, наадварот - у 1904 г. заканчвае Археалагічны інстытут і атрымлівае камандзіроўку для навуковых доследаў на Беларусь і для далейшае навукі ў Вену. У Вене ён вучыцца ў «Славянскім семінары» пры універсітэце пад кіраўніцтвам прафесара Ягіча. Выезд за мяжу даў магчымасць бліжэй пазнаёміцца з нацыянальна-вызваленчымі імкненнямі іншых паняволеных народаў. Так, пабываўшы ў Львове, Луцкевіч бліжэй сыходзіцца з украінскім вызваленчым рухам. Затым у Кракаве і ў Варшаве знаёміцца з многімі польскімі вучонымі і кіраўнікамі Польскай сацыялістычнай партыі, якая зноў дапамагае наладзіць выданне сацыялістычных брашур на беларускай мове і дастаўляць іх кантрабандай на Беларусь. Ен стараецца пазнаёміць прагрэсіўныя кругі грамадства іншых краін з лёсам абяздоленай Беларусі, выклікаць спагадлівыя адносіны да барацьбы свайго народу за свабоду. Адначасна ён не мінае нагоды паглыбіць свае веды па гісторыі ды здабыць які каштоўны экспанат для сваёй калекцыі, з якой марыць стварыць у будучыні першы беларускі музей.

У пачатку 1905 г. Іван ізноў у Пецярбурзе. Ён прыехаў, каб закончыць навуку на юрыдычным факультэце універсітэта.

Выклікае здзіўленне яго працавітасць, яго здольнасць праяўляць адначасна самую разнародную дзейнасць, усюды паспяваць, усюды іграць кіраўнічую ролю. Цікавы эпізод з пачатку таго ж 1905 г., апісаны ва ўспомненым біяграфічным нарысе, выдадзеным у першую гадавіну яго смерці: «...Іван Луцкевіч, як натуральны і ўсімі прызнаны галава беларускага руху, атрымлівае ад Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады мандат на з'езд прадстаўнікоў сацыялістычных партый у Фінляндыі. Гэта - першае міжнацыянальнае выступленне адраджаючагася беларускага народу, прадстаўленага пакуль што адзінай яго партыяй - і з таго часу беларусам адчыняецца дарога на сусветную палітычную арэну. У Фінляндыі, на з'ездзе, Іван Луцкевіч сустракаецца з прадстаўнікамі ірландцаў; як сыны народу, каторы сам гэтак многа перацярпеў ад чужацкага ўціску, яны выказваюць свой шчыры спогад беларускім байцам за волю і шлюць ім прывет і адзнаку Ірландыі - зялёны трыліснік, a таксама невялікую суму грошай, як падмогу партыі на выдавецтва».

1905 г. для Івана Луцкевіча - гэта год напружанай палітычнай дзейнасці, актыўнага ўдзелу ў рэвалюцыйных падзеях на тэрыторыі Беларусі. Ен вяртаецца з Пецярбурга ў Мінск, дзе цяпер найбольш актыўная дзейнасць БРГ. Другім цэнтрам рэвалюцыйнай барацьбы пад сцягам Грамады была Вільня, дзе поруч з А. Бурбісам, Умястоўскім найбольш актыўна праяўляе сябе Цётка. Яе вершы агітацыйнага характару «Хрэст на свабоду» ды іншыя, што былі выпушчаны ў выглядзе лістовак, сталі дужа папулярнымі сярод віленскага пралетарыяту, яны былі як бы праграмай партыі, выказанай у паэтычнай форме.

У тыя рэвалюцыйныя гады Іван Луцкевіч праявіў сябе як выдатны прамоўца. Выступаў на мітынгах заўсёды па-беларуску, што з энтузіязмам успрымалася рабочымі і сялянамі, для якіх існаванне побач з іншымі рэвалюцыйнымі партыямі беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі мела вялікае значэнне.

17 кастрычніка 1905 г. у Мінску адбыўся расстрэл мірнага мітынгу на Прывакзальнай плошчы. Ініцыятарам крывавай расправы быў губернатар Курлоў. У адказ на гэтае злачынства эсэрамі супольна з грамадаўцамі быў падрыхтаваны замах на Курлова і вышэйшых чыноў жандармерыі. Дом Луцкевічаў стаў канспіратыўнай кватэрай, дзе перахоўваліся зброя і боепрыпасы. Маці Івана і Антона Луцкевічаў здагадвалася аб дзейнасці сыноў, але адносілася да гэтага спагадліва. Пасля няўдалага замаху Пуліхава, якога за гэта павесілі ў Мінскай турме, Івану Луцкевічу разам з братам Антонам пад пагрозай арышту давялося ў пачатку 1906 г. пакінуць Мінск і пераехаць у Вільню на нелегальнае становішча.

Рэвалюцыя 1905 г. мела велізарнае значэнне ў жыцці беларускага народа. Яна ўзняла шырокія масы беларусаў да актыўнай барацьбы за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, выклікала ўздым творчых сіл народа. Нягледзячы на наступленне рэакцыі, у снежні 1905 г. адбываецца партыйны з'езд Беларускае Рэвалюцыйнае Грамады. На гэтым з'ездзе прымаецца новая праграма партыі і новая назва: «Беларуская Сацыялістычная Грамада». Іван Луцкевіч уваходзіць у ЦК партыі. Пачынаецца новы этап беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Адначасна гэта і новая старонка ў біяграфіі Івана Луцкевіча, звязаная з яго пераездам у Вільню. He маючы сталага месца жыхарства, жывучы пад чужым прозвішчам, ён і далей вядзе актыўную арганізацыйную дзейнасць у рамках Грамады. Выдаюцца лістоўкі, арганізуецца забастовачны рух. Канспірацыйнай кватэрай, дзе адбываюцца партыйныя канферэнцыі Грамады, з'яўляецца кватэра Цёткі, браты якой былі афіцэрамі царскай арміі, што ў нейкай ступені гарантавала бяспеку. Па ініцыятыве Грамады ўлетку 1906 г. у Вільні быў скліканы з'езд народных настаўнікаў, у якім удзельнічаў і Якуб Колас, і дзе было вырашана заснаваць тайны саюз беларускіх настаўнікаў, мэтай якога была беларусізацыя народных школ на Беларусі.

У канцы лета 1906 г. на партыйнай канферэнцыі Грамады Іван Луцкевіч першы выказаў думку пра легальную беларускую газету. Па яго ініцыятыве ды непасрэдным удзеле Антона Луцкевіча, Аляксандра Уласава і Цёткі ў верасні 1906 г. выходзіць першы нумар першай беларускай перыядычнай газеты «Наша Доля». Ды ў хуткім часе большасць нумароў яе была канфіскавана і далейшы выпуск забаронены ўладамі. Але газета памяняла назву і ў лістападзе 1906 г. выйшла як «Наша Ніва», якая выдавалася аж да восені 1915 г.

Характар і значэнне газеты дужа трапна і лаканічна акрэсліў Ігнат Дварчанін у прадмове да сваёй «Хрэстаматыі новай беларускай літаратуры» (Вільня, 1927). Ён кажа: «...«нашаніўскай парой» ахрышчана ня толькі цэлая пара літаратуры, але гэты назоў адносіцца і да ўсяго духоўнага беларускага жыцця наогул... «Наша Ніва» гуртавала вакол сябе ўжо свядомую Беларусь, у «Нашай Ніве» пабачылі свет творы нашых найлепшых пісьменнікаў, якія давалі тут парады і кіруючыя ўказанні; некаторыя з іх проста выхаваліся і развіліся пры часопісе... У адносінах да прыгожага пісьменства пара называецца «нашаніўскай» яшчэ таму, што ўсе пісьменнікі, якіх выхавала на сваіх старонках «Наша Ніва», мелі ясна акрэслены характар твораў, які радніў іх між сабою, злучаў іх у адным рэчышчы-кірунку самой часопісі і досіць рэзка адрозніваў, як ад ранейшых, данашаніўскіх пісьменнікаў, так і ад пазнейшых. «Наша Ніва» была тою ракою, дзе зліваліся ўсе рэчкі і ручайкі твораў паадзінокіх пісьменнікаў... Выдатнейшыя дзеячы, якія стаялі на чале ўсяе працы каля «Нашай Нівы», былі: Іван і Антон Луцкевічы, Аляксандр Уласаў, Антон Лявіцкі, Алаіза Пашкевіч...».

Сёння 3 нашаніўскіх паэтаў, якія асабіста былі знаёмы з Іванам Луцкевічам, засталася ў жывых бадай толькі Зоська Верас. У сваіх успамінах аб Горадзенскім гуртку беларускае моладзі, яна, расказваючы аб спектаклі, наладжаным гуртком у 1911 г., з вялікай цеплатою кажа: «Публікі было шмат... Але найбольшую радасць адчувалі мы, бачыўшы дарагога госця з Вільні. Іван Луцкевіч на нашы запросіны не адмовіўся прыехаць. Пасля ў «Нашай Ніве» № 8 за 1911 г. змясціў карэспандэнцыю».

Поруч з працай у «Нашай Ніве» Іван Луцкевіч займаўся навукова-даследчай работай у галіне археалогіі і гісторыі Беларусі. Яго калекцыянерства мела ясна вызначаны напрамак: на аснове праўдзівай гісторыі абгрунтаваць права беларускага народа на самавызначэнне. Як паляўнічы за звярыной, ганяўся вучоны за экспанатамі для сваёй калекцыі і здабываў іх самымі нечаканымі спосабамі. У біяграфічным нарысе падаецца такі факт (мабыць, за 1907 г.): «Даведаўшыся, што ў Кракаве ў аднаго з лідэраў ППС Іодкі ёсць друкаваны па-беларуску Літоўскі Статут, Іван Луцкевіч, не маючы магчымасці атрымаць легальнай дарогай пашпарт, пераходзіць нелегальна граніцу і так жа нелегальна варочаецца да краю 3 цэннай здабычай». Нагадваю, што пасля рэвалюцыі 1905 г. Іван Луцкевіч жыў на нелегальным становішчы пад чужым прозвішчам, хаваючыся ад паліцыі, ажно да 1908 г.

Леапольд Родзевіч, успамінаючы аб сваіх сустрэчах з I. Луцкевічам, нагадвае ўласныя словы, якімі ў той час ён выказаў захапленне працай збіральніка і вучонага: «Адкапалі, пане археолагу, сваёй шчырай, сумленнай працай, адкапалі праўду Беларусі, абаранілі ад руйнуючага часу, ад шкоднай паняверы, здзеку (...) гэтая праўда шырыцца, расце, як зара світання...».

У калекцыі Івана Луцкевіча з'яўляецца срэбны пярсцёнак з магутнага пальца князя Усяслава Полацкага (XI ст.), Біблія Скарыны, успомнены вышэй Літоўскі Статут, цэлы шэраг беларускіх старадрукаў, рукапісных кніг, летапісаў, дзяржаўных грамат Вялікага княства Літоўскага, пісаных па-беларуску, багатая калекцыя слуцкіх паясоў, старажытная зброя, прадметы з археалагічных раскопак з розных куткоў Беларусі, каштоўны збор старажытных манет, народная разьба па дрэве, абразы, тканіны, народная вопратка, музычныя інструменты...

У калекцыянерскай працы яму многа дапамагае здольнасць лёгка знаёміцца і збліжацца з людзьмі, тактоўнасць, глыбокая эрудыцыя, уменне здабываць сяброў сярод людзей самага рознага грамадскага асяроддзя і нацыянальнасцей. У нарысе 1920 г. чытаем аб ім такія радкі: «Горача кахаючы свой народ, жадаючы забяспечыць яму правы гаспадара на яго зямлі, Іван Луцкевіч як у асабістых адносінах да людзей, так і ў палітыцы быў заўсёды далёк ад вузкага нацыяналізму: ён разумеў, што культурнае і эканамічнае падняцце беларускага народа цесна звязана з падняццем усяго краю. I ён гатоў быў працаваць поруч з усімі, хто ішоў гэтай жа дарогай. Ен шукаў збліжэння з усімі шчыра краёвымі элементамі, нягледзячы на тое, якой яны нацыянальнасці».

Амаль ад самага пачатку выхаду ў свет «Нашай Нівы» калекцыя I. Луцкевіча перахоўвалася ў памяшканні рэдакцыі на вул. Завальнай, 7. Хаця было далёка да стварэння музея, але ўжо тады калекцыя выконвала важную ролю, прапагандуючы гісторыю Беларусі сярод перадавой беларускай інтэлігенцыі, натхняла пісьменнікаў, што гуртаваліся вакол «Нашай Нівы». Многія творы Янкі Купалы навеяны памяткамі мінуўшчыны, што знаходзіліся ў рэдакцыі. Максім Багдановіч, пабачыўшы ў калекцыі Луцкевіча старадаўнія кнігі, летапісы, слуцкія паясы ды іншае, піша цэлую нізку вершаў «Старая Беларусь», што змешчана ў зборніку «Вянок».

У 1912 г. першы раз трапляе ў Вільню Змітрок Бядуля. Моцнае ўражанне робіць на яго атмасфера «Нашай Нівы» і сабраныя там прадметы беларускай старасвеччыны. У сваім эсэ пад загалоўкам «Святое гэта месца!..», прысвечаным Івану Луцкевічу, ён піша: «...Крэпка пачынае біцца сэрца маё ад нейкай абхопліваючай яго святасці. He вачыма, a самай душою пачынаю я ўглядацца ў даль мінуўшчыны. ...Нехта нявідзімы чытаець мне старую гісторыю, і розныя абразы старыны малююцца мне: і беларускія князі са сваімі дружынамі, у нацыянальныя вопраткі прыбраныя... I народ, каторы не сароміцца мовы сваей. Усё гэта даець энергію і надзею. Багата наша будучына! Багаты наш Беларускі Народ! Многа шчырых сыноў ёсць на Зямельцы Яго!.. ...Святое гэта месца, бо яно родзіць зярняты прасветы для ўсяго вялікага Беларускага Народу».

У 1914 г. Івану Луцкевічу ўдаецца знайсці ў вёсцы Сорак Татар пад Вільняй незвычайна цікавую кніжку: гэта «святая кніга» - Аль Кітаб, па якой маліліся татары, што пасяліліся ў Літоўскім княстве яшчэ з часоў Вітаўта. Кніга была напісана арабскімі літарамі па-беларуску. Яна дала бясцэнны матэрыял для беларускай філалогіі, для вывучэння старой беларускай мовы XVI-XVII стагоддзяў і адкрыла дарогу для далейшых пошукаў у гэтым напрамку. Пошукі вучонага шмат дапамаглі пазнейшым даследчыкам, хаця сам ён пісаў мала. Есць асобныя публікацыі ў розных перыядычных выданнях - беларускіх, расійскіх, польскіх, літоўскіх, але бібліяграфія яго работ па гісторыі і археалогіі пакуль што адсутнічае.

Сучаснікі сцвярджалі, што ён быў больш практыкам, чым тэарэтыкам; часта выступаў з лекцыямі, рэфератамі, апошнія гады перад вайной выкладаў гісторыю мастацтва ў артыстычнай школе Рыбакова ў Вільні.

Відаць, яго характару найбольш адпавядаў непасрэдны кантакт з людзьмі. Максім Гарэцкі расказваў пра першую сустрэчу 3 ім: «Першы раз увідзіў я Івана Луцкевіча ў пачатку жніўня 1913 г. у віленскай беларускай кнігарні на Завальнай, 7. У цёмным пакойчыку за крамаю, сярод усякае старадаўняе беларушчыны, рупліва і рухава нахіляўся ён над трэснутай вазай, меркаваў з вялікай любасцю, як заляпіць шчарбіну. Пачуўшы маё імя, адарваўся ад свайго інтарэсу, сказаў мне колькі дужа ласкавых слоў і зараз клапатліва звярнуўся да свайго чалавека ў справе здабывання паперы на чародны нумар «Нашай Нівы». За паўмінуткі яго ўжо ня было... Дзве асаблівасці кінуліся мне ў вочы: еўрапейскасць выгляду і энергічнасць Івана Луцкевіча... Вуха, прызвычаенае да славеснай размазні, бясконца-нуднай гутаркі ці маркотнай маўклівасці замучаных ідэйнасцю грамадзян Беларусі, было прыемна заваблена сціснутай, кароткай і цэннай, a галоўна - энергічна-рашучай гутаркай гэтага правадыра беларускага руху... Хацелася і ногды схапіць карандаш і запісываць за ім, каб ды ня згубілася, бо сам Іван Луцкевіч работу свайго пяра ўсё адкладаў на пазнейшы, вальнейшы ад чорнае працы час,- усё адкладаў і забраў ад нас сваё знаццё з сабою ў труну...».

Праз колькі год пачалася першая сусветная вайна. Іван Луцкевіч не пакідае грамадскай і культурна-асветніцкай працы, хаця актыўнасць беларускага вызваленчага руху значна змяншаецца. Перастае выходзіць газета «Наша Ніва». Тэрыторыя Беларусі падзелена спачатку ваенным фронтам, a затым умовамі Брэсцкага міру. Жывучы ў Вільні, Іван Луцкевіч па магчымасці адстойвае інтарэсы беларускага насельніцтва гэтага краю, актыўна ўдзельнічае ў працы Беларускага камітэта дапамогі пацярпеўшым ад вайны. Пры Камітэце канцэнтруецца і асветніцкая праца. У лістападзе 1915 г. у Вільні адкрываецца першая беларуская пачатковая школа. He хапае настаўнікаў. Стараннямі Івана Луцкевіча і Цёткі ў снежні таго ж года пачынаюць працаваць беларускія настаўніцкія курсы, дзе ён і выкладае. Пасля адкрываецца 5 беларускіх пачатковых школ. У 1916 г. па яго ініцыятыве арганізуецца Беларускі настаўніцкі саюз - і гэта ў горадзе, дзе перакрыжоўваліся інтарэсы многіх народаў, a адносіны акупацыйных улад да беларускага адраджэнцкага руху былі дастаткова непрыхільныя.

Тым часам і стан яго здароўя значна пагаршаецца. У тыя часы туберкулёз лёгкіх быў хваробай практычна невылечнай, a цяжкія ваенныя ўмовы не спрыялі лячэнню. Да таго ж, у пачатку 1918 г. прыйшла вестка аб тым, што ў Мінску, за лініяй фронту, памерла маці.

Аднак і цяпер ён не спыняе сваёй працы: стварае ў Вільні Беларускае навуковае таварыства і кіруе гэтай арганізацыяй, паступова перадаючы Таварыству ўсе свае каштоўныя зборы беларускай старасвеччыны. Перспектыва стварэння першага беларускага музея робіцца ўжо больш рэальнай. Але, на жаль, мара Івана Луцкевіча здзейснілася толькі праз 2 гады пасля яго смерці. Музей быў адчынены ў Базыльянскіх мурах (вул. Вострабрамская, 9) у 1921 г. і пратрываў амаль 25 гадоў. За гэты час ён значна павялічыў колькасць сваіх экспанатаў і ўвесь час быў сапраўдным асяродкам беларускае культуры на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі.

Можна дзівіцца яго энергіі і адданасці беларускай справе. У 1918- 1919 гг., калі ўлады ў Вільні змяняліся, як у калейдаскопе, ён дабіваецца дазволу на адкрыццё Віленскай Беларускай гімназіі. Яму ўдаецца здабыць для беларускіх устаноў тыя ж Базыльянскія муры, дзе з 2-га лютага 1919 г. і пачынае сваю працу гімназія. Першым яе дырэктарам стаў М. Кахановіч. Іван Луцкевіч таксама працуе выкладчыкам у гімназіі. Адначасова ён з'яўляецца сябрам калегіі выяўленчых мастацтваў пры Камісарыяце асветы, чыім абавязкам была ахова помнікаў, арганізацыя музеяў, мастацкіх школ і інш.

Максім Гарэцкі ўспамінае яшчэ 2 сустрэчы 3 Іванам Луцкевічам. У лістападзе 1914 г. ён быў на фронце паранены асколкам нямецкай гранаты, і яго паклалі ў шпіталь у Вільні. Дзякуючы добраму знаёмству Івана Луцкевіча з начальнікам шпіталя, Максіму былі створаны найлепшыя ўмовы. У дадатак «...тут жа працавала міласэрнаю сястрою і клала пад падушкі «Нашу Ніву» нябожчыца Цётка, наша незабытная пяснярка і рэвалюцыянерка Алаіза Пашкевічанка... после ж таго, як мяне даведаўся Іван Луцкевіч, я ляжаў там як у сваёй хаце пад апекай маткі і добра лепшаў. Прыехаўшы ў Вільню праз чатыры гады, вясною 1919 г., і зайшоўшы да Івана Луцкевіча, я ўвідзіў яго ў непараўнальна горшай хворасці, чымся калісьці бачыў мяне ён. Хворы дужа ўзрадаваўся, што я прыехаў віленцам на помач, пачаў казаць пра нямецкую акупацыю, жаліцца. Жальба знямоглага байца сціснула маё сэрца, хацелася плакаць, крычэць, праклінаць благую долю. He паказаў я гэтага яму, як мне баліць, a толькі дзівіўся, чаму ён сам бядуець толькі ўсё аб справе і зусім не зважаець на свой блізкі канец. Да яго выезду ў Закапанае залучаў я на зналлянітую ў нашым руху кватэру на Віленскай, 33, і заўсёды знаходзіў у хворага поўна гасцей. Сюды вялі дарогі з усіх беларускіх устаноў Вільні; сюды ішоў кожны беларус, што праездам у Вільні; сюды ішоў кожны паступовы грамадзянін краю, каб пагаманіць аб справах краю».

У палове чэрвеня 1919 г. Іван Луцкевіч выязджае на лячэнне ў горную мясціну Закапанае ў Польшчы, але ўжо зусім у безнадзейным стане. Вярнуцца адтуль яму ўжо не давялося - ён памёр 20 жніўня на чужыне далёка ад Радзімы.

За сваё кароткае жыццё зрабіў ён нямала для беларускага адраджэнцкага руху. Адна Віленская Беларуская гімназія на працягу чвэрці веку ўзгадавала шмат маладой беларускай інтэлігенцыі. Сярод тых, што выкладалі і вучыліся ў яе мурах, ёсць многа знаных дзеячаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.

Гэтая жменя звестак аб жыццёвым шляху Івана Луцкевіча можа служыць толькі як бы эскізам да яго біяграфіі.

Але ўжо сёння ясна: гэта постаць у нашай беларускай культуры, якую ўжо не ўдасца абмінуць, абысці маўчаннем.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX